Вярнуцца: Палітыкі

Уладальнік маёнтка Бердаўка Аляксандр Дамбавецкі Owner of a manor Bierdauka A. Dambavecki


Аўтар: Крупа А. Л., выкладчык гісторыі,
Дадана: 02-02-2008,
Крыніца: Лідскі летапісец № 29-30.



У гэтым годзе спаўняецца 165 год з дня нараджэння А.С. Дамбавецкага (1840 -пасля 1914), уладальніка маёнтка "Бердрўка", міравога суддзі Лідскай судова-міравой акругі, Магілёўскага губернатара, сенатара Расійскай імперыі, краязнаўца, рэдактар калектыўнай працы "Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах" (кн. 1-3, 1882-1884), ініцыятар стварэння губернскага гістарычна-этнаграфічнага музея ў Магілёве .

Сёння на Лідчыне ды, мабыць, і ў самой вёсцы Бердаўцы мала хто ведае, што ўладальнікам маёнтка "Бердаўка" з сярэдзіны 60-х гадоў Х1Х ст. да 1914 года быў неардынарны чалавек-беларускі краязнавец, грамадскі і палітычны дзеяч - Аляксандр Станіслававіч Дамбавецкі.

І толькі нямногія пажылыя людзі могуць узгадаць расказы сваіх бацькоў пра гэтага чалавека.

Уладальнік маёнтка “Бердаўка” Аляксандр ДамбавецкіУ апошнія гады свайго жыцця А.С. Дамбавецкі жыў у Пецярбургу, а ў маёнтак прыязджаў на лета, каб адпачыць ад шумнага сталічнага жыцця.

Для работнікаў маёнтка і жыхароў навакольных вёсак прыезд пана ператвараўся у сапраўдную падзею. Вітаць гаспадара збіраліся і старыя, і малыя. Дзеці выконвалі песні,чыталі вершы, танцавалі. За гэта ад Дамбавецкага яны атрымлівалі вельмі рэдкія ў тыя часы для сялянскіх дзяцей ласункі: цукеркі, пячэнне, пернікі.

Могуць згадаць аб яго патрабавальнасці і строгасці да работнікаў маёнтка, аб яго гаспадарлівасці і прыхільнасці да парадку, любові да прыгожага і да прыроды.

Захаваліся ўспаміны аб сям'і: жонка Ганна, сыны - Пётр і Аляксей, дзве дачкі- Наталля і Вольга. Паводле расказаў кухаркі Дамбавецкага, якая паходзіла з вёскі Меляшы сённяшняга Дварышчанскага сельсавета, яго сыны загінулі на фронце падчас 1-й сусветнай вайны, а дочкі эмігравалі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.

Сведкам тых часоў у Бердаўцы з'яўляецца эфектны неагатычны палац - адзін з лепшых на Лідчыне, пабудаваны ў канцы 60-х -пачатку 70-х гадоў Х1Х стагоддзя, дзе сёння месціцца сельскі дом культуры і бібліятэка, таксама дом прыслугі, гаспадарчы будынак невядомага прызначэння, разваліны амбара і піўніцы, фундамент млына, запушчаны стары парк.

Маёнтак "Бердаўка" перайшоў А.С. Дамбавецкаму ад Вінцэнта Захватовіча, у якога ён быў канфіскаваны за ўдзел у паўстанні 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а сам Захватовіч быў сасланы ў Варонежскую губерню.

Царызм праводзіў палітыку ўмацавання ў краі сваёй сацыяльнай апоры, і гэтым тлумачыцца насаджэнне ў беларуска-літоўскіх губернях буйнога рускага памешчыцкага землеўладання замест польскага.

Аб дзіцячых гадах Аляксандра Дамбавецкага і яго бацьках практычна нічога невядома. У фармулярным спіску губернатара ўказана,што ён "з дваран", але пры гэтым ні ў яго бацькоў,ні ў яго самога, маёнтка няма - дваранства, верагодна, атрымана па адукацыі і выслузе.

Вядомы беларускі літаратуразнавец, пісьменнік-публіцыст, прафесар Адам Мальдзіс нават лічыць, што А. Дамбавецкі - пазашлюбны сын імператара Аляксандра ІІ ! Тут няма нічога неверагоднага, бо слабасць "цара-вызваліцеля" да жаночага полу добра вядома, яму на момант нараджэння будучага магілёўскага губернаара(1840 год) было ўжо 22 гады.У дадатак да гэтага імклівая кар'ера Дамбавецкага і яго ўдалы шлюб амаль што былі немагчымыя без пратэкцыі ў вышэйшых колах Расійскай імперыі.

Малаверагодна, што ён быў палякам, бо ў фармуляры губернатара значыцца: "Вераспавядання праваслаўнага".

У 1860 годзе Дамбавецкі закончыў курс навук Кіеўскага праваслаўнага універсітэта і атрымаў ступень кандыдата, быў прыняты на службу ў Гаспадарчы дэпартамент Міністэрства ўнутраных спраў, але хутка быў пераведзены ў калежскія сакратары.

У 1862 годзе Дамбавецкага перамяшчаюць у канцылярыю Рыжскага ваеннага генерал -губернатарства на пасаду сакратара гаспадарчага аддзялення. Акрамя гэтага ён кіруе і паліцэйскім упраўленнем канцылярыі.

17 траўня 1863 года яму нададзены чын тытулярнага дарадцы, а ўжо 30 жніўня 1865 года А. Дамбавецкі прызначаецца чыноўнікам асобых даручэнняў ІV класа пры Міністэрстве ўнутраных спраў.

У 1865 годзе Дамбавецкі бярэ шлюб з Марыяй Грын, дачкой генерал-маёра, "дзяўчынай лютэранскага веравызнання", хутчэй усяго прыбалтыйскай немкай. 26 кастрычніка 1866 года ў іх нарадзіўся сын Пётр, і адбылося чарговае павышэнне па службе. Дамбавецкага перамяшчаюць на пасаду сакратара пры галоўным начальніку ІІІ Аддзялення Уласнай Яго Імператарскай Вялікасці Канцылярыі.

У 1868 годзе А. С Дамбавецкі атрымаў чын стацкага дарадцы, а ў красавіку 1870 года - званне камергера Двара Яго Вялікасці. 30 сакавіка 1872 года яго прызначаюць магілёўскім губернатарам.

Пры прызначэнні на гэтую пасаду 32-гадовага А.С.Дамбавецкага імператар Аляксандр ІІ зрабіў яму наказ:"Магілёўская губерня даўно ўжо знаходзіцца ў разладжаным стане, зрабі ўсё магчымае для аднаўлення яе сілаў".

(23KB) Палац Дамбавецкіх у Бердаўцы.Магілёўская губерня, плошчай 48 тысяч кв. км. (пераўзыходзіла сваімі памерамі Бельгію, Нідэрланды або Швейцарыю),насельніцтва прыбліжалася да 1 мільёна чалавек.

Малады губернатар, з характэрнымі для яго стараннасцю і энергіяй, узяўся за даручаную справу, праяўляў добрыя арганізатарскія здольнасці, творчасць і энтузіязм.

Хутка першыя поспехі губернатара заўважылі ў Пецярбургу. За карысную справу па ўзыманні падаткаў і другіх акладных грашовых збораў у 1873 г. губернатар атрымаў Вышэйшую падзяку, а ў 1874 годзе ўзнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 3-й ступені і 2000 рублёў.

Наладжваўся і быт сям'і, дзе ўжо раслі трое дзяцей. Жалаванне губернатара складала 1718 рублёў, столькі ж сталовых і 2000 рублёў прыбавачных...

У 1876 годзе губернатара узнагароджваюць чарговай высокай узнагародай - ордэнам Святога Станіслава 1-й ступені і 2000 рублёў.

1 красавіка 1879 года Дамбавецкі стаў кавалерам Ордэна Святой Ганны 1-й ступені.

Ад папярэдняга губернатара Дамбавецкаму дастаўся горад, які мала адпавядаў свайму статусу. Члены гарадской управы сумесна з гарадскім галавою распрацавалі план добраўпарадкавання горада, які губернатар дапамог ажыццявіць. Грошы на гэтыя мэты давала падаткаабкладанне ўсіх гарадскіх дамоў. У хуткім часе ў горадзе быў распланаваны і засаджаны гарадскі сад, які абнеслі драўляным плотам. Першы магілёўскі парк мяшчане назвалі садам Дамбавецкага. Праз два гады (1878) у Магілёве быў уведзены ў эксплуатацыю вадаправод і тэлефонная 93-вярстовая лінія, якая абслугоўвала 68 абанентаў.

У 1875-92 гг. узводзяцца будынкі фельчарскай школы, жаночай гімназіі, Аляксандраўскай рэальнай навучальні, драматычнага тэатра, пабудаваны масты, добраўпарадкаваныя вуліцы, пракладзены драўляныя тратуары.

У 1883 годзе ў сям'і Дамбавецкіх нарадзіўся другі сын Аляксей.

У 1885 годзе Дамбавецкага ўзнагароджваюць ордэнам Святога Уладзіміра 2-й ступені.

Губернатар у пастаяннай працы. З'явілася ідэя стварэння кнігі аб прыродных умовах, асноўных занятках, матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў краю, развіцці прамысловасці, сельскай і лясной гаспадаркі, народнай адукацыі і ахове здароўя, апісання помнікаў археалогіі, архітэктуры, гісторыі населеных пунктаў, запісу народных песень. Складалі гэтую працу ўсе службы, уся эліта губернскага Магілёва.

І вось, роўна 123 гады таму, трохтомавая кніга "Спроба апісання Магілёўскай губерні..." пад рэдакцыяй А. С. Дамбавецкага пабачыла свет. У паліграфічных адносінах выданне не ўступала пецярбургскаму або маскоўскаму, а па зместу ўяўляла сабою бестсэлер таго часу. Пазней яе назавуць "Энцыклапедыяй магілёўскага жыцця".

30 жніўня 1882 года "за выдатную службу" Магілёўскі губернатар быў узведзены ў тайныя дарадцы. А за кнігу "Спроба апісання Магілёўскай губерні" яму была аб'яўлена Вышэйшая падзяка.

Дамбавецкі стаў ініцыятарам адкрыцця гістарычна-этнаграфічнага музея ў Магілёве і ўсяляк садзейнічаў гістарычным пошукам і археалагічным даследаванням.

У музеі былі створаны гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны аддзелы, дзякуючы гэтаму Магілёўскі гістарычна-этнаграфічны музей да гэтага часу застаецца адным з лепшых на Беларусі.

Дзейнасць Дамбавецкага на пасадзе губернатара была шматграннай, але стан здароўя не заўсёды дазваляў поўнасцю аддацца працы, з-за хваробы печані губернатар часта выязджаў за мяжу на лячэнне, дзе ён праводзіў 1-2 месяцы ў год, але на справе гэта не адбівалася.

У 1889 годзе губернатар быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла- адной з вышэйшых узнагародаў Расійскай імперыі.

30 жніўня 1893 года адбылося чарговае і апошняе павышэнне па службовай лесвіцы. Дамбавецкі А.С. імянным Найвышэйшым указам прызначаецца сенатарам.

Без сумнення, займаючы такую высокую пасаду, ён плённа працуе на карысць Расійскай імперыі.

Вялікая занятасць не дазваляе часта бываць у маёнтку, але 2-3 разы на год ён адзін, а то і з сям'ёй, наведваўся ў Бердаўку.

Яшчэ ў канцы 60-х гадоў Х1Х ст. Дамбавецкі задумаў пабудаваць у маёнтку "Бердаўка" цагляны палац. Для забеспячэння будоўлі будаўнічым матэрыялам каля вёскі Харужаўцы будуецца цагельня.

Фундамент і скляпенні палаца, аб'ём якіх больш за 400 м. кубічных, будаваліся з каменю і цэглы і прызначаліся для захавання вінных запасаў. Палац пабудаваны ў неагатычным стылі і ўяўляе сабой двухпавярховы, прастакутны будынак з выступам у цэнтральнай частцы. Унутраныя сцены палаца распісваліся маслянымі фарбамі, падлога была з дубовага паркету, які націраўся. Абаграваўся палац галандскімі печамі, зробленымі з белай паліванай кафлі з малюнкамі і ўпрыгожваннямі. Дымаходы пра одзілі ўнутры сцен. Толькі адзін з пакояў, магчыма сталовая, амаль захаваў свой першапачатковы выгляд.

Узводзіцца млын, гаспадарчыя пабудовы, піўніца, амбар, адрына, аўчарня, цагляны дом для прыслугі. Добраўпарадкуецца тэрыторыя: разбіваецца пейзажны парк з дубамі, лістоўніцамі, блакітнымі ёлкамі, ясенямі, клёнамі, кедрамі, коркавым дрэвам, у парку высаджваецца шмат кветак.

Маёнтак "Бердаўка" ахопліваў 660 дзесяцін зямлі, да яго былі прыпісаны 118 работнікаў. А.С.Дамбавецкаму належалі таксама маёнткі Сліжы і Касоўшчына, засценкі Глебаўшчына і Харужаўцы ( усяго 1017 дзесяцін і 204 работнікі). Асновай гаспадаркі маёнтка з'яўлялася земляробства, найперш вырошчванне збожжа (жыта, авёс, ячмень). Галоўную частку сваіх даходаў Дамбавецкі атрымліваў ад продажу земляробчай прадукцыі, астатнюю - ад збыту цэглы, прадуктаў жывёлагадоўлі.

У 70-80-х гг. Х1Х ст. важнай крыніцай даходаў маёнтка стала льнаводства. Пашыраліся пасевы канапель, якія па Нёману адпраўляліся ў Прусію (Каралевец) на патрэбы Балтыйскага флоту. На фермах маёнтка ўтрымлівалася буйная рагатая жывёла, авечкі, свіні, коні.

Па звестках Віленскага губернатара маёнтак "Бердаўка" адносіўся да "добраўпарадкаваных". Аднак зямля ў гаспадарцы апрацоўвалася на аснове ўстарэлай агратэхнікі, старадзедаўскім інвентаром. Асноўнай сістэмай земляробства заставалася трохполле.

Паступова, у 70 - 80-х гг. Х1Х ст. гаспадарка маёнтка пераходзіла на капіталістычны тып, набывала гандлёвы, прадпрымальніцкі характар. Уводзіўся шматпольны севазварот, паляпшаліся прылады працы (жалезныя плугі, бароны і інш.). У пачатку ХХ ст. з'явіліся розныя сельскагаспадарчыя машыны (малатарні, веялкі, сячкарні, жняяркі, сеялкі і інш.). Але ўраджайнасць збожжавых невысокая (усяго каля 30 пудоў з гектара).

У другой палове 80-х гг. у сельскай гаспадарцы Беларусі пачаўся працяглы аграрны крызіс, выкліканы з'яўленнем на рынках Еўропы таннага высокаякаснага збожжа з Паўночнай Амерыкі, Аргенціны і Аўстраліі. Цана на жыта і іншыя збожжавыя культуры знізілася ў 2-3 разы.

А. С. Дамбавецкаму даводзіцца пераарыентаваць гаспадарку маёнтка на малочную жывёлагадоўлю і вінакурства. Колькасць буйной рагатай жывёлы вырасла прыблізна ў 2 разы. Заводзяцца высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандскія). На месцы наладжваецца перапрацоўка малака на сыр і масла.

У 1904 годзе на беразе става Дамбавецкі пабудаваў спіртзавод, які дзейнічаў да 1915 года. На ім было занята 15 работнікаў.

Спецыялізацыя гаспадаркі маёнтка на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурстве суправаджалася расшырэннем пасяўных плошчаў пад кармавыя культуры і бульбу. У канцы 90-х гг. Х1Х ст.-пачатку ХХ ст. яны выраслі адпаведна ў 6 і 3 разы. Збожжа прызначалася пераважна на корм жывёле і вінакурства. Як рыначная галіна развівалася свінагадоўля.

На знешні рынак маёнтак "Бердаўка" пастаўляў спірт, малочныя прадукты, мяса і сала, буйную рагатую жывёлу, ільновалакно і пакулле, алейнае семя. Сталыпінская аграрная рэформа паскорыла працэс распаду дваранскай паўфеадальнай уласнасці. Гаспадарка маёнтка адчувае цяжкасці, А. С. Дамбавецкі пачынае прадаваць свае землі. 15 траўня 1913 года прададзена 19 дзесяцін М. Мікалаевічу, затым 7 дзесяцін Сантоцкаму Івану. У хуткім часе пачынаецца 1 сусветная вайна, затым рэвалюцыя, грамадзянская і савецка-польская войны...

Палац А. С. Дамбавецкага стаіць у вёсцы Бердаўка як нямы сведка той бурлівай і цікавай гісторыі, якая пракацілася па нашым краі. Сёлета спаўняецца 165 год з дня нараджэння А.С. Дамбавецкага, які пакінуў на нашай зямлі свой след. Імя А. С. Дамбавецкага мы можам знайсці ў беларускіх энцклапедыях, падручніках па гісторыі Беларусі для школаў і ВНУ.

Сябры клуба "Спадчына", што дзейнічае пры гістарычна-краязнаўчым музеі Бердаўскай СШ, вырашылі ўвекавечыць памяць аб гэтым чалавеку. Выпускнік школы 1980 года, скульптар Рычард Груша, зрабіў мемарыяльную шыльду з выявай А. С. Дамбавецкага, якая будзе размешчана на фасадзе сельскага дома культуры (былы палац). Урачыстая прэзентацыя шыльды адбылася 26 траўня 2005 года.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX