Вярнуцца: Дзеячы мастацтваў

Траяноўскі Ян


Аўтар: Czekan,
Дадана: 19-02-2015,
Крыніца: НАША СЛОВА № 7 (1210), 18 лютага 2014 г.



Свабодалюбівы мастак і законапаслухмяны ксёндз-пробашч

Архіўныя нататкі, 3 студзеня 1827 г.

Ад перакладчыка. Чытаючы віленскую прэсу 1920-х гг. натрапіў на артыкул падпісаны псеўданімам "Czekan" пра мастака Яна Траяноўскага. Верагодна, гэты артыкул змяшчае самую поўную інфармацыю пра бунтарнага творцу.
Kurjer Wilenski № 233 (1578), 11 кастрычніка 1929. Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Павятовы суд у Лідзе атрымаў рапарт кс. Вінцэнта Скібінскага, пробашча Воранаўскага касцёла, наступнага зместу: "Ксёндз Скібінскі, згодна з царскім указам ад 1.05.1825 г., дасланым з Віленскай каталіцкай кансісторыі які загадвае прыглядваць за тымі, хто не бывае ў споведзі, а таксама за тымі, ад каго патыхае масонскім духам і даносіць аб іх уладам, споўніў гэты загад і данёс: "Як праўдзівы каплан Боскай рэлігіі, дбаючы пра гонар Бога і як верны падданы Яго Імператарскай Мосці, якому прысягаў і павінен бараніць Яго Асобу да апошняй кроплі крыві і даносіць на тых, хто дрэнна аб Ім ці аб яго сям'і прамаўляў, рапартую, што ў Воранаўскім двары яснавяльможнага пана Александровіча ўжо два месяцы знаходзіцца мастак-валацуга Ян Траяноўскі. Ён напоўнены масонкім ліберальным духам і смела выказвае бязбожныя думкі, вядзе размовы супраць рэлігіі і трона, зневажае рэлігію і абрады, насміхаецца з Евангелля, шмат гадоў не хадзіў да споведзі за ўвесь час побыту ў Воранаве, не разу не быў ў касцёле. Яго Імператарскую Мосць называе дэспатам і тыранам, Урад - занявольнікам, права - няволей якое не дазваляе яму пісаць і прамаўляць тое, што ён хоча і не дазваляе яму выехаць за мяжу. Хваліць канстытуцыю, святароў называе служкамі дэспатызму і дапытваецца ў іх, колькі яны бяруць капеек у Яго Імператарскай Мосці за прапаганду дэспатызму. А таксама і іншыя незлічоныя трызненні і недарэчнасці выходзяць з вуснаў Траяноўскага і псуюць народ". У паперы ксёндз пералічаў тых, хто акрамя яго таксама быў сведкам размоў мастака.

Кс. Скібінскі, верны цару і ўраду, выканаў, як ён разумеў, свой абавязак, але з Траяноўскім нічога не зрабілі, і ён замест супакаення, пачаў шукаць аказіі для помсты і ў твар лаяць ксендза злымі словамі. Калі кс. Скібінскі увайшоў у пакой Траяноўскага, той вырваў у святара кій і выцяў яго, а потым два разы кінуў аб зямлю. Калі на крыкі прыбегла эканомка з сынам, ксёндз ужо пакідаў пакой. Пасля гэтага ксёндз звярнуўся ў Лідскі суд з новым лістом, у якім удакладняў свае абвінавачванні: "Прашу Ніжэйшы павятовы суд лідскі, каб разглядзеў справу і далажыў каму належыць пра лібералізм і бунтоўны дух. Няхай ліберал за свае бунтоўныя і гарачыя словы і за знявагу мяне як пастыра і начальніка парафіі, будзе пакараны (бо ад уладаў маю даручэнне на такіх даносіць) як прыклад для іншых, каб падобныя яму так не прамаўлялі і не чынілі такія рэчы. Бо інакш не будуць выкананы дзяржаўныя законы супраць духу лібералізму і бунтаўшчыкоў, калі не будзе кары злачынцам. Перасцерагаю Ніжэйшы суд, што калі ён хутка не пачне гэту справу, дык я пачакаю толькі адну пошту, а другой дашлю рапарт яснавяльможнаму вайсковаму Губернатару ".

Ніжэйшы суд Лідскага павета перапужаны пагрозамі кс. Скібінскага, праводзіць хуткае следства і апячатвае ўсе паперы Траяноўскага. Мастака арыштоўваюць і трымаюць пад суровым арыштам. Ужо 5 студзеня 1827 г. - неверагодна хутка, калі ўлічыць тыя сродкі камунікацыі, рапартуюць аб справе і выніках следства гарадзенскаму цывільнаму губернатару. Цывільны губернатар Бабятынскі, атрымаўшы рапарт, 6 студзеня паведамляе аб справе вайсковаму літоўскаму губернатару (у Вільню - Л.Л. ) і піша, што накіраваў гарадзенскага страпчага Вітаноўскага з загадам выехаць у Воранава разам з лаўнікам Ніжэйшага лідскага суда Тамашэвічам і духоўным дэпутатам, каб правесці суровае следства. Ужо 11.01 ён атрымлівае эстафету ад вайсковага літоўскага губернатара Рымскага-Корсакава з загадам, каб Вітаноўскі і духоўны дэпутат праводзілі следства хутка і тайна, і каб весткі аб справе не разышліся сярод людзей.

Дапытаныя сведкі, на якіх паказаў кс. Скібінскі, не пацвердзілі факты і катэгарычна аспрэчылі абвінавачванне. Аднак следства выявіла, што Траяноўскі шматразова падарожнічаў з дзяржаўным злачынцам падпалкоўнікам гвардыі Аляксандрам Поджыа, якога да таго часу саслалі ў Сібір за удзел у таварыстве "дзекабрыстаў". Траяноўскі, па патрабаванні вялікага князя Канстанціна, быў накіраваны ў Варшаву для дадатковага следства, якое праводзіў сам сенатар Навасільцаў. Мастак давёў, што не меў блізкіх стасункаў з А. Поджыа, але не растлумачыў, чаму яны вандравалі разам. Так сама давёў следству, што ён лепей паважае тую частку рэлігіі, якая справядліва расказвае аб маральнасці і этыцы, а не тую, якая расказвае пра абрады. Таксама расказаў, што свае ідэі ён выпрацаваў пад час вучобы за мяжой.

З-за стасункаў з Поджыа а таксама з-за "смелых" адносін да рэлігіі, вялікі князь Канстанцін загадаў пад наглядам казацкага унтэр-афіцэра накіраваць яго да гарадзенскага цывільнага губернатара і падвергнуць касцельнай пакуце ў адным з кляштароў дыяцэзіі тэрмінам на адзін год, а потым пасяліць у бацькоў пад наглядам паліцыі.

Маладога чалавека перадалі духоўным уладам Віленскага кляштара дамініканцаў. Там ён адбываў касцельныя пакуты - пра гэта рапартаваў віленскі біскуп Клангевіч 02.09. 1828 г. літоўскаму вайсковаму губернатару. 6.09 таго ж года Траяноўскага пад канвоем даставілі ў Гародню і тут пасля перапіскі высветлілі, што ён паходзіць з Вільні, мае бацьку Рафала, які працуе дарадцам ў графа Мануза ў Бяльмонце (Браслаўскі павет) і таму мастака пад канвоем адаслалі да бацькі ў Бяльмонт, загадаўшы паліцыі сачыць за ім.

Так скончылася справа выпускніка Віленскага ўніверсітэта - магла б скончыцца значна горш, улічваючы ягоныя стасункі з Поджыа.

Паколькі слоўнік мастакоў і іншыя крыніцы не даюць інфармацыі пра Траяноўскага, я пастараўся знайсці хоць нешта з тым, каб нехта іншы, больш шчаслівы змог дапоўніць яго біяграфію.

Ян Траяноўскі нарадзіўся 6 траўня 1799 г. у Вільні, бацька Рафал - былы капітан войскаў ВКЛ [1], маці Вінцэнта з Грыцэвічаў. У 1821 г. ягоны бацька кіраваў мястэчкам Воранава, якое належала Александровічам, потым перайшоў на такую ж пасаду да графа Мануза ў Бяльмонт, дзе жыў, калі арыштавалі ягонага сына.

Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта, Траяноўскі выехаў у 1821 г. на тры гады ў Германію, Францыю і Італію для заканчэння адукацыі. Ён вучыўся на мастака і вывучаў мастацтва. Шмат падарожнічаў, доўга жыў у Парыжы, бачыў і вывучаў працы Жэрарда, Жырадэ-Трыязона, а галоўнае Араса Вярнье, потым працяглы час жыў у Рыме, вучыўся ў слыннага Камучыні. "Прамовы яго былі вельмі цікавыя і павучальныя для мастакоў, ён меў выдатнае пачуццё прыгожага і вытанчаны мастацкі густ. Быў нявольнікам філасофіі XVIII ст. - рацыяналістам і скептыкам, але не быў пасіўным, як вучні Віленскага ўніверсітэта, наадварот пад уплывам Рустэма, быў вольналюбцам - запальчывым, фанатычным да экзальтацыі рацыяналістам [2].

Ягоная лепшая карціна - "Баляслаў Смелы, калі яму прыносяць анафему Папы Рымскага" - ён грозны, а пасланцы, сярод якіх адзін пралат - поўныя трывогі. Значна больш дрэнныя карціны "Пшэмысл і Людгарда" і накід да вялікага палатна: "Вітаўт прымае палонных". З натуры Траяноўскі практычна не маляваў.

Як бачна з рапарта рэктара Віленскага ўніверсітэта Твардоўскага ваеннаму літоўскаму губернатару ад 17.08. 1823, яшчэ ў 1823 г. Траяноўскі быў у Рыме. Таксама ў лісце ад 14/26.08 да расійскага пасла ў Рыме маецца дазвол не наведваць лекцыі наступным студэнтам Страшэвічу Юзафу, Русецкаму Кануту, Траяноўскаму Яну.

Траяноўскі вярнуўся дахаты ў 1824 г. і, відочна, не знайшоўшы для сябе поля працы - выехаў у Пецярбург, адкуль у 1826 г. пераехаў у Варшаву і потым у Воранава, дзе і быў арыштаваны ў 1827 г.

Здаецца, данос ксяндза Скібінскага цалкам і назаўжды паламаў яму кар'еру мастака. Траяноўскі ў лісце да літоўскага вайсковага губернатара прасіў аб вяртанні яму адабраных пры арышце грошай, рэчаў і папераў. Паперы яму аддалі ў Варшаве, а грошы і рэчы, падобна, наогул не вярнулі: паліцмайстар пісьмова адпраўляе яго да губернатара, губернатар Горн 11.10.1827 г. адказвае, што нічога пра гэта не ведае, і рэчы з грашыма трэба шукаць у "начальства в ведомости которого оные находятся", і калі яны ў паліцмайстра, дык хай ён і аддае (sic!). У 1830 г. Ігнацы Броель-Плятэр, уладальнік Бяльмонта, прасіў губернатара выдаць Траяноўскаму пашпарт у Варшаву, дадаючы, што 4 гады таму ён быў прысуджаны да 1 года касцельнай кары, таму: " ён зрабіў памылку маладога чалавека і перамог, трэба даць яму шанец" . Аднак губернатар адмовіў. Тут мы яшчэ раз бачым, якія вынікі меў данос ксендза Скібінскага на лёс маладога чалавека.

Пра яго далейшае жыццё інфармацыі яшчэ меней. Пасля смерці бацькі ён асеў у маёнтку Мілкі (Браслаўскі павет), набытым яго бацькам перад арыштам пасля продажу маёмасці Юндзілаў за даўгі па частках, і жаніўся. Меў 3 дачкі і 2 сыны. Сыны заўчасна памерлі, сам ён, аўдавеўшы, стаў бурчуном і дзіваком, аднак застаўся зацятым вольналюбцам і памёр у першых гадах сёмага дзесятка XIX ст. Да канца жыцця суседзі звалі яго фармазонам. Быў пахаваны ў неасвечаным месцы якое сам для сябе абраў яшчэ пры жыцці. Дзве яго суседкі, Сабіна і Аліна Незабытоўскія, спрабавалі перад смерцю навярнуць яго, каб ён прыняў ксендза, але сутыкнуліся з рашучай адмовай. Можа быць, апрача нязломных перакананняў, перад яго вачамі стаяла постаць ксендза-даносчыка з-за якога ён ледзь не паехаў "пасвіць собаляў" у Сібір. Па ваколіцах да нашага часу (надрукавана ў 1929 г. - Л.Л. ) аб ім пераказваюць легенды, а богабаязнае насельніцтва ўпэўнена, што яго мёртвае цела сама зямля выкінула з магілы.

Яго апошняя дачка памерла незамужняй пад час Сусветнай вайны, а маёнтак Мілкі перайшоў да сваяка Траяноўскіх з Пецярбурга. Людзі, якія трохі ведалі Яна Траяноўскага, апавядалі мне, што ў яго двары было шмат развешаных па сценах карцін, але не вядома, ці былі гэта творы яго пэндзля.

Czekan.



[1] Рафал Траяноўскі нарадзіўся ў 1770 г., шляхціц з Падляшша, як банбардзір уступіў у войска ў 19.03.1790 у 1-ы полк артылерыі генерал-маёра Чонемана, у красавіку таго ж года стаў абер-брыгадзірам, 16.06.1790 - фейерверкерам, 28.11.1790 - штык-юнкерам, 29.06.1791 - падпаручнікам. Іншай інфармацыі пра яго службу няма, аднак акты вайсковай камісіі ВКЛ даводзяць пра яго выдатных здольнасцях.

[2] Так пра яго піша мастак Адам Шэмеш у сваіх мемуарах.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX