Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Чэслаў Неман     


Аўтар: Даўлашэвіч Ірэна,
Дадана: 26-01-2006,
Крыніца: Лідскі летапісец № 27-28.



Там кожны дзень - гэта скарб

17 студзеня - угодкі з дня смерці Чэслава Немана


Дзе сіняя рэчка нясе свае воды,
Там сонца ўбачыў я першы раз,
Над берагам тым я правёў столькі хвіляў,
Што зараз без рэчкі маркочуся я.

Там кожны дзень - гэта скарб,
На сёння адзіны мой скарб,
Хоць час, як рэчка, як рэчка плыве,
У мінулае зносячы дні.

У тыя дзяціныя дні думка вяртае мяне,
У марах маіх тая рэчка жыве.
Так моцна хацеў быць над берагам тым,
Ды толькі ўспаміны хай далей плывуць.
Чэслаў Неман, 1969 г.


У сваіх думках Чэслаў Неман часта вяртаўся да сваёй роднай вёскі, чыстай і празрыстай рэчкі, над берагам якой праляцела яго шчаслівае дзяцінства і назаўсёды засталося ў памяці. Любіў Czesław Niemanсваю радзімую зямлю і з гонарам падкрэсліваў, што нарадзіўся ў краі наднёманскім.

Найменей вядомая старонка біяграфіі Чэслава Немана - дзяцінства і маладосць, праведзеныя ў Старых Васілішках недалёка ад Ліды.

Нарадзіўся як Чэслаў Юліюш Выдрыцкі (пазней узяў псеўданім "Неман" ад такой блізкай яму ракі) 16 лютага 1939 года. Калі меў сем месяцаў, выбухнула вайна. Шмат суседзяў трапіла за Урал. Калі пачалася нямецкая акупацыя, бацька стаў збройнікам АК. Сястра Ядвіга насіла жаўнерам у лес кабуры, якія шыў бацька.

- Паселішча Старыя Васілішкі заснаваў быццам бы князь Васіль (трэба разумець Войшалк), які адзін з першых на Літве прыняў хрысціянства, - гаварыў Неман, - на самай справе да канца ХІХ стагоддзя ў вёсцы стаяў драўляны касцёлік. Толькі потым, з міласці цара Мікалая, было дазволена выбудаваць прыгожы, неагатычны касцёл, які дастаяў да сёння.

Сярод простых, крытых саломай або гонтай, драўляных хат дом Выдрыцкіх выдзяляўся, хутчэй нагадваў дворык, маёнтачак чым вясковую хату.

У сям'і ўсе былі музыкальныя. Бацька Чэслава быў наладчыкам фартэпіян, гадзіннікавым майстрам, сястра грала на многіх інструментах. Малы Чэсь яшчэ ледзь хадзіў, а ўжо залазіў на табурэтку і забаўляўся, ляпаючы па клавішах інструмента.

- Вайны не памятаю, акрамя аднаго малюнка, як сядзім з сястрой у акопах, калі ўцякалі немцы. Нягледзячы на розныя завіраванні, дзяцінства згадваю з сентыментам. Здарылася зашывацца ў грыбныя лясы, бушаваць па лугах, лавіць рыбу. Гэта быў рай на зямлі, - успамінаў Неман. - Усё змянілася пасля вайны. У пачатку 50-х гадоў памёр ксёндз, зачынілі касцёл, дзе я з дзевяці гадоў спяваў у хоры. У школе, не глядзячы, што апрача дзяцей настаўнікаў усе вучні былі палякамі, не было нават размовы аб уроках польскай мовы. Прыехаў у Польшчу, калі Гамулка (кіраўнік Польшчы ў той час) дамагаўся вяртання палякаў, якія аказаліся пасля вайны за мяжой, - гаварыў Неман. - Мне споўнілася 19 гадоў, і пагражаў прызыў у Савецкую Армію. Мы прыехалі ў Белагард, на вернутыя паморскія землі. Незадоўга пасля гэтага бацька памёр, а я пайшоў у музычную школу ў Гданьску.

Два гады хадзіў у клас фагота. Не шмат людзей ведала, што Неман меў жонку з Васілішак, да ўспамінаў якой дабраўся карэспандэнт Пётр Адамовіч. Чэслаў быў старэйшы за яе на два гады, спяваў у хоры і ўдзельнічаў у розных гуртках. Яна таксама. Гэта было першае школьнае каханне. У 1957 годзе яны распісаліся.

Шмат маладых тады, карыстаючыся магчымасцю вырвацца з СССР, жанілася фіктыўна.

Іх саюз быў інакшым - Чэслаў выслаў ёй з Польшчы запрашэнне, і ўжо ў Польшчы яны ўзялі касцельны шлюб. У Гданьску Чэслаў шмат чым займаўся, працаваў нават докерам у порце. Падрабляў маляваннем шыльдаў. Жонка пайшла на курсы медсясцёр, для тых, хто закончыў сярэднюю школу. Жыла ў інтарнаце на тэрыторыі Медычнай акадэміі. Мужчыны мелі доступ толькі ў прыёмны пакой.

Там і спатыкаліся. Нягледзячы на тое, што ў іх у 1960 годзе нарадзілася дачка, дарогі іхнія пачалі разыходзіцца. Ён што раз больш тварыў і часцей выступаў. Яна, маючы 20 гадоў, мусіла хутка станавіцца дарослай, пачала працаваць. Яны ніколі разам не жылі, не стварылі сямейнага агменю. Магчыма, калі б было інакш, іх саюз і вытрымаў бы. Магчыма іхняе каханне было занадта юнацкім, занадта недаспелым.

Фармальна яны разышліся ў другой палове 60-х гадоў. Дамовіліся, што не будзе пра яе гаварыць і, нават, называць яе імя. Таму яна да гэтага часу застаецца ананімнай. Жанчынай яго жыцця стала мадэль пані Малгажата. Закахаўся, і каханне іх было, як пярун з яснага неба. Быў выдатным бацькам, галавой сям'і, акружаным павагай жонкі і цудоўна выхаваных дачок Наталлі і Элеаноры, якія шанавалі ў ім бацьку, чалавека, а не толькі артыста.

Ніколі не пазбавіўся беларускага (красовага) акцэнту. Любілі яго той адзіны ў сваём родзе спеў, але шмат разоў быў высмеяны за свой спосаб маўлення.

У 60-80 - х гадах для адных быў кумірам, геніяльным музыкам і сімвалам бунту, для іншых - дзікім крыкуном, якога належыць неадкладна сагнаць са сцэны.

Для моладзі 60-х гадоў Неман быў духоўным праводыром. У квяцістай кашулі, паўкажушку і з паўтара кілаграмамі біжутэрыі, навешанай на грудзі, стаў абразом там-той эпохі. Неман паказваў, што можна жыць інакш, больш шчыра, больш натуральна і пры тым больш ярка, больш прыгожа і больш весела. І на Бога не наракаць. Быў адной з нямногіх вялікіх і сапраўдных зорак на польскай музычнай сцэне, можа нават найвялікшай і адзінай сапраўднай.

Неман быў адным з найлепей вядомых польскіх артыстаў за мяжой. У 1963 годзе яго першая кампазіцыя "Ведаю, што не вернешся" мела вялікі поспех у парыжскай Алімпіі. Чарговым поспехам стаў твор "Ці ты мяне яшчэ памятаеш?", які ў снежні 1964 года з уласным тэкстам выканала Марлен Дзітрых.

Пераломным момантам у яго кар'еры быў выступ з "Акварэлямі" на 5-м фестывалі ў Аполі ў 1967 годзе. За песню "Дзіўны гэты свет" быў уганараваны спецыяльнай узнагародай Кіраўнічага камітэту па справах радыё і тэлебачання (спяваў песні на словы іншых паэтаў, але свой найслаўнейшы нумар "Дзіўны гэты свет" напісаў сам).

У сваіх творах выкарыстоўваў тэксты Цыпрыяна Каміла Норвіда, Адама Асныка, Казіміра Пшэрвы - Тэтмаера, Лясмяна.

Колькі пакаленняў моладзі навучыў чытаць, разумець і любіць паэзію.

- У дадатак да таго, што нарадзіўся ў перадваеннай Польшчы, на крэсах, ніколі не закончваў ніякай польскай школы, - апавядаў Неман. - Маім любімым паэтам быў Лермантаў. Гэта было маё падлеткавае зачараванне. Значна пазней прыйшло зацікаўленне філасофскай сферай паэзіі Герберта, Лясмяна, Славацкага. Узяў сабе да сэрца, што я з'яўляюся адным з многіх позніх унукаў Норвіда.

Неман не пайшоў у бок камерцыі, захапіла яго песенная паэзія.

Меў інтуіцыю і густ. Божы дар дазваляў яму ўласную мову аповяду, калі ітэрпратаваў вельмі цяжкія рэфлексійныя вершы, якія можна заглушыць музыкай. Узнікалі творы такія прыгожыя, як "Аднаго сэрца" ці "Кленчачы перад табой".

У 60-х і 70-х гадах шматразова прызнаваўся найпапулярнайшым і найлепшым вакалістам Польшчы ў апытаннях музычных часопісаў "Zazz" і "Non Stop". У 1974 годзе Неман быў адзначаны Залатым Крыжам Заслугі. Атрымаў таксама ўзнагароду 1-й ступені Старшыні Савета Міністраў за творчыя дасягненні ў галіне кампазіцыі і інтэрпрэтацыі. Тройка радыё ўганаравала яго "Суперматэвушача", узнагародай імя Матэвуша Свянціцкага за заслугі для культуры. У 1973 г. Неман запісаў у ФРГ дыск (пласцінку) "Рускія песні" ("Russisihe Lieder"), у Польшчы, акрамя некалькіх песень, датуль невядомых. Было гэта вяртанне да музыкі маладосці. Як згадваў Неман, у іх дома часта спявалі расейскія песні. Царкоўныя спевы ён ездзіў слухаць у царкву ў аддаленай на 60 кіламетраў Гародні. У супраць-вагу да папулярнага ў там-тых гадах альбома з расёйскім рэпертуарам, які Іван Рэпраў выканаваў лёгка, латва, прыемна і пад ногу".

Чэслаў прапанаваў вялікае мастацтва. Выдаўцы не маглі паверыць, што адзін артыст мог выканаць усе галасы ў харавых партыях. Да канца 80-х гадоў Неман браў удзел у многіх імпрэзах музычных і фестывалях бітловых, рокавых і джазавых у Польшчы і па свеце. Даваў канцэрты і меў поспех між іншым у Францыі, Італіі, ГДР, ФРГ, Індыі і Злучаных Штатах.

Асобны раздзел у біяграфіі Немана складаюць яго касцюмы, якія сам праектаваў. Насіў арыгінальную расейскую кашулю з суровага палатна і ядвабу (шоўку) колеру охра, якую дастаў ад знаёмых з Крэсаў. Любіў яе, была прыгожа выгафтавана. Гэта было простае сцвярджэнне факту, што ён не хавае сваіх каранёў. Быў артыстам, які сфармаваўся. Яго кашулі, капелюшы былі родам цвердзі, у якой ён стварыў уласнае асяроддзе, не толькі на сцэне, а таксама ў прыватным жыцці. Ніколі нельга было ўбачыць яго ў шэрым гарнітурыку. Заўсёды быў інакшы, каляровы, нештодзённы. Для гэтага патрэбна была нязменная адвага. Калі прафесар Казімір Рудзкі запытаў Немана, чаму ён апранаецца так дзіўна, той адказаў, што "касцюм хавае недасканаласці цела, трэба адчуваць сябе ў ім камфортна" Ён меў голас такі фенаменальны, што крытыкі з-за браку аргументаў чапляліся за тое, што залішне калярова апранаецца. Насіў шкарпэткі рознага колеру. Тлумачыў гэта так: "Люблю спалучэнне блакітнага (нябескага) і чырвонага. Ці ёсць повад калярыстычны, а можна таксама і такі: "А чаму не?" Калі, здараецца, убіраюся сапраўды экстравагантна, і бываюць розныя каментары, то звычайна адказваю: "А чаму не?" Калі гэта нікому не шкодзіць, а мне падабаецца...".

Дзіўны быў кантраст - эксцэнтрычны выгляд і ціхі, сціплы, уразлівы чалавек. Калі Неман перастаў пісаць баевікі, заняўся музыкай для фільмаў і тэатраў. Быў стваральнікам музыкі для спектакляў па Шэкспіру, Міцкевічу і Славацкаму. Напісаў не толькі музыку да "Сям'і Ляснеўскіх" і вакальную партыю Хахла з "Вяселля" Вайды, пісаў таксама музыку да фільма "Польская кроніка", "Антычнасць", "Пах зямлі", да фільма "Рolonia Restituta", пра паўстанні Рэчы Паспалітай з попелу. Вайда гаварыў, што толькі Неман, і ніхто іншы, можа спець партыю Хахла ў экранізацыі "Вяселля" - з'яўленне Чэслава Немана ў "Вяселлі" як голас Хахла ёсць, не хвалюся, маёй задумай, хоць музыку да гэтага фільма скампанаваў Станіслаў Радван, - гаворыць Андрэй Вайда. - Гэта ён даў шанец, падчас выканання разгарнуцца ў той дзіўнай песні ўсім таемным адценням голасу Немана. Гэта дзіўнае і адзінае ў сваім родзе, але фільм "Вяселле" зросся ўжо назаўсёды з так заспяваным тэкстам: "Меў ты, хаме, залаты рог". А голас Немана "нясецца па лесе...." і будзе несціся, пакуль той фільм будзе вяртацца да гледачоў.

У гісторыю ўвайшла фізічная сіла Немана.

- Калі запісваліся на радыё, студыя ў якога змяшчалася на другім паверсе, прывезлі ад Чэслава арган "Hammonda", вялікую палісандравую скрыню вагой 300 кілаграмаў, гаворыць Томаш Яскевіч. - Да самага канца былі крутыя сходы, у пэўны момант арганы на павароце ўткуліся ў сцяну, заклінаваліся. Грузчыкі і музыкі прысталі, залітыя потам. Тады прыйшоў Чэсяк і развязаў праблему ўласнаручна - прыхіліўся да арганаў і пасунуў сам без вялікай праблемы. У канцы павёў па нас жартаўлівым позіркам, як бы пытаючыся: "Што б вы без мяне рабілі?" Любіў мець прызнанне з поваду сваёй сілы, любіў ездзіць на аўтамабілі, быў вегатарыянцам. Займаўся экалагічнымі праблемамі, нецярпімасцю, грамадскай няроўнасцю, цікавіў яго просты чалавек, жыццё згоднае з прыродай.

Чэслаў Неман не належаў ні да якой партыі, нават у школе не быў ні піянерам, ні камсамольцам. Чэслаў Неман шматкратна падкрэсліваў, што адчуваў сябе ў Польскай Народнай Рэспубліцы пераследаваным. Як сам казаў, вытрымаў толькі дзякуючы фанам. Палітычная пастава Немана была адназначнай ад самага пачатку. Ці ж не было выклікам узяцце таго, а не іншага псеўданіма.

З часам Неман станавіўся ўсё больш замкнёным. Недахоп адкрытасці ўзнікаў з-за таго, што ніколі не меў паразумення ні ў сваім строі, ні ў спосабе спеваў. Меў з той нагоды шмат прыкрасці. Штораз больш баяўся абману, што нехта хоча яго выкарыстаць, як у фільме "Удача". Баяўся быць смешным, баяўся нешанцавання. З 90- х гадоў Чэслаў Неман радзей выступаў, рэдка запісваўся на працы ва ўласнай музычнай студыі. Адышоў ад рокавай музыкі ў кірунку эксперыментаў з выкарыстаннем электрафанічных інструментаў і сінтазатараў. Яго апошні дыск "З пад хмары капелюша", выпушчаны ў 2001 годзе атрымаў крытычныя рэцэнзіі, з-за чаго спявак моцна перажываў.

Апрача музыкі Неман займаўся выяўленчым мастацтвам. Маляваў Чэслаў з дзяцінства, пазней яго моцна зацікавіла кампутарная графіка. У 2001 годзе Неман прызначыў частку сваіх прац на аўкцыён. Даход ад акцыі быў прызначаны для Польскай гуманітарнай акцыі на куплю адукацыйных матэрыялаў для школ на Літве. Не гледзячы на зачараванне інтарнэтам і кампутарамі, не хацеў ужываць электроннай пошты, доўга супраціўляўся пакупцы сотавага тэлефона.

Неман лічыў, што калі ты хочаш зрабіць нешта добрае, трэба гэта зрабіць самому. Сам зрабіў вокны для дома і вітую лесвіцу. Але не меў часу ўсё дапільнаваць. Сам не мог парадзіць сабе з хваробай. Не хацеў ісці да лекара. Гаварыў, што хопіць яму льнянога сем'я. Але не выстарчыла.

Чэслаў Неман памёр 17 студзеня 2004 года познім вечарам у Варшаве. Меў без аднаго месяца 65 гадоў. Быў пахаваны на варшаўскіх Паванзках. У апошнюю дарогу артыста праводзілі найбліжэйшыя родныя, сябры, прадстаўнікі ўладаў і фаны. Урну з парэшткамі Немана пахавалі ў катакомбах. Калі пачыналася пахаванне, з ініцыятывы Радыётройкі на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала найбольш вядомая песня з рэпертуару Чэслава Немана "Дзіўны гэты свет". Песню можна было пачуць усюды: у крамах, на вакзале і ў таксоўцы.

"Радзімы край Неман адведаў упершыню ў 70-х гадах. Убачыў спустошаны парк, запушчаны стаў, у якім купаўся, будучы дзіцём. Моцна з гэтага перажываў і ўжо ніколі не хацеў вярнуцца ў Васілішкі", - гаварыў Павел Брадоўскі, галоўны рэдактар "Jazz Forum" ("Джаз-форум"). Суседзі з Васілішак успаміналі, што Неман засняў на камеру дом, ваколіцы, але праз хвіліну знішчыў касету...


Лідзяне заўсёды лічылі Немана сваім. На другі дзень пасля сперці Вялікага Артыста лідскі гурт "Красавякі" адведаў родную хату Чэслава Немана ў Старых Васілішках. На ўгодкі смерці спевака 16 студзеня 2005 года ў Лідзе ў вялікай зале Гарадскога дома культуры адбыўся канцэрт памяці Чэслава Немана з удзелам беларускіх і польскіх выканаўцаў, а 17 студзеня ў касцёле ў Старых Васілішках з ініцыятывы Таварыства польскай культуры на Лідчыне была адкрыта мемарыяльная дошка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX