Вярнуцца: Дзеячы мастацтваў

Памяці Пятра Макарэвіча


Дадана: 19-04-2015,
Крыніца: Лідскі Летапісец №4(68)-2014.



Жыў па-людску і рабіў нямала,
Разліваў, як сонца, весялосць...
А мая персона выклікала
Найчасцей - няўдзячнасць або злосць.

12 снежня пайшоў з жыцця сябар Лідскай рады ТБМ імя Ф. Скарыны, паэт Пятро Макарэвіч. Памёр а 18-й гадзіне за шахматнай дошкай у шахматным клубе.

Нарадзіўся Пётр Макарэвіч 15 красавіка 1938 года, у вёсцы Шынкі Крупскага раёна, што на Меншчыне, на беразе рэчкі Можа. Яму ішоў чацвёрты гадок, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку і дзвюх старэйшых сясцёр вывезлі у Германію. На долю адной маці выпаў клопат пра астатніх пецярых дзяцей: двух хлапчукоў і траіх дзяўчынак. У сям'і ж ўсяго было сем чалавек.

Далей у Макарэвіча ўсё ішло так, як ў большасці беларускіх хлопцаў: вучоба ў школе, служба ў арміі, вучоба ў педагагічным інстытуце імя Горкага (бібліятэчны факультэт). Будучы студэнтам трэцяга курса ён звязаў сваё жыццё з прыгожай маладой дзяўчынай Янінай, ураджэнкай в. Дубчаны, што на Лідчыне. Праз два гады нарадзілася дачушка Юля, а яшчэ праз два, у 1966 г. - Дзіна.

У 1964 г. пасля заканчэння вучобы быў накіраваны на пасаду загадчыка Лідскай раённай бібліятэкі, дзе працаваў каля года.

Затым пасада інструктара райкама КПБ, потым перайшоў на працу ў органы дзяржаўнай бяспекі. Праз пяць гадоў звальняецца, папярэдне адсядзеўшы ў каталажцы. Пасля ўсяго гэтага вельмі цяжка было знайсці працу.

У 1971 годзе каля года адпрацаваў на Лакафарбе грузчыкам, а затым каля трыццаці гадоў аддаў працы карэспандэнта на Лідскім радыё і ў рэдакцыі мясцовай газеты "Ўперад" (зараз "Лідская газета"). Працаваў на міжраённай выратавальный станцыі, быў "маржом" і заядлым шахматыстам. На працягу многіх гадоў быў сябрам Лідскай рады ТБМ.

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг паэзіі: "Злітак", "Расінкі беларускіх слоў", "Птица свободы", шматлікіх публікацый у розных выданнях.

Правесці Пятра Макарэвіча ў апошні шлях прыйшлі сябры ТБМ і ўся літаратурная грамада Ліды.

Пахавалі паэта 14 снежня на старых лідскіх могілках па Гарадзенскай дарозе.

Вечная памяць.

ПАЖЫЦЦЁВЫ КОДЭКС

Не нашу ў кішэні дулю

З дзён зялёных да сівых:

Выпускаю слова куляй,

Нават горкае, услых.

Ставяць пасткі браканьеры

Мне, дзяўбуць у пух і прах.

Ды пляваў я на кар'еру!

Вабіць толькі волі пах.

Рабалепнаму хай свеціць

Бляск уладны медаля.

Даражэй за ўсё на свеце -

Годнасць людская мая.

Для людзей маёй пароды

Пернік горшы за бізун.

І за лёс свой непагодны

Не пускаю я слязу.

Прад начальствам я ніколі

У жыцці не шапкаваў.

Раб касы, сякеры, поля -

Па-кавальску верш каваў.

Пятро Макарэвіч.

Успамін, напісаны пры жыцці

Сярод Макарэвічаў, мне вядомых, мною адзначаны тры асобы беларускага прыгожага пісьменства. Першы з іх - Алесь (Аляксандр Антонавіч: 30.08.1918-30.12.1967), кандыдат філалагічных навук, аўтар літаратуразнаўчых кніг, вучэбных дапаможнікаў, родам з в. Шэлягі, Пухавіцкі раён.

Другі - Васіль Сцяпанавіч, толькі ведаю дату народзінаў - 15.08.1939 г., паэт і нарысіст, родам з в. Купленка, Крупскі раён.

Трэці - Пётр Рыгоравіч; мне надта часта расказваў аб ім журналіст, зараз нябожчык Аляксандр Васільевіч Жалкоўскі. Выпаў так лёс - удалося асабіста сустрэць крышачку пагаманіць, пачуць яго дзівосныя вершы і адчуць энергетыку яго творчага сэрца. Гэта адбылося ў кастрычніку ў г. Лідзе ў знакамітым Дамку Таўлая на 2-ім паверсе падчас сумеснай дзеі творцаў гарадоў ля рэк Мышы (Мышанка) і Лідзейкі, якую ладзіў маладзён Алесь Хітрун, даўжыня Лідзейкі - 31 км, Мышы - 109 км, але абедзве знаходзяцца ў адным басейне ракі Нёман. Бацька - Нёман заўсёды злучаў у адно беларусаў. Гэта, відавочна, і адбылося паміж гасцямі з Баранавічаў і гаспадарамі з Ліды.

Ад шчырых лідзян на той дзеі атрымаў у памяць калектыўны зборнік вершаў "Мой горад - гонар мой" з чараўнічымі, пяшчотнымі словамі з аўтографамі М. Мельніка, А. Хітруна, Т. Сямёнавай, І. Сліўко, З. Кучмій, братоў А. і В. Мацулевічаў, П. Макарэвіча, М. Дзікевіча...

Па дарозе дадому звярнуў сваю ўвагу на верш Пятра Макарэвіча "Горад мой любімы"):

Горад мой раздольны!

Ты як Нёман вольны.

З ордэнамі зорак над табой.

І адну з іх -ордэн

"Знак Пашаны" - горда

Носіць Ліда - горад старажытны мой.

І падумалася мне ў гэты момант, што так сваё пасяленне можа любіць толькі яго ўраджэнец, яго сапраўдны патрыёт! Але ж, Пётр Рыгоравіч Макарэвіч нарадзіўся 15 красавіка 1938 г. у вёсцы Шынкі, Крупскі раён, 8 гадоў аддаў вайсковай службе, скончыў Белдзяржінстытут імя М. Горкага. А зрабіўся злучнай і неад'емнай часткай Ліды прадчас працы ў раённай газеце і на гарадскім радыё.

... Праз некалькі дзён пасля творчай сустрэчы ў Лідзе, з яе вуліцы Набярэжнай ад паэта Пятра Макарэвіча ў сваёй паштовай скрыні пабачыў пакет, а ў ім два зборнікі паэзіі "Злітак Сліток: Лірыка" (г. Ліда, 1997) і "Птица свободы: Антология одного стихотворения" (Мінск, "Кнігазбор", 2012) з цёплымі і ўзвышанымі словамі.

У "Птице свободы" - пераклады па аднаму з вершаў ста беларускіх паэтаў ХХ-ХХІ стагоддзяў. Зразумела, анталогія пачынаеццца з Янкі Купалы. Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло, Максіма Багдановіча... А скончваецца зборнік паэтамі Уладзімірам Цянуніным, Дзмітрыем Кузменкам.

Ёсць у зборніку і творца-рэвалюцыянер, партызан, падпольшчык Валянцін Таўлай з яго "Лукішскімі вершамі", які аднолькава дарагі, блізкі, любімы і жыхарам Баранавічаў, і лідзянам, і ўсёй Беларусі:

Когда созреет в сердце гром,

І задрожат Лукишки,-

Пишу стихи я не пером,

Не в записную книжку.

(...)

Я сам могу и посидеть,

Стихам, жаль, нету хода.

А надо им в сердцах звенеть,

Вести народ в походы...

(...)

"Лукішскія вершы" перакладаў і славуты паэт Якаў Хялемскі, які шмат каго з беларусаў вёў заслужана ў лаўрэаты Ленінскай літаратурнай прэміі, то я не магу сказаць, чый варыянт лепшы, бо тое і другое ператлумачэнне мяне моцна ўражваюць. Без сумненняў, выдавецтва "Кнігазбор" - аўтарытэтнае, адказнае і патрабавальнае прадпрыемства. І што праца Пятра Макарэвіча пабачыла ў ім свет - красуе паэта.

"Злітак (Сліток: Лірыка" - першае выданне аўтара, яно мела тыраж 1000 экз. І аддрукавана на дзвюх мовах - рускай і беларускай. З анатацыі ла кнігі мне карціць прывесці ў сваім перакладзе гэтыя радкі:

"Шлях аўтара ў жыцці і да чытача не просты: яго тройчы выключалі з партыі, кідалі ў чорнарабочыя і беспрацоўныя; выдавецтва... Мастацкая літаратура " зарэзала падрыхтаваны ім у 1973 г. зборнік вершаў "З трыбуны душы", 15 гадоў пасля паэт здаў новую рукапісную кнігу перакладаў "Адборнае рэха", аднак яна згубілася і бясследна знікла...".

У "Слитке" два раздзелы - "Слёзы на щеке любой обиды" і "Над облаками абнимаясь", а ў "Злітку" - чатыры часткі: "Здаецца, разліўся я сонцам, а сонца ўлілося ў мяне", "І на тым свеце жыць з табой", "Карацелькі", "Адборнае рэха любові" (пераклады), а ў іх пераўстварэнні ад М. Лермантава, Ф. Цютчава. А. Фета, С. Ясеніна, Г. Ахматавай, Б. Акуджавы, М. Рубцова ды іншых.

Мне прыходзілася ў сваім жыцці сустракаць шмат перакладаў "Ветразя ("Паруса" Міхаіла Лермантава, як мне падаецца, не згубіцца сярод іх і версія П. Макарэвіча:

Бялее ветразь адзінокі

Скрозь затуманены блакіт...

Чым запалоніў край далёкі?

Чым збрыдзеў родны краявід?

Для цікаўных паведамім, што рускае слова "Парус" можа гучаць па-беларуску і "Ветразь", і "Парус", што радок "Белеет парус одинокий.." Міхаіл Лермантаў узяў ад другога паэта, як Аляксандр Блок гэтае "Не слышно шуму городского..." ўсмактаў ад іншага творцы, як паэтка Ніна Загорская пачула "Не нішчыце магільных курганоў.." і выкарыстала ў сваёй паэзіі...

А вось другі паэтавы верш "Любімая Ліда"

Любімая Ліда.

Цудоўная Ліда -

Пявучы прынёманскі наш гарадок.

Няхай над табою

Заўсёды з любоўю

Блакітнага неба цвіце васілёк!.

(...)

Цудоўны, шчыры, што і казаць, атрыманы мною падарунак з горада Ліды!

Міхась Угрынскі,г. Баранавічы.

Гэты артыкул быў прысланы ў рэдакцыю "Нашага слова" за 1,5 месяцы да смерці Пятра Макарэвіча.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX