Вярнуцца: Дзеячы мастацтваў

Міхал Карыцкі


Аўтар: Парэцкі Я.І.,
Дадана: 25-01-2015,
Крыніца: Парэцкі Я.І. Жыццё і творчасць Міхала Карыцкага // Лідскі Летапісец №3(67)-2014. С. 11-21.



Да 300-годдзя з дня нараджэння

Першым з захапленнем адгукнуўся аб творчасці Міхала Карыцкага яго сучаснік Данііл Андрэй Яноцкі, бібліёграф, які ў апублікаваным у 1771 г. у Ўроцлаве аглядзе польскіх літаратурных помнікаў прывёў асобныя сачыненні паэта.

Жыццяпіс Карыцкага і некалькі хвалебных слоў пра яго творы ёсць у нататцы, якая папярэднічае адзінаму, што ўбачыў свет, збору твораў паэта, выдадзенаму ў 1817 г. у Полацку. Аўтар нататкі, супрацоўнік езуіцкай Полацкай калегіі, піша:

"Міхал Карыцкі, ліцвін, нарадзіўся ў 1714 г. у Лідскім павеце Віленскага ваяводства ў шляхецкай сям'і - бацька Аляксандр, маці Тарэза. Пасля заканчэння дзіцячага ўзросту ў спадчынным маёнтку Дзітрыкі вучыўся ў Бабруйскай езуіцкай школе. Там, абуджаны боскім прызваннем да выбару далейшага шляху, закончыў вывучэнне рыторыкі, услед за сваім старэйшым братам Каралем паступіў у Ордэн езуітаў. Выконваючы звычайныя абавязкі рэлігійнага жыцця і закончыўшы належны курс, з вялікім поспехам вывучаў гуманітарныя навукі. Між тым, каб яго намаганні стаць духоўнай асобай не паслабелі ў сувязі з захапленнем іншай галіной, атрымаў загад начальства ў якасці святара навучаць маладых чальцоў ордэна красамоўству і звязнай гаворцы. Ухвальна, што, спрабуючы ахапіць сваёй дзейнасцю выратавання душ больш шырокае поле, прасіў начальства дазволіць яму прапаведваць народу са святога амбона.

Карыцкі лёгка дасягнуў жаданага і досыць плённа прысвячаў сябе пропаведзі слухачам на працягу 13 гадоў, то ў Віленскай акадэміі, то ў іншых месцах.

У гэты час густ у красамоўстве псаваўся, зацямняючы бляск навук, і гэтыя заганы вельмі перашкаджалі распаўсюджанню ведаў. Хоць цяжкія абавязкі пастаянна адцягвалі ўвагу Міхала, аднак разам з братам Каралем і іншымі ён вырашыў уключыцца ў справу выпраўлення кепскага стану навук, што рабілася амаль адначасова са Станіславам Канарскім, які заняўся паляпшэннем вучобы ў піярскіх школах.У гэтай дзейнасці, аддана і працавіта, пераймаючы намаганні піяраў, з гонарам для свайго ордэна і з карысцю для развіцця асветы, Міхал так пайшоў наперад, што рашэнні, старанне гэтых, так бы мовіць, узмацняльнікаў навук, больш таго, заслужаных для дзяржавы, дзякуючы навуковым хронікам і публікацыям, не толькі замацаваліся ў памяці нашчадкаў, але і заслужылі высокай ухвалы.

Пры каралях Аўгусце III і Станіславе Аўгусце Карыцкі ўзначаліў Варшаўскую калегію. Станіславу Аўгусту ён быў асабліва дарагі сваёй мяккасцю нораваў і выключнай лёгкасцю вершаскладання, галоўным чынам лацінскага. Яго паэтычныя сачыненні так цанілі, што вучоны, кіеўскі канонік Андрэй Яноцкі ў сваёй кнізе, прысвечанай адрыўкам з польскай літаратуры, не толькі прывёў шэраг вершаў Карыцкага, а і рашуча, упэўнена іх расхвальваў.

Пасля пяці гадоў работы ў створанай Мазавецкай прэфектуры Карыцкі пераканана прасіў свайго начальніка, генерала ордэна Рыкчы, каб яго не прызначалі ні на якія пасады і дазволілі займацца пропаведдзю ў пэўнай мясцовасці, а менавіта ў Бабруйску. Злыбедны крах ордэна, які хутка настаў, не абумовіў забыцця досыць заслужанага для ордэна і для навукі мужа. Кароль Станіслаў Аўгуст прызначыў Карыцкага рэктарам Менскай гімназіі і ўзнагародзіў залатым медалём за заслугі ў навуках. Кароль, аматар навук, палічыў за больш важкае, чым такая ўзнагарода, увекавечанне вершаў, у якіх праявіўся талент паэта, і настойліва прапаноўваў Карыцкаму пераслаць у Варшаву ўсе яго вершы для наступнага друканання іх за кошт караля. Паслухмяны волі караля, з уласцівай яму сціпласцю, Карыцкі напісаў прадмову, у якой прысвяціў будучую кнігу каралю як свайму мецэнату, і ўпрыгожыў яе такімі вершамі [1]:

Rex augusto, mais mandas contraria votis,

Scilicet ut metris quae languescente Minerva

Panxi dem lucemque vilamque perennen?

Has ego contemptas, tenuisque laboris opellas

Ad certas opulas tineis blaitisque reliqui

Ut pariler cum auctore suo sint vermibus esca?

Neglegtue labor ipse suae non iscius artis?

Percupit ignotus tenebris tumuloque iacere?

Consumique situ, potiusque teredine rodi?

Quam linguis hominum, quas iuncta scientia famae

Efficit audaces et Momus reddit acutas.

At rex cum iubeat Musas subducere Parcis,

Et tutas servare: nefas absistere jussis.

Parendum; in lucem prodi mea vilis opelfa:

Ut pretium sumas, regis te splendor inaurat?

Ut fugias crisim, regis te protegit umbra.


Аўгуст кароль, непасільнае волі маёй даручаеш:

Вершам маім, якія, хоць марнела Мінерва,

Вырасціў я, векавечнае жыццё падарыў, надрукаваўшы.

Гэтых нікчэмных, цаны невялікай, тварэняў прызванне Пірам служыць для мышэй ці молі задумана мною.

Каб сумесна з іх аўтарам сталі чарвякам на пажыву.

Я, разумеючы нікчэмнасць,

нязграбнасць такого мастацтва,

Больш жадаў невядомым памерці ў цемры і магіле,

Ад завядання рассыпацца ці дрэваточцам з'ядацца,

Чым языкамі людзей, чыя навука са славай у адзінстве

Зрабіла дзёрзкімі, іх навучыў Мом з'едлівай лаянцы.

Вось жа кароль загадаў замяніць як бы музамі загану,

Тлення вершам пазбегнуць. Не, запярэчыць я не ў сілах,

I падпарадкоўваюся,

мне нікчэмнаму кніжку друкаваць давядэецца.

Калі караля прымаеш узнагароду, краса азарае,

Калі ўцякаеш ад бедаў, у цені караля абаронішся [2].

Калі, аднак, паэт прыступіў да справы і стараўся сабраць і ўпарадкаваць вершы, яго зваліла цяжкая хвароба, і ён вымушаны быў спыніць пачатую работу. На працягу амаль цэлага года ён быў прыкаваны да ложка. Адчуваючы, што набліжаецца смерць, ён прымусіў дрыготкую руку пісаць набожныя плачы, якія выяўляюць дух, скіраваны да вечнай радзімы. Як лебедзь апявае свой канец, ён сачыняў гімны, якія спадзяваўся ў будучым жыцці спяваць з жыхарамі неба.

Гэты апошні плод слаўнага паэта, як і яго прарочы верш аб узнаўленні ордэна, які я сам чытаў, не ведаю, якім чынам быў згублены.

Прычашчаны, развітаўся з жыццём у калегіі некалі Ордэна езуітаў у Менску ў боскім годзе 1781. Яго сачыненні, пасля смерці рассеяныя па Беларусі сабраны былі айцамі Ордэна адусюль і перададзены ў друк.

Найбольш падрабязныя звесткі пра жыццё Міхала Карыцкага, якія ўдакладняюць вышэй прыведзеныя тэрміны і сабраныя на падставе архіўных матэрыялаў, надрукаваў Б. Натонскі ў "Польскім біяграфічным слоўніку":

"У шаснаццацігадовым узросце, 7 ліпеня 1730 г., пасля атрымання пачатковай адукацыі ў Бабруйску, М. Карыцкі ўступіў у "навіцыят" у Вільні, г. зн пераступіў першую ступень Ордэна еэуітаў. У Слуцку ў 1732-1733 гг. ён вывучаў педагогіку і пасябраваў з Антонам Скарульскім, з якім у далейшым супрацоўнічаў, абдумваў рэформы школьнай справы. У Вільні Карыцкі займаўся філалагічнымі навукамі з 1733 па 1738 г., прычым у 1736-1738 гг. прайшоў курсы "інфімы" і "сінтаксісы" Віленскай акадэміі. Паэзію і багаслоўе ён вывучаў 1739-1741 гг. у Варшаве пад кіраўніцтвам Польца і Быстрыцкага. У Вільні 17 чэрвеня 1742 г. ён стаў ксяндзом. У 1744-1746 гг. Карыцкі быў выкладчыкам рыторыкі ў Менску і Вільні. Па ўказанні кіраўніцтва Ордэна ён карыстаўся ў курсе рыторыкі дапаможнікам Ювентыюса, які абапіраўся на Цыцэрона пры навучанні красамоўству. У 1746-48 гг. Карыцкі працаваў у Слуцкай настаўніцкай семінарыі, а потым на працягу 14 гадоў у якасці прапаведніка ў Пінску, Вільні, Варшаве, Драгічыне, Менску, Бабруйску. Карыцкі атрымаў доктарскую ступень у Вільні і стаў прафесарам і сеньёрам філалагічнага факультэта (1750-1753). У наступныя гады, ва ўзросце 39-42 год, ён быў сакратаром Віленскай акадэміі, дырэктарам ніжэйшых школ, кіраўніком універсітэцкай бібліятэкі і прафесарам багаслоўя. Пасля падзелу Літоўскай правінцыі езуітаў на Мазавецкую і Літоўскую Карыцкі быў намеснікам начальніка (правінцыяла), а 6 верасня 1765 г. правінцыялам Мазавецкай правінцыі. З гэтай пасады ён пайшоў 7 верасня 1770 г. і пасяліўся ў Бабруйску. Пасля ліквідацыі Ордэна езуітаў Камісія Народнай Адукацыі прызначыла Карыцкага рэктарам школ Менскага ваяводства. У 1780 г. ён пайшоў на пенсію, захварэў і ў 1781 г. памёр у Менску [3].

Як бачна, усе вехі жыцця, адзначаныя ў нататцы ад 1817 г., пацвярджаюцца ў рабоце Натонскага, але аб творчасці паэта тут сказана даволі скупа. Аўтар спыняецца на характары рэформ у школьнай справе, здзейсненых Карыцкім, а ў ацэнцы яго паэтычнага таленту абмяжоўваецца заўвагамі пра вялікую фантазію паэта, называе як творчую ўдачу паэму "Птушыны сойм" і прыгадвае вершы, прысвечаныя Кацярыне ІІ.

Названыя ў артыкуле Натонскага Скарульскі (школьны таварыш Карыцкага), Польц, Быстрыцкі, яго выкладчыкі, а таксама падручнікі Ювентыюса і Шэфнера даказваюць, што і ў гады вучобы як на пачатковай ступені, так і вышэйшай, Карыцкі сустракаўся з людзьмі, якія прытрымліваліся адсталых поглядаў, нават вядомымі як праціўнікі вучэння Каперніка, а адукацыю ён атрымаў толькі ў рамках, прадугледжаных праграмай езуіцкіх навучальных устаноў. Вялікая начытанасць паэта, назіральнасць і чуйнасць дазволілі яму, і то толькі ў апошнія 15 гадоў жыцця, г. зн. ва ўзросце 50-67 гадоў, сачыніць выдатныя вершаваныя творы.

Трэці нарыс аб жыцці, творчасці Карыцкага належыць пяру М. Гарбачовай [4]. У артыкуле, надрукаваным у 1980 г., аўтар адзначае, што Карыцкі "вызначаецца, ва ўсякім разе, сваёй літаратурнай культурай сярод польска-лацінскіх паэтаў станіславаўскай эпохі" (маецца на ўвазе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі). У асвятленні асобных бакоў творчасці Карыцкага ў Гарбачовай сустракаюцца сцвярджэнні, з якімі цяжка пагадзіцца. У прыватнасці, непераканаўчая думка, выказаная аўтарам аб тым, што "Карыцкі не ўцягнуўся ў сучасныя падзеі, толькі мімаходзь кранаючы палітыку". Нельга лічыць апалітычным паэта, які рэзка крытыкаваў самавольства і безадказнасць сучаснай яму польскай шляхты, што прывялі да загнівання і распаду дзяржавы. Аб удумлівым падыходзе паэта да пытання аб прычынах ліквідацыі Ордэна езуітаў, аб яго хістаннях у ацэнцы гэтай падзеі сведчаць вершы, адрасаваныя Антону Касакоўскаму, а найбольш паказальныя вершы, прысвечаныя Юзафу Залускаму, вядомаму збіральніку і аматару кніг.

М. Гарбачова адзначае, што Д. Яноцкі "прасіў пісьменнікаў Мінасовіча, Багамольца, Нарушэвіча і Карыцкага ўважыць вяртанне Залускага з ссылкі (сасланага царскім генералам Рапніным) у Калугу і сачыніць у яго гонар хвалебныя вершы". Яна прывяла пісьмо Яноцкага да Карыцкага, з якога відаць, як высока цаніўся Залускі ў асяроддзі езуітаў: "Звышнатхнёны Карыцкі! З якой пяшчотай і мяккасцю твая нябесная муза аплакала епіскапа Залускага, выгнанніка, - Апалона Сарматыі. Цяпер ён па волі багоў вярнуўся. Ты не адмовішся ад агульнай радасці і тваёй да яго добразычлівасці, апяеш вядома Феба, які вярнуўся і ажыў духам". На думку Гарбачовай, Карыцкі выканаў заданне і адгукнуўся вершамі "Элегія для найслаўнага правадыра Юзафа Залускага" і "Элегія найслаўнаму... Юзафу Залускаму... кіеўскаму епіскапу".

Азнаямленне з указанымі элегіямі навявае, аднак, іншыя думкі: у першай наогул няма дадзеных аб тым, што яна напісана пасля вяртання Залускага з Калугі. Апеўшы багацце ведаў, заключанае ў кнігах бібліятэкі Залускіх, аддаўшы належнае "старцу з пячаткай велічы і сівізною", паэт абгрунтоўвае наведванне кнігасховішча тым, што ён сам спрабуе сачыняць кнігі і з'яўляецца "кропелькай малой, дададзенай у невымерныя моры" ведаў і паэзіі. Другая з названых элегій гаворыць аб спачуванні паэта "выгнанніку, сасланаму нядаўна ў рускія землі", бо на чужыне, дзе "Гем ахутаны зіхоткім снегам" і "вяршыні Радопы пакрыты лёдам", "пальцамі перабіраць калі аднойчы жалейку захацелася, рэзкі боль ён адчуў здзервянелай рукі", іначай кажучы, паэт з сумам выказаў думку аб тым, што творчыя сілы Залускага ў ссылцы вычарпаліся. Як відаць, Карыцкі не столькі вітаў вяртанне Залускага з Калугі, колькі выказаў сваё спачуванне яму.

Нарэшце, у артыкуле Гарбачовай маецца недастаткова абгрунтаваная думка аб прычынах і выніках усхвалення Карыцкім імператрыцы Кацярыны II. Захаванне езуіцтва ў Беларусі насуперак загаду папы рымскага аб роспуску Ордэна, на думку аўтара, нібыта "падобна на захаванне ў Беларусі польскіх школ, а значыць, польскага духу". Як вынікае з од у гонар царыцы, Карыцкі быў заклапочаны не "захаваннем польскага духу", а лёсам рэлігіі, Ордэна езуітаў, які з'яўляўся, па ягоным перакананні, найверным яе вартавым, паэт быў упэўнены, што Ордэн закліканы распаўсюджваць веды ва ўсіх краінах. Ён звяртаўся да царыцы на лацінскай мове дзеля таго, каб паказаць перавагу гэтай мовы над іншымі, здольнасць латыні пераступаць межы дзяржаў з карысцю для ўсіх. Сваю ўдзячнасць паэт выказаў ад імя Ордэна, хоць на гэта не быў нікім упаўнаважаны. Азадачаны незразумелым яму рашэннем папы Клімента XIV, ён пайшоў насуперак Рыму і многім польскім езуітам на збліжэнне з Расіяй. Гэты настрой пераважае ў яго словах:

Столькі нягод перажыўшы, гнаная бурай рэлігія,

Ордэн, якога быў заснавальнік Ігнацы Лаёла,

Выгнаны прэч з бацькоўскіх мясцін і дашчэнту абабраны,

Вымушаны быў няшчасны блукаць па розных краінах.

З радасцю і з палёгкай асеў ён на землях расійскіх,

З радасцю, што сярод бураў дасягнуўшы гэтага порта,

Літасцю Кацярыны, прытулак знойдзены веры.

Выказаць як жа ўдзячнасць табе?

Ці прадаўжаць падарункі?

Алеі нясуць еўрапейцы табе, а з Турцыі лаўры,

Дарунак падносяць іншыя краі, каштоўныя скарбы.

Нетры разрыўшы сваіх гор, перуанцы скарбы дораць,

Таксама Эрытра багацці прыносіць з Чырвонага мора.

Мы аддаем табе сэрца, не патрабуеш паднашэнняў

Нашага дару даражэй, ні золата ўсялякага зліткаў,

Ні ахоўваных у віры Ганга перлін бліскучых.

Ты ж багатая назбіраным скарбам багаццяў каштоўных,

Дабрабыту нашага маці клопат песціш.

Маці! (стрымацца не можа агонь, захаваны ў глыбінях,

Ён вырываецца, у шчырым слове раскрыўшыся гарачым)

Няхай жа, о маці, настояць дазваляецца на шчырасці,

У песні любоўю падказанай гукі падвойваць гэтыя!

Смелае слова, о маці, але ж адпавядае праўдзе.

Ты акружаеш як маці засмучаных найпяшчотнай ласкай.

Як збраяносец Юпітэра, так і царыца птушыная

Слабенькіх нашчадкаў, яшчэ не здольных лётаць апякае,

Грэе ў высокім гняздзе, прыносячы ежу і корміць,

Ліўні калі паліваюць з хмар набрыняючых грозна,

Нованароджаных яна прыкрывае ад лінуўшых з неба

Кропель крылом распасцёртым, адводзіць і гоніць патокі.

Так нас велічная царыца і дахам, і ежай

Ласкава і літасціва забяспечваеш і ўсё, што нам трэба,

Шчодра даеш, баронячы ад буры грымучай над намі,

Разбушаванай, крыламі магутнымі нас закрываеш.

Усе тры прыведзеныя вышэй жыццепісы Карыцкага маюць адзін недахоп: у іх адсутнічае сувязь паміж яго жыццём і творчасцю. Канешне, на падставе захаванай творчай спадчыны паэта цяжка зрабіць перыядызацыю яго прац. Толькі ў нямногіх вершах указаны месяцы і гады іх з'яўлення, у назвах ці ў тэксце, асобныя даты можна вызначыць ускосна, па апісваных там асобах і падзеях. У выніку выяўляецца своеасаблівая карціна: асноўныя творчыя намаганні, ва ўсякім разе вынікі гэтых намаганняў, адносяцца да часу, калі паэту было ўжо за шэсцьдзесят. Гэта не азначае, што ў ім так позна прачнуўся паэтычны талент. Наадварот, прычын выказацца па набалелых пытаннях стала больш.

У полацкім зборы 1817 г. не захаваны ні тэматычны, ні храналагічны парадак. Ужо першы верш, названы "Аўстрыйскі марс", як правільна адзначыла Гарбачова, належаў пяру не Карыцкага, а іншага езуіта - Катэмбрынга (рэктара Нясвіжскай калегіі), які так-сама жыў у Беларусі. Складальнікі збору прытрымліваліся хутчэй за ўсё такога чаргавання твораў Карыцкага, каб у чытачоў заставалася ўражанне аб шчырай адданасці паэта расійскай імператрыцы і аб глыбокай рэлігійнасці аўтара, нарэшце аб рэзка адмоўным стаўленні да самавольства польскай шляхты. На 150-й старонцы зборніка змешчаны верш, які ўтрымлівае ўдзячную малітву "ліквідаванага таварыства езуітаў" за вызваленне зняволенага ў замку св. Анёла ў Рыме генерала ордэна Лаўрэнція Рыкчы, а на 151-й старонцы прыведзены саладжавы верш на польскай мове пра матылька, які лётаў сярод кветак і быў раптоўна забіты ліўнем. Трэба меркаваць, што верш аб Рыкчы быў напісаны ў 70-х гадах, калі пасля папы Клімента XIV апостальскую сталіцу ўзначаліў Пій VI, а верш пра матылька быў сачынены з іншай нагоды. Вывад аб тленнасці жыцця, безабароннасці чалавека, як таго матылька, які радуецца жыццю, але не ўсведамляе пастаяннай пагрозы смерці, адлюстроўваў веру ў боскае прадбачанне - адзіную надзею асуджаных.

Такія, характэрныя духоўніку, прызначаныя для павучання вернікаў, настроі адчуваюцца і ў іншых вершах, напісаных на тэму зменлівых лёсаў. Няма даты і ніякіх ускосных указанняў у вершах "Ода - не трэба давяраць удачам" і "Ода - вялікаму часам пагражае малое". Абодва вершы вылучаюцца майстэрствам - першы напісаны памерам III асклепіядава верша, а другі ўяўляе ямбічную сістэму. Абодва вершы па 26 радкоў. Змест зводзіцца да павучальных угавораў, настаўленняў і павучальных выразаў, але зроблена гэта досыць умела:

Той, хто кедрам стаіць цяпер,

Заўтра громам пабіты будзе попел лізаць.

Птушка толькі што спявала паблізу

Хмараў суседніх і раптам няшчасна

застогне ў палоне.

Клетку туга спляла лаза...

У гэтым вершы паэт прыводзіць у якасці прыкладу султана Баязета, які заваяваў Балгарыю, радасна трубіў аб перамозе, а потым быў разгромлены ханам Тамерланам. Прыкладам зменлівасці лёсаў служыць і палкаводзец Белісар: "Калі ў яго вырвалі вочы, ён меў патрэбу сам у правадніку". "З мокрымі ад слёз шчокамі беднасць, - усклікае паэт, - звычайна ідзе за бліскучымі ад тлушчу тымі [багацеямі з Іспаніі. - Я.П.], хто хлябтаў Таг...".

У другім вершы Карыцкі таксама ўжывае вобразныя прыклады:

Дзяўбе скалу і кропля вод. Казляняці кроў

Не верыла: агнём Вулкан

Булат сагне, потым расплавіць ганарліўца

У кастрах ліпарскіх краін...

Няхай, чый дух расцвіў, не надта верце ў моц

Ганарыстую, - яна пустая.

I часта той, чые сілы пачалі знікаць,

Здае бяздарным першынство. (115)

Да таго часу, калі Карыцкі непасрэдна не сутыкнуўся з падзеямі, якія ўскалыхнулі краіну і закранулі яго рэлігійныя пачуцці ў сувязі з роспускам Ордэна, ён схільны быў крыху насмешліва і крытычна расцэньваць творчыя намаганні пачынаўшых вершатворцаў, якія, магчыма, з'яўляюцца яго вучнямі. У навучальных установах XVIII ст., асабліва езуіцкіх, выхаванцаў абавязвалі сачыняць вершы на лацінскай мове, абапіраючыся на правілы старанна вывучанай рыторыкі. Паставіўшы перад сабой мэту дамагчыся правільнага і змястоўнага сачынення, Карыцкі напісаў у вершаванай форме павучанне такога роду, пачаўшы яго з жартоўнага каламбура: замест "прапаноўваю табе гэты сілагізм" ён перакруціў словы: "сілацебегізм прапаноўваю, прыгожы кудзеснік". У сваім павучанні ён раіў "кудзесніку" пераймаць пчол у працавітасці, але не даваць сябе завабіць бессэнсоўнымі пошукамі знешняй прыгажосці.

Паэт любаваўся прыродай роднага краю і захапляўся яе апісаннямі. Цяжка дакладна ўстанавіць час узнікнення верша "Праклёны зіме", але, мяркуючы па адсутнасці ў ім водгукаў на падзеі ў краіне і намёкаў на асабістыя перажыванні аўтара, сачыненне гэтае адносіцца да гадоў вучобы ці першых крокаў на пасту прапаведніка. Разважанні паэта аб порах года з рэалістычнымі замалёўкамі зімы і вясны зводзяцца да высновы, што настане пасля непагадзі і нягод час, калі чалавек зможа бесклапотна прадаўжаць жыццёвы шлях, радуючыся прыгажосці прыроды. Ад 79 радкоў ямбічнага памеру гэтага верша патыхае гідлівасцю да скаванага марозам жыцця і нудным чаканнем вясны:

I вось вясёлы ўсіх раслін карагод

Рапюўна карчанее, ён пануры, замёрз,

Замоўкнуў гай у сумным уборы,

У дрыжыках увесь пазбаўлены лістоў, голы.

Калі ганак родны, мясціны дзядоўскія

Пакінуў крыламі праслаўлены спявак,

Прыроду тут жа зябкае трапятанне ахапіла,

Пакрыла сінеча, псуе да чарнаты твар,

Вось страшней смерці бледнаты ў мароз

Хвароба па членах астываючых паўзе...

Падобна прыведзенаму адрыўку, цяжка вызначыць дату стварэння верша "Ода госцю Людвіку ў пачатку траўня" (44 радкі памерам I сапфічнай страфы). Прыгнечанасць і абурэнне зімовай сцюжай саступаюць светлым танам, лёгкаму прыўзнятаму настрою. Прырода Беларусі радасна і гасцінна раздае сваю прыгажосць прышэльцам:

... Да падарожніка табе, прыглядзеўшыся з замка

Яркага, Тытан расхінуў зрэнку,

З рогатам убор і найчысты колерам

Прамень прымярае.

Феб, кармілец ты і цудоўны светач!

Перашкодзь вятрам прылятаць дажджлівым,

Твар свой адкрывай, адары ласкава

Зелянінай зямлю!

Феб, сузор'яў ты храм, жывое полымя!

Хмары да чорных няхай ідуць краін;

Няхай мігае сінеча і часы спакою

Не парушае!

У мяккай вы траве, о кветачкі, шчасце,

Пяшчоту і красу ведаеце зефіра,

Лілеяй б напоўніць нам кошыкі хутка,

Цудоўным нарцысам!

Каб госцю сустрэчу падрыхтаваць, сцежкі

Упрыгожваем, ружы збіраем, фіялкі.

Салодкі тут фіміям біручына снежным

Ліўнем разліты. (113)

У 50-я гады XVIII ст., калі паэту споўнілася сорак гадоў, у яго вершах пачалі больш ярка з'яўляцца рысы адносін да рэлігіі, дзяржавы і мастацтва. Час з'яўлення такіх вершаў можна ўстанавіць па ўскосных дадзеных. Антон Валовіч стаў слуцкім епіскапам у 1755 г. З выпадку яго наведання Пінска Карыцкі, які знаходзіўся там у якасці прапаведніка, сачыніў оду, дзе ўлагоджваючы і ўсхваляючы госця, выказаў думкі аб тым, якім хацеў бы бачыць пастыра. Ода складаецца з 85 радкоў ямбічнай сістэмы, з якіх асобныя своеасаблівыя. У прыватнасці, Карыцкі ўжо не давярае свецкім вершатворцам, ён лічыць іх трутнямі, яны ператвараюць суровае жыццё ў гульню і тым самым падманваюць простых людзей. Паэт заклікае епіскапа даць яму прыклад сапраўднага натхнення:

. .. Рукою вопытнай маўклівых струн дакраніся,

Напевы пяшчотныя ствары,

Умела ліры шчырай здабудзь ты голас!

Кудзеснікаў смешныя мары,

Розумаў падманных пустая выдумка багоў,

Якіх паважае бяздарная чэрнь,

На алтарах кадзячы лятучы фіміям.

Даб'юцца няхай падмогі муз

Тыя, хто выпадковых любіць гутарак гульню.

Нам, лепшы апякун наш,

Аснову песням трывалую напэўна дасі.

Прагонім трутняў: славаю

Праўдзівай малявацца ў сапраўдных колерах

Гульня тая стане. Прэч хлусню!

Не да ілжывай фарбы ці выпадковай

пэндзаль спяшае -

Багаты святлом уласным...

Паэт упэўнены, што духоўны настаўнік павінен вышэй цаніць вартасці духу, чым зямныя багацці:

Закапаныя ў глыбіні, ты цэніш ні ў што

І шукаеш толькі каштоўнасць тую,

Што ў зорных палацах аддаленая вабіць,

Іх смага мучае цябе,

Каб гэтымі дарамі вечнымі валодаць,

Што не гінуць ніколі.

У дні і ночы ў вышыні цягнеш далоню

І чакаеш жарсна толькі нябёсаў.

Туды хвалюючы цябе вабіць агонь

Мары, палаючай у грудзях.

Туды твой розум спяшае, ляціць, дзе ты

Імкнешся цяжар разгрузіць,

Скарбамі плечы каб не абцяжарваць,

Ты рады з бедняком роўным быць.

Залочаным плашчом ты статак хутаеш свой,

Пастух са шчодраю рукой.

Духоўны настаўнік не можа сядзець склаўшы рукі, калі статку пагражае небяспека, ён абавязаны быць заўсёды ў поўным узбраенні:

Калі ж з тартара падземнага цямніц

Паўзе небяспека воўчых зграй,

Разню рыхтуючы, адтачыўшы іклы свае,

Свяшчэнную бярэш дзіду,

У пракляты Стыкс каб нечысць гнаць і зло згубіць,

Пагрозе перагароджваеш шлях...

У 1755 г. Марцін Залускі, брат вядомага бібліятэкара Юзафа, адрокся ад пасады канцлера і епіскапа, стаўшы шараговым чальцом Ордэна езуітаў. Характэрна, як успрыняў гэты крок Карыцкі. Ён не ўнікаў у прычыны адрачэння Залускага ад шанаванняў, а супрацьпаставіў сціпласць, паслухмянасць, як найвышэйшыя вартасці, пышнасці і ганарыстасці. У вершы "Марціну Залускаму" Карыцкі пісаў:

Сціплыя норавы, годнасці дар, цяпер захаваліся.

Гэта засталося, а ўся пышнасць ляжыць пад ступнёй.

Чорны ўбор надзявае ўзамен фіялетавай мантыі, Кніга - адзіны скарб, царствам жа маленькі дом...

Кніга - скарб ведаў - з'яўляецца найбольш каштоўным здабыткам людзей. Да ведаў, а не да багацця павінны імкнуцца і багатыя і бедныя, нічым іншым смертныя адзін ад аднаго не адрозніваюцца, усіх чакае аднолькавы канец. Самае знамянальнае ў выказванні паэта - гэта яго прызнанне, што багацеі карыстаюцца працай народа, само ж багацце - прадмет зайздрасці і разладу паміж багатымі. Потым Карыцкі гаворыць:

Штосьці азначае цароў

прыхільнасці вышэйшай дабіцца,

Штосьці азначае захінуць плечы пурпурнай красой.

Гэта, аднак, нішто - па гаспадароў насіцца ў пакоях,

Гэта, аднак, нішто - быць з пасеву вяльмож,

Гэта, аднак, нішто - сядзець каля трона на крэслах,

Быць у вялікіх паноў у пашане - гэта нішто.

Гэта нішто - жыць пад залачоным дахам, адкуль

Час, і не ведаеш які, у змрочную яму штурхне.

Гэта нішто - быць з роду князёў,

бо такімі ж нараджаюцца

Князь і мужык, і памруць - іх аднолькавы лёс.

Гэта нішто -

асірыйскім адзеннем зіхацець каштоўным,

Калі цяжкай працай усё здабывае народ.

Гэта нішто -

да дабрадзейных цароў набліжацца прастолаў,

Калі зайздрасць заўсёды ў замках і хітры абман...

З'едлівая насмешка над сумятнёй тых, хто шукае шляхоў узбагачэння, пошукаў апекі і міласцей у высокапастаўленых саноўнікаў, гучыць як пратэст супраць загніваўшага знутры атачэння паэта:

Смертныя, каб убачылі, аднак,

што сумятня акружае,

Колькі ім трэба працы, колькі пакут цярпець!

Дзень не дае ім паесці, засынаць яны ноччу не могуць,

Пакутай надзея для іх, катаваннем - трывога і страх, Дах абселі клопаты. Як чароды непаседлівых птушак, Зайздрасці поўны язык, сціснуты ў вуснах сваіх.

Прадчуванні будучых бедстваў прымусілі паэта напісаць эклогу "Даметас і Дафніс", дзе пастаральныя адценні змешваюцца са шчырай трывогай, выкліканай становішчам дзяржавы, якое ўсё ўскладняецца. У гутарцы, дзе адзін з двух пастухоў скардзіцца на тое, што ў сне бачыў прыметы няшчасця, якое абрынулася на яго статак, чуваць адчайная перасцярога грамадзянам Рэчы Паспалітай быць пільнымі. У эклозе Карыцкі ўжыў міфапаэтычны сімвал - лічбу чатыры, якая ўвасабляе парадак, правату, ісціну, справядлівасць, мудрасць, гонар адкрытасць. Усе гэтыя асновы жыцця грамадства разбураліся на вачах у паэта. Ён уклаў у вусны пастуха Даметаса апісанні бедаў, якія той бачыў наяве і ў сне:

... Чатыры бараны з цудоўнай поўсцю,

Відам цудоўныя, бліскучыя найбелай снежнай красой, Ішлі наперадзе і вялі ўсю атару на пашу днём яркім,

Як важакі, і, калі нападала ваўкоў на аўчарню

Зграя, рагамі бясстрашна бадалі ворага, праганяючы,

Драпежнікаў сталі здабычай...

Было ўжо так суджана, прадказалі мне вешчыя знакі, Папярэджвалі за некалькі дзён, калі ў небе высока

Сонца запаліў Апалон, які напаўняў пашу спякотай. У цень зелянеючых лістоў платана, гарачынёй разамлелы,

Скаціну я сагнаў. Раптам над гладдзю палёў

з'явілася пярнатых

Чарада і, вылецеўшы, сціплыя галубы ў шыры нябеснай,

У пошуках ежы ляталі...

Ястрабы вырваліся раптам

са сховішчаў, цямніц глухамані...

Вось чатырох галубоў, што адлівалі белізной снежнай,

Ловяць і схопленых у гнёзды далёкія бедных нясуць...


Паэт заканчвае з адчаем:

О, пастухі, беражыцеся навальніцы,

беражыся ж статку -

Так я прамовіў напалоханы,

у будучыні засумняваўшыся,

Доля якая выпадзе мне, маёй жа атары...

Эклога, што складаецца з 147 радкоў гекзаметра, папярэдзіла другі твор (137 радкоў гекзаметра), які адкрыта і шчыра асуджаў становішча ў Польскай дзяржаве ў 60-я гады XVIII ст.

"Ападосіс" ("Уздаянне") - паэма, напісаная Карыцкім, прымеркаваная да выбрання Станіслава Аўгуста Панятоўскага каралём (1765 г.). Там з горыччу і рэзка паэт кляйміць заганы пануючых саслоўяў, што прывялі да аслаблення дзяржавы. Прадстаўленыя іншасказальна ў эклозе беды сталі рэальнасцю, і паэт расказаў, як пакутавалі людзі, ён усведамляў, што заганы грамадства зайшлі далёка і хваробу нялёгка вылечыць.

Паэт зрабіў яшчэ адну спробу абразуміць польскую шляхту напісаўшы найбольшую са сваіх паэм (510 радкоў гекзаметра) "Птушыны сойм". У гэтым творы, які вылучаецца характэрным зместам і своесаблівай мастацкай формай - злёгку насмешлівым апісаннем прыроды і паводзін некаторых жывёл, галоўным чынам птушак, паэт алегарычна вывеў рысы пыхлівай шляхты, у большасці сваёй зацікаўленай толькі ва ўласнай выгадзе і дабрабыце.

Птушкі з розных бакоў і краёў сабраліся, каб вырашыць набалелае пытанне, як абараніць сябе ад ворагаў, якія палююць за імі, спусташаюць гнёзды, здзекуюцца. Пасля спрэчак і прамоў птушыны сойм, па прапанове папугая, вырашыў узвесці на пасад арла з тым, каб ён узначаліў барацьбу за свабоду і дабрабыт птушак.

Паказваючы арла - караля, Карыцкі вывеў яго як больш моцную і высакародную птушку, але і яна праявіла залішняе старанне, абмежаванасць і нават неразумнасць, калі знішчаліся бяскрыўдныя зайцы, якіх варона палічыла за небяспечных зламыснікаў.

Для паэмы характэрна з'едлівая сатыра на шляхту. На прыкладзе такіх птушак, як варона, пугач, жораў, пава, паэт паказвае яе заганы, адцяняе і кляйміць балбатлівасць, плёткі, жорсткасць, падступства, разлічаныя на знешні эфект ваяўнічасць, фанабэрыстасць, зазнайства, сквапнасць, абжорства.Мноства іншых мірных птушак - гэта звычайны, просты народ, сціплы і безабаронны, але менавіта яны (галубы) самааддана, не шкадуючы жыцця, змагаюцца за сваё жыллё і дзяцей.

Надзённасць паэмы, прымеркаванай да часу бяздумнай, антыдзяржаўнай палітыкі магнатаў у XVIII ст., мэтанакіраванасць у высмейванні разрухі і міжусобіцы неаспрэчныя. Паэт перакананы, што дастаткова паставіць заслону свавольству, самадурству шля-хты, выбраць дзелавітага, справядлівага караля, каб навесці пэўны парадак у краіне:

Ці ж не наша свабода -

прычына гэтакіх многіх няшчасцяў?

Можа, нам варта правіцеля выбраць,

каб нас супакоіў?

Гэтая парада, выказаная "адной птушкай разумнейшай" была адобрана большасцю пёрыстых і доўга абмяркоўвалася прысутнымі. Пасля абрання арла каралём птушкі наладжваюць парад, пачынаюць баляванне:

Усе ўлагоджваюць сябе і,

забыўшы пра клопаты цяжкія,

Са святочным духам радуюцца,

перамогу абвяшчаючы,

Ляпаннем бясконцым узносяць да неба ўладара.

Насмешлівы, злёгку з'едлівы тон у паэме "Птушыны сойм" адлюстроўваў сумненні Карыцкага ў магчымасці хуткага паляпшэння становішча ў краіне пасля ўступлення на трон Станіслава Аўгуста, больш таго, у апісаннях спрэчак на птушыным сойме і дзеянняў птушак відаць, што давер да новаабранай улады ў паэта пахіснуты.

Насталі ўяўна добрыя першыя гады кіравання новага караля. У 1767 г. у Польшчу прыехаў папскі нунцый Ангел Дурыні. Карыцкі напісаў у гонар нунцыя элегію, у якой паміж радкоў можна прачытаць параду не замыкацца ў пакоях, дзе "ў змроку маўклівым" ён заняты "пошукамі бяскрайніх навук", а пазнаёміцца бліжэй з жыццём краіны:

... Зробіш так, пацерпіць наўрад ці павага,

Калі ты нябеснай нагой ступіш у простыя лугі.

Бо наведаеш там вядомыя мужам вучоным хаціны,

Ці пройдзеш па сцежках неапрацаваных ніў...

Паэт угаворвае іншаземца адпачыць у вёсцы падобна Апалону, які "сам на кіфары не пастаянна іграе, часта ён з лукам у руках у пустэчу, гушчар ідзе", крадком пераконвае падданага нямецкага кесара бліжэй пазнаёміцца з жыццём краіны.

Элегія прасякнута думкай, якая ўсё больш турбуе паэта: кнігі мала адлюстроўваюць тое, што адбываецца на самой справе ў жыцці. Контуры такіх разважанняў яшчэ ярчэй выступаюць у другой элегіі, напісанай у гонар вядомага пісьменніка Ігнація Красіцкага, калі той у 1767 г. стаў Вармскім епіскапам.

У элегіі, якая налічвае 100 радкоў элегічнага дыстыха Карыцкі перш за ўсё падкрэслівае, што не паходжанне, а справы сведчаць аб заслугах чалавека:

Справа ўдачы вядома народзіцца

няхай у пурпуру бляску,

Большая, аднак, павага ад высакароднасці заслуг. Паходжанне вялікім не робіць, хто ўслаўляе

Толькі радаслоўную, той хваліць абманную высь...

Менавіта Красіцкі, згодна думкі Карыцкага, здолеў спасцігнуць розніцу паміж тым, што расказваюць кнігі сябелюбцам, і тым, чаго патрабуе жыццё - штодзённа зжываць заганы:

Пад кіраўніцтвам тваім ні імкненне да ўлады,

Ні дабрачыннасць вяльможаў не захаплялі як мэта,

Ні апантаная помста, да золата мярзотныя страсці.

Паэт усё ясней разумее, што такія дзеячы, як Красіцкі, нажываюць сабе ворагаў і сярод нягоднікаў:

Тым, што бывае,

атручаным зубам грызе цябе зайздрасць,

Не засмучайся: мужоў слаўных не любіць яна.

Ведаем, як ты ў сачыненнях

кляйміш бязлітасна заганы

I прымушаеш пайсці прэч з роднай краіны.

Варварства зжываеш, неўстрыманасць.

Норавы несумленных

Мала-памалу ў вадзе Стыкса пагібель знойдуць...

Між тым, незалежна ад пажаданняў і дзеянняў такіх пісьменнікаў, як Красіцкі, палітычная атмасфера ў Польшчы і пасля ўступлення на трон Станіслава Аўгуста ўсё больш ускладнялася. Шматлікія шляхецкія групоўкі, незадаволеныя ліберальнічаннем караля ў адносінах да колаў, якія спачувалі пратэстантызму і прарускай арыентацыі, задумвалі змовы ў абарону ўкаранёных перакананняў на карысць сваіх прывілеяў. Да такіх адносіўся кумір Карыцкага - загадчык бібліятэкі Залускіх ІОзаф Залускі. Паэт схіляўся перад вучонасцю Залускага, захапляўся багатым зборам яго кніг, але не быў згодны з палітычнымі поглядамі гэтага віднага каталіцкага святара. Ён спрабаваў пераканаць свайго сябра, што караляванне Станіслава Аўгуста абнадзейвальнае і патрэбнае. Ён зрабіў такую спробу ў "Одзе Юзафу Залускаму з выпадку наведання ім прыгараднага саду таварыства езуітаў":

Прыгажосць, кагорта крылатых,

квітнеючай айчыны вы парастак,

Царства нябеснага вечная радасць!

Радзіму, што прымушае мяняць

і крылом хуткалётным

Мераць дарожныя доўгія вехі,

Краіны шукаць, што зіхцяць пад чужою зоркаю?

Нястомны палёт спыніце!

Бачыце, як выпускаюць промні з вясенняга неба

У нашу краіну міралюбівасць, парадак?

Бык азначае вясну, зелянеюць Іосіфа лілеі.

Уюцца фіялкі, з плеч спадаюць,

Лаўр жа, спадарожнік навукі

багаты, красуецца ўсюды,

У тыяры настаўнікаў трывала ўплецены.

Тут крыланосны атрад апусці хуткалётныя пёры,

О кіфарэды сюды, о лясныя!

Тут, дзе да суседніх узгоркаў

прыціскаецца клён перастарак,

Цень ад лістоты шырока рассцілаючы

Ў Віслы паток заглядзеўся і глядзіць ясень высокі,

Вербы і ліпы кашлатыя галіны

У мностве траў на зямлі

ўсемагчымыя блытаюць цені,

Крылы шырокія тут апусціце!

Тут паўтарайце напевы вясёлыя, святыя песні,

Славу настаўніка тут апявайце!

Як бачна, паэт хацеў прымірыць слаўнага настаўніка Залускага з каралём: "бык" - герб Панятоўскага - абазначае вясну, караляванне Станіслава Аўгуста спрыяе развіццю навук, кветкі Залускага не завянуць, наадварот, для іх настала пара красы. У вершы ёсць яшчэ адна характэрная думка: прыхільнікам Залускага не трэба шукаць суцяшэння ў іншых краінах, міралюбства і парадак умацоўваюцца і на радзіме.

На рэлігійныя настроі паэта нечакана насунуўся цень, у яго поглядах з'явілася трэшчына: на Ордэн езуітаў абрынуўся ўдар, прычым не з боку пратэстантызму, для супрацьборства з якім ордэн быў створаны, і не з боку праваслаўя, якое езуіты збіраліся зламаць, а якраз з Рыма. Там нават зведаў ганенні генерал Ордэна Рыкчы. Сваімі перажываннямі Карыцкі дзяліўся з сябрам Антонам Касакоўскім, якому тлумачыў, чаму перастаў з ім перапісвацца: Шчыра я прызнаю, што маўчаў я ўсе доўгія гады:

Што, ці дзіўна? Моўчкі я гора цярпеў.

У сэрцы засеўшы, боль язык мой і розум звязаў

I заставаўся такі ў гаворцы бяссільны, у справах.

Змрочная тройка сясцёр

замяніла тут муз у маім сэрцы,

Мне яна, таксама сябрам цяжкія лёсы абяцае.

Замест жа лаўру быў ціс,

замяніла мне кастальскую крыніцу

Слёз нястрымная плынь,

замест кіфары толькі стогн,

Калі мне б тыграў сэрцы суровая дала прырода,

Пачуцці чалавечых боль крануў бы, відаць, і іх.

Калі б цела маё складалася з грубага каменя,

Не сумнявайся, зламаць рэзкі боль змог бы.

Смерці ганебнай рэлігія -

маці, разбурэнню падверглася,

З ёй вучыўся я жыць, жыць навучаў сяброў,

У дзіцячыя гады яна дабрачыннасць у мне выхавала,

Адукацыю дала грубым Палада гадам.

Маці, о любімая мной! (Гаварыў не раз я са стогнам.)

Няхай бы да дня не дажыць,

смерць калі спасцігне цябе!

Таксама, бацька дарагі,

ператварыўся ты ў чорны попел,

Доўгую цемру выцерпеўшы

зім бязлітасных у турме.

Жыць жа мне як?

Чаму я дыхаю, а паветра такое горкае,

Спадарожнікам сын чаму не аказаўся бацьку?

Вас растраціў я, паплечнікаў чэсных атрад, і стагну.

Вы пазбаўлены ж усяго: імя, убораў і даброт.

Дар жа мужам засмучаным - слава -

пакінутым, даражэй

Ордэна няма нічога, слава сама толькі смутак.

Што застаецца ж нам усім па-за магілай і труной?

Ці ж тая бедная частка жыцця,

змрачней, чым труна?

Помніцца таксама аб многім,

але гэта ўжо меншыя беды,

Большая - Стыксу ўлоў будучы прадчуваць.

На працягу 70-х гадоў XVIII ст. М. Карыцкі незалежна ад бедстваў, якія абрынуліся на Ордэн езуітаў (папскі "брэве' аб забароне дзейнасці Ордэна), а таксама нягледзячы на катастрофу, што спасцігла Польскую дзяржаву (першы падзел), неаднаразова імкнуўся падтрымаць палітычную лінію караля Станіслва Аўгуста, які дзейнічаў на карысць збліжэння з Расіяй. Паэт сачыніў "Еўхарыстыкон" (176 радкоў элегічнага дыстыха) - удзячнасць за ўзнагароду "Заслужаным", прысуджаную яму каралём у знак творчых поспехаў. У гэтым творы паэт апеў правіцеля, які садзейнічаў росквіту навук і мастацтваў у краіне, адстойваў мір.

Паэт сачыніў таксама элегію каралю як вершаваны дадатак паднесенай Станіславу Аўгусту "старэйшай выявы Стэфана Баторыя (80 радкоў элегічнага дыстыха). Супаставіўшы даброты міру з жахамі захопніцкай вайны, ён завяршыў гэтую элегію знамянальнымі словамі, папярэдне паказаўшы на прыкладах, што ў памяці народаў міралюбныя правіцелі больш славяцца, чым захопнікі:

Наследуй, кароль,

высакародным прыкладам міралюбных,

Няхай апявае народ славу табе за спакой!

Так робячы, даб'ешся больш дабра ў твае гады,

Чым пяцігоддзямі войнаў,

ты б праславіўся дзесяццю.

Усе ж нашчадкі прызнаюць,

дзеянні твае ўспамінаючы:

Землі - здабыча іншых, дабро прынёс Станіслаў.

Побач з пытаннем аб міры Карыцкага хвалявалі надзённыя справы жыцця краю. У гэты час паэт піша паэму "Праклён Вулкану", прысвечаную прагрэсіўнаму, прадпрымальнаму дзеячу Беларусі Іяхіму Храптовічу, які пабудаваў чыгуналіцейны завод у Вішневе. Верш Карыцкага, які можна назваць па зместу "Пажар у Вішневе", - выключная з'ява ў літаратуры XVIII ст. Паэт не толькі ўзняў пытанне аб развіцці ў краіне прамысловасці, падкрэсліў наяўнасць у нетрах роднага краю багаццяў, але сістэматычна і выразна апісаў шэраг дзеянняў рабочых, занятых на будаўніцтве фабрычнага будынка і на выплаўцы жалеза.

Галоўнае, аднак, у тым, што Карыцкі паказаў вясковае насельніцтва ў прамысловай і творчай працы. Мастацкія прыёмы, з'яўленне ў паэме Юпітара, Вулкана, Няптуна яшчэ больш адцяняюць рэальнасць вобразаў, працоўныя навыкі сялян, падрабязнасці іх побыту.

З вялікім майстэрствам апісаны пажар на заводзе.

З першых радкоў твора, дзе гаворыцца пра Вішнева, як пра "закуток ў лясной глухамані", зямля якога хавае скарбы, да апошніх, дзе паэт заклікае прамыслоўца паўтарыць свае намаганні, пусціць чыгуна-ліцейны завод, патыхае духам упэўненасці ў неабходнасці змен у жыцці бацькоўскага краю.

У 1780 г. рэктарам Віленскай езуіцкай акадэміі стаў вядомы вучоны, астраном Марцін Пачобут. З верша "Віншаванне Пачобуту" (71 радок гекзаметра) відаць, што аўтар яго, Міхал Карыцкі, клапоціцца аб стане вучэбнай справы; ён закранае пытанне аб суадносінах навук і рэлігіі і своеасабліва асвятляе імкненне людзей да вывучэння нябесных целаў; ён лічыць астраномію і рэлігію досыць блізкімі, бо і адна, і другая разглядаюць недасяжныя далячыні, тое, што не мае непасрэднай сувязі з зямным быццём. Чалавек хоча спазнаць таямніцны зорак, але гэта не менш цяжка, чым знайсці бога на небе. Вывучэнне астраноміі сваёй невымернасцю і бясконцасцю садзейнічае ўдасканаленню нораваў, паказвае людзям іх месца ў Сусвеце, іх вялікія магчымасці напоўніць сэнсам сваё жыццё. Астраномія робіць гэта лепш, чым духавенства, якое займаецца душой, але мала падрыхтавана да даследавання з'яў прыроды Паэт жадае свайму сябру не забываць аб тым, што астраномія, якой ён захоплены, павінна дамагацца стварэння на зямлі ўмоў, вартых чалавека.

У 1771 г. у Ўроцлаве з'явілася кніга Данііла Андрэя Яноцкага "Ўзоры сармацкіх муз", у якой Карыцкі названы "найвытанчаным паэтам". У падзяку аўтару Карыцкі сачыніў невялікі верш (элегічны дыстых):

... Ты хаваць мае песні лічыш дастойным з сабою,

Увекавечыць вершы яркім зіхценнем тваіх

Кніг і туды змясціць,

каб пакінуць нашчадкам на памяць.

Звяжа старонка сяброў, іх яднала любоў.

Вось і адсюль, хоць аднаму памерці і давялося б,

Усё ж прадаўжае жыццё

ў кнігах тваіх кожны з нас.

Хто ж Яноцыя прачытае, тут жа Карыцыя пазнае,

Іх неразрыўных розумам, сэрцам, адзіным радком.

Вось і магіла адна пахаваць няхай абодвух не зможа,

Усё-такі кніга адна разам любімых замкне.

Іх пастаянным саюзам звязала любоў без падману,

Смерць неразлучных сама ці ж раздзеліць сяброў?

Смерць жа адна, але ўдвух мы, не захопіцца вершамі

У веку будучым ніхто, не ўзносячы нас абодвух.

З гэтага твора відаць, як высока Карыцкі цаніў паэтычную працу, а галоўнае, узаемаразуменне тых, хто даражыць паэзіяй.

Падзеі, што разгарнуліся ў пачатку 70-х гадоў, былі па-рознаму ўспрыняты Карыцкім. Забарону на дзейнасць Ордэна езуітаў паэт адчуў як хваравіты ўдар і, можна сказаць, да апошняга дня жыцця не мог ад яго ачомацца. Ён быў глыбока веруючым і не мог сабе ўявіць, што папа рымскі адмовіўся ад найбольш адданых яму служак. Праца ў Камісіі Народнай Адукацыі здавалася яму працягам місіі духоўнага ўздзеяння на народы, ускладзенай на чальцоў Ордэна.

Прайшоўшы амаль у той жа час падзел Польшчы не выклікаў у паэта моцнага ўражання. У сваіх вершах ён ні слова аб гэтым не сказаў. Разам з тым ён не хаваў, што насельніцтва Беларусі без варожасці, прыязна ўспрыняло ўступленне рускіх войск у межы роднага краю.

Змешаныя пачуцці неспакою і спадзявання, што ахапілі паэта ў сувязі з уключэннем часткі Беларусі ў склад магутнай Рускай дзяржавы, яўна выступаюць у "Еўхарыстыконе" Станіславу Сестранцэвічу (168 радкоў гекзаметра). Карыцкі выказаў глыбокую ўдзячнасць Сестранцэвічу, прызначанаму епіскапам Белай Русі, які вырашыў, не гледзячы на ўказанні Рыма, застацца на чале беларускіх езуітаў і захаваць Полацкую акадэмію.

У сваім творы паэт паказаў прыезд епіскапа як цудоўную з'яву, а потым падаў справу так, нібы заснавальнік ордэна Ігнацы Лаёла звярнуўся да сваіх паслядоўнікаў, расхваліўшы іх самаадданыя ўчынкі ў розных краінах, як тых, хто павяртаў людзей у сапраўдную веру. Уяўны правадыр, па задуме паэта, выказаў своеасаблівыя думкі: "Усё гэта вы рабілі. Нарэшце, калі гады сплылі, настаў жахлівы дзень, немінучы час, і мая рэлігія, узнесеная вашым потам [працай] і распаўсюджаная па ўсім свеце, дзякуючы вашым заслугам, у рэшце рэшт пала, пераможаная згубнай пастановай [радкі 99-103] ... Вось ужо засвяціўся дзень, якога чакалі некалькі гадоў, і Станіслаў, якому падпарадкоўваецца Белая Русь, і які дабрачыннасцю залужыў тыяру епіскапа, зламаў жорсткія кайданы і адкрыў замкі таго, што яму было прапанавана з Квірынскага пагорка [Рыма] . І мая рэлігія выйшла з цемры на свет. Не дзіўна, што ён адкрыў ключом магутнага Пятра, там, дзе Дзвіна цячэ хуткімі струменямі, новую навучальную ўстанову. Ён устанавіў новае воінства па імені Езуса і загадаў жыць належным чынам па маіх указаннях і ісці па маіх слядах".

У гэтым, даслоўна перакладзеным з "Еўхарыстыкона", адрыўку даволі паказальныя для поглядаў Карыцкага перш за ўсё яго трывога і засмучэнне несправядлівай, па яго перакананні, крыўдай, што спасцігла Ордэн, потым радасць аб прызначэнні Сестранцэвіча епіскапам Белай Русі і яго цудоўнага пачынання - умацавання Полацкай акадэміі. Звяртаюць на сябе ўвагу словы пра "ключ магутнага Пятра". Апостала Пятра, якога паказваюць часам з ключамі, "магутным" звычайна не называюць; відаць, паэт разумеў пад "ключом Пятра" наступніцу Пятра Вялікага імператрыцу Екацярыну II, якая пажадала зберагчы езуіцкія навучальныя ўстановы.

Ліквідацыі Ордэна езуітаў Карыцкі прысвяціў твор, названы ім "Казка" (114 радкоў гекзаметра), дзе ў алегарычнай форме паэт закляйміў як крыважэрных, сквапных і лжывых ваўкоў тыя ўрад і дваранскія колы, якія, прыкідваючыся дабрачынцамі, хацелі спіхнуць на езуітаў адказнасць за свае зладзействы і развязаць сабе рукі для таго, каб мучыць і рабаваць просты народ. Пастух, які ўяўляе сабой сумленнага, справядлівага правіцеля, з дапамогай злых сабак, пад якімі разумеюцца езуіты, ахоўвае авечак - просты народ.

У "Казцы" Карыцкі высокамастацка выявіў мацёрага ваўка-разбойніка, які спрабуе ўсыпіць пільнасць пастуха, у словах ваўка адлюстроўваецца ўсё, што паэт думаў пра ворагаў рабаўнікоў простых людзей:

... Муж знакаміты, стары ахоўнік, пастух найхрабры,

Гэта трывога і шум для чаго, і бразганне зброяй?

Мы не прыйшлі ваяваць і шкодзіць нікому не жадаем.

Іменем Дыяны клянуся і сатырамі я заклінаю, -

Праўду глаголяць вусны,

няма абману і лжы ў маім сэрцы.

Марс не адмовіць сведкам стаць, што я невіноўны.

Ні спакушальны голад, ні праціўная прага забойства

Нас не прымусілі кінуць спакойнае логава ў чашчобе,

Мы не здабычу шукаць,

падыхаць нам хацелася б чыстым

Паветрам, каб бяздзейнасць не разбэсціла нам цела.

Ці ж прагулка па полі лічыцца таксама злачыннай?

Калі авечак дарагіх назіраем, камусьці крыўдна?

Белых авечак руно так падобнае на скіфскі снег!

Калі мы ўслаўляем радасць,

ухвала прыгажосці непрыстойна?

О, непараўнаная краса авечак, о, багоў ты зарука

Так беспадобна, што ёю Юпіцер, як тканым покрывам

Золата, бляскам сузор'е б Авена мог упрыгожыць!

Прыгажосці гэтай зіхцець

на гірляндах вялікіх палкаводцаў,

Ёй бы насіцца над нябёсамі і ў сярэдзіне

Быць Задыяка, мароз адолеўшы,

адорваць свежай кветкай

Зямлю, дрэвы ж - лістамі, птушак - зялёным ценем,

Салодкім фіміямам - пчалу,

а цыкаду - цудоўнай расою!

Слава авечак такая і ў вяках ніколі не змоўкне!

Авечкі, сказаць бы ўсю праўду,

не пазбаўлены недахопаў.

Шып звяртаецца да ружы

цудоўнай як друг неразлучны,

Россыпам быццам пярліны,

золата шлакам пакрыта,

У смяротнага сэрцы жывуць

дабрачыннасць, годнасць, доблесць,

Псуе іх неаднойчы заган розных суседства.

Так і авечкам прыемным

саромны характэрны недахоп:

Не без прычыны яны абуджаюць у нас горкую злосць!

Мілы нашчадак багоў, прыручаны, ціхі парастак!

Чым табе блізкія сабакі, змяі агідней, пачвар?

З выпладкам Цэрбера дні праводзіць і час начны

Ці ж не сорамна?

І падабаецца жыццё давяраць ім шалёным,

Племені, чыя найвялікая слава ў здзеку з воўчага

Роду і нашай ваўкоў напівацца бессаромна крывёй ?

Дружбу з такім ненавісным ворагам

усё ж цесную водзіш?

Гэтым варожасць сваю даказаўшы,

пакаранне заслужыш:

Не было б злой упартасці сабак, спыніўся б воўчы

Гнеў: адпачывалі б ваўкі і не парушалі б міру!

Вер мне, пастух, калі загінуць лаконскія, злыя сабакі,

Няхай жа сведкам будзе Юпіцер, авечак не кранем!

Не разумею, адкуль такі клопат аб родзе праклятым,

Чорным яго накарміла атручаным зеллем Медэя.

Ці помніш пра ўсе зладзействы сабак? Корм паядаюць,

З шыяй на прывязі мілы спакой парушаюць і дрымоту,

Ладзяць засады і вечную лютасць у сабе захоўваюць,

Дражняць людзей і багам не даюць ніякага спакою.

Вось пераломнага роду ўдачы, такая іх доблесць:

Здраджаны ўласнай зграяй сабак, Актэон гіне,

Дыяна - паляўнічы нярэдка абгаўкана псамі бывала.

Кінь ненавіснае людзям і ваўкам сабачае племя,

Якраз навек устаноўлена будзе згода!

Статак твой у бяспецы будзе, мы ж карміцца

Будзе зямлёй і травою. Марудзім і час губляем, -

Ягня давайце зарэжам -

звычай, - умацаванне саюза!

На ліквідацыі ордэна езуітаў Карыцкі спыняецца ў некалькіх радках "Элегіі каралеўскаму сакратару Антону Касакоўскаму". Расказаўшы сябру, якому даўно не пісаў, аб сваіх глыбокіх перажынаннях, выкліканых ударам, што спасціг езуітаў, ён пачаў шукаць суцяшэнне ў аднаўленні старых знаёмстваў. Са слоў Карыцкага вынікае, што ў яго душу закраліся сумненні, ён страціў упэўненасць, бо не можа растлумачыць прычыны таго, што здарылася:

Вось і скажы мне, Антон, не хавай, прашу, сваіх думак,

Болю прычына майго верная, ці не, была?

Што заставалася мне рабіць,

закранутаму гэтай бядою?

Плач - вось адзіная праца, -

змоўкнуць і цяжка ўздыхаць.

Пасля таго як ачомацца

давялося ад скрухі такой доўгай,

Дзень адыходзячы за днём гора маё змяншаў...

Рана, відаць, паступова зацягвалася, але смутак змяняўся пачуццём безвыходнасці, беспрасветнасці, адчай саступаў месца абыякавасці. Усё гэта адлюстравалася ў вершаваным звароце да брата паэта Караля [5], якога кіраўніцтва Ордэна адклікала ў Рым. Сваяцкая прыхільнасць да старэйшага, любімага з дзяцінства брата, адцясніла дзелавыя думкі аб абавязках чальца Ордэна:

Глянь, я, як брат, не пакутаваў бы, што брат пакідае,

Калі б у жыцці ніхто не быў даражэй за яго...

Пасля таго, як родныя мае пайшлі з жыцця,

Я перанёс на цябе пачуццяў непадзельных цяпло.

Толькі ты замяняў і бацьку, і мацеры ласку,

Ты ж адзін для мяне люстэрка братоў маіх.

Калі турботы, сумненні трывогаю грудзі напаўнялі,

Прыстанкам была твая парада,

быў ты мне быццам алтар...

Ці, калі прыцясняў лёс, катуючы бязлітасна,

Гора толькі ты вылечваў, ты быў лекамі маімі...

Пасля роспуску Ордэна Карыцкі перажыў духоўны пералом. Ён не страціў веру ў ідэалогію атрада ваяўнічых паклоннікаў Езуса, але яго цалкам паглынулі разважанні аб дапушчаных памылках у поглядах і справах. Адказ на пытанні, якія яго хвалявалі, прыйшоў нечакана не з Захаду, а з Усходу, Падзел Польшчы, а галоўнае, паслядоўная палітыка Кацярыны II дапамаглі яму асэнсаваць тое, што адбываецца, усвядоміць, што ў свеце проціборнічаюць сілы, незалежныя ад волі апостальскай сталіцы; ён спасціг ісціну, што праціўнікі, якія спавядаюць іншую рэлігію, могуць стаць ідэйнымі саюзнікамі ў барацьбе за мір і культуру.

Тое, што на заходніх землях Польшчы пачалі гаспадарыць немцы, Карыцкі ўспрыняў хваравіта. Ён з'едліва пісаў пра нейкага Паўла Мако, нямецкага паэта, які абразіў палякаў:

Грамадзяне польскага царства,

народ некалі вольны,

Кесара грону цяпер вымушаны служыць.

Тое, што пісаў супраць нас

вершатворац з роду наймудрых,

Солі грызучай поўна, колкія песні яго.

Ен апявае выгнанне сваё. Распішыцеся пад гэтым.

Ісціну ж з вершаў ён выганяе сваіх.

Тое, што адбывалася на ўсходзе Рэчы Паспалітай, выклікала ў паэта душэўную сумятню. Гэта адлюстравалася ў майстэрскім апісанні феерверку ў Шклове, наладжанага Сямёнам Зорычам у гонар прыезду Кацярыны II:

... Вось два пачаткі сутыкнуліся

ва ўпартым і злым паядынку,

Полымя і хвалі ўступілі ў барацьбу

і шкадавалі адно аднаго,

Бітва ўскіпела, агонь шугае, разгневаўся шумна,

Дзікія хвалі мармычуць,

агню перагароджваюць дарогу.

Родны з зоркаю агонь, праслаўлены паходжаннем,

Духам узвышаных і талентам ён паважае

Полымя, да вышыняў імкнецца,

хвалі саступаць не жадае...

Агонь і хвалі, што бушуюць у небе Шклова, адпавядалі настрою паэта, у яго сэрцы таксама сутыкнуліся два пачаткі: Рым і Масква. Паэта ўразілі магутнасць і багацці Расіі, што праявіліся ў вайне з Турцыяй.

Пасля падзелу Польшчы ў 1772 г. Карыцкі да канца свайго жыцця сачыняў вершы, прысвечаныя рускай царыцы і яе палкаводцам. У "Песні Чарнышову... губернатару зямель, далучаных да Расіі" (188 радкоў гекзаметра) паэт усхваляў патрыятызм рускага генерала:

Смелы воін і правадыр,

што пагарджае смерцю і небяспекай,

Крыві сваёй не шкадаваў, не даражыў сваім жыццём,

Толькі была б айчына цэлая на радасць усіх грамадзян.

Гэты клопат ты ў сэрцы гадуеш у вайну і ў спакоі,

З нязгаснаю жарснасцю турбуешся і ўдзень, і ўначы, Каб ахоўваць свой народ і зброяй,

і мудрай парадай...

У "Песні найзнатнаму пану Крачэтнікаву з выпадку яго прыбыцця ў Мінск" (63 радкі гекзаметра) паэт услаўляў стойкасць, спраўнасць рускіх войск, справядлівасць і добразычлівасць камандзіраў да цывільнага насельніцтва:

Ты не адзін прыбываеш, а ў суправаджэнні атрадаў

Доблесці і красы: з табой жа правадыры найлепшыя,

Якія разважнасць, параду даюць у час няўпэўненасці,

Тут жа непарушнасць

у прынятым ясным рашэнні, і побач

Страж нясхільны законаў - боская Феміда,

Што ў пакараннях марудзіць,

хуткая пры ўзнагародах. З табою

Гордасць высокая, фанабэрыі,

ганарыстасці чужая зусім -

Добразычлівасці поўная ў размове

і выслухаць просьбы гатовая...

Акрамя "Феерверку ў Шклове" Карыцкі напісаў тры оды ў гонар Кацярыны II: "Песня аўгусцейшай імператрыцы ўсяя Русі Кацярыне II з выпадку прыбыцця ў межы Белай Русі" (322 радкі гекзаметра), "Радасць у Полацку з нагоды прыбыцця Кацярыны II" (210 радкоў гекзаметра) і "Смутак у Полацку з прычыны ад'езду Кацярыны II" (201 радок гекзаметра), у якіх паэт яркімі фарбамі апісаў уражлівыя карціны прыёму царскіх войск у гарадах Беларусі, далучаных да Расіі. Апісанні ўрачыстых сустрэч і провадаў царыцы чаргуюцца з усхваленнем рускай зброі, якая разграміла турэцкія полчышчы, і з узвелічэннем міратворчай палітыкі Расіі, што патушыла пажар вайны ў Заходняй Еўропе. Уяўленне паэта малюе цудоўныя перспектывы росквіту навукі, мастацтва і будаўніцтва ў Расіі і Беларусі, абумоўленага мірнай стваральнай працай таленавітага народа.

Прыведзены агляд твораў Міхаіла Карыцкага, які закранае большую частку захаванай творчай спадчыны паэта, дазваляе адрозніць тры асноўныя перыяды ў яго пісьменніцкай дзейнасці. У першым, раннім (да 1763 г.), Карыцкі разважаў аб вершатворчай працы і засяроджваўся на рэлігійных тэмах; другі перыяд - гэта гады 1763-1771, калі паэт разгарнуў наступленне на заганы дзяржаўнага і грамадскага парадку ў Рэчы Паспалітай. У пачатку гэтага перыяду паэт спадзяваўся знайсці выйсце са складанага катастрафічнага становішча ў падтрымцы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які ўступіў на пасад у 1765 г.

З 1772 г., г. зн. з часу падзелу Польшчы і роспуску Ордэна езуітаў, наступае новы, апошні перыяд у творчасці Карыцкага: у яго вершах назіраецца рэзкі паварот - усведамленне ролі Расіі ў лёсах яго роднага краю, Беларусі.

Але, давайце, не будзем забываць, што Міхал Карыцкі быў езуіт, высокапастаўлены езуіт. А для езуітаў ніколі не было важным, што яны гавораць, і нават, што робяць. Для іх важная была толькі канчатковая мэта - веліч і слава Езуса Хрыста і магутнасць каталіцкага Касцёла, які яны лічылі найбольш адпаведнай канфесіяй для дасягнення гэтай сваёй галоўнай мэты.



[1] Janotzki D.A. Mussarum Sarmaticarum specimina nova cura operaque. Vratislava, MDCCLXXI. P. 22, 61.

[2] У біяграфіі паэта ў зборніку прыведзена толькі частка вершаванага звароту да караля, менавіта з 9-га радка. Прычым гэтая частка незразумела адарвана ад папярэдніх радкоў.

[3] Natonski Br. Korycki Mical // PSB. T. XIV.

[4] Gorbaczewa M. Elegantissimus poetarum // Ruch Literacki. 1980. № 4.

[5] Караль Карыцкі (03.11.1702 - 10.12.1789) у 1717-1723 гадах вучыўся ў езуіцкіх калегіюмах Вільні, Слуцка і Полацка, затым выкладаў граматыку і паэзію ў Вільні і Варшаве. У 1726-1730 гадах вучыўся ў Варшаўскім калегіюме, дзе пазней быў прафесарам рыторыкі (да 1732). У 1732-1733 гг. выкладаў этыку ў Вільні. У 1733-1736 гадах - прафесар настаўніцкай семінарыі ў Слуцку, прапаведнік у слуцкіх князёў Радзівілаў. У Віленскай духоўнай акадэміі атрымаў ступень доктара філасофіі, у 1736-1738 гг. быў прафесарам тэалогіі ў Віленскай духоўнай акадэміі, дзе ўзначальваў нават кафедру. У 1739-1746 гг. выкладаў тэалогію ў Варшаве. З 1746 г. быў першым сакратаром асістэнцыі езуітаў Рэчы Паспалітай у Рыме (рэпрэзентаваў 4 езуіцкія правінцыі Рэчы Паспалітай). Як кіраўнік Мазавецкай правінцыі ў 1758 г. быў пасланы ў ВКЛ для ўрэгулявання памежных і школьных пытанняў сярод езуітаў. З 1763 па 1765 г. быў рэктарам Нясвіжскага калегіюма а потым быў прызначаны асістэнтам і намеснікам генерала Польскага правінцыі езуітаў па справах Рэчы Паспалітай і з 1776 года жыў ў Рыме. Па загадзе Рымскага папы Клімента XIV ноччу 16 жніўня 1773 г. будынак езуітаў быў захоплены войскамі. Караль Карыцкі - адзін з чатырох асістэнтаў Генерала Ордэна быў арыштаваны, і разам з Генералам Ордэна і астатнімі асістэнтамі заключаны ў турму. У 1776 г. наш зямляк быў вызвалены і апошнія гады жыцця правёў у Рыме, на папскім пенсіёне. Падтрымліваў сувязі з езуітамі Расійскай Імперыі, пераконваў іх у законнасці існавання Ордэна. Выступаў супраць падпарадкавання езуітаў біскупу Станіславу Богуш-Сестранцэвічу. Аўтар розных панегірыкаў і легенд на лацінскай мове. Вядомы гісторык біскуп Ян Альбертрандзі назваў яго "першым майстрам навук і густу ў езуіцкай літаратуры на Літве".

У элегіі "Да брата Караля" Міхал Карыцкі згадвае таксама сваіх братоў Анупрэя, Луку, Сымона і Андрэя.
Леанід Лаўрэш.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX