Вярнуцца: Аляксандра Нарбут

Аляксандра Нарбут з Ліды–акадэмік Берлінскай акадэміі навук


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 16-01-2012,
Крыніца: Лаўрэш Л. Аляксандра Нарбут з Ліды – акадэмік Берлінскай акадэміі навук // ІІІ-я Няфёдаўскія чытанні. Вялікае Княства Літоўскае ў гісторыі культуры Беларусі. Мінск. 2009. Т.2. С.120-124.



Міхаіл Балінскі ў сваёй працы "Даўняя Віленская акадэмія" пра Аляксандру Нарбут пісаў наступнае: "… У той час у Вільні кожны адукаваны месціч, кожны, хто меў адносіны да навукі, быў моцна ўсхваляваны навіной, якая толькі што разышлася па горадзе, што агульнавядомая сваімі талентамі і адукаванасцю высакародная літоўская панна Аляксандра Нарбутоўна [1], дачка подкаморага лідскага, была выбрана сябрам Акадэміі навук у Берліне на пасяджэнні 19 студзеня 1788 г., і патэнт на тое з рук прускага князя Генрыха атрымала. Усцешыла гэта шмат асоб і асабліва шматлікую радзіну. Некаторыя здзіўляліся гэтаму і лічылі гэта не жаночай справай, а ў некаторых, як гэта часта бывае ў свеце, гэты факт узбуджаў зайздрасць, калі не здзек" [2].

Унікальны выпадак - жанчына-акадэмік у XVIII стагоддзі! І гэта жанчына - з Ліды!

Пошук інфармацыі ў літаратуры і інтэрнэт-бібліятэках дазволіў аднавіць некаторыя штрыхі біяграфіі нашай знакамітай зямлячкі са шляхецкага роду Нарбутаў.

Яе бацька Тадэвуш Нарбут [3] (каля 1740 - ?) герба Трубы - падкаморы лідскага павета і каралеўскі шамбелян, сын Казіміра Юзафа Нарбута (каля 1700 - ?). Ад першага шлюбу ў Тадэвуша Нарбута каля 1760 г. нарадзіліся тры дачкі: Канстанцыя [4], Аляксандра [5] і Тэкля, ад другога шлюбу з Кацярынай Вяжэвіч - сын Войцех [6] (1762 - 1837), каралеўскі шамбелян, посол сейма 1788 г. ад Лідскага павета, і дачка Ганна. Хутчэй за ўсё, Тадэвуш Нарбут меў дом у Лідзе зямлю каля горада. У 1790 г. яму, паводле інфармацыі Ч. Малеўскага, у Лідскай парафіі належала Зарэчча (прыгарад Ліды), ваколіца Бельскія, Плясавічы, фальварак Сукурчы. Такім чынам, Аляксандра і Канстанцыя, хутчэй за ўсё, былі карэннымі лідзянкамі.

Аляксандра выйшла замуж за Станіслава Цясельскага (1750 - 1823) і вядомая таксама як Аляксандра Цясельская.

Пра яе сясцёр Канстанцыю і Аляксандру вядома, што яны выхоўваліся і атрымалі адукацыю ў Пулавах пры двары княгіні Ізабэлы Чартарыскай з Флемінгаў (1745 - 1835). У той час князь Адам Казімір Чартарыскі разам з жонкай стварыў у Пулавах сапраўдны асяродак навукі і мастацтва. Пры княжым двары жылі і працавалі мастакі Я. Норблін, З. Фогель, К. Войнякоўскі, Я. Рыхтар, пісьменнікі Ф. Княжнін, Я. Вароніч, Я. Нямцевіч, архітэктары Ч. Айгнер, Я. Хемпель, музыканты Вінцэнт і Францішак Лесловы. У палацы была выдатная бібліятэка, фінансаваліся навуковыя даследаванні у галіне філалогіі, літаратуры, гісторыі. Да навуковай працы прыцягваліся лепшыя навукоўцы Еўропы. Пры двары атрымлівала адукацыю і выхаванне таленавітая моладзь. Таму ў ХІХ ст. Пулавы зваліся "польскімі Афінамі". Вядома, што княгіня Ізабэла Чартарыская вельмі добра адносілася да сясцёр Нарбут.

Аляксандра Нарбут стала знакамітай актрысай, перакладчыцай і літаратарам. Яе прозвішча ёсць у спісе літаратараў Яна Савінскага [7]. У "Гісторыі польскай літаратуры …" Фелікса Бенткоўскага [8] ёсць інфармацыя аб перакладзе п'есы дэ Жанліс "Зэлія, альбо шчырасць". Выхадныя дадзеныя гэтага перакладу наступныя: Zelia, czyli Szczerość (Zelia, albo Szczera; Zelia czyli Osobliwsze wychowanie). Kom. w 5 a. Narbutówna Al. (1790). Ładowski R. Warszawa, 1793.

Удалося ўстанавіць некаторыя ролі і спектаклі, у якіх іграла Аляксандра. Гэта роля Тэлэзіі ў оперы з трох актаў "Маці Спартанка" Францішка Княжніна. У гэтай жа оперы ігралі таксама яе старэйшая сястра Канстанцыя Нарбут (па мужу - Дэмбоўская), якая таксама стала таленавітай і папулярнай актрысай і кампазітарам, і сама княгіня Ізабэла Чартарыская (у ролі Тэоны). Спектакль ставіўся ў тэатры Пулаў [9]. У п'есе Ф. Княжніна "Паветраны шар, ці пулаўскія вечары" Аляксандра выконвала ролю Кліадоры, Канстанцыя - ролю Ірыс [10]. Старэйшая сястра Аляксандры - Канстанцыя.

Ю. Крашэўскі ў працы "Польшча пад час трох пазелаў, 1772 - 1799" пісаў аб прыездзе "панны Нарбутоўны (Аляксандры - Л.Л.) з княжной Радзівілавай" на сойм у Гродна [11]. У зборніку Марыі і Уладзіслава Тамкевічаў "Даўняя Польшча ў анекдоце" ёсць нават анекдот пра Аляксандру: "У Чартарыскіх ў Пулавах пэўны час стала жыла панна Аляксандра Нарбутоўна. Была яна ўсімі паважаная і любімая, аднак князь Адам не мог ёй дараваць таго, што яна зашмат ужывала тытунь. Таму ён сказаў аб панне Аляксандры: "Калі б іншыя часткі цела ў нашай панны Аляксандры, так як нос, былі неўтаймаваныя, яка ж панна была бы!" [12]

Аляксандра Нарбут - добра вядомая сваім сучаснікам і даследчыкам першай паловы ХІХ ст., але невядомая сучасным лідчанам жанчына-акадэмік, якая ўнесла свой уклад у дыялог культур. Мы маем яшчэ адзін факт у доказ неабвержнай ісціны, што Гродзеншчына - калыска талентаў.



[1] Alexandra Narbutówna (у Балінскага - з адным "t", у іншых крыніцах - з двумя).

[2] Balinski Michal. Dawna academia Wilenska. Petersburg, 1862. S.322.// Wszakże mało może zważano na, to cu czytał, bo właśnie wtenczas w Wilnie każdy światły mieszkaniec, albo majncy pretensya do nauki, mocno był zajęty osobliwa wiadomością, która tylko co rozeszła się w mieście, że znajoma wszystkim z talentów i nauki, zacna litewska panna, Alexandra Narbutówna, podkomozanka lidzka, wybrana została na towarzyszkę akademii nauk w Berlinie, na posiedzenia jej dnia 19 stycznia r. 1788, i patent na to z rak książecia Henryka pruskiego otrzymała. Pochlebiało to wielu osubom, a mianowicie całej licznej rodzinie, dziwiło niektórych jako nieoswojonych z tym rodzajem zaszczytu dla kobiet, a w innych nawet, jak to nieraz bywa na świecie, obudzalo uczucie jakiejś zazdrości, jeżeli nie szyderstwa.

[3] Genealogia potomków Sejmu Wielkiego// с sejm-wielki.pl:2318/sejmwielki?p=tadeusz;n=narbut+h.+zadora

[4] Genealogia potomków Sejmu Wielkiego // sejm-wielki.pl:2318/sejmwielki?p=konstancja;n=narbut+h.+zadora

[5] Genealogia potomków Sejmu Wielkiego // sejm-wielki.pl:2318/sejmwielki?p=aleksandra;n=narbut+h.+zadora

[6] Genealogia potomków Sejmu Wielkiego // sejm-wielki.pl:2318/sejmwielki?p=wojciech;n=narbutt+h.+zadora

[7] Jan Sowiński. O Uczonych Polkach. Warszawa, Krzemieniec i N. Gluncksber, 1821.

[8] Fielix Bentkowski. Historya literatury polskiej w spisie dziel drukiem ogloszonych. Warz. i Wilnia, 1814 S. 566.

[9] Dzeila Franciszka Dyonizego Kniaznina. T. IV., Warsz., 1828. S.5.

[10] Dzeila Franciszka Dyonizego Kniaznina. T. III., Warsz., 1837. S.7

[11] Józef Ignacy Kraszewski. Polska w czasie trzech rozbiorow, 1772-1799: studya do historyi ducha i obyczaju Warszawa, Nakl. Gebethnera i Wolffa, 1903. T. 3. 1791-1799, S.308.// … panna Narbuttówna, która przybyła z księżną Radziwiłłówą, i wiele innych. Mnóstwo panien szukało mężów na tych ryinach. Było to chwiła, gdy z Francyi przybyły mody greckie, - suknie przezroczyste, podinane, wdziewane bez koszuli, obnażone nóżki …

[12] Maria Tomkiewiczowa, Władysław Tomkiewicz. Dawna Polska w anegdocie. Warszawa, 1968. S.287-288. // U Czartoryskich w Puławach przez pewien czas przebywała w charakterze rezydentiki panna Aleksandra Narbuttówna. Była ona przez wszystkich szanowana i lubiana, jednakże książę Adam nie mógł jej datować tego, że ustawicznie zażywała tabakę. Toteż mawiał on o pannie Aleksandrze:

- Zęby inne członki u naszej panny Aleksandry tak jak nos były niewstrzemięźliwe, co by to za panna była!"

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX