Вярнуцца: Генерал Кіпрыян Кандратовіч

Генерал Кiпрыян Кандратовiч: крэскi да жыцця


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 06-04-2011,
Крыніца: Лаўрэш Л. Генерал Кiпрыян Кандратовiч: крэскi да жыцця // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 2 / Укладальнік Аляксандр Фядута. — Мінск: "Лімарыус", 2010. C.81-104.

Спампаваць




Кiпрыян (Цыпрыян) Антонавiч Кандратовiч нарадзiўся 28 красавiка 1859 г. у маёнтку Зiневiчы (Лiдскi раён, каля в. Ваверка). Паводле сямейнага падання, ён быў народжаны па-за шлюбам - сын графа Юрыя Трубяцкога, якi займаў розныя пасады, злучаныя з юрыспрудэнцыяй, на Лiдчыне. Мацi - Зiнаiда (?) Залеская, дачка абшарнiка, трымаўшага маёнтак Мiсевiчы каля Зiневiчаў. Мацi выйшла замуж за шляхцiца Кандратовiча, чыё прозвiшча i iмя па бацьку Кiпрыян атрымаў.

Род Залескiх герба «Любiч» - уладальнiкаў маёнтка Зiневiчы - ёсць у спiсах лiдскай шляхты. У 1834 г. гаспадаром Зiневiчаў быў Маўрысi Залескi - сын Анджэя, меў 55 прыгон ных сялянаў мужчынскага полу [1]. У 1844 г. маёнтак (51 душ мужчынскiх, 52 душы жано чыя, 460 дзесяцiн зямлi) належаў падпалкоўнiку Юзафу Залескаму, сыну Маўрысiя [2], якi i быў дзедам будучага генерала «па кудзелi».

Кандратовiчы - старажытны род герба - «Сыракомля», што паходзiць ад Кандрата, якому ў XV ст. былi падараваны некалькi маёнткаў. Род Кандратовiчаў падзялiўся на 7 галiн, унесеных у 1-ю i 6-ю частки радаводных кнiг Вiленскай, Вiцебскай, Ковенскай, Минскай i Магiлёўскай губерняў. Кандратовiчы ёсць i ў спiсах шляхты Лiдскага павета [3]. Трубяцкiя - княжацкi род, лiнiя Гедзiмiнавiчаў, паходзяць ад князя Змiцера Альгердавiча, унука Гедзiмiна. Тытулавалiся князямi ад горада Трубяцка - часткi былога Чарнiгаўскага княства. Трубяцкое княства захоплена ў 1566 г. Вялiкiм Княствам Маскоўскiм, тады ж князi Трубяцкiя падпарадкавалiся маскоўскаму князю Iвану Васiлевiчу. Трубяцкое княства вернутае ў склад ВКЛ паводле Дэўлiнскага перамiр'я 1618 г., страчанае ў вынiку вайны Расіi з Рэччу Паспалiтай 1654-1667 гг. Князь Юры Мiкiтавiч Трубяцкi атрымаў частку Трубяцка ў 1621 г. (ад яго працягваецца род Трубяцкiх), ягоны ўнук князь Юрый Пятровiч Трубяцкi, выехаў у Расею ў 1657 г. З XVII ст. - гэта магутны i разгалiнаваны дваранскi род Расiйскай iмперыi.

Сямейную гiсторыю аб Юрыi Трубяцкiм як бацьку будучага генерала мне паведамiў унук Кандратовiча - Джон Рэйнi, пажылы чалавек, якi жыве цяпер у Ангельшчыне. Раздрукоўкi ягоных е-мэйлаў я захоўваю вось ужо сем гадоў. Джон Рэйнi паведамiў, што бацькам Юрыя Трубяцкога быў Мiкалай Мiкалаевiч Трубяцкi. Гэта i дало мне магчымасць зрабiць спробу прасачыць радавод генерала па лiнii Трубяцкiх.

У «Веснiку Заходняй Расii» за 1867 г. мне атрымалася знайсцi iнфармацыю пра лiдскага «мирового посредника» [4] князя Трубяцкога: «нельга не згадаць… што пры асвячэннi абедзвюх цэркваў, на левым клiрасе, да вялiкага суцяшэння бацькоў i знаёмых, спяваў хор сялянскiх хлопчыкаў, арганiзаваны ў Лiдзе i добра навучаны спеву шаноўным "мировым посредником" Князем Трубяцкiм, гэты хор стройна спявае царкоўную службу ў лiдскай царкве, яго яснавяльможнасць рэгент лiчыць за… гонар, каб гэты хор спяваў… пры асвячэннi дакудаўскай i арлянскай цэркваў»[5]. Вiдавочна, што гэта бацька Кандратовiча, i магчыма, што i малы Кiпрыян таксама спяваў у царкве. А ў адрас-календары вiленскага генерал-губернатарства на 1868 г. ёсць надзвычай цiкавая iнфармацыя аб Трубяцкiм: «Мiравы пасярэднiк 3-яга ўчастка, Трубяцкi Юры Мiкалаевiч, губернскi сакратар, узнагароджаны ордэнамi св. Станicлава 2-й i 3-й ступеняў i медалём у памяць аб ўцiхамiрваннi "польскага мецяжу" 1863-1864 гг., на пасадзе мiравога пасярэднiка знаходзiўся з 10 чэрвеня 1864 г., закончыў Маскоўскi унiверсiтэт, халасты, агульны тэрмiн стацкай службы - 5 гадоў. I самае галоўнае, у 1868 г. яму было 27 гадоў» [6]. Калi нарадзiўся Кiпрыян, Юрыю Трубяцкому было… 18 гадоў. Раман гiмназiстаў.

Вiдавочна, што Юры Трубяцкi вярнуўся на Лiдчыну пасля заканчэння Маскоўскага унiверсiтэта (курс - 4 гады). Тое, што сталiчны князь з унiверсiтэцкай адукацыяй прыехаў у чужую i недружалюбную для расейца правiнцыю, дзе для яго не было нават круга зносiнаў, кажа аб тым, што каханне было сапраўдным. Падрабязнасцяў дзяцiнства малога Кiпрыяна мы, пэўна, ужо нiколi не даведаемся. Але ж тое, што мацi i айчым - каталiкi, а Кiпрыян Кандратовiч - праваслаўны, сведчыць аб удзеле Юрыя Мiкалаевiча ў выхаваннi сына.

Памяць аб гэтай гiсторыi захавалi не толькi ўнукi ў Англii. Я чуў гэтую рамантычную гiсторыю пра каханне лiдскай паненкi з рускiм князем i iхняга сына - генерала - ад жанчыны (1929 г. н.), чыя бабуля (прыкладна 1880 г. н.) была з роду Залескiх.

Адзiным Мiкалаем Мiкалаевiчам Трубяцкiм, якi мог быць «дзедам» Кандратовiча, быў Мiкалай Мiкалаевiч Трубяцкi (1804 г. н.), жанаты з Лiзаветай Аляксандраўнай Лапухiной.

У адным з лiстоў да Марыi Аляксандраўны Лапухiной (сястры Лiзаветы Аляксандраўны) М. Ю. Лермантаў згадвае аб вяселлi князя (mariage du prince), i гэтае месца ў пiсьме звычайна тлумачыцца як вяселле Мiкалая Мiкалаевiча Трубяцкога i Алены Аляксандраў ны Лапухiной. Князь М. М. Трубяцкi быў сынам Мiкалая Сяргеевiча Трубяцкога i Кацярыны Пятроўны (у дзявоцтве - Мяшчэрскай). У 1822 г. М. М. Трубяцкi паступiў у Маскоўскi унiверсiтэт на аддзяленне славесных навук, якое закончыў у 1826 г. У 1830-1833 гг. служыў у Межавай канцылярыi. Памёр 13 кастрычнiка 1879 г. [7]. Ёсць непацверджаная iнфармацыя аб тым, што нейкi час ён быў мiнскiм губернатарам [8].

З усёй сям'ёй Лапухiных сябраваў М. Ю. Лермантаў.

Родная сястра Лiзаветы Аляксандраўны Трубяцкой - Варвара ляксандраўна (1815-09.08.1851) - была блiзкiм сябрам М. Ю. Лермантава. Сардэчную прыхiльнасць да яе паэт захоўваў усё жыццё. Вобраз Варанькi Лапухiной знайшоў увасабленне ў раманах «Герой нашага часу», «Вадзiм», а мноства вершаў, у тым лiку «Iзмаiл-бей», «Дэман», «Мы выпадкова зведзеныя лёсам…» [9], прысвечаны Варвары Аляксандраўне, якую паэт глыбока кахаў.

Трэцяя сястра - Марыя Аляксандраўна Лапухiна (01.01.1803-17.03.1864 г.) - таксама сябар дзяцiнства i юнацтва М. Ю. Лермантава. Захавалася iх перапiска.

Брат - Аляксей Аляксандравiч Лапухiн (29.09.1813-09.12.1872) - камер-юнкер, стацкi дарадца ў 1864 г., блiзкi сябар М. Ю. Лермантава: «Толькi вельмi нешматлiкiя, i сярод iх А. А. Лапухiн, глыбока шанавалi сяброўства з iм i верылi ў ягоную высокую душу, i захавалi гэтае стаўленне пасля смерцi» [10].

Дарэчы, старэйшым сынам Мiкалая Мiкалаевiча Трубяцкога («дзеда» Кандратовiча) быў таксама Мiкалай Мiкалаевiч Трубяцкi (1836-1902), генерал-лейтэнант, мiнскi генерал-губернатар з 1886 да 1902 гг. [11].

Па лiнiях Трубяцкiх i Лапухiных Кандратовiч быў сваяком Сяргея Мiкалаевiча Трубяцкога (1862-1905), рэктара Маскоўскага унiверсiтэта, якi быў вядомы фундаментальнымi працамi па гiсторыi антычнай фiласофii, анталогii, гнасеалогii, культуралогii, быў публiцыстам i грамадскiм дзеячам, i Яўгена Мiкалаевi ча Трубяцкого (1863-1920), рэлiгiйнага фiлосафа i прававеда [12]. Сын С. М. Трубяцкога - Мiкалай Сяргеевiч Трубяцкi (1890-1938) - адзiн з найбольш унiверсальных мысляроў рускага замежжа, лiнгвiст, фiлолаг, гiсторык, фiлосаф, палiтолаг, заснавальнiк плынi рускай думкi еўразiйства [13]. Прыхiльнасць да палiтычнага крыла гэтай плынi фатальна паўплывала на лёс сына генерала Кандратовiча - Уладзiмiра.

Унук генерала, Джон Рэйнi, паведамiў мне, што менавiта Трубяцкiя дапамагалi выхоўваць малога Кiпрыяна, далi магчымасць атрымаць адукацыю i пачаць вайсковую кар'еру. Ён вучыўся ў Лiдскай павятовай дваранскай школе. На вайсковую службу паступiў 07 траўня 1875 г. у Вiльнi [14]. У 1878 г. закончыў адну з найлепшых вайсковых вучэльняў Расіi - 2-ю вайсковую Канстанцiнаўскую вучэльню ў Пецярбургу. Юнкеры тут атрымоўвалi выдатную адукацыю, грунтоўна вывучаючы дакладныя навукi: матэматыку, аналiтычную геаметрыю, дыферэнцыяльнае i пачатак iнтэгральнага вылiчэння, фiзiку, хiмiю, механiку, чарчэнне. Акрамя агульнаадукацыйных i адмысловых вайсковых навук юнкеры навучалiся пешаму i коннаму шыхту, статутам, гiмнастыцы, верхавой яздзе i фехтаванню. У лагерах праходзiлi практычны курс стральбы i тапаграфii з вырашэннем тактычных задач.

16 красавiка 1878 г. Кандратовiч быў выпушчаны падпаручнiкам i прыпiсаны да лейб-гвардзейскага Егерскага палка. Затым пераведзены ў лейб-гвардзейскi Iзмайлаўскi полк з панiжэннем у чыне - прапаршчыкам (справа ў тым, што чын у армii лiчыўся на ступень меншым за чын у гвардыi) [15].

Руска-турэцкая вайна, акадэмiя

Адразу пасля вайсковай вучэльнi малады афiцэр добраахвотнiкам узяў удзел у руска-турэцкай вайне 1877-1878 гг. у шэрагах грэнадзёрскага корпуса. Праз некалькi гадоў пасля вайны капiтан Кандратовiч, афiцэр для асобых даручэнняў пры штабе Грэнадзёрскага корпуса, у якасцi дыпломнай працы ў акадэмii напiсаў кнiгу «Плеўна i грэнадзёры 28 лiстапада 1877 г.» [16] (Плевна и гренадеры, 28 ноября 1877 г. / сост.: Кондратович К. А., Сокол И. Я.; под ред. Маныкина-Невструева А. И. М.: Унив. тип., 1887. X, 223, 61 с., [12] л. ил. Содерж. части: Очерк действий гренадер под Плевною в 1877 году; Плевненский памятник). Апiсваючы месяцы перад адпраўкай корпуса на вайну, ён пiсаў: «Грэнадзёры прагна сачылi за весткамi з тэатру вайны. Часта жаўнеры пыталiся ў сваiх афiцэраў: "Чаму нас не бяруць? Цi хапае войскаў за Дунаем?" Балюча было чуць i чытаць аб здзеках турак з балгараў. З пачуццём зайздрасцi праводзiлi афiцэры i жаўнеры сваiх таварышаў з першай дывiзii, якiя выпраўлялiся на Каўказ ваяваць з туркамi»[17]. Гэта кнiга з'яўляецца фундаментальнай крынiцай i шырока выкарыстоўваецца гiсторыкамі руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг.

У 1884 г. будучы генерал закончыў Мiкалаеўскую акадэмiю Генеральнага Штаба па 1-м разрадзе (гэта значыць - быў сярод найлепшых). Выпуск 1884 г. - 20 афiцэраў. Конкурс пры паступленнi ў акадэмiю дасягаў 20 чалавек на месца, пры тым што большасць афiцэраў здавала папярэднiя iспыты ў сваiх вайсковых акругах. Кожны год за канчвалi жыццё самагубствам афiцэры, якiя не паступiлi ў акадэмiю цi былi адлiчаны пасля першага цi другога года. Акадэмiя Генеральнага Штаба давала вельмi добрую вышэйшую вайсковую адукацыю, i для «простых» афiцэраў гэта была практычна адзiная магчымасць хуткага службовага росту. Таму i ў армii, i ў гвардыi выпуснiкоў акадэмii не любiлi, называлi мянушкамi «мамэнты» цi «фазаны» [18].

Уменне аналiзаваць падзеi i пiсаць не засталося не запатрабаваным i пасля акадэмii Кіпрыян Кандратовiч у 1884-1900 гг., працягваючы службу ў войску, супрацоўнiчаў з газетай «Московские ведомости» ў якасцi вайсковага аглядальнiка.

Паўстанне баксёраў

У Кiтаi ў траўнi 1900 г. года ўспыхнула магутнае сялянскае паўстанне. Iнiцыятарам паўстання з'явiлася таемнае рэлiгiйнае таварыства «Iхэцюань» («Кулак у iмя спра вядлiвасцi i згоды»). У сувязi з тым, што ў назву таварыства ўваходзiла слова «цюань» (кулак), замежнiкi назвалi паўстанцаў «баксёрамi» а само паўстанне - «баксёрскiм».Паўстанцаў падтрымалi кiтайскiя вайсковыя часткi. У чэрвенi «баксёры» дайшлi да Пекiна, па дарозе знiшчаючы ўсiх замежных грамадзянаў i хрысцiянаў - кiтайцаў. Быў узяты ў аблогу еўрапейскi квартал, дзе знаходзiлiся дыпламатычныя мiсii. Урады еўрапейскiх дзяржаў, не маглi абыякава пазiраць на тое, як льецца кроў еўрапейцаў, i з мэтай вызвалення абложаных у Пекiне дыпламатычных мiсiй зацiкаўленыя краiны пачалi спешна рыхтаваць узброеную iнтэрвенцыю. Адзiнае рашэнне было прынятае ў еўрапейскiх сталiцах вельмi хутка, бо «баксёры» не рабiлi адрознення памiж еўрапейцамi: яны бяз лiтасна знiшчалi ўсiх «белых чарцей».

Было вырашана выправiць у Пекiн саюзныя вайсковыя кантынгенты. На пост галоў на камандуючага мiжнароднай карнай экспедыцыяй германскi iмператар Вiльгельм II прапанаваў 68-гадовага генерал-фельдмаршала Альфрэда фон Вальдерзее. Але пакуль германскi генерал-фельдмаршал прыбыў на тэатр ваенных дзеянняў, барацьба з «баксёрамi» была ў асноўным ужо завершаная. З порта Тяньцзiнь на сталiцу Цынскай iмперыi Пекiн выступiў мiжнародны 20-тысячны экспедыцыйны корпус пад камандаваннем рускага генерала М. П. Лiневiча i адмiрала Я. I. Аляксеева (9000 японцаў, 4000 рускiх, 6000 ангельцаў, амерыканцаў, французаў i iнш.). Саюзнiкi штурмам авалодалi кiтайскай сталiцай i вызвалiлi дыпламатычны квартал, абаронцы якога мужна вытрымалi 54-дзённую аблогу кiтайцаў [19]. У каштоўнай крынiцы аб падзеях таго часу ў Кiтаi - кнiзе «У стен недвижного Китая. Дневник корреспондента "Нового Края" на театре военных действий в Китае в 1900 году» Дзмiтрыя Янчавецкага [20] - на старонцы 472 чытаем: «24-га жнiўня ў Пекiн на тройцы прыбыў камандуючы войскамi вiцэ-адмiрал Я. I. Аляксееў, сустрэты перад варотамi Пекiна начальнiкам вайсковых шляхоў палкоўнiкам Кандратовiчам. Прыняўшы рапарт (Кандратовiча. - Л. Л.), адмiрал праехаў у Iмператарскую Расiйскую мiсiю…».

У 1900 г. з фармулёўкай «за баявыя адзнакi» раней тэрмiну Кандратовiчу прысвоена званне генерал-маёр [21].

Але ў лiпенi 1900 г. «iхэцюанi» (у iх лiку апынулiся i мясцовыя кiтайскiя войскi) напалi на Усходне-Кiтайскую чыгунку: з 1300 вёрст чыгуначнай каляi было разбурана каля 900 вёрст. Сотнi мiрных людзей - чыгуначнiкi i члены iх сем'яў - былi забiтыя. Справа дайшла нават да таго, што войскi цiцiкарскага губернатара Шоў Шаня пераправiлiся цераз Амур i атакавалi горад Благавешчанск, узялi ў аблогу сталiцу Усходне-Кiтайскай чыгункi (КВЖД) горад Харбiн, спрабуючы знiшчыць расiйскiх будаўнiкоў чыгункi.

Гэта былi сапраўды драматычныя падзеi.

У Маньчжурыю былi ўведзеныя расійскiя войскi. Падчас баёў з атрадамi «баксёраў» расійскiя войскi страцiлi 242 чалавекi забiтымi i 1283 параненымi. Кiтайскiя рэгулярныя войскi былi хутка разбiтыя, а для барацьбы са шматлiкiмi дробнымi атрадамi былi створаны лятучыя атрады расійскага войска. Д. Янчавецкi на старонках 604-607 пiша: «23 верасня выйшаў з Мукдэна лятучы атрад пад начальствам Генеральнага Штаба генерала Кандратовiча, начальнiка вайсковых шляхоў, у складзе пяхоты i артылерыi (падпалкоўнiк князь Крапоткiн), коннiцы (есаул Мадрытаў) i сапёраў. Мэтай гэтага атрада было ўсталяваць зносiны па рацэ Ляохэ i яе прытоку Хунхэ, якi праходзiць побач з Мукдэнам, для таго, каб дастаўляць транспарты вадою…

Генерал Кандратовiч прайшоў увесь прызначаны шлях, меў у шматлiкiх месцах перастрэлку з кiтайскiмi войскамi i "баксёрамi" i ўпершыню ўсталяваў сувязь па рацэ Ляохэ памiж Мукдэнам i Iнкоў. На генерала Кандратовiча ў кампанiю 1900 года была ўскладзеная вельмi цяжкая, складаная i адказная справа: забеспячэнне вайсковых шляхоў зносiнаў i арганiзацыя тылу на вялiзным абшары - ад Пекiна да Мукдэна.

Дзякуючы яго намаганням неўзабаве пасля ўзяцця Пекiна i Мукдэна быў праведзены нашымi сапёрамi рускi вайсковы тэлеграф памiж Порт-Артурам i гэтымi гарадамi. Таксама дзякуючы настойлiвасцi генерала Кандратовiча хутка быў адноўлены кiтайскi тэлеграф, разбураны ў Маньчжурыi "баксёрамi". З дапамогай гэтага тэлеграфа былi ўсталяваны прамыя тэлеграфныя зносiны памiж Порт-Артурам i Сiбiр'ю, дзякуючы чаму Пецярбург атрымаў магчымасць мець сувязь непасрэдна з Маньчжурыяй i Квантунам па рускiм тэлеграфе, не звяртаючыся да замежных кабеляў. Пасля генерал Кандратовiч быў начальнiкам атрадаў, якiя пасылалiся ўглыб Маньчжурыi для ўцiхамiрвання краiны… цяжкiя i працяглыя экспедыцыi генералаў Кандратовiча, Цярпiцкага i Каўльбарса ў горы Маньчжурыi толькi раскiдалi гнёзды "баксёраў", але не знiшчылi iх. некалькi тысяч "баксёраў" i iх галоўны правадыр… Лiўданьцзр па-беларуску: шэсць шрацiнак) здалiся рускiм… Але тысячы iх яшчэ хавалiся ў лясах i скалах Маньчжурыi для рабавання i гвалту» [22].

Руска-японская вайна

Пасля вайны 1900 г. генерал Кандратовiч застаўся служыць на Далёкiм Усходзе. У войску ён лiчыўся адмыслоўцам па Кiтаi i заўсёды, акрамя сваiх асноўных абавязкаў, ён займаўся кантактамi з мясцовым насельнiцтвам i адказваў за выведку.

З справаздачы № 1 «Аб дзейнасцi выведвальнага аддзялення Штаба Маньчжурскай Армii (ад пачатку вайны па 25 лютага 1905 г.): «на пачатку кампанii, адпаведна тагачаснаму размяшчэнню нашых войскаў… блiзкая выведка пасродкам лазутчыкаў кiтайцаў i карэйцаў была ўскладзеная… у паўднёвым авангардзе на начальнiка 9-й Усходне-Сiбiрскай стралковай дывiзii генерал-маёра Кандратовiча. Таемная выведка ў паўднёвым авангардзе… была ўскладзеная на пачатку сакавiка 1904 г. на генерал-маёра Кандратовiча, таму што ён служыў раней у Маньчжурыi, меў знаёмствыз кiтайцамi i мясцовымi мiсiянерамi»[23].

Да пачатку вайны з Японiяй Расiя хутка павялiчвае колькасць сваiх войскаў на Далёкiм Усходзе. Кандратовiчу даручана сфармаваць у Паўднёвай Маньчжурыi 9-ю Усходне-Сiбiрскую брыгаду з 4 палкоў 3-батальённага складу. 30 студзеня 1904 г. пачалося дафармаванне брыгад новымi батальёнамi. Але да пачатку вайны паспелi павялiчыць толькi 9-ю брыгаду. 18 лютага 1904 г. Кандратовiч завяршыў фармаванне сваiх войскаў. 6 лютага пачалося фармаванне 1-га Усходне-Сiбiрскага корпуса ў складзе 3-й, 4-й, 9-й брыгад. Да лета 1904 г. 9-я брыгада папаўняецца новымi батальёнамi i становiцца 9-й Усходне-Сiбiрскай дывiзiяй. Камандзiрам 9-й Усходне-Сiбiрскай дывiзii прызначаецца генерал К. А. Кандратовiч. Дывiзiённы дабрачынны а. Георгi Шавельскi, якi, дарэчы, таксама быў беларусам, пiсаў, што адносiны з афiцэрамi дывiзii былi складанымi, напрыклад, «палкоўнiк Лiсоўскi дэманстраваў яму сваю непавагу, i ён [Кандратовiч] … цярплiва зносiў гэта». Цяжка сказаць чым былi выклiканы такiя адносiны да свайго камандзiра, магчыма, яго «нiзкiм» паходжаннем, але стрыманасць генерала не можа не выклiкаць павагі. Тым больш, што дывiзiя была адна з найлепшых, i яна зрабiла iмя Кандратовiчу [24]. Наогул, Кандратовiч быў элегантным, вытанчаным i вельмi патрабавальным афiцэрам.

Руска-японская вайна пачалася 27 студзеня 1904 г. з мiннай атакi японцамi рускай эскадры ў Порт-Артуры. Вайна iшла беспаспяхова для Расійскай армii. 2 червеня Першы корпус генерала Штакельберга, у склад якога ўваходзiла дывiзiя Кандратовiча, атрымаў паразу пад Вафангоў ад войскаў японскага генерала Оку. Згодна с дыспазiцыяй рускiя наступалi трыма калонамi, «…агульнае кiраўнiцтва над сярэдняй i правай калонамi даручаецца начальнiку 9-й дывiзii генерал-маёру Кандратовiчу»[25]. У бiтве на р. Шахе напрыканцы верасня 1904 г. войскi 1-га Сiбiрскага корпуса вялi наступ на перавалы Чангаўлiн, Заходнi i Усходнi Тумылiн з мэтай захопу гэтых перавалаў. Кандратовiч кiраваў левай калонай з 9-ці батальёнаў i вёў наступ на перавал Заходнi Тумылiн [26]. У кнiгах па гiсторыi гэтай вайны iмя Кандратовiча ўспамiнаецца шматразоў.

На гэтай вайне ён атрымаў скразное раненне ў грудзi на камандным пункце 13 студзеня 1905 г., сведкам ранення быў А. А. Iгнацьеў, якi апiсаў яго ў сваiх мемуарах [27]. Аб раненнi камандзiра дывiзii паведамляла газета «Рускi iнвалiд» [28].

А 17 лiпеня 1906 г. Кандратовiч быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгiя 4-й ступенi «за заслугi ў справах супраць японцаў». У загадзе аб узнагароджаннi было напiсана: «За тое, што будучы 16-га i 18-га жнiўня 1904 года начальнiкам баявога ўчастка на перадавых Ляалянскiх пазiцыях ля вёскi Фанцзятунь, ён, дзякуючы добраму кiраванню, асабiстай мужнасцi i ўмеламу выдаткоўванню сiл свайго малога атрада, адбiў шматлiкiя шалёныя атакi працiўнiка, якi пераўзыходзiў у шмат разоў у лiку наш слабы атрад; 18-га жнiўня, калi з прычыны вялiзнага змяншэння людзей у дывiзii, становiшча атрада стала крытычным i прарыў пазiцыi супрацiўнiкам зрабiўся непазбежным, генерал-лейтэнант Кандратовiч, па асабiстай сваёй iнiцыятыве i насуперак загаду камандзiра корпуса, зрушыў блiжэйшыя да пазiцыi часткi карпуснога рэзерву (2 батальёны 18 -га Усходне-Сiбiрскага стралковага палка), асабiста накiраваў iх на больш пагражальныя ўчасткi пазiцыi, чым абаранiў пазiцыю i выратаваў ад непазбежнай згубы рэшткi сваёй дывiзii»[29].

Дадам, што дзед аўтара гэтага нарыса, Васiль Гаўрыiлавiч Лаўрэш (Лаўрыш), як кадравы шараговец расійскага войска прайшоў свой жаўнерскi шлях на той вайне ад пачатку да самага канца i быў узнагроджаны жаўнерскiм Гергiеўскiм крыжам «за ўратаване афiцэра на полі бою».

Памiж войнамi

Пасля выздараўлення Кіпрыян Кандратовiч быў прыкамандзiраваны да Галоўнага Штаба, а на пачатку 1907 г. меней за месяц (02.01.1907-25.01.1907) быў камандзiрам 2-га вайсковага корпуса, штаб якога знаходзiўся ў Гродна. Выглядае на тое, што камандаванне вырашыла даць магчымасць цяжка параненаму генералу пабыць на радзiме перад чарговым прызначэннем у Азiю. Бо ўжо 25 студзеня 1907 г. генерал-лейтэнант К. А. Кандратовiч прызначаецца памочнiкам Туркестанскага генерал-губернатара i камандуючага войскамi Туркестанскай акругi генерала Самсонава i адначасова начальнiкам штаба Семiрэчанскага казачага войска ў г. Ташкент [30]. Камандуючым войскамi акругi быў аднагодак Кандратовiча i аднакашнiк па Акадэмii Генеральнага Штаба (таксама выпуск 1884 г.) генерал А. В. Самсонаў.

Пасада Кандратовiча ў Сярэдняй Азii - гэта пасада адмiнiстратара. Напрыклад, у адмiнiстрацыйнай кнiзе туркестанскага губернатара подпiсы генерала з вiзай «Зацвярджаю, намеснiк генерал-губернатара генерал-лейтэнант Кандратовiч» стаяць на паперах аб атрыманнi крэдыту на насенне 294 кiргiзам, якiя пакутавалi ад неўраджаю (15 траўня 1909 г.), «аб выдачы крэдыту ў памеры 2465 р. на насенне для 58 арандатараў, з якiх 57 туземцаў i 1 рускi» (23 траўня 1909 г.), аб абкладаннi падаткамi жыхароў Бухары [31].

У той час яшчэ не зацiхла рэха першай рускай рэвалюцыi i працягваўся рэвалюцыйны тэрор. Барацьба з рэвалюцыянерамi таксама ўваходзiць у абавязкi К. А. Кандратовіча. Увесну 1907 г. удзельнiкi семiрэчанскай рэвалюцыйнай групы сацыялiстаў наладзiлi ў горадзе Верным (цяпер Алматы) выпуск газеты «Абстрэл» (па дадзеных палiцыi, з красавiка да канца жнiўня 1907 г. выйшла 5 нумароў газеты). У 5-м нумары «Абстрэлу» артыкул «Нашы героi» напiсаны з нагоды прыезду ў Верны памочнiка туркестанскага генерал-губернатара Кандратовiча, «якi… атрымаў поспех па частцы вышуку, у чым яму дапамог вiцэ-губернатар Осташкiн». У артыкуле згадваецца выпадак, звязаны з «выяўленнем у бясплатнай чытальнi дзвюх забароненых брашур. Па даручэннi Кандратовiча старэйшым дарадцам Пантусавым быў зроблены агляд гэтай чы тальнi,у вынiку чаго знайшлi яшчэ дзве такiя самыя брашуры… За гэта бiблiятэка i кнiжны склад былi зачыненыя». Кандратовiч арыштаваў тапографа Макарава за захаванне нелегальнай лiтаратуры… Падчас знаходжання генерала Кандратовiча ў горадзе Верным генерал падняў пытанне аб бясплатнай адпраўцы салдацкiх лiстоў, але на гэта не знайшлося сродкаў у бюджэце [32].

Наогул, як адзначалася ў афiцыйнай «Запiсцы аб праявах рэвалюцыйнага характару ў Туркестанскiм краi за перыяд з лiстапада 1905 да лiстапада 1906 г.» антыўрадавая агiтацыя вялася асаблiва актыўна. Сярод насельнiцтва распаўсюджвалася мноства пракламацый, накiраваных супраць улады з заклiкамi да супрацiву са зброяй у руках. Гэта агiтацыйна-прапагандысцкая праца сярод сялянаў прыносiла свой плён. Туркестанскi генерал-губернатар звязваў абвастрэнне аграрнага руху з дзейнасцю рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыi. Дакладваючы 24 снежня 1905 г. вайсковаму мiнiстру аб сваёй паездцы па Сямiрэччы, ён падкрэслiў, што аграрныя беспарадкi не прынялi б шырокага размаху без рэвалюцыйнай прапаганды.

Увесну i ўлетку 1907 г. у Пiшпекскiм павеце (Кыргiзстан) успыхнулi хваляваннi сярод сялянаў. «Першыя просьбы, якiя былi заяўленыя мне, - пiсаў у сваёй справазда чы аб вынiках паездкi ў Семiрэчанскую вобласць у траўнi - жнiўнi 1907 г. генерал-лейтэнант Кандратовiч, - пры ўездзе ў вобласць у сяле Карабалцiнскiм, а затым у наступных пунктах, аж да Пiшпека, былi аб зямлi. Адны (перасяленцы, сяляне…) прасiлi аб адводзе i павелiчэннi зямельных надзелаў, iншыя (кiргiзы) жалiлiся на адабранне ў iх зямлi для новых рускiх селiшчаў або прасiлi аб ураўнаннi сваiх праваў з сялянамi (рускiмi перасяленцамi. - Л. Л.)»[33].

6 снежня 1910 г. Кандратовiчу нададзена годнасць генерала ад iнфантэрыi (поўны генерал) [34], найвышэйшае вайсковае званне Расiйскай iмперыi ў мiрны час. Генерал ад iнфантэрыi - гэта прыблiзна генерал-палкоўнiк у сучасным войску. Вышэйшае званне ў расiйскай армii - фельдмаршал, але ў той час амаль на працягу 50 гадоў гэтае званне не прысвойвалася, i, фактычна, годнасць генерала ад iнфантэрыi (ад артылерыi, ад кавалерыi - «поўныя генералы») была найвышэйшай у войску. Поўныя генералы насiлi генеральскiя пагоны без зорак з кантам колеру, залежным ад роду войскаў, генералы ад iнфантэрыi - з чырвоным кантам. У 1913 г. у расiйскай армii было 177 поўных генералаў, пры гэтым толькi трохi больш за палову з iх мела вышэйшую адукацыю пры сярэднiм узросце - 66,5 гадоў. Самым маладым (ва ўзросце 54 гады) з iх, нават праз 3 гады пасля атрымання чына, быў генерал ад iнфантэрыi Кандратовiч [35].

1 студзеня 1910 г. генерал Кандратовiч прызначаецца камандзiрам 1-га Каўказскага армейскага корпуса i адначасова памочнiкам генерал-губернатара ў Тыфлiсе [36]. I менавiта тут ва ўзросце 51 года Кiпрыян Антонавiч пабраўся шлюбам з Адай фон Рыхтар (1879(?) - 1954). Ада Гвiдаўна фон Рыхтар (Ada von Richter) - дачка расiйскага генерала фон Рыхтара, нарадзiлася ў Рызе, выпускнiца Смольнага iнстытута ў Санкт-Пецярбургу. У 1912 г. у Тыфлiсе нарадзiлася дачка Вера. Бацька Ады - генерал-лейтэнант Гвiда Казiмiравiч Рыхтар [37], саслужывец Кiпрыяна Антонавiча па Туркестане [38].

18 лютага 1910 г. у газеце «Новое время» адзiн з уплывовых вайсковых аглядальнiкаў «патрыятычнага» кірунку М. А. Меншыкаў у артыкуле «Цi можа Расiя ваяваць», ацэньваючы перспектывы будучай сусветнай вайны, пiсаў: «У нашых заходнiх суседзяў толькi нешматлiкiя камандзiры карпусоў нюхалi порах, у нас жа 10 000 начальнiкаў розных ступеняў ваявалi. Генералы Самсонаў… Кандратовiч… складаюць цэлую плеяду. Усё яны дасведчаныя iльвы ў мундзiрах».

15 жнiўня 1913 г., у прадчуваннi вайны, Кандратовiч прызначаецца камандзiрам 23-га армейскага корпуса 2-й армii. Камандуючым 2-й армii за тры тыднi да пачатку вайны прызначылi генерала ад кавалерыi Самсонава [39]. Самсонаў, кавалерыйскi камандзiр велiзарнай асабiстай мужнасцi, займаў адказныя штабныя (у тым лiку i ў Варшаўскай акрузе) i адмiнiстрацыйныя пасады, але не камандаваў нават корпусам [40].

Для Кандратовiча гэтае прызначэнне азначала вяртанне дамоў.

Першая сусветная вайна

1 жнiўня 1914 г. у 17.00 Германiя аб'явiла вайну Расii.

Згодна з планамi расейскага камандавання вайна павiнна была пачацца з дзеянняў расiйскай армii супраць Усходняй Прусii: 1-я расійская армiя генерала Рененкампфа наступае з усходу, з раёна Вiльнi, адначасова з ёй 2-я армiя генерала Самсонава наступае з поўдня, з раёна Варшавы. Аднак яшчэ ў красавiку 1914 г. на камандна-штабной гульнi ў Кiеве, якую праводзiў вайсковы мiнiстр Сухамлiнаў i ў якой бралi ўдзел усе камандзiры карпусоў i армiй, у тым лiку i Кандратовiч, стала зразумела, што 2-я армiя абавязкова спознiцца з-за адсутнасцi дарог ў зоне яе высоўвання. Гэта дасць магчымасць манеўру немцам i прывядзе да разгрому. Як быць? Вышэйшае вайсковае кiраўнiцтва знаходзiць «блiскучае» выйсце. Даецца ўводная, што ў Францыi саюзнiкi перамагаюць, немцы вось-вось атрымаюць паразу i нiчога не робяць на ўсходзе дзеля выратавання. Наогул, было вырашана, што колькасць расійскiх войскаў будзе настолькi значнай, што немцы будуць разбiтыя без вялiкiх перашкод [41].

У жыццi было ўсё наадварот. Каб ўратаваць ад поўнага разгрому французаў з англiчанамi, наступаць давялося на 15-ы дзень ад пачатку мабiлiзацыi. Да гэтага тэрмiну сканцэнтравалася толькi 30 % планаваных сiлаў. Для падыходу наступных 30 % неабходна было яшчэ 8 дзён, але немцы былi ўжо пад Парыжам, i, каб не застацца з ворагам сам-насам, ранiцай 17 жнiўня 1-я расійская армiя перайшла мяжу [42]. Усходне-Прускай аперацыi прысвечана шмат кнiг. Гэта адна з найбольш цяжкiх i павучальных бiтваў Першай сусветнай вайны. Але наша мэта - расказаць аб удзеле ў ёй нашага земляка, генерала ад iнфантэрыi К. А. Кандратовiча.

23-i корпус пасля заканчэння мабiлiзацii быў адразу разабраны на часткi. 3-я гвардзейская дывiзiя (генерал-лейтэнанта Сiрэлiўса) была адпраўленая ў Саколку, у рэзерв Паўночна-заходняга фронту, штаб якога ў гэты час знаходзiўся ў Лiдзе. 2-я пяхотная дывiзiя (генерал-лейтэнанта Мiнгiна) засталася ў цвердзi Новагеоргiеўск (цяпер Модлiн) i была падпарадкаваная каменданту цвердзi. Кавалерыя корпуса (гвардзейская кавалерыйская брыгада) адпраўлена на Паўднёва-заходнi фронт супраць аўстрыйцаў, мартырны дывiзiён прыдадзены ў 2-i армейскi корпус, сапёрны батальён - у цвердзь Гародня. Потым дывiзiю Мiнгiна зноў перадалi Кандратовiчу, i яна даганяла карпусы, якiя наступалi. У камандзiра застаўся толькi штаб корпуса. Аднак у загадах i дырэктывах корпус лiчыўся так, як быццам ён дзейнiчаў у поўным складзе [43].

17 жнiўня 2-я армiя пачала высоўвацца да дзяржаўнай мяжы. Стаяла спякота. Корпусы наступалi несупынна па сыпучых пясках, без тылавога суправаджэння, па некалькi дзён нават без хлеба. Дывiзiя Мiнгiна, наогул, не мела абозаў, i ёй было загадана харчавацца з абозаў 15-га корпуса [44]. Iшлi без перапынкаў удзень. Адолеўшы за трое сутак 80 км, армiя Самсонава 20 жнiўня перайшла дзяржаўную мяжу [45]. 2-я армiя складалася з 1, 2, 6, 13, 15 i 23-га армейскiх карпусоў. Гэтаксама ў яе склад уваходзiлi 4-я, 6-я i 15-я кавалерыйскiя дывiзii, усяго 150 000 чалавек, 702 гарматы, прыкладна такую самую моц мела i 1-я армiя Раненкампфа [46].

14 жнiўня ў Беластоку Кандратовiч выдае загад па войсках корпуса № 7: «Вярнуўшыся з камандзiроўкi 13 жнiўня, прыступiў да камандавання корпусам… 18 жнiўня да 6 гадзiн вечара корпусу сканцэнтравацца каля Новагеоргiеўска…»[47].

Аднак тэлеграма Галоўнакамандуючага фронтам ад 14 жнiўня № 3 загадвала 3-й гвардзейскай дывiзii заставацца ў Саколцы. 16 жнiўня дывiзiя была перасунутая ў Беласток, а 17 жнiўня дывiзii загадана рухацца ў бок фронту, на Дэмброва [48]. Ад такога кiравання штабам акругi дывiзiямi корпуса Кандратовiча войскi пераблыталiся, i генерал прыкладна да 27 жнiўня збiраў свае дывiзii.

Ад пачатку наступлення ў баях удзельнiчала толькi 2-я пяхотная дывiзiя, наступаючы памiж 1-м i 15-м карпусамi. 24 жнiўня гэтая дывiзiя была падпарадкаваная камандзiру 15-га корпуса генералу Мартасу. 3-я гвардзейская дывiзiя, даганяючы войскi, падыходзiла ў гэты дзень да Млавы, 1-я стралковая брыгада была яшчэ ў Новагеоргiеўску. Такiм чынам, пры выхадзе 23-га корпуса на лiнiю наступлення 2-й армii 2-я пяхотная дывiзiя была ў 15-м корпусе, 3-я гвардзейская дывiзiя ўваходзiла ў бой часткамi, пры чым яе Кексгольмскi полк быў перададзены 2-й дывiзii [49]. Больш заблытаць працу штаба 23-га корпуса не змаглi б нават немцы!

Амаль што да канца жнiўня 2-я армiя наступала без значных сутыкненняў з супрацiўнiкам i прайшла палову адлегласцi ад расiйскай мяжы да Балтыкi. Войскi смяротна стамiлiся, адсутнiчалi палявыя пякарнi, сiлкавалiся толькi сухарамi i тым, што адбiралi ў нямецкага насельнiцтва. Штаб армii не меў сувязi са штабамi корпусаў, штабы корпусаў - з дывiзiямi. Ужывалася радыёсувязь, але ж да пачатку вайны штабы не распрацавалi нават кодаў, i загады войскам iшлi адкрытым тэкстам. У гэта цяжка паверыць, але не была арганiзаваная нават выведка, i нiхто нi ў штабе фронту, нi ў штабах армiй i корпусаў не ведаў, дзе немцы! Кавалерыя не рабiла рэйдаў па тылах супрацiў нiка, а iшла за пяхотай. Авiяцыя дастаўляла пакеты памiж штабамi, а расiйскiя жаўнеры, якiя нiколi не бачылi самалётаў, абстрэльвалi сваiх, мяркуючы, што такую хiтрую машыну маглi мець толькi немцы [50].

У германскiх штабах не маглi паверыць, што рускiя адкрытым тэкстам па радыё кiруюць сваiмi войскамi. Але дакладная выведка з паветра красамоўна сведчыла, што радыёперахопам можна верыць. Гэтаксама працавала i нямецкая тэлефонная сувязь: аб кожным кроку расiйцаў тутэйшае насельнiцтва iнфармавала па тэлефоне германскi штаб!

Немецкiя генералы ўмелi ваяваць i ваявалi надзвычай добра. Атрымаўшы паразу ад Рененкампфа пад Гумбiенам (20 жнiўня), нямецкiя карпусы адарвалiся ад расiйцаў, для аховы Кенiгсберга пакiнуўшы толькi нязначныя часткi ландверу (апалчэнцаў). Выкарыстоўваючы шчыльную сетку чыгунак, нямецкiя войскi былi перавезены на левы i правы флангi армii Самсонава. У гэты час раскiданыя па фронце на адлегласцi ў 120 вёрст войскi генерала Самсонава iшлi насустрач свайму лёсу, нiчога не ведаючы аб працiўнiку. Дадаўшы да сваiх сiлаў на ўсходзе два пяхотныя корпусы з французкага фронту (так расiйская параза выратавала Парыж), 26 жнiўня немцы выцялi ў флангi, адразаючы расiйцаў ад сваiх баз. Камандзiр 6-га корпуса Благавешчанскi пакiнуў свае войскi i збег. У гэты дзень у 7.25 Кандратовiч дасылае Самсонаву тэлеграму: «…немцы перайшлi ў энергiчны наступ супраць 1-га корпуса з захаду. …жадана супраць… наступаючых высунуць… 2-ю пяхотную дывiзiю… загадаў адной брыгадзе 6-й кав. дывiзii пераснуцца на правы фланг…»[51].

27 жнiўня 1-ы корпус пасля жорсткага бою адышоў да Сольдаў, камандзiр гэтага корпуса генерал Артамонаў ўзяў вiнтоўку i пайшоў кiраваць ротамi, кiнуўшы камандаванне корпусам. «1-ы армейскi стаiць як скала!» - далажыў ён Самсонаву i праз гадзiну аддаў загад адступаць. Артамонаў быў неадкладна зняты з пасады. У гэты ж дзень 2-я пяхотная дывiзiя з корпуса Кандратовiча, падпарадкаваная штабу 15-га корпуса, была разгромленая каля Грос-Гардзiена [52]. Самсонаў абедаў разам з англiйскiм ваенным аташэ Ноксам, недалёка ад фронту ў Найдэнбургу, калi жаўнеры разбiтай 2-й дывiзii з'явiлiся на вулiцах горада. Людзi былi «жахлiва стомленыя, тры днi не бачылi хлеба, на працягу двух дзён жаўнеры не атрымлiвалi анiякай ежы, нiводзiн з абозаў не падышоў…» - апавядаў Ноксу адзiн з палкавых камандзiраў [53]. У 23.00 Самсонаў даклаў камандуючаму фронтам аб разгроме 2-й дывiзii: «2-я дывiзiя панесла цяжкiя страты… Рэвельскi полк амаль што знiшчаны, засталiся сцяг i адзiн звяз… Эстляндскi полк у вялiкай мiтуснi адышоў да найдэнбурга, дзе па маім загадзе застаўся…»[54]. Ранiцай 27 жнiўня Кандратовiч находзiўся ў Млаве, калi атрымаў загад прыбыць у Найдэнбург, каб кiраваць 2-й дывiзiяй. Каля 8-й гадзiны ранiцы генерал разам са штабам на трох аўтамабiлях выехаў з Млавы. На дарозе ён затрымаў адступаўшыя часткi 2-й артылерыйскай брыгады i загадаў iм заняць абарону. Да аддзелаў 2-й дывiзii Кандратовiч прыбыў каля 3-й гадзiны дня. Камандзiр генерал Мiнгiн даклаў аб вялiкiх стратах i цяжкiм стане 2-й дывiзii. Увечары Кандратовiч разам са сваiм штабам накiраваўся ў Найдэнбург да Самсонава. У асабiстай размове Самсонаў выказаў незадаволенасць Мiнгiным i даў пiсьмовы загад прыняць агульнае кiраванне над тым, што засталося ад 2-й дывiзii, каб абаранiць Найдэнбург i Франкенаў.

Зранiцы 28 жнiўня генерал Кандратовiч кiраваў абаронай: затрымаў i вярнуў на пазiцыi напрамкі Эстляндскi полк, якi зноў быў кiнуўся на ўцёкi, даваў указаннi пяхоце i артылерыi, указваў напрамкі атакi кавалерыi i г. д. Да вечара становiшча дывiзii стала невыносным i генерал, каб пазбегнуць акружэння, дазволiў Мiнгiну пачаць адыход. На прапанову Кандратовiча кiраваць адыходам, генерал Мiнгiн папрасiў яго не турбавацца, бо ён за апошнiя днi настолькi вывучыў справу манеўравання падчас бою, што можа сам выканаць гэты манеўр. Пасля гэтай размовы Кандратовiч пакiнуў штаб Мiнгiна i больш не вяртаўся [55].

У гэты ж дзень Самсонаў сам, «страцiўшы галаву», з'ехаў са штаба армii. Перад гэтым ён у 7.05 ранiцы даслаў тэлеграму ў штаб фронту: «1-ы корпус… учора ўвечары адступiў… зараз пераязджаю ў штаб 15-га корпуса… апарат Юза здымаю, часова буду без сувязi з вамi»[56]. Такiм чынам, было цалкам дэзарганiзаванае кiраванне армiяй. «З гэтага моманту армiя перастала iснаваць як цэльны арганiзм: Самсонаў яе сакрушыў, i Гiндэнбургу засталося яе толькi дабiць», - пiсаў вядомы расiйскi вайсковы гiсторык А. А. Кярсноўскi [57].

У дакладзе ўрадавай камiсii, якая даследавала гэтую катастрофу, вядома, пахвiлiнна распiсана, што рабiў Кандратовiч 28 жнiўня. I таму абсалютна не зразумела, чаму А. Салжанiцын такую пiсаў лухту: «И генерал Кондратович, которому - счастье выпало? - что его корпус раздёргали, и, будто бы собирая его, можно было долго кататься поездами между Варшавой и Вильной… Кондратович примчался в Найденбург и, не имея тут никого выше себя чином, распорядился: командиру Эстляндского полка взять шесть рот и пулемётную команду и с ними уходить на восток, по шоссе, сопро вождая и охраняя его, генерала Кондратовича. Он, очевидно, так расчёл, что одна растрёпанная дивизия его несобранного корпуса всё равно уже подчинена Мартосу, Кексгольмский полк занял позиции и сам продержится, остальные гвардейские полки сюда вовсе не дойдут, - и ему, корпусному, делать нечего, а безопаснее отойти за русскую границу и там ждать, чем кончится»[58]. Гэта пра тых самых панiчна напужаных жаўнераў Эстляндскага палка, якiя ўжо некалькi дзён уцякалi з усiх пазiцый, пра якiя пiсаў Нокс. Гэтых жаўнераў, згодна з высновамi ўрадавай камiсii, расследаваўшай катастрофу ва Усходняй Прусii, якраз 28 жнiўня Кандратовiч асабiста вяртаў на пазiцыi: «Тым часам коннiца немцаў пачала прасоўвацца на поўдзень, у кiрунку на Найдэнбург… Генерал Кандратовiч выправiўся ў Найдэнбург, каб хутка зарганiзаваць там абарону. Прыбыўшы ў Найдэнбург, ён знайшоў там толькi 1 000 чалавек эстляндцаў, сабраных камандуючым дзеля адпачынку. Эстляндцам, пры якiх было 2 штаб-афiцэры, было загадана заняць вышынi на захад ад горада… пасля чаго генерал Кандратовiч зноў выехаў з найдэнбурга на поўнач, да астатнiх частак свайго корпуса. Аднак, праехаў шы 2-3 вярсты, даведаўся аб адыходзе эстляндцаў… зноў вярнуўся… i асабiста, разам з чынамi штаба, давёў частку эстляндцаў да тых вышынь, якiя яны павiнны былi ўтрымлiваць… Устанавiўшы на пазiцыi эстляндцаў, генерал Кандратовiч зноў выправiўся да аддзела Мiнгiна на крайнi правы фланг»[59]. Толькi ўвечары, каля 19-й гадзiны, пасля гарачай размовы з генералам Мiнгiным, падчас якой Мiнгiн практычна адмовiўся падпарадкавацца (не вядома, як складалiся адносiны гэтых генералаў да вайны, у расiйскiм войску бывала ўсялякае, напрыклад, памiж двума камандуючымi армiямi - Самонавым i Рененкампфам падчас Руска-японскай вайны была дуэль, гэта лёсавызначальным чынам адгукнулася ў 1914 г.), Кандратовiч пакiнуў аддзелы Мiнгiна [60]. Прычыны гэтага ўчынку незразумелыя, i тут маглi б дапамагчы мемуары абодвух генералаў, але, на жаль, мы не маем іх.

Верагодна, што Салжанiцын кiраваўся кнiгай Яўсеева «Августовское сражение в Восточной Пруссии 1914 г.» [61], якая была выдадзена ў 1936 г., калi Кандратовiч для Масквы быў ворагам - нацдэмам. Яўсееў сцвярджае, што генерал Кандратовiч з'ехаў з фронту яшчэ ў 12 гадзiн на чале аддзела з шасцi рот 8-га Эсляндскага палка i кулямётнай каманды лейб-гвардзейскага Петраградскага палка. Апiсанне дзеянняў генерала ў «Чырвоным коле» Салжанiцына лiтаральна супадае з тым, што напiсана ў гэтай кнiзе. Але на карысць Кандратовiча кажа неверагодны факт, якi выкладае ў сваёй працы афiцэр - эмiгрант Багдановiч П. Н. [62]. Ён цытуе ўспамiны камандзiра нямецкага корпуса генерала Франсуа аб тым, што а 15-й гадзiне каля ягонага штаба праехаў аўтамабiль з незнаёмымi афiцэрамi. Франсуа лiчыў, што гэта быў камандзiр 23-га корпуса. Аўтамабiль немцы нават не абстралялi! Вось так у дзень пагрому расійскага войска Кандратовiч перамяшчаючыся сярод сваiх напалову акружаных войскаў, ледзь сам не трапiў у палон…

Як прайшла ноч невядома, але ж назаўтра ўсё было скончана.

У ноч з 28 на 29 жнiўня Самсонаў аддае загад аб агульным адступленнi войскаў 2-й армii [63].

29 жнiўня пачалася агонiя. Сакрушальны удар немцаў па тылах прывёў да разгрому расiйскiх войскаў. Генерал Самсонаў застрэлiўся. Штаб 15-га корпуса абстраляны з кулямётаў, i камандзiр корпуса генерал Мартас узяты ў палон. Камандзiр 13-га корпуса Клюеў здаўся ў палон разам з вялiкiм аддзелам сваiх войскаў. Два днi з месца разгрому не было нiякай iнфармацыi.

30 жнiўня Кандратовiч дасылае тэлеграму ў штаб акругi, у якой дае iнфармацыю аб стане войскаў i знiкненнi камандуючага армiяй. У той жа дзень штаб фронту загадвае: «ген. Кандратовiчу сабраць усе… сiлы каля Харжэле, адтуль дзейнiчаць па абставiнах…»[64]. Некалькi дзён генерал з малымi сiламi прыкрываў шлях на Варшаву.

* * *

Усходне-Пруская аперацыя 1914 г., якая пачыналася з перамог расiйскага войска, праз некалькi тыдняў скончылася поўным разгромам i ўцёкамi дзвюх расiйскiх армiй. Перамогу над 2-й армiяй Самсонава, у якую ўваходзiў 23-i корпус Кандратовiча, немцы назвалi бiтвай пад Таненбергам (Грунвальдам) i лiчылi гiстарычным рэваншам за паразу 1410 г. Пасля разгрому 2-й армii толькi палоннымi было ўзята 92 000 чалавек, немцам спатрэбiлася 60 цягнiкоў, каб вывезцi трафейную вайсковую маёмасць. Практычна перасталi iснаваць 15-ы i 13-ы карпусы, ад iх засталося 50 афiцэраў i 2 000 салдатаў. У 6-м i 1-м корпусах засталося па адной дывiзii, у 23-м - каля брыгады. Два камандзiры корпусаў былi ўзяты ў палон, усе астатнiя адхiлены ад сваiх пасад. Айцец Георг Шавельскi, якi на гэты час стаў протапрасвiтэрам усяго расiйскага войска, пiша, што ён спрабаваў заступiцца за Кандратовiча, свайго былога камандзiра, перад галоўнакамандуючым, але гэта не дапагло [65]

Поўную паразу атрымала i 1-я армiя Раненкампфа. Сам генерал Раненкампф, кiнуўшы армiю, збег на аўтамабiлi.

З верасня 1914 г. да 1917 г. дакладнай iнфармацыi пра генерала К. А. Кандратовiча ў расiйскiм войску няма. Верагодна, што прозвiшча «генерал Кандратовiч», якое час ад часу з'яўляецца ў дакументах, як, напрыклад, пра Нарачанскую аперацыю расейскiх войскаў 1916 г., адносiцца да генерал-маёра Лукi Лукiча Кандратовiча, украiнца, якi, дарэчы, таксама перайшоў на бок украiнскага нацыянальнага руху. Найверагодней, што даследчык гiсторыi расійскага войска А. А. Кярсноўскi [66] памылкова лiчыў, што ўжо ўвосень К. А. Кандратовiч быў начальнiкам штаба 2-й армii. Генерал К. А. Кандратович 30 жнiўня 1914 г. быў звольнены ў адстаўку [67]. Верагодна, што пасля адстаўкi генерал з сям'ёй жыў ва ўласным маёнтку, у Гародна, бо паводле iнфармацыi ўнука генерала, сям'i прыйшлося пакiнуць свой дом у 1915 г. пры наблiжэннi нямецкага войска (другi i апошнi раз удава генерала Ада Кандратовiч спешна пакiнула Гародна ў вераснi 1939 г.). Дзе пасля гэтага жыў генерал з сям'ёй, невядома, але з 25 лістапада 1915 г. знаходзiўся ў рэзерве чыноў пры штабе Менскай вайсковай акругi, а значыць, жыў на Беларусi.

Менавiта ў гэты час генерал зблiзiўся з беларускай iнтэлiгенцыяй i дзеячамi беларускага адраджэння, ён атрымаў вольны час, што i дало падставы па-новаму паглядзець на гiсторыю сваёй радзiмы i падумаць аб сваiм месцы ў ёй.

Беларускае войска

З 8 траўня 1917 г. Кандратовiч прыняў на сябе камандаванне 75-й пяхотнай дывiзiяй [68]. У 1914 г. гэтая дывiзiя была створаная на базе 38-й i ўваходзiла ў склад Варшаўскай вайсковай акругi. Яна брала ўдзел у бiтве пад Варшавай, а ў 1917 г. дыслакавалася ў Беларусi. Травень 1917 г. - не лепшы час для таго, каб генералу ад iнфантэрыi ва ўзросце 59 гадоў аднаўляць сваю вайсковую кар'еру. Расiйская армiя развальвалася, генералаў здымалi з пасад. На 1 траўня 1917 г. былi адхiленыя ад сваiх пасад 3 з 5 галоўнакамандуючых войскамi фронту (60 %), 7 з 14 камандуючых армiямi (50 %), 39 з 77 камандзiраў корпусаў (50,5 %), каля трацiны начальнiкаў дывiзiй (75 з 240), такiм чынам, больш запалову вышэйшага каманднага складу былi выкiнутыя з войска. У траўнi 1917 г. зафiксаваны першыя забойствы генералаў на фронце. 17 траўня група салдат арыштавала i забiла камандзiра 177-й пяхотнай дывiзii генерала Я. Я. Любiцкага. Тады ж загiнуў ад рук сваiх салдатаў камандзiр 184-й пяхотнай дывiзii генерал П. А. Шкарпэтак. А хваляваннi ў 75-й дывiзii пачалiся з сакавiка. Захавалася аператыўная перапiска за вясну 1917 г. штаба корпуса, якому падпарадкоўвалася 75-я дывiзiя. Адна з спраў штаба - «Аб розных здарэннях у сувязi з уводзiнамi новага ладу» - на 115 лiстах уяўляе з сябе карцiну распаду войска - арышты старэйшых камандзiраў прапаршчыкамi, непадпарадкаванне загадам цэлых палкоў 75-й дывiзii, масавае дэзертырства, бездапаможнасць вышэйшага камандавання, жудасны стан перадавых частак, крывавы шлях страявых афiцэраў; два дзесяткі лiстоў гэтых тэчак апiсваюць хваляваннi ў красавiку 1917 г. у 75-й дывiзii. За адзiн месяц у дывiзii змянiлася тры камандзiры: генералы Штэгельман (паспяхова камандаваў дывiзiяй з 1914 г.,), Снесараў (быў камандзiрам 2 тыдна ў красавiку), Баркоўскi [69]. У траўнi гэтую дывiзiю прымае Кандратовіч.

Можна выказаць здагадку, што вяртанне Кандратовiча ў войска было выклiкана перспектывай беларусiзацыi войска i ўдзелам у гэтым генерала. Тым больш, што 15 траўня 1917 г. у Мiнску ўзнiкла Беларуская вайсковая арганiзацыя, якая згуртавала вайскоўцаў, што знаходзiлiся ў Мiнску [70].

Але ж ў канцы верасня 1917 г. Часовы ўрад чамусьцi запланаваў 75-ю дывiзiю, якая дыслакавалася ў Беларусi i мела камандзiра-беларуса, падвергнуць «мусульманiзацыi». Паводле планаў 75-я пяхотная дывiзiя павiнна была камплектавацца татарамi з Казанi [71]. Пры такiм раскладзе Кандратовiч не меў сэнсу заставацца камандзiрам дывiзii. Верагодна, са спробы беларусiзацыi 75-й дывiзii пачалася праца генерала па стварэнні беларускага войска.

На з'ездзе воiнаў-беларусаў Заходняга фронту ён быў абраны ў Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР). 15-24 кастрычнiка 1917 г. у Менску адбылася другая сесiя Цэнтральнай рады беларускiх арганiзацыяў i партый (ЦРБАiП), падчас якой гэты орган быў ператвораны ў Вялiкую беларускую раду (ВБР), якая павiнна была стаць зародкам будучага органа дзяржаўнай улады [72]. Як сведчыць фотаздымак гэтага мерапрыемства, генерал узяў у гэтым удзел [73].

Пасля стварэння рады пачалася канкрэтная праца па арганiзацыi беларускiх вайсковых фармаванняў. Утворанае ў гэты час бюро па арганiзацыi беларускага войска ўзна чалiў генерал К. Кандратовiч, ветэран балканскай, японскай i Першай сусветнай войнаў, аўтар тэарэтычных прац у вайсковай галiне, якi ўваходзiў у той час у Беларускi выканкам Заходняга фронту. Ягонымi памочнiкамi былi генерал-маёр Пажарскi, палкоўнiк Камароўскi i паручнiк К. Езавiтаў. Кандратовiч распрацаваў адпаведны план i атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Мiнску, а пасля - беларускага корпуса на Заходнiм фронце [74].

У канцы кастрычнiка 1917 г. дэлегацыя воiнаў-беларусаў Заходняга фронту ў складзе старшынi выканкаму ЦБВР С. Рака-Мiхайлоўскага, К. Кандратовiча, М. Ярушэвiча i I. Шчэрбы выехала ў Стаўку ВГК дзеля перамоваў з Вярхоўным галоўнакамандуючым генералам М. Духонiным аб арганiзацыi беларускiх вайсковых фармаванняў. Гэта быў час, калi нацыянальныя рухi Расiйскай iмперыi карысталiся з дэмакратыi, здабытай пасля перамогi Лютаўскай рэвалюцыi. Генерал М. Духонiн [75] першапачаткова нiчога канкрэтнага не адказаў, але праз некалькi дзён прыслаў тэлеграму, якая дазваляла фармаванне беларускiх аддзелаў праз папаўненне беларусамi выбраных адзiнак расійскага войска. К. Кандратовiч распрацаваў адпаведны план i атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Менску, а потым i беларускага корпуса на Заходнiм фронце. У час, калi генерал К. Кандратовiч чакаў выканаўчых распараджэнняў Стаўкi, М. Духонiна паглынаў нарастаючы канфлiкт з бальшавiцкiмi ўладамi. 9 лiстапада генерал М. Духонiн быў зняты з пасады галоўнакамандуючага. На яго месца бальшавiкi прызначылi паручнiка Мiкалая Крыленку. М. Духонiн не падпарадкаваўся гэтаму загаду i застаўся ў Стаўцы. Бальшавiкам удалося на той момант зняць з пасады галоўнакамандуючага Заходнiм фронтам генерала П. Балуева [76].

ЦБВР i ВБР на той час негалосна прызналi бальшавiцкую цэнтральную ўладу i не згаджалiся толькi з узурпацыяй мясцовай улады [77]. А генерал К. Кандратовiч, трымаючыся прысягі, чакаў распараджэнняў ад законнага вышэйшага кiраўнiцтва. Пазiцыя старога ваякi складалася ў тым, што патрэбна палiтычнае рашэнне, пасля якога прафесiйныя вайскоўцы выканаюць свой абавязак. Але Часовага ўраду, ад iмя якога Духонiн дазволiў стварэнне беларускага войска, ужо не было, а да прыняцця палiтычнай дэкларацыi аб суверэнiтэце Беларусi заставалася яшчэ 3 месяцы, па мерках рэвалюцыйнага часу - цэлая эпоха. Не з'яўляючыся палiтыкам, як, напрыклад, Пiлсудскi, фармаваць войска, якое будзе служыць невядома каму, генерал не мог. I таму ягоны намеснiк, палкоўнiк Камароўскi, стрымлiваў маладых калег ад «неабдуманых крокаў». Такiм чынам, па-за межамi Менска арганiзацыйную працу па стварэннi беларускiх вайсковых фармаванняў генерал аддаў на волю лёсу. Мiж тым дзякуючы iнiцыятыве франтавых рад, якiя рэалiзоўвалi пастановы сваiх з'ездаў, праца па фармаваннi беларускiх аддзелаў павольна прасоўвалася наперад [78]. Утвораныя на розных франтах беларускiя арганiзацыi i вайсковыя фармацыi спрабавалi наладзiць кантакт з генералам Кандратовiчам, але, на жаль, безвынiкова. Загады па тэлеграфе i iнструкцыi сыходзiлi толькi ад малодшых афiцэраў ЦБВР i кiраўнiцтва яе палiтычнага аддзела. Не маючы над сабой палiтычнага кiраўнiцтва, Кандратовiч чакаў. Дайшло да таго, што ён парваў прапанаваны яму для падпiсання дакумент. Малодшыя афiцэры давялi Прэзыдыуму ЦБВР, што пакiнуць вайсковы аддзел, калi генерал застанецца яго кiраўнiком. Выканаўчы камiтэт ЦБВР адхiлiў генерала К. Кандратовiча ад кiраўнiцтва аддзелам i перадаў паўнамоцтвы паручнiку К. Езавiтаву, якi быў да гэтага часу адным з намеснiкаў [79].

Тым часам галоўнакамандуючы М. Крыленка выдаў загад на стрыманне «нацыяналiзацыi» войскаў i забаранiў склiканне народных з'ездаў у прыфрантавых зонах. Суровыя загады, скiраваныя супраць украiнцаў i палякаў, камандуючы Заходнiм фронтам А. Мяснiкоў выкарыстаў супраць беларусаў i загадаў 8 снежня далучыць салдат 1-га Беларускага палка ў Мінску да размешчанага ў гэтым горадзе 289-га запаснога палка пяхоты. Гэта была лiквiдацыя беларускага палка. У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 1918 г. бальшавiкi арыштавалi чальцоў БЦВР [80].

18 лютага немцы занялi Маладзечна i пачалi наступ на Мiнск. Бальшавiкi спешна пакiдалi горад. 19 лютага беларускiя вайскоўцы вырашылi ўзяць на сябе ахову парадку ў горадзе. Камендантам Мiнска стаў К. Езавiтаў. Спехам арганiзаваныя группы беларускiх вайскоўцаў i чальцоў прафсаюзаў каля 21.00 пачалi займаць горад. Аперацыю па захваце горада пачалi таксама i польскiя вайскоўцы. 20 лютага беларускiя атрады былi аб'яднаныя ў 1-ы Мiнскi полк. 23 лютага ў 11-й гадзiне ранiцы ў Мiнск увайшлi нямецкiя войскi. 25 лютага немцы раззброiлi беларускiя часткi [81].

На пачатку красавiка немцы забаранiлi дзейнасць Народнага Сакратарыяту БНР. Шукаючы выйсця з такога становiшча, Рада БНР дакааптавала ў свой склад кiраўнiкоў беларускiх правых з утворанага ў лютым 1918 г., Мінскага беларускага народнага прадстаўнiцтва. Вядучымi палiтыкамi правых былi Р. Скiрмунт, П. Алексiюк, генерал К. Кандратовiч, ксёндз В. Гадлеўскi, генерал А. Багдановiч, протаiерэй А. Кульчыцкi, А. Уласаў, В. Чавусаў. Вiленская газета «Гоман» перадрукавала артыкул з «Беларускага шляху» № 20 ад 16.04.1918 г., у якiм гэтай падзеi давалася такая ацэнка: «У Раду Рэспублiкi адразу ўвайшоў моцны "цэнтр", i цяпер праца над адбудаваннем Беларускай Народнай Рэспублiкi пойдзе моцнымi крокамi… Рада пры яе чыста сацыялiстычным складзе мела многа крытыкаў добраахвотных i злых… цяпер - пры новым складзе з беларускiм моцным цэнтрам i левым крылом мае магчымасць быць працаздольнай… Мы дачакалiся вялiкай хвiлi, калi беларусы зрабiлi адзiны нацыянальны фронт» [82]. Дзякуючы сваёй кампетэнтнасцi дзеячы Мінскага беларускага народнага прадстаўнiцтва мелi большую павагу ў немцаў, чым сацыялiсты ў складзе Рады БНР. 25 красавiка Рада БНР па iнiцыятыве Р. Скiрмунта паслала тэлеграму з падзякай нямецкаму кайзеру Вiльгельму II i прасiла аб дзяржаўнай незалежнасцi ў звязе з немцамi. Тэлеграму падпiсалi: кiраўнiк Рады БНР I. Серада, кiраўнiк Народнага Сакратарыята Я. Варонка, Р. Скiрмунт i iншыя. Кандратовiча сярод iх не было [83].

Тэлеграма нямецкаму кайзеру Вiльгельму II выклiкала востры крызiс у беларускiм руху. Распаўся Народны Сакратарыят, з якога ў знак пратэсту выйшлi некалькi мiнiстраў. На пачатку траўня на яго месцы была створаная Рада мiнiстраў пад кiраўнiцтвам Р. Скiрмунта. Мiнiстрам вайсковых спраў у гэтай радзе быў прызначаны генерал К. Кандратовiч, замежных спраў - А. Аляксюк, сельскай гаспадаркi - Р. Астроўскi [84]. Аб утварэннi новай рады ў нумары ад 22 траўня паведамiла вiленская газета «Гоман» [85].

Пасля 25 сакавiка 1918 г. стварэнне Беларускага войска было працягнутае.

Галоўныя праблемы, якiя прыходзiлася вырашаць мiнiстру абароны, - гэта грошы i кадры, бо прафесiйнае i баяздольнае войска на энтузiязме не ствараецца. I таму толькi 9 лiстапада беларускi ўрад выдаў яшчэ адну пастанову аб фармаваннi войска. 11 лiстапада генералу К. Кандратовiчу, палкоўнiку К. Езавiтаву даручана стварэнне штаба 1-га Беларускага палка. К. Кандратовiч, як сябар Рады БНР, прапанаваў праект арганiзацыi 200-тысячнага войска i паведамiў, што вiленскiя банкiры i грамадзяне ў падтрымку гэтай iдэi гатовы выдаткаваць значныя фiнансавыя сродкi. Адзiнай перашкодай, паводле генерала К. Кандратовiча, была неабходнасць згоды немцаў i пастаўка праз iх зброi [86].

Напрыканцы нямецкай акупацыi Беларусi кiраўнiцтва Обэр-Ост (у Коўне) выказала згоду на фармаванне агульнай для ўсiх нацыянальнасцяў мiлiцыi пад кiраўнiцтвам генерала К. Кандратовiча, з чым, аднак, не былi згодныя палякi, якiя ўтваралi аддзелы самаабароны зямлi мінскай, лiдскай i iнш. Таму ў часе сустрэчы генерала Кандратовiча з польскiм камандуючым генералам Уладыславам Вейкам было вырашана, што кожная народнасць будзе мець уласныя аддзелы самааховы на прынцыпах аўтаномii, i толькi ў выпадку агульнай пагрозы будзе падпарадкоўвацца агульнаму кiраўнiцтву. У хуткiм часе ў Менску адбылася супольная нарада, на якой генерал К. Кандратовiч прапанаваў месца начальнiка штаба паляку - палкоўнiку Фабiяну Каборду. Аднак да ўтварэння агульнага фронту супраць бальшавiкоў не дайшло, i абодва бакi стваралi асобныя вайсковыя сiлы [87].

У сувязi з магчымай акупацыяй Мінска на пачатку снежня 1918 г. частка беларускiх дзеячаў з А. Луцкевiчам на чале падалася ўслед за адыходзячымi нямецкiмi войскамi ў Вiльню. Разам з А. Луцкевiчам былi генерал К. Кандратовiч i палкоўнiк К. Езавiтаў з групай афiцэраў-добраахвотнiкаў [88].

10 снежня бальшавiкi занялi Менск i рушылi далей на захад.

Звяртае ўвагу невялiкая лiчба прафесiйных афiцэраў у беларускiм вайсковым руху. Гэта было вынiкам апалiтычнасцi кадравых афiцэраў i стомленасцi. I нават тыя нямногiя вышэйшыя афiцэры, якiя, як К. Кандратовiч, добраахвотна вызначылiся на беларускiм баку, часта сустракалi абвiнавачваннi ў кан'юнктурызме i клопаце выключна пра асабiстую выгаду. Так, напрыклад, левыя папракалi Кандратовiча ў наяўнасцi маёнтка Гародна ў Лiдскiм павеце [89].

Генерал К. Кандратовiч згодна з дамовай памiж урадамi БНР i Летувы з лiстапада 1918 г. камандаваў беларускiм войскам, адступiўшым з Беларусi ў Летуву. Лiстападаўскiя пагадненнi мелi на ўвазе таксама ўтварэнне беларускiх вайсковых адзiнак, падначаленых лiтоўскаму галоўнаму кiраўнiцтву. Войска лiтоўскае ў тым часе знаходзiлася ў зародкавым стане. Першы полк гэтага войска налiчваў каля 30 афiцэраў i каля 200 салдат, а другi - толькi некалькi афiцэраў i некалькi салдат. Такiм чынам, утварэнне беларускiх адзiнак магло быць для лiтоўскага войска важным узмацненнем. Лiтоўскаму войску бракавала кадравых афiцэраў. З гэтай прычыны генерал Кiпрыян Кандратовiч на кароткi тэрмiн быў прызначаны вiцэ-мiнiстрам народнай абароны ва ўрадзе Лiтвы, але фактычным кiраўнiком вайсковага мiнiстэрства быў прем'ер А. Вальдэмарас [90]. Свой урад Вальдемарас будаваў не па партыйным прынцыпе, у яго кабiнеце былi прадстаўлены дзеячы самых разнастайных поглядаў, а таксама самых розных нацыянальнасцяў, напрыклад, намеснiкам на пасту мiнiстра замежных справаў быў Сямён Разенбаўм (яўрэй).

Будучы на гэтай пасадзе, генерал арганiзоўваў лiтоўскае войска на Ковеншчыне. Маёр беларускага войска А. Ружанцаў пiсаў у мемуарах: «…вiцэ-мiнiстрам быў вельмi непапулярны сярод лiтоўцаў генерал расiйскай службы К. А. Кандратовiч. Фармаванне войска пачалося ў Вiльне, адразу былi заложаны штабы 1 i 2 беларускiх палкоў… у хуткiм часе генерал Кандратовiч падаўся ў дымiсiю (адстаўку)» [91].

1 студзеня 1919 г. у сувязi з бальшавiсцкiм наступам лiтоўскi ўрад пакiнуў Вiльню, кiруючыся ў Коўна, большасць беларускiх дзеячоў яшчэ 27 снежня 1918 г. пераехала ў Гродна. Туды ж накiравалiся i беларускiя вайскоўцы.

Немцы яшчэ раней, у Вiльнi, паведамiлi генералу К. Кандратовiчу, што не могуць дапусцiць стварэнне лiтоўска-беларускага войска, аднак пасля паразы ў Першай сусветнай вайне iх рэальны ўплыў на сiтуацыю скончыўся. На пачатку студзеня 1919 г. генерал К. Кандратовiч i Я. Варонка атрымалi паведамленне аб тым, што Антанта прыняла пастанову аб дапамозе лiтоўцам i беларусам грашыма i зброяй ў арганiзацыi войска для барацьбы з бальшавiкамi.

Прыканцы 1918 г. у Гароднi Кандратовiч бярэ ўдзел у фармаваннi 1-га Беларускага палка. Ад пачатку снежня 1918 г. да канца красавiка 1919 г. полк месцiўся ў Аляксандраўскiх казармах i складаўся з пяцi рот i аднаго эскадрона [92].

Урад БНР дамогся правоў на ўдзел у Парыжскай мiрнай канферэнцыi, i на пачатку 1919 г. генерал Кандратовiч разам з дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расii Азнабiшыным [93] выязджае ў Парыж. На нейкi час генерал спынiўся ў Берлiне. Ён прыехаў у нямецкую сталiцу яшчэ ў лютым 1919 г. як сябра дэлегацыi БНР на Парыжскую мiрную мiжнародную канферэнцыю. Разам з першым афiцыйным пасланнiкам БНР у Нямеччыне капiтанам Антонам Борыкам генерал Кiпрыян Кандратовiч нейкi час вядзе беларускую працу сярод палонных вайскоўцаў-суайчыннiкаў у Германii. У нямецкiх лагерах для ваеннапалонных знаходзiлася каля 60 000 беларусаў. З iх беларускi ўрад спадзяваўся сфармаваць вайсковыя аддзелы, якiя пазней маглi б скласцi ядро нацыянальнага войска.У красавiку 1919 г. беларуская дэлегацыя на Парыжскую мiрную канферэнцыю падае амбасадарам Францыi, Англii i ЗША ў Берлiне мемарандум ад iмя Рады мiнiстраў БНР з просьбаю прызнаць беларускую дзяржаву [94].

Цiкава, што «Беларуская Энцыклапедыя» пiша, быццам К. А. Кандратовiч застаўся жыць у Парыжы i яго далейшы лёс невядомы [95]. Такую самую iнфармацыю дае i лiтоўская гiстарычная энцыклапедыя, выдадзеная ў Бостане [96].

Верагодна, гэтыя звесткi грунтуюцца на тым, што ў 1920 цi 1921 гг. у генерала нарадзiўся сын Уладзiмiр, якi гадаваўся i жыў у Парыжы. Пакуль што я валодаю мiнiмумам iнфармацыi аб сыне генерала - Кандратовiчу Уладзiмiру Кiпрыянавiчу. Але вiдочна, што ён нарадзiўся не ад шлюбу з Адай фон Рыхтар. Адзiнае згадванне аб iм знайшлося ў кнiзе А. А. Угрымава «З Масквы ў Маскву праз Парыж i Варкуту» [97].

Гародна

Апошнiя гады свайго жыцця беларускi генерал правёў на радзiме.

Перад Першай сусветнай вайной, пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям'я генерала купiла маёнтак Гародна (500 га зямлi i лес) у Лiдскiм павеце, дзе генерал пасялiўся разам з дачкой Верай i жонкай Адай [98].

Маёнтак Гародна мае вялiкую i слынную гiсторыю.

Гародна ў першай палове XVIII ст. было спадчыннай уласнасцю княгiнi Саламеi Радзiвiл з Сапегаў. У 1762 г. яна падаравала яго стрыечнаму ўнуку Людвiку Скумiн-Тышкевiчу (памёр у 1809 г.), жанатаму з княгiняй Канстанцыяй Панятоўскай (1759-1830). Кароль Станiслаў Аўгуст у Лiтве вырашыў абаперцiся на Тышкевiчаў. Адну з сваiх плямяннiц, дачку князя Казiмiра Панятоўскага, кароннага падкаморыя, выдаў замуж за Людвiка Тышкевiча, для другой, Тарэзы, дачкi Андрэя Панятоўскага, аўстрыйскага ельдмаршала, выбраў Вiнцэнта Тышкевiча, лiтоўскага ардынарыя. Людвiк Тышкевiч, паслядоўна займаючы пасады вiленскага цiвуна, пiсара вялiкага лiтоўскага, гетмана польнага лiтоўскага, падскарбiя вялiкага лiтоўскага, а пасля падзелу краiны губернскага маршалка, «действительного статского советника», паступова пашыраў свае ўладаннi вакол Гародна, набыўшы Перавозы i Забалаць з фальваркамi. Таксама былi пажалаваны яму каралём староства Эйшыскае, Васiлiшскае, Каняўскае, Радунскае i iнш. Цэнтрам сваёй рэзiдэнцыi ён выбраў Гародна. Ягоная зямельная маёмасць, падзеленая на дзве вялiкiя зоны, складалася з 65 вёсак. Добры гаспадар, ён трымаў свае маёнткi на высокiм гаспадарчым узроўнi.

Пасля смерцi Людвiка Скумiн-Тышкевiча ўвесь гэты вялiкi маёнтак атрымала ў спадчыну ягоная адзiная дачка Ганна (1779-1867). Яна была замужам за Аляксандрам Патоцкiм, а потым за Станiславам Дунiным-Вансоўскiм. Тастамантам ад 1867г. перапiсала Гародна сыну ад першага шлюбу М. Патоцкаму (1812-1879), пасля смерцi якога ўсё перайшло ў спадчыну ў 1880 г. графу Аўгусту Патоцкаму. Уладальнiца Гародна, графiня Ганна Патоцкая напiсала найцiкавейшыя мемуары аб часе Напалеона, сваiх шматлiкiх сустрэчах з iм (мемуары былi выдадзены ў ХІХ ст. на французскай мове i у той жа час перакладзены на рускую, у 2005 г. перавыдадзены) [99].

Напрыканцы ХIХ ст. А. Патоцкi прадаў Гародна рускаму генералу Асатураву, ад якога маёнтак перайшоў да графа Iгнацьева, ад яго - да генерала Кандратовiча. У той час маёнтак складаўся з 23 200 дзесяцiн зямлi i 15 фальваркаў, але Кандратовiчы купiлi толькi ягоную частку з Гароднам.

Людвiк Тышкевiч, жанаты з княжной Канстанцыяй Панятоўскай, дачкой князя Казiмiра, подкаморага вялiкага кароннага, роднага брата караля Станiслава Аўгуста, у 1775 г. чакаў прыезду караля i, як кажа мясцовае паданне, на працягу аднаго года пабудаваў хоць драўляны, але вельмi прыгожы двор у класiчным стылi. Сядзiба пабудаваная архiтэктарам Ф. Эйсенам. Дом звонку не вылучаўся нiчым асаблiвым, але ўсярэдзiне быў блiскуча i з добрым густам аздоблены. На ўпрыгожванне сядзiбы Тышкевiч выдаткаваў вялiкiя сумы, запрашаючы мастакоў-дэкаратараў i майстроў, а таксама выпiсваючы матэрыялы наўпрост з Парыжа. Кароль Станiслаў Панятоўскi ў Гародна так i не прыехаў, аднак двор быў закончаны i, няглядзячы на гульню лёсу, дастаяў да Другой сусветнай вайны.

Патоцкiя ў Гародна бывалi эпiзадычна, i таму з-за недахопу гаспадарчага нагляду i надта паспешнай будоўлi сцены паступова пачалi нахiляцца, што запатрабавала рамонту. Ад зруйнавання сядзiбу выратаваў М. Патоцкi, якi аддаў загад адрамантаваць дом i ашаляваць сцены дошкамi. Гэта не ўпрыгожыла дом, але забяспечыла яму доўгае жыццё. Таксама ўсярэдзiне былi праведзены работы па кансервацыi iнтэр'еру.

Сядзiбны ансамбль у Гародна стваралi тры будынкi: жылы палац, дом прыслугi, што стаяў насупраць, а з правага боку - мураваная каплiца.

Цэнтр кампазiцыi - драўляны на высокiм мураваным цокалi 1-павярховы прамавугольны сядзiбны дом у стылi класiцызму (1780 г., архiтэктар Ш. Цуг). Прасторны аднапавярховы сядзiбны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якiх вылучалiся рызалiты з чатырохкалоннымi дарычнымi порцiкамi, пад галоўны з якiх па шырокiх бакавых пандусах уязджалi карэты. Трохвугольныя франтоны порцiкаў запаўнялi пластычныя картушы. Усярэдзiне дом меў парадную анфiладу апартаментаў з вялiзнай бальнай залай у цэнтры. У падвале, у якi вялi тарцовыя лесвiцы, знаходзiлiся гаспадарчыя памяшканнi i жыллё прыслугi. Строгi i аскетычны знешнi выгляд будынка кантраставаў з багаццем i пышнасцю iнтэр'еру дома, аформленага з выкарыстаннем палатняных шпалер, тукавых панэляў, пазалочаных барэльефаў, медальёнаў, гiрлянд, кветак, ваз з арнаментным роспiсам, кафляных грубак i камiнаў, жырандоляў у стылi Людовiка XVI з крышталю з пазалочанамi бронзавымi аправамi. Захавалiся фотаздымкi 1939 г., па якiх можна ўявiць сабе выгляд дома на працягу ХІХ-ХХ ст. Самы вялiкi пакой займала бiблiятэка. Яна адначасова служыла памяшканням для гульнi ў карты i змяшчала 4 кнiжныя шафы i бронзавы, з мармуровымi ўпрыгожваннямi стол для гульнi ў карты, 14 карцiн, 4 гiпсавыя бюсты [100]. Летам 1944 г. пасля бою аддзела АК з немцамi акаўцы запалiлi палац, бо баялiся, што ў iм будзе размешчана залога надыходзячай Чырвонай Армii. Пры гэтым шмат рэчаў з палаца разнеслi мясцовыя жыхары.

* * *

Вось у гэтым прыгожым маёнтку i прайшлi апошнiя гады жыцця беларускага генерала К. Кандратовiча.

Пра гэтыя гады распавёў былы памочнiк садоўнiка маёнтка Струкель Уладiслаў Янавiч (1916 г. нар., у 1939 г. жаўнер, абаронца Варшавы) [101].

Сям'я Кандратовiчаў вызначалася iнтэлiгентнасцю i добразычлiвасцю да людзей. Сам генерал карыстаўся расiйскай, беларускай, польскай мовамi ў побыце, у залежнасцi ад абставiнаў. Можна меркаваць, што адносiны з навакольнымi абшарнiкамi не склалiся, i блiзкае сяброўства ўсталявалася толькi з уладальнiкам сядзiбы Малое Мажэйкава iнжынерам А. Брахоцкiм. Госцi прыязджалi з Варшавы i Парыжа, дзе жылi сваякi жонкi Ады. У маёнтку быў аўтамабiль, якi бачны на адным з фотаздымкаў. Дачка Вера атрымала хатнюю адукацыю, выйшла замуж за мастака з Англii, iспанца па паходжаннi, Трыстама Рэйнi (Tristam Reiney), з другой паловы 1930-х i да смерцi ў 1988 г. жыла ў Англii. У жнiво жонка Ада сустракала кожныя першыя вазы з падзякай да сялянаў i келiхам гарэлкi. Сам Струкель, тады яшчэ малады хлопец, атрымлiваў заробак у памеры 90 пудоў жыта ў год плюс корм для жывёлы i бульбу, колькi трэба. Асаблiва жонка генерала сачыла за прыгажосцю i парадкам у парку, сваiм доме i ў дамах, дзе жыла прыслуга. Людзi, якiя працавалi ў Кандратовiчаў, атрымоўвалi беспрацэнтныя крэдыты на развiццё гаспадаркi, i, калi гаспадары бачылi, што грошы ўкладзены з розумам, крэдыт спiсваўся.

Апошнiя гады Кандратовiч правёў у iнвалiдным крэсле, хварэючы стратай каарды нацыi руху. Ён не мог хадзiць, i жонка наняла сталую прыслугу. Памёр генерал Кандратовiч 31 кастрычнiка 1932 г., быў пахаваны ў тым самым мундзiры, у якiм быў паранены ў 1905 г. Пахаванне адбылося на лiдскiх праваслаўных могiлках.

17 верасня 1939 г. Ада Кандратовiч вымушана была з'ехаць праз Летуву да дачкi ў Англiю. У жнiўнi 1998 г. яе ўнук прыязджае на Беларусь дзеля перазахавання труны генерала на новых могiлках у г. п. Воранава. А урну з часткай праху сваёй мацi, якая пражыла найлепшыя гады маладосцi ў маёнтку Гародна, пахаваў у прыгожым кутку парку, каля былой альтанкi. На крыжы было напiсана «Вера Киприяновна Рейни (Кондратович) 1912-1988». У траўнi 2000 г. труна з парэшткамi генерала была перазахаваная каля царквы ў Воранаве.

Цапер унукi i праўнукi генерала жывуць у Англii i ЗША. Магчыма, што ўнукi генерала ёсць i ў Расii.

А ў Беларусi да магiлы генерала Кiпрыяна Кандратовiча прыходзяць тыя, каму дарагiя iдэалы Беларускай Народнай Рэспублiкi, за якiя ён змагаўся.

Дадаткі

1. Паслужны спiс

На службу паступiў 07.05.1875 г. у Вiльнi.

1878 - закончыў 2-ю вайсковую Канстанцiнаўскую вучэльню ў Пецярбургу 16 красавiка 1878 г. выпушчаны падпаручнiкам i прыпiсаны да лейб-гвардзейскага Егерскага палка. Затым пераведзены ў лейб-гвардзейскi Iзмайлаўскi полк пра паршчыкам.

29.07.1879 г. атрымаў чын падпаручнiка гвардыi.

28.03.1882 - паручнiк гвардыi.

25.03.1884 - штабс-капiтан гвардыi, затым пераведзены ў капiтаны Генеральнага Штаба (зноў пры пераходзе з гвардыi ў армiю аўтаматычна атрымаў чын на адну прыступку вышэй). Служыў пры штабе Маскоўскай вайсковай акругi.

08.11.1884-02.04.1888 - афiцэр для адмысловых даручэнняў пры штабе Грэнадзёрскага корпуса ў Маскве.

01.12.1885-01.10.1886 - адбывае цэнзавае камандаванне ротай у 1-м лейб-грэнадзёрскiм Екацярынаслаўскiм палку (дзеля павышэння па службе афiцэр абавязаны быў выканаць камандзiрскi цэнз на ўсiх вайсковых прыступках).

24.04.1888 г. - падпалкоўнiк.

02.04.1888-12.12.1889 - штаб-афiцэр для даручэнняў пры штабе Маскоўскай вайсковай акругi.

12.12.1889-15.11.1897 - штаб-афiцэр для адмысловых даручэнняў пры камандуючым войскамi Маскоўскай вайсковай акругi.

28.03.1893 - палкоўнiк.

01.05.1895-01.09.1895 - адбывае цэнзавае камандаванне батальёнам у 6-м грэнадзёрскiм Таўрычаскiм палку.

15.11.1897-02.02.1901 - начальнiк штаба 2-й грэнадзёрскай дывiзii ў Маскве.

1900 - удзельнiчаў у кiтайскай кампанii.

1900 - з фармулёўкай «за баявыя адзнакi», раней тэрмiну, прысвоена званне генерал-маёр.

07.02.1901-11.07.1902 - камандзiр 2-й брыгады 36-й пяхотнай дывiзii.

11.07.1902-24.12.1903 - у распараджэннi камандуючага войскамi Квантунскай вобласцi.

24.12.1903-31.01.1904 - у распараджэннi намеснiка на Далёкiм Усходзе.

31.01.1904-22.02.1904 - начальнiк 9-й Усходне-Сiбiрскай стралковай брыгады.

22.02.1904-05.03.1905 - камандзiр 9-й Усходне-Сiбiрскай стралковай дывiзii.

20.08.1904 - «за баявыя адзнакi» зноў датэрмiнова прысвоена званне генерал-лейтэнант.

04.07.1906-02.01.1907 - прыкамандзiраваны да Галоўнага Штаба.

02.01.07-25.01.1907 - камандзiр 2-га вайсковага корпуса са штабам у Гродна.

25.01.1907-01.01.1910 - памочнiк туркестанскага генерал-губернатара i камандуючага войскамi Туркестанскай акругi генерала Самсонава. Адначасова начальнiк штаба Семiрэчанскага казачага войска ў г. Ташкент.

06.12.1910 - генерал ад iнфантэрыi.

01.01.1910-15.08.1913 - камандзiр 1-га Каўказскага армейскага корпуса, адначасова

памочнiк генерал-губернатара ў г. Тыфлiс.

15.08.1913 - камандзiр 23-га армейскага корпуса 2-й армii.

30.08.1914 - па вынiках баёў зняты з займанай пасады i звольнены ў адстаўку, быў ў рэзерве чыноў пры штабе Мінскага ВА (з 25.11.1915).

З 08.05.1917 камандаваў 75-й пяхотнай дывiзiяй.

1917 - на з'ездзе воiнаў-беларусаў Заходняга фронту ён быў абраны ў Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР). Узначалiў створанае Радай бюро па арганiзацыi беларускага войска.

Май 1918 - у Радзе мiнiстраў БНР пад кiраўнiцтвам Р. Скiрмунта, мiнiстр вайсковых спраў.

Лiстапад 1918 - на кароткi тэрмiн быў прызначаны вiцэ-мiнiстрам народнай абароны ва ўрадзе Лiтвы.

Пачатак 1919 - у Гродна Кандратовiч удзельнiчае ў фармаваннi штаб - Беларускуюкамендатуру i 1-ы беларускi полк.

Пачатак 1919 - генерал Кандратовiч разам з дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расii Азнабiшыным выязджае ў Парыж дзеля ўдзелу ў Парыжскай мiрнай канферэнцыi.


2. Узнагароды

За 42 гады службы ў расійскiм войску генерал К. Кандратовiч быў узнагароджаны амаль усiмi вышэйшымi ордэнамi iмперыi:

Св. Станiслава 3-й ст. (1885);

Св. Ганны 3-й ст. (1891);

Св. Станiслава 2-й ст.(1896);

Св. Ганны 2-й ст. (1899);

Св. Уладзiмiра 3-й ст. з мячамi (1902);

Св. Станiслава 1-й ст. з мячамi (1904);

Св. Ганны 1-й ст. з мячамi (1905);

Залатая зброя (1906);

Св. Георгiя 4-й ст. (17.07.1906);

Св. Уладзiмiра 2-й ст. (04.06.1909; 03.07.1909);

Белага Арла (06.12.1912).



[1] Гл.: Malewski Czesslaw. Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majątków pow. lidzkiego // Ziemia lidzka. Kwie cień. 2004. Nr 2(60).

[2] Гл.: Malewski Czeslaw. Rody szlacheckiena Litwie w XIX wieku. Powiat Lidzki. Wilno, 2005. S. 261.

[3] Гл.: Malewski Czeslaw. Rody szlacheckiena Litwie w XIX wieku. Powiat Lidzki. S. 148.

[4] Мировой посредник - службовая асоба ў Расii ў перыяд правядзення сялянскай рэформы 1861 г. Прызначаўся з дваранаў для сцвярджэння статутных грамат i разбору канфлiктаў памiж сялянамi i абшарнiкамi. Валодаў судова-адмiнiстрацыйнай уладай.

[5] Вестник Западной России. Кн. 9. Т. III. Вильна, 1867. С. 252.

[6] Адрес-календарь Виленского генерал-губернаторства на 1868 год. СПб., 1868. С. 19.

[7] Лермонтов М. Ю. Проза и письма: Комментарии и варианты / коммент. Б. М. Эйхенбаума, В. А. Мануйлова // Лермонтов М. Ю. Полное собрание сочинений: В 5 т. М.; Л.: Academia, 1935-1937. Т. 5. Проза и письма. 1937. С. 522.

[8] Всероссийское генеалогическое древо. Трубецкие. http://www.vgd.ru/T/trubecky.htm // Трубецкая Любовь Николаевна 1868-1928. Дочь Минского губернатора, генерал-майора князя Николая Николаевича Трубецкого (1804-1879) и Елены Алексеевны Лопухиной (1806-1882).

[9] Лермонтов М. Ю. Полное собрание сочинений. Т. 1. М.: Художественная литература, 1957. С. 273. («Не ты, но судьба виновата была, // Что скоро ты мне изменила, // Она тебе прелести женщин дала, // Но женское сердце вложила…»)

[10] Светлейшие князья, князья и дворяне Лопухины. Родословная поколенная роспись. http://lopukhins.narod.ru/rospis-full.htm.

[11] Гл.: Дворянские роды Российской империи. Т. 2. М.,1995. С. 72; iнтэрнет-рэсурс «MySpace», Science & History. Trubeckoj http://groups.myspace.com/trubetsky.

[12] Гл.: Всероссийское генеалогическое древо. Трубецкие. http://www.vgd.ru/T/trubecky.htm.

[13] Гл.: Трубецкой Николай Сергеевич. Биографический указатель. http://www.hrono.info/biograf/trubeckoins.html.

[14] Гл.: Lietuviu enciklopedija. Boston. T. 12. S. 318-319.

[15] Гл.: Военная энциклопедия издания Сытина. Т. 13. СПб., 1914. C. 105.

[16] БЭ. Т. 7. С. 578.

[17] Наша слова. 2003. № 9 (596), № 10 (597), № 11 (598).

[18] Наша слова. 2007. № 40 (828).

[19] Гл.: Шишо А. В. Неизвестные страницы русско-японской войны: 1904-1905 гг. Москва, 2004. С. 9-15.

[20] Гл.: Янчевецкий Д. У стен недвижного Китая. Дневник корреспондента «Нового Края» на театре военных действий в Китае в 1900 году. СПб. - Порт-Артур, 1903. С. 472.

[21] Гл.: Военная энциклопедия издания Сытина. Т. 13. C. 105.

[22] Янчевецкий Д. У стен недвижного Китая. С. 472.

[23] Деревянко И. «Белые пятна» Русско-японской войны. Русская разведка и контрразведка в войне 1904-1905 гг. М., 2005. С. 15.

[24] Гл.: О. Гергий Шавельский. Воспоминания последнего Протопресвитера русской армии и флота. Т. I. Нью-Йорк: Издательство им. Чехова, 1954. С. 155.

[25] Русско-японская война 1904-1905 гг. Т. II. Спб., 1910. С. 10-12.

[26] Гл.: Куропаткин А. Н. Русско-японская война, 1904-1905: Итоги войны. СПб.: Полигон, 2002. С. 309.

[27] Гл.: Игнатьев А. А. 50 лет в строю. Петрозаводск, 1963. С. 294. (Бой разгорался с каждой минутой. Загремела артиллерия. Хэгоутай огласился разрывами шимоз. Сперва они летели только с востока, потом откуда-то с юга, где развертывалась наша 9-я дивизия Кондратовича… потери росли.
- Алексей Алексеевич, я ранен, - сказал мне неожиданно стоявший рядом со мной генерал Кондратович, повиснув на моей руке
- Начальник штаба - распоряжайтесь!
Кондратович оказался прав, так как, взглянув на его спину, я заметил в его шинели выходное отверстие пули. Подбежали санитары, а Штакельберг (командир 1-го корпуса. - Л. Л.) тем же ровным сухим голосом, которым он отдавал все распоряжения, негромко сказал:
- Сдайте командование, генерал, желаю вам скоро поправиться…
)

[28] Рускi iнвалiд. 18.01.1905. № 13. С. З.

[29] Наша слова. 10 кастр. 2007. № 40 (828).

[30] Военная энциклопедия издания Сытина. Т. 13. C. 105.

[31] Наша слова. 2003. № 9 (596), № 10 (597), № 11 (598).

[32] Центральный государственный архив города Алматы. Журнал «Вестник архивной службы». 2008. № 1 // Кривков А. Нелегальная газета «Обстрел» в городе Верном. http://www.cgaa.kz/magazine/2/2.jsp.

[33] Мухлынин Б. Ф. Очерк по истории села Беловодское. Революционное движение накануне Октябрь ской Революции. http://belovodskoe.potwater.kg/? q=node/21.

[34] Гл.: Керсновский А. А. История Русской армии. Т. III. М., 2000. С. 181.

[35] Независимое военное обозрение 2005-08-12 // Колпаков Ф. Н. Уровень, далекий от благополучного. Состояние российского генералитета на пороге Первой мировой войны. http://nvo.ng.ru/history/2005-08-12/5_general.html.

[36] Военная энциклопедия издания Сытина. Т. 13. C. 105.

[37] Рыхтар Гвiда Казiмiравiч (нар. 25.06.1855), генерал ад iнфантэрыi. Закончыў Мiкалаеў скую акадэмiю Генеральнага Штаба (1881 г.). Быў начальнiкам штаба Туркестанскай ваеннай акругi. З 01.05.1910 да 31.01.1915 - камандзiр 16-й пяхотнай дывiзii. Загiнуў 17 сакавiка 1919 г. - закатаваны бальшавiкамi. У Брусэлi ў праваслаўным храме расiйскiх пакутнiкаў сярод iншых знаходзіцца персанальная мемарыяльная дошка пад № 46: «фон РЫХТАР Гвiда Казiмiравiч (1855-1919)…». Сын генерала - Рыхтар Уладзiмiр Гвiдавiч (1886-1968). Закончыў Пажскi корпус (1907), Мiкалаеўскую кавалерыйскую вучэльню (1908). Штаб-ротмiстр 4-га ўланскага палка. Палкоўнiк. У чэрвенi 1919 г. паступае ў Польскае войска. Камандуе эскадронам у Татарскiм палку iмя Ахматовіча, а затым у 13-м уланскiм Вiленскiм палку. Пры абароне Плоцка ў жнiўнi 1920 г. быў паранены i узнагароджаны медалём. У 1921 г. выйшаў у адстаўку. Потым эмiграцыя - у Iспанii, Францыi, Марока, Iталii. У 1936 г. вяртаецца ў Польшчу. Памёр у Варшаве. Аўтар некалькiх кнiг па ваеннай гiсторыi. Супрацоўнiк Нумiзматычнага аддзела Брытанскага музея i карэспандэнт Медальнага кабiнета Парыжскай нацыянальнай бiблiятэкi.

[38] Общий список Офицерским чинам Русской императорской армии. СПб., 1909. С. 105.

[39] Гл.: Залесский К. А. Первая мировая война: биографический энциклопедический словарь. М., 2000. С. 423.

[40] Гл.: Керсновский А. А. История Русской армии. Т. III. С. 172-200.

[41] Гл.: Такман Барбара. Первый блицкриг. М.,1999. С. 20.

[42] Гл.: Восточно-Прусская операция: сборник документов. М., 1939. С. 9.

[43] Гл.: Доклад правительственной комиссии: 23-й армейский корпус // Восточно-Прусская операция. С. 587-593.

[44] Гл.: Керсновский А. А. История Русской армии. Т. III. С. 172-200.

[45] Гл.: История первой мировой войны 1914-1918 гг. M:, 1975. С. 161.

[46] Гл.: Восточно-Прусская операция. С. 12.

[47] Восточно-Прусская операция. С. 172.

[48] Гл.: Доклад правительственной комиссии: 23-й армейский корпус // Восточно-Прусская операция. С. 587-593.

[49] Гл.: Доклад правительственной комиссии: 23-й армейский корпус // Восточно-Прусская операция. С. 587-593.

[50] Гл.: Такман Барбара. Первый блицкриг. С. 306-358.

[51] Восточно-Прусская операция. С. 286.

[52] Гл.: Керсновский А. А. История Русской армии. Т. III. С. 172-200.

[53] Гл.: Такман Барбара. Первый блицкриг. С. 306-358.

[54] Восточно-Прусская операция. С. 293.

[55] Гл.: Доклад правительственной комиссии: 23-й армейский корпус // Восточно-Прусская операция. С. 587-593.

[56] Восточно-Прусская операция. С. 297.

[57] Керсновский А. А. История Русской армии. Т. III. С. 172-200.

[58] Солженицын А. И. Август Четырнадцатого. Глава 36. [http://koleso.by.ru]

[59] Доклад правительственной комиссии: 23-й армейский корпус // Восточно-Прусская операция. С. 587-593.

[60] Гл.: Восточно-Прусская операция. С. 293.

[61] Евсеев Н. Ф. Августовское сражение в Восточной Пруссии 1914 г. М., 1936.

[62] Богданович П. Н. Вторжение в Восточную Пруссию в августе 1914 г.; Воспоминания офицера генерального штаба армии генерала Самсонова. Буэнос-Айрес, 1964. С. 199-200.

[63] Гл.: Такман Барбара. Первый блицкриг. С. 306-358.

[64] Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М., 1939. С. 310.

[65] Гл.: О. Гергий Шавельский. Воспоминания Последнего Протопресвитера русской армии и флота. Т. I. Нью-Йорк: Издательство им. Чехова, 1954. С. 155.

[66] Гл.: Керсновский А. А. История Русской армии. Т. III. С. 172-200.

[67] Военная энциклопедия издания Сытина. Т. 13. C. 105.

[68] Наша слова. 2004. № 10(645).

[69] Гл.: Белоголовый Б. Г. Доклад на «Снесаревских чтениях» - 2003 в ВАГШ. http://belogolovy.narod.ru/2003/S4-2003-1.html.

[70] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. Вiльня, 2009. С. 40.

[71] Гл.: Шевяков Т. «Национализация» Российской армии в 1917 году. http://www.rustrana.ru/article.php? nid=14157.

[72] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 40.

[73] Гл.: Беларускi гiстарычны часосопiс. 1993. № 1. С. 63. Фотаздымак з подпiсам «Дэлегаты з'езда беларусаў-воiнаў Заходняга фронту…» i Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 71. Фотаздымак з подпiсам «Сябры ВБР i Беларускай цэнтральнай вайсковай рады…» (Кандратовiч сядзiць у першым радзе).

[74] Гл.: Јatyszonek O. Biaioruskie formacje wojskowe 1917-1923. Bialystok, 1995. S. 56.

[75] Гл.: Савiцкi В. Беларускае войска: ад iдэi да спроб рэалiзацыi (1917 г.) // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 4. С. 60-61.

[76] Гл.: Јatyszonek O. Biaioruskie formacje wojskowe 1917-1923. S. 55-56.

[77] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 47.

[78] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 48.

[79] Гл.: Јatyszonek O. Biaioruskie formacje wojskowe 1917-1923. S. 64.

[80] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 57.

[81] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 59-61.

[82] Гоман. 1818. 26 крас. № 34 (230). Незалежная Беларусь. Адзiны нацыянальны фронт. С. 1.

[83] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 62.

[84] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 63.

[85] Гоман. 1818. 22 мая. № 41 (237). С. 2.

[86] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 66.

[87] Гл.: Јatyszonek O. Biaioruskie formacje wojskowe 1917-1923. S. 86-87.

[88] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 67.

[89] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 69.

[90] Гл.: Латышонак А. Жаўнеры БНР. С. 74.

[91] Ружанцаў А. Беларускiя войскi ў Лiтве (1918-1920) // Спадчына. 1993. № 4. С. 23.

[92] Спадчына. 1995. № 5. С. 26.

[93] Азнабiшын Аляксей Аляксандравiч (1869-1929), уладальнiк маёнтка Масты, гродзенскi вiцэгубернатар, а затым - дэпутат IV Дзяржаўнай Думы, застаўся ў эмiграцыi ў Парыжы. Аўтар кнiгi «Успамiны члена IV Дзяржаўнай думы» (Ознобишин А. А. Воспоминания члена IV Государственной думы. Париж, 1937. 264 с.)

[94] Гл.: Сакалоўскi Уладзiмiр. Надзвычайная мiсiя БНР у Нямеччыне (1919-1925) // Arhe. 2009. № 3. С. 7-328.

[95] БЭ. Т. 7. С. 578.

[96] Lietuviu enciklopedija. Boston. T. 12. S. 318-319.

[97] Угримов А. А. Из Москвы в Москву через Париж и Воркуту / сост., предисл. и коммент. Т. А. Угримовой. М.: Изд-во «RA», 2004. С. 299. («Судьба этого человека типична для нашего времени. Сын генерала Кондратовича, он был младороссом в юношеской "спортгруппе". Красивый, статный, веселый был малый. В 1939 году пошел добровольцем во французскую армию и служил в драгунском полку - моторизованной кавалерии. Провоевал всю кампанию 1939-1940 годов и насмотрелся "чудес" о "drole de guerre" (странной войне): мосты не взрывались, минные поля разминировались, оружие не поступало и прочее, и прочее. Был взят в плен вместе с Данзасом, тоже младороссом, который в 1941 году пошел к немцам, а Кондратович отказался и вернулся во Францию только после войны. В общей волне стремления вернуться в Россию и разочарованный Францией, репатриировался в конце 1947 года. Скитался по Советскому Союзу в надежде найти подходящую работу в сельском хозяйстве. Выселен из Крыма, где, было, зацепился. Пытался меня найти в Саратове, когда я был уже арестован. Был сам посажен и осужден ОСО на принудительные работы на Воркуте. Был ранен при "беспорядках" на 29-й, но остался после освобождения, чтобы заработать деньги на устройство жизни с женой, которая приехала к нему на Воркуту после невероятно тяжелых лет, пока он "сидел". Позже начал работать на кожевенной фабрике в Осташкове и нашел меня по учебнику французского языка моей дочери. Заболел раком пищевода. Я ездил к нему в Осташков и сделал, что мог, так как домашние условия у него были совершенно неподходящими. Его, при моем участии, поместили в 62 онкологическую больницу в Петрово-Дальнем в почти безнадежном состоянии. Он сознавал, что болен раком и умирает. Он умер у меня на руках вследствие кровоизлияния после облучения. Кондратович был жертвой того патриотического психоза, который нас охватил после победоносной войны, победы и веры, что теперь Россия расцветет! Торжественное отпевание Владимира было устроено А. Л. Казем-Беком в церкви Петра и Павла в Лефортове».)

[98] Гл.: Roman Aftanaz. Dzieje rezydencji. T. 4. S. 122-139.

[99] Гл.: Графиня Анна Патоцкая. Мемуары. 1794-1820. М., 2005.

[100] Гл.: Roman Aftanaz. Dzieje rezydencji. T. 4. S. 122-139.

[101] Спадчына. 2002. № 1. С. 161-166.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX