Папярэдняя старонка: Яўген фон Гротэ дэ Буко

Генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 03-08-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко // Лідскі Летапісец №1(65) – 2014. C. 59–64.



У 2009 г. рэдактар "Нашага слова" Станіслаў Суднік пісаў: "Арганізатарам беларускага руху ў Лідзе, як ні дзіўна, быў былы расійскі спраўнік Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко. Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко (1862 - пасля 1920), Лідскі павятовы спраўнік. ... У 1918 годзе лідская беларуская арганізацыя спрабавала заявіць пра сябе і мела пэўны поспех. Фон Гротэ дэ Буко сябраваў з нямецкім штадтгаўптманам Альбертсам, падтрымліваў сувязь і арыентаваўся на беларускіх правых: Р. Скірмунт, К. Кандратовіч, А. Радзівіл, Э. Вайніловіч. Аднак пасля 27 снежня 1918 года, калі немцы пакінулі Ліду, беларуская арганізацыя аказалася ў істотнай меншасці ў параўнанні з іншымі, і пра яе дзейнасць нічога не вядома. Нажаль, нічога больш не вядома і пра Я.А. фон Гротэ дэ Буко. Лідскія краязнаўцы звяртаюцца да гісторыкаў і краязнаўцаў Беларусі і ўсяго свету з просьбай падзяліцца любой інфармацыяй пра лёс Я.А. фон Гротэ дэ Буко і яго сям'і. Звесткі просім дасылаць у "Наша слова"[1].

Аўтару, які таксама з'яўляецца лідскім краязнаўцам, удалося знайсці інфармацыю пра гэтага чалавека, але пошук звестак пра гэтую заслужаную перад Бацькаўшчынай асобу патрэбна працягваць.


Верагодна, бацька Яўгена Аляксандравіча - Аляксандр фон Гротэ дэ Буко (? -1883) пахаваны на 4-м участку Данскога манастыра ў Маскве [2].

Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко паходзіў з аславяніўшагася нямецкага роду праваслаўнага веравызнання, які належаў да дваран Маскоўскай губерні. Нарадзіўся будучы Лідскі паліцмайстар 19 студзеня 1862 г. Быў жанаты на дачцы калежскага дарадцы Свідэрскага - Вользе Мікалаеўне (нарадзілася ў 1872 г.). Меў сыноў Уладзіміра (нарадзіўся 13 ліпеня 1891 г.) і Аляксея (нарадзіўся 24 студзеня 1906 г.) і дачку Кацярыну (нарадзілася 4 лістапада 1897 г.). Жонка была таксама праваслаўнага веравызнання. Фамілія Свідэрскі - беларускага паходжання, і можна з упэўненасцю сказаць, што Вольга Мікалаеўна была беларускай.

Яўген фон Гротэ дэ Буко. Фота з дадатку да газеты 'Новое Время' за 10.Х.1915 г.

Будучы Лідскі спраўнік адукацыю атрымаў у 4-й Маскоўскай ваеннай гімназіі, а потым у Маскоўскай пяхотнай юнкерскай вучэльні.

Службовы шлях афіцэра фон Гротэ дэ Буко падрабязна апісаны у "Фармулярным спісе аб службе Лідскага спраўніка, калежскага дарадцы Яўгена Аляксандравіча фон Гротэ дэ Буко" ( гл. дадатак).

Лепшы знаўца гісторыі Лідчыны першай паловы ХХ ст. Міхал Шымялевіч пісаў, што на чале павятовай паліцыі перад Першай Сусветнай вайной стаяў павятовы спраўнік, капітан рэзерву Яўген Гротэ дэ Буко.

31 студзеня 1905 г., загадам № 14 па Віленскім губернскім кіраванні "начальнік земскай варты Новамінскага павета (Мінск-Мазавецкі павет - Л.Л.) капітан фон Гротэ-дэ-Буко, згодна з яго прашэннем, прызначаецца часовым выканаўцам абавязкаў Лідскага павятовага спраўніка" [3]. Гэта ж бачна з "Памятных кніжак Віленскай губерні": з 1906 г. па пачатак 1915 г. ён узначальваў павятовую паліцыю і Лідскае пажарнае таварыства [4], г.зн. адказваў за пажарную бяспеку часта гарэўшага горада, а бліжэй да пачатку вайны быў сябрам апякунскай рады Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф.Л. і В.С. Навіцкіх [5].

Спраўнік - вышэйшая паліцэйская ўлада ў павеце. Павятовае паліцэйскае кіраванне складалася з павятовага спраўніка і яго памочніка. Павятовы спраўнік прызначаўся і звальняўся губернатарам і быў абавязаны назіраць за аховай грамадскай бяспекі, за дакладным выкананнем усімі "вернаподданніцкага абавязку", за правільным і хуткім вядзеннем спраў, якімі займаюцца чыноўнікі павятовай паліцыі. Спраўнік павінен быў стала знаходзіцца ў павятовым горадзе, але не меней, як два разы ў год ён павінен быў агледзець увесь павет. Пры гэтым, спраўнік кантраляваў працу падначаленых яму станавых прыставаў і садзейнічаў ім у выкананні іх абавязкаў, асабліва па прывядзенні ў падпарадкаванне непаслухмяных, па пераследу злодзеяў, разбойнікаў, ваенных дэзерціраў і ўсіх уцекачоў, па спагнанні падаткаў, па спыненні заразных хвароб. Аглядаючы павет, спраўнік звяртаў ўвагу на спраўнасць дарог, на якасць будаўніцтва пабудоў і т.д. Спраўнік павінен быў "наводзіць на розум сельскіх абывацеляў, каб яны добра выконвалі свае абавязкі і заахвочваць іх да працавітасці, паказваючы ім выгады распаўсюджвання і ўдасканалення земляробства, рамёстваў і гандлю, асабліва ж у захаванні імі добрых нораваў і парадку" [6]. Улічваючы тое, што Гротэ дэ Буко займаў вельмі сур'ёзную пасаду ў павеце, захавалася шмат дакументаў з розных галінаў жыцця, якія ён рыхтаваў ці падпісваў.

Чын армейскага капітана быў роўны званню сучаснага маёра, бо пасля адмены маёрскага чыну ў траўні 1884 г. капітан падняўся ў "Табелі аб рангах" на ўзровень VIII класа (чын капітана гвардыі роўны званню армейскага падпалкоўніка). У цывільнай службе Расіі таксама меўся чын роўны чыну капітана пяхоты - калежскі асэсар з 1884 года (тытулярны дарадца да 1884).

З "Памятнай кніжкі Віленскай губерні" за 1906 г. бачна, што Яўген Аляксандравіч меў чын калежскага асэсара [7]. Гэта чын VIII класа ў "Табелі аб рангах". Да 1884 г. гэты чын адпавядаў чыну маёра, а пасля адмены маёрскага чыну ў войску так і застаўся ў прамежку паміж капітанам і падпалкоўнікам - Гротэ дэ Буко перайшоў з арміі ў паліцыю з падвышэннем на палову чыну.

Чыны ў царскай паліцыі адпавядалі цывільным чынам Расійскай Імперыі. Пры гэтым, у адрозненне ад сучаснай беларускай міліцыі яны не з'яўляліся званнямі, але пры пераходзе з аднаго ведамства ў іншае захоўваліся за іх уладальнікамі. Таму некарэктна было б казаць, напрыклад, "калежскі асэсар паліцыі". Тым не менш, у адрозненне ад чыноўнікаў большасці цывільных ведамстваў, якія мелі знакі адрознення на пятліцах, чыноўнікі паліцыі насілі пагоны. Але ад пагонаў службоўцаў іншых ведамстваў, напрыклад, чыгуначнікаў, гэтыя пагоны таксама адрозніваліся - пагоны паліцэйскіх чыноўнікаў былі падобныя на вайсковыя і адрозніваліся ад іх шырынёй, якая складала тры чвэрці ад шырыні армейскага пагона. Але пры пераходзе ў паліцыю з вайсковай службы за афіцэрам захоўваўся яго вайсковы чын, і ён насіў пагоны армейскага ўзору. Лідскі спраўнік, насіў, канешне, армейскія пагоны.

У "Памятнай кніжцы Віленскай губерні" за 1907 г. Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко ўжо надворны дарадца [8] - праз год паліцэйскай службы ён атрымаў наступны чын, VII класа, які адпавядаў падпалкоўніку ў арміі. Афіцыйны зварот да надворнага дарадцы: "Ваша высокаблагароддзе".

У "Памятнай кніжцы Віленскай губерні" за 1914 г. напісана: "Павятовы спраўнік - калежскі дарадца Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко" [9]. Лідскі спраўнік атрымаў ужо чын VI класа, які адпавядаў чыну армейскага палкоўніка.

Першая легальная штотыднёвая беларуская газета "Наша Доля" (газета была рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, усяго выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы), у першым жа сваім нумары, які выйшаў у верасні 1906 г. напісала пра Лідскага спраўніка: "На Зельну ў Васілішскай воласці злодзеі пакралі коней. Гаспадары чутка згледзеліся і пагналіся следам за канакрадамі. Зладзеі ў Ліду, і гаспадары ў Ліду ды да паліцыі з просьбай, каб ператрэсці мястэчка. Аж спраўнік сам выйшаў да збедаваных гаспадароў і сказаў: "Не магу, братцы, я вам даць стражнікаў, мне іх даў губернатар, каб сматрэць за спакойствіем". Выйшла тое, што гаспадары самі прыгналі канакрадаў пад скрыдэлка паліцыі. А трэба ведаць, што на тую пару было вучэнне стражнікаў, і іх з'ехалася якіх з семдзесят чалавек, так што не толькі мястэчка, а цэлы павет маглі б ператрэсці" [10]. Цяжка сказаць, ці была гэта публікацыя тэндэнцыйнай.

Газета "Беларус" у лютым 1913 г. пісала пра загад выдадзены Лідскім спраўнікам фон Гротэ дэ Буко дзеля ўмацавання дысцыпліны сярод падначаленых: "Ліда. У загадзе павятовай паліцыі, спраўнік звяртае ўвагу на тое, што стражнікі паліцыі прымушаюць сялян і крамнікаў даваць хабар і купляць ім гарэлку. Спраўнік папярэджвае, што калі паступіць ад каго такая жалаба, дык абвінавачаны ў хабары ўраднік ці стражнік будзе выгнаны са службы без паяснення прычын, а калі будзе даказана, што прымушаў даваць хабар, дык тады будзе адданы пад суд" [11].

У апошні год службы Лідскі спраўнік атрымліваў у год: жалавання 937 р. 50 к., сталовых 937 р. 50 к., кватэрных 300 р. і адсоткавую прыбаўку да жалавання - 468 р. 75 к., усяго 2643 р. 75 к. [12] Гэта былі вельмі добрыя грошы па тым часе.

Загадам Віленскага губернатара № 163 ад 6 ліпеня 1914 г. звальняецца ў адстаўку па яго заяве "з-за хваробы, Лідскі павятовы спраўнік калежскі дарадца фон-Гротэ-дэ-Буко. Да часовага выканання абавязкаў Лідскага павятовага спраўніка камандзіраваны старэйшы чыноўнік для асаблівых даручэнняў пры Віленскім губернатары, калежскі дарадца Пешкаў" [13].

Летам 1914 г. атрымалася так, што галоўная асоба павету - маршалак шляхты граф Людвік Грабоўскі (дарэчы прамы нашчадак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага ад марганатычнага шлюбу з Эльжбетай Грабоўскай), які павінен быў узначаліць мабілізацыю ў павеце, ад вясны лячыўся ў Пецярбургу, ён меў камяні ў жоўцевым пухіры і ў нырках. Яго абавязкі выконваў земскі начальнік 1-га ўчастка Міхаіл Трафімаў. Павятовы спраўнік фон Гротэ дэ Буко яшчэ да пачатку вайны падаў у адстаўку і чакаў загад аб выхадзе на пенсію і знаходзіўся ў адпачынку. У сувязі з набліжэннем вайны, Віленскі губернатар Вяроўкін перапыніў яму адпачынак і загадаў выконваць свае абавязкі. Таму асноўны цяжар арганізацыі мабілізацыі на Лідчыне лёг на спраўніка і Міхаіла Трафімава.

Візітоўка фон Гротэ дэ Буко з справы Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы. Ф. 445. Воп. 3. Спр. 983. С. 21, 21аб..

Вось як апісвае пачатак Першай Сусветнай вайны непасрэдны сведка тых падзей Шымялевіч: "На вуліцы Віленскай (зараз Савецкая - Л.Л.) горада сабраліся групкамі гараджане, яны чыталі толькі што атрыманыя з цягніка газеты, і кожны на свой капыл каментавалі бягучаю сітуацыю ў свеце. Мабілізацыя яшчэ не пачалася, і агульным перакананнем было тое, што Расія толькі робіць дэманстрацыю сваёй магутнасці, а насамрэч вайны не будзе, бо ніхто яе не хоча. … Над Лідай выконваючы вучэбны палёт, нізка кружыў аэраплан "Фарман". Ён зрабіў круг над рынкам (сучасная плошча Леніна - Л.Л.) і паляцеў на ўсход. Раптам аэраплан пачаў хутка зніжацца і падаць. Натоўп зявак думаючы, што аэраплан упадзе каля рэчкі Лідзейкі, кінуўся ў бліжэйшыя завулкі - Шкляны, Камерцыйны, Паліцэйскі (яны вялі ў бок рэчкі - Л.Л.). Візітоўка фон Гротэ дэ Буко з справы Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы. Ф. 445. Воп. 3. Спр. 983. С. 21, 21аб. Адваротны бок візітоўкі, надпіс рукой фон Гротэ дэ Буко: 'Не откажите Александр Анатольевич (А.А. Федотаў, прыстаў 3-га стана Лідскага павета - Л.Л.) бумагу о Кононе с ответом передать подателю сего. Она необходима для дела. Удостоверение у вас имеется хорошее. Уважающий вас Е. Гроте. /Подпись/'. Але пілот выраўняў машыну, і яна зноў узвілася пад аблокі. Зявакі пачалі вяртацца да цэнтру, і якраз у гэты час па Віленскай вуліцы на дрожках да паліцэйскай управы імчаўся, трымаючы ў руцэ дэпешу, павятовы паліцэйскі спраўнік Гротэ дэ Буко. Адразу ўсе зразумелі: мабілізацыя! У імгненне вока вуліца апусцела. Да позняй ночы горад не спаў. Кожны зразуме ў, што вайна непазбежная, і нікога яна не абміне" [14].

У Віленскім Дзяржаўным архіве знаходзіцца справа "Предварительное следствие судебного следователя Виленского Окружного Суда 1-го участка по делу о быв. Лидском Исправнике Гроте-де-Буко, приставе 3-го участка Федотове и полицейском уряднике Токць отв. по 362 ст. Ул. о наказ.". Справа пачата 8 снежня 1914 г., апошняя папера напісана 9 траўня 1916 г. у горадзе Зарайску, але справа не закончаная, і ніякіх рашэнняў па ёй няма. Сутнасць справы палягала ў тым, што "12 красавіка 1914 года ў канцылярыю Віленскага губернатара з'явіўся селянін ... Іван Вікенцьевіч Конан і, прадставіўшы, выдадзенае яму былым Лідскім павятовым спраўнікам фон Гротэ дэ Буко пасведчанне ад таго ж красавіка за № 2574 аб адсутнасці перашкод да выезду яго за мяжу, прасіў выдаць яму замежны пашпарт. З прадстаўленага пасведчання бачна, што Конан пастаянна пражывае ў вёсцы Зарачаны Шчучынскай воласці. Між тым Конан, апытаны 12 красавіка 1914 г. начальнікам Віленскага вышукнога аддзялення, заявіў, што ён увесь час і неадлучна пражывае ў сваёй вёсцы Юшкі, Каменскай воласці (Гродзенскай губерні) і што, задумаўшы з'ехаць на заробкі за мяжу, ён прасіў дапамагчы "знаёмага" яўрэя, ..., адносна хутчэйшага атрымання дазволу на выезд за мяжу, і яўрэй гэты параіў яму напісаць прашэнне ў Лідскае павятовае Паліцэйскае кіраванне" [15].

У справе вядзецца дазнанне, чаму чыны лідскай паліцыі далі пасведчанне асобе, якая жыве ў нават іншай губерні.

Да канца не вядома, як ужо немалады Лідскі спраўнік трапіў на фронт. Але вельмі верагодна, што пасля таго, як супраць яго пачалі следства, у фон Гротэ дэ Буко не засталося выбару. Тое, што Лідскі спраўнік, які ў 1914 г. меў чын VI класа, што адпавядаў чыну армейскага палкоўніка ў загадзе ад 9 верасня 1915 г., паводле якога яго ўзнагародзілі ордэнам Св. Георгія 4-й ст. за асабістую храбрасць, фігуруе як падпалкоўнік, ускосна пацвярджае пакаранне Лідскага спраўніка праз звальненне з паніжэннем у чыне.

Пасля жорсткіх баёў 1914-15 гг. кадравая армія была выбіта, на фронце не хапала афіцэраў, і фон Гротэ дэ Буко пайшоў на фронт добраахвотнікам.

Гротэ дэ Буко трапіў ў 6-ты Фінляндскі полк, які ўваходзіў у 2-ю Фінляндскія стралковую брыгаду, якая ў сваю чаргу падпарадкоўвалася 22-му армейскаму корпусу. З 1914 па 1915 г. 6-м Фінляндскім палком камандаваў палкоўнік Кялчэўскі Анатоль Кіпрыянавіч, з жніўня 1915 па люты 1917 г. гэтым палком камандаваў Свечын Аляксандр Андрэевіч, будучы буйны ваенны тэарэтык, расстраляны бальшавікамі ў 1938 г.

Руская армія пад пагрозай акружэння да восені 1915 г. пакінула Польшчу і частку Заходняй Беларусі. Пры адступленні рускія войскі ўжывалі тактыку выпаленай зямлі, казакі палілі вёскі, а сялян адпраўлялі ўглыб Расеі. У пачатку верасня 1915 г. нямецкія войскі прарвалі лінію фронту ў раёне Свянцянаў, і нямецкая конніца хлынула ў тыл рускай арміі. Якраз у гэтых баях удзельнічаў 6-ы Фінляндскі полк і, якраз за мужнасць у гэтых баях падпалкоўнік Гротэ дэ Буко атрымаў ордэн Св. Георгія 4-й ст. і Георгіеўскую зброю (загад ад 21.11. 1915) [16].

Свечын пісаў у сваёй кнізе "Мастацтва кіравання палком...": "Афіцэрскі склад у маім палку быў надзвычай удалы. У мяне было некалькі выдатных памочнікаў у асобах камандзіраў батальёнаў. ... выдатным камандзірам з'яўляўся падпалкоўнік Гротэ дэ Буко. Гэта быў бясхітрасны стары, перад вайной Лідскі спраўнік, які па сваёй добрай волі прамяняў сваю спакойную паліцэйскую пасаду на цяжкую прафесію - спачатку камандзіра роты, потым батальёна. Добрая воля, добразычлівасць, досыць моцныя нервы, а затым сівізна рабілі на салдатаў захапляльнае ўражанне. Салдаты яшчэ не вызваліліся ад кайданоў патрыярхальных уяўленняў, і для іх дзядуля Гротэ з'яўляўся несумнеўным правадыром-старэйшынам; слухалі яны яго з глыбокай павагай і любоўю, і пасля штурму афіцэры 1-га батальёна распавядалі, пра тое, што яны назіралі салдат, якія хапалі дзядулю ў крытычную хвіліну за фалды і хавалі яго ў вырву, салдаты баранілі яго сваімі целамі. Маладосць - сіла, але ў пэўнай абстаноўцы сівая барада, прыстаўленая да добрай галавы, таксама з'яўляецца буйной маральнай сілай пры ўмове непасрэднага судакранання з салдацка-сялянскай масай" [17].

26 сакавіка 1916 г. былы Лідскі спраўнік атрымлівае званне палкоўніка, а загадам ад 20 кастрычніка 1916 г. - ордэн Святога Станіслава 2-й ст. з мячамі. З Статута ордэна Святога Станіслава: "Права на ўзнагароду ордэнам Св. Станіслава прадстаўляецца ўсім тым з вернападданых Расійскай Імперыі ..., хто ... ў Хрысціянскіх дабрадзейных справах або выдатнай рэўнасцю да службы на ніве ваеннай, як на сушы, так і на моры ці ... вычынам на карысць чалавецтва або грамадства ці краю, у якім жыве, ці цэлай Расійскага дзяржавы, зверне на сябе асаблівую ўвагу Імператарскай і Царскай Вялікасці" [18].

9 кастрычніка 1917 г. Яўген Гротэ дэ Буко "за заслугі ў справах ..." атрымлівае званне генерал-маёра [19].

Лёс фон Гротэ дэ Буко на працягу 2-х гадоў, да канца 1918 г. не вядомы, але найбольш верагодным горадам, дзе ён мог зблізіцца з дзеячамі беларускага руху, быў Менск. Верагодна, пасля развалу арміі, у 1917 г. былы Лідскі спраўнік жыў у гэтым горадзе, але ніякай дакладнай інфармацыі ў мяне няма.

З'явіцца ў Лідзе генерал фон Гротэ дэ Буко зноў мог толькі пасля заключэння так званага "Берасцейскага міру", раней ён быў бы неадкладна арыштаваны. Менавіта ўвесну 1918 г. з акупаванага немцамі Менска ў Ліду пачалі вяртацца бежанцы.

Немцы не маглі вызначыцца, каго прызнаць пасля сябе ўладай у павеце, таму што апрача палякаў свае прэтэнзіі на ўладу адначасова выказвалі бальшавікі, беларусы і літоўцы. Юзаф Дзічканец, аўтар кнігі "Самаабарона Лідскай зямлі" і відавочца тых падзеяў пісаў: "Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі". Далей Дзічканец адзначае: "Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы Лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко, і той пакінуў шэрагі расіян. ... фон Гротэ дэ Буко ... пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю" [20].

Цікава, што і ў арганізаваным немцамі Шчучынскім (Плянцкім) павеце, нямецкі начальнік павета гаўптман (капітан) Ліндаман хацеў перадаць уладу прадстаўніку ўраду незалежнай Літвы, Тадэвушу Іваноўскаму, які па маці быў немцам. Тадэвуш Іваноўскі вёў палітычную працу ў Шчучынскім павеце разам з беларускім рухам [21].

Пры канцы 1918 г. палітычнае становішча ў горадзе і павеце рэзка абвастрылася. Мясцовыя палітычныя фракцыі - польская, яўрэйская і ў меншай ступені літоўская - імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі. 29 снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны павятовы рэўкамітэт. Яго членамі сталі 9 чалавек: 5 камуністаў - Утроб (Чэхаў), Лазараў, Вацлаў Калясінскі (селянін з Ёдкаў), Адольф Сцяпанавіч Сегень (селянін вёскі Вінькаўцы), Камінскі, Камянецкі, і 4 сацыял-дэмакраты інтэрнацыяналісты. Рэвалюцыйны камітэт заняў дом бежанца ў гады вайны, мясцовага купца Ілютовіча, які размяшчаўся па вуліцы Садовай. Бальшавікі захапілі склад са зброяй, якая належала мясцоваму аддзяленню літоўскай партыі - 100 вінтовак і стварылі гарадскі атрад народнай міліцыі колькасцю каля 100 чалавек, абсалютную большасць членаў міліцыі складалі лідзяне яўрэйскай нацыянальнасці.

Сыходзячы з горада, згодна з Берасцейскай дамовай, нямецкія войскі ўсё ж перадалі зброю мясцоваму рэвалюцыйнаму камітэту. У ноч з 27 на 28 снежня 1918 г. часткі германскіх войскаў пачалі пакідаць Ліду, і 3 студзеня 1919 года нямецкія войскі пакінулі тэрыторыю Лідскага павета. За тры дні праз чыгуначную станцыю прайшло больш за тры дзясяткі цягнікоў са зброяй, амуніцыяй, фуражом і іншым вайсковым абсталяваннем. Дарэчы, камандаванне бальшавікоў прызнавала, што на тэрыторыі павета і горада адыход нямецкіх войскаў не суправаджаўся марадзёрствам і псаваннем чыгуначнай маёмасці, а наадварот, пакідаючы горад, нямецкія салдаты арганізавалі рэвалюцыйны мітынг салідарнасці з мясцовым насельніцтвам. Такія ж мітынгі адбыліся і ў шэрагу іншых населеных пунктаў Лідчыны [22].

Польская "Самаабарона" таксама разлічвала ўзяць пад кантроль горад і павет. Аднак 5 студзеня 1919 года ў Ліду ўвайшлі эскадроны перадавой выведкі Чырвонай Арміі, таму польскія жаўнеры былі змушаныя часова пакінуць горад.

Апошнюю інфармацыю пра Гротэ дэ Буко мы знаходзім у мемуарах лідскага ксяндза Гіпаліта Баярунца, адкуль даведваемся, што пры другім "нашэсці бальшавікоў на Ліду", у горадзе засталіся яслі і прытулак для старых, "якія пры бальшавіках цярпелі вялікую нястачу, бо галоўнае кіраўніцтва над імі пераняла габрэйка Камянецкая і былы колішні расейскі спраўнік Гротэ дэ Буко" [23].

Хутчэй за ўсё Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко пражыў у Лідзе да 1931 года, бо ў 1931-37 гг. жыў у Вільні.

Улічваючы, што з зразумелых прычын беларускі рух быў не толькі нацыянальны, а і сацыяльны і ў той час у асноўным больш левы, генералу і былому спраўніку фон Гротэ дэ Буко (як і генералу ад інфантэрыі, лідзяніну Кіпрыяну Кандратовічу) было цяжка знайсці ў ім сваё месца. Але фактам застаецца тое, што першым у гісторыі кіраўніком беларускага палітычнага руху ў Лідзе быў менавіта генерал-маёр Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко. Гэта чацвёрты вядомы на сёння генерал, пасля генерала ад інфантэрыі Кандратовіча, генерал-маёра Пажарскага і генерал-маёра Багдановіча, які ў тыя няпростыя часы паверыў у беларускую справу.

Са спісу Георгіеўскіх кавалераў удалося даведацца, што генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко памёр у 1944 г. [24], насамрэч, загінуў у Варшаве ў 1944 г. [25]


Дадатак

Фармулярны спіс аб службе Лідскага спраўніка, калежскага дарадцы Яўгена Аляксандравіча фон-Гротэ-дэ-Буко [26].

Аўтар удзячны к.г.н., дацэнту Вароніч Т.У. за электронную копію гэтай справы.

(Усе даты прыведзены па старым стылі - Л.Л.)

Яўген Аляксандравіч фон-Гротэ-дэ-Буко, з дваран Маскоўскай губерні. Нарадзіўся 19.01.1862 г. Праваслаўнага веравызнання. Узнагароджаны ардэнамі Св. Станіслава і Св. Ганны 3-й ступені, медалі: срэбны ў памяць "В Бозе почивающего Императора Аляксандра ІІІ-го" і цёмна-бронзавы медаль за працу па першым усеагульным перапісе насельніцтва Імперыі ў 1897 г., светла-бронзавы медаль у памяць 300-годдзя Царствавання Дома Раманавых. Таксама ўзнагароджаны "Высочайше пожалованными" залатым гадзіннікам з ланцужком і выявай Дзяржаўнага Герба.

Атрымліваў у год: жалавання 937 р. 50 к., сталовых 937 р. 50 к., кватэрных 300 р. І адсоткавую прыбаўку да жалавання - 468 р. 75 к., усяго 2643 р. 75 к.

Жанаты першым шлюбам на дачцы калежскага дарадцы Свідэрскага - Вользе Мікалаеўне. Мае сыноў Уладзіміра (нарадзіўся 13 ліпеня 1891 г.) і Аляксея (нарадзіўся 24 студзеня 1906 г.) і дачку Кацярыну (нарадзілася 4 лістапада 1897 г.). Жонка і дзеці праваслаўнага веравызнання і знаходзяцца пры ім.

Маёнтка не мае.

Скончыў 4-ю Маскоўскую ваенную гімназію і Маскоўскую пяхотную юнкерскую вучэльню.

На службу паступіў 8 жніўня 1879 г. "вольноопределяющимся" па адукацыі ў 7-ы грэнадзёрскі Самагіцкі полк. Пасля чаго, у верасні 1879 г., быў камандзіраваны на вучобу ў Маскоўскую пяхотную юнкерскую вучэльню.

21 кастрычніка 1880 г. атрымаў чын унтэр-афіцэра.

Пасля заканчэння вучэльні па 2-м разрадзе, 11 жніўня 1881 г. прыбыў у полк.

13 жніўня 1881 г. атрымаў чын падпрапаршчыка.

Загадам № 50 па 2-й грэнадзёрскай дывізіі, 14 красавіка 1882 г., пераведзены на службу ў 20-ы пяхотны Галіцкі полк.

1 лістапада 1882 г. атрымаў чын прапаршчыка.

14 верасня 1884 г. атрымаў чын падпаручніка.

Па распараджэнні начальства быў камандзіраваны для навучання ратнікаў дзяржаўнага апалчэння у г. Сосніце з 23 траўня па 1 чэрвеня 1884 г., і з 24 верасня па 23 кастрычніка 1891 г., у г. Модліне з 22 траўня па 29 чэрвеня 1892 г.

19 красавіка 1886 г. прызначаецца ад'ютантам 3-га батальёна.

3 траўня 1888 г. па 24 ліпеня камандзіраваны ў 3-ю брыгаду для навучання сапёрнай справе, закончыў курс з адзнакай "вельмі добра".

30 жніўня 1888 г. атрымаў чын паручніка.

30 жніўня 1889 г. прызначаны ад'ютантам 2-га батальёна.

"Высочайшим" загадам па ваеннаму ведамству ад 17 чэрвеня 1895 г. звольнены ў запас армейскай пяхоты.

"Высочайшим" загадам № 42 ад 26 ліпеня 1895 г. прызначаны Памочнікам Начальніка Улоцлаўскага павета па адміністрацыйна-гаспадарчых справах.

На падставе І п. 45 арт. "Высочайше" зацверджаных 13 ліпеня 1886 г. Правіл аб асаблівых перавагах чыноўнікаў рускага паходжання, якія служаць у губернях Царства Польскага, 17 чэрвеня 1895 г. атрымаў "путевое пособие" ў памеры 600 рублёў.

"Высочайшим" загадам па грамадзянскаму ведамству ад 24 студзеня 1896 г. за № 4 атрымаў чын тытулярнага дарадцы.

Па спісу Міністэрства Унутраных спраў ад 3 красавіка 1897 г. за № 015217 "Высочайше" ўзнагароджаны цёмна-бронзавым медалём за працу пад час усеагульнага перапісу Імперыі 1897 г.

Грунтуючыся на Іменным "Высочайшим" загадзе, дадзеным ... ад 26 лютага 1896 г., атрымаў срэбны медаль на Аляксандраўскай стужцы у памяць "В Бозе почивающего Императора Аляксандра ІІІ-го"

Загадам Начальніка Варшаўскай губерні ад 13 жніўня 1898 г. за №335/1784, згодна з асабістым прашэннем, пераведзены на пасаду Памочніка начальніка Нешаўскага павета па адміністрацыйна-гаспадарчых справах.

За выдатную руплівую службу "Всемилостивейше" ўзнагароджаны ордэнам Св. Станіслава 3-й ступені.

"Высочайшим" загадам па ваенным ведамстве ад 24 траўня 1899 г. прызначаны Начальнікам земскай стражы Нешаўскага павета з залічэннем па армейскай пяхоце з былым чынам паручніка.

"Высочайшим" загадам па грамадзянскаму ведамству ад 1 ліпеня 1899 г.ўа № 39 за выслугу гадоў атрымаў чын калежскага асэсара .. . .

"Высочайшим" загадам па ваенным ведамстве ад 26 жніўня 1900 г. прызначаны Паліцмайстрам горада Улоцлаўка, з пакіданнем у армейская пяхоце.

"Высочайшим" загадам па ваенным ведамстве ад 1 студзеня 1901 г. атрымаў чын штабс-капітана ... .

"Высочайшим" загадам па ваеннаму ведамству ад 6 снежня 1901 г. атрымаў чын капітана ... .

12 студзеня 1902 г. "Высочайше" ўзнагароджаны залатым гадзіннікам з ланцужком і выявай Дзяржаўнага Герба

Такім жа загадам ад 5 сакавіка 1903 г. прызначаны Начальнікам земскай стражы Нова-Мінскага павета, з пакіданнем ў армейскай пяхоце.

У грамадзянскай службе служыў з 14 чэрвеня 1895 г. па 24 траўня 1899 г.

Загадам Віленскага Губернатара ад 31 студзеня 1905 г. за №14 дапушчаны, згодна з асабістым прашэннем, да часовага выканання абавязкаў Лідскага павятовага спраўніка.

"Высочайшим" загадам па ваенным ведамстве ад 31 сакавіка 1905 г. звольнены з вайсковай службы ... з перайменаваннем у калежскія асэсары.

Загадам Віленскага Губернатара ад 19 красавіка 1905 г. за № 45 прызначаны на пасаду Лідскага павятовага спраўніка з 31 сакавіка 1905 г.

"Высочайшим" загадам па грамадзянскаму ведамству ад 25 лютага 1906 г. за №1 1, за выслугу гадоў атрымаў чын надворнага дарадцы ... .

"Высочайшим" загадам ад 6 снежня 1910 г. за № 82, узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 3-й ступені.

Мае пасведчанне на права нашэння на грудзях "Высочайше" зацверджанага ў памяць 300-годдзя Царствавання Дома Раманавых светлага бронзавага медаля.

Загадам Губернатара ад 31 ліпеня 1914 г. за № 163 звольнены, згодна з асабістым прашэннем, па хваробе ў адстаўку.



[1] Наша слова №13 (904), 1 красавіка 2009 г.

[2] baza.vgdru.com/post/1/54823/p164160.htm

[3] Виленские губернские ведомости. № 20, 9 января 1905. С. 1.

[4] Памятная книжка Виленской губернии на 1907 г. Вильно, 1907. С. 160.

[5] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. Вильно, 1914. С. 197.

[6] Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. С.-Петербург, 1894. С. 458.

[7] Памятная книжка Виленской губернии на 1906 г. Вильно, 1906. С. 143.

[8] Памятная книжка Виленской губернии на 1907 г. Вильно, 1907. С. 153.

[9] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. Вильно, 1914. С. 193.

[10] Наша Доля №1, 1 сенцября 1906 г.

[11] Bielarus №6, 14 lutaho 1913.

[12] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф.445. Воп. 3. Спр. 983. С. 37.

[13] Виленские губернские ведомости. № 61-1914. 2 августа. С. 2.

[14] Szymielewicz Michal. Lida w latach wielkiej wojny. // Ziemia Lidzka. 1999. № 37. s. 7-12.

[15] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф.445. Воп. 3. Спр. 983. С. 2.

[16] grwar.ru/persons/persons.html?id =6617&PHPSESSID=091491bf5a3aebe926ab1eba63 eeed5e

[17] Свечин А. Искусство вождения полка по опыту войны 1914-1918 гг. Т. 1. Москва - Ленинград. 1930. // militera.lib.ru/h/svechin3a/03.html

[18] george-orden.narod.ru/statut1892s08.html

[19] Армия и Флот Свободной России (б. Русский Инвалид). №243, 1917.

[20] Дзічканец Юзэф. Самаабарона Лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 49.

[21] Brochocki Andrzej. Dzieje samoobrony w Szczuczynie Nowogrodzkim (rok 1918 - 19) // Slowo № 52, 22 lutego 1936, Slowo №53, 23 lutego 1936.

[22] Федоров И.О. Город Лида в годы установ-ления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 129-133.

[23] Лідскі летапісец № 2 (54). С. 32.

[24] http://www.rusgeneral.ru/general_g5.html

[25] grwar.ru/persons/persons.html?id= 6617&PHPSESSID=091491bf5a3aebe926ab1eba63eeed5e

[26] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф.445. Воп. 3. Спр. 983. С. 36-43.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX