Вярнуцца: Хрысціна Лялько

Медаль "Benemerenti" - лідзянцы Крысціне Лялько


Аўтар: Грышан Анастасія,
Дадана: 04-07-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 61(1).



Медаль "Benemerenti" - "Асабліва заслужаным" ад Папы Рымскага Бенедыкта ХVI - лідзянцы Крысціне Лялько

8 снежня 2012 г. у менскім касцёле святых Сымона і Алены адбылося ўручэнне папскіх медалёў "Benemerenti" - "Асабліва заслужаным" - асобам, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў нашай краіне: Аліне Новікавай, Крысціне Лялько і Івану Гумоўскаму. Высокія ўзнагароды Святога Айца ўручыў у прысутнасці мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.

Аліна Новікава - дырэктар выдавецтва "Pro Christo", Крысціна Лялько - пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў "Аvе Маrіа" і "Наша вера". Іван Гумоўскі - фундатар касцёла св. Антонія ў Мар'інай Горцы.

- Я вельмі рады, што магу зрабіць гэты жэст, - сказаў Апостальскі нунцый падчас цырымоніі ўручэння ўзнагародаў.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці адзначыў, што "Касцёл, як нагадвае Другі Ватыканскі Сабор, - гэта перадусім народ Божы". "Мы, духавенства, знаходзімся на службе гэтаму Божаму народу", - дадаў прадстаўнік Свягога Айца.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў асаблівы ўдзел Аліны Новікавай, Крысціны Лялько і Івана Гумоўскага ў адраджэнні і станаўленні Касцёла ў нашай краіне. "Спадарыні АлінаНовікава і Крысціна Лялько стаялі ля вытокаў выдання рэлігійнай літаратуры на беларускай мове і ўвогуле каталіцкай выдавецкай працы. Спадар Іван Гумоўскі вельмі дапамог у тым, каб парафія св. Антонія ў Мар'інай Горцы мела сваю святыню. Іх прыклад - гэта прыклад адданага служэння свецкіх людзей Касцёлу", - адзначыў арцыпастыр. Мітрапаліт падзякаваў Аліне Новікавай, Крысціне Лялько і Івану Гумоўскаму за ахвярную працу і пажадаў ім поспехаў у жыцці і далейшай дзейнасці.

Ад імя ўзнагароджаных медалямі "Benemerenti" словы падзякі выказала Крысціна Лялько.

- Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны..." (Лк 6, 45). Нашыя сэрцы сёння напоўнены глыбокаю ўдзячнасцю, - сказала прамоўца.

Крысціна Лялько папрасіла Апостальскага нунцыя перадаць Святому Айцу Бенедыкту ХVI словы шчырай удзячнасці і глыбокай пашаны, любові і адданасці, а таксама заўсёдную малітоўную падтрымку і памяць.

- Гэта прыгожая матывацыя для нашай далейшай працы, - падкрэсліла рэдактар каталіцкіх часопісаў. - Ад самага пачатку мы ўспрымалі і ўспрымаем сваю працу як служэнне на хвалу Пана Бога і дзеля дабра Яго святога Касцёла

Ганаровы медаль "Benemerenti" быў зацверджаны папам Рыгорам XVI у 1832 годзе як узнагарода за доўгую службу Каталіцкаму Касцёлу і выключныя заслугі. Гэтым медалём узнагароджваюцца рэлігійныя, духоўныя і ваенныя асобы. Медаль мае форму стылізаванага залатога крыжа з выяваю Хрыста. На другім баку напісана слова "Benemerenti" на фоне герба Ватыкана (тыяры і скрыжаваных ключоў). Стужка, на якой вісіць медаль, зроблена ў традыцыйных папскіх колерах - бела-жоўтая.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX