Папярэдняя старонка: Яўген фон Гротэ дэ Буко

Яшчэ раз пра генерала фон Гротэ дэ Буко 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 22-03-2016,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра генерала фон Гротэ дэ Буко // НАША СЛОВА № 12 (1267), 23 сакавіка 2016 г.



Наша газета ўжо пісала пра першага лідара беларускага руху ў горадзе Лідзе генерала Яўгена Аляксандравіча фон Гротэ дэ Буко, які з 1905 па 1914 г. быў лідскім спраўнікам, потым мужна ваяваў у Першай сусветнай вайне і 9 кастрычніка 1917 г. атрымаў чын генерал-маёра. Пра гэтага чалавека вядома няшмат, яшчэ меней вядома пра ягоны ўдзел у беларускім руху. Ведаем нешта толькі са слоў яго тагачасных палітычных ворагаў. Адзін з лідараў польскага руху таго часу ў Лідзе Юзаф Дзічканец пісаў у сваёй кнізе "Самаабарона Лідскай зямлі": "Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). img/1.jpg Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі". Далей Дзічканец адзначае: "Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды, як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко і той пакінуў шэрагі расіян. ... фон Гротэ дэ Буко ... пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю".

Далейшую інфармацыю пра фон Гротэ дэ Буко мы знаходзім у мемуарах лідскага ксендза Гіпаліта Баярунца, адкуль даведваемся, што пры другім "нашэсці бальшавікоў на Ліду", у горадзе засталіся яслі і прытулак для старых, "якія пры бальшавіках цярпелі вялікую нястачу, бо галоўнае кіраўніцтва над імі пераняла яўрэйка Камянецкая і былы колішні расейскі спраўнік Гротэ дэ Буко".

У віленскай прэсе 1930-х гг. мне ўдалося знайсці згадкі пра беларускага генерала, што вельмі істотна для лідскага краязнаўства.

У кастрычніку 1930 г. Міністэрства Справядлівасці Польшчы вырашыла адкрыць ў Лідзе Аддзел Акруговага суда ў складзе васьмі суддзяў, Аддзел павінен быў пачаць працу з 2 студзеня 1931 г. Для Акруговага суда першапачаткова выдзяляліся два аднапавярховыя будынкі (вул. Камерцыйная, 14) коштам 54000 злотых. Але потым распачалася гісторыя, у якой прыняў ўдзел генерал фон Гротэ дэ Буко, а мы даведваемся пра лёс найцікавейшага будынка нашага горада - будынка былой гімназіі Навіцкай (тады, 3-га Мая, 45).

На пачатку лістапада 1930 г. на паседжанні Лідскай гарадской рады быў зачытаны праект дамовы са спадаром Слаўцілам, адвакатам і ўладальнікам нерухомасці, аб размяшчэнні тут аддзела Акруговага Віленскага суда ў Лідзе. Рада адмовілася ад гэтага праекту з-за "спробы ўзбагаціцца за кошт дзяржаўнага скарбу".

Уладальнікам гэтага дома была заснавальніца Лідскай жаночай гімназіі Марыя Канстанцінаўна Навіцкая. Пасля яе смерці ў 1907 г. дом перайшоў у пажыццёвую ўласнасць яе мужу і, верагодна, Навіцкі не меў права прадаць ці здаць у арэнду гэтую маёмасць. Адразу пасля ўсталявання польскай улады ў гэтым доме пачала працаваць гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. Пасля 1920 г. маёмасць часова не мела ўладальніка і курыравалася дзяржавай - над ёй была прызначана апека ў асобе дырэктара гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча п. Хмеля, а потым п. Паслаўскага.

Былы лідскі спраўнік Гротэ дэ Буко, які ў 1930 г. жыў у Вільні, стаў пасярэднікам паміж панамі Слаўцілам і мужам сп. Навіцкай, які жыў у Маскве. Навіцкі ўпаўнаважыў Гротэ дэ Буко прадаць гэты дом. Быў вызначаны кошт 3 - 4 тысячы долараў. 3 000 прапанаваў Слаўціла, а 4 000 - нехта з лідскіх яўрэяў. З Масквы прыйшла тэлеграма: "Калі Слаўціла дае 3 000, а яўрэі 4 000 - прадаю Слаўцілу". Так, у 1927 г. уладальнікам гэтага будынка разам з вялікім пляцам у цэнтры горада, стаў віленскі адвакат Слаўціла.

Тады ў газеце "Наваградскае жыццё" з'явіўся выкрывальніцкі артыкул, па меркаванні аўтара гэтага артыкула ўся справа ў Лідзе знаходзілася ў руках "прыяцеляў", "калег" і "крэўных" Навіцкага і Слаўцілы. Акт куплі-продажу быў пацверджаны Віленскім акруговым судом, і магістрат Ліды за 3 гады арэнды гмаха для гімназіі выплаціў 30 000 злотых - больш за кошт яго продажу. Таму газета "Наваградскае жыццё" падняла скандал і паведаміла, што каб не незаконны, па яе меркаванні, продаж гмаха, дык гэта маёмасць без уладальніка аўтаматычна сталася б дзяржаўнай з 1 студзеня 1931 г. Трэба адзначыць, што ў так званую "лідскую сям'ю", якая арганізавала справу продажу гмаха, як быццам ўваходзіў і пасол у Сойм доктар Гарневіч, які не пераабраўся ў 1930 г. у Сойм, але абраўся ў Гарадскую раду, і таму гэты скандал у значнай ступені, быў часткай выбарчай кампаніі.

Праз некалькі дзён Гарадская рада разгледзела пытанне закупу мэблі для новых школ, зацвердзіла звальненне магістратам работнікаў гарадской электроўні і прыняла да ведама рэкамендацыю Магістрата арандаваць для аддзела Акруговага суда дом Слаўцілы, такім чынам паставіўшы кропку ў справе.

16 сакавіка 1931 г. у Ліду з Вільні, для кантролю рамонту ў будынках, дзе меў размесціцца суд, прыехаў віца-пракурор Акруговага суда. Ён агледзеў гмахі на вуліцах Камерцыйнай, 14 і 3-га Мая, 45 - "будынак па-гімназійны". На пачатку кастрычніка прэзідэнт віленскага Акруговага суда Кадушкевіч наведаў Ліду і прыняў удзел у асвячэнні будынкаў лідскай філіі.

Але гісторыя з продажам будынка былой гімназіі так проста не закончылася. З-за артыкула ў "Наваградскім жыцці", у якім абвінавачваліся асобы, датычныя да продажу будынка, адбыліся некалькі судоў. Аўтарам выкрывальніцкага артыкула быў суддзя Акруговага суда ў Наваградку Яўген Ловіч-Баранскі. У выніку па выраку Апеляцыйнага суда ў Вільні рэдактар газеты Здановіч быў прысуджаны да 6 месяцаў турмы (пасля чаго газета спыніла сваё існаванне), а суддзя Ловіч-Баранскі праз газету "Слова" прасіў прабачэння ў "адваката Слаўцілы і даверанай асобы Фёдара Навіцкага Яўгена Гротэ дэ Буко".

З вышэй сказанага бачна, што генерал не страціў сувязі з Лідай і зарабляў на жыццё пасярэдніцтвам. Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко пражыў у Лідзе да да канца 1920-х гг., потым, да 1937 г. жыў у Вільні.

Са спісу Георгіеўскіх кавалераў удалося даведацца, што генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко загінуў у Варшаве ў 1944 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX