Папярэдняя старонка: Генерал Кіпрыян Кандратовіч

Міністр БНР, генерал Кіпрыян (Цыпрыян) Кандратовіч 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-12-2002,
Крыніца: Наша слова. № 9(596), 10(597), 11(598), 2002.



Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч Кандратовіч нарадзіўся 28 красавіка 1859 года ў вёсцы Зіневічы каля Ваверкі (Лідскі раён). Незаконнанароджаны сын графа Юрыя Трубяцкога, павятовага суддзі. Маці - Зінаіда Залеская - дачка абшарніка, меўшага маёнтак Місевічы каля Зіневіч. Маці выйшла замуж на шляхціца Кандратовіча, чыё прозвішча і імя па бацьку Кіпрыян і атрымаў.

Бацька Юрыя Трубяцкога - генерал-маёр Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі, менскі губернатар. Трубяцкія - Гедзімінавічы, паходзяць ад князя Зміцера Альгердавіча, унука Гедзіміна, князя бранскага, чарнігаўскага, трубчэўскага, удзельніка Кулікоўскай бітвы, забітага пад Ворсклай у 1399 г. Ягоныя патомкі на пачатку 16 ст. ад'ехалі з Літвы служыць маскоўскаму князю (23). З 17 ст. гэта магутны і разгалінаваны дваранскі род Расейскай імперыі, які карыстаўся вялікім уплывам.

Трубяцкія дапамагалі выхоўваць малога Кіпрыяна, далі магчымасць атрымаць адукацыю і пачаць вайсковую кар'еру. Ён вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе. Вайсковую службу пачаў ў 1875 г. у Вільні (2).

Кандратовіч К.А..

Кандратовічы - старажытны ліцьвінскі род, (герб - Сыракомля), штіо паходзіць ад Кандрата, якому ў 15 ст. былі падараваны некалькі маёнткаў. Род Кандратовічаў падзяліўся на 7 галін, унесенных у 1 і 6 частку радаводных кніг Віленскай, Віцебскай, Ковенскай, Менскай і Магілёўскай губерняў. Кандратовічы ёсць і ў спісах шляхты Лідскага павету (1).

Расейска-турэцкая вайна, акадэмія

У 1877 г. на пачатку руска-турэцкай вайны Кандратовіч - малады афіцэр Грэнадзёрскага корпуса. Грэнадзёры з'явіліся ў расейскім войску ў 1704 г. У грэнадзёры бралі найбольш смелых, падрыхтаваных, фізічна моцных жаўнераў і афіцэраў. У сярэдзіне жніўня 1877 г. грэнадзерскі корпус, з летніх лагерных збораў, адпраўлены на вайну. У бітве пад Плеўнай 28 лістапада 1877 г. грэнадзёры перамаглі турак, страціўшы 18 афіцэраў і 542 жаўнераў. На пачатку лістапада 1878 г. корпус вяртаецца ў Расею. Праз некалькі год пасля вайны, капітан Кандратовіч - афіцэр дзеля асобых даручэнняў пры штабе Грэнадзёрскага корпуса, напісаў кнігу "Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г." (3) ( Плевна и гренадеры 28 ноября 1877 г. / Под ред. А.И. Маныкина-Невструева. Москва: Университетская тип. на Страстном бул., 1887. - Ч. 1 (сост. К.А. Кондратович), 223 с.; Ч. 2 (сост. И.Я. Сокол), 62 с. ). Апісваючы месяцы перад адпраўкай корпуса на вайну, ён пісаў:" Грэнадзёры прагна сачылі за весткамі з тэатра вайны. Часта жаўнеры пыталіся ў сваіх афіцэраў: "Чаму нас не бяруць? Ці хапае войскаў за Дунаем? Балюча было чуць і чытаць аб здеках турак над балгарамі. З пачуццём зайздрасці праводзілі афіцэры і жаўнеры сваіх таварышаў з першай дывізіі, якія выпраўляліся на Каўказ ваяваць з туркамі" (8). Кніга атрымала шырокі розгалас і добра вядома гісторыкам руска-турэцкай вайны 1877-78 гг. У 1884 г. Кандратовіч К. А. скончыў Мікалаеўскую Акадэмію генеральнага штаба, якая давала выдатную вайсковую адукацыю і магчымасць хуткага службовага росту. Пасля акадэміі ў 1884-1900 супрацоўнічаў у газеце "Московские ведомости" у якасці вайсковага аглядальніка.


Расейска-японская вайна

У 1900-1901 гг. К. Кандратовіч - начальнік 2-й брыгады 30-й пяхотнай дывізіі. Летам 1900 г. пры-мае ўдзел у задушэнні паўстання баксёраў у Кітаі, атрымоўвае чын генерал-маёра (9). У 1900 - 1901 гг. начальнік 2-й брыгады 30-й пяхотнай дывізі (8). У прадчуванні вайны з Японіяй Расея хутка павялічвае колькасць сваіх войскаў на Далёкім Усходзе. Кандратовічу даручана сфармаваць у Паўднёвай Манжурыіі 9-ю Ус-ходне-Сібірскую брыгаду з 4-х палкоў 3-х батальёнага складу. 30 студзеня 1904 г. па загаду цара пачалося дафармаванне брыгад новымі батальёнамі. Але да пачатку вайны паспелі павялічыць толькі 9-ю брыгаду. 18 лютага 1904 г. Кандратовіч завяршыў фармаванне сваіх войскаў. 6-га лютага пачалося фармаванне 1-га Усходне-Сібірскага корпуса ў складзе 3-й, 4-й, 9-й брыгад. Да лета 1904 г. 9-я брыгада папаўняецца новымі батальёнамі і становіцца 9-й Усходне-Сібірскай дывізія. Камандзірам 9-й Усходне - Сібірскай дывізіі прызначаецца генерал К. А. Кандратовіч (3).

Руска-японская вайна пачалася 27 студзеня 1904 г. з міннай атакі японцамі рускай эскадры ў Порт-Артуры. Вайна ішла безпаспяхова для Расейскай арміі. 2 червеня 1-ы корпус генерала Штакельберга, у склад якога ўваходзіла дывізія Кандратовіча, атрымаў паразу ў Вафангоў ад войскаў японскага генерала Оку. Згодна с дыспазыцыяй рускія наступалі 3-мя калонамі, "... агульнае кіраўніцтва над сярэдняй і правай калонамі даручаецца начальніку 9-й дывізіі генерал-маёру Кандратовічу"(4).

13 студзеня 1905 г. , падчас наступу расейскага 1-га Сібірскага корпусу генерала Штакельберга, Кандратовіч быў паранены на камандным пункце. Гэты момант адлюстраваны ў мемуарах А. А. Ігнаццева: " Бой разгараўся з кожнай хвілінай. Загрукатала артылерыя. Хэгаўтай (кітайская вёска ) пакрыўся разрывамі снарадаў. Спачатку яны ляцелі толькі з усходу, потым аднекуль з поўдня, дзе разгортвалася наша 9-я дывізія Кандратовіча ... "Добрыя войскі! Хто іх выхаваў? - падумаў я ...

- Аляксей Аляксеявіч (Ігнаццеў А. А.), я паранены, - нечакана сказаў мне генерал Кандратовіч, які стаяў побач са мной, павіснуўшы на маёй руцэ. Кандратовіч меў рацыю, бо, паглядзеўшы на яго плечы, я заўважыў у яго шынялі выхадую адтуліну кулі. Падбеглі санітары, і Штакельберг ... сказаў: - Здайце камандаванне, генерал, жадаю вам хуткага выздараўлення." (5)

А. А. Ігнаццеў называў генерала К. Кандратовіча "элегантным генштабистом". Наогул, Кандратовіч быў элегантным, вытанчаным і вельмі патрабавальным афіцэрам, служыць з якім падначаленым было не проста.

Пасля выздараўлення, напрыканцы 1905 г., Кандратовічу К. А. прызначаецца званне генерал-лейтэнанта (9). Ордэн Святога Георгія 4 ст.

17 ліпеня 1906 г. генерал-лейтэнант, начальнік 9-й Усходне-Сібірскай дывізіі Кандратовіч Кіпріян Анто-навіч узнагароджаны Ордэнам Св. Георгія 4 ст., вышэйшай афіцэрскай узнагародай за асабістую мужнасць (не блытаць са "Знакам Георгіеўскага ордэна" ці "Георгіеўскім крыжам" 4-х ступеняў, які быў жаўнерскай узнагародай ) (6).

З 1906 г. К. Кандратовіч - камандзір 2-га армейскага корпуса, а з 1908 г. намеснік Туркестанскага генерал - губернатара (3) і адначасова намеснік камандуючага Туркестанскай вайсковай акругі, начальнік штаба Сямірэчанскага казачага войска (9). Камандуючым войскамі акругі быў аднагодак Кандратовіча і аднакашнік па Акадэміі генеральнага штаба (таксама выпуск 1884 г.) - генерал Самсонаў А. В. Пасада Кандратовіча у Сярэдняй Азіі - пасада адміністратара. Напрыклад у адміністратыўнай кнізе Турке-станскага губернатара подпісы генерала з візай "Зацвярджаю", намеснік генерал-губернатара генерал-лейтэнант Кандратовіч", стаяць на паперах аб атрыманні крэдыту на насенне 294 кіргізам ..., якія пакута-валі ад неураджаю. (15 траўня 1909 г.) ці "аб выдачы крэдыту ў памеры 2465 р. на насенне для 58 арандатараў, з якіх 57 туземцаў і 1 рускі " ( 23 мая 1909 г. ) (25).

У 1910 г. Кандратовічу нададзена годнасць генерала ад інфатэрыі (9) і прызначэнне на пасаду начальніка 1-а Каўказкага армейскага корпуса (3), намесніка генерал-губернатара ў Тыфлісе. Генерал ад інфантэрыі - гэта прыблізна генерал-палкоўнік у сучасным войску. На тыя часы вышэйшае званне ў расейскай арміі - фэльдмаршал, але на той час, амаль што 50 гадоў, гэты чын не прызначаўся і, фактычна, званне генерала ад інфатэріі (ад артылерыі, ад кавалерыі) было найвышэйшым у войску.

Каля 1910 г. пабраўся шлюбам з Адай фон Рых-тар (1879(?) - 1954). Ада фон Рыхтар ( Ada von Richter ) - дачка расейскага генерала фон Рыхтара, нарадзілася ў Рызе, выпускніца Смольнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу. У 1912 г., калі Кіпріяну Антонавічу было 53 гады, у Тыфлісе нарадзілася Вера, адзіная дачка.

18 лютага 1910 г. у газеце "Новое время" адзін з найбольш уплывовых вайсковых аглядальнікаў таго часу Меншыкаў М. А. у артыкуле "Ці можа Расея ваяваць", ацэньваючы перспектывы будучай сусветнай вайны, пісаў: "У нашых заходніх суседзяй толькі нешматлікія камандзіры карпусоў нюхалі порах, у нас жа 10 000 начальнікаў розных ступеняй ваявалі. Генералы: ... Самсонаў, ... , Кандратовіч ... , складаюць цэлую плеяду. Усё яны дасведчаныя ільвы ў мундзірах".

Са жніўня 1913 г. Кандратовіч -- камандзір 23-га армейскага корпуса, 2-й арміі, камандуючым якой за тры тыдні да пачатку вайны прызначылі генерала ад кавалерыі Самсонава (7). Самсонаў - кавалерыйскі камандзір вялікай асабістай мужнасці, займаў адказныя штабныя ( у тым ліку і ў Варшаўскай акрузе) адміністратыўныя пасады, але не камандаваў нават корпусам (14).


1-я сусветная вайна

1 жніўня 1914 г. у 17.00 Германія аб'явіла вайну Расеі (14). Згодна з планамі расейскага камандавання вайна павінна была пачац-ца з дзеянняў расейскай арміі супраць Усходняй Прусіі: 1-я расейская армія генерала Ренненкампфа наступае з усходу, з раёну Вільні, адначасова з ёй 2-я армія генерала Самсонава наступае з поўдня, з раёну Варшавы. Аднак яшчэ ў красавіку 1914 г. на камандна-штабной гульні ў Кіеве, якую праводзіў вайсковы міністр Сухамлінаў, і ў якой бралі ўдзел усе камандзіры карпусоў і армій, у тым ліку і Кандратовіч, стала зразумела, што 2-я армія абавязкова спозніцца з-за адсутнасці дарог ў зоне яе высоўвання. Гэта дасць магчымасць манеўру немцам, і прывядзе да разгрому. Як быць? Вышэйшае вайсковае кіраўніцтва знаходіць "бліскучае" выйсце. Даецца ўводная, што ў Францыі саюзнікі перамагаюць, немцы вось-вось атрымаюць паразу і нічога не робяць на ўсходзе дзеля выратавання. Наогул было вырашана, што колькасць расейскіх войскаў будзе настолькі значнай, што немцы будуць разбітыя без вялікіх праблем (10).

Генерал-лейтэнант К. Кандратовіч ( паміж 1906 і 1910 гг.).

У жыцці было ўсё наадварот. Каб ўратаваць ад поўнага разгрому французаў з англічанамі, наступаць давялося на 15-ты дзень ад пачатку мабілізацыі. Да гэтага тэрміну сканцэнтравалася толькі 30% планаваных сілаў. Для падходу наступных 30% небходна было яшчэ 8 дзён, але немцы былі ўжо пад Парыжам, і каб не застацца з ворагам адзін на адзін, раніцай 17 жніўня 1-я расейская армія перайшла мяжу (11). Усходне-Прускай апэрацыі прызначана шмат кніг, гэта адна з найбольш цяжкіх і павучальных бітваў 1-й сусветнай вайны. Але наша мэта - расказаць аб удзеле ў ёй нашага земляка, генерала ад інфатэрыі Кандратовіча К. А.

23-ці корпус пасля заканчэння мабілізаціі быў адразу разабраны на часткі. 3-я гвардзейская дывізія (генерал-лейтэнанта Сірэ-ліўса) была адпраўлена ў Саколку, у рэзерву Паўночна-заходняга фронту, штаб якого ў гэты час знаходзіўся у Лідзе. 2-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнанта Мінгіна) засталася ў цвердзі Новагеоргіеўск (зараз-Модлін) і была падпарадкавана каменданту цвердзі. Кавалерыя корпуса (гвардзейская кавалерыйская брыгада) адпраўлена на Паўднёва-заходні фронт супраць аўстрыйцаў, мартырны дывізіён передадзены ў 2-гі армейскі корпус, сапёрны батальён - у цвердзь Горадня. Потым дывізію Мінгіна зноў перадалі Кандратовічу, і яна даганяла карпусы, якія наступалі. У камандзіра застаўся толькі штаб корпуса. Аднак у загадах і дырэктывах корпус лічыўся так, як быцам бы ён дзейнічаў у полным складзе (13).

17 жніўня 2-я армія пачала высоўвацца да дзяржаўнай мяжы. Стаяла спякота. Карпусы наступалі бязспынна па сыпучых пясках, бяз тылавога суправаджэння, па некалькі дзён нават без хлеба. Дывізія Мінгіна, наогул, не мела абозаў, і ёй было загадана харчавацца з абозаў 15 корпуса (14). Ішлі без перапыкаў, без адпачынку ўдзень. Адолеўшы за 3-е сутак 80 км, армія Самсонава 20 жніўня перайшла дзяржаўную мяжу (16). 2-я армія складалася з 1-га, 2-га, 6-га, 13-га, 15-га і 23-га армейскіх корпусоў. Гэтак жа ў яе склад уваходзілі 4-я, 6-я і 15-я кавалерыйская дывізія, усяго 150000 чалавек, 702 гарматы, прыкладна такую ж моц мела і 1-я армія Ранненкампфа (12).

14 жніўня ў Беласто-ку Кандратовіч выдае загад па войсках корпуса № 7: "вярнуўшыся з камандзі-роўкі 13 жніўня, прыступіў да камандавання корпусам ... 18 жніўня да 6 гадзін вечара корпусу сканцэнтравацца каля Новагеоргіеўска ..." (15) .

Аднак тэлеграма галоўнакамандуючага фронтам ад 14 жніўня № 3 загадвала 3-й гвардзейскай дывізіі заставацца ў Саколцы. 16 жніўня дывізыя была перасунута ў Беласток, а 17 жніўня дывізіі загадана рухацца ў бок фронту, на Дэмбрава (13). Ад такога кіравання штабам акругі дывізіямі корпуса Кандратовіча, войскі пераблыталіся і генерал, прыкладна да 27 жніўня збіраў свае войскі.

Ад пачатку наступлення ў баях удзельнічала толькі 2-я пяхотная дывізія, наступаючы паміж 1-м і 15-м карпусамі. 24 жніўня гэ-тая дывізія была падпарадкавана камандзіру 15-га корпуса генералу Мартасу. 3-я гвардзейская дывізія, даганяючы войскі, падыходзіла ў гэты дзень да Млавы, 1-я стралковая брыгада была яшчэ ў Новагеоргіеўску. Такім чынам, пры выхадзе 23-га корпуса на лінію наступлення 2-й арміі, 2-я пяхотная дывізія была ў 15-м корпусе, 3-я гвардзейская дывізія ўваходзіла ў бой часткамі, пры чым яе Кексгольмскі полк быў перададзены 2-й дывізіі (13). Больш заблытаць працу штаба 23-га корпуса не змаглі б нават немцы!

Амаль што да канца жніўня, 2-я армія наступала без значных сутыкненняў з супраціўнікам і пракрочыла палову адлегласці ад расейскай мяжы да Балтыкі. Войскі смяротна стаміліся, адсутнічалі палявыя пякарні, сілкаваліся толькі сухарамі і тым, што адбіралі ў нямецкага насельніцтва. Штаб арміі не меў сувязі са штабамі карпусоў, корпуса з дывізіямі. Ужывалася радыёсувязь, але ж да пачатку вайны штабы не распрацавалі нават кодаў, і загады войскам ішлі адкрытым тэкстам. У гэта цяжка паверыць, але не была арганізавана нават выведка, і ніхто, ні ў штабе фронту, ні ў штабах армій і карпусоў не ведаў, дзе немцы! Кавалерыя не рабіла рэйдаў па тылах супраціўніка, а ішла за пяхотай. Авіяцыя дастаўляла пакеты паміж штабамі, а расейскія жаўнеры, якія ніколі не бачылі самалётаў, абстрэльвалі сваіх, мяркуючы, што такую хітрую машыну маглі мець толькі немцы (17).

У германскіх штабах не маглі паверыць, што рускія адкрытым тэкстам па радыё кіруюць сваімі войскамі. Але дакладная выведка з паветра красамоўна сведчыла, што радыёперахопам можна верыць. Гэтак жа працавала і тэлефонная сувязь: аб кожным кроку расейцаў, тутэйшае насельніцтва інфармавала па тэлефону!

Немецкія генералы ўмелі ваяваць і ваявалі надзвычай добра. Атрымаўшы паразу ад Ренненкампфа пад Гумбіенам (20 жніўня), нямецкія карпусы адарваліся ад расейцаў, для аховы Кенігсберга, пакінуўшы толькі нязначныя часткі ландверу (апалчэнцаў). Выкарыстоўваючы шчыльную сетку чыгунак, нямецкія войскі былі перавезены на левы і правы флангі арміі Самсонава. У гэты час, раскіданыя па фронце на адлегласці ў 120 вёрст, войскі генерала Самсонава ішлі насустрач свайму лёсу, нічога не ведаючы аб супраціўніку. Дадаўшы да сваіх сілаў на ўсходзе 2 пяхотныя карпусы з французкага фронту (так расейская параза выратавала Парыж), 26 жніўня немцы выцялі ва флангі, адразаючы расейцаў ад сваіх баз. Камандзір 6-га корпуса Благавешчанскі пакінуў свае войскі і збег. У гэты дзень, у 7:25 Кандратовіч дасылае Самсонаву тэлеграму: " ... немцы перайшлі ў энергічны наступ супраць 1-га корпуса з захаду. ... жадана супраць ... наступаючых высунуць ... 2-ю пяхотную дывізію ... загадаў адной брыгадзе 6-й кав. дывізіі перас-нуцца на правы фланг ..."(18) .

27 жніўня 1-ы корпус пасля жорсткага бою адышоў да Сольдаў, камандзір гэтага корпуса генерал Артамонаў ўзяў вінтоўку і пайшоў кіраваць ротамі, кінуўшы камандаванне корпусам. "1-ы армейскі стаіць як скала!" - далажыў ён Самсонаву, і праз гадзіну аддаў загад адступаць. Артамонаў быў неадкладна зняты з пасады. У гэты ж дзень 2-я пяхотная дывізія з корпуса Кандратовіча, падпарадкаваная штабу 15-га корпуса, была разгромлена каля Грос-Гардзіена (14). Самсонаў абедаў разам з англійскім ваенным аташэ Ноксам, недалёка ад фронту ў Нэйденбургу, калі жаўнеры разбітай 2-й дывізіі з'явіліся на вуліцах горада. Люді былі " жахліва стомленыя, тры дні не бачылі хлеба, на працягу двух дзён жаўнеры не атрымлівалі аніякай ежы, ніводзін з абозаў не падышоў..." - апавядаў Ноксу адзін з палкавых камандзіраў (17). У 23-00 Самсонаў далажыў камандуючаму фронтам аб разгроме 2-я дывізіі: "2-я дывізія панесла цяжкія страты ... Ревельскі полк амаль што знішчаны, засталіся сцяг і адзін звяз ... Эстляндскі полк у вялікай мітусні адышоў да Нейденбургу, дзе па майму загаду застаўся..." (19). Раніцай 27 жніўня Кандратовіч знаходзіўся ў Млаве, калі атрымаў загад прыбыць ў Нейденбург, каб кіраваць 2-й дывізіяй. Каля 8-мі гадзін раніцы генерал разам са штабам на 3-х аўтамабілях выехаў з Млавы. На дарозе ён затрымаў адступаўшыя часткі 2-й артылерыйскай брыгады і загадаў ім заняць абарону. Да аддзелаў 2-й дывізіі Кандратовіч прыбыў каля 3-х гадзін дня. Камандзір генерал Мінгін далажыў аб вялікіх стратах і цяжкім стане 2-й дывізіі. Увечары Кандратовіч разам са сваім штабам накіраваўся ў Нэйденбург да Самсо-нава. У асабістай размове Самсонаў выказаў незадаволенасць Мінгіным, і даў пісьмовы загад прыняць агульнае кіраванне над тым, што засталося ад 2-й дывізіі, каб абараніць Нэйдэнбург і Франкенаў.

З раніцы 28 жніўня генерал Кандратовіч кіраваў абаронай: затрымаў і вярнуў на пазіцыі зноў пабегшы Эстляндскі полк, даваў указанні пяхоце і артылерыіі, указваў кірункі атакі кавалерыі і т.д. Да вечара становішча дывізіі стала невыносным і генерал, как пазбегнуць акружэння, дазволіў Мінгіну пачаць адыход. На прапанову Кандратовіча кіраваць адыходам, генерал Мінгін папрасіў яго не турбавацца, так як, ён за апошнія дні настолькі вывучыў справу манеўравання пад час бою, што можа сам выканаць гэты манеўр. Пасля гэтай размовы Кандратовіч пакінуў штаб Мінгіна і больш не вяртаўся (13).

У гэты дзень Самсонаў сам "страціўшы галаву" э'ехаў са штаба арміі. Перад гэтым, ён, у 7-05 раніцы, даслаў тэлеграму ў штаб фронта: "1-шы корпус ... учора ўвечары адступіў... зараз пераязджаю у штаб 15-га корпуса ... апарат Юза здымаю, часова буду без сувязі з вамі" (20). Такім чынам было цалкам дэзарганізавана кіраванне арміяй. "З гэтага моманту армія перастала існаваць як цэльны арганізм: Самсонаў яе сакрушыў, і Гіндэнбургу засталося яе толькі дабіць" - пісаў вядомы расейскі ваенны гісторык Керсновскі А.А. (14)

З дакладу ўрадавай камісіі вядома, пахвілінна распісана, што рабіў Кандратовіч 28 жніўня. І таму абсалютна незразумела адкуль ўзяў А.Салжаніцын гэтую лухту: " И генерал Кондратович, которому - счастье выпало? - что его корпус раздёргали, и, будто бы собирая его, можно было долго кататься поездами между Варшавой и Вильной, ... Кондратович примчался в Найденбург и, не имея тут никого выше себя чином, распорядился: командиру Эстляндского полка взять шесть рот и пулемётную команду и с ними уходить на восток, по шоссе, сопровождая и охраняя его, генерала Кондратовича. Он, очевидно, так расчёл, что одна растрёпанная дивизия его несобранного корпуса всё равно уже подчинена Мартосу, Кексгольмский полк занял позиции и сам продержится, остальные гвардейские полки сюда вовсе не дойдут, - и ему, корпусному, делать нечего, а безопаснее отойти за русскую границу и там ждать, чем кончится " (21). Гэта пра тых самых панічна напужаных жаўнераў Эстляндскага палка, якія ўжо некалькі дзён уцякалі з усіх пазіцыяў, пра якіх пісаў Нокс. Гэтых жаўнераў, згодна з вывадамі ўрадавай камісіі, расслед-ваўшай катастрофу ва Ўсходняй Прусіі, як раз 28 жніўня Кандратовіч асабіста вяртаў на пазіцыі: " Тым часам конніца немцаў пачала прасоўвацца на поўдзень, у кірунку на Нейденбург. ... Генерал Кандратовіч выправіўся ў Нейденбург, каб хутка з'арганізаваць там абарону. Прыбыўшы ў Нейденбург, ён знайшоў там толькі 1 000 чалавек эстляндцаў, сабраных камандуючым дзеля адпачынку. Эстляндцам, пры якіх было 2 штаб-афіцэры, было загадана заняць высоты на захад ад горада, .... Пасля чаго генерал Кандратовіч зноў выехаў з Нейденбурга на поўнач, да астатніх частак свайго корпуса. Аднак, праехаўшы 2-3 вярсты, даведаўся, аб адыходе эстляндцаў .... зноў вярнуўся, .. і асабіста , разам з чынамі штаба, давёў частку эстляндцаў да тых высот, якія яны павінны былі ўтрымліваць... Устанавіўшы на пазіцыі эстляндцаў, генерал Кандратовіч зноў выправіўся да аддзела Мінгіна на крайні правы фланг" (13). Толькі ўвечары, пасля гарачай размовы з генералам Мінгіным, пад час якой Мінгін практычна адмовіўся падпарадковацца (не вядома як складаліся адносіны гэтых генералаў да вайны), Кандратовіч пакінуў аддзелы Мінгіна. Прычыны гэтага ўчынку незразумелыя, і тут маглі б дапамагчы мемуары абодвух генералаў, якіх нажаль мы не маем.

Як прайшла ноч, невядома, але ж назаўтра, усё было скончана.

У ноч з 28 на 29 жніўня Самсонаў аддае загад аб агульным адступленні войскаў 2-й арміі (17).

29 жніўня наступіла агонія. Сакрушальны ўдар немцаў па тылах прывёў да разгрому расейскіх войскаў. Генерал Самсонаў застрэліўся. Штаб 15-га корпуса абстраляны з кулямётаў, і камандзір корпуса генерал Мартас узяты ў палон. Камандзір 13-га кор-пуса Клюеў здаўся ў палон разам з вялікім аддзелам сваіх войскаў. 2 дні з месца разгрому не было ніякай інфармацыі.

30 жніўня Кандратовіч дасылае тэлеграму ў штаб акругі, у якой дае інфармацыю аб стане войскаў і знікненні камандуючага арміяй. У той жа дзень штаб фронту загадвае: " ген. Кандратовічу сабраць усе ... сілы каля Харжэле, адтуль дзейнічаць па абставінах ..." (22). Некалькі дзён генерал з малымі сіламі прыкрываў шлях на Варшаву.

Усходне-Пруская аперацыя 1914 г., якая пачыналася з перамог расейскага войска, праз два тыдні скончылася поўным разгромам і ўцёкамі 2-х расейскіх армій. Перамогу над 2-й арміяй Самсонава, ў якую ўваходзіў 23 корпус Кандратовіча, немцы назвалі бітвай пад Танненбергам (Грунвальдам) і лічылі гіс-тарычным рэваншам за паразу 1410 г. Пасля разгрому 2-й арміі толькі палоннымі было ўзята 92 000 чалавек, немцам зпатрэбілася 60 цягнікоў, каб вывезці трафейную вайсковую маёмасць. Практычна перасталі існаваць 15-ы і 13-ы корпусы, ад іх засталося 50 афіцэраў і 2000 салдат. У 6-м і 1-м карпусах засталося па 1 дывізіі, у 23 -м - каля брыгады. Два камандзіры карпусоў былі ўзяты ў палон, усе астатнія адхілены ад сваіх пасад.

Поўную паразу атрымала і 1-я армія Ранненкампфа. Сам генерал Ранненкампф, кінуўшы армію, збег на аўтамабіле.

Пасля верасня 1914 г. інфармацыі пра генерала Кандратовічу К. А. ў расейскім войску не знойдзена.


За Беларусь

У 1917 г. генерал Кіпріян Кандратовіч далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. На з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту ён быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую раду (ЦБВР). Пасля стварэння Рады пачалася канкрэтная праца па арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Утворанае ў гэты час бюро па арганізацыі беларускага войска ўзначаліў генерал К. Кандратовіч, які ўваходзіў у той час у Беларускі выканкам Заходняга фронту. Ягонымі памочнікамі былі генерал-маёр Пажарскі, палкоўнік Камароўскі і паручнік К. Езавітаў. Непасрэднае фармаванне беларускіх палкоў на Заходнім фронце ўзяў на сябе К. Кандратовіч.

У канцы кастрычніка 1917 г. дэлегацыя воінаў - беларусаў Заходняга фронту ў складзе старшыні выканкама ЦБВР С. Рак - Міхайлоўскага, К. Кандратовіча, М.Ярушэвіча і І. Шчэрбы выехала ў Стаўку ВГК дзеля перамоваў з Вярхоўным галоўнакамандуючым генералам М. Духоніным аб арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Фармаванне беларускіх аддзелаў было зацверджана і генерал К. Кандратовіч склаў план стварэння беларускіх вайсковых адзінак і атрымаў ад М. Духоніна дазвол на стварэнне беларускага корпуса на Заходнім фронце. Але бальшавіцкі пераварот не дазволіў ажыццявіць гэтыя планы 23). У траўні - чэрвені 1918 г. генерал К. Кандратовіч - член Народнага сакратарыяту БНР, у снежні 1918 г. разам з В. Ластоўскім узначальваў Савет дзяржаўнай бяспекі БНР і быў, практычна, міністрам абароны БНР. У Горадні ён зфармаваў штаб - Беларускую камендатуру і 1-ы беларускі полк. Ад пачатку снежня 1918 г. да канца красавіка 1919 года полк месціўся ў Александраўскіх казармах і складаўся з 5 ротаў і 1 эскадрона (26).

На пачатку 1919 г. генерал Кандратовіч разам з дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі Азнабішыным выязджае ў Парыж. У траўні гэтага ж года яны ўручылі старшыні канферэнцыі мемарандум урада БНР і атрымалі дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж. Пасля прыбыцця дэлегацыі, ён працаваў у яе складзе (3).

У БЭ напісана, што Кандратовіч К.А. застаўся жыць у Парыжы і яго далейшы лёс невядомы (3). Такую ж інфармацыю дае і літоўская гістарычная энцыклапедыя, выдадзеная ў Бостане (2). Аднак вядома, што генерал К.Кандратовіч, згодна з дамовай паміж урадамі БНР і Летувы ад 11 лістапада 1920 г. камандаваў беларускім войскам, адступіўшым з Беларусі ў Летуву (27). Генерал быў запрошаны з Беларусі і апрача тытулу галоўнакамандуючага беларускага войска меў тытул віца - міністра Краёвай Абароны Літвы пры міністру абароны Вальдземарасе (28). Будучы на гэтай пасадзе, арганізоўваў літоўскае войска на Ковеншчыне. Маёр беларускага войска А. Ружанцаў пісаў у сваіх мемуарах: " ... віца - міністрам быў вельмі непапулярны сярод літоўцаў генерал расейскай службы К.А. Кандратовіч ... у хуткім часе генерал Кандратовіч падаўся ў дымісыю (адстаўку)" (29).


Гародна

Перад 1-й сусветнай вайной, пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям'я генерала купіла маёнтак Гародна ў Лідскім павеце: 500 га зямлі і лес, дзе генерал пасяліўся разам з дачкой Верай і жонкай Адай (30). Маёнтак Гародна мае вялікую і слынную гісторыю

Гародна, ў першай палове XVIII ст. быў спадчыннай уласнасцю княгіні Саламеі Радзівіл з Сапегаў. У 1762 г. яна падаравала яго стрыечнаму унуку Людвіку Скумін-Тышкевічу (памёр у 1809 г.), жанатаму на княгіні Канстанцыіі Панятоўскай (1759-1830). Кароль Станіслаў Аўгуст у Літве вырашыў абаперціся на Тышкевічаў. Адну з сваіх пляменніц, дачку кн. Казіміра Панятоўскага, кароннага падкаморыя, выдаў замуж за Людвіка Тышкевіча, для другой, Тэрэзы, дачкі Андрэя Панятоўскага, Аўстрыйскага фельдмаршала, выбраў Вінцэнта Тышкевіча, літоўскага ардынарыя. Людвік Тышкевіч, паслядоўна займаючы пасад віленскага цівуна, пісара вялікага літоўскага, гетмана польнага літоўскага, падскарбія вялікага літоўскага, а пасля падзелу краіны: губернскага маршалка "действительного статского советника" паступова пашыраў свае ўладанні вакол Гародна, набыўшы Перавозы і Забалаць з фальваркамі. Таксама былі пажалаваны яму каралём староства Эйшыскае, Васілішскае, Каняўскае, Радунскае і інш. Цэнтрам сваёй рэзідэнцыі ён выбраў Гародна. Ягоная зямельная маёмасць, падзеленая на дзве вялікія зоны, складалася з 65 вёсак. Добры гаспадар - ён трымаў свае маёнткі на высокім гаспадарчым узроўні.

Пасля смерці Людвіка Скумін-Тышкевіча ўвесь гэты вялікі маёнтак атрымала ў спадчыну ягоная адзіная дачка Ганна (1779-1867). Яна была замужам за Аляксандрам Патоцкім, а потым за Станіславам Дуніным-Вансоўскім. Тастаментам ад 1867 г. перапісала Гародна сыну ад першага шлюбу М. Патоцкаму (1812-1879) пасля смерці якога, ўсё перайшло ў спадчыну ў 1880 г. графу Аўгусту Патоцкаму. На прыканцы ХІХ ст. А. Патоцкі прадаў Гародна рускаму генералу Асатураву, ад якога маёнтак перайшоў да графа Ігнаццева, ад яго -- да генерала Кандратовіча. У той час маёнтак складаўся з 23200 дзесяцін зямлі і 15 фальваркаў, але Кандратовічы купілі толькі ягоную частку з Гароднам.

Людвік Тышкевіч, жанаты на княжне Канстанцыіі Панятоўскай, дачцы князя Казіміра, подкаморага вялікага кароннага, роднага брата караля Станіслава Аўгуста, у 1775 г. чакаў прыезду караля і як кажа мясцовае паданне на працягу аднаго году пабудаваў, хоць драўляны, але вельмі прыгожы двор у класічным стылі. Сядзіба пабудавана архітэктарам Ф.Эйсенам. Дом звонку не вылучаўся нічым асаблівым, але ў сярэдзіне быў бліскуча і з добрым густам аздоблены. На ўпрыгожванне сядзібы, Тышкевіч выдаткаваў вялікія сумы, запрашаючы мастакоў - дэкаратараў і майстроў, а таксама выпісваючы матэрыялы наўпрост з Парыжа. Кароль Станіслаў Панятоўскі у Гародна так і не прыехаў, аднак двор быў закончаны і не глядзячы на гульню лёсу дастаяў да другой сусветнай вайны.

Патоцкія ў Гародна бывалі эпізадычна і таму з-за недахопу гаспадарчага нагляду і надта па-спешнай будоўлі, паступова сцены пачалі нахіляцца, што запатрабавала рамонту. Ад зруйнавання сядзібу выратаваў М. Патоцкі, які аддаў загад адрамантаваць дом і ашаляваць сцены дошкай. Гэта не ўпрыгожыла дом але забяспечыла яму доўгае жыццё. Таксама ў сярэдзіне былі праведзены работы па кансервацыі інтэр'еру.

Сядзібны ансамбль у Гародна стваралі тры будынкі: жылы палац, дом прыслугі, што стаяў насупраць, а з правага боку - мураваная капліца.

Цэнтр кампазіцыі - драўляны на высокім мураваным цокалі 1-павярховы прамавугольны сядзібны дом у стылі класіцызму (1780 г., архітэктар Ш.Цуг). Прасторны аднапавярховы сязібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якіх вылучаліся рызаліты з чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, пад галоўны з якіх па шырокіх бакавых пандусах уязжалі карэты. Трохвугольныя франтоны порцікаў запаўнялі пластычныя картушы. Усярэдзіне дом меў парадную анфіладу апартаментаў з вялізнай бальнай залай у цэнтры. У падвале, у які вялі тарцовыя лесвіцы, знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні і жыллё прыслугі. Строгі і аскетычны знешні выгляд будынка кантраставаў з багаццем і пышнасцю інтэр'еру дома, аформленага з выкарыстаннем палатняных шпалер, тукавых панэляў, пазалочаных ба-рэльефаў, медальёнаў, гірлянд, кветак, ваз з арнаментным роспісам, кафляных грубак і камінаў, жырандоляў у стылі Людовіка-16 з крышталю з пазалочанамі бронзавымі аправамі. Захаваліся фатаздымкі 1939 г. па якіх можна ўявіць сабе выгляд дома на працягу 19-20 ст. Самы вялікі пакой займала бібліятэка. Яна адначасова служыла памяшканням для гульні ў карты і змяшчала 4 кніжныя шафы і бронзавы, з мармуровымі упрыгожваннямі стол для гульні ў карты, 14 карцін, 4 гіпсавых бюсты (30). Летам 1944 г. пасля бою аддзела АК з немцамі, акаўцы запалілі палац бо баяліся што ў ім будзе размешчаныа залога надыходзячай Чырвонай арміі.

Вось у гэтым прыгожым маёнтку і прайшлі апошнія гады жыцця беларускага генерала К. Кандратовіча. Пра гэтыя гады распавёў былы памочнік садоўніка маёнтка Струкель Уладіслаў Янавіч ( 1916 г. нар. у 1939 г. жаўнер, абаронца Варшавы).

Сям'я Кандратові-чаў вызначалася інтэлегентнасцю і добразычлівасцю да людзей. Сам генерал карыстаўся расейскай, беларускай, польскай мовамі ў побыце, у залежнасці ад абставін. Можна меркаваць, што адносіны з навакольнымі абшарнікамі не склаліся і блізкае сяброўства ўсталявалася толькі з ула-дальнікам сядзібы Малое Мажэйкава інжынерам А. Брахоцкім. Госці прыязджалі з Варшавы і Парыжу, дзе жылі сваякі жонкі Ады. У маёнтку быў аўтамабіль, які бачны на адным з фотаздымкаў. Дачка Вера атрымала хатнюю адукацыю, выйшла замуж за мастака з Англіі, іспанца па паходжанні, Трыстама Рэйні (Tristam Reiney ). З другой паловы 30-х і да смерці ў 1988 г. жыла ў Англіі.

У жніво, жонка Ада сустракала кожныя першыя вазы з падзякай да сялян і келіхам гарэлкі. Сам Струкель, тады яшчэ малады хлопец, атрымліваў заробак у памеры 90 пудоў жыта ў год плюс корм для жывёлы і бульбу, колькі трэба. Асабліва жонка генерала сачыла за прыгажосцю і парадкам у парку, сваім доме і ў дамах, дзе жыла прыслуга. Людзі, якія працавалі ў Кандратовічаў, атрымоўвалі безпрацэнтныя крэдыты на развіццё гаспадаркі, і калі гаспадары бачылі, што грошы ўкладзены з розумам, крэдыт спісваўся..

Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле, хварэючы стратай каардынацыі руху. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла сталую прыслугу. Памёр генерал Кандратовіч 31 кастрычніка 1932 г. і быў пахаваны ў тым самым мундзіры, у якім быў паранены у 1905 г. Пахаванне адбылося на лідскіх праваслаўных могілках.

17 верасня 1939 г. Ада Кандратовіч вымушана была з'ехаць праз Летуву ў Англію. У жніўні 1998 г. яе ўнук прыязджаў на Беларусь і перазахаваў труну генерала на новых могілках у г. п. Воранава. А урну з часткай праху сваёй маці, якая пражыла лепшыя гады маладосці ў маёнтку Гародна, пахаваў у прыгожым кутку парка, каля былой альтанкі, на крыжы напісана "Вера Киприяновна Рейни (Кондратович) 1912-1988". У траўні 2000 г. труна генерала была перазахавана каля царквы ў Воранаве.

Зараз унукі і праўнукі генерала жывуць у Англіі і ЗША.


Аўтар выказвае шчырую падзяку святару Мікалаю Семашкевічу, загадчыцы раённай дзіцячай бібліятэкі Людміле Яўнейка, унуку генерала Кандратовіча Джоржу Рэйні, лідскаму краязнаўцу Уладзіміру Круцікаву за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.


Ад рэдакцыі.

Здымкі сябра Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, сябра Народнага Сакратарыяту БНР, генерала ад інфантэрыі Кіпрыяна Антонавіча Кандратовіча былі апублікаваныя ўпершыню.


Заўвагі:


1 Czesław Malewski. Wykaz szlachty powiatu lidzkiego // Wilnus, "NaszaGazeta" №21(510)
2 Lietuviu eyciklpedija, Boston, T.12. S.318-319.
3 БЭ, Т.7. С.578.
4 Русско-японская война 1904-1905 гг. Спб., 1910, т. ІІ, С.10-12.
5 А.А. Игнатьев. 50 лет в строю. - Петрозаводск, 1963. - С.294.
6 http://george-orden.nm.ru/ordgrgjap.htm
7 К.А. Залесский. Первая мировая война. Биографический энциклопедический словарь. М., 2000. - С.423.
8 http://www.100top.ru/encyclopedia/article/?articleid=27120
9 А.А. Керсновский. История Русской армии. - М.: 2000, Т. III, С.181.
10 Такман Барбара. Первый блицкриг. - М.:1999, С.20.
11 Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 9.
12 Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 12.
13 Доклад правительственной комиссии: 23-й армейский корпус//Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 587-593.
14 А.А. Керсновский. История Русской армии. - М.: 2000, Т. III, С.172-200.
15 Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 172.
16 История первой мировой войны 1914-1918 гг. M:, 1975. С.161
17 Такман Барбара. Первый блицкриг. - М.:1999, С.306-358.
18 Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 286.
19 Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 293.
20 Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 297.
21 [ http://koleso.by.ru ] Солженицын А.И. Август Четырнадцатого. Глава 36
22 Восточно-Прусская операция: Сборник документов. М:, 1939. С. 310.
23 В. Савіцкі. Беларускае войска:ад ідэі да спроб рэалізацыі (1917 г.) // Беларускі гістарычны часопіс. №4 - 1994 г., С.60 - 61.
24 А.Б. Лакиер. Русская геральдика.-М., 1990. - С.244.
25 [ http://zerrspiegel.orientphil.uni-halle.de/t447.html ] Фонд-1 (канцелярыя Туркестанскага генерал-губернатара), опись-9, дело-256.
26 Спадчына. № 5 - 1995 г., С.26.
27 Аўген Калубовіч. Крокі гісторыі. - Мн., 1993. - С.32
28 Язэп Найдзюк. Іван Касяк. Беларусь учора і сяння. - Мн., 1993. - С.230.
29 А. Ружанцаў. Беларускія войскі ў Літве ( 1918 - 1920) // Спадчына. №4 - 1993 г., С.23.
30 Roman Aftanaz. Horodno.// Ziemia Lidzka. № 5 (33) , 1998. - S.21-27.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX