Папярэдняя старонка: Яўген фон Гротэ дэ Буко

Новае пра генерала Яўгена фон Гротэ дэ Буко 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 28-06-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Новае пра генерала Яўгена фон Гротэ дэ Буко // Лідскі Летапісец. 2022. № 1-2(97-99). С. 28-29.



Былы лідскі спраўнік Яўген фон Гротэ дэ Буко 9 верасня 1915 г. быў узнагароджаны ордэнам Св. Георгія 4-й ст. за асабістую адвагу, 21 лістапада 1915 г. узнагароджаны Георгіеўскай зброяй, 20 кастрычніка 1916 г. - ордэнам Св. Станіслава 2-й ст. з мячамі, быў паранены ў нагу і кантужаны. 26 сакавіка 1916 г. фон Гротэ дэ Буко атрымлівае званне палкоўніка.

У студзені 1917 г. была сфармавана 6-я Фінляндская стралковая дывізія ў складзе 21, 22, 23, 24 стралковых палкоў. Палкоўнік Гротэ дэ Буко прызначаны камандзірам 24 Фінляндскага стралковага палка і кіраваў ім да канца вайны, карыстаўся павагай шарагоўцаў і камандзіраў, адрозніваўся цвёрдасцю ў сітуацыі нарастання рэвалюцыйных настрояў у войску.

Яўген фон Гротэ дэ Буко.

Вясной - летам 1917 г. 6-я Фінляндская стралковая дывізія знаходзіліся на пярэднім краі тэатра ваенных дзеянняў: войскі Паўночна-Заходняга фронту рыхтаваліся тады да наступлення ў Галіцыі («Тарнопальскі прарыў»), які стаў апошняй буйной аперацыяй рускага войска ў Першай сусветнай вайне. Падрыхтоўка да наступлення праходзіла ў часы актыўнай дзейнасці салдацкіх камітэтаў і бесперапынных выбараў у розныя камітэты. Так, толькі ў траўні 1917 г. загадвалася абраць дэлегатаў і, забяспечыўшы іх усім неабходным, адправіць на з'езд Паўднёва-Заходняга фронту, з'езд дывізіі, а таксама на з'езд Усерасійскага Савета Сялянскіх дэпутатаў (Петраград) і Агульнамусульманскі з'езд (Масква). У гэтым жа месяцы ідзе падрыхтоўка Украінскага вайсковага з'езду (Кіеў): «Дэлегатамі могуць быць толькі асобы ўкраінскай народнасці, дэлегатаў абіраць могуць толькі ўкраінцы... Кароткая праграма з'езду: даклад генеральнага камітэта, пытанне навабранцаў-украінцаў, украінізацыя тылоў і інш. … Па загадзе камандзіра дывізіяй трэбы высветліць, ці маюцца ў палках украінцы і ў якім ліку» [1].

Камандзіры палкоў зрабілі спісы ўкраінцаў праз асабістае апытанне вайскоўцаў, і толькі Гротэ дэ Буко загадаў падлічыць украінцаў па спісах асабовага складу, вылучаючы ўкраінскія прозвішчы. Не цяжка ўявіць сабе, што ў яго палку украінцаў стала значна больш, чым у іншых палках, і такім чынам ён паспрыяў украінскай справе.

Кожны тыдзень камандзіры палкоў давалі інфармацыю пра настрой ніжніх чыноў камандзіру дывізіі. 29 жніўня 1917 г. Гротэ дэ Буко рапартаваў: «Выпадкаў непадпарадкавання і невыканання загадаў, акрамя адмовы 1 роты ад работ, не было. Служба працякае нармальна і выконваецца больш-менш добрасумленна... Афіцэры палка карыстаюцца даверам салдатаў. Відавочнай агітацыі ў палку не заўважаецца. У адносінах да шкодных элементаў прымаем своечасовыя меры. Увогуле, настрой у палку спакойны і роўны. Выпадкаў дэзертырства ў апошні час не было» [2].

Запланаваны яшчэ ў часы цара Мікалая ІІ летні наступ атрымаў паразу: «Наступальны парыў трансфармаваўся ў халатнасць і марадзёрства, таму адбіваць контрудар германскіх рэзерваў пад Тарнопалем не было каму». У гэтай аперацыі 24-ты Фінляндскі стралковы полк меў асоба цяжкія страты ў баях 18 чэрвеня: «Нягледзячы на ўгаворы камандзіра палка Гротэ дэ Буко, якога любілі жаўнеры і які стаў на калені і ўмольваў пашкадаваць яго сівізну і славу палка, полк не толькі не адышоў у рэзерв на паказаную яму першую лінію акопаў аўстрыйцаў, але самавольна сышоў у вёску Плаўча-Велька» [3]. Тарнопольский прарыў стаў апошняй буйнай аперацыяй, у якой прымаў удзел Я. А. Гротэ дэ Буко: 16.08.1917 г. 6-я Фінляндская дывізія была прызначаная да расфармавання.

9 кастрычніка 1917 г. Яўген Гротэ дэ Буко «за заслугі ў справах ...» атрымлівае званне генерал-маёра [4].

Вядома, што 20 чэрвеня 1918 г. Гротэ дэ Буко атрымаў ад Петраградскага савета дакументы аб звальненні з вайсковай службы. Пасля чаго генерал-маёр падаў дакументы для прызначэння пенсіі, у якіх указаў, што ён «служыў Айчыне 38 гадоў 10 месяцаў і 12 дзён, з якіх 3 гады 9 месяцаў 10 дзён - на грамадзянскай службе, 3 гады 4 месяца 9 дзён - ва ўмовах ваенных дзеянняў, меў узнагароды, быў паранены і кантужаны, не атрымаў заробак за апошнія месяцы … звольніўся са службы з прычыны хваробы і з-за ўзросту». Справа аб прызначэнні пенсіі разглядалася пяць месяцаў, і ў выніку яна не была яму прызначана [5].

Лёс фон Гротэ дэ Буко да канца 1918 г. невядомы, і ніякай дакладнай інфармацыі ў мяне няма, а дзейнасць генерала ў Лідзе разгледжаная мной у ранейшых артыкулах [6].

У 1926 г. Я. А. Гротэ дэ Буко разам з жонкай пераязджае ў Вільню. У гэтым суседнім з Лідай горадзе генерал прымае удзел у рабоце эмігранцкіх арганізацый, у тым ліку ў «Звязе рускіх вайскоўцаў інвалідаў-эмігрантаў у Польшчы». У розныя гады ў гэтую арганізацыю ўваходзіла да 150 чалавек, у ліку якіх былі інваліды Першай сусветнай, руска-японскай, і нават руска-турэцкай вайны 1877-78 гг., афіцэры і ніжэйшыя чыны, а таксама жанчыны і дзеці, пакінутыя без дапамогі [7]. Генерал Гротэ дэ Буко ўваходзіў у кіраўніцтва Звяза і таму да ад'езду ў Варшаву атрымліваў ад Польскай дзяржавы штомесячную дапамогу у памеры 67 зл. 50 гр. У штогадовых справаздачах дзейнасці Звяза запісана: « Гротэ дэ Буко, дзяцей няма, сын палкоўніка, скончыў ваенную гімназію і Аляксандраўскую ваенную вучэльню, нідзе не служыць бо мае ўласны прыбытковы дом і жыве на асабістыя сродкі» [8]. Дзеці генерала загінулі падчас Першай сусветнай і грамадзянкай войнаў.

У 1929 г. Я.А. Гротэ дэ Буко падае прашэнне аб атрыманні польскага грамадзянства. «Пры правядзенні дазнання ўстаноўлена: 1. Яўген Гротэ дэ Буко, сын Аляксандра і Веранікі, нарадзіўся ў Беластоку ў 1862 г. (насамрэч, у Маскве, але той, хто не нарадзіўся на тэрыторыі тагачаснай Польшчы, не меў права на атрыманне грамадзянства, таму генерал адмыслова напісаў няпраўду - Л. Л.), у картатэцы следчага аддзела не адзначаны. 2. У рэестры пакараных асоб не фігуруе. 3. У Віленскім акруговым судзе справы аб прызнанні Яўгена Гротэ дэ Буко злосным даўжніком няма. 4. Заяўнік валодае польскай мовай у дастатковай ступені. 5. Заяўнік мае дастатковыя сродкі для жыцця. 6. Заяўнік з моманту нараджэння да 1895 г. жыў у губернях цэнтральнай Расіі, з 1895 г. па 1915 г. знаходзіўся на дзяржслужбе ў Расіі і Царстве Польскім, з 1915 па 1918 г. знаходзіўся у Расіі, з 1918 па 1926 г. у Лідзе, а з 1926 г. жыве ў Вільні. З-за таго, што супраць Яўгена Гротэ дэ Буко была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 440 КК, па якой рашэннем акруговага суда ад 22.04.1926 г. следства, хоць і было спынена, але не з-за адсутнасці доказаў, а толькі таму, што гэтых доказаў было недастаткова. Згодна з арт.1 Закона ад 20.01.1920 г., які абвяшчае, што асоба, якая дамагаецца польскага грамадзянства павінна мець бездакорнае мінулае, робім выснову аб ненаданні Яўгену Гротэ дэ Буко польскага грамадзянства, бо ён не адпавядае артыкулу 1 гэтага Закона» [9].

Генерал падае прашэнне аб атрыманні польскага грамадзянства некалькі разоў: яшчэ ў 1930 і 1931 г., але яму заўсёды адмаўляюць за справу 1926 г. па арт. 440 УК - аб парушэнні ўстаноўленага парадку перамяшчэння па тэрыторыі Польшчы.

У верасні 1938 г. генерал Гротэ дэ Буко падае прашэнне дазволіць яму разам з жонкай Вольгай пераехаць на жыхарства ў Варшаву, у якасці сацыяльнага статусу паказвае, што яны эмігранты з Расеі. Для пераезду ў Варшаву, у жніўні 1938 г. генерал сабраў дакументы і атрымаў для сябе і сваёй жонкі «Дазвол змены месца жыхарства» ў камісарыяце горада Вільні [10].

Яўген фон Гротэ дэ Буко ў жніўні 1944 г. быў «забіты немцамі падчас Варшаўскага паўстання» [11].



[1] Никонова С.И. Генерал Е.А.Гроте де Буко (1862-1944): жизнь и судьба // Современная научная мысль. 2019. №6. С. 82.

[2] Там жа. С. 83.

[3] Там жа.

[4] Армия и Флот Свободной России (б. Русский Инвалид). № 243, 1917.

[5] Никонова С. И. Русские военные инвалиды в Польше в 1920-1930-е гг.: организация, персоналии, повседневность // Новейшая история России. 2021. Т. 11, № 3. С. 679.

[6] Гл: Лаўрэш Леанід. Яўген фон Гротэ дэ Буко - першы кіраўнік беларускага руху ў Лідзе // Наша слова. № 12 (1111), 20 сакавіка 2013.; Лаўрэш Леанід. Генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко // Лідскі Летапісец. 2014. №1 (65). C. 59-64.; Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра генерала фон Гротэ дэ Буко // Наша слова. № 12 (1267), 23 сакавіка 2016.; Лаўрэш Леанід. Гротэ дэ Буко ва ўспамінах Станіслава Іваноўскага // Лідскі Летапісец. 2018. № 4(84). С. 10-12.

[7] Жуков А. В. Деятельность эмигрантских организаций в решении социально-экономических проблем российских беженцев в Польше (1919-1939 гг.) // Власть. 2016. №4. С. 196.

[8] Никонова С.И. Генерал Е.А.Гроте де Буко (1862-1944): жизнь и судьба. С. 84.

[9] Там жа.

[10] Никонова С. И. Русские военные инвалиды в Польше в 1920-1930-е гг.: организация, персоналии, повседневность. С. 681.

[11] Незабытые могилы: Российское зарубежье: некрологи 1917-1997 гг. Москва, 1999. Т. 2. С. 2484.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX