Папярэдняя старонка: Генерал Кіпрыян Кандратовіч

Генерал Кандратовіч: два імгненні вечнасці 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 20-03-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Генерал Кандратовіч: два імгненні вечнасці // НАША СЛОВА № 12 (1163) 19 сакавіка 2014 г.

Спампаваць




Генерал Кандратовіч: два імгненні вечнасці

Да 96-х угодкаў БНР

Напісаць гэты артыкул я вырашыў пасля роздумаў над двума фотаздымкамі з генералам ад інфантэрыі, міністрам вайсковых спраў ва ўрадзе БНР Кіпрыянам Кандратовічам (1859-1932).

1904

Першы здымак з 1904 г. надрукаваны ў часопісе "Летапіс вайны з Японіяй" , на ім побач сядзяць генерал К. Кандратовіч , падпалкоўнік Ю. Доўбар-Мусніцкі (на фотаздымку бачны ягоныя пагоны падпалкоўніка), шталмайстар двара Радзянка , карэспандэнт "Новага часу" Растоўцаў і іншыя афіцэры.

Генерал-майор Довбор-Мусницкий, шталмейстер Родзянко, генерал-майор Кондратович.

Кандратовіч на 8 гадоў старэйшы за Юзафа Рамуальдавіча Доўбар-Мусніцкага (1867-1937), але абодва афіцэры скончылі адну з лепшых у Расіі 2-ю вайсковую Канстанцiнаўскую вучэльню ў Пецярбургу, абодва служылі ў элітным грэнадзёрскім корпусе, а потым скончылі Мiкалаеўскую акадэмiю Генеральнага Штаба. Аднакашнік па акадэміі Доўбар-Мусніцкага Ігнацьеў А.А. пісаў: "Пасля заканчэння акадэміі я быў, як і многія, здзіўлены, прачытаўшы ў загадзе, што, згодна з прадстаўленымі капітанам Доўбарам дакументамі, прозвішча яго варта дапоўніць і называць надалей - Доўбар-Мусніцкі. Тлумачылася гэта проста. Акадэмія была закрыта для афіцэраў польскага паходжання. Выбраўшы сабе мэту яе скончыць, ён насіў на працягу ўсіх першых гадоў службы скарочанае прозвішча і выдаваў сябе за лютараніна (Доўбар-Мусніцкі і насамрэч быў евангеліцка-рэфармацкага веравызнання - Л.Л. ). Я сустрэў яго на маньчжурскай вайне, дзе ён выявіў сябе ... адважным афіцэрам штаба геройскага 1-га Сібірскага корпуса. І, нарэшце, значна пазней, у Парыжы, я атрымаў ад яго ліст, у якім генерал Доўбар-Мусніцкі, былы камандзір рускага армейскага корпуса, тлумачыў мне прычыны свайго пераходу ў польскую армію" . Кандратовіч так сама на пачатку Першай Сусветнай вайны камандаваў армейскім корпусам. А пасля 1917 г., генерал Кандратовіч, які нарадзіўся пад Лідай і генерал Доўбар-Мусніцкі, народжаны ў Гарбаве каля Сандаміра, абодва фармавалі нацыянальныя войскі. Доўбар-Мусніцкі ў 1917 г. са згоды Вярхоўнага галоўнакамандуючага Карнілава арганізаваў на Заходнім фронце 1-шы польскі корпус і 25.01.1918 аб'явіў вайну бальшавікам (так званы "Мяцеж Доўбар-Мусніцкага"). Потым служыў у польскім войску і ў 1919 г. камандаваў польскімі войскамі ў час так званага Вялікапольскага паўстання ў былой прускай Польшчы. Быў вельмі ўплывовым палітычным праціўнікаў Пілсудскага і так сама, як і "маршалак" прэтэндаваў на вядучае становішча ў пасляваеннай Польшчы. Аднак перамог Пілсудскі, і Доўбар-Мусніцкі ў чыне генерала броні быў вымушаны выйсці ў адстаўку. Ён на 5 гадоў перажыў генерала Кандратовіча.

І дзесьці тут, на той самай Руска-Японскай вайне, ваявалі яшчэ два афіцэры, якія самым непасрэдным чынам прычыніліся да стварэння сваіх нацыянальных дзяржаваў: украінец, прапраўнук брата гетмана Івана Скарападскага (гетман у 1708-1722), будучы "Яго Светласць Яснавяльможны Пан Гетман ўсяе Украіны" ў 1918 г. Павел Пятровіч Скарападскі (1873-1945), які, як заўважаў той самы Ігнацьеў, заўжды ганарыўся сваім украінствам і швед па паходжанні, легендарны стваральнік незалежнай Фінляндыі Карл Густаў Эміль Манэргейм (1867-1951).

Чаму польскі і фінскі генералы другую палову жыцця пражылі ў пашане ў сваіх незалежных дзяржавах і пры канцы жыцця пісалі мемуары, а беларускі і ўкраінскі не? Пытанне, я думаю рытарычнае...

1916

Другі здымак знойдзены ў сусветным сеціве. На ім генерал Кандратовіч з біноклем у руках стаіць на лесвіцы ў траншэі каля каманднага пункта на якім вісіць шыльда з надпісам Кандратовіч, лета 1916 г.. "Наблюдат. пункт командира корпуса (Куропаткинский)" , а на адвароце фотаздымка Генерал Кондратович на наблюд. пункте у дер. Горны Скробов. 19-20/VI - 16 г. "Генерал Кондратович на наблюд. пункте у дер. Горны Скробов. 19-20/VI - 16 г." . Аматары вайсковай гісторыі добра ведаюць такі населены пункт у Беларусі, Горны Скробаў быў у самым віры так званай Баранавіцкай аперацыі 1916 г.

Але, пра ўсё па-чарзе.


Вядома, што былы вайсковы міністр Расіі Курапаткін А.Н. , пасля Руска-японскай вайны, дзе ён камандаваў Маньчжурскай арміяй, быў адлучаны ад службы за ганебныя паразы і толькі 12 верасня 1915 г. яго прызначылі камандаваць грэнадзёрскім корпусам, які нанава фармаваўся восенню 1915 г. у Яраслаўскай губерні. Сваю справу выкліканы з адстаўкі генерал ведаў і праз пяць месяцаў ён далажыў ў стаўку пра гатоўнасць грэнадзёраў да адпраўкі на фронт. Але ў канцы студзеня 1916 г. Курапаткін атрымаў прызначэнне на пасаду камандуючага 5-й арміяй Паўночнага фронту. Камандаваць корпусам быў прызначаны генерал-лейтэнант Парскі Д.П. (1866-1921), які, дарэчы, як і генералы Кандратовіч і Доўбар-Мусніцкі, так сама скончыў 2-ю вайсковую Канстанцiнаўскую вучэльню а потым Мiкалаеўскую акадэмiю Генеральнага Штаба.

На пачатку 1916 г. грэнадзёрскі корпус перакідваецца на Заходні фронт у 4-ю армію. Тут, каля беларускага горада Баранавічы, чакаюцца галоўныя падзеі кампаніі 1916 г.

Раён Баранавіч быў заняты германскімі войскамі яшчэ ў сярэдзіне верасня 1915 г. і лічыўся адным з найважнейшых участкаў германскага Усходняга фронту на кірунку Варшава-Масква. Па плану летняй кампаніі, адначасова з наступам Паўднёва-Заходняга фронту (19 карпусоў), Заходні фронт (23 карпусы) павінен быў наносіць галоўны ўдар 4-й арміяй на участку Наваградак-Баранавічы. На пачатку чэрвеня 1916 г. войскі Паўднёва-Заходняга фронту пачалі наступ, прарвалі пазіцыі аўстра-венгерскай арміі і пачалі прасоўванне ўглыб Галіцыі. Аднак камандуючы Заходнім фронтам генерал ад інфантэрыі А. Я. Эверт двойчы адкладваў намечанае наступленне Заходняга фронту, спачатку на 31 траўня (13 чэрвеня па новым стылі, далей усе даты - па старым стылі - Л.Л.), потым на 4 чэрвеня а далей ён зрабіў спробу наогул адмяніць аперацыю. Па катэгарычным патрабаванні Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, Заходні фронт абавязваўся "атакаваць праціўніка на фронце Наваградак-Баранавічы". На падрыхтоўку наступлення адводзілася 22 дні. Вось як раз пад час падрыхтоўкі прарыву генерал ад інфантэрыі Кандратовіч у ноч з 19 на 20 чэрвеня і апынуўся на камандным пункце грэнадзёрскага корпуса ў беларускай вёсцы Горны Скробаў.

15 ліпеня грэнадзёры пайшлі ў прарыў - восем кіламетраў фронту на корпус! Але прасунуцца далей першай лініі германскіх пазіцый не ўдалося, да вечара грэнадзёрскія атакі канчаткова захлынуліся ва ўласнай крыві, і салдаты вярнуліся ў свае акопы. У ноч з 17 на 18 ліпеня, выбітыя грэнадзёрскія дывізіі на пазіцыях каля Горнага Скробава былі заменены звычайнай пяхотай. 17 ліпеня рускае камандаванне пачало дадатковую артпадрыхтоўку і ў 19 гадзін вечара 5 дывізій пайшлі ў паўторную атаку. Страты за першыя тры дні аперацыі даходзілі да 50% асабовага складу, войскі былі вельмі стомленыя. Эверт вырашыў адкласці новыя атакі да 21 ліпеня і зрабіў перагрупоўку войскаў. Павольныя дзеянні рускага камандавання былі выкарыстаны немцамі, якія умацавалі атакаваныя ўчасткі і ўзмацнілі іх артылерыяй. 21 ліпеня на досвітку пачалася новая артпадрыхтоўка, а ў 2 гадзіны ночы 6 дывізій пайшлі ў атаку. На працягу дня войскі чатыры разы хадзілі ў атаку, але поспеху не мелі, прасунуўшыся ў цэнтры ўсяго толькі на 2 км. У выніку доўга рыхтаваўшаяся аперацыя звялася да авалодання толькі першай умацаванай лініяй і захопу некалькіх гармат. А 27 ліпеня 1916 г. ужо германскія войскі распачалі контрнаступленне. Страты рускай арміі ў гэтай бітве склалі 80000 чалавек супраць 13000 чалавек забітых немцаў.


Генерал Кандратовіч у 1914 г., пасля паразы расейскіх войскаў ва Ўсходне-Прускай кампаніі быў адхілены ад займанай пасады і, відавочна, звольнены ў адстаўку, але ўжо з 25 лістапада 1915 г. ён знаходзiўся ў рэзерве чыноў пры штабе Менскай вайсковай акругі і таму ў спісе генералаў Генеральнага штаба за 1916 г. значыцца сярод прызначаных на службу з запасу і адстаўкі. Цікава было б даведацца, што канкрэтна рабіў генерал у штабе грэнадзёрскага корпуса, але ў прынцыпе, магчымы толькі тры варыянты:

- Генерал выконваў нейкае даручэнне вышэйшага камандавання;

- Ён атрымаў прапанову прыняць камандаванне над нейкай вайсковай часткай і на месцы вывучаў мэтазгоднасць гэтага;

- Проста прыехаў з Менска ў госці да баявых сяброў.

Покуль дакладнай інфармацыі няма.


Аднак, амаль праз год, 8 траўня 1917 г., Кандратовiч прыняў на сябе камандаванне 75-й пяхотнай дывiзiяй з мэтай беларусiзацыi яе войскаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX