Вярнуцца: Вайскоўцы

Юзаф Зарэцкі Jozaf Zarzecki


Аўтар: Сліўкін В.,
Дадана: 02-10-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец 52.



Генерал-лейтэнант Юзаф Зарэцкі (Іосіф Заржэцкі)
(19.12.1800 - 29.01.1869)

19 снежня споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння генерал-лейтэнанта інжынернага корпуса Юзафа Зарэцкага (у рускім напісанні Иосифа Заржецкого, у польскім написанні Jozafa Zarzeckiego). Паколькі двухсотгадовы юбілей гэтага выхадца Беларусі ніяк не адзначаўся, ёсць неабходнасць успомніць пра яго з нагоды 210-годдзя. Тым больш, што на сайтах беларускіх амбасад сярод выбітных людзей беларускай зямлі - вынаходнікаў, даследчыкаў, фізікаў, паэтаў, пісьменнікаў, кампазітараў - ён згадваецца як выбітны інжынер-будаўнік. Разам з тым, пра яго няма ні слова ў беларускіх энцыклапедыях.

Юзаф Войцахавіч (у расійскіх дакументах Іосіф Альбертавіч, у некалькіх выпадках Адальбертавіч) Зарэцкі нарадзіўся ў шляхецкай сям'і ў маёнтку або фальварку Скамарошкі. Магчыма, у Скамарошках Капцёўскага сельсавета Гарадзенскага раёна, якія нядаўна былі ўключаныя адміністрацыйна ў склад горада Гародні пад назвай "вуліца Скамарошкі".

Напэўна скончыў дваранскую вучэльню. Паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Вучыўся ва ўніверсітэце ў год, калі дзейны таемны дараднік, сенатар і кавалер Навасільцаў Н.Н. раскрыў таемныя таварыствы філаматаў і філарэтаў. Юзафу Зарэцкаму, гэтак жа як Ігнату Дамейку і яшчэ 14 студэнтам, пашанцавала - яны па распараджэнні Навасільцава былі адпушчаны ў месцы іх ранейшага жыхарства. Юзаф Зарэцкі быў адпраўлены ў Лідскі павет у маёнтак прэзідэнта Лідскага гродскага суда Крыдзеля. Не сумняваюся, што Зарэцкі, гэтак жа, як і Дамейка, наведваў паседжанні і быў чальцом таварыства філарэтаў, і гэтак жа, як у Ігната Дамейкі, у яго знайшліся высокія заступнікі.

Адважуся сцвярджаць, што адвёў удар ад маладога Зарэцкага яго сваяк тытулярны дараднік Ануфры Антонавіч Крыдзель. Н.Н. Навасільцаў і А.А. Крыдзель былі масонамі, Крыдзель быў чальцом ложы "Паўночных сяброў", Навасільцаў - чальцом ложы "Злучаных сяброў". У першай палове 19-га стагоддзя Крыдзелі фігуруюць сярод лідскіх абшарнікаў: тытулярны дараднік Ануфры Антонавіч Крыдзель, дараднік гарадзенскай казённай палаты Крыдзель і Аляксандр Крыдзель. Як і многія іншыя лідскія абшарнікі, Крыдзелі ў 1812 г., абнадзееныя магутнасцю войска Напалеона, павялі сябе не зусім годна па стаўленні да расійскага імператарскага дома, але былі дараваныя. Бацька Юзафа - Войцах Зарэцкі верагодна ўдзельнічаў, як і многія ліцвінскія шляхціцы ў вайне на баку Напалеона і загінуў, альбо не вярнуўся. Маці была з Крыдзеляў.

У 1826 г. Юзаф Зарэцкі скончыў фізікаматэ-матычны факультэт Віленскага ўніверсітэта і паступіў у Пецярбургскі інстытут корпуса інжынераў шляхоў зносін; адначасова быў залічаны кандуктарам у 4-ты вайскова-працоўны батальён. Праслухаўшы інстытуцкі курс паспяхова здаў іспыт і атрымаў годнасць прапаршчыка корпуса інжынераў шляхоў зносін, пасля чаго працягнуў навучанне ў афіцэрскіх класах. У 1828 г. здаў іспыт і атрымаў годнасць падпаручніка, у наступным годзе - паручніка і быў залічаны ў рэзерву. Здольнасці, працавітасць і поспехі Зарэцкага былі адзначаныя занясеннем яго прозвішча на мармуровую дошку ў канферэнц-зале Пецярбургскага інстытута інжынераў шляхоў зносін.

У 1829 г. паручнік Ю. Зарэцкі займаўся тапаграфічнай здымкай мясцовасці пад Ноўгарадам для вайсковых паселішчаў. Дырэктар Будаўнічага дэпартамента па марской частцы генерал-лейтэнант Л.Л. Карбаньер у 1830 г. запрасіў маладога інжынера займацца праектаваннем докаў для Кранштадта. Зарэцкі пагадзіўся і быў пераведзены ў корпус інжынераў марской будаўнічай часткі і прыкамандзіраваны да Кранштадтскай інжынернай каманды. З гэтага часу, на працягу сарака гадоў ён займаўся будаўнічымі справамі па Марскім ведамстве.

Першыя 16 гадоў Юзаф Зарэцкі быў тэхнічным кіраўніком на будаўніцтве Мікалаеўскіх докаў у Кранштадце. Імператар Мікалай I вырашыў пабудаваць кранштадскія докі на месцы, якое не здужаў яго прапрадзед Пётр І. Будаўніцтва докаў ажыццяўлялася ў неверагодна цяжкіх умовах з-за сталага прытоку вады. Некаторыя падмуркі закладваліся на 12 м ніжэй ад узроўню вады. Тэхнічныя сродкі для пабудовы докаў заставаліся такімі ж, як і пры Пятры I: для адпампоўкі вады скарыстоўваліся палівачкі, драўляныя помпы і каўшы на ланцугах. Толькі ў 1835 г. з'явілася першая паравая васьмісільная машына з двума чыгуннымі помпамі. Але да таго часу найболей складаныя работы былі завершаныя. Зарэцкі энергічна і настойліва пераадольваў тэхнічныя цяжкасці.

У 1838 г. быў завершаны Карабельны док. За час будаўніцтва гэтага дока Ю. Зарэцкі атрымаў чыны штабс-капітана (1834 г.) і капітана (1837 г.) і абвянчаўся з Ганнай Карлаўнай фон Грэвенс - дачкой капітана першага рангу Карла Ільіча фон Грэвенса. У сакавіку 1838 г. у іх нарадзілася дачка Ганна Яўгенія, а праз 5 гадоў сын Мікалай.

У пачатку 1839 г. Ю. Зарэцкі быў прызначаны асноўным выканаўцам работ на Фрэгатным доку, яму ж былі давераны работы па аздабленні гранітам Абводнага канала.

У 1843 г. Мікалай І прымае рашэнне пабудаваць 4-ярусную казематаваную батарэю ва ўнутранай частцы паўбастыёна Купецкай гавані. Батарэя павінна была франтальным агнём душыць спробы караблёў супраціўніка прарвацца на Малы Кранштадтскі рэйд. Складанне праекту і яго выкананне ён усклаў на інжынер-падпалкоўніка Ю. Зарэцкага. Праект батарэі Ю. Зарэцкі склаў за тры тыдні, і наступныя сем гадоў займаўся яго рэалізацыяй. Праца была выключна складанай. Начальнік Галоўнага Марскога штаба князь А. С. Меншыкаў прызнаваў: "Няма ні аднаго мейсца пры Кранштадтскім рэйдзе, якое б уяўляла для будаўніка больш цяжкасцяў, як цяперашні паўбастыён".

Пры пабудове падмурка, кладцы мураванага растверка, будаўніцтве казематаў, пабудове скляпенняў Ю. Зарэцкі знаходзіў арыгінальныя рашэнні, выкарыстоўваў новыя тэхнічныя прылады і матэрыялы. Работы на батарэі вяліся кругласутачна, уначы - пры штучным асвятленні. Агульны кошт работ перавысіў мільён рублёў. Пасля завяршэння асноўных работ Мікалай І загадаў называць батарэю "Князь Меншыкаў". Ю. Зарэцкі, які стаў да таго часу інжынер-палкоўнікам, быў узнагароджаны ордэнам Святога Ўладзіміра трэцяй ступені і 5 тысячамі рублёў. На сценах батарэі змясцілі дзве памятныя дошкі: «Батарея «Князь Меншиков» начата в 1843 году окончена 1850 году» і «Во время управления Морским Министерством Адмирала Князя Меншикова строителем был инженер-полковник Заржецкий, при производстве работ находились: инженер-капитан Вильсон, инженер-штабс-капитан Домантович, инженер-подпоручик Шведе».

Па фронце батарэя мела 60 м, у вышыню 22 м. У шасці казематах на трох ярусах і ярусе адкрытай абароны былі размешчаны 44 гарматы, з якіх сорак дзве былі новымі на той час трохпудовымі бамбічнымі гарматамі. Кожны каземат меў дзве амбразуры. Фас батарэі быў бліндаваны гранітнымі плітамі. У прыбудовах знаходзіліся пад'ёмнікі і склепы для бомб і зарадаў. На ярусе адкрытай абароны знаходзіліся дзве адмысловыя корбы для пад'ёму трохпудовых бомб на паверхю праз люкі ў прыбудовах.

У снежні 1848 г. Ю. Зарэцкі прыступіў да складання праекту на пабудову казематаванай батарэі на заходнім фронце Кранштадскага форта; у 1850 г. ён быў прызначаны будаўніком гэтай батарэі. Пры будаўніцтве батарэі Ю. Зарэцкі ўжыў новы спосаб пабудовы падмуркаў, што нашмат зменшыла кошт будаўніцтва.

Адначасова ў гэтыя гады Ю. Зарэцкі быў чальцом і прымаў удзел у паседжаннях розных камісій: па ўстаноўцы водаадліўной паравой машыны ў докавым кранштадтскім басейне, па арганізацыі першага вучэбнаага марскога экіпажу ў Кранштадце, па загарадзі паўночнага фарватэру, дзе наглядаў за работамі, якія праводзіліся па складзеным ім праекце. У 1849 г. ён перарабіў купал Кранштадскага рымска-каталіцкага касцёла.

У 1850 г. Зарэцкі аказаў садзейнічанне мастаку А.П. Багалюбаву, які ў сваіх "Запісках марака-мастака" пакінуў аб ім цёплы ўспамін: " У той час жыў-быў у Кранштадце палкоўнік Зарэцкі - хвалёны будаўнік фартоў. Ён быў адукаваны інжынер, любіў мастацтва, часта са мной гутарыў аб маім жыцці наогул, і калі я … паказаў яму свой альбом, ён моцна мною зацікавіўся" і пераканаў генерала Кохіюса ўзяць Багалюбава да сабе асабістым ад'ютантам: "Прадставіўшы, сказаў, што з мяне будзе мастак, калі ён дасць мне волю займацца ў Акадэміі. "Дык ён зусім не фрунтовы", - адказваў генерал. "Ды які вам фрунтовы патрэбен, ён сумленны хлопец. Калі дасце яму якое-небудзь даручэнне, то ніколі вас не падмане. А фрунтавік навошта вам?".

Падчас Усходняй вайны 1855 г. ён прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Кранштадта да абароны і пабудаваў пры Лісіным Носе гавань для кананерак.

За 26 гадоў працы ў Кранштадце Ю. Зарэцкі быў уганараваны шаснаццацю імператарскімі падзякамі і некалькімі ўзнагародамі.

1 студзеня 1856 г. Ю. Зарэцкаму прысвоена анне генерал-маёра, і ён быў пераведзены ў Марское міністэрства. Чалец шматлікіх камітэтаў і прысутнасцяў: агульнай прысутнасці Будаўнічага дэпартамента па штучнай частцы (з 1955); тэхнічнага камітэта Галоўнага інжынернага кіравання; агульнай прысутнасці Інжынернага дэпартамента Вайсковага міністэрства па штучнай частцы; тэхнічнага камітэта Галоўнага інжынернага кіравання Вайсковага міністэрства (з 1863); будаўнічага аддзялення Марскога тэхнічнага камітэта (з 1867). 1 студзеня 1864 г. Ю. Зарэцкаму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта.

Працягваў займацца праектаваннем. У 1859 г. склаў праект Балтыйскага вайсковага порта ў раёне эстонскага горада Палдыскі. Перад гэтым паўгода вывучаў лепшыя замежныя парты і праводзіў неабходныя пошукі. Праект прызналі вельмі паспяховым і… адклалі яго ажыццяўленне да лепшых часоў. Ён жа стварыў і першы праект Пецярбургскага гандлёвага порта ля Кананерскага вострава з падходным каналам. Пры пошуках Зарэцкі вызначыў прыроду ўтварэння пясчаных водмеляў за вусцем Нявы. Марскі канал да Пецярбурга па праекце Зарэцкага быў абаронены дамбамі. Яны і сёння, зарослыя хмызняком і дрэвамі, служаць маракам, нагадваючы аб адным з таленавітых будаўнікоў Кранштадтскай цвердзі.

У 1862 г. дачка Зарэцкага Ганна Яўгенія выйшла замуж за Фёдара Антонавіча Шванебаха - камандзіра грэнадзёрского сапёрнага батальёна, пасля генерал-маёра. Нарадзіліся ўнукі - Барыс (1863), Яўгенія (1864), Эмануіл (1866), Ганна (1869).

Сваякі Іосіфа Зарэцкага ў Лідскім павеце валодалі маёнткамі Зарэчча і Чаплеўшчына, Крыдзелі валодалі маёнткам Пяцюлеўцы або Малюзін і фальваркам Талькаўшчына. Юзаф Зарэцкі у 1860-я гады набыў маёнткі Воранава і Жырмуны. Пасля яго смерці, смерці сына Мікалая і ўнучкі Ганны Мікалаеўны маёнткі ў 1899 г. перайшлі дачцы Ганне Іосіфаўне Шванебах. Яна склала тастамант, паводле якога маёнткі размеркавала паміж малодшым сынам Тодарам Шванебахам 1874 г.н. і непаўнагадовым унукам Барысам Шванебахам, сынам яе памерлага старэйшага сына Эмануіла. У 1920-х гадах па прычыне адсутнасці ўладальнікаў маёнткі перайшлі Польскай дзяржаве.

Пахаваны генерал-лейтэнант Юзаф Войцахавіч Зарэцкі на лідскіх каталіцкіх могілках з паўночнага боку капліцы Святой Барбары. На велізарнай надмагільнай гранітнай пліце выпуклы надпіс: IOZEF ZARZECKI SYN WOICIECHA HERBU WARNIA GENERAL LEITNANT KORPUSU INGYNIEROW. URODZIL SIE W SKOMOROCZKACH 19 GRUDNIA 1800 ROKU UMARL W PETERSBURGU 29 STYCZNIA 1869 ROKU. У сямейным магільным склепе, абгароджанай металічнай агароджай, таксама пахаваныя: сын Мікалай Іосіфавіч Зарэцкі (11.09.1843 - 12.01.1883); жонка сына Марыя Зарэцкая (1.03.1854- 2.09.1933); унучка Ганна Мікалаеўна Зарэцкая (1881, Вільня-1899, Парыж). З паўднёвага боку агароджы пахаваныя Войцах, Марыя і Ружа Зарэцкія - без дат, верагодна, маленькія дзеткі і Мая Крыдзель.

У польскіх крыніцах паведамлялася, што побач з Юзафам Зарэцкім пахавана яго жонка Ганна Карлаўна Зарэцкая, народжаная фон Грэвенс (1.07.1807- 1.11.1891), але яе надмагільны помнік адсутнічае.

Першакрыніцы:

Боголюбов А.П. Записки моряка -художника.

Платонов О. Тайная история массонства.

Русский энциклопедический словарь А.А. Половцова.

НГАБ у Гародні, Ф. 586. воп. 1, спр. 1370.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX