Папярэдняя старонка: Генерал Кіпрыян Кандратовіч

Мае бацькі працавалі ў пана генерала і пані генераловай… 


Аўтар: Куплевіч Віталь,
Дадана: 08-05-2021,
Крыніца: Куплевіч Віталь. Мае бацькі працавалі ў пана генерала і пані генераловай… // Лідскій Летапісец, 2020. 1(89). С. 32-41.



Па слядах жыцця і гаспадарчай дзейнасці генерала К. Кандратовіча і яго сям'і ў маёнтку Гародна

І. Уводзіны

Генерал Кіпрыян (Цыпрыян) Кандратовіч прайшоў слаўны жыццёвы шлях. …

Многія старонкі жыцця і дзейнасці генерала Кіпрыяна Кандратовіча даследаваны, але засталося шмат белых плямаў.

Мы павінны быць удзячнымі тым гістарычным дзеячам, якія стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Выяўленне кожнай новай падрабязнасці з іх жыцця і дзейнасці, жыцця і дзейнасці іх сем'яў - заўсёды актуальная тэма. Тым больш, што лёс многіх бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржавы быў трагічным. Магіла ген. К. Кандратовіча была закінута і забыта на доўгія дзесяцігоддзі. Беларуская нацыянальная памяць - святое.

Адна з белым плям - падрабязнасці жыцця і гаспадарчай дзейнасці генерала і яго сям'і (да і пасля смерці К. Кандратовіча ў 1932 г.) у 1920-30-ыя гг. (ХХ ст.) у маёнтку Гародна, што ў сучасным Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласці.

Мэта даследавання: устанаўленне элементаў побыту і гаспадарчай дзейнасці сям'і К. і А. Кандратовічаў у маёнтку Гародна ў 1920-30-ыя гг. ХХ ст., а таксама выяўленне месцазнаходжання палаца, частак парку, гаспадарчых пабудоў і інш. на тэрыторыі маёнтка (дакладна або прыкладна).

Задача: па ўспамінах нашчадкаў працаўнікоў, па зласных здымках сям'і Кандратовічаў, карцінах у палявым даследаванні выявіць элементы побыту і гаспадарчай дзейнасці сям'і Кандратовічаў. На падставе аналізу і сінтэзу атрыманай інфармацыі ўстанавіць дакладнае або прыкладнае месцазнаходжанне палаца, гаспадарчых пабудоў, саду, агароду і алеяў парку сям'і Кандратовічаў.

Узроўні даследавання - выяўленне асоб, рэканструкцыя элементаў соцыюму (побыт і гаспадарчая дзейнасць).

Адзінкі даследавання - асоба, мясцовы (лакальны) соцыюм.

Прадмет даследавання - элементы побыту, галіны гаспадаркі.

Аб'екты даследавання - асобы, соцыюмы.

Спосабы даследавання:

1. Даследаванне літаратуры, карт, тэледэтэкцыі і інтэрнэтных рэсурсаў.

2. Апытанні жыхароў в. Пагародна.

3. Збіранне вуснай гісторыі ў в. Пагародна (паводле лекцый і прыкладаў праф. А. Смалянчука). www.fly-uni.org › ales-smalyanchuk, https://eurobelarus.info › society › 2014/03/03, 01. Уводзіны ў вусную гісторыю (27. 03. 2015), Прафесар Алесь Смалянчук у гасцях на ТUT BY (2011).

4. Палявое даследаванне матэрыяльнай спадчыны (рэшткі парку і навакольных пабудоў, каплічкі).

Гіпотэзы.

1. З элементаў побыту найбольш верагодна ўстанавіць віды работ і адпачынку працаўнікоў сям'і Кандратовічаў, а таксама рабочае і святочнае адзенне работнікаў.

2. Сям'я К. Кандратовіча хутчэй займалася многімі галінамі сельскай гаспадаркі. З раслінаводства: вырошчваннем зерневых культур (жыта, пшаніцы), бульбы, садаводствам (яблыкі, грушкі, вішні, сліўкі), агародніцтвам (цыбуля, часнык, агуркі, памідоры), вырошчваннем тытуню. З жывёлагадоўлі: гадоўляй буйной рагатай жывёлы, свінагадоўляй, птушкагадоўляй, конегадоўляй.

ІІ. Асноўная частка

Ход даследавання:

І. Даследаванне пачалося са знаёмства з агульнай даступнай інфармацыяй (з энцыклапедый, кніг, газет, карт і інтэрнэт-рэсурсаў). Яны выкладзены ва ўводзінах і літаратуры.

ІІ. Першая паездка ў в. Пагародна пачалася са знаёмства з інфармацыяй у Пагародненскай бібліятэцы. Там было ўказана імя і прозвішча былой работніцы ў гаспадарцы ген. К. Кандратовіча Зофіі Азяроўскай. Апытанне жыхароў в. Пагародна дало вынікі. У Пагародне жыве яе дачка Ганна Браніславаўна Лінга (дзявочае прозвішча Азяроўская). Спосабам збірання вуснай гісторыі атрымалі: змястоўны расповед Ганны Браніславаўны Лінгі, фотаздымкі з сямейнага архіва Кіпрыяна і Ады Кандратовічаў, якія прывёз з Лондана іх унук Юры.

ІІІ. Другая паездка ў Пагародна дала наступныя вынікі. Пагародзенцы нам падказалі, што продкі (бацькі) Зыгмунта Матоніса, Яніны Банкоўскай і Ірэны Козел працавалі ў сям'і ген. К. Кандратовіча. Атрымалі расповеды.

ІV. У выніку трэцяй паездкі быў даследаваны фрагмент парку XVIII cт. Паводле расповедаў вышэйназваных жыхароў было ўстаноўлена месца знаходжання палаца ген. К. Кандратовіча, знойдзены рэшткі пабудовы для захоўвання насення, падмуркі для бурта, сад з 1920-30-ых гадоў, а таксама алеі. Зроблены фотаздымкі адпаведных аб'ектаў.

V. У чацвёрты раз мы (падчас імшы ў пагародненскай каплічцы) ўбачылі каплічку знутры і (на цэнтральным алтары) гістарычны крыж, які захоўваўся на гарышчы дома Ірэны Козел, а таксама абраз, што захоўваўся дома ў Галіны Галіцкай. Зрабілі фотаздымкі каплічкі звонку і знутры. Аднак з-за таго, што крыж і абраз не асветлены збізку, а ўвосень у каплічцы быў змрок, - у нас не было магчымасці іх сфатаграфаваць. Асобы старэйшага пакалення нам распавялі пра Галіну Галіцкую, аднак мы не засталі яе дома.

VI. Пятая паездка была і выніковай, і не. Мы запісалі ўспамін Галіны Галіцкай і не запісалі самы важны ўспамін - пані Марысі. Ад Галіны Галіцкай мы даведаліся пра паню Марысю. Пані Марыся - апошняя жыхарка Пагародна, якая працавала ў пана генерала і пані генераловай. Як сказаў нам унук - пані Марыся знаходзіцца ў Вільні ў дачкі, і яе прывязуць аж у пачатку лютага 2020 г.

VIІ. Падчас камеральнай апрацоўкі вынікаў даследаванняў было ўстаноўлена:

1. Адзенне, што насілі людзі ў гаспадарцы Кіпрыяна і Ады Кандратовічаў у 1920-30-ыя гг.:

а) У час працы. Жанчыны насілі хусткі, кашулі, доўгія спадніцы. Часта былі без абутку. Спераду на спадніцы завязвалі фартухі. Мужчыны - кашулі, порткі, часам кепкі. Пакаёўка апранала сінюю сукенку, белы фартушок, чорныя панчошкі, завязвала белую хустачку. Ада Кандратовіч на карціне - у, верагодна, цёмна-сіняй сукенцы.

б) У час свят. Жанчыны завязвалі хусткі, апраналі кашулі, спадніцы, нават сукенкі. Абувалі боцікі. Юная Верачка Кандратавічаначка на фотаздымку апранута ў сукенку, трымае на руцэ плашч, абута ў туфлі, хутчэй за ўсё, на высокіх абцасах. На кані апранута ў порткі і, хутчэй за ўсё, у дзявочы пінжачок. Юныя дзяўчаты хустак звычайна не насілі. Апраналі кашулі, спаднічкі, фартушкі, нават сукенкі. Мужчыны на святы апраналіся ў гарнітуры (касцюмы). Узімку апраналі кажухі. Тое бачна на фотаздымку калядавання.

2. Элементы побыту:

а) праца на жніве: жалі сярпамі;

б) пры складанні стога: салому і сена насілі, хутчэй за ўсё, віламі (сахарамі), трымалі ўверсе над галовамі, падавалі наверх віламі. Тронкі былі, хутчэй за ўсё не доўгія;

в) праца пакаёўкі: прыбіранне ў пакоях, раздача ежы на стол;

г) пры выпасе кароў і коней: гналі на пашу аж пад вёску Жусіны, дзе пасвілі і адкуль прыганялі на ноч у кароўнік;

д) адпачынак: танцы;

і) калядаванне;

к) паездка ў касцёл св. Юрыя (в. Асава).

Маентак генерала Кандратовчіа.

3. Месцы (дакладна або прыкладна), дзе размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы і палеткі з гаспадаркі К. і А. Кандратовічаў, месцы адпачынку, а таксама дамы работнікаў - чвартакі і іншае (гл. тэледэтэкцыю):

Умоўныя абазначэнні:

1. Палац. Не захаваўся. Быў спалены ў час Другой сусветнай вайны. Усе сведкі кажуць, што на гэтым месцы пабудаваны будынак.

2. Капліца. Пасля Другой сусветнай вайны яе разбурылі. Засталіся толькі сцены. Была адбудавана, аднак вонкавы і ўнутраны выгляд спрасціўся.

3. Дом для прыслугі. Разбураны. Не адноўлены.

4. Алея. Ліпы былі спілаваны. Вяла з палаца да шашы Гародня - Тракелі і далей.

5. Чвартакі. Шэсць чвартакоў - дамоў, у якіх жылі работнікі (знаходзіліся па абодва бакі збоку і спераду ад палаца) былі знесены.

6. Ферма. Не захавалася. Знаходзілася справа ад параднага ўваходу ад палаца. На тым месцы пабудовы: дом і хлеў.

7. Сад. Знаходзіўся па левы бок ад палаца і парку. Засталіся старыя дрэвы, магчыма, пасаджаныя пазней. Каб палічыць колькі год дрэвам, патрэбна спілаваць адно старое дрэва і палічыць колькасць колаў

8. Склад. Засталіся сцены і заваленыя бэлькі. Падмурак, магчыма, ад іншага склада або парніка.

9. Агароды. Не захаваліся. Прыкладна займалі прамежкі паміж алеямі.

10. Лядоўня. Не захавалася. Гіпатэтычна знаходзілася з левага боку ад парку або ля фермы.

11. Возера. Захавалася. Паводле ўспамінаў пагародненцаў у 1980 гг. бабры валілі ў яго дрэвы. Было рашчышчана ад дрэў.

13. Дарожка ў парку. Захавалася.

14. Альтанка. Не захавалася. Лаўкі не захаваліся.

15. Алеі. Не захаваліся. Зараслі падростам. Магчыма, змяніўся відавы склад дрэў.

16. Магіла Веры Рэйней, або Рэйні (Кандратавічанкі).

ІІІ. Заключэнне

Нашы гіпотэзы ў асноўным пацвердзіліся. Па ўспамінах, фотаздымках і карцінах, а таксама падчас палявых даследаванняў нам удалося ўстанавіць віды работ і адпачынку як работнікаў гаспадаркі маёнтка, так і гаспадароў, устанавіць іх знешні выгляд, а таксама тыя галіны найперш сельскай гаспадаркі, якія былі прадстаўлены ў гаспадарцы К. і А. Кандратовічаў.

Жыццё генерала Кіпрыяна Кандратовіча і яго сям'і ў маёнтку Гародна ў 1920-30-ыя гады слаба вывучаная тэма. Былыя работнікі Кіпрыяна і Ады Кандратовічаў памерлі. Засталіся іх нашчадкі. Гэта людзі старэйшага ўзросту. Мы доўга шукалі такіх асоб.

Яшчэ дваццаць-дзесяць год таму жылі людзі, якія працавалі ў гародзенскай гаспадарцы. У працэсе далейшых пошукаў мы паспрабуем знайсці нашчадкаў Лебедзя, нашчадкаў пані Адаміцкай, якая дапамагала гадаваць дачку генерала Веру, нашчадкаў іншых асоб, што працавалі ў беларускага патрыёта за польскім часам. Пошукі працягваюцца…

Надзвычай уразіла тое як добра адзываліся нашчадкі работнікаў гаспадаркі генерала К. Кандратовіча аб тых, хто даваў працу іх бацькам. Нямала з іх было беззямельных сялян. У ваколіцы, нам казалі, хадзілі пагалоскі пра добрых пана генерала і пані генераловай. Таму да яго працаваць прыехалі продкі Ірэны Козел з Івейшчыны, а Галіны Галіцкай - з-пад Салечнікаў. Ці мог не любіць нашых людзей той хто змагаўся за тое, каб нашы продкі мелі сваю дзяржаву? Ці мог ненавідзець іх той хто выбраў іх - свой народ? Пытанне рытарычнае…

Галоўнае, што мы даведаліся аб тым, што генерал Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч быў выбітным дбайным гаспадаром. Ён працягнуў традыцыю нашых славутых землякоў Тодара Нарбута, Францішака Багушэвіча і Вандаліна Шукевіча. Пасля яго ў другой палове ХХ ст. такім жа выбітным гаспадаром у Доцішках стаў Франц Казлоўскі.

У будучыні магчыма аднаўленне палаца і пабудоў.

Нам важна знайсці былога святара воранаўскай праваслаўнай царквы, адшукаць адрас унука Кіпрыяна і Ады Кандратовічаў Юрыя з Вялікабрытаніі, сабраць сродкі на добры помнік генералу К. А. Кандратовічу і г. д.

Бацькам-заснавальнікам БНР і БССР знакаміты беларускі рок-спявак Лявон Вольскі прысвяціў сваю песню "Героі не паміраюць". У ёй ёсць наступныя радкі:

Героі не паміраюць.

Яны нас не пакідаюць.

У свеце слаты ды імжы.

Героі не паміраюць.

Яны ў душы нам заглядаюць.

І ў душах працягваюць жыць.

Я веру, што ў будучыні будзе адбудаваны палац генерала К. Кандратовіча. У ім паўстане музей прысведчаны жыццю і дзейнасці нашага земляка і яго сям'і - чалавека, які глядзеў на дзесяцігоддзі наперад. Пры ўласным жыцці ён не дачакаўся паўстання беларускай дзяржавы. Прайшлі дзесяцігоддзі. У 1990-91 гадах мара жыцця генерала Кіпрыяна Кандратовіча споўнілася. Беларусь стала суверэннай дзяржавай.

Літаратура:

1. Лаўрэш, Л. Генералы БНР / Л. Лаўрэш // Наша слова. 2018. - 31 студз. - С. 6.

2. Суднік, С. У мясцінах Кіпрыяна Кандратовіча / С. Суднік // Наша слова. - 2018. - 14 лют. С. 8.

3. Лаўрэш, Л. Стэнаграма відэазапісу (зроблены з Рулько Г. А. былой пакаёўкай Кандратовічаў). Відэазапіс захоўваецца ў Пагародненскай сярэдняй школе / Л. Лаўрэш // Наша Слова. - 2018. - 14 лют. С. 8.

4. Лаўрэш, Л. Генерал які дайшоў да Беларусі /Л. Лаўрэш. Гродна: Юрсапрынт, 2018. - 440 с.

Дадаткі

Дадатак 1

Расповед Ганны Браніславаўны Лінгі. Запісана 28. 10. 2019 г.

Жыве ў в. Пагародна Пагародзенскага сельсавета Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці.

"Мае бацькі працавалі ў пана генерала і пані генераловай за польскім часам у 1920-30-ыя гады.

Казалі, што пан генерал і пані генералова мелі велькую гаспадарку, якая мела сотні гектараў земляў. Вырошчвалі жыта, пшаніцу, бульбу. Гаралі зямлю коньмі. Аднаго-трох коней запрагалі ў плугі. Затым сеялі зерне альбо садзілі бульбу. Загортвалі баронамі. Жалі сярпамі. Малацілі зерне цапамі, а хавалі ў свірнах. Салому і сена складалі ў велькія стагі (салому падсцілалі жывёліне, а сенам кармілі).

У гаспадарцы быў кароўнік, дзе трымалі венцай, чым сто кароў і быкоў. Малочныя пароды кароў на той час давалі за 20 літраў малака ў суткі.

У свінарніку ўтрымоўваліся сотні галоў свіней пародаў на скварку і на мяса.

Зараблялі па два злотыя ў дзень. Гэта было дужа, бо на такія грошы можна было купіць пуд зерня.

Жылі ў чвартакох. Чвартакамі называлі велькія дамы на чатыры сям'і. Мой тата працаваў лясніком. Адзін раз з гранаты хацеў зрабіць люльку. Тая ўзарвалася і пакалечыла яму твар і вочы. Пан і пані заплацілі яму за медычную дапамогу. Пасля таго тата не змог працаваць у лесе, але гадаваў кароў і коней. Яны выселіліся з чвартака ў іншы дом.

Гаспадарку вяла пані генералова. Была дбайнай гаспадыняй. Трымала эканомку і служанку.

Тым работнікам, якія не мелі ні сена, ні саломы давала сена і салому. Тых сялян, якія мелі ўласныя коні і вазы, прасіла дапамагчы на сезонных работах (пры падвозе сена, саломы і інш.). За працу ім плаціла.

У гаспадарцы быў сад, дзе раслі яблыкі, вішні, сліўкі і інш.

А якім ладным быў парк з возерам у сярэдзіне ў выглядзе крыжа! Бацькі казалі пра ліповую алею. Як квітнелі ліпы, было файна.

Хто працаваў у выхадныя дні, зараблялі за дзень у два разы венцай - чатыры злотыя. Ім дазвалялася гуляць у парку.

У парку праходзілі танцы. Музыканты гралі на гармоніках, бубне і скрыпцы. На гітарах тады ніхто не граў.

У велькім палацы жылі пан генерал, пані генералова, іх дачка Вера. Жылі так, як і ўсе паны. Была канюшня. Мелі коней. Конюх гадаваў, карміў і прыглядаў коней. Дачка Вера любіла ездзіць на конях.

Перад 1939 годам дачка К. і А. Кандратовічаў Вера пазнаёмілася з кавалерам з Англіі. Той быў мастаком. Маляваў файна. Гасціў у панны Веры. Намаляваў дужа карцін аб побыце ў маёнтку Гародна.

У 1939 годзе разумныя людзі ведалі, што будзе вайна, таму з Англіі прыляцеў самалёт і забраў пані Кандратовічаву з дачкой Верай. Пагарадзенец Адам Стрэлка нёс ім чамадан. Казаў, што быў не велькі, але моцна цяжкі.

Пан Кіпрыян Кандратовіч прыходзіў у каплічку і мадліўся. Мае бацькі казалі, што да пана генерала ніхто не прыязджаў.

У 1990-ых гг. у Пагародна з Англіі на машыне прыехаў унук ген. К. Кандратовіча Юрка. Ён думаў, што ў Беларусі няма асвальтавых дарог. Пагарадзенцы добра адзеліся і яго ладня спатыкнулі. Ён не думаў, што ў Беларусі ест асвальтаваныя дарогі, а таксама, што людзі ладня адзяваюцца.

Затым Юрка пачаў сябраваць з бацюшкам Вараноўскай праваслаўнай парафіі і дапамагаў яму будаваць цэркву".

Дадатак 2

Расповед Зыгмунта Матоніса. Запісана 14.11.2019 г.

"Мой бацька Казімір Матоніс працаваў у пані генераловай у 1920-30-ых гадах. На працу хадзіў з вёскі Вайкунцы. Па ўмове мусіў адпрацаваць тры дні на тыдзень. Працаваў на ферме, гараў зямлю. Як калі што трэба было рабіць.

Фермы былі направа ад палаца, убок перад капліцай.

Нарадзіўся мой тата ў 1900 годзе, а памёр у 1983."

Дадатак 3

Расповед Яніны Банкоўскай. Запісана 21.11.2019 г.

"Называюся я Яніна Банкоўская (па-мужу). Нарадзілася ў 1935 г.

Мая мама ў пана генерала і пані генераловай працавала пакаёўкай у 1920 гады. Тады яшчэ жыў сам пан генерал. Называлася Марыся Вітукевічанка (дзявочае прозвішча). Калі выйшла замуж, стала Зіневічавай. Яшчэ гадавала малую Верачку Кандратавічаначку.

У пані выйшла замуж. Пані дала пасаг грашыма - злотымі. Венцай, чым 50 польскіх злотаў. За такі велькі пасаг маладыя купілі аж каня з возам. Мае бацькі пачалі жыць каля Даўгялаў.

Братова мая называлася Стася Вайткунова. У палацы працавала кухаркай. І варыла сама і дапамагала варыць. Кармілі і пана, і пані, і работнікаў.

Мой тата Ян Зіневіч працаваў столярам. У гаспадарцы пана была сталярня.

Найперш рабіў вазы. Да вазоў - колы з дзерава. Круглыя! Да круглых колаў прыбіваў бляху. Каб дзерава не з'езджвалася.

Будаваў дамы. Пілавалі дзеравы, сушылі. Разам з дзеравамі сушылі мох. Мералі мэтрамі. Удвух пілавалі піламі. Пілы былі велькімі, на две ручкі. Выпілоўвалі куты. Потым складалі дзеравы. Паміж дзеравоў лажылі сухі мох. Потым наверх падымалі бэлькі, ставілі кроквы. Дужа работы мелі.

Яшчэ мой тата ставіў печкі з цэглы, з гліны і абкладваў печкі кафляй.

Казалі, што добрым быў майстрам.

Памёр, калі меў шэсцьдзясят гадоў. Мне тады было тылько дванасця гадоў".

Дадатак 4

Расповед Ірэны Козел. Запісана 04.12.2019 г.

"Называюць мяне Ірэна Козел. Нарадзілася другога студзеня 1934 года.

Мой бацька Язэп Плюст з-пад Іўя. Быў мужыком. Сваей зямлі не меў. Хадзіў па панох і наймаўся рабіць. У 1920-30 гадох, каб пракарміць сям'ю працаваў у паноў Кандратовічаў. Гараў зямлю, гадаваў скаціну на фермах. Рабіў усё тое, што трэба было рабіць.

Жылі мы ў чвартаку. Як ідзеш да палаца, чвартак стаяў направа. У чвартакох было ад чатырох да васьмі дзвярэй.

Бандыты спалілі дзеравянны палац. Невядома чаго! Але і ладны быў! У ім нават галава зубра вісела.

Лядоўня на той бок пад парк была. Што ў яе лажылі - мне не вядома.

Пасля вайны мой бацька з чвартака злажыў нашу хату.

Пан Езус з каплічкі ляжаў на гары ў нашай хаце".

Дадатак 5

Расповед Галіны Галіцкай. Запісана 09.12.2019 г.

"Я Галіна Галіцкая. Нарадзілася ў 1948 року.

Мая мама, Станіслава Банкоўская, нарадзілася ў Вільканцах, што ў Салечніцкім раёне Літвы. Бацькі маёй мамы былі беззямельнымі сялянамі. Прыехалі ў Гародна на працу да пана генерала і пані генераловай. Жыла мая мама з бацькамі ў чвараку. Чваракоў было шэсць, па чатыры кватэры для работнікаў.

Працавала да 1936 року. Даіла каровы. Каровы былі рабыя (чорна-белыя) і давалі дужа малака. Скаціна: каровы і коні пасвілася каля Лапацішкаў.

Замуж мая мама выйшла ў 1936 року. Пані генералова падарыла шафу і грошы-злотыя.

Мой тата быў лесніком, даглядаў прыватныя лясы Кандратовічаў.

У нашай хаце ад 1939 року да часу, калі была адбудавана каплічка, ляжаў даўнейшы абраз".

кіраўнік: Куплевіч Віталь Эдуардавіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX