Вярнуцца: Вайскоўцы

Віктар Кузьміцкі Viktar Kuzmicki


Дадана: 22.11.2008,
Крыніца: Лідскі летапісец № 39.



60 год з дня нараджэння Віктара Кузьміцкага


Атамная падводная лодка К-3 "Ленінскі камсамол"

К-3 "Ленінскі камсамол". 08.09.67. Нарвежскае мора.Камандзір - капітан 2-га рангу Юрый Сцяпанаў. Падчас вяртання падводнай лодкі К-3 "Ленінскі камсамол" з баявой службы, у першым адсеку адбылося ўзгаранне гідраўлікі. Пры пераходзе асабовага складу ў другі адсек, пажар праз адчыненыя переборачныя дзверы перакінуўся далей. Вылучэнне чаднага газу было настолькі інтэнсіўным, што ў трэці адсек паспела выскачыць толькі два чалавекі з 40. Капітан-лейтэнант Маляр А.А. знутры задраіў 2-гі адсек і ўжо праз некалькі хвілін асабовы склад першага і другога адсекаў перастаў адказваць на запыты цэнтральнага паста. Кароткачасовае адкрыццё пераборочных дзвярэй з трэцяга адсека ў другі для правядзення выведкі прывяло да загазоўвання і трэцяга адсека, дзе асабовы склад таксама пачаў губляць прытомнасць. Камандзір карабля даў каманду на ўсплыцце. Лодка ўсплыла ў надводнае становішча. Камандзір сам пачаў адкрываць люк, не выраўняўшы ціску, атрымаў моцны ўдар і страціў прытомнасць. Побач знаходзіўся памочнік камандзіра капітан-лейтэнант Аляксандр Ляскоў. На дапамогу падаспеў механік Юрый Някрасаў з разлікам 8-га адсека. Яны ўключылі вентыляцыю трэцяга і чацвёртага адсекаў і пачалі выносіць афіцэраў і матросаў наверх. Медыкі рабілі ўсё мажлівае, але матроса, якога вынеслі апошнім, не адкачалі. Такім чынам да 38 чалавек, якія засталіся ў 1-м і 2-м адсеках дадаўся яшчэ адзін загінулы. На дапамогу падышоў крэйсер "Мурманск" са зменным экіпажам. Лодка ў надводным становішчы з загерметызаванымі першым і другім адсекамі чацвёра сутак ішла ў базу. У выніку аварыі загінула 39 чалавек. Сярод іх у адным з загермітазаваных адсекаў застаўся лідзянін Віктар Кузьміцкі.

На лодку з'явілася праверка. Яна ацаніла дзеянні экіпажа. Пяць чалавек былі прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, астатнія да ордэнаў і медаляў, 39 - пасмяротна. Аднак следам з'явілася яшчэ адна праверка начале з Галоўнакамандуючым Ваенна-Марскога Флоту СССР, адміралам флоту СССР Гаршковым. Камісія знайшла ў адным з адсекаў разабраную запальнічку. Гаршкоў абвініў экіпаж у аварыі, быццам з-за гэтай запальнічкі ўзнік пажар. Усе прадстаўленні да ўзнагародаў былі ануляваныя. Гаршкоў пры ўсіх аварыях віну ўскладваў на асабовы склад. Нават афіцэр, які цаной свайго жыцця выратаваў К-19, атрымаў званне Героя савецкага Саюза толькі пасля таго, як пра гэтую лодку знялі фільм амерыканцы. Такім чынам без узнагароды застаўся і Віктар Кузьміцкі.


K-3 "Ленінскі камсамол" 1958/1991С. 3 ліпеня 1958 лодка, якая атрымала тактычны нумар К-3, выйшла на хадавыя выпрабаванні, што праходзілі ў Белым моры. 4 ліпеня 1958 г. у 10 гадзін 3 хвіліны ўпершыню ў гісторыі айчыннага флоту для руху карабля была выкарыстаная атамная энергія. Выпрабаванні завяршыліся 1 снежня 1958 г. Падчас іх магутнасць энергетычнай устаноўкі была абмежаваная 60% ад намінальнай. Пры гэтым была дасягнутая хуткасць 23,3 вузла, што на 3 вузлы перавысіла разліковую велічыню. У студзені 1959 г. К-3 была перададзеная ВМФ для доследнай эксплуатацыі, якая завяршылася ў 1962 г., пасля чаго АПЛ стала "паўнавартасным" баявым караблём Паўночнага флоту.

У 1959 г. К-3 пад камандаваннем капітана 1 рангу Л. Г. Асіпенкі прайшла пад арктычнымі льдамі 260 міль. 17 ліпеня 1962 г. гэтая АПЛ выканала пераход да Паўночнага полюсу, аднак усплыць на паверхню перашкодзіў шчыльны лёдавы полаг, таўшчыня якога дасягала 12 м. Неўзабаве пасля арктычнага паходу падводнай лодцы К-3 было прысвоена назва "Ленінскі камсамол". У далейшым К-3 прайшла мадэрнізацыю, якая складалася ў правядзенні шэрагу дапрацовак, павысіўшых надзейнасць парапрадукцыйнай устаноўкі, замене некаторага абсталявання, устаноўцы новай сістэмы тарпеднай стральбы, удасканаленні радыёэлектроннага абсталявання. Антэну ГАС "Арктыка-М" перанеслі з агароджы рубкі ў насавы адсек лодкі, дзе быў сфармаваны выступаўшы за абводы корпуса наплыў, а над тарпеднымі апаратамі была размешчаная антэна новай шумапеленгатарнай станцыі МГ-10.

Эксплуатацыя АПЛ "Ленінскі камсамол" працягвалася да 1991 г., пры гэтым лодка несла службу нароўні з іншымі атамаходамі. Пасля спісання "Ленінскага камсамолу" існавалі планы пераабсталявання яго ў карабель-музей (адпаведны праект быў распрацаваны КБ "Малахіт").

Яшчэ жывуць многія ўдзельнікі паходу 1967 года. Адзін з іх дэпутат Дзяржаўнай думу Расіі, мінулага склікання Сітноў Віктар Уладзіміравіч, доктор права, член Пятроўскай Акадэміі па навуцы і культуры, эканамічны дарадца Расійскай Інжынернай Акадэміі.

З успамінаў

Юрыя Анатольевіча Трафімава, былога падводніка, жыхара Санкт-Пецярбурга

Суровы марскі закон

8 верасня 1967 года каля дзвюх гадзін ночы на першынцы атамнага флота Савецкага Саюза "К-3", які знаходзіўся ў Нарвежскім моры, адбыўся пажар. Ішлі 56-я суткі плавання ў падводным становішчы, лодка вярталася ў базу, да яе заставалася 1700 міль.

Пажар пачаўся ў першым адсеку ад небяспечнай канцэнтрацыі пароў гідраўлікі (у той час у гэтай сістэме скарыстоўвалася гаручанебяспечная вадкасць), выкліканай працёкамі ў гідраўлічнай сістэме, і ўзнікненнем іскры. Пры пераходзе асабовага складу ў другі адсек, пажар праз адчыненыя пераборачныя дзверы перакінуўся далей. Выдзяленне чаднага газу было настолькі інтэнсіўным, што ўжо праз некалькі хвілін асабовы склад першага і другога адсекаў стаў недзеяздольным (не адказваў на запыты цэнтральнага паста), кароткачасовае адкрыццё пераборачных дзвярэй з трэцяга адсека ў другі для правядзення выведкі прывяло да загазоўвання і трэцяга адсека, дзе асабовы склад (а гэта цэнтральны пост, гэта значыць галоўны камандны пункт падводнай лодкі) таксама пачаў губляць прытомнасць. Аварыйная партыя чацвёртага адсека пачала выводзіць асабовы склад з трэцяга, лодка ўсплыла ў надводнае тановішча, правентылявала трэці і чацвёртыя адсекі пускам дызель-генератараў на працягу некалькіх гадзін, і ў надводным становішчы з загерметызаванымі першым і другім адсекамі чацвёра сутак ішла ў базу. Лодка выратаваная, але 39 маракоў загінулі, зачыненыя ў двух адсеках - такі суровы закон падводнікаў.

З кнігі "Атамная падводная эпапея".


Падводнікі, якія загінулі на атамнай лодцы "Ленінскі камсамол" 8 верасня 1967 г.

Капитан 2 ранга Горшков Сергей Фёдорович, 1932 г.р.

Капитан 3 ранга Коморкин Лев Фёдорович, 1936 г.р.

Капитан-л-нт Ганин Геннадий Иванович, 1937 г.р.

Капитан-л-нт Маляр Анатолий Алексеевич, 1937 г.р.

Капитан-л-нт Смирнов Валентин Николаевич, 1938 г.р.

Лейтенант Гурин Виктор Михайлович. 1942 г.р.

Лейтенант Петреченко Александр Иванович, 1947 г.р.

Мичман Буторин Алексей Алексеевич, 1942 г.р.

Главный старшина Романцев Борис Митрофанович, 1944 г.р.

Старшина 2 статьи Зацепин Николай Михайлович

Старшина 1 статьи Таранов Владимир Георгиевич, 1944 г.р.

Старшина 1 статьи Богачев Николай Михайлович.

Ст. матрос Лаврушкин Владимир Петрович, 1945 г.р.

Ст. матрос Соболев Николай Петрович. 1947 г.р.

Ст. матрос Тарабан Виктор Иванович, 1945 г.р.

Ст. матрос Ярошевич Владимир Николаевич, 1946 г.р.

Матрос Богачев Владимир Михайлович, 1947 г.р.

Матрос Осипчук Александр Степанович, 1947 г.р.

Матрос Посталатий Виктор Фёдорович, 1947 г.р.

Ст. 2 статьи Гурьев Николай Николаевич, 1944 г.р.

Ст. 2 статьи Иванов Анатолий Иванович, 1945 г.р.

Ст. 2 статьи Гарагонич Юрий Иванович, 1945 г.р.

Ст. 2 статьи Розанов Валерий Николаевич, 1944 г.р.

Ст. 2 статьи Слугин Михаил Иванович,

Ст. 2 статьи Кисловский Геннадий Иванович, 1945 г.р.

Ст. 2 статьи Пузевич Константин Николаевич, 1944 г.р.

Ст. 2 статьи Юзефович Пётр Иосифович, 1944 г.р.

Ст. матрос Богалев Сергей Фёдорович, 1946 г.р.

Ст. 2 статьи Вечерин Игорь Васильевич, 1945 г.р.

Ст. 2 статьи Гайдай Сергей Николаевич, 1943 г.р.

Ст. матрос Воробьев Александр Васильевич, 1946 г.р.

Матрос Кузьмицкий Виктор Антонович, 1947 г.р.

Матрос Кужепов Анатолий Александрович, 1947 г.р.

Мичман Мусатов Владимир Иванович, 1935 г.р.

Гл. старшина Михнин Владимир Яковлевич, 1943 г.р.

Матрос Клеменчук Владимир Николаевич, 1947 г.р.

Матрос Коровин Александр Васильевич, 1947 г.р.

Матрос Романов Владимир Николаевич, 1946 г.р.

Матрос Гайвас Аркадий Константинович, 1946 г.р.


(Спіс падводнікаў пададзены на мове арыгіналу, каб не дапусціць скажэнняў небеларускіх прозвішчаў.)



З успамінаў Віктара Станіслававіча Дабраловіча,

былога падводніка, жыхара г. Ліды

Цесная Поўнач

Атамная падводная лодка К-3 (гэта першая атамная лодка) была перададзеная ВМФ для баявой эксплуатацыі ў 30 ліпеня 1958 г. У гэтым жа годзе К-3 прайшла пад арктычнымі льдамі, а ў 1962 годзе здзейсніла пераход да Паўночнага полюсу, але не ўсплыла. Пасля апошняга паходу лодцы была прысвоена назва "Ленінскі камсамол".

(26KB) Віктар Кузьміцкі.У верасні 1967 года экіпаж АПЛ К-181, бартавы нумар 147 на якой служыў я, быў падняты па трывозе з загадам сабрацца на пірсе дзе швартаваліся падводныя караблі. АПЛ К-181 праекту 627А была некалькі больш дасканалая, больш новая, на ёй было ўсталявана больш сучаснае абсталяванне: даўжыня лодкі 107 метраў, шырыня 7,9 метра, хуткасць ходу 30 вузлоў, экіпаж больш за сто чалавек. У той час гэта быў лепшы экіпаж Паўночнага флоту.

Прыбыўшы на пірс, у тэрміновым парадку размясціліся на хуткаходных кацерах і поўнымі хадамі пайшлі ў адкрытае мора. У Баранцавым моры нас чакаў крэйсер "Мурманск", і поўнымі хадамі пайшлі ў Нарвежскае мора. Праз некалькі сутак мы ўбачылі АПЛ К-3 у надводным становішчы. На крэйсеры нас сабраў камандзір і паставіў баявую задачу. К-3 знаходзіцца ў аварыйным стане, мы павінны памяняць экіпаж, прывесці АПЛ у магчымы нармалёвы стан і адшвартавацца ў Заходняй Ліцы. На К-3 узнік пажар у першым адсеку, выгаралі цалкам першы і другі адсекі разам з асабовым складам і аварыйна-выратавальнымі групамі, якія аказвалі дапамогу ў тушэнні пажару.

Для павелічэння запасу жывучасці і забеспячэння надзейнай жыццядзейнасці карабля АПЛ дзеліцца пераборкамі на адсекі, кожны адсек задрайваецця вадзін ад другога на крэмарары і замкі. Паводле наяўнага настаўлення па барацьбе за жывучасць карабля, усе адсекі задрайваюцца і экіпаж дзейнічае па баявой трывозе ў аварыйнай сітуацыі. Так было зроблена і на К-3. Аднак асабовы склад двух адсекаў і аварыйна-выратавальныя групы з іншых адсекаў дзейнічаючы ў тых умовах, якія склаліся, выйці з аварыйных адсекаў не змаглі.

На крэйсеры "Мурманск" былі прыведзеныя ў баявы стан усе наяўныя плаўсродкі для спуску на ваду. Мы былі гатовыя на шлюпках рушыць у чатырохбальнае хваляванне мора да аварыйнага карабля. Прааналізаваўшы сітуацыю, якая склалася і перамовіўшыся з камандзірам аварыйнай АПЛ, было прынята рашэнне памяняць экіпаж, як толькі ўвойдзем у зону спакою, што і было зроблена. Паводле штатнага раскладу К-181 я, адмысловец БЧ-5, старшына 8-га адсека, павінен быў прыняць і абслугоўваць 8-мы адсек і аказваць дапамогу аварыйна-выратавальнай службе флоту - аддрайваць верхнія люкі адсекаў: першага - уваходны і тарпедапагрузачны, восьмага - уваходны. Як толькі мы выйшлі на аварыйную лодку адразу было відаць што экіпаж дзейнічаў і змагаўся за жывучасць карабля і асабовага складу ў найскладаных умовах, у адсеках усе сродкі жывучасці і пажаратушэння былі прыведзеныя ў баявы стан і гатовыя да ўжывання.

К-3 мы абслугоўвалі да поўнага спынення рэактараў, неслі службу па баявым раскладзе. Падчас аварыі на лодцы К-3 загінулі 39 чалавек. На лодках 627-га праекту першы адсек тарпедны з боекамплектам 20 тарпед і восем тарпедных апаратаў з магчымасцю стральбы на глыбінях да 100 м.

Гераічныя дзеянні асабовага складу К-3, а ў прыватнасці аварыйных адсекаў не далі магчымасці ў полымі пажару падарвацца ні адной тарпедзе. А калі б адбыўся выбух адной, здэтанавалі б усе астатнія, а неабходна ўлічыць на АПЛ К-3 былі ўсталяваныя 2 атамныя рэактары, і К-3 вярталася з баявой службы з поўным боекамплектам.

Сёння мы можам сабе ўявіць, што б было тады, калі б адбыўся выбух. Менавіта дакладныя, суладныя дзеянні асабовага складу, бездакорнае выкананне настаўлення па барацьбе за жывучасць, не шкадуючы свайго жыцця не дапусцілі выбуху тарпедаў і рэактараў і тым самым выратавалі К-3. Пасля рамонту эксплуатацыя АПЛ "Ленінскі камсамол" працягвалася да 1991 года, пры гэтым лодка несла службу нароўні з іншымі атамаходамі.


Так двое лідзян аказаліся ў адзін час на адной лодцы. Кузьміцкі, зачынены ў аварыйным адсеку, а Дабраловіч у складзе зменнага экіпажу.



г. Лида, Гродненской области,

ул. Советская, дом -70,

завод "Лидсельмаш".

Секретарю комитета ВЛКСМ

На Ваш запрос №-45 от 5 апреля 1968 года сообщаю, что подробностей героической гибели комсомольца матроса Виктора КУЗЬМИЦКОГО сообщить Вам не имею права, т.к. это является военной тайной.

Могу только охарактеризовать его службу в учебном отряде города Кронштадта (в/ч 09990-11) и на соединении - на подводной лодке "Ленинский комсомол". За период учебы и службы Виктор зарекомендовал себя дисциплинированным, трудолюбивым, исполнительным и инициативным моряком. Во время учёбы он был назначен командиром отделения в смене. Неоднократно поощрялся. командованием за старательность. Комсомольцы учебного отряда избрали его членом комсомольского бюро роты. Большое участие принимал КУЗЬМИЦКИЙ в оборудовании классов и учебных кабинетов.

Всё это позволило ему окончить учебный отряд с отличием, а на подводной лодке - одним из первых сдать на самостоятельное управление боевым постом.

На корабле Виктор пользовался авторитетом среди командования и товарищей, имел целый ряд поощрений. При выполнении боевого задания он проявил мужество и героизм, выполнил свой долг до конца.

Память о боевом друге и товарище сохранится навсегда в сердцах комсомольцев объединения.

Похоронен Виктор здесь, в Североморске - 7. Посмертно он занесён в "Книгу Почёта комсомольцев Краснознамённого Северного Флота".

ПОМОЩНИК НАЧАЛЬНИКА ПОЛИТОТДЕЛА ПО

КОМСОМОЛЬСКОЙ РАБОТЕ В/ЧАСТИ 39061

ИНЖЕНЕР-КАПИТАН 3 РАНГА: ЗАЙЦЕВ П.И./

8 мая 1968 года.



ВІКТАР КУЗЬМІЦКІ

Віктар Кузьміцкі нарадзіўся 24 жніўня 1947 года ў вёсцы Гута Драгічынскага раёна, Берасцейскай вобласці. Неўзабаве сям'я пераязджае ў пасёлак Масты Гарадзенскай вобласці. (16KB) Віктар у дзяцінстве.

У 1951 годзе сям'я пераязджае з Мастоў у г. Ваўкавыск, дзе Віктар ідзе ў школу. Адсюль у 1954 годзе ён пераязджае да сваякоў бацькі ў г. Драгічын, дзе працягвае вучыцца.

У 1958 годзе Віктар вяртаецца ў г. Ваўкавыск да бацькі, вучыцца ў школе № 1. Віктар захапляецца тэхнікай, займаецца ў школьным тэхнічным гуртку. Любіць маляваць, чарціць, прымаў удзел у афармленні насценгазет, святочных калон. З 1962 года з'яўляецца членам ВЛКСМ.

У 1962 годзе сям'я Віктара пераязджае ў гор. Ліду. Тут ён паступае вучыцца ў 9 клас школы № 11. Падчас вучобы ў 10 класе школы № 11, быў абраны ў склад камітэта камсамолу, вёў працу ў камсамольскім спартовым сектары.

За ўдзел у грамадскім жыцці школы мае шэраг падазяк ад дырэкцыі школы і ГК ЛКСМБ. З 1964 года Віктар - камандзір гарадскога камсамольскага штаба школьнікаў.

Віктар захапляўся спортам, меў другі спартовы разрад па лёгкай атлетыцы. Удзельнічаў у абласной спартакіядзе школьнікаў, дзе паказаў выдатныя вынікі ў бар'ерным бегу.

Кузьміцкі Антон, бацька: "Я па прафесіі будаўнік, таму часта знаходзіўся ў раз'ездах. Дзяцей бачыў рэдка. У нас іх было двое: Віктар і Наташа. Віця ў дзяцінстве вельмі любіў ляпіць розныя фігуркі з гліны, лавіць рыбу. Часта мы з ім ездзілі на рыбалку. У першы клас пайшоў Віктар у 1954 годзе. Школа была далёка, але Віця заўсёды хадзіў пешшу. Вучыўся добра. Дома дапамагаў мацеры. Пасля пераезду ў Ліду Віктар пачаў вучыцца ў 11-й школе.

У школе яго вылучылі ў камітэт камсамолу. Падабалася яму гэтая праца. Бывала прыйдзе і распавядае, як у іх прайшоў збор. Або як яны рыхтаваліся да агляду. Часта Віця гаварыў: "Шукай і знаходзь. Знойдучы дабрае, аддай людзям".

Кузьміцкая Зоя Аляксандраўна,маці: "У дзяцінстве Віця рос ціхім хлопчыкам. Пачаў вучыцца ў школе. Хадзіў у школу за 5 км лесам. Ён баяўся ваўкоў, аднойчы прыйшоў дадому і гаворыць: "Мама. Сёння нас сустрэў воўк і сказаў, што я вас з'ем". Вучыўся Віця добра, прыгожа пісаў, любіў маляваць, выпілоўваць. Быў ён вучнем акуратным, добрасумленным. У школе быў членам камітэту камсамолу. Заўсёды абараняў гонар класа і школы."

Кузовіна Ганна Міхайлаўна,настаўніца: "У класе Віця сядзеў на другой парце ля акна. Быў вельмі дапытлівым. Добра разбіраўся ў палітыцы. З яго дапамогай і пры яго актыўным удзеле частая арганізоўваліся сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Віктар карыстаўся велізарным аўтарытэтам сярод таварышаў. (20KB) Сям’я Кузьміцкіх. паважалі і любілі Віцю. Вось які аднойчы здарыўся выпадак. Рыхтаваўся агляд мастацкай самадзейнасці. Трэба было падрыхтаваць танцы. Хлопцы ж не хацелі танцаваць. Я не ведала, што з імі рабіць. Як раз да мяне ў гэты час падышоў Віця, і я яму распавяла, што здарылася. Уважліва выслухаўшы мяне, ён сказаў: "Хлопцы будуць танцаваць" на наступны дзень, праходзячы міма класа, я чула гукі мелодыі - ішла рэпетыцыя."

Ушко Пётр, аднакласнік Віктара Кузьміцкага: "З Віктарам Кузьміцкім я займаўся з 9-га па 11-ты класы. З першых дзён Віктар прыцягнуў нас да сабе, мы з ім пасябравалі. Віця добра займаўся, быў добрым спартоўцам. Дзякуючы яго высілкам была створана добрая школьная каманда па лёгкай атлетыцы. Віктар сам быў чэмпіёнам вобласці ў бар'ерным бегу на 110 м. Хлопцы малодшых класаў знайшлі ў Віктару добрага старэйшага таварыша. Цягнуліся да яго."

У 1965 годзе Віктар Кузьміцкі скончыў школу №11. У жніўні месяцы паступіў на працу на завод "Лідсельмаш" у кавальска-прэсавы цэх вучнем штампоўшчыка. У кастрычніку гэтага ж месяца яму прысвойваюць 1 разрад штампоўщыка. У сакавіку месяцы 1966 года яму прысвойваюць званне "Ўдарніка Камуністычнай працы".

У 1965 годзе Віктар абіраецца членам камітэту камсамолу і вядзе працу ў спартовым сектары. Абіраецца дэлегатам на гарадскую камсамольскую канферэнцыю. На канферэнцыі абіраецца ў склад рэвізійнай камісіі ГК ЛКСМБ. Віктар прымаў актыўны ўдзел у афармленні завода і святочных калон.

Ю. Арцэвіч,сакратар камітэту камсамолу авода "Лідсельмаш": "Віктар Кузьміцкі прыйшоў да нас на завод у 1965 годзе. Неяк адразу і неўзаметку ўліўся ў калектыў. Ён працаваў у кавальскім цэху штампоўшчыкам. Спачатку яго паставілі вучнем да станка, аднак літаральна праз некалькі дзён ён асвоіў сваю прафесію і пачаў працаваць самастойна. Неўзабаве ён здаў на разрад, а праз пяць месяцаў яму прысвоілі званне "Ўдарніка камуністычнай працы".

Віктар вельмі ўважліва ставіўся да таварышаў. І за гэта хлопцы шанавалі яго. Нездарма Віктара абралі членам завадскога камітэту камсамолу. Ён вельмі любіў камсамольскую працу, стараўся натхніць сваім запалам моладзь. І гэта яму ўдавалася. Хлопцы паважалі Віктара, вельмі ўважліва прыслухваліся да яго парадаў. Ён добра маляваў плакаты. Афармляў газеты. І усё гэта ён рабіў з задавальненнем."

У жніўні 1966 года Віктар прызыаецца на вайсковую службу. Зарэкамендаваў сябе дысцыплінаваным, працавітым, выканаўчым і ініцыятыўным мараком. Падчас вучобы быў прызначаны камандзірам аддзялення ў змене. Неаднаразова заахвочваўся камандаваннем за стараннасць. Камсамольцы вучэбнага атрада абралі яго членам камсамольскага бюро роты. Віктар скончыў вучэбны атрад з адзнакай, а на падводнай лодцы адным з першых стаў самастойна кіраваць баявым пастом.

Пры выкананні баявога задання Віктар выявіў мужнасць і гераічнасць, выканаў свой абавязак да канца.

Ушко Пётр, аднакласнік Віктара Кузьміцкага: "Пасля канца школы мы часта сустракаліся з Віктарам. Ён працаваў на заводзе. Мы вучыліся ў інстытуце. Кожнае свята мы праводзілі разам. Віктар дзяліўся з ўсімі сваімі ўражаннямі, марыў паступіць у інстытут, але не прайшоў па конкурсе. Затым пайшоў служыць у войска. Патрапіў на самы цяжкі ўчастак - Ваенна-Марскі флот. Мы з ім часта перапісваліся. Па яго ініцыятыве мы арганізоўвалі сустрэчу выпускнікоў праз пяць гадоў. Гэтая сустрэча павінна была адбыцца ўлетку 1970 года.

Сустрэча адбылася ў роднай школе ля твайго партрэта, Віктар. Але ты будзеш заўсёды сярод нас, памяць аб табе застанецца назаўжды ў сэрцах сяброў."

Ю. Арцэвіч,сакратар камітэту камсамолу завода "Лідсельмаш": "У верасні мы праводзілі Віктара ў войска. Ён становіцца выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Як аднаго з лепшых камсамольцаў яго пасылаюць служыць на падводную лодку "Ленінскі камсамол".

... Іх хавалі 13 верасня недалёка ад Севераморска. Я разам з бацькам Віктара ездзіў на пахаванне. У гэты дзень тысячы маракоў прайшлі каля брацкай магілы, каб у апошні раз развітацца са сваімі таварышамі.

… У нас на заводзе не забылі Віктара. Мы аформілі альбом аб ім, зрабілі куток памяці. У кавальскім цэху, дзе працаваў Віктар, хлопцы адпрацоўваюць за яго змену. Камсамольская арганізацыя завода змагаецца за права насіць імя Віктара Кузьміцкага."

Аляксейчык Ніна Аляксандраўна, настаўніца: "… У дзень 50-годдзя Ленінскага камсамолу (1968 г.) ў нашай школе была адкрыта мемарыяльная дошка, як сімвал глыбокай пашаны да нашага маладога героя."

У 1988 годзе мемарыяльная дошка Віктара Кузьміцкага была заменена на мемарыяльную дошку памяці двух выпускнікоў 11-й школы, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку: Віктара Кузьміцкага і Валерыя Карчагіна. (Памяць. Ліда. Лідскі раён. Мінск. "Беларусь". 2004)

У школе №11 ужо каля 40 год існуе мемарыяльны куток Віктара Кузьміцкага, праводзяцца экскурсіі, урокі памяці.

У Лідзе на працягу 25 гадоў праводзіцца міжнародны турнір па валейболу памяці Віктара Кузьміцкага.


Матэрыял скампанаваў Станіслаў Суднік.



ПРАВА НА ЖЫЦЦЁ

Дакументальны нарыс

Віктар Кузьміцкі...

Ні разу я не паціснуў яго рукі, нават не перакінуўся ні словам. Тым не менш ён цяпер мой самы лепшы сябра, таварыш і, спадзяюся, стане таксама тваім, дарагі чытач! Яму толькі дваццаць. Таму не зрабіў нават сотай долі задуманага. Але зробленага дастаткова, каб сцвярджаць: добра пражытае жыццё. Праўда, да болю кароткае. Ды ці ва ўзросце справа? Спрадвеку жыццё цанілася і будзе цаніцца не за даўжыню, а за змест. Ён заваяваў права на павагу і жыццё сярод людзей перапоўненасцю справамі, учынкамі, справядлівымі адносінамі да ўсяго жывога на зямлі, напружанасцю маральных пошукаў. Дык паглядзім бліжэй на юнака вачыма родных, таварышаў, знаёмых, прачытаем яго ўласныя радкі з запісной кніжкі, шматлікіх пісьмаў і іншых дакументаў, з якімі даверліва пазнаёмілі мяне яго малодшая сястра Наташа, брат Андрэй, бацькі.. .


НАПАРОЗЕ СТАЛАСЦІ

Без пяці хвілін выпускнікі СШ № 11, яны ўцяклі з заняткаў. Дакладней, дэманстратыўна пакінулі ўрок працы і, узбуджаныя, падаліся ў гарадскі парк. Далёка не ідэальная, але ўпаўне апраўданая форма рэагавання на «прапанову» настаўніка разгрузіць для яго брыкет.

Першым падняўся з парты прызнаны важак - Віктар, па скарочанаму прозвішчу «Кузьма», як яго называлі аднакласнікі. Следам за ім «высыпаў» з памяшкання ўвесь тузін хлопцаў: неразлучны сябра Леанід Ліпскі - у будучым навуковы супрацоўнік аднаго з менскіх навукова-даследчых інстытутаў АН БССР, Пятрусь Ушко - выкладчык індустрыяльнага тэхнікума, Юра Трафімаў - кадравы афіцэр Ваенна-Марскога Флоту, усіх не пералічыш.

Назаўтра іх чакаў педсавет, які, разабраўшыся, гнеў змяніў на літасць. А пакуль што - залітыя майскім сонейкам, ахопленыя з усіх бакоў зялёнай пяшчотай лістоты, уцекачы забылі пра крыўду рвачапедагога, заадно пра апошні ўрок і «дурэлі» да знямогі на дзіцячай пляцоўцы: каталіся на крузе, на арэлях... Тут жа фатаграфаваліся: здымкі атрымаліся на славу. Найбольшы разгон дастаўся Віктару: «Член камітэта камсамола школы, камандзір агульнагарадскога камсамольскага штаба старшакласнікаў «Мара»: "Як ты і г. д...»

Калі на Віктара павышалі голас, з яго не выціскалі ні кроплі: паважаў у сабе і іншых чалавечую годнасць.

Паміж яго словам і справай не было шчыліны. I гаварыў, што думаў, і думаў, што гаварыў.

«Аднойчы я паведамляю Віцю, - расказвала настаўніца Ганна Міхайлаўна Кузовіна. - Удзельнікі мастацкай самадзейнасці, «забаставалі»: не хочуць развучваць танец. Выслухаўшы мяне, адказвае: «Будуць танцаваць». На наступны дзень я пачула з залы гукі мелодыі: дзеці развучвалі танец».

А вось яскравыя піянерскія ўспаміны Святланы Сялевіч: «ён быў на пяць гадоў старэйшы за нас, пяцікласнікаў, але вельмі любіў бавіцца з дзецьмі... У «майстэрні» Дзеда Мароза ідзе падрыхтоўка да Новага года. Хлопцы ў фарбе, запэцканыя. Адзін небарака пад вокам Дзеда Мароза пасадзіў кляксу і засумаваў, ледзь не плача. Да яго падыходзіць стройны хлопец і кажа: «Нічога, браток, не хва люйся. Хай высахне, замажам бяліламі, і ўсё будзе ў парадку».

Аднойчы ён рабіў карту-схему СССР. Мы падносілі фарбу, мянялі ваду. Тройчы шчаслівы быў той, каму Віця даваў патрымаць свой пэндзлік з сінім наканечнікам. Заўсёды выконваў абяцанне. А як толькі празвініць званок на перапынак, - дзеці ляцяць да яго ў клас, як пчолы на мёд.

Развітальны школьны баль гудзе без яго: паехаў на XIX абласную спартакіяду ў складзе зборнай юнакоў нашага горада. У моры музыкі, весялосці раптам раздаецца голас: «Братва, айда на вакзал, «Кузьма» едзе!» Імгненна апусцела зала. Усім класам, прыбраныя, узнёслыя хлопцы і дзяўчаты кінуліся на перон. У руках - букеты кветак. Ад нечаканасці разгублена ўсміхаецца Віктар - новенькі чэмпіён вобласці. Яго трафеем у той шчаслівы дзень 25 траўня 1965 года стала таксама Грамата абласнога аддзела народнай адукацыі за другое месца ў бегу на 200 метраў. I ніхто не здагадваўся, якая цана была заплачана за гэтыя спартыўныя вышыні.

...У абдымках і поцісках сяброўскіх рук ён бачыць сябе пяцігадовым хлапчуком, які коўзаецца па вуліцы на тоўстай лучыне з прымацаваным дротам, адпаліраваным да гладкага бляску. I вось над плітой сохнуць чаравікі з прыкручанымі да іх бліскучымі заводскімі канькамі. Дачакаўся нарэшце моманту, калі адхіліліся старэйшыя браты, і пацягнуўся па мару, забыўшы пра вогненную небяспеку. Нешта балюча-балюча кальнула ў босую ножку, пераступіў на другую і захлынуўся ў моцным плачы. Выхапіла з пліты хлапчука маці... Апёкі страшэнныя, тэмпература. Некалькі месяцаў насілі на руках. Не ўставаў. Думалі, не выжыве. ці застанецца калекаю. Вучыўся хадзіць нанава. I вось - чэмпіён. За год да гэтага заваяваў першае месца ў горадзе па скачках у даўжыню.

Моцны характар гартаваў у барацьбе з перашкодамі, якія ён не толькі не абыходзіў, а, наадварот, ставіў перад сабою (той жа бег з бар'ерамі) і бліскуча пераадольваў. Шмат чытаў і рабіў выпісак. У запісной кніжцы, да якой мы не раз яшчэ звернемся, ёсць адно выказванне В. Бялінскага: «Так, усё спасцігнуць духам, усё абняць пачуццём, усім запанаваць і нічаму выключна не пакарыцца - вось жыццё!» Праграмнае.


"ЛІДСЕЛЬМАШ". АЗАРТ РАБОТЫ.

Здзіўляліся настаўнікі, паціскалі плячыма таварышы: такі здольны выпускнік і раптам -- вучань штампоўшчыка ў кавальска-прэсавым цэху завода з незайздроснай славай. Урэшце, ёсць жа ў горадзе перадавыя прадпрыемствы, а ў атэстаце сталасці запіс аб атрыманай у школе спецыяльнасці слесара-аўтарамонтніка другога разраду. Асабліва балюча было слухаць хатнія папрокі, маўляў, старэйшыя браты, Барыс і Іван, як людзі, адразу паступілі ў інстытуты... «Затое яны не паспыталі рабочага жыцця, а я хачу ўсё прайсці і выпрабаваць сам», - адрэзаў Віктар.

I пабеглі імкліва працоўныя будні, пафарбаваныя навізною першага ўспрымання, узмоцнензга прыходам непаўторнай пары вялікага кахання. 3 каханай дзяўчынай яго размежавалі сотні кіламетраў (Марына паступіла ў Магілёўскі педінстытут). Але ім здавалася, што адлегласці гэтай не існуе: ляцелі паштоўкі адна за другою амаль штодзённа. Тоўстыя канверты па некалькі аркушаў расказвалі пра кожны крок.

Віктар жыў на ўскраіне горада па вуліцы Паўліка Марозава, таму ездзіў у перапоўненым транспарце. Вось радкі аб гэтым, адрасаваныя каханай: «Каб я папрацаваў месяц у першую змену, з мяне зрабілі б «цвічок» у аўтобусным «прэсе». I далей: «Мілы мой інтэлігент з банцікам! Я зноў схадзіў у бібліятэку і набраў кіпу кніг... Па-ранейшаму вельмі падабаецца работа. Немудроная справа - націскаць нагою на педаль. А ты паспрабуй знайсці новае, палепшыць якасць, прадукцыйнасць, дасягні эканоміі ў часе і метале. Гэта ўжо іншае. А часам зменіш вугал нахілу дэталі ці месца размяшчэння нарыхтоўкі, і ўвачавідкі работа пайшла хутчэй. Ад гэтага на душы становіцца хораша. Адзіная мая ўцеха - работа. На заводзе я адчуваю сябе сапраўдным чалавекам». Тут поўны адказ, чаму ўжо праз тыдзень Віктар працаваў самастойна, праз месяц атрымаў другі разрад, а праз пяць - званне ўдарніка камуністычнай працы.

Выводзіў кожную літарку, акуратна, старанна, як жанчына. Звароты Ты, Табе, з Табою, адрасаваныя Марыне, пісаў з вялікай літары. Адкуль такая пяшчота, ласкавасць, павага? Вытокі - вялікае сэрца, чулая душа.

I зноў пра заводскія справы: «Марынка! Мяне, паверыш Ты, ледзь не перавялі на іншы ўчастак. Чаму? За спартыўны азарат у рабоце. У пятніцу я выпускаў дэталь, так званы сальнік. Штамп трапіўся выдатны, і я задаўся мэтай вырабіць 50 штук за мінуту (звычайна іх робяць 25-30). Адна справа пажадаць, іншая - ажыццявіць. Перад гэтым я шмат назіраў за рабочымі. Наогул, калі хочаш зрабіць што-небудзь людскае, лепш і хутчэй за іншых - дасканала абагуль і вывучы свае прыёмы і вопыт таварышаў. Усё было ўлічана, я прыступіў, але... На дзве гадзіны (да канца змены) майстар адхіліў мяне ад работы.

Усё ішло спачатку добра. У азарце я ўзнінціў тэмп яшчэ больш і . забыўся пра тэхніку бяспекі. Мой учынак не пагражаў жыццю, у горшым выпадку я сапсаваў бы толькі штамп. Галоўнае, усе дэталі - вышэйшага гатунку! Але... мая работа не спадабалася «старым»: маўляў, калі так будзем працаваць, то панізяць нам расцэнкі. Зноў узніклі трэнні, хоць да гэтага адносіны былі амаль наладжаны. Ну і хай сярдуюць. Буду працаваць так, як трэба. Праўда, на маім баку майстар. Ен, як і я, заўзяты рыбалоў, і не трэба шмат моцы, каб схіліць яго ў адпаведны бок. Ты не хвалюйся, Маша, усё будзе добра. Моцна-моцна цалую цябе - Віктар».

Мажліва, канфлікт са «старымі» зноў перажываў Віктар, калі ў запісной кніжцы выводзіў пякучыя сумленне радкі рэвалюцыянера-дэмакрата М. Г. Чарнышэўскага: «Хто гладзіць па шэрсці ўсіх і ўсё, той, акрамя сябе, не любіць нікога і нішто; кім задаволены ўсе, той не робіць нічога добрага, таму што дабро немагчыма без знявагі зла. Каго ніхто не ненавідзіць, таму ніхто не абавязаны».

17 мая 1966 года, у першы дзень работы XV з'езда ВЛКСМ, Віктар, як і ўся моладзь, прыйшоў на мітынг, прысвечаны адкрыццю помніка героям-падпольшчыкам, якіх фашысцкія захопнікі расстралялі за пяць дзён да вызвалення горада ад акупантаў.

Гэты момант запомніўся сакратару цэхавай партарганізацыі лакафарбавагя завода Генадзю Капялевічу, аднагодку, суседу і сябру Кузьміцкага, асабліва размовай па дарозе дадому.

«Тады мы зрабілі шмат фотаздымкаў, - ён паказвае мне каштоўныя кадры плёнак, дзесяткі здымкаў. - Віця, звычайна такі гаваркі і вясёлы, доўга маўчаў. Раптам кажа ні то сабе, ні то мне. Гэтае разважанне ўслых я запомніў амаль даслоўна: «На подзвіг здольны толькі той, хто глыбока адчуў і асэнсаваў, што такое сумленне, гонар, абавязак. Прыстасаванец, кар'ерыст, ліслівы перад начальствам і грубы з падначаленымі, ніколі не кінецца на кулямёт, як яны (тут сябра павярнуся назад і паказаў рукой на белы абеліск у абдымках зялёных соснаў), а ў наш час на зло, несправядлівасць, гвалтоўніцтва. Я ўпэўнены, што і ў мірныя дні заўсёды ёсць месца подзвігу. Не абавязкова для здзяйснення яго патрэбен пажар ці тапелец. Паўсядзённае жыццё стварае часам абставіны, якія патрабуюць не меншага гераізму, храбрасці і мужнасці, чым ва ўмовах вайны...»

Колькі трэба было перадумаць, перажыць і адчуць, каб ўзняцца да разумення гэтага подзвігу грамадзянскага, вяршыню якога Генеральны сакратар ЦК КПСС у дакладзе на XXV з'ездзе партыі так выразна акрэсліў трыма словамі - актыўная жыццёвая пазіцыя. Віктар займаў яе заўжды як сапраўдны баец.

Такога хлопца нельга было не прыкмеціць. На справаздачна - выбарнай камсамольскай канферэнцыі моладзь завода выбірае Кузьміцкага членам камітэта камсамола (спартыўны сектар) і дэлегатам на гарадскую канферэнцыю, на якой ён уваходзіць у састаў рэвізійнай камісіі ГК ЛКСМБ. Яшчэ больш ушчыльніў свае суткі. Часта вяртаўся дамоў позна, каб не трывожыць маці, загадзя дамаўляўся з малодшай сястрычкай Наташай.

Раз-другі кіне каменьчыкам у шыбіну, і тая адчыняе акно, зразумела, не заўсёды ветліва. Па лесвіцы, (жылі на другім паверсе) ціхенька ўзбіраецца кладзецца спаць, не турбуючы бацькоў, якія адпачывалі ў прахадным пакоі.


МАРАК - ПАДВОДНІК

У працоўнай кніжцы Віктара з'явіўся запіс: звольнены ў сувязі з прызывам у рады Савецкай Арміі. А праз тыдзень бацькі ўжо трымалі ў руках фотакартку. Бесказырку сына абводзіць на стужцы надпіс «Чырванасцяжны Балтыйскі Флот». Цёмныя бровы навісаюць над такімі ж вачыма, валявымі, разумнымі. Блакітна-белыя хвалі бягуць па цяльняшцы, блішчыць камсамольскі значок. Гэты прыгожы здымак, размножаны і павялічаны ў некалькі разоў, разляціцца па заводу і школе, дзе вучыўся і працаваў па залах лідскага музея і пакоях баявой славы. А пакуль на адваротным баку карткі прыгожа і лёгка, бы тыя чайкі над морам, лунаюць літары адрасата, складаючы аптымістычную надзею: «Мама, не хвалюйся. Са мною нічога не здарыцца!»

Паштоўкі да Наташы слаў больш адкрытыя і падрабязныя: «Трапіў у вучэбны атрад падводнага плавання. Пра гэта я не пісаў маме, бацьку, і ты не расказвай, бо яны і так, мабыць, перажываюць. Я назначаны камандзірам аддзялення. Мяне выбралі членам камсамольскага бюро роты. Часта за падначаленых дастаецца. За сабою даводзіцца сачыць удвая больш...»

(22KB) Першы вайсковы здымак.Здзіўляюць шчырасцю радкі пра непаразуменні і службовыя непрыемнасці ў першыя тыдні службы. Яму, чалавеку з незалежным, гордым характарам, знаходліваму і востраму на язык - нездарма ўзначальваў клуб КВЗ у школе -цяжка было ўстрымацца, каб не выказаць сваё меркаванне, параду ці прапанову. А калі адрасуецца старэйшаму па званню - гэта дзеянне ваенны статут кваліфікуе як спрэчку, парушэнне дысцыпліны. Пачытаем лешп прызнанні самога марака: «Наташа! Я маю процьму ўдзячнасцяў і не менш спагнанняў». У наступным паведамляў так: «Я не навучыўся яшчэ стрымліваць сябе. Вось і пракручваюць твайго браціка. Кожны дзень на вахту за яго рэзкія меркаванні. Праўда, ад мяне ўжо амаль адчапіліся, бо нарады выконваю кожны раз так, што пасля начальству даводэіцца заахвочваць мяне».

Былі непрыемнасці і з падначаленымі: «Інструктар не жадаў і не дазваляў звальняць на бераг дваіх з аддзялення. А ў мяне, ты ж ведаеш, сэрца мяккае - пашкадаваў. Давялося хлопцаў цягнуць з горада на гарбу. Перакрэслена праца калектыву за цэлы месяц! У сувязі з экзаменам і з гэтым «ЧП» звальненні спынілі. Бязглуздзіца. Калі раней хлопцаў яны стрымлівалі, то зараз парушэнняў прыбавілася, а падрыхтоўка ад гэтага наўрад ці палепшылася...»

Паступова Віктар падкручваў гайкі сабе і падначаленым: служба ёсць служба. Вось урывак з пісьма марака: «Хлопцы пагражалі прыкончыць мяне за тое, што шмат патрабаваў ад іх. Затое пасля агляду заваявалі першае месца ў падраздзяленні, і яны выказвалі мне ўдзячнасць. Заўтра прымаем прысягу, правёў камсамольскі сход (я сакратар ужо). Прысягу, як пераможцы спаборніцтва, мы прымаем першыя і ў Ленінскай зале. Ужо зараз паветра напоўнена нейкай урачыстасцю».

...Я трымаю ў руках чырвонае пасведчанве Кузьміцкага, які закончыў вучэбны атрад па спецыяльнасці машыніста-трумнага на выдатна, па першаму разраду. Усе пяцёркі: па тэорыі, практыцы, ваенна-марской і агульнавайсковай падрыхтоўцы, па дысцыпліне, палітычнай і фізічнай падрыхтоўцы. Яго накіроўваюць служыць на падводную лодку. У пісьме гэта гучыць так: «Даравалі мы ўсе адзін другому памылкі, перагіны і раз'ехаліся па ўсяму свету. Я трапіў на баявы карабель. Экіпаж выдатны. Хлопцы вясёлыя, усе як адзін спадабаліся. Кубрык прасторны, светлы, выдатна аформлены. Тэлевізар, штанга, брусы. Для нармальньга адпачынку ёсць усё».

Тут ён, камсорг, адзін з першых атрымаў права на самастойнае ўпраўленне баявым пастом. Стала больш вольяага часу, і ён просіць сястрычку даслаць нямецка-рускі і руска-нямецкі даведяіхі, некаторыя падручнікі за сярэднюю школу, каб рыхтавацца да паступлення ў ВНУ (архітэктурны ці будаўнічы інстытуты).

Служба пераваліла на другі год. Усё часцей Віктар дзяліўся марамі і планамі. I раптам... чужая вестка: «Ваш сын загіяуў пры выкананні баявога задання, ахвяраваўшы ўласнае жыццё за выратаванне таварышаў...»

Прывядзем выпіску з Кнігі Пашаны камсамольцаў і моладзі Чырванасцяжнага Паўночнага Флоту:

«За мужнасць, гераізм і выключна высокія маральна-палітычныя якасці, праяўлевыя пры выкананні спецыяльнага заданяя камандавання, матрос Куэьміцкі Віктар Антонавіч пасмяротна занесены ў Кнігу Пашаны».


АЛЕЯ КУЗЬМІЦКАГА КЛІЧА

-Далёка ад родных мясцін Беларусі, паблізу горада Севераморска, на скупым і суровым схіле з імшыстых ды лішайнікавыхі скал узвышаецца абеліск, пад якім ляжыць шчодры і размашысты чалавек - «матрос Кузьміцкі Віктар Антонавіч (1947-1967 гг.)», сведчыць выбіты на мармуры надпіс. На жалобным мітынгу сярод маракоў пры развітанні з ім энаходзіліся бацькі і дэлегацыя лідскіх камсамольцаў на чале з сакратаром камітэта камсамолу завода «Лідсельмаш» Юрыем Арцэвічам.

Сцяну класа на другім паверсе СШ № 11, у якім вучыўся і сядзеў ля акна Віктар, - любіў прастору, далягляд! - ператварылі ў разгорнуты куток героя з вялікім партрэтам сярод экспазіцыі. Тут праходзяць урачыстасці, сходы, зборы. Гучыць яго любімая песня «Камунарскі сонечны круг».

Хай заўжды будуць зоры,

Хай заўжды будуць споры,

Хай заўжды будуць стрэчы...

і рапарты камсамольскіх і піянерскіх атрадаў «Вперед смотрящий» и «Непаседы»з дыялогамі, як тады: «Настрой? - «Бадзёры!» - «Курс?» - «Наперад». - «Ныцікаў - за борт!» Юныя вусны нашчадкаў паўтараюць яго любімы дэвіз «Ні на што не варты той, хто варты толькі для сябе».

31 жніўня, у традыцыйны дзень мужнасці, ля мемарыяльнай дошкі пры ўваходзе ў школу ставіцца стол з партрэтам Кузьміцкага. Ганаровую варту нясуць юныя піянеры. Перад першакласнікамі, якія прыходзяць на лінейку, выступае член лектарскай групы, звычайна выдатнік-дзесяцікласнік. Сёлета дзецям упершыню расказала пра мужнага выпускніка вучаніца восьмага класа выдатніца Іра Тыркіна. А потым слова даецца бацьку, камуністу Антону Іванавічу і маці, Зоі Аляксандраўне, якая заўжды плача... Ужо закончылі школу члены піянерскага атрада імя Віктара Кузьміцкага. У бягучым годзе гэту эстафету прадоўжыць 3-а: па ўмовах спаборніцтва ён атрымаў права насіць ганаровае імя. У піянерскім пакоі прыгожа аформлены альбом «Мы не забудзем цябе, Віця!» У ім - успаміны вучняў. настаўнікаў, бацькоў, сяброў, блізкіх. І фотаздымкі. Вось ён яшчэ зусім маленькі, на беразе ракі, трымае ў ручцы вялізнага рака. А праз некалькі старонак - аднакласнікі ля матроскага партрэта таварыша. Віктар марыў сустрэцца праз пяць гадоў, летам 1970-га. Сустрэча адбылася... без яго.

«Вярнуўся» Кузьміцкі і на «Лідсельмаш». Заводская камсамольская арганізацыя па рашэнню бюро ГК ЛКСМБ атрымала яго імя. У тым, што завод сёння стаў адным з перадавых прадпрыемстваў горада і займае прызавыя месцы нават ва ўсесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, ёсць і яго заслуга, уклад 625 юнакоў і дзяўчат - кожны чацвёрты з агульнага ліку працуючых - да 30-гадовага ўзросту. Значнае месца адведзена Віктару ў заводскім музеі: там захоўваецца яго бесказырка, пояс і іншыя рэчы, якія даслалі таварышы па службе. Мне здаецца. варта было б папоўніць гэту экспазіцыю (або ў гарадскім краязнаўчым музеі) каштоўнымі дакументамі і ўласнымі рэчамі героя, якія знаходзяцца ў бацькоў і сястры Наташы: чырвоным пасведчаннем выдатніка-выпускніка вучэбнага атрада, атэстатам сталасці, некаторымі пісьмамі, выпіскамі з чарнавога запіснога блакнота (запісная кніжка з афарызмамі і выпіскамі недзе згубілася).

19 сакавіка 1976 года 31 член камсамольска-маладзёжнай брыгады элеватарнага ўчастка зборачнага цэха на агульным сходзе рашылі залічыць у свой спіс Віктара Кузьміцкага, сістэматычна выконваць за яго дзённую норму выпрацоўкі, а таксама прасіць гарваенкамат накіроўваць хлопцаў для праходжання службы ў часць, дзе служыў гэты пасланец завода.

У прасторных і светлых «Ікарусах» едуць сёння на работу на перадавое прадпрыемства хлопцы і перавыконваюць нормы за героя. Побач са стэндам «Працуем за сябе і за Віктара Кузьміцкага» - рабочае месца земляка, якое займае юнак з найлепшымі працоўнымі паказчыкамі. Нядаўна, у дзень Усесаюзнага камуністычнага суботніка, усе, як адзін, члены камсамольска - маладзёжнай - нават прыйшлі тыя, хто знаходзіўся у водпуску на чале з брыгадзірам Іосіфам Смаляком, дасягнулі найвышэйшай прадукцыйнасці працы і сабралі 10 звышпланавых элеватараў да бульбаўборачных камбайнаў. Летась камсамольцы зрабілі машыну «Віктар Кузьміцкі», якая працуе на бульбяных палетках падшэфнага калгаса «Зара».

На традыцыйных спартакіядах і спаборніцтвах моладзь завода змагаецца за прызы імя Кузьміцкага, які ва ўсім любіў ставіць рэкорды. На прадпрыемстве сёння дзесяткі майстроў, кандыдатаў у майстры спорту і першаразраднікаў.

Віктар любіў нашу прыроду, асабліва дрэвы. У час лыжных прагулак за горад спыніцца ля бярозкі і гладзіць: «Замерзла, мая прыгажуня...» I вось камсамольцы завода высаджваюць сотні дрэўцаў, тысячы кустарнікаў. Па вуліцы Свярдлова зелянее алея імя Віктара Кузьміцкага: бярозкі, клёны, таполі..!

12-гадовы рубеж раздзяляе ўжо апошні школьны званок аднакласнікаў Віктара, але пры размове аб ім святлеюць твары, вочы напаўняюцца нейкім шчаслівым бляскам за далучэнне да напоўненага жыцця сябра. Успамінаецца камсамолец так, быццам развіталіся з ім учора. Дзеясловы ўжываюцца ў цяперашнім часе.

Завод называе Віктара сваім сынам, школа - сваім, камсамол лічыць сваім.

«Мой сын, - гаворыць і настаўніца Кузьміцкага Надзея Іванаўна Папова, цяпер сакратар гаркама партыі. - Яго я блытала разам са сваім: такі ж чарнагаловы, рухавы і росту аднолькавага...» Але такога сына хацела б мець кожная маці. I тройчы ганарыцца тая, якая нарадзіла і выхавала яго - Зоя Аляксандраўна. У сэрцы і памяці жанчыны ён жыве такі ж маленькі, як гэты ўнучак Віктар, сын перадапошняга сына Андрэя. Уяўляе клубочкам, які коціцца па лесе ў школу за 5 кіламетраў (жылі тады на хутары), а пасля прыціснецца да яе (не дзічок, як старэйшыя, а ласкавы) і кажа, што вельмі баіцца ваўкоў. Або бачыць, як той бегае з сястрычкай, бы матылёк, па лужку па расе перад сном, лянуючыся мыць ногі. Гэтыя малюнкі ажыўляе ў памяці часцей за ўсё ўнучак, якому ў верасні споўніцца сем гадоў. Яны неразлучныя: поўдуць ва ўнівермаг да цёці Наташы, і той паказвае пальчыкам на цацку, часцей за ўсё караблік. А яго жаданне для бабулі - закон. Толькі заслязяцца бабуліны вочы, па шчацэ пакоцяцца буйныя гарошыны.

- Чато ты плачаш, бабуля? - спытае ён.

-- Я не плачу, унучак, гэта вочы мае баляць старыя, - адкажа яна. Не разумее дзіця жаночага гора. А тут яшчэ навучыўся маляваць адны караблікі ды лодкі. «Буду як дзядзька Віця, мараком», - гаворыць услых. А сэрца бабулі зноў сцісне балючым болем гэты напамінак...

Вось яны ідуць удваіх па алеі Кузьміцкага, залітыя сонечнымі промнямі і цёплым ласкавым ветрыкам.

Гэты нарыс напісаны карэспандэнтам лідскай газеты "Уперад" Пятром Макарэвічам прыблізна ў 1977 годзе. Напісаны так, як пісалі ў тыя гады. Але сам стыль нарыса таксама частка нашай гісторыі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX