Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Станіславу Судніку - 60 гадоў 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 24-09-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Станіславу Судніку - 60 гадоў // Лідская газета №107(12515) - 20 веоасня 2014.



Я вырашыў напісаць пра чалавека, якога ведаю з вясны 2000 г., калі ён пасля дэмабілізацыі з войска пасяліўся ў Лідзе. А чытаць пра яго ў беларускай прэсе мне прыходзілася з пачатку 1990-х гадоў: пра беларускую школу ў далёкім казахскім гарнізоне, пра беларускую газету там жа і г. д. Я лічу Станіслава сваім сябрам і вельмі цаню добрыя адносіны з гэтым чалавекам.

Магчыма, галоўнай рысай яго характару з'яўляецца неверагодная працаздольнасць. Ён рэдактар трох афіцыйна зарэгістраваных выданняў, але толькі тое, што ён аднаасобна кожны тыдзень выдае газету "Наша Слова", многага варта. Бо з першага нумара ў Лідзе, з 1 лістапада 1997 г., Станіслаў не мае адпачынку, не мае водпуску і кожную нядзелю робіць камп'ютарны макет газеты, кожны панядзелак уладжвае справы з друкарняй, а потым займаецца рассылкай газеты падпісчыкам. І так - ужо 17 год! А колькі яшчэ часу патрабуюць унікальны, верагодна, адзіны такі ў Беларусі краязнаўчы часопіс "Лідскі Летапісец" і літаратурны альманах "Ад Лідскіх муроў" - выданні, без якіх немагчыма ўявіць інтэлектуальнае жыццё нашага рэгіёна!

Суднік - вельмі адукаваны чалавек, чалавек кнігі, якімі ў яго абложана ўся кватэра. Але, рэкламуючы сваю газету, ён жартуе, што многа ведае, бо шмат гадоў вельмі ўважліва чытае адну газету - "Наша Слова".

Ён мае вельмі рэдкае сярод маіх знаёмых уменне знайсці агульную мову з рознымі людзьмі. Станіслаў заўжды шукае згоду, бо ведае, што дамова нашмат лепей за канфлікт. Пры яго шматлікіх кантактах гэта рыса характару гарантуе яму павагу і ўзаемаразуменне. Яго беларускасць выклікае цікаўнасць у абыякавых, павагу у ворагаў і жаданне дапамагчы ў сяброў.

Аб гэтым Станіслаў пісаў у сваіх мемуарах: "Беларуская мова мне дапамагала, яна мяне ахоўвала, вяла па жыцці, забяспечвала, калі хочаце, месца ў самых розных калектывах і нават кар'ерны рост".

Суднік - аўтар вялікай колькасці краязнаўчых артыкулаў пра Лідчыну, якая стала яго другой сапраўднай радзімай. Ён любіць горад, у якім жыве, і сваёй творчай працай, мерапрыемствамі, якія ён арганізуе, уносіць уклад у культурнае жыццё горада і рэгіёна. У той жа час, ён гадзінамі можа расказваць пра свае родныя Сейлавічы, што пад Нясвіжам, і збірае матэрыял для кнігі пра сваю малую радзіму.

Я жадаю Станіславу доўгіх гадоў жыцця, напоўненага стваральнай працай на ніве беларускай культуры, жадаю дачакацца праўнукаў і не хварэць.



23 верасня 2014 г. літаратурная вечарына ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы


Падчас вечарыны. Падчас вечарыны. Станіслаў Суднік з работнікамі бібліятэкі. Станіслаў Суднік з работнікамі бібліятэкі. Станіслаў Суднік з Леанідам Лаўрэшам.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX