Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Філамат Ануфры Петрашкевіч 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 09-10-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Філамат Ануфры Петрашкевіч // Лідскі Летапісец. 2018. № 3(83). С. 11-16.



Да 225-годдзя нараджэння

Ануфры Петрашкевіч нарадзіўся 14/26 верасня 1793 г. у фальварку Бурдзюкоўшчына, які належаў Эйсмантам і знаходзіўся на паўднёва-заходняй частцы Наваградскага павета каля вёскі Буйнавічы. Гэта фальварак як месца нараджэння падаў сам Петрашкевіч у анкеце, якую запоўніў, калі ўладкоўваўся на працу ў Люблінскую школу. Але найчасцей родным мястэчкам называў Шчучын, дзе жылі яго маці і сям'я.

Паходзіў з незаможнай шляхты, быў першым сынам Феліцыяна і Вікторыі з Жукоўскіх. Пра дзяцінства Ануфрыя мы ведаем няшмат, вядома, што меў братоў Фелікса, Юзафа, Ігната, Мікалая, Міхала і сёстраў Тарэзу і Кацярыну. Бацька Фелікс Петрашкевіч памёр каля 1801 г., і ўдава Вікторыя Петрашкевіч адна гадавала вялікае сямейства. Каля 1803 г. Ануфры Петрашкевіч пачаў вучобу ў Шчучынскай павятовай піярскай школе [1].

Піяры сваю першую школу ў Рэчы Паспалітай адкрылі ў 1642 г. у Варшаве. Піярскія калегіюмы ў ВКЛ з'явіліся пры канцы XVII ст. Сапраўдны росквіт гэтых устаноў наступіў у нас пасля заканчэння вынішчальнай Паўночнай вайны, пасля 1721 г., і ў 1736 г. утварылася асобная Літоўская правінцыя піяраў. Але яшчэ ў 1718 г. уладальнік Шчучына Ежы Юзафовіч-Глябніцкі зaпpacіў манахаў-піяраў, каб яны адкрылі школу. У 1726 г. Сойм пацвердзіў заснаванне ў Шчучыне калегіюма піяраў і ўсе фундацыі яму ад Юзафовіча-Глябіцкага і яго дачкі Тарэзы, якая пасля смерці бацькі апекавала калегіюм.

Для піяраў на Лідчыне вызначальнай стала апека магутнага сямейства Сцыпіёнаў дэль Кампа (лідскія старасты, з'явілася ў ВКЛ разам з каралевай Бонай у першай палове XVI ст.), дзякуючы ёй магла выжыць мясцовая фундацыя піярскага калегіюма. Сведчанняў прыхільнасці Сцыпіёнаў да літоўскіх піяраў шмат: жонка смаленскага кашталяна і лідскага старасты Яна Сцыпіёна Тарэза (з Юзафовічаў-Глябніцкіх) не толькі дала грошы шчучынскім піярам, але і рашуча падтрымлівала віленскіх піяраў у іх спрэчцы з езуітамі за права навучання ў Вільні. Сам Ян Сцыпіён запрасіў піяраў у Воранава (1735 г.), яго сын, надворны літоўскі маршалак Юзаф даверыў піярам адукацыю сваіх дзяцей, а ўнук, выхаванец Мацея Догеля - Ігнат Сцыпіён - у 1756 г. размясціў піяраў у горадзе Лідзе (перанёс калегіюм з Воранава). Трэба дадаць, што апека над Шчучынскім калегіюмам не скончылася ў канцы васемнаццатага стагоддзя і працягвалася аж да закрыцця школы пасля паўстання 1831 г. [2]

У піярскай школе Ануфры Петрашкевіч вывучаў лацінскую, французскую і нямецкую мовы, арыфметыку, фізіку і натуральную гісторыю, матэматыку (геаметрыя і алгебра), літаратуру, гісторыю, права, навуку маральнасці. Гэтыя ж прадметы ў гімназіі выкладаліся асобным настаўнікам, а ў павятовых школах, дзе было меней вучняў, яны дзяліліся на групы і адзін выкладчык выкладаў некалькі прадметаў. Усе 8 гімназій Віленскай адукацыйнай акругі былі свецкія, тады як павятовыя вучэльні ўтрымлівалі манаскія ордэны, і настаўнікамі былі манахі, якія самі часта не мелі ўніверсітэцкай адукацыі. Але гэтыя школы давалі добры ўзровень адукацыі і каштавалі значна меней, чым свецкія.

Пасля заканчэння павятовай вучэльні пачаў сваю педагагічную кар'еру, стаўшы ў 1812 г. гувернёрам у Дамейкаў. Захавалася працоўная дамова Петрашкевіча з Дамейкамі:

«За навучанне, нагляд і пільнаванне трох маіх пляменнікаў Адама, Ігната і Казіміра Дамейкаў, штогод, пачынаючы ад Св. Пятра 29 чэрвеня 1812 г., возьме квартамі заробак у пяцьсот злотых. ... Пан Петрашкевіч з свайго боку абяцае:

1. Ці падчас навучання, ці падчас прагулкі, ці дзе заўгодна, ні на крок не адступіць ад дзяцей, заўсёды будзе каля іх.

2. Якія б навукі не вывучаліся ў школе, васпан Перташкевіч на занятках дома будзе іх грунтоўна тлумачыць і асабліва французскую граматыку.

3. Акрамя мяне ці майго роднага брата ніхто не можа ўзяць дзяцей.

4. Акрамя навук ... даглядаць за здароўем: для гэтага штодня гуляць з імі ... наведваючы памёршага прачытаць над ім пацеры, бедным хай прызвычайваюцца даваць міласціну.

...

У Шчучыне, 1812 г., 2 чэрвеня, Ігнат Дамейка».


Невядома, як доўга Ануфры працаваў гувернёрам, але ягоныя вучні - маладыя Дамейкі - яго памяталі. Найбольш да маладога настаўніка прызвычаіўся Ігнат, з якім Петрашкевіч перапісваўся шмат гадоў.

У 1814 г. Петрашкевіч ужо жыве ў Вільні, але часта прыязджае ў Шчучын пагасцяваць.

З 1815 г. пачынае вучобу ў Віленскім універсітэце [3].

Пасля года навучання і інтэнсіўнай самападрыхтоўкі Ануфры здае экзамены на кандыдата філасофіі [4]. Разам з ім гэтую ступень атрымліваюць Ян Чачот і Тамаш Зан. Петрашкевіч хацеў працягваць вучобу ва ўніверсітэце, але кафедра філасофіі аказалася вакантнай, і Ануфры пачаў шукаць працу.

З 1818 г. наш зямляк пачынае працаваць у Радзівілаўскай камісіі. Вышэйшая радзівілаўская камісія (1814-1838 г.г.) [5] пасля смерці князя Дамініка займалася вывучэннем архіваў Радзівілаў і прыняцця пастановы аб канфіскацыі яго ўладанняў.

У 1819 г. Петрашкевіч на некалькі дзён прыязджае ў Варшаву, каб даведацца, ці можна у Варшаўскім універсітэце атрымаць ступень магістра.

Здаўшчы ў жніўні 1819 г. экзамены ў гэтым універсітэце, Петрашкевіч піша заяву з просьбай аб стыпендыі і выязджае ў Шчучын, а потым зноў у Вільню, каб працягнуць працу ў камісіі. У кастрычніку праходзіць ліст, у якім паведамляецца тое, што Петрашкевіч прыняты на вучобу і яму прызначана стыпендыя ў 100 талераў.

Аднак у Варшаве Ануфры вучыцца толькі ў 1820/21 акадэмічны год, а наступны, 1821/22 год, працуе ў школе ў Любліне [6].

Пры канцы ліпеня 1821 г. Петрашкевіч атрымлівае тытул магістра філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта, 24 ліпеня ён ужо ў Шчучыне і, адпачыўшы на радзіме, на пачатку верасня зноў едзе ў Варшаву, каб атрымаць месца настаўніка Люблінскай школы.

У Любліне малады магістр мусіў адпрацаваць варшаўскую стыпендыю. У той час гэта быў невялікі горад, але жыццё ў тут было даражэйшым, чым нават у Варшаве. 20 верасня Петрашкевіч атрымаў першы заробак 166 зл. (ф) 20 гр. і зняў кватэру за 12 дукатаў у цэнтры горада, у ўдавы пані Крэнпскай. Яе былы муж, адвакат Крэнпскі, узяў сабе жонку з кляштара, дзе яна адбыла пакаранне за блуд.

Гэты факт выклікаў жарты і досціпы:

- Дзе пасяліўся новы настаўнік? - спытаў рэктар школы.

- У Крэнпскай, - адказаў нехта.

- А, добрае сабе жытло падабраў!

І гэтак далей.


Петрашкевіч гэтак і не змог прызвычаіцца да новага горада, да галоснага звону касцёлаў, да стану яго вуліц, па якіх немагчыма было нават шпацыраваць (З 21 вуліцы горада выбрукаваны былі толькі 9).

Дорага каштаваў мундзір настаўніка, замест 16 у Варшаве тут прыйшлося заплаціць 24 злотыя.

Першапачаткова было вырашана, што малады настаўнік будзе выкладаць старажытную і сучасную геаграфію, натуральную гісторыю і лаціну ў першым класе. Але акрамя таго прыйшлося выкладаць каліграфію, старажытную і сучасную геаграфію ў 4 і 5 класе, фізіку ў 2, батаніку ў 5, гісторыю і заалогію з 1-га па 5-ты класы школы.

У цэлым ягоная педагагічнае дзейнасць у Люблінскай школе ацэньвалася добра, і Ануфры не меў сур'ёзных заўваг.

У рапарце ад 24 чэрвеня 1822 г. «Аб прафесарах і настаўніках Ваяводскай Люблінсккай школы за 1821/22 навучальны год» чытаем: «Здатны, пільны, працавіты настаўнік».

Аднак, чым болей Ануфры жыў у Любліне, тым больш расла ў ім туга па віленскай атмасферы сяброўскіх сустрэч, сумеснай сяброўскай дзейнасці. У выніку, напісаў заяву на імя рэктара з патрабаваннем узняць заробак ці звольніць яго з пасады і пры канцы ліпеня 1822 г. назаўсёды пакінуў Люблін [7].


З жніўня 1822 г. наш зямляк ізноў у Вільні. З гэтага моманту ён пачынае шчыра працаваць ў Таварыстве філаматаў. Стаў адным з заснавальнікаў Таварыства філарэтаў, распрацаваў структуру Таварыства прамяністых.

Ануфры Петрашкевіч, каля 1863.

Яшчэ ў 1817 г. Ануфры Петрашкевіч разам з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам быў адным са стваральнікаў тайнага Таварыства філаматаў (у перакладзе з грэчаскай мовы «аматараў ведаў»). У пачатку сваёй дзейнасці філаматы ставілі культурна-асветніцкія мэты, вывучалі культуру беларускага, літоўскага і польскага народаў, пазней была распрацавана праграма палітычнай барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Петрашкевіч з'яўляўся адным з самых актыўных дзеячаў Таварыства філаматаў. Да 1819 г. ён кіраваў 2-й секцыяй таварыства (навукі фізічныя, матэматычныя і медыцынскія), у ліпені-кастрычніку 1819 г. выконваў абавязкі намесніка, з 1819 г. да 2.10.1820 г. - сакратара філаматаў, апекаваў касу (26.6.1818 - 21.10.1820), бібліятэку (да 5.10.1820), архіў таварыства, арганізоўваў многія святочныя ўрачыстасці і цырымоніі, якім філаматы надавалі вялікае значэнне. У 1820 г. распрацаваў структуру Таварыства сяброў карыснай забавы («прамяністых») - легальнай патрыятычнай арганізацыі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, якой кіравалі філаматы. У сакавіку 1823 г. Петрашкевіч паставіў перад таварыствам пытанне аб утварэнні яшчэ адной арганізацыі - Патрыятычнага звяза, накіраванага супраць рускага царызму. Разам з Міхаілам Рукевічам на Лідчыне, у Шчучыне Петрашкевіч пачаў ствараць мясцовую тайную арганізацыю [8].

У той час Ануфры Петрашкевіч шмат пісаў. У сваёй паэтычнай творчасці таго часу Петрашкевіч свядома выкарыстоўваў матывы і вобразы вуснай паэзіі беларускага народа, яго звычаі і вераванні. Кастусь Цвірка лічыць паэта адным з першаадкрывальнікаў беларускага фальклору. Ужо ў першых вершах «Вёска», «Беспадстаўная скарга», «Роздум ля развалін замка Гедзімінава», якія былі надрукаваны ў «Віленскім штотыднёвіку» за 1817 год, адчувалася ўлюбёнасць аўтара ў свой край, яго народную творчасць і гісторыю [9].

Надышоў 1823 г., а з ім і віленскі неспакой - следства, арышты. Калі ў кастрычніку 1823 г. пачалося следства па справе філаматаў, Ануфры Петрашкевіч перадаў брату Міхалу (1826-1830) на захаванне архіў філаматаў з пратаколамі паседжанняў, вялікім ліставаннем філаматаў (1819-1823 гг., каля тысячы лістоў), трактаты, паэтычныя творы.

Арышту па справе філаматаў ён пазбег, але ў лістападзе 1824 г. быў высланы з Вільні ў Санкт-Пецярбург, куды выехаў 9 лістапада 1824 г.

Шмат хто з філаматаў знайшоў прытулак у Пецярбургу, але для Петрашкевіча гэты горад стаў толькі кароткім прыпынкам па дарозе ў ссылку. Наш зямляк прасіў месца навуковага супрацоўніка ў Маскоўскім універсітэце ці настаўніка ў Рышэльеўскім ліцэі. Просьба была задаволена, і жніўні 1825 г. ён пасяліўся ў Маскве ў пакоі пры вучэльні (адрас: Універсітэт, 4 паверх, № 15) і быў прыняты на пасаду ад'юнкта для працы ў бібліятэцы.

«Пераношу кніжкі і раскладваю іх паводле каталогу, шмат пылу ... але не магу наракаць на цяжкасць працы, бо ... я спатыкаючы надпісы «Bibliotheca Radziviliana Niesviensis» ... з дзіўнай радасцю вітаю сваіх землякоў ...», - пісаў Ануфры Петрашкевіч.

Праца пакідала месца для вольнага часу, і ён часта сустракаўся з сябрамі, у тым ліку і з Міцкевічам ці дапамагаў Зану ладзіць бібліятэку ў Арэнбургу.

Ануфры думаў, што ў гэтым горадзе давядзецца правесці ўсё жыццё і таму пачаў шукаць працу з больш высокім заробкам. З верасня 1826 г. Петрашкевіч стаў падінспектарам над вучнямі, якія вучыліся за грошы скарбу. З лістапада 1827 г. Петрашкевіч прыняты ў Маскоўскі педагагічны інстытут з заробкам ў 350 руб. Тады ж першы раз сур'ёзна захварэў. Медык Фердынанд Навіцкі сказаў яму: «Твой фізічны стан вызначаецца тваім маральным станам». Зразумела, што ссылка на чужыне маральны стан не паляпшала.

Побыт у Маскве паклаў пачатак супрацы з віленскім букіністам Фрыдэрыкам Морыцам. Букініст прысылаў яму кнігі для продажу ў Маскве: Вальтэра Скота, Купера і інш.

З красавіка па чэрвень 1828 г. Ануфры Петрашкевіч на працягу невялікага часу меў адпачынак на радзіме. Пабачыў маці, наведаў Шчучын, адведаў Дамейкаў у Мядзведцы і ў Заполлі пад Лідай. У лісце да сястры Тэрэзы пісаў: «Мой побыт на радзіме больш падобны на сон. Але прыходзіць хвіліна прабуджэння, і ўжо хутка трэба будзе зноў быць пахаваным на поўначы. Сёння выязджаю ў Бальценікі ... там думаю пабыць адзін дзень. З Бальценікаў паеду на Наваградчыну, Асташына не абміну...».

Вярнуўшыся ў Маскву, пісаў адтуль: «Прашу сябе ўявіць, як я сную па Маскве, пагружаны у свае думкі, штотыдзень выходжу на 10 вёрст за горад, каб падыхаць паветрам ... на паштовым тракце, які вядзе ў Літву». Але па гасцінцы ў Літву ехалі іншыя, а яму заставалася толькі туга [10].

У Маскве Петрашкевіч ліставаўся з былымі філаматамі, якіх пакаранне раскідала па ўсёй Расійскай імперыі. З Адэсы пісалі Адам Міцкевіч, Францішак Малеўскі, Юзаф Яжоўскі, з Пецярбурга - Тэадор Лазінскі, з Уфы - Ян Чачот, з Арэнбурга - Тамаш Зан, з Беларусі - Ігнат Дамейка, Станіслаў Казакевіч, Антоні Адынец. У Маскве Петрашкевіч працягваў выконваць абавязкі добраахвотнага архівіста Таварыства філаматаў. У 1826 г. ён дапамог Адаму Міцкевічу выдаць напісаныя ў Адэсе і Крыме «Санеты», меў намер выдаць томікі паэзіі Яна Чачота і Тамаша Зана [11].

Пры канцы 1830 г. у Маскве здарылася эпідэмія халеры.

Паўстанне 1830 г. узбудзіла сярод ссыльных патрыятызм. На пачатку 1831 г. у Маскве стварыліся два асяродкі: звяз Сунгурава і група студэнтаў і афіцэраў. Арганізацыя Сунгурава налічвала 9 чалавек, з якіх 7 былі звязаны з універсітэтам.

Заснавальнік Мікалай Сунгураў, шляхціц, выпускнік Маскоўскага ўніверсітэта. Як ні дзіўна, сябры яго звязу пачалі рыхтаваць у Маскве пераварот, бо мелі надзею на падтрымку Літоўскага корпуса, які ў той час дыслакаваўся ў Маскве. Петрашкевіч ведаў настроі землякоў, але да канца не вядома, у якой ступені ён прымаў удзел у звязе Сунгурава.

Улады даведаліся пра планы паўстанцаў. 19 чэрвеня наш зямляк быў арыштаваны. На ягонай кватэры зрабілі ператрус і сярод папер ссыльнага, знайшлі некалькі ананімных вершаў «антырасійскага» зместу. Гэтага хапіла, каб ваенны суд 17 лістапада 1831 г. прыгаварыў Ануфрыя Петрашкевіча да смяротнага пакарання (верагодна, гэта лічылася тым жа, што і пакаранне смерцю, але ў Сібіры былі патрэбны людзі). Потым вырак змянілі і адправілі на пасяленне ў Сібір з пазбаўленнем шляхецкага звання. Разам з іншымі ссыльнымі яму прыйшлося прайсці пешшу 3,5 тысячы кіламетраў да месца пасялення.

4 ліпеня 1832 г. Ануфры Петрашкевіч быў у Табольску. Тут ён жыў ажно да 1860 г. - да хвіліны, калі атрымаў дазвол вярнуцца дахаты.

Першапачаткова, пасля жахаў расейскай дарогі ў тысячы вёрст, у Табольску Ануфрыя ахапіла апатыя аднак побыт у гэтым горадзе не стаў часам роспачы. Вера дазволіла ператрываць самыя цяжкія хвіліны.

Пра яго шляхетнасць і моц характару пісала ў сваіх успамінах ад 2 чэрвеня 1839 г., заручоная з ім Ева Фялінская, маці Зыгмунта Шчэнснага, пазнейшага варшаўскага арцыбіскупа:

«... была сведкам, як Петрашкевіч, не маючы грошай, бо жыў выключна з сваёй працы, заціснуты цяжкасцямі жыцця, умеў аднак быць карысным людзям: парадай, паводзінамі, асабістымі паслугамі, і нарэшце, проста торбай прадуктаў. Жывая шляхетнасць, абмежаванне ўласных патрэб і гатоўнасць дапамагчы былі ягонымі адметнымі рысамі»

Гады жыцця ў цяжкім клімаце Сібіры прычыніліся да артрыту - хваробы, на якую ён пакутаваў. З 1839 г., пачалі ўзмацняцца і рэўматычныя болі.

Каб мець сталы даход, акрамя тых невялікіх грошай якія плаціла дзяржава, з кастрычніка 1832 г. Петрашкевіч пачаў даваць прыватныя ўрокі французскай мовы сыну і дачцэ рускага генерала. Але ў 1839 годзе яму забаранілі выкладанне.

Ануфры імкнуўся стварыць бібліятэку для ссыльных і падтрымліваў сувязь з сваім сябрам Міцкевічам, які тады жыў у Парыжы. Міцкевіч пісаў Ігнату Дамейку: «Петрашкевіч у Табольску - гэта бібліятэкар, ён пільна збірае нашы кнігі і брашуры».

У чэрвені 1833 г. нейкім Іванам Высоцкім улады былі праінфармаваны пра падрыхтоўку паўстання сярод ссыльных палякаў. Мэтай паўстання, як быццам, было заняцце Тары, Омска і Іркуцка, пасля чаго паўстанцы рушылі б у Азію [12].

Петрашкевіч павінен быў ведаць пра гэтыя планы. Але ці ўдзельнічаў ён у падрыхтоўцы паўстання - невядома. Царскія чыноўнікі ў Сібіры самі не жадалі розгаласу гэтай справы, бо баяліся, што іх абвінавацяць у адсутнасці пільнасці, і таму Петрашкевіч пазбег пакарання.

Жыццё яго ішло сваім нармальным ходам: хрэсьбіны, шлюбы, пахаванні - у натуральны спосаб адмяралі час. Быў адным з ініцыятараў пабудовы касцёла ў Табольску, для якога ў 1846 г. удалося купіць дрэва.

Далей справы рухаліся хутка: у жніўні 1847 г. касцёл быў вымураваны і накрыты бляхай. 10 лютага 1848 г. высвечаны, і адбылася першая імша. Ссыльныя прасілі ў магілёўскага арцыбіскупа прыслаць ксяндза настала.

8 верасня 1856 г. у Табольск прывезлі царскі маніфест, які рабіў вольнымі ўсіх сасланых з 1825 г. і вяртаў усе тытулы і прывілеі. Неабходная ссыльным Табольская бібліятэка, з кнігамі на польскай і французскай мовах, знаходзілася пад апекай Ануфрыя Петрашкевіча. Кнігі для выгнаннікаў дасылалі практычна ўсе сябры і родныя. Найбольш папулярнымі былі раманы Ігната Крашэўскага. Вялікай цікавасцю карысталіся кнігі па гісторыі Міхала Балінскага і вершы Міцкевіча.

Аднак, пасля 35 гадоў выгнання табольскі бібліятэкар вяртаўся ў Вільню.

Пры канцы чэрвеня 1860 г. Петрашкевіч пакінуў Табольск і прыехаў у Вільню ў канцы ліпеня. Маці і два браты - Ігнат і Міхал - ужо памерлі. Ануфры пісаў пра чужую для яго Вільню: «Усё тут змянілася, новае пакаленне мне чужое, блізкія майму сэрцу ці спяць у магілах ці ў эміграцыі».

Стары ссыльны пасяліўся ў доме брата Юзафа. На некалькі дзён выязджаў на вёску да родных. Апошнія гады жыцця пасвяціў упарадкаванню матэрыялаў архіва філаматаў, які захаваўся, дзякуючы яго старанням. Архіў захоўваўся на вёсцы ў брата Міхала, і Ануфры забраў яго да сябе ў Вільню. Шмат працаваў з гэтымі паперамі, але пад канец 1862 г. яго здароўе моцна пахіснулася.

У апошні год свайго жыцця пісаў Ігнату Дамейку:

«Толькі што сярод сяброў апошні раз вячэраў у Заполлі ... а ўжо ў палове чэрвеня 1831 г. сядзеў у сакрэтным пакоі жандарскіх кашараў, а ў лютым 1832 г. у поўкажушку, з воркам за плячамі вандраваў у Сібір на пасяленне. 4 ліпеня прыбыў у Табольск. Тут пракурор аб'явіў, што па загадзе генерал-губернатара Вільямава мяне пакідаюць у Табольску.

Тут сустрэў некалькі землякоў і графа Машынскага з Валыні, якія патрапілі сюды па справе 14 снежня. Іх вызвалі ў 1834 г., і яны пакінулі мне французскія кніжкі, а польскія перадалі касцёлу, якога яшчэ не было ў Табольску. Падалі просьбу дазволіць пабудаваць касцёл і ў 1848 г. атрымалі дазвол на малы драўляны касцёл і дом для ксендза, які прыязджаў з Томска ... .

Першыя гады сродкі, каб жыць атрымліваў, даючы ўрокі па 50 грошаў за гадзіну. Потым палітычным ссыльным забаранілі даваць урокі і на ўтрыманне прызначылі для кожнага 200 рублёў асігнацыямі. Прыйшоў 1841 г. ... - некаторыя з ссыльных атрымалі дазвол вярнуцца дахаты, а мне дазволілі паступіць на службу. Таму мусіў па 12 гадзін у дзень працаваць у бюро, 14 гадоў працаваў канцылярыстам. Зарабляў 900 рублёў у год асігнацыямі. Даслужыўся да губернскага сакратара і ў чэрвені 1860 г. развітаўся са службай. Як узнагароду атрымаў гадавую пенсію 42 руб. 45 кап. серабром ...».


Апошні год жыцця Петрашкевіч хварэў. Пагаршэнне стану наступіла ў снежні 1862 г. Памёр 25 лістапада 1863 г. [13]


З творчасці А. Петрашкевіча

РОЗДУМ КАЛЯ РУІНАЎ ЗАМКА ГЕДЗІМІНАВАГА

Упала цёмная заслона

Начына ціхія разлогі.

Пасе на пространі замгленай

Чароды зор пастух двухрогі.


Траву прывялую наўкола

Расяны ажыўляе холад.


Застылі дрэвы - нібы вежы

Вяршыні ўзнеслі да вышыняў.

Разносіць лёгкі ветрык свежы

Пах жыта, флексаў ды вяргіняў.


А ўнізе Вілія бруіцца,

Паміж кустамі серабрыцца.


Я на гару, што ў змроку тоне,

Іду, задуманы, паволі.

Даўней, да слаўнае Пагоні,

Што бараніла ад няволі,


Ліцвін вось тут любой парою

Ваўкоў ды тураў клаў стралою.


Калі ж сюды чужынец хцівы

Хадзіць пачаў з крывавым мечам,

І бой кіпеў штораз жахлівы,

Звінела тут за сечай сеча,


Тады між дрэў да хмараў самых

І вырас гэты думны замак.


Плылі стагоддзі. Пад гарою

Сталіца велічная ўстала.

Пры замку тым ліцвін са зброяй

Стаяў, выглядваў з-пад забрала.


Ішлі чужынцы. Безліч легла

Галоў іх перад гэтай цэглай.


Гербы, высокія штандары

Ды зброя замак аздаблялі.

Калі ж здалёк цяжкія хмары

Плылі, бой новы прадвяшчалі,


Зной ажывалі сцены тыя,

Блішчалі там шчыты стальныя.


Цяпер пад месяцам бязмоўным

Тут здань хіба ў кустоўі ходзіць,

І крык савы, адчаю поўны,

Жах на цябе і сум наводзіць.


Жывой душы між дзіўных ценяў

Тут не сустрэнеш - запусценне.


Як час усё наўкол мяняе!

Раку высушвае паволі,

Узгоркі страшныя раўняе,

Ператварае ў багну поле.


Часы прайшлі, і ўжо ў руінах

І грозны замак Гедыміна.


Калісь ваяк крыжацкіх стругі

Тут хвалі пенілі рачныя.

Край бачыў ворага кальчугі,

Яго гарматы агнявыя.


На крэпасць смерчам невядомым

Ляцеў агонь нястрымны з громам.


І пачынаўся бой няроўны.

Бясстрашна біліся ліцвіны.

Але агонь з бартоў раптоўны

Змятаў іх мужныя дружыны.


Пасля чужак нелітасцівы

Край пляжыў, нішчыў вёскі, нівы.


Ды той разбой, разгул, пажары,

Руіны вёсак, попел хатаў.

Па ўсім распальвалі амбары

Святую помсту, гнеў сарматаў.


І прысягалі сёлы - з краю

Гнаць крыжакоў, знішчаць іх зграю.


Вастрыў наш люд употай зброю

І, перакрыўшы плынь рачную,

Кідаўся трушчыць грамадою

Крыжацкіх суднаў немач злую.


У ход ішлі ў святым памкненні

Сякера, доўбня і паленне.


А потым меч ліцвіна грозны

З яго палёў, з усёй краіны,

Гнаў аж да полюс той марозны

Чужынцаў хіжыя дружыны -


Каб зноў ісці араць у поле,

Сваю шукаць у працы долю.


Прабеглі так вякі, як хвілі,

Ды люд, ад чужака свабодны,

Уладзе ўласнай, зброяй сіле

Дарма даверыў край свій родны.


Ён ад нягод, ад звад гняўлівых

Здабычай стаў суседзяў хцівых.


Лёг пад мяжу ліхой навалы

Вялікі мужны род славянаў.

Ды хоць па краі заняпалым

У кожным сэрцы ные рана,


Не згасне вера: продкаў слава

Нашчадкам будзе ззяць яскрава.


Ужо не ўбачыш тут нідзе ты

І следу гмахаў Ягелона.

Так час сатрэ мой замак гэты,

Схавае ўсе ў зямное лона,


Ды толькі сцерці немагчыма

Любові да цябе, Радзіма.

1817 г.

Пераклад з польскай мовы Кастуся Цвіркі.



[1] Cwenk Małgorzata. Onufry Pietraszkiewicz. Biografia zesłańca. Lublin, 2006. S. 27-29.

[2] Куркоўскі Яраслаў. Бернард Сыруць (Сіруць) (1731-1784). Варшава - Ліда, 2009. С. 14., 44.

[3] Cwenk Małgorzata. Onufry Pietraszkiewicz. S. 29-32.

[4] Кандыдат унiверсiтэта - першая акадэмiчная ступень. Яна (не варта блытаць з сучаснай навуковай ступенню кандыдата навук) прысвойвалася асобам, якiя закончылi з выдатнымi адзнакамi курс унiверсiтэта. Ступень кандыдата ўнiверсiтэта пры паступленнi на дзяржаўную службу давала права на чын 10-га класа - калежскi сакратар, што адпавядала армейскаму званню штабс-капiтана.

[5] Радзівілаўская камісія (маса), сфарміраваная загадам Аляксандра І ад 6 красавіка 1815 г., павінна была вырашыць пытанне з пазыкамі, якія засталіся пасля смерці князя Дамініка Радзівіла.

[6] Cwenk Małgorzata. Onufry Pietraszkiewicz. S. 33-38.

[7] Там жа. S. 67-92.

[8] Кашэта А.В. Петрашкеві Ануфрый // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. Мінск, 2001.

[9] Гл: Станкевіч С. Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі: ІІІ. Ян Чачот. IV. Ануфры Петрашкевіч і Тэадор Лазінскі // Спадчына. 1999. № 1. С. 79 - 135.

[10] Cwenk Małgorzata. Onufry Pietraszkiewicz. S. 42., 117-128.

[11] Кашэта А.В. Петрашкеві Ануфрый.

[12] Cwenk Małgorzata. Onufry Pietraszkiewicz. S. 42., 129-166.

[13] Там жа .С. 166-191.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX