Вярнуцца: Таўлай Валянцін

Этапы жыццёвых дарог змагара


Аўтар: Каладзяжная Анастасія,
Дадана: 27-02-2014,
Крыніца: Ліда, 2014.

Спампаваць




Дзяржаўная ўстанова "Лідскі гісторыка-мастацкі музей"

ЭТАПЫ ЖЫЦЦЁВЫХ ДАРОГ
З М А Г А Р А

Анастасія Каладзяжная

Ліда, 2014

Аўтар выказвае ўдзячнасць
супрацоўніку музея Алесю Хітруну
за шчырую дапамогу па збіранню
матэрыяла аб жыцці і дзейнасці
вялікага паэта і змагара
Валянціна Таўлая
Знаю - нялёгка ў закутай краіне
выламаць краты і знішчыць астрог.
Толькі каб дзецям сваім не пакінуць
торбаў жабрачных, этапных дарог.
Максім Танк, 1937 г.

(Да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Паўлавіча Таўлая)


Змест

Ад легендаў да гісторыі

Дзяцінства паэта і змагара

Віленская гімназія

Грамадская дзейнасць на свабодзе

У Лукішках

Вераснёўскія падзеі 1939 г. у лёсе В.Таўлая

Праца ў рэдакцыі газеты "Уперад"

Янка Купала ў Лідзе

Вялікая Айчынная вайна і Валянцін Таўлай

Знаёмства з будучай жонкай

Падпольнае жыццё

Праца ў гміне ў Наваградку

Яго, бандыта на прыцэл вазьмі!..

Аб маіх вершах

Праца ў Беларускай самапомачы

Арышт сям'і Таўлаяў

ІІ Усебеларускі кангрэс і Валянцін Таўлай

Вызваленне 1944 года

Для ўспаміну сястрычцы Ніне

Творчы шлях

Ушанаванне памяці Валянціна Таўлая

Л і т а р а т у р а:

Т в о р ы :

Аб жыцці і творчасці паэта:

Артыкулы:

Бібліяграфія:


Ад легендаў да гісторыі

Гэтая кніга пра беларускага паэта і журналіста, пра грамадскага і палітычнага дзеяча, пра падпольшчыка і партызана Валянціна Таўлая.

Кніга напісана ў Лідзе, з якой у Валянціна Таўлая звязана ўсё жыццё і ў якой ён бываў вельмі мала. Таўлая ў Лідзе добра ведалі, і ў той жа час пра Таўлая ведалі вельмі няшмат, як традыцыйна ведалі няшмат пра людзей, большасць жыцця якіх праходзіла ў барацьбе, у падполлі.

З Валянцінам Таўлаем па жыцці сустракалася шмат людзей, і шмат хто пакінуў пра яго ўспаміны: добрыя, але кароткія, якія тычацца асобных эпізодаў жыцця.

Шырокая вядомасць Валянціна Таўлая і недахоп інфармацыі пра яго спарадзілі, як гэта звыкла бывае, цэлы шэраг дадумак, пры-думак і проста выдумак, якія з часам перараслі ў легенды. Гэтыя легенды для многіх устойліва замянілі біяграфію паэта. Маляўнічы аповед пра тое, як "выкупілі Таўлая з нямецкай вязніцы" ў Лідзе, пачуеш значна часцей, чым згадку пра рэальны эпізод біяграфіі.

Менавіта таму аўтарка кнігі пастаралася адрывістыя фрагменты з жыцця Таўлая, занатаваныя ў самых розных крыніцах і кнігах, СМІ, фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея, сабраць у ланцужок біяграфіі, як мага шчыльней запаўняючы прабелы.

Факт да факту, падзея да падзеі, і з кнігі паўстае вобраз паэта-змагара і вельмі неардынарнага чалавека. Пры гэтым у кнізе вельмі мала чыста аўтарскага тэксту, яшчэ менш аўтарскіх эпітэтаў. Усе эпітэты ўзяты з выказванняў тых людзей, якія ведалі Валянціна Таўлая, якія жылі побач, якія побач змагаліся.

Кніга не абмяжоўваецца біяграфіяй. Другая лінія кнігі - гэта памяць пра В. Таўлая і павага да яго з боку нашчадкаў. 33 гады жыцця, не Герой Савецкага Саюза, не народны, не класік, а праз 100 гадоў жыве ў памяці і ў памяці добрай, удзячнай. І сама кніга - таму сведчанне.

Ці ўдалося аўтарцы нарэшце замяніць легенды пра Таўлая дасканалай навуковай біяграфіяй? На жаль, а можа на шчасце - не. Пасля збору і вывучэння ўсіх дакументаў так і застаецца няясным, чаму Валянцін не прыйшоў на абяцанае спатканне да каханай дзяўчыны, хто быў той чалавек, які сыграў асноўную ролю ў вызваленні Таўлая з нямецкай вязніцы? Многія стараліся, многія клапаціліся, але хто сказаў апошняе слова, чыя просьба аказалася вырашальнай? На якія "беларускія кнопкі" націскаў Валянці Таўлай, каб вызваліць з канцлагера сваіх бацькоў? Якая роля Валянціна Таўлая ў працы ІІ Усебеларускага кангрэсу? Як вядомы ўсёй Беларусі камуністычны паэт фатаграфуецца з тымі, каго цяпер называюць калабарантамі, а тады проста называлі здраднікамі і пагалоўна агентамі СД? І чаму яго ніхто не здае таму самаму СД?

Гэтыя пытанні засталіся без адказу. Аўтарка тых адказаў не дадумвае, прыгожых, абшырных версій не выказвае, а значыць кніга, прасвятліўшы і ўпарадкаваўшы многія эпізоды з біяграфіі Валянціна Таўлая, не разбурае і не хавае легенды. Будуць яны жыць у народзе і будзіць уяўленні паэтаў наступных пакаленняў. А кніга стане добрай навуковай асновай і для вывучэння акрэслены тут этапаў жыццёвага шляху Валянціна Таўлая, і для пошуку новых эпізодаў біяграфіі паэта і змагара.

Асаблівая каштоўнасць кнігі і ў тым, што ў ёй пададзены не нейкі абстрактны, а канкрэтны лідскі падход да асобы Валянціна Таўлая, падход, які заўсёды вызначаўся павагай і любоўю, можа нават ірацыянальнай, не ўсвядомленай, не зразумелай, а любоўю.

Інфармацыя і любоў напаўняюць кнігу, робяць яе патрэбнай, карыснай і важнай для памяці Валянціна Таўлая і для горада Ліды, які гэтую памяць беражэ.

Станіслаў Суднік.

Дзяцінства паэта і змагара

Нарадзіўся будучы паэт Валянцін Таўлай 8 лютага 1914 года ў горадзе Баранавічы ў сям'і чыгуначніка. Бацька, Павел Дзям'янавіч з в. Рудаўка Слонімскага павета. Маці, Марыя Антонаўна з Жыгмунтаў з-пад Бераставіцы Ваўкавыскага павета.

У аповесці "Аб сабе" паэт узгадвае: "Жылі мы па розных станцыях: Баранавічы, Лунінец. На нейкі час мяне з-за фронту вывезлі аж у Ліпецк, пад апеку бабкі па матцы. Пасля зноў Лунінец, крыху Вільня, Ліда. Апошняя станцыя Зэльва. 1920 год. Уцякаюць польскія легіёны. За імі гоняцца чырвонаармейцы, не заўсёды абутыя, але заўсёды з пытаннем: "Ці далёка Варшава?" Пасля - адступаюць чырвоныя.

Неяк у гэтае адступленне, у адну з восеньскіх раніц, маці не ўстала з пасцелі. Пакліканы местачковы доктар нешта спалохана прамармытаў і ўцёк. Прывялі ваеннага ўрача, маладога сімпатычнага чалавека. Сцвердзіў халеру і сказаў, што ратаваць можна было гадзіну таму назад. Адзінае, што засталося - гэта даць укол хворай - на супакаенне болю, а рэшце сям'і - на папярэджанне хваробы.

Помню: заходзіла сонца, і маці ўжо не было. Сэрца балюча сціснулася. Болю, аднак, праз гады не данясло. Маці пахавана ў Зэльве ля царквы, адабранай праз нейкі час пад касцёл.

Калі б не той ваенны ўрач - усім бы нам капут. І мяне ўзяла б халера. А так - застаўся жыць.

…Зіму перазімавалі ў мястэчку, "праядаючы" рэчы. Пасля, неяк напрадвесні, пераехалі ў недалёкую ад Зэльвы родную вёску бацькі, на заросшыя буйным маладняком пажарышчы, у падсуседзі да сваякоў, якія ўжо здолелі вярнуцца з бежанства і пабудаваць хату.

Бацька хутка падаўся ў Ліду шукаць працы. Рэшта сям'і, г.зн. я, 2-гадовы брат Шура і наша бабка Аўдоцця (бацькава маці), засталіся ў вёсцы, на маладой крапіве і рэдкай зацірцы.

Бабка замяніла памершую маці, дагадоўвала нас, а меншага Шуру фактычна выгадавала ўжо сама. Ёй, нашай бабцы, належыцца асобае слова.

Гэта - звычайная вясковая жанчына. Даволі доўгае прабыванне ў гарадах не адбілася не на яе мове, ні на вопратцы, ні на звычаях і абыходжанні. Зусім непісьменная. Бясконца працавітая і цярплівая. Невычарпальная крыніца народных казак. Іх яна звычайна баяла на сон меншаму ўнуку, часта дасягаючы адваротнага выніку, асабліва ў адносінах да большага ўнука "( Таўлай, В. Пілую вершам краты: выбр. тв. / В.П.Таўлай. Мн.: Юнацтва, 1984. -С.78).

Крыху пра жыццё брата Валянціна - Аляксандра. З успамінаў сястры Ніны: "…Аляксандр перад вайною вучыўся на лётчыка ў лётным вучылішчы… быў ці стралком, ці радыстам на самалёце. (Як ён трапіў у Чырвоную Армію? -А.К). Загінуў у 1943 г. пад горадам Бузулук (каля Саратава). Пасля вайны прыязжаў яго таварыш, які разам з ім ваяваў, ён прывёз фатаграфію і расказваў…" (Суднік, С. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / С.Суднік // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26). - С.16).

"Мы адраджалі гаспадарку на трох з паловай дзесяцінах спадчыннай зямлі. Бацька прысылаў заробленыя грошы, каб пакрысе будавацца. І гэта лажылася зноў-такі на бабчыны плечы. Ідзе, бывала, украдкам па траву - у панскае ці паповае, а ў мяшку нясе малога Шурку. "Жывы?" - пытаецца час ад часу. З мяшка адказвае: "Зывы!".

У душу ўсё глыбей западала вёска, сялянскае цяжкае жыццё. Паволі адступалі перад сахой, а пасля перад плугам - густыя маладнякі, якім не давялося стаць пушчай…

На другі год бацька забраў мяне ў Ліду, каб я вучыўся. На вёсцы даводзілася бываць канікуламі.

Хаджу ў польскую школу, якая змяшчалася пры самых тады велічных мурах-руінах старадаўняга замка ў Лідзе. Пры гэтых мурах сядзелі дзве згорбленыя векам, заімшэлыя хвоі, нават быццам бы заклятыя. Казалі: калі зламаць галінку - пацячэ кроў.

Цяжка было ў школе, пакуль з большага абцёрся. "Кто ты естэсь? - Поляк малы!" Добра было гаварыць гэтак дзецям новапрыбыўшых "на крэсы" польскіх чыноўнікаў. Ну, а мне, малому "кацапу", які смешна выгаварвае "тшава" (трава), хоць па арыфметыцы і развіцці - больш чым на год уперадзе ўсіх?... У дадатку, на вялікае маё гора, бацька заказаў і пашыў мне першыя доўгія штаны "навыпуск". Сталі нада мною насміхацца яшчэ больш ядавіта, называючы папом. Аднак, быццам наперакор усім гэтым паніжэнням і здзекам¸ калі трэба было пісаць нейкае практыкаванне з адказам на пытанне "кім хачу быць?" - я горда напісаў: "Хачу быць інжынерам шляхоў" (суфлёрам быў, разумеецца, бацька, які шапнуў мне сваю запаветную мару)". (Таўлай, В. Пілую вершам краты / В.Таўлай. - Мінск: Юнацтва, 1984. - С.78).

Мала звестак захавалася аб гэтай школе. Я.Ярмонт успамінае пра гэтую школу напрыканцы 30-х гадоў: "Школа … каля замка. Звычайны цагляны 2-х павярховы дом за паўночнай сцяной замка, прыстасаваны пад школу. Галоўны ўваход быў з боку замка… У глубіні будынка знаходзілася агульная гардэробная - рад кручкоў і драўляных колышкаў, якія былі ўбіты па ўсёй даўжыні сцяны. З правага боку ад гардэробнай была вялікая прахадная зала, дзе праходзілі ўрокі гімнастыкі…. (Ярмонт, Я. У цені замка Гедыміна / Я.Ярмонт. - Ліда, 1995.- С. 84-85).

Гэтая ўсеагульная школа … размяшчалася па вуліцы Замкавай, 25. Школа была 2-х зменнай, яе наведвалі, галоўным чынам, хлопчыкі і юнакі, некаторыя з іх ва ўзросце 18-20 гадоў (Сліўкін, В. Гісторыя адукацыі ў Лідзе / В.Сліўкін // Лідскі летапісец. - 2002. - №4. С.23)

"І вось ужо ў другім класе, малы "кацап", ён жа "поп", ён жа "іжынер шляхоў", аднойчы штурхае свайго сябра па лаўцы, каб той падняў руку і "падказаў" настаўніцы, што ён, "кацап", мае нейкі вершык, відаць - уласны, але "не хоча" паказаць. Хлапчука, хітраватага аўтара, ахопленага першым прыступам ліхаманкі шукання чытача, выклікаюць на сярэдзіну класа, бяруць з яго рук вершык і чытаюць на польскай мове.

Ва ўспамінах Таўлай сам дае пераклад свайго першага верша на беларускую мову.

Ну й зіма! Трашчаць марозы

І няма ніякіх птушак -

Толькі вераб'і, вароны.

Горка гэтым верабейкам

З думкай аб ядзе

Так падскаківаць галодным.

Але што ж мы зробім? -

Вось міне зіма цяжкая

І вясна прыйдзе - накорміць.

(Таўлай, В. Пілую вершам краты / В.Таўлай. - Мінск: Юнацтва, 1984. -С.80).

Гэта быў мой водгук на школьную кампанію "Зімовай дапамогі" птушкам. Зачыталі, здаецца, яшчэ нейкі другі мой вершык, але які і аб чым - зусім не помню.

Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся:

- Добра. Пішы. Можа, некалі будзеш сапраўдным паэтам!

Не помню, ці гаварыла проста "паэтам", ці "польскім паэтам". Але, напэўна, думала: польскім. У кожным выпадку, мой аўтарытэт падрос.

Неяк перад гэтым я неспадзеўкі адгуляў бацькава вяселле як шафер…

У 1924 годзе справы бацькі пайшлі зусім дрэнна, яго канчаткова "скарацілі" з працы, як непаляка. Уся наша сям'я - я, брат Шура (якога неяк перад гэтым прывезлі з вёскі сапраўдным дзічком), новы брат Валодзя, бацька і маладая маці - паехалі "часова" ў Рудаўку і там асталася амаль на ўвесь век Рэчы Паспалітай. (Там жа).

Хутка сям'я павялічылася, у 1933 годзе нарадзілася дачка Ніна.

З успамінаў П.П.Дарашэвіча - брата мачыхі "…бацька В.Таўлая атрымаў маленькую пенсію і вымушаны з сям'ёй падацца назад на Слонімшчыну - у Рудаўку". (Суднік, С. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / С.Суднік // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26). - С.21).

"Набліжаюцца гады штурму і націску ў заходнебеларускай вёсцы і ў маёй душы. Гады фармавання маладога, не па гадах паважанага чалавека.

Жыццё наша - цяжкае. Нішчымніца, асабліва вясной. Будаванне. Саджэнне садка. Абгароджванне двара." (Таўлай, В. Пілую вершам краты / В.Таўлай. - Мінск: Юнацтва, 1984. - С.80-81).

І гэтае "цяжкае жыццё", "нішчымніца", "бясхлебіца", а нават і самы сапраўдны голад, якія назіралі дзіцячыя вочкі, трохі пазней выльюцца ў радкі верша "Ніва":

Ціха калышуцца жыта палоскі,

Поўзаюць хвалі адна за адной…

Жыта - надзею гаротнае вёскі -

Дзеці худзенькія просяць: паспей!..

І, выбягаючы ранкам на ўзгорак,

Тужаць галоднай тугой вачанят.

Ручкамі хіляць калоссе ў разоры,

Каб навісала хутчэй ад зярнят…

(Таўлай, В. Ніва / В.Таўлай // Вершы і паэмы.- Мінск: Народная асвета,- 1979.- С.6)

Вёска Рудаўка - невялікая, налічвала крыху больш за 70 жыхароў. А вось суседняя з Рудаўкай Вялікай Кракотка па колькасці насельніцтва была ў тры разы большая. Там працавала польская школа, куды і аддаў бацька Валянціна.

Пазней, у 1927 г., у в. Вялікая Кракотка ўзнікла бібліятэка, ўдзел у яе стварэнні прымаў Валянцін Таўлай. Яна стала для Валянціна пастаянным месцам адпачынку з кнігай, з гэтай установай да апошняга года жыцця ён вёў цеснае супрацоўніцтва. Пазней, калі ён вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, для вясковай бібліятэкі са сваімі землякамі ён прывозіў і дасылаў сюды беларускія кнігі і часопісы, што выдаваліся ў Вільні.

"…У хадачках бегаю зімку ў суседнюю Вялікую Кракотку - ў 3-ці клас польскай школкі. Вучуся добра. Бацька думае мяне "выводзіць у людзі" - таму трэба. Аднак, хоць школка і польская - апалячвае слаба. У школе - адны беларускія дзеці. Дзяржаўная мова дзіцячай рэспублікі - родная. Кругом - беларускія вёскі. Па вёсках - бясконцыя чуткі і легенды пра "атамана Муху". У народных нетрах спее грамадоўскі ўздым. У рукі ўсё часцей трапляюцца беларускія газеты, кніжка.

У сваёй роднай вёсцы бацька арганізуе сялян на змаганне за сваю, беларускую школу. Складаюць дэкларацыі. Пішуць адну за адной заявы. Ходзяць у Слонім. Даюць адпор усялякім націскам і манеўрам. Часта збіраюцца ў нашай хаце, гутараць.

Прадвеснем 1925 года мы ішлі з бацькам у адну дарогу: ён у лес, я - у школу, ў якую нядоўга аставалася ўжо хадзіць. Чакалі экзамены на 1 курс Слонімскай дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі. Ідучы, бацька разгаварыўся. Гаварыў пра свае маладыя гады, выкладваючы мне пры гэтым некаторыя свае жыццёвыя прынцыпы. Сярод іх - запавет, каб не чурацца свайго. Нашы дзяды і прадзеды - беларусы, спачатку т.зв. пагане, пасля - праваслаўныя, затым гвалтам - уніяты, пасля - ізноў гвалтам - праваслаўныя. Але заўсёды беларусы, хоць гэтага, можа, і не ведалі. Значыцца, і я павінен быць беларусам і на кожнае пытанне аб нацыянальнасці - называць гэтае імя.

Я ўжо ведаў гэта, але прыемна было пачуць ад бацькі такі наказ: гэта як бы бацькоўскі запавет на жыццёвы шлях, каб не крывіць душою. І гэта ўзнімала ў маіх вачах аўтарытэт бацькі.

У чэрвені здаю выдатна экзамены ў Слонімскую семінарыю на 1-шы курс. Сам еду цягніком са Слоніма ў Азярніцу, адтуль з клумачкам іду бадзёра дамоў, несучы вестку аб удачы.

Лета праходзіць, як звычайна ў маіх вясковых аднагодкаў. Пасу быдла: ганяю "на раніцу" і "на дзень". Дапамагаю сушыць сена. Вуджу рыбу. Купаюся ў Зэльвянцы.

Увосень еду з бацькам на возе ў Слонім. Бацька ўносіць першую плату прадуктамі - за інтэрнат, строга эканомным грошам - за навуку. Пабойваецца, што доўга не вытрывае.

І вось я ў "саліднай" школе. Сярод аднакурснікаў - найменшы, але вучуся - найлепш. Прызначаюць стыпендыю. Добра!

У семінарыі - цвёрды парадак. У інтэрнаце - таксама. Усё змяшчаецца ў адным вялікім гмаху, складае адну суцэльнасць. Амаль насупраць спальні-адрыны - клас 1-га курса. У падвальным памяшканні - сталоўка. Дысцыпліна - казарменная. Усё пад суровым, халодным наглядам. Кожны крок - па праграме, па званку: устаюць, мыюцца, ідуць спяваць ранішнюю малітву… снедаюць, бягуць у класы. Нават адрабляць лекцыі - таксама збіраюцца вечарам на званок…

Семінарысты - дарастаючыя хлопцы аж да салідных дзецюкоў, а нат дзяцькоў на старэйшых курсах. Школа - мужчынская. Дзяўчат наогул няма - толькі адна-дзве на падрыхтоўчым курсе. Адтуль - у семінарскіх дзецюкоў вечная туга па гімназістках…

Вучуся старанна і добра… Семінарскі двор адным бокам выходзіў на ўзбярэжжа Шчары. Вясной часта бегалі купацца. Перад семінарскім гмахам - спартыўная пляцоўка. З надыходам цяпла вельмі ўцягнуўся іграць у кракет і футбол (з вялікай шкодай для абутку).

Мае жыццё-быццё ў семінарыі мела свае дробныя калючкі. Быў у мяне свой уласны дзеравяны ложак. Ён адзначаўся той асаблівасцю, што за кожным недалікатным дотыкам… распадаўся. Калі звычайна перад сном дзецюкі-семінарысты дурэлі, мне даводзілася бясконца складаць і складаць пракляты ложак…

На курсе да мяне, найменшага і найцішэйшага, прыставалі паджарыя дзецюкі з недарэчнымі закідамі, быццам я люблюся з суседкай-семінарысткай. Адзін віславухі сын памешчыка з-пад Косава, між іншым, надзвычай тупы вучань, нат рысаваў на дошцы гадкія карыкатуры на гэтую тэму…

На канікулах прыходзіў найчасцей пешшу, прыемна атрасаўся ад семінарскага гаму. І хоць у вушах доўга яшчэ звінела ад тупату і званкоў - усё ж дакучлівы гул паступова расплываўся ў свойскай вясковай глушы і цішыні…

Магчыма б, усё ішло той самай чаргою і на другі год, калі б не "вялікая палітыка".

Уверцюрай да гэтага быў нарастаючы па вёсках вялікі грамадоўскі рух. Нават у семінарскіх шэптах часта чулася слова "Грамада". А памешчыцкі сынок-карыкатурст яўна бедаваў бацькаву бяду: "хамы арганізуюцца". Да такіх шэптаў я прыслухоўваўся з прытоенай злоснай радасцю. Аднойчы прынёс нат з вёскі беларускую газету, якую таму-сяму паказваў пад сакрэтам.

І вось неяк у канцы першай чвэрці, надышла крытычная хвіліна, у якую найменшы вучань уступнага курса павінен адзінока падужацца з… Рэчпаспалітай Польшчай.

Было так. Прыйшоў класны настаўнік - элегантны, выфранчаны, пахнучы парфумамі (прозвішча не помню). Разлажыў паперы і замест пачаць лекцыю - стаў запаўняць спіс па рубрыках: прозвішча, імя, год нараджэння, нацыянальнасць, веравызванне, родная мова ў сям'і…

Па маёй скуры захадзілі мурашкі. Канцовае месца майго прозвішча ў алфавітным спіску дазваляла добра панаглядаць, як лёгка… запаўняюцца рубрыкі…

Пакуль настаўнік выгаварваў маё прозвішча, я ўжо стаяў. Настаўнік, нават не ўзнімаючы вачэй, задае шаблонныя пытанні…

- Нацыянальнасць? - пяро аўтаматычна выводзіць першыя літары.

- Беларуская.

Настаўнік глянуў на мяне… Вучні разяўляюцца ад здзіўлення. Я трымаюся свайго. Пяро злосна скрыпіць, запісваючы мой упарты адказ.

- Родная мова ў сям'і?

- Беларуская.

- Няма такой мовы!

- Відаць, ёсць - калі гаворым…

- Гэта мужыцкая гаворка, бескультурная трасянка, якую забываецца кожны культурны выхадзец з тутэйшых і пасля саромеецца нат прыпамінаць!

- Я не саромеюся.

І зноў ідзе доўгая, патэтычная "саната" ў прозе. Астаюся пры сваім. Злоснае пяро скончыла скрыпець. Пад грозным позіркам настаўніка сядаю, адчуваючы, што хоць бой скончыўся, але цяжкая артылерыя яшчэ загаворыць. Яна загаварыла вельмі хутка: праз дзень-другі мяне пазбавілі стыпендыі. Адпала ахвота вучыцца. Яшчэ тыдзень - перасталі даваць есці: пакуль не заплачу за інтэрнат. Пагаладаўшы дзень-два, згрызшы апошнія сухары, у восеньскі ранак накіроўваюся пяшэчкам дамоў, на вёску. Бывай, "салідная" школа!

Прыходжу дамоў. Расказваю бацьку, што і як. Бацька спахмурнеў, але за сарваную вучобу не журыў:

- Што ж, пасядзі ў хаце, павучыся дома, а на другі год пабачым.

І я астаўся ў хаце. Семінарыя напамінае аб сабе яшчэ толькі адзін раз: прыслалі на імя бацькі ліст з паведамленнем, што сын вучыцца дрэнна, мае двойкі і што трэба плаціць за інтэрнат.

У гэты час наша хата была вельмі цікавым асяродкам грамадскага жыцця ваколіцы. Днём тут працавала заваяваная доўгай, упартай барацьбой наша беларуская прыватная пачатковая школа. Было паўно дзяцей, яны бегалі нават з далейшых вёсак (пасля павятовы інспектар гэта забараніў). Настаўніцай - наша новая маці, Сцепаніда Паўлаўна. Пачаў вучыцца брат Шура. Я ўпершыню наглядаў школку, сугучную асяроддзю…

Валянцін рыхтаваўся да паступлення ў Віленскую беларускую гімназію, дзе ўжо вучыліся знаёмыя хлопцы з Кракоткі, Вострава, Чамяроў, Азярніцы, Мяльканавічаў і іншых слонімскіх вёсак. Дапамагала яму ў гэтым мачаха Сцепаніда Паўлаўна.

Адгамоняць, бывала, школьнікі - пачынаюць сходзіцца дзяцькі - ужо грамадоўцы і неграмадоўцы. Бацька - сакратар гуртка, яго арганізатар, аўтарытэт на ўсю ваколіцу. Заўсёды - заняты, часта ўзбударажаны.

У гурток паступаюць усё новыя і новыя заявы аб прыняцці. Не паспяваюць афармляць. Доўгія спісы новаарганізованных гурткоў, друкаваныя ў газеце, падганяюць тых, што аглядаюцца. Прыходзяць запісвацца апошнія дзяцькі з багацейшых. Дабіваецца прыняцця ў гурток моладзь да 18 год, але на перашкодзе - статут. У канцы 1926 года вёска ўжо суцэльна-грамадоўская. Сяляне скоса пазіраюць на панскую зямлю, на польскую паліцыю. З ап'янелым, салодкім здзіўленнем адчувалі, што яны - вялікая сіла. Па ўсёй Заходняй Беларусі - высокая грамадоўская хваля з гнеўным шумам залівае шляхоцкія бастыёны… У зімовым паветры пахне бурай. Поўзаюць глубокія чуткі пра зброю, пра паўстанне. Былы "мучань" былой Слонімскай семінарыі - па самыя вушы ў экстазе, заслуханы ў бунтарскую паэму беларуска-мужыцкай стыхіі.

Чытаю газеты, хоць яшчэ таго-сяго не разумею. Старанна вычытваю ў іх асабліва вершы: Васілёк і іншыя. Міхась Васілёк чараваў сваёй сялянскай прастатой, захапляў шчырасцю. Але і я ўжо ўмеў трапятаць душой перад купалаўскай "Жалейкай", яго велічным "Шляхам жыцця", Максімавым чарадзейным "Вянком". Пачынаю нешта папісваць і сам. На манер купалаўскага верша "Над Свіслаччу" пішу свой "Над Зяльвянкай"… Выдумваю нават …псеўданім "Павал Менскі "…

Радасным, усё нарастаючым напружаннем сустракае мая Заходняя Беларусь свой новы, 1927 год. У нашай школцы ладзіцца ёлка, у падрыхтоўцы якой прымаю ўдзел. Невядома, каго ёлка больш цешыла: дзяцей ці дарослых!" (Таўлай, В. Пілую вершам краты / В.Таўлай. - Мінск: Юнацтва, 1984. - С.81-86).

У студзені 1927 года польскі ўрад забороніў дзейнасць 100-тысячнай Грамады. Пайшлі масавыя арышты, аблавы. Не абмінулі яны і хату Таўлаяў у Рудаўцы.

Аб гэтым успамінае далей Валянцін: "Раніцай 15 студзеня 1927 года ў нашу хату неспадзеўкі ўрываецца паліцыя. На чале - шапялявы раённы камендант Кузель. Паказвае ордэр на права правядзення рэвізіі, да якой прыступаюць неадкладна і надзвычай шчыра. Школьнікаў, якія адзін за адным прыбягаюць у школку - паліцыя праганяе. Яны спалоханна разбягаюцца, несучы на вёску сенсацыйную вестку, якая ўмомант электрызуе старых і малых. Навокал нашай хаты пачынаюць снаваць вясковыя наглядчыкі. Камендант доўга не забаўляўся: пакінуўшы паліцыянтаў рабіць рэвізію - сам паехаў да суседняга пана ў двор выпіваць.

Тым часам даволі нештодзённая працэдура, нагадваючы генеральны агляд культурных вартасцей хаты, зацікавіла мяне. Нават быццам забыўся аб магчымым сумным канчатку. Калі чарга дайшла да маёй тумбачкі, узяўся тлумачыць, што за кніга тая ці іншая, што за сшытак такі і сякі. Чарга даходзіць да сшытачка маіх уласных вершыкаў. Бацька тузае мяне за палу. Змаўкаю.

Рэвізія зацягнулася за поўдзень. Збіралася сутонець. Вярнуўся пан камендант. Аглядвае горбачку "падазроных" кніжак, пачку адкладзеных лістоў. Заяўляе сваёй шапялява-картава-мямлючай гаворкай, што арыштоўвае бацьку.

Пачынаецца плач і прычытанне. Амаль адначасова ў хату ўскаквае грамада сялян. Паліцыянты грозна крычаць і настаўляюць вінтоўкі з штыкамі, адзін хапае за грудкі пярэдняга дзядзьку. У адказ - пачынаюць крычаць дзядзькі і асабліва цёткі, ды так голасна, што паліцыя сціхае, збянтэжана апускаючы штыкі. Пан Кузель дрыжачым голасам … просіць. Просіць грамадзян не абурацца: бо ён, бядак, мае такі непрыемны загад, хоць сам, да душы, не хацеў бы… Аднак, ручаецца: арыштаванага з пастарунка адпусціць дамоў, нават у Слонім не павязе. Да самога арыштаванага звяртаецца з просьбай супакоіць прысутных і не дапусціць да разліцця крыві. Бацька дыпламатычна падкрэслівае заяву каменданта.

Вытвараецца хвілінная дэзарыентацыя: яе ўмомант выкарыстоўвае паліцыя, шпарка выводзячы бацьку з хаты. Упіхвае на сані, выхоплівае шаблі. Размахваючы імі, прабіваецца на дарогу, пускае каня ўскок. За санямі гоняцца дзядзькі і хлопцы, а сярод іх - і я з нейкай хварасцінай. Адзін з больш хутканогіх даганяючых ужо за вёскай чапляецца, скача на ўцякаючыя сані, аднак - здаравенны кухталь збівае яго ў снег.

Калі вяртаемся назад пад хату, - яна ўся ў гнеўным сялянскім гомане і крыку. Збялелы пан Кузель стаіць, акружаны цёткамі і дзяўчатамі. Яны густа тыкаюць яму пад нос хвігі і часта нахіляюць азадкі, усё прыгаворваючы:

- Вось так адказвае нам пан Міхайлоўскі, калі мы прыходзім да яго сыскаць заробленыя грошы. А вось гэтак - калі просім пашы! За што ж ты, гіцаль, справядлівага чалавека ўкраў? Га?

Пан моршчыцца, бармочучы, што арыштаванага звольніць…

- Пакуль не звольняць нашага - ты сам, пшэкала, будзеш у нас пад арыштам! - гукаюць мужчыны. Раённы камендант паліцыі пан Кузель зусім вяне, з рук выпадаюць рукавічкі…

Гэтакія сцэны трывалі амаль дацямна. Пасля доўгіх енкаў і стукання ў грудзі каменданта і паліцаяў сяляне іх адпускаюць. Стыхія, пабурлеўшы, апала…

Бацька з пастарунка не вярнуўся: пан Кузель ашукаў лішні раз вёску. Калі мы на світанні ўсталі - было холадна на душы і ў хаце. Бабцы не было чам выпаліць ў печы: якраз выйшлі ўсе дровы.

Але вось развіднела. У хату адзін за адным заглядаюць вясковыя. Пытаюцца, што і як, суцяшаюць. Дапамагаюць падхожвацца ў гаспадарцы, паіць каня, карову. Няма дроў? Не было б горшай бяды? Праехалі саньмі па вёсцы - вязуць воз дроў. Пілуюць, сякуць, нясуць у хату. Робіцца цяплей, слёзы радасці падступаюць пад горла: вёска помніць, вёска паказвае сваё простае, чалавечае шчырае сэрца.

А з усіх бакоў далятаюць весткі: у той самы ўчарашні чорны дзень арыштавалі і там, і там, і там. Назаўтра прыносяць газеты з пошты: арышты па ўсёй Заходняй Беларусі - арыштаваны "недатыкальныя", паслы, арыштаваны цэнтральны сакратарыят БСРГ, рэдакцыі. Грамада пастаўлена за межы закона, распушчана. Жалобай, гневам вее ад чорных літараў друку. Паны патапталі сваю канстытуцыю, захацелі арыштаваць стотысячную Грамаду.

Хоць і не з пастарунка, але ўжо са Слоніма, аднак праз некалькі дзён бацька вярнуўся. Усе мы аж заскакалі ад радасці. Колькі было гутарак, апавяданняў. Пра вялікі завоз у арыштах. Пра тое, як пан Кузель адвёў бацьку пачэснае месца на этапе ў турму за провады з вёскі, за свае згубленыя рукавічкі. Пра допыты, на якіх прыйшлося доўга і хітра выкручвацца. Пра тое, як у паноў не хапіла "матэрыялу", каб "сшыць" справу. Але турма і так да верху напіцавана Грамадой…

Пачынаю падрыхтоўвацца да паступлення ў далёкую Віленскую беларускую гімназію, цёплыя весткі аб якой прывязлі на калядныя канікулы знаёмыя хлопцы з суседняй вёскі Вялікая Кракотка. Асабліва мне спадабалася, што вучні выдаюць свой часопіс "Рэха". Вывучаю беларускую граматыку, правапіс, гісторыю, геаграфію. "Родны край" ІІІ і ІV часткі з вершамі Купалы, Коласа, Багдановіча, Багушэвіча. Дыктоўкі, практыкаванні. Вучыць наша Сцепаніда Паўлаўна, ставіць нават адзнакі.

У гэты час я не закідаў таксама і вершаў. Упарта складаў, хоць і не знаходзіў слоў, а знойдзеныя - не хацелі паддавацца рытму. Мазольна лічыў рыскамі колькасць складоў.

Мінула вясна, ішло лета. Неяк, пасучы на толькі што скошанай сенажаці ў Заніўі кабылку, сяджу пад пахучай капной сена, гляджу на захад сонца і намагаюся выказаць вершам бачны вобраз. Выходзіць нешта ў такім выглядзе пад назвай "Вечар":

Сонца галаву схіліла

За высокі лес,

З неба ззяе ўжо Венера

Дзень спякотны счэз.

Загарэліся над краем

Залатыя зоркі,

І ўзышоў вялікі, круглы

Месяца твар горкі…

Ах, Максім Багдановіч! Гэта ён, аказваецца, выводзіў маёй неўмелай рукою эпігонныя спробы вершавання. Няўжо - хросны бацька?

В.Таўлай

Помню, прыходзіць да нас Жыткевіч Сымон - знаёмы з суседняй вёскі, які працаваў тады ў Вільні, у галоўнай управе ТБШ. Я заўсёды цікавы і падкі да грамадскіх тэм і навін - сяджу, прыслухоўваюся. Гутарка неяк зачэпліваецца за маю асобу, за неабходнасць навукі. Бацька з дрэнна тоенай радасцю "жаліцца", што я ўпарта пішу вершы. Сусед інфармуе, што ў Вільні выходзіць "Заранка", дзіцячы часопіс, у які можна пасылаць напісанае мною. І цяпер яшчэ адчуваю, што такая прапанова магла мяне… скрыўдзіць. Тады выручыў бацька:

- Але, калі… бо вершы зусім недзіцячыя, а такія, што і старога скрабуць па сэрцы… Прачытай, сынок, "Да згоды".

О, ты, Згода, адгукніся,

Дзе ты прападаеш?-

Цябе рэдка дзе пабачыш,

Рэдка дзе бываеш!

Ці ўтапілася ты, Згода,

Ды ў глыбокім моры,

Што ўжо так запанавалі

У нашым краі споры?..

І яшчэ пару падобных строфак. Крыху, здіўлены сусед раіць, калі ўжо вершы аж такія, - кіраваць у "дарослыя" рэдакцыі…

Мінула лета, набліжалася восень і гадзіна майго выезду ў Вільню, у беларускую гімназію, пра якую пачыналі ўжо сніцца сны . (Там жа. С. 81-91).

Віленская гімназія

Віленская беларуская гімназія, якую заснаваў вядомы грамадскі дзеяч Іван Луцкевіч у 1919 годзе, месцілася ў Базыльянскіх мурах - у адным будынку з Беларускім музеем, Беларускім навуковым таварыствам, Беларускім нацыянальным камітэтам і іншымі беларускімі ўстановамі. Дзейнічала гімназія да чэрвеня 1944 года, пакуль у Літве не аднавілася савецкая ўлада.

У 1927 годзе Валянцін паспяхова здае ўступныя экзамены ў 3 клас Віленскай беларускай гімназіі. Тут сустрэўся са сваімі сябрамі-землякамі, пазнаёміўся з тымі, пра каго раней толькі чуў. "На гэтага ціхмянага, шчуплага, трыху сарамлівага хлопца спачатку ніхто са старэйшых хлопцаў не звяртаў увагі. У яго быў адкрыты з мангольскімі рысамі твар, яшчэ, здаецца, дзіцячы, але вельмі ўважлівыя і задумлівыя вочы, шырокі лоб і крыху адвіслыя вушы. Ён трымаўся неяк у баку ад іншых вучняў. У час перапынку хадзіў адзін па актавай зале з кнігай або сшыткам у руках і паўтараў урокі. Вучыўся добра і настаўнікі не раз ставілі яго ў прыклад іншым. Ніхто, вядома і не думаў, што сарамлівы слонімскі хлопец з вёскі Рудаўка незаўбаве заявіць аб сабе поўным голасам", - прыгадваў Якуб Міско з в.Чамяры пад Слонімам. (Чыгрын, С. Слонімскімі сцежкамі Валянціна Таўлая / С.Чыгрын // Лідскі летапісец. - 2009. - № 3-4(47-48). - С.36)

І незаўбаве заявіў!.. Ды так, што выкладчык геаграфіі куляй выскачыў з класа і пашыбаваў у кабінет дырэктара. А вывеў гэтага пана з раўнавагі … Валянцін Таўлай.

З успамінаў Якуба Міско:

- Пакажы ўсходнія межы Польшчы", - сказаў настаўнік, выклікаўшы Таўлая да геаграфічнай карты.

Валянцін узяў указку і правёў мяжу так, што землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны засталіся на ўсход ад яе.

Настаўнік насупіўся:

- А ну, яшчэ раз!".

Валянцін зрабіў тое ж самае.

- Што ты робіш?

- Паказваю ўсходнія межы Польшчы.

- А гэта, па-твойму, што?

- Гэта Заходняя Беларусь і Заходняя Україна.

- Хто цябе навучыў?

- Сам навучыўся.

- Стаўлю табе кол.

- Ваша справа.

Усё гэта, вядома, магло дрэнна скончыцца для Таўлая. На шчасце, абавязкі дырэктара гімназіі выконваў тады Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч - шчыра адданы нацыянальна-вызваленчай справе чалавек. Ён крыху паўшчуваў слонімскага "арыгінала", і гэты інцындэнт быў вычарпаны.

Як бы там ні было, а пра Таўлая пайшла добрая чутка. У гімназіі дзейнічала тады нелегальная камсамольская арганізацыя. Яна налічвала каля 80 чалавек. Камсамольцы мелі ўплыў на ўсё жыццё ў гімназіі. Яны наладжвалі літаратурныя вечары і вечары мастацкай самадзейнасці, аранізоўвалі вучнёўскія гурткі, выпускалі друкаваныя на гектографе часопісы і насценныя газеты. Падтрымліваючы сувязь з агульнагарадской арганізацыяй КСМЗБ, больш сур'ёзныя камсамольцы распаўсюджвалі па горадзе нелегальныя лістоўкі, вывешвалі чырвоныя сцягі, прымалі ўдзел ў гарадскіх мітынгах і дэманстрацыях.

Валянцін тады яшчэ не быў камсамольцам, але пасля выпадку з географам мы зразумелі, што гэта хлопец, з якім трэба трымаць цесную сувязь. Ён ахвотна выконваў усё, што яму даручалі. Раз у два тыдні мы насілі палітвязням перадачы-падаянкі. Трэба было непрыкметна для шпікоў зайсці ў назначаную краму, узяць там ад прадстаўніка МОПРа бохан хлеба, кавалак масла, паўкілаграма цукру і ўсё гэта аднесці ў турму. Мопраўцы давалі нам імя і прозвішча вязня, і мы накіроўваліся на Лукішкі. Разам з намі заўсёды быў і Валянцін". (Міско, Я. Ён вершам краты пілаваў / Я.Міско // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.32).

Вясной 1928 года В.Таўлай уступіў у падпольную камсамольскую ячэйку, а ў лютым 1929 года прагрэсіўная газета "Сіла працы" надрукавала яго верш, складзены па ўзору заклікавай масавай песні.

"У сакавіку 1928 года мы, камсамолцы гімназіі, прымалі ўдзел у адной з нелегальных дэманстрацый супраць працэсу над кіраўнікамі Грамады, які адбыўся ў Віленскім акруговым судзе… У вызначаны дзень пасля заняткаў… замест форменных шапак са значком "ВБГ" адзелі звычайныя кепкі. За пазухамі і ў кішэнях хавалі пачкі лістовак, якія трэба было раскідаць, як толькі пачнецца дэманстрацыя… І вось непадалёк ад турмы, сярод вуліцы, пачалі збірацца людзі. Неўзабаве пачуўся голас: "Таварышы! На дэманстрацыю!". Праз некалькі хвілін сабралася больш за 300 чалавек. Над натоўпам нехта падняў чырвоны сцяг". (Там жа. С.30-33).

Вядома, дэманстрацыю разагнала паліцыя. Людзі не вытрымалі націску паліцыі і пачалі разбягацца.

"…Мы з Валянцінам сустрэліся ўжо толькі вечарам ў інтэрнаце. Таўлай прыйшоў без кепкі, а на твары яго "красаваўся" сіняк. Што рабіць? Як схаваць гэты след ад настаўнікаў? Хлопцы раздабылі кавалак бінта і перавязалі Валянціну твар. Усім, хто дапытваўся, што здарылася, ён адказваў: "Зуб, каб яго…", - пры гэтым ён пакутліва крывіўся, і здавалася, вось-вось пачне стагнаць…

Напярэдадні Першага мая ў рабочым раёне за Зялёным мостам у групе з 4-х чалавек вывесілі мы чырвоны сцяг...

У вучнёўскім часопісе "Золак" Таўлай надрукаваў урыўкі са сваёй паэмы "Непераморожныя" пад псеўданімам Янка Дванаццаты. Аўтар ствараў яе пад час суда над Грамадою. Паэма стала падзеяй у жыцці гімназіі і пераходзіла з рук у рукі…

У маі 1928 года закончыўся суд над Грамадой. Галоўныя абвінавачаныя атрымалі па 12 гадоў цяжкага турэмнага зняволення, астатнія ад 3 да 6 гадоў. На здзіўленне многім, з судовага працэсу выйшлі чыстымі Радаслаў Астроўскі і Антон Луцкевіч - беларускія буржуазныя нацыяналісты, якія супрацоўнічалі з дыктатарскім рэжымам Пілсудскага. Да Грамады яны далучыліся для таго, каб выдаць дэфензіве найбольш актыўных і адданых справе людзей. Больш таго, Р.Астроўскі зноў назначаецца дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, а А.Луцэвіч атрымлівае пасаду настаўніка.

Атрымаўшы новыя пасады, яны вырашылі ачысціць гімназію ад найбольш свядомай і радыкальна настроенай моладзі.

"Ведалі, што гэта нялёгкая справа, бо ў школе моцная камсамольская арганізацыя і зламаць яе не так проста. Астроўскі вырашыў дзейнічаць спакваля, паэтапна. Спачатку забараніў склікаць вучнёўскія сходы, распусціў літаратурны і гістарычны гурткі, спыніў выданне часопіса "Золак". Каб ізаляваць камсамольцаў ад астатняй моладзі, адбылося перасяленне найбольш "небяспечных" вучняў са старога інтэрната ў новы… Гэты філіял інтэрната хлопцы адразу ахрысцілі "Сахалін". У такой назве быў свой сэнс, намёк на тое, што Астроўскі лепшую частку вучняў адправіў у ссылку. Сюды трапіў і … Валянцін Таўлай.

Камсамольцы добра разумелі, што гэта толькі пачатак, трэба спадзявацца новых "захадаў" Астроўскага. Так і здарылася. Дырэктар і ўся яго суполка разгарнулі сярод вучняў бурную прапагандысцкую дзейнасць. "Вы прыехалі вучыцца, а камуністы штурхаюць вас на палітыку. Бацькі спадзяюцца, што з вас выйдуць адукаваныя людзі, а вы што робіце? Кіньце, пакуль не позна…"

Некаторую частку моладзі Астроўскаму ўдалося запалохаць і схіліць на свой бок. Аднак большасць вучняў не давала яму веры.

Вельмі добра, што сярод нашых настаўнікаў было нямала такіх, хто шчыра спачуваў вучнёўскай моладзі, яе рамантычна-рэвалюцыйным парыванням, дапамагаў ёй мужнець духоўна. З цеплынёй успамінаецца Рыгор Раманавіч Шырма. Ён выкладваў у гімназіі спевы і адначасова быў выхавацелем у нашым інтэрнаце. Амаль што вечар заходзіў да нас, глядзеў, як мы рыхтуемся да заўтрашніх заняткаў, як увогуле паводзім сябе. У свабодны час вёў з намі гутаркі аб літаратуры і музыцы, аб тым, што робіцца ў свеце… Успамінаючы тыя "шырмаўскія ўніверсітэты, мы … толькі пасля па-сапраўднаму зразумелі і адчулі, колькі добрага і мудрага пасеялі яны ў маладых душах". (Там жа. С.33-38).

Як успамінае Сцяпан Жук, які ў 1928 годзе толькі паступіў у гімназію: "… Навучэнцы добра ведалі Валянціна таму, што ён кіраваў нашай падпольнай піянерскай арганізацыяй, прыносіў нам кніжкі беларускіх пісьменнікаў, расказваў аб шчаслівым жыцці піянераў і школьнікаў у Краіне Саветаў, даваў лістоўкі і вучыў, як і дзе іх распаўсюджваць". (Жук, С. Дзве сустрэчы / С.Жук // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.70).

А тым часам працэс фашызацыі гімназіі працягваўся. 22 снежня 1928 года Р.Астроўскі аб'явіў, што "…у адпаведнасці з загадам школьных уладаў, за вядзенне рэвалюцыйнай дзейнасці 22 вучні выключаюцца з гімназіі".

Вестка пра выключэнне з хуткасцю маланкі разнеслася па ўсёй гімназіі. У старэйшых класах адбыліся мітынгі пратэсту, а праз якіх паўгадзіны ў гімназіі спыніліся заняткі. Вучні аб'явілі забастоўку. Дэлегацыя вучнёўскага сходу накіравалася да дырэктара з патрабаваннем адмяніць загад". (Міско, Я. Ён вершам краты пілаваў / Я.Міско // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.42).

Але гэта не дапамагло. Забастоўка была падаўлена. Дзесяткі вучняў апынуліся ў руках дэфензівы.

Пасля канікулаў, калі ў Вільні адбываўся апеляцыйны працэс Грамады, падзеі ў гімназіі паўтарыліся. 27 лютага 1929 года новая забастоўка ў гімназіі. Са школы было выкінута яшчэ некалькі дзесяткаў вучняў. Сярод іх і Валянцін Таўлай. Яго прымусова вяртаюць у вёску да бацькоў.

Зноў Рудаўка

Але ў Рудаўцы малады паэт не складае рукі, а разварочвае камсамольскую работу. Яго выбіраюць сакратаром Азярніцкага падрайкома камсамола.

Як згадвае Павел Кулак: "Валянцін умеў пагаварыць і са старэйшым, і з малодшым, з усімі прыходзіў да адной высновы: трэба змагацца за сваё вызваленне. Ён любіў выступаць на масоўках.

28 жніўня 1929 года Валянцін вяртаўся з акруговай канферэнцыі і быў затрыманы (з трыма дэлегатамі) праваахоўнымі органамі на тракце Баранавічы-Слонім у Альберцінскім лесе. Паліцыя знайшла незразумелыя запісы, пры чым - аднолькавыя ва ўсіх. Эксперты расшыфравалі іх. Гэтыя заклікі меліся напісаць дэманстранты на транспарантах пад час святкавання міжнароднага юнацкага дня. Маладога камсамольца арыштавалі.

(Кулак, П. Разам з Валянцінам Таўлаем / П.Кулак // // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.98).

Гродзенскі акруговы суд на выяздной сесіі ў Слоніме 11 чэрвеня 1930 года прыгаварыў юнага змагара да 6 месяцаў зняволення ўмоўна, як непаўналетняга. Пракурор палічыў гэты прысуд лішне мяккім і падаў на апеляцыю. Віленскі апеляцыйны суд 11 кастрычніка 1930 года пераглядзеў справу завочна і адмераў юнаму камсамольскаму важаку два гады зняволення.

Пакуль справа разглядалася ў вышэйшай інстанцыі, у Віленскім апеляцыйным судзе, В.Таўлай быў на волі, як непаўналетні.

З ўспамінаў Леаніда Барысаглебскага вядома, што ў гэты перыяд Валянцін Таўлай пачаў вучобу ў Наваградскай беларускай гімназіі. "Паміж нас, школьнікаў, з'явіўся бялявы, ледзь не цацачнага выгляду з-за малога росту і акуратнасці ўсёй паставы, хлопчык у фрэнчыку. Яму было тады гадоў 15. Трымаўся ён ад мяне і, здаецца, ад усіх астатніх вучняў далекавата. Нейкая адчужанасць адчувалася ў яго адносінах да нас. Але ён не быў ні ганарлівы, ні пагардлівы. Хутчэй, у яго размовах з намі праглядала якаясьці таямнічасць. Нам усім здавалася, што ён нешта ведае, але не гаворыць. І гэтая таямнічасць, і арэол славы пачынаючага паэта прыцягвалі нас да хлопца. Пра яго ўжо тады гаварылі, як пра рэвалюцыянера і таленавітага паэта. Ён прабыў у нашай гімназіі два-тры тыдні і знік таксама раптоўна, як і з'явіўся". ( Барысаглебскі, Л. Успаміны пра Таўлая / Л. Барысаглебскі // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.111).

Па прысуду В.Таўлаю трэба было з'явіцца ў астрог. Вядома, туды ён не з'явіўся. Камсамольскае подполлле накіравала В.Таўлая ў кастрычніку 1930 года ў БССР дзеля атрымання належнай падрыхтоўкі для далейшай рэвалюцыйнай і літаратурнай дзейнасці.

Хто і як з камсамольскага падполля дапамог паэту і змагару перасячы дзяржаўную мяжу, пакуль невядома.

Валянцін Таўлай ў Савецкай Беларусі

У Мінску жыў дзядзька Валянціна па маці - Міхаіл Антонавіч Жыгмунт. Пасяліўшыся ў яго, Таўлай вучыўся на вячэрнім курсе літфака БДУ, супрацоўнічаў у рэдакцыі замежнага прадстаўніцтва ЦК КПЗБ, працаваў на штатнай пасадзе ў газеце "Звязда", а галоўнае, даводзіў да глянцу свае вершы і першую паэму "Непераможныя", прысвечаную Грамадзе.

Успамінае Сяргей Анісаў, які ў студзені 1931 года выконваў абавязкі адказнага рэдактара газеты "Чырвоная змена": "Творчых работнікаў у той час ў рэдакцыі газеты "Звязда" і "Чырвоная змена" было вельмі мала. Кожнаму з іх выпадала многа працаваць… Але Таўлай на свой лёс не наракаў і не скардзіўся, што яму цяжка. Наадварот - радаваўся, захапляўся работай… Пад час размовы быў заўсёды немнагаслоўны.

- Канспіратар, - аднойчы жартам папракнуў я і адразу папрасіў прабачэння. Мне здавалася, што ён мой жарт зразумее па-свойму і пакрыўдзіцца.

- Так, канспіратар… Толькі неважнецкі я канспіратар… Можа, гэта і не мая віна ў тым, што неважнецкі, але я больш чым хто адчуваю трагізм памылак у канспірацыі. Канспірацыя, брат, гэта - жыццё, поспех у рабоце; для падпольшчыка - гэта ўсё. А я які канспіратар?! Там, у Заходняй Беларусі, польская паліцыя мяне шукае. І ўяві сабе, ёй прынеслі мінскія газеты. Са шпальт гэтых газет выступае той, каго яна шукае…

- А хіба цябе хто прымушае выступаць у газетах, ды яшчэ падпісваць сваім імем?..

- Так, ніхто мяне не прымушае. Гэта мая памылка, а таксама памылка маіх добразычлівых кіраўнікоў. Яны не прадбачылі, што так можа здарыцца, а я забыўся, дзе знаходжуся… У захапленні ад жыцця ў Мінску, на радасцях я выступіў у газетах раз, другі, трэці як Таўлай. Праз нейкі час схамянуўся, але было ўжо позна...

10 мая 1931 года Валянцін Таўлай быў прыняты ў члены Беларускага аб'яднання пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП).

Сярод работнікаў "Чырвонай змены" Валянцін адчуваў сябе як у роднай сям'і. Ледзь не у кожным нумары газеты змяшчаліся яго матэрыялы…

Высокая ацэнка творчасці В.Таўлая давалася літаратурнымі крытыкамі ў газеце "Звязда", часопісе "Маладняк". (Анісаў, С. Незакончаная паэма / С.Анісаў // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.73-78).

Міхась Вернікоўскі, які працаваў у газеце "Чырвоная змена", успамінаў: "Газета рэгулярна выпускала "Літаратурную старонку Заходняй Беларусі". Яна мела клішыраваны загаловак: словы "Літаратурная старонка Заходняй Беларусі" былі напісаны на фоне змрочнай турмы, з-за крат якой рука вязня размахвала сцягам. Чыталі старонку ў Савецкай Беларусі, адпаведную ж колькасць экземпляраў Валянцін Таўлай невядомымі для нас шляхамі перапраўляў у Заходнюю Беларусь". ". (Вернікоўскі М., У барацьбе гартаваўся радок / С.Анісаў // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.89-90).

Знаходзячыся ў Савецкай Беларусі, Валянцін не забываў сваіх сяброў на малой радзіме, турбаваўся за іх лёс, дапамагаў набыць па меры магчымасці для іх кнігі. Анатоль Іверс, якога таксама выключылі з Віленскай беларускай гімназіі і які апынуўся ў роднай вёсцы Чамяры, успамінае: " Ішоў 1931 год. Перад першамайскім святам нас, некалькі рэвалюцыйна настроеных юнакоў, паліцыя арыштавала "для прафілактыкі", каб не расклейвалі лістовак, не распаўсюджвалі адозваў. Праз дзень нас выпусцілі. А праз некаторы час з паштовага агенцтва паведамілі, што на маё імя прыйшла пасылка. Падумалася, што гэта падвох паліцыі. Да таго ж напярэдадні, калі быў на рэгістрацыі ў пастарунку, бачыў паштовую работніцу. Аднак тады яна ні пра якую пасылку для мяне не гаварыла…

І вось падаю ў акенца паведамленне. Загадчыца агенцтва пытаецца, хто ёсць у мяне са сваякоў у Савецкім Саюзе. Кажу, што нікога. А хто такі Таўлай? Адказваю, што мой добры знаёмы, разам вучыліся. "Ён прыслаў вам кнігі".

Побач знаходзіўся пастарунак, і я хутчэй накіраваўся ў лес, каб ніхто не заўважыў. Збочыўшы з дарогі ў хмызняк, пачаў разглядаць літаратуру. Кніг было сем…. Я быў, як кажуць, на сёмым небе". (Іверс А. Пасылка Валянціна Таўлая / А.Іверс // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.105-106).

У Савецкім Саюзе Таўлай падлячыўся, набраў сілы, гарту, пасталеў палітычна, павысіў сваё літаратурнае майстэрства, памужнеў.

У некаторых крыніцах сустракаецца, што будучы ў БССР, В.Таўлай працаваў інструктарам Рэчыцкага райкама камсамола.

Першае каханне

Як ведаем, у Рудаўцы прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Валянціна Таўлая. Там прыйшло да яго і першае каханне - Тоня Кулак.

Антаніна Кулак - дзяўчына з вёскі Рудаўка, на тры гады старэйшая за Валянціна. Чым жа ён запомніўся Антаніне? Валя, так у вёсцы ўсе звалі Валянціна Таўлая, быў прыгожы, гаваркі, адукаваны. Калі прыязджаў у Рудаўку з Віленскай гімназіі, прывозіў шмат навінаў, кніг, сябрам чытаў свае вершы. Валя быў завадатарам і арганізатарам моладзі. Яго слухалі, любілі, ішлі за ім. Моладзь з Рудаўкі і суседняй Вялікай Кракоткі, падахвочаныя Валянцінам Таўлаем, змагалася за сваю беларускую школу, пісала дэкларацыі, заявы. Была заснавана Вялікакракоцкая беларуская бібліятэка - асяродак нацыянальнага руху. Нездарма яны самі далі ёй імя Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа. Яе наведвалі дзесяткі беларускіх пісьменнікаў, некалькі разоў у бібліятэку прыязджала жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч.

"Тоня кахала Валянціна. Але здарылася так, што яе бацьку, брыгадзіра чыгуначных будаўнікоў, перавялі ў другі канец павету, у вёску Вішава. Там да Тоні пасватаўся мясцовы юнак Віктар Бараноўскі. Бацькі пачалі рыхтавацца да вяселля і нават купілі дачцэ вэлюм. Раптам Тоня атрымлівае пісьмо ад Валянціна, які прасіў яе не выходзіць замуж за Віктара. Прачытаўшы ліст ад свайго былога сябра, Тоня заявіла бацькам, што вяселля не будзе, што яна паедзе ў Рудаўку. Бацькі не пярэчылі дачцэ, бацька на возе неяк адвёз дзяўчыну ў Рудаўку.

Міхаіл Арочка ў кнізе "Валянцін Таўлай" (Мн., 1969 г.) пісаў: "На астрожных нарах Валянцін не знаходзіў сабе месца ад успамінаў пра "салаўіныя ночы" і дзявочыя рукі. Як шчасліва яму мроілася, калі ён зноў бачыў сябе з ёй, зграбнай, усмешлівай, самай прыгожай з усіх рудаўскіх дзяўчат - з Тоняй Кулак. Там, на волі, дзе здавалася, яго ўсяго забірала праца падполля, усё ж хапала начэй і на "сцежкі ў жытным", на пяшчотную радасць быць поруч з ёй…" (Чыгрын,С. Пра першае каханне Валянціна Таўлая / С.Чыгрын // Лідскі летапісец. - 2002. - № 50. - С.22).

Але пазней лёсы Антаніны Кулак і Валянціна Таўлай разышліся.

У снежні 1932 года паэта з Савецкай Беларусі, куды ён перабёг ратуючыся ад чарговага арышту, накіроўваюць у Варшаву для падпольнай работы. У дарозе Валянціна заўважылі шпікі, але яму ўдалося на хаду саскочыць з цягніка і да канца зімы хавацца. Тоні перадалі сябры, што Валянцін у Рудаўцы. Яна яго вельмі чакала, але каханы чамусьці не прыйшоў. Чаму - застаецца загадкай. Вядома, не хацеў падстаўляць дзяўчыну, але, як убачым ніжэй - баяўся арышту, вельмі небяспечна было паказвацца на людзях у вёсцы.

У 1933 годзе Антаніна выйшла замуж за настаўніка ў Рудаўцы Браніслава Гародку. Яго хутка мабілізавалі ў Войска Польскае. Ён ваяваў з немцамі, нават трапіў да іх у палон, з палону вызвалілі англічане ў 1945 г. Пасля вайны Браніслаў на Слонімшчыну не вярнуўся, застаўся жыць у Польшчы ў г.Чэнстахова. У 1946 г. да яго пераехала і жонка Антаніна Кулак.

Малодшая родная сястра Антаніны Кулак, Вера, якая перадала фотаздымак Антаніны, жыве ў Слоніме. Апошні раз яна наведала сястру ў Польшчы ў 1999 годзе. Па яе ўспамінам: "… як толькі я ўвайшла ў кватэру, Тоня адразу спытала: "А ці прывезла ты кніжку вершаў Валі Таўлай?".

Антаніна Кулак пражыла 89 гадоў. Усё сваё жыццё кахала Валянціна і помніла яго. А ў сямейным альбоме захоўваецца фотаздымак юнага Таўлая з надпісам на адваротным баку: "На добрую памятку Тоні К. ад Валянціна Таўлая. Рудаўка. 19.VIII.1929".

А калі Вера ад'язджала на Беларусь, Тоня дастала з альбома гэты здымак і перадала яго сястры: "Вазьмі, Вера, гэты фотаздымак. Няхай ён вяртаецца на Беларусь, на бацькоўскую зямлю. Я яго тут берагла, няхай цяпер ён зберагаецца дома. Там ён не прападзе".

Вера абняла Тоню на развітанне і заўважыла, як з вачэй старэйшай сястры паліліся слёзы.

Першае каханне Валянціна Таўлая - Антаніна Кулак памерла ў 2000 годзе і пахавана побач з мужам Браніславам Гародка ў Лодзі. (Там жа. С.23).

Грамадская дзейнасць на свабодзе

У снежні 1932 года В.Таўлая адклікаюць у распараджэнне ЦК КПЗБ і, прыняўшы ў члены партыі, накіроўваюць у Заходнюю Беларусь для падпольнай работы.

З успамінаў Паўла Кулак: "У Варшаве яго павінны былі сустрэць сябры, але ён не змог трапіць на той цягнік, а прыехаў на суткі пазней. Калі ён прыехаў у Варшаву, яго ніхто не сустрэў, і ён вырашыў чакаць на вакзале і каля вакзала, спадзеючыся, што з'явіцца хто-небудзь з сувязных.

Але на яго звярнуў увагу шпік і пачаў сачыць за ім. Валянцін таксама сачыў за шпікам. Выхаду ніякага не было, як узяць білет і ехаць назад да станцыі Зэльва. У гэта ж купэ селі і шпік з паліцаем. І тады Валянцін, пад'язджаючы пад Зэльву, здымае сваё паліто, фуражку, вешае на вешалку і кладзе на відным месцы свой чамадан, а сам ідзе ў туалет. Не чакаючы станцыі, саскоквае на хаду з цягніка.

На станцыі шпікі і паліцыя паднялі трывогу - знік рэвалюцыянер з-пад носу… Цягнік затрымалі на 20 мінут, забаранілі сыходзіць з цягніка і ўваходзіць у яго, пакуль не зрабілі рэвізіі. Тады паліцыя дала загад закрыць усе ўваходы і выхады са станцыі ў горад. Але Валянціна, канешне, не знайшлі. Ён патайнымі сцежкамі прабраўся на могільнік, дзе была пахавана яго маці, а адтуль таксама патайнымі сцежкамі ён прабіраецца бліжэй да Рудаўкі. Калі развіднела, ён паспеў дайсці да самай вёскі і дняваў у лесе, назіраючы адтуль за паліцаямі, якія затрымлівалі кожнага праезджага і пешага.

Узяць цэлую групу падпольшчыкаў не ўдалося, ды не тое што групу, а і аднаго не здолелі ўзяць. "Гапы" - так назваў камендант сваіх падначаленых.

Увечары Валянцін прыйшоў у вёску" (Кулак, П. Разам з Валянцінам Таўлаем / П.Кулак // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.98-99).

З успамінаў яго дзядзі Івана Мікалаевіча Таўлая вынікае, што Валянцін прыехаў у Рудаўку ў восень 1932 года. Яму было 18 гадоў. Спачатку ён хаваўся ў гумне. Але здарылася так, што ў гэты час да дзядзі прыехаў у водпуск з ваеннай службы яго сын Іван. Ён пра Валянціна нічога не знаў. Аднойчы бацька сказаў, што калі пойдзеш у гумно і убачыш каго-небудзь, не пужайся. Валянцін хаваўся ў гумне на вышках. Калі яму там дакучала, ён спускаўся ўніз і хадзіў па току ўзад-уперад. Калі хто-небудзь заходзіў у гумно, Валянцін тут жа хаваўся. І вось, Іван зайшоў у гумно. Валянцін тут жа схаваўся. Іван запытаў, чаму ён тут хаваецца. Потым прызнаўся, што ён усё ведае. Пасля гэтага яны доўга сядзелі і размаўлялі.

Аб тым, у якім сакрэце было месца знаходжання Валянціна і чым гэта пагражала яго родным, сведчаць такія факты. Валянцін даўно не галіўся. Іван прапанаваў яму пайсці ў хату і пагаліцца. Таўлай асцерагаўся выходзіць з гумна, тым больш, у такім выглядзе. Нарэшце, прынялі рашэнне пераадзець Валянціна ў форму польскага салдата, у якой Іван прыехаў у водпуск, шынель, шапку, і толькі ў такім выглядзе ён выйшаў са свайго сховішча ў хату.

Так Валянцін хаваўся ўсю восень і зіму. Знаходзіцца ў хаце бацькоў было вельмі рызыкоўным, па гэтаму сховішча знаходзіў у родзічаў. Доўгі час сядзеў у гумне свайго дзядзі, а калі стала халадаць - хаваўся ў хаце сястры Івана Мікалаевіча - Ганны Мікалаеўны, таксама ў Рудаўцы. Тут ужо сядзеў на печы. У Ганны былі маленькія две дачушкі. Малодшай было каля 2-х гадоў. Яна ўбачыла, што на печцы сядзіць чужы дзядзя і стала паўтараць: "Дзядзя Валя, дзядзя Валя". Ёй сталі тлумачыць, што гэта не дзядзя Валя, а дзядзя Ваня - яе хросны.

Аднойчы прыйшоў да Ганны яе брат Іван і спытаў дзяўчынку: "Дзе дзядзя Валя?". Тая адказвае і нават паказвае пальчыкам: "На печы сядзіць!". Такім чынам бачым, што сховішча і на печы было небяспечным.

Хаваўся Валянцін і ў другой сястры Ганны Мікалаеўны - Веры Мікалаеўны. Яна была сувязной Валянціна па рабоце. Але і там затрымацца доўга не было магчымасці. Аднойчы гэтую хату наведала паліцыя, шукала тайнік, дзе можа сядзець Валянцін Таўлай. Нават хацелі разабраць дах. Над сенцамі дах разабралі, а над хатай гаспадары ўпрасілі не чапаць. Валянціна не знайшлі, але калі адыходзілі - забралі гаспадыню Веру Мікалаеўну. Трымалі яе 6 тыдняў, пыталі, выпытвалі пра Валянціна. Але яна не выдала Валянціна. Тады паліцаі ўзялі яго фатаграфію, якую нашлі пры вобыску, і выкалалі вочы на здымку.

У такіх умовах хаваўся Валянцін, пагражаючы небяспекай і сабе, і сваім родным. Потым, як успамінаў Іван Мікалаевіч, ён прынёс Валянціну кажух і чорныя валёнкі. Хутка за Валянцінам прыехала дзяўчына і ўвезла яго у Вільню. (З сямейнага архіва сястры Валянціна - Ніны Паўлаўны Таўлай-Радзюкевіч.)

На вялікі жаль і тут белая пляма ў аўтабіяграфіі В.Таўлая. Але відавочна, што Валянцін нейкім чынам даваў аб сябе знаць "сваім, патрэбным людзям", і тыя рабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы Валянціну, агульнанароднай справе, Радзіме.

Пакінуўшы Рудаўку, В.Таўлай працаваў літаратурным рэдактарам легальнага рэвалюцыйнага органа "Беларуская газета" ў Вільні, а з сёмага нумара стаў яе фактычным рэдактарам. Артыкулы і карэспандэнцыі, напісаныя Таўлаем, вызначаліся палімічным запалам, глыбокай аргументацыяй. Газета хутка стала папулярнай. У ёй друкаваліся не толькі артыкулы і пісьмы, але і творы маладых заходнебеларускіх паэтаў - Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Міхася Васілька, Анатоля Іверса, Петруся Граніта, Васіля Струменя.

У снежні 1933 года Валянцін Таўлай арганізаваў і правёў першую канферэнцыю рэвалюцыйных пісьменнікаў Заходняй Беларусі і падрыхтаваў да друку першы рэвалюцыйны часопіс "Літаратурная старонка".

Як бачым, актыўная падпольная дзейнасць захапіла юнака. Відавочна, яна пагражала чарговым арыштам. І Камуністычная партыя Заходняй Беларусі прымае рашэнне часова накіраваць Валянціна Таўлая зноў ў СССР.

Якуб Міско - вядомы дзеяч рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі і сябар В.Таўлая ўспамінаў: "У канцы 1933 года становішча склалася так, што я павінен быў пакінуць Вільню, бо атрымаў афіцыйную паперу ад гарадскога старасты-мэра, што мне забараняецца жыць у гэтым пагранічным горадзе".

Камуністычная партыя Заходняй Беларусі прыняла тады рашэнне часова накіраваць Якуба Міско і Валянціна Таўлая ў Савецкі Саюз.

"Праз два дні мы селі ў цягнік Вільна-Маладзечна. Для канспірацыі ехалі ў розных вагонах. Сыйсці трэба было на станцыі Залессе, а адтуль ужо нас павязуць да прыгранічнай вёскі Валодзькі на санях. Цягнік спыняўся на ўсіх станцыях. Па вагонах з электрычнымі ліхтарамі шныралі дэфензіўшчыкі. Яны нюхтарылі, ці няма чаго-небудзь "смажанага". Я сядзеў у цьмяным кутку і рабіў выгляд, што драмлю.

Марозная студзеньская ноч. Мы былі ў асенніх паліто, у лёгкіх чаравіках, у кепках. У Залессі нас сустрэў фурман, пасадзіў у сані і мы крануліся далей. Конік бег борзда. Хацелася да світання прыехаць у Валодзькі, а гэта каля 40 кіламетраў. Мароз набіраў сілу. Праз якіх пяць кіламетраў мы ўжо адубелі ад холаду. Каб не памарозіць ногі, раз-пораз саскоквалі і нейкі час беглі за саньмі, пасля зноў садзіліся і ехалі… Пад раніцу да таго патаміліся, што бегчы не было ўжо сілы. Мы туліліся адзін да аднаго і чакалі канца гэтай бясконцай дарогі. У Валодзькі прыехалі, калі пачало ўжо днець. Ва ўсіх хатах гарэлі агні, пахла дымам. Фурман пастукаў у акно вядомай яму хаты, нешта сказаў гаспадару, і мы апынуліся ў цяпле. Пасля доўгай дарогі і холаду нас адразу размарыла. Гаспадар сказаў, што да вечара прыйдзецца сядзець на печы, каб ніхто не ўбачыў, бо тут небяспечна - да мяжы 4 кіламетры.

Грэліся ўвесь дзень. А калі ссутанела, у запечак прыйшоў высокі малады хлопец, пазнаёміўся і сказаў:

- Я вас павяду, надвор'е спрыяе.

Перакусіўшы на скорую руку, мы падзякавалі за гасціннасць і выйшлі з хаты. Мароз трымаўся. Вецер са свістам і скатаваннем гнаў пазёмку. У такую куламесу толькі і пераходзіць мяжу. І мы рушылі са сваім правадніком. Сялянскія гумны, а там - поле, хмызнякі. Усё бліжэй савецкая зямля.

- Ужо хутка, - шапнуў Таўлай і моцна сціснуў маю руку, - хутка будзем дома.

І раптам з-за куста:

- Рэнцэ до гуры!

Як крумкачы накінуліся да нас чатыры паліцыянты. Нам звязалі рукі, абшукалі і павялі ў Радашковічы. "Вось табе і дома…" - з гораччу падумаў я.

У Радашковіцкім пастарунку мы сказалі, што хацелі трапіць у Савецкі Саюз, бо ў Польшчы не можам знайсці работу. Адзін аднаго не ведаем, у цягніку сустрэліся выпадкова і дамовіліся пераходзіць мяжу разам. Відаць было, што паліцыя не надта верыла ў гэтую версію.

На другі дзень мы былі ўжо ў маладзечанскай дэфензіве, якая славілася на ўсё Віленскае ваяводства як узорная катоўня камуністаў.

Павятовая арыштанцкая… На голых брудных нарах 15 чалавек. Тут і самагоншчыкі, і зладзеі, і тыя, хто ў пошуках працы спрабаваў перайсці мяжу. Некаторыя сядзяць ужо месяц і больш. Сюды кінулі і нас…

Ішлі ўжо трэція суткі. Хутка павінна пачацца "баданне"- допыт. Мы ведалі, што гэта такое. Не адзін рэвалюцыянер тут пакінуў палавіну здароў'я. Самі "мастакі" хваліліся, што ў іх і нямы загаворыць. Мы стараліся супакойваць адзін аднаго, хоць гэта і не вельмі ўдавалася…

І вось недзе апоўначы бразнуў замок, і ў камеру вайшоў паліцыянт. Пры святле ліхтарыка ён зірнуў у паперку і сказаў:

- Якімчык Константы!

Таўлай (у 1933 годзе пашпарт у Таўлая быў на імя Кастуся Якімчыка - А.К.), не спяшаючыся, падняўся з нараў і пайшоў за паліцыянтам…

Я не мог ужо заснуць. Ведаў, што ў гэты час недзе ў сутарэннях дэфензівы, тут, зусім побач, пачалася "работа". Як жа мне хацелася быць каля Таўлая, сказаць яму яшчэ раз: "Трымайся, браток!" Паліцыянты ўжо ведалі, што перад імі не Якімчык, а Таўлай, што ён быў у Савецкім Саюзе…

А яго зноў клалі на тапчан, зноў хвасталі гумавай палкай у пяты, зноў аблівалі халоднай вадой… Падвесілі на крук, табурэтку выбілі з-пад ног. Знялі з крука, калі ён страціў прытомнасць. Плюхнулі ў твар халоднай вады. Таўлай паварушыўся… Нічога не сказаў.

- На сёння хопіць. Пагаворым заўтра.

На наступны дзень ўсё пачалося спачатку. Толькі на трэцюю ноч у калідоры каля дзвярэй нашай камеры пачуўся знаёмы кашаль. "Ён", - усхапіўся я. Асцярожна падышоў да дзвярэй і таксама закашляў. Таўлай зразумеў і праз шчыліну ціха прамовіў:

- На нагах стаяць цяжка… Усё ў парадку… Вязуць "на Лукішкі". Трымайся" (Міско, Я. Ён вершам краты пілаваў / Я.Міско // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.46-50).

У Лукішках

У Лукішках адбывалі пакаранне сотні рэвалюцыянераў. Яе называлі заходнебеларускай бастыліяй. В.Таўлай пісаў пра гэтую турму:

Лукішкі! Хто іх пракляты не знае?

Гэта яны ўзняліся над краем,

Каб нашы матулі, як песні, сумнелі,

Каб ад шыбеніц падалі цені

І на шляхі і на летуценні…

У студзені 1934 года сюды прывезлі і Таўлая. Пасля маладзечанскага "допыту" ён доўга не мог ачуняць. Жаліўся на сэрца і ногі. Толькі праз паўгода раны зажылі, і Валянціну стала лепш.

Пацягнуліся астрожныя дні - аднастайныя і насупленыя, як твары турэмшчыкаў… Нудота нясцярпенная. Паўгадзіны шпацыру чакаеш як прасветліны. Хоць там і забаронена гаварыць, ды кожны раз неяк перакінешся словам, і робіцца весялей…

Учора Таўлай, які сядзіць на другім паверсе, прыслаў (Якубу Міско-А.К.) "грыпс" - патаемную запіску. Піша, што ўжо крыху акрыяў, ногі загоіліся, вось толькі сэрца стукае часам не так як трэба. Доктар прыпісаў нейкія кроплі, але яны, мусіць, дапамагаюць, як кашаль хваробе. Сядзіць адзін, не даюць ні паперы, ні алоўка. Вершы "запісвае" у памяць…

Некаторыя з яго вершаў змяшчаліся ў літаратурна-грамадскім часопісе "Краты", які ў 30-х гадах выходзіў на Лукішках. Заснавальнікам яго быў Максім Танк. "Краты" пісаліся ад рукі ў двух-трох экземплярах… Дзіва, пры пільным наглядзе стражнікаў, якія зыркаюць у кожную шчыліну, удаецца не толькі пісаць вершы, але і выдаваць часопіс… Сярод вязняў "Краты" карысталіся вялікай папулярнасцю. Людзі чакалі часопіса, як свята… Амаль усе паэты сядзелі тады на Лукішках. У гэтай турме Таўлай напісаў добрую палавіну сваіх твораў. Тут нарадзілася і яго паэма "Кобрыншчына"…

Следства ішло 28 месяцаў. Абвінаваўчы акт склаў 150 старонак. Падсудных назбіралася 16 чалавек. Сярод іх - В.Таўлай. Працэс пачаўся 21 сакавіка. Віленскія газеты ахрысцілі яго "Працэсам малой Грамады". Шэсць дзён вазілі абвінавачаных на суд і з суда. Шэсць дзён пракурор і шпікі намагаліся даказаць, што на лаве падсудных - небяспечныя злачынцы, якіх трэба абясшкодзіць… На судзе выступіла больш 50-ці сведкаў. Гэта былі, як правіла, шпікі, канфідэнты…

Пракурор, гаворачы пра Таўлая, пераконваў суддзяў, што гэта самы таленавіты і таму самы небяспечны крамольнік… Мы павінны выбіць з рук гэтых людзей аловак і паперу, пазбавіць іх магчымасці пісаць і бунтаваць.

Успамінаючы гэтыя словы паэт пазней напіша:

"Пракурор праз кодэкса артыкул

Углядаўся ў кожны мой радок.

Нават пальцам асцярожна тыкаў

І ацэньваў: за радок - гадок".

Але дарэмнымі былі патугі замкнуць вершы разам з іх аўтарам на доўгія гады ў астрог і адарваць паэта ад свайго народа. Напісаныя вершы друкаваліся ў "Кратах", пераходзілі з камеры ў камеру. Многія вязні ведалі іх на памяць і, выходзячы на волю, выносілі з сабой і вершы, давалі ім пуцёўку ў народ.

І вось надышоў апошні дзень працэсу. Падсудным даецца апошняе слова… Ніхто не прызнаў сябе вінаватым. Ніхто не прасіў літасці. Ніхто не спадзяўся, што вынясуць справядлівы прысуд.

- Вы судзіце не нас, а праўду, якую мы неслі народу, але праўда не баіцца артыкулаў кодэкса, - заявіў В.Таўлай.

Суд даў Таўлаю, Пестраку і Міско восем гадоў катаргі, астатніх прыгаварыў на меншыя тэрміны.

Мне з Таўлаем давялося прасядзець на Лукішках і ў гродзенкай турме амаль шэсць год. Некаторы час мы знаходзіліся ў адной камеры, але больш за ўсё сустракаліся толькі на шпацыры.

Вязні вельмі любілі Валянціна. Гэта быў крыштальнай душы чалавек, чуйны таварыш… У вольны ад заняткаў час мы ўсе цянуліся да яго. Ён расказваў пра жыццё ў Савецкім Саюзе, дзе ён правёў два гады, на памяць чытаў вершы, проста, задушэўна гаварыў пра блізкія кожнаму з нас справы. Валянцін быў сярод нас найбольш адукаваным і здольным хлопцам, але ён ніколі гэтага не паказваў. Наадварот, імкнуўся быць такім, як усе…

З кожным вязнем у Валянціна былі свае адносіны, у кожным ён знаходзіў нешта, што іх збліжала. Таўлай умеў і падтрымаць чалавека ў бядзе, даць талковую параду, і развесяліць, і, калі трэба, здорава пакрытыкаваць…

З Валянцінам заўсёды было лёгка і прыемна. Ён быў вельмі памяркоўным чалавекам. Не памятаю выпадку, каб на каго-небудзь сердаваў ці сварыўся з кім. Наадварот, калі ў калектыве ўзнікалі дробязныя сваркі, Таўлай імкнуўся іх згладзіць…

…Патрабавальна адносіўся гэты чалавек да сваіх вершаў. Старанна шліфаваў кожны радок. Турэмныя ўмовы былі такімі, што тварыць прыходзілася без паперы, і без алоўка. Калі часам у рукі трапляў нейкі агрызак - яго трэба было старанна хаваць ад вартаўнікоў: знойдуць - бяды не абярэшся. Таму паэт звычайна пісаў "не пяром, не ў запісную кніжку". Ён іх пад ззяне бліскавіц запісваў у памяць".

Працэс "запісвання" адбываўся так. Бывала, Валянцін адарвецца ад будзённых спраў і, заклаўшы рукі назад і крыху прыўзняўшы галаву, пачынае хадзіць па камеры. Пяць крокаў туды, пяць - назад. Ходзіць і аб нечым думае, нешта шэпча. Потым сядзе на лаву, бярэ ў рукі каменьчык, прынесены са шпацыра, і чыркае па цэментнай падлозе. Напіша 2-3 радкі і зноў ходзіць. Потым зноў сядае. Зноў піша. І так - радок за радком. Здаралася, што ў адным кутку камеры цэменту "давяраў" свае эмоцыі Таўлай, а ў другім - Пестрак. А вечарам яны ўжо чыталі свае новыя вершы… Над кожным радком паэт працаваў старанна, чуйна прыслухоўваўся да крытычных заўваг, перапісваў, шукаў новыя вобразы, выкрэсліваў усё лішняе, усё, што здавалася яму няўдалым, слабым…

Летам 1938 года рашэннем выканкама Камінтэрна кампартыя Польшчы і яе секцыі КПЗУ і КПЗБ былі распушчаны. Турэмная адміністрацыя палічыла, што якраз падышоў час расправіцца з "камунай", якая пасля роспуску партыі маральна і арганізацыйна аслаблена, і яе лёгка будзе знішчыць. Начальнік турмы прадстаўніку палітвязняў П.Радзюку растлумачыў, што цяпер яны будуць сядзець разам з крымінальнікамі і выконваць усё, што загадае стражнік. "Ніякіх газет, ніякіх кніжак. Тут турма, а не школа. Хопіць".

Радзюк выказаў пратэст і сказаў, што працы палітвязні не баяцца, але на паднявольную работу не пойдуць. Мы не злачынцы, мы палітычныя зняволеныя…

Як не катавалі, ніхто з палітвязняў на паднявольную працу не пайшоў. Не ўдалось іх паставіць на калені. Атрымаўшы сваю "порцыю", Валянцін, хістаючыся вярнуўся ў сваю камеру. "Б'юць, падлы, важка. Але ў Маладзечне было горш". Крыху адпачыўшы, зацягнуўшыся дымком турэмнай самакруткі, Валянцін пачынаў чытаць свае любімыя радкі:

Можаце сэрца маё "мастакі",

вырваць і даць мне смерць.

Толькі ж знайце:

мільён такіх

рынецца ў бойку сэрц.

(Там жа. С 51-67).

Вераснёўскія падзеі 1939 г. у лёсе В.Таўлая

Міхаіл Мінкевіч - вязень Гродзенскай турмы ўспамінае: "Можа за суткі ці двое да ўступлення ў Гродна Чырвонай Арміі палітзняволенных раптам уразіла мёртвая цішыня, што запанавала на турэмным двары. Не чулася крокаў вартавых, не відаць іх было на вышках. Разам з аховай як скрозь зямлю правалілася і турэмнае начальства. Толькі пры дзвярах камер "асабліва небяспечных" катаржан, як вартавыя псы , засталіся наглядчыкі".

(Мінкевіч, М. Той год…/ М.Мінкевіч // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.96).

"На другі дзень пасля пачатку вызваленчага паходу Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь да вязняў дайшлі чуткі, што немцы недалёка ад Гродна. Але з самай раніцы 18 верасня ля турэмнай брамы сталі збірацца рабочыя гродзенскіх фабрык і сяляне бліжэйшых вёсак. Неўзабаве з-за сцен данёсся шматгалосы кліч: "Свабоду палітвязням! Хай жыве Чырвоная Армія!" З вокнаў турмы - воклічы вязняў: "Няхай жыве свабода!".

Неўзабаве затрашчалі турэмныя краты, і мы выйшлі на гродзенскія вуліцы. Што рабілася ў горадзе - цяжка зразумець. Улады ніякай не было, але ва ўсім адчувалася, што паны прыціхлі, прытаіліся і рыхтуюцца да расправы над камуністамі. Мы пачалі ўзбройвацца. Атрымаў вінтоўку і Валянцін Таўлай…

Не паспелі мы агледзіцца і раставіць свае сілы, як на вуліцах Гродна пачалася страляніна. Выпаўзлі са сваіх нораў паліцэйскія, чыноўнікі, афіцэры, асаднікі. З касцёлаў і цэркваў загаварылі кулямёты. Пачалася аблава, і к вечару нас зноў прывялі ў турму. Таўлая кінулі ў камеру толькі ў поўнач. Твар у яго быў акрываўлены…

Назаўтра нас судзіў ваенна-палявы суд. Мы добра разумелі, што гэта азначае, і не чакалі літасці. Усе адчувалі, што сёння, а магчыма заўтра многім прыйдзецца развітацца з жыццём. Разумеў гэта і Валянцін. Але не вешаў галавы. Ходзячы па камеры, ён расказваў аб учарашніх падзеях і бесперастанку курыў… У гэтыя хвіліны кожны паварот турэмнага ключа мог быць рашаючым…

Пад вечар, 19 верасня над горадам з'явіліся першыя савецкія самалёты. Яны раскідвалі лістоўкі. Пачалося вызваленне Гродна. Неўзабаве рабочыя з чырвонымі павязкамі на рукавах расчынілі перад намі дзверы камер: "Выходзьце, таварышы! Свабода!". (Там жа).

Міхаіл Мінкевіч аб настроі вязняў пасля таго, як іх зноў заперлі ў камеры: "Настрой у нас быў страшна прыгнечаны. Прывід недарэчнай смерці на парозе дня свабоды глядзеў з-за кратаў. У нашай камеры на пэўны час наступіла зацятая цішыня. І раптам злавесная цішыня раскалолася. Першым адазваўся Валянцін Таўлай… Ён выйшаў з кутка, дзе да гэтага нейкі момант сядзеў у задуменні і зычным голасам пачаў дэкламаваць. Многія яго вершы палітвязні завучвалі на памяць. Вязні сэрцам лавілі кожнае палымянае слова і знаходзілі ў іх падтрымку. Узняліся апушчаныя галовы, весялейшымі сталі позіркі, твары". (Там жа. С. 96-97).

А вось так апісвае Васіль Аляксандравіч Ражко (1910 г.н., в.Балотца-Клінцы Наваградскага раёна, член КПЗБ с 1930г. У 1932-1934 гг. - сакратар райкама КПЗБ у Шчорсах. За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы судзімы і прыгавораны ў агульнай складанасці да 12-ці гадоў турэмнага зняволення. У верасні 1939 года - палітвязень Гродзенскай турмы): "У сярэдзіне верасня мы атрымалі радасную вестку: Чырвоная Армія перайшла граніцу Польшчы і ўзмоцнена рухаецца на захад. Дзень вызвалення Заходняй Беларусі надышоў. Слухі пашыраліся. Стала вядома, што дэлегацыя рабочых ад фабрык і заводаў горада прыходзіць у магістрат і патрабуе вызвалення палітвязняў.

Пад іх націскам гарадскія ўлады згадзіліся нас вызваліць. Аб гэтым даведаліся крымінальнікі, на якіх рашэнне аб вызваленні не распаўсюджвалася. Дабраўшыся да склада рабочага інвентара, яны ўзброіліся ламамі, кіркамі, малаткамі, разбілі запоры камер і турэмных варот. Масіўныя жалезныя вароты расчыніліся, і натоўп рабочых, які стаяў ля турмы, хлынуў у двор з чырвонымі сцягамі. Рабочыя выкрыквалі лозунгі ў гонар Чырвонай Арміі і Савецкага Саюза.

Мы апынуліся на свабодзе і, сшыхтаваўшыся ў калоны, накіраваліся ў Дом прафесіянальных саюзаў, які знаходзіўся на вул. Ажэшка. Наперадзе ішлі Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай і Якуб Міско.

Усюды было людна. Праходы вуліц запоўнены гараджанамі. Яны нам прыветліва махалі рукамі, усміхаліся. Мы ў адказ падымалі сціснутыя ў кулакі рукі - знак антыфашысцкіх барацьбітоў, выказвалікамуністычныя лозунгі, з якімі прайшлі цяжкі рэвалюцыйны шлях барацьбы.

Гарадскія ўлады прыйшлі ў замяшанне. Мы разам з рабочымі горада сяк-так узброіліся, занялі некаторыя паліцэйскія ўчасткі. Аднак, прытаіўшыся фашысцкія малойчыкі, паліцэйскія, стральцы хутка прыйшлі ў сябе і пачалі дзейнічаць.

Завязалася бойка. Змучаныя, фізічна аслабленыя, не меўшыя неабходнай ваеннай падрыхтоўкі, палітвязні не вытрымалі варожага націску. Шматлікія з іх былі забіты на вуліцах горада.

Дом прафсаюзаў, дзе размяшчаўся наш штаб, быў узяты паліцэйскім штурмам. Яго абаронцы арыштаваны. Палітвязні, якія з такой цяжкасцю вырваліся на волю, зноў былі захвачаны і вернуты ў турму. Нас вялі ў турму групамі і па аднаму з паднятымі рукамі, і пры малейшай правіннасці білі прыкладамі. У калідоры турмы, прапуская праз рады фашысцкіх малодчыкаў, нас білі гумовымі дубінкамі. Да канца дня турма была запоўнена былымі палітвязнямі і арыштаванымі працоўнымі горада, якія нас падтрымлівалі.

Адзічаўшыя польскія фашысты чынілі над намі жорсткую расправу… Цяжка было змірыцца з тым, што здарылася.

У тую ноч ніхто не спаў. Позна ўначы мы пачулі гул артылерыйскай кананады, а на досвітку пачалася стральба з кулямётаў і вінтовак. Раніцай надзірацель Раманьчык адчыніў нашу камеру і сказаў, што Чырвоная Армія заняла горад. Тут жа ўдакладніў, што на досвітку ўсіх нас павінны расстраляць. Больш мы яго не бачылі. Ён знік.

Расстраляць нас не паспелі. Расчыніліся вароты турмы, і мы зноў апынуліся на свабодзе. Чырвоная Армія выратавала нас ад смерці.

У гэты ж дзень у горадзе адбыўся мітынг. Усе выступаючыя дзякавалі савецкі ўрад за брацкую дапамогу беларускаму народу, за вызваленне працоўных ад гнёта польскіх эксплуататараў. Народ лікаваў, на тварах - радасць, слёзы шчасця.

Пасля мітынгу ўсе палітвязні зноў сабраліся ў Доме прафсаюзаў, нам выдалі адзенне, абутак, грошы.

Раней, чым адправіцца па дамам, мы сфатаграфаваліся на памяць перад будынкам часовага гарадскога ўпраўлення. Кожны з нас спяшаўся дамоў. Мы ведалі - нас чакаюць вялікія справы… ( Ражко, В. Расстраляць не паспелі… / В.Ражко // Гады выпрабаванняў і мужнасці. Зборнік успамінаў былых членаў КПЗБ; склад. Н.С.Арэхва, Н.С.Сташкевіч. - Мінск: Беларусь, 1973. - С.377-381).

Пасля вызвалення з гродзенскай турмы Валянцін Таўлай наведвае бацькоў - Паўла Дзям'янавіча і Сцепаніду Паўлаўну, якія пераехалі ўжо ў Ліду. Трэба зазначыць, што ў 1935 годзе ў Рудаўцы бацька Валянціна, Павел Дзем'янавіч, быў арыштаваны і пасаджаны ў гродзенскую турму, у якой прабыў каля года. У 1936 годзе ён прадае гаспадарку ў Рудаўцы і пераязджае ў Ліду. Купіў участак зямлі ў брата жонкі Сцепаніды, Пятра Паўлавіча Дарашэвіча, і пабудаваў свой дом недалёка ад хаты цесця па вуліцы Чапаева (пры Польшчы - вул. Пілсудскага). Увесь гэты квартал спалілі немцы як адыходзілі ў 1944 годзе.

З успамінаў сястры Ніны, якой на той час было 6 гадоў: "… пасля вызвалення з турмы ў Гродна Валянцін дабраўся да Ліды, прыйшоў да бацькі ў вечары, ціхенька пастукаў у вакно… У доме бацькі Валянціна, Паўла Дзем'янавіча, у гэты час на першым паверсе кватэраваўся нейкі юрыст, а сям'я жыла на мансардзе ў невялікім пакойчыку з кухняй. Так вось у вакно гэтага пакойчыка і пастукаў Валянцін. Я потым усё думала, як ён мог пастукаць у вакно на мансардзе. Но потым дадумалася6 пад вакном раслі вішні, і Валянцін вы У гэтым пакойчыку Валянцін з бацькам доўга сядзелі, гаварылі. Я маленькая была і ўжо клалася спаць… і ўсё глядзела, як яны размаўлялі. Мне было цікава, што ў мяне такі вялікі брат". (Суднік, С. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / С.Суднік // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26). - С.16).

Праца ў рэдакцыі газеты "Уперад"

Пасля выхаду з гродзенскай турмы В.Таўлай уладкоўваецца на працу ў рэдакцыю лідскай газеты "Уперад", у якой працаваў да 22 чэрвеня 1941 года. Як сведчыць яго аўтабіяграфія: "Працаваў літработнікам газеты "Уперад", сумяшчаў газетную работу з літаратурнай. Друкаваўся ў розных газетах і часопісах. 4 лютага 1941 года быў прыняты ў члены ССП…". (Таўлай, В. Аўтабіяграфія / В.Таўлай // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.8).

Радасць вызвалення, сустрэчы з роднымі, любімая праца ў рэдакцыі Лідскай раённай газеты "Уперад", віды на выданне зборніка твораў - усё гэта спрыяла творчаму росту паэта.

Тут, у Лідзе, ён знаёміцца з будучай жонкай Кірай Брандт (у некаторых звестках - Стэрай), якая была адвакатам. Пасяляецца ў яе дом, што ля замка па вул. Замкавай, 7 (раней вул. Камсамольская, 5), у якім і жыве з 1939 па 1941 гады.

З успамінаў сястры Ніны: "У гэтым доме жыў перад вайной Валянцін са сваёй першай жонкай Кірай. Ён тады працаваў у рэдакцыі газеты "Уперад". Я любіла прыходзіць да брата, бо там мне было вельмі цікава. Рабочы пакой Валянціна знаходзіўся ў левай палове дома. Пад акном стаяў столік, за якім Валянцін працаваў. У пакоі было крэсла-качалка, я часта сядзела ў ім. А перад акном размяшчаўся плот, паміж домам і плотам знаходзілася клумба. Валянцін, бывала, піша, а я праз дзверы ціхенька выходжу з пакоя і бегаю вакол той клумбы. Ён адрываецца ад справы - і за мной. Зловіць, прынясе і пасадзіць у качалку. І зноў - за паперы. Ён такі быў добры, пяшчотны, далікатны, мяккі па характары" (Суднік, С. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / С.Суднік // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26). - С.17).

У гэты час В.Таўлай сустрэўся і моцна пасябраваў з вядомай беларускай паэтэсай Нінай Тарас. Як успамінае Ніна Тарас: "У нас аказалася многа агульных знаёмых, многа агульных спраў, і паміж намі завязалася моцная, таварыская дружба. Усё нас захапляла і хвалявала. Валянцін праявіў вялікую цікавасць да маіх вершаў. І вось аднойчы ён запрасіў мяне дамоў, у сваю сям'ю. На стале я ўбачыла вершы - закончаныя, незакончаныя, асобыя радкі, а на некаторых лістах толькі адны назвы. Пасля ён паказаў мне доўгі спіс адных толькі назваў. Валянцін растлумачыў мне, што ўсе гэтыя вершы напісаны ў турме і многія з іх ён забыўся, а цяпер стараецца ўспомніць.

Так у нас пачаліся літаратурныя чытанні, якія трывала ўвайшлі ў наша жыццё і паўтараліся амаль ужо кожны дзень - то ў яго на кватэры, то ў мяне. Захапляліся мы Маякоўскім і Багрыцкім. З польскіх класікаў Валянцін незвычайна любіў Славацкага…

Да сябе Валянцін быў вельмі патрабавальны. У літаратуру ён рыхтаваў сябе па-сапраўднаму, сур'ёзна. Кожную тэму ён глыбока і грунтоўна прадумваў і ставіў перад сабой пытанне, дзеля чаго павінен быць напісаны той ці іншы твор. У той перыяд ён дапрацоўваў ужо паэму "Кобрыншчына", а крыху пазней - "Песню пра сухар". З захапленнем працаваў над паэмай "Таварыш".

Валянцін не таіў ад мяне сваіх новых вершаў, уважліва прыслухоўваўся да заўваг, правіў і правіў бясконца. Часам ён дапрацоўваўся да таго, што папраўкі ішлі ўжо не на карысць, а на шкоду вершам. Заўважаў ён гэта сам і варочаўся да ранейшага варыянта.

Яшчэ ён правяраў свае вершы і так: чытаў іх людзям, якія нічога супольнага да літаратуры не мелі. На гэты конт у яго было правіла: сапраўды добры верш спадабаецца кожнаму.

У канцы 1940 года ў яго з'явілася задума новага твора на сучасную тэму - паэма аб Палессі, для якой ён доўга шукаў адпаведную форму. Нарэшце форма была знойдзена, напісаны першы раздзел і асобныя кавалкі паэмы. На жаль, гэтая яго праца загінула ў час вайны.

Валянцін быў вельмі схільны да гумару… Яго расказы пра мінулае, пра сустрэчы з людзьмі былі заўсёды цікавыя, жывыя, вясёлыя. Як вершам, так і людзям ён умеў даваць нейкую сваю асаблівую ацэнку, умеў убачыць у чалавеку нешта характэрнае, сваё, уласцівае толькі яму. Помніцца, нагадаў ён мне аднойчы выпадак з астрожнага жыцця. Раніцай прыйшоў турэмшчык у камеру і гаворыць асуджанаму на смерць: "Уставай, хопіць спаць, пойдзем ужо вешацца. Нічога не зробіш, як трэба, то трэба". Слухаючы гэты расказ, адчувалася, што гэта не проста расказ пра нейкі эпізод у турме - гэта ўжо зараджэнне новага твора. Валянцін і сапраўды рыхтаваўся да вялікай працы на гэту тэму і сабраў патрэбныя матэрыялы.

Цяжка цяпер меркаваць, што выйшла б з-пад пяра паэта, але сам ён ускладаў на гэты матэрыял вялікую надзею і пасля балюча перажываў, што ўсе рукапісы новых вершаў, паэма пра Палессе і яго багатая бібліятэка загінулі ў час вайны.

Жывучы вялікімі надзеямі і планамі, ён не паспеў здзейсніць і невялікую частку іх, як усё раптам абарвала вайна… Наладзілі мы з ім сувязь не хутка, мабыць, праз год… Пасля гэтага мы сустракаліся даволі часта.

Валянцін Таўлай прывёз аднойчы ў Ліду невялікі, акуратна зроблены ад рукі зборнічак вершаў пад назвай "Шляхі і краты", пад псеўданімам Паўлюк Сірата… Гэта ён прынёс мне прыхаваць у выпадку, калі ён загіне. Такіх экземпляраў ён зрабіў некалькі і раздаў розным асобам ( Тарас, Н. Я ведала яго / Н.Тарас // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.108-110). .

Менавіта ад Валянціна Таўлая (амаль праз год) Ніна Тарас даведалася аб смерці Янкі Купалы. "Мы пагаварылі з Таўлаем, памаўчалі, і ён пайшоў, пакінуўшы мяне адну са сваімі растрывожанымі думкамі" (Тарас, Н. Даўні ўспамін / Н.Тарас // Лідскі летапісец. - 1982. - № 11. - С.167).

Пасля смерці паэта ў 1949 г. Ніна Тарас напіша верш "Памяці Валянціна Таўлая":

"Калі па звычцы прывядзе сама

У дом твой сцежка, ціха рыпнуць дзверы,

Мне скажа ўсё, што ўжо цябе няма.

Цябе няма… А я ўсё не веру.

Тут цішыня натхнёных дзён рабочых,

А ты ж прывыкнуць да цішы не мог…

І здасца - зноў адважна ўдалеч крочыш,

Туды, дзе шмат падпольных ёсць дарог.


І здасца - зноў, забытага ў марах,

Турма цябе няволіць, як і перш,

У камеры, схіліўшыся на нарах,

Ты пішаш зноў пра камунара верш.


Пануры цень кладуць на сцены краты,

А боль у грудзях зноў пачне гарэць…

А дзесьці рэвалюцыі салдаты

Стаяць за праўду на жыццё і смерць.


Ды кашаль абрывае строфы верша,

І падаеш, знясілены, ля нар…

А дзесь на штурм адважна мчыцца першы,

Узняўшы сцяг высока, камунар.


Як хораша аддаць жыццё за волю

Працоўных мас… І шэпчаш, нібы ў сне:

"Прашу… таварыш сакратар… дазволіць…

На край пярэдні сёння… і мяне…".

(Тарас, Н. Праметэю прыйду пакланіцца. Вершы / Н.Тарас. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1981.- С.46-47).

Пройдзе значны час, і ў 1961-1964 гг. Ніна Тарас азірнецца па пройдзены жыццёвы шлях В.Таўлая і прысвеціць яму верш:

Дзікая ружа! Пялёсткі засохлі, завялі.

Годы прайшлі, а боль у душы не пагас…

З новымі песнямі крочым мы ў новыя далі.

Чаму ж не хапае сягоння цябе паміж нас?


Дружа бунтарны, ты снішся мне часта-часта -

То ў Афрыцы краты пілуеш, то мчышся ў бой…

А я затужыла… Самотнай парою не раз так

Іду на спатканне і гутару ціха з табой.


Каменная глыба ляжыць па каменнаму змрочна,

І надпіс халодны… Навошта ўсё гэта мне?

Няўжо я забыла імя тваё, песню, што крочыць

Па вольнай краіне, па нашай праменнай вясне?


Помніш, мы марылі? Многа было ў нас мараў:

Аб новых песнях, аб калектыўнай сяўбе,

Марылі бачыць мы зорнае неба без хмараў,

Толькі чамусьці заўжды забывалі сябе.


Нам не хапала на гэта хвіліны надхнёнай.

У час, калі справы народа бурлілі ракой,

Сорамна неяк, здавалася, думаць пра хлеб надзённы,

Пра ўтульнасць думаць і пра душэўны спакой.


Помніш, як сэрца ад шчасця тваё трапятала,

Калі першамайскі ты сцяг узнімаў на зары?

А тая бяроза - якою цяпер яна стала? -

Сама, нібы сцяг, расшумелася горда ўгары.


О гэты наш сцяг, як жа ён бачны здалёку!

Яго ўзнялі ўжо свабоднае Кубы сыны.

Ідуць афрыканцы сваім пераможным крокам.

Чуеш - няволі апошняй трашчаць кайданы?


А я па прывычцы яшчэ ўсё збіраю газеты

І кожную вестку ўсё для цябе берагу.

Як дзіўна, сапраўды, - каторае гэта ўжо лета?

Спачатку здавалася - роста вось так не змагу…


Прабач, не хацела аб гэтым… Захмурыла ўвысі…

Ты знаеш, ад спёкі памлела дашчэнту трава.

А вось і дажджынка ўпала на ландыша лісцік,

Як добра, што ўпору. А я паспяшаю, бывай.

(Там жа. С. 98-99).

У 1940-1941 гг. ў газеце працавалі: Якуб Герасімавіч Міско, Міхаіл Аляксандравіч Леўкавец, М.Гарустовіч, М.Герт, І.Убербаўм, Н.Зайко, У.Т.Панамароў. Друкавалі свае вершы Іван Пятровіч Івашэвіч і Васіль Камянецкі. Рэдакцыя размяшчалася на вул.Савецкая,77 - супраць камбіната харчовых канцэнтратаў.

Янка Купала ў Лідзе

Значнай падзеяй для Ліды быў прыезд Янкі Купалы 13 сакавіка 1940 года. Я.Купала быў абраны ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР працоўнымі Лідчыны па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе №306.

Арганізаваў прыезд Валянцін Таўлай . Па яго просьбе прыехалі ў Ліду і іншыя беларускія паэты: Пятро Глебка, Алесь Кучар, Зэлік Аксельрод. Пасяліліся яны ў гасцініцы па вул.Сувальскай (Савецкай) у былым гатэлі "Брыстоль". Харчаваліся ў лепшай сталоўцы горада "Амерыканцы" у былым шыкоўным рэстаране.

Прыезд Купалы быў вясною, у час адлігі, макраты. Іван Дамінікавіч быў прастужаны ды і прыехаўшы ў туфлях, у якіх цяжка было прайсці нават па тратуары каб не змачыць ногі. Гэтую праблему вырашыў В.Таўлай: з абутковай фабрыкі "Ардаль" ён прынёс пару новых галёшаў і ўручыў Івану Дамінікавічу.

Гэты факт натхніў не аднаго паэта Лідчыны. Адзін з такіх і ў Алеся Хітруна.

"Народны дэпутат 1940 года"

Па вуліцы Ліды,

Раённым абшары,

Вясёла, бадзёра

Крочыў сам Купала.


Сакавік. Адліга…

Ступіць немагчыма,

Слыннаму паэту

Ногі намачыла.


Ад імя рабочых

Сам Таўлай пагэтаму

Паднёс падарунак -

Галёшы паэту.


Перад людзьмі Ліды,

Што прыйшлі на стрэчу,

Прамову ў чытальні

Трымаў сам Купала.


І народ адзначыў:

- Няма яму роўных!

Ён абраў Купалу

У Савет Вярхоўны.

Станіслаў Суднік таксама напісаў аб гэтым у вершы "Галёшы для Купалы".

Аліга капежамі звоніць,

Вада грудзі рэк паўзнімала,

З народам у Лідзе гамоніць

Пясняр чалавецтва Купала.


Гамоніць пра лепшую долю.

Маўчыць, што тут лепей не стала,

Гамоніць пра шчасце і волю

Прастужаны, хворы Купала.


У мокрых стаіць чаравіках

І з кашлем змагаецца мужна,

І ў цесным натоўпе шматлікім

Ідэя раджаецца дружна:


"Давайце падорым Купалу

Галёшы тутэйшай работы,

Ад мокраці каб ратавалі,

Ад гразі, дажджу і ад слоты.


Каб быў наш Купала здаровы

І шчыра служыў Беларусі…"

І пару галёшаў тых новых

Купала прымаць ад іх мусіў.

* *

*

… І я, нават сёння, як бачу.

Фантазіі многа ці мала,

Выходзіць па Мінску на шпацыр

У лідскіх галёшах Купала…

(Суднік, С. Лідскія скрыжалі / С.Суднік. - Ліда, 2008. - С.68-69).

Але не адзін Таўлай сустрэў вядомага Купалу. З Валянцінам цёпла прывітала паэта Ніна Тарас, Анатоль Іверс (са Слонімскай газеты "Вольная праца"), Пятрусь Граніт (Іван Пятровіч Івашэвіч, старшыня Беліцкага сельсавета). Шаноўны госць тут затрымаўся на 2 дні.

Выступаў у чыгуначным клубе (сёння - вул.Труханава) у доўгім аднапавярховым драўляным будынку. У ім меліся глядзельная зала са сцэнай, бібліятэка, буфет, більярдная. У час вайны ён згарэў. Пазней на гэтым месцы былі склады. Пры падрыхтоўцы да рэспубліканскіх дажынак у 2010 годзе іх знеслі. Тут выступілі працоўныя чыгункі, паэты, жонка Таўлая - Кіра (Стэра) Брандт ад імя педагогаў Лідчыны, а таксама сястра Валянціна - Ніна. Ёй было ўсяго 7 годзікаў, маленькага росту, галоўка ледзве даставала да краю стала. І Купала тады паставіў яе на стол. Пасля зачытвання яго верша "Абвілася краіна ў кветкі" паэт яе расцалаваў.

З успамінаў Ніны Таўлай: "Я вывучыла вершык, выйшла на сцэну, пачала гаварыць і забылася, а мама стаяла за кулісамі. Я пабегла і крычу: "Мама, як далей?" Яна мне падказала, я вярнулася і прачытала верш да канца. Потым мяне пахвалілі, што я не спужалася, а вярнулася на сцэну". (Суднік, С. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / С.Суднік // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26). - С.17).

На заўтра, 14 сакавіка 1940 года сустрэча адбылася з сялянамі Лідчыны ў кінатэатры "Эдысон" (мураваны будынак ХІХ ст., пазней - жылы дом № 6 па вул.Савецкай, разабраны летам 1981 года. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца сквер і помнік Ф. Скарыне). Сабраліся сюды сяляне на павозках, пешшу, з вёсак Лідчыны: Беліца, Ганчары, Бердаўка, Ваверка, Парачаны, Крупава.

Вечарам гэтага дня песняр сустрэўся з чытачамі гарадской бібліятэкі. Тут Купала зацікавіўся кніжным фондам бібліятэкі, у якой меліся, у асноўным, толькі яўрэйскія і польскія кнігі. Абяцаў дапамагчы вырашыць пытанне аб забеспячэнні беларускімі і рускімі выданнямі. Пасля чарговага выступлення ён падпісвае на памяць аб сустрэчы сваю кнігу "Над ракой Арэсай" і перадае яе ў дар чытачам. У сакавіку 1940 года гэта была першая беларуская кніга ў гэтай бібліятэцы. Ад сябе бібліятэкары прыпаднеслі зборнік вершаў Марыі Канапніцкай на польскай мове "Паэзія".

Пазней, як і абязаў паэт, яго намаганнямі ў маі 1940 года гарадская бібліятэка атрымала больш як 4000 кніг на беларускай і рускай мовах. Адкрылася дзіцячая бібліятэка, у якой налічвалася каля 1000 кніг на беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай мовах. Не без яго дапамогі было вырашана пытанне з фінансаваннем бібліятэкі. Цяпер гэта бібліятэка носіць імя Янкі Купалы.

Захаваўся чарнавы накід успамінаў В.Таўлая пра тыя дні: "…Ва ўсёй постаці Янкі Купалы, у кожным яго жэсце - ніякай позы, адна запалоньваючая прастата вялікага чалавека. Купала гаворыць аб вялікай радасці, што ізноў на гэтай адвечнай беларускай зямлі, па якой хадзілі яго ногі…" (Там жа. С. 15).

Вядома, па гэтай зямлі 20 год не хадзілі ногі Янкі Купалы, затое хадзіла яго песня - ад вёскі да вёскі, ад сэрца к сэрцу. Многія любілі і памяталі Купалу з далёкіх дарэвалюцыйных гадоў.

Перад ад'ездам з Ліды Я.Купала сустрэўся з маладымі мясцовымі паэтамі, з якімі адбылася шчырая сардэчная гутарка. Купала распытваў "заходнікаў" пра іх жыццё, пра жыццё парабкаў за польскім часам, пра жыццё зняволеных, астрожнікаў. Купала збіраў матэрыялы для новага твора. У Лідзе ён неаднойчы казаў, што перад "заходнікамі" ён адчувае сябе ў даўгу, так як мала пісаў пра іх жыццё. Пятрусь Граніт прынёс з сабою скрутак старых газет і часопісаў, дзе друкаваліся яго творы. Купала пільна праглядаў гэтыя выданні, выдадзеныя на беларускай мове ў Вільні 17 верасня 1939 года. Пасля размовы з маладымі паэтамі Я.Купала запрасіў іх разам паабедаць. Заказаў гасцям абед з 4-х страў, з чаркай і півам. А калі моладзь памкнулася плаціць, то ён іх прыпыніў: "Хлопцы, хлопцы, у мяне, мабыць, больш грошай…". Купала на развітанне падараваў кожнаму з маладых паэтаў па сваёй кніжцы. "Мне асабіста, - піша Таўлай, - Янка Купала ахвяраваў паэму "Над ракой Арэсай" з надпісам: "Таварышу Валянціну Таўлаю на ўспамін аб сустрэчы ў Лідзе. Янка Купала". Гэтая кніга разам з іншымі дарагімі дакументамі майго жыцця беспаваротна загінула ў вайну. Успамінаючы загінуўшую кніжачку ў зялёнай вокладцы, я кожны раз адчуваю востры боль: ужо ніколі Янка Купала не ахвяруе ні мне, ніводнаму з нас сваёй кнігі". (Там жа. С.15).

Але гэта эпізоды сустрэч Таўлая з Купалам у Лідзе. У гэты час В.Таўлай працуе ў лідскай газеце "Уперад" (1939-1941). Выступае з дакладамі на палітычныя і гаспадарчыя тэмы на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна. Адзін з вершаў "Першамайскія сцягі" (Ліда, 30 красавіка 1941 г.) і заклікае народ да рэвалюцыйнай дзейнасці".

Вялікая Айчынная вайна і Валянцін Таўлай

Пад час акупацыі Валянцін прымушана пакідае Ліду, хоць і жылі тут яго бацькі. Пакідае па той прычыне, што шмат хто ведаў у горадзе пра яго рэвалюцыйную дзейнасць у панскай Польшчы, пра актыўную грамадскую работу пасля вераснёўскіх дзён. Сховішча ў Скрыбаве, дзе працаваў на чыгунцы бацька, праз некалькі тыдняў таксама стала ненадзейным - спісы актывістаў, якіх трэба схапіць, дайшлі і туды.

Таўлай выязджае ў Наваградак да даўняга сябра Аляксандра Карповіча, які быў афіцыйным рэдактарам першай легальнай у Заходняй Беларусі рэвалюцыйнай "Беларускай газеты". Пасля верасня 1939 года А.Карповіч працаваў у Наваградскім лясніцтве. На гэтай пасадзе ён застаўся і пасля акупацыі Беларусі. А.Карповіч уладкоўвае В.Таўлая на пасаду памочніка пісара воласці ("гміны") у в.Ваўкавічы. Гэтая, хаця і маленькая пасада давала доступ да пячаткі бурмістра (валаснога старшыні).

Гэта была самая зручная праца, якая не кідалася ў вочы акупантаў і досыць была зручнай для планаў Таўлая. Яна давала магчымасць мець непасрэдную сувязь з насельніцтвам, самому ж быць падалей ад вачэй акупантаў.

Спадабаўся Валянцін і старшыне воласці за яго адукаванасць. Насельніцтва палюбіла яго таксама, бо ўмеў Валянцін знаходзіць для кожнага патрэбнае слова, гуртаваць вакол сябе людзей.

У першыя тыдні сваёй працы Валянцін вымушаны быў выконваць мноства дробных, непатрэбных загадаў і распараджэнняў старшыні воласці. Пісарам воласці быў малады хлопец, які ў чыне падхаружага з польскага войска прыехаў у родную вёску, па натуры лагодны, без залішняга самалюбства. А прысланы з горада "навічок-Таўлай", хоць і ніжэйшы за яго па чыне, хутка атрымаў права не толькі займацца перапісваннем папер, складзенных старшынёй і пісарам, але і права самаму складваць паперы і даваць парады па шмат якіх пытаннях. Сяляне адчулі ў Валянціне свайго чалавека, і ў хуткім часе атрымалася, што пісара пачалі лічыць памочнікам, а Валянціна лічыць сакратаром. І пачалі, як да магніта, цягнуцца да Валянціна жыхары наваколля, прыходзіць да яго з рознымі справамі. У Таўлая была дзівосная здольнасць гуртаваць вакол сябе людзей, знаходзіць для кожнага патрэбнае слова, уважліва выслухоўваць наведвальніка. Умеў скіраваць размову так, каб атрымаць і для сябе карысныя весткі ад людзей, а людзям, недаследчым у палітыцы, растлумачваў да чаго можа прывесці тая ці іншая падзея ці факт. Да якіх вынікаў гэта прыводзіла , сведчаць наступныя факты.

Неўзаўбаве пасля прыходу акупантаў вярнуўся з-за мяжы, з Германіі, у свой маёнтак былы памешчык… У яго маёнтку захавалася даволі вялікая бібліятэка. Гэта і выкарыстаў Валянцін для першага знаёмства. Памешчык быў у вельмі добрых адносінах з гарадскімі нямецкімі ўладамі, шмат чаго ведаў з таямніц і намераў фашыстаў. У час "абмену" кніг многа карысных звестак атрымліваў ад яго Валянцін. Пазнаёміўся паступова і з абслугай маёнтка, знайшоў сярод іх чэсных і сумленных людзей… Аднойчы забіралі фашысты коней у свае абозы. Спісы праходзілі праз рукі Валянціна. Выклікаў ён таго-сяго ў гміну. Папярэдзіў пра намеры і парадзіў: "Завядзіце сваіх коней у двор маёнтка, да конюха Ваські, скажыце, што ад мяне. У памешчыка коней браць не загадана. Стайня вялікая, коней шмат, некалькі лішніх не заўважаць. А калі скончыцца ўсё - забераце назад". Так і зрабілі па яго парадзе некалькі чалавек…

У гміну прыйшла папера з загадам зрабіць спісы моладзі для вывазу ў Нямеччыну. Ідзе Валянцін у горад, дамаўляецца там са знаёмым з даўніх часоў урачом, каб іменна ён дабіўся пасылкі яго ў Ваўкавічы ў камісію для агляду "навабранцаў". Дае таму спіс, каго абавязкова трэба прызнаць хворым і нягодным для пасылкі.

Валянцін не толькі прыглядаўся да людзей у гміне, але і сам заходзіў у хаты сялян, наведваўся ў больш аддалённыя вёскі. Знаходзіў сяброў па ранейшай барацьбе, устанаўліваў сувязі з байцамі і камандзірамі Чырвонай арміі, а таксама з людзьмі цывільнымі, што, адрэзаныя лініяй фронту ў першыя дні вайны, апынуліся на тэрыторыі Навагрудчыны і вымушаны былі рассяляцца па хатах мясцовых жыхароў.

Знаёмства з будучай жонкай

Тэрыторыя Заходняй Беларусі перад вайной нагадвала вялікую будаўнічую пляцоўку. Сюды па камсамольскім пуцёўкам была накіравана многа будаўнікоў ваенных аб'ектаў, ваенных будаўнікоў, зняволенных, камсамольцаў і моладзі, у тым ліку і студэнтаў. У канцы мая 1941 года Лідзія Сяргееўна Казлоўская, студэнтка 4 курса Ленінградскага інстытута кінаінжынераў, была накіравана ў Беластоцкае ўпраўленне кінафікацыі. "Наша група займалася абсталяваннем кіназалы ў клубе чыгуначнікаў станцыі Валілы", - успамінала Лідзія Сяргееўна. (Таўлай, Л. Падарожжа ў мінулае / Л.Таўлай // Полымя. - 1979.- № 9.- С.191). Вайна пачалася нечакана, і моладзь не паспела перайсці лінію фронту, вымушана была застацца на нашай тэрыторыі і каваць вялікую перамогу ў тыле ворага. Лідзія за 5 дзён дайшла да Мінска. Мінск гарэў. Вярнулася на Наваградчыну і знайшла прытулак у хаце беларускага селяніна ў вёсцы Рутка-1, затым у сям'і Гарадзейчыкаў у вёсцы Ваўкавічы.

Лідзія Сяргееўна ўспамінае, што ўпершыню пабачыла Таўлая ў хаце настаўніка Юзіка Пратасевіча, дзе пасля працы ў полі збіраліся вясковыя людзі пагутарыць, падзяліцца навінамі, даведацца аб падзеях у свеце. "Вельмі спалохаліся мы, дзве "ўсходніцы", калі аднойчы жнівеньскім вечарам пачулі, што павінен прыйсці да Юзіка "сакратар гміны". Нікога з мясцовых "улад" мы не бачылі і страшыліся спаткання з імі. Хацелі ўцячы з хаты, але Юзік запэўніў, што нічога дрэннага не будзе. Застацца засталіся, але зашыліся ў прыцемнены куточак і адтуль назіралі за госцем… Увайшоў ён ціха…, нягучна павітаўся, сеў з гаспадаром недалёка ад ўваходу. Ціхай размовы з ім у сваім далёкім кутку мы не чулі. Бачылі толькі, што не-не ды і зірне ў наш бок, здагадваліся, што пытае, адкуль мы, у каго працуем… Вельмі радыя былі, што госць ніводнага пытання не задаўшы нам даволі хутка развітаўся і пайшоў. Здаўся ён нам, па першым уражанні, не такім ужо страшным, як спадзяваліся мы ўбачыць, але падумалі, што ўсё роўна трэба яго асцерагацца". (Там жа).

Лідзія Сяргееўна з вялікай асцярогай аднеслася да прадстаўніка "новай улады". Але сціпласць і непрыкметнасць, якіх трымаўся "сакратар гміны" уразілі маладую жанчыну. У сярэдзіне кастрычніка Лідзія Сяргееўна вырашыла пашукаць больш лёгкай, чым у хаце свайго "гаспадара, працы, і перабралася з Руткі-1 у Ваўкавічы ў сям'ю настаўніцы Нюшы Гардзейчык… "Гаспадыня вырашыла, што трэба "замельдавацца" ў гміне і пацягнула на сустрэчу з "сакратаром".

З вялікай засцярогай ішла я. Занадта доўга, як мне здавалася, разглядаў "сакратар" дакументы. (Як даведалася я потым: хацеў пазбавіцца маёй гаспадыні)… А той якраз трэба было даіць кароў. У пакоі гміны больш нікога не было… Нарэшце пашпарт і студэнцкі білет адсунуты ў бок, выпісана паперка на звычайным кавалачку са сшытка, пастаўлена пячатка. Можна ісці. І раптам чую прапанову падысці да вялікай карты Савецкага Саюза… "Ці ведаеце вы, дзе зараз войскі Чырвонай Арміі?" - пільна ўглядаючыся ў мяне ледзь прышчуранымі вачамі, строга, нягучна спытаў ён па-рускі. "Ну, пачынаецца… Хоча справакаваць… Не, нічога не выйдзе…" - мількае думка… Потым сам "сакратар" растлумачыў пазіцыі войскаў на франтах. Асцярога трохі зменшылася, а паступова - і развеялася. Канчаткова знікла яна пасля таго, калі ён прызнаўся, што працуе "сакратаром" зусім не для заробку толькі і, вядома ж, не з-за спагады да "новага ладу". Сакратарства - толькі прыкрыццё яго падпольнай дзейнасці. Але вельмі асцярожным быў ён, і толькі намёкамі даваў зразумець пра свае сапраўдныя намеры.

Валянцін спачатку праз 2-3 дні, а потым і часцей заглядаў пад вечар ў хату Гардзейчыка. Гаспадарам гэта вельмі падабалася, імпанавала іх самалюбству. 18 снежня 1941 года два адзінокія сэрцы аформілі шлюб.Трэба сказаць, што першая жонка В.Таўлая Кіра (Стэра) "была растраляна немцамі ў кастрычніку 1941 г." (Мельнік, М. Янка Купала на Лідчыне / М.Мельнік // Лідскі летапісец. - 2002. - № 3(19). - С.19).

Падпольнае жыццё

У Навагрудку Таўлай узначаліў падпольную групу па барацьбе з акупантамі.

Леанід Барысаглебскі ўспамінае: " Я памятаю арганізацыйнае пасяджэнне гэтай групы, якое адбылося ў першых днях студзеня 1942 года і на якім прысутнічалі Таўлай, яго сябры па падполлі ў Заходняй Беларусі - Адынец Павел, Главінская Екацярына і я. Памятаю ўдумлівыя, пераканаўчыя меркаванні Таўлая наконт мэты і характару антыфашысцкай работы.

Дзейнасць групы Таўлая спачатку заключалася ў падборы і згуртаванасці людзей з антыфашысцкімі поглядамі, абароны людзей ад вывазу ў Германію, ад арыштаў, у антыфашысцкай прапагандзе. Потым, калі летам 1942 года Таўлай звязаў і нас з партызанскім атрадам, сувязь з якім падтрымліваў яшчэ раней, асноўным заданнем групы стаў збор разведдадзеных, тэхнічная і медыцынская дапамога партызанам (перадача батарэек для радыёпрыёмнікаў, медыкаментаў), складанне і перадачы ім планаў Наваградка і асобных яго аб'ектаў, у якіх размяшчаліся нямецкія акупацыйныя ўлады, а таксама складанне планаў умацаваных пунктаў раёна і чыгуначных станцый…

Пры атрыманні задання ад партызан ён найлепей ад нас усіх улічваў абставіны яго выканання, браў пад увагу ўсе ўскладненні. Глыбокі роздум заўсёды папярэднічаў яго рашэнню. Спакойны, павольны ў рухах, стрыманы, ад прыроды спагадлівы ў адносінах да людзей, ён лепш за ўсіх нас мог цярпліва выслухаць любога свайго субяседніка, пацешыць яго і дабрацца да яго душы, незалежна ад таго, на якім узроўні развіцця быў гэты субяседнік. У канцы размовы з чалавекам Таўлай вельмі добра ўяўляў ужо яго сутнасць, слабыя і моцныя бакі яго характару, яго чалавечую вартасць. Гэта апошняя рыса характару Таўлая дазваляла яму ў размове з ворагамі пазнаць іх і адпаведна дзейнічаць. Такія "задушэўныя" размовы з імі праводзілі не раз для атрымання вельмі важных разведдадзеных.

Мне глыбока ўрэзалася ў памяць наша супольная паездка ў снежні 1942 года на сустрэчу з партызанамі: камісарам атрада імя Катоўскага Чанцовым М.І. і камандзірам спецгрупы атрада Грабёнкіным М.І. і другімі партызанамі. Як цудоўна правялі мы гэты вечар! Колькі сардэчнасці і цеплыні мы атрымалі ад нашых партызанскіх таварышаў! Мы забыліся на гэты час пра тую змрочную, жудасную атмасферу тагачаснага жыцця ў Наваградку… Як хацелася нам застацца з партызанамі. Аднак загад ёсць загад! Прыйшлося вяртацца назад у Наваградак, каб дапамагаць партызанам адтуль". ( Барысаглебскі, Л. Успаміны пра Таўлая / Л. Барысаглебскі // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.111-113).

Аб падпольным жыцці В.Таўлая ўспамінуе і яго жонка - Лідзія Сяргееўна (Таўлай, Л. Падарожжа ў мінулае / Л.Таўлай // Полымя. - 1979.- № 9.- С.189-214).

Спачатку падпольнае жыццё "сакратар" наладжвае праз былога старшыню калгаса ў Ваўкавічах Мікалая Гіга - мужнага, разумнага і справядлівага чалавека, які ўсе гады акупацыі пражыў у вёсцы, і ніхто не выдаў яго ворагу. Можа, які адшчапенец і хацеў бы гэта зрабіць, але баяўся народнага асуджэння. Шмат карысных парад, трапных характарыстык людзей даў ён Валянціну. Падпольнае жыццё шырылася і праз "сваіх" людзей у Наваградку, дзе Валянцін за размовай мог засядзецца аж да вечара, нягледзячы на камендантскі час, а затым лесам, які заўсёды даваў сховішча і прытулак у выпадку небяспекі, дабірацца да Ваўкавіч. Пры гэтым за пазухай магла быць газета, напрыклад, са здымкам, дзе беларускі падлетак у брудным і рваным адзенні чысціць боты лашчонаму фрыцу. Гэты, на першы погляд, непрыкметны здымак у час акупацыі разумнаму чалавеку распавядаў аб многім: фашысты ўбіваюць у галаву немцам вар'яцкія ідэі аб іх "выключнасці", "вышэйшай расе".

Яшчэ ў ліпені 1941 г. Валянцін пазнаёміўся з Васілём Марозавым - былым пагранічнікам, які ў першыя дні вайны з вайскоўцамі прабіраўся на ўсход і вымушаны быў з-за ранення нагі затрымацца ў Ваўкавічах, завязалася дружба. Марозаў восенню 1941 г. пад Наваградкам арганізаваў маленькую партызанскую групу, потым, зліўшыся з другой, паклаў пачатак стварэнню партызанскага атрада імя Катоўскага, у якім быў намеснікам камандзіра атрада. Пазней гэты атрад уваходзіў у склад брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкага партызанскага злучэння.

Пазней у нарысе "Катоўцы" Валянцін так напіша аб стварэнні гэтага атрада: "Напрадвесні 1942 года ў гушчарах Барацінскага лесу сустрэліся дзве невялікія групы адважных савецкіх патрыётаў… Разам - 15. У іх ліку - аж тры Васілі і чатыры Колькі! Узбраенне першай групы - наган з адным набоем, вінтоўка і абрэз. Другая група была ўзброена патронамі без вінтоўкі і дзвюма гранатамі … без запалаў. Але затое і адной і другой групе хапала партызанскага запалу, гарачага жадання выканаць суровы і справядлівы прысуд Радзімы: смерць фашысцкім акупантам! Абедзве групы аб'ядналіся ў адну. Камандзірам стаў Чайкоўскі, памочнікам камандзіра - Марозаў" (Таўлай, В. Выбраныя творы / В.Таўлай. - Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1951. - 129 с.).

Валянцін выконваў у атрадзе абавязкі сувязнога, разведчыка, дапамагаў сваім людзям разабрацца з артыкуламі нямецкага перыядычнага друку: дзе праўда, а дзе хлусня; з даверанымі людьмі слухаў савецкія радыёперадачы.

Сакратар", як звалі Таўлая ў той час сяляне наваколля, у кожную змену для работы на гасцінцы - "шарварку", імкнуўся вылучыць хоць аднаго "свайго", каб вечарам, выслухаўшы весткі, перадаць іх па прызначэнні. Калі "шарварка" не было, даводзілася ляжаць ў полі ў разоры і назіраць ў дзень за рухам па дарозе.

Мікалай Грабёнкін, камандзір групы асобага прызначэння пры партызанскім атрадзе імя Катоўскага, успамінае: "Мы разумелі, што для работы ў якасці разведчыка лепшай кандыдатуры ў нас не было, тым больш што Таўлай меў ужо вялікі вопыт падпольнай работы…

Кожная сустрэча з Валянцінам пакідала вялікі след у памяці. Мы не толькі давалі яму заданні і прымалі чарговую інфармацыю, але і атрымлівалі ад яго карысныя парады па канспірацыі, якія дапамагалі ў арганізацыі падпольнай работы…

Прыгадваецца, як цяжка перажываў Валянцін гібель свайго баявога сябра Васіля Марозава. Даведаўшыся пра гэта, Таўлай катэгарычна заявіў мне, што адразу ж ідзе ў атрад і зойме ў страі месца загінуўшага сябра. Але зноў мы перанеслі дату прыходу Таўлая ў партызанскі атрад на больш позні тэрмін. Канешне, з яго атрымаўся б добры партызанскі палітработнік, але для нас у той час важнейшым было трымаць яго ў Наваградку, дзе ён быў незамяняльным. Таўлай, які валодаў здольнасцю аналізаваць свае ўчынкі і дзеянні, дзейнічаючы ў адпаведнасці з абставінамі, выконваў не толькі складаныя даручэнні, але і праяўляў асабістую ініцыятыву ў арганізацыі разведкі ў варожым гарнізоне. У Наваградку часта размяшчаліся штабы вайсковых злучэнняў, тут распрацоўваліся і адсюль бралі пачатак рознага роду акцыі, накіраваныя супраць партызан і насельніцтва акупаваных раёнаў. Таўлай своечасова інфармаваў нас пра планы акупантаў і іх паслугачоў.

Усе мы ведалі Валянціна Таўлая не толькі як партызанскага разведчыка, але як і паэта. Ягоныя вершы пад псеўданімам Алесь Шыпшына друкаваліся ў падпольнай партызанскай прэсе, перадрукоўваліся на машынках, перапісваліся ад рукі, завучваліся на памяць". (Грабёнкін, М. Палымянае сэрца паэта / М.Грабёнкін // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.114-118).

Пытанні школьнага выхавання хвалявалі Валянціна ў першую ж ваенную восень. Часта сустракаўся "сакратар" з настаўніцай школы Алёнай Адамаўнай Штурмін (да вайны працавала ў школе на Наваградчыне, муж яе служыў у Чырвонай Арміі) для абмеркавання ўсіх магчымых захадаў, каб не забіваць дзецям голавы той лухтой, што патрабавала акупацыйная школьная праграма. Хвалявала, што ў 1942 годзе з'явіліся школьныя падручнікі на лацінцы з яўным антысавецкім, нацыялістычным ухілам. Трэба было шукаць нейкае выйсце, абыходны шлях. Але вельмі цяжка было добрыя намеры праводзіць у жыццё. Валянцін імкнуўся прысутнічаць і на ўрачыстых сходах вучняў, каб неяк накіраваць напрамак выступленняў, дапамагаў складаць праграмы вечароў. Завязваў сувязі з настаўніцкім асяроддзем, каб мець належны ўплыў на сутнасць навучэння моладзі не толькі ў ваколіцах Наваградка, але і ў Лідзе, Шчучыне, Вільнюсе. У Лідзе настаўнічала Валянцінава цётка па мачысе - Анастасія Паўлаўна Дарашэвіч, у Шчучыне - паплечніца па барацьбе пры панскай Польшчы Каця Главінская (пазней заслужаная настаўніца), у Вільнюсе - сябры па Віленскай беларускай гімназіі, у Наваградку - сябар па Наваградскай гімназіі, член падпольнай антыфашысцкай группы Леанід Барысаглебскі (пазней доктар матэматычных навук, прафесар БДУ).

Валянцін з жонкай ратавалі тыдні са два ў картаплянай яме знаёмага ўрача з жонкай, якія вырваліся з гета, пакуль не пераправілі іх да партызан. Потым гэтая ж яма была сховішчам для другой паплечніцы Валянціна, якая таксама ратавалася ад гета, праўда, спачатку на гарышчы гумна.

Пенсіянерка з г.Наваградка А.Дзярчанская ў мясцовай газеце "Звязда" пісала: " … Ён разам з намі пераносіў усе цяжкасці Айчыннай вайны. Для мяне гэты чалавек увогуле не толькі былы адказны сакратар мясцовай газеты "Звязда", не толькі паэт і сапраўдны камуніст. Для мяне Валянцін Таўлай яшчэ і … выратавальнік. Ні на момант, відаць, не задумаўся гэты чалавек аб тым, што, ратуючы ад пэўнай смерці, хаваючы ў сваёй кватэры ў гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэйку, смяротнай рызыцы падвяргае і сябе, і блізкіх яму людзей. Ён рызыкаваў, ён не задумваўся ніколі. Ён быў аддадзены людзям. Дарэчы, з дапамогай Валянціна Таўлая я знайшла шлях і ў партызанскі атрад. З яго падтрымкай магла ўдзельнічаць у актыўнай барацьбе мясцовага насельніцтва з нямецкімі акупантамі. У маёй памяці і сэрцы гэты чалавек застаўся назаўсёды…".

Не аднойчы спасалі Валянцін і Лідзія Сяргееўна патрыётаў, якіх везлі на допыт у гестапа і якія з этапу збеглі. Так было з Паўлам Адынец, якога везлі на допыт ў гестапа і якому Радзіма пасмяротна прысвоіла званне Героя Савецкага Саюза. Замест таго, как памагаць "новаму парадку" у самым пачатку 1942 года "сакратар" гміны рабіў усё, каб заблытаць сляды ў пошуках бегляцоў.

Часта, выконваючы заданні "сакратара", Лідзія Сяргееўна, абыходзячы вёскі і хутары праз загуменні нават зімой лезла праз маленькае акенца хаты, якое часта ў тыя гады служыла дзвярыма. Хуценька зноў заклеівала газетнымі стужкамі, каб не выклікаць падазрэння. У яго шыбіну стукаліся і партызаны, што прыходзілі "у адведзіны" да Валянціна.

А тым часам адбыліся змены ў гміне. Пісар гміны выехаў у Нямеччыну і яго пасада з чэрвеня 1942 года па рэкамендацыі старшыні перайшла да Таўлая. Старшыня часцей стаў давяраць Таўлаю гмінную пячатку, аддаў у яго рукі вырашэнне многіх спраў, а сам толькі размашыста ставіў пад гатовымі паперамі свой подпіс.

А ў Валянціна справаў хватала: паходы ў горад пра звесткі і газеты, зрэдку паездкі ў Ліду "у адведзіны да бацькоў", сустрэчы з падпольшчыкамі, выкананне заданняў партызанскага камандавання…

Вясной 1943 года партызаны разагналі гміну ў Ваўкавічах. Старшыню і сакратара гміны расстралялі, пісара ж (Таўлая) - адпусцілі, прайшла пагалоска, што пісар - уцёк, і ў гэтую пагалоску ў горадзе паверылі. Такім чынам гміна ў Ваўкавічах была ліквідавана і пераведзена ў Наваградак, і ў ёй стаў працаваць пісарам Валянцін Таўлай.

Праца ў гміне ў Наваградку

Пераезд у Наваградак даў магчымасць і больш бачыць, і больш чуць, збіраць для партызан яшчэ больш каштоўныя звесткі. З лета 1943 г. ён стаў выконваць спецзаданні брыгады асобага прызначэння "Буравеснік", быў яе сувязным. Актыўна дапамагала ў гэтым і жонка Лідія Сяргееўна. Яна хадзіла з заданнямі па вёсках, прыносіла лістоўкі, газеты. Са спазненнем прыйшла да іх газета "Савецкая Беларусь" ад 28 чэрвеня 1943 г. з сумнай весткай пра смерць Янкі Купалы.

Валянцін з жонкай часта хадзілі "па ягады ці па грыбы", выходзілі за межы горада і спакойна крочылі ў лес на сустрэчы. Пакінуўшы жонку чакаць, Валянцін ішоў у лясны гушчар для размоў з партызанамі. Седзячы метраў за сто ад дарогі на ўмоўленным месцы, ці блукаючы вакол яго, яна чакала Валянціна часам па дзве і тры гадзіны. Калі ў лесе не было ні ягад, ні грыбоў, вярталіся, для прыліку, з букетамі кветак ці зялёнага вецця. Пачынаючы з восені 1943 г. у час такіх сустрэч Валянцін перадаваў для партызанскага друку свае вершы.

Валянцін і Лідзія ў Наваградку пасяляюцца па Карэліцкай (цяпер Мінскай) вуліцы паблізу Пушкінскай. Тут у іх нараджаецца дачка Алеся. Але яе лёс быў кароткі: хутка памірае (пахавана ў Ваўкавічах). Вялікі сум кранае сэрца маладога бацькі да болю аб заўчаснай смерці немаўляці. Крышку пазней, седзячы ў Лідскай турме, "дажывая восеньскія дні,.. калі не хочацца не дагараць не гаснуць" паэт ў вялікай роспачы напіша жонцы: "Каму я вочы перадам свае?"

Адным з жытлоў у іх быў і дом па вуліцы Сеняжыцкай (цяпер Свярдлова). Больш за ўсё Валянціна радаваў уваход з вуліцы і блізкае суседства з млынам, а значыць, магчымасць, не выклікаючы падазронасці, сустракацца з людзьмі. Дадзеная вуліца вяла і ў бок Барацінскага лесу, да месца дыслакацыі атрада.

У гэтыя гады Валянцін вырашае падрыхтаваць свой зборнік вершаў "Шляхі і краты" пад датамі "1928-1944". Піша нізку вершаў "Навагодні ліст", "Свінкс" і іншыя. Высылае вершы пад псеўданімам "Мсцівец", "Алесь Шыпшына", друкуецца ў газеце "Партызанскае жыгала" (органе Стаўбцоўскага міжрайцэнтра) №8 ад 28 мая 1944 года з вершам "Яго, бандыта, на прыцэл вазьмі" пад псеўданімам "Мсцівец".

Магчыма, былі і другія Таўлаевы псеўданімы пад вершамі, што змяшчаліся ў партызанскім друку.

Яго, бандыта на прыцэл вазьмі!..

Яшчэ палаюць сотні сёл нязгасшых…

Скажы - хто дымам Беларусь спаліў?

Хто разбіваў аб сцены дзетак нашых,

І хто купаўся ў матчынай крыві?


Хто хітрасцю і гумаю нацкоўваў,

Хто адрываў ад хаты, ад сям'і,

Хто катаваў, пароў штыком сталёвым,

Гнаў у Нямеччыну, у лагеры гнаіў?


І полымя пажару гнеў наш грэла,

І шлях асвечвала ў адвечныя бары,

І клікаў труп гарачы, абгарэлы -

Народны суд над катамі тварыць!


Злучыліся ў бары наш бунт, і гнеў, і гора,

Там, на пазыцыях народных змагароў.

І кат наш задрыжаў, зашыўся ў бункер-горад,

Няма яму ні сцежак, ні шляхоў.


А на франтах - і ў хвост, і ў грыву грэюць,

І трэба кіравацца на Берлін,

І апекун непрошаны "дабрэе"

І суне ў рукі ўласны карабін.


А даўшы - цапае рукой за дула,

І цягне, накіроўвае на лес, -

Бо думае, як дурняў нас абдуе

І нацкуе, каб брат на брата лез.


Вось ён - нямецкі кат тваёй радзімы,

Заплямлены і кроўю і слязьмі,

Закопчаны пажараў нашых дымам,

Яго - бандыта, на прыцэл вазьмі!

(Мсцівец)

Пасля вызвалення надрукаваныя вершы ў агітплакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну" "Сон Гітлера"(№ 135, лістапад 1944 г., "Рыбак" (№ 136, снежань 1944 г.), "Фрау Германія" (№ 41, красавік 1945 г.) пад сваім прозвішчам.

Не ўсе гэтыя вершы маюцца ў выданнях В.Таўлая. Пазнаёміся з імі.

Хочаце - верце,

А хочаце - не:

Раз Гітлеру чэрці

Прысніліся ў сне.


Ён зводку пісаў

І заснуў неўпрыцям -

І дзівіцца сам

Нечаканым гасцям.


Налева, направа

Махаюць хвасты…

-Ну, фюрар, як справы

І як там франты?"


-Ах, сам я ў адчаі

І паніка ў штабе -

Франты скарачаю

У вялікім маштабе".


Якой жа халеры

Заводзіў у блуд? -

На'т чэрці не вераць

Табе, шалапут.


Прабрэшаш, праплешчаш

Берлін, галаву,

А ў пекле нарэшце

Язык адарвуць!"


І Гітлер прачнуўся

І выцер свой лоб:

-Згінь мара!.. Зноў мусіць

Над зводкай захроп…


Фрыц у Нёмне рыбу вудзіць,

Паплавок хістаецца…

А ці ўлоў шчаслівы будзе -

Людзі сумняваюцца…


Бункеры абопал моста,

Але мост - развалены.

Пазірае немец скоса

На лясы, прагаліны…


Ой рыбача, рыбалосе,

Рыбка тут зубастая:

Нават мост глынуць гатова

З рыбаком і снасцямі.


Калі хочаш жонку бачыць,

Хоць калекай будучы,

Лепш у Нёмне кінь рыбачыць, -

Хутка скручвай вудачкі.


Мы горад з боем занялі.

На неастыўшых бітвы тропах

Ляжалі фрыцы, што камлі,

Іх асыпаў гарачы попел.


Цяпер ім мякка без пярын.

Нямецкіх мар сатлела пер'е:

Ад ненаеднай немчуры

Цяпер наедак маюць чэрві.


Мінаючы за домам дом

Па гулкім бруку, тратуарах,

Глядзім: махае ручніком

Арыйка з пабялелым тварам.


-Гітлер капут!..- пішчыць з двара,

Патрэсае дзябёлым целам.

Зірнулі скоса мы на фрау

І ўжо далей ісці хацелі.


А фрау - на тратуар трушком

Падбегла, пачала ўхмыляцца,

Пакручваецца перад байцом,

Тлумачыць, што яна - не нацы.


Што забабоны аб крыві -

Адна брахня - пустыя словы.

Яна, каб сэрцам не крывіць,

Давесці зараз жа гатова.


Разрагаталіся байцы,

З пагардай глянуўшы з-пад касак:

-Што, фраў Германія, - канцы?

Капут і Гітлеру і "расе"?


Ручнік бы ты ўзяла хоць свой,

А то махаеш рабаваным:

Ён беларускаю рукой

І вытканы, і вышываны.


Хоць цэлы век крычы, брыда,

Што ты ні ў чым не вінавата,

Цябе дагоніць крок суда -

Прысуд няўмольны і адплата.

Час ад часу наведвае Валянцін бацькоў у Лідзе, і ў адно з наведванняў напісаў верш для сястрычкі Ніны "Малой сястрычцы" :

Пакуль, сястронка, падрасцеш

І шлях пратопчаш свой жыццёвы,

На памяць вывуч гэты верш,

Складаны шчырым, братнім словам.


Хоць не паймеш яшчэ мяне -

Пішу табе яго навыраст:

Я знаю, гэты дзень міне,

З якога верш сягоння вырас.


Магчыма, толькі ён адзін

І астанецца жыць на памяць,

Як рэха дальняе гадзін,

Што сёння сэрца брата раняць.


Тады, сястрычка, успамяні

Хто з далечы больш не вярнуўся.

За тое, каб насталі дні

Шчаслівыя для Беларусі.

Аднойчы, пабачыўшы раніцай, як хныча і марудна збіраецца ў школу яго дзевяцігадовая сястра Ніна, Таўлай хуценька сеў да стала і праз некалькі хвілін ён звярнуўся да яе з яшчэ адным вершам "Дзяўчынка-свінка" (чарнавічная назва "Я Ніночку-малышу гэткі вершык напішу").

Ёсць на свеце дзяўчаты ўсялякія-

І разумныя і … дурныя.

І не знаеш - смяяцца ці плакаць

Над такою, што вечна ные…


Ёй са сну - аж вочкі запухлі,

Ад ляжання бакі забалелі,

А яна… выбірае туфлі

З маміных рук, у пасцелі.


Перабраўшы разоў можа з дзесяць

Туфлі, валенкі і чаравікі,

Ногі ўрэшце з пасцелі звесіць -

Аб істужках бярэцца хныкаць.


Мо' ружовую? Жоўтую можа?

Мо' блакітную ў косы ўплесці?

-Мама, косы ўчасаць паможаш?

Ну, а мама … паклікала есці?


-Есці? Фэ!.. не хачу зусім я!..

-Еш, дачушка, збірайся ў школу.

- Мне баліць галава і шыя.

І ў баку трохі вельмі коле…


Ну, Нінок, ці ж гэта дзяўчынка,

Адкажы, як хочаш, як знаеш…

Бо па-моем - гэта свінка,

Можа, нават, і не малая.


Не, каб змалку ўставаць раніцою,

Адзявацца самой, абувацца,

Мыцца ў пояс халоднай вадою

І, наеўшыся - у школу спяшацца.

23.02.1943, г. Ліда

Акрамя верша "Малой сястрычцы" паэтам былі напісаны ў Лідзе наступныя вершы:

****

Гэта ўсё - знаёмыя шляхі.
Аглянешся - затанулі ўдалеч.
На адных - палын расце глухі,
На другія - зоры ападаюць.

Пры юнацтве, што здалёк звініць,
І арлы садзіліся ахвоча,
Часам - каб да лёту заманіць,
Часам - каб выдзёўбваць вочы.

Але мы, улюбіўшыся насмерць
У шляхі, пракладзеныя ў заўтра,
Навучылі песню разумець,
Што ў змаганні і загінуць варта.

Вокам на шляхі куды ні кінь, -
Тлеюць косці звестуноў прадвесня
І ляжаць жалобныя вянкі
Анямелых з болю верных песень.

Не даклічацца ніякая вясна, -
Голас расплывецца ў чыстым полі,
Не збудзіўшы стомленнага сна
Змагароў, загінуўшых за волю.

Але хай высокі маладняк
Боль магіл кране карэннем шчырым, -
І насустрач заўтрашняга дня
Нашы песні зазвіняць з-пад жвіру.
Ліда, 1941г.

Першамайскія сцягі

Прачніся досвіткам, таварыш дарагі, -

Калісьці ў ноч такую мы не спалі...

Паглянь, як нашы першамайскія сцягі

Палошча золак залацістай хваляй!


Цяпер яны, як дужыя арлы,

На ветры буйным распасцёрлі крыллі,

А некалі ж мы іх, як арлянят малых,

Тулілі к сэрцу і ўзлятаць вучылі.


За пазухаю несліў тую ноч

Да абступіўшых шлях бяроз высокіх

І узнімалі ўверх на знойдзенай даўно

Вяршыні стромкай - мачце адзінокай.


Мы ведалі: варожая рука

Яго за крылле сцягне ў злосці дзікай,

Але не спыніць ўзмаху, што склікаў

З прасёлачных дарог на шлях вялікі.


І нас тапталі часта капыты -

Скажы, таварыш, хто палічыць паўшых?

А боль, павер, не меншы быў па тых

Правадырах чырванакрылых нашых.


І ў верасах датлелі дні тугі,

Мы, як зару, свабодны сцяг узнялі.

З палону выйшлі хлопцы і сцягі,

Якіх даўно вятры не цалавалі.


І сёння, бачыш, распасцёртыя плывуць -

Увесь збалелы свет яны абняць ахвочы.

Трымай жа вострым штык і ўзнятай галаву,

Калі сцягам палёту шчыра хочаш!

Ліда, 30 красавіка 1941г.

Аб маіх вершах

Маякоўскі па-сяброўску радзіў

не збываць адразу верша з рук:

напісаў - замкні яго ў шуфлядзе,

як адлежыцца, - судзі, здавай у друк.


Не забыцца добрае парады,

колькі мог, і пан мне "дапамог",

замыкаючы замест шуфляды

з вершамі - і аўтара ў астрог.


Праўда, іх судзілі, - не затоіш,-

і шпікі, якога ні вазьмі,

кожны прысягнуў на крыж за тое,

што не вершы гэта - дынаміт.


Пракурор праз кодэкса артыкул

углядаўся ў кожны мой радок,

нават пальцам асцярожна тыкаў

і ацэньваў: за родок - гадок.


Адсылаў ізноў ляжаць на нары,

шліфаваць і вершы і бакі,

і аб друку час ад часу марыць:

жыў на свеце Скарына такі…


Наляжаліся - аж скабы забалелі

вершам, аўтару, народу-чытачу.

Вершы многія ад гэтага ссівелі,

многіх - і зусім не далічу…


Толькі аднаго адкінуць нельга:

шліфаваў радок, як сталь звяна;

ланцугі тады на мне звінелі,-

можа й вершы ад таго звіняць.

Ліда, 7 чэрвеня 1941 г.


Лісты з турмы

І

Ужо ў зары наступны наш этап.

Калі сустрэнем, скажам так Максіму:

Ніякі чорт нам душ не растаптаў,

І мы на рынак вершаў не насілі.

ІІ

Сябры мае, Піліпе і Максіме,

Пішу, здаецца, развітальны ліст.

А шкода: перазімаваўшы зіму,

І да сустрэчы, можа б, дажылі...


Ды сцежка ўблыталася ў дрот калючы,

А ў сэрца - накірован аўтамат.

І думкі сцяліся ў камок балючы,

І ўсё цяжэй душу гняце турма.


І вось пішу на poste restente далёкі

Да вас, сябры этапаў і дарог.

На памяць пакідаю рэха крокаў,

Якое ў вершах некалі збярог.


Няхай жа вершы астануцца свету -

Сіроты беспрытульныя мае,

Хоць нават ім, каб перажыць паэта,

Ні фарбы, ні паперы не стае.


Але не ўсё навек развеяў сівер

Па тых шляхах, якімі я ішоў,

І песня не адна, запаўшы ў сэрца ніве,

Вясною ранняй зазвініць ізноў.


Вазьміце ў спадчыну астатак гэты -

Ён вашым песням, знаю, не чужы -

І не забудзьце звонкім запаветам

На струны Беларусі палажыць.


Бывайце, хлопцы! Нашы гоняць немцаў.

Ужо над Прыпяццю і песні і сцягі:

Калі зямля пад танкамі ўздрыгнецца -

Мы ўчуем нават праз пясок магіл.


ІІІ

Я дажываю восенскія дні,

Пакуль навекі восень заварожыць,

Хачу, каб мы сустрэліся адны,

Як двое зродненых пуцінай падарожных.


Спазніцца нельга, нам даўно пара:

Чакае нас, знікаючы, пуціна.

Лісты на клёнах скора дагараць,

Асыплюцца пажоўклыя хваіны...


І толькі мне ў няволі без пары

Не хочацца ні дагараць, ні гаснуць

Насустрач палымнеючай зары,

Насустрач дням і велічным і ясным.


Каму я вочы перадам свае

І сэрца, што астынуць не паспела?

Няма дачушкі роднае мае -

Не адрадзіцца мне ў маленькім целе.


І не расці і не глядзець на свет

Праменнем вачанятак шэрых...

Таму адной табе, як запавет,

Пакіну спадчыну тугі і веры.


Ў жыццё, што будзе вечна зелянець,

Як дрэва стройнае і маладое, -

І ад карэння па лістоў павець

Яго атрутай рабства не напояць!

Ліда, турма, 23 верасня 1943г.

Пазней, у Мінску, калі смутак і няпэўнасць становішча сталі мінуўшчынай, паэт перарабіў чатыры радкі тэксту і выкінуў дзве апошнія страфы яго:

Сказаць нічога не паспею больш,

а толькі абніму і пацалую.

І перадам яшчэ апошні боль:

Ты на магілку занясі яго малую

І пад бярозку закапай вясной.

Адчуўшы жар, здрыгнецца белым станам

і расшуміцца калыханкай залатой

пакуль мой боль гарэць не перастане.

Валянцін з вялікай адказнасцю ставіўся да бяспекі кожнага падпольшчыка і не гаварыў нават блізкім таго, што знаць было неабавязкова. Усіх сваіх памочнікаў ён прывучыў не цікавіцца тым, што не датычыцца непасрэдна задання. Калі ж чалавек усё-такі імкнуўся "залесці не ў сваю галіну", Валянцін мог сурова з неўласцівай яму ў іншых абставінах рэзкасцю перапыніць цікаўнага. І ўсе разумелі, што так трэба.

Такія абставіны вельмі мала пакідалі часу для паэтычнай творчасці. І сам Таўлай свой грамадскі і чалавечы абавязак перш за ўсё бачыў у дзейнай дапамозе агульнанароднай справе. Так складаліся абставіны жыцця, што ніколі паэтычная дзейнасць не была адзіннай і галоўнай яго справай.

Па ўспамінам жонкі, Лідзіі Сяргееўны, Валянцін вельмі хацеў узнавіць некалі напісанае ў турмах і астрогах. Кладучыся спаць, ставіў побач крэсла, на яго клаў невялікі кавалачак паперы і аловак. Ноччу ўсхопліваўся са сну, часам не запальваючы святла, імкліва запісваў строфку ці 1-3 радкі. І так нярэдка 1-3 разы на ноч. Такія ўспаміны сваіх вершаў Таўлай называў "вытрасаннем з галавы". Калі верш быў успомнены амаль цалкам, з маленькіх паперак у сшыткі яго перапісвала жонка. У Валянціна была думка зрабіць некалькі рукапісных зборнікаў з самымі блізкімі яго сэрцу творамі і раздаць іх сябрам у розныя куткі Беларусі: што-небудзь ды застанецца. Вядома, што іх атрымалі Ніна Тарас, Леанід Барысаглебскі, нехта з Віленскіх знаёмых. Рабіліся зборнічкі вясною 1944 года. Гэтая справа была для Валянціна вельмі важнай. У Наваградку на Сянежыцкай свае вершы хаваў у плітцы-грубцы. Пра гэтую схованку ведала толькі жонка.

Праца ў Беларускай самапомачы

А тым часам, партызанскі рух нарастаў. У адказ на гэта шалелі гітлераўцы. Растрэлы, падпалы, забойствы, знішчэнне цэлых вёсак, вываз працаздольнага насельніцтва ў Германію - усё пазнала беларуская зямля. Ліпень-жнівень 1943 года - кампанія па акружэнні партызан ў Налібокскай пушчы.

Каб растварыць адзінства беларускага народа, захопнікі спрабавалі стварыць прафашысцкія нацыяналістычныя арганізацыі. Яшчэ ў восень 1941 года створана Беларуская нацыянальная самапомач (БНС), пазней рэарганізавана ў Беларускую самапомач (БСМ). Летам 1943 года створаны Саюз беларускай моладзі (СБМ). Усе гэтыя арганізаціі павінны былі памагаць гітлераўцам у зняволенні і знішчэнні беларускага народа, зрабіць бачнасць клопату аб насельніцтве зборам грашовых сродкаў, зімовага адзення і абутку, быццам бы на дапамогу бедным, а нібыта дзеля клопату аб культурным жыцці народа ствараліся рознага роду гурткі, працавалі школы, настаўніцкія семінарыі і т.п.

Насельніцтва Беларусі з самага пачатку ўсяляк ухілялася ад удзелу ва ўсіх гэтых мерапрыемствах, але абставіны жыцця часам прымушалі з тых ці іншых меркаванняў у нечым прымаць удзел.

На чале Беларускай Самапомачы ў Наваградку быў пастаўлены нехта Якуцэвіч - былы памешчык, які раней ўцёк за мяжу і служыў там у антысавецкіх арганізацыях. Валянцін ведаў пра дзейнасць і сутнасць гэтага чалавека, ведаў і тое, што ён быў агентам СД.

Пасля пераезду ў Наваградак праца ў гміне зрабілася для Таўлая бязмэтнай. Для сустрэч з "хлопцамі" прыходзілася шукаць кожны раз прычыну выхаду з горада. Карыстацца памяшканнем гміны для сустрэч з вясковымі сувязнымі было нельга, таму што новы валастны старшыня амаль не вылазіў з кабінета, кантраляваў кожны крок Валянціна.

У час жыцця ў Ваўкавічах Валянцін стараўся каб пра яго паэтычны дар як мага менш ведалі. Тое, што Таўлай - паэт, стала вядома наваградскім "дзеячам". Дазнаўся і Якуцэвіч, і прапанаваў В.Таўлаю кіраваць аддзелам культуры наваградскай управы Саюза Беларускай Моладзі.

Магчымасць уплываць на моладзь, выкрываць хлусцівасць фашысцкай прапаганды, дапамагчы разабрацца ў становішчы, не магла не прывабіць В.Таўлая. Добра абдумаўшы ўсе плюсы і мінусы такой пасады, параіўшыся з партызанскім камандаваннем, Валянцін даў згоду.

Новае месца працы дало магчымасць падарожнічаць у Вільнюс, Дзятлава, Баранавічы, нават у Мінск, і пашыраць сувязі з патрэбнымі людзьмі. Праз Гуту (Бярозаўку) дабіраўся пешшу ці на спадарожнай машыне ў Ліду, а там бацька, Павел Дзям'янавіч, праз знаёмых чыгуначнікаў уладкоўваў яго на які-небудзь цягнік у Вільнюс. У Вільнюсе Таўлай збіраў вельмі каштоўныя звесткі ў сяброў па вызваленчай барацьбе і знаёмых па Віленскай беларускай гімназіі.

Сабраўся Валянцін у свой чарговы паход у Вільнюс 19 верасня 1943 года. Патрэбны былі медыкаменты і звесткі для атрада. Звычайна ён ездзіў разам з жонкай, каб была "падстраховачка ў выпадку чаго". На гэты раз паехаў адзін. Абяцаў вярнуцца дні праз 3-4. Мінуў чацвёрты дзень, пяты… Валянцін не вяртаўся. 26 ці 27 верасня прыбыў пасланец з Ліды. Перадаў, што Таўлай арыштаваны і пасаджаны ў турму разам з усёй сям'ёй.

Арышт сям'і Таўлаяў

Верасень 1943 года. У Мінску падпольшчыкамі і партызанамі здзейснена забойства гаўляйтэра Кубе. Па ўсёй Беларусі пракацілася хваля арыштаў. Не абмінула яна і горад Ліда, дзе меўся спісак "падазронных". У першую чаргу арыштоўвалі тых, на каго мелі зуб, на каго даносы былі. Быў у тых спісках і бацька Валянціна - Павел Дзям'янавіч, пра якога, на жаль, не часта ўспамінаюць. Між іншым, ён унёс пэўны ўклад у барацьбу з ворагам. У былым актыўны грамадовец, у 1935 г. асуджаны і прасядзеў адзін год у турме. Бацька і сын аднолькава цярпелі за сваю актыўную беларускую пазіцыю ад польскіх уладаў. Пад час акупацыі старэйшы Таўлай - памочнік войта Дакудаўскай гміны, а калі гміну ў Дакудаве разагналі партызаны, узначаліў гэтую ж гміну ў Лідзе. У абавязак войта ўваходзіла сачыць за зборам прадуктаў харчавання для нямецкай арміі, кантраляваць парадак у вёсках, рашаць некаторыя жыццёвыя пытанні. Былы барацьбіт, які меў нямецкую пячатку, выконваючы абавязкі войта, інфармаваў партызан, выдаваў на іх імя дакументы, у тым ліку нават пашпарты. Катам было вядома, што ён меў сувязь з партызанамі. У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея маюцца дадзеныя аб сувязі бацькі Таўлая з партызанамі, у тым ліку аперацыя па вызваленню з-пад арышту Васіля Рыбіноўскага.

Акрамя бацькі арыштавана мачыха Валянціна Сцепаніда Паўлаўна, і 10-ці годавая сястрычка Валянціна - Ніна.

Вяртаючыся з Вільні, Валянцін на некалькі гадзін заскочыў у хату бацькоў, каб пераначаваць і раніцай ехаць у Наваградак. І яго арыштавалі.

Арышт сям'і Таўлаяў з успамінаў 10-ці гадовай Ніны: "… 23 верасня на раніцы… мне не хацелася ісці ў школу. Мама сказала мне: "Ідзі, паеш, і тата завядзе цябе ў школу". Тата павёў мяне ў школу, а сам ішоў назад і яго арыштавалі і пасадзілі ў машыну… Пасля… прыехалі і па маму. А Валянцін быў у нас праездам, і быў у апошнім пакойчыку. Як пачуў, што прыйшлі па маму, хацеў адчыніць акно і праз акно ціхенька ўцячы. Прыадкрыў акно, але ўвесь дом быў ачэплены. Тады ён назад. Мама зайшла да яго і нешта загаварыла. Немец следам зайшоў і ўбачыў яго. Арыштавалі і маму, і яго. А потым прыехалі па мяне ў школу… Раптам адчыняюцца дзверы, у клас уваходзіць немец. Ён спытаў у настаўніцы, хто тут Ніна Таўлай. Яна сказала ўстаць, і я ўстала. Ён падышоў да мяне і сказаў збіраць партфель. Я сабрала. Ён узяў партфель, мяне за руку і павёў. На вуліцы стаяў грузавік. Ён пасадзіў мяне ў кабінку паміж шафёрам і сабой, і мы паехалі да турмы. Машына была крытая, але паміж кузавам і кабінай было акенца. Яно было завешанае. Але я так паглядзела - мама там сядзела. Яна трошкі адвесіла, толькі мне да пляча дакранулася і кажа: "Не бойся". Прывезлі нас у турму.

(Зараз у былой турме месціцца Лідская мэблевая фабрыка. У дадзены момант памяшканні цокальнага паверха ў гаспадарчых мэтах не выкарыстоўваюцца).


… Тату з Валянцінам павялі ў камеру. Тата яшчэ хацеў са мной развітацца, яму не далі… а потым і нас павялі па камерам. Я была там 12 дзён, потым захварэла… Выкупілі мяне за прадукты маміна сястра і мамінага брата жонка… Там быў доктар з вязняў. Ён, як я захварэла, прыйшоў і нейкія таблеткі мне даў. А як мяне выпусцілі, то гэтыя таблеткі засталіся ў мамы. Мяне забрала маміна сястра, я ляжала з высокай тэмпературай… лякарства не было дзе дастаць… Цётка і дзядзева жонка зноў пайшлі ў турму. Там сказалі, прывядзіце гэтую хворую. … І мы ўсе трое зноў пайшлі пад турму. Нас упусцілі ў турэмны дворык. Ім сказалі пачакаць, а мяне немец павёў у камеру да мамы, і гаворыць: "Што табе трэба, бяры". Я папрасіла ў мамы таблетачкі. Яна, у што там было загорнутае, дала, і мяне зноў выпусцілі. Гэтымі таблеткамі і дамашнімі сродкамі лячылі мяне". (Суднік, С. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / С.Суднік // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26). - С.18-19).

Жонка Валянціна, Лідзія Сяргееўна, дазнаўшыся аб арышце сям'і, вырашае вызваліць іх з-пад арышту, у першую чаргу - Валянціна. Не чакаючы цягнікоў і машын, пешшу, праз Гуту, накіравалася ў Ліду. Кватэра бацькоў Валянціна запламбавана жандармскай пячаткай. Разам з Нінай Тарас, якая жыла ў той час у Лідзе, рашаюць праблему вызвалення сям'і з-пад арышту. Ратаваць В.Таўлая ўжо ўзяліся сябры з Вільнюса: яны сабралі каштоўныя рэчы і грошы. Але той хабар не дапамог вызваліцца Таўлаю з турмы, якая знаходзілася на вуліцы У.Сыракомлі.

З кожным днём становішча здавалася ўсё больш безнадзейным. Блукаючы па інстанцыям, Валянціна Сяргееўна зразумела, што арыштавалі Валянціна, не ведаючы пра яго падпольную дзейнасць. Вырашыла паспрабаваць яшчэ адзін сродак. Трэба давесці да камендатуры Ліды, што Таўлай узяты памылкова, што ён нават не жыхар гэтага горада.

У гэтых абставінах Лідзія вырашае звярнуцца да Якуцэвіча - фашысцкага паслугача ў Наваградку. Пра арышт Валянціна ён даведаўся толькі зусім нядаўна, быў недзе ў адлучцы. Калі Валянціна Сяргееўна звярнулася да яго, спытаў, якая даведка патрэбна. "… ўзяў паперу, даволі хутка нешта напісаў на ёй, паклаў у канверт. Устаў з-за стала, зрабіў некалькі крокаў у мой бок:

- Аддадзіце ў Лідзе. Начальніку СД", - коратка адказаў на развітанне.

З пісьмом жонка пабегла да Барысаглебскага. "З незаклеенага канверта вынят запаветны аркуш. На ім размашыстым почыркам напісана пра прыналежнасць Таўлая да штату ўстановы, пра акуратнае выкананне службовых абавязкаў.

Далей дарога павяла жонку з пісьмом ў Ліду. "Раніцай падышла я да школы (зараз СШ № 10 - А.К.), дзе ў той час месцілася гестапа. Агароджа высокая. Паміж штакецін бачу, як ад брамкі да дзвярэй крочыць вартавы. Рукой прытрымлівае аўтамат… Брамка зачынена. Вось вартавы заўважыў мяне. Прыспешвае крок.

- Чаго снынілася? Праходзь далей! - груба звяртаецца да мяне.

- Мне трэба перадаць пісьмо.

- Якое пісьмо? - сурова пытае па-руску. - Каму? Ад каго?

- Вашаму начальніку. З Наваградка. Ад начальніка БСП Якуцэвіча.

- Ладна, пачакай. Зараз даведаюся. - Ідзе да дзвярэй і знікае за імі. Мінуты праз дзве, што здаліся вельмі доўгімі, з дзвярэй выйшаў нейкі вышэйшы чын.

- Пісьмо ад Якуцэвіча? Прашу… - звярнуўся да мяне.

Я памкнулася ісці за ім, але ён рухам рукі спыніў:

- Усё. Адказ атрымаеце з пасыльным.

Сумна правялі мы гэты дзень у хаце Ніны Тарас. Кладучыся спаць, толькі ўздыхалі з думкаю: "Ці будзе які вынік? Сярод ночы пачулі нямоцны, адрывісты стук у акно. Прыслухаліся. Стук паўтарыўся. З асцярогаю, з-за фіранак, выглянулі на вуліцу… За акном, аброслы ўшчэнт, няголены і нястрыжаны, стаяў Валянцін…" (Таўлай, Л. Падарожжа ў мінулае / Л.Таўлай // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.211-212).

Відавочна, не толькі сябры і жонка клапацілася аб вызваленні В.Таўлая, магчымы былі і другія варыянты. Але факт - Валянцін на волі. Прасядзеў В.Таўлай у турме каля 3 нядзель.

Пасля вызвалення з турмы Валянціну ўдаецца праз вакно мінуць апячатаныя дзверы хаты бацькоў і выратаваць трохі бацьковага, і асабліва, сестрынога адзення. Для сябе "выратаваў з палону" альбом з фатаграфіямі і гімназічны сшытак брата Шуры. Былі ў гэтым сшытку паміж запісаў па гісторыі, трыганаметрыі, беларускай літаратуры вершы Валянціна. У гэты ж сшытак былі ўкладзены лісткі, што выносіліся з турмы. Сярод іх быў верш "Восень" і "Калі адтуліць змрок зямлю".

Аказаўшыся на свабодзе, Валянцін усімі даступнымі намаганнямі хоча вызваліць бацькоў. Але ніякія захады па выратаванню бацькоў не дапамаглі. Аднаму з сваіх сяброў так ён пісаў: "З бацькамі чуваць толькі тое, што іх завезлі ў Мінск і пасадзілі ў лагер, адтуль ганяюць на працу. Пісаў заявы, націскаў розныя беларускія кнопкі, дагэтуль - без выніку. На днях еду сам у Мінск". (Там жа. С. 204) .

Зняволенных бацькоў-заложнікаў трымалі нейкі час у Мінску ў турме на вул. Шырокай у бараку без шыбаў, дзе панавалі голад, холад. А потым вывезлі ў Асвенцім. Па некаторым звесткам, мачыху, Сцепаніду Паўлаўну Дарашэвіч, разам з усімі жанчынамі пасадзілі ў машыну (сама не магла хадзіць з-за рэўматызму) і некуды павезлі. Больш пра гэтых жанчын нічога не вядома.

Свае паездкі ў Мінск, звязаныя з выратаваннем родных, Таўлай спалучаў са збіраннем матэрыялаў, патрэбных для партызан. У Мінску ён меў магчымасць наглядзецца на злачынствы так званых "беларускіх дзеячоў" - беларускіх буржуазных нацыяналістаў. Абураны вярнуўся ў Наваградак. Яшчэ да паездкі ў Мінск ведаў аб прызначэнні чарговым "прэзідэнтам" адшчапенца Астроўскага. У вершы "Гандляр" даў пераканаўшую ацэнку гэтай падзеі. Верш мае падзагаловак "Обергандляру Беларуссю - Здрадславу Байстракоўскаму, як запавет вяроўкі".

Жывучы на легальным становішчы, выконваў абавязкі рэзідэнта па Наваградскай акрузе, сувязнога партызанскага атрада імя Катоўскага, а потым і групы асобага прызначэння "Буравеснік", увесь час літаральна хадзіў па вастрыі мяча. Імкнуўся завязаць сувязі з як мага большай колькасцю людзей, каб атрымаць звесткі аб іх. Мабілізаваў увесь свой папярэдні кансператыўны вопыт. Было і так, што ад напружанасці пачыналі не вытрымліваць нервы, ён ставіў пытанне перад партызанскім камандаваннем аб адазванні яго ў лес. Але згаджаўся кожны раз, што ён тут "на волі" больш карысны.

Былы намеснік партызанскага атрада імя Катоўскага М.І.Грабёнкін: "Канечне, з яго атрымаўся б добры партызанскі палітработнік, але для нас у той час было карысней трымаць яго ў Наваградку, дзе ён быў незаменны. Таўлай, які валодаў здольнасцю крытычна аналізаваць свае ўчынкі і дзеянні, улічваючы абставіны часу, выконваў не толькі складаныя даручэнні і заданні, але і праяўляў асабістую ініцыятыву ў арганізацыі разведкі ў варожым гарнізоне". (Там жа. С.213).

Захавалася перапіска В.Таўлая з партызанскім камандаваннем, па якой можна ўявіць характар матэрыялу, які ён збіраў. "Ваш материал разрабатывается, и мы из него извлекаем пользу для общества. Пришлите списки лиц. Меня интересует, какая воинская прибыль её. Кому и куда шла. Настроение жителей г.Новогрудка, что делают. Продолжайте разоблачать «Св. Владимира». Что слышно про облаву. О чём говорят немцы. С приветом. 11.04.1944». Подпіс неразборлівы.

Тэкст другога задання дазваляе вызначыць разнабаковасць звестак, што даваў Таўлай: "… По вопросу сосредоточения поляков в Желудке и др. местах нужно работу продолжить, указать, от кого Вы такие данные имеете, где имеются штабы, кто в них работает (характеристики и т.д.). Где у них типография, кто в ней работает, а это все есть. Нужно работу углубить, этот вопрос сейчас представляет исключительное значение. Нужно его форсировать и углублять… Вам пост председателя нужно забрать, еще больше будет возможности уделить время работе. Мы сразу же Вас встретим в Н., и Вы не бойтесь, действуйте смело и решительно. Эту записку храните до встречи с нами. 18.06.44. С приветом майор Валерий". (Там жа. С.214).

ІІ Усебеларускі кангрэс і Валянцін Таўлай

ІІ Усебеларускі кангрэс ў Мінску пачаў работу 27 чэрвеня 1944 года. Гэта з'езд прадстаўнікоў беларускіх калабаранцкіх арганізацый, якія былі лаяльны ў адносінах да нямецкіх акупацыйных улад. На абодвух здымках бачым Валянціна Таўлая сярод беларускіх пісьменнікаў - дэлегатаў кангрэсу.

Вядома, што падчас апошняй вайны свядомыя беларусы былі па абодва бакі фронту і па абодва бакі змагання: адны ваявалі ў савецкіх партызанскіх атрадах, другія супрацоўнічалі з немцамі.

Што Валянцін працаваў у нямецкіх установах (1943-1944 гг. - загадчык аднаго з аддзелаў наваградскага Саюза Беларускай Моладзі) і што ён быў актыўным сувязным і разведчыкам партызанскага атрада імя Катоўскага і атрада асобага прызначэння "Буравеснік" Баранавіцкага партызанскага злучэння, што ўвесь час літаральна хадзіў па вастрыі мяча, нам ужо вядома. Вядома, што ў нямецкіх установах ён працаваў для прыкрыцця сваёй партызанскай дзейнасці.

Трэба сказаць, што нямецкія акупацыйныя ўлады да гэтага кангрэса старанна рыхтаваліся са студзеня 1944 года. Ці мог адмовіцца ад паездкі на кангрэс, як дэлегат, Валянцін Таўлай? Хочацца верыць, што ўсё было ўзгоднена з партызанскім камандаваннем. І хоць ужо з трыумфам шла аперацыя "Баграціён" (кангрэс пачаў работу 27 чэрвеня, а 3 ліпеня - вызвалены Мінск), камуністычнаму падполлю, кіраўнікам партызанскага руху неабходны былі рашэнні канкрэсса. І Валянцін Таўлай паехаў.

Верагодна, усе удзельнікі кангрэса пазней - або эмігранты, або вязні ГУЛагу, былі класіфікаваны як "ворагі народа". Таўлай застаўся. Больш таго, атрымаў медаль "За доблестный и самотверженный труд в период Великой Отечественной войны 1941-1945 гг." .


Цікавым на гэтых здымках з'яўляецца тое, што калі не ўсе, то пераважная колькасць калабарантаў ведала патрыятычныя перакананні В.Таўлая, да якой партыі раней належыў В.Таўлай. Вядома, здагадваліся, што ён не памяняў свае погляды. І тым не менш "калабаранты" не выдалі Валянціна Таўлая Мінскай СД. Тут спрацавала з'ява - беларуская салідарнасць. Магчыма, не без дапамогі "калабарантаў" здарылася і цудоўнае вызваленне Валянціна Таўлая з немецкай турмы ў Лідзе ў 1943 годзе.

Да 80-х гадоў усіх калабарантаў называлі нацыяналістамі, здраднікамі, якіх наняў на службу міжнародны капіталізм. Пасля 90-х гадоў такі прамалінейны падыход да іх дзейнасці змяніўся, з'явіліся публікацыі, у якіх разлічаюцца адценкі іх дзейнасці, па новаму разглядаецца іх жыццё і дзейнасць. Ёсць падстава лічыць, што такім чынам беларускія палітычныя дзеячы праводзілі палітыку ўзмацнення нацыянальных сіл, каб пры спрыяльных умовах змагацца за нацыянальную незалежнасць Беларусі.

Вызваленне 1944 года

Пасля вызвалення Наваградчыны Валянцін з Лідзіяй і з сястрой Нінай працягваюць жыць у Наваградку на Карэліцкай, затым на Гродзенскай вуліцах. Валянцін уладкоўваецца на працу ў рэдакцыю наваградскай газеты "Звязда" (1944-1945).

У першыя ж дні Валянцін узяўся за аднаўленне гарадской друкарні. У якасці сакратара раённай газеты "Звязда" дапамагаў рэдактару. Амаль у кожны нумар газеты даваў па адным, нярэдка і па некалькі сваіх матэрыялаў.

У Лідзіі Сяргееўны да знаёмства з Валянцінам былі дзве дачкі: Ірына і Алена. Калі ў 1941 г. яна ехала на практыку ў Беласток, сваіх дачок адвезла да родных на Волгу. А маці яе заставалася ў Ленінградзе і памерла ў блакаду. Пасля вызвалення Навагрудчыны Лідзія Сяргееўна прывезла сваіх дзяўчынак у Наваградак.

Вельмі ўзрадаваўся Валянцін, калі атрымаў прапанову жонкі Янкі Купалы, Уладзіславы Францаўны, супрацоўнічаць у арганізацыі музея народнага паэта. У лютым 1945 года ён пераехаў працаваць у Мінск. Сям'я засталася пакуль жыць у Наваградку.

Валянціна працуе старшым навуковым супрацоўнікам, намеснікам дырэктара літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску (1945-1947). Таўлай займаўся даследчымі працамі песняра, грунтоўна даследаваў яго творчасць, шмат напісаў матэрыялаў, шмат хацеў яшчэ напісаць, разлічваў на 5 год, якія не суджаны былі яму пражыць. З першых дзён працы ў музеі Я.Купалы Таўлай стаў найблізкім памочнікам Уладзіславы Францаўны Луцэвіч.

Пазней ён пісаў: "Сваю працу Літаратурны музей Янкі Купалы распачаў у выключна цяжкіх абставінах. Ад хаты Купалы засталіся адны руіны, попел яго багатага архіву і ўнікальнай бібліятэкі - развеялі вятры. Адзін высокі топаль вартаваў пажарышча, на ўспамін якога заўсёды будзе балець кожнае беларускае сэрца… Матэрыял збіраўся паперка да паперкі, фатаграфія да фатаграфіі, кніга за кнігай… Ворагам не ўдалося зацерці хоць бы матэрыяльныя сляды яго творчасці, не кажучы ўжо аб тым, каб спыніць безупынны ўплыў Купалы на барацьбу, на жыццё роднай Беларусі" (Арочка, М. Ідучы да запаветнага / М.Арочка // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.210).

Праца па стварэнню пастаяннай экспазіцыі музея адводзіла В.Таўлаю мала вольнага часу. Але клопаты аб сям'і займалі пачэснае месца ў яго жыцці. Клапатліва, па-бацькоўску, адносіўся і да малой сястрычкі, пісаў ёй лісты. "… пытаўся, як я жыву, як вучуся, што мне трэба. "Што табе трэба, усё прышлю, якія кніжачкі трэба, якія падручнікі трэба для школы. Не саромейся, пішы, я ўсё табе прышлю. Нават ці панчошкі маеш, ці што, адзенне якое і што, усё цікавіўся, каб у мяне было" (Суднік, С. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / С.Суднік // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26). - С.19).

Смутак па бацькам не даваў Валянціну запакою. Але пакуль была цвёрдая вера, што яны вернуцца дамоў. У лісце ад 07.06.1945 да сястры Ніны ён піша: "Сёння я гаварыў з адной жанчынай, якая была ў нямецкім лагеры Асвенцім. Там было вельмі шмат людзей: сотні тысяч. Гэтай жанчыне не даводзілася бачыць нашых папу і маму. Яна расказвала, што немцы перад прыходам туды Чырвонай Арміі, пагналі ўсіх з лагера аж да Гамбурга і там іх вызвалілі англічане. Многія там яшчэ адпачываюць. Вызвалена аж 150 тысяч асвенцімскіх вязняў. Можа і нашы там?

Напішы мне падрабязна ліст аб тым, што ты аб гэтым думаеш? Пішы таксама пра сябе, пра тое, як здала экзамены, ці здаровая, што робіш?.. Можа што табе трэба, дык ты заўсёды пішы мне аб гэтым" (З сямейнага архіва Ніны Таўлай-Радзюкевіч).

Працуючы ў музеі, Таўлай быў натхнённым шукальнікам Купалаўскіх скарбаў, пільным следапытам, адзін з першых ішоў маларазведанымі шляхамі жыццёвага і творчага летапісу Купалы (Арочка, М. Ідучы да запаветнага / М.Арочка // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.210).

Не ўсе ведаюць, што зыходзячы з плённасці гэтай працы, Літаратурны музей Янкі Купалы хадатайнічаў перад АН БССР аб прысваенні Валянціну Таўлаю навуковай ступені кандыдата філалагічных навук. "Таўлай упершыню, - гаварылася ў хадатайніцтве, - на аснове вывучэння і апрацоўкі асабіста сабраных ім матэрыялаў раскрыў ролю Янкі Купалы ў барацьбе за вызваленне Заходняй Беларусі і ўз'яднанне беларускага народа, без чаго было б няпоўным наша ўяўленне аб Купале як аб народным паэце ўсёй Беларусі. (Там жа. С.212).

У Мінску Валянцін сябраваў з Янкам Брылем. "… адзін час жылі з ім разам ў цесным пакойчыку, спалі на змену, хто на падлозе, хто на вузкім, як карыта, ложку, з тым парушэннем чарговасці, што калі нам Бог - а ён быў шчодры на гэта - даваў новага госця, дык мы, гаспадары, абодва лажыліся на падлозе, зрэшты, менш мулкай, чым тое наша карыта. Бюджэту хапала на хлеб, малако і на летнюю раскошу - чарніцы з Чэрвеньскага рынку. Самасад, вядома, не пераводзіўся, бо без яго наш літаратурны завод не дыміў бы". (Брыль, Я. Успаміны пра Таўлая / Я.Брыль // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.176).

Па успамінах сястры Ніны Таўлай-Радзюкевіч, пасля вайны Валянцін наведваўся ў Ліду, сустракаўся с былой супрацоўніцай і паэтэсай Нінай Тарас. Гэта ўжо былі лепшыя часы, не трэба было баяцца шпікаў і паліцаяў. Акрамя літаратурных чытанняў ішлі размовы на розныя тэмы. Паэтэса была закахана ў маленькую сястрычку Валянціна, Ніну. Аднойчы экспромтам нарадзіліся такія радкі для маленькай Нінкі, якія паэтэса запісала ў альбом дзяўчынкі:

Для маленькай Нінкі

Жадае Ніна

Слаўнай і добрай

Стацца дзяўчынай.


Толькі ўсё гэта

Не проста здаецца:

Многа патрэбна

Навукі, працы.

Ліда, 25.06.1945

У гэтым жа альбомчыку праз месяц ужо ў Наваградку Валянцін прысвяціў сваёй сястрычцы апошні свой вершык.

Для ўспаміну сястрычцы Ніне

Не першы раз пішу табе ў альбом:

Расцеш сама - мяняюцца альбомы.

І не магу нацешыцца табой

І нават вершу радасна самому.


Над намі, бачыш, - сінява нябёс

І нашы сны - зноў ява ў Беларусі.

І я ў альбомы Нініны, нябось,

Яшчэ не раз, напэўна, забяруся.

Навагрудак, 25.06.1945

Хутка ў Мінску побач з Акадэміяй навук В.Таўлай атрымаў пакой у адным з зялёных салдацкіх баракаў, што стаялі тут яшчэ з таго часу, калі і сам акадэміцкі гмах быў гітлераўскай казармай. Перавёз сям'ю, у тым ліку забраў і сястру Ніну. Яна ўспамінае: "… недалёка за вялікім плотам Якуб Колас жыў".

Янка Брыль успамінае: "Для зборніка беларускай сучаснай паэзіі, які мы складалі ў канцы сорак пятага года ўдвух з Валянцінам Таўлаем, патрэбны былі новыя вершы нашага патрыярха (Якуба Коласа -А.К.). Ён жыў ужо ў сваім новым доміку побач з Акадэміяй Навук… У параўнанні са мной Валянцін быў старажылам ў літаратуры, аднак і ён пайшоў па вершы да суседа не адзін, а папрасіў пасрэдніцтва ў П.Глебкі.

Студзёны лістападаўскі вечар. Мы ішлі паміж рэдкімі, працярэбленымі вайною соснамі на святло ў Коласавым агне, і Таўлай, чалавек не вельмі моцны ў гаспадарчых справах, па-свойму ціха і наіўна скардзіўся, што вось зіма пачалася, а дроў, браток Пятро Фёдаравіч, яшчэ няма.

- А піла ў цябе ёсць?

- Ёсць нейкая, браток.

- Што ж, дык давай вось у трох сасну павалім. Завалачом, парэжам.

- Ха!..

- А назаўтра стары (так паміж сабой паэты звалі Якуба Коласа -А.К.) мне ж першаму і пазвоніць: "Пятрок, нехта, брат, сасонку спусціў. І яшчэ, свіння, пад самымі вокнамі!.. Трэба ўзяць панятых: след павёў да Таўлая…".

І мы, спыніўшыся, рагаталі тым смачным, здаровым смехам, які прыходзіць нячаста". (Там жа. С.175).

Як успамінае сястра Ніна: "… ён усё працаваў і працаваў, цэлы дзень на рабоце, у музеі круціцца… Як толькі не прачнешся ноччу, ён усё сядзіць і піша, сядзіць і піша. Калі ён спаў, калі адпачываў, таму што, як не паглядзіш, усё працаваў". (Суднік, С. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх / С.Суднік // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26). - С.20).

Успамінае Сяргей Анісаў: "У лютым 1946 года я зноў сустрэў Валянціна Таўлая… Ва ўспамінах праплылі дні цяжкіх выпрабаванняў… Уявілася дарога з Вільні да польска-савецкай граніцы ў 1934 годзе… Арышт на граніцы… турма… суд… Незабыўны 1939 год. Свабода! Потым вайна… Партызаны… Арышт… Гестапа… Турма… "Прыйшлося, брат, чашу горычы, крыўды і болю выпіць да дна", - уздыхнуў Валянцін і адвёў вочы, каб схаваць няпрошаную слязу. "Але нічога!.. Мы яшчэ сваё возьмем!" - узняўшы галаву, ужо з усмешкаю сказаў на развітанне". ( Анісаў,С. Незакончаная паэма / С.Анісаў // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.85).

У канцы снежня 1945 года ў час навагодніх святаў пад колы машыны трапляе прыёмная дачка Алена, і гіне. (Пахавана на Даўгабродскіх могілках).

"Адчуць сябе бацькам суджана было Валянціну яшчэ раз, калі 22 верасня 1946 года нарадзілася дачка Галінка. Укладваючы паэтычна-сімвалічны сэнс, выбраў ён гэтае імя - не "Галя", не "Галка", толькі "Галінка". Ды паэтычных радкоў ён не паспеў напісаць - гэтая радасная падзея была амаль напярэдадні невылечанай у той час хваробы" (Таўлай, Л. Падарожжа ў мінулае / Л.Таўлай // Полымя. - 1979.- № 9.- С.211).

З вялікай пяшчотай адносіўся Валянцін да сваёй маленькай дачушкі. Захапленне і ўменне цаніць народнае мастацтва былі ў высокай ступені ўласцівыя Валянціну. Ён любіў паслухаць, як спяваюць у полі, і вечарамі на вёсцы, любіў назіраць вясельныя абрады. Любоў да мастацтва, да народнай творчасці, да прыгожага вельмі хацеў перадаць і сваёй дачушцы. Маючы добры слых, любіў адным пальцам выстукваць знаёмыя мелодыі на піяніна, набытым пасля вызвалення Наваградка. Атрымлівалася зусім нядрэнна.

Асабліва часта наігрываў "Кацюшу", сам сабе падпяваючы. Магчыма, што гэтае імя і песня нагадвалі яму Мінск 30-х гадоў і яго першае каханне да маладзенькай дзяўчыны, якую звалі Кацюша. Ёй, Кацюшы, быў прысвечаны напісаны на адваротным баку іх агульнага фота верш "Таварышу маёй вясны".

Піяніна доўга служыў дачцы яго Галінцы, дапамог ёй закончыць Беларускую дзяржаўную кансерваторыю і атрымаць музычную адукацыю, пра якую марыў Валянцін. Валянцін, лежачы цяжка хворы ў шпіталі, прасіў: "… абавязкова купі радыёпрыёмнік. Уключай ёй ціхенька добрую музыку. Няхай малая спіць пад прыемныя гукі, прывучае слых" (Там жа. С.196).

Захавалася некалькі фотаздымкаў Галіны Валянцінаўны Таўлай зафіксаваных на Беларусі.

Творчы шлях

Турмы і астрогі забралі сем гадоў жыцця ў паэта, не дужа спрыялі праяўленню творчага дару. Турмы ўмелі спраўджваць свае загаддзя разлічаныя планы ўдушэння таленту. Але, не гледзячы на ўсё гэта - цуд паэзіі ствараўся. Раскрываўся дух бунтоўнасці, пратэсту, глыбока ўсведомленнага выкліку ўсім бесчалавечна-нялюдскім сістэмам уціску.

Таўлай напісаў не так многа. Занадта неспрыяльна для мастацкай творчасці склалася яго жыццё. Але, няхай нямнога напісаў В.Таўлай, колькасць - не рашаючы крытэрый для ацэнкі спадчыны паэта. Важна тое, што на вершах В.Таўлая ляжыць адзнака сапраўднага таленту, ва ўсіх яго творах прасочваецца высокая грамадзянская пазіцыя.

Літаратурная справа для В.Таўлая была сродкам служэння яго народу. Але ніколі паэтычная дзейнасць не была адзіннай і галоўнай яго справай. Паэт не адрываў сваю творчую працу ад падпольнай рэвалюцыйнай дзейнасці, быў не толькі паэтам-грамадзянінам, але і паэтам-рэвалюцыянерам. Ён разглядаў мастацкае слова як зброю ў класавай барацьбе за вызваленне сваёй радзімы спачатку ад польскай дзяржавы, потым ад нямецка-фашысцкай навалы. Яго вершы апавядаюць і аб вялікай радасці, з якой савецкі народ прыступіў да будаўніцтва мірнага жыцця. Жыццё Валянціна варта яркай змястоўнай кнігі. Сваім зместам гэтая кніга цесна звязана з барацьбой, якая падказвала аўтару тэмы вершаў, паэмы. Спалучэнне глубока сімвалічнае: пачатак літаратурнай дзейнасці В.Таўлая па часе амаль супадае з пачаткам яго свядомай рэвалюцыйнай барацьбы, на шлях якой стаў вельмі рана. Мастак ад Бога, ён пачынае вельмі рана. 13-ці гадовым падлеткам здзівіў знаёмага чалавека з суседняй вёскі не дзіцячым зместам сваіх вершаў.

Згадваючы той трывожны час, паэт пісаў у сваёй аўтабіяграфіі: "4 лютага 1928 года ў газеце "Сцяг працы" № 2, органе рэвалюцыйна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, з'явіўся мой першы друкаваны верш. Вясной гэтага ж года я ўступаю ў рады падпольнага камсамола Заходняй Беларусі. У чэрвені камсамольская арганізацыя выдае на шапірографе маю паэму "Непераможныя", прысвечанную ўзнікненню і разгрому панамі "Грамады" - стотысячнай арганізацыі рэвалюцыйнага сялянства Заходняй Беларусі". ( Таўлай, В. Аўтабіяграфія / В.Таўлай // Валянцін Таўлай: Дакументы. Успаміны. Артыкулы; склад. Г.В.Таўлай. - Мінск: Маст. літ., 1984. - С.6).

Мастацкая манера паэта складвалася ў сваіх асноўных рысах у польскіх астрогах пад звон астрожных ланцугоў. Многія вершы В.Таўлая дайшлі да нас не на паперы, а ў памяці таварышаў, што сядзелі ў астрогах, іх тыражавала памяць вязняў. Памяць пры выхадзе з турмы не мог праверыць нават самы ўніклівы стражнік.

… Пішу я вершы не пяром,

Не ў запісную кніжку…

Я верш пад ззяне бліскавіц

Запісваю ў памяць.

У вершы "Жаданне" тэма рэвалюцыі ўвасоблена ў вобразе буры-навальніцы. Гэты вобраз уласцівы і творам Я.Купалы, магчыма, што В.Таўлай вучыўся ў Я.Купалы, выкарыстоўваў купалаўскія вобразы.

На гром нябёс - маланак гоман -

Народ зямлі адкажа громам.

У ранніх творах бачна, як паэт, не зважаючы на катаванні і кайданы, не гледзячы на тое, што "чуваць астрожнай брамы на ўсю краіну грук", астрогі не могуць вынішчыць дух непрымірымасці ў дачыненні да ненавіснага панства і веру ў перамогу народа. Паэт упэўнены, што паўкаланіяльны лад, створаны польскімі ўладамі "на крэсах усходніх", будзе знішчаны.

У маладыя гады В.Таўлай - паэт-лірык. У вершы "Дзяўчыне" герой развітваецца з сяброўкай перад тым, як пайсці "за шэрыя сцены турмы". І ён прымае расставанне як няўхільнасць, не шкадуе, што выбраў цяжкую і небяспечную дарогу. Яму сумна, але дзяўчыне ён гаворыць:

Няхутка, дзяўчына, ізноў вечарамі

Блукаць мне з табою ў жытным.


Яму вядома, што турэмная сапраўднасць бязлітасна ўварвалася ў яго мары аб шчасці, што пройдуць гады, пакуль ён выйдзе на волю, але і ў гэтым становішчы ён упэўнены ў праваце сваёй справы чалавек:

Калі не загіну, - усё буду помніць,

І ты, жывучы, не забудзь.

Па-рознаму малады паэт рэагуе на розныя праявы турэмнага жыцця: іранізуе з турэмшчыкаў, якія знясільваюць знявольных нішчымнай ядой; піша аб бясконцых замыканнях знявольных з пералічэннем і пажаданнем турэмшчыкам "добрай ночы"; аб пачуцці няскораннасці перад тлустымі мордамі, што паслалі яго ў астрог; аб вялікай гордасці, што ён - баец вялікай арміі, якая зруйнуе несправядлівы лад; вядома, аб пакутах творчасці ва ўмовах, калі забараняецца мець паперу і агрызак алоўка. Але ва ўсім гэтым паэт гаворыць не ў пакутніцкіх танах, а з настроем нескаронасці перад ворагам.

Паэзія Таўлая сапраўды пілавала краты. Яго вершы, перапісаныя ад рукі, разыходзіліся сярод палітзняволенных, усяляючы ў сэрцы мужнасць і веру ў перамогу.

Пісаў паэт як толькі надаралася вольная хвіліна: ці гэта было на волі, ці ў час чарговай адсідкі - паэт шліфаваў, адточваў кожны радок сваіх старых і новых твораў. У яго была неадольная прага дасканальнасці. І амаль пад кожным давераснёўскім творам паэта маглі б стаяць двайныя даты. Пад паэмамі "Таварыш" (1936-1946, або "Песня пра сухар" (Лукішкі-воля, 1935-1945). Затое і радкі гэтыя гучаць, як крылатыя выслоўі: "пілую вершам краты", "чуваць астрожнай брамы на ўсю краіну грук", "ланцугі тады на мне звінелі - можа й вершы ад таго звіняць". Такія радкі назаўсёды западаюць у памяць.

Верасень 1939 года: у паэзіі В.Таўлая загучалі радасныя матывы.

У складаных умовах падпольнай работы паэт скарыстоўвае мастацкае слова як зброю ў барацьбе з ворагам. Яго вершы прасякнуты патрыятызмам, нянавісцю да фашысцкіх вылюдкаў, з едкім сарказмам высмейвае іх грабежніцтва, іхнюю баязнь партызан.

У вершы "Ранак Перамогі" паэт гаворыць аб невымеранай радасці, якая ахапіла савецкіх людзей з перамогай над ворагам.

Вершы савецкага перыяда - вершы аб ажыццяўленні таго, за што паэт змагаўся: аб вольным шчаслівым жыцці, аб радасці перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, аб усенародных выбарах у органы Савецкай улады ў пасляванны перыяд, аб вялікай радасці мірнага будаўніцтва жыцця.

Паэт перакладвае на беларускую мову і байкі І.Крылова "Пахаванне", "Леў і мыш" і інш.

Працаваў В.Таўлай і ў жанры нарыса. У яго нарысах - тэма партызанскай барацьбы, гісторыя і эпізоды баявой дзейнасці партызанскага атрада імя Катоўскага ў нарысе "Катоўцы", аб цяжкіх злачынствах гітлераўцаў на беларускай зямлі ў нарысе "Ворагу не ўцячы ад расплаты". Нарыс "Марыя Гурына" аб маці-патрыётцы, якая разам з дзецьмі пайшла на смерць, але не выдала гітлераўцам партызан. Але, дзякуючы таму, што гітлераўцы яе не растралялі, а толькі цяжка паранілі, ёй удалося выбрацца з падпаленана ворагам гумна і застацца ў жывых.

У 1946 годзе ў Лідзе наладжваліся мерапрыемствы, прысвечаныя памяці народнага песняра Янкі Купалы. Сюды былі запрошаны як сама цётка Уладзя, так і іншыя паэты: Пятро Глебка, Уладзімір Агігевіч і Валянцін Таўлай. У той дзень запыталі ў Валянціна ці хутка людзі ўбачаць яго кнігі. Ён тады праз моцны, жахлівы кашаль адказвае: "Хутка". Аднак, паэт не ведаў што і сам не пабачыць свайго зборніка.

Паўгода ён хварэе: яго сэрца спакутанае астрогамі, збалелае ад фізічнага і маральнага напружання, б'ецца ўсё слабей. Але пісаць не кідае. Працаваў, гледзячы далёка наперад. У пачатку красавіка 1947 года трапляе ў бальніцу г.Мінска. Наведвае яго сябар Анатоль Іверс. Яму Валянцін з надзеяй прамаўляе: "Урач абяцаў выпусціць да 1-га Мая…" Але, на жаль, бальніцу ён пакінуў раней.

27 красавіка 1947 года паэт памірае. Яму было ўсяго толькі 33 гады. Пазней, у 1986 годзе, Анатоль Іверс успомніць: "У горадзе Лідзе на доме, у якім да вайны жыў паэт, вісіць мемарыяльная дошка. І калі мне паказалі яе, я нанава перажыў і незабыўныя сустрэчы, і цяжкую страту: я ж у 1940 годзе начаваў у гэтым доміку…"

Цётка Уладзя ў адным з лістоў да ўкраінскага паэта Тэрэня Масэнкі напісала (28.04.47): "Заўтра хаваем цудоўнага чалавека, слаўнага паэта і найлепшага сябра Янкі - Валянціна Таўлая. Вельмі цяжка хаваць такіх выдатных, чэсных людзей".

Маладым, 33-х гадовым адышоў паэт. Быў ён надзвычайна сціплым, высакародным чалавечным чалавекам, з развітым пачуццём нацыянальнай гордасці. Сёлета яму было б 100 гадоў.

Падводзячы жыццёвы шлях паэта, Максім Танк напісаў верш

Памяці тав. Таўлая

Была такая слота-непагода,

Што нават сышчык, затуліўшы твар,

Свой пост пакінуў каля брам завода,

Паплёўся грэцца ў бліжэйшы бар.


Як лісце, вецер вымеў багамольцаў

З парталаў Вострай Брамы і Пятра.

Глухая, беспрасветная пара,

Калі гадамі не ўставала сонца.


І вось у гэткі час у мой пакой

Прыйшоў таварыш, звольнены з астрогу,

Таўлая вершы ён прынёс з сабой,

Зашытыя ў вопратцы ўбогай.


Ля сэрца ён хаваў іх і бярог,

Каб не знайшлі, не адабралі каты,

Не кінулі слоў вольных у астрог,

Пятлёй не задушылі ў казематах.


Не для таго зняволены паэт

Пісаў іх. Сам ён гаварыў заўсёды,

Што песням час ісці ў шырокі свет,

Сцягі ўздымаць і калыхаць паходы.


І мы іх перапісвалі ўсю ноч,

Калі ж прыйшоў пад вокны ранак хмарны, -

У непагоду, у асенні дождж

Аднеслі іх у падпольную друкарню.


Яго напевам выпаў слаўны лёс:

Набатным звонам прагучаць над краем,

Прайсці шляхі этапаў і бяроз,

Сустрэць свабоду - светлы золак мая.


І сення вы, каго паэт любіў,

З кім разам жыў, у смерць яго не верце!

Калі на час ён змораны спачыў, -

На варце стойце славы і бяссмерця!.

***

Бліжэйшыя родзічы паэта-змагара:

Сястра Валянціна - Ніна Паўлаўна Таўлай-Радзюкевіч пасля вайны жыла ў Лідзе ў сястры маці і закончыла беларускую школу №2 (цяпер - аддзяленне Лідскага каледжа). Пасля закончэння фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта працавала ў Юрацішках, Трабах. Затым з мужам пераехала ў Вільнюс, дзе з 1959 да 1997 года выкладала матэматыку на рускай мове.

Дачка - Галіна Валянцінаўна Таўлай, разам з маці жыла нейкі час у Мінску, выйшла замуж за Бахціяра Юсупа - пляменніка Мікалая Дзялендзіка. Развялася. Выйшла замуж за кампазітара Ігара Маціеўскага ў Пецярбургу. Збірае фальклор, запісвае беларускія народныя песні. Дзяцей не мае.

Жонка, Лідзія Сяргееўна, памярла ў 1998 годзе. Пахавана ў Пецярбурзе.

А Ірына, дачка Лідзіі ад першага шлюбу, закончыла школу ў Мінску, паступіла ў БДУ на хімфак, перавялася ў Ленінград, дзе закончыла ўніверсітэт. Кандыдат хімічных навук. Мае дачку.

Ушанаванне памяці Валянціна Таўлая

1. У літаратурным аддзеле ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей", які знаходзіцца ў доме, дзе ў 1939-1941 гг. жыў з першай жонкай Кірай (Стэрай) Брандт Валянцін Таўлай, з верасня 2010 года існуе яго мемарыяльны пакой.

2. Імя Валянціна Таўлая прысвечана філіялу № 6 цэнтральнай раённай бібліятэкі ў г. Ліда.

3. Да 100-годдзя з дня нараджэння паэта (8 лютага 2014 года) на будынку філіяла ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей, па вул. Замкавая,7) плануецца ўстаноўка мемарыяльнай дошкі работы лідскага скульптара Рычарда Грушы ў гонар таленавітага беларускага паэта і мужнага рэвалюцыянера Валянціна Паўлавіча Таўлая.

4. Лідскі мастак Уладзімір Мельнікаў напісаў партрэт В.Таўлая.

5. Лідская паэтэса, у былым настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Аляксандра Аляксандраўна Бурак - удзельніца конкурса, які арганізавала рэдакцыя "Лідскай газеты" да 90-годдзя Валянціна Таўлая, напісала верш

У вянок Валянціну Таўлаю

І

Люты. Ладзіць баль віхура,

К тыну лашчыцца завея,

Хмары сцелюцца панура.

Вецер за сцяной шалее.


За акном мароз і сцюжа…

А ў хаце, ля цяпельца

Нарадзіўся хлопчык мужны,

Светлы розумам і сэрцам.


Гадавала яго маці

Для любові, шчаснай долі,

Не ўзгадала, што ўзрасціла

Смелага байца з няволяй.


Ва ўзросе падлятковым

Сын абраў свой шлях цярністы,

Ваяваў бунтарскім словам,

Думкаю, памкненнем чыстым.


Ратаваў за ўз'яднанне

Беларускага народа,

Меў за гэта пакаранне:

У турме гібеў ён годы.

ІІ

Ты зрабіў нямала ходак пешшу

Па шляхах нялёгкіх і крутых,

Ты стварыў артыкулы і вершы,

Што праграмай сталі для другіх.


Ты сваім агніста мудрым словам

Прадракаў радзіме светлы лёс,

Родную пакутлівую мову

Праз выпрабаванні ты пранёс.


І гучыць яна прыветна-звонка

На аблогах роднае зямлі,

На зямлі свабоднае старонкі,

Што ў баях абараніць змаглі,


Засланіць ад ворага ліхога

Нашу еднасць, наш цудоўны край.

Ты для нас, нашчадкаў, значыш многа:

На ніве годнаці - выдатны аратай.

ІІІ

Аб Лідскай крэпасці ў кірунку рынка

Я крочу сцежкаю, дзе ты ступаў,

Спыняюся ля сціпнага будынка,

У якім ты жыў, тварыў і сумаваў.


І магчыма¸тут пісаў сястрычцы

Вершык, каб запомніла яна,

Што яе шчаслівае сцяжынцы

Ты аддаў жыццё сваё спаўна.


Я лічу сябе тваёй сястрою,

І тваім высновам я служу,

Лепшым скарбам кожнаю парою -

Вольнай Беларуссю даражу.

2005 г.

(Бурак, А. У вянок Валянціну Таўлаю /А.Бурак // Прастора дабрыні.- Ліда, 2008. - С.4)


Лідчанін Уладзімір Васько да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, прысвяціў Валянціну Таўлаю верш

Таўлай натхняе

Гісторыя лёсы ламае,

Як дрэвы завея ліхая.

Ды постаць жывая Таўлая

На подзвігі й сёння натхняе.


Ад Рудаўкі крочыў ён смела

Да Вільні, да шчасця, да ведаў.

Ды ўлады накладвалі вета

На шлях і задумы паэта.

І гумай, і шомпалам білі,

Турму яму домам зрабілі.

Ды ён не змарнеў, не зламаўся:

За праўду і волю змагаўся.


Адвагай быў вельмі багаты

І ўрэзаўся вершам у краты.

І ў волата вырас хлапчына,

І гонарам стаў для Айчыны.


І нас анідзе не зламае

Ніякая сіла ліхая,

Бо мужная постаць Таўлая

На подзвігі й сёння натхняе.

26.12.2013


Лідскі паэт Алесь Стадуб прысвяціў нізку вершаў, прысвечаных Валянціну Таўлаю.

Вечнасць роднага духу

(Роздум паэта Валянціна Таўлая)

Няўжо не быў я ў Празе

Промнем сонца,

Калі Скарына ўсё рабіў

Набела,

І ў друк ішло,

Чаго душа хацела?

Няўжо не быў я ў Празе

Промнем сонца?

Няўжо не быў

З Тарасам на Парнасе,

Па-беларуску кпінячы

З багоў?

Ніхто з нас не ўцякаў

Адтуль бягом,

Калі быў я

Тарасам на Парнасе.


Няўжо не ўспомняць

Мо праз сто гадоў,

Што вершаў вастрыню

Тачыў на выраст?

Не, не забуду Танкаў

І Гранітаў выраз:

"Мы волі аддалі -

Удячнай - доўг".


Яна ў мяне

Другім крылом была.

Другім.

Змаганне было першым.

Быў сувязным,

Быў журналістам пешым,

Круты і добры

Валянцін Таўлай.


Любіў ідэяў

Мудры перагруз,

Ішоў бясстрашна

Пад айчынным сцягам.

Вытокі памятаў -

І Вязынку, і Прагу -

Святы і грэшны,

Сціплы беларус.

(Стадуб, А. Вечнасць роднага духу / А. Стадуб // Водгук ісціны. - Мінск: Кнігазбор, 2007. - С. 92-93).

Тут

Трыпціх

Валянціну Таўлаю

1

Не ведаю, хто клопат ранні

У мураванцы думна месціў.

Кватараваўся тут змаганец,

Упарты Валянцін-бяссмерце.


Была б з бярвення хата, можа,

Струхнела б, перажыўшы спеласць.

Сягоння поўна тут, прыгожа

І ва ўспамінах дар і смеласць.


Заўжды быў цвёрды і праўдзівы,

Не воліў да сябе спакою.

Гады ўслаўляюць выраз дзіўны:

"Мудрэць і харашэць душою".


Цяпер ў стойкім філіяле

Ўслаўляецца ўсё сілай праўды.

Тваё мы эстафецім, Валя,

Мы за тваю нязломнасць рады.


Жыццё кароткае, няйначай,

Для таленту яно - бяссмерце.

Хто тут пабыў - сябе зыначыў.

Жыве тваім нязгасным сэрцам.

2

Здаецца, вышаў падыміць.

Мо з вершаў выкрасліць заганы,

Мо зелень для гасцей памыць,

А мо па нарыс быў пасланы.


Няхай сабе. Пабудзь адзін

У вечнаці, наўсцяж скандальнай.

Мы на партрэт твой паглядзім

І пашкадуем: ты ўжо дальні.


Душа пісала праўдзе доўг,

Свяцілі мары па-братэрску.

Не верыцца, што шмат гадоў

Ты не ўсміхаешся ў люстэрку.

3


Зайдросцяць праўнукі і ўнукі:

Іх дзед раўняўся на свяціл,

Ім іншае далося ў рукі,

Іх талент іншае спасціг.


Па-сваему з нас кожны здольны,

Сваіх памкненняў уладар.

Адзін - пірог, другі - настольнік.

У кожнага свой лёс і дар.

(Стадуб, А. Тут / А. Стадуб // Скрыжалі. - Мінск: Кнігазбор, 2010. - С. 43-45).

Станіслаў Суднік на тэму вызвалення В.Таўлая з Лідскай турмы ў 1943 г. , напісаў верш

Па Лідзе Бог хадзіў

Паэтаў саджалі ў вязніцы спрадвеку,

І тое за дзіва ніхто не лічыў,

У вершах свабодным ён быў чалавекам,

А кожны царок за свабодай сачыў.


Не стала цароў - пільнавалі баяры,

Баяраў не стала - сачыў сабакар,

Ды толькі заўсёды і краты, і нары

Ахвотна паэтам падносілі ў дар.


Не велькае дзіва: схапілі Таўлая

І гэтак, як многіх, шпурнулі ў турму.

Не важна: была там віна і якая?

Асвенцім замроіў праз краты яму.


Ды ж дзіўнае дзіва забачыў свет гэты,

Такога не зналі ў тутэйшай зямлі,

З нямецкай вязніцы дасталі паэта

За грошыкі тыя, што людзі далі.


На хлеба кавалак самім не ставала,

І лёс невядомы чакаў за вуглом,

На выкуп Таўлая ўся Ліда збірала,

Завязваўшы пояс мацнейшым вузлом.


Ад шчырага сэрца, напэўна, давалі,

Бо грошыкі тыя на справу пайшлі.

Паэта ад смерці яны ўратавалі

На славу і гонар радзімай зямлі.

* *

А я вось, пачуўшы гісторыю гэту,

Прыдумаць выснову адзіную змог:

Як тут выкупалі з палону паэтаў,

То, значыць, хадзіў па зямлі гэтай Бог.

Суднік, С. Па Лідзе Бог хадзіў / С.Суднік // Лідскія скрыжалі. - Ліда, 2008, с.70-71).

Лідскі паэт Міхась Мельнік да 100-годдзя з дня нараджэння В.Таўлая з пажаданнем плённай дзейнасці літаратурнаму музею, які размяшчаецца ў доме, дзе жыў паэт, напісаў такі верш:

Разам з Валянцінам Таўлаем


На вуліцы Замкавай домік Таўлая

Так ветліва творцаў усіх сустракае.

Сюды мы завітваем, быццам на споведзь,

І душы свае ад тлуму адводзім.

Сюды мы ідзём, як на веча ці свята,

Тут многа сяброў і натхнення багата,

Тут мы абмяркоўваем нашы праблемы

І высвятляем надзённыя тэмы…

Ліра паэта жыве сёння з намі

Ды не сціхае ніколі з гадамі,

Мужнае слова яго заклікала

Змагацца за волю і з рознай навалай…

Зведаў астрогі, нямала нягодаў,

Але ён заўсёды быў разам з народам.

Рана ўключыўся ў падпольную дзейнасць,

Каб захаваць сваю годнасць і вернасць

Зямлі беларускай, бацькоўскаму краю,

Які Прынямоннем мы называем.

Жыў барацьбіт гадоў некалькі ў Лідзе,

Ля замка штодзённа ў задуме хадзіў ён,

У горадзе гэтым спаткаўся з Купалам,

Песня чыя яго сэрца кранала…

Дачасна пакінуў свет стойкі паэт,

А творы для нас як святы запавет:

Паэмы і шчырыя вершы чытаем,

Каб заставацца разам з Таўлаем.

5 снежня 2013 года.


Ірэна Сліўко - лідская паэтэса, прысвяціла Валянціну Таўлаю наступныя радкі:

Неба пакрылася шэрымі хмарамі,

Сэрца шчыміла і сціснула болем,

Не стала паэта са светлымі марамі,

З прагай свабоды, нязломнаю воляй.


Гарачае сэрца заўчасна згарэла.

Нядоўга пражыў - усяго трыццаць тры.

З рук выбіць паперу і стаць на калені

Этапы і турмы ніяк не змаглі.


Як Данка, змагаўся за волю народа,

За праўду і шчасце радзімай зямлі.

Гарэў, асвяціўшы сабою дарогу,

Каб рэкі, аблокі шыкоўна плылі.


Шануе цяпер наша Ліда паэта,

І помніць любімага сына свайго,

І вершы бы сонцам агністым сагрэты,

Мужна лунаюць над светам яго.

Мікола Арочка прысвяціў Валянціну Таўлаю тры вершы.

Куртка Валянціна Таўлая

Лідзіі Сяргееўне Таўлай

Гасла "буржуйка"… Вецер

Цёрся аб мокры вугал.

Стрэліўшы, з чорных дзверцаў

Выпаў гарачы вугаль -

і раскалоўся…

Пырснулі сполахі зайкамі

Па анямелым закутку,

Скочылі жоўтымі лапкамі

На патрапаную куртку -

і расплыліся…

Жанчына рукою млеючай

Куртку з цвіка здымала

І, як крывінку-малечу,

Да грудзей прыціскала,

цалуючы…

Куртка дыхнула спатканнямі,

Кратамі, пылам, потам,

Лістамі неадасланымі

З-за калючага дроту…

і ростанню!

У кішэні - тры хлебныя карткі,

Пажоўклыя, нескарыстаныя,

Ды шчопці сухіх зярняткаў

З коласа, пэўна, сарванага

на родным полі!..

Паклала на стол ціхутка,

Далонямі распрастала

І спрысквала тую куртку

Не вадою, калі прасавала, -

слязою гаручай…

Сатлела вуголле… З печкі

Ёй падгалошваў вецер…

Ён надзеў сваю куртку на плечы

І з хаты пайшоў

у бяссмерце.

(Арочка, М. Куртка Валянціна Таўлая / М.Арочка / Колас на ржышчы: Выбранае. - Мінск: Маст. літ., 1980. - С.92).

Вялікая Кракотка

Мой цэлы свет: Вялікая Кракотка,

Часоў бурлівых родны мацярык.

Была Кракотка,

як рака ў паводку.

Была Кракотка,

гнеў, і боль, і крык!


Кракотка - гэта хвойны пах узлесся,

Гняздо за пазухай зялёных гор.

З таго гнязда заклекатала песня,

Што клікала з нізіны:

"Гэй, да зор!"


Рашаўся лёс…

Прадвесне гнала крыгі.

І вось тады з твайго мацерыка

Дрыготка пацягнулася да кнігі

Мазольная сялянская рука.


Святая прага ведаў і пазнання!

У родным слове чалавек ажыў.

Было тут вашай еднасцю змаганне.

А духам мужнасці -

Купала быў.


Хто знае, колькі іх, натхнёна-ўпартых,

Адсюль паклікаў наш змагарны край?

Недарам верш,

якім пілуюць краты,

З зямлі вось гэтай здабываў Таўлай!


Нязломны дух…

Жывая сіла мовы.

Жыву з тых дзён я вашаю красой.

Жыткевічы… Збраевіч… Трафімовіч…

Ля вас я грэўся словам і душой.


Я ўдзячны вашаму агню і хлебу.

Рукам, што уздымаюць торф, падзол,

І спорна сеюць зерні веры ў глебу,

І лустай праўды асвячаюць стол.


Мой родны свет:

Я ў кожнай тут часцінцы

Жыву - дзялю і радасць і слязу.

І ўсё, чым з каранёў тут прычасціўся,

Нясу ашчадна,

як зямлі красу.

(Там жа. С. 125-126).

Сустрэча Валянціна Таўлая з Янкам Купалам

Таўлай спыніўся ля прысад.

Таполя-вежа…

Дзверы ў дом Купалы.

Ён вырваўся з-пад допытаў і крат,

Ён зведаў дзве турмы…

Ды не хапала

Адвагі тут - пераступіць парог…


А думаў -

Толькі з-за дратоў прарвецца

У вольны Мінск, пакінуўшы астрог,

Ён прынясе з этапаў і дарог

Купалу сваё зраненае сэрца…


А думаў -

Набалела прыпадзе

У споведзі да чуйных рук паэта,-

І крык муроў,

І цяжкі шторм падзей

Ён данясе найперш да клямкі гэтай…


Чаго ж спыніўся, юны пасланец?

Ты чуеш -

разліваюцца па целе

Радкі, што упіліся, як свінец,

У тваёй камеры былой -

у цэглу:


"За свабоду сваю

Ўсёй душой пастаю;

У агонь, у ваду

Я за ёю пайду…"


Дапытвалі вадою і агнём.

І вось, апалены,

Шаснаццацігадовы,

Прыціхлы пад таполевым галлём,

Стаіш разгублена,

шукаеш словы…


Ды нечакана - голас у дзвярах:

- Заходзьце!

- Добры дзень, Купала!..


Ці раз барацьбітоў

Па вопыт песняра

Сюды эпоха пасылала!

( Там жа. С. 130-131).

Юрка Голуб прысвяціў таксама В.Таўлаю верш.

Валянцін Таўлай

Песня крылле апальвала

На нямых агнях журавін…

А па этапу, да сумных пальмаў

Звінелі вязнямі журавы!..


О! Далёкіх гадоў трывога,

Трывога явак…

Вятры наўзрыд!

Ляцелі вершы з муроў астрога

Ў Іспанію, у Мадрыд…


І адстуквалі пальцы кропкі:

"Прашу дазволіць…"

"Хачу у бой!.."

У Бяздонным ٭ салёнай кропляй

Мой не затоне боль!


Прарастаюць зарніцы сполахам

На азёрнай тугой шчацэ,

І песня, калісь падпольная,

Праз мяне ад яго цячэ! (стар. 27-28)

٭ Возера непадалёк ад вёскі Рудаўкі на Слонімшчыне, дзе жыў бацька паэта.

(Голуб, Ю. Валянцін Таўлай / Ю.Голуб // Натхненне: вершы. - Мінск: Беларусь. - 1997. - С.27-28).

Беларуская паэтэса Людміла Рублеўская, зрабіўшы аналіз жыццёвага і творчага шляху паэта, да 80-годдзя з дня яго нараджэння напісала верш:

Страляюць паляўнічыя на спеў

І шоргат крыл. Кароткі лёс птушыны!

Лунай, паэт, хвалі, чаго не меў -

Свае заб'юць, як не заб'ць чужыя.


Цябе абвінаваціць - што зміргнуць -

Твая віна - у тваім святым даверы.

Дзве рэкі беларускія цякуць -

Там праваму не верыць левы бераг.


Ці час такі, ці лёс няўдалы ў нас?

Край межавалі ворагі заўзята.

Каго ж прасіць - у песню не страляць,

Калі з бакоў абодвух стрэльбы ўзняты?


…Здавалася, што адступіла смерць

І вольная ад меж зямля ўздыхнула…

Паэт паспеў наўрад ці зразумець,

З якога боку пасылалі кулю…

(Рублеўская, Л. Валянціну Таўлаю / Л.Рублеўская // Замак месячнага сяйва. Мінск. - 1992. - С.53)

А.Іверс, які добра ведаў В.Таўлая яшчэ з часу навучання ў Віленскай беларускай гімназіі, у 1957 годзе прысвяціў яму верш:

Ты любіў такое хараство,

Каб жыццё кіпела ў родных хатах.

Бачыў часам неба ты праз ствол

Баявога друга аўтамата.


Сцягу нашаму шумець вякі

І звінець тваім крыштальным вершам,

Бо праносіў сцяг ты напрасткі,

У паходзе быў заўсёды першым.


Зноў гарыць у памяці Мадрыд,

Аб якім ты сніў тады на нарах…

Шчасце стрэўшы, плакалі наўзрыд

Вераснёўскім ранкам Буг і Нарач.


Успомнім тых, каго між нас няма,

Хто загінуў, ды не страціў справе.

Будзем вечна славіць Першамай

І Кастрычнік вечна будзем славіць.

( Іверс, А. Жыву ў бацькоўскім краі / А.Іверс. // Вершы і паэмы. - Мінск: Мастацкая літаратура. - 1982. - С.159)

Супрацоўніку "Лідскай газеты" Аляксандру Мацулевічу давялося сустрэцца з Марыяй Маркаўнай Рэсухінай і Леанардай Браніславаўнай Пуйдак, якія былі частымі гасцямі Валянціна Таўлая, калі той жыў у Лідзе, і ён напісаў да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая тры вершы. Ні адзін з іх не быў яшчэ надрукаваны:

Госці паэта

"Уперад!" - часу трубы клічуць.

Ідзе жыццё хадою новай.

Марыя з Леанардай пішуць

артыкулы аб абутковай.


Нясуць у домік побач з замкам

іх - на рэдагаванне Валю.

Гарыць да ночы позняй лямпа,

што Валя вечарам запаліць.


Ён рэдагуе (вопыт большы).

Дымяцца ў кубках чай ці кава.

Аповеды - пад чай - аб Польшчы.

Расказвае Таўлай цікава!


І ноч становіцца бяссоннай,

імгненнем яркім пралятае…

У доміку яго і сёння

з паэтамі сядзім за чаем.


У тыя ночы кіну мосцік -

карціна бачыцца такая:

Марыя з Леанардай - госці

паэта-змагара Таўлая.

Таўлай у Лідзе

Ёсць невыпадкова ў Лідзе

вуліца і дом Таўлая.

Да гісторыі звярніце

позірк. А яна такая…


У дзяцінстве, як вучыўся

ў класе ў пачатковым нейкім,

напісаў Таўлай у Лідзе

верш свой першы - "Верабейкі"…


Перамены пачаліся,

правіць пачалі Саветы -

працаваў паэт у Лідзе

супрацоўнікам газеты.


Выступаў перад народам.

Сустракаўся тут з Купалам.

Горадам натхняльным, родным

для Таўлая Ліда стала.


А як па зямліцы лідскай

акупант нямецкі рыскаў,

з бацькам, мачыхай, сястрычкай

у турме сядзеў фашысцкай…


Прыязджаў у Ліду, хворы,

на купалаўскі ён вечар…

І да нашых дзён гаворыць

ён з лідзянамі - у вершах.


Са старонак кніг не з першым

пакаленнем размаўляе.

І да нашых дзён - праз вершы -

сустракаемся з Таўлаем.

У доміку Таўлая

Нібы ля дзеда ўнук-паэт,

ля замка - дом-музей Таўлая.

Яго пакой, яго партрэт

і лямпа на стале старая.


Здаецца, у пакоі тым

яго і сёння чутны крокі.

Пачуй, як дыхаюць лісты,

дыханне дакументаў копій.


Пераступі цяпер парог

пад гэтым позіркам нязгасным -

зрабі з яго пакоя крок

у свет паэзіі сучаснай.


А на другім паверсе ты

майстроў паэзіі ўбачыш.

Заходзь да іх! Заходзь сюды!

Глянь, колькі сэрцаў тут гарачых!


Смялей! Не цісніся ў кутку!

А мо і ты таленавіты?!

Табе падораць кніжку тут

з аўтографам паэта Ліды!


Адчуй паэзіі цяпло,

снег лістапада, зелень мая:

нязгаснае яе святло

гарыць у доміку Таўлая.

6. У гонар Валянціна Таўлая названы вуліцы ў гарадах Баранавічы, Гродна, Ліда, Маладзечна, у вёсках Ганькі і Жыровічы Слонімскага раёна. (Выканаўчы камітэт Лідскага раённага Савета дэпутатаў працоўных рашэннем № 124 ад 11.04.1963: Рашэнне. "Улічваючы многалікія просьбы і пажаданні грамадзян горада аб увекавечванні памяці таленавітага беларускага паэта і мужнага рэвалюцыянера, які доўгі час жыў і працаваў у г.Ліда вырашыў пераіменаваць вуліцу Лідскую ў вуліцу В.Таўлая". (Аснова: фонд Лідскага занальнага дзяржаўнага архіва 55, воп.1, д. 489, л.254).

7. У г.Баранавічы па вул.Леніна, 51 на будынку цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Валянціна Таўлая размешчаны барэльеф у гонар Валянціна Таўлая.

8. У 1984 годзе ў Слонімскай сярэдняй школе № 1 (цяпер - дзяржаўны агульнаадукацыйны ліцэй) да 70-годдзя паэта быў адкрыты музей-пакой Валянціна Таўлая. Менавіта ў гэтым будынку знаходзілася польская дзяржаўная настаўніцкая семінарыя, дзе вучыўся Таўлай. У 1990-х гадах музей ліквідавалі. І толькі нядаўна ў Слонімскім раённым агульнаадукацый- ным ліцэі выдзялілі месца для пакоя-музея Валянціна Таўлая і літаратурнай Слонімшчыны. Хочацца спадзявацца, што гэта ўжо надоўга.

9. У г.Маладзечна на будынку гасцініцы (зараз вул Лібава-Роменская, 67), дзе ў 1934 годзе знаходзіўся пад следствам арыштаваны ўладамі Польшчы Валянцін Таўлай, устаноўлена мемарыяльная дошка.

10. Імя паэта высечана на летапісным камні ў в.Мясота (62-гі кіламетр шассе Мінск-Маладзечна). Камень устаноўлены ў памяць вядомых людзей, якія праязжалі па Віленскаму тракту.

11. У бібліятэцы імя Янкі Купалы ў в.Вялікая Кракотка Слонімскага

раёна быў устаноўлены бюст В.Таўлая. На вялікі жаль гістарычную Вялікакракоцкую бібліятэку імя Янкі Купалы закрылі ў 2008 годзе.

12.Лідская цэнтральная раённая біблітэка імя Я.Купалы ў 2009 годзе выдала буклет, прысвечаны памяці Валянціна Таўлая.

13. Да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая РУП "Белпошта" плануе выпусціць паштовы канверт з маркай пад рубрыкай "Вядомыя асобы Беларусі": "Таўлай Валянцін Паўлавіч. 100 гадоў з дня нараджэння". Месцам гашэння канверта плануецца г. Баранавічы.

14. У краязнаўчым, гістарычна-літаратурным часопісе "Лідскі летапісец" змешчаны артыкулы, якія прысвечаны Валянціну Таўлаю:

- 2004 год. № 1-2(25-26):

а) ст. 13-15. Вольга Курылёнак. З мінуўшчыны ў сучаснасць. Да 90- годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая;

б) ст.16-20.Станіслаў Суднік. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх.

(Інтэрв'ю Ніны Таўлай ад 20.02.2004);

в) ст. 21. Успаміны Дарашэвіча Пятра Паўлавіча - брата жонкі Таўлая

Паўла Дзям'янавіча, запісаныя 13.01.1964;

г) ст. 21-22. Успаміны Міцюкевіч Сафіі Мітрафанаўны, якая жыла ў г.Ізабелін, запісаныя 01.02.1964.

- 2007 год. № 3-4(39-40):

- ст.48-50. Сяргей Чыгрын. Невядомыя здымкі Валянціна Таўлая.

- 2009 год. №3-4(47-48):

ст.36-37. Сяргей Чыгрын. Слонімскімі сцежкамі Валянціна Таўлая. Да 95-годдзя з дня нараджэння.

- 2010 год. 2(50):

- ст.22-23. Сяргей Чыгрын. Пра першае каханне Валянціна Таўлая.

- 2012 год. № 2(58):

- Ст.30. А.Сідарэвіч. Таямніца аднаго фотаздымка.

Л і т а р а т у р а:

Т в о р ы :

1. Выбранае: вершы / В.П.Таўлай. - Мн., 1947

2. Выбраныя творы / В.П.Таўлай. - Мн., 1951

3. Вершы і паэмы / В.П.Таўлай. - Мн., 1955

4. Выбраныя творы: вершы і паэмы / В.П.Таўлай.- Мн., 1958

5. Выбраныя творы / В.П.Таўлай.- Мн., 1961

6. Творы / В.П.Таўлай -Мн.: Дзярж. выдав. БССР, 1961, - 402с.

7. Аўтабіяграфія / В.Таўлай // Пра час і пра сябе. - Мн., 1966.-С.346-349

8. Выбраныя вершы і паэмы / В.П.Таўлай. -Мн.: Беларусь, 1967. - 156 с.

9. Вершы і паэмы / В.П.Таўлай - Мн., 1979

10. Пілую вершам краты: выбр. тв. / В.П.Таўлай. Мн.: Юнацтва, 1984,-95с.

11. Я с вами: стихи и поэмы / В.П.Тавлай. -Мн., 1988

12. Вершы / В.Таўлай // Ростані волі.- Мн., 1990.- С.243-257

13. Ці ж лёгка?: верш / В.Таўлай //Бацькаўшчына.- Мн., 1994.- С.255

14. Малой сястрычцы. Ранак Перамогі: вершы / В.Таўлай // Бацькаўшчына. -Мн., 1966. - С.232-233

15. Вершы / Валянцін Таўлай // Ад ліских муроў.- 2001.- №5.- С.64-66

16. Вершы / Валянцін Таўлай // Род.слова.-1994. - №2.- С.12-13

17. Першамайскія сцягі: вершы // Уперад.- 1972.- 1 мая

18. Малой сястрычцы: (верш) / Валянцін Таўлай // Лід.газ., - 2005.-15 кастрычніка.- С.5

19. Апошняе слова. Бацькава пісьмо. Кветкалюбы. Гандляр: вершы /Валянцін Таўлай // Уперад.- 1972.- 26 крас.

20. Песня лукішскіх вязняў. "Новая" Еўропа. Гадавіннасць. "Калі мае шляхі і сцежкі". Мой спозненны адказ бацьку: вершы / В.Таўлай; прадмова М.Арочкі // Полымя. - 1966. -№2. - С.119-124

21. Лукішская будзённая песня / В.Таўлай // Маладосць. - 1964.- №2.-С.122-123

Аб жыцці і творчасці паэта:

22. Таўлай, В.П. // Бел.экцыклапедыя. -Мн., 2002. -Т.15. - С.459

23. Таўлай, В.П. // Бел.пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік.- Мн.,1995.- Т.6.- С.80-84

24. Таўлай, В.П. // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. - Мн., 1987.- Т.5. - С.250-251

25. Таўлай Валянцін Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.- Мн., 2001.- Т.6, кн.1. - С.513

26. Арочка,М. Валянцін Таўлай: крытычна-біяграфічны нарыс / М.Арочка. -Мн., 1969. - 167 с.

27. Арочка, М. Колас на ржышчы: выбранае / М.Арочка. Мн., 1980, 240 С.

28. Голуб, Ю. Валянцін Таўлай / Ю.Голуб. Натхненне: вершы. - Мінск: Беларусь. - 1997. - 112 С.

29. Валянцін Таўлай: дакументы, успаміны, артыкулы / склад. Г.В.Таўлай; камент. Л.С.Таўлай.- Мн.: Маст.літ., 1984. -239с.

30. Годы испытаний и мужества: воспоминания бывших членов КПЗБ /сост. Н.С. Орехво, Н.С.Сташкевич. -Мн.: Беларусь, 1973.

31. Паходняй сэрца палымела: (В.Таўлай) // Марціновіч, А. Шляхам праўды / А.Марціновіч. - Мн., 1994. - С.190-202

32. Абед у Таўлая // Калеснік, У. Усё чалавечае. - Мн.,1993. -С.38-59

33. "Паролю, сябры, не забудзьце…": (В.Таўлай) // Бярозкін, В. Паэзія - маё жыццё // В.Бярозкін. - Мн., 1989. - С.111-117

34. Ён спяшаўся ў Пушкінскую: (В.Таўлай) // Бур'ян, Б "І толькі надпіс…" / Б.Бур'ян. - Мн., 1987. - С.47-68

35. Таўлай В. // Гніламёдаў, У.В. Сучасная беларуская паэзія / У.В.Гніламёдаў. - Мн., 1983. - С.202

36. Таўлай В. // Ярош, М.Р. Беларуская савецкая лірыка / М.Р.Ярош, В.Л.Бечык. - Мн., 1979. - С.96-98, 101, 124, 152, 156

37. Таўлай Валянцін Паўлавіч (1914-1947) // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Слонімскага раёна.- Мн., 2004. - С.651-652

38. Башлакоў, М.З. Валянцін Таўлай / М.З.Башлакоў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ліды і Лідскага раёна. - Мн., 2004. -С.162

Артыкулы:

39. Жалкоўскі, А. Крыж мужнасці і пакут Валянціна Таўлая /А.Жалкоўскі //Лідская газета, - 2008. - 29 мая. - С.3

40. Жалкоўскі, А. Малавядомыя старонкі з біяграфіі Валянціна Таўлая /Алесь Жалкоўскі // ЛіМ. -2008. -№ 27. - С.14

41. Чыгрын, С. Нявядомыя здымкі Валянціна Таўлая / С.Чыгрын // Лідскі летапісец. - 2007, -№ 3-4. - С. 48-50

42. Міхайлаў, Р. Даведка ад бацькі паэта. / Р.Міхайлаў // Лідская газ. - 2005. -7 мая. - С.2

43. Суднік С. Па Лідзе Бог хадзіў: (верш прысвечаны В.Таўлаю) / С.Суднік // Краяз. газ.- 2005, - № 16, - С.5

44. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх: (інтэрвію Ніны Таўлай рэдактару часопіса "Лідскі летапісец" Станіславу Судніку 20 лютага 2004 г. у Лідзе) / Ніна Таўлай // Лідскі летапісец. - 2004, -№ 1-2(25-26). - С.16-20

45. Успаміны Дарашэвіча Пятра Паўлавіча, які жыў у г.Ліда, вул. Чапаева, д.4, брата жонкі Таўлая Паўла Дзям'янавіча. Запісаныя 13.01.1964. // Лідскі летапісец. - 2004. -№ 1-2(25-26),- С.21

46. Успаміны (пра В.Таўлая) Мацюкевіч Сафіі Мітрафанаўны, якая жыла ў г. Ізабелін. Запісаныя 01.02.1964. // Лідскі летапісец. - 2004. - № 1-2(25-26), - С.21-22

47. Курылёнак В. З мінуўшчыны ў сучаснасць…: да 90-годдзя з дня нараджэння ВалянцінаТаўлая / Вольга Курылёнак. // Лідскі летапісец. - 2004. -№1-2 (25-26). - С.13-15

48. Васілевіч,А. Вершамі "пілаваў" краты / А.Васілевіч // Лідская газ. -2004. -24 лютага. - С.1

49. Міліноўскі, М. "Хачу лунаць арлом…": да 90-годдзя Валянціна Таўлая /Міхась Маліноўскі // ЛіМ. -2004. - 13 лютага

50. Жалкоўскі¸А. "Жаўруковае сэрца звініць…": да 90-годдзя Валянціна Таўлая / Аляксандр Жалкоўскі, Міхась Маліноўскі // Гродзен. праўда. - 2004. -7 лютага

51. Жалкоўскі, А.Адной табе, як запавет, пакіну спадчыну тугі і веры / Аляксандр Жалкоўскі, Міхась Маліноўскі // Лідская газ. - 2004.- 5 лютага. - С.1,2

52. Мацулевіч, А. Лідскія сяброўкі Валянціна Таўлая / А.Мацулевіч // Лідская газ. -2003. -13 верасня.

53. Серафіновіч, К. "Мяне, як і брата з турмы выкупілі", - праз дзесяцігоддзі ўзгадвае Ніна Паўлаўна Радзюкевіч, сястра Валянціна Таўлая / К.Серафіновіч // Лідская газ.- 2002. - 6 жніўня

54. Ягорычаў,У. …Сам ён - звонкая легенда / Уладзімір Ягорычаў // Культура. - 1999. - 4-10 верасня (№32). - С.8-9

55. Марціновіч, А. "Краты … свет засланілі" / А.Марціновіч // ЛіМ.- 1999.- №10

56. Іваноўскі, К. Пясняр сваёй зямлі / К.Іваноўскі // Лідская газ. - 1999.- 15 верасня

57. Чыгрын, С. Юбілей паэта: (да 85-годдзя паэта В.Таўлая, чыё жыццё было звязана з Лідай) / С.Чыгрын // Газ.Слонім. - 1999.- 4-10 лютага. - С.3

58. Стадуб, А. Апошні прытулак Валянціна Таўлая / А.Стадуб // Лідская газ. - 1998.- 29 снежня

59. Маліноўскі, М. Сумны і радасны юбілей: (да 50-годдзя смерці В.Таўлая) / М.Маліноўскі // Лідская газ. - 1997.- 27 сакавіка

60. Маю прамову дагаварыць: (аб перайменаванні вуліцы Лідская ў вуліцу імя В.Таўлая ў г. Лідзе) // Лідская газ.- 1997.- 30 жніўня

61. Грамадчанка, Т. Шляхі Валянціна Таўлая: літ.партрэт / Т.Грамадчанка. // Род.слова. - 1994. -№2. - С.7-12

62. Давідоўская, Я. … Сам ён - звонкая легенда / Я.Давідоўская // ЛіМ.- 1994.- 11 сакавіка

63. Калеснік, У. Гнеў і боль барыкад: да 75-годдзя з дня нараджэння В.Таўлая / У.Калеснік // ЛіМ. - 1989.- 10 лютага. - С.8-9

64. Булай, М. Сям'я патрыётаў (В.Таўлая) / М.Булай. - Уперад.- 1982.- 7 красавіка.

65. Тарас, Н. Даўні ўспамін: (як было ў гады вайны ў Лідзе, аб сустрэчах з В.Таўлаем) / Ніна Тарас // Маладосць. - 1982.- №11.- С.167

66. Таўлай, Л. Падарожжа ў мінулае. З успамінаў пра В.Таўлая / Л.Таўлай // Полымя.- 1979.- №9.- С.189-214

67. Міско, Я. Каб вясна ўзыйшла для людзей: да 60-годдзя з дня нараджэння В.Таўлая / Я.Міско // Маладосць. -1974.- №2.- С.164-166

Бібліяграфія:

68. 90 год з дня нараджэння В.П.Таўлая (1914-1947), паэта: бібліяграфічны спіс // Новыя кнігі. - 2004.- №1.- С.5-8 (дадатка)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX