Папярэдняя старонка: Генерал Кіпрыян Кандратовіч

Занатоўкі да біяграфіі міністра БНР генерала Кандратовіча 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 14-10-2007,
Крыніца: 'Наша Слова' № 13(904) 1 красавіка 2009 г.



На пачатку 1919 г. генерал Кандратовіч разам з дэпутатам Дзяржаўнай думы Расіі Азнабішыным выязджае ў Парыж. У траўні гэтага ж года яны ўручылі старшыні канферэнцыі мемарандум ураду БНР і атрымалі дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж. Пасля прыбыцця дэлегацыі, генерал працаваў у яе складзе.

БЭ піша, быццам Кандратовіч К.А. застаўся жыць у Парыжы, і яго далейшы лёс невядомы. Такую ж інфармацыю дае і літоўская гістарычная энцыклапедыя выдадзеная ў Бостане.

І падобна на тое, што генерал насамрэч застаўся ў Парыжы. На нейкі час ...

Пакуль што ў мяне ёсць мінімум інфармацыі пра сына генерала - Кандратовіча Ўладзіміра Кіпрыянавіча. Але дакладна вядома, што ён нарадзіўся не ад шлюбу з Адай фон Рыхтар. Адзінае згадванне пра яго я знайшоў у кнізе. "З Масквы ў Маскву праз Парыж і Варкуту" Угрымава А.А: "Лёс гэтага чалавека (Кандратовіча У.К. - заўвага аўтара) тыповы для нашага часу Сын генерала Кандратовіча, ён быў младаросам у юнацкай "спартовай групе" (младаросы -правая палітычнай плынь у рускай эміграцыі заснаваная на ідэях еўразійства - заўвага аўтара). Прыгожы, статны, вясёлы хлопец... У 1939 годзе пайшоў добраахвотнікам у французскае войска і служыў у драгунскім палку - матарызаванай кавалерыі. Ваяваў усю кампанію 1939-1940 гадоў ... Быў узяты ў палон разам з Данзасам, таксама младаросам, які ў 1941 годзе пайшоў да немцаў, а Кандратовіч адмовіўся і вярнуўся ў Францыю толькі пасля вайны. У агульнай хвалі імкнення вярнуцца ў Расію і расчараваны Францыяй, рэпатрыяваўся ў канцы 1947 года.

Бадзяўся па Савецкім Саюзе ў надзеі знайсці нейкую працу ў сельскай гаспадарцы. Быў выселены з Крыму, дзе, было, зачапіўся. Спрабаваў мяне знайсці ў Саратаве, калі я быў ужо арыштаваны. Быў сам пасаджаны і асуджаны "тройкай" на прымусовыя працы на Варкуце. Быў паранены пры "беспарадках" на 29-й шахце, але застаўся пасля вызвалення, каб зарабіць грошы для жыцця з жонкай, якая прыехала да яго ў Варкуту пасля неверагодна цяжкіх гадоў, пакуль ён "сядзеў". Пазней пачаў працаваць на гарбарнай фабрыцы ў Асташкаве і знайшоў мяне па падручніку французскай мовы маёй дачкі. Захварэў ракам стрававода. Я ездзіў да яго ў Асташкаў і зрабіў, што мог, бо хатнія ўмовы ў яго былі цалкам дрэнныя. Яго, пры маім удзеле, змясцілі ў ... анкалагічную лякарню... у амаль безнадзейным стане. Ён усведамляў, што хварэе ракам і памірае. Ён памёр у мяне на руках з прычыны кровазліцця пасля апрамянення. Кандратовіч быў ахвярай таго патрыятычнага псіхозу, які нас ахапіў пасля перамогі ў вайне, перамогі і веры, што зараз Расія заквітнее! Урачыстае адпяванне Ўладзіміра было ... у царкве Пятра і Паўла ў Ляфортаве."

Неабходна дадаць, што заснавальнік плыні рускай думкі еўразійства Трубяцкі Мікалай Сяргеевіч (адзін з найбольш універсальных мысляроў рускай эміграцыі, лінгвіст, філолаг, гісторык, філосаф, палітолаг) прыходзіцца Ўладзіміру Кандратовічу далёкім сваяком у чацвёртай стрэчы. Прыхільнасць да палітычнага крыла гэтай плыні фатальна паўплывала на лёс сына генерала Кандратовіча.

Такім чынам, магчыма, што недзе яшчэ і ў Расіі зараз жывуць унукі генерала.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX