Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 16-02-2015,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне // Маладосць №2-2015. С. 148-153.

Спампаваць




Пасля заканчэння Савецка-польскай вайны Сяргей Пясецкі, жаўнер Літоўска-беларускай дывізіі, абаронца Варшавы 1920 года, застаўся без пэўнага занятку. Пра гэты час ён расказвае ў аповесці «Жыццё раззброенага чалавека», беларускі пераклад якой нядаўна з'явіўся. Частка дзеянняў гэтай аповесці адбываецца на пачатку 1920-х у Лідзе. Тут галоўны герой, пераапрануўшыся ў беднага беларускага селяніна, размаўляе па-беларуску і прадае лідскім яўрэям фальшывы вэксаль. Пясецкі нейкі час жыў у Лідзе ў свайго сябра Яна Шэўчыка па адрасу Слабодка, 62


Каб неяк выжыць, Сяргей Пясецкі пачаў супрацоўніцтва з 2-м аддзелам Генеральнага штаба польскай арміі - выведкай. Добрае веданне моў, фізічная падрыхтоўка і набыты сярод мінскіх зладзеяў спрыт зрабілі з яго выдатнага выведніка.

Станіслаў Ігнацы Віткевіч. Партрэт Пясецкага, (1939).

Аднак выведка плаціла няшмат, таму Пясецкі заняўся кантрабандай. Ён неаднаразова пераходзіў Савецка-польскую мяжу, бывала што і па 30 разоў на месяц. Потым расказваў, што толькі за лета 1925-га прайшоў пешшу больш за 8 000 кіламетраў. За ўцёкі з засады, якую арганізавала ГПУ, і ўратаванне калегі атрымаў чын падпаручніка.

Пясецкі падтрымліваў кантакты і з савецкімі камандзірамі, прывучаючы іх да какаіну. Потым пачаў займацца кантрабандай наркотыкаў. Сам стаў наркаманам, учыніў шэраг скандалаў з кіраўніцтвам і ў лютым 1926-га з выведкі быў звольнены. Але ёсць версія, што нібыта ён, Сяргей Пясецкі, выявіў сувязі паміж Саветамі і некаторымі ўплывовымі польскімі асобамі.

Такім чынам, Пясецкі зноў стаў чалавекам без працы. У пошуках уратавання спрабаваў нават уступіць у Замежны легіён. Пра гэты час расказваюць ягоныя творы «Пяты этап» і «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», якія існуюць у перакладзе на беларускую. Цяжка забыць той эпізод у «Пятым этапе», дзе добра п'яны ўзброены галоўны герой робіць напад на адзін з лідскіх рэстаранаў, а потым са стрэламі ідзе па раёне Слабодка да каханкі.

Шукаючы працу, Пясецкі з рэвальверам і рэштай какаіну наведаў Брэст, Львоў і Варшаву, а з сярэдзіны мая пасяліўся ў Лідзе ў свайго сябра Яна Шэўчыка па адрасе Слабодка, 62 і жыў тут да 6 ліпеня. Будучы пісьменнік заўважыў, што сябру цяжка яго ўтрымоўваць, падзякаваў за гасціннасць і пайшоў пешкі ў Гродна да стрыечнага брата Антона Пясецкага. Пабыў у Гродне (брат жыў па вуліцы Славянскай, 11) толькі адзін дзень, бо і Антону Пясецкаму не было з чаго жыць. Былы выведнік і кантрабандыст зноў пайшоў у Ліду і падчас гэтай хады дзесьці каля ракі Дзітва зразумеў, што няма іншага выйсця як пачаць рабаваць [1].

Першы рабунак Пясецкага адбыўся 27 ліпеня 1926 года. Кур'ер віленскі пры канцы ліпеня пісаў: «Бандыт Пясецкі блукаў на працягу некалькіх дзён у навакольных лясах (каля Ліды. - Л. Л.). У дзень рабунку ў 8 гадзін раніцы ён заўважыў фурманку і напаў на двух яўрэяў, якія ехалі ў ёй: Юдаля Барышанскага і Мардуха Дражніна. Пагражаючы пісталетам, цалкам абрабаваў абодвух… забраў у іх 1054 злотых, залаты гадзіннік і іншыя рэчы» [2].

Сам рабаўнік падчас допыту ў лідскай паліцыі гэтак расказваў пра свае дзеянні: «У вызначаны дзень на шашы ў напрамку Мажэйкава каля ракі Дзітва ў 7-8 гадзіне раніцы спаткаў фурманку, якая ехала ў бок Ліды і перавозіла 4 пустыя скрыні ад гарэлкі. На фурманцы ехалі купец і фурман. Бачачы, што сітуацыя добрая для мяне, што яны вязуць грошы за гарэлку і няма нікога навакол, я наблізіўся да фурманкі і крыкнуў па-беларуску "Рукі ўгору!". На мой заклік фурман спыніў коней і падняў рукі, тое самае зрабіў і купец. Я сказаў, каб аддалі грошы, якія яны ўзялі за гарэлку, пасля чаго фурман адразу добраахвотна аддаў мне 1054 злотых, з якіх я па яго просьбе даў яму некалькі злотых на авёс для каня і на жыццё. У другога яўрэя я забраў чорны адкрыты гадзіннік у цэлулоіднай похве - больш грошаў не патрабаваў, бо купцы сказалі, што больш грошаў не маюць. На момант рабунку трымаў у руцэ рэвальвер (наган), якія меў з часоў працы ў дэфензіве, але не страляў. Атрымаўшы грошы, загадаў ім ехаць у Ліду і нікому нічога не казаць пра рабунак, а сам пайшоў у напрамку станцыі Нёман, каб ехаць чыгункай у Вільню, але спазніўся на цягнік і пешшу пайшоў у вёску Руда, што за Нёманам. Тут пагаліўся і пастрыгся, купіў харчоў і шкарпэткі, адрамантаваў камашы і пешшу пайшоў да Навагрудка. У Навагрудку купіў сябе гумовы плашч, чорную кашулю, бялізну, партфель, партабак, сцізорык і іншыя дробныя рэчы, на ўсё гэта, разам з фурманкамі і выдаткамі ў Лідзе - каля 400 злотых. У турме Навагрудка пакінуў для вязняў 40 злотых. Увечары вузкакалейкай выехаў да Наваельні, а адтуль чыгункай да Вільні» [3].

Потым было ўстаноўлена, што рабаўнік быў пад уздзеяннем какаіну і меў патрэбу ў грошах для пакрыцця закладу за свайго сябра Антона Невяровіча. Аднак калі ён атрымаў грошы, Невяровіч ужо быў на волі.

У Вільні Пясецкі спачатку пасяліўся ў гатэлі «Папа» на вуліцы Завальнай. Але пасля сустрэчы з сябрам - кур'ерам «двуйкі» (польскай выведкі) Антонам Невяровічам, каб зэканоміць грошы, перасяліўся на кватэру ў Новай Вілейцы, якую той здымаў у «ракавой жанчыны» Веры Булгакоўскай. Дарэчы, для знаёмых Вера выдавала сябе за жонку спевака Фёдара Шаляпіна.

Праз некалькі дзён Пясецкі з Невяровічам планавалі пайсці ў Савецкую Расію, каб прынесці адтуль алмазы, якія, хаваючы ад бальшавікоў, закапаў у Маскве іх знаёмым Генрык Краўзэ. Гэтыя алмазы каштавалі каля 6 000 долараў - вельмі вялікія грошы па тым часе, і Пясецкі з Невяровічам павінны былі пасля вяртання з Расіі атрымаць палову гэтай сумы. Для экспедыцыі патрэбны грошы, але Пясецкі не толькі не захаваў нарабаваныя, але дзякуючы «ракавой жанчыне» - палюбоўніцы Невяровіча, патраціў амаль усё, што меў. Сябры вырашылі пайсці на другі рабунак, і Булгакоўская ведала іх планы.

Прэса пісала: «Як паведамляюць, 22 жніўня адбыўся дзёрзкі напад на вузкакалейны цягнік, які курсуе паміж Васілішкамі і Скрыбаўцамі. Бандыты пасля затрымання поезда са зброяй у руках пагражалі жыццю ўсіх пасажыраў і адабралі ў іх упрыгожванні, вялікую колькасць долараў і некалькі дзясяткаў тысяч злотых. Потым, неапазнаныя, збеглі ў невядомым кірунку» [4]. У тым жа нумары паведамлялася пра затрыманне «савецкіх бандытаў» Пясецкага і Невяровіча, якія «бралі ўдзел у нападзе на вузкакалейны цягнік. У арыштаваных знойдзена шмат упрыгожванняў з цягніка... Гэтых людзей паслала мінскае ГПУ з мэтай выведкі. Бандыты мелі зброю» [5].

Праз нумар тая ж газета «Слова» паведаміла, што «арыштаваны бандыты Пясецкі і Невяровіч, якія некалькі дзён таму зрабілі напад на вузкакалейны поезд пад Лідай. Яны прызналі сваю віну і выдалі супольнікаў. Між іншым, сазналіся, што ў злачынных акцыях ім дапамагаў шараговец паліцыі Віленска-Троцкага павета Левандоўскі, праз пасрэдніцтва якога хаваліся зброя і скрадзеныя рэчы, атрымлівалася неабходная амуніцыя. Расследаванне праводзіць адмыслова дэлегаваны следчы Міхалевіч» [6]. І потым: «у сувязі з нападам на цягнік... арыштавана жыхарка Нова-Вілейкі нейкая Булгакоўская, падазраваная ў супрацоўніцтве з бандытамі... Сёння мы даведаліся, што Булгакоўская вызвалена ад арышту з-за недахопу ўлік» [7].

Беларуская газета «Народная справа» так-сама паведамляла: «22 жніўня на вузкакалейцы паміж Васілішкамі і Гжывіцамі пад Лідай банда разбойнікаў напала на поезд і абрабавала ўсіх ехаўшых у ім. Паліцыя заарыштавала ў Нова-Вялейцы двух учаснікаў нападу - Пясецкага і Невяровіча, якія прызналіся да віны і выкрылі сваіх хаўруснікаў. Аказваецца, што і тут не абышлося без учасця паліцыі: бандытам дапамагаў у іх "працы" паліцыянт Левандоўскі, пастарункавы паліцыі Віленска-Троцкага павета, які хаваў рабаваныя рэчы і аружжа, якое сам жа дастаўляў» [8].

Газета назвала Скрыбаўцы на польскі манер Гжыбаўцамі. Насамрэч, у тыя часы да Васілішак вяла вузкакалейка Мураванка - Скрыбаўцы - Вялікае Мажэйкава - Васілішкі. А самі Скрыбаўцы з'яўляюцца чыгуначнай станцыяй на лініі Ліда - Масты.

Звернемся да аповеду пра рабунак Антона Невяровіча, які быў занатаваны ў пратаколах Лідскай паліцыі:

«З Вільні выехалі ў Ліду (разам з Пясецкім. - Л. Л.) вечаровым цягніком 7 жніўня. З Ліды выйшлі па гасцінцу ў напрамку Белагруды. Пераначавалі ў лесе і на другі дзень пайшлі па гродзенскай шашы ў бок ракі Дзітва. У тых ваколіцах жылі тыдзень ці болей, вывучаючы мясцовасць. У лесе жывіліся харчамі, купленымі ў Вільні, а калі яны скончыліся, варылі бульбу з грыбамі ў посудзе - рондалю і кубку, якія ў падарожжа дала нам Булгакоўская. Калі ж мы стаміліся сядзець на адным месцы і пачалі галадаць, дык перайшлі на раку Лебяда каля мястэчка Васілішкі, дзе мы і спыняліся на некалькі дзён, сілкуючыся грыбамі і бульбай, час ад часу лавілі рыбу ў рацэ Лебяда, тут нас бачылі мясцовыя людзі. Падчас нашага знаходжання ў ваколіцах Васілішак, у адзін з дзён мы вышлі да лоркі [9], якая ехала ў бок станцыі Скрыбаўцы, але тады ў нас яшчэ не хапіла смеласці зрабіць напад, да таго ж у лорцы ехала шмат хрысціян, а мы вырашылі рабаваць толькі яўрэяў, і таму вярнуліся ў лес. Праз два дні, 22 жніўня 1926 г. мы вырашылі зрабіць напад на тую ж лорку, таму прыйшлі да дарогі, па якой ехала лорка з пасажырамі ў Скрыбаўцы, і селі пад елкай. Калі мы ўбачылі лорку, дык пайшлі ўздоўж трасы, каб яна нас нагнала. Калі мы заўважылі, што едзе шмат яўрэяў, дык падбеглі да яе, і тады Пясецкі жэстам паказаў мне, што будзем рабаваць. Пясецкі першы скочыў у лорку, прыказаў затрымаць каня і па-руску сказаў пасажырам падняць рукі ўгору, я спачатку стаяў каля лоркі з рэвальерам у руках, так сама як і Пясецкі... Падчас рабунку да Пясецкага з крыўдай звярнулася яўрэйка: чаму ён аддаў раней адабраныя грошы чыноўніку і каталічцы, за гэта Пясецкі забраў у яе завушніцы... Пасля рабунку... сказалі, каб абрабаваныя гадзіну не рухаліся з месца... а самі пабеглі да лесу... выйшлі на шашу (Ліда-Гродна. - Л. Л.) паміж 33-м і 34-м кіламетрам і пайшлі ў бок Ліды. На раніцу падышлі да Ліды на паўтара км, паснедалі адабранымі прадуктамі, падлічылі нарабаваныя грошы і агледзелі рэчы - у нас было 15 долараў, 140 зл., 4 пярсцёнка, пара завушніц і лёгкае паліто, якое Пясецкі забраў, бо думаў, што нам будзе холадна. Потым я ў шапцы чыгуначніка пайшоў у Ліду, дзе купіў брытву, бутэльку гарэлкі, харчы... і ў дамоўленым месцы сустрэўся з Пясецкім, мы разам пад'елі, пасля чаго Пасяцкі пагаліўся... Вечарам мы пайшлі ў Ліду. У чыгуначнай касе я купіў білеты да Вільні, мы селі ў цягнік і без ніякіх перашкод даехалі да Вільні» [10].

Сяргей Пясецкі: «Закончыўшы, прыказаў Невяровічу рэзаць пастромкі ад вупражы каня... Пасля рабавання адышоў ад лоркі на 20 крокаў і падумаў, што падае дождж, холадна і яшчэ некалькі дзён мы будзем у дарозе, таму я вярнуўся і ў аднаго маладога яўрэя адабраў карычневае паліто, якое і зараз на мне. Калі я адбіраў паліто, дык рэвальвер нават не даставаў, паліто аддалі мне добраахвотна» [11].

Чаму Пясецкі з Вільні адмыслова едзе пад Ліду, каб здзейсніць рабунак? Мяркую, справа ў тым, што ён як жаўнер Літоўска-беларускай дывізіі ў 1919 і 1920 гадах ваяваў у гэтых лясах пад Лідай і добра ведаў мясцовасць.

Пасля рабунку Пясецкі і Невяровіч са здабычай вярнуліся ў Новую Вілейку да Булгакоўскай, але гаспадыні дома не было. Ключ ад кватэры знаходзіўся ва ўмоўленым месцы, а ў кватэры на стале сябры знайшлі запіску, з якой даведаліся, што гаспадыня паехала ў маёнтак пад Яшунамі да маці. Невяровіч адразу паехаў да каханкі, а Пясецкі, агледзеўшыся, не знайшоў сваю валізку і, галоўнае, сваю гітару. Застаўшыся ў кватэры адзін, пакрыўджаны Сяргей Пясецкі зрабіў ператрус і знайшоў дзённік Булгакоўскай, з якога шмат даведаўся пра «ракавую жанчыну»: у нейкага афіцэра яна скрала 200 злотых, потым разам з сяброўкай Янінай Ізмаіловіч скралі дарагі гарнітур. У 1925 годзе з нейкім таксістам абрабавала афіцэра на 800 злотых і г. д.

Невяровіч не знайшоў сваю каханку і, вярнуўшыся ў Вільню, адразу выпадкова сустрэў яе на вуліцы Кальварыйскай. Вера растлумачыла сваю адсутнасць тым, што бавіла час з афіцэрамі-лётчыкамі ў Лідзе. Пасля сур'ёзнай размовы з жанчынай гітара Пясецкага знайшлася ў некага з сяброў Булгакоўскай. Вяртанне гітары святкавалі дзвюма бутэлькамі гарэлкі.

Сябры ўжо зусім сабраліся ў Расію за алмазамі і таму арганізавалі развітальны вечар. Прыехала сяброўка Веры Яніна Ізмаіловіч. Вечар пачаўся дрэнна. Трохі выпіўшы, дзяўчаты пасварыліся з-за нейкага раней скрадзенага залатога гадзінніка. Да таго ж Невяровіч сказаў сваёй каханцы, што пасля Масквы ён да яе не вернецца. Па пакоі пачалі лётаць шклянкі, кніжкі, бутэлькі... [12]. Гулянка закончылася даносам на сяброў у паліцыю.

Віленскі даследчык Славамір Андрушкевіч знайшоў у Цэнтральным Архіве Літоўскай Рэспублікі справу супраць Сяргея Пясецкага і Антона Невяровіча. З яе бачна, што: «У ноч з 28 на 29 жніўня 1926 г. жыхарка горада Вільня Яна Ізмаіловіч заявіла ў Камісарыят паліцыі ў Новай Вілейцы, што ў яе сяброўкі Веры Булгакоўскай знаходзяцца дзве падазроныя асобы, якія маюць агнястрэльную зброю» [13].

Справа трапіла ў Віленскі ваенна-палявы суд, пасяджэнне якога адбылося 3 верасня ў Лідзе. Газета «Віленскі Дзённік» пісала ў рэпартажы з пасяджэння гэтага суда:

«Пад уплывам непрыемнай інфармацыі аб нападу, чакаў убачыць на лаве падсудных асобаў з выдатнымі характарыстыкамі па тэорыі Ламброза, але гэтыя знясіленыя маладыя людзі маюць слабавольныя твары людзей, здольных як да злых, так і да добрых учынкаў. Пясецкі вучыўся дзесьці ў гімназіі, нібыта скончыў больш за 7 класаў, у арміі атрымаў чын падхарунжага. Невяровіч скончыў 4 класы. Маладзейшы за Пясецкага, бачна, што ён цалкам пад уплывам Пясецкага. Вядуць сябе вельмі павольна, адносіны Пясецкага да Невяровіча рыцарскія: цвердзіў, што менавіта ён быў душой ўсіх дзеянняў. ... Абвінавачаныя карыстаюцца... спагадай прысутных у зале суда, сярод якіх шмат неўрастэнічных, кароткастрыжаных жанчынын.

Усе прызнаюць і сцвярджаюць, што да нападу іх штурхнула адсутнасць працы пасля звальнення з войска. Пасля здабычы грошай праз рабунак меліся з'ехаць за мяжу, каб пачаць там новае жыццё. У абвінаваўчым акце Пясецкі і Невяровіч абвінавачваліся ў тым, што ўзброеныя рэвальверамі напалі на пасажырскі вагон лініі Скрыбаўцы-Васілішкі, і зтэрарызаваўшы пасажыраў, адабралі грошы і каштоўнасці, пасля чаго схаваліся ў лесе. На судовых пасяджэннях стала вядома, што ў беднага чыноўніка, беднай жанчыны і фурмана, якія ехалі ў вагоне, з літасці грошаў не адабралі. Акрамя таго, абвінаваўчы акт сцвярджае пра напад і рабаванне Пясецкім яўрэяў з Астрыны. Паколькі абвінавачаныя прызналі сваю віну, таму сведкі на слуханнях не прынеслі нічога новага. Пасля выступу пракурора, які запатрабаваў смяротнага пакарання для абодвух падсудных, выступалі абаронцы: Хагемаер і Міссан. З-за ўжывання абвінавачанымі какаіну і іх псіха-нервовага стану абарона прасіла перанесці справу ў звычайны суд. Суд пайшоў на нараду, пасля чаго прыгаварыў Пясецкага і Невяровіча да смяротнага пакарання. Абодва вердыкт суда прынялі спакойна» [14].

У іншых рэгіёнах Польшчы рабаўнікі атрымалі б 4 ці 5 год турмы. Але Заходняя Беларусь знаходзілася ў ваенным стане, і таму ўзброеныя рабаўнікі аўтаматычна атрымалі вышэйшую меру пакарання. Абарона падала хадайніцтва пра памілаванне. Абодвух злачынцаў уратавалі былыя заслугі Пясецкага. Ужо на наступны дзень прыйшоў станоўчы адказ, польская выведка знайшла магчымасць падтрымаць свайго былога службоўца і прэзідэнт Польшчы змяніў смяротнае пакаранне на 15 год турмы. Антон Невяровіч памёр праз год пасля арышту ва ўзросце 28 гадоў. Яму прысвечана аповесць Пясецкага «Пяты этап» [15].

Цікава, што праз месяц пасля нападу Пясецкага на вагон вузкакалейкі невядомыя бандыты, узброеныя карабінамі, рэвальверамі і гранатамі каля станцыі Скрыбаўцы напалі на скоры цягнік Варшава - Ліда. Але цягнік спыніўся якраз на тым месцы, дзе на рэйках знаходзіўся ўзмоцнены нарад паліцыі, і бандыты ўцяклі ў лес [16]. Як бачым, Пясецкі ў той час не быў самым вялікім злодзеем у Заходняй Беларусі.

Спачатку Пясецкі адбываў кару ў лідскай турме, якая ў канцы 1925 года была адрамантавана і пра якую прэса пісала, што яна «можа задаволіць нават суровую інспекцыю» [17]. Але інспекцыю Пясецкага турма не прайшла. Асуджаны выведнік і перамытнік, убачыўшы дрэннае стаўленне да вязняў, крадёж і махлярства кіраўніцтва турмы, узняў бунт, пасля падаўлення якога, як лідар і падбухторшчык, тры месяцы насіў кайданкі. За далейшыя падбухторванні да бунту ён быў пераведзены з Лідскай турмы ў турму горада Равіч, што ў заходняй Польшчы. Але і тут ён пачаў рыхтаваць бунт вязняў і таму быў пераведзены ў турму горада Каранаў. Далей як лідар паўстання ў Каранове трапіў у турму з самым строгім у Польшчы на той час рэжымам - у Свенты Крыж. З усяго свайго турэмнага тэрміну Пясецкі два гады адбыў у ізалятары. На яго асабістай справе было напісана: «Небяспечны». Тым не менш, у турме Пясецкі пачаў чытаць Біблію і «Літаратурныя Ведамасці» (Wiadomości Literackie), толькі тут ён вывучыў літаратурную польскую мову, пачаў пісаць свае кнігі і праз гэта атрымаў агульную вядомасць [18]. Дарэчы, хутка кіраўніцтва Лідскай турмы адказала за свае цёмныя справы. Пры канцы сакавіка 1928 года былі арыштаваны намеснік начальніка турмы Мар'ян Бартноўскі і чыноўнік турэмнай адміністрацыі Альфонс Зямніцкі. Начальнік турмы Баляслаў Марэк застрэліўся ў хаце [19]. Газеты пісалі, што «следства сабрала вялікі матэрыял пра злоўжыванні Бартноўскага. Дапытваліся ўсе супрацоўнікі вязніцы... Арыштаваныя Бартноўскі і Зямніцкі пераведзены ў віленскія Лукішкі» [20].

Публікацыя першага ж рамана выклікала паспяховую кампанію за датэрміновае вызваленне хворага на сухоты пісьменніка. У 1937 годзе перад ім адчынілася турэмная брама - указам прэзідэнта Польшчы пасля 11 год турмы знакаміты пісьменнік быў памілаваны. Пасля прэзідэнцкай амністыі газета «Слова» пісала: «У верасні 1926 г. Пясецкі быў асуджаны на шматгадовае пакаранне за два узброеных рабункі. Суд прыгаварыў яго да смяротнага пакарання за два узброеных напады. Адзін з рабункаў адбыўся дзесьці на дарозе паміж Васілішкамі і Лідай. Ахвярай нападу стала група яўрэяў і сялянаў, якія ехалі коннай лоркай да Ліды (тут памылка, яны маглі ехаць лоркай да Скрыбаўцаў, а ужо адтуль сапраўднай чыгункай да Ліды. - Л. Л.). Суд прыгаварыў рабаўніка да смерці, але кара смерці прэзідэнтам была заменена на 15 год турмы... На следстве Пясецкі ва ўсім добраахвотна сазнаўся і сам паведаў пра яшчэ адзін папярэдні напад. І ў першым, і ў другім выпадку здабычай была дробная біжутэрыя і невялікія грошы. Матывы рабункаў? Пясецкі доўга заставаўся без працы, трэба было з чагосьці жыць, неяк утрымліваць сябе... А пачалося ўсё з заявы ў паліцыю ў Новай Вілейцы нейкай кабеты пра тое, што яе сяброўка хавае Пясецкага. Меў ён тады 27 гадоў» [21]. Насамрэч, газета «запамятавала» сваю ж ранейшую інфармацыю пра нарабаваныя дзясяткі тысяч злотых, што зразумела, бо трэба было растлумачыць грамадству прэзідэнцкую амністыю вядомага пісьменніка.

У 1938 годзе Сяргей Пясецкі нават быў намінаваны на літаратурную прэмію Нобеля.

Наш горад тым часам яшчэ стане месцам дзеянняў добрай трэці ягонай неверагодна трапнай сатырычнай кнігі «Запіскі афіцэра чырвонай Арміі». Увогуле, тэма Сяргея Пясецкага - добры рэсурс для развіцця турызму: горад Ліда стала фігуруе ў ягоных кнігах, захавалася і лідская турма, дзе ён пачынаў адбываць пакаранне. Цяпер у гэтым будынку месціцца друкарня. А ў некалькіх дзясятках метраў на поўдзень ад могілак пры вуліцы Гражыны (цяпер праспект Пераможцаў) у 1920-я знаходзілася неасвечанае месца, дзе хавалі самазабойцаў і асуджаных Лідскім ваенна-палявым судом да расстрэлу. Смертнікаў вялі пад канвоем праз увесь горад і расстрэльвалі ў пясчаным кар'еры. Трохі пазней асуджаных пачалі караць смерцю на тэрыторыі турмы [22]. І калі б Пясецкага не памілаваў польскі прэзідэнт, нікому не вядомы выведнік і кантрабандыст, які б так і не паспеў стаць пісьменнікам, знайшоў бы свой апошні спачын менавіта тут - каля старых Лідскіх могілак.



[1] Alwida A. Bajor, Sergiusz Piasecki wywiadowca, przemytnik, bandyta, pisarz... // Magazyn Wileński. № 8 - 2004. С. 36.

[2] niezalezna.pl/50815-bandyta-ktory-sie-stoczyl-do-poziomu-literata-niesamowita-historia-sergiusza-piaseckiego.

[3] Skorobocki Eugeniusz. Sprawa Sergiusza Piaseckiego w Komendzie Policji Państwowej powiatu lidzkiego // Magazyn Polski. № 3(32) - 2004. С. 57-58.

[4] Słowo № 202(1222) 31 sierpnia 1926.

[5] Там жа.

[6] Słowo № 204(1214) 2 września 1926.

[7] Słowo № 207(1217) 5 września 1926.

[8] Народная справа № 14, 4 верасня 1926.

[9] Лорка - так зваўся вузкакаляёвы вагон, які цягнуў конь.

[10] Skorobocki Eugeniusz. Sprawa Sergiusza Piaseckiego w Komendzie Policji Państwowej powiatu lidzkiego // Magazyn Polski. № 3(32) - 2004. С. 55.

[11] Там сама. С. 59.

[12] Alwida A. Bajor, Sergiusz Piasecki wywiadowca, przemytnik, bandyta, pisarz... // Magazyn Wileński. № 5 - 2004. С. 37.

[13] Andruszkiewicz Sławomir. Sergiusza Piaseckiego droga do «Wieży Babel». Nasz Czas pogon.lt/NCz_int/Literat18.html.

[14] Dziennik Wileński № 227, 7 września 1926.

[15] Гл: Сяргей Пясецкі. Пяты этап. Раман. Пераклад з польскай Язэпа Янушкевіча // Полымя. - 2010. - № 4. - С. 91.

[16] Słowo № 224(1234) 25 września 1926.

[17] Słowo № 45(1055) 25 lutego 1926.

[18] Polechoński K. Żywot człowieka uzbrojonego. Warszawa-Wrocław, 2000. S. 33-35.

[19] Kurjer Wilenski № 66(1113) 22 marca 1928.

[20] Kurjer Wilenski № 66(1113) 22 marca 1928.

[21] Słowo № 209(4773) 31 lipca 1937.

[22] Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 105.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX