Вярнуцца: Дзеячы мастацтваў

Ўладзімір Мурахвер Uladzimir Murachver


Дадана: 24.05.2008,
Крыніца: Лідскі летапісец № 36.



Мастацтва пачынаецца з агню

75 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Мурахвера


Ёсць таленты, якія згараюць як запалка, шуганулі і зніклі, ёсць як свечка - доўга і роўна гараць, а ёсць такія дзіўныя творчыя асобы, якія разгараюцца ўсё ярчэй і ярчэй і здаецца, што няма меж іх здольнасцям і талентам. Уладзімір Сямёнавіч Мурахвер - з такіх дзіўных талентаў - незгасальных па меры старэння.

З 1960 г удзельнічаў у шматлікіх выставах. Член Саюза мастакоў БССР (1964). Персанальныя выставы ў Маскве, Ленінградзе, Менску. Творы экспанаваліся ў Нямеччыне, Вугоршчыне, Чэхаславакіі, Даніі. У 1979 г. на выставе шкла і парцаляну ў г. Яблонец на Нісе (ЧССР) узнагароджаны залатым медалём за камплект дэкаратыўных вазаў. "Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР" (1990). За сваю працу ўзнагароджаны 10 медалямі ВДНГ, дзвюмя Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Срэбным медалём Мастацкай Акадэміі СССР. Мастацкія карціны - Януш Корчак, Мейерхольд, графіка. У 72 годзе - Ефрасіння Полацкая. У 73 годзе - клязмеры (5 невялікіх унікальных работаў). Высокаадукаваны інтэлігент, падзвіжнік, вельмі адораны і знакаміты ў вобласці мастацкага шкла, графік са сваім тварам, мастак-манументаліст. З'ява ў лідскай прамысловай і творчай гісторыі.

Пра яго пісалі ў кнігах і часопісах: Рожанковский В.Ф. Стекло и художник. // М. «Наука», 1971, снимки 51,70. Glass review. Vol. ХХХIV (Чехословакия). - декоративные вазы. № 12. 1979, с. 7,12. Сурский О. Пластика неманского стекла. «Декоративное искусство СССР» № 7 1982, с.2-5. «Neuvostolittlaista lasiaaine ja muoto» 1984, с.27,41. Воронов Н. Людмила Мягкова и Владимир Мурахвер. //«Декоративное искусство СССР» № 12 1989 с.17-20. Neues glas № 3 1990 с. 243. Glasmuseet. 1996 с. Х.

На Менскай выставе 2002 года, нараўне з работамі з шкла, выстаўляліся графіка і жывапіс - тое, чым займаўся Ўладзімір Сямёнавіч у вольны час. Водгукі наведвальнікаў выставы- гэта водгукі душ звернутых да Вялікага Мастака. Гэта зрэз чалавечага ўспрымання, дзеля гэтага ён працаваў, дзеля гэтага ён тварыў.

"Прасунутая" моладзь выказвалася ў сваім стылі: "Гэта стромка! - Мы тут патусаваліся. - Нас прыкальнулі чакушкі, бутлі, стапары! - Вы класны мастак. - Ваша выстава - супер! - Наогул, кайф."

Выхаваныя школьнікі захапляліся выхавана: "Нам вельмі спадабалася ваша выстава. - Дзякуй вам за вашы карціны! - Вас не забудзем. - Вашы карціны вельмі дзівосныя. - Жадаю, каб так было заўсёды на ўсіх выставах. - Велізарнае дзякуй, што ёсць такія таленавітыя людзі. - Усе вашы экспанаты былі проста выдатныя. - Працы прыгожыя і загадкавыя".

Замежныя студэнты і турысты захапляліся на сваіх мовах:

"Мы вельмі захопленыя не толькі Вашымі карцінамі, але і тэхнікай вырабу кампазіцый з шкла (іерогліфамі японцы). -Bardzo ciekawe. Speсjelne podziakowania za Korczaka" (палякі).

Тэхнары і вайскоўцы адзначаліся каротка: "Суцэльна, ёміста, хораша! Брава!-Вельмі таленавіта, выдатна! Захапленне!!! і Майстэрства!!! - Захопленая да слёзаў. - Я узрушаная!- Нічога падобнага яшчэ не бачыла.-Бясконца вам удзячная. - Мяне ўразіла ваша выстава. Яна закранула маё сэрца!- Усё выдатна: выдатныя ідэі, выдатна рэалізаваныя."

Творчая інтэлігенцыя карысталася вытанчаным складам: "Тут лунае ў паветры водар творчасці.- Вашы работы сваёй праўдзівай жыццёвай устаноўкай і прасякнутыя глыбокім духоўным пачаткам зрабілі на мяне радаснае ўражанне.- Цудоўныя імгненні радасці. Дзівіць вытанчаная і выразная манера выканання работ.- Уваскрашэнне ў душы лепшых пачуццяў. - Жывапіс насычаная агнём нёманскіх печаў і вашай душы. -Вашы шкляныя постаці жывыя - у гэтай зале ўзіраюцца на нас з ўсіх бакоў.- У вашых работах дзівіць мудрагелістая пластыка, гульня матэрыялу.-Гэтае адкрыццё, якое назаўсёды застанецца з намі. -Вашы работы натхняюць, ваш талент не ведае меж. - Проста адпачываеш душой гледзячы на вашы творы.- Пышныя работы, мора фантазіі. -Мяне перапаўняюць радасць і гонар і шчасце, што я знаёмая з вамі.- Работы з шкла як выдатная музыка, застылая ў гуках і акордах, патэтычных і далікатных, журботных і імклівых".

Выказванні тыпу "Вы - проста геній" я апусціў.

А гэта галоўныя суддзі, прафесіяналы- мастакі: "Я узрушаны тваёй выставай. Малайчына! Ты - гэта нацыянальны мастак!!!- Вельмі радая, што да Вашай выдатнай несуцішнай фантазіі ў шкле дадаўся вельмі тэмпераментны і насычаны агнём Нёманскіх печаў і Вашай душы, жывапіс. -Радыя, што Ваш талент з гадамі

Уладзімір Сямёнавіч Мурахвер пра сябе і калегаў:

Нарадзіўся я 5 снежня 1931 г. у г. Ананьеве Цярэспальскай вобласці, а пасля далучэння Бесарабіі да СССР - Адэскай вобласці.

Бацька мой, Сямён Навумавіч Мурахвер 1908 г.р настаўнік фізікі і матэматыкі не быў у партыі, не прынялі з-за "дробнабуржуазнага паходжання", яго бацька быў эканомам у абшарніка. Бацька вельмі хваляваўся, як распавядала мама, нават хацеў рукі на сябе накласці, яшчэ б, не ўпускаюць у лепшы свет, як жыць пасля гэтага? Бацька дабраахвотнікам пайшоў на фронт, ствараліся такія знішчальныя батальёны з неабучаных і бяззбройных - на аддзяленне адна трохлінейка, іх выракалі на абавязковае знішчэнне загадзя.

Мая мама, Коган Сара Аронаўна, 1908 г.н., настаўніца гісторыі, літаратуры, камуністка. У мамы маёй было камсамольскае юнацтва і вера, што мы будуем новае, незвычайнае і самае лепшае з таго, што было дагэтуль, і галоўнае, што гэта было навукова абгрунтавана. Што мая мама? Такія людзі, як Фейхтвангер, Рамэн Ралан, А. Франс, Пікасо, верылі. Калі я ў 70 г. прынёс у хату біблію на рускай мове (іншай да сораму не ведаю) страшна спалохалася: "Вынесі, нікому не паказвай".

Калі пачалася вайна маці нас здала ў дзіцячы дом і сама ўладкавалася выхавальніцай.

У Ананьеве было дзіцяччае мястэчка - цэлая група дзіцячых хатаў. З намі былі яшчэ нашы дзядуля і бабуля. З нашымі клункамі мы займалі цэлы воз. На трэці дзень у нас укралі ўсе дакументы і грошы. Якія маглі быць грошы ў настаўнікаў савецкіх ? Гэта зразумела, але ўсё ж.

Дзядуля па мамчынай лініі ў мяне быў вельмі каларытны. Невялікі, лысы, з бяльмом на воку. Ён быў пралетар і жудасна гэтым ганарыўся - не шпекулянт які-небудзь, а пекар па прафесіі. Шумны, шабутны, гаварыў, што некалі да рэвалюцыі працаваў у адной пякарні з Горкім. Прыдумаў, або не, не ведаю. Ён не ўмеў распісацца, ставіў крыжык заміж подпісу, або выводзіў КОГАН. Страшна пацеў пры гэтым і відаць было, як яму цяжка даецца. Памёр ён у веку 56 гадоў, як тады гаварылі, ад грудной жабы.

Немцы падыходзілі да Паўночнага Каўказу, і мы ўсім дзіцячым мястэчкам на "пяцьсот вясёлым" - так звалі таварныя вагоны- месяц або больш ехалі ў Ташкент.

Зіма 1941 г. для Ўзбекістана была на дзіва суровай да 20 градусаў марозу. У мяне пачалася пілагра, апухалі ногі і гнілі пальцы ног. Мацеры ўдалося перавесці мяне з 6-га дзіцячага дома ў 7-мы. Гэта Сімферопальскі дзіцячы дом, іх не расфармоўвали, як нас, выхавальнікі былі вельмі добрыя, прыстойныя людзі, яны не абкрадалі дзяцей. Пасля канчатка вайны яны ўсім дзіцячым домом вярнуліся ў Сімферопаль.

Я застаўся з мамай, яна да гэтага часу ўжо працавала ў школе на двух стаўках, каб неяк нас пракарміць. Акрамя мяне, быў старэйшы брат Навум 1929 г. н., Толік, названы ў гонар Луначарскага, 1935 г.н. і Жэня - быў потым акцёрам і рэжысёрам тэатра паэтычнага слова. Жэня і Толя памерлі, пахаваныя на Бярозаўскіх могілках. Спачатку Толя ў 27 гадоў, потым Жэня, таксама ў 27 ад цырозу печані абодва не п'яніцы, гэта пасля жаўтухі ў Ташкенце.

У 1948 г. я паступіў у мастацкі тэхнікум імя П.П. Бянькова. 5 гадоў адвучыўся. Потым 6 гадоў у ЛВХПВ - Ленінградскай Вышэйшай Мастацкай Прамысловай вучэльні імя Мухінай. Яна добры мастак, але ўсё зрабіў барон Штыгліц. На свае крэўныя пабудаваў пышны будынак - палац у стылі мадэрн канца Х1Х стагоддзя, майстэрні, набыў унікальную бібліятэку. Заклікаў выкладчыкаў адкуль мог, лепшых, усё гэта ўтрымоўваў і аплачваў.

Настаўнікам нашым быў з 1953 г. Смірноў Барыс Аляксандравіч. Я потым бываў у іх у доме, які некалі прыналежаў яго жонцы Ніне Васільеўне, дакладней яе бацьку царскаму генералу. Нельга ёй было вучыцца ў ВНУ, яна была "лишенкой" ( пазбаўленай правоў). Цешча Б.А. жартавала: "Мы з недабітых буржуяў". Б.А. вучыў нас не толькі рамяству, і ўменню прыдумляць, адчуваць матэрыял, але і сваім спосабам існавання ў жыцці і мастацтве, быў і застаўся недасягальным прыкладам для тых, хто ўмеў і жадаў яго разумець. Адукацыя ў Б.А. было архітэктурнае, жыццё аднак склалася так, што яму прыйшлося займацца і шклом. Акрамя гэтага ён рабіў праекты афармлення розных выстаў, вольна, як бы гуляючы, маляваў і так адчуваў шкло, як ніхто, праектаваў і рабіў керамічныя рэчы, метал, тэкстыль. Разам з Мухінай, акадэмікам Качалавым, тэхнолагам Эктэлісам яны пасля вайны аднаўлялі Ленінградскі завод мастацкага шкла.

На другім курсе факультэта шкла і керамікі мы з Л.М. Мягковай пажаніліся і ў нас нарадзіўся сын. Людміла Міхайлаўна да Мухінскай скончыла Таўрычаскую мастацкую вучэльню. Нарадзілася ў Ленінградзе ў 1929 г. Страшны год блакады перажыла ў горадзе, пакуль не адкрылася "дарога жыцця". Маці яе Ганна Нічыпараўна Павутава была белашвачкай да рэвалюцыі, потым шорнікам на заводзе - рукі дрыжалі, тонкую працу рабіць ужо не магла. Бацька Міхаіл Міхайлавіч Мягкоў быў выдатным токарам.

Па рэкамендацыі Смірнова Б.А. мы ў 1958 г. былі на практыцы на ш/з "Нёман". Пасёлак нам спадабаўся, усяго 3 тысячы жыхароў. Лес побач. Вітаюцца незнаёмыя дзеці, нам усё гэта спадабалася так, што мы ў 1959 г. прыехалі на "Нёман" назаўжды. На завод з навакольных вёсак прыязджалі на роварах, нас уразіла іх колькасць. Быў утульны пасёлачак - усяго 1000 рабочых, і з экалогіяй усё было ў норме. Як шкло зварыцца, гудзе гудок, печы былі перыядычнага дзеяння, зварылі - выпрацавалі.

Гавораць: "Шчасце адных будуецца на няшчасці іншых". Нам, прыкладнікам пашанцавала - як раз у гэты час Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў і іжа з ім "разбіраліся" з абстракцыяністамі, як з буржуазным мастацтвам, шукалі і знаходзілі яго ўсюды. А мы, дакладней наша дзейнасць звязаная з побытам, утылітарным спажываннем, з вытворчасцю - гэта не абстракцыя якая-небудзь- гэта і трэба заахвочваць, вырашылі яны.

Прыадчыніўся жалезная заслона і нашы кіраўнікі раптам выявілі, што мы вельмі адсталі ў знешнім афармленні рэчаў, бытавых, звязаных інтэр'ерам, з новай мэбляй, якой у нас таксама не было. Краіна ж развівала групу А, а Б як-небудзь сама атрымаецца, ды і не важна гэта. Была б краіна родная і няма іншых клопатаў. А тут раптам высвятляецца, што гнілы капіталізм, які вось-вось хутка абрушыцца абагнаў у гэтай справе нас назаўжды. У гэты час для мяне, прынамсі, упершыню прагучалі словы дызайн, дызайнер-мастак прамысловасці, стыль-дызайн. І як звычайна воз паставілі паперадзе каня. Там, у іх, у грамадстве спажываннія новыя рэчы: машыны, мэбля, шкло, метал, кераміка і г.д., неабходнасць мяняць моду і думаць аб выгадзе і інш. выклікана вытворчай канкурэнцыяй, жаданнем прадаць, дагадзіць, спадабацца, у тым ліку і коштам, г. зн, усё, што дыктуецца патрэбнасцю самога жыцця, у нас укаранялася зверху. Вось партыя і вырашыла, што нам патрэбен сучасны дызайн, гэта ў краіне вечных дэфіцытаў на ўсё.

Апошні рэцыдыў быў, калі Раіса Максімаўна, вядома выбітная з усіх жонак генсекаў, царства ёй нябеснае, вырашыла ўзначаліць яшчэ адну важную камісію па заахвочванні дызайнерскіх распачынанняў і ўкараненні іх у жыццё.

Вось гэтыя ўсе ВДНГ і "Верцялішкі" павінны былі прадэманстраваць, невядома каму толькі, якое ў нас выдатнае будзе жыццё гадоў гэтак... Чамусьці не атрымалася. І мэта кудысьці знікла. Уначы (насупраць першай прахадной завода, дыхтоўна, на каркасе з металу выразна і буйна было напісана "Наша мэта - камунізм" І куды мэта знікла?

Дызайн як стыль у нас быў мёртванароджаным дзіцём. У нашым аддзеле, акрамя мастакоў была брыгада ў гуце 7 чалавек і брыгада апрацоўкі 5 чалавек. Затое была магчымасць нам папрацаваць, і адміністрацыя ішла на гэта. Было зроблена шмат дэкаратыўных, студыйных рэчаў і рэчаў, якія мы б жадалі запусціць у вытворчасць. Нельга сказаць, каб зусім так не ўкаранялася нічога з таго, што мы прапаноўвалі да масавага выпуску. Мы паказвалі гэта на саюзных і рэспубліканскіх радах і выставах. Гэта і стварыла нам адпаведную рэпутацыю. Прыходзілася часцяком ісці на кампраміс. Мастакоў было спачатку 3, мы з Мягковай і Яўген Гладкоў. Потым з'явілася Сільва Раўдвеэ. Пасля высылкі ў Сібір яна скончыла інстытут у Таліне і працавала на шклозаводзе "Нёман" гадоў 15. Гэта было выдатнае набыццё для завода. Яна - працаўнік, таленавітая, вельмі прадукцыйная, талковая і кантактабельная, свая баба. Потым з'явілася Валя Дзивинская, выпускніца Мухінскай - яна адчувала і разумела шкло лепш за нас усіх. У 2000 г. памерла ад раку ў Ленінградзе - царства ёй нябеснае, папрацавала на заводзе мала, але як! Валодзя Жохаў - таксама ленінградзец, выдатны рысовальшчык. Потым яшчэ была Керсці Вакс таксама з Таліна, а потым адмыслоўцаў пачаў выпускаць Менскі інстытут. У нас працавалі Таня Малышава і Воля Сазыкіна. Воля як мастак наймацнейшай была, зараз яна загадвае кафедрай шкла ў Менску ў Акадэміі. Сільва з вялікай аддачай працавала, але яна ніколі не пакідала думкі вярнуцца ў Талін. За час працы на заводзе яна зрабіла каля 5 персанальных выстаў у Таліне і, калі вярнулася туды праз 15 гадоў, яе адразу зрабілі старшынёй прыкладнай секцыі. Калі ўлічыць якога ўзроўню ў іх кераміка, метал, тэкстыль, скура, гэта вялікі гонар для яе і прызнанне яе заслуг. Менскія дзяўчынкі (Таня і Воля) таксама не жадалі назаўжды застацца па-за горадам. Там мамы, прапіска, кватэры. Каля 10 гадоў працаваў Аркадзь Анішчык, які скончыў чэшскую школу. Рабіў ён еўрапейскі дызайн, які ніяк не ўпісваўся ў нашу вытворчасць, а працавалі мы на Іх Вялікасці Колькасць і Вал. Нам падабаліся яго работы. Вельмі вывераныя, дакладныя па прапорцыях, з пачуццём меры ва ўжыванні дэкору. Гэта быў чысты дызайн-стыль, але не для савецкага прадпрыемства.

Ва ўсіх у нас была аддуха - не ідзе, скажам, у вытворчасць, хоць мы прыстасоўваліся, стараліся задаволіць вытворчасць з мінімальнымі стратамі эстэтычнай якасці, наколькі было магчыма - мы рабілі дэкаратыўныя рэчы, якія паказвалі на розных выставах і іншы раз іх закуплялі музеі Расіі і Беларусі. У мяне ёсць работы ў Нямеччыне, Даніі. Да зарплаты нашай гэта адчувальны дадатак. Гэта наша кухня і выхад да масаў іншы раз.

Які час быў! Збіраліся, слухалі разумных мастацтвазнаўцаў, паказвалі напрацаваныя за год калекцыі, для гэтага і жылі, і працавалі, усе ведалі адзін аднаго і радаваліся сустрэчы. І місія якая ў нас была, вылучыць лепшае, рэкамендаваць у вытворчасць і выхоўваць густы (?) працаўнікоў. Якое глупства. Адзін час мы ў гэта верылі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX