Папярэдняя старонка: Яўген фон Гротэ дэ Буко

Гротэ дэ Буко ва ўспамінах Станіслава Іваноўскага 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 11-08-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Гротэ дэ Буко ва ўспамінах Станіслава Іваноўскага // Лідскі Летапісец. 2018. № 4(84). С. 10-12.



Галоўнай крыніцай інфармацыі пра дзейнасць генерала фон Гротэ дэ Буко ў Лідзе канца 1918 пачатку 1919 гг. быў Юзаф Дзічканец, аўтар кнігі "Самаабарона Лідскай зямлі" і відавочца тых падзеяў, ён пісаў: "Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі". Далей Дзічканец адзначае: "Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко, і той пакінуў шэрагі расіян. ... фон Гротэ дэ Буко ... пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю" [1].

Удалося знайсці інфармацыю пра генерала ва ўспамінах польскага дзеяча Лідскай і Гарадзенскай Самаабароны Станіслава Іваноўскага - брата нашага Вацлава Іваноўскага і самага малодшага з дзяцей Леанарда Іваноўскага.

Вывучаючы сям'ю Іваноўскіх, я заўважыў, што Станіслава Іваноўскага не любілі ні яго родныя, ні беларускія сяляне. І, пэўна, было за што. Каб праілюстраваць інтэлектуальна-маральныя якасці Станіслава Іваноўскага, перакажу фрагмент з яго ўспамінаў, якія ён напісаў у 1937 г. - амаль што праз 20 гадоў пасля падзей. І праз 20 гадоў ён ганарыцца дробнай антыбеларускай правакацыяй, якую арганізаваў у Гародні і з вялікім задавальненнем пераказвае той выпадак у сваіх успамінах пра стварэнне польскай "Самаабароны" і складаныя моманты 1918-1919 гг. на Лідчыне і Гарадзеншчыне: "На пачатку 1919 г. у Гародні арганізавалася дэлегацыя беларусаў для паездкі ў Бельведэр (да Пілсудскага - Л. Л.). На чале гэтай дэлегацыі стаў нейкі Гадыцкі-Цвірка [2] са Случчыны. Пра прыезд гэтай дэлегацыі пісалі варшаўскія газеты і калі Гадыцкі-Цвірка вярнуўся ў Гародню, ён быў арыштаваны ўладамі і пасаджаны ў турму [3]. ... Гадыцкага-Цвірку павінны былі перавезці ў Коўню. Пра дзень перавозкі я быў праінфармаваны. Вясеннім днём у 4-й гадзіне пасля поўдня яго везлі па вуліцы Ажэшкі ў турэмнай карэце пад канвоем гусараў (беларускіх - Л. Л.). На іх шляху, пры палацы князя Чацвярцінскага, на ходніках чакалі каля дзесятка чальцоў польскай вайсковай арганізацыі з рэвальверамі. Гусары праз хвіліну былі рассеяныя залпамі з рэвальвераў ... і паўцякалі. Усе немцы пахаваліся, было бачна, што яны не жадаюць браць удзел у канфлікце ... Скарыстаўшыся замяшаннем, я паехаў да каменданта цвердзі Гародні ... палкоўніка Лавенфілда і заявіў яму, што ўся віна за інцыдэнт ляжыць на беларусах і выказаў пажаданне, каб больш не было страляніны, якая пагражае жыццю нямецкіх жаўнераў у горадзе. ... палкоўнік Лавенфілд запэўнім мяне, што зробіць для гэтага ўсё магчымае. ... з таго памятнага дня знікла ўсякае значэнне Народнай беларускай рады ..." [4].

Такім чынам і праз 20 гадоў ён не зразумеў, што непрыстойна і нават бязглуздна хваліцца правакацыяй, не асэнсаваў свае дзеянні і нават не зрабіў спробу неяк па-іншаму інтэрпрэтаваць тыя падзеі.

Не быў Станіслаў Іваноўскі і разумным чалавекам. Адназначную ацэнку разумовых здольнасцяў Станіслава даў Антон Луцкевіч, у студзені 1919 г. ён запісаў у сваім дзённіку: "Прыходзіў Станіслаў Іваноўскі. З усёй яго гутаркі, як заўсёды дурной і бязладнай, з тэндэнцыяй выказаць свой розум, годнай увагі была толькі заява, што цяпер усе палякі маюць адну супольную ідэю: за ўсялякую цану далучыцца да Польшчы. "Краёвая ідэя, - сказаў ён, - магла б мець вагу толькі тады, калі б за ёй стаялі некалькі корпусаў войска. А цяпер мы аб ёй забыліся". Шчыра і ясна!" [5].

Гэтая прэамбула пра малодшага з Іваноўскіх неабходная, каб разумець, хто напісаў тыя ўспаміны. Станіслаў Іваноўскі ўзгадвае генерала ў самы крытычны момант спробы ўзяцця ўлады ў горадзе:

"Немцы жадалі супрацьпаставіць Радзе раней створаны руска-яўрэйскі камітэт (беларуска-яўрэйскі - Л. Л.) пад кіраўніцтвам былога спраўніка Лідскага павета палкоўніка (генерала - Л. Л.) фон Гротэ дэ Буко.

Калі мы даведаліся пра рэвалюцыю ў Берліне, пайшлі дэлегацыяй да мясцовага бургамістра - нямецкага афіцэра (прозвішча не памятаю), ведаю што быў юрыстам па адукацыі і напісаў ілюстраваную манаграфію пра горад Ліду, і патрабавалі, каб ён перадаў нам уладу ў горадзе. У склад дэлегацыі ўваходзілі Станіслаў Іваноўскі, ксёндз-дэкан Шкоп, ляснічы Рашкоўскі. Яўрэі пра гэта даведаліся, і тут жа пайшла другая руска-яўрэйская дэлегацыя з фон Гротэ на чале, але не высунула ніякіх патрабаванняў.

Напалоханы бургамістр сабраў некалькі ландштурммістраў і загадаў нас арыштаваць, але потым супакоіўся і абяцаў справу перадачы ўлады неяк залатвіць. У тую ж ноч бургамістр быў сам арыштаваны нямецкім жаўнерскім камітэтам, і ўся яго, з цяжкасцю сабраная маёмасць, была камітэтам канфіскавана" [6].

З успамінаў Дзічканца мы бачым, што ніякай "рускай" актыўнасці ў горадзе ў той час не было, да таго ж зразумела, што "истинно русские люди" (як іх называе Дзічканец) ніколі б не супрацоўнічалі з яўрэйскай грамадой. Беларусы ў той час дзейнічалі разам з летувісамі, але зусім не з бальшавікамі. Цікава, што і ў арганізаваным немцамі Шчучынскім (Плянцкім) павеце, нямецкі начальнік павета гаўптман (капітан) Ліндаман хацеў перадаць уладу прадстаўніку ўраду Літвы, Тадэвушу Іваноўскаму - брату Станіслава і Вацлава Іваноўскіх, якія, дарэчы, па маці былі немцамі. І Тадэвуш Іваноўскі вёў палітычную працу ў Шчучынскім павеце разам з беларускім рухам [7].

Станіслаў Іваноўскі апісвае падзеі пры канцы 1918 г., калі палітычнае становішча ў горадзе і павеце рэзка абвастрылася. Мясцовыя палітычныя фракцыі - польская, яўрэйская і ў меншай ступені літоўская - імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі. 29 снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны павятовы рэўкамітэт. Яго чальцамі сталі 9 чалавек: 5 камуністаў - Утроб (Чэхаў), Лазараў, Вацлаў Калясінскі (селянін з Ёдкаў), Адольф Сцяпанавіч Сегень (селянін вёскі Вінькаўцы), Камінскі, Камянецкі, і 4 сацыял-дэмакраты інтэрнацыяналісты. Рэвалюцыйны камітэт заняў дом бежанца ў гады вайны, мясцовага купца Ілютовіча, які размяшчаўся па вуліцы Садовай. Бальшавікі захапілі склад са зброяй, якая належала мясцоваму аддзяленню літоўскай партыі - 100 вінтовак, і стварылі гарадскі атрад народнай міліцыі колькасцю каля 100 чалавек, абсалютную большасць чальцоў міліцыі складалі лідзяне яўрэйскай нацыянальнасці.


Далейшую інфармацыю пра фон Гротэ дэ Буко мы знаходзім у мемуарах лідскага ксяндза Гіпаліта Баярунца, адкуль даведваемся, што пры другім "нашэсці бальшавікоў на Ліду", у горадзе засталіся яслі і прытулак для старых, "якія пры бальшавіках цярпелі вялікую нястачу, ... галоўнае кіраўніцтва над імі пераняла яўрэйка Камянецкая і былы колішні расейскі спраўнік Гротэ дэ Буко" [8]. Як бачым яшчэ ў 1920-м г. генерал фон Гротэ дэ Буко заставаўся ў нашым горадзе і разам з яўрэйскай супольнасцю ратаваў жыццё шматлікіх сірот Першай сусветнай вайны.


Самаабарона ў Лідзе

Станіслаў Іваноўскі

(першая частка з успамінаў "Самаабарона ў Лідзе і Гародні ў 1918 - 1919 гг.") [9]

У кастрычніку 1918 г. пасля вяртання з Расіі, вырашылі з групай асоб у Лідзе, а менавіта з паручнікам Вацлавам Шукевічам, доктарам Рамуальдам Сапоцькам, аптэкарам Рудольфам Бергманам і яшчэ некалькімі асобамі, закласці грамадскую арганізацыю, якая магла б пераняць уладу з рук немцаў. З-за аслаблення немцаў уладу можна было пераняць шляхам перамоваў, без ужывання сілы. Арганізавалі нешта накшталт выбараў і ўтварылі Народную (Нацыянальную) Раду Лідчыны. Яе старшынём стаў землеўладальнік Эміль Буткевіч, віца-старшынём Станіслаў Іваноўскі, у склад Рады ўвайшлі Рудольф Бергман, Рамуальд Сапоцька, ксёндз-дэкан Шкоп і некалькі асоб, прозвішчаў якіх не памятаю.

З мэтай падвышэння вагі нашай арганізацыі, належала як найхутчэй збіраць узброеных людзей, якія з аднаго боку маглі даць адпор бандам, што гарцавалі па павеце, з другога зрабіць немагчымымі пазазаконныя нямецкія рэквізіцыі. Пра стварэнне Народнай Рады было паведамлена адмысловай адозвай, надрукаванай у мясцовай друкарні і разасланы ганцы па ўсім павеце. Адозва мела моцны вынік: з усіх канцоў павета пачалі паступаць прапановы дапамогі ці просьбы аб помачы і прысылцы ўзброеных людзей. Часта двары прасілі дапамогі ў спрэчках з скамунізаванымі вёскамі. У такіх выпадках Рада дапамагала вельмі асцярожна, бо распальванне класавых спрэчак было па-за яе палітыкай.

На адозву Рады першымі адказалі працоўныя гуты шкла Нёман. Некаторыя з іх прыехалі з валізкамі, каб адразу ўступіць у войска. Таксама гарэла добраахвотніцтвам дробнашляхецкая моладзь з шматлікіх засценкаў, расцярушаных каля Радуні і Жырманаў, гэтыя былі на конях.

Паразумеўшыся з паручнікам Шукевічам, мы паехалі ў маёнтак Дзітрыкі да генерала Макрэцкага з просьбай, каб ён узяў на сябе камандаванне стваранай вайсковай часткі. Мы думалі сварыць конныя і пешыя аддзелы ў Лідзе, Шчучыне, Радуні, Эйшышках. Памалу знаходзілася зброя як расійскай, гэтак і нямецкай вытворчасці. Конны аддзел мы пакінулі па-за Лідай, бо было лепей, каб ён застаўся ў вёсцы, дзе коні мелі бясплатны фураж. На пачатку не мелі сувязі з Вільняй і нават баяліся гэтых кантактаў, бо лічылі, што Вільня захоча нас сабе падпарадкаваць.

Спрыянне немцаў летувісам у справе зрабіць з Вільні сталіцу Летувы прымушала нас да асцярожнасці. Было жаданне мець як больш пляцовак на захад для моцнай сувязі з Гародняй, Ваўкавыскам, Беластокам і Берасцем - гэтыя гарады пад немцамі стваралі адміністрацыйную адзінку Обер-Ост пад назвай Урад Гародня-Беласток (Gouvernement Gradno-Bialistok, Sud-Lithau). Жадалі стварыць незалежную ад Вільні адміністрацыйную і вайсковую адзінку, сабраць сілы, каб супрацьстаяць таму лёсу, які немцамі быў вызначаны для Вільні і больш за тое, непасрэдна ўплываць на лёс Вільні. Маючы чыгуначныя і шашэйныя дарогі на захад, можна было трымаць кантакты з захадам.

Агітацыя за ўступленне ў нашы збройныя аддзелы сустрэла энергічны адпор з боку камуністаў, якія пераважны рэкрутаваліся з яўрэяў і праваслаўных.

З ціхай згоды немцаў штаб аддзела Самаабароны ўсяліўся ў лідскую Скарбовую касу, акрамя таго аддзел займаў яшчэ некалькі дамкоў каля гмаха Касы, не даходзячы да касцёла.

Тым часам да Ліды дайшлі весткі аб стварэнні збройнай сілы ў Вільні. Мы дэлегавалі паручніка Вацлава Шукевіча ў Вільню. Ён прывёз ад генерала Вейткі намінацыю для генерала Макрэцкага на камандванне 3-м аддзелам Самаабароны.

Зараз не памятаю, адкуль аддзел меў грошы. Не памятаю, ці атрымлівалі мы якія-небудзь грошы ад генерала Вейтка. Праўдападобна, мелі мы толькі ахвяраваныя грошы мясцовага насельніцтва.

Немцы жадалі супрацьпаставіць Радзе раней створаны руска-яўрэйскі камітэт (беларуска-яўрэйскі - Л. Л.) пад кіраўніцтвам былога спраўніка Лідскага павета палкоўніка (генерала - Л. Л.) фон Гротэ дэ Буко.

Калі мы даведаліся пра рэвалюцыю ў Берліне, пайшлі дэлегацыяй да мясцовага бургамістра - нямецкага афіцэра (прозвішча не памятаю), ведаю што быў юрыстам па адукацыі і напісаў ілюстраваную манаграфію пра горад Ліду, і патрабавалі, каб ён перадаў нам уладу ў горадзе. У склад дэлегацыі ўваходзілі Станіслаў Іваноўскі, ксёндз-дэкан Шкоп, ляснічы Рашкоўскі. Яўрэі пра гэта даведаліся і тут жа пайшла другая руска-яўрэйская дэлегацыя з фон Гротэ на чале, але не высунула ніякіх патрабаванняў.

Напалоханы бургамістр сабраў некалькі ландштурммістраў і загадаў нас арыштаваць, але потым супакоіўся і абяцаў справу перадачы ўлады неяк залатвіць. У тую ж ноч бургамістр быў сам арыштаваны нямецкім жаўнерскім камітэтам, і ўся яго, з цяжкасцю сабраная маёмасць, была камітэтам канфіскавана.

Тым часам да нас звярнулася некалькі нямецкіх вайскоўцаў-палякаў з прапановай дапамогі. Нейкі Вайноўскі, камендант маёнтка Бердаўка, прыслаў 20 карабінаў. Дапамагалі і іншыя, прозвішчаў якіх не памятаю, а таксама паручнік Стахоўскі.

Утварылі штаб у складзе: камандзір - генерал Макрэцкі, начальнік штаба - флоцкі паручнік Станіслаў Іваноўскі, старшы ад'ютант - Уладзіслаў Лясковіч і без адмысловай пасады - харунжы Юстын Макрэцкі. Паручнік Вацлаў Шукевіч атрымаў камандаванне аддзелам у Лідзе. Іншых прозвішчаў не памятаю.

Стасункі з немцамі складаліся па-рознаму. Спыніліся пазазаконныя рэквізіцыі, якія любы жаўнер чыніў сваёй рукой, каб даслаць сваёй галоднай сям'і ў Германію. Гэта выклікала незадавальненне нямецкіх жаўнераў. Большасць афіцэраў, разумеючы, што раней ці пазней давязецца пакінуць павет, у асноўным ставіліся зычліва, бо мы перанялі ў іх частку функцый па ўсталяванні парадку. Разумелі, што нельга пасля сябе пакінуць пустату і трэба некаму перадаць уладу. Нават афіцыйна, ад нямецкіх уладаў, было перададзена 20 карабінаў для Самаабароны і прызначаны афіцэр-інструктар. Ці праводзіў ён якія небудзь заняткі, не памятаю. Здаецца, што ўсе закончылася яго добрымі намерамі.

Пераклад Леаніда Лаўрэша .



[1] Дзічканец Юзаф. Самаабарона Лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 49.

[2] Кастусь Мардар'евіч Гадыцкі-Цвірка (05(17).04.1880 - пасля 1931) - беларускі педагог, публіцыст. У 1903-1923 гг. выкладчык Слуцкай гімназіі, Дзвінскага і Менскага рэальных вучылішчаў, Менскага настаўніцкага інстытута, Менскіх педагагічнага і політэхнічнага тэхнікумаў, рабфака БДУ. Удзельнік 1-га Усебеларускага з'езда ў снежні 1917 г.).

[3] У канцы сакавіка 1919 года К. Цвірка-Гадыцкі раптам з'яўляецца ў Варшаве, дзе складае на імя польскага прэм'ер-міністра І. Падарэўскага адозву з рэзалюцыяй нібыта праведзенага Беларускага краёвага з'езда, у якой сцвярджалася, што "існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы немагчыма", таму Беларусь "у сваіх этнаграфічных межах" павінна была ўвайсці ў "сціслы звязак з Польскай Рэччу Паспалітай". Калі звесткі пра гэта дайшлі да Гародні, В. Захарка ў ноце ад імя Рады Міністраў БНР апратэставаў заяву "беларускай" дэлегацыі. Калі ж К. Цвірка-Гадыцкі зноў з'явіўся ў горадзе, на загад К. Езавітава ён быў арыштаваны і адпраўлены ў мясцовую турму. Улічваючы палітычны рэзананс, польскі камісар у Гародні Станіслаў Іваноўскі, які і з'яўляўся арганізатарам адпраўкі дэлегацыі ў Варшаву, атрымаў ад Генеральнага Штаба загад выпусціць К. Цвірку-Гадыцкага на волю. Калі вязня пад вартай эскадрона беларускіх гусар везлі з турмы на чыгуначны вакзал, на іх напаў атрад "Польскай арганізацыі вайсковай". Завязалася кароткая перастрэлка, падчас якой быў забіты адзін з нападнікаў. Аднак адбіць К. Цвірку-Гадыцкага не атрымалася. Гл: Чарнякевіч Андрэй. Нараджэнне беларускай Гародні: З гісторыі нацыянальнага руху 1909-1939 гадоў. Мінск, 2015. С. 55-56.

[4] Iwanowski Stanislaw. Samoobrona w Lidzie i Grodnie w 1918-1919 // Zeszyty Historyczne. Paryz. 1995. № 113. S. 120-121.

[5] Асабісты архіў гісторыка А. Чарнякевіча.

[6] Stanislaw Iwanowski. Samoobrona w Lidzie i Grodnie w 1918-1919 // Zeszyty Historyczne. 1995. №113. S. 111-112.

[7] Brochocki Andrzej. Dzieje samoobrony w Szczuczynie Nowogrodzkim (rok 1918 - 19) // Slowo № 52, 22 lutego 1936, Slowo № 53, 23 lutego 1936.

[8] Лідскі летапісец № 2 (54). С. 32.

[9] Stanislaw Iwanowski. Samoobrona w Lidzie i Grodnie w 1918-1919 // Zeszyty Historyczne. 1995. №113. S. 110-113.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX