Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Жалезны Рыгор 


Аўтар: Драб Г.Н.,
Дадана: 03-07-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец № 39-40.



Вясна прыйшла, але...

60 гадоў з дня нараджэння Р.М. Жалезнага

ЖАЛЕЗНЫ Рыгор Мікалаевіч (17.11.1947 - 14.04.2006) нарадзіўся ў в. Курылаўка Лебядзінскага раёна Сумской вобласці. Вучыўся ў Курылаўскай ПШ (1954-58), Туганскай васьмігадовай школе (1958-62), Буймерскай СШ (1962-65). З адзнакай скончыў Харкаўскую вайсковую авіяцыйна-тэхнічную вучэльню па спецыяльнасці "Эксплуатацыя і рамонт лятальных апаратаў і рухавікоў да іх". Служыў авіяцыйным тэхнікам у 515 знішчальным авіяпалку 11 гвардзейскай зад (1968-71), авіяцыйным тэхнікам і памочнікам начальніка штаба ў 188 знішчальным авіяпалку ТуркВА (1971-73), памочнікам начальніка штаба авіябазы (1973-76) і 115 гвардзейскага знішчальнага авіяпалка ТуркВА (1976-80), старэйшым афіцэрам аддзела кадраў 40-ой агульнавайсковай арміі (12.02.1980-17.04.1981), памочнікам начальніка аддзела кадраў (1981-85) і начальнікам аддзялення кадраў (1985-86) Першай гвардзейскай авіядывізіі ЧБВА, начальнікам аддзялення кадраў 239 знішчальнай авіядывізіі (1986-91), старэйшым афіцэрам аддзела кадраў 23 паветранай арміі. Тэхнік-лейтэнант (1968), старэйшы тэхнік -лейтэнант і старэйшы лейтэнант (1971), капітан (1974), маёр (1980), падпалкоўнік (1986). У 1992 г., праслужыўшы 26 гадоў і 8 месяцаў, звольніўся з войска па стане здароўя - ішэмічная хвароба сэрца, мігацельная арытмія. Узнагароджаны 9 медалямі, у тым ліку медалямі "За бездакорную службу" трох ступеняў і медалём "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа". Падчас службы завочна скончыў гістарычны факультэт Таджыкскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1994-2005 гг. дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Пахаваны ў Лідзе на могілках "Зосіна".

"Мяккі, добры, рэдкай інтэлігентнасці чалавек, калекцыянер, фотааматар. Ён не быў тым, каго завуць ваеннай костачкай, аўтамат у яго руках на фатаграфіі глядзіцца, як прыкрая выпадковасць. Велізарны адбітак на яго наклала вайна ў Афганістане. Ён са слязамі на вачах успамінаў людзей, з якімі развітаўся на афганскай зямлі. Там загінуў яго брат Антон Мікалаевіч - камандзір мінамётнай батарэі. Самыя цёплыя ўспаміны ў яго былі звязаныя з універсітэтам, ён з захапленнем успамінаў сваіх настаўнікаў і памятаў усе іспытныя пытанні.

Гады, калі Рыгор Мікалаевіч дырэктарстваваў, былі для музея не самымі лепшымі. Музей выселілі з сабора, аб'ядналі з мастацкай галярэяй у будынку, які патрабаваў тэрміновага рамонту. Рамонт і рэканструкцыі праводзіліся паволі, па меры паступлення грошай. Сітуацыя стала невыноснай, калі пацёк дах і паднялася паркетная падлога ў выставачнай зале. Ён нічога не мог змяніць, глядзець на яго было балюча.

У "Лідскім летапісцы" Рыгор Мікалаевіч адзначыўся шырокім, выдатна дакументаваным артыкулам "Марыя Навіцкая і першая жаночая гімназія". Матэрыялы для артыкула ён выявіў у нацыянальным архіве Літвы. Гэта была першая сур'ёзная публікацыя аб адукацыі на Лідчыне". В. С.

"Нават сёння, праз два гады пасля смерці Рыгора Мікалаевіча не магу сабе ўявіць, што гэтага выдатнага, адкрытага, добрага і глыбока прыстойнага чалавека няма больш з намі.

Памятаю апошнюю сустрэчу з ім. Увайшоў у фондасховішча. Як заўсёды, ветліва прывітаўся. Пацікавіўся нашымі справамі, праблемамі, поспехамі. Як заўсёды, пажартавалі. Я пацікавілася: "Мусіць, зараз у Вас досыць часу на асабістыя інтарэсы: фатаграфію, збор грыбоў, паездкі ў лес". Адказаў з усмешкай: "Наступіць вясна, вось тады і займуся сваімі захапленнямі. Зараз дапамагаю жонцы па гаспадарцы, стараюся быць карысным у хаце".

Але вось наступіла і наступная вясна... Ён мог яшчэ жыць ды жыць і зрабіць шмат карыснага".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX