Папярэдняя старонка: Таўлай Валянцін

Слонімскімі сцежкамі Валянціна Таўлая 


Аўтар: Чыгрын Сяргей,
Дадана: 07-02-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №47.



Да 95-годдзя з дня народзінаў

Не магу паверыць, што на Слонімшчыне ўжо не існуе Вялікакракоцкая сельская бібліятэка імя Янкі Купалы. Яе мясцовыя вертыкальшчыкі ў 2008 годзе зачынілі назаўсёды. Бібліятэка перажыла дзве вайны (польска-савецкую і нямецка-савецкую), рэпрэсіі, калектывізацыю, сацыялізм і ўсе іншыя "ізмы", а цяпер утрымацца не змагла. А гэта была першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа Янкі Купалы. У Вялікую Кракотку некалькі разоў прыязджала жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Там гасцілі Пятрусь Броўка, Янка Брыль, Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Караткевіч, Мікола Аўрамчык, Пятро Прыходзька і многія іншыя беларускія пісьменнікі. Сотні кніг з аўтографамі дасылалі слыннай бібліятэцы беларускія пісьменнікі, сярод якіх быў і Якуб Колас. 80 гадоў адчыняла дзверы перад вяскоўцамі і пісьменнікамі Купалаўская бібліятэка на Слонімшчыне. А сёння яе ўжо няма.

 Валянціну Таўлаю 15 гадоў.  19 жніўня 1929 г..

Чаму я так сумна пачаў з Вялікакракоцкай сельскай бібліятэкі, ды таму, што ўдзел у яе стварэнні ў другой палове 1920-х гадоў прымаў таксама і паэт Валянцін Таўлай з суседняй вёскі Рудаўка. Калі ён вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, для вясковай бібліятэкі ён прывозіў і дасылаў сюды са сваімі землякамі беларускія кнігі і часопісы, што выдаваліся ў Вільні. Беларускія выданні Валянцін Таўлай з сябрамі прывозіў таксама і ў Чамяроўскую сельскую бібліятэку (пазней імя Якуба Коласа), якая таксама была адкрыта ў тым далёкім 1927 годзе. Яна перастала існаваць на Слонімшчыне раней за Вялікакракоцкую бібліятэку.

Прыехаў Валянцін Таўлай з бацькам у вёску Рудаўка Слонімскага павета ў 1924 годзе з Ліды, дзе бацьку звольнілі з працы. У Рудаўцы жыла бабуля - маці бацькі Валянціна. Яна і дапамагала гадаваць Валянціна і яго брата Аляксандра разам з мачахай Сцепанідай Паўлаўнай.

Вёска Рудаўка тады была невялікая, яна налічвала крыху больш за 70 жыхароў. А вось суседняя з Рудаўкай Вялікая Кракотка па колькасці насельніцтва была ў тры разы большая. Там працавала польская школа, куды і аддаў бацька Валянціна. Вучыўся добра, таму ў чэрвені 1925 года хлопчык паступіў у Слонімскую польскую дзяржаўную настаўніцкую семінарыю. Пра вучобу ў семінарыі Валянцін Таўлай напісаў у сваёй аўтабіяграфіі "Аб сабе", якая ўпершыню была апублікавана ў чэрвеньскім нумары часопіса "Полымя" за 1948 год. Нагадаю толькі, што хлопчык у семінарыі вучыўся вельмі паспяхова, атрымліваў стыпендыю. Але за тое, што пры перапісе насельніцтва адмовіўся запісацца палякам, стыпендыю знялі - таму давялося з-за крыўды і беднасці пакінуць вучобу і вярнуцца ў Рудаўку. "Прыходжу дамоў. Расказваю бацьку, што і як. Бацька спахмурнеў. Пакруціў галавой, але за сарваную вучобу не журыў: "Што ж, пасядзі ў хаце, павучыся дома, а на другі год пабачым", - згадвае ў сваіх успамінах Валянцін Таўлай.

У Рудаўцы хлопчык рыхтаваўся да паступлення ў Віленскую беларускую гімназію, дзе ўжо вучыліся знаёмыя хлопцы з Кракоткі, Вострава, Чамяроў, Азярніцы, Мяльканавіч і з іншых слонімскіх вёсак. Дапамагала яму ў гэтым мачаха Сцепаніда Паўлаўна.

У верасні 1927 года Валянцін Таўлай пачаў вучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі. Тут сустрэўся са сваімі сябрамі-землякамі, пазнаёміўся з тымі, пра каго раней толькі чуў. "На гэтага ціхмянага, шчуплага, крыху сарамлівага хлопца спачатку ніхто са старэйшых вучняў не звяртаў увагі. У яго быў адкрыты, з мангольскімі рысамі твар, яшчэ, здаецца, дзіцячыя, але вельмі ўважлівыя і задумлівыя вочы, шырокі лоб і крыху адвіслыя вушы. Ён трымаўся неяк у баку ад іншых вучняў. У час перапынкаў хадзіў адзін па актавай зале з кнігай або сшыткам у руках і паўтараў урокі. Вучыўся добра, і настаўнікі не раз ставілі яго ў прыклад іншым. Ніхто, вядома, і не думаў, што сарамяжлівы слонімскі хлопец з вёскі Рудаўка неўзабаве заявіць аб сабе поўным голасам", - прыгадваў у сваёй кнізе "Маё маўклівае сэрца" Якуб Міско з вёскі Чамяры. Кніга гэта выйшла з друку пасля смерці Я. Міско ў 1983 годзе. Да друку яе рыхтаваў Янка Брыль.

У Віленскай беларускай гімназіі хлопцы і дзяўчаты з усіх курсаў трохі пазьней даведаюцца, як вучыўся Валянцін Таўлай у Слонімскай польскай гімназіі, і чаму ён яе пакінуў. І гімназісты распавядалі адзін аднаму пра тое, як у польскай гімназіі ў Слоніме Валянцін, запаўняючы анкету для настаўніка, сказаў, што ён - беларус, што мова яго - беларуская, што жыве ён на Слонімшчыне ў Беларусі… Гэтага было дастаткова, каб больш у польскай гімназіі не вучыцца.

У Рудаўцы Валянцін Таўлай часта праводзіў прапагандысцкую работу, бо на гэта ён быў добры спецыяліст. Як згадвае Павел Кулак у кнізе "Валянцін Таўлай" (Мн., 1984. С.98), Валянцін умеў пагаварыць і са старэйшым, і з малодшым, і з усімі прыходзіў да адной высновы: трэба змагацца за сваё вызваленне. Ён любіў выступаць на масоўках. Аднойчы яго затрымалі ў лесе каля Альбярціна на Слонімшчыне і пасадзілі ў турму. У жніўні 1929 года за ўдзел у канферэнцыі Слонімскага акружнога камітэту камсамолу юнака зноў арыштавалі і пасадзілі на 6 месяцаў за краты. У слонімскім астрозе паэт піша вершы:

І сэрца ў міраж, як шчасце, паверыць

І соладка таяць пачне…

А раніца збудзіць, - акутыя дзверы,

Іржавыя краты ў акне…

З Валянцінам Таўлаем слонімцы вельмі любілі сябраваць. І ніхто з іх пры жыцці ніколі нават слоўца дрэннага не сказаў пра Таўлая. Паэт Анатоль Іверс мне вельмі часта згадваў пра земляка. Пазнаёміўся ён з ім ў верасні 1927 года. Іверс ужо год вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, а Таўлай толькі паступіў. Амаль усе прыезджыя жылі ў інтэрнаце, і гэта збліжала, давала магчымасць лепш прыгледзецца адзін да другога. У інтэрнаце часта праводзіліся калектыўныя чытанні лепшых твораў рускай літаратуры, кніг беларускіх пісьменнікаў. Пад кіраўніцтвам старшакласнікаў у гімназіі выдаваліся на шапірографе рукапісныя вучнёўскія газеты і часопісы. І тут не абыходзілася без Таўлая. Ён пісаў вершы, занатоўкі са школьнага жыцця. "Я гэта помню, бо сам прымаў удзел у выпуску некаторых гэтых выданняў. Крыху зайздросціў свайму земляку, што яго вершы друкавалі нават у грамадоўскіх газетах", - распавядаў мне Анатоль Іверс.

Расстаўся Іверс з Таўлаем пад канец 1929 года, калі іх выключылі з гімназіі за ўдзел у вучнёўскім штрайку. Іверс вярнуўся на Слонімшчыну, Таўлай апынуўся ў БССР. Аднойчы ў траўні 1931 года Анатоль Іверс атрымаў павестку з Касцянёўскага паштовага агенцтва, што яму прыйшла пасылка. Пасылка была з Менска ад Валянціна Таўлая. Паэт прыслаў сем кніг.

Найбольш памятная сустрэча Анатоля Іверса і іншых слонімскіх літаратараў з Таўлаем адбылася ў Лідзе напрадвесні 1940 года ў час прыезду туды Янкі Купалы да выбаршчыкаў. А ўжо летам 1940 і 1941 гадоў Валянцін Таўлай сам прыязджаў у Слонім, наведваў Рудаўку, Кракотку, Чамяры і іншыя вёскі, дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Памятаю - Анатоль Іверс мне вельмі часта распавядаў, як ён у пачатку красавіка 1947 года наведаў у бальніцы Таўлая. "Адсунуўшы ўбок лісткі паперы, з ледзь улоўнай усмешкай ён сказаў: "Доктар абяцаў выпусціць да 1 мая…". Але, як вядома, Валянцін Паўлавіч не дажыў да гэтага дня, ён памёр 27 красавіка 1947 года", - успамінаў з горыччу Анатоль Іверс.

Імя беларускага паэта на Слонімшчыне не забыта. Амаль ва ўсіх слонімскіх пісьменнікаў ёсць творы, прысвечаныя свайму земляку. Мікола Арочка ў 1969 годзе напісаў і выдаў асобнай кнігай крытыка-літаратурны нарыс "Валянцін Таўлай". Скульптары Іван Міско і Леанід Богдан зрабілі бюсты Таўлая. У Слоніме, у вёсках Жыровічы і Ганькі ёсць вуліцы, якія носяць імя слыннага земляка.

У 1984 годзе, дзякуючы настаўніцы роднай мовы і літаратуры Раісе Іванаўне Каласоўскай, у Слонімскай сярэдняй школе № 1 (цяпер гэта ліцэй) да 70-годдзя паэта быў адкрыты музей-пакой Валянціна Таўлая. Да Другой Сусветнай вайны менавіта тут знаходзілася польская дзяржаўная настаўніцкая семінарыя, дзе вучыўся Таўлай. Школьны музей Валянціна Таўлая ў тыя 1980-я гады шмат рабіў спраў па прапагандзе беларускай літаратуры і творчасці пісьменнікаў-землякоў, найперш Таўлая. Савет музея перапісваўся з многімі беларускімі літаратарамі, сюды прыходзілі лісты ад жонкі пісьменніка Лідзіі Сяргееўны, ад дачкі Галіны Таўлай, ад сястры Ніны Паўлаўны. Музей наведвалі экскурсіі з усіх куткоў Беларусі. Многія госці пакідалі свае аўтографы ў музейнай кнізе. Захаваўся аўтограф Дануты Бічэль: "Прыемна бываць у такіх музеях, створаных рукамі і стараннямі саміх школьнікаў і энтузіястаў-настаўнікаў. Думаю, што вобраз паэта-змагара Валянціна Таўлая ў многім вызначыць кірунак грамадскага жыцця тых маладых душ, якія дакрануцца да гэтай літаратурнай з'явы. Дзякуй шчыра".

У 1990-х гадах музей Таўлая ліквідавалі. І толькі нядаўна ў Слонімскім агульнаадукацыйным ліцэі пакой-музей Валянціна Таўлая і літаратурнай Слонімшчыны з'явіўся зноў. Хочацца спадзявацца, што гэта ўжо надоўга.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX