Папярэдняя старонка: Людвік Нарбут

Вайсковы начальнік Лідскага павета грамадзянін Нарбут 


Аўтар: Швед В.В.,
Дадана: 31-07-2004,
Крыніца: 'Наш радавод' Кніга 6. Ліда, 1994, С. 83-87.



Людвік Нарбут, аб якім тут пойдзе гаворка, адыграў у паўстанні 1863 года значную ролю. Аб гэтым сведчаць сучаснікі. А. Яліцкі - аўтар кніжкі "Нарбут" - пісаў: Каліноўскі - "найвялікшы з нашых рэвалюпыянераў, выразнік грамадскай думкі паўстання ў такой жа меры, як Нарбут быў выразнікам духу і гераізму эпохі..."

Сябра Народнага ўрада А. Гілер таксама ставіў Нарбута ў шэраг з Каліноўскім: Каліноўскі "человек безграничного самопожертвования, честности, разума и энергии. Личность выдающаяся, достойная стоять рядом с Сигизмундом Сераковским, Людвиком Нарбутом н Антонием Мацкевичем в памяти народной"1.

У 130-годдзе з дня паўстання нельга не ўспомніць пра Людвіка Нарбута. Асабліва тут, на Лідскай зямлі, з якой яго звязваюць першыя і апошнія гады жыцця. 31 жніўня 1832 г. у маёнтку Шаўры Лідскага павета ў сям'і архітэктара, інжынера і вядомага гісторыка Літвы Тэадора Нарбута нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Людвікам. Ён вучыўся ў Лідскім павятовым вучылішчы, потым у Віленскай гімназіі, дзе ў канцы 1850 г. быў арыштаваны за спробу стварыць "общество патриотов с целью произвести восстанне". Усакавіку 1851 г. Людвіка публічна пакаралі розгамі і аддалі ў салдаты. У пісьмах з Каўказа ён прасіў сястру Тэадору прыслаць хаця б засушаную кветку або жытні каласок з родных палёў. Вярнуцца сюды давялося толькі ў пачатку красавіка 1860 г. Жыў у бацькі, вёў гаспадарку, калі ажаніўся, пасяліўся ў маёнтку Сербянішкі, недалёка ад Шаўраў. У лютым - красавіку 1863 г. Паміж Лідаю і Мерачам дзейнічаў атрад Л. Нарбута. Калі пачалося рыхтавацца паўстанне, Нарбут звязаўся з "чырвонымі", Каліноўскім, бываў на канспіратыўных сходах у Лідзе. У падпольнай арганізацыі выконваў абавязкі акруговага арганізатара. 13 лютага загадам Віленскага рэвалюцыйнага камітэта Нарбут быў назначаны вайсковым начальнікам Лідскага павета (цяпер гэта тэрыторыя Лідскага і Воранаўскага раёнаў). Ён адным з першых арганізаваў партызанскі атрад на Беларусі. Не схаваўся за псеўданімам, як гэта зрабіла большасць камандзіраў, а дзейнічаў у родных мясцінах, дзе мясцовыя жыхары яго добра ведалі і паважалі. Гэта быў смелы ўчынак і свядомы выклік царскаму ўраду.

Людвік Нарбут

Ядро паўстанцкага атрада Нарбута склалася ў пачатку лютага з яго, брата Баляслава (ад'ютанта) і былога студэнта Пенярбурскага ўніверсітэта Уладзіслава Пілецкага. У будаўніцтве атрада значную дапамогу аказала сястра Людвіка Тэадора Маньчуньска (Манджунская). Яна прывяла ў атрад двух расейскіх афіцэраў, групу віленскай моладзі, дастаўляла харчовыя прыпасы і нават сама ажыццяўляла пераходы з атрадам.

Першы лагер нарбутаўцаў быў заложаны у 3 вярстах ад м. Нача. Сюды з невялікай групай прыйшоў Леў Краінскі. Разам перайшлі ва ўрочышча Сабалюнцы, куды прыбыў ксёндз, настаяпель Вішнеўскага касцёла Лідскага павета Юзаф Гарбачэўскі (ён стаў капеланам атрада). Аснову атрада Нарбута складалі сяляне - гэта адна з асаблівасцей, бо ў многія атрады іх уцягвалі сілком. Людвік, як я ўжо казаў, карыстаўся папулярнасцю, а яшчэ, будучы дэмакратам, ён абвясціў маніфест аб спыненні павіннасцей і надзеле сялян зямлёй. Атрад быў нядрэнна ўзброены (партыя зброі і экіпіроўкі паступіла таксама з Вільніі, дысцыплінаваны, навучаны страляць і прыёмам партызанскай вайны.

Аб тактыцы атрада Нарбута пісаў у сваім рапарце начальніку расійскіх войск, якія знаходзіліся ў Віленскай губерні, палкоўнік Амсараў: "Шайка эта хорошо вооружена и организована, во время действий высылает цепи и в совершенстве пользуется местностью, даже устраивает засеки для собственного прыкрытия. Не имея обоза, легко одетая, знакомая с местностью, она занимает в лесу трудно доступные позиции. При приближении войск, хотя не представляет большого сопротивления, но встречая войска она из-за надёжного прыкрытия, быстро отступает в чащу, вновь занимая другую позицию, при этом образе действий войска наши, не имея возможности её настигать в частом лесу, могут нести бесполезные потерн..."2 На тактыку атрада Нарбута безумоўна спрыяў яго ваенны вопыт: ён удзельнічаў у двух войнах - Каўказскай і Крымскай, меў званне прапаршчыка і пайшоў у адстаўку падпаручнікам.

За амаль чатыры месяцы існавання атрад Нарбута ўдзельнічаў у шэрагу баёў і сутычак. 28 лютага нарбутаўцы з'явіліся ў наваколлі м. Эйшышкі Лідскага павета. Ішлі з вёскі да вёскі, начавалі ў памешчыцкіх мызах, вербавалі ў атрад, чыталі сялянам пракламацыі, адымалі зброю ад ляснічых. Паблізу Воранава на дарозе Вільна-Ліда паспрабавалі спыніць пошту, страляючы ў канвойных салдат. Першая буйная сутычка адбылася пры в. Руднікі Трокскага павета. 3 боку паўстанцаў - 80 чал., у праціўніка - рота лейб-гвардыі Маскоўскага палка на чале з палкоўнікам Вінбергам і сотня казакоў. Пасля першых стрэлаў паўстанцаў казакі адышлі, а пяхота трымалася здаля, каб не даляталі кулі. Атрад пераправіўся праз Сольчу і рушыў да Аранаў. У баі было паранена 4 расійскіх салдаты і забіта 4 паўстанцы. Хутка атрад Нарбута аказаўся ў Радунскім прыходзе Лідскага павета і хадзіў паміж мястэчкамі Забалаць і Нача.

10 красавіка Нарбут паслаў атрад коннікаў у Бершты, каб ён знішчыў мост на р. Котра - гэта аперацыя перарвала камунікацыю ад чыгуначнай станцыі Парэчча. 11 красавіка адбыўся бой каля в.Лубічы Каняўскай воласні Лідскага павета. Сустрэліся паўстанцы Нарбута і 2 роты лейб-гвардыі Паўлаўскага палка з 36 казакамі Данскога палка пад камандаю капітана Цімафеева. Рухаючыся часам па пояс у вадзе, карнікі ўсё ж вымусілі паўстанцаў адступіць. Яны адышлі з цэльнай стральбой па праціўніку і выкарыстоўваючы мясцовасць. Страты іх: 1 забіты, 5 паранена, расійскіх салдат забіта - 2, паранена - 53. Пасля гэгага бою генерал-губернатар Назімаў прызначыў за галаву Нарбута вялікую цану, а расійскія салдаты празвалі яго ведзьмаром.

Для разгрома атрада Нарбута ў Гродна была складзена асобая частка: атрад палкоўніка Вернера (3 роты Калужскага пяхотнага палка, эскадрон улан Курляндскага палка, 20 казакаў і 1 гармата). 14 красавіка ён рушыў з Гродна ў пошук нарбутаўцаў. 20 красавіка ў в. Буды Вернер даведаўся, што паўстанцы хаваюцца ў балотах у наваколлі возера Думбля (каля в. Кавалькі). Бой, які тут адбыўся, працягваўся чатыры галзіны. Агульная колькасць атрадаў Нарбута і Навіцкага дасягала каля 600 чалавек, але Вернер меў 805 чал. Пасля цяжкага бою паўстанцы страцілі 7 забітымі (сярод іх - Навіцкі і брат Нарбута) і болей 10 параненымі (па іншых даных - забіта 100, паранена - болей 100). 10 расійскіх салдат было паранена.

Нарбуту ўсё ж удалося захавань ядро атрада, а Вернер 23 красавіка пайшоў у Гродна. 30 красавіка Віленскі паўстанцкі камітэт прысвоіў Нарбуту званне палкоўніка паўстанцкіх войск і, можа быць, кур'ер, якога прыняў Нарбут у ноч з 2 на 3 мая, прывёз яму патэнт на кіраўніцтва ўсімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края.

Апошні бой Нарбута адбыўся ля возера Полясы, каля в. Дубічы. Начальнік Віленскага атрада вядомы ўжо нам Цімафееў нарэшце выдапільнаваў няўлоўны атрад. Маючы значна большыя сілы (ланцуг стралкоў, рота Паўлаградскага палка, узвод казакаў Данскога палка), чым паўстанцы, ён вырашыў іх атакаваць і знішчыць. Нарбут не чакаў праціўніка і яго байцы практыкаваліся ў стральбе. Карнікі ж пайшлі на, хітрасць: пераапрануліся ў сялянскую вопратку і іх прынялі за сялян чакаемага транспарта з хлебам. Такім чынам, атака расійскіх стралкоў была нечаканай. Яны выбілі паўстанцаў з балотных кустоў, а пяхотная рота атакавала левы фланг Нарбута, каб скінуць у балота. Манеўр атрымаўся, паўстанцы адышлі, але зрабілі гэта арганізавана (перакатамі). Восем атак патрабавалася ІІімафееву, каб зламаць сапраціўленне і прымусіць Нарбута аддаць загад прабіваіша д акружэння асобнымі групамі. Цімафееў праследаваў паўстанцаў па калена ў балотнай вадзе, праз густарослую лазу да самай цемры і толькі ў тры з паловай ночы вярнуўся ў м. Дубічы.

У выніку боя было забіта 13 паўстанцаў (па іншым даным - 61), паранена 8 (ці 9), у палон папала 6 чалавек. Гярод забітых - памочнік Нарбута Л. Краінскі і сам Людвік. Яго паранілі тройчы:спачатку ў нагу, потым - у грудзі. Паплечнікі неслі яго на руках,каб схавацца ў лесе, але смяротная куля папала ў шыю. Захаваўся цікавы расказ гвардзейскага афіцэра, які чуў падрабязнасці гібелі Нарбута ад Цімафеева: "Отступление совершалось в порядке, как вдруг Нарбут пошатнулся, упал на колени и присел на землю. Ближайшие повстанцы бросились к нему на помош,ь, но он замахал рукамн и проговорил: "то ниц, то ниц'..'' (это ничего, ничего!). Он был смертельно ранен. Его подхватили на руки и побежали с ним, но спасти всё-таки не смогли, так как наши подошли и были уже в нескольких шагах. Нарбут ещё успел расстегнуть чамарку и передать бумаги и деньги одному из своих проводников, но затем упал мёртвым вместе с помошниками, пораженными несколькими пулями... Шайка при известии о тяжелой ране своего начальника приостановилась на свою гибель. Ее окружили и почти всю уничтожили". Далей ва ўспамінах царскага афіцэра гаварылася: "Мы вышли в переднюю; первое, что я увидел, был лежавший на скамейке труп Нарбута. Он был в простой синей чамарке, без всяких отличий и в больших сапогах. Лицо покойника было красивое, привлекательное: высокий лоб, правильные черты лица, на котором как будто застыла горделивая улыбка"4. Вядомы віленскі мастак Э. Андрыелі, які ваяваў у атрадзе Нарбута і быў паранены ў апошнім баі, намалюе потым палатно "Смерць Нарбута".

Забітых паўстанцаў прывезлі ў Дубіцкі касцёл, - адпелі і пахавалі паблізу ў брацкай магіле, але хутка зруйнавалі яе з зямлёй. А па вёсцы Дубічы яшчэ доўга патрулявалі казацкія раз'езды. Палонныя папалі ў Сібір, Баляслава Нарбута злапалі ў ваколіцах Друскенік і аддалі пад ваенны суд у Гродне. СястраТэадора збегла за мяжу.5 Рэшткі атрада былі сабраны пад кіраўніцтва Парадоўскага - Астрога, які летам завёў атрад у Гродзенскую пушчу, а потым далей - у Аугустоускія лясы.

...У 1933 г. польскі 76 полк пяхоты імя Л. Нарбута на сабраныя грошы паставіў на месцы пахавання паўстанцкага камандзіра помнік з надпісам: "За нашу свабоду і вашу"6.


  1. Цыт па: Кісялёў Г. "Як салодка памерці за радзіму'.." Таленавіты камандзір паўстанцаў 1863 года Людвік Нарбут. Наш радавод. - Кн. 11. - Гродно, 1990. -С. 271; К. Калиновский; Из печатного и рукописного наследня. -Мн.; Баларусь, 1988. - С.159.
  2. Виленский временник. Кн. УІ, Ч. 2. - Вильно, 1915. - С. 104.
  3. Миловидов А. Н. Перечень боевых столкновеннй русскнх войск с польскими повстанцами в кампании 1863--1864 гг. в пределах Северо-Запапного края. Вильна, 1915. С.4.
  4. Цыт па: Кісялёў Г. Указ. сач -- С. 275-276.
  5. Ігнатоўскі У. 1863 год на Беларусі: Нарыс падзей. - Менск; Бел. АН 1930. - С.113-114; Миловидов А. Н. Указ. сач. - С. 4; Виленский временник... - С.128-129.
  6. Нарбут А. Генеалогія сям'і "Чырвоная змена". -- 1989, -- 18.ХІ. -- С. 9.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX