Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Ніна Тарас 


Аўтар: Мікуліч Мікола,
Дадана: 30-12-2016,
Крыніца: Мікуліч Мікола. 'Мая ціхая песня дубраўная…'. Да 100-годдзя Ніны Тарас // Лідскі Летапісец 2(74)-2016. С. 20-25.



"МАЯ ЦІХАЯ ПЕСНЯ ДУБРАЎНАЯ…"

Да 100-годдзя Ніны Тарас

Ніна Міхайлаўна ТАРАС (15 траўня 1916, в. Заполле, цяпер Наваградскі раён Гарадзенскай вобласці - 12 снежня 2006) - беларуская пісьменніца. Сябра СП СССР з 1940 г.

Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Сапраўднае прозвішча - Жданук. У час Першай Сусветнай вайны дакументы былі згублены, і бацька Ніны (Міхаіл Адамавіч) у час перапісу жыхароў вёскі ўзяў сабе прозвішча Тарас, якое потым перадаў і сваім дзецям. Акрамя Ніны ў сям'і Жданукоў былі тры малодшыя сястры і брат.

Першую адукацыю Ніна Тарас атрымала ад бацькі. Калі пачала працаваць сельская школа, яна была залічана ў другі клас, які складаўся з трох вучняў. Навучанне было толькі на польскай мове.

Свой першы верш - "Пастушка" - яна напісала прыкладна ў трэцім класе. Верш трапіў да дырэктара школы, і ён, разам з бацькам Ніны Міхайлаўны, вырашыў паслаць яе вучыцца ў гімназію. Праз некаторы час пачала пісаць вершы на беларускай мове (галоўны чынам пра прыроду). Бацька падтрымліваў Ніну, яе літаратурныя пачынанні. І ў 1930 годзе Ніна, пасля здачы іспытаў, паступае ў трэці клас Наваградскай гімназіі. У тым жа годзе ўступае ў падпольную камсамольскую ячэйку.

У 1934 годзе гімназію закрылі, і Ніна вяртаецца да бацькоў. У той час матэрыяльнае становішча ў сям'і было вельмі дрэннае, але, нягледзячы на гэта, Ніна ўгаворвае бацькоў накіраваць яе на два гады ў Вільню - закончыць гімназію. Так Ніна Тарас апынулася ў Віленскай гімназіі, куды таксама пасля закрыцця Наваградскай гімназіі прыехалі яе сябры-наваградчане з розных класаў. Там жа пазнаёмілася з Максімам Танкам, які ў той час працаваў у рэдакцыі газеты Наша воля". Аднойчы Максім Танк папрасіў у яе верш для газеты "Наша воля". Так упершыню быў надрукаваны яе верш "Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш…"

У 1936 годзе пасля паспяховай здачы выпускнога іспыту Ніна вяртаецца дамоў, дзе ў дрэнным стане знаходзіцца яе сястра Марыся (туберкулёз лёгкіх). У той час матэрыяльныя сродкі ідуць на лячэнне сястры, таму пра паступленне ва ўніверсітэт не магло быць і размовы.

Восенню яна прымае рашэнне пакінуць назаўсёды родны дом, і другога верасня выязджае ў Вільню ў пошуках працы. Пасля доўгіх, безвыніковых пошукаў, звяртаецца ў Віленскае бюро працы. Першым месцам працы аказваюцца звычайныя парнікі ў раёне Звярынца, якія трэба было прыводзіць у парадак. У той жа час кватэра, у якой Ніна пражывала з сяброўкай, становіцца явачнай. Часта для сустрэч з падпольшчыкамі на явачную кватэру прыходзіў і Максім Танк. У той жа час (прыкладна 1935 год) Ніна рыхтуецца да паступлення на філалагічны факультэт (партыйная арганізацыя хацела паслаць яе вучыцца). Адначасова з падрыхтоўкай да паступлення піша і друкуе новыя вершы, пакуль існуюць газеты "Наша воля" і "Папросту".

Увесну 1937 года, пасля атрымання паведамлення ад бацькоў, Ніна вяртаецца дамоў каб наведаць сястру, якая адчувае сябе вельмі дрэнна. Прайшло лета, а восенню сястры Марыські не стала. У Вільні пачаліся арышты падпольшчыкаў, таму Ніне не ўдалося вярнуцца туды. Таксама не ўдалося і паступіць ва ўніверсітэт.

Летам 1938 года выходзіць замуж за Янка Федаровіча і пераязджае жыць да мужа ў Ліду, дзе ён меў свой домік.

"Чырвоную армію сустракала ў Лідзе. А праз нейкі час пайшла працаваць у лідскую газету "Уперад". Гэта была першая праца ў маім жыцці". "Пачалося новае, вольнае, поўнае захаплення жыццё. Новыя вершы, літаратурныя старонкі ў газеце. Праца грамадская - мяне выбіраюць дэпутатам Лідскага гарадскога савету; прымаюць у члены ВЛКСМ - ужо фармальна, па ўсіх правілах. Выступленні перад выбаршчыкамі, перад чытачамі", - пісала ў сваёй аўтабіяграфіі Ніна Тарас. У 1940 годзе выходзіць першы зборнік - "На ўсход ідучы".

Вялікую Айчынную вайну сустрэла ў Лідзе. У 1942-1944 гг. сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С.М. Кірава і партызанскага атрада імя Р.І. Катоўскага брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. У час вайны хата Ніны Міхайлаўны выкарыстоўвалася для явак партызан. Праз некаторы час хата згарэла, згарэлі і ўсе рукапісы, памятныя кнігі і іншыя каштоўныя ёй матэрыялы.

Зноў працавала ў райгазеце "Уперад" (1944-1945), была стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945-1946), літработнікам рэдакцыі газеты "Піянер Беларусі" (1951-1953), літкансультантам пры рэдакцыі газеты "Звязда" ў Менску.

У пасляваенныя гады друкавала зборнікі вершаў, пісала аповесці. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які так і не скончыла. Скончыла Вышэйшыя двухгадовыя курсы ў Маскве.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Аўтар зборнікаў вершаў "Суніцы" (1946), "Вершы" (1952), "Кветка шчасця" (выбранае, 1958), "Пад белым яварам" (выбранае, 1966), "У тапаліную замець" (вершы і паэма, 1976), "Праметэю прыйду пакланіцца" (1981), "Праз вятры-завеі" (выбранае, 1986). Напісала кніжкі паэзіі для дзяцей "Казкі пра абавязкі" (1955), "Наш бор" (1968).

Паасобныя вершы сталі папулярнымі песнямі ("Сонца за хмарамі ўранні…").

Перакладала з рускай, украінскай, польскай моў.

Пра яе як асобу, заходнебеларускую падпольшчыцу і паэтку вельмі цёпла выказваўся падчас нашых сустрэч і гутарак Максім Танк. "Ніна Тарас тады зарэкамендавала сябе з самага лепшага боку, - разважаў Яўген Іванавіч, напрыклад, 21 траўня 1993 года, маючы на ўвазе сярэдзіну 1930-х гадоў. - Гэта быў шчыры, надзейны, адданы справе нацыянальна-вызваленчай барацьбы таварыш, ну, і цікавая паэтэса…" [9]. Выразнай сімпатыяй і прыхільнасцю прасякнуты яго згадкі Н. Тарас у дзённікавых нататках, а таксама ў аўтабіяграфіі.

Словы М. Танка неаднойчы прыгадваліся мне пазней, калі, пазнаёміўшыся з самой паэткай, напоўніцу адчуў усю глыбіню яе чалавечай натуры, чароўную прывабнасць асобы. Ніна Міхайлаўна сцвярджала высокую культуру ўзаемаадносін, вызначалася падкрэсленай духоўна-маральнай ветласцю, шчырасцю і адкрытасцю стасункаў, лагоднай прыродай характару, душэўна-чалавечай прыязнасцю, чуйнасцю да чужога болю. Гэта была прыгожая сваёй сціпласцю і прастатой, тонкай, высакароднай душэўнай арганізацыі і вялікага сэрца жанчына, далікатная, ранімая, сарамлівая… Яна неяк амаль заўсёды і ва ўсім сумнявалася, ніколі ні на чым асабліва не настойвала, нікога ні ў чым не папракала.

Я заўсёды буду ўдзячны Ніне Міхайлаўне Тарас за тое, што яна адной з першых актыўна падтрымала маё імкненне заняцца вывучэннем заходнебеларускай паэзіі, дапамагла ўдакладніць шэраг важных навуковых аспектаў і фактаў з жыцця канкрэтных творчых асоб на самым пачатку складанай працы. "Тэма Вашага даследавання пра літаратуру былой Заходняй Беларусі мне вельмі імпануе, - падкрэслівала яна ў лісце да мяне ў Гародні ад 30 ліпеня 1993 года. - Вашы пісьмы абудзілі ў маёй душы самыя харошыя пачуцці. Прайшло больш, чым паўвека з тых далёкіх трыццатых гадоў, калі я знаходзілася ў Вільні і рабіла першыя свае крокі ў літаратуру. Не ўсё захавала памяць, многае ўяўляецца расплыўчатым, туманным, а многае - і зусім забылася. Але іменна той - віленскі - перыяд лічу самым светлым у маім жыцці. Там я ўпершыню адчула неабходнасць творчай працы, якая стала сэнсам майго жыцця. І там лёгка пісалася…

Ад усёй душы жадаю, каб той далёкі - гераічны - перыяд гісторыі развіцця заходнебеларускай паэзіі знайшоў дастойнае адлюстраванне на старонках Вашай даследчай працы.

З найбольшай прыхільнасцю - Ніна Тарас" [9].

Нарадзілася паэтэса 15 траўня 1916 года ў вёсцы Заполле Наваградскага павета Менскай губерні (цяпер Наваградскі раён Гарадзенскай вобласці) у беднай сялянскай сям'і. Вучылася ў польскай пачатковай школе, у Наваградскай (1930 - 1934) і Віленскай (1934 - 1936) беларускіх гімназіях.

З Вільняй і яе грамадска-культурным асяроддзем у асабістай і творчай біяграфіі Н. Тарас, сапраўды, вельмі многае звязана. Тут яна сустрэлася і пасябравала з цікавымі людзьмі, вялікімі патрыётамі Бацькаўшчыны, якія непасрэдна спрычыніліся да яе жыццёвага і літаратурнага лёсу - Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам, Міхасём Васільком, Валянцінам Таўлаем і інш., тут запачаткавала свой мастацка-творчы шлях, апублікаваўшы першыя вершы ў часопісах "Беларускі летапіс", "Шлях моладзі", газеце "Наша воля".

Мастацкі талент Ніны Тарас развіваўся ў рэчышчы лірыка-апавядальнай стылявой плыні заходне-беларускай паэзіі. Як вядома, да гэтай плыні належалі Гальяш Леўчык, Міхась Васілёк, Міхась Машара, Мікола Засім, Анатоль Іверс, Сяргей Крывец, Алесь Дубровіч і інш. Маладая паэтэса сцвярджала сябе, галоўным чынам, праз засяроджаны роздум над вострымі праблемамі і супярэчнасцямі грамадскага жыцця, самапаглыбленне, выяўленне драматызаванага, поўнага болю, суму і горычы, пачуцця. У яе характары светабачання і ладзе мыслення пераважалі працэсы душэўна-псіхалагічнага абжывання заходнебеларускай рэчаіснасці, суб'ектыўнага адчування і ўспрымання падзей і фактаў, тонкія лірычныя назіранні і ацэнкі. Нехта І.П. у сваёй рэцэнзіі на першы паэтычны зборнік Н.Тарас "На ўсход ідучы", які выйшаў пасля ўз'яднання Беларусі, у 1940 годзе, абгрунтавана адзначаў наступнае: "Вершы напісаны проста, у іх яшчэ няма спеласці і спрактыкаванасці майстра (гэта толькі першыя спробы пяра), але яны шчырыя, нават непасрэдныя, ідуць ад сэрца - у гэтым характэрная іх рыса. У іх няма ненатуральнага, у іх перажытае, бачанае, зведанае, балючае. Гэта азначае, што вершы з'явіліся ў выніку патрабаванняў самога жыцця, народжаны ім, напоўнены яго зместам" [3, с. 180]. З характарыстыкамі і заключэннямі І.П. шмат у чым пераклікаюцца словы заходнебеларускага літаратара і грамадска-культурнага дзеяча А. Чэмера (А. Анішчыка), які блізка ведаў паэтэсу, часта выступаў з ёю на літаратурна-мастацкіх імпрэзах. У лісце да аўтара артыкула ад 30 студзеня 2001 года ён разважаў: "Што мне падабалася ў творчасьці Ніны Тарас? Перш за ўсё гарманічнасьць яе паэзіі (форма, распрацаваная сусветнымі класікамі) - моцная рыфма, рытмічнасьць і яснасьць думкі, простай і мудрай. І шчырая, душэўная эмацыянальнасьць.

У яе ня было штучнасьці, дурнаватых хітраспляценьняў (напр., "хмары ў портках ці спадніцах"). І ні цені "напышлівасьці". Усё ясна, усё сьветла, усё рэальна і праўдзіва. Па прыкладу геніяльных паэтаў - Байрана, Шылера, Пушкіна, Лермантава ці Багдановіча і Купалы" [9].

Характарыстычныя і паказальныя назіранні і заключэнні на гэты конт знаходзім у сучасных даследчыкаў. "Сіла лірыкі Н. Тарас, - падкрэсліваў, да прыкладу, А. Лойка, - у душэўнай чысціні, у даверлівасці інтанацый, выяўленні душы тонкай, чалавечай, адкрытай, а таму шмат у чым безабароннай перад грубасцю і абыякавасцю. Лірычную гераіню паэтэсы лёгка параніць, бо яна - чуллівая, як мембрана, яна - імгненны рэзанатар, настроены на абвостранае перажыванне ўсяго, што дзесьці, камусьці баліць, пагражае, кагосьці зневажае і ганьбіць" [5, с. 4].

Н. Тарас адкрыта глядзела на знешні свет, пазнавала яго адвечныя таямніцы і загадкі, сумныя рэаліі і канкрэтыку праз усведамленне сваёй унутранай, душэўна-чалавечай повязі з ім, лучнасці з клопатамі і турботамі працоўнай масы, духоўна-маральнага сумоўя з прадстаўнікамі грамадска-патрыятычнага руху, прыналежнасці да ўсяго ходу сацыяльных змен і зрухаў і адказнасці за яго. У яе паэтычным малюнку, натуральна, прысутнічалі прадметы і аксесуары аб'ектыўнай рэчаіснасці, у прыватнасці, сялянскай жыццядзейнасці, але яны амаль заўсёды сумяшчаліся з тонкімі лірычнымі вобразамі, спалучаліся з пластычна-выяўленчымі паралелямі і асацыяцыямі, у якіх пераважалі цёплыя, мяккія, стрыманыя колеры і адценні:

Лёгка ўздыхнулі у полі вятры,

Сонца ясней узышло, як учора.

Жаўранак недзе у хмарах разліў

Звонкае гора.

За баразною ішоў аратай,

Ціха на коніка нукаў;

Можа, й не цяжка, а неяк спіна

Гнулася крукам.


Думаў пра хату, што хлеба няма -

Дзеткі абедаць паселі...

Маці на пальцах худых да жніва

Лічыць нядзелі.


Не сумавалі, здаецца, цяпер

За пустой міскай чацвёра...

Мо грэла сонца у вокны ясней,

Лепш, як учора. [7, с. 9]

("Вясна")

Відаць, менавіта гэтая акалічнасць дала падставы Н. Левіну, другому рэцэнзенту зборніка вершаў "На ўсход ідучы", пераканана заўважыць: "Ніна Тарас - "ціхая" паэтэса. Яна ўнікае гучных слоў і гаворыць нібы ўпаўголаса. Яе палітра ведае толькі напаўпрытушаныя, спакойныя фарбы" [4, с. 3].

Н. Тарас задумвалася над балючымі рэаліямі, задаўненымі супярэчнасцямі заходнебеларускай рэчаіснасці, асаблівасцямі складанага і беспрасветнага жыцця народа, сацыяльных нізоў грамадства, імкнулася вытлумачыць іх прычынную сутнасць і абумоўленасць, блізка да сэрца прымала людскую нядолю, чалавечыя беды і няшчасці. Яе лірычная гераіня востра адчувала дэфіцыт праўды і справядлівасці ў грамадстве, шчырасці і даверу, чуласці і спагады, гарманічных адносін паміж людзьмі, асуджала бяспраўе, здзек і прыніжэнне. Гэта добра відаць на прыкладзе вершаў "Вясна", "Замятае снегам", "На бруку", "За кудзеляй" і інш.

У вершы "Замятае снегам" паэтэса намалявала вобраз панурага, падбітага цяжкім шляхам і непасільным горам адзінокага падарожніка ў лапцях на нагах і з торбаю за плячыма, які "Праз вятры-завеі ды у свет ідзе". Яго выгналі з дому скрутныя жыццёвыя няўладзіцы, матэрыяльная нэндза, бясхлебіца і беспрасвецце. Лютуе пранізлівы вецер, настырна змяіцца снежная дуйка, нудны далягляд усцілае прыцмелыя навакольныя абшары ( "Замятае снегам знаныя дарогі, Ні агню, ні следу вокала нідзе..."), а ён, занядбаны непрыхільным лёсам і прыгнечаны цяжкімі думамі, цягавіта крочыць па бездарожжы, адольвае шлях ад адной вёскі да другой у пошуках хлеба і спагады, падтрымкі і надзеі.

Пракладаюць сцежку па сумётах лапці,

Пакідаюць лапці доўгія сляды...

Ці ж за хлебам лёгка па людзях цягацца?

Эх, жыццё, жыццё ты, цяжкія гады!..


Латае сярмягу неспакойны вецер

І над лёсам горкім плача у галлі,

Ды ізноў імчыцца па шырокім свеце

Праз палі глухія, снежныя палі.


Хіба там, у вёсцы, дзе сплялося гора,

Дзе дрыжыць ад сцюжы вечарам сям'я,

Вынесе батрачка лустачку з каморы,

Хоць вясной спаткае голад і сама. [7, с. 12-13]

У вершы "На бруку" прадметам увагі і лірычнага роздуму Н. Тарас з'явілася чалавечая трагедыя - ціхая, непрыкметная, маўклівая смерць у адным з цёмных гарадскіх завулкаў бяздомнай галоднай жанчыны. У ім паэтэса здолела стварыць зрокава наглядную, псіхалагічна насычаную, пераканаўчую і ўражлівую карціну.

Звяртаюць на сябе ўвагу дэталі гэтай карціны, несумненна, удала расстаўленыя маладой аўтаркай сэнсавыя і эмацыянальныя акцэнты. Позні асенні вечар ( "Хутка дзень заплюшчыў змораныя вочы..."), аселы змрок і раскінутыя "густыя цені на бруку", цяглы, золкі дождж, які "сцюдзёна шыбы, звонячы, палошча, Гасіць на прадмесці ліхтары, вітрыны", і парывісты, колкі вецер. "І жыло ў завулку нешта і дрыжэла..." Паэтэса праводзіць тонкую псіхалагічную паралель паміж станам прыроды і тым, што адбылося "Пад сырой сцяной" на халодным, мокрым бруку.

Атуліўшы дзіця хусткаю парванай,

Пад сырой сцяной галодная сядзела,

Галаву схіліла ніжай, як прад панам, -

Хіба, можа, болей есці не хацела.

І ніхто не бачыў, як яна сканала... [7, с. 13]

На першы погляд, шараговае здарэнне, прыватны выпадак з жыцця Заходняй Беларусі набыў пад пяром Н. Тарас адметную сімвалічную афарбоўку, рысы сацыяльнай заканамернасці і тыповасці, стаўся матэрыялам для роздуму паэтэсы адносна чалавечай долі ва ўмовах грамадства, заснаванага на несправядлівасці і прыніжэнні. Досыць шматзначна і ў той жа час характарыстычна гучаць заключныя радкі верша:

"Ды нашто галодным заглядаць у вочы?!

Толькі доўга вецер па глухіх кварталах

Скавытаў асенняй неспакойнай ноччу"

[7, с. 13].

Трэба сказаць, Н. Тарас здолела адчуць і раскрыць тыя зрухі, якія адбываліся ў свядомасці народных мас, асаблівасці рэвалюцыянізацыі працоўнага асяроддзя. У яе лепшых вершах знайшлі сваё выяўленне маўклівае непрыманне і асуджэнне героем негатыўных працэсаў з жыцця Заходняй Беларусі і яго адкрытая перасцярога, папярэджанне сваіх апанентаў, цягавітае цярпенне, прытоенае супрацьстаянне палітыцы сацыяльнага і нацыянальнага ўціску і пратэст, вера ў непазбежны надыход якасных пазітыўных змен і пераўтварэнняў. Р. Бярозкін, выдатны знаўца паэтаў і паэзіі, несумненна, меў рацыю, калі адзначаў: "Вуснамі М. Танка альбо П. Пестрака гаварыў актыўны змагар, рэвалюцыянер-прафесіянал, той, хто вёў за сабой народныя масы. Творчасць жа такіх паэтаў, як Ніна Тарас, адлюстравала працэс равалюцыянізацыі, які адбываўся ў заходнебеларускай вёсцы, у свядомасці тых, каго вялі за сабой камуністы. Тое, што Ніне Тарас удалося па-свойму, з вялікім адчуваннем жыццёвай праўды, перадаць найбольш характэрныя бакі гэтага працэсу, ды яшчэ ў спецыфічна-жаночым яго праламленні, робіць яе паэзію з'явай цікавай і знамянальнай ва ўсіх адносінах" [2, с. 30].

Думаецца, выяўленне гэтага працэсу шмат у чым было абумоўлена і той акалічнасцю, што паэтэса знаходзілася пад моцным уплывам асобы і творчых пошукаў М. Танка, што непасрэдна адбілася як на змесце, тэматыцы і праблематыцы яе вершаў, так і на іх форме, мастацка-стылявых асаблівасцях.

Лірычная гераіня верша "Ужо зіма" імкнецца знайсці сябе як асобу, усвядоміць сваё прыроднае, лёсаноснае наканаванне, жыццёвую місію, задумваецца над сваім месцам і роляю ў чалавечай супольнасці, грамадскіх варунках. Ёй сняцца "шляхі нязнаныя Праз межы, вузкія палі" [7, с. 16]. Яна глядзіць наперад, марыць аб шчаслівым будучым, прыгадваючы нядаўняе мінулае, свае родныя ваколіцы і ўсё, звязанае з імі: крынічку, якая "ўецца на лугу", "вербы ў ціхай лёгкай просіні", што навяваюць "светлую тугу", у водгуках звонкай без слоў песні вёску... Яна вяртаецца да бацькоўскай хаты, матчынага парога, вандруе знаёмымі юнацкімі сцежкамі, паэтызуе блізкія і дарагія сэрцу мясціны і краявіды. Усё гэта, натуральна, з'яўляецца крыніцай яе ўражанняў і перажыванняў, пакут і роздуму, назаўсёды стала часцінкай яе душы і яе самой.

Цяпер зіма... І шлях замецены

Не раз снягамі уначы...

Сумуе маці недзе вечарам,

Кудзелю тонка прадучы,

А прада мною зноў нязнаныя

Дарогі, вузкія палі.

Хоць позна ўжо, і, ветрам гнаныя,

Далёка хмары адплылі. [7, с. 17]

У большасці вершаў Н. Тарас 1930-х гадоў традыцыйная для беларускай паэзіі апавядальная аснова выглядае прыкметна паслабленай, сюжэтная лінія (калі яна ёсць) пакідае адчуванне прыглушанасці, як бы недавыяўленасці, вытрымана ў сваіх контурных абрысах. Вядучае ж месца ў іх займае лірычны пачатак з медытатыўным адценнем, гэтак званы працэс паглыблення ў сферу свядомага, трывожлівая развага аўтаркі, як у наступных радках:

Эх, мая доля, доля дзяўчыны, -

Цяжка застацца адной!..

Помню, любіла, казаў: "Не пакіну..."

Арыштавалі вясной.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Жала я жыта летам у полі,

А пасярод каласоў

Блытаўся вецер у сінім прыволлі -

Мілы ка мне не прыйшоў… [7, с. 14]

("За кудзеляй")

Так, у паэзіі Н. Тарас мы не сустрэнем той канкрэтыкі прадметна-рэчыўнага мыслення, характэрнай фактурнасці і дэталізацыі вобразна-метафарычнага выяўлення і раскрыцця жыццёвых працэсаў, часам ролевага пераўвасаблення героя, якія вызначалі, напрыклад, мастацкае пісьмо М. Засіма, некаторых іншых аўтараў. Яна была досыць далёкая ад распаўсюджанай і папулярнай у Заходняй Беларусі, асабліва ў насычаныя важнымі грамадскімі зменамі, сацыяльнымі ўзрушэннямі 1920-я гады, эталагічнай, публіцыстычна-заклікавай, часам псеўдааптымістычнай лірыкі. У аснове яе зместу палягаў не расказ пра пэўныя падзеі і факты, а выяўлялася маналагічная споведзь аўтаркі, поўная ўсведамлення складанасці і драматызму часу, душэўнай трывогі, суму і шкадавання, прадчування новых нягод і выпрабаванняў, а таксама страт. Гэта была паэзія не характэрнага адмабілізавана-эталагічнага сцвярджэння і вываду, а працэсу, развіцця, аналізу, пошуку праўды і ісціны, ідэалу, не дыдактычнага павучання, а выхавання праз довад, перакананне, раскрыццё складанага свету душэўна-псіхалагічных перажыванняў. Дадзеныя асаблівасці знойдуць сваё далейшае развіццё ў творчасці Н. Тарас савецкага перыяду. Праз многія гады, характарызуючы зборнік вершаў паэтэсы "У тапаліную замець" (1976), П. Пестрак у лісце да яе адзначыць наступнае: "Здаровае думанне і пачуццё. Ясная, паэтычная акрэсленасць думак і вобразаў. У пабудове вобразаў моцна праяўляецца адчувальнасць аўтара "сваіх" жыццёвых абставін, пад уплывам якіх аўтар і вядзе-выкладае задуму свайго сюжэту, вядзе роўна, упэўнена, з харошым пачуццём меры, ад чаго і плыве ўвесь паэтычны, ураўнаважаны, цёплы сказ творчай плыні" [8, арк. 2].

Варта заўважыць, што творчасці Н. Тарас 1930-х гадоў была ўласціва прыкметная праблемна-тэматычная абмежаванасць; лірычнай гераіні паэтэсы не ставала цэльнасці характару, яе вызначала пэўная расслабленасць у раскрыцці душэўна-псіхалагічных перажыванняў. Гаворачы пра вершы Н. Тарас "Вясна", "Яшчэ, веру...", "Замятае снегам" і "На бруку", якія з'яўляюцца лепшымі ў яе творчасці 1930-х гадоў, У. Анісковіч, услед за іншымі крытыкамі і літаратуразнаўцамі, падкрэсліваў, што іх індывідуальна-аўтарская адметнасць у мастацкім выяўленні рэчаіснасці, "эстэтычнае ўздзеянне" на чытача паслаблены "рыторыкай, апісальніцтвам, дэкларатыўнасцю, часам і няўменнем арганізаваць настроі, уражанні адной вобразнай думкай" [1, с. 3].

У гады вайны Н. Тарас становіцца актыўным удзельнікам барацьбы з ворагам, з'яўляецца сувязной партызанскіх брыгад імя С. Кірава і Ф. Дзяржынскага. З 1945 года жыве ў Менску, працуе стыльрэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, выдае зборнік "Суніцы" (1946), які склалі вершы ваеннага тэматычнага пласта. Яны характарызуюцца значнасцю ідэйнага зместу, арыгінальнасцю назіранняў, непасрэднасцю аўтарскага пачуцця. Глыбокім смуткам поўніцца, напрыклад, верш "Суніцы", пабудаваны па прынцыпе кантраснага супрацьпастаўлення пластычных малюнкаў даваеннай і ваеннай рэчаіснасці. На фоне мірнага жыцця і стваральнай працы людзей падкрэслена дысанансна гучаць наступныя характарыстыч-ныя радкі:

"Тырчаць балюча коміны руінаў,

Разносіць вецер попел па траве…" [7, с. 30].

У 1950-я гады Ніна Тарас працуе ў газеце "Піянер Беларусі", літкансультантам рэдакцыі газеты "Звязда". У 1957 годзе заканчвае вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У пасляваенны час выйшлі наступныя яе кнігі: "Вершы" (1952), "Кветка шчасця" (выбранае, 1958), "Пад белым яварам" (выбранае, 1966), "У тапаліную замець" (вершы і паэма, 1976), "Праметэю прыйду пакланіцца" (1981), "Праз вятры-завеі" (выбранае, 1986). Выдала кніжкі для дзяцей "Казкі пра абавязкі" (1955), "Наш бор" (1968). У 1960-1980-я гады істотна пашыраюцца ідэйна-тэматычныя абсягі творчасці паэтэсы. Адзначаныя кнігі засведчылі не толькі адлюстраванне праблем сучаснага грамадска-сацыяльнага жыцця, мірных працоўных клопатаў беларуса ("Знаю, дзень гэты пройдзе", "Я ў захапленні на палі гляджу…", "Заўжды мы марым аб нечым узнёслым…"), але і зварот да драматычна-трагічных старонак заходнебеларускага мінулага, героікі рэвалюцыйнага падполля, вогненнай памяці ваеннага ліхалецця ("Як жа маглі б мы жыць без надзеі…", "Памяці Валянціна Таўлая", "Ельнік вясняны пахне смалою…", "Фіялкі", "Ля абеліска"). У паэзіі Н. Тарас у добрай згодзе суседнічаюць вершы пра высокую красу роднай зямлі, вёску, дарагі і любы сэрцу бацькоўскі кут, прыродаапісальныя замалёўкі ("Елачкі", "Ад спёкі, што цэлы паліла дзень…", "Яшчэ пад Мінскам белыя сумёты…"), багатая на матывы і эмоцыі любоўная лірыка ("Рамонкі", "Мы з мілым размінуліся", "Адчуваю з днём кожным: усё ад цябе адыходжу…"), а таксама творы на тэму паэта і паэзіі, прысвечаныя таямніцам мастацка-творчага акту ("Мая ціхая песня дубраўная…", "Слова пра слова", "Вершы, бы дзеці, нараджаюцца ў муках…"). Але, галоўнае, у творчасці паэтэсы прыкметна ўзрастае вага духоўна-гуманістычнага пачатку, паглыбляецца асабовасць ідэйна-эстэтычнага дыскурсу, узмацняецца шматмернасць аўтарскай думкі, сінтэтычнасць перажывання, давер да усёй парадыгмы ўнутранага свету асобы, багатага вопыту перажытага і інш. ("Вёскі родныя", "У белай палаце", "Мая дарога"). Н. Тарас актыўна ступае на шлях самапазнання, імкнецца вызначыць аснаватворны змест з'яў і падзей. Яна асэнсоўвае працэсы грамадскай рэчаіснасці ў цеснай спалучанасці бягучых актуалій паўсядзённасці і гістарычнага мінулага, у іх суаднесенасці з унутраным самаадчуваннем лірычнай гераіні:

Бывае так, што нешта ўскалыхнецца

Ў душы тваёй, і ўжо на ўсе лады

Тут песня нечаканая пальецца,

Нібы струмень гаючае вады.


І месца ёй у сэрцы не стае -

На волю рвецца ў сінія прасторы…

Глядзіш, і падхапілі ўжо яе

аліны неабсяжныя і горы. [7, с. 90]

Лепшыя вершы Н.Тарас гэтага часу сведчаць пра актыўнае духоўна-сацыяльнае жыццё паэтэсы і ўтвараюць характэрную ідэйна-эстэтычную цэласнасць. Перад намі асоба, якая прайшла доўгімі шляхамі-дарогамі нягод і выпрабаванняў і ведае цану сапраўдным каштоўнасцям чалавечага жыцця.

"Ростань мяне навучыла зараз

Цаніць усё роднае і дарагое",

сцвярджае Н. Тарас у вершы "Ці помніш белыя ў лесе канваліі?" [7, с. 72]. А гэта - з верша "Помнік культуры":

"Мне цяжка было б без птушынага звону,

Без летніх наднёманскіх подыхаў свежых…"

[7, с. 83].

Філасофска-медытатыўны, аналітычны пачатак дамінуе ў вершы Н. Тарас "Мой белы свет, на луг сцяжынка тая…" Лірычная гераіня паэтэсы робіць своеасаблівы вертыкальны зрэз свайго нялёгкага жыццёвага лёсу, апелюе да мілых і дарагіх аксесуараў дзяцінства, звязаных з вясковым прыволлем, чароўнай красой бацькоўскай зямлі:

Мой белы свет, на луг сцяжынка тая,

І сажалка, і ў квецці сенажаць…

Лілея ціха-ціха дацвітае,

Таўкачыкі у завадзі дрыжаць.


Сяброўка мілая, лілея, прыгарніся,

Схілі свае пялёсткі пад рукой.

Маё дзяцінства, да мяне вярніся.

З рамонкамі, вянкамі васількоў.

[7, с. 92 - 93]

Звяртае на сябе ўвагу маральная чысціня перажывання: мяккая душэўнасць, летуценнасць пераплятаюцца тут з унутранай дабратой і даверлівасцю споведзі. У свядомасці паэтэсы паўстаюць стрыжнявыя этапы асабістай біяграфіі, жыццёвага шляху:

Няхай панікне дзесьці там, удалі,

Мінулы шлях, нібы ў забытым сне,

І той, з кім лёсу разлучылі хвалі,

Праз далячынь гадоў хай не кляне;


Прабачыць мне за тое, што не з поўным

Жыццёвую дарогу перайшла

І не пакінула яму хвілін чароўных,

Ні кропелькі душэўнага цяпла. [7, с. 93]

Паэтэса гаворыць даходліва, вобразна-выразна, па-мастацку пераканаўча. Мы тут бачым і радасць, і дакор, і шкадаванне… Праявы часовага, хуткацечнага арганічна кладуцца ў агульнае рэчышча вечнага, анталагічнага. Рэалізуючыся праз матыў асацыятыўнай памяці, лірычная эмоцыя заключае ў сабе адзнакі напружанага духоўна-філасофскага роздуму і сацыяльна-маральнага пошуку лірычнай гераіні. Верш у цэлым прасякнуты элегічна светлай танальнасцю:

Сама нічога не ўзяла з сабою,

Як толькі гэтую нябёсаў сінь

І толькі шлях нязнаны ўдалячынь,

Ды песню, што заўжды была са мною.

[7, с. 93]

Даволі разнастайная паэзія Н. Тарас у стылёва-выяўленчым плане. Мы заўважаем у ёй і грамадзянскі маналог, і філасофскую медытацыю, і горкую споведзь, і лірычную імпрэсію, і проста верш-замалёўку з нагоды.

У артыкуле з нагоды 50-годдзя паэтэсы пад характэрнай назвай "Жніво" Е. Лось падкрэслівала: "Вершам Ніны Тарас уласцівы лагодны "жаноцкі" лірызм, настраёвасць, шчырасць. Паэтэса нібы знарок пазбягае эфектных словатвораў, гучных рыфмаў і рытмаў. Яна нібы хоча даказаць, што і ціха сказанае паэтычнае слова мэты дасягне" [6, с. 4]. Так, творчасць Ніны Тарас сцішаная, пяшчотная, задушэўная. Яна някідкая як па сваім ідэйным пафасе, праблемна-тэматычным змесце, так і ў паэтыка-стылявым плане. Не прэтэндуючы на вырашэнне нейкіх глабальных тэм і праблем, лірыка паэтэсы займае даволі сціплае месца ў гістарычна-літаратурным працэсе Беларусі пасляваеннага перыяду - "як валошка ў сінім вяночку, кропля светлая ў ручаёчку". Дарэчы, гэта добра ўсведамляла і сама Н. Тарас, пра што сведчаць наступныя радкі яе вядомага верша:

Не думаю пра ямбы і харэі

І націскаў на пальцах не лічу,

І рыфмай самай моднай не хварэю,

І наўздагон за славай не лячу.


А прагну ўсё ж, каб мой напеў нягучны

Хаця б малой крынічкаю звінеў,

Сярод лугоў, сярод травы гаючай

Струменем чыстым булькатаў на дне.

Каб кожны, хто жадае тут напіцца,

Сумеў хоць трохі смагу наталіць

І каб адчуў, што б'ецца ў той крыніцы

І боль, і радасць роднае зямлі. [7, с. 144 - 145]

Адметнай летуценнасцю светаўспрыняцця, тонкай пачуццёвасцю, пяшчотнасцю лірычнага мыслення прасякнуты многія мастацка-вобразныя структуры паэтэсы:

"Сабралі мы пшаніцу ў добры час -

Зярняты на далоні, быццам зоры"

("Я ў захапленні на палі гляджу…"),

"Летам звонка шпакамі пяе

Груша кожная, кожны клён"

("Вёскі родныя"),

"Елачкі ў снезе, бы ў танцы дзяўчынкі, застылі"

("Елачкі") і інш.

Памерла Ніна Тарас 12 снежня 2006 года, пражыўшы вялікае, насычанае значнымі падзеямі і пераўтварэннямі жыццё. Лепшыя вершы паэтэсы сцвярджаюць высокія прынцыпы дзейнасці асобы і вызначаюцца чысцінёй духоўна-маральных ідэалаў і памкненняў гераіні, святлом гуманізму, мужнай спавядальнасцю, глыбінёй лірычнага роздуму, звернутасцю да адкрытага грамадзянскага раскрыцця думак і пачуццяў. Яны кранаюць і запамінаюцца цеплынёй і шчырасцю ў паэтызацыі Бацькаўшчыны, тонкім пранікненнем у філасофію жыцця сучасніка, адметным асэнсаваннем вечных праблем, пластычнай выяўленчасцю прыродных малюнкаў.

Спіс літаратуры:

1. Анісковіч, У. Плён гадоў / У. Анісковіч // ЛіМ. - 1967. - 12 мая. - С. 3. - Рэц. на зб.: Тарас, Н. Пад белым яварам: выбр. вершы / Н. Тарас. - Мінск: Беларусь, 1966. - 247 с.

2. Бярозкін, Р. "Кветка шчасця" / Р. Бярозкін // Беларусь. - 1959. - № 7. - С. 30. - Рэц. на зб.: Тарас, Н. Кветка шчасця: выбр. вершы / Н. Тарас. - Мінск: Дзярж-выд БССР, 1958. - 180 с.

3. І.П. [Рэцэнзія] / І.П. // Полымя рэволюцыі. - 1941. - № 1. - С. 180-181. - Рэц. на зб.: Тарас, Н. На ўсход ідучы... (вершы) / Н. Тарас. - Мінск: Дзярж. выд-ва пры СНК БССР, 1940. - 43 с.

4. Левін, Н. Вера ў жыццё / Н. Левін // ЛіМ. - 1940. - 14 вер. - С. 3. - Рэц. на зб.: Тарас, Н. На ўсход ідучы... (вершы) / Н. Тарас. - Мінск: Дзярж. выд-ва пры СНК БССР, 1940. - 43 с.

5. Лойка, А. Шчырая песня / А. Лойка // Тарас, Н. Праз вятры-завеі: вершы / Н. Тарас. - Мінск: Маст. літ., 1986. - С. 3 - 6.

6. Лось, Е. Жніво / Е. Лось // ЛіМ. - 1966. - 20 мая. - С. 4.

7. Тарас, Н. Праз вятры-завеі: вершы / Н. Тарас. - Мінск: Маст. літ., 1986. - 176 с.

8. ЦНБ НАН Беларусі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў. - Фонд 33. - Воп. 1. - Адз. зах. 414. Кароткія заўвагі на вершы Тарас Н., якія ўвайшлі ў зборнік "У тапаліную замець" / П. Пестрак.

9. Цыт. па матэрыялах, якія захоўваюцца ў аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX