Вярнуцца: Палітыкі

Помнік на магіле Вацлава Іваноўскага Monument at the grave of Waclau Iwanouski


Дадана: 06.04.2008,
Крыніца: Лідскі летапісец № 37.



Помнік на магіле вялікага лідзяніна


16 снежня 2006 года адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка славутаму сыну беларускага народу - Вацлаву Іваноўскаму. Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля касцёла Узвышэння Святога Крыжа а 11 гадзіне, каб разам ушанаваць памяць аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, што прыняў пакутніцкую смерць у імя сваёй Бацькаўшчыны.

Цягам урачыстага Помнік на магіле Вацлава Іваноўскагаадкрыцьця сам помнік быў асвечаны святаром з Кальварыйскага касцёла, а людзі, што прыйшлі ў суботу на Кальварыю, ушанавалі памяць Вацлава Іваноўскага ўрачыстай прамовай, сумеснай малітваю ды гімнам "Магутны Божа".

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў 1880 годзе на Лідчыне. Выпускнік Пецярбурскага тэхналагічнага інстытута. У 1909 годзе ў Мюнхене абараніў доктарскую дысертацыю і да 1913 года быў дацэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. Вацлаў Іваноўскі стварыў першы падручнік неарганічнай хіміі для ВНУ на беларускай мове, шмат зрабіў у распрацоўцы нацыянальнай навуковай тэрміналогіі. У 1918 годзе - міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі, рэктар Менскага педагагічнага інстытута. У 1921 годзе сышоў з палітычнай арэны, займаўся амаль выключна навукай быў прафесарам Варшаўскага політэхнічнага інстытута, а ў 1939 годзе - Віленскага ўніверсітэта.

Але побач з усім гэтым Вацлаў Іваноўскі быў адным з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху, і ў самыя цяжкія часы ён не пакідаў беларускую справу.

Менавіта Вацлаў Іваноўскі ў снежні 1902 года разам з Алаізай Пашкевіч (Цёткай) выдаў у Лябёдцы Лідскага павету першую беларускую газету "Свабода". Менавіта Вацлаў Іваноўскі ўзначаліў зарганізаваную ў 1906 годзе ў Пецярбургу выдавецкую суполку "Загляне сонца і ў наша аконца", што не толькі выдала лацініцаю ды кірыліцай каля паўмільёна асобнікаў беларускіх кніг, але і сталася прыбытковым камерцыйным прадпрыемствам, быў ініцыятарам увядзення ў беларускую лацінку літараў чэшскага алфавіту, якія б спрыялі яе адрозненню ад польскай, актыўна супрацоўнічаў з газетай "Наша доля", быў адным з заснавальнікаў газеты "Наша Ніва" (пісаў пад псеўданімам Вацюк Тройка), стаў старшынём Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў верасні 1915 года, займаў пасаду міністра асветы Ўраду БНР.

Вымушаны пэўны час жыць у Польшчы ды Літве, зноў вярнуўся на Беларусь толькі ў канцы 1941 году. Вонкава супрацоўнічаючы з фашысцкімі акупацыйнымі ўладамі, займаючы пасаду бурмістра Менска, Вацлаў Іваноўскі не пакідае захадаў на карысць незалежнай беларускай дзяржавы, стварае падпольную нацыянальна-дэмакратычную сетку, скіраваную на супрацоўніцтва з заходнімі хаўруснікамі СССР ды Арміяй Краёвай, дбае пра ратаванье суайчыннікаў (у тым ліку і габрэяў) ад вынішчэння падчас фашысцкіх рэпрэсій і адкрыццё беларускіх школ. 6 (паводле некаторых крыніцаў - 7) снежня 1943 году Вацлаў Іваноўскі вяртаўся дамоў на брычцы, але быў смяротна паранены невядомымі тэрарыстамі і праз некалькі гадзінаў памёр у шпіталі. Пэўны час лічылася, што забойства ўчынілі прасавецкія партызаны, але сёння ёсць падставы для меркаванняў, што злачынства гэтае не абышлося без рэйхскамісара Беларусі Готберга.

Падчас пахавання Іваноўскага на вуліцы Менска выйшла шмат людзей, што найбольш красамоўна сведчыць пра людскую павагу. Пахавалі Вацлава Іваноўскага на менскіх Кальварыйскіх могілках злева ад уваходу ў касцёл.

Пасля 3 ліпеня 1944 года, з магілы Вацлава Іваноўскага неўзабаве знікла мемарыяльная шыльдачка, а пазней - і сам крыж, што быў адноўлены толькі ў 1990 годзе.

І вось, дбаннямі спадарыні Ліцвінавай, на мейсцы пахавання палымянага патрыёта быў усталяваны невялікі надмагільны помнік з чырвонага граніту, як сведчанне таго, што ягоны клопат на беларускай ніве не быў марным.

Яшчэ адзін лідзянін гранітным каменем будзе ў вяках сцвярджаць велічнасць Лідскага краю і яго заслугі перад Беларуссю і Беларушчынай.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX