Папярэдняя старонка: Генерал Кіпрыян Кандратовіч

Генерал Кіпріян Кандратовіч на службе БНР 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 24-03-2004,
Крыніца: 'Наша Слова' № 10 (645), 17 сакавіка 2004 г.



Летась , аўтар надрукаваў у 3-х нумарах "Нашага Слова" артыкул аб ураджэнцу лідскага павета, міністру абароны БНР генералу ад інфатэрыіі Кандратовічу Кіпріяну Антоавічу (28.04.1859 - 31.10.1932). Зараз, з'явіліся матэрыялы, якія дазволілі удакладніць дзейнасць генерала на пасадзе міністра БНР.

У 1917 г. генерал ад інфатэрыіі Кіпріян Кандратовіч далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. На з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту ён быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую раду (ЦБВР).

Пасля стварэння Рады пачалася канкрэтная праца па арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Утворанае ў гэты час бюро па арганізацыі беларускага войска ўзначаліў генерал К. Кандратовіч, вэтэран балканскай, японскай і 1-й сусветнай вайнаў, аўтар тэарэтычных прац у вайсковай галіне, які ўваходзіў у той час у Беларускі выканкам Заходняга фронту. Ягонымі памочнікамі былі генерал-маёр Пажарскі, палкоўнік Камароўскі і паручнік К. Езавітаў. Працу па непасрэднаму фармаванню беларускіх палкоў на Заходнім фронце, перамовам са Стаўкай расейскага войска ўзяў на сябе К. Кандратовіч.

У канцы кастрычніка 1917 г. дэлегацыя воінаў - беларусаў Заходняга фронту ў складзе старшыні выканкама ЦБВР С. Рак - Міхайлоўскага, К. Кандратовіча, М.Ярушэвіча і І. Шчэрбы выехала ў Стаўку ВГК дзеля перамоваў з Вярхоўным галоўнакамандуючым генералам М. Духоніным аб арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Гэта быў час, калі нацыянальныя рухі Расейскай імперыіі карысталіся з дэмакратыі, дабытай пасля перамогі лютаўскай рэвалюцыі. Генерал М. Духонін першапачаткова нічога канкрэтнага не адказаў, але праз некалькі дзён прыслаў тэлеграму, якая дазваляла фарміраванне беларускіх адзелаў праз папаўненне беларусамі выбраных адзінак расейскага войска. К. Кандратовіч распрацаваў адпаведны план і атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палку ў Мінску, а ў наступным і беларускага корпусу на Заходнім фронце. У часе, калі генерал К. Кандратовіч чакаў на выканаўчыя распараджэнні Стаўкі, М. Духоніна паглынаў нарастаючы канфлікт з бальшавіцкімі ўладамі. 9 лістапада генерал М. Духонін быў зняты з пасады Галоўнакамандуючага. На яго месца бальшавікі прызначылі паручніка Мікалая Крыленка. М. Духонін не падпарадкаваўся гэтаму прыказу і застаўся ў Стаўцы. Бальшавікам удалося на той момант зняць з пасады Галоўнакамандуючага Заходнім Фронам генерала П. Балуева.

Генерал К. Кандратовіч, выконваючы прысягу, чакаў распараджэнняў ад вышэйшага кіраўніцтва. Пазыцыя старога ваякі састаяла у тым, што патрэбна палітычнае рашэнне, пасля ягога прафесійныя вайскоўцы выканаюць свой доўг. Але Часовага урада, ад імя якога Духонін дазволіў стварэння беларускага войска ужо не было, а да прыняцця палітычнай дэкларацыі аб суверэнеце Беларусі заставалася яшчэ 3 месяца, па меркам рэвалюцыйнага часу - цэлая эпоха. Не з'яўляючыся палітыкам, як напрыклад Пілсудскі, фармаваць войска якое будзе служіць невядома каму, генерал не мог. І таму ягоны намеснік, палкоўнік Камароўскі, стрымліваў маладых калег ад "неабмысленных крокаў". Такім чынам па-за межамі Мінску, арганізацыйную працу па стварэнню беларускіх вайсковых фарміравання генерал аддаў на волю лёсу. Між тым, дзякуючы ініцыятыве франтавых рад, рэалізуючых пастановы сваіх з'ездаў, праца па фармаванню беларускіх аддзелаў павольна прасоўвалася наперад.

Утвораныя на розных франтах беларускія арганізацыі і вайсковыя фармацыі спрабавалі наладзіць кантакт з генералам Кандратовічам, але на жаль безвынікова. Прыказы па тэлеграфу і інструкцыі сыходзілі толькі ад малодшых афіцэраў ЦБВР і кіраўніцтва яе палітычнага аддзелу. Не маючы над сабой палітычнага кіраўніцтва, Кандратовіч чакаў. Дайшло да таго што ён парваў прапанаваны яму да падпісання дакумэнт. Малодшыя афіцэры давялі Прэзыдыюму ЦБВР, што пакінуць вайсковы аддзел, калі генерал застанецца яго кіраўніком. Выканаўчы камітэт ЦБВР адхіліў ген. К. Кандратовіча ад кіраўніцтва аддзелам і передаў паўнамоцтвы паручніку К. Езуітаву, які быў да гэтага часу адным з намеснікаў.

Тым часам Галоўнакамандуючы М. Крыленка выдаў загад на стрыманне "нацыяналізацыі" войскаў і забараніў скліканне народных з'ездаў у прыфрантавых зонах. Суровыя загады, скіраваныя супраць украінцаў і палякаў, камандуючы Заходнім Фронтам А. Мяснікоў выкарыстаў супраць беларусаў, і загадаў 8 снежня далучыць салдат 1-га Беларускага Палка ў Мінску да размешчанага ў гэтым горадзе 289 запасного палка пяхоты. Гэта была ліквідацыя беларускага палка.

Пасля 25 сакавіка 1918 г. стварэнне беларускага войска было працягнута.

На пачатку красавіка немцы забаранілі дзейнасць Народнага Сакратарыята БНР. Шукаючы выйсця са склаўшагася становішча, Рада БНР прыняла ў свой склад кіраўнікоў беларускіх правых, з утворанага ў лютым 1918 г. Мінскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва. Вядучымі палітыкамі правых былі Р. Скірмунт, П. Алексіюк, ген. К. Кандратовіч, кс. В. Гадлеўскі, ген. А.Багдановіч, пратаерэй А. Кульчыцкі, А. Уласаў, В. Чаўсаў. Дзякуючы сваёй кампэтэнтнасці, дзеячы Мінскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва мелі большую павагу ў немцаў, чым сацыялісты ў складзе Рады БНР.

25 красавіка Рада БНР, па ініцыятыве Р. Скірмунта, паслала тэлеграму з падзякай нямецкаму канцлеру Вільгельму II і прасіла аб дзяржаўнай незалежнасці ў звязе з немцамі. Тэлеграму падпісалі: кіраўнік Рады БНР І. Серада, кіраўнік Народнага Сакратарыяту І. Варонка, Р. Скірмунт і іншыя. Кандратовіча сярод іх не было.

Тэлеграма нямецкаму канцлеру Вільгельму II выклікала востры крызыс у беларускім руху. Распаўся Народны Сакратарыят, з якого ў знак пратэсту выйшлі некалькі міністраў. На пачатку траўня на яго месцы была створана Рада міністраў пад кіраўніцтвам Р. Скірмунта. Міністрам вайсковых спраў у гэтай радзе быў прызначаны ген. К. Кандратовіч, замежных спраў - А. Алексіюк, сельскай гаспадаркі - Р. Астроўскі.

Галоўныя праблемы якія прыходзілася вырашаць міністру абароны - гэта грошы і кадры, бо прафесійнае і боездольнае войска на энтузіазме не ствараецца. І таму толькі 9 лістапада беларускі ўрад выдаў яшчэ адну пастанову аб фарміраванні войска. 11 лістапада ген. К. Кандратовічу, палкоўніку К.Езувітаву даручана стварэнне штабу 1-га Беларускага Палка. К. Кандратовіч, як сябар Рады БНР, пррапанаваў праэкт арганізацыі 20-тысячнае войска і паведаміў, што віленскія банкіры і грамадзяне ў падтрымку гэтай ідэі гатовы выдаткаваць значныя фінансавыя сродкі. Адзінай перашкодай, паводле ген. К. Кандратовіча, была неабходнасць згоды немцаў і пастаўка праз іх зброі.

Напрыканцы нямецкай акупацыі Беларусі кіраўніцтва Ober-Ostu (у Коуне) выказала згоду на фарміраванне агульнай для ўсіх нацыянальнасцей міліцыі пад кіраўніцтвам ген. К. Кандратовіча, з чым аднак не былі згодныя палякі, якія утваралі Аддзелы Самаабароны Зямлі Мінскай, Лідскай і інш. Таму, у часе сустрэчы ген. К. Кандратовіча з польскім камандуючым ген. Владыславам Вейкам, было вырашана, што кожная народнасць будзе мець уласныя аддзелы самааховы на прынцыпах аўтаноміі, і толькі ў выпадку агульнай пагрозы будзе падпарадкоўвацца агульнаму кіраўніцтву. У хуткім часе ў Мінску адбылася супольная нарада, на якой ген. К. Кандратовіч прапанаваў месца начальніка штабу паляку, палкоўніку Фабіяну Кабордо. Аднак да ўтварэння агульнага фронту супраць бальшавікоў не дайшло і абедзве стараны стваралі асобныя вайсковыя сілы.

У сувязі з магчымай акупацыяй Мінску на пачатку снежня 1918 г. частка беларускіх дзеячаў з А. Луцкевічам на чале падалася ў след за адыходзячымі нямецкімі войскамі ў Вільна. Разам з А. Луцкевічам былі генерал К. Кандратовіч і палкоўнік К. Езувітаў з групай афіцэраў добраахвотнікаў.

10 снежня большавікі занялі Мінск і рушылі далей на захад.

Звяртае ўвагу невялікая лічба прафэсійных афіцэраў у беларускім вайсковым руху, гэта было вынікам апалітычнасці кадравых афіцэраў і стомленасцю. І нават тыя нямногія вышэйшыя афіцэры, якія, як К. Кандратовіч, добраахвотна вызначыліся на беларускім баку, часта сустракалі абвінавачвання ў каньюнктурызме і клопаце выключна аб асабістай выгадзе. Так, напрыклад, левыя папракалі Кандратовіча у наяўнасці маёнтка Гародна лідскага павета.

Пры канцы 1918 г. у Горадні Кандратовіч зфармаваў штаб - Беларускую камендатуру і 1-ы беларускі полк. Ад пачатку снежня 1918 г. да канца красавіка 1919 года полк месціўся ў Александраўскіх казармах і складаўся з 5 ротаў і 1 эскадрона.

На пачатку 1919 г. генерал Кандратовіч разам з дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі Азнабішыным выязджае ў Парыж. У траўні гэтага ж года яны ўручылі старшыні канферэнцыі мемарандум урада БНР і атрымалі дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж. Пасля прыбыцця дэлегацыі, ён працаваў у яе складзе.

Немцы яшчэ раней, ў Вільні паведамілі ген. К. Кандратовічу, што не могуць дапусціць стварэнне літоўска-беларускага войска, аднак пасля паразы ў 1-й сусветнай вайне рэальны ўплыў на сытуацыю скончыўся. На пачатку студзеня 1919 г. ген. К. Кандратовіч і І. Варонка атрымалі паведамленне аб тым, што Антанта прыняла пастанову аб дапамозе літоўцам і беларусам грашыма і зброяй ў арганізацыі войска дзеля барацьбы з бальшавікамі.

Генерал К. Кандратовіч, згодна з дамовай паміж урадамі БНР і Летувы ад 11 лістапада 1918 г. камандаваў беларускім войскам, адступіўшым з Беларусі ў Летуву. Лістападаўскія пагадненні мелі на ўвазе таксама утварэнне беларускіх вайсковых адзінак, падначаленных літоўскаму галоўнаму кіраўніцтву. Войска літоўскае у тым часе знаходзілася ў зародкавым стане. Першы полк гэтага войска налічваў каля 30 афіцэраў і каля 200 салдат, а другі толькі некалькі афіцэраў і некалькі салдат. Такім чынам утварэнне беларускіх адзінак магло быць для войска літоўскага важным узмацненнем. Літоўскаму войску бракавала кадравых афіцэраў. З гэтай прычыну ген. Кіпрыян Кандратовіч на кароткі тэрмін быў прызначаны віцэ-міністрам народнай абароны ва Урадзе Літвы, але фактычным кіраўніком вайсковага быў прем'ер А.Вальдэмарас.

Будучы на гэтай пасадзе, арганізоўваў літоўскае войска на Ковеншчыне. Маёр беларускага войска А. Ружанцаў пісаў у сваіх мемуарах: " ... віца - міністрам быў вельмі непапулярны сярод літоўцаў генерал расейскай службы К.А. Кандратовіч ... у хуткім часе генерал Кандратовіч падаўся ў дымісыю (адстаўку)" .

На момант адстаўкі, неаднаразова паранены ў баях беларускі генерал меў 61 год узросту.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX