Вярнуцца: Палітыкі

Баляслаў Колышка


Аўтар: Баёр Альвіда Антаніна,
Дадана: 25-11-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 3(63) - 2013.



Баляслаў Колышка - двойчы павешаны

Мы, як птушкі з тых азёраў,
Сёння тут, а там за морам
Будзем недзе ўжо.

Што сніць сэрца, перасніцца,
Песні цвёрдыя, як жыцце,
Хай вядуць у бой.

Рукі ціснуць рукаяцці,
Шчыры ўціск, пакуль аб'явіць
З неба хвілю Бог.

Шчасце, доля потым, можа,
Толькі Ты знаць здольны, Божа.
Што спаткае нас.

Можа, шчасце ўсмешкі мілай,
Можа, кветку на магілу
Нам рыхтуе час.

Гэта "Песенька жаўнера", словы Мечыслава Раманоўскага, аднаго з апошніх паэтаў - рамантыкаў. Ён быў удзельнікам паўстання 1863 г., у якім загінуў.

Бог абвясціў яму з неба хвілю, калі Раманоўскаму было 29 гадоў... Паэты - прарокі не толькі чужых лёсаў, але і ўласных.

Раманоўскі загінуў у бітве. Баляслаў Колышка скончыў зямны шлях на шыбеніцы па выраку Мураўёва-Вешальніка. Вешалі яго два разы...


Баляслаў Каятан Колышка , гербу Яліта быў адным з выбітных правадыроў паўстання 1863 года на Літве. Нарадзіўся 26 ліпеня 1837 г. у фальварку Карманішкі, размешчаным блізка ад Бутрыманцаў. Быў сынам Вінцэнта і Апалоніі з Банкоўскіх, у першым шлюбе Юрша (брала шлюб з Вінцэнтам, як удава, мела на той час 36 гадоў). Бацька Баляслава, Вінцэнт Колышка быў сынам Яна і Яанны з Бразоўскіх. Маці Баляслава, Апалонія з Банкоўскіх, у першым шлюбе Юрша, паходзіла з маёнтка Навіцкішкі (парафія Эйшышская), у сваю чаргу яе маці была з Жаброўскіх.

Навіцкішкі ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя належалі Юршам. Вінцэнт і Апалонія Колышкі жылі ўпачатку менавіта ў Навіцкішках, крыху пазней аселі ў Карманішках і жылі там у 1836-1843 гадах, адкуль зноў вярнуліся ў Навіцкішкі.

Баляслаў рос у вялікай сям'і, браты Ян Вінцэнт, Фелікс Генрык, Уладзіслаў і Браніслаў, а таксама сястра Адальфіна.

Баляслаў спачатку вучыўся ў Навіцкішках, потым удасканальваўся ў павятовай школе ў Лідзе, гімназію скончыў у Вільні. Вывучаў права ў Маскоўскім універсітэце. У той час ён належаў да рэвалюцыйнай арганізацыі студэнтаў "Агул", у якой таксама дзейнічалі Зыгмунт Серакоўскі і Цітус Далеўскі. Была гэта вельмі моцная арганізацыя. У Маскоўскім універсітэце вучылася ў той час 600 выхадцаў з былой Рэчы Паспалітай. Афарбоўка іх была "чырвоная". Паэзія, эміграцыйныя брашуркі і літаграфічныя лісткі былі поўныя нацыянальнага дынаміту ("Ода да маладосці", "Дасвецце", "Ода да свабоды"). Не сходзілі з вуснаў напоўненыя рэвалюцыйнай экспрэсіяй вершы Зыгмунта Красінскага.

За ўдзел у студэнцкай маніфестацыі ў 1861 годзе Баляслаў Колышка быў арыштаваны. У канцы 1861 года ўдалося яму прабрацца ў Італію, дзе ўступіў у польскую вайсковую школу ў Генуі-Кунеа.

Школа тая была заснавана галоўным чынам стараннямі Марцэля Любамірскага і пры ўдзеле генерала Мераслаўскага і Гарыбальдзі ў кастрычніку 1861 года. Збірала яна ў сабе моладзь, якая ад пачатку 1860 года досыць актыўна эмігравала з колішняй Рэчы Паспалітай, каб па закліку Мераслаўскага стаць у шэрагі арганізаванага ім Італьянскага замежнага легіёна. Легіён той мусіў узяць удзел у спланаванай Гарыбальдзі выправе супраць Аўстрыі.

Першым дырэктарам школы быў генерал Мераслаўскі, пазней генерал Высоцкі. Камендантам школы быў палкоўнік Фіялкоўскі. Праз пару месяцаў, у сакавіку 1862 года, школа была перанесена ў Кунеа. Не гледзячы на нязгоду, суперніцтва і зайздрасць паміж двума польскімі генераламі - Мераслаўскім і Высоцкім - тая школа падрыхтавала каля 150 інструктараў для паўстання. Многія з іх адыгралі выбітную ролю і вызначыліся на полі бою. Сярод іх быў і Баляслаў Колышка.

Баі Баляслава Колышкі

Колышка прыбыў на Ковеншчыну ў канцы лютага або ў пачатку сакавіка 1863 года і заспяшаўся ў арганізаваны ў Ковенскім павеце (паміж Чакішкамі і Высокім Дваром) аддзел Браніслава Жджарскага (у іншых крыніцах - Жарскага), які не адчуваючы ў сабе сілы кіраваць партыяй, сышоў з кіраўніцтва на карысць Колышкі. Колышка мэтанакіравана ўзяўся за рассыланне маніфестаў, выдадзеных Цэнтральным Нацыянальным Камітэтам 22 студзеня 1863 года. Тыя адозвы з чыннай дапамогай пробашчаў акалічных парафій хутка трапілі пад сялянскія стрэхі і пачалі прыносіць карысць. Маладыя, старэйшыя і нават старыя па-аднаму або групамі пачалі сцягвацца ў паўстанцкі лагер, а ўжо найвялікшая хваля наплывала з моманту, калі ў лагеры з'явіўся ксёндз Антоні Нарвойш з Панявежы.

У першыя дні партыя складалася з больш, чым 60 чалавек, і сярод іх Уладзіслаў Млынскі, звольнены ротмістр Смаленскага палка ўланаў, а таксама Антоні Стырпейка, выхаванец Шляхецкага інстытута ў Вільні.

На працягу некалькіх дзён аддзел вырас да ліку 250 чалавек, і тады Колышка пачаў арганізоўваць партыі.

Першым батальёнам камандаваў Браніслаў Жджарскі (Жарскі), другім Юзаф Радовіч, трэцім так зв. батальёнам "В" - былы расейскі афіцэр (прозвішча з прычын, якія лёгка дадумаць, у рапарце не было названа). Ад'ютантам быў Антоні Стырпейка, скарбнікам Турчыновіч, справай забеспячэння займаўся Уладзіслаў Млынскі, што таксама было справай няпростай.

Правізію і зброю дастаўлялі вяскоўцы - часткова дарма, часткова за грошы, плачаныя партыяй (прысылаў іх доктар Длускі - Ябланоўскі). Адчувальным быў недахопу абутку, на 213 чалавек не хапала 105 пар ботаў, не ставала бялізны, сярмяг.

Вестка аб арганізоўваным паўстанчым аддзеле дайшла неўзабаве да расейскіх уладаў, і камендант расейскіх войскаў Ковенскай губерні, генерал-маёр Сухабольскі выслаў маёра Сцяпанава на чале дваццаці стральцоў Капорскага палка, каб разаслаў маніфест, выдадзены царом Аляксандрам ІІ, абяцаючы амністыю тым паўстанцам, якія складуць зброю і падпішуць вернаподданіцкі адрас. Тэрмін цар вызначыў да 12 траўня 1863 года (адсюль той, які наступіў пазней выезд Мураўёва з Пяцябурга, 12 траўня - не дачакаўшыся заспакаення непакорных падданых цар аддэлягуе ўжо неўзабаве "Вешальніка" ў Вільню, прызначыўшы яго "ваенным генерал-губернатарам").


Але цяпер яшчэ толькі канец сакавіка. І там, на Ковеншчыне Сухабольскі апрача дваццаці стральцоў пад кіраўніцтвам Сцяпанава пасылае на аддзел Колышкі яшчэ роту стральцоў пад камандаваннем капітана Міхалоўскага, які падцягнуўся да мястэчка Ваўкі, адтуль да Чакішак і тут спаткаўся са стральцамі маёра Сцяпанава. Камандзіры расейскіх аддзелаў былі ў шоку ад весткі, што паўстанцкая партыя, якая стаіць лагерам пад Высокім Дваром, складаецца больш, чым з 700 чалавек. Канешне тыя непраўдзівыя пагалоскі распускаліся мэтанакіравана, паўстанцкія сілы былі па сутнасці напалову меншыя.

Расейскае войска рушыла ў кірунку Высокага Двара, узяўшы з сабой яшчэ сто казакаў.

Паўстанцы і далей заставаліся ў Высакадворскіх лясах. Неўзабаве дойдзе да спаткання лоб у лоб. А выглядала гэта так.

У густым яловым лесе была невялікая паляна, працятая дарогай і невялікім ручайком. Не вельмі высокі пад'ём мясцовасці зніжаўся да берага ў даліне. За колькі дзясяткаў крокаў ад лесу віднеліся пабудовы лоўчага Падбельскага, з другога боку стаяла хата лесніка.

Батальён Жджарскага (Жарскага) знайходзіўся ў будынках лоўчага, дзе размяшчалася і галоўная кватэра. Батальён "В" быў у хаце лесніка, Радовіч жа з рэштай людзей знаходзіўся ў лесе.

28 сакавіка на світанні расейскае войска прыбыло ў Высокі Двор. Вясенні ранак быў імглісты, і казакі Сцяпанава, схаваўшы конныя пікеты, падышлі незаўважнымі да пярэдняй варты.

І ў той жа час, убачыўшы Колышку, выязджаўшага з будынкаў лоўчага, пачалі страляць у яго з адлегласці каля 800 крокаў. Агонь трываў 15 хвілін, ад стрэлаў загарэліся пабудовы ляснічага, а неўзабаве адбыўся выбух пораху, забытага пры ўцёках паўстанцамі.

Расіяне занялі бліжнія хаты. Частка паўстанцаў адстрэльвалася з ускрайку лесу, частка разбеглася. Колышка, сабраўшы сваіх людзей, кінуўся на бесперапынна страляўшых расейскіх салдатаў, каб здабыць займаныя імі пазіцыі, калі ж, аднак, атака не ўдалася, адступіў. Пасля гэтага ён пачаў асцярожна акружаць войска непрыяцеля, каб неспадзявана ўдарыць па ім з тылу. Манеўр Колышкі быў заўважаны. Колышка вярнуўся да займанай перад тым хаты і пачаў збіраць рэшткі паўстанцаў. Была гэта першая сутычка, аднак прайграная.

Страты, якія панеслі паўстанцы ў той высокадворскай сутычцы, цяжка дакладна акрэсліць. Мядэнша ў сваёй "Манаграфіі паўстанцкіх аддзелаў па Жмудзі" ("Айчызна", Бэндлікон, 1864) падае, што было 16 забітых і 1 паранены, затое лік уцёкшых паўстанцаў акрэсліў як 200.

У высакадворскай сутычцы быў забіты ксёндз, які ехаў брычкай з Чакішак, адна жанчына цяжка параненая, яе дзіця ўкінулі ў агонь, а дачку лоўчага Падбельскага закалолі штыкамі.

Колышка, атрымаўшы ад начальніка Наднявежскай партыі Тадэвуша Кушлейкі вестку з просьбай, каб паспяшаў яму на дапамогу, рушыў да Ленчаў і Ажытанаў, дзе ў блізкіх лясах знаходзілася партыя Кушлейкі. У баі пад Ленчамі аб'яднаныя сілы паўстанцаў таксама панеслі значныя страты, але разгромлены не былі.

Гонар, Айчына... Галоўнае гонар.

Згодна з тым, як яно ёсць на нацыянальным штандары: гонар, а потым Айчына. Як паступаў Колышка са сваімі палоннымі непрыяцелямі або з палякамі, якія былі на службе ў расейскіх уладаў. Вось адзін з прыкладаў, занатаваных пазней у рапарце.

7 красавіка, познім вечарам Колышка прыбыў у Эйраголу, арыштаваў прыстава Апульскага і пры яго доме паставіў варту. Пазней загадаў рэквізаваць з гміннай управы і паліцэйскай канцылярыі меўшыяся там акты, кнігі, праўныя кодэксы, урадавыя паперы, вывезці іх за мястэчка і спаліць. Адабраў таксама ад прыстава дзве штукі зброі, а ад касіра грошы (у агульнай суме 365 рублёў 80 капеек) і ў поўнач пакінуў Эйраголу, забраўшы з сабой Апульскага, чыноўніка з паліцэйскай канцылярыі Фелікса Раманоўскага, а таксама гміннага пісара. Пазней разам са сваім аддзелам Колышка рушыў гасцінцам углыб Расіенскага павета.

Колышка затрымаўся у карчме яўрэя Гіркоўскага і выпусціў вязняў на волю, сурова забараніўшы найперш Апульскаму пачынанне якіх-небудзь перашкод паўстанцам.

Эйрагола, Чакішкі, Расіены. Лясы, пушчы, пераправы цераз рэкі - цераз Шушву, Дубісу...

У "Мураўёўскім архіве", як ужо згадвалася, знаходзіцца мноства прызнанняў удзельнікаў тых баёў. Факты, мясцовасці, прозвішчы... Што тычыцца прозвішчаў, то тут трэба захоўваць выключную асцярожнасць, бо могуць гэта быць псеўданімы або наогул прозвішчы выдуманыя (асабліва тых, якія яшчэ жылі, хаваліся па лясах).

Ніжэй падаём факты, здарэнні. Мясцовасці, запісаныя ў расейскіх (часткова ў польскіх) вайсковых рапартах, а таксама з прызнанняў самога Колышкі.

8 красавіка партыя Колышкі наткнулася на ліставую пошту, пры паштовым прыстанку ў Чакішках. Колышка загадаў усю прыватную карэспандэнцыю спаліць, а ўрадавую забраў з сабой, зрэквізаваўшы пры тым брычку і пару коней, на што таксама выдаў квітанцыю. Таго самага дня паўстанцы затрымаліся ў Міхалове (павет Расіенскі) у маёнтку Доўгірда і забралі знойдзеную там зброю і запасы прадуктаў, а таксама раскідалі ўлёткі - маніфест, які абвяшчаў вызвалення сялян ад прыгону.

9 красавіка Колышка выслаў у Гіртакольскую гмінную ўправу, якая знаходзілася паблізу ад Расіен, пяць узброеных людзей, якія знішчылі акты, што там былі. Потым паўстанцы пераправіліся цераз рэчку Дубісу паромам, які пасля пераправы быў пасечаны, а пасля спалены.

Потым паўстанцы перайшлі ў Ковенскі павет, дзе разбілі лагер у лясах, якія належалі генеральшы Кайзеравай каля вёскі Місюны. Было гэта месца вельмі небяспечнае, бо Кайзерава, як і яе мужыкі, была варожа настроеная супраць паўстанцаў.

Аднак жа - сталася. Пра месца пастою партыі Колышкі ўжо наступнага дня данеслі палкоўніку Бежайранаву, камандзіру 1-га стралецкага батальёна, які размяшчаўся ў Шымкайцях. Бежайранаў вырушыў на Місюны. Сутыкненне абодвух войскаў адбылося 11 красавіка.

Пачуўшы трывожны стрэл, Колышка адвёў лагер углыб лесу, выбраўшы 44 стральцоў, загадаў ім заняць пазіцыю на ўскрайку лесу. Пасля гадзіны чакання расейскае войска заатакавала партыю Колышкі, але, прывітанае градам густых стрэлаў, адступіла, а затым расейцы пачалі абхопліваць паўстанцаў з флангаў. Паўстанцкія стральцы, заўважыўшы той манеўр, адступілі ўглыб лесу і пад аслонай густых зарасляў працягвалі страляць, пакуль расейскае войска не пакінула поле бою.

У сутычцы пад Місюнамі паўстанцы панеслі аднак сур'ёзныя страты. Страцілі частку пік, шабель, пісталетаў рознага роду, запасы прадуктаў, а таксама частку папер, забраных у гміннай управе ў Эйраголе. Тут загінуў Тадэвуш Нямчэўскі, вучань Канстанцінаўскай школы падхарунжых, адзін з найбольш актыўных паўстанцаў, які прывёў у аддзел Колышкі найбольш дабраахвотнікаў.

Тадэвуша Нямчэўскага называе расейскі рапарт і ўсе польскія крыніцы. Расейскі рапарт называе яшчэ двух з боку паўстанцаў, прозвішча аднаго не ўстаноўлена, прозвішча другога - Крукоўскі.

Расейцы, паводле расейскага рапарту, страцілі толькі двух, памерлых ад нанесеных ран, затое польскія крыніцы называюць 6 забітых. Колышка ж у сваім рапарце падае, што расейцы страцілі 8-10 забітых і параненых.

Праз пару гадзін пасля бітвы дабраўся да Колышкі аддзел Жджарскага (Жарскага). Паўстанцы дакладна здавалі сабе справу з таго, што расейцы з пераважнай сілай не адступяць ад намеру разбіць партыю Колышкі, таму Колышка зрабіў спробу адступлення за Дубісу.

Пасля перапавы цераз Дубісу паўстанцы спаткалі пасланца, які паінфармаваў Колышку пра планы расейскіх войскаў, і што расейцы намерваюцца атакаваць яго 15 красавіка. Колышка зноў адступіў у лясы, каб адцягнуць увагу непрыяцеля ў выпадку, калі б зноў мусіў перапраўляцца цераз Дубісу. Манёўр удаўся. Расейскія войскі вярнуліся на свае сталыя месцы побыту.

Аднак сітуацыя ў паўстанцаў не была найлепшай. Неўзабаве Колышка зноў атрымаў інфармацыю, што расейскае войска з Кейдан у колькасці 2 рот пяхоты і 1 эскадрона кавалерыі намерваецца выцяць на яго. Колышка прыняў бліскавічнае рашэнне - перайшоў Дубісу амаль на вачах расейскіх салдатаў. Неўзабаве зноў спаткаў пасланца, які парадзіў яму сысці ў Расіенскі павет або схавацца ў Панявежскіх лясах. Колышка выбраў Панявежскія лясы.

Расейцы наблізіліся да паўстанцкага лагера і такім чынам зрабілі паўстанцам немажлівым дабрацца да Панявежы. У гэтай сітуацыі Колышка перасунуў свой аддзел так, што аказаўся каля дарогі, якая вяла з Расіен на Эйраголу. Дарогу тую Колышка вырашыў перайсці ноччу - хоць бы мусіў прабівацца сілай цераз суцэльныя вайсковыя лагеры.

Вечарам расейскія войскі адышлі да Эйраголы. Колышка скарыстаўся з той магчымасці - перайшоў дарогу і пераправіўся цераз Дубісу. Каб замаскаваць свой адварот, пакінуў малы конны аддзел, які меў ноччу напасці на Эйраголу, устрывожыць расейскае войска, а затым злучыцца з рэштаю аддзела. Хітрасць удалася. Расейцы, даведаўшыся, што частка паўстанцаў пераправілася цераз Дубісу, былі перакананы, што гэта толькі малы аддзел быў высланы па прадукты. Таму раніцай 15 красавіка асцярожна пайшлі да пакінутага лагера. Пераканаўшыся ў сваёй памылцы, рушылі ў пагоню.

Адзін аддзел, кіруючыся на Бейсаголу, рушых у бок Шаўлёў, другі накіраваўся на Кіманты. Трэці, падумаўшы, што, можа, Колышка рушыў на Панявежу, павярнуў у бок Крокаў.

Колышка, ішоўшы цэлую ноч, аказаўся перад світаннем у Кімантах, і, каб унікнуць набліжаўшайся ў той бок пагоні, пасля паўнадзённага маршу павярнуў на ўсход і перайшоў Шушву. У той час расейскае войска, кіруючыся на Крокі, не асмелілася лезці ў лясы, якія акалялі Лешчу і затрымалася. Колышка мог адпачыць - з таго боку не пагражала небяспека.

Колышка са сваім аддзелам адпачыў суткі ў Крокаўскіх лясах, затым фарсіраваным маршам перайшоў дарогу, якая вяла з Панявежы на Кейданы, пераправіўся цераз Нявежу каля Кейдан і павярнуў на Крамянцішкі, дзе намерваўся злучыцца з аддзелам Зыгмунта Серакоўскага.

Паўстанцы правялі на вельмі цяжкім маршы 3 дні і 4 ночы і 18 красавіка злучыліся з Серакоўскім.

Жаўнеры былі змучаны доўгім маршам, але гэта быў найбольшы аддзел, прыведзены ў лагер Зыгмунта Серакоўскага (быў гэта другі дзень Велікодных святаў).

Гэтае спатканне будзе пазней з энтузіязмам апісана яго сведкамі, якія выжылі.

Праз гады напіша пра гэта жонка Зыгмунта Серакоўскага Апалонія з Далеўскіх Серакоўская:

"Паводле слоў сведкаў, якія прыбывалі з рапартамі ў Вільню, узрушвальным быў від спаткання тых правадыроў і жменяк моладзі ў глыбокай пушчы, сярод голых, яшчэ бязлістых дрэваў, на зямлі, пакрытай снегам, а месцамі граззю. Радасць біла з вачэй усіх, калі тыя правадыры сталі насупраць адзін аднаго. Колышка сагнуў калена, кладучы зброю да ног Даленгі (псеўданім Серакоўскага, заўв. А.А.Б.) са словамі прысягі ісці з ім на жыццё або смерць за Айчыну. Гарачыя словы Даленгі, іх сардэчныя, братэрскія абдымкі зэлектрызавалі моладзь, якая з захапленнем віталася, абдымалася.

Колышка - вучань Уладзіслава Касоўскага з Кунеа - ведаў Зыгмунта".

Далучэнне аддзела Колышкі замыкала першы этап арганізацыі вялікага згрупавання партызан на Ковеншчыне.

Другі этап, на жаль, трываў коратка. Разам з Серакоўскім Колышка браў удзел у бітвах пад Генетынямі і Каршакішкамі.

Аднак паўстанцы не мелі шчасця. У цяжкай бітве пад Біржамі, калі сілы слаблі, а ксёндз Антоні Мацкевіч са сваім аддзелам не здалеў прыйсці з дапамогай, аб'яднаная партыя паўстанцаў была дашчэнту разбіта.

Баляслаў Колышка і схованы ў хаце лесніка паранены Зыгмунт Серакоўскі былі ўзяты ў палон, перавезены ў Вільню і прыгавораны да смерці.

Як сапраўды было з тым арыштам?

Паводле прызнанняў самога Колышкі перад следчай камісіяй і расійскіх рапартаў было так.

Пасля паразы пад Біржамі Колышка разам з пяццю чалавекамі адышоў у бок пушчы Зялёнкі. Пасля цэланочнага маршу паўстанцы дабраліся да лесу паблізу ад мястэчка Попел. Псіхічна надламаныя паразай, змардаваныя доўгім маршам, заснулі ў пушчы. Тут акружыў іх і ўзяў у палон атрад расейскіх войскаў пад камандаваннем капітана Казакевіча. Паўстанцаў прывезлі ў Попел, адтуль адаслалі ў вёску Дашэйкі, дзе знаходзілася ў той час галоўная кватэра генерала Ганецкага. Потым Колышку адвезлі ў Вільню і там заключылі ў цытадэлі ў гмаху № 14.

Ва ўспамінах жонкі Зыгмунта Серакоўскага, Апалоніі Серакоўскай, абапёртых на словы аднаго з непасрэдных сведкаў арышту, паўстанца Доніча была замацавана ў крыніцах версія дыяметральна адрозная.

"Апавядаў мне Доніч пасля вяртання з Сібіры, таварыш Колышкі ў момант арышту апошняга. "Пасля бітвы, пасля адходу Зыгмунта ў Скробішкі (Зыгмунт Серакоўскі атрымаў у той час сур'ёзныя раны - заўв. А.А.Б.), пасля збору раскіданых аддзелаў, першыя словы Колышкі былі: "Дзе камандзір? Хто яго суправаджае?" Пачуўшы адказ, выгукнуў: "Недарэкі, пагубім яго! За мной - дзесяць чалавек з майго аддзелу. Паспяшым яму на дапамогу! Да бяспечнага месца толькі шэсць гадзін дарогі, перанясём яго лясамі на руках". Наблізіўшыся да Сербанішак, зайшоў Колышка па больш дакладную інфармацыю ў прыдарожную хаціну. Амаль у тую ж хвілю ўскочыла гаспадыня гукаючы: "Уцякайце! Маскалі ідуць!" Некалькі суправаджаўшых Колышку паўстанцаў выскачыла цераз акно ў бок лесу. Калі Колышка намерваўся зрабіць тое ж самае, пачуў ужо каля хаты словы салдата: "Теперь, когда Доленга (псеўд. Серакоўскага) пойман...". Колышка ўпаў на лаву са словамі: "Няма ўжо чаго ўцякаць - усё страчана - камандзір узяты!" Салдаты ўварваліся. На пытанне, кім ёсць? - адказаў: "Колышка, якога ад даўна шукаеце".

А якім чынам арыштавалі Зыгмунта Серакоўскага? Піша яго жонка Апалонія Серакоўская.

"Раніцай аглядзелі раны паўторна, моцная гарачка яшчэ ўзмацнілася, у канцы Зыгмунт заснуў сном цяжкім, гарачкавым.

Недалёка ад Скробішак Юзаф Касцялкоўскі меў роднага брата Ільдэфонса Касцялкоўскага, да яго тры разы пасылалі суправаджаўшых Зыгмунта паўстанцаў па воз і каня, на іхнія ўзмоцненыя ўгаворы жонка Ільдэфонса адказвала рэзкай адмовай. Нарэшце пайшоў сам Юзаф, забраў воз і каня сілай (...) Пасля забрання каня Юзафам жонка Ільдэфонса пайшла да спраўніка Сясіцкага, дзе ў той час знаходзіўся генерал Ганецкі (паводле апісання жонкі Сясіцкага, якраз у хвілю яе прыбыцця піў каву на ганку). Не зважаючы на прысутнасць генерала. Ільдэфонсіха голасна прасіла спраўніка, каб яе не прыцягвалі да адказнасці за ўзяты воз і каня для раненага Даленгі, які ў гэты час знайходзіцца ў Камароўскіх у Скробішках. Ганецкі адышоў, каб арганізаваць неадкладны арышт Даленгі.

Колышка пасля арышту быў адпраўлены ў Мядэйкі. Туды таксама адразу пасля арышту ў Скробішках быў прывезены Зыгмунт Серакоўскі. 29 красавіка (10 траўня) ўсе: Зыгмунт Серакоўскі, Баляслаў Колышка і некалькі дзясяткаў арыштаваных разам з імі маладых паўстанцаў, у тым ліку Траскоўскі, Юзаф Касцялкоўскі і Касакоўскі пад моцнай вартай з жандармскім палкоўнікам Собіным экспрэсам прывезены ў Вільню."

Апісанні арышту ў пазнейшых успамінах сведкаў розняцца таксама - у дэталях і не толькі ў дэталях. Падобна, што Серакоўскім перад арыштам апекаваўся доктар Сатурнін Якубоўскі. Але з іншых крыніц вядома, што Якубоўскі быў у той час таксама цяжка паранены ў бітве пад Мядэйкамі каля Біржоў і ляжаў не ў двары, а ў хаце лесніка ці мужыка і адтуль быў узяты расейцамі і разам з Серакоўскім перавезены ў Вільню. Магчыма, што і Серакоўскі мог быць туды перавезены са Скробішак яшчэ раней сваімі апекунамі (для бяспечнага ўкрыцця, да таго пакуль Ганецкі арганізаваў яго арышт).

Каму верыць?

Пачуццёва - бліжэйшая нам, мабыць тая рамантычная версія: Колышка, зламаны пасля страшнай паразы, на вестку, што Даленгу (Серакоўскага) злавілі, здае сабе дакладна справу, што ўсё страчана, і што, паколькі так нядаўна кляўся свайму любімаму камандзіру ісці з ім на смерць і на жыццё, выбірае дарогу "ісці на смерць" і ганарова здаецца ў рукі расіян. Гэтая версія адпавядала б яго гарачаму маладому тэмпераменту...

Але з прызнання самога Колышкі і з расейскіх вайсковых рапартаў гэты арышт выглядае цалкам іначай.

Мы мусім хутчэй верыць версіі, той, на жаль, празаічнай. Не "літаратурнай", не "фільмовай".

Можа хто калі замахнецца на здымкі пра Колышку ігравога фільма. У ігравым вобразе ўсё можна. Ствары тут яшчэ якую лінію пра яго каханне да дзяўчыны, прыгожай, напрыклад, панны з Карманішак, Бутрыманцаў ці Эйшышак, гарачай патрыёткі (праводзіць яго з букетам белых ружаў, ён ужо на кані, нахіляецца, бярэ, цалуе... Яна яму дае нейкі медальёнчык ці стужку... Аднекуль там далятаюць гукі апошняй мазуркі...).

А так, напраўду, мабыць не меў той хлопец ні адной дзяўчыны, не хапіла яму часу.

Выракам палявога суда Баляслаў Каятан Колышка быў прыгавораны на смерць цераз расстрэл. Мураўёў - Вешальнік кару тую замяніў на больш паніжальную - смерць цераз павешанне. Загад той выканалі 28 траўня (па старым стылі, па новым 9 чэрвеня 1863 г.) у Вільні на Лукішскім пляцы. Колышка ў апошняе імгненне жыцця, калі надзелі яму пастронак на шыю, сам выпхнуў лаўку з-пад ног; шнур парваўся. Вешалі яго два разы. Нават у найбольш варварскіх краінах у падобных выпадках паўторна не вешалі, вінаватаму даравалі жыццё...

Зыгмунт Серакоўскі быў павешаны на тым самым Лукішскім пляцы 16 чэрвеня (27 па новым стылі) 1863 года.

Браты Баляслава таксама ўдзельнічалі ў паўстанні, з якіх побач з Баляславам асабліва праславіўся Фелікс Генрык.

Фелікс нарадзіўся ў 1838 годзе. Пасля заканчэння гімназіі ў Вільні служыў у расейскім войску, ваяваў на Каўказе з горцамі Шаміля. У 1859 годзе па ўласнай просьбе быў пераведзены ў рэзерв у званні маёра. Вярнуўся на Літву. Спачатку пасяліўся ў Кейданах, дзе працаваў на будоўлі адрэзка Вільня-Коўня-ярбалава Пецярбуржска-Варшаўскай чыгункі. У 1862 годзе пасяліўся ў Вільні, працаваў на чыгунцы. У адказ на вестку пра выбух паўстання стаў на бок сваіх. Быў адным з найбольш таленавітых камандзіраў паўстання на Літве. Змагаўся ў паўстанцкай партыі, ім жа арганізаванай, у Рудніцкай пушчы, на тэрыторыі Троцкага павету пад Кашадарамі, Алькенікамі, Аранамі; у злучэнні з іншымі партыямі, аддзеламі біўся ў сутычках пад Аўгустовым. Быў у вялікім згрупаванні паўстанчым Яна Судка, Аляксандра Стаброўскага, Аляксандра Парандоўскага. У верасні 1863 года з прычыны хваробы перадаў свой аддзел Мітрафану Кіянскаму і выехаў у Германію, потым у Францыю. Абарочваўся там у польскіх эміграцыйных колах, працаваў у чыгуначнай адміністрацыі. Памёр у Мантане ў Францыі ў 1889 годзе.


Можа шчасце ўсмешкі мілай,
Можа кветку на магілу
Нам рыхтуе час.

Баляславу Колышку ані "мілай усмешкі", ані кветкі ніхто да гэтага часу не паклаў.

Целы Баляслава Колышкі, Зыгмунта Серакоўскага, ксендза Ішоры царскія каты таемна пахавалі па загадзе Мураўёва на Замкавай гары. У тыя часы доступ цывільных людзей быў туды забаронены.

Пра тыя магілы захавалася вусная памяць, таму пасля адступлення расіян з Вільні ў 1915 годзе было пацверджана, што фактычна спачываюць там целы страчаных у 1863 годзе, якія для цяжкасці распазнання былі заліты вапнай па загадзе Мураўёва. Пляцоўка з магіламі герояў у той час была аздоблена клумбай з крыжам пасярэдзіне, выкладзеным з кветак.

Упрыгожана таксама кветкамі месца на Гары Трох Крыжоў, дзе быў пахаваны страчаны таксама на Лукішскім пляцы ксёндз Зямацкі.

У першым "Правадніку па Вільні", выдадзеным у першым (1919) годзе вызвалення (аднаўлення Польшчай незалежнасці), яго аўтар, дырэктар Віленскага архіва Вацлаў Гізберт-Студніцкі піша, што на Замкавай гары былі пахаваны таксама іншыя браты Баляслава Колышкі.

Якія браты? Ці ўдасца гэта гісторыкам калі-небудзь устанавіць. Акрамя Баляслава Каятана і Фелікса Генрыка, былі яшчэ два браты: Ян Вінцэнт (нар.1834) і Ўладзіслаў (1836), найстарэйшы з братоў Колышкаў Браніслаў памёр у дзяціным узросце.

У зборах Літоўскага дзяржаўнага архіву ў Вільні захоўваецца здымак аднаго з братоў Колышкаў. Безыменны, з подпісам па-расейску: "Брат повешенного". Каторы гэта можа быць з братоў, сёння цяжка ўстанавіць. Здымак знайшоў у архіве віленскі гісторык Чэслаў Малеўскі.


Баляслаў Каятан Колышка быў ахрышчаны ў Бутрыманскім касцёле пв. св. Арханёла Міхаіла 10 кастрычніка 1837 года. Хрышчонымі бацькамі былі: Барталамей Юндзіл, межавы суддзя і Люцыя Сумарок.

16 чэрвеня 2013 года званілі званы за душы с.п. Баляслава Колышкі і ўсіх тамтых Колышкаў з суседніх Карманішак. Ніколі дагэтуль "з той аказіі" званы ў Бутрыманцах не званілі. У тых змрочных часах глуха маўчалі. Можа толькі білі за здароўе такога або такога цара і яго сям'і (Аляксандра ІІ, Аляксандра ІІІ).

Касцёл Св. Арханёла Міхаіла ў Бутрыманцах у 150-я ўгодкі студзеньскага паўстання годна ўшанаваў памяць Баляслава Каятана Колышкі. Гэтая прыгожая постаць няўхільна звяртае ўсё большую ўвагу гісторыкаў, пісьменнікаў і іншых творчых асяродкаў. Пра Колышку больш вядома на тэрыторыі даўняга Ковенскага павета, на Жмудзі, чым на яго роднай зямлі - бо там на тым гарачым паўстанцкім абшары вёў баі і замацаваўся ў памяці таварышаў па зброі.

Датошныя гісторыкі вычапяць у архівах выданні з 1863-64 гадоў (расейскія і польскія), дабяруцца да вайсковых рапартаў, да ўспамінаў тых, хто выжыў. Праца гэта сізіфава, а даўжэйшае часаёмкае капанне грунтоўна адаб'е ахвоту нават найцярпліўшаму даследчыку. "Аўтэнтычныя" аповесці занатаваныя факты выразна спрачаюцца між сабой. У архіве, так зв. "Мураўёўскім" у Вільні ёсць прызнанне самога Колышкі, пасля яго арышту складзенае перад мураўёўскай следчай камісіяй пад кіраўніцтвам генерала Веселіева. Але і ім таксама нельга верыць да канца, бо з пэўнасцю ўсёй праўды непрыяцелям не выдаў. На думку тых, якія яго ведалі, "падаў прозвішчы толькі тых, якія загінулі ў паўстанні, з жывых нікога не назваў".

(Пераклад Станіслава Судніка.)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX