Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Аляксандр Жалкоўскі 


Аўтар: Мельнік Міхась,
Дадана: 22-05-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец № 41.



Таленавіты публіцыст і сапраўдны патрыёт

(Да 75-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Васільевіча Жалкоўскага)


Аматарам мастацкага слова вядомы уздзенскі Нізок, багаты на паэтаў. На гэтае паселішча падобныя дзятлаўскія Зачэпічы, якія слынны Ул. Калеснік назваў гняздом паэтаў. А вось Валянцін Алесь Жалкоўскі каля магілы Марылі Верашчакі (Путкамер). Мястэчка Беняконі Воранаўскага р-на. 80-я гады ХХ стБлакіт у мемуарах "Уваскрасенне ўчарашняга дня" (часопіс "Дзеяслоў" № 6 за 2007 г.) параўноўвае з вёскай Нізок роднае Вострава, бо яно было багатае на рэдактараў, вось радкі з расповеду В. Блакіта: "Саша Жалкоўскі доўгія гады рэдагаваў адну з лепшых у рэспубліцы лідскую газету "Уперад", Саша Сыч - "Астравецкую праўду", ну і я больш за трыццаць гадоў - "Вожык".

Аўтар мемуараў прыгадвае, як юныя карэспандэнты з Вострава марылі стаць журналістамі і дасыламі свае нататкі ў розныя рэдакцыі: "Творчую пальму першынства трымаў старэйшы Саша Жалкоўскі, чые допісы друкавала не толькі раёнка, а часам абласная і нават рэспубліканскія газеты. Навыперадкі за ім гналіся мы, маладзейшыя... Пасля сямігодкі Жалкоўскага ўзялі на работу ў рэдакцыю ў суседнюю Астрыну."

Летам 1950 года ў тым невялікім мястэчку, якое было цэнтрам Васілішкаўскага раёна, 17- гадовы Саша Жалкоўскі пачаў працаваць адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты "Ленінскі шлях". Так пачалася яго журналісцкая біяграфія даўжынёй амаль шэсцьдзесят гадоў. А сасваталі яго на тую пасаду наборшчык мясцовай друкарні Міхаіл Яропкін, які партызаніў у астрынскай старане ў гады нямецкай акупацыі, і рэдактар Платон Дубовік, таксама былы партызан, толькі з Бярэзіншчыны. Яны ацанілі здольнасці селькара і не памыліліся: пасля атрымання адпаведнай адукацыі іх вылучэнец у розныя гады узначальваў воранаўскую, мастоўскую, лідскую газеты, звыш 15 гадоў працаваў у "Гродзенскай праўдзе". Ды і зараз шаноўны юбіляр супрацоўнічае з такімі выданнямі, як "Звязда" "Беларуская ніва", "Літаратура і мастацства", "Краязнаўчая газета", "Наша слова", "Настаўніцкая газета", "Прынёманскія весці", "Лідская газета" і інш.

Як грамадзянін і чалавек А. Жалкоўскі займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Яго дабрачынная дзейнасць мае свае заслужаныя вынікі. Так у бытнасць рэдактарам газеты "Уперад" яе кіраўнік і яго калегі прымалі ўдзел у донарскім руху і ў дзейнасці Савецкага фонду міру, за што Аляксандр Жалкоўскі ўганарованы званнем "Ганаровы донар СССР" і Ганаровай граматы Савецкага фонду міру за подпісам яго старшыні легендарнага героя мінулай вайны Аляксея Марэссева. За шматлікія публікацыі аб духоўнай прыгажосці чалавека ён узнагароджаны медалём "2000 год Хрысціянству". Яшчэ хочацца адзначыць такі факт. А. Жалкоўскі адкрыў шматлікім чытачам імя земляка з Варшавы, вядомага публіцыста і збіральніка фальклору Лідчыны. Земавіта Фядэцкага, сына польскага, землеўласніка з маёнтка Лебяда. Трэба адзначыць, што тэматыка публіцыстычных матэрыялаў. А. Жалкоўскага даволі разнастойная. Гэта і падзея культурнага жыцця рэгіёна, творчая дзейнасць мастацкіх калектываў і асобных паэтаў, скультпараў, мастакоў, музыкаў, гэта і грамадскія з'явы, праблемы эканомікі, дзейнасць уладных структур, грамадскіх арганізацый, міжнацыянальныя адносіны, жыццё ўстаноў адукацыі...

Аляксандр Жалкоўскі вылучаецца сваёй дабразычлівасцю, увагай да ўсяго і кожнага.

Алесь Жалкоўскі ўручас кветкі Генадзю Бураўкіну, крайні справа Васііь Быкаў. Ліда, 23.03.1974 г..

Артыкулы, нарысы, інтэрвію, допісы А. Жалкоўскага адрозніваюцца глыбокім зместам, каларытнасцю мовы, асабістым поглядам. Для пацвярджэння вышэй сказанага нагадаю словы Івана Лазуты, былога рэдактара Смаргонскай газеты "Светлы шлях": "Духам здаровага творчага саперніцтва былі прасякнуты нашы рэдакцыйныя будні, працавалася ахвотна, прыемна і лёгка. Такі дабратворны мікраклімат стварыў і падтрымліваў у калектыве наш паважаны шэф - рэдактар лідскай газеты "Уперад", Аляксандр Васільевіч Жалкоўскі. Мы стараліся раўняцца на яго і ў плане творчым: публікацыі рэдактара вызначаліся вастрынёй і дакладнасцю, цікавай формай падачы, былі выразна адметны жывым, вобразным словам. Амаль што сем гадоў пашчасціла мне працаваць пад прафесійнай і бацькоўскай апекай Аляксандра Васільевіча." (Іван Лазута "Пара ісці" з кнігі А. В. Богуша і В. П. Амелькі "Призвание быть журналистом", Гародня, 2008 г.).

Я таксама далучаюся да гэтых слоў і хачу выказаць сваю шчырую ўдзячнасць Аляксандру Васільевічу за яго шматгадовую ўвагу да мяне як паэта і педагога і за тыя змястоўныя публікацыі аб маёй грамадскай, педагагічнай і творчай дзейнасці.

Дык моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і плёну ў творчасці, шаноўны Аляксандр Васільевіч!



Напрыканы патрэбна маленькае ўдакладненне. Юбіляр нарадзіўся не ў Востраве, сюды сям'ю яго бацькоў перавезлі немцы на прымусовыя работы ў маёнтак Чаляёршчына з ляснога хутара Цёмнае Балота, а пабудовы на хутары знішчылі.


НЕЗАБЫЎНЫЯ СУСТРЭЧЫ

Алесь Жалкоўскі

Неяк мне давялося прысутнічаць на вечарыне, наладжанай Лідскім педагагічным каледжам ў гонар 80-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава. За больш чым паўвекавую журналісцкую работу не магу прыпомніць, каб так уважліва і зацікаўлена слухалі выступленні, як было гэта ў будучых настаўнікаў. Кожнае слова пра таленавітага пісьменніка слухачы, здавалася, успрымалі не толькі на слых, а найбольш душою. I навучэнцы, і выкладчыкі, было відавочна, жадалі даведацца аб Рыцары сумлення і свабоды нешта новае, пачуць сведчанні пра Майстра слова ад людзей, якія з ім мелі добрыя стасункі. Вось чаму па прапанове маіх сяброў я вырашыў падзяліцца ўспамінамі пра свае сустрэчы з пісьменнікам.


У адным кабінеце

3 Васілём Быкавым мяне пазнаёміў у 50-х гадах XX стагоддзя Міхась Васілёк, вядомы заходнебеларускі паэт, мой зямляк па скідальска-астрынскай старонцы. Тады я працаваў у Астрыне ў рэдакцыі раённай газеты. А ў верасні 1960 года я амаль месяц працаваў побач з Васілём Уладзіміравічам у адным кабінеце. Было гэта пад час праходжання мною ў "Гродзенскай праўдзе" журналісцкай практыкі. Праўда той верасень быў азмрочаны смерцю Міхася Васілька, у пахаванні якога прымалі ўдзел тысячы гарадзенцаў...

Але вернемся ў рэдакцыйны кабінет. Тады В. Быкаву і мне, практыканту, даручылі прывесці ў парадак справы ў аддзеле лістоў, бо яго загадчык Адам Галагуцкі цяжка хварэў на сухоты і часга знаходзіўся ў бальніцы ці спецыялізаваным санаторыі. Помню, перабіраючы лісты чытачоў, звярнуў увагу на незвычайны зварот-скаргу. Гаворка там ішла пра неабходнасць адкрыць у Гародні польскую школу (яе праца была спынена ўладамі неўзабаве пасля вызвалення Прынёмання ад нямецкіх акупантаў). Паказаў Быкаву, той панёс ліст рэдактару. Калі ж Васіль Уладзіміравіч вярнуўся ад шэфа, то коратка паведаміў: "Галоўны сказаў, што для польскай школы не прыйшоў яшчэ час".

За месяц практыкі мае стасункі з В. Быкавым зблізіліся, сталі таварысцкімі. Мы абодва добра пашчыравалі, працуючы з мноствам лістоў. Адны падрыхтавалі да друку, іншыя паслалі на рэагаванне, многім аўтарам далі адказы. Тады я пераканаўся, што беспартыйны пісьменнік так уважліва адносіўся да лістоў, як, скажам, таго патрабавала партыя. Упэўнены, Васіль Уладзіміравіч ставіўся так да справы, кіруючыся сваёю чалавечнасцю і сумленнем. Галоўнае, мы заслужылі ад рэдактара Андрэя Коласа пахвалу.

Калі я пакідаў рэдакцыю абласной газеты, атрымаўшы неблагі ганарар, запрасіў пісьменніка адзначыць гэтую падзею, як гавораць, замачыць. Старэйшы таварыш падзякаваў, але ад пачастунку адмовіўся. Сказаў, што хоча папрацаваць над чарговым творам, а ў мяне, маўляў, тыя грошы не лішнія: маладой сям'і іх трэба нямала. На гэтым з узаемнай удзячнасцю і развіталіся.


У Гудзевічах і Гародні

Пазней як рэдактару Мастоўскай, а затым і Лідскай раённых газет мне часта даводзілася бачыцца і размаўляць з В. Быкавым. Добра запомнілася сустрэча ў Гудзевічах у вядомага змагара за беларускую мову настаўніка Алеся Белакоза. Там жа былі Аляксей Пяткевіч, Ларыса Геніюш, маладыя паэткі Вольга Іпатава і Данута Бічэль. Белакоз пазнаёміў нас са створаным музеем. Потым мы схадзілі на вясковыя могілкі, дзе пакланіліся пахаваным там сваякам Л. Геніюш. А пасля была вячэра, як сказаў, здаецца Быкаў, шляхетная і шыкоўная. За гасцінным сталом вялася шчырая гутарка. Ларыса Антонаўна пахвалілася, што не так даўно атрымала ліст ад Максіма Танка. Кіраўнік Саюза пісьменнікаў, па словах Геніюш, запрашаў яе прыехаць ў Менск, абяцаў разам з ёю наведацца ў ЦК партыі да С. Марцалёва, каб услед за першым зборнікам паэтэсы "Невадам з Нёмана", выдадзеным у Беларусі, "прабіць" чарговую кнігу. Пачуўшы такое паведамленне, Васіль Уладзіміравіч кінуў рэпліку: "Едзь, едзь даТанка. Ён цябе зводзіць і да Марцалёва, і да Рудака". Пасля чаго ў некаторых з нашай кампаніі з'явіліся кіслыя ўсмешкі. "А хто такі Рудак?", - запытала пісьменніца. "Адзін з шэфаў беларускага КДБ", - пачула ў адказ былая нявольніца ГУЛАГу і разгублена спыніла размову.

Начаваць у Гудзевічах гарадзенцы не планавалі, таму я зараней дамовіўся са старшынём мясцовага калгаса, Леанідам Драбскім, каб вечарам выдзелілі машыну "казла". На тым старым скалечаным аўтамабілі госці вярнуліся ў Гародню.

Часта прыгадваю сустрэчу з В. Быкавым у красавіку 1976 года. Тады я працаваў у Лідзе рэдактарам аб'яднанай газеты "Уперад". Прыехаў у Гародню, каб атрымаць санаторнае накіраванне. Іду з ім у кішэні ў добрым настроі па вуліцы Карла Маркса, дзесьці ля сённяшняга паштамта і сустракаю Васіля Уладзіміравіча. Пытае пра навіны. А я паказваю яму накіраванне. "Як добра, што мы спаткаліся, - кажа пісьменнік. - Знайдзі час і з'ездзі ў Ялту, адшукай там на старым пагосце магілку Максіма Багдановіча. Пакланіся яму ад нас і пакладзі кветкі". Просьбу тую я выканаў і ўспамінаю аб гэтым з гонарам. Разам з Ігнатам Ігнатовічам, тадышнім старшынём прафкаму Лідскага райбыткамбіната і наваполацкай журналісткай Святланай (працавала яна ў той час сакратаром гарвыканкаму) мы прывялі ў парадак месца вечнага спачыну класіка, усклалі кветкі і ў тужлівым маўчанні стаялі перад сціплым помнікам, чытаючы моўчкі выбітыя на ім вершаваныя радкі...


У Лідзе

Ранняя вясна 1974 года. У Лідзе адзначаліся хіба Дні культуры народаў СССР. 23 сакавіка пры ўездзе ў горад з гарадзенскай шашы прадстаўнікі уладных структур сустракалі дэлегацыю творчай інтэлігенцыі суседняй Літвы. Тую групу суправаджалі В. Быкаў, чыноўнікі з Гародні. Народнаму пісьменніку Беларусі ўручыла кветкі загадчыца ідэалагічнага аддзела гаркаму партыі Таццяна Бязлепкіна. Мне выпаў гонар прывітаць такім жа чынам на нашаіі зямлі літоўскую артыстку і паэтку Мяйле Кудараўсайце.

На дварэ была халодная раніца. Мы селі ў машыны і паехалі да гасцініцы. На яе ганку я пачуў ад В. Быкава нечаканую прапанову. "Давай заскочым у рэстаран і зробім па чарцы, пакуль там госці ў гатэлі ўладкуюцца". I далей патлумачыў, што напярэдадні гасцей, якіх Васіль Уладзіміравіч суправаджаў, прымалі ў прафілакторыі, здаецца аб'яднання "Азот". Пачастунак там быў слабы. А тут і ўчора, і сёння халадэча. Словам, зайшлі мы ў рэстаран, дзе я бываў рэдка, з нагоды прыезду важных гасцей, і, вядома, нікога з абслугі не ведаў. Таму нам давялося набрацца цярпення пакуль атрымалі па чарцы спіртнога і закуску, хоць у зале рэстарана наведвальнікаў фактычна не было.

Неўзабаве мы далучыліся да агульнай кампаніі. Потым былі сустрэчы ў працоўных калектывах і, канешне, пачастункі. Думаю, лепшыя, чым ў Гародні.

Калі ж гаварыць на гастранамічныя тэмы, то варта расказаць пра іншы прыезд В.Быкава на Лідчыну і званы абед у тым жа рэстаране. Нас было мо чалавек з дзесятак, размясціліся мы на другім паверсе ў так званай грэчаскай зале. Васіль Уладзіміравіч сядзеў побач з першым сакратаром

райкаму КПБ Сцяпанам Грывачэўскім. Апошпі па абавязку гаспадара сачыў, каб госці пілі і елі, падтрымліваў шчырую гутарку. С. Грывачэўскі раптам звярнуў увагу, што адзін з прысугных, вядомы беларускі пісьменнік, ігнаруе чарку. I спрабаваў неяк на гэта паўплываць. Але тут слова ўзяў Быкаў. I выказаўся прыблізна так: "Пашкадуйце добрага чалавека. Ён, бедны адлічвае дні, калі, як сказаў доктар, можна будзе прыгубіцца. Іншая натура ў майго сябра Карпюка, які цярпець не можа спіртнога..."

Далей В. Быкаў з цёплай усмешкай распавёў пра стаўленне Карпюка катэгарычна-адмоўнае, да ўсялякіх выпівак. У ліку розных навін, якімі абменьваліся сябры-пісьменнікі, былі і весткі аб смерці знаёмых людзей. У Карпюка, па сведчанні Быкава, на гэта быў адзін адказ-каментар: "Піў, то і памёр". Аднойчы, расказваў Васіль Уладзіміравіч, ён паправіў сябрука ў яго ацэнцы чарговага нябожчыка: "А вось гэты, Аляксей, то не піў, не тое ты гаворыш". "Дык курыў, якая розніца", - не здаваўся Карпюк. Вось, якія аказваецца, бываюць дыялогі між творцамі.

Праклятая многімі гарэлка, віно і выпіўкі часта згадваюцца ў нядаўна выдадзенай кнізе В. Быкава "Доўгая дарога дадому". А тут і я свае тры грошы ўсунуў. Каб у чытача не склалася памылковая думка, лічу патрэбным падкрэсліць, што шаноўны пісьменнік стрымана адносіўся да выпівак, стараўся іх пазбягаць. Гэта сцвярджаю не толькі на падставе нашых стасункаў, а і сведчанняў знаёмых пісьменнікаў і журналістаў.


... і ў Менску

Апошняя мая сустрэча з Васілём Быкавым адбылася ў Менску 7 кастрычніка 1992 года ў Доме дружбы па вуліцы Захарава на канферэнцыі Беларускага таварысгва дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. Аказаўся я там у якасці дэлегата, будучы старшынём Лідскага аддзялення таварыства "Беларусь-Польшча".

Пабачыць адзін аднаго ды пагаварыць было для нас радаснай падзеяй. Спачатку мы размаўлялі ў калідоры, што вёў да залы паседжанняў, затым пайшлі ў залу і селі на крэслах. Васіль Уладзіміравіч распытваў мяне пра агульных знаёмых у Гародні, апавядаў пра гарадзенцаў, што атабарыліся ў сталіцы Высока ацэньваў чалавечнасць адных. Іншых характарызаваў як спрытнюг і падхалімаў.

Не абышлася гаворка без палітыкі, нараканняў на гады і здароўе. Са шкадаваннем пісьменнік казаў, што на яго роднай Віцебшчыне слаба развіваецца дэмакратычны рух. Калі зайшла гаворка пра ўзрост, я сказаў Васілю Уладзіміравічу, што рэгулярна адзначаю яго дзень нараджэння. "Як гэга так?" - пачуў ад суразмоўцы. Тады з маіх вуснаў прагучала тлумачэнне, пра тое, што ў адзін дземь з вядомым пісьменнікам, 19 чэрвеня, нарадзіўся мой бацька, таксама Васіль. Я рэгулярна наведваў з гэтай нагоды тату на адзінокім хутары пад Астрыною. Віншаваў дарагога чалавека і разам з ім падымалі чаркі. А потым гаварыў: "Давайце, тата, зробім яшчэ па адной чарцы. Вып'ем таксама за Васіля, вашага цёзку Васіля Быкава". Татавы вочы пры гэтым свяціліся радасцю. I мы зноў апаражнялі свае чаркі. Пачуўшы такі аповяд, В. Быкаў расчулена мне падзякаваў. Хоць апошняе наша спатканне праходзіла, як кажуць, у казённым доме, яно было надзвычай цёплым і сардэчным. А 16 чэрвеня 2003 года я паслаў цяжка хвораму В. Быкаву ліст-віншаванне да яго 79-х угодкаў з дня нараджэння. Праз 5 дзён вялікі пісьменнік пакінуў наш свет.

Мяркую, шаноўныя чытачы зразумеюць мяне, што я ў сваім артыкуле не стаў даваць ацэнкі творам Быкава і яго творчасці. Гэта зрабілі мільёны сімпатыкаў творчасці таленавітага пісьменніка, рыцара сумлення і свабоды. У часы СССР мне давялося быць сведкам нападкаў, а то і цкавання Васіля Ўладзіміравіча. Але тадышнія ўлады не маглі не лічыцца з яго вялікім талентам. I калі пісьменніку было 50 гадоў, як расказваў мне рэдактар "Гродзенскай праўды" Аляксандр Богуш, тагачасны першы сакратар абкаму партыі Л. Кляцкоў сазваніўся з першым журналістам вобласці і прапанаваў яму разам схадзіць да В. Быкава на кватэру і павіншаваць юбіляра. Далей, наш знакаміты сучаснік неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Яму былі нададзены высокія званні Народнага пісьменніка, Героя Сацыялістычнай Працы, ён быў лаўрэатам Ленінскай і Дзяржаўнай прэміі СССР.

Гэты артыкул заканчваю выказваннем свайго колішняга калегі Івана Вераб'ёва, ранейшага рэдактара Наваградскай раённай газеты, ветэрана вайны. Ён гаварыў так: "Мы сучаснікі Быкава, нашы дзеці і ўнукі будзем з кожным годам ганарыцна ўсё больш, што жылі з вялікім пісьменнікам ў адной краіне, на адной зямлі". Відавочную ісціну ўсведамляюць мільёмы людзей. А гэта, згадзіцеся, лепшыя кветкі ў вянок незабыўнаму Васілю Уладзіміравічу, нашаму прароку.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX