Вярнуцца: Палітыкі

Загінулі за Бацькаўшчыну


Аўтар: Хрышчановіч Уладзімір,
Дадана: 30-08-2013,
Крыніца: Лідскій Летапісец №2(62)-2013.



70 гадоў таму назад

29.ХІІ-2010 года, г. Ліда.

Я, Уладзімір Хрышчановіч, з малых гадоў чуючы расказы маіх бацькоў, дзядоў, зацікавіўся краязнаўствам і ведаў, як імперыі - нямецкая, польская і расейская стараліся хітрасцю альбо вайной забраць народ і землі Вялікага Княства Літоўскага (пазнейшая назва - Летува + Рэспубліка Беларусь + Украіна) пад сваю ўладу і на сваю карысць. Ведаў, як у час вайны 1939-1945 гг. вынішчаліся беларусы свядомыя, цвёрдыя, патрыятычныя - немцамі, чырвонымі партызанамі, белымі польскімі партызанамі Арміі Краёвай.

Пра забойства Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова, іх пахаванне і пошукі магілы іхняй пачуў ад Лілеі Сазанавец - студэнткі Віленскага ўніверсітэта. Яна запісала расказ жонкі Юльяна Сакавіча - Вольгі (Пагуды) пра той час. На пачатку гэта быў тэкст машынапісны, а пазней кніга "Мадонна", выдадзеная ў 2001 г. у Вільні ў ТБК Летувы. Лілеяй Сазанавец быў усталяваны крыж каля самага тоўстага дрэва на могілках, але гэта места было не дакладнае і многія "даследчыкі" аб'явілі гэта месца, як знойдзеную імі магілу Ю. Саковіча. Па расказах людзей старэйшых у 1974 годзе бацюшка Аляксей Івашкевіч спілаваў лістоўніцы і іншыя векавыя дрэвы, што раслі на поўнач ад царквы, чым разбурыў сістэму каардынат у памяці людзей, якія арыентавалі магілы па гэтых дрэвах. Прыкладна ў 1997 годзе (дакладна да 1999 г.) на сходзе гарадской арганізацыі БНФ на вул. Кірава-6 у прысутнасці прыкладна 70 чалавек Лілея Сазанавец звярнулася з просьбай да прысутных, каб яны апыталі старэйшых людзей, дзе дакладна магіла Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова, і паведамілі ёй. На сходзе прысутнічаў Змітровіч, па яго словах ён быў сябрам СБМ у 1942-44 гадах.

Пачуўшы просьбу Лілі Сазанавец, ён хуценька ўстаў і даўся ў дзверы, я выйшаў за ім і пачаў распытваць яго пра той час і тыя падзеі. Змітровіч блытана нешта казаў ў адказ і заявіў, што не ведае месца пахавання. Пасля ад'езду Лілі з Беларусі да мяне звярнулася Вольга Саковіч (дачка Юльяна) з просьбай знайсці места пахавання яе бацькі Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова.

Я распытваў многіх людзей старэйшых, але ўсё безвынікова.

У канцы 2000 г. я напісаў пісьмо ў Беларускае гістарычнае згуртаванне ў Аўстраліі да старшыні - айца Міхаіла Бурноса. Атрымаў ліст ад айца Міхаіла Бурноса 07.02.2001 г. з адрасам доктара Вітаўта Кіпеля - кіраўніка Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў ЗША.

Пасля жніўня 2001 года, Вітаўт Кіпель прыслаў мне ліст з паведамленнем, што копіі майго ліста перасланы былым лідзянам ў ЗША Язэпу Сажычу і Міколу Грэбеню, але лістоў ад іх я не атрымаў.

Вітаўт Кіпель прыслаў копію старонак часопіса "Беларуская думка", № 1, кастрычнік 1960 г. (Нью-Ёрк, Саўт-Рывер, ЗША), на якіх паказана агульная сітуацыя на Лідчыне ў 1941-1944 гг.

"ЛІДЗКАЯ АКРУГА ПАДЧАС НЯМЕЦКАЕ АКУПАЦЫІ 1941 - 1944 Г.

На Лідчыне, як і на ўсёй Заходняй Беларусі, пасьля разгрому арміяў Савецкай Расіі ў чэрвені 1941 г. і акупацыі яе нямецкімі войскамі, палякі разгарнулі надзвычайную дзейнасьць. Яны неадкладна ўвайшлі ў кантакт з кіруючымі нямецкімі вайсковымі ўладамі ды пачалі займаць усе становішчы ў акруговай, паветавай і валасной адміністрацыі, у паліцыі, а таксама і ў нямецкіх установах: мясцовых вайсковых камэндантурах, а пазьней і ў акруговым камісарыяце нямецкае цывільнае адміністрацыі. Адначасна палякі ахапілі пэрсанальную абслугу мясцовых нямецкіх кіраўнікоў. Такім чынам, ад самага пачатку нямецкае акупацыі, уся адміністрацыйная і паліцэйская ўлада ў паветах і валасьцёх апынулася поўнасьцю ў польскіх руках. Мясцовыя крайсляндвірты-немцы былі акружаныя полькамі машыністкамі, перакладчыцамі, сакратаркамі; а ў нямецкай акруговай адміністрацыі палякі таксама поўнасьцю ахапілі сваімі людзьмі дапаможныя становішчы перакладчыкаў і г. д., а нават і другарадныя кіраўнічыя становішчы.

(50KB) Фрагмент некралогу па Юльяну Саковічу, Леаніду Маракову і Валянціну Ваўчку.

Дабіцца гэтага палякам было няцяжка, бо наплывовы элемэнт з Пазнаньшчыны добра валодаў нямецкаю моваю і такім чынам мог увайсьці ў давер да немцаў.

Палякі адразу распачалі акцыю вынішчэніня беларускага нацыянальнага актыву як сваімі рукамі, так і рукамі немцаў. Рабілася гэта вельмі проста. Досыць было паляку-паліцэйскаму затрымаць каго-небудзь і, прывёўшы да нямецкіх уладаў, сказаць, што гэта камуністы, як затрыманага бяз допыту і суда выводзілі ў недалёкія кусты і расстрэльвалі.

У той час ня было сувязі з мясцовасьцямі, і таму нельга даць дакладных лічбаў аб вымардаваных беларусах у першую пару акупацыі. У маёй - забалоцкай - воласьці ў канцы жнівеня 1941 г., бяз ніякае прычыны, былі забраныя палякамі-паліцэйскімі Аляксей Смолік з вёскі Праважа і мой дваюрадны брат з Гудзінімскіх Пасек. Арыштаваных завялі ў "ортс-камэндантуру" ў Астрынку з рапартам, што іх злавілі, як узброеных камуністых. Ахвяры былі заразжа выведзеныя на мясцовыя жыдоўскія могілкі і расстраляныя. Мяне меў спаткаць такі самы лёс, але за мяне заступіўся былы войт польскай адміністрацыі, які быў добрым сябрам майго нябожчыка бацькі.

Польская мясцовая адміністрацыя накладала на беларускае насельніцтва значна большыя падаткі й іншыя павіннасьці, чым па палякоў. Амаль з кожнае беларускае хаты былі высыланыя хурманкі ў нямецкія абозы. Абозы былі цяжкай павіннасьцяй: шмат народу памёрла там ад хваробаў, шмат было забіта вайной, а хто вярнуўся дамоў, то без каня. Палякаў гэтая павіннасць абмінала.

Ужо першая высылка на прымусовыя працы ў Нямеччыну так сама лягла цяжарам на беларусоў. Забіралі моладзь нават з тых гаспадарак, дзе яе рукі, як апошняга мужчыны, былі неабходна патрэбныя для абрабляньня зямлі. Польская адміністрацыя загадвала сваякам-беларусам абрабляць зямлю ў такой гаспадарцы. У тым самым часе беззямельныя й беспрацоўныя палякі ў вялікай колькасьці пражывалі ў мястэчку Забалоцьце, але іх не пасылалі на працу ў Нямеччыну.

Увесну 1942 г., калі нямецкая цывільная адміністрацыя абвясьціла, што Заходняя Беларусь не становіць польскіх Крэсаў Усходніх, а зьяўллецца часткаю Беларусі (Вайсрутэніі), то мясцовыя палякі выказвалі жаль, што ня вынішчылі ўсіх беларусаў да вайны - ня было-б для каго тварыць Беларусь.

У красавіку 1942 г. у мястэчку Васілішкі быў заснаваны паветавы аддзел Беларускай Народнай Самапомачы (БНС), на чале якога стаў настаўнік Юліян Груцкі. Тады-ж быў прыслапы на становішча школьнага інспэктара Шляхтун, стары беларускі настаўнік, які за часоў польскага панаваньня не атрымаў працы настаўніка, бо быў беларусам. Распачалася арганігацыя беларускіх школаў. У травені 1942 г. у Забалацьці быў заснаваны валасны аддзел БНС, на старшыню якога прызначылі мяне. Пачалася паступовая замена палякаў беларусамі ў адміністрацыі.

На гэту арганізацыйную беларускую нацыянальную дзейнасьць палякі адказалі сваім крывавым тэрорам, ажыцьцяўляючы сваё спозненае вынішчэньне беларусаў.

У нядзелю 19 чэрвеня 1942 г. папетавы старшыня БНС у Шчучыне, ён-жа і дырэктар настаўніцкае сэмінарыі, Рандарэвіч зарганізаваў Сьвята Моладзі на беразе Нёмана, у 7 км ад Шчучына. Пасьля імпрэзы, ейныя кіраўнікі Рандарэвіч, Груцкі і Шляхтун зайшлі на вячэру да мясцовага сьвятара. Пад час вячэры, у памешканьне сьвятара ўварвалася некалькі ўзброеных палякаў, якія зажадалі ад прысутаых дакумантаў. Шляхтун і Груцкі паказалі свае настаўніцкія пасьведчаньні, й іх не чапалі, але Рандарэвіча забралі, завялі ў жыта і застрэлілі.

На наступны дзень - 20 чэрвеня - інспэктар Шляхтун і настаўнік Груцкі раніцай варочаліся на самакатах дамоў. Не даязджаючы 4 км. да Васілішак, яны былі затрыманы палякамі-паліцэйскімі з Васілішак, заведзеныя ў жыта і застрэленыя. Самакаты засталіся на дарозе. Калі аб зьнішчэньні данесьлі ў паліцыю, дык дасьледваньне было праведзена фармальна, і ніхто ня быў выкрыты. Праз тыдзень сяляне знайшлі трупы замардаваных па цяжкім паху і данесьлі ў паліцыю. Паліцыя прывязла трупы ў Васілішкі і з кпінамі казала, што гэта "падла" засмуродзіла ўсё мястэчка.

Па некаторым часе на прыходзе Турэйск, каля Шчучына, быў замучаны на сьмерць са сваёй матушкай сьвятар Іван Аляхновіч.

Перад Калядамі 1942 г. кіраўнік гаспадарчага аддзелу Васілішкаўскай паветавай управы Гарадзейчык наведаў сваю сям'ю ў вёсцы, адлеглай 8 км. ад Васілішак. У Сьвяты Вечар, калі сям'я Гарадзейчыка была за сталом, узброеная банда палякоў уварвалася ў хату і тут-жа застрэліла Гарадзейчыка.

На пачатку 1943 г. былі ўведзены" новыя асабістыя пасьведчаньні (аўсвайсы), у якіх была рубрыка "нацыянальнасьць". Кіраўнік фінансавага аддзелу Васілішкаўскай паветавай управы Грушнік, якога палякі лічылі сваім чалавекам, падаў у пасьведчаньні нацыянальнасьць беларускую. У кароткім часе па атрыманьні ім пасьведчаньня, увечары нехта пастукаў да яго ў дзьверы. Грушнік адчыніў дзьверы і быў застрэлены з пісталета.

У сакавіку 1943 г. начальнік Лідзкай гарадзкой паліцыі, беларус, лейт. Канчук Усевалад, праходзіў каля рынку ў Лідзе з сястрой і ейнай калежанкай. Праходзячы праз натоўп, Канчук атрымаў стрэл у патыліцу і паваліўся забітым. Забойцы перабеглі вузкі выган, пераскочылі праз ручай і зьніклі ў Лідзкіх руінах.

У канцы травеня 1943 г. з Менску былі прысланыя: Ю. Саковіч на становішча Акруговага Старшыні БНС у Ліду і Л. Маракоў на становішча паветавага старшыні ў Васілішкі. Ніхто з мясцовых беларусаў яшчэ ня ведаў аб гэтых новых прызначэньнях, але палякі ведалі, і мясцовы падпольны польскі суд вынес прысуд сьмерці новапрызначаным беларусам. Ужо за два дні да прыбыцьця ў Васілішкі Л. Маракова, адзін тамтэйшы кравец паляк казаў свайму сябру А.С., які пражываў у гэтага краўца, што лепш-бы не прыяжджаў сюды новы паветавы старшыня, бо доўга тут не пабудзе.

Перад Сёмухай прыехалі ў Васілішкі Саковіч і Маракоў. На наступны дзень яны пайшлі адведаць беларусаў у фальварку Гайкаўшчына, недалёка ад Васілішак. Палякі хацелі забіць іх у дароге, але прыбылыя ішлі з групай некалькіх асобаў, таму забойцы на самакатах абмінулі іх. Каля 3-яй гадзіны дня Саковіч з Мараковым вярнуліся ў Васілішкі, але дзьверы кватэры былі замкнутыя, бо гаспадыня пайшла адведаць сваю матку. Тады прыбылыя пайшлі да знаёмае лекаркі, прысланае на працу з Менску. Прайшоўшы некалькі крокаў праз плошчу, Саковіч з Мараковым спаткалі дзьвюх асобаў, якія, мінаючы, хутка дасталі пісталеты і застрэлілі прыбылых. Забойцы пераскочылі ксяндзоўскі плот і зьніклі паміж будынкаў. Забойцамі былі: плютановы польскага войска, пражываўшы ў Старых Васілішках і шляхціц з фальварку Острава Васілішкаўскай воласьці.

У ліпені 1943 г. Ільля Кіслы, беларускі грамадзкі дзеяч, праяжджаючы на самакаце апоўдні па галоўнай вуліцы Ліды, атрымаў стрэл у патыліцу.

На пачатку восені 1943 г. Мікола Сямашка, камандант ахоўнага аддзелу ў маёнтку Запольле, адлеглым 4 км. ад Ліды, быў застрэлены паляком паліцэйскім.

Увосень гэтага самага году Жалудоцкі паветавы старшыня Токць Барыс, які ехаў хурманкай з мяст. Жалудок да чыгуначнай ставцыі Скрыбава, на паўдарозе быў затрыманы і застрэлены палякамі.

У 1943 г. валасны старшыня ў Бакштах Кастусь Кішкель быў арыштаваны польскай паліцыяй бяз прычыны. Пасьля допыту, паляк-паліцэйскі Дражынкевіч, адводзячы арыштаванага да турмы, застрэліў яго па дарозе, нібы за спробу ўцёку.

Тады-ж быў застрэлены палякамі Юраціцкі школьны інспэктар Пратасэвіч.

У пачатку сакавіка згінуў на парозе свае хаты старшыня г. Ліда Пінкевіч. Забойцы пастукалі ўвечары ў дзьверы і, калі Пінкевіч адчыніў, застрэлілі яго з пісталета.

Вышэй пералічаныя беларусы, памардаваныя палякамі, былі мне асабіста ведамыя (за выняткам Пратасэвіча); з імі я супрацоўнічаў, або спатыкаўся. Але, апрача пералічаных, палякі вымардавалі на Лідчыне мноства іншых: настаўнікаў, працаўнікоў адміністрацыі і сялян, аб чым я толькі чуў з пераказаў іншых беларусаў пазьней. Некалькі такіх выпадкаў я і падаю ніжэй.

Банда польскіх партызанаў напала на хутар заможнага беларуса каля чыгуначнага прыстанку Курган. Палякі дамагаліся ад селяніна зброі, якое той ніколі ня меў. Селяніну выломвалі пальцы, прыпякалі гарачым зялезам, заганялі пад пазногці смалякі і запальвалі іх, рэзалі скуру і салілі жывое цела; так зьдзекваліся, пакуль селянін ні сканаў. Усе гэтыя катаваньні палякі рабілі ў прысутнасьці жонкі і дзяцей катаванага.

Аляксандар Федаровіч быў змабілізаваны ў паліцыю, але хутка звольніўсл, бо ня было каму працаваць на гаспадарцы. У хуткім часе яго знайшлі на адлегласьці 12 км. ад хаты, утопленым у рацэ Дзітва, супроць Навасёлак, са зьвязанымі рукамі й нагамі.

Увесну 1944 г. палякі распачалі антыбеларускі тэрор у больш масавым абсягу. На пачатку красавіка 1944 г. толькі ў Белагрудзкай і Беліцкай валасьцёх было забіта польскімі бандамі больш 100 беларусаў у працягу аднаго тыдня. Вымардоўваліся сваякі настаўнікаў, працаўнікоў адміністрацыі, БНС, вясковых старастаў, якія працавалі пад нямецкай акупацыяй, а таксама забіваліся ўсе тыя, хто працаваў падчас савецкае акупацыі да 1941 г. нават на найніжэйшых становішчах, як: вясковыя ўпаўнаважаныя, працаўнікі сельпо і г. п.; сваякі іх таксама вымардоўваліся. Такім чынаы палякі ачышчалі Беларусь ад інтэлігентнейшай часткі насельніцтва, ад сваіх патэнцыяльных ворагаў. Такую акцыю палякі маглі арганізаваць на Лідчыне, дзякуючы свеасаблівым мясцовым абставінам.

Ад пачатку нямецкай акупацыі на Лідчыне дзеіла моцная нелегальная польская арганізацыя, якая ў другой палове 1943 г. была прызнаная немцамі за дзейнік, з яікім належыць лічыцца. Немцы ня толькі талеравалі гэтую польскую арганізацыю, але і памагалі ёй зброяю, амуніцыяй, лекамі, а нават прыймом у шпіталі хворых і раненых польскіх партызанаў. Па вуліцах Ліды было відаць едучых хурманкамі польскіх ахвіцэраў і жаўнераў. У маёй прысутнасьці ў канцылярыю акруговае нямецкае жандармэрыі ў Лідзе прыбыў польскі паручнік у ўніформе, зажадаў спатканьня з акруговым камандантам жандармэрыі, што і было зараз-жа выканана.

Немцы вялі на Лідчьше падвойную палітыку: афіцыйна нібы падтрымлівалі нацыянальныя імкненьні беларусаў, а за плячыма давалі паляком магчымасьць арганізаваць збройную сілу, нацкоўваючы іх на беларусаў. Стацыянаваньне літоўскіх ды ўкраінскіх батальёнаў на Беларусі дадаткова сьцьвярджае факт, што немцы не ўважалі беларускі народ за прыхільны для сябе.

Адклікаючы з вясковых школаў усіх беларускіх настаўнікаў, якія яшчэ ня былі памардаваныя палякамі, немцы тлумачылі гэта беларусам, як імкненьне захаваць настаўнікам жыцьцё. Можна прыпушчаць, што гэтае адкліканьне было ўступкай польскім дамаганьням аб спыненьні арганізацыі беларускіх школ на Лідчыне.

Выпраўляючы беларусаў ў раёны, на працу на кіраўнічыя становішчы, немцы запэўнялі іх аб сваёй дапамозе і рэпрэсіях супроць палякоў за эвэнтуальныя акты тэрору. У сапраднасьці-ж немцы не рабілі ніякіх захадаў у сувязі з мардаваньнем палякамі беларусаў. Трэба прыпушчаць, што гэтая дзейнасьць была на руку немцам.

Зьмена польскай адміністрацыі на беларускую на Лідчыне адбывалася вельмі паволі. Паліцыя да канца была пад кантролем палякаў. На пачатку красавіка 1944 г. на 23 камэндантаў паліцыі 21 камэндант былі палякамі. Дзьве трэціх агульнага складу паліцыі Лідчыны былі палякамі. Акруговы камісарыят Ліды да канца быў запоўнены польскімі дапаможнымі працаўнікамі, за выняткам некалькіх беларусаў.

Палякі вельмі ўмела абслугоўвалі розныя асабістыя патрэбы нямецкіх кіраўнікоў, пачынаючы ад акруговага камісара. На дзень нарадзінаў камісара палякі падаравалі яму каштоўны пярсьцёнак з нацыстоўскага колеру каменем. Сымпатыі камісара да палякоў дайшлі да таго, што ў 1944 г. ён езьдзіў на Вялікдзень на сьвянцонку да польскіх партызанаў. Полькі машыністкі і сакратаркі вельмі ахвотна абслугоўвалі розныя жыцьцёвыя патрэбы нямецкіх кіраўнікоў і, карыстаючыся з магчымасьцяў, адстойвалі польскія нацыянальныя справы. Пры такіх прыязных абставінах палякі разбудоўвалі свае збройныя аддзелы на выпадак магчымасьці захопу ўлады на Лідчыне і на ўсёй Заходняй Беларусі. Некалькі ілюстрацыяў для характарыстыкі магчымасьцяў гэтае польскае падрыхтоўчае дзейнасьці падаецца ніжэй.

Адзін селянін з вёскі, адлеглай 2 км. ад Васілішак, аднойчы ня выехаў на шарварк. На наступны дзень жандармы з паліцыяй зайшлі да гэтага непаслухмянага чалавека. Аказалася, што ён быў пад польскай уладай: у хаце была цэлая канцылярыя. Плютановы пісаў на машынцы. Жандармы арыштавалі плютановага, забралі куфар актаў, машынку і запас зброі. Праз дзьве гадзіны пасля гэтага ў жандармэрыю зьявіўся польскі паручнік з капралам і зажадаў звальненьня арыштаванага і звароту ўсяго забранага, пагражаючы збройным выступленьнем супроць немцаў. Немцы выканалі ўсе дамаганьні польскіх партызанаў.

У Васілішкаўскай жандармэрыі працаваў "обэр-вахмайстар" Цесьляк з Верхняй Сілезіі (мабыць, зьнемчаны паляк). Ён перадаваў усе патрэбныя сакрэты паляком, за што меў каханку польку і частыя пачастункі ад палякаў.

Пасьля забойства Саковіча і Маракова былі выкрыты іх забойцы, а так сама было сабрана шмат матэрыялаў аб польскай дывэрсійнай дзейнасьці ды акцыі супроць беларусаў на Лідчыне. Матэрыялы былі пераданыя Ільлі Кісламу для далейшага ходу. Гэтыя матэрыялы забрала Лідзкая жандармэрыя і пераслала жандармэрыі ў Васілішках. Палякі заразжа былі паінфармаваныя аб кампрамітуючых іх матэрыялах, і ўжо праз тыдзень па атрыманьні матэрыялаў Кіслы быў застрэлены палякамі, аб чым мы ўпаміналі вышэй. Больш трох месяцаў матэрыялы ляжалі ў Васілішкаўскай жандармерыі. Трэба прыпушчаць, што папярэджаныя немцамі палякі паліцэйскія, выкрытыя ў матэрыялах, пайшлі ў партызаны, забраўшы зброю і амуніцыю з паліцыі.

Частка Гарадзеншчыпы і Беласточчыны былі далучаныя да Ўсходняй Прусіі. Польская падполыная арганізацыя з Васілішак дзеіла на абшары гэтых адлучаных тэрыторыяў. Гэтая дзейнасьць была выкрыта нямецкімі ўладамі Усходняе Прусіі, якія выкрылі карэньні яе ў Васілішках і прыбылі сюды для ліквідацыі. Аднак, Васілішкаўская жандармэрыя не дапусьціла да гэтай ліквідацыі, матывуючы патрэбай часу для далейшага сачэньня.

У гэтым часе ў Васілішках была раскватэраваная рота 63 батальёну "штуцманшафту" ўкраінцаў, з якімі мы мелі прыязныя дачыненьні. Украінцы таксама выкрылі існаваньне польскай падпольнай арганізацыі і, ня пытаючыся немцаў, дня 23 сьнежня 1943 г. арыштавалі ў Васілішках 22 палякоў. На наступны: дзень 5 асобаў было звольнена, а рэшта мела быць дастаўлена ў Ліду. Транспарт складаўся з арыштаваных палякаў, 8 нямецкіх жандармаў і 15 украінскіх "штуцманаў". Каля Ваверкі польскія партызаны зрабілі засаду, відаць, загадзя паінфарманыя. Стрэламі з кулямётаў палякі забілі 3-х немцаў і 9-х украінцаў ды адбілі арыштаваных палякаў. Роту ўкраінскіх "штуцманаў" перавялі"з Васілішак у Іўе, відаць, для супакою, і ніякіх рэпрэсіяў супроць палякоў за забітых немцаў ня было.

Па-ранейшаму польскія банды наяжджалі на беларускія вёскі, рабавалі сялян, а пазьней даносілі немцам, быццам беларусы маюць зносіны з савецкімі партызанамі. Немцы прысылалі карныя вайсковыя аддзелы, якія забівалі нявінных беларусаў, хапалі й вывозілі на працу ў Нямеччыну, а вёскі палілі. Так была спалена вёска Вялікае Сяло Скрыбаўскай воласьці; шмат вёсак было спалена часткова.

Савецка-расійскія партызаны апэравалі пераважна на абшарах, якія прылягалі да вялікіх лясоў. На Лідчыне ня было вялікіх лясных масываў, і таму ня было спрыяльных абставінаў для савецкіх партызанскіх злучэньняў, якія дзеілі на ўзьмежах Лідчыны, за Нёманам, у Занямонскай пушчы і на ўсходзе, у Налібоцкай пушчы. Там яны вымардоўвалі беларускі нацыянальны актыў побач свае антынямецкае акцыі.

На мяжы Радунскай і Забалацкай валасьцей, пры сутыку іх з Літвой, дзеіла невялікая колькасна партызанка жыдоў, якія ўратаваліся з Радунскага гэтто. Аднак, гэтыя партызаны не выяўлялі ніякае дзейнасьці, апрача рабаваннья насельніцтва для свайго харчаваньня.

(Подпіс аўтара не падаецца для бясьпекі яго сваякоў, якія жывуць пад савецкай уладай)."

(Лексіка і правапіс, на колькі ўдалося, захаваныя. Рэд.)

Толькі пасля 2000 года Вольга Саковіч прыслала мне копію газеты таго часу "Беларускі голас" № 25 ад 25 чэрвеня 1943 года, якая выдавалася ў Вільні беларускім лацінскім шрыфтам. У той час рэдактарам газеты быў выбітны дзеяч беларускага руху - Францішак Аляхновіч.

"Ліда, 17 чэрвеня 1943 г.

Беларускае грамадзянства Ліды пахавала лепшых сыноў свайго Народу Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова, якія загінулі ад рук подлых ворагаў нашае Бацькаўшчыны.

Сумна і цяжка на душы... Рука адмаўляецца пісаць аб гэтых новых, цяжкіх ахвярах...

Толькі некалькі дзён назад Саковіч і Маракоў, маладыя яшчэ і поўныя сіл і энэргіі, энтузіястыя беларускай справы, прыехалі да нас на працу. Прыехалі яны сюды з даручэння Генэральнага Коммісара ў Менску, каб папоўніць кадры беларускіх працаўнікоў у Лідчыне. Акруговы комміссарыят дэлеггаваў іх часова ў Васілішкі, дзе ўся адміністрацыя і паліцыя абсаджаны амаль выключна палякамі. За пару тыдняў яны меліся вярнуцца ў Ліду, каб тут абняць прызначаныя ім адказныя становішчы ў адміністрацыі.

Вярнуліся яны раней, але ... у трунах...

Нашыя ворагі пільна сачылі за кожным іх крокам. На трэйці дзень пасьля прыезду ў Васілішкі, яны былі застрэляны подлымі бандытамі з-за вугла ў дзень на вуліцы.

Балючая, цяжкая страта!.. Але нашыя ворагі мыляюцца, калі думаюць, што гэткімі агіднымі забойствамі яны змусяць нас адмовіцца ад барацьбы за лепшую будучыню, за вольнасць нашае Бацькаўшчыны, бо на месца забітых з'явяцца шарэгі маладых беларускіх змагароў, каторыя памсьцяцца за сьмерць забітых і для каторых постаці Саковіча і Маракова будзе прыкладам ахвярнасьці ў барацьбе за лепшую будучыню.

На праваслаўных могілках, дзе хавалі загінуўшых, сабралося шмат беларускага грамадзянства. Былі прысутнымі: Комміссар Акругі спадар Ганвэг, ягоны заступнік спадар Дрэхсэль, жонка Саковіча. Было шмат вянкоў: ад Акруговага Комміссара, Нацыянал-сацыялістычнай Партыі, беларускага грамадзянства, шмат красак і зелені.

Вечная Вам памяць, чэсьць і слава Вам, дарагія змагары!

Няхай родная зямелька будзе Вам лёгкай!

Юльян Саковіч

Юльян Саковіч нарадзіўся 24 жніўня 1906 году у фальв. Баўдырох, Крэўскае воласці, Ашмянскага павету. Па сканчэнні беларускай гімназіі ў Вільні, студыяваў прыроду ў Віленскім Ўнівэрсытэце. За палітычную дзейнасьць быў праследаваны польскаю ўладаю, арыштаваны і дзеля таго ня мог скончыць унівэрсытэту. Выбух польска-нямецкай вайны звольніў яго з лягеру ў Бярозе Картузкай.

Таксама прасьледавалі яго і бальшавікі. Калі прыйшлі немцы, ён адразу з'явіўся на працу. У Менску быў першым камэндантам беларускай паліцыі, а пасля працаваў па арганізацыі Беларускай Самаабароны. Ад жніўня 1942 году быў прыдзеланы да Комміссара Менск-Акруга, як муж даверу і акруговы кіраўнік Самапомачы.

На гэтым становішчы ён працаваў да апошняга часу. Ад чэрвеня г.г. быў прыдзеланы да Акруговага Комміссара ў Лідзе.

Леанід Маракоў

(Аўтабіяграфія)

Нарадзіўся ў 1914 г. Бацькі - сяляне Менскага павету, Сенніцкай воласці, вёскі Лошыца. Потым бацька перабраўся ў Менск, дзе працаваў за муляра. У 1928 годзе скончыў сямігадовую школу, а ў 1931 - Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (Сэмінарыю), пасля чаго працаваў за настаўніка ў Лагойскім павеце, адначасна вучыўся ў Беларускім Універсітэце ў Менску, дзе студыяваў гісторыю і літаратуру. У 1935 годзе за дзейнасць супроць бальшавікоў быў арыштаваны мой бацька Маракоў Дзімітры, а ў 1936 годзе - мой брат - беларускі паэта Маракоў Валеры. Пасьля сканчэння ўніверсіытэту я быў накіраваны ў Магілёў на працу ў Пэдінстытут як навуковы працаўнік, але ў хуткім часе ў 1938 г. быў арыштаваны і пасля вызвалення з турмы ў 1939 г. працаваў за настаўніка ў сярэдняй школе г. Жлобіна (Гомельская акруга). Пасьля прыходу нямецкай арміі вярнуўся ў Менск, дзе дзе жыве мая сям'я: старая маці, меншы брат, жонка і дзеці. Працаваў дырэктарам Народнае Школы, а ад мая месяца 1942 - старшынёю акругі БНС Менск-горад і сябрам Цэнтральнай Рады БНС. 1 чэрвеня 1943 году быў накіраваны ў распараджэнне Лідскага Гэбітскомміссара.

( - ) Маракоў.

Ад рэдакцыі: Змешчаная тут аўтабіяграфія была напісана самім нябожчыкам незадоўга перад сьмерцю.

* * *

Валянцін Ваўчок

Разам з Саковічам і Мараковым быў пахаваны ў супольнай магілцы яшчэ адзін малады беларус - Валянцін Ваўчок.

Ваўчок нарадзіўся 2 студзеня 1927 году. Працаваў у спецыяльнай ахове (Wachmannschaft) Акруговага Коммісарыяту ў Лідзе. Згінуў 14.VI.43 г. ад нешчаслівага выпадку."

(Па магчымасці захаваны лексіка і правапіс беларускага лацінскага тэксту. Рэд.)

У паведамленні пра забойства Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова паведамляліся і звесткі пра маладога беларуса - Валянціна Ваўчка, загінуўшага ад нешчаслівага выпадку - і адначасова пахаванага ў супольнай магіле. Звесткі пра Валянціна Ваўчка дазволілі адшукаць яго родных.

Я, Уладзімір Хрышчановіч, вучыўся у адным класе з братамі Барысам і Жорам Ваўчкамі, якія жылі на вуліцы Маладварцовай.

Дом іх па вул. Маладварцовай, забралі пад дзяржаву - канфіскавалі, бо быў больш за 100 м 2 памерам і зрабілі там суд, а яны пазней жылі каля каталіцкіх могілак, мелі сястру, якая выйшла замуж за знаёмага мне чалавека. Сустрэўшыся на рынку з гэтай сям'ёй, я распытаў іх, хто са старэйшых родзічаў іх, можа расказаць пра падзеі 1943 года. Яны далі мне нумар тэлефона хатняга цёці сваёй - Галіны Ваўчок, якая нарадзілася 02.02.1925 года, і яна расказала мне пра супольную магілу Валянціна Ваўчка, Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова. На магіле Валянціна Ваўчка быў пастаўлены помнік, але пазней было аб'яўлена рашэнне гарвыканкаму аб закрыцці могілак, а праз 20 год аб іх скасаванні. Дазвалялі ўсім родзічам пераносіць прах сваіх родных на новыя могілкі ў канцы вуліцы Варшаўскай (пад быка). Родзічы Валянціна Ваўчка вырашылі перазахаваць яго парэшткі на новыя могілкі. Перазахаванне было зроблена неакуратна, і частка парэшткаў Валянціна Ваўчка засталася ў магіле. Помнік з надпісам укінулі ў раскопаную магілу, а зверху і падставу ад помніка. Зямлю разраўнялі, і знік нават след ад былой магілы.

Расказ сп. Галіны Ваўчок быў позняй восенню 2003 г., выпала многа снегу і засыпала - зараўняла ўсе могілкі. Дамовіўся я з сп. Галінай Ваўчок, што вясною, як сыдзе снег, мы абавязкова сходзім на могілкі, і яна пакажа месца пахавання Валянціна Ваўчка, Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова. Як сышоў снег, вясною 2004 года сп. Галіна Ваўчок паказала месца супольнай магілы Валянціна Ваўчка, Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова.

Я стаўшы на паказаным месце папрасіў яе мяне сфатаграфаваць - ёсць здымак.

Аб адшуканай магіле - паведаміў дочцы Юльяна Саковіча - Вользе Саковіч у Летуву.

Вольга Саковіч пазнаёмілася з сям'ёй сп. Галіны Ваўчок і яе мужам Мікалаем Пятровічам.

Вольга Саковіч вырашыла ўсталяваць на магіле бацькі Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова сціплы, часовы помнік. Помнік быў заказаны ў прыватнай фірме па вул. Савецкай. Усталяваны і асвечаны 15-19.VІ-2004 г. бацюшкам Дзмітрыем, са Свята-Юр'еўскай царквы, на 61 годзе пасля забойства іх у мястэчку Высілішкі, і пахавання ў г. Лідзе. Вольга Саковіч шукала сына Леаніда Маракова. Па яе просбе я ёй перадаў нумар тэлефона Леаніда Ўладзіміраваіча Маракова, які жыў ў Менску і быў аўтарам публікацый па гісторыі рэпрэсій расійскага НКУС на землях Беларусі. Высветлілася што ён ёсць пляменнік Леаніда Маракова, і праз яго Вольга Саковіч пазнаёмілася з сям'ёй сына Леаніда Маракова, які не адзін раз прыязжаў у г. Ліду распытваў старых людзей у Свята-Юр'еўскай царкве, распытваў бацюшку царквы, але без выніку.

Мне ж ад старэйшых людзей удалося атрымаць пацверджанне, што ў царкве адначасова стаялі тры труны: Валянціна Ваўчка, Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова. Паніхіду па забітых служылі шэсць праваслаўных святароў Лідчыны і Вільні пры вялікай колькасці людзей. На развітанні гучалі жалобныя прамовы не толькі беларусаў, але і прадстаўнікоў гітлераўскай адміністрацыі на акупаванай Беларусі. Так фашысты хавалі свой удзел у забойстве і рабілі з беларускіх патрыётаў калабарантаў. Сёння вядома, што забойства Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова было здзейснена польскай Арміяй Краёвай па загаду нямецкіх спецслужбаў, якія на Лідчыне цесна супрацоўнічалі з палякамі.

"Энцыклапедыя гісторыі Беларусі" пра Юльяна Саковіча падае наступную інфармацыю:

" САКОВІЧ Юльян (24.8.1906, фальв. Баўдыры Ашмянскага пав. Віленскай губ. - 13.6.1943), дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі; у Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Скончыў Віленскую бел. гімназію, вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога выключаны за рэв. дзейнасць. Быў чл. Бел. студэнцкага саюза, КПЗБ, Т-ва бел. школы (ТБШ). У 1929 разам з Г. Вялецкім выдаваў у Вільні час. "Вольная думка" - орган Бел. паступовага (перадавога) студэнцтва. У лют. 1933 на працэсе над кіраўніцтвам ТБШ прыгавораны да 3 гадоў турмы. Напярэдадні 2-й сусв. вайны арыштаваны і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У вер. 1939 вызвалены, вярнуўся на Віленшчыну, дзе арыштаваны органамі НКУС. З чэрв. 1941 у Мінску. У перыяд акупацыі Беларусі займаў пасады нач. адм. аддзела Беларускай народнай самапомачы (БНС), з чэрв. 1943 акр. старшыні БНСу Лідзе. Адзін з кіраўнікоў Беларускай незалежніцкай партыі. Забіты польскімі падпольшчыкамі ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н).

Сяргей Ёрш."

Пра Беларускую незалежніцкую партыю там напісана наступнае:

" БЕЛАРУСКАЯ НЕЗАЛЁЖНІЦКАЯ ПАРТЫЯ, БНП, арганізацыя беларускіх дзеячаў на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана ў пач. 1942. Першы з'езд БНП адбыўся ў кастр. 1942. У кіруючае ядро ўваходзілі У. Родзька (старшыня ЦК БНП, бургамістр Віцебска), Ф. Аляхновіч (кіраўнік Віленскага к-та БНП), I . Гінько (кіраўнік Глыбоцкага акр. к-та Бел. нар. самапомачы), Р. Зыбайла (кіраўнік Слонімскага акр. к-та Бел. нар. самапомачы), Б. Рабуха (камандзір коннага эскадрона Навагрудскай паліцыі), Ю. Саковіч (кіраўнік Мінскага акр. к-та БНП і адм. аддзела Бел. нар. самапомачы), А. Сянькевіч (рэдактар "Беларускай газэты") і інш. Выдавала "Беларускі інфармацыйны бюлетэнь" (рэдактар М. Рагуля, выйшла 6 нумароў). Было ўтворана 5 акр. к-таў БНП. Мела кантакты з кіраўнікамі Палескай сечы Украінскай паўстанцкай арміі (ПС УПА), якія прапаноўвалі БНП заняць анты-ням. пазіцыі. Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі бел. апараце, імкнуліся арганізаваць бел. нац. рух для адначасовага выступлення супраць ням.-фаш. захопнікаў і бальшавікоў. Было створана некалькі ўзбр. і нелегальных груп (найбольш на Палессі - 12). Да сярэдзіны 1944 БНП не мела шырокай падтрымкі ў інш. бел. груп, не стала рэальнай паліт. сілай. Р. Астроўскі ў пач. 1950-х г. тлумачыў прычыны гэтага тым, што "пачаць вайну за незалежнасць на два франты - супраць немцаў і бальшавікоў - было б раўназначна самазабойству. Зрабіць такі крок было немагчыма. Бальшавікоў усе добра ведалі і з імі змагаліся, а ў адносінах да немцаў - так усе былі ўпэўнены, што Захад звяжа ім рукі. У такой сітуацыі неабходна было дамагчыся найбольшага, прытым легальным спосабам". З прыходам Чырв. Арміі дзейнасць БНП значна актывізавалася. У канцы чэрв. 1944 Родзька пры падтрымцы гітлераўцаў арганізаваў і накіраваў у сав. тыл узбр. групы А. Лапіцкага (раён Вілейкі), С. Мануйлы (раён Баранавіч), Сікоры (раён Пастаў), у лістападзе - атрад колькасцю 27 чал. на чале з М. Вітушкам і Гінько (раён Маладзечна, у снежні разгромлены супрацоўнікамі НКУС). Аднак масавай падтрымкі насельніцтва БНП не дамаглася. Большасць яе атрадаў і падп. груп былі разгромлены НКУС. Шэраг дзеячаў БНП на чале з Родзькам арыштаваны.

У. І. Гуленка."

У гэтым артыкуле шмат недагаворак, прынамсі цалкам замоўчана роля ксендза Вінцэнта Гадлеўскага ў дзейнасці БНП. Менавіта В. Гадлеўскі быў першым знішчаны немцамі. Спрошчана сітуацыя і ў выказванні Р. Астроўскага пра два франты. Два франты: антысавецкі і антыпольскі БНП мела ўвесь час. Яна мусіла адкрываць яшчэ трэці фронт - антынямецкі, для чаго было жаданне, але не было сілаў. Немцы ведалі гэта і аслаблялі БНП, як маглі, хаця на поўнае і адкрытае знішчэнне не ішлі. Атмасфера гэтага часу добра пададзена ў мастацка-біяграфічным аповедзе Лілеі Сазанавец "Мадонна" пра жонку Юльяна Саковіча Вольгу Саковіч (Пагуду). Фрагмет з аповеду ёсць сэнс прывесці:

"Вольга разгарнула паперку. На сваё здзіўленне і таемную радасць яна ўбачыла, што гэтая цыдулка была ад Юльяна. "Мая даражэнькая, - пісаў ён сваім таропкім почыркам, - будзь гатовая. Я прыеду!" Вольга не зусім зразумела тады, да чаго яна павінна быць гатовай. Яна бачыла толькі гэтае цудоўнае слова "даражэнькая" і нязвыклае хваляванне прыемна запаланіла яе сэрца. У гэтым хваляванні яна нават забылася пра папярэджанне Асіповіча.

Вольга вярнулася ў дом. Нешта незвычайнае, напэўна, адбілася на яе твары, таму што гэта адразу заўважыла Зіна, якая тады якраз наведала сяброўку.

- Што з табою? - пацікавілася яна ў Вольгі, - ты свецішся, нібы яснае сонейка.

- Так, нічога асаблівага, - не стала засяродж-вацца на падрабязнасцях Вольга, яна не хацела раскрываць сваю тайну нават лепшай сяброўцы.

Дзяўчына ўзяла нейкую кнігу з паліцы, паклала туды Юльянаву цыдулку. Зіна заўважыла гэтую маніпуляцыю.

- Што гэта? Нейкая цыдулка? Ад каго? - дапытвалася яна.

- Ад вучня майго, - адказала Вольга, - так, дробязь.

Зіна зразумела, што сяброўка не хоча распавядаць пра гэтую цыдулку і не стала настойваць на гэтым Вольга, калі хацела, сама ўсё ёй расказвала. Зіна здагадвалася, што цыдулка была ад Юльяна. На тое ж яна і была лепшай сяброўкай, каб заўважыць, што Вольга апошнім часам стала нейкая не такая, як заўсёды. Вольга закахалася. Гэта было відавочна. Па настроі сяброўкі Зіна зразумела, што тая хоча застацца адна і хутка засубіралася дамоў. Тым больш, што надыходзіў камендацкі час

Вольга, як толькі Зіна пайшла, яшчэ некалькі разоў запар перачытала дарагую ёй цыдулку. Перачытвала яна яе і на наступны дзень. Але праз дзень цыдулка нечакана некуды знікла. Вольга добра памятала, што напярэдадні яна паклала яе, як звычайна, у кнігу. Назаўтра паперкі ў кнізе не знайшла. Куды яна магла падзецца, Вольга не ведала. Страта цыдулкі непрыемна ўразіла дзяўчыну. Яна нібы страціла не нейкі невялічкі кавалачак паперы, а нешта дарагое ёй. Гэтае дарагое было ад Юльяна. Гэта было прыкра, але хутка Юльян сам заявіўся да Вольгі.

Гэта здарылася праз некалькі дзён пасля таго, як Асіповіч папярэдзіў яе аб небяспецы. Стаяў канец кастрычніка. Ужо добра бралася на восень. Вечарамі моцна халадала. Патрэбна было паліць печ, бо ў хаце было халаднавата. Вольга якраз варушыла вугольчыкі ў грубцы ў сваім пакоі, калі ў дзверы нечакана пастукалі. Яна не ведала, хто да яе мог прыйсці ў такі позні час, але нечакана ў яе моцна забілася сэрца. На парозе стаяў Юльян і ўсміхаўся ёй сваёй незвычайнай усмешкай.

- Збірайся, - прамовіў Юльян, - толькі рэчаў ніякіх з сабою не бяры. Проста апраніся ды выходзім.

Вольга не стала нічога дапытвацца. Хуценька накінула на плечы палітончык, усунула ногі ў боцікі. Вось яна і гатовая. На вуліцы іх чакалі нейкія незнаёмыя хлопцы. Яны моўчкі ішлі ззаду за Юльянам і Вольгай ажно да самага чыгуначнага вакзала.

Калі выйшлі на вуліцу, Юльян ціха спытаў:

- Ты атрымала маю цыдулку?

Вольга толькі моўчкі хітанула галавою. Яна не стала паведамляць Юльяну, што цыдулка некуды знікла. Не хацела турбаваць яго, да таго ж баялася пакрыўдзіць такой сваёй няўважлівасцю.

- Мне паведамілі, што табе пагражае небяспека. Тваё прозвішча занесена ў спісы на арышт. Праклятыя палякі! Толькі даносамі займаюцца! - не ўстрымаўся Юльян, - але мы здолелі перахітрыць іх. Зараз ты будзеш жыць у Менску, там табе будзе больш бяспечна

Вольга, вядома, не магла нават уявіць, якая небяспека ёй пагражае, але яна верыла Юльяну. Калі ён лічыць, што ёй нешта пагражае, значыць, так яно і ёсць.

Яны не адразу паехалі ў Менск. Па дарозе заехалі ў Радашковічы, дзе тады жыла ўдава Браніслава Тарашкевіча. Гэтая жанчына вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла Юльяна. Кінулася да яго, як да роднага, расплакалася. Справа ўтым, што недзе знік яе сын. Яна вельмі непакоілася. Юльян яе супакойваў, казаў, што нічога дрэннага з ім не здарылася, і ён хутка з'явіцца, хоць Вольга па яго вачах бачыла, што Юльян таксама вельмі занепакоены. Мацярынскае сэрца не падманула. Сын Тарашкевічаў тады загінуў. Усё было абстаўлена так, нібы ён загінуў ад рук немцаў. Значна пазней высветлілася, што забілі хлопца не немцы, а савецкія партызаны. Самае жудаснае ў ягонай гібелі было тое, што сын Тарашкевіча таксама быў партызанам. Але ён быў сынам вядомага беларускага палітычнага дзеяча, змагара за незалежную Беларусь. Гэтага яму дараваць, вядома, не маглі. Яго таксама палічылі за нацыяналіста і знішчылі, як нішчылі тады ўсіх "ворагаў народа". Савецкай уладзе не патрэбныя былі беларусы, нават калі яны былі партызанамі.

Нарэшце Вольга з Юльянам апынуліся ў Менску. Вырашана было, што пакуль Вольга застанецца жыць у Юльянавай кватэры. Ён баяўся пасяліць яе недзе ў іншым месцы У першы ж вечар за вячэраю, калі Вольга, яшчэ саромеючыся ў чужой кватэры, адчувала сябе трошкі няёмка, Юльян, пасля непрацяглага маўчання раптам спытаў у яе:

- А чым ты хочаш займацца?

Вольга не чакала такога пытання, але адказ чамусці сам ў яе вырваўся:

- Я хачу быць настаўніцай.

Дзіўна, але Юльяна зусім не ўразіў такі адказ.

- Добра. Заўтра раніцай пойдзеш на працу. У Менску ўжо ёсць адна беларуская школа. Праўда, дырэктарам там зараз жыд, але чалавек ён зусім нядрэнны і беларускай справе не замінае. Хутчэй, наадварот. Там няма выкладчыка нямецкай мовы. Як ты, валодаеш трохі?

Вольга адказала, яшчэ не зусім верачы ў сур'ёзнасць прапановы:

- Так, трохі ведаю. Магу нават збольшага гаварыць па-нямецку.

- Вось і добра, - пагадзіўся Юльян.

Вольга, вядома, не чакала, што лёс яе павернецца такім чынам. Усю ноч яна не спала, успамінала перажытае напярэдадні, хвалявалася перад заўтрашнім днём. I вось ён, яе першы ўрок у Менску. Перад вачыма Вольгі зусім незнаёмыя твары. Як яны, гэтыя дзеці, паставяцца да сваёй новай настаўніцы? Вольга пачала ўрок. Вельмі хвалявалася, голас трохі дрыжэў. Яна сама гэта адчувала, але справіцца са сваім хваляваннем пакуль што не магла. Нечакана дзверы расчыніліся і на парозе апынуліся трое: Юльян, дырэктар, з якім Вольга раніцай ужо пазнаёмілася, і немец, які, напэўна, кантраляваў гэтую школу. Вучні. усе, як адзін, паўскоквалі са сваіх месцаў. "Неіl. Ніtlеr!"- у адзін голас дружна гаркнулі яны прывітанне. "Неіl!"- адказаў немец і павярнуўся да Вольгі. Тая нечакана адказала:

- Жыве Беларусь!

Адказала і сама спалохалася сваіх слоў, бездапаможна глянула на Юльяна.

Той адабральна хітануў галавою, немец усміхнуўся, павярнуўся ды выйшаў з класа. Вечарам, калі яны вярнуліся дамоў, Юльян распавядаў Вользе што яны перад тым, як зайсці ў клас, хвілін пяць стаялі перад дзвярыма і слухалі, як яна праводзіць урок. Юльян за яе вельмі хваляваўся, але немцу спадабалася новая настаўніца, а яе прывітанне - найбольш.

Гэты перыяд у жыцці Вольгі стаў самым значным, самым трывожным, самым шчаслівым і самым няшчасным. Менавіта тут, у Менску, яна стала жонкай Юльяна. Іх збліжэнне адбывалася даволі цяжка. Безумоўна, яны ўжо кахалі адзін аднаго. Кахалі яшчэ з той, першай сустрэчы. Але ж яны не маглі вось гэтак адразу кінуцца адзін аднаму на шыю. Вольга дык і ўвогуле не магла сама зрабіць першы крок, таму што была жанчынай, ёй гэта зрабіць не дазваляла прыродная сціпласць. Акрамя таго, яна ўсё ніяк не магла паверыць, што такі значны чалавек, як Юльян, можа пакахаць яе, такую простую і зусім звычайную дзяўчыну.

Але Юльян пакахаў яе. Вольга стала менавіта той жанчынай, якую ён чакаў і гэтак доўга шукаў. I самы звычайны чалавек, і выбітны шукае таго адзінага, хто яму патрэбен больш за ўсё. Больш за кар'еру, больш за матэрыяльны дабрабыт. Вольга для Юльяна і стала той адзінай. Але Юльян баяўся ў гэтым прызнацца і самому сабе, і Вользе. Найперш ёй, Вользе.

На час сустрэчы з Вольгай тым жнівеньскім вечарам Юльян быў ужо далёка не хлапчуком. Ён меў больш за трыццаць гадоў. За плячыма ў яго быў вялікі багаж, і жыццёвы, і палітычны. Калі б Юльян быў звычайным простым чалавекам, такім, якіх налічваліся тысячы, яго б, зразумела, зусім не стрымлівала даволі значная розніца ва ўзросце паміж ім і Вольай. Справа была ў іншым. Юльян не хацеў для Вольгі таго небяспечнага, неспакойнага жыцця, якое лёсам было наканавана яму самому. Ужо на пачатку дваццатых гадоў, калі ён упершыню ехаў у Вільню, каб здабыць там навуку, ён і сам не думаў, што яму прыйдзецца стаць адным з самых актыўных удзельнікаў змагання супраць польскіх акупацыйных уладаў. Змаганне за незалежнасць Беларусі для яго пачалося яшчэ ў час вучобы ў Віленскай беларускай гімназіі. Магчыма, калі б Юльян вучыўся ў нейкай іншай навучальнай установе, ягоны лёс склаўся б іншым чынам. Віленская беларуская гімназія на той момант была асяродкам, цэнтрам, дзе выхоўваўся гонар і цвет беларускай нацыі. Амаль усе тыя, хто вучыўся разам з Юльянам, потым спрычыняцца да змагання за незалежнасць Беларусі і ў час бальшавіцкай акупацыі, і ў час нямецкай.

У той час, калі Юльян паступіў вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію, шмат якім свядомым беларусам ужо надакучыла пальшчызна, але многія паддаліся пад прапаганду Саветаў і палічылі, што савецкая ўлада - гэта значна лепш, чым польская акупацыя. Паддаўся гэтай прапагандзе і малады Юльян Саковіч. Ён стаў сябрам Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, якая некаторы час стаяла на пазіцыях, блізкіх да камуністычных. Юльян нават уступіў у камсамол. У Віленскім універсітэце, куды ён паступіў пасля сканчэння гімназіі, Юльян становіцца сябрам Незалежніцкага Беларускага студэнцкага саюза, куды савецкай уладай актыўна засылаліся камсамольцы, якія павінны былі праводзіць велізарную прапагандысцкую працу ў гэтай моладзевай арганізацыі. Юльян і ягоныя сябры змагаліся за незалежную Беларусь, засланцы-камуністы змагаліся за тое, каб зрабіць з Саюзу цалкам пракамуністычную, паслухмяную арганізацыю.

Юльяна і яшчэ некалькіх сяброў, для якіх уся барацьба мела сэнс толькі ў свабодзе Беларусі, не задавальняла тая справа, якой займаліся ў Саюзе. Тое, што хацелі камуністы, не адпавядала мэтам Юльянавай барацьбы. Гэтае незадавальненне не засталося без увагі з боку пракамуністычных функцыянераў, тым больш, што Юльян заўсёды адрозніваўся праматой свайго характару і не хаваў сваіх уласных поглядаў. Камуністам не патрэбен быў занадта самастойны чалавек. Юльян і яшчэ некалькі яго таварышаў былі выключаныя з Незалежніцкага Беларускага студэнцкага саюзу. Гэтае выключэнне стала першым званочкам для таго, каб Юльян задумаўся ды пачаў больш крытычна адносіцца да савецкай улады. Але цалкам тады яшчэ погляды яго не змяніліся. Памылкі сваіх сяброў з Саюзу ён яшчэ не лічыў за памылкі ўсёй савецкай улады.

Юльян Саковіч у перыяд з канца дваццатых і да пачатку трыццаць дзвятага года практычна ўвесь час знаходзіўся ў польскай турме, з якой яго час ад часу выратоўвалі родныя: бацька прадаваў галандскія сыры і выкупляў сына з турмы - гэта была турма польская, а не ГУЛАГ, хоць турма ёсць усё ж турма. За тыя кароткія перыяды свабоды паміж чарговымі арыштамі ён паспяваў заставацца адным з самых уплывовых змагароў за незалежнасць Беларусі. Нешта такое было ў яго асобе, што нават у турме ён уяўляў сабою вялікую небяспеку для польскіх уладаў. Бесперапынныя арышты не дазволілі яму скончыць універсітэт, але ён увесь час займаўся самаадукацыяй і здолеў стаць адным з самых адукаваных людзей свайго часу і ў сваім асяродку.

Але нават канфлікт у студэнцкім саюзе яшчэ не адбіў канчаткова веру ў савецкую ўладу. Юльян лічыў, што гэта - не ідэалагічны канфлікт, а проста ягоныя сябры па Саюзе самі памыляюцца. У той час Юльян яшчэ верыў, што савецкая ўпада дапаможа беларусам атрымаць незалежнасць. Але якое расчараваньне чакала яго, калі яму давялося сутыкнуцца нарэшце з сапраўднай савецкай уладай. Гэта была зусім не тая ўлада, аб якой трубілі ва ўсе трубы савецкія прапагандысты.

Адразу ж пасля таго, як у Заходняй Беларусі нарэшце ўсталявалася савецкая ўлада, і Юльян марыў аб тым, што зараз ён будзе мець магчымасць усе свае сілы аддаць на справу беларушчыны, яму прыйшлося змяніць польскую турму на савецкую, на турму НКВД. I гэтая турма была нашмат страшнейшай, чым Картуз-Бяроза. У польскай турме яго, прынамсі, каралі за тое, што ён быў ворагам польскай улады. У турме НКВД яго каралі за тое, што ён - беларус. З яго намагаліся зрабіць "ворага народа", за свабоду якога ён гэтак апантана змагаўся з самай ранняй маладосці. Гэта было крушэнне ўсіх надзей. Турма НКВД выбіла з яго свядомасці апошнія рэшткі ілюзій, што заставаліся яшчэ ў яго наконт савецкай улады. Калі б не пачатак вайны, якую немцы пачалі з Савецкім Саюзам, Юльян, хутчэй за ўсё апынуўся б у Курапатах. Але пачалася вайна, і ў агульным вэрхале ён здолеў уцячы.

Ён паехаў дадому ў свой фальварак Баўдыры, што на Ашмяншчыне. Магчыма, лёс яго склаўся б інакш, калі б палякі зноў не распачалі на яго паляванне. Польская паліцыя, якая хуценька пайшла на службу да немцаў, адразу ўспомніла Юльяну ўсе ягоныя "злачынствы". Зноў над яго галавой навісла смяротная небяспека. Нехта з палякаў данёс немцам, што ён - камуніст. Нейкім цудам Юльяну ўдалося ўцячы са сваіх родных месцаў у Менск, дзе яго менш ведалі.

Ён мог бы, безумоўна, пераседзець вайну, займацца якой-небудзь нязначнай справай, але неспакойная душа яго патрабавала дзеянняў. Юльян Саковіч зноў на пярэднім плане барацьбы за незалежнасць сваёй краіны. Яго, неардынарнага, разумнага, інтэлігентнага, адразу заўважылі немцы. Прапанавалі пайсці на працу да іх. Немцы вялі барацьбу з бальшавікамі, акрамя таго, спачатку яны не мелі нічога супраць беларусаў. Прынамсі, гэта яны дэкляравалі на першых часах сваёй акупацыі ў Беларусі. Юльян пасля працяглых роздумаў пагадзіўся пакуль што супрацоўнічаць з немцамі, маючы на ўвазе працу не на іх, а на беларусаў. Ён лічыў, што на гэты раз з дапамогай немцаў магчыма будзе нарэшце атрымаць незалежнасць для сваёй краіны. Тым больш, што немцы абяцалі дапамагчы беларусам са зброяй.

Ён пачаў шукаць стасункаў з такімі ж, як ён, беларусамі. I практычна ўжо ў першыя дні свайго жыцця ў Менску іх знайшоў. Не адзін Юльян марыў аб свабоднай Беларусі. Аб гэтым марылі і Наталля Арсеннева, і Леанід Маракоў, і многія іншыя, вядомыя і невядомыя. Усіх іх пасля абвінавацяць у калабарацыянізме, у здрадзе Радзіме. Усім ім пасля прыпомняць нямецкі мундзір. Тое, што пад гэтым мундзірам білася гарачае беларускае сэрца, таксама стане "віною" гэтых людзей.

Практычна ўсе беларусы, якія сталі паплечнікамі Юльяна па барацьбе, таксама, як і ён, паспелі ўжо хлебануць "савецкага шчасця" ў турмах НКВД. Некаторыя вярнуліся дзеля беларускай справы з эміграцыі. Юльян Саковіч з паплечнікамі распачынаюць актыўную працу па стварэнні беларускіх вайсковых і паліцэйскіх аддзелаў. Пачынаюць працаваць розныя грамадскія арганізацыі і беларускія школы. Для таго, каб атрымаць уладу, спачатку і патрэбна была дапамога немцаў.

У кастрычніку 1941-га года, у той самы час, калі Юльян ратаваў Вольгу ад немінучай гібелі ў Маладзечне, яго ў Менску прызначылі начальнікам Адміністрацыйнага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы (БНС). Немцы ў той час яшчэ давяралі Юльяну. Магчыма, тады яны яшчэ не ведалі пра яго камуністычыя ілюзіі ў час вучобы ў Вільні. Тое, што немцы давяралі Юльяну, не давала спакою палякам, яго непрымірымым ворагам. На Саковіча даносы пасыпаліся цэлым шквалам, пачынаючы практычна з першых дзён яго працы ў Адміністрацыі. Але пакуль што гэтыя даносы не неслі вялікай небяспекі. Немцам ён яшчэ быў патрэбен. Яны яшчэ не здагадваюцца, што Юльян з'яўляецца адным з арганізатараў Беларускай Незалежніцкай Партыі. Гэтая партыя ўжо ўяўляла небяспеку для саміх немцаў, таму што ім патрэбныя былі, як і бальшавікам, толькі паслухмяныя беларусы. Зусім незалежная Беларусь ім была не патрэбная. На той кватэры, дзе жыў Юльян, і дзе знайшла прытулак Вольга, неаднаразова праходзілі сакрэтныя сходы БНП

Кватэра, на якой жыў у той час Юльян Саковіч, знаходзілася нібы на парахавой бочцы. Кожную хвіліну Юльян чакаў, што яго арыштуюць. Таму ён і не хацеў уцягваць Вольгу ў свае надзвычай небяспечныя справы. Такое неспакойнае жыццё і стала падставай дзеля таго, каб ён да апошняга стрымліваў свае пачуцці да дзяўчыны. Але стрымліваць іх было ўсё цяжэй. Кожны дзень бачыць перад сабою каханую жанчыну, кожны дзень чуць яе голас і не мець магчымасці адкрыць ёй сваё сэрца - гэта было невыносна. Гэта было значна цяжэй, чым пераносіць пакуты ў турме. Каханне вяло сваю барацьбу, і каханне перамагло.

Як ні хавалі адзін ад аднаго Юльян і Вольга свае пачуцці, як ні адцягвалі яны тое, што павінна было здарыцца, яно ўсё роўна здарылася. Ні вайна, ні палітычная барацьба не змаглі перашкодзіць каханню. Прырода жыве па сваіх законах. Юльян і Вольга сталі мужам і жонкай.

Юльян надзвычай аберагаў Вольгу ад тых палітычных спраў, якімі займаўся сам, але яна, як кажуць, была ў курсе справы. Практычна ўсё абмяркоўвалася і планавалася на кватэры Юльяна, бо гэта было самае бяспечнае месца. Юльян займаў вялікую пасаду ў Адміністрацыі, сюды наўрад ці прыйшоў бы нехта з праверкай. На кватэры Саковіча і праводзіліся практычна ўсе сходы Беларускай Незалежніцкай Партыі. Тут планаваліся і розныя мерапрыемствы, якімі павінны былі займацца беларусы.

Пра Беларускую Незалежніцкую Партыю патрэбна распавесці асобна. Да сённяшняга дня дакладна не вядома, калі яна была заснаваная. Адныя лічаць, што БНП была заснавана летам 1942-га году, калі ў Менску адбыўся з'езд БНП, які яны лічаць заснавальніцкім. Але маюцца і іншыя звесткі. Па гэтых звестках БНП была заснавана яшчэ ў трыццаць дзевятым годзе ў Вільні. У сорак другім годзе прайшла толькі рэарганізацыя БНП, а не яе арганізацыя. Юльян Саковіч меў самае непасрэднае дачыненне да гэтай партыі. Ён з'яўляўся адным з яе арганізатараў і ачольваў Менскі камітэт. У Менску сябры БНП нават друкавалі падпольны бюлетэнь БНП, але самае галоўнае, сябры гэтай партыі пачалі падрыхтоўку да арганізацыі беларускага партызанскага руху.

На сходах БНП вырашаліся самыя розныя пытанні барацьбы за незалежнасць Беларусі. I гэта была не толькі вайсковая барацьба, барацьба з дапамогай зброі. Незалежнасць любой дзяржавы не можа трымацца толькі на зброі. Часта на сходах разглядаліся пытанні мовы, школы, нацыянальнай царквы. Вольга спачатку адмаўлялася прымаць удзел у гэтых сходах. Яна лічыла, што вырашаць такія сур'ёзныя пытанні - справа выключна мужчынская. Але ёй давялося адзін раз папрысутнічаць на такіх размовах, потым яшчэ раз і яна са здзіўленнем заўважыла, што ёй лроста цікава. Калінікалі да яе нават звярталіся па параду, як да арбітра. I кожны раз, калі Вольга давала такую параду, Юльян з гонарам паведамляў сябрам:

- Вось вам голас простай сялянкі!

У гэтую кароткую фразу ён укладаў і сваё захапленне каханай жанчынай, і гонар, што яна такая разумная, разумнейшая нават за яго і за ягоных сяброў.

Вечарамі, калі яны заставаліся адныя, яны часта проста размаўлялі. Часцяком гутарка іх зводзілася да той ролі, якую мелі ў жыцці іх абодвух палякі. I Вольга, і яе сям'я нямала пацярпелі ад гэтых людзей, пра Юльяна дык і казаць ужо не было чаго. Практычна ўся маладосць яго прайшла ў польскіх турмах. Чаму так адбывалася? Палякі ж самі па сабе - гэта ж народ зусім нядрэнны. I ў Вольгі, і ў Юльяна было нямала сярод іх сяброў. Але гэта былі, як трапна казаў Юльян, сапраўдныя палякі, такі ж самы пацярпелы народ, як і беларусы. А вось тыя, хто прымазаўся да палякаў, такія, як той жа маладзечанскі ксёндз Завадскі - вось гэта былі сапраўдныя ворагі. I справа была зусім не ў тым, што яны лічылі сябе палякамі У такіх людзей увогуле не было нацыянальнасці. Гэта былі людзі без роду. Гэта людзі, якія дня не маглі пражыць без таго, каб не зрабіць некаму шкоду. I зусім не мае значэння, якая гэта была шкода: ці падпаліць чужое гумно, ці напісаць на некага данос. Проста гэтак здарылася, што даносы на Юльяна пісалі менавіта тыя людзі, якія адносілі сябе да палякаў, але яны маглі быць кім заўгодна. Калі б была такая нацыянальнасць, як здраднікі, то гэтым людзям яна як найлепш бы падышла.

З недаверам Юльян адносіўся і да каталікоў, незалежна ад таго, беларусамі яны былі ці палякамі. Юльян часта казаў, што толькі зусім нямногія беларусы-каталікі сапраўды дбаюць пра Беларусь.

- Той не беларус, - казаў Юльян, - хто лапай хрысціцца.

Магчыма, ён памыляўся, і Вольга нават спрабавала з ім спрачацца. Яе якраз выхоўвалі ў талерантнасці і павазе да розных рэлігій. Але пасля яна зразумела, чаму ў Юльяна такія складаныя адносіны з каталіцкай царквой. Недавер да каталікоў можна было патлумачыць тымі сямейнымі абставінамі, якія складваліся ў сям'і Юльяна. Яго маці была каталічкай і не проста каталічкай, а фанатычкай. У той жа час яго бацька быў праваслаўным. Не зусім зразумела, чаму такая фанатычка пагадзілася выйсці замуж за праваслаўнага хлопца, але шлюб іх адбыўся. I была дамова, што ўсіх сыноў яны будуць хрысціць у праваслаўнай веры, а дачок - у каталіцкай. Такое размежаванне не магло не паўплываць на самасвядомасць Юльяна. Але пры ўсёй ягонай нецярпімасці да каталікоў ён меў і шмат сяброў сярод іх. У тым змаганні за Беларусь веравызнанне значэння не мела.

Такім было жыццё Вольгі і Юльяна ў Менску. Вольга не ўсё ведала з таго, чым займаўся Юльян і не належала да ніводнай нелегальнай арганізацыі, якой кіраваў альбо якую арганізоўваў Юльян са сваімі сябрамі. Вольга была проста каханай жанчынай. Гэтага ёй было дастаткова. Тым больш, што хутка ў яе з'явіліся новыя клопаты.

Неяк вечарам - было ўжо даволі позна - яны вячэралі толькі ўдваіх. Нечакана Вольга адчула нейкую незразумелую млявасць. Раптоўна пацямнела ў вачах. Пальцы саслабелі, і лыжка са звонам пакацілася па падлозе. Вольга спалохалася. Што гэта з ёю? Такога ніколі раней не здаралася! Праз імгненне млявасць адышла. Вольга ўздыхнула вальней. Хацела нахіліцца, каб падняцьз падлогі лыжку. Юльян ласкава затрымаў яе руку.

- Ціха, ціха, - прамовіў ён, - не рабі рэзкіх рухаў. Не хвалюйся, даражэнькая, ты зацяжарыла.

Сапраўды, як гэта яна сама не здагадалася, што ў яе арганізме пачаліся нейкія змены. Яна ўжо другі тыдзень адчувала, асабліва раніцай, што ёй неяк нядобрыцца. Але Вольга не надавала гэтаму значэння. Думала, што трохі прастыла. Яна была гэтак радая, што побач з ёю Юльян, што яна мае магчымасць кожны дзень яго бачыць, кожны дзень мець такое шчасце, што ёй нават у галаву не прыходзіла: яна можа стаць яшчэ больш шчаслівай. У яе будзе дзіцятка!

- Я цябе вельмі прашу, Вольга, - казаў Юльян, - беражыся! Не дай Бог, каб нешта здарылася з табою ці з нашым маленькім!

Хуткае нараджэнне дзіцяці - гэта было і агромністае шчасце для іх абоіх, і яшчэ адно выпрабаванне. Вольга разумела, што час зараз надзвычай небяспечны, кожная хвіліна можа кардынальна змяніць жыццё. Гэта не быў час для кахання, для сямейнага шчасця, але сэрца не пытаецца: час ці не час. Вольга ў тыя кароткія імгненні шчасця, што былі падораныя ёй лёсам, дзе кожная хвіліна была цэлым багаццем, забывала і пра вайну, і пра тое, што побач - амаль адныя ворагі.

Юльян жа адчуваў яшчэ больш складаныя пачуцці. Ён быў значна старэйшым, ён быў мужчынам і ён нёс адказнасць і за яе, Вольгу, і за іх будучае дзіця.

У свае трыццаць шэсць гадоў Юльян ужо не быў рамантычным хлопчыкам. Так склаўся яго лёс, што за змаганнем ды амаль што бесперапыннымі адсідкамі ў польскіх турмах, яму не давялося адчуць смак сапраўднага кахання. Магчыма, яму проста не хапала часу ў маладосці знайсці каханую жанчыну, ці лёс знарок не даваў яму магчымасці пакахаць іншую жанчыну, таму што бярог яго дзеля той, адзінай, якая тады яшчэ проста не падрасла. У жыцці нічога не адбываецца выпадкова.

Юльян кахаў Вольгу так, як можа кахаць дарослы мужчына: раз і назаўсёды. Ён хаваў ад Вольгі тое шчасце, якое запаланіла яго пасля таго, як даведаўся, што хутка стане бацькам. Гэта была яго самая найвялікшая мара. Гады ішлі, ён заставаўся адзінокім, а яму гэтак хацелася, каб яго шыю абнялі маленькія, гэтакія родныя ручкі, ручкі яго дзіцяці. Юльян марыў аб сваім бацькоўстве, але зараз, калі мара гэтая восьвось павінна была здзейсніцца, ён пачаў баяцца гэтага. Як вопытны палітык і вопытны змагар, Юльян не мог не разумець, што тая справа, якой ён зараз займаўся, можа загубіць яго ў кожны момант. Што тады стане з ягонай сям'ёй? Але іншым чынам ён жыць не мог і іншым шляхам пайсці таксама не мог.

Настаў час, калі немцы пачалі патроху разумець, што тыя беларусы, якіх яны ўзялі да сябе на службу, зусім не апраўдваюць іхніх надзеяў. Гэта не былі людзі, гатовыя верай і праўдай служыць Трэцяму Рэйху ды Гітлеру. Гэтыя людзі намагаліся праводзіць сваю ўласную гульню, і гэтая гульня была не на карысць немцам.

Немцам не патрэбная была цалкам незалежная Беларусь. Над Юльянам навіслі чорныя хмары небяспекі. Усе даносы, якія бесперапыннай плынню сыпаліся на яго з боку польскіх даносчыкаў, з нямецкай педантычнасцю ды акуратнасцю ўважліва праглядаліся і падшываліся ў асабістую справу яго нямецкім начальствам. Справа з кожным днём станавілася ўсё больш пульхнай. Немцы больш не давяраюць Юльяну Саковічу, але і не знішчаюць пакуль што. Яшчэ не прыйшоў час, каб запроста так яго знішчыць: занадта віднай асобай паспеў ён стаць за гэты кароткі час. Юльян здагадваўся, што яго чакае расправа. З ранняй маладосці ён пачаў займацца нелегальнымі справамі і навучыўся прадчуваць небяспеку. Ён не дзеліцца сваімі трывожнымі прадчуваннямі ні з кім: ні з Вольгай, каб не напалохаць яе ў такім стане, у якім яна зараз знаходзілася; ні з адным са сваіх лепшых сяброў і паплечнікаў Леанідам Мараковым, хоць той і сам аб усім здагадваўся, бо такая ж небяспека навісла і над ім самім. Юльян хавае свае пачуцці ад Вольгі, але яму ўсё цяжэй схаваць свае сапраўдныя адносіны да немцаў. Немцы - такія ж самыя акупанты, якімі былі і бальшавікі. Юльяну ўсё цяжэй стрымлівацца і не сарвацца, ён стараецца трымаць сябе ў руках, але нервовая напруга апошняга часу ўсё ж дала аб сабе знак.

Гэта быў час, калі на тэрыторыі Беларусі ўжо даволі шырока разгарнулася партызанская вайна. Партызаны былі розныя: савецкія, якіх заслала ў беларускія лясы Масква, беларускія, што вялі аднолькавую барацьбу супраць нямецкіх, польскіх ды бальшавіцкіх акупантаў, польскія ў Заходняй Беларусі, якія марылі аб вяртанні Польшчы на "Крэсы Всходне" і якія нарабілі найбольшай шкоды беларускім змагарам за незалежнасць. Былі таксама проста рабаўнікі, якія карысталіся момантам і рабавалі вёскі дашчэнту. Ад усяго гэтага пакутаваў народ, у асноўным, вяскоўцы. Пачасціліся напады на нямецкіх афіцэраў на дарогах. Па сведчанні мясцовых жыхароў напады гэтыя здзяйснялі, часцей за ўсё, савецкія партызаны. Яны не думалі пра тое, што напад на нямецкага афіцэра паблізу вёскі можа нанесці велізарную шкоду насельніцтву. Іх не турбаваў лёс простых беларускіх сялян. Іх не хвалявала тое, што сваімі неабдуманнымі дзеяннямі яны рызыкуюць сотнямі невінаватых жыццяў. Немцы, усё больш раз'юшаныя няўдачамі на фронце, не разбіраліся асабліва, хто вінаваты. Яны пасля кожнага тэрарыстычнага акту пасылалі ў бліжэйшую ад здарэння вёску сваіх карнікаў, і тыя рабілі там тое, што лічылі патрэбным. У некаторых вёсках яны расстрэльвалі усіх мужчынаў, якіх яшчэ знаходзілі, у іншых спальвалі вёску разам з жыхарамі. Юльян Саковіч, як і ўсе астатнія беларускія змагары, быў надзвычай занепакоены лёсам сваіх суайчыннікаў. Да справядлівасці патрэбна адзначыць, што не ўсе і немцы прытрымліваліся той пазіцыі, што за дзеянні савецкіх партызанаў патрэбна караць мірнае насельніцтва. Да такіх нямецкіх службоўцаў адносіўся і гаўляйтэр Кубэ, якога за вальнадумства хутка знішчылі. Па некаторых меркаваннях, Кубэ загінуў не столькі ад рук савецкай падпольшчыцы, колькі ад рук саміх немцаў, якіх не задавальняў больш той, хто спачуваў беларусам.

Адбывалася чарговае паседжанне ў камісарыяце, на якое былі запрошаныя ўсе чыны нямецкай адміністрацыі. Кубэ - ужо апальны, але яшчэ жывы. Юльян Саковіч надзвычай узрушаны рэпрэсіямі супраць беларускага насельніцтва. Нервы напружаныя, што струны. Юльян не вытрымлівае і на нямецкай мове пачынае лаяцца з найбольш агрэсіўнай часткай нямецкай адміністрацыі. Ён перамешвае нямецкую лаянку з добрым славянскім матам. Немцы яго зразумелі. Зразумелі ўсё: і нямецкую мову, і беларускую. Гэта было ўжо занадта. Гэты нахабны беларус, якому нямецкая ўлада аказала такі давер, занадта распусціўся. Такога немцы дараваць не маглі. Проста ў зале паседжання Юльян быў арыштаваны на пяць сутак за парушэнне субардынацыі. Гэта была першая ластаўка на шляху да гібелі. Юльян ужо тады быў упэўнены, што ён больш не вернецца з турмы да Вольгі і да маленькай дачкі, якая на той час ужо паспела нарадзіцца і радавала бацьку сваёй бяззубай усмешкай. Але тады Юльян яшчэ вярнуўся. Ён адседзеў свае пяць сутак і прыйшоў дамоў. Яшчэ не настаў час яго знішчыць, але і пакідаць яго ў Менску было непажадана. Юльян гэта разумеў, і сам першы прыняў захады дзеля таго, каб уратаваць, калі не сябе, дык хоць сваю сям'ю. Ён вырашыў, што будзе лепш, калі яны пераедуць жыць у Маладзечна. Зараз Менск і Маладзечна памяняліся сваімі ролямі: раней Менск уратаваў Вольгу ад гібелі, зараз Маладзечна было для яе больш бяспечным месцам. Яна зноў апынулася ў бацькоўскай хаце. Родныя сцены на гэты раз далі прытулак не толькі ёй, але і яе сям'і.

Сам Юльян яшчэ заставаўся працаваць у Менску, але жыў разам з Вольгай у Маладзечне. Тыя некалькі месяцаў, калі яны пераехалі ў Маладзечна, сталі самымі шчаслівымі ў жыцці Вольгі. Вольга, якая, як і ўсе дзяўчаты, некалі запоем учытвалася ў раманы пра каханне, сама зараз, нібы літаратурная гераіня, адчувала тыя самыя пачуцці.

Бацькі Вольгі добра прынялі Юльяна. Яны бачылі, якое шчасце свяцілася ў вачах дачкі, бачылі, з якой любоўю адносіцца Юльян і да жонкі, і да дачкі, і радаваліся, што Вольга знайшла сваё шчасце. Але радасць была з горыччу. Доўгімі бяссоннымі начамі бацька і маці не спалі, ціха перамаўляліся, абмяркоўвалі розныя спосабы, якім чынам можна выратаваць Юльяна, над якім, яны гэта адчувалі, навісла смяротная небяспека. Але што маглі зрабіць простыя беларускія сяляне? Яны маглі толькі прасіць Бога, каб быў літасцівы да іх сям'і.

А Юльян на поўныя грудзі глытаў сваё сямейнае шчасце, першае і апошняе. Бацькі Вольгі здзіўляліся тым пяшчотным пачуццям, якія Юльян, гэты закалены ў палітычным змаганні чалавек, меў да сваёй маленькай дачкі. Побач з ёю гэта быў зусім іншы чалавек. Некуды дзявалася суворасць, напружанне. Гэта быў проста добры, пяшчотны бацька.

Адразу пасля нараджэння маленькай Волечкі было заведзена, што купалі яе толькі ў прысутнасці Юльяна, і ён прымаў самы непасрэдны ўдзелу гэтай нялёгкай справе. Бацька Вольгі толькі ўсміхаўся такім дзівацтвам зяця. У беларускіх сем'ях не было прынята, каб мужчына хадзіў каля дзяцей. Гэта была выключна жаночая справа, мужчыны мелі шмат іншых турбот. Юльян жа Волечку купаў кожны дзень. Часамі здаралася, што ён доўга недзе затрымліваўся, прыходзіў час купання, а яго ўсё не было. Маці Вольгі, шкадуючы ўнучку, якую патрэбна было класці спаць, настойвала на купанні без Юльяна. Дзяўчынку купалі, кармілі і клалі спаць. Заяўляўся Юльян.

- Ну што, будзем купаць дачушку? - бадзёра пытаўся ён у родзічаў.

I яны не асмельваліся адабраць у яго тую маленькую радасць, якая ў яго яшчэ была. Ён так ніколі і не даведваўся, што дзіця ўжо выкупанае. Зноў маці Вольгі даставала з печы чыгунок з цёплай вадою. Прыносілі з сенцаў начовачкі. Маленькую Волечку купалі яшчэ раз, чым яна была надзвычай задаволенай.

Юльян не проста любіў сваю дачку, як любяць сваіх дзяцей іншыя бацькі. Гэта было захапленне, любоў проста бязмежная. Малая адказвала яму тым жа. Яна нібы адчувала, што радасць мець бацьку будзе ў яе вельмі непрацяглая. Волечка ніколі не плакала на руках у бацькі. Першае слова, якое ў яе выпадкова атрымалася, было: "Та-та-та".

Неяк у нядзелю Юльяну не патрэбна было нікуды спяшацца. Гэта былі надзвычай рэдкія хвіліны, калі ён меў магчымасць заставацца разам са сваёю сям'ёю. Яны сядзелі разам з Вольгай на канапе. Юльян зняў з рукі гадзіннік.

- Гэта не звычайны гадзіннік, а імянны, - распавядаў Юльян, - я атрымаў яго яшчэ падчас вучобы ў Віленскай беларускай гімназіі за поспехі ў вучобе. Прайшло гэтулькі гадоў, дзе ён толькі не быў, гэты гадзіннік, у якія абставіны не патрапляў, а я яго яшчэ ніводнага разу не рамантаваў.

Раптам маленькая Волечка, якая дагэтуль спакойна сядзела на бацькавых руках і нават трошкі прыдрамала, выхапіла з рук бацькі гадзіннік і з усяе сілы кінула ў кут. Ад гадзінніка ў розныя бакі пасыпаліся дэталькі. Вольга знямела; гэта ж рэліквія, талісман!

Юльян некалькі імгненняў няўцямна пазіраў на тое, што яшчэ зусім нядаўна было яго гадзіннікам, а зараз стала грудком непатрэбнага друзу, а пасля зарагатаў. Ён рагатаў гэтак моцна, што з кухні прыбегла напалоханая маці Вольгі. Яна даўно ўжо не чула смеху ад свайго зяця.

- Паглядзіце, якая моцная ў мяне дачка! - усклікнуў Юльян і высока падкінуў пад столь Волечку, якая таксама ажно залівалася ад свайго дзіцячага шчаслівага смеху.

Гэта былі апошнія хвіліны, калі Юльян быў разам з сям'ёю. Праз некалькі дзён ён вярнуўся вечарам пахмурны, нейкі нават счарнелы, нібы ноч. Узяў на рукі Волечку, доўга прыціскаў яе да грудзей, цалаваў то у адну пульхную шчочку, то ў другую. Хаваў ад жонкі твар, але яна заўважыла, як па шчацэ мужа павольна пацякла буйная сляза. Сэрца трывожна затрымцела: нешта здарылася! Юльян моўчкі перадаў дачку на рукі Вользе, трошкі памаўчаў, нібы не асмельваючыся нешта паведаміць. Пасля ціха прамовіў:

- Мяне пераводзяць у Ліду. Заўтра раніцай еду. Ты збяры мне ў чамадан тое-сёе.

- А я? - ледзь не шэптам запытала Вольга. Нейкая незразумелая трывога запала ў душу. Юльян часцяком некуды ехаў, але ніколі яшчэ Вольга так за яго не трывожылася, хоць кожны раз ён вельмі рызыкаваў.

- Ты з Волечкай пакуль што застанешся тут, у бацькоў. Я, як толькі ўладкуюся, адразу забяру вас, а пакуль што там няма дзе жыць, - Юльян рабіў намаганне гаварыць спакойна, але гэта яму не вельмі ўдавалася.

Вольга моўчкі хітанула галавою ў знак таго, што ўсё зразумела, і пайшла прасаваць ды складваць у чамадан Юльянавы кашулі

Ён паедзе! Яна застанецца адна! Колькі часу ёй давядзецца быць без Юльяна? Тыдзень? Месяц? Вольга не ведала, што без яго яна змушана будзе заставацца ўсё астатняе жыццё. Лёс рыхтаваў ёй расстанне з каханым чалавекам назаўсёды.

Юльян прысеў за стол, задумаўся, пасля пачаў нешта хуценька пісаць. Асадка толькі мільгала ў ягоных пальцах. Закончыў, перачытаў, звярнуўся да Вольгі:

- Я заўтра паеду. А гэтую паперку пакладу ў шуфляду. Ты, Волечка, заўтра, калі я ўжо паеду, пачытай яе. Гэта важна.

Вольга моўчкі пагадзілася. Гаварыць яна не магла. Слёзы душылі, не давалі вольна дыхаць.

Пасля настала ноч. Гэта была апошняя ноч, калі яны былі разам.

Назаўтра, калі Юльян паехаў, а Вольга разам з маці ўволю наплакаліся, пры тым, яны нават самі не ведалі, чаго плачуць, Вольгу нечакана нібы працяло: яна ўспомніла пра тую паперку, якую ўчора напісаў Юльян. Што гэта за паперка? Магчыма, там меліся нейкія важныя даручэнні, а яна забыла пра яе! Дрыжачымі ад хвалявання рукамі яна выцягнула з шуфляды невялікі белы чатырохкутнік. Разгарнула. Тое, што там было напісана, нібы маланкай ударыла яе. Гэта было не проста ўражанне, гэта быў шок. Невідушчымі вачыма хвілін дзесяць няўцямна пазірала Вольга на чорныя, хуткія літары.

"Тэстамэнт. На выпадак маёй сьмерці спадчына.

Я, Саковіч Юльян, знаходзячыся ў добрай памяці і па добрай волі, у выпадку маёй сьмерці аддаю ў спадчыну 40 гектараў зямлі, якія належаць мне ў фальварку Баўдыры, а таксама ўсю маю рухомую і нерухомую маёмасьць маёй дачцы Маланцы (хрышчанай Вользе). Да дасягненьня ёю паўналецьця распараджацца маёй маёмасьцю даручаю маёй жонцы Вользе Пагуда.

Маладэчна 9 чэрвеня 1943 года."

На жудасны вокліч Вольгі з кухні прыбегла маці, з вуліцы ўскочыў у хату напалоханы бацька.

- Што здарылася? - занепакоілася маці, - дзе Волечка?

Яна кінулася да ложка, дзе мірна пасопвала яе ўнучка. Убачыла, што з унучкай усё ў парадку, звярнулася да дачкі.

- Волечка, дачушка, што здарылася? Скажы нам, дачушка! - трэсла яна за плячук бледную, не падобную на самую сябе, Вольгу.

- Мама, - ледзь здолела вымавіць Вольга, - я больш ніколі не ўбачу Юльяна!

- Што ты такое гаворыш, дачушка! - паспрабавала супакоіць яе маці, - чаму гэта ты яго больш не ўбачыш? Праз нейкі тыдзень прыедзе, забярэ вас з Волечкай. Ён жа цябе гэтак любіць!

Вольга не слухала таго, што казала ёй маці.

- Вось, глядзі, што ён мне пакінуў, - яна працягнула маці тэстамэнт.

Тая некалькі разоў запар перачытала некалькі радкоў, якія гэтак напалохалі яе дачку. Маці, мудрая жанчына, усё зразумела ўжо даўно. Яна кожны дзень чакала гэтага, але яна ж не магла палохаць дачку. У той і так выдаўся няпросты лёс. Бацькі Вольгі даўно ўжо мелі падазрэнне, што зяця яны будуць мець вельмі нядоўга, але Вольгу патрэбна было супакойваць. У яе на руках малое дзіця, ёй патрэбен спакой, хоць аб якім спакоі магла весціся гаворка ў тыя жудасныя часы?!

- Не хвалюйся так, дачушка, - супакойвала маці, - паглядзіш, усё будзе добра. Проста зараз такі час, а Юльян такі важны чалавек, што патрэбна аб усім паклапаціцца заранёў. Гэта проста паперка, аб якой не варта нават і думаць, - казала маці, але ў вачах яе таксама затаілася глыбокая трывога.

Тое, што казала маці, зусім не супакойвала Вольгу. Хутчэй, наадварот. Час быў трывожны ўжо каторы год для Юльяна, тэстамэнт жа ён напісаў упершыню.

... Калі ў хату раптам забегла напалоханая Зіна і адразу з парога паведаміла: "Юльяна больш няма!", Вольга нечакана спакойна адказала: "Я ведаю". Праўда, пасля яна не памятала, што ў той дзень прыбягала Зіна, і што яна першая прынесла гэтую жудасную вестку, як і не памятала Вольга свайго адказу сяброўцы. Пра смерць Юльяна Зіне паведаміў усё той жа швагер Стэфан. Адкуль ён ведаў гэтыя падрабязнасці, ён, зразумела, Зіне не паведамляў, але ведаў Стэфан пра смерць Юльяна, калі не ўсё, дык шмат чаго. Ён паведаміў пра тое, што Юльян загінуў, калі аб гэтым не ведаў яшчэ ніхто: ні з боку немцаў, ні з боку Юльянавых паплечнікаў. Магчыма, Стэфан ведаў больш, чым немцы па гэтай справе таму, што ён быў паляк, а Юльяна, як вядома, забілі тэрарысты з Арміі Краёвай. Вядома ж, пры несупраціўленні гэтаму злачынству з боку тых жа немцаў.

Вольга знаходзілася ў нейкім незразумелым стане. Рэчаіснасць да яе даходзіла не суцэльным шэрагам, якім яна была на самой справе, а нейкімі кавалкамі. Вольга то ўспамінала, то зноў забывала падрабязнасці таго жудаснага часу. Вось Зіна паведамляе ёй пра тое, што Юльян загінуў, вось нейкія людзі аб нечым перамаўляюцца з бацькамі Вольгі. Вось ёй дапамагаюць сабрацца, яна едзе ў цягніку. Едзе на пахаванне каханага чалавека. Побач з ёю дзве сястры Гурыновічаў, сяброў Юльяна. Яны, гэтыя маладзенькія дзяўчаткі, ні на хвіліну не пакідаюць Вольгу адну. Зіны побач няма. Яна не паехала разам з сяброўкай, каб падтрымаць яе ў гэты цяжкі час. Шмат пазней яна патлумачыць гэта тым, што яе папярэдзіў Стэфан, каб яна ні ў якім разе не ехала ў Ліду на пахаванне. Там, казаў Стэфан, яе могуць забіць. Зіна не паехала, хоць Вольга працяглы час думала, што гэта яна была побач. Вольга перыядычна трызніла ў той час, таму ў памяці яе засталіся толькі кароткія эпізоды. Шмат пра што яна магла ўспомніць толькі з дапамогай сяброў.

.. Яны прыехалі ў Ліду. Дабраліся да могілак, дзе ўжо ў гэты час святар чытаў заўпакойную малітву. Вялікая брацкая магіла. Тры дамавіны. Каля дамавінаў Леаніда Маракова і яшчэ аднаго маладога хлопчыка галосяць родныя. Сясцёр Гурыновічаў папярэдзілі, каб яны не падпускалі блізка да дамавіны Юльяна Вольгу. Тое, што на пахаванні прысутнічае жонка Юльяна, ведалі лічаныя людзі. Яе прысутнасць старанна хавалася ад старонняга вока. Забойцы былі побач.

Вольга чула жалобны гул званоў, плач, гоман людзей, бачыла нечыя твары. Раптам у вачах пацямнела, усё некуды паплыло: паплыла царква, дрэва, прыхінуўшыся да якога яна стаяла, паплыў людскі натоўп. Калі яна расплюшчыла вочы ды падняла галаву, натоўпу вакол ужо не было. Яна ўбачыла, што сядзіць на нейкай лаўцы, злева ад яе вялізная гара - насып на брацкай магіле, крыж. Насупраць яе стаіць хлопчык і ўважліва зазірае ёй у твар. Хлопчык заўважыў, што Вольга ачнулася, прамовіў:

- Пайшлі, цёця.

Вольга не ведала, што гэта за хлопчык, куды ён яе запрашае. З цяжкасцю яна разумела, дзе знаходзіцца і навошта. Яны пайшлі па нешырокай сцяжынцы, якая падзяляла могілкі амаль што на дзве роўныя часткі. Выйшлі за вароты, перайшлі на другі бок вуліцы. Зайшлі ў нейкі двор. У хаце, у зусім незнаёмых для Вольгі людзей адбывалася памінанне яе мужа і ягоных сяброў, што загінулі разам з ім.

Вольга вярнулася назад у Маладзечна. Зноў цягнік, зноў побач сёстры Гурыновічы. Дома Вольга ўбачыла чорную хустку на галаве ў сваёй маці, апухлы ад слёз твар. Бацька маўчаў, толькі мацней прыціскаў да грудзей маленькі жывы камячок, сваю ўнучку. Яны нічога не распытвалі ў Вольгі. Яна таксама маўчала, не вымавіла ані слова пасля таго, як патрапіла ў сваю родную хату. Моўчкі пайшла ў свой пакой, які яшчэ некалькі дзён таму быў не толькі яе, але і Юльянавым Маці паціху ўвайшла ў пакой услед за Вольгай, разаслала ложак..."

Жывучы ў Літве, сям'я Юльяна Саковіча - дачка Вольга Саковіч і яе маці Вольга, маючы ў доме дзве пенсіі і адну заработную плату - сабралі грошы на помнік грунтоўны, але заставалася пытанне - наколькі дакладна вызначана магіла Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова.

22.ХІ- 2006 г. дамовіўшыся са сп. Галінай Ваўчок і ўзяўшы інструмент - рыдлёўкі, лом і г. д. ды двух работнікаў на "біржы працы" мы прыйшлі на могілкі і пачалі адкопваць былую магілу Валянціна Ваўчка.

Натрапілі на падмурак помніка па Валянціну Ваўчку - адсунулі яго ў бок (на былую дарожку, на някопаную землю). Ніжэй ляжаў помнік Валянціна Ваўчка з надпісамі.

Я ўдакладніў межы магілы на захад і ўсход, замераў месца магілы адносна магілы Канстанціна Кішкеля і Мікалая Сямашкі, зрабіў эскіз з замерамі ў сантыметрах, зрабіў фотаздымкі, і магілу Валянціна Ваўчка засыпалі. Так у прысутнасці сп. Галіны Ваўчок, роднай сястры Валянціна Ваўчка было дакладна устаноўлена месца пахавання ў супольнай магіле Валянціна Ваўчка, Юльяна Саковіча, Леаніда Маракова.

25.ХІІ-2006 г. быў заказаны выраб помніка па ўзору Вольгі Саковіч (дачкі Юльяна Саковіча) да 01.VІ-2007 года.

З вялікім клопатам, са згрызотаю і пераменамі, з "памылкай" ў даце нараджэння (спраўленай ў 2010 годзе) - помнік быў усталяваны і асвечаны 27.Х-2007 года ў прысутнасці сп. Галіны Ваўчок, Вольгі Саковіч, Валерыя і Яніны Мараковых.

На чорных надмагільных мармуровых плітах выбіты радкі з вершаў

Валянціна Таўлая: на магіле яго стрыечнага брата Валянціна Ваўчка:

"... мы ўлюбіўшыся насмерць

у шляхі, пракладзеныя ў заўтра,

навучылі песню разумець,

што ў змаганні і загінуць варта."

Ларысы Геніюш - на магіле Ю. Саковіча:

"Колькі б гора не было прад намі,

Колькі б цяжкіх не лягло дарог,

Пройдзем імі, калі будзе з намі

Еднасць, згода і Вялікі Бог."

Валерыя Маракова - на магіле брата роднага - Леаніда Маракова:

"О, Беларусь, ці чуеш ты, ці чуеш?

Твой лепшы сын распяты за цябе,

Няўжо ў грудзёх тваіх пануе

Яго вялікіх дум разбег!"

Пад "Дзяды" 2008 года тут жа быў усталяваны помнік па Ільі Кіслым і Язэпу Пінкевічу. Помнік устаноўлены на сродкі Вольгі Саковіч і асвечаны айцом Дзмітрыем 29.09.2008 г. На надмагільных плітах вершы Ларысы Геніюш.

Па Ільі Кіслым:

"Недасказана, нязроблена так многа,

неадпомшчана за слёзы і за кроў.

Я пакіну вам мае трывогі.

Я пакіну вам маю любоў..."

Па Язэпу Пінкевічу:

"... Няхай сэрцу змучанаму сьніцца

пах вясны, вішнёвы белы дым,

залатая сонца калясніца,

вольны сьцяг і пераможны гімн."

На магіле Кастуся Кішкеля застаўся аўтэнтычны помнік, пастаўлены роднымі.

14 чэрвеня 2013 года на Лідскіх праваслаўных могілках была адпраўлена памінальная ліція ў памяць дзеячоў беларускага нацыянальнага руху і святароў, якія пахававаны альбо былі пахаваны тут.

Асноўнай нагодай сталася тое, што 13 і 14 чэрвеня споўнілася 70 гадоў з дня смерці дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова, а таксама Валянціна Ваўчка.

Ліцію адпраўлялі Лідскі дабрачынны айцец Расціслаў Салаўёў, святары Ўладзімір Камінскі і Дзмітры Тарарака. Ад першага да апошняга слова ліція адпраўлялася на беларускай мове, на мове, дзеля якой у тым ліку жылі і паміралі сябры БНП.

І на ўсіх помніках, як пароль, выбіты словы "Загінулі за Бацькаўшчыну".

Уладзімір Хрышчановіч.

(Гэта апошні краязнаўчы артыкул Уладзіміра Хрышчановіча, вечная яму памяць.)

Літаратура:

1. Энцыклапедыя гістрыі Беларусі. Т. 1. Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі. Мінск, 1993.

2. Энцыклапедыя гістрыі Беларусі. Т. 6. Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі. Мінск, 2001.

3. Bielaruski holas. № 25, 25 чэрвеня 1943, Вільня.

4. Беларуская думка. № 1, кастрычнік 1960, Нью-Ёрк, ЗША

5. Лілія Сазанавец. Мадонна. ТБК у Літве. Вільня, 2001.

6. Леанід Маракоў. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. Беларускі кнігазбор. Менск, 1999.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX