Вярнуцца: Таўлай Валянцін

Пра першае каханне Валянціна Таўлая


Аўтар: Чыгрын Сяргей,
Дадана: 06-04-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №50.



Нядаўна сланімчанка Вера Кузьмінічна Кулак перадала мне вось гэты фотаздымачак. На ім адлюстраваны партрэт беларускага паэта Валянціна Таўлая. На адваротным баку здымка напісана: "На добрую памятку Тоні К. ад Валянціна Таўлая. Рудаўка. 19.VIII.1929 г.".

Сам па сабе здымачак арыгінальны. Але ж паўстае пытанне: хто ж гэта такая Тоня К.? Што за прыгажуня, якой, ужо вядомы на той час паэт, дараваў свой фотаздымак і прысвячаў вершы, напісаныя ў Рудаўцы і ў Слоніме:

Не гаруй - надарвеш толькі грудзі,

Без пары жаўрука не кляні:

Серабром аб замерзлыя груды

Жаўруковае сэрца звініць…

Тоня К. - гэта дзяўчына з вёскі Рудаўка Слонімскага павету - Антаніна Кулак. Яна на 3 гады была старэйшая за Валянціна. У Рудаўцы прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Валянціна Таўлая. Там прыйшло да яго і першае каханне - Тоня Кулак. Чым жа ён запомніўся Антаніне Кулак? Чаму яна выбрала менавіта яго, Валю? Валя, так у вёсцы ўсе называлі Валянціна Таўлая, быў прыгожы, гаваркі, адукаваны. Ён вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, а калі прыязджаў у Рудаўку, то прывозіў шмат навінаў, кніг, сябрам чытаў свае вершы. Валя быў завадатарам і арганізатарам моладзі. Яго слухалі, любілі, ішлі за ім.

Хлопцы і дзяўчаты з Рудаўкі і суседняй Вялікай Кракоткі, падахвочаныя Валянцінам Таўлаем, змагаліся за сваю беларускую школу, пісалі дэкларацыі, складалі заявы, а ў 1927 годзе заснавалі Вялікакракоцкую беларускую бібліятэку - асяродак нацыянальнага руху. Нездарма яны самі далі ёй імя Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа. Яе наведвалі дзесяткі беларускіх пісьменнікаў, некалькі разоў у бібліятэку прыязджала жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. На вялікі жаль, гістарычную Вялікакракоцкую бібліятэку імя Янкі Купалы ў 2008 годзе закрылі.

Антаніне Кулак свой фотаздымак Валянцін Таўлай падараваў 19 жніўня 1929 года. А 29 жніўня 1929 года ў слонімскай дэфензіве з'явіўся фотаздымак паэта з ганебнай арыштанцкай дошкай на грудзях. Валянцін, напэўна, прадчуваў арышт, таму і напісаў каханай дзяўчыне: "На памятку…" Але ў турме ён думаў пра каханую:

Кожную ноч салавейка пяяў,

Зоры глядзелі ў вочы.

Дзе ж ты сягодня, дзяўчына мая?

Дзе ж вы, шчаслівыя ночы?..

А вось як напісаў Мікола Арочка ў сваёй кнізе "Валянцін Таўлай" (Мн., 1969): "На мулкіх астрожных нарах малады паэт не знаходзіў сабе месца ад успамінаў пра "салаўіныя ночы" і дзявочыя рукі. Як шчасліва яму мроілася, калі ён зноў бачыў сябе з ёй, зграбнай, усмешлівай, самай прыгожай з усіх рудаўскіх дзяўчат - з Тоняй Кулак. Там, на волі, дзе, здавалася, яго ўсяго забірала праца падполля, усё ж хапала начэй і на "сцежкі ў жытным", на пяшчотную радасць быць поруч з ёй…".

Тоня кахала Валянціна. Але аднойчы так здарылася, што сям'я Антаніны Кулак пераехала ў вёску Вішава Слонімскага павету. Бацька яе Кузьма Андрэевіч Кулак працаваў на чыгунцы брыгадзірам будаўнікоў, таму прыходзілася мяняць месца жыхарства. Вёска Вішава даволі далёка знаходзілася ад вёскі Рудаўка, зусім у іншым канцы павету. Там, у Вішаве, да Тоні пасватаўся мясцовы юнак Віктар Бараноўскі. Бацькі пачалі рыхтавацца да вяселля і нават купілі дачцэ вэлюм. І раптам Тоня атрымлівае пісьмо ад Валянціна Таўлая, які прасіў яе не выходзіць замуж за Віктара. Прачытаўшы ліст ад свайго былога сябра, Тоня заявіла бацькам, што вяселля не будзе, што яна паедзе ў Рудаўку. І бацькі не пярэчылі дачцэ, а Кузьма Андрэевіч на возе неяк адвёз дзяўчыну ў Рудаўку…

Але пазней, лёсы Антаніны Кулак і Валянціна Таўлая разышліся. У снежні 1932 года паэта з Савецкай Беларусі, куды ён перабег ратуючыся ад чарговага арышту, накіроўваюць у Варшаву для падпольнай работы. У дарозе Валянціна заўважылі шпікі, але яму ўдалося на хаду саскочыць з цягніка і да канца зімы хавацца ў гумне ў Рудаўцы. Тоні перадалі сябры, што Валянцін у Рудаўцы. Яна яго вельмі чакала, але каханы да яе чамусьці не прыйшоў. Чаму - застаецца загадкай: ці то баяўся арышту, ці то не хацеў падстаўляць дзяўчыну, ці была нейкая іншая прычына.

У 1933 годзе Антаніна Кулак выйшла замуж за Браніслава Гародку, які тады працаваў настаўнікам у Рудаўцы. Браніслава хутка мабілізавалі ў Войска Польскае. Ён ваяваў з немцамі, нават трапіў да іх у палон. Але потым яго з палону вызвалілі англічане. Пасля вайны Браніслаў Гародка на Слонімшчыну ўжо не вярнуўся, ён застаўся жыць у Польшчы ў горадзе Чэнстахова. У 1946 годзе да яго пераехала і жонка Антаніна Кулак.

Малодшая родная сястра Антаніны Кулак Вера, якая жыве ў Слоніме, сказала, што апошні раз яна наведала сястру ў Польшчы ў 1999 годзе. Як толькі ўвайшла ў яе кватэру, Тоня адразу спытала: "А ці прывезла ты кнігу вершаў Валі Таўлая?"…

Антаніна Кулак пражыла 89 гадоў. Яна ўсё жыццё кахала Валянціна і помніла пра яго. А ў сямейным альбоме захоўвала вось гэты фотаздымачак юнага Таўлая з аўтографам. І калі Валянціна ад'язджала на Беларусь, Тоня дастала з альбома гэты здымак і перадала яго сястры: "Вазьмі, Вера, гэты фотаздымак. Няхай ён вяртаецца на Беларусь, на бацькоўскую зямлю. Я яго тут берагла, няхай цяпер ён зберагаецца дома. Там ён не прападзе".

Вера абняла Тоню на развітанне і заўважыла, як з вачэй старэйшай сястры паліліся слёзы.

Першае каханне Валянціна Таўлая Антаніна Кулак памерла ў 2000 годзе і пахавана побач з мужам Браніславам Гародкам на могілках у Лодзі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX