Вярнуцца: Генерал Кіпрыян Кандратовіч

Генерал Кіпрыян Кандратовіч. (150 гадоў з дня нараджэння)


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 04-12-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 46.



Мужыцкай нацыі каравую лічыну
Мы ўбок адсоўваем памалу...
З вякоў вяртаюцца ў сваю Айчыну
Яе князі і генералы...
C. Суднік

КАНДРАТОВІЧ Кіпрыян (Цыпрыян Антонавіч, 28 красавіка 1859, в.Зіневічы, Лідскі раён - 31 кастрычніка 1932, маёнтак Гародна, Воранаўскі р-н) - расейскі і беларускі вайсковы дзеяч, сябар Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, міністр Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Скончыў павятовую школу ў Лідзе. Рос і выхоўваўся з сынам князя Трубяцкога. Пайшоў па вайсковай лініі. Зрабіў бліскучую вайсковую кар'еру. Генерал ад інфантэрыі. Не парываў сувязі з радзімай, купіў маёнтак Гародна ў Лідскім павеце (цяпер Пагародна Воранаўскага раёна). Каля 1910 г. ажаніўся з Адай Рыхтэр, 1884 г.н. - курляндскай баранэсай, дачкой рыжскага генерала фон Рыхтэра. Тут, у Гародна, у 1912 г. нарадзілася дачка Вера.

Перажыў разгром расійскага войска ва Ўсходняй Прусіі ў 1914 годзе. У 1917 годзе перайшоў на бок беларускіх нацыянальных сілаў. У 1917 г. на з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту генерал ад інфантэрыі Кіпрыян Кандратовіч быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР). У структурах БНР супрацоўнічаў з беларускімі правымі: Раман Скірмунт, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, князь Альбрэхт Радзівіл, генерал А. Багдановіч, Эдвард Вайніловіч і інш.

На пачатку траўня 1918 г. была створана Рада Міністраў БНР пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта. Міністрам вайсковых спраў у гэтай радзе быў прызначаны генерал К. Кандратовіч.

У 1919 годзе генерал Кандратовіч браў удзел у складзе дэлегацыі БНР у мірнай канферэнцыі ў Парыжы.

Памёр у Гародна ад цяжкага інсульту. Быў пахаваны на Лідскіх праваслаўных могілках. У 1997 г. парэшткі генерала перапахаваныя ў Воранава. Жывыя два ўнукі: Георг жыве ў Лондане, Аляксандр Рэйні - у Францыі.

Постаць генерала ад інфантэрыі Кіпрыяна Кандратовіча стала вядома шырокай грамадскасці пасля шэрагу публікацый 2002 - 2007 гг. Аўтарам большасці гэтых публікацый з'яўляецца лідскі краязнавец Лявон Лаўрэш. Асноўныя публікацыі: "Спадчына" №1, 2002. С. 161-166; "Наша слова", № 9(596), № 10(597), № 11(598), 2003 г.; "Наша слова", № 10(645), № 2004 г.; "Лідскі летапісец", № 4(32), 2005 г. С. 12-26; кніга Лявона Лаўрэша "Генерал Кіпрыян Кандратовіч". Ліда. 2007. 44 с. Недаступным для даследчыкаў застаецца дзённік генерала, які захоўваецца ўнукам у Англіі.

Стаўленне да генерала К. Кандратовіча неадназначнае.

Адны лічаць яго нацыянальным героем, іншыя абвінавачваюць у тым, што ён не стаў дыктатарам, не стварыў войска, якое б адстаяла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, як гэта зрабілі Пілсудскі і Менергейм, дзеячы многіх іншых краін, што заснавалі незалежныя дзяржавы на крушнях рухнуўшых імперый.

І ўсё ж. Поўны генерал Расійскай імперыі, магчыма, княжацкай крыві, кавалер многіх ордэнаў стаў міністрам дзяржавы, народ якой у большасці сваёй не ведаў назвы гэтай дзяржавы і не разумеў, як можна жыць і без Расіі, і без Польшчы. Народ гэты і праз 70 гадоў не разумеў як Беларусь можа быць незалежнай, не ведаў што з незалежнасцю рабіць, атрымаўшы яе. Генерал у сваёй свядомасці шлях да Беларусі прайшоў вельмі хутка. Ён мог пайсці да бальшавікоў, мог пайсці да палякаў. Ён пайшоў да сваіх, да цёмных, сляпых, зашораных, але да сваіх, да амаль нерэальных беларусаў, за што гонар яму і слава!.


Паслужны спіс генерала ад інфантэрыі Кіпрыяна Антонавіча Кандратовіча

На службу паступіў 07.05.1875 у г. Вільня.

У 1878 г. скончыў 2-ю вайсковую Канстанцінаўскую навучальню. Юнкеры гэтай навучальні вывучалі, у асноўным, дакладныя навукі: матэматыку, аналітычную геаметрыю, дыферэнцыяльнае і пачатак інтэгральнага вылічэнняў, фізіку, хімію, механіку, чарчэнне.

Акрамя агульнаадукацынных і спецыяльных вайсковых навук, юнкеры навучаліся пешаму і коннаму шыхту, статутам, гімнастыцы, верхавой яздзе і фехтаванню. У лагерах праходзілі практычны курс стральбы і тапаграфіі, з рашэннем тактычных задач.

16.04.1878 г. выпушчаны падпаручнікам і прыпісаны да лейб-гвардзейскага Егерскага палка. Затым пераведзены ў лейб-гвардзейскі Ізмайлаўскі полк прапаршчыкам (прапаршчык гвардыі прыраўноўваўся да падпаручніка арміі).

Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877-78 гг. у шэрагах грэнадзёрскага корпуса.

29.07.1879 г. атрымаў чын падпаручніка гвардыі.

3 28.03.1882 г. паручнік гвардыі.

У 1884 г. скончыў Мікалаеўскую Акадэмію Генеральнага Штаба па 1-му разраду (г. зн. - быў сярод лепшых). Выпуск 1884 г. - 20 афіцэраў.

3 25.03.1884 г. штабс-капітан гвардыі, затым пераведзены ў капітаны Генеральнага Штаба (зноў пры пераходзе з гвардыі ў армію, аўтаматычна атрымаў чын на адну прыступку вышэй). Служыў пры штабе Маскоўскай Вайсковай акругі.

3 08.11.1884 па 02.04. 1888 афіцэр для адмысловых даручэнняў пры штабе Грэнадзёрскага корпуса ў Маскве. Дзеля павышэння па службе афіцэр абавязаны быў прайсці ўсе прыступкі камандавання, выканаць камандзірскі цэнз на ўсіх прыступках. Таму з 01.12.1885 па 01.10.1886 цэнзавае камандаванне ротай адбываў у 1-м лейб-грэнадзёрскім Екацерынаслаўскім палку.

З 24.04.1888 г. - падпалкоўнік.

Штаб-афіцэр для даручэнняў пры штабе Маскоўскай Вайсковай акругі (02.04.1888-12.12.1889).

Штаб-афіцэр для адмысловых даручэнняў пры камандуючым войскамі Маскоўскай Вайсковай акругі (12.12.1889-15.11.1897).

Палкоўнік (з 28.03.1893). Цэнзавае камандаванне батальёнам адбываў у 6-м грэнадзёрскім Таўрычаскім палку (01.05.-01.09.1895).

15.11.1897-02.02.1901 гг. начальнік штаба 2-й грэнадзёрскай дывізіі ў Маскве.

У 1884-1900 гг. супрацоўнічаў у газеце "Маскоўскія ведамасці" у якасці вайсковага аглядальніка.

Камандзір 2-й брыгады 36-й пяхотнай дывізіі (07.02.1901-11.07.1902).

Удзельнічаў у кітайскай кампаніі 1900 г.

У Кітаі ў траўні 1900 г. года ўспыхнула магутнае сялянскае паўстанне. Ініцыятарам паўстання з'явілася таемнае рэлігійнае таварыства "Іхэцюань" ("Кулак у імя справядлівасці і згоды"). У сувязі з тым, што ў назоў таварыства ўваходзіла слова "цюань" (кулак), замежнікі назвалі паўстанцаў "баксёрамі" а само паўстанне - "баксёрскім".

Паўстанцаў падтрымалі кітайскія вайсковыя часткі. У чэрвені "баксёры" дайшлі да Пекіна, па дарозе знішчаючы ўсіх замежных грамадзян і хрысціянаў-кітайцаў. Аблозе падвергнуўся еўрапейскі квартал, дзе знаходзіліся дыпламатычныя місіі. Урады дзяржаў, якія мелі эканамічныя інтарэсы на кітайскія ўзбярэжныя тэрыторыі, не маглі абыякава пазіраць на тое, што адбывалася. Асабліва калі пачала ліцца кроў еўрапейцаў. У мэтах вызвалення абложаных у Пекіне дыпламатычных місій, зацікаўленыя краіны пачалі спешна рыхтаваць узброеную інтэрвенцыю. Адзінае рашэнне было прынята ў еўрапейскіх сталіцах вельмі хутка бо "баксёры" не рабілі адрознення паміж еўрапейцамі: яны бязлітасна знішчалі ўсіх "белых чарцей".

(17KB) Генерал-маёр Кіпрыян Кандратовіч.

Была вырашана адправіць ў Пекін саюзныя воінскія кантынгенты. На пост галоўнакамандуючага міжнароднай карнай экспедыцыяй германскі імператар Вільгельм II прапанаваў 68-гадовага генерал-фельдмаршала Альфрэда фон Вальдерзее. Але, пакуль германскі генерал-фельдмаршал прыбыў на тэатр ваенных дзеянняў, барацьба з "баксёрамі" была ў асноўным ужо завершаная. 3 порта Цяньцзінь на сталіцу Цынскай імперыі Пекін выступіў міжнародны 20-тысячны экспедыцыйны корпус пад камандаваннем рускага генерала М.П. Ліневіча і адмірала Я. I. Аляксеева (9000 японцаў, 4000 рускіх, 6000 ангельцаў, амерыканцаў, французаў і іншых). Саюзнікі штурмам авалодалі кітайскай сталіцай і вызвалілі дыпламатычны квартал, абаронцы якога мужна вытрымалі 54-дзённую аблогу кітайцаў. У каштоўнай крыніцы аб падзеях гэтага часу ў Кітаі, кнізе «У стен недвижного Китая. Дневник корреспондента "Нового Края" на театре военных действий в Китае в 1900 году» Зміцера Янчавецкага (СПб-Порт-Артур. 1903 г.) на старонцы 472 чытаем: "24-га жніўня ў Пекін на тройцы прыбыў камандуючы войскамі віца-адмірал Я. І. Аляксееў, сустрэты перад варотамі Пекіна начальнікам вайсковых шляхоў палкоўнікам Кандратовічам. Прыняўшы рапарт (Кандратовіча - заўв. аўтара), адмірал праехаў у Імператарскую Расійскую місію …"

У 1900 г. з фармулёўкай "за баявыя адзнакі", раней тэрміну, Кандратовічу прысвоена званне генерал-маёр.

Але ў ліпені 1900 года "іхэтуані" (у іх ліку апынуліся і мясцовыя кітайскія войскі) напалі на Ўсходне-Кітайскую чыгунку: з 1300 вёрст чыгуначнай каляі было разбурана каля 900! Сотні мірных людзей - чыгуначнікі і члены іх сем'яў былі забітыя. Справа дайшла нават да таго, што войскі ціцікарскага губернатара Шоў Шаня пераправіліся цераз Амур і атакавалі горад Благавешчанск і ўзялі ў аблогу сталіцу Ўсходне-Кітайскай чыгункі (КВЖД) горад Харбін, спрабуючы знішчыць расейскіх будаўнікоў чыгункі. Гэта былі сапраўды драматычныя падзеі.

У Маньчжурыю былі ўведзеныя расейскія войскі. Падчас баёў з атрадамі "баксёраў" расейскія войскі страцілі 242 чалавекі забітымі і 1283 параненымі. Рэгулярныя войскі праціўніка былі хутка разбітыя. Для барацьбы з шматлікімі дробнымі аддзеламі былі створаныя лятучыя атрады расейскага войска. 3. Янчавецкі на старонках 604-607 піша: "23 верасня выйшаў з Мукдэна лятучы атрад пад начальствам Генеральнага Штаба генерала Кандратовіча, начальніка вайсковых шляхоў, у складзе пяхоты і артылерыі (падпалкоўнік князь Крапоткін), конніцы (есавул Мадрытаў) і сапёраў. Мэтай гэтага атрада было ўсталяваць зносіны па рацэ Ляохэ і яе прытоку Хунхэ, які праходзіць побач Мукдэна, для таго, каб дастаўляць транспарты вадою ...

Генерал Кандратовіч прайшоў увесь прызначаны шлях, меў у многіх месцах перастрэлку з кітайскімі войскамі і баксёрамі і ўпершыню ўсталяваў сувязь па рацэ Ляохэ паміж Мукдэнам і Інкоў. На генерала Кандратовіча ў кампанію 1900 года была ўскладзена вельмі цяжкая, складаная і адказная справа: забеспячэнне вайсковых шляхоў зносін і арганізацыіі тылу на вялізнай вобласці - ад Пекіна да Мукдэна.

Дзякуючы яго старанням, неўзабаве пасля ўзяцця Пекіна і Мукдэна нашымі сапёрамі быў праведзены рускі вайсковы тэлеграф паміж Порт-Артурам і гэтымі гарадамі. Таксама дзякуючы настойлівасці генерала Кандратовіча хутка быў адноўлены кітайскі тэлеграф, разбураны ў Манчжурыі "баксёрамі". 3 дапамогай гэтага тэлеграфа былі ўсталяваны прамыя тэлеграфныя зносіны паміж Порт-Артурам і Сібір'ю, дзякуючы чаму Пецярбург атрымаў магчымасць мець сувязь непасрэдна з Манчжурыяй і Квантунам па рускім тэлеграфе, не звяртаючыся да замежных кабеляў. Пасля генерал Кандратовіч быў начальнікам атрадаў, якія пасылаліся ў глыб Манчжурыі для ўціхамірвання краіны ... цяжкія і працяглыя экспедыцыі генералаў Кандратовіча, Цярпіцкага і Каўльбарса ў горы Манчжурыі толькі раскідалі гнёзды "баксёраў", але не знішчылі іх. Некалькі тысяч "баксёраў" і іх галоўны правадыр ... Ліўданьцзр (па-беларуску: шэсць шрацінак) здаліся рускім … Але тысячы іх яшчэ хаваліся ў лясах і скалах Манчжурыі для рабавання і гвалту."

* * *

3 11.07.1902 г. па 24.12.1903 г. генерал Кандратовіч знаходзіўся ў распараджэнні камандуючага войскамі Квантунскай вобласці. 3 24.12.1903 г.па 31.01.1904 г. - у распараджэнні Намесніка на Далёкім Усходзе.

Начальнік 9-й Усходне - Сібірскай стралковай брыгады (31.01-22.02.1904), разгорнутай ужо пасля пачатку руска-японскай вайны ў дывізію.

Камандзір 9-й Усходне-Сібірскай стралковай дывізіі (22.02.1904-05.03.1905).

Паранены ў баі 13.02.1905 г. на камандным пункце 1-га Сібірскага корпуса. Аб раненні камандзіра дывізіі паведамляла газета "Рускі інвалід" 18.01.1905, №13, С.З.

20.08.1904 г. "за баявыя адзнакі" (зноў датэрмінова) прысвоена званне генерал- лейтэнант.

Зноўку камандзір 9-й Усходне-Сібірскай стралковай дывізіі (05.03.1905-04.07.1906).

З 04.07.1906 г. па 02.01.1907 г.быў пры Галоўным Штабе.

17.07.1906 узнагароджаны ордэнам Св. Георгія 4-й ст. "За адзнаку ў справах супраць японцаў". У загадзе аб узнагароджанні было напісана: "Затое, што, будучы 16-га і 18-га жніўня 1904 г. начальнікам (38KB) Генерал ад інфантэрыі Кіпрыян Кандратовіч. баявога ўчастка на перадавых Ляалянскіх пазіцыях ля вёскі Фанцзятунь, ён, дзякуючы добраму кіраванню, асабістай мужнасці і ўмеламу выдаткоўванню сіл свайго малога атрада, адбіў шматлікія шалёныя атакі праціўніка, які пераўзыходзіў у шмат раз у ліку наш слабы атрад; 18-га жніўня, калі з прычыны велічэзнага змяншэння людзей у дывізіі, становішча атрада стала крытычным і прарыў пазіцыі супраціўнікам зрабіўся непазбежным, генерал-лейтэнант Кандратовіч, па асабістай сваёй ініцыятыве і насуперак загаду камандзіра корпуса, зрушыў бліжэйшыя да пазіцыі часткі карпуснога рэзерву (2 батальёны 18-га Ўсходне-Сібірскага стралковага палка), асабіста накіраваў іх на больш пагражальныя ўчасткі пазіцыі, чым абараніў пазіцыю і выратаваў ад непазбежнай згубы рэшткі сваёй дывізіі".

02.01.-25.01.1907 камандзір 2-га вайсковага кор-пуса. Штаб корпуса ў Гародні.

3 25.01.1907 г. па 01.01.1910 г. памочнік Туркестанскага генерал-губернатара і камандуючага войскамі Туркестанскай акругі, генерала Самсонава. Адначасова начальнік штаба Сямірэчанскага казачага войска ў г. Ташкент.

06.12.1910 атрымлівае найвышэйшае вайсковае званне Расейскай імперіі ў мірны час "генерал ад інфантэрыі".

Камандзір 1-га Каўказскага армейскага корпуса (01.01.1910-15.08.1913). Адначасова - памочнік генерал-губернатара ў Тыфлісе.

3 15.08.1913 г. камандзір 23-га армейскага корпуса.

Удзельнік паходу ва Ўсходнюю Прусію ў жніўні 1914 г. Па выніках баёў 30.08.1914 г. (катастрофа расейскіх войскаў) адхілены ад пасады.

Верагодна быў звольнены ў адстаўку, бо ў Спісе Генеральнага Штаба 1916 г. значыцца сярод вызначаных на службу з запасу і адстаўкі.

Знаходзіўся ў рэзерве чыноў пры штабе Менскай Вайсковай акругі (з 25.11.1915 г.) і такім чынам жыў у Беларусі. Верагодна, менавіта ў гэты час генерал зблізіўся з беларускай інтэлігенцыяй і дзеячамі беларускага адраджэння.

3 08.05.1917 г. камандаваў 75-й пяхотнай дывізіяй, якая дыслакавалася ў Беларусі.

Травень 1917 г. - не лепшы час для таго, каб генералу ад інфантэрыі ва ўзросце 59 гадоў аднаўляць сваю вайсковую кар'еру. Расейская армія развальвалася, генералаў масава здымалі з пасад, да 1 траўня 1917 г. былі адхіленыя ад займаных пасад 3 з 5 галоўна-камандуючых войскамі фронту (60%), 7 з 14 камандуючых арміямі (50%), 39 з 77 камандзіраў карпусоў (50,5%), каля траціны начальнікаў дывізій (75 з 240), такім чынам больш паловы вышэйшага каманднага складу былі выкінутыя з войска. У траўні 1917 г. зафіксаваныя першыя забойствы генералаў на фронце. 17 траўня група салдат арыштавала і забіла камандзіра 177-й пяхотнай дывізіі генерала Я.Я. Любіцкага. Тады ж загінуў ад рук сваіх салдат камандзір 184-й пяхотнай дывізіі генерал П.А. Шкарпэтак. Таму, можна выказаць здагадку, што вяртанне Кандратовіча ў войска было выклікана перспектывай беларусізаціі войска і ўдзелам у гэтым генерала. Тым больш цікава, што ў канцы верасня 1917 г. Часовы ўрад чамусьці запланаваў 75-ю дывізію, якая дыслакавалася ў Беларусі і мела камандзіра-беларуса падвергнуць ''мусульманізацыі". Па планах 75-я пяхотная дывізія павінна была камплектавацца татарамі з Казані. Пры такім раскладзе, Кандратовіч не змог бы заставацца камандзірам дывізіі.

За 42 гады службы ў Расейскім войску генерал К. Кандратовіч быў узнагароджаны ордэнамі:

Св. Станіслава 3-й ст. (1885);

Св. Ганны 3-й ст. (1891);

Св. Станіслава 2-й ст.(1896);

Св. Ганны 2-й ст. (1899);

Св. Уладзіміра 3-й ст. з мячамі (1902);

Св. Станіслава 1-й ст. з мячамі (1904);

Св. Ганны 1-й ст. з мячамі (1905);

Залатая зброя (1906);

Св. Георгія 4-й ст.(17.07.1906);

Св. Уладзіміра 2-й ст. (04.06.1909; 03.07.1909);

Белага Арла (06.12.1912).


Занатоўкі да біяграфіі генерала Кіпрыяна Кандратовіча

На пачатку 1919 г. генерал Кандратовіч разам з дэпутатам Дзяржаўнай думы Расіі Азнабішыным выязджае ў Парыж. У траўні гэтага ж года яны ўручылі старшыні канферэнцыі мемарандум ураду БНР і атрымалі дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж. Пасля прыбыцця дэлегацыі, генерал працаваў у яе складзе.

БЭ піша, быццам Кандратовіч К.А. застаўся жыць у Парыжы, і яго далейшы лёс невядомы. Такую ж інфармацыю дае і літоўская гістарычная энцыклапедыя выдадзеная ў Бостане.

І падобна на тое, што генерал насамрэч застаўся ў Парыжы. На нейкі час ...

Пакуль што ў мяне ёсць мінімум інфармацыі пра сына генерала - Кандратовіча Ўладзіміра Кіпрыянавіча. Але дакладна вядома, што ён нарадзіўся не ад шлюбу з Адай фон Рыхтар. Адзінае згадванне пра яго я знайшоў у кнізе. "З Масквы ў Маскву праз Парыж і Варкуту" Угрымава А.А: "Лёс гэтага чалавека (Кандратовіча У.К. - заўвага аўтара) тыповы для нашага часу. Сын генерала Кандратовіча, ён быў младаросам у юнацкай "спартовай групе" (младаросы - правая палітычнай плынь у рускай эміграцыі заснаваная на ідэях еўразійства - заўвага аўтара). Прыгожы, статны, вясёлы хлопец... У 1939 годзе пайшоў добраахвотнікам у французскае войска і служыў у драгунскім палку - матарызаванай кавалерыі. Ваяваў усю кампанію 1939-1940 гадоў ... Быў узяты ў палон разам з Данзасам, таксама младаросам, які ў 1941 годзе пайшоў да немцаў, а Кандратовіч адмовіўся і вярнуўся ў Францыю толькі пасля вайны. У агульнай хвалі імкнення вярнуцца ў Расію і расчараваны Францыяй, рэпатрыяваўся ў канцы 1947 года.

Бадзяўся па Савецкім Саюзе ў надзеі знайсці нейкую працу ў сельскай гаспадарцы. Быў выселены з Крыму, дзе, было, зачапіўся. Спрабаваў мяне знайсці ў Саратаве, калі я быў ужо арыштаваны. Быў сам пасаджаны і асуджаны "тройкай" на прымусовыя працы на Варкуце. Быў паранены пры "беспарадках" на 29-й шахце, але застаўся пасля вызвалення, каб зарабіць грошы для жыцця з жонкай, якая прыехала да яго ў Варкуту пасля неверагодна цяжкіх гадоў, пакуль ён "сядзеў". Пазней пачаў працаваць на гарбарнай фабрыцы ў Асташкаве і знайшоў мяне па падручніку французскай мовы маёй дачкі. Захварэў ракам стрававода. Я ездзіў да яго ў Асташкаў і зрабіў, што мог, бо хатнія ўмовы ў яго былі цалкам дрэнныя. Яго, пры маім удзеле, змясцілі ў ... анкалагічную лякарню... у амаль безнадзейным стане. Ён усведамляў, што хварэе ракам і памірае. Ён памёр у мяне на руках з прычыны кровазліцця пасля апрамянення. Кандратовіч быў ахвярай таго патрыятычнага псіхозу, які нас ахапіў пасля перамогі ў вайне, перамогі і веры, што зараз Расія заквітнее! Урачыстае адпяванне Ўладзіміра было ... у царкве Пятра і Паўла ў Ляфортаве."

Неабходна дадаць, што заснавальнік плыні рускай думкі еўразійства Трубяцкі Мікалай Сяргеевіч (адзін з найбольш універсальных мысляроў рускай эміграцыі, лінгвіст, філолаг, гісторык, філосаф, палітолаг) прыходзіцца Ўладзіміру Кандратовічу далёкім сваяком у чацвёртай стрэчы. Прыхільнасць да палітычнага крыла гэтай плыні фатальна паўплывала на лёс сына генерала Кандратовіча.

Такім чынам, магчыма, што недзе яшчэ і ў Расіі зараз жывуць унукі генерала.


Скарыстаная літаратура:

Военная энциклопедия издания Сытина. Т. 13. C.105. СПб., 1914

Список старшим войсковым начальникам, начальникам штабов: округов, корпусов и дивизий и командирам отдельных строевых частей. С.-Петербург. Военная Типография. 1913.

Список Генерального штаба. Исправлен на 01.01.1916. Петроград, 1916

Дмитрий Янчевецкий. «У стен недвижного Китая. Дневник корреспондента "Нового Края" на театре военных действий в Китае в 1900 году» СПб-Порт-Артур. 1903

Шишо А.В. «Неизвестные страницы русско -японской войны: 1904-1905 гг.» Москва; 2004 С.9-15.

Угримов А. А. Из Москвы в Москву через Париж и Воркуту / сост., предисл. и коммент. Т. А. Угримовой. - М. : Изд-во «RA», 2004. С.299.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX