Папярэдняя старонка: Вайскоўцы

Стэфан Макрэцкі 


Аўтар: паводле Пятра Станевецкага,
Дадана: 02-02-2003,
Крыніца: Лідскі летапісец № 18.



Генерал Стэфан Макрэцкі з Дзітрыкаў (Да 140-годдзя з дня нараджэння)

Стэфан Макрэцкі (1862 -- 1932), тытулярны генерал дывізіі Войска Польскага, віца-старшыня Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы.

Стэфан Макрэцкі нарадзіўся 11 траўня 1862 года ў в. Дзітрыкі Лідскага павету, быў сынам Аляксандра і Каміліі Машэўскай, буйных землеўласнікаў. Меў брата Зыгмунта, прафесара энтамалогіі.

Генерал Стэфан Макрэцкі

Пасля заканчэння корпусу кадэтаў у Пскове, уступіў ў канцы 1878 г. у корпус тапографаў расейскага войска. У 1880 - 81 вучыўся ў школе юнкяроў у Рызе. Пасля яе заканчэння з адзнакай і надання вайсковай годнасці прапаршчыка быў накіраваны ў 101 Пермскі пяхотны полк. У 1884 г. яму была нададзена вайсковая годнасць падпаручніка. У 1903 г. С. Макрэцкі -- капітан і ўладальнік маёнтка Вінкаўцы. З вінкаўцаўскіх каменняў складзена агароджа вакол каталіцкіх могілак у Лідзе. У 1905 г. атрымаў годнасць падпалкоўніка. У 101 Пермскім палку Стэфан Макрэцкі служыў да восені 1907 г., займаючы розныя камандныя і штабныя пасады. Восенню быў пераведзены ў Камітэт навучання і выхавання войскаў пры Вайсковым міністэрстве ў Пецярбургу. У 1911 годзе атрымаў вайсковую годнасць палкоўніка і быў прызначаны ў 171 Кобрынскі пяхотны полк на пасаду старшага штабнога афіцэра, а пазней выконваў абавязкі камандзіра палка. Камандзірам гэтага палка ён стаў ужо падчас Першай сусветнай вайны (жнівень 1914). Прымаў удзел у вялікіх баях ва Ўсходняй Прусіі, цяжка паранены (верасень 1914) трапіў у нямецкую няволю і быў там да лістапада 1915 года. Як інвалід вайны, падчас абмену палоннымі вярнуўся ў Расію, дзе на працягу года лячыўся. У сакавіку 1917 года быў прызначаны генералам для асаблівых даручэнняў пры камандуючым "Асобнай" арміі. У красавіку тога ж года стаў адным з арганізатараў Саюзу вайсковых палякаў (СВП) менскай залогі, з якога пазней утварыўся СВП Заходняга фронту. У ліпені таго ж года быў прызначаны камандзірам 51 запаснай брыгады "Асобнай" арміі. 21 лістапада 1917 г. С. Макрэцкі атрымаў годнасць генерал-маёра. Пасля дэмабілізацыі з расійскага войска ў сакавіку 1918 г. накіраваўся ў ІІ Польскі корпус на Украіне, але службовага прымянення не знайшоў з прычыны раззбраення гэтага корпусу. Да снежня таго ж года быў камандзірам Палтаўскай брыгады. Падчас баёў атамана Пятлюры з гетманам Скарападскім прабраўся ў Адэсу, дзе ў сакавіку 1919 года ўступіў у Войска Польскае. У жніўні 1919 г. атрымаў прызначэнне на пасаду камндзіра 8 пяхотнай дывізіі, аднак дакладная камандуючага Літоўска-Беларускага фронту генерала Станіслава Шаптыцкага паведамляла, што Макрэцкі падчас кастрычніцкіх баёў не выказаў вялікай энергіі, а аддзелы 8 пяхотнай дывізіі цалкам выйшлі з-пад кіраўніцтва камандавання.

Ад снежня 1919 да красавіка 1920 г. Макрэцкі быў камандуючым Этапнай акругі ў Менску Літоўскім, а неўзабаве перайшоў на пасаду намесніка Камандуючага Генеральнай акругі "Памор'е". Паводле загаду Міністра вайсковых спраў пасля адходу ад кіраўніцтва ГА "Памор'е" ген. Баляслава Роі, Макрэцкі быў прызначаны камандуючым той жа акругі. Падчас летніх баёў 1920 г. паводле загаду ген. Казіміра Рашэўскага, якому падпарадкоўваліся войскі акругаў Познаньскай і Паморскай, Макрэцкі быў прызначаны камандуючым абароны Віслы на адрэзку ад Торуня да Тчэва з падпарадкаваннем яму умацаваных лагераў у Хэльме і Грудзянцу. У верасні Макрэцкі прызначаны камандзірам цвердзі Горадня. У лістападзе ген. Люцыян Жалігоўскі даверыў яму камандаванне 1 корпусам войскаў Сярэдняй Літвы (у замяшчэнне ген. Яна Жадкоўскага, які быў у адпачынку) і Макрэцкі кіраваў баямі на літоўскім фронце аж да моманту спынення агню.

На пасадзе камандзіра карпуса заставаўся да 12 снежня 1920 г. На працягу месяца Макрэцкі быў генералам для даручэнняў пры камандуючым войск Сярэдняй Літвы, а дэкрэтам ген. Люцыяна Жалігоўскага ад 16 студзеня быў прызначаны выканаўцам абавязкаў старшыні Часовай урадавай камісіі (ЧУК) Сярэдняй Літвы. З моманту прызначэння (21.11.1921) на пасаду старшыні ЧУК Аляксандра Мыштовіча Макрэцкі застаўся віца-старшынём Камісіі. Зрэшты з 1.4.1922 Макрэцкі пайшоў на пенсію з нагоды пераходу у век паважны, але яго пакінулі надалей на займанай пасадзе аж да перадачы так званай Сярэдняй Літвы (Віленшчыны) 18.4.1922 Часовай урадавай камісіяй уладам Рэчы Паспалітай.

1 траўня тога ж года Макрэцкі атрымаў прапанову на прадаўжэнне дзейнай службы на адзін год з адначасовым прызначэннем на пасаду чальца Афіцэрскага апеляцыйнага трыбуналу. Восенню 1924 года Макрэцкаму зноўку працягнуты тэрмін дзейнай службы на адзін год і нададзена годнасць тытулярнага генерала дывізіі.

31.10.1925 года Макрэцкі канчаткова пайшоў на пенсію і жыў у маёнтку Вінкаўцы (Лідскі павет), суўладальнікам якога быў, а таксама ў Вільні пры хворым сыне. Быў старшынём Таварыства афіцэраў-пенсіянераў. Памёр 9.4.1932, пахаваны на Бернардынскіх могілках у Вільні.

Макрэцкі быў узнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі: расійскімі - Крыжам ордэна св. Ганны і св. Станіслава 2 і 3 ст., св. Уладзіміра 4 ст. і Залатой зброяй св. Георгія, польскімі - Камандорскім крыжам ордэна Палонія Рэстытута (1923) і Крыжам Валечных (1922).

Быў жанаты з Ёанай Браніславай Зэльман (пам. 1930), меў трох сыноў: Браніслава (1890 г. н.), Юрыя (1896 г. н.), Стэфана (1900 г. н.) і дачку Раману (1905 г. н.).

Паводле Пятра Ставецкага.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX