Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Карусь Каганец 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 05-08-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец № 39-40.



Лёсам Лідчыны крануўся

140 гадоў з дня нараджэння Каруся Каганца


Кастравіцкі Казімір Рафаіл Карлавіч (29.01(10.02) 1868 , Табольск - 20.05.1918), ён жа Каганец Карусь, К.К., Будзімір, К.Шашаль працаваў дзесятнікам у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое-Сядлец у 1905 г., сям'я жыла ў Лідзе да 1906 г. Грамадскі дзеяч, беларускі паэт, празаік, драматург, дзіцячы пісьменнік, аўтар першых беларускіх падручнікаў, перакладнік, навуковец-мовазнавец, фалькларыст, мастак і скульптар. Рукапісы ў Нацыянальнай бібліятэцы, цэнтральным дзяржаўным архіве, музеі літаратуры і мастацтва, у бібліятэцы АН Літвы. Яго родны брат лекар Амброзі Кастравіцкі жыў у Лідзе і на ст. Курган, пахаваны ў Белагрудзе.

Лёс прыгатаваў гэтаму чалавеку выпрабаванні непасільныя. Ліцьвінскі шляхціц гербу "Байбуза", гарбаты з чатырохгадовага веку.

Кастравіцкія - старажытны разгалінаваны шляхочы род Беларусі. Іван Кастравіцкі - праваслаўны шляхціц, скарбнік Мсціслаўскага павету 15 ст. Яго ўнук Сцяпан Кастравіцкі перайшоў у каталіцкую веру. Пераехалі на Гарадзеншчыну - жылі ў Кастровічах. Перабраліся на Меншчыну. У 1834 г прылічаныя да дваран Менскай губерні. Род бяднеў. Бацька Каруся Карл Самуілавіч (1814-1874) у сярэдзіне 19-га стагоддзя валодаў толькі фальваркам Навасёлкі на Койданаўшчыне, 6 сялянскіх двароў жылі на правах чыншавікоў. Маці Алена Тадэвушаўна са Свентарыцкіх (Свентаржэцкіх) (1835 -) з багатай сям'і з-пад Слупкоў скончыла Віленскі інстытут. Карлу было 40 (1854) і ён быў гарбаты. Алёне 19 гадоў.

Карусь КаганецНарадзіўся Карусь Каганец у Табольску. Бацька і бліжэйшыя родзічы Каруся прынялі актыўны ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў. Пасля задушэння паўстання іх частка родавага маёнтка Навасёлкі (Менскі павет) была секвестравана, а яны сасланыя ў Сібір. У Табольску Карл служыў. Яго сын ужо з дзяцінства, рос у ссылцы, а больш таго, нарадзіўся сасланым.

У 1874 сям'і дазволена вярнуцца ў Беларусь, жылі ў в. Засулле каля Стоўбцаў. Там неўзабаве (у 60-гадовым веку) памёр бацька Каганца. Сям'і не ставала сродкаў для існавання. Маці засталася з 4 дзецьмі. Калі малому Казіку споўнілася 6 год ён, пачапіўшы торбу на плячо, пайшоў у пастушкі і да 11 гадоў прыглядаў за жывёлай. У слоту, у спёку, будучы Каганец разам з навакольнай прыродай, і менавіта таму ў яго творчасці так шмат замалёвак роднай старонкі. Маці, каб выратаваць сям'ю, узяла ў прымы селяніна Кардзецкага, ад якога нарадзіла яшчэ траіх дзяцей. З Засулля сям'я пераехала ў Прымагілле пад Койданава, дзе сястра маці аддала ёй дзве валокі зямлі, якія належалі ўласна Алене і не былі секвестраваны (Юцкі, Прымагілле, Яцкі). Зажылі лепш. Паводле Ластоўскага "мелі дваровую службу, пякарню".

Але Казік - гарбатае, нялюбае дзіця, напаўсірата, нікому не патрэбны. Сыйшоў з дому і наняўся ў суседнім павеце пасвіць статак. Сябраваў з сялянскімі дзецьмі.

Казімір вельмі імкнуўся атрымаць веды, таму з дзяцінства займаўся самаадукацыяй, а пасля вучыўся ў Менскай гарадской вучэльні, грошы ў сям'і знайшліся. У 1890-х гадах вучыўся ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідства, дзе ўразіў прафесуру, стварыўшы надзвычай псіхалагічны скульптурны партрэт цара Івана Жахлівага. Аднак на завяршэнне адукацыі грошай не хапіла.

У 1893 годзе Казімір Кастравіцкі пачынае літаратурную дзейнасць. З'яўляюцца псеўданімы. Імя ў псеўданіме "Карусь Каганец" узята ў памяць бацькі. Карлаў у Беларусі заўсёды звалі Карусямі. Прозвішча - даніна тагачаснай модзе на гучныя, але народныя назвіскі. Каганец - прымітыўная сялянская свяцільня. Паэт збіраўся свяціць народу. І свяціў, пакуль мог.

У 1899 годзе, у 30 гадоў, Каганец ажаніўся па каханні з Ганнай Пракаповіч (? -1934, Масква) і асеў ва ўрочышчы Лісія Норы каля Прымагілля. Жыў у хатцы без сенцаў з уваходам праз стайню. У 1901 г служыць у Менскай гарбатнай, у сакавіку 1902 звальняюць, тры месяцы ў мастацкай майстэрні ў Рызе. У канцы 1902 эканом у Менскам таварыстве дабрачыннасці - 2 гады. Арганізуе беларускі хор і аркестр. Да 1905 г. у сям'і было двое дзяцей. Зямлі было небагата, і тая пясчаная неўрадлівая, і таму ён падпрацоўваў у розных месцах, у тым ліку і будаваў чыгунку ў Лідзе. Каганец, як мы бачым вельмі, часта змяняў месца жыхарства. Гэта выклікана тым, што ён браў удзел у рэвалюцыйным руху, і таму знайсці працу было цяжка. У 1890 - пачатак 1900 года публікаваў апрацоўкі народных паданняў у газетах "Минский листок" і "Северо-Западный край".

У 1902 годзе Каганец разам з Антонам і Іванам Луцкевічамі, Алесем Бурбісам, Элаізай Пашкевіч (Цёткай), Вацлавам Ластоўскім стварае Беларускую Рэвалюцыйную Партыю, якая са снежня 1903 года змяніла назву на Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Беларуская Сацыялістычная Грамада стала першай беларускай партыяй, якая мела рэальныя сілы, друкаваныя выданні "Наша Доля" і "Наша Ніва". Карусь Каганец быў кіраўніком Рады БСГ. У 1904 годзе ён распрацаваў праект газеты "Палесьсе". У сакавіку 1905 удзельнічаў у І сялянскім з'ездзе Беларусі.

Падчас рэвалюцыі 1905 г. Каганец якраз працаваў дзесятнікам у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое - Сядлец. Прывёз сюды жонку і двое дзяцей Янку і Мірона. 18 снежня 1905 г. Карусь Каганец разам са Сцяпанам Багушэвічам паехалі ды Каганцовых братоў пад Койданава і сабралі там шматлюдны мітынг. Назаўтра 19 снежня іх арыштавалі. Да 16 траўня 1906 знаходзіўся ў Менскай турме, сядзеў там 5 месяцаў пад следствам. Па хадатайніцтве сваякоў і сяброў быў адпушчаны да суда на парукі. Пасля выхаду з турмы К. Каганец жыў у Менску з сям'ёй. С. Багушэвіч быў прызнаны хворым на тыфус, суд над ім і Каганцом адкладаўся да 1910 г. З гэтага часу ў Каганца пачаўся новы перыяд вольных заробкаў.

У траўні 1906 года заснавана першае беларускае легальнае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Ініцыятарам стварэння на кааператыўных асновах гэтай выдавецкай суполкі лічыцца выкладчык Пецярбургскага ўніверсітэта Браніслаў Эпімах-Шыпіла, вакол якога аб'ядналася група беларускіх інтэлігентаў, што жылі ў сталіцы імперыі. Узначаліў і напачатку фінансаваў таварыства адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху лідзянін Вацлаў Іваноўскі. Першы параграф статута суполкі сведчыў пра яе асветніцкія мэты: «Таварыства ўстанаўляецца для таго, каб друкаваць і шырыць памеж людзёў ксёнжкі беларускія і ўсё, што датычэ Беларусі».

Сваю дзейнасць суполка распачала з выдання беларускіх падручнікаў. Першай выпушчанай у свет кнігаю стаў «Беларускі лемантар», аўтарам якога быў Карусь Каганец. Лемантар - першая спроба стварыць ілюстраваны дзіцячы падручнік, калі яшчэ не было ні беларускіх школ, ні беларускай дзіцячай кнігі. У 1906 г. вышлі адразу тры беларускія лемантары ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша ваконца": "Беларускі лемантар, або Першая навука чытання" Каруся Каганца, следам выйшлі "Першае чытанне для дзетак беларусау" і "Гасцінец для малых дзетак" Цёткі, а ў выдавецтве Пянткоўскага выйшла скарочанае перавыданне "Элементажа для добрых дзетак-католікаў" лацініцай па-беларуску. У лемантары Каруся Каганца было 19 малюнкаў, лічыцца, што яны належалі самому аўтару. Малюнкі былі просценькімі - карова, баба, бот, маці, тын, лён, рыба, заяц - але менавіта яны сталі першым узорам аздаблення дзіцячай кнігі на Беларусі.Лемантар - сапраўдная аўтарская кніга.

Такім чынам пачатак беларускай адукацыі цалкам замыкаецца на лідзян: Вацлаў Іваноўскі - фінансаваў і ўзначальваў выдавецтва, Карусь Каганец - пісаў "Беларускі лемантар..." якраз у 1905 годзе ў Лідзе, Алаіза Пашкевіч (Цётка) - стварыла наступны пасля лемантара падручнік «Першае чытанне для дзетак беларусаў».

У пачатку 1908 года Карусь Каганец - ляснічы на Ігуменшчыне ў графа Патоцкага, пад восень яго пераводзяць у Дулебы. У верасні губляе службу і, пакінуўшы сям'ю ў Бярэзіне (нарадзіліся яшчэ дзве дачкі Галіна і Мілена), едзе ў Вільню. Усю зіму 1909 -10 працуе ў рамеснай школе пры касцёле Св. Стэфана стварае драўлянае ўкрыжаванне Хрыста і "Моднага шляхцюка" - бытавую камедыю ў адным дзеянні. Выдадзеная ў 1910 г. накладам у 400 асобнікаў.

Пра Каруся Каганца ў Вільні згадвае Мікола Шыла: "У канцы 1909 ці пачатку 1910 года (добра не памятаю) у Вільню прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён як і заўсёды хадзіў, у кажушку і беларускай світцы. Світка была падпяразаная рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка нож і шабалтас. Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражанне. Ягоны выгляд - малы рост, і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, праніклівымі вачыма - цягнуў да сябе кожнага. Пасяліўся К. Каганец у мяне, на Набярэжнай, каля шпіталя Св. Якуба. З гэтага дня кожны вольны вечар Я. Купала праводзіў у гутарках у нас. На якія толькі тэмы не ішла размова: літаратура, і тэатр, і малярства (К. Каганец у поўным значэнні гэтага слова быў маляр і скульптар), але кожная тэма зводзілася на нашае беларускае жыццё і ягоныя праблемы.

У гэтым часе адбываліся рэпетыцыі да рыхтаванае беларускае вечарынкі. У праграме - п'еса М. Крапіўніцкага "Па рэвізіі", хор пад дырыжыраваннем кампазітара Л. Рагоўскага і беларускія танцы пад кіраўніцтвам I. Буйніцкага. Хоць Я. Купала ўдзелу не прымаў, бо ўжо збіраўся ехаць у Піцер на курсы Чарняева, але без ягонай прысутнасці не адбылася ніводная рэпетыцыя ці спеўка.

- Эх, братка, як добра выходзіць! Шкада, што еду. Але, дасць Бог, пабачу і я. Дзядзька Карусь,- гаварыў ён К. Каганцу, - трэба пісаць свае арыгінальныя п'есы. Пазычаць добра, ды пазычанае заўсёды трэба аддаваць... Няхай лепш у нас пазычаюць.

Праз некалькі дзён пасля гэтага мы гуртам правялі яго на станцыю. Ехаў ён у Піцер, каб, як ён сам казаў, вучыцца, як найбольш прынесці карысці і славы нашаму народу."

2 красавіка 1910 года Карусь Каганец па справе 1905 года быў асуджаны Віленскай судовай палатай на год зняволення і змешчаны ў Менскую турму. Сядзеў там некаторы час з Якубам Коласам. У турме здароўе Каруся Каганца вельмі пагоршылася... Пасля вызвалення ў 1911 г. з турмы Каганец жыве ў Менску ў сваёй сястры Мані,дзе пачаў вельмі хутка згараць ад хваробы, але як ён жадаў яшчэ жыць, яшчэ тварыць. Два гады перабіваўся выпадковымі заробкамі пакуль не атрымаў працу эканома ў фальварку Жартай (Жортаў) каля Багданава ў Копаця ўвесну 1912 г., дзе і праслужыў апошнія 6 гадоў жыцця.

У звязку з тым, што "Наша ніва" была выдавецкім органам БСГ, Карусь Каганец друкаваў у ёй свае думкі, роздумы. Асобным выданнем выйшаў вадэвіль "Модны шляхцюк", які карыстаўся вялікай папулярнасцю. "Модны шляхцюк" быў адным з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпэртуару.

Старшынстваваў на з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску 25-27 сакавіка 1917, дзе абмяркоўваўся далейшы лёс краю

20 траўня 1918 года памёр ад запалення лёгкіх у Прымагіллі, у брата па маці. Пахаваны ў в. Навасёлкі.

На яго пахаванне ні жонка, ні дзеці прыехаць не змаглі.

У 1988 г на магіле пастаўлены помнік. Паводле ўспамінаў з усімі гаварыў толькі па-беларуску. "Быў вельмі культурныя, але трохі сумасшэдшы чалавек: хадзіў у кажуху і ботах і гаварыў па- мужыцку. Мог жыць па-людску, але ўсё пападаўся за падбухторванне сялян".

Сын Янка стаў капітанам далёкага плавання. Мірон загінуў у 1919 годзе. Дачка Галіна, скончыўшы Горы-Горацкую акадэмію, выйшла замуж і з'ехала ў Маскву.

Імем Каруся Каганца назана сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Стаўпецкім раёне, у якое ўваходзіць вёска Засулле.

Рашэннем Менскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 30 лiпеня 2004 г. № 1520 новай вулiцы УМД-8 у мiкрараёне Лошыца-4, 5, 6 ад вулiцы Уладзiслава Сыракомлi да вулiцы РМ-7 нададзена iмя беларускага паэта, драматурга, публiцыста i мастака Каруся Каганца (Казiмiра Кастравiцкага) i надалей пастаноўлена называць яе: "Вулiца iмя Каруся Каганца (Улица имени Каруся Каганца)".

Творчы даробак

Карусь Каганец рознабакова арыентаваны сялянскі інтэлігент-культурнік першай хвалі беларускага адраджэння. Калі Багушэвіч - духоўны правадыр і настаўнік, то Карусь Каганец - настаўнік-практык, які посеяў збожжа нацыянальнай свядомасці. Быў чалавекам шырокіх творчых інтарэсаў займаўся многімі галінамі мастацтва і навукі і ў кожнай з іх пакінуў даволі прыкметны для таго часу след.

Вучоны - мовазнавец, фалькларыст і этнограф, жывапісец, графік і скульптар. Займаўся разьбярствам па дрэве і слановай косці. Рагоўскі Л. паклаў на музыку яго верш "О Божэ, спасе наш". М. Багдановіч прысвяціў яму верш:



Змоўк пясняр, затаіў свае песні,
Ён іх болей ужо не пяе,
Але рвуцца яны, і калісь на прадвесні
Лёд халодны ў душы пад напорам іх трэсне,
І струёй лынуць вершы з яе.

Гэтак часам уходзіць у землю крыніца,
Дзесь у нетрах таемна бяжыць,
Але мусіць урэшце на волю прабіцца,
Шмат яшчэ па зямлі будзе ліцца-каціцца
І радзімаму краю служыць.

Літаратура

Самыя раннія з яго твораў, якія дайшлі , датуюцца 1893 г. Артыкулы, апрацоўкі народных легенд. Пры жыцці выйшлі "Беларускі лемантар (1906) і вадэвіль "Модныя шляхцюк" (1910, 1918), вершы і апавяданні у газетах. Затым асобныя творы друкаваліся ў 1919-28 гг., і перапынак да 1961 г.

Пакінуй шмат казак, апавяданняў. Ластоўскі пісаў: "Другога такога знаўца псіхікі і побыту беларусаў, як Каганец, беларусы дагэтуль не маюць паміж свае інтэлігенцыі"

Проза, паэзія, драматургія, публіцыстыка. Большасць твораў маюць легендарны каларыт. Паэзія пераважна публіцыстычная "За родную краіну, звычай і мову, За гонар груддзю ставайце. "Модны шляхцюк" карыстаўся вялікай папулярнасцю быў адным з першых твораў нацыянальна-тэатральнага рэпертуару. Ставіўся ў Лідскім павеце дзесяткі разоў. Як толькі недзе з'яўлялася невялікая група моладзі з цікавасцю да тэатральных пастановак, дык адразу ставілі.



Мовазнаўства


Многа ўвагі адаваў Карусь Каганец вывучэнню і навуковай распрацоўцы беларускай мовы. Беларуская мова для яго - ключ для ўсіх славянскіх моў.

Ніводнай мовазнаўчай працы Карусь Каганец пры жыцці не апублікаваў і нават поўнасцю не завяршыў. Дайшлі чарнавыя паперы. Карусь Каганец цікавіўся графікай, правапісам, лексікаграфіяй і граматыкай.

Карусь Каганец - пачынальнік мэтанакіраванай апрацоўкі беларускай навуковай тэрміналогіі. Шэраг граматычных, прапанаваных у лемантары тэрмінаў замацаваліся ў нацыянальным беларускім мовазнаўтве як агульнапрынятыя: літара, склад, кропка, двукроп'е, клічнік, пытальнік.

Карусь Каганец верыў у будучыню беларускай мовы і ў меру сваіх здольнасцяў і прафесійнай падрыхтаванасці займаўся яе навуковай распрацоўкай.



Выяўленчае мастацтва


Карусь Каганец ўспрымаецца сёння як паэт і драматург, аўтар п'есы "Модныя шляхцюк". Але ў 1920 -я гады сучаснікі лічылі Каганца піянерам новага самабытнага нацыянальнага беларускага мастацтва, менавіта яго творчасць паклала пачатак беларускаму выяўленчаму мастацтву 20-га ст. Калі ў галіне літаратурнай ён быў адным з першых, то ў галіне мастацкай - адзіным, бадай, і выключным пачынальнікам новага беларускага мастацтва.

У краязнаўчым часопісе "Наш край" былі надрукаваныя 8 малюнкаў найболей распаўсюджаных на Беларусі дрэў: дуб магучы, хвойка-матка, елка -удавіца, клён кудравы, ясень светлы, граб-дзядзька, зляканая асіна, белагрудая дзявіца-бярозка.



Вось край лесу дуб магучы
Сваё голле прасцірае,
Так сказаў бы, не іначай
Той лес веццем абнімае,
Як бы бацька свае дзеткі.
За плячыма яго ўсталі:
Хвойка-матка, ель удавіца.
Клён кудравы, ясень светлы,
І граб -дзядзька, і ільміца.
І арэшнік ўгору пнецца,
І зляканая асіна,
Як бы вінна, ўся трасецца…
Вербалоз між іх ўтуліўся,
Як бы хоча памаліцца
У лясной да прахалодзі,
А на дуба спазірае
Белагрудая дзявіца-
У свежай зеляні бярозка.
Доўгі косы разбірае.

Карусь Каганец упершыню ўвёў у беларускую графіку матывы, якія надалей будуць успрымацца, як традыцыйна беларускія, нацыянальныя. Гэта быў першы крок у развіцці беларускай графікі. Выкарыстоўваў аловак, пяро, туш, алей.

Частка рукапіснай спадчыны К. Каганца пасля яго смерці трапіла да Я. Лёсіка, які апублікаваў яе ў "Беларусі" (1919) і "Вольным сцягу" (1921). Вялікая частка спадчыны К. Каганца загінула ў гады апошняй вайны.

Карусь Каганец памёр у Беларускай Народнай Рэспубліцы, і назаўжды застаўся грамадзянінам БНР.

Ён спачыў каля Навасёлак (зараз Дзяржынскі р-н). А праз колькі гадоў у Навасёлкаўскую школу пайшоў другі вялікі беларус - Мікола Ермаловіч, які стварыў новую канцэпцыю гісторыі Беларусі.



Што кажух, то не вата

Давялося раз зімой гарадскому панічу паехаць у двор на імяніны.

Прыехаўшы па чыгунцы на станцыю, ён пайшоў на сяло, што ад станцыі за паўвярсты было; каб падводу наняць, бо яшчэ трэба было вёрстаў з чатырнаццаць канём ехаць. Вось зайшоў ён у адну хату, а там якраз абедаць садзіліся. Ён зняў шапку і кажа:

- Дзень добры!

- Дзень добры! - адказваюць.

- Ці не завезлі б мяне туды і туды?

- Чаму ж не, можна, - кажа гаспадар, пагадаўшы.

- А колькі ж хочаце за хурманку?

- Аб цане то мы змяркуемся, а цяпер сядзьце, капусты сербаніце, бо да таго двара няблізка.

- Дзякую! Я ўжо гарбату піў.

- Ну, як воля ваша.

Гаспадар, пад'еўшы, не спяшаючы, закурыў люльку, сказаў цану, катора панічу проці гарадскіх паказалася зусім малой, але ён з тым не пахваліўся: і яму грош, знаць, не дарма даецца. Пасля гаспадар апрануў кажух, надзеў шапку і пайшоў запрагаць. Запрогшы каня, прыйшоў у хату і, зняўшы з жэрдзі кажуха, дае яго падпрануць панічу; але паніч не адважыўся апрануць мужыцкага кажуха і кажа:

- Дзякую! У мяне паліто на ваце.

- Ну, як воля ваша, - кажа гаспадар. Аднак жа як ішлі садзіцца ехаць, то гаспадар узяў з сабой кажуха ў запас.

Вот яны едуць. Спачатку панічу цёпла паказалася, але, праехаўшы вёрстаў пяць, бачыць гаспадар, што паніч стаў корчыцца, каўнер настаўляць, шапку на вушы нацягваць і носам сёрбаць. Гаспадар і пытае:

- А можа кажух, паніч, надзенеш?

- Не! Дзякую.

Едуць далей.

Праехалі яшчэ вярсты са дзве, бачыць гаспадар, што паніча сталі дрыжыкі прабіраць, і пытае:

- А можа кажух, паніч, надзенеш?

- А добра, бо штось халаднавата.

Даў яму кажуха апрануць і едуць далей. Ужо і да двара блізка, ажно бачыць гаспадар, што паніч неяк бледнаваты; дык пытае ў яго:

- А што, панічу, не сцюдзёна цяпер?

- О, не! Цяпер цёпла.

- А можа паніч есці хоча?

- О, і дужа хачу.

- А што, панічу: што кажух, то не вата, а што капуста, то не гарбата? Але пацярпі, паніч, хвіліну, незабавам прыедзем! - І паказаў яму пугаўём на той двор, каторы ўжо відаць было.

1911 г.
Карусь Каганец

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX