Вярнуцца: Яўген фон Гротэ дэ Буко

Яўген фон Гротэ дэ Буко - першы кіраўнік беларускага руху ў Лідзе


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 24-03-2013,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Яўген фон Гротэ дэ Буко - першы кіраўнік беларускага руху ў Лідзе // НАША СЛОВА № 12 (1111) 20 сакавіка 2013 г.

Спампаваць




Да 95-годдзя БНР

У 2009 г. рэдактар "Нашага слова" Станіслаў Суднік пісаў: "Арганізатарам беларускага руху ў Лідзе, як ні дзіўна, быў былы расійскі спраўнік Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко. (Яўген Аляксандравіч фон Грота дэ Буко (1862 - пасля 1920), Лідскі павятовы спраўнік. Жонка яго Вольга Мікалаеўна 1872 г.н. Дзеці іх: Кацярына 1896 г.н., Аляксей 1905 г.н. Прозвішча фон Грота-дэ-Буко было вядомае ў Расіі. ... ). У 1918 годзе лідская беларуская арганізацыя спрабавала заявіць пра сябе і мела пэўны поспех. Фон Гротэ дэ Буко сябраваў з нямецкім штадтгаўптманам Альбертсам, падтрымліваў сувязь і арыентаваўся на беларускіх правых: Р. Скірмунт, К. Кандратовіч, А. Радзівіл, Э. Вайніловіч. Аднак пасля 27 снежня 1918 года, калі немцы пакінулі Ліду, беларуская арганізацыя аказалася ў істотнай меншасці ў параўнанні з іншымі, і пра яе дзейнасць нічога не вядома. Нажаль нічога больш не вядома і пра Я.А. фон Грота дэ Буко. Лідскія краязнаўцы звяртаюцца да гісторыкаў і краязнаўцаў Беларусі і ўсяго свету з просьбай падзяліцца любой інфармацыяй пра лёс Я.А. фон Грота дэ Буко і яго сям'і. Звесткі просім дасылаць у "Наша слова".


Аўтару, які таксама з'яўляецца лідскім краязнаўцам, удалося знайсці пачатковую інфармацыю пра гэтага чалавека, і пошук інфармацыі пра гэтую заслужаную перад Бацькаўшчынай асобу патрэбна працягваць.


Верагодна, бацька Яўгена Аляксандравіча - Аляксандр фон Гротэ дэ Буко (? -1883) пахаваны на 4-м участку Данскога манастыра ў Маскве.

Лепшы знаўца гісторыі Лідчыны першай паловы ХХ ст. Міхал Шымялевіч пісаў, што на чале павятовай паліцыі перад Першай Сусветнай вайной стаяў павятовы спраўнік, капітан рэзерву Яўген Гротэ дэ Буко. Гэта ж бачна з "Памятных кніжак Віленскай губерні": з 1906 г. па пачатак 1915 г. ён узначальвае павятовую паліцыю і Лідскае пажарнае таварыства, г.зн. адказваў за пажарную бяспеку часта гарэўшага горада, а бліжэй да пачатку вайны быў сябрам апякунскага савета Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф.Л і В.С. Навіцкіх.

Спраўнік - вышэйшая паліцэйская ўлада ў павеце. Павятовае паліцэйскае кіраванне складалася з павятовага спраўніка і яго памочніка. Павятовы спраўнік прызначаўся і звальняўся губернатарам і быў абавязаны назіраць за аховай грамадскай бяспекі, за дакладным выкананнем усімі "вернападданніцкага абавязку", за правільным і хуткім вядзеннем спраў, якімі займаюцца чыноўнікі павятовай паліцыі. Спраўнік павінен быў стала знаходзіцца ў павятовым горадзе, але не меней, як два разы ў год ён павінен быў агледзець увесь павет. Пры гэтым, спраўнік кантраляваў працу падначаленых яму станавых прыставаў і садзейнічаў ім у выкананні іх абавязкаў, асабліва па прывядзенні ў падпарадкаванне непаслухмяных, па пераследу злодзеяў, разбойнікаў, ваенных дэзертыраў і ўсіх уцекачоў, па спагнанні падаткаў, па спыненні заразных хвароб. Аглядаючы павет, спраўнік звяртаў ўвагу на спраўнасць дарог, на якасць будаўніцтва пабудоў і т.д. Спраўнік павінен быў "наводзіць на розум сельскіх абывацеляў каб яны добра выконвалі свае абавязкі і заахвочваць іх да працавітасці, паказваючы ім выгады распаўсюджвання і ўдасканалення земляробства, рамёстваў і гандлю, асабліва ж у захаванні імі добрых нораваў і парадку" .

Чын армейскага капітана быў роўны званню сучаснага маёра, бо пасля адмены маёрскага чыну ў траўні 1884 г. капітан падняўся ў "Табелі аб рангах" на ўзровень VIII класа (чын капітана гвардыі роўны званню армейскага падпалкоўніка). У цывільнай службе Расіі таксама меўся чын роўны чыну капітана пяхоты - калежскі асэсар з 1884 года (тытулярны дарадца да 1884).

З "Памятнай кніжкі Віленскай губерні" за 1906 г. бачна, што Яўген Аляксандравіч меў чын калежскага асэсара. Гэта чын VIII класа ў "Табелі аб рангах". Да 1884 г. гэты чын адпавядаў чыну маёра, а пасля адмены маёрскага чыну ў войску так і застаўся ў прамежку паміж капітанам і падпалкоўнікам - Гротэ дэ Буко перайшоў з арміі ў паліцыю з падвышэннем на палову чыну.

Чыны ў царскай паліцыі адпавядалі цывільным чынам Расійскай Імперыі. Пры гэтым, у адрозненне ад сучаснай беларускай міліцыі яны не з'яўляліся званнямі, але пры пераходзе з аднаго ведамства ў іншае захоўваліся за іх уладальнікамі. Таму некарэктна было б казаць, напрыклад, "калежскі асэсар паліцыі". Тым не менш, у адрозненне ад чыноўнікаў большасці цывільных ведамстваў, якія мелі знакі адрознення на пятліцах, чыноўнікі паліцыі насілі пагоны. Але ад пагонаў службоўцаў іншых ведамстваў, напрыклад, чыгуначнікаў, гэтыя пагоны таксама адрозніваліся - пагоны паліцэйскіх чыноўнікаў былі падобныя на вайсковыя і адрозніваліся ад іх шырынёй, якая складала тры чвэрці ад шырыні армейскага пагона. Але пры пераходзе ў паліцыю з вайсковай службы за афіцэрам захоўваўся яго вайсковы чын, і ён насіў пагоны армейскага ўзору. Лідскі спраўнік, насіў, канешне, армейскія пагоны.

У "Памятнай кніжцы Віленскай губерні" за 1907 г. Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко ўжо надворны дарадца - праз год паліцэйскай службы ён атрымаў наступны чын, VII класа, які адпавядаў падпалкоўніку ў арміі. Афіцыйны зварот да надворнага дарадцы: "Ваша высокаблагароддзе".

У "Памятнай кніжцы Віленскай губерні" за 1914 г. напісана: "Павятовы спраўнік - калежскі дарадца Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко" . Лідскі спраўнік атрымаў ужо чын VI класа, які адпавядаў чыну армейскага палкоўніка.


Летам 1914 г. атрымалася так, што галоўная асоба павету - маршалак шляхты граф Людвік Грабоўскі (дарэчы прамы нашчадак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага ад марганатычнага шлюбу з Эльжбетай Грабоўскай), які павінен быў узначаліць мабілізацыю у павеце, ад вясны лячыўся ў Пецярбурзе, ён меў камяні ў жоўцевым пухіры і ў нырках. Яго абавязкі выконваў земскі начальнік 1-га ўчастка Міхаіл Трафімаў. Павятовы спраўнік фон Гротэ дэ Буко яшчэ да пачатку вайны падаў у адстаўку па ўзросту і чакаў загад аб выхадзе на пенсію і знаходзіўся ў адпачынку. У сувязі з набліжэннем вайны, віленскі губернатар Вяроўкін перапыніў яму адпачынак і загадаў выконваць свае абавязкі. Таму асноўны цяжар арганізацыі мабілізацыі на Лідчыне лёг на спраўніка і Міхаіла Трафімава.

Вось як апісвае пачатак Першай Сусветная вайны непасрэдны сведка падзеяў Шымялевіч: "На вуліцы Віленскай (зараз Савецкая - Л.Л. ) горада сабраліся групкамі гараджане, яны чыталі толькі што атрыманыя з цягніка газеты, і кожны на свой капыл каментавалі бягучаю сітуацыю у свеце. Мабілізацыя яшчэ не пачалася, і агульным перакананнем было тое, што Расія толькі робіць дэманстрацыю сваёй магутнасці, а насамрэч вайны не будзе, бо ніхто яе не хоча. … Над Лідай выконваючы вучэбны палёт, нізка кружыў аэраплан "Фарман". Ён зрабіў круг над рынкам (сучасная плошча Леніна) і паляцеў на ўсход. Раптам аэраплан пачаў хутка зніжацца і падаць. Натоўп зявак думаючы, што аэраплан упадзе каля рэчкі Лідзейкі, кінуўся ў бліжэйшыя завулкі - Шкляны, Камерцыйны, Паліцэйскі (яны вялі ў бок рэчкі - Л.Л. ). Але пілот выраўняў машыну, і яна зноў узвілася пад аблокі. Зявакі пачалі вяртацца да цэнтру, і як раз у гэты час па Віленскай вуліцы на дрожках да паліцэйскай управы імчаўся, трымаючы ў руцэ дэпешу, павятовы паліцэйскі спраўнік Гротэ дэ Буко. Адразу ўсе зразумелі: мабілізацыя! У імгненне вока вуліца апусцела. Да позняй ночы горад не спаў. Кожны зразумеў, што вайна непазбежная, і нікога яна не абміне" .

Да канца невядома, як ужо немалады лідскі спраўнік трапіў на фронт. Пасля жорсткіх баёў 1914-15 гг. кадравая армія была выбіта, на фронце не хапала афіцэраў, і фон Гротэ дэ Буко пайшоў на фронт добраахвотнікам. Але ёсць адно пытанне, чаму лідскі спраўнік, які ў 1914 г. меў чын VI класа, што адпавядаў чыну армейскага палкоўніка ў загадзе ад 9 верасня 1915 г., паводле якога яго ўзнагародзілі ордэнам Св. Георгія 4-й ст. за асабістую храбрасць фігуруе як падпалкоўнік. Па якой прычыне лідскі спраўнік быў паніжаны ў чыне?

Гротэ дэ Буко трапіў ў 6-ты Фінляндскі полк, які ўваходзіў у 2-ю Фінляндскія стралковую брыгаду, якая ў сваю чаргу падпарадкоўвалася 22-му армейскаму корпусу. З 1914 па 1915 г. 6-м Фінляндскім палком камандаваў палкоўнік Кялчэўскі Анатоль Кіпрыянавіч, з жніўня 1915 па люты 1917 г. гэтым палком камандаваў Свечын Аляксандр Андрэевіч, будучы буйны ваенны тэарэтык, расстраляны бальшавікамі ў 1938 г. Пад пагрозай акружэння, рускія войскі да восені 1915 г. пакінулі Польшчу і частку Заходняй Беларусі, пры адступленні рускія войскі ўжывалі тактыку выпаленай зямлі, казакі палілі вёскі, а сялян адпраўлялі ўглыб Расеі. У пачатку верасня 1915 г. нямецкія войскі прарвалі лінію фронту ў раёне Свянцянаў, нямецкая конніца хлынула ў тыл рускай арміі. Як раз у гэтых баях удзельнічаў 6-ы Фінляндскі полк і, як раз за мужнасць у гэтых баях падпалкоўнік Гротэ дэ Буко атрымаў ордэн Св. Георгія 4-й ст. і георгіеўскую зброю (загад ад 21.11. 1915).

Свечын пісаў у сваёй кнізе "Мастацтва кіравання палком...": "Афіцэрскі склад у маім палку быў надзвычай ўдалы. У мяне было некалькі выдатных памочнікаў у асобе камандзіраў батальёнаў. ... выдатным камандзірам з'яўляўся падпалкоўнік Гротэ дэ Буко. Гэта быў бязхітрасны стары, перад вайной лідскі спраўнік, які па сваёй добрай волі прамяняў сваю спакойную паліцэйскую пасаду на цяжкую прафесію - спачатку камандзіра роты, потым батальёна. Добрая воля, добразычлівасць, досыць моцныя нервы, а затым сівізна - рабілі на салдатаў захапляльнае ўражанне. Салдаты яшчэ не вызваліліся ад кайданоў патрыярхальных уяўленняў і для іх дзядуля Гротэ з'яўляўся несумнеўным правадыром-старэйшынам; слухалі яны яго з глыбокай павагай і любоўю, і пасля штурму афіцэры 1-га батальёна распавядалі, пра тое, што яны назіралі салдатаў, якія хапалі дзядулю ў крытычную хвіліну за фалды і хавалі яго ў вырву, салдаты баранілі яго сваімі целамі. Маладосць - сіла, але ў пэўнай абстаноўцы сівая барада, прыстаўленая да добрай галавы, таксама з'яўляецца буйной маральнай сілай, пры ўмове непасрэднага судакранання з салдацка-сялянскай масай".

26 сакавіка 1916 г. былы лідскі спраўнік атрымлівае званне палкоўніка а загадам ад 20 кастрычніка 1916 г. - ордэн Святога Станіслава 2-й ст. з мячамі. З Статута ордэна Святога Станіслава: "Права на ўзнагароду ордэнам Св. Станіслава прадстаўляецца ўсім тым з вернападданых Расійскай Імперыі ..., хто ... ў Хрысціянскіх дабрадзейных справах або выдатнай рэўнасцю да службы на ніве ваеннай, як на сушы, так і на моры, ці ... вычынам на карысць чалавецтва, або грамадства, ці краю, у якім жыве, ці цэлай Расійскага дзяржавы, зверне на сябе асаблівую ўвагу Імператарскай і Царскай Вялікасці".

Пасля кастрычніка 1916 г. інфармацыі пра былога лідскага спраўніка знайсці пакуль не ўдалося.


Лёс фон Гротэ дэ Буко на працягу 2-х гадоў, да канца 1918 г. невядомы, але найбольш верагодным горадам, дзе ён мог зблізіцца з дзеячамі беларускага руху, быў Менск. Верагодна, пасля развалу арміі, у 1917 г. былы лідскі спраўнік жыў у гэтым горадзе, але ніякай дакладнай інфармацыі ў мяне няма.

З'явіцца ў Лідзе фон Гротэ дэ Буко зноў мог толькі пасля заключэння так званага "Берасцейскага міру", раней ён быў бы неадкладна арыштаваны. Менавіта ўвесну 1918 г. з акупаванага немцамі Менска ў Ліду пачалі вяртацца бежанцы.

Немцы не маглі вызначыцца, каго прызнаць пасля сябе ўладай у павеце, таму што апрача палякаў свае прэтэнзіі на ўладу адначасова выказвалі бальшавікі, беларусы і літоўцы. Юзаф Дзічканец, аўтар кнігі "Самаабарона Лідскай зямлі" і відавочца тых падзеяў пісаў: "Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павету). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі" . Далей Дзічканец адзначае: "Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко, і той пакінуў шэрагі расіян".

Пры канцы 1918 г. палітычнае становішча ў горадзе і павеце рэзка абвастрылася. Мясцовыя палітычныя фракцыі - польская, яўрэйская і ў меншай ступені - літоўская імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі. 29 снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны павятовы рэўкамітэт. Яго членамі сталі 9 чалавек: 5 камуністаў - Утроб (Чэхаў), Лазараў, Вацлаў Калясінскі (селянін з Ёдкаў), Адольф Сцяпанавіч Сегень (селянін вёскі Вінькаўцы), Камінскі, Камянецкі, і 4 сацыял-дэмакраты інтэрнацыяналісты. Рэвалюцыйны камітэт заняў дом бежанца ў гады вайны, мясцовага купца Ілютовіча, які размяшчаўся па вуліцы Садовай. Бальшавікі захапілі склад са зброяй, якая належала мясцоваму аддзяленню літоўскай партыі - 100 вінтовак і стварылі гарадскі атрад народнай міліцыі колькасцю каля 100 чалавек, абсалютную большасць членаў міліцыі складалі лідзяне яўрэйскай нацыянальнасці.

Сыходзячы з горада, згодна з Берасцейскай дамовай, нямецкія войскі ўсё ж перадалі зброю мясцоваму рэвалюцыйнаму камітэту. У ноч з 27 на 28 снежня 1918 г. часткі германскіх войскаў пачалі пакідаць Ліду, і 3 студзеня 1920 года нямецкія войскі пакінулі тэрыторыю Лідскага павету. За тры дні праз чыгуначную станцыю прайшло больш за тры дзесяткі цягнікоў са зброяй, амуніцыяй, фуражом і іншым вайсковым абсталяваннем. Дарэчы, камандаванне бальшавікоў прызнавала, што на тэрыторыі павету і горада адыход нямецкіх войскаў не суправаджаўся марадзёрствам і псаваннем чыгуначнай маёмасці, а наадварот, пакідаючы горад, нямецкія салдаты арганізавалі рэвалюцыйны мітынг салідарнасці з мясцовым насельніцтвам. Такія ж мітынгі адбыліся і шэрагу іншых населеных пунктаў Лідчыны.

Польская "Самаабарона" таксама разлічвала ўзяць пад кантроль горад і павет. Аднак 5 студзеня 1919 года ў Ліду ўвайшлі эскадроны перадавой выведкі Чырвонай Арміі, таму польскія жаўнеры былі змушаныя часова пакінуць горад.


Апошнюю інфармацыю пра Гротэ дэ Буко мы знаходзім у мемуарах лідскага ксяндза Гіпаліта Баярунца, адкуль даведваемся, што пры другім "нашэсці бальшавікоў на Ліду", у Лідзе засталіся яслі і прытулак для старых, "якія пры бальшавіках цярпелі вялікую нястачу, бо галоўнае кіраўніцтва над імі пераняла габрэйка Камянецкая і былы колішні спраўнік расейскі Гротэ дэ Буко" .

Як стаўся далейшы лёс першага лідара беларускага руху ў Лідзе невядома, трэба працягваць пошукі, але фактам застаецца тое, што першым у гісторыі кіраўніком беларускай грамадскай арганізацыі ў Лідзе быў менавіта Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX