Папярэдняя старонка: Людвік Нарбут

Людвік Нарбут 


Аўтар: Лаўрэш Леанiд,
Дадана: 21-06-2015,
Крыніца: Лаўрэш Леанiд. Людвiк Нарбут // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Укладальнікі: Леанiд Лаўрэш, Аляксандр Фядута. Мінск, 2015. С. 74–105.

Спампаваць




Будучая галоўная дзейная асоба паўстання 1863 г. на Лiдчыне Людвiк Нарбут нарадзiўся 26 жнiўня 1832 г. у бацькоўскiм маёнтку Шаўры Лiдскага павета, яго бацька - знакамiты гiсторык Тэадор Нарбут, мацi - Крысціна Садоўская. Тэадор, сын Яўхiма i Iзабелы з Наневiчаў, нарадзiўся ў Шаўрах 8 кастрычнiка 1784 г. i паходзiў са старажытнага лiцвiнскага роду. У той час маёнтак Нарбутаў Шаўры складаўся з ворнага ўчастка i двара, меў 75 прыгонных. Гэты маёнтак перайшоў да Нарбутаў як пасаг Iзабэлы з Наневiчаў. Сусветна вядомы гiсторык быў яшчэ i руплiвым гаспадаром, пад яго кiраваннем маёнтак Шаўры заквiтнеў сапраўдным дабрабытам. Тэадор меў навуковы падыход да сельскай гаспадаркі i быў у курсе ўсiх сусветных навiнак. Мала таго, ён з'яўляўся аўтарам шэрагу артыкулаў, у якiх пiсаў пра рацыянальнае вядзенне сельскай гаспадаркi i пра апошнiя дасягненнi прыродазнаўчых навук.

Мацi Людвiка - Крысціна Кацярына з Садоўскiх, была дачкой шарачковага шляхцiца, былога жаўнера Касцюшкi. Першапачаткова ў хаце Нарбута яна працавала як прыслуга i толькi пасля нараджэння некалькiх дзяцей Тэадор узаконiў свае адносiны з ёй. Людзi, якiя ведалi Крысціну, пiсалi пра яе як пра добрую, сардэчную i богабаязную жанчыну, якая дала Тэадору сямейнае шчасце: «Была маладой, вясёлай, чарнавокай i прыгожай, хоць была малаадукаванай, але прыродны розум i тонкасць душы кампенсавалi гэты недахоп… Пакуль думы першага гiсторыка Лiтвы былi ў мiнулым, яна кiравала хатай i маёнткам» [1].

Запiс пра нараджэнне Людвiка зроблены ў метрычных кнiгах парафiяльнага касцёла ў Начы. У паперах Вандалiна Шукевiча [2] захаваўся выпiс з метрычнай кнiгi пра нараджэнне i хрышчэнне старэйшага сына: «№ 166. Гасподняга году тысяча васямсот трыццаць другога, месяца верасня, чацвёртага дня, у касцёле рыма-каталiцкiм парафiяльным Нацкiм ксяндзом Адамам Страповiчам, аўгустынам, вiкарыем гэтага ж касцёла, хрышчоны вадой i св. алеем немаўля, названы Людвiк. Работнiцы Крысцiны Падэўскай няправага ложы сын - 1832 г., месяца жнiўня 26 дня ў двары Шаўры народжаны. Падчас хросту трымалi (хросныя. - Л. Л.) Юзаф Сегень i Петранэла Драздоўская, панна». Пасля таго як Тэадор Нарбут ажанiўся з Крысцiнай (каля 1840 г.), метрычны запiс перапiсалi, а прозвiшча мацi з Падэўскай змянiлi на Садоўскую (сапраўднае дзявочае прозвiшча Крысцiны застаецца пад пытаннем, бо ў некаторых аўтараў да замуства яна - Падэўская [3]).

Таксама перапiсаны былi i метрычныя запiсы iншых пазашлюбных дзяцей Нарбутаў: Аляксандры, Францiшка i Тэадоры. Станiслаў i Амеля нарадзiлiся ўжо ў шлюбе.

Першыя шчаслiвыя гады дзяцiнства Людвiк правёў у бацькоўскiм маёнтку. Бацька выхоўваў дзяцей у старашляхецкiх традыцыях, вучыў паважаць звычаi свайго краю, распавядаў дзецям пра гiсторыю i герояў старажытнай Лiтвы. Экспанаты яго шматлiкай калекцыi месцiлiся ў маёнтку i былi звыклым асяроддзем для малога Людвiка, узбуджаючы дзiцячыя мары i цiкаўнасць да гiсторыi. Людвiк меў 4 братоў - Аляксандра, Францiшка, Баляслава, Станiслава - i 3 сясцёр - Яну, Амелю i Теадору, гэта не лiчачы дзяцей, памерлых у дзяцiнстве. Ён быў старэйшым сынам i лiдарам для Баляслава, Францiшка i Теадоры, гэтыя чацвёра дзяцей падыходзiлi адно аднаму па ўзросце i раслi разам. З 1831 г. у Шаўрах увесь час жыў стары чалавек па прозвiшчы Гератоўскi. Хто ён такі i чаму жыў у Шаўрах - невядома, але ён вельмi любіў дзяцей i шмат часу праводзiў з iмi. Стары ведаў шмат цiкавых гiсторый, распавядаў пра паўстанне 1831 г., удзельнiкам якога быў, дзецi разам з iм гулялi ў вайну, прычым Касцюшкам звычайна быў Людвiк, Баляслаў - яго ад'ютантам, а Тэадора - Эмiлiяй Плятэр, хоць Плятэр была гераiняй iншай вайны. Аднойчы, калi недалёка ад Шаўроў праязджаў эскадрон расiйскай кавалерыi, дзецi з кустоў пракрычалi патрыятычныя лозунгi i нават пакрыўдзiлiся, што кавалерысты нiчога не пачулi.

Людвiк Нарбут пачаў вучыцца ў Лiдскай павятовай вучэльнi, а каля 1846 г. паступiў у вiленскую гiмназiю. Прыязджаць дахаты даводзілася толькi на святы ды ўлетку. Падчас вакацый ён вучыў малодшых братоў i сясцёр, пiсаў вершы, чытаў кнiгi па гiсторыi. Мацi ўспамiнала, як 12-гадовы хлопчык, гледзячы ў люстэрка, казаў: «Мацi, супакой цi зганьбуй, бо дзве будучынi для сабе бачу, будзе з мяне цi вялiкi чалавек, цi вялiкi злодзей». Назад на вучобу ў Вiльню яго звычайна адвозiла мацi, па дарозе спынялiся ў Бутрыманцах, дзе на мясцовых могiлках разам адведвалi магiлы дзеда i бабулi (недалёка ад каплiцы) i хатку, якая стаяла побач з могiлкамi, у гэтай хатцы гадавалася Крысцiна.

Людвiк добра вучыўся, але яго знаходжанне ў гiмназii (1846-1850) супала з рэвалюцыйным уздымам у Еўропе, атрымаўшым назву «Вясны народаў». Водгаласы еўрапейскiх падзей даходзiлi да Вiльнi, у Лiтву таемна прыязджалi эмiсары эмiграцыi, распаўсюджвалася забароненая лiтаратура, якую гiмназiсты чыталi з вялiкiм уздымам. У 1846 г. вiленская турма напоўнiлася арыштантамi з так званага спiса Рэра. Турмаў бракавала, i таму нават вокны дамiнiканскага кляштара былi зафарбаваныя белай фарбай, яго на час таксама ператварылi ў турму, каля кляштара стаялi кiбiткi жандараў - з усяго краю звозiлi арыштантаў. У лютым 1848 г. эмiсара Рэра разам з iншымi датычнымi да справы публiчна пакаралi палкамi, а пасля, прывязаўшы да воза, правялi па вулiцах Вiльнi i саслалi на катаргу. Гэта ўсё назiралi i абмяркоўвалi гiмназiсты.

Падчас вакацый у Шаўрах у 1850 г. уся сям'я заўважыла змену ў паводзiнах Людвiка, малады чалавек стаў сур'ёзным, паважным i задуменным.

Падчас вучобы ў апошнiм класе гiмназii, пасля дыспутаў з гiмназiчнымi таварышамi пра справы ў краi, у лiстападзе 1851 г. Людвiк вырашыў стварыць сярод гiмназiстаў патрыятычнае таварыства, якое мела за мэту рыхтаваць ўзброенае паўстанне. У снежнi на кватэры Людвiка адбылося першае паседжанне таварыства. З прычыны ўласнай легкадумнасцi чальцы таварыства Гаварчэўскi i Падхарэцкi распавялi пра сустрэчы iнспектару гiмназii, пасля чаго ўначы перад Калядамi палiцыя арыштавала Нарбута. На яго кватэры была знойдзеная картка з надпiсам «Арол i крыж», гэтыя словы ў таварыстве былi паролем. Людвiк потым распавядаў, што пасля арышту ён адразу быў пасаджаны ў цёмную i цесную камеру. Праз некалькi дзён у камеру прыйшоў сам генерал-губернатар Бiбiкаў [4] i параiў раскаяцца i дапамагаць следству. Тое самае ён казаў i праз некалькi дзён, калi юнага арыштанта прывялi да яго ў кабiнет. Бiбiкаў зноў пераконваў арыштанта, што i так усё вядома i толькi дзеля формы трэба ўсё распавесцi следству i падпiсаць пратаколы, ён даваў генеральскае слова, што не кране яго сяброў. Дастаткова доўгi час Нарбут не згаджаўся, але нарэшце сазнаўся ў тым, што гэта ён аўтар надпiсу на картцы. Пасля чаго Людвiка перавялi ў сухую i светлую камеру, а ў Пецярбург паслалi падрабязны даклад. Фактычна гульня ў канспiрацыю сталася чарговай паспяхова выкрытай «крамолай» [5].

З надрукаваных архiўных матэрыялаў справы юнага Нарбута можна зразумець, як iшло следства. Справа № 4 ад 1851 г. «Ученика виленской гимназии Людвика Нарбута» пачата 11 студзеня i скончана 19 сакавiка 1851 г. У данясеннi генерал-маёру Кучынскаму ад 11 студзеня 1851 г. паведамляюцца агульныя папярэднiя вынiкi справы пра антыўрадавыя дзеяннi Людвiка Нарбута сярод вучняў вiленскай гiмназii: пра прызнанне яго саўдзельнiкаў Мельхiёра Бакшанскага i Казiмiра Нарвойша i пра адмову Нарбута прызнацца нават пасля прызнання яго былых сяброў. На вочнай стаўцы Бакшанскi катэгарычна сцвярджаў, што не браў удзелу ў злачынных справах Нарбута, на што Нарбут адказаў, што ёсць сведкi, якiя могуць пацвердзiць адваротнае, бо Бакшанскi некалькi разоў удзельнiчаў у нарадах арганiзацыi. Жандар, якi склаў дакумент, канстатуе, што ў цэлым сведчаннi Бакшанскага i Нарвойша не вымусiлi Нарбута да дачы сведчанняў па справе. З рапарта падпалкоўнiка корпуса жандараў Данiлава да выканаўцы абавязкаў начальнiка 4-й акругi корпуса жандараў генерал-маёра Кучынскага ад 12 лютага 1851 г.:

«…з 8 снежня бягучага года… вядзецца следства па справе вучня мясцовай губернскай гiмназii Людвiка Нарбута, якi абвiнавачваецца ў распаўсюдзе сярод сваiх калегаў шкодных пагалосак i замове iх да ўзброенага выступу.

Справа скончана… стала вядома наступнае:

На пачатку мiнулага снежня вучнi Гаварчэўскi i Падхарэцкi данеслi класнаму iнспектару, што вышэй названы Нарбут падчас гутаркi з iмi i некаторымi iншымi пытаўся ў iх, цi любяць яны сваю Айчыну, а пасля пачаў iм распавядаць, што вучнi варшаўскай гiмназii рыхтуюцца да паўстання, што ў Лiдскiм павеце ўся шляхта да яго ўжо гатовая i той, якi не пагодзiцца далучыцца да паўстанцаў, будзе пiць горкае пiва… На наступны дзень для адмысловай гутаркi Нарбут запрасiў iх да сябе на кватэру. Потым, нагадваючы Гаварчэўскаму пра сваё запрашэнне, даслаў яму картку, у якой прасiў запомнiць пароль "Арол i крыж".

…арыштаваны Нарбут (гадоў 19, са шляхты) прызнаўся, што ў канцы мiнулага месяца лiстапада меў намер стварыць разам са сваiмi калегамi патрыятычнае таварыства, якое мела за мэту падняць паўстанне. Гэтая думка з'явiлася ў яго падчас спрэчкi з вучнем Нарвойшам на яго кватэры… Паводле сведчанняў Нарбута, галоўнымi саўдзельнiкамi яго злачынных намераў былi: вышэй згаданы Нарвойш i Мельхiёр Бакшанскi, з якiх апошнi прапанаваў прыняць для iх таварыства пароль "Арол i крыж" i прапанаваў напiсаць статут таварыства. Акрамя таго, Нарбут прызнаўся, што пра свой намер ён паведамiў вучню Казлоўскаму, якi як бы пагадзiўся ўзяць удзел у гэтай справе i збiраўся ўгаварыць сваiх калегаў Кублiцкага, Прэкера i Тышкевiча, з якiмi пачаў перамовы, але не паспеў схiлiць iх да ўдзелу ў арганiзацыi, бо быў арыштаваны… для змовы запрашаў да сябе на кватэру вучняў Пабаеўскага i Пашкевiча… i нарэшце пiсаў… картку да Гаварчэўскага, у якой прасiў не забываць пароль "Арол i крыж". Нарбут катэгарычна сцвярджаў, што да моманту яго арышту былi толькi гутаркi i моцныя спрэчкi, але не рабiлася анiякiх дзеянняў… угаворваючы сваiх калегаў, нiякiх пагроз не прамаўляў, i адзiным дзеяннем у гэтай справе было прыняцце разам з Бакшанскiм пароля "Арол i крыж", яны толькi жадалi даведацца, як будзе прыняты такi пароль сярод калегаў. Пра гатовасць шляхты Лiдскага павета да паўстання Нарбут казаў таму, што падслухаў у месяцы лiпенi… у мястэчку Дубiчы, на выхадзе з касцёла гутарку землеўладальнiка Ваўка з незнаёмым чалавекам, якому Воўк паведамiў, што неабходна было б прыгатаваць спiс, што ён, Воўк, выставiў бы 2000 шляхты.

Выклiканыя для допыту Казiмiр Нарвойш i Мельхiёр Бакшанскi прызналi, што Нарбут у канцы мiнулага года паведамiў iм пра свае намеры, а яны… не пагадзiлiся прыняць у iх удзел… нiчым яму не дапамагалi i самi жадалi данесцi пра яго ўладам, што i зрабiлi праз сваiх калегаў Гаварчэўскага i Падхарэцкага… На вочнай стаўцы Нарбут не пярэчыў супраць довадаў Нарвойша i Бакшанскага. <…> Што да землеўладальнiка Ваўка, то па распараджэннi… генерал-губернатара ў яго хаце быў праведзены ператрус, але не знойдзена нiчога, што магло б пацвердзiць яго вiну. <…>

Прымаючы да ўвагi ўсё вышэйпададзенае, следчая камiсiя прыйшла да пераканання, што ў дадзенай справе вiнаваты вучань Людвiк Нарбут… таму… ён за такiя ўчынкi падлягае суровай кары…».

З рапарта… падпалкоўнiка Данiлава да выканаўцы абавязкаў начальнiка корпуса жандараў 4-й акругi… генерал-маёра… Кучынскага, дня 14 сакавiка 1851 г. № 31:

«У якасцi дадатку да рапарта ад 12 лютага… № 21 у справе палiтычнага зняволенага Людвiка Нарбута маю гонар дакласцi Вашаму Высокаправасхадзiцельству, што падчас знаходжання генерал-ад'ютанта Бiбiкава 2-га ў Пецярбургу, на… дакладзе Яго Iмператарскай Вялiкасцi, насупраць параграфа… пра справу вучня вiленскай гiмназii Людвiка Нарбута… з прапановай вылупцаваць розгамi i аддаць яго на службу шарагоўцам, не пазбаўляючы, аднак, дваранскага звання, Яго Iмператарская вялiкасць зрабiў надпiс "згодны". …Нарбут будзе аддадзены на службу ў адзiн з палкоў 6 корпуса пяхоты пры ўмове строгага нагляду за iм…

Падпiсаў пплк. Данiлаў» [6].

Экзекуцыя адбылася ў будынку гiмназii, Нарбут атрымаў 25 удараў розгамi. Пасля экзекуцыi яму дазволiлi развiтацца з бацькамi i назаўтра, 30 сакавiка, да ўзыходу сонца адправiлi ў Калугу да месца службы [7].


Абставiны вайсковай службы Людвiка добра адлюстроўвае паслужны спiс:

«…падпаручнiк Людвiг Фёдаравiч Нарбут, паводле фармуляра пра яго службу… ад нараджэння 29 гадоў, з дваран Вiленскай губернi, рыма-каталiцкага веравызнання, кавалер ордэна Св. Ганны IV ступенi, узнагароджаны… медалямi за вайну 1853-56 гг. i медалём Св. Георгiя з надпiсам "За мужнасць".

На службу паступiў па… распараджэннi за палiтычны выступ… 19 красавiка 1850 г. шарагоўцам… за заслугi ў баях з туркамi 8.IX.1855 г. стаў унтэр-афiцэрам, за заслугi ў службе 29.IX.1857 г. ва ўзросце 25 гадоў атрымаў першае афiцэрскае званне - прапаршчыка. Пераведзены ў Рэвельскi полк пяхоты 18 красавiка 1859 г., але ў сувязi са звальненнем са службы ў полк не прыбыў.

Браў удзел у дзеяннях супраць непрыяцеля:

У вайне з туркамi ў 1854 г. з 24.VII. да 20.XI. у Александропальскай i Ахалкалакскай кампанiях i за заслугi ў бiтве 24.VII. пад Курук-Дарункай праiзведзены ў унтэр-афiцэры i ўзнагароджаны трыма срэбнымi рублямi, у 1855 г. з 6.V да 3.XII у Александропальскай кампанii, за штурм 17.XI. Карскiх фартоў узнагароджаны 1 срэбным рублём, з 13.XII.1856 г. да 1.I.1857 г. супраць горцаў на Лезгiнскай дэмаркацыйнай лiнii, з 1.IV.1857 г. да 1.I.1858 г. i ў 1858 г. з 1.I. да 1.IX. абодва разы на той жа лiнii, прычым браў удзел: 27.VIII. - ва ўзяццi штурмам аула Цыбаро, 29.VIII. - у акцыi пры форце Купрыс-Шаво i за высокую мужнасць, выяўленую ў той экспедыцыi ўзнагароджаны ордэнам Св. Ганны 4 ступенi з надпiсам: "За мужнасць", у тым жа годзе ў складзе войскаў левага крыла каўказкага войска, з 25.X. па 18.XII. бярэ ўдзел у дзеяннях у ваколiцах Уладзiкаўказа, Назранi, Несцераўскага паста i ў Чорных горах Малой Чачнi… прычым: 2.XI пры злучэннi аддзелаў пры Акпортаўскiм перавале, у справе пры Мутыч-Анкунь каля перавалу Асы, а адтуль… для ўзяцця апошнiх непакорных аулаў Малай Чачнi, Акiнсаў i Мерадзiнаў… 28.XII. пры ўзяццi варожых пазiцый каля аула Агашты, 29 - пры адбiццi нападу непрыяцеля на войскi, якiя ўдзельнiчалi ў работах на дарозе каля аула Агашты, 31 - пры ўзяццi гэтага аула. У 1859 г. у складзе галоўнага аддзела браў удзел у экспедыцыi супраць горцаў: 1.I у наступе… у кiрунку аула Агашты, 11.I - у бамбардаваннi, 14 - ва ўзяццi пазiцый, пабудаваных супраць непрыяцеля каля ракi Баль i ўзяццi аула Тнузень.

Раненняў не мае i ў палоне не быў. Спагнанняў… не меў.

У 1858 г. заслужыў Найвышэйшую Пахвалу за ваенныя дзеяннi ў складзе… войскаў лезгiнскага аддзела…

Выхоўваўся ў Вiленскай гiмназii, ведае: рэлiгiю, граматыку, арыфметыку, гiсторыю ўсеагульную, геаграфiю Расii i ўсеагульную, мову французскую.

Падчас службы пакаранняў судовых, несудовых не меў i пад следствам не быў.

У 1859 г. найвышэйшым Яго Iмператарскай Вялiкасцi ўказам, выдадзеным 26.VII, звольнены са службы, з прычыны сямейных акалiчнасцяў у чыне падпаручнiка. …з правам нашэння ваеннага мундзiра, хоць i не выслужыў неабходны для гэтага тэрмiн. <…>

Генерал-маёр Лiдэрс» [8].

Да такога дакумента цяжка яшчэ нешта дадаць, такому паслужному спiсу пазайздросцiў бы любы афiцэр, але цiкава, што жаўнерская служба Нарбута пачалася з таго, што камандзiру роты, якi абазваў яго «палякам-бунтаром», Нарбут адказаў аплявухай. Ён быў аддадзены пад ваенны суд, але, на шчасце, нейкi з указаў цара Мiкалая I забараняў такiмi словамi зневажаць салдат, таму Людвiк адкараскаўся толькi арыштам i пераводам 05.08.1854 г. у полк, якi адпраўляўся на Каўказскi фронт. Потым у лiстах з Каўказа ён прасiў сястру Теадору прыслаць хоць бы засушаную кветку або жытнi каласок з родных палёў.

Падчас службы ў войску Нарбут адбыўся як прафесiйны вайсковец высокага класа, удзельнiчаючы ў супрацьпартызанскiх дзеяннях рускага войска, да тонкасцяў спасцiг мастацтва партызанскай вайны. Усё гэта яму хутка спатрэбiцца.

У 1859 г. у чыне падпаручнiка Нарбут звальняецца са службы з прычыны «хатнiх акалiчнасцяў», i на пачатку красавiка 1860 г. ён ужо ў родных Шаўрах. За час яго адсутнасцi ў сядзiбе нiчога не змянiлася - тая ж шляхочая хата з ганкам на падмурку, тыя ж гаспадарчыя пабудовы, той жа лес навакол. Моцна пастарэў бацька, ён амаль аглух, пастарэла мацi, вырасла i стала прыгожай паненкай сястра Тэся. Людвiк заняўся гаспадарскiмi справамi, занава, як сталы чалавек, перазнаёмiўся з суседзямi, а праз некаторы час на паўгода паехаў у Варшаву i Кракаў.

У самым блiзкiм суседстве з Шаўрамi знаходзiўся маёнтак Сербянiшкi, якi належаў маладой удаве Амелi Седлiкоўскай (з Кунцэвiчаў). Амеля вылучалася сярод жанчын свайго кола добрай адукацыяй. Яшчэ раней яна сябравала з сям'ёй Нарбутаў i часта бывала ў Шаўрах, таму пасля вяртання Людвiка маладыя людзi хутка зблiзiлiся i ў 1861 г. пабралiся шлюбам, пасля чаго маладая сям'я пасялiлася ў маёнтку Сербянiшкi. Iх адзiнае дзiця - дачка Марыя - памерла немаўлём.

Гэтыя некалькi гадоў, калi Людвiк вёў жыццё жанатага чалавека, займаўся гаспадаркай, чытаў кнiгi i газеты, вёў перапiску з сябрамi, паляваў, праляцелi вельмi хутка. Кiм бы ён мог стаць, калi б не паўстанне?

Невядома.

Але менавiта ў гэты кароткi перыяд свайго жыцця ён пачаў пiсаць вершы i артыкулы для прэсы i, хто ведае, можа быць, з часам атрымаў бы вядомасць не меншую, чым яго бацька? Але толькi досвед аднаго занятку гэтага перыяду - палявання - хутка спатрэбiўся баявому афiцэру. Менавiта падчас палявання Нарбут вывучыў кожную сцежку на Лiдчыне i пазнаёмiўся з многiмi людзьмi.

Мiрон Бранiслаў Нарбут у нявыдадзенай частцы сваiх мемуараў так апiсваў Людвiка: «Бачыў яго, здаецца, у 1860 г. у Лiдзе на кантрактах, быў ён невялiкага росту, худы, лысаваты бландзін, з меланхалiчным выразам на твары, прычым вылучаўся вялiкай разважлiвасцю, пачцiвасцю i павагай да людзей - гэта былi яго галоўныя якасцi. Негаманлiвы, сцiплы, гатовы дапамагчы кожнаму, быў ён усiмi паважаны гэтак жа, як i яго бацька». Падчас паўстання стаў ён « як бы iншым чалавекам, знiкла меланхолiя, а ўсё яго аблiчча выяўляла… радасць ад таго, што ён дачакаўся горача жаданага часу, пра якi марыў раней» [9].

У 1862 г. да яго з Вiльнi прыехаў брат Баляслаў, каб перадаць адозву варшаўскага Цэнтральнага Нацыянальнага Камiтэта. На наступны ж дзень Людвiк паехаў у Вiльню, сустрэўся з сябрамi рэвалюцыйнага камiтэта i выказаў iм сваё жаданне ўзяць удзел у будучым выступе, пасля чаго вярнуўся дахаты i пачаў чакаць загаду пра ўзброенае паўстанне [10].

Паўстанне на Лiдчыне

Лiдскi павет быў гатовы да паўстання, яго рыхтаваў павятовы рэвалюцыйны камiтэт. Камiтэт вербаваў прыхiльнiкаў, збiраў грошы, зброю, адзенне, правiянт i iншае, неабходнае для вядзення баявых дзеянняў. Камiтэт працаваў вельмi энергiчна, i была сабраная дастатковая колькасць грошай, але ўзнiкалi праблемы з закупам узбраення i рыштунку, i тым не менш зброя таемна паступала з Прусii.

На пачатку лютага 1863 г. практычна ва ўсiх парафiях ксяндзы з амбона ўрачыста прачыталi манiфест Народнага Камiтэта пра паўстанне, у цэлым манiфест быў прыняты з запалам.

Мiрон Бранiслаў Нарбут у нявыдадзенай частцы мемуараў пiсаў: «У Забалацкiм касцёле ксёндз-пробашч Зарэцкi пасля патрыятычнага казання прачытаў вернiкам манiфест. Пасля гэтага зазванiлi касцельныя званы i народ заспяваў "Цябе, Божа, хвалiм". Мне распавядалi, што на наступны дзень на пляцы перад касцёлам сабралiся больш за 300 сялян, якiя там чакалi тры днi, каб атрымаць зброю, якой, аднак, не было». Нарэшце некалькi дзясяткаў чалавек самастойна рушылi ў бок Марцiнканцаў i 16 лютага пад Нашкунцамi напалi на варту партыi рэкрутаў, якiх сiлком адпраўлялі ўглыб Расii. Канвой быў раззброены, а рэкруты адпушчаны па хатах. Пра вызваленне рэкрутаў дакладваў старшыня Эйшышскага рэкруцкага ўчастка лiдскаму земскаму спраўнiку [11].

Iнфармацыйны бюлетэнь паўстанцаў № 4 ад 6. 03.1863 г. iнфармаваў пра падзеi на Лiдчыне: «У Лiдскiм павеце ў некалькiх каталiцкiх i ўсходняга абраду парафiях быў зачытаны манiфест i дэкрэты Цэнтральнага Камiтэта i Часовага Народнага ўрада. У вынiку чаго сяляне самi сабралiся ў лесе каля Забалацi, пачалi самастойна ўзбройвацца i чакаць указанняў. Пасля трох дзён… 11 лютага… высунулiся да Марцiнканцаў, дзе 16 лютага адбiлi рэкрутаў, якiх везлi па чыгунцы з Кангрэсуўкi [12]. Далейшы лёс рэкрутаў пакуль не вядомы. Потым 12, 13, 14 i аж да 24 лютага прайшлi арышты мясцовых жыхароў… Арышты рабiлiся ўзброенымi казакамi, якiя пры гэтым рабавалi вёскi i двары. Агiднасцi салдатаў дайшлi да найвышэйшай кропкi. Да 40 арыштаваных адвезена ў вiленскую цытадэль» [13].


Людвiк Нарбут бываў на канспiратыўных сходах у Лiдзе [14], весткi пра манiфестацыi ў Варшаве i Вiльнi ён пракаментаваў коратка: «Дарэмна трацiцца запал». Баявы афiцэр чакаў. I вось пры канцы 1862 г. брат Баляслаў прывёз яму ў Сербянiшкi адозву Цэнтральнага Нацыянальнага Камiтэта ў Варшаве з заклiкам да паўстання. Прачытаўшы адозву, Людвiк зняў са сцяны шаблю i пацалаваў. Хутка пасля гэтага ён паехаў у Вiльню, дзе сустрэўся з сябрамi рэвалюцыйнага Камiтэта Лiтвы, якi рыхтаваў паўстанне ў Беларусi. Камiтэт шукаў афiцэраў з досведам i таму не захацеў адразу раскрываць Нарбута, яго баявы вопыт яшчэ спатрэбiцца. Людвiк вярнуўся дамоў i пачаў чакаць загаду i патаемна рыхтаваць i арганiзоўваць людзей, праводзiць вучэннi пад выглядам паляванняў. 13 лютага 1863 г. да яго прыбыў ганец Вiленскага камiтэта з загадамi, адным з загадаў Людвiк прызначаўся вайсковым начальнiкам Лiдскага павета. Атрымаў ён i загад пра пачатак паўстання. На кароткай сямейнай радзе бацька, стары Тэадор Нарбут, сказаў, што «належыць даць сваiх дзяцей на алтар Айчыне, бо яна ў iх мае патрэбу».

Нядоўга доўжылася падрыхтоўка да ад'езду, усё ўжо было гатова. Перад ад'ездам сабралася ўся вялiкая сям'я Нарбутаў. Людвiк быў апрануты ў старую камiзэльку, падбiтую аўчынай, i ўзброены рэвальверам, на баку вiсела старая каўказская шабля. Сястра Тэадора ўручыла яму харугву, вышытую ўласнымi рукамi, а ён перадаў ёй манiфест Камiтэта для ксяндза з Начы, каб заўтра прачытаць вернiкам. Людвiк захоўваў поўны спакой i пасля блаславення бацькамi i развiтання з маладой жонкай i сваякамi, у суправаджэннi брата Баляслава i шасцi блiзкiх паплечнiкаў - сяброў маладосцi i сялян роднага маёнтка - з'ехаў з хаты. Праз некалькi кiламетраў ад хаты, у Салапацiскiм лесе, каля эйшышскага гасцiнца, атрад спынiўся - тут было месца збору паўстанцаў.

Назаўтра, 14 лютага, сястра Тэадора прыехала да нацкага пробашча ксяндза Готаўта i перадала яму манiфест. Готаўт у той жа дзень зачытаў манiфест паўстанцаў, а потым нейкую афiцыйную паверу, падпiсаную губернатарам Назімавым. Гэта яго i ўратавала, бо ўся парафiя потым пад прысягай пацвердзiла, што ён чытаў нейкi ўказ генерал-губернатара i больш нiчога [15].

У першы лагер нарбутаўцаў, заложаны за тры вярсты ад Начы, у ноч з 13 на 14 лютага з групай у сем чалавек прыйшоў Леў Краiнскi з Грышанiшак. Усе разам перайшлi ва ўрочышча Сабалюнцы, хутка сюды ксёндз-вiкары Эйшышскага касцёла Стэфан Юзаф Гарбачэўскi прывёў з сабой 17 сялян, i такiм чынам атрад вырас да 32 байцоў [16]. Да канца лютага атрад павялiчыўся да 70 чалавек, i ў Сабалюнцах ксёндз Гарбачэўскi прывёў байцоў да прысягi. Палова атрада складалася з дробнай шляхты Лiдскага i Ашмянскага паветаў, другой паловай былi школьная моладзь, адстаўныя вайскоўцы i сяляне.


Сяляне забяспечвалi атрад харчаваннем i паведамлялi пра перасоўваннi рускiх войскаў. За дапамогу Нарбуту пасля паразы паўстання было пакаранае ўсё насельнiцтва чатырох вёсак: Паддуб'е, Кракшлi, Зубрава i Лiнiца - знiшчаны ўсе пабудовы гэтых вёсак, а сем'i сасланыя ў Сiбiр [17].

Галоўным зброяй атрада былi паляўнiчыя стрэльбы, шмат хто быў узброены толькi косамi. Лепшага ўзбраення таго часу - штуцараў i карабiнаў з наразной руляй - было няшмат, у асноўным гэтую палепшаную зброю закуплялi за мяжой цi здабывалi ў баі. Галоўны склад зброi атрад меў у Як'янцах (каля Шаўроў) у леснiка Юзафа Банюшкi, былi склады ў Казiмiра Гедройця ў маёнтку Казiмiраўка i ў Альфонса Шэлкiнга з Забалацi.

Аднастайнага абмундзiравання не было. Большасць амунiцыi iшло ад Вiленскага камiтэта праз доктара Тэраевiча з Салтанiшак, пастаўкамi займалася i сястра Людвiка Тэадора Манчунская (у расейскiх дакументах - Манджунская). Яна разам са сваёй сяброўкай Антанiнай Табенскай тры разы ездзiла ў Вiльню да агента Камiтэта Верблеўскага. У яго яна брала порах i свiнец, а потым цэлымi вазамi прывозiла ў атрад. Адзiн раз Тэадора прывезла нават дзве гарматы. Гэтыя дзве мужныя жанчыны залучылi ў атрад двух расiйскiх афiцэраў - падпаручнiкаў Нiкалаi i Клiмантовiча, праз iх прыйшлi да Нарбута i некалькi лiтоўскiх патрыётаў (Скiрмунт i iнш.). Рэгулярна прадукты падвозiў стары селянiн з Шаўроў - Мацей Някрэтовiч. За ўсе пастаўкi ад сялян Нарбут плацiў гатоўкай [18].

Любыя выпадкi недысцыплiнаванасцi, дэзерцiрства i непаслушэнства з самага пачатку камандзiр сурова караў. Паказальным стаў выпадак з дэзерцiрам шляхцiцам Рыло з фальварка Рубiкi (з-пад Тарнова). Ён далучыўся да атрада на пачатку паўстання i служыў пры камандзiру як выведнiк. Разам з селянiнам па прозвiшчы Iкасала ён прыйшоў да пробашча Дубiцкага касцёла Калiкста Ставiцкага i перадаў яму нiбы просьбу Нарбута аддаць камандзiру гадзiннiк, бо свой ён нiбы страцiў. Калi ксёндз адмовiўся аддаць гадзiннiк, дэзерцiры адвялi яго ў пушчу i прывязалi да дрэва, а самi вярнулiся ў плябанiю i абрабавалi яе. Якраз у момант рабавання яны былi арыштаваныя байцамi атрада. Пасля кароткага ваенна-палявога суда рабаўнiкоў высеклi розгамi i пакаралi: яны сабе самi выкапалi магiлу i былi жыўцом закапаныя дагары нагамi.

Малады паўстанец Навiцкi (20 гадоў) заснуў на пасту, i суд прысудзiў яго да расстрэлу. Толькi заступнiцтва ксяндза-капелана Гарбачэўскага выратавала жыццё маладому байцу, але назаўтра, падчас бiтвы пад Руднiкамi, Навiцкi гераiчна загiнуў. Нарбут даводзiў мясцовым жыхарам, што злачынцаў i рабаўнiкоў трэба затрымоўваць i перадаваць паўстанцам, а калi паўстанцаў побач няма, дык перадаваць iх нават камандзiрам частак рускага войска для пакарання.

Людвiк Нарбут не шкадаваў i сябе. Па ўсёй Лiтве людзi пераказвалi наступную гiсторыю: «Паўстанцы даведалiся, што адзiн са зборшчыкаў грошай - здраднiк, якi ў чаканнi, што да яго за грашамi прыедзе сам камандзiр, схаваў у сябе 40 казакоў. Ведаючы гэта, паўстанцы атачылi двор здраднiка, i толькi пасля гэтага камандзiр разам са сваiм ад'ютантам Краiнскiм прыехаў да яго. Гаспадар радасна сустрэў Нарбута з ад'ютантам i правёў яго ў хату, дзе паўстанцы былi схопленыя казакамi. Афiцэр казакоў, дэманструючы сваю павагу да палоннага Нарбута, прапанаваў яму, як баявому афiцэру, застрэлiцца, i таму пакiнуў палоннага аднаго ў пакоi з рэвальверам. Нарбут зачынiў дзверы i… стрэлiў у акно. У двор з усiх бакоў уварвалiся паўстанцы i хутка раззброiлi казакоў. Тады прыйшоў час Нарбуту выявiць шляхетнасць. Ён адпусцiў усiх i нават аддаў казакам здраднiка, якога яны самi правучылi бiзунамi» [19].


Праз тое, што большасць байцоў не мела баявой вывучкi, атрад стаў абозам у Нацкай пушчы (ва ўрочышчы Сенiца), памiж Дубiчамi i Грыбашамi, i Нарбут пачаў навучаць сваiх байцоў ваеннай справе.

Падчас знаходжання ў Дубiцкiм лагеры Нарбут зрабiў са свайго атрада баявую адзiнку: прызначыў афiцэраў i унтэр-афiцэраў, даў людзям першасную баявую падрыхтоўку.


Прыкладная структура атрада:

Пяхота

2-3 узводы стральцоў

Не больш за 250 чалавек

3-4 узводы касiнераў

1 узвод карабiнераў

Кавалерыя

1-2 узвода

Каля 30 шабель

Тыл, штаб i г. д.

-

20 чалавек

Усяго

Каля 300 чалавек

Штаб складаўся:

• з ад'ютанта камандзiра, якi быў адначасова начальнiкам штаба, - Леон Краiнскi [20] з Грышанiшак;

• другога а'ютанта - Баляслаў Нарбут, родны брат Людвiка;

• iнтэнданта, так званага ваеннага камiсара - Ансельм Патрыкоўскi з Лiды;

• капелана атрада - ксёндз Стэфан Юзаф Гарбачэўскі;

• лекара атрада - доктар Аляксандр Бразоўскi з Гурнофеля;

• майстар па зброi атрада - невядомы паўстанец.

Камандзiрамi ўзводаў былi Баляслаў Францкевiч, Аляксандр Скавiнскi, Уладзiслаў Пiлецкi, Уладзiслаў Навiцкi, Пётр Янковскi, Уладзiслаў Нiкалаi i iнш. Наогул, афiцэрскi корпус складаўся пераважна з былых афiцэраў рускага войска, але быў i эмiгрант, выпускнiк школы падхарунжых у Гунеа - Бразоўскi. Непасрэдна падчас баявых дзеянняў, за заслугi, афiцэрамi сталi Мiхал Андрыёлi, Баляслаў Нарбут, Пiлецкi.

Касiнеры, узброеныя косамi, паходзiлi ў асноўным з сялян. Каса, выстаўленая паралельна тронку, была звыклай сялянскай халоднай зброяй пры рукапашнай сутычцы, касой рабiлiся страшэнныя раны. Падчас бою мастацтва камандзiра складалася ў тым, каб не падставiць касiнераў пад агонь агнястрэльнай зброi i ўвесцi iх у бой толькi для рукапашнай сутычкi. Па-за боем касiнеры неслi вартавую i выведвальную службу, прычым часта iх выкарыстоўвалi парамi са стральцамi: адзiн касiнер i адзiн стралец.

Стральцы атрада паходзiлi з шляхты i леснiкоў. Зброя - паляўнiчыя стрэльбы, на якiя мацавалi самаробныя багнеты для рукапашнага бою.

Карабiнеры - адборная пяхота паўстанцаў, большасць карабiнераў раней служылi ў войску. Узброены былi ненаразнымi карабiнамi i наразнымi штуцарамi, зброя для iх адмыслова закуплялася або здабывалася ў баі. З прычыны малой колькасцi ўзбраення карабiнераў было не шмат.

Кавалерыя - галоўным чынам шляхта на ўласных конях, з уласным рыштункам i зброяй. Узброены кавалерысты паўстанцаў былi па-рознаму, у асноўным - паляўнiчымі стрэльбамі, рэвальверамі або старымі пiсталетамі, шаблямі.

Байцы абозу, тылу, дапаможны аддзел пры неабходнасцi ваявалi як звычайная пяхота. Пра паўстанцаў напiсаў сябра Народнага Жонду Гiлер: «…ад станка, ад плуга, са школы, з бацькоўскай хаты… кожны з iх ведаў, што калi яго зловяць маскалi, то ён будзе павешаны або высланы ў Сiбiр. I ледзь апынуўшыся ў лесе, быў змушаны неадкладна ваяваць, не валодаючы зброяй i не ведаючы тактыкi бою» [21].


У 1863 г. расiйскае войска на нашай тэрыторыi складалася з дывiзii лейб-гвардыi генерала Быстрома, якая прыбыла з Пецярбурга ў Вiльню, i з 1-га корпуса пяхоты генерала Лабанцава, якi складаўся з трох дывiзiй пяхоты, дывiзii кавалерыi, корпуснай артылерыi i некалькiх палкоў казакоў. Корпус размяшчаўся па ўсiм краi, ад Лiбавы да Менска i Смаленска. Агульная колькасць расiйскага войска ў гiстарычнай Лiтве была каля 60000 чалавек, гэтыя войскi былi добра ўзброеныя, абучаныя i мелi рэальны баявы досвед.

У сувязi з выбухам паўстання ў Царстве Польскiм генерал-губернатар Назімаў 10 лютага ўвёў ваеннае становiшча. Даведаўшыся пра «хеўру», генерал-губернатар Назімаў яшчэ 18 лютага выслаў атрад штаб-капiтана Струкава ў складзе роты пяхоты i полуэскадрона ўланаў «для ачышчэння Лiдскага павета ад бунтароў». Але Струкаў не знайшоў паўстанцаў. Тады быў высланы лятучы атрад палкоўнiка Вiмберга ў складзе роты пяхоты i 30 казакоў.

У канцы лютага ад паселiшча да паселiшча, начуючы ў шляхецкiх фальварках, атрад Нарбута пайшоў у Руднiцкую пушчу, натуральны стан якой рабiў з яе прыродную крэпасць. Недалёка ад Начы за iнфармаванне расiйскiх уладаў паўстанцамi быў павешаны нацкі тысячнiк Антонi Казёл [22]. У 1933 г. у Кавальках быў запiсаны аповед селянiна гэтай вёскi Францiшка Сянкевiча (84 гады). Ён распавёў, што тысячнiк Казёл пiсьмова паведамляў уладам пра атрад Нарбута. Калi пра гэта стала вядома, Нарбут дараваў яму жыццё, прыняў ад яго прысягу i далучыў да атрада. Падчас знаходжання атрада ў Салтанiшках Казёл знаходзiўся ў пiкеце. Калi па дарозе праходзiў жабрак, ён перадаў праз яго цыдулку расiйскiм уладам з iнфармацыяй пра месцазнаходжанне атрада. Жабрака затрымаў на дарозе iншы паўстанец i знайшоў цыдулку. За здраду Казёл быў павешаны каля населенага пункта Высокае [23]. З рапарта начальнiка штаба 2-й гвардзейскай пяхотнай дывiзii ад 2 (15) сакавiка 1863 г.: «Хеўра гэтая, iдучы з вёскi ў вёску, начуючы ў абшарнiцкiх фальварках i шляхецкiх ваколiцах, аб'яўляла сялянам розныя пракламацыi рэвалюцыйнай партыi i вербавала саўдзельнiкаў…» [24]. А вось як апiсваў перасоўванне атрада Нарбута адзiн з ягоных iнсургентаў: «Наперадзе атрада хутка рухалiся два маладыя байцы. Карабiны iх гатовыя да бою, канфедэраткi схаваны, яны ўважлiва аглядаюць мясцовасць. За iмi на адлегласцi 300-400 крокаў iдзе авангард атрада, за авангардам - асноўныя сiлы. …паўстанцы па-рознаму апрануты, што надае атраду дзiўны выгляд, вось шляхцiц у сiняй вопратцы з накiнутай на плечы лiсiным футрам, у яго дарагая паляўнiчая стрэльба, новы рэвальвер i прадзедаўская шабля на баку. Побач з iм селянiн. На iм доўгая, да каленаў белая камiлька, падперазаныя чорным поясам, блакiтная канфедэратка, абабiтая чорным футрам, праз плячо на шпагаце замест рамяня старая крэмнёвая стрэльба… i побач з iмi маленькi худы яўрэй» [25].

Бiтва пад Рудняй

У першых днях сакавiка недалёка ад Воранава быў арганiзаваны напад на пошту, якая рухалася з Вiльнi ў Лiду, аднак напад быў няўдалы.

9 сакавiка ў вёсцы Вясенчы расiйскiя атрады Струкава i Вiмберга злучылiся.

Цэлы дзень 8 сакавiка паўстанцы адпачывалi. Досвiткам 9 сакавiка, пасля звыклага ранiшняга набажэнства, якое правёў ксёндз Гарбачэўскi, атрад выступiў у паход, а праз дзве гадзiны выйшаў да Вiленскага гасцiнца. Тут, зусiм блiзка ад Вiльнi, было вырашана зрабiць засаду i такiм чынам паведамiць пра сябе насельнiцтву i ўладам. Нарбут выслаў узвод карабiнераў Скавiнскага для дэманстрацыi ў напрамку Руднi, каб падняць пярэпалах i прымусiць сцягнуць туды рускiя войскi. Мястэчка Рудня знаходзiцца на рацэ Мерачанка, недалёка ад Руднiцкай пушчы, на берагах ракi ў той час ляжалi ствалы дрэў, прызначаныя для сплаву. Нарбут паставiў два ўзводы стральцоў у засаду на лясной высечцы сярод складзеных ствалоў дрэў, а касiнераў пакiнуў у лесе, як меркавалася, у тыле будучага баявога парадку маскалёў. Рускi атрад рушыў на Нарбута дзвюма калонамі. Першая калона - войскi штаб-капiтана Струкава - рухалася праз Папiшкi, Калiтанцы, Рудню на Гудэлi. Другая калона пад камандаваннем палкоўнiка Вiмберга спрабавала перакрыць шляхi адыходу на поўнач i атачыць паўстанцаў. У Руднi свайму атраду зрабiў Вiмберг адпачынак, i толькi каля 18.00 iзноў рушыў у бок лесу, дзе казакi раптам наткнулiся на ўзвод Скавiнскага. Адстрэльваючыся, карабiнеры пачалi адыходзiць да паляны, дзе ў засадзе знаходзiлiся галоўныя сiлы. Калi казакi наблiзiлiся, Нарбут закамандаваў «агонь!». Казакi пачалi адыходзiць, а маладыя байцы, натхнёныя гэтым, кiнулiся iх пераследаваць. Тым часам з iншага боку, ад лiдскага гасцiнца, з'явiлася калона Струкава i пачала перакрываць атраду адыход да лесу. Таму Нарбут адвёў свой атрад да лесу, падчас гэтага адступлення пад iм быў забiты конь. Пачаўся новы бой, перастрэлка перайшла ў рукапашную сутычку. I калi паўстанцы пачалi адыходзiць, у левы фланг рускiх з крыкамi «Езус! Марыя! Юзаф!» ударыў атрад касiнераў. Бой разгарэўся з новай сiлай. У вынiку рускiя войскi адышлi да Руднi. Паўстанцы страцiлi 4 чалавек забiтымi, i пасля iх пахавання з набажэнствам кс. Гарбачэўскага атрад Нарбута адышоў углыб Руднiцкай пушчы. У гэтым баі iнсургенты захапiлі некалькi штуцэраў [26].

Паводле iнфармацыi «Вiленскага веснiка» № 24 ад 07(21).03.1863 са спасылкай на «Рускага iнвалiда» № 44, страты рускiх войскаў склалi: 3 салдаты лейб-гвардзейскага маскоўскага палка i 1 казак, былi ўзяты трафеi: 3 фузii i 3 касы [27].

Начальнiк штаба 2-й гвардзейскай пяхотнай дывiзii ў рапарце ад 2 (15) сакавiка 1863 г. пра гэты бой дакладаў: «У нас паранена, падчас перастрэлкi i… пры наступе на лес чатыры чалавекі: трое радавых л.-гв. Маскоўскага палка i адзiн казак. З iх адзiн радавы… атрымаўшы рану ў жывот, памёр на наступны дзень, iншыя… лечацца. У мяцежнiкаў забiта чатыры чалавекі, лiк параненых не вядомы… На наступны дзень у лесе i каля вёскi захоплена… 10 чалавек. Па сведчаннях захопленых… мяцежнiкi падчас сутычкi мелi каля 80 чалавек» [28].

На наступны дзень Вiмберг шукаў паўстанцаў па ўсёй пушчы, але знайсцi не змог, былi ўзятыя ў палон байцы, якiя iшлi на выведку ў бок Вiльнi. А Нарбут у гэты ж дзень напаў на роту лейб-гвардыi на дарозе да Нацкай пушчы, у сутычцы некалькi гвардзейцаў былі забiтыя, паўстанцы захапiлi некалькi штуцэраў i хутка адступiлi. Менавiта пасля гэтых баёў на вулiцах Вiльнi з'явiлiся атрады рускiх войскаў з гарматамi. У горадзе хадзiлi радасныя чуткi пра тое, што Нарбут разбiў маскалёў, у касцёлах служылася «Te Deum» [29].

З Вiльнi сталi пасылаць роту за ротай для падмацавання войскаў на поўначы Лiдчыны. На дапамогу Вiмбергу з Вiльнi на вазах прывезлi роту пяхоты лейб-гвардыi, а па чыгунцы ў Алькенiкi прыбыла рота Фiнляндскага палка пяхоты.

Вiмберг са сваiмi войскамi вярнуўся ў Вiльню шукаць атрад Нарбута, замест яго з Вiльнi прыбыў палкоўнiк Епiфанаў з ротай пяхоты Паўлаўскага гвардзейскага палка i казакамi. Паўстанцы, не ўступаючы ў бой, адступiлi ў Дубiцкую пушчу, i рускiя войскi не змаглi iх знайсцi. У «Вiленскiм веснiку» № 30 ад 7(21).03.1863 г. была абвешчаная iнфармацыя наступнага зместу: « Камандзiр 42 данскога палка палкоўнiк Епiфанаў, высланы знiшчыць рэшткi банды Нарбута, разбiтай палкоўнiкам Вiмбергам пад Рудняй, прайшоў на працягу 10 дзён у розных напрамках вялiкую частку Лiдскага i Троцкага паветаў, але нiдзе не знайшоў паўстанцаў. Як вынiкае з гэтай iнфармацыi, банда Нарбута канчаткова рассыпалася, а ён сам i кс. Гарбачэўскi збеглi ў Царства Польскае».

Тым часам iнсургенты даведалiся, што партыя рэкрутаў павiнна прайсцi праз Шчучын на Гродна, i пакiнулi дубiцкi лагер, каб стаць у засаду каля Берштаў. Аднак iнфармацыя пра рэкрутаў была памылковая, таму атрад спынiўся ў новым лагеры ў раёне Зубрава - Дубiчаны, тут камандзiр iзноў заняўся баявой падрыхтоўкай.

Падзеi ў Гродне

Увечары 14 сакавiка начальнiк чыгуначнай станцыi Гродна капiтан рэзерву расiйскага войска Лявон Кульчыцкi разам з некалькiмi дзясяткамi добраахвотнiкаў захапiў гатовы да ад'езду цягнiк каб даехаць да Парэчча i злучыцца з атрадам Нарбута. У Парэччы iх ужо чакаў Баляслаў Нарбут. «Вiленскi Веснiк» № 25, 09(22).03.1863: «У суботу… у 10 гадзiн вечара, начальнiк станцыi чыгункi ў Гродне Кульчiцкi, сабраўшы зламысную банду, спрабаваў выклiкаць беспарадкi на станцыi i з'ехаць з горада на падрыхтаваным цягнiку… Аднак размешчаная на станцыi рота не дапусцiла гэтага. Начальнiк станцыi i 8 чалавек здолелi з'ехаць на лакаматыве. Кульчыцкi i яго таварышы, не даехаўшы да станцыi Парэчча, кiнулi лакаматыў на дарозе i сышлi ў лес. Машынiст i качагар не пагадзiлiся iх везцi i збеглi».

З рапарта флiгель-ад'ютанта палкоўнiка графа Бобрынскага да камандуючага войскамi бачна, што 15 сакавiка, каля 10 гадзiн вечара, патруль, пасланы з Гродзенскай станцыi чыгункi ў напрамку моста праз Нёман, паведамiў, што каля дзяжурнага лакаматыва знаходзяцца невядомыя людзi. Незвычайнае ў начны час перасоўванне людзей i паравоза зацiкавiлi камандзiра роты, i ён, пакiнуўшы варту каля тэлеграфа, са сваiмi салдатамi рушыў да паравоза. Салдаты былi сустрэтыя стрэламi iнсургентаў (каля 100 чалавек). Машынiст паравоза Вiнтар i качагар адчапiлi паравоз ад падрыхтаваных для ад'езду вагонаў, таму калi Кульчыцкi сам пусцiў паравоз, дык з'ехалi толькi з 8 паўстанцаў, якiя былi на паравозе. Астатнiя былi акружаныя расiйскiмi войскамi, 2 чалавекі ўзяты ў палон, астатнiя схаваліся ў горадзе, расейцы «захапiлi 16 ружжаў, косы, шаблi, 1 пуд 30 фунтаў пораху». Потым у горадзе былi арыштаваныя яшчэ 46 iнсургентаў [30].

Аналагiчны выпадак адбыўся i з выправай вiленскай моладзi: 21 сакавiка 60 паўстанцаў былi атакаваныя атрадам (рота пяхоты i сотня казакоў) палкоўнiка Алхазава каля вёскi Мiцкiшкi Троцкага павета. У вынiку няроўнага бою 17 паўстанцаў былі забiтыя, частка трапiлі ў палон i толькi меншая частка, на чале з мастаком Мiхалам Эльвiрам Андрыёлi, здолелі вырвацца i дайсцi да Нарбута [31].

У палове сакавiка Нарбут выслаў частку свайго атрада ў раён Забалаць - Нача - Волдацiшкi для папаўнення добраахвотнiкамi. Тут, на загад камандзiра, за здраду быў павешаны пiсар з Забалацi. 21 сакавiка ў Сурконтах да атрада далучыліся 10 сялян, а Нявера з Пелясы прывёў 11 добраахвотнiкаў у Волдацiшкi, маёнтак Геншаля. Стэфан Вiльбiк [32] як вандруючы музыка, са скрыпкай у руках, абышоў увесь раён Нача - Эйшышки - Радунь, усюды вербаваў байцоў i накiроўваў iх у атрад да Нарбута. Пра з'яўленне iнсургентаў 27 (14) сакавiка ў Вiльню паведамiў i лiдскi ваенны начальнiк: «Па атрыманых мною звестках, у… павеце, у Радунскiм прыходзе, якi мяжуе з лясамi Гарадзенскага павета, блукаюць групы мяцежнiкаў… у ваколiцу Сурканты… мяцежнiкi ў значнай колькасцi, узброеныя пiсталетамi i двухстволкамi, прыйшлi ў суботу 9 сакавiка каля поўдня… увялi 10 чалавек, праходзiлi таксама праз Пелясу Барцянскую ў ½ вярсты ад Суркантаў, дзе былы дзясятнiк Нявера… угаварыў на мяцеж 10 чалавек казённых сялян, абяцаў прывесцi iх у вёску Волдацiшкi абшарнiка Геншаля, дзе мяцежнiкi збiралiся начаваць, (але) быў прагнаны абшарнiкам Геншалям.

…гонар маю дадаць, што для пераследу… фармаванай… абшарнiкам Нарбутам i ксяндзом Гарбачэўскiм мяцежнай хеўры, якая павялiчылася на даволi значную колькасць людзей, я свае часткi камандзiраваць не рашаюся, бо… неабходна мець варту ў астрозе, у казначэйстве, пры парахавым склепе i ў iншых месцах - для гэта неабходны дзве роты, а калi адкамандзiраваць адну роту, дык астатняе войска… будзе слабой абаронай горада, не магчыма будзе мець начныя патрулi… i таму для пераследу мяцежнiкаў я маю гонар прасiць распараджэння Вашага Высакаправасхадзiцельства.

За ваеннага начальнiка Маёр /подпiс/».

Рэзалюцыя генерал-губернатара на рапарце:

«Адначасова паслаць з Вiльнi i Гродна два атрады, у кожным па адной роце пяхоты i па 50 казакоў. Даручыць камандаванне падпалкоўнiку Епiфанаву…» [33].

З даклада добра відаць працу паўстанцаў па дэзынфармацыi супрацiўнiка, Геншаль якраз i быў «цывiльным начальнiкам Лiдскага павета».

Бой памiж маёнткамi Дубiчы i Глыбокае

Вось як апiсваў выправу з Вiльнi на Лiдчыну афiцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў: «Збор рот у экспедыцыю не абцяжарыў адпраўлення, таму што быў самым кароткiм; людзi не бралi з сабой ранцаў, a замест iх мяшкi з сухарамi, хлебам i самымi неабходнымi рэчамi, на арцельныя вазы паклалi катлы, крупу i розныя запасы. Афiцэры таксама не дазвалялi сабе запасацца нiчым лiшнiм: лямец з скураной падушкай, лiшняя пара ботаў… былi iх адзiным камфортам. Праз тры гадзiны атрад выступiў з кашараў, a ў 7 гадзiн ужо ехаў па чыгунцы. Перад адпраўкай цягнiка капiтан Цiмафееў распарадзiўся спыняць цягнiк па яго камандзе, a на лакаматыў загадаў паставiць 5 выдатных стралкоў з зараджанымi стрэльбамi» [34].

Нарбут не планаваў новых сутыкненняў, бо думаў, што на Вялiкдзень, які ў той год святкаваўся ў адзін дзень (12 красавiка - каталiцкi i 30 сакавiка (па старым стылі) - праваслаўны) улады не будуць пачынаць баявых дзеянняў. 7 красавiка атрад паўстанцаў знаходзiўся ў маёнтку Рачкоўшчына, адтуль пайшоў да Шчучына, дзе нейкi час стаяў лагерам, а далей праз Новы Двор перайшоў да Глыбокага, побач з Гарадзенскай пушчай.

Ужо 10 красавiка капiтан Цiмафееў на чале дзвюх рот Паўлаўскага лейб-гвардзейска га палка i паўсотнi казакоў выйшаў з Лiды да Берштаў для пошуку Нарбута, 13 красавi ка з той жа мэтай з Гродна высунуўся палкоўнiк Вернер на чале трох рот Калужскага палка пяхоты, эскадрона Курляндскага палка ўланаў i сотнi казакоў. Нарбут, да знаўшыся пра гэтыя перасоўваннi расiйскiх войскаў, разбурыў мост на рацэ Котры каля Берштаў i праз Пiлоўню (Пiлоўня - засценак на рацэ Нявiша, 10 км ад Новага Двара) накiраваўся да лагера ў Гарадзенскай пушчы.

Капiтан Цiмафееў 11 красавiка прыбыў у Бершты, тут рускiмi войскамi быў павешаны солтыс i пiсарчук. Дапытваючы сялян, Цiмафееў даведаўся, куды пайшоў Нарбут [35]: «…неўзабаве была атрымана iнфармацыя, што каля вёскi Бершты мяцежнiкi разабралi мост на рацэ Котра. Даведаўшыся пра гэта, начальнiк атрада загадаў ротам паскорыць крок i разабраць хлеб на рукi з пакiнутых фурманак, на падводы пасадзiць людзей з шанцавымi прыладамi для папраўкi моста, сам жа з 35 казакамi накiраваўся рыссю ў Бершты… мост… быў разбураны; палi моста засталiся ў цэласцi, бэлькi былi надсечаныя, a насцiл скiнуты i ўнесены плынню». Казакi перайшлi раку бродам, а салдаты па бэльках моста i рускi атрад фарсiраваным маршам пайшоў на Пiлоўню. «З роспытаў сялян… нiчога нельга было дамагчыся; ад iх увесь час мы атрымлiвалi аднастайны адказ: "далi Буг, нiцма не ведаю". Аднак казакi даведалiся, што ў фальварку Глыбокае Нарбут з ксяндзом Гарбачэўскiм прыводзiлi да прысягi навербаваных сялян, акрамя таго, даведалiся, што хеўра рушыла лясамi ў в. Дубiчы». Iдучы следам, Цiмафееў дагнаў атрад Нарбута i пачаў пошукi iнсургентаў: спачатку войскi агледзелi паўночную частку лесу, якая знаходзiлася памiж Дубамi i Глыбокiм, i не сустрэлi ў гэтай частцы лесу нiкога, але салдаты дашлi да фальварка Дубiчы абшарнiка Янкоўскага, «пры аглядзе якога знойдзена ў свiранах велiчэзная колькасць харчоў для разгавення, бо гэта было напярэдаднi Вялiкадня. Яўрэi шапталi, што гэта прыгатавана для мяцежнiкаў. Мiтусня, якая зрабiлася ў фальварку пры з'яўленнi войскаў, прымушала мiмаволi меркаваць, што паўстанцы толькi што яго пакiнулi». Далей «капiтан Цiмафееў вырашыўся агледзець паўднёвую частку лесу ў… баявым парадку. Толькi наш ланцуг стаў падыходзiць да ўзлеску, як быў сустрэты залпам; падпусцiўшы нас на 30 крокаў, мяцежнiкi далi яшчэ залп, якi перайшоў у беглы агонь. Мяцежнiкi стралялi, затуляючыся пасекамi, складзенымi з напалову надсечаных дрэў. Яны так майстэрскi карысталiся гэтым, што iх практычна не было бачна, i нашым салдатам даводзiлася страляць на дымок». Пачаўся няроўны бой, атрад паўстанцаў меў не больш за 150 чалавек супраць 500 салдат, прычым занятая пазiцыя ўсё ж не была зручнай для абароны. Пасля перастрэлкi паўстанцы хутка адступiлi ўглыб лесу. «Пераслед… быў спынены з прычыны густога лесу, з прычыны цемры i моцнай стомы людзей. У нас былi забiтыя: радавы Панькоў i Матвееў: paнены унтэр-афiцэры: Любiмаў, Лiтвiнаў, i радавыя: Малацiлаў i Залыгiн» [36]. Рускi атрад, якi стамiўся ад 50-кiламетровага маршу i бою, заначаваў у суседнiм Новым Двары.

Сам Людвiг Нарбут так апiсаў гэты бой у рапарце да Народнага Жонда:

«Рапарт ваеннага начальнiка

Лiдскага павета ад 16.IV.

Выконваючы марш з маiм атрадам у паўднёвай частцы Лiдскага павета, быў атакаваны маскалямi ў лесе Даўнiна, памiж маёнткамi Глыбокае i Дубiчы. 10 красавiка стаў на пазiцыю i паслаў кавалерыйскую частку да Берштаў знiшчыць мост на рацэ Котра, каб перапынiць камунiкацыю ад чыгуначнай станцыi Парэчча, пра што маскалям адразу стала вядома. Ранiцай 11 красавiка з'явiўся вораг у колькасцi 5 рот пяхоты i казацкай сотнi.

Высланая выведка паведамiла пра наблiжэнне рускiх войскаў. Хоць мясцовасць мне не спрыяла, i я не меў дакладнай iнфармацыi пра сiлу ворага, вырашыў прыняць бой. Бог блаславiў нашу зброю. Вораг, маючы больш жывой сiлы і лепшую зброю, пачаў нацiскаць. Я, зразумеўшы, што магу быць атачоны, загадаў адыходзiць, адыход быў праведзены вельмi ўдала, бо прыйшлося адыходзiць на вачах у ворага на працягу 6 вёрстаў адкрытым полем. Страцiлi ў баі 1 забiтага i 5 параненых, вораг страцiў 15 забiтых i 13 параненых, памiж iмi паранены адзiн ад'ютант i палкоўнiк.

Ваенны начальнiк Лiдскага павета

Нарбут» [37].


Пасля гэтага бою лiдскi ваенны начальнiк палкоўнiк Амсараў так апiсаў тактыку паўстанцаў: «Хеўра гэтая добра арганiзаваная i ўзброеная, падчас дзеянняў яны высылаюць ланцугi i з дасканаласцю карыстаюцца мясцовасцю, нават уладкоўваюць пасекi для ўласнай абароны. Не маючы абозу, лёгка апранутыя, знаёмыя з мясцовасцю, яны займаюць у лесе цяжкадаступныя пазiцыi. Пры наблiжэннi войскаў хоць не i выказваюць вялiкага супрацiву, але, сустракаючы войскi, яны… хутка адыходзяць у гушчар i зноў займаюць iншую пазiцыю, пры гэтым… нашы войскі, не маючы магчымасцi нагнаць iх у густым лесе, могуць несцi бескарысныя страты…». Амсараў прапанаваў пазбавiць паўстанцаў магчымасцi пераходзiць з аднаго лесу ў другi i для гэтага накiроўваць супраць iх адначасова некалькi атрадаў урадавых войскаў [38].

На наступны дзень рускiя войскi займалiся эвакуацыяй параненых у шпiталi Вiльнi i пахаваннем забiтых. Забiтыя былi пахаваныя з вялiкай пашанай, у трунах, абабiтых атласам. Таксама назаўтра, пасля бою, салдаты абшукалi маёнтак Глыбокае Валенты Мiкулiцкага, пры гэтым яны разрабавалi яго гаспадарку на 13 000 зл. Быў арыштаваны Стэфан Янкоўскi з Дубiчаў: «…ранiцай казакi атрада ўбачылi каляску, з якой пры iх наблiжэннi выйшаў спадар i распарадзiўся, каб каляска працягвала ехаць далей. Сам жа ён пайшоў на сустрэчу казакам i прасiў iх накiравацца ў блiзкi лес, дзе, ён як быццам, толькi што бачыў, як некалькi чалавек адлучылiся ад хеўры мяцежнiкаў. Казакi не паддалiся на зман i, не давяраючы словам спадара, затрымалi яго, а потым дагналi каляску, у якой знайшлi больш за пуд пораху i зброю» [39]. Мiкулiцкага i Янкоўскага аддалi пад суд i саслалi ў Сiбiр.

Нарбут выкарыстоўваў наступны пасля бою дзень для адыходу: у Якубавiчах паўстанцы раскiдалi за сабой мост i далей праз Зубрава i Ганелькi атрад адышоў да Нацкай пушчы, да свайго старога лагера памiж Дубiчамi i Грыбашамi, на так званай гары Сенiца. Паводле неапублiкаваных запiсак Вандалiна Шукевiча, менавiта тады насельнiцтва вёскi Зубрава дапамагло Нарбуту арганiзаваць удалую засаду, за што вёску спалiлi, а жыхароў выслалi ў Сiбiр.

Генерал-губернатар Назімаў у першы дзень Вялiкадня заявiў, што ўсё скончана - на Лiтве адноўлены парадак, бо застаўся толькi адзiн Нарбут [40].

Бiтва пад Кавалькамi

Кавалькi - вёска над ракой Нача.

Адразу пасля Вялiкадня рускiя зноў выступiлi на пошукi Нарбута наступнымi сiламi: Капiтан Цiмафееў iшоў з Новага Двара на Сабакiнцы на чале дзвюх рот Паўлаўскага палка пяхоты i ўзвода 42-га казачага палка, разам 550 чалавек.

Палкоўнiк Вернер загадзя выступiў з Гродна на Новы Двор на чале трох рот Калужскага палка пяхоты, эскадрона Курляндскага палка ўланаў, узвода казакоў, разам 850 чалавек.

Палкоўнiк Алхазаў, чарговы ваенны начальнiк Лiдскага павета, сабраў у Лiдзе атрад з роты Фiнляндскага палка пяхоты i эскадрона казакоў лейб-гвардыi, разам каля 300 чалавек, i рыхтаваўся выступiць з iмi на Дубiчы для сумесных дзеянняў з атрадам Цiмафеева.

З поўначы, з боку адзiнай у той час у нашых краях чыгункi, з Алькенiк, выйшаў лятучы атрад капiтана Кавера ў складзе роты Неўскага палка пяхоты, полуэскадрона Курляндскага палка ўланаў i паўузвода казакоў, разам 300 чалавек. Ён павiнен быў не дазволiць Нарбуту адступiць з Руднiцкай пушчы на поўнач [41].


Палкоўнiк Вернер праз Новы Двор прыбыў у Бершты i тут даведаўся, што паўстанцы стаяць лагерам каля вёскi Шумы. Далей, 17 красавiка ён праз Зубрава рушыў дзвюма калонамi, а менавiта: 1-я калона - дзве роты пяхоты, рушылi праз вёску Мастэйкi i чыгуначную станцыю Марцiнканцы, 2-я калона - уся iншая частка атрада, праз вёску Даржэлi да чыгуначнай станцыi Марцiнканцы. Злучыўшыся, атрад пайшоў да вёскi Шумы.

Пяхота Алхазава 18 красавiка ўвайшла ў Дубiчы, а яго кавалерыя ў Начу i Салтанiшкi. У гэты ж дзень пяхота Вернера заняла Рудню, а кавалерыя - Грыбашы. У 19.00 адбылося сутыкненне расiйскага патруля з выведкай паўстанцаў каля вёскi Дручмiны. З ранiцы 20 красавiка расейцы апытвалi мясцовае насельнiцтва, каб даведацца, дзе знаходзяцца галоўныя сiлы iнсургентаў, але «нi пагрозы, нi пераконванне на iх не падзейнiчалi» [42]. У гэты момант Нарбут меў у атрадзе ад 200 да 300 байцоў. Зразумеўшы, што бою не пазбегнуць, ён адышоў у яшчэ больш лясiстую i багнiстую частку пушчы - да вёскi Кавалькi. Гэтае месца не было iдэальным для бою, бо з тылу iшлi велiзарныя балоты, а на правым флагу было возера Думбла, i, адпаведна, не было манеўру для адступлення. Тут паўстанцы размясцiлiся ў гатоўнасцi да бою: 3 узводы стральцоў размясцiлiся паўкругам, камандзiр з карабiнерамi размясцiўся пасярэдзiне, а касiнеры занялi пазiцыю ззаду ўсiх. У такiм стане атрад правёў ноч з 18 на 19 красавiка, байцы спалi са зброяй, гатовыя ў любы момант да бою. Ранiцай на выведку з патрулём быў высланы Пiлецкi.

Вернер, разумеючы, што мясцовае насельнiцтва сочыць за iм, пакiнуўшы толькi некалькi казакоў для падтрымання гарэння вогнiшчаў на стаянцы, увечары рушыў у бок Начы. З Начы 20 красавiка ён адправiў кавалерыю праз Салтанiшкi на Дубiчы з мэтай абысцi пазiцыi Нарбута i не даць яму магчымасці адступiць, а сам з пяхотай пай шоў праз на вёску Буды. У Будах былi выяўленыя сляды атрада паўстанцаў, вядучыя да балота каля возера Думбла. Схоплены ляснiк з вёскi Буды па прозвiшчы Нядзведзкi не вытрымаў катавання i пагадзiўся правесцi войскi да лагера Нарбута.

У 15.30 Вернер выслаў пяхотны ўзвод да вёскi Паддуб'е i роту да вёскi Кавалькi. Селянiн Мацкевiч распавёў рускаму афiцэру пра тое, што яго сусед, ляснiк Барталамей Кандрат з Паддуб'я, дапамагае Нарбуту як выведнiк i кур'ер. Ляснiк быў арыштаваны, а вёска Паддуб'е разрабаваная. Далей войскi рушылi да Кавалькаў, дзе i былi абстраляныя патрулём Пiлецкага. Руская рота тры разы хадзiла ў штыкавы бой, але была тры разы адбiтая. Даведаўшыся пра гэта, Вернер адправiў да Кавалькаў падпалкоўнiка Манцейфеля з ротай пяхоты на дапамогу, па дарозе падпалкоўнiк павiнен быў аб'яднацца з кавалерыяй. Сам Вернер з iншай пяхотнай ротай рушыў на гук стрэлаў i праз 2 кiламетры па трапiў пад абстрэл паўстанцаў. Скаардынаваўшы свае дзеяннi, войскi пачалi наступаць па ўсёй лiнii абароны Нарбута. Але наступаць у такой у багнiстай мясцовасцi было складана, салдаты правальвалiся ў багну, i паўстанцы стрымлiвалi нацiск. Да канца бою з боку Дубiчаў падышоў атрад падпалкоўнiка Манцейфеля i таксама адразу ўступiў у бой.

Пад нацiскам усiх сiл непрыяцеля паўстанцы пачалi адыходзiць, выкарыстоўваючы пры гэтым сваю перавагу ў веданнi мясцовасцi. Адарваўшыся ад войскаў, у Дубiцкай пушчы Нарбут падзялiў атрад на часткi i, паведамiўшы кожнаму камандзiру пра месца збору ў Гарадзенскай пушчы, загадаў адыходзiць паасобна. З прычыны наступiўшай цемры i стомленасцi царскiя войскi не змаглi пераследаваць iнсургентаў па багнiстай мясцовасцi i таму заначавалi ў Дубiчах. «За выключэннем некалькiх стрэльбаў i кiнутых катлоў на вазах, iншых трафеяў не было», - пiсалася ў афiцыйным паведамленнi. Паўстанцы страцiлi 7 чалавек забiтымi i 5 параненымi [43].

А вось як бой пад Кавалькамi апiсаў яго ўдзельнiк Мiхал Эльвiра Андрыёлi: «Акружаныя i зацiснутыя маскалямi, якiя мелi за справу гонару разбiццё аднаго аддзела, якi меў славу на Лiтве, цэлую ноч адступалi без дарог, змучаныя, галодныя, замёрзлыя. Ксёндз Гарбачэўскi, Краiнскi, Нарбут i праваднiк са свечкаю ў руках шукаюць дарогi па пушчы. Мы парамi, хiстаючыся ад стомы i сплючы на маршы, чапляючыся за калоды i вываратнi, сунемся следам за агеньчыкам. Бываюць хвiлiны, што нашы праваднiкi губляюцца ў вялiзарнай пушчы, кажуць аддзелам спынiцца, а самi разыходзяцца шукаць слядоў дарогi: тады адны стоячы, другiя прысеўшы, iншыя абапёршыся зноў засынаюць чуткiм сном. Зноў каманда: "Марш" - i цягнецца сонная, змучаная дружына.

Пад ранiцу, пераканаўшыся, што кружым вакол, кiдаем асцярожнасць i, галодныя, спыняемся недалёка ад хаты леснiка ва ўрочышчы Лакштунцы. Пра выбар пазiцыi няма гаворкi. Бо мы думаем, што маскалi, збiтыя нашым начным бадзяннем, пакiнуць нас у спакоi. Затрымалiся ў сярэдзiне вялiзнага лесу, маючы за сабой балота, а перад вача мi невялiкую прасеку, цераз якую вiлася сцежка да леснiка. Сонца пачынае прыпякаць, пад адзiнаццаць ранiцы становiцца горача. Кожны размясцiўся як мог, захоўваючы, аднак, баявую лiнiю, павернутую фронтам да прасекi. Адны спяць, другiя ядуць, iншыя выграваюцца на сонцы, некаторыя чытаюць кнiжкi альбо лiсты.

Каля другой пазiцыi ад паўдня зменены пiкеты, цiшыня ў лагеры нечуваная, чуцён пiск мух i камароў. Нарбут на хвiлiну адышоў за зараснiк, звыклая пiльнасць на гэты раз аслабла, цяпло i стома апанавалi ўсiмi.

Раптам стрэл здалёку, а за iм два iншыя, "за зброю, за зброю!". Нарбут ужо памiж намi. Забурлiла, як у катле, падхоплiваюцца задрамаўшыя… пытаннi, неспакой, замяшанне. Толькi начальнiк спакойны, гаворыць пасунуцца наперад на 300 крокаў i заняць баявую лiнiю па трое ўздоўж краю лесу i прасекi.

Пераканалiся тады, што можа халодная адвага аднаго чалавека. Усе, хвiлiну назад трывожныя, неспакойныя, гатовыя ўцякаць, зараз прытомныя, зручна пазаймалi прызначанае сабе месца. Касiнеры з афiцэрам у баявой калоне залеглi праз 200 крокаў за стралкамi. Тыя ж, хаваючыся за пнямi i ў кустах, галавой наперад з руляй перад сабой i пальцам на пуску, чакалi каманды да стральбы, а здалёку ўжо гралi маскоўскiя трубы баявы сiгнал: "Рассыпались молодцы! За камни, за кусты, по два в ряд!". Знаёмы той сiгнал дагэтуль гучыць у вушах. У лесе, дзе кожны куст, кожнае дрэва хавае засаду, дзе нiколi нельга палiчыць непрыяцеля, дзе кожнаму здаецца, што толькi ён i некалькi блiжэйшых яшчэ бароняцца, а рэшта ўжо ўцякла, дзе рэха сто разоў паўтарае стрэлы i рык маскалёў, а небяспека, здаецца, атачае з усiх бакоў - вайсковая труба робiць немалое ўражанне. "Пане Пiлецкi, - гукае Нарбут, - вазьмi 10 чалавек i марш на рэкагнасцыроўку, - а праз хвiлiну: - Калi ласка, не рызыкуй". Пiлецкi, былы студэнт Пецярбургскага ўнiверсiтэта, смелы, талковы, разважлiвы, а прытым ветлiвы i далiкатны хлопец, быў улюбёнцам усяго аддзела. Яму то Нарбут давяраў найрызыкоўнейшыя справы, пэўны ў тым, што з iх смела i разважлiва выйдзе.

Пасля адыходу Пiлецкага наступiла цiша, якой нават маскоўская труба не прарывала. Толькi сэрцы бiлiся хутчэй. Нарбут перабягае ўздоўж усёй лiнii з шашкай у адной i шапкай у другой руцэ, спыняецца, слухае i зноў выглядае, цi ўсе на месцы.

Страшную цiшу неспадзявана разрываюць выбухi некалькiх стрэлаў, загралi трубы i даляцела: "ура-ўра", якое лес падхапiў i на тысячу таноў паўтарыў. Зашамацелi кусты i з стрэльбамi, якiя яшчэ дымiлiся, выскачылi нашы рэкагнасцыроўшыкi. Твары белыя, дыханне прыспешанае: "Пане начальнiк! Iдуць шасцёркамi, лiнiя вялiзарная, займаюць крылы!" - "Добра! На месца! Цiха… нiякiх галасоў! Хто крыкне - расстраляю! Страляць прыцэльна! Чакаць, пакуль не загадаю! Каб мне нiхто не пiскнуў!" А ад стрэлаў маскоўскiх здавалася, што ломiць лес, кулi капаюць зямлю. Ужо сям-там чуваць: "Езус, Марыя! Правядзiце мяне на воз!" Але загадана не страляць. I кожны сэрцам, што гучна б'ецца, з стрэльбай наперад чакае, пакуль яму пакажацца маскаль.

Гулка грымiць лес. Стрэлы i крыкi ў 100 раз гусцейшыя i блiжэйшыя, ломяцца галiны, чуваць марш цяжкай масы. Праз хвiлiну ўбачым маскоўцаў, а перад намi прасека, цiхая аблiтая сонцам.

Замiгалi шэрыя шынялi, блiснула зброя i белыя акруглыя аблочкi на фоне лесу. Маскалi займаюць супрацьлеглы край прасекi. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, нягледзячы на загады афiцэраў, не рухаюцца. Вiдаць, iх непакоiць цiш з нашага боку. Нарэшце з трэскам i стрэламi рухаюцца шасцёркамi. Была то хвiлiна збавення, сэрцы бiлiся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў - i вытнуць у штыкi, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: "Агонь, хлопцы, усёй лiнiяй!" I ад канца да канца праляцеў выбух больш сотнi стрэлаў, а потым цiша i дым.

Не граюць трубы, маўчыць "ура!".

- Добра, добра, спраўна, набiць зброю, востра, хлопцы! - гукае расчырванелы Нарбут, абабягаючы ўсю лiнiю.

Зноўку граюць трубы i чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы i "Ура, вперёд, ребята!". Ломяцца кусты. Прымушаныя гнаныя сiлай паслушэнства, кiдаюцца маскалi галавою ўнiз з штыкамi наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвiлiна - i ўсе кiнемся наўцёкi. Але на выгук "Агонь, прыцэльна!" запаляюцца 150 стрэльбаў на нашай лiнii. Воблака дыму закрывае ўсё, уцiхае трэск, чуваць толькi енкi раненых i канаючых з абодвух бакоў.

Але не доўга трывае цiшыня, падходзiць падмога. Зноў заенчыў лес, стрэлы, крыкi, панiка… Даём агню некалькi разоў, яшчэ трымаемся. Раптам пабегла левае крыло, зламанае нацiскам маскалёў, стараемся ўтрымацца, але ўжо позна. Кiдаемся направа, за малое балотца, дзе ўсё фармуецца вакол начальнiка… Агонь аддаляецца, чуваць толькi адзiночныя стрэлы, галасы цiхнуць, лес замаўкае, цiша, але як адрознiваецца ад ранейшай. Бiтва скончылася. Пунцовае сонца села за лесам. Здалёк даходзiць да нас глухi шум размоў, водгалас трубы i ад часу да часу далёкi стрэл. Ноч…» [44].

Карбоўскi дае iнфармацыю пра гiбель у гэтай бiтве 7 iнсургентаў, у тым лiку крэўнага Людвiка Нарбута - Войцэха Нарбута, былога капiтана расiйскай армii, i Уладзiслава Навiцкага, жыхара Мiхайлаўкi [45]. Палкоўнiк Вернер у рапарце пры гэтую сутычку пiша пра ўдзел у ёй уз'яднаных сiл двух атрадаў Нарбута i Навiцкага, прычым называе Навiцкага камандзiрам над уз'яднанымi сiламi i дакладвае пра яго гiбель у гэтай бiтве [46]. Навiцкi i яго атрад - да гэтага часу загадка ў справе гiсторыi паўстання на Лiдчыне. Пра гэты атрад няма нiякай iнфармацыi ад абодвух бакоў тых падзей, пры тым, што аддзел Навiцкага ўдзельнiчаў у вялiкай сутычцы з царскiмi войскамi на полi памiж вёскамi Малое Ольжава i Мохавiчы: тут паўстанцы панеслi вялiкiя страты i адступiлi праз балоты ў бок Нёмана.


20 красавiка аддзелы Алхазава i Цiмафеева, якiя таксама дзейнiчалi супраць Нарбута, злучылiся i, даведаўшыся пра бiтву пад Кавалькамi, рушылi на Рудню i Шумы, каб не даць паўстанцам адысцi да Гарадзенскай пушчы. Каля Каняваў былi выяўленыя сляды адной з груп атрада Нарбута (камандзiр - Чудоўскi), войскi iшлi за гэтай групай да вёскi Станюнцы. Тут 21 красавiка паўстанцы былi атакаваныя, забiтыя 12 iнсургентаў, астатнiя рассыпалiся на дробныя групкi, у палон патрапiлi Канапацкi (хутка памёр ад ран), Франскевiч i Цымерман (вучань Вiленскай гiмназii).

23 красавiка Вернер прайшоў участак ад Руднi ды Марцiнканцаў, але паўстанцаў не знайшоў. Нарбут з малым атрадам прабiраўся лясамi да Гарадзенскай пушчы i байцы ўсiмi магчымымi спосабамi хавалi свае сляды. У пушчы, недалёка ад Зубрава, група Нарбута каля тыдня адпачывала.

Пасля бiтвы пад Кавалькамi iмя Нарбута праславiлася на ўсю Лiтву: з годнасцю вытрымаў ён сутыкненне са значна пераўзыходзячым яго па колькасцi супернiкам. Народным Жондам Нарбуту было прысвоенае званне палкоўнiка, у дэкрэце аб пры сваен нi зван ня было напiсана: «Маючы на ўвазе вiдавочныя заслугi перад справай неза лежнасцi… ваеннага начальнiка Лiдскага павета афiцэра Людвiка Нарбута… намiнаваць палкоўнiкам паўстанцкага войска… з прымацаваннем да сiл Вiленскага ваяводства» [47].

Расейскi афiцэр пiсаў: «Але Нарбут не быў яшчэ забiты i дзякуючы энергii гэтага чалавека, ужо да 20 красавiка (на пачатку мая па новым стылі. - Л. Л.) ён з'явiўся на чале адборнай i выдатна ўзброенай хеўры» [48].

Параза пад Дубiчамi

Пошукамi Нарбута акрамя сталага Лiдскага гарнiзона займалася значная частка дывiзii лейб-гвардыi генерала Вельямiнава: (Паўлаўскi полк пяхоты, эскадрон Курляндскага палка ўланаў, эскадрон драгунаў лейб-гвардыi, сотня казакоў, дзве батарэi палявой артылерыi (8 гармат), палова батарэi лёгкай коннай артылерыi (дзве гарматы), у цэлым каля 3000 чалавек. 1 мая войскi маршам iшлi ад Эйшышак на Дубiчы. Спынiўшыся каля леснiчоўкi недалёка ад Дубiчаў, вайскоўцы дапыталi леснiка Адама Карпавiча - сталага сувязнога Нарбута. Яго доўга збiвалi, адначасова абяцаючы добрую ўзнагароду, i прымусiлi паказаць месца стаянкi iнсургентаў у раёне Станюнцаў. Пасля начлегу ў Дубiчах войскi па гасцiнцы праз Начу дэманстратыўна рушылi на поўнач, тым часам меншая частка пад камандаваннем капiтана Цiмафеева (тры стралковыя роты, узвод казакоў 42-га данскога палка - каля 700 чалавек) засталiся каля Дубiчаў у засадзе.

1 мая Людвiк напiсаў апошнi лiст да жонкi:

«Мая найдаражэйшая.

Дзякуй табе стакротна за тое, што памятаеш пра мяне, лiст, напiсаны тваёй каханай ручкай, праз Тосю дайшоў да мяне i напоўнiў вялiкай радасцю маё спрагненае сэрца весткай пра Маю Найдаражэйшую котачку. Ужо пачаў сумнявацца, цi кахаеш мяне, але сёння Тося ўпэўнiла мяне, што памятаеш пра мяне i кахаеш яшчэ больш, чым раней. Гэта для мяне вялiкае шчасце i гэта дае моцы i далей несцi пакуты за край i за цябе, мой анёл. Бясконца рады, што тваё здароўе, мой малыш, палепшылася, я так-сама на сваё не магу наракаць… Цалую i абнiмаю цябе, маю Наймiлейшую i Найдаражэйшую, мiльён разоў. Думаю пра цябе i ў думках размаўляю з табой. Бог ласкавы, Матка яго Святая, што баронiць Нашу Лiтву, можа дазволiць нам дачакацца той шчаслiвай хвiлiны, калi мы зноў сустрэнемся i будзем кахаць адно аднаго i дзякаваць Найвышэйшаму тварцу за дабрыню яго да нас. Сумна мне, што мушу скончыць свой лiст, бо i хвiлiна ў мяне на ўлiку. Цябе кахаючы, заўжды моцна i шчыра, прывязаны да сваёй Дарагой.

Людвiк».

Развiтваючыся з сястрой Тосяй, Людвiк сказаў ёй: «…вяртайся той жа дарагой.Мы пяройдзем блiжэй да Дубiчаў, там да нас прывязуць хлеб. Потым, можа, пойдзем пад Гародню. З-пад Дубiчаў будзе мала што чуваць пра нас, перадай вось гэтыя кветкi бацьку i жонцы». Людвiк правёў сястру да краю лесу i развiтаўся, потым сеў пад дрэва i нейкi час сядзеў задуменны i сумны…

2 мая Нарбут, пакiнуўшы падпаленыя вогнiшчы, сышоў са стаянкi каля Станюнцаў. Атрад пераправiўся праз Котру i перамясцiўся на 10 кiламетраў на поўдзень. Паўднёвей возера Пеляса, памiж Дубiчамi i Раманавым, атрад спынiўся. Тут уначы з 2 на 3 мая Нарбут атрымаў важныя загады ад Народнага Жонда, у тым лiку манiфест Жонда Лiтвы ад 30 сакавiка, якi заклiкаў народы Лiтвы i Беларусi да паўстання 3 мая. Атрымаў палкоўнiк i наступны дакумент: «Народны Жонд намiнуе грамадзянiна Людвiка Нарбута вярхоўным камандуючым узброеных сiл Вялiкага Княства Лiтоўскага ўсюды, дзе такiя будуць з iм у кантакце…».

Адзiн з бiёграфаў Нарбута пiсаў, што з самага моманту атрымання загаду Народнага Жонда пра ўсеагульнае паўстанне Людвiк страцiў свой звычайны спакой i запаў у нейкую цяжкую задуменнасць, якая ўжо не адпускала яго да апошняй бiтвы. Нешта яго гняло i адбiрала жыццёвую энергiю. Можна выказаць здагадку, што палкоўнiк разумеў, што ўсеагульнага народнага паўстання не будзе, што i на гэты раз агульная справа будзе прайграная. Што ж, яму заставалася толькi да канца выканаць свой абавязак. Пэўна, ён ужо прадчуваў сваю хуткую смерць, нездарма, атрымаўшы ад сястры Тосi новую чамарку, сказаў, што знасiць яе ён ужо не паспее.

Тым не менш у той дзень Нарбут разаслаў загады да зноў арганiзаваных груп паўстанцаў пад Лiдай, Трокамi (камандзiр - Вiславух), Ашмянамi (камандзiр - Парадоўскi), Навагрудкам, Слонiмам i т. д. Атрадам была пастаўленая задача рухацца да Дубiчаў, далей палкоўнiк планаваў сустрэцца з царскiмi войскамi каля балот Котры i Пелясы i даць там рашучы бой.

Становiшча паўстанцаў у непраходнай Дубiцкай пушчы было амаль што iдэальнае, пачуваючы сябе ў бяспецы, атрад займаўся баявой падрыхтоўкай, а дубiцкi пробашч i мясцовая шляхта пераконвалi Цiмафеева, што чутныя часам стрэлы - гэта стрэлы паляўнiчых-старавераў.

Адам Карпавiч ад сялян дазнаўся, што атрад Нарбута знаходзiцца ў Дубiцкай пушчы каля возера Пеляса, i данёс уладам. Цiмафееў таемна вярнуўся з Забалацi, ранiцай 4 мая войска адпачылi ў Дубiчах i досвiткам увайшлi ў пушчу. З дапамогай падкупленых сялян Адама Карповiча i Антона Талiкоўскага (цi Талочка) былi знойдзеныя сляды iнсургентаў [49]. Ранiцай атрад Цiмафеева праходзiў праз мястэчка Забалаць, дзе «абывацелi… глядзелi на нас звярамi, ад iх, зразумела, звестак пра хеўру мы не атрымалi. Толькi роты сталi выходзiць з паселiшча, як прыскакаў казачы раз'езд… якi перадаў, што Нарбут хаваецца недалёка ад Дубiчаў каля возера Пеляса; пасля гэтай весткі атрад накiраваўся да возера Пеляса, куды хутка прыбыў i размясцiўся ў Дубiчах, якiя аддзялялiся ад лясоў ракой Котрай». Для пошуку паўстанцаў быў пасланы на iншы бераг выведнiк. Вярнуўшыся, ён расказаў, што за ракой ёсць пiкет паўстанцаў. Выведнiку з мясцовых не асаблiва давяралi, i таму штабс-капiтан Рэнвальд, камандзiр 1-й стралковай роты, выклiкаўся праверыць гэтае данясенне. Пераапрануты паляўнiчым, ён ўзяў з сабой стрэльбу i сабаку i, сеўшы ў човен, загадаў двум веслярам, таксама ўзброеным стрэльбамi, плыць унiз па рацэ. Пад'ехаўшы да таго месца, дзе першы выведнiк бачыў пiкет, афiцэр выйшаў з лодкi i пачаў аглядаць процiлеглы бераг, быццам бы адшукваючы дзiчыну, i неўзабаве ўбачыў пiкет iнсургентаў. Складзеныя ў сошкi стрэльбы з развешанай на iх бялiзнай даказвалi, што паўстанцы не чакалi з'яўлення выведнiка. Аднак вартавы заўважыў Рэнвальда i пацэлiў ў яго, тады афiцэр хутка знiк з берага, дабег да чоўна i паплыў да сваiх [50].

Нарбуту паведамiлi пра з'яўленне нейкiх падарожнiкаў са стрэльбамi, ён нават агледзеў iх у бiнокль. «Паляўнiчыя, нiчога больш, iдуць на качкi», - сказаў камандзiр i пайшоў у iншую частку лесу [51].

4 мая, каля 17.00, рускiя войскi рушылi да лагера паўстанцаў, вёў iх Адам Карповiч, чалавек, якi дасканала ведаў мясцовасць. Пераправiўшыся праз Котру па кладках i на лодках, яны пачалi атачаць лагер Нарбута. Першымi iшлi салдаты, апранутыя ў сялянскую адзежу, у балоцiстай мясцовасцi iм часам даводзiлася iсцi па пояс у вадзе.

Нарбут якраз у гэты час каля пiкета з некалькiмi iнсургентамi чакаў транспарт з хлебам. Паўстанцы заўважылi «сялян», iдучых у iх бок, Андрыёлi сказаў камандзiру, што зашмат тых сялян iдзе i нейкiя яны дзiўныя. Нарбут агледзеў iдучых у бiнокль i ўбачыў, што вядзе «сялян» Адам Карповiч, свой для паўстанцаў чалавек. Тым не менш палкоў нiк загадаў байцам пiкета падрыхтавацца да бою. Калi «сяляне» падышлi блiжэй, Карповiч, лiтаральна паўтараючы словы Юды, паказаў камандзiра, сказаўшы «Вось гэта Нарбут». Салдаты выхапiлi зброю i з крыкамi «ўра!» кiнулiся наперад. Камандзiр амаль адразу быў паранены ў нагу, але кiраваў боем: ён загадаў адыходзiць назад i ўлева. Пасля рукапашнай сутычкi iнсургенты вырвалiся да дубiцкiх балот. Тым часам другая рота ўрадавых войскаў выцягнулася ланцугом правей першага, такуючага атрада i не дала паўстанцам магчымасцi адыходзiць убок [52]. Удзельнiк бою з расiйскага боку падпаручнiк Воранаў пiсаў пра гэта: «Жадаючы прыцiснуць хеўру да возера i вынiшчыць яе, начальнiк атрада загадаў камандзiру 2-й роты штабс-капiтану Лорыс-Мелiкаву вы сунуцца направа i ахапiць iх левы фланг… мяцежнiкi пачалi адыходзiць. На адкрытых месцах iх ланцуг i рэзервы адыходзiлi надзвычай павольна, каля кустоў усе яны рассыпалiся i адкрывалi ўзмоцнены агонь…». Штабс-капiтан Рэнвальд, жадаючы паказаць, як трэба страляюць, узяў вiнтоўку ў параненага салдата i прыцэлiўся ў ляжачага за купiнай паўстанца, якi пасля стрэлу застаўся ў ранейшай позе. Рэнвальд думаў, што прамахнуўся, стрэлiў iншы раз - i тое самае, калi ж ён з ланцугом салдат кiнуўся наперад, то ўбачыў, што ў iнсургента ў галаве дзве кулi [53].

Паводле словаў Цiмафеева, паўстанцы змагаліся так ўпарта i па-майстэрску, што ён здзiвiўся. «Нарбут распараджаўся малайцом: загадаў адыходзiць перакатамi, гэта значыць у дзве лiнii: адна залягала ззаду, iншая, адстрэльваючыся, перабягала за першую, пасля чаго другая лiнiя пачынала стральбу, i гэтак далей. Але паўстанцы былi дрэнна ўзброеныя, большай часткай паляўнiчымi стрэльбамi, таму вельмi баялiся нашых стралковых рот, якія былі названыя iмi "чорныя паясы". Рускiя штуцера выраблялi спусташэнне…» [54]. Калi ж паўстанцы пабеглi, Нарбут скамандаваў: «Спакайней! З годнасцю панове, непрыяцель нас бачыць!» Вакол палкоўнiка сабралася групка самых верных байцоў. Яны адыходзiлi, падтрымлiваючы камандзiра i адстрэльваючыся. На гэтую групку быў накiраваны агонь большай часткi салдатаў. Амаль што ўсе, хто быў разам з Нарбутам, былi забiтыя. Апошнiмi да палкоўнiка падбеглi Уладзiслаў Клiмантовiч i Севярын Якубоўскi, яны i пачулi яго апошнiя словы: «Dulce est pro patria mori» (Салодка памерцi за Радзiму) [55]. Пра тое самае Воранаў: «…яны не гублялi бадзёрасцi, пакуль Нарбут, iх начальнiк, быў з iмi. Калi куля трапiла яму ў лапатку, ён яшчэ iшоў, прычым яго падтрымлiвалi прыхiльнiкi. Гэта прыцягнула да яго стрэлы нашага ланцуга, i ён, прабiты чатырма кулямi, упаў мёртвы. Калi Нарбут звалiўся, то пяць чалавек моладзi з яго хеўры кiнулiся ратаваць яго цела, але, зраненыя ў сутычцы, яны патрапiлi ў палон. Са смерцю Нарбута бурылася надзея не толькi ў людзей, якiя складалi банду, але ва ўсiх мяцежнiкаў Лiтвы. Пераслед мяцежнiкаў працягваўся да самай поўначы i скончыўся недалёка ад вёскi Дварчаны» [56].

Капiтан Цiмафееў дакладаў свайму камандзiру дывiзii: «Восем разоў з крыкам "ура" атрад пад моцным агнём аднаўляў наступ i… пераследаваў мяцежнiкаў па купiстым, вышэй за калена балоце, якое пазарастала высокай i густой лазою, i наогул па мясцовасцi, да крайнасцi цяжкай. Пераслед працягваўся да наступлення цемры… атрад нейкi час блукаў у балотах… i нарэшце ў 3½ гадзiны ночы сабраўся на начлег у м. Дубiчы.

Нарбут забiты i хеўра знiшчана, у лiку 61 забiтых i ўзятых у балотах i лясах акрамя Нарбута знойдзены: яго памагаты Леў Краiнскi, Iгнат Тарашкевiч, Франц Бразоўскi, Ян Ёдка, Сцяпан Губарэвiч i iнш. Параненымi ўзяты: Пётр Янкоўскi, лекар Цыпрыян Пясецкi, Андрэй Навагондскi (гiмназiст з Вiльнi), Фелiкс Войша i iнш., акрамя таго, узята 6 палонных, з якiх адзiн, 14-гадовы хлопчык Iосiф Жалягоўскi… Захоплены без зброi ў в. Салтанiшкi Жукоўскi прызнаўся, што ён таксама быў у хеўры» [57].

На месца бiтвы, каб дапамагчы параненым, прыехалi жанчыны з закрытымі густымi вэлюмамi тварамi. «Памiж iмi былi дзве сёстры Нарбута; малодшая, убачыўшы цела брата, заплакала, але старэйшая прысаромiла яе за гэта (памылка, гэта была сястра Нарбута з сяброўкай, гл. нiжэй. - Л. Л.). Абедзве яны прасiлi выдаць забiтага…». Пры Нарбуце знойдзены сцяг, якi меў выгляд харугвы, шмат розных папер, асабiсты дзённiк, а таксама каса атрада i малiтоўнiк. Сярод папер была знойдзеная i цыдулка наступнага зместу: «Камандзiр. З Вiльнi паслалi з паўлаўцамi капiтана Цiмафеева. Беражыся! Яму загадана дастаць цябе жывога цi мёртвага». Салдаты ўшчувалi палонных - мемуарыст апiсвае такiя сцэнкi: «Чаго вы бунтуецеся, што вам трэба, грошы ў вас ёсць, фальваркi ёсць - глядзi якое ў цябе пуза, пан. Вiдаць, ужо ты з тлушчу ў "сургенты" пайшоў», салдат паказвае на палоннага 14-гадовага хлопчыка Жалягоўскага: «Ну, гледзiце, браткi, якi ж ён ваяр, ён зусiм хлопчык». «Доўгi i хударлявы паўстанец з энергiчным тварам злосна пазiрае на нашага ўгаворшчыка, якi, убачыўшы яго погляд, сказаў: "Ох ты, пан, пан, што ты на мяне так злосна глядзiш, вось сам ты якую кашу заварыў, a што выйграў? Цябе ж павесяць". Палонныя iнсургенты былi прыведзеныя на станцыю Марцiнканцы i адпраўленыя ў Вiльню» [58].

На наступны дзень на поле бiтвы целы забiтых iнсургентаў [59] сабралi сяляне i перавезлi пад касцёл у Дубiчы. Потым Цiмафееў расказваў, што Нарбут быў сцiпла апрануты, у «чамарке шарачковай», без усякiх адрозненняў, абуты ў доўгiя боты, твар меў прыгожы, з высокiм лобам i правiльнымi рысамi, а на твары застыла задуменная ўсмешка [60].

Знаёмая сям'i Нарбутаў - Антанiна Табенская - запытала дазвол на пахаванне паўстанцаў у Дубiчах. Генерал-губернатар Назімаў даў дазвол тэлеграмай, дазволiў ён i правесцi набажэнства. Сястра Нарбута Теадора разам з Антанiнай Табенскай, доктарам Тэраевiчам з Салтанiшак i мясцовым пробашчам кс. Ставiцкiм занялiся арганiзацыяй пахаванняў. Весткi хутка разышлiся па ўсім павеце, i таму ў дзень пахавання, 6 траўня, у Дубiчы з'ехалася каля 300 чалавек. Нефарбаваныя труны ў касцёле былi ўсталяваныя пiрамiдай: 6 трун нанiзе, зверху на iх яшчэ 4 труны, вышэй - 2 i на самым версе труна з целам Людвiка Нарбута. Пасля службы ў касцёле ўсе труны былi пастаўленыя ў шэраг у адной магiле i пахаваны. Усю вялiзарную магiлу людзi засыпалi кветкамi. Аднак ледзь скончылася пахаванне, як у Дубiчы ўвайшоў казачы аддзел атамана Уласава, якi меў заданне не дапусцiць вялiкi сход людзей, а калi людзi сабралiся - разагнаць iх. Але казакi спазнiлiся i толькi зраўналi ўпоравень з зямлёй магiльны ўзгорак [61].

Мiрон Бранiслаў Нарбут так апiсаў пахаванне: «У 1863 годзе, калi пачалося народнае паўстанне, лiдскi аддзел пад кiраўнiцтвам Людвiка Нарбута часта быў у Дубiцкiх лясах i ў гэтых лясах… адбылася бiтва з расейцам на чале з Цiмафеевым, у якой цэлая партыя паўстанцаў здолела перайсцi ў iншае месца, але яе кiраўнiк з трынаццаццю ваярамi з блiзкага атачэння лiдскай шляхты паляглi. Салдаты маскоўскiя абадралi трупы на полі бiтвы i да Дубiч прывезлi iх нагiя целы. Тагачасны генерал-губернатар вiленскi Назімаў дазволiў ушанаваць памерлых пахаваннем у касцёле. Была сабраная патрэбная адзежа i зроблены труны. Целы гэтыя ляжалi тры днi ў бабiнцы касцельным. Рыцарскi катафалк з дванаццацi простых трун паставiлi ў касцёле, а слёзы люду вiленскага i грамадства, енкi мацярок, сясцёр i сiрот палеглых былі найвыразнейшай мовай на iх пахаваннi. Усе прысутныя мелi за гонар несцi гэтыя дарагiя труны да места iх вечнага спачывання, i, укладзеныя, яны усе былi ў адной агульнай магiле пры касцёле, а людзi ўпрыгожылi гэтае месца найпрыгажэйшым помнiкам, бо курган быў насыпаны ўласнымi рукамі з роднай зямлi. Магiла абаронцаў Волi была страшнай для ворагаў: людзi збiралiся ля магiлы i чыталi малiтвы. Рускiя зняслi касцёл i, не баючыся святакрадства, раскiдалi курган, зруйнаваўшы яго з зямлёй. Аднак не згiнула праз гэта памяць пра верных сыноў Краю, захоўваецца яна ў сэрцах усiх справядлiвых i годных лiцвiнаў…» [62].

Нарбут меў гэткую папулярнасць, што доўга па Лiдчыне хадзiлi чуткi пра тое, што насамрэч ён не забiты, дзесьцi яго ўжо бачылi i хутка ён вернецца з новым атрадам.

* * *

Байцы адной часткi атрада Нарбута схавалiся ў лесе i праз некаторы час далучылiся да iншых атрадаў iнсургентаў. Другую частку атрада брат Людвiка - Баляслаў Нарбут - сабраў у Гарадзенскай пушчы. Але ён не мёў ваеннага досведу i не мог замянiць старэйшага брата. 12 траўня рускiя войскi пад камандаваннем ваеннага начальнiка Лiдскага павета палкоўнiка Алхазова знайшлi атрад пад Ганэлькамi (над ракой Котра) i зноў разбiлi паўстанцаў. Толькi нешматлiкiя байцы змаглi пазней далучыцца да атрада Астрог-Парадоўскага. Сам Баляслаў Нарбут быў арыштаваны каля Друскенiкаў i адвезены для ваеннага суда ў Гродна.

1 чэрвеня па прысудзе Народнага Жонда ў вёсцы Мантаты быў павешаны Адам Карповiч. Потым былi запiсаныя апошнiя словы Карповiча, i мы ведаем, на якой мове паўстанцы размаўлялi памiж сабой. Калi iнсургенты шукалi вяроўку, каб павесiць здраднiка, ён сказаў iм лiтаральна наступнае: «Паны, нашто шукаеце вяроўку, я маю дзяжку, тай павесiце», у тэксце кнiгi за гэтымi словамi, запiсанымi лацiнкай, iдзе польскi пераклад. Здраднiк вiсеў два тыднi перад хатай Баневiча ў Мантатах, пакуль яго не знялi рускiя салдаты [63].


Па прыбыццi ў Вiльню атрад Цiмафеева быў сустрэты генерал-губернатарам Назімавым, начальнiкам дывiзii генерал-ад'ютантам Быстромам i камандзiрам палка Свiты Яго Вялiкасцi генерал-маёрам Вельямiнавым з аркестрам i ў прысутнасцi велiчэзнага натоўпу жыхароў горада, якiя, даведаўшыся пра смерць знакамiтага Нарбута, былi ахопленыя жахам. Губернатар расцалаваў начальнiка атрада, падзякаваў афiцэрам i салдатам за паход i хвацкiя справы. Потым было адслужанае набажэнства. Хутка начальнiк атрада капiтан Цiмафееў атрымаў чын палкоўнiка i быў адпраўлены з данясеннем пра сваю перамогу ў Пецярбург. «Тут ён меў шчасце прадставiцца Яго Iмператарскай Вялiкасцi, прычым Гасудар Iмператар сказаў: "Дзякую за хвацкую справу, i прызначаю цябе флiгель-ад'ютантам. Уладзiмiр будзе iншаю ўзнагародаю за другую справу". Потым Яго Iмператарская Вялiкасць падаў палкоўнiку Цiмафееву руку i сказаў: "яшчэ раз дзякую"». Неўзабаве пасля гэтага палкоўнiк Цiмафееў прысутнiчаў на прыёме iмператарам генерала ад iнфантэрыi Мураўёва, прызначанага губернатарам у Лiтву. Цар, прадставiўшы Цiмафеева Мураўёву, сказаў: «Вось чалавек, якi будзе табе карысны».

Шмат афiцэраў i шарагоўцаў атрада былі ўзнагароджаныя за бой памiж маёнткамi Дубiчы i Глыбокiм:

штабс-капiтанам Рэнвальду i Лорыс-Мелiкаву - Св. Ганны 3-й ст. з мячамi i бантам;

Св. Ганны 4-й ст. з надпiсам «За адвагу» - паручнiкам: Шталю, Зубараву, падпаручнi кам: фон Эндэну, Леўману i Арбузову 2-му;

Георгiеўскiя крыжы 4-й ступенi: фельдфебелю Яфрэмаву, унтэр-афiцэрам: Фiрсаву, Любiмаву, Лiтвiнаву, i шараговым: Малацiлаву i Бушмялёву.

За бой пад Дубiчамi:

штабс-капiтанам Рэнвальду i Лорыс-Мелiкаву - Св. Уладзiмiра 4-й ст. з мячамi i бантам, Св. Ганны 3-й ст. з мячамi i бантам: паручнiкам Шталю, Зубараву, Леўману, Шэрнвалю i падпаручнiку фон Эндену.

Георгiеўскiя крыжы 4-й ст.: фельдфебелю Каравiну, унтэр-афiцэрам: Веращагiну, Фёдараву, Лабачову i шараговым - Пятрову, Мiронаву, Сэрыкову, Недаступу, Констанцінаву, Палатову, Жукаву i Бандарчуку [64].

Вось так высока ацэньваўся факт разбiцця «нейкай хеўры» на Лiдчыне.

Пераслед сям'i Нарбутаў

Пасля паразы пад Дубiчамi пад рэпрэсii падпала сям'я Людвiка Нарбута.

Бацька, вялiкi гiсторык Лiтвы Тэадор Нарбут, у гэты час жыў у Вiльнi, у жонкi сына Людвiка, i быў настолькi слабы, што нават не ўставаў з ложка. Браты Францiшак i Баляслаў ваявалi ў шэрагах паўстанцаў. У Шаўрах тым часам жылi мацi Крысцiна, дачка Тэадора Манчунская i малодшы брат Станiслаў [65].

З акта справы Вiленскай следчай камiсii № 148 пра знаходжанне зброi ў маёнтку Нарбутаў Шаўрах:

Стараста вёскi Шаўры Гергi Чаркоўскi паведамiў, што фурман Нарбутаў - Томаш Радзюк ведае, дзе закапана зброя. Радзюка прымусiлi прызнацца, i ён паказаў месца ў вазоўнi, адкуль было выкапана 18 бутэлек пораху i каля 20 фунтаў волава. Потым ён паказаў iншае месца за ½ вярсты ад двара, у леснiчоўцы Клеменса Банюшкi, дзе былi выкапаныя 2 гарматы, закручаныя ў рагожу, i бочка пораху вагой каля 3 пудоў. У наступных прызнаннях Томаш Радзюк паведамiў, што гэтая зброя была прывезеная спадарынямi Манчунскай i Табенскай з Вiльнi, з хаты Верблеўскага. Яны таксама залучылi ў партыю 2 расiйскiх афiцэраў i прывезлi iх з Вiльнi ў Шаўры.

Радзюк прызнаўся, што Iзабела Альшэўская, стрыечная сястра Людвiка Нарбута, разам з Радзюком ездзiла да суседзяў i заклiкала iх далучацца да паўстання. Таксама збiрала правiянт i адзежу для партыi i Антанiна Табенская, якая працавала настаўнiцайу Сербянiшках, дзе жыла жонка Людвiка Нарбута, якая сябравала з Манчунскай, яна залучыла ў партыю Скiрмунта.

Вiленская следчая камiсiя пасля заканчэння следства пастанавiла:

1. Удава Тэадора Манчунская з дома Нарбутаў - вiнаватая у тым, што брала чынны ўдзел у фармаваннi партыi яе брата Людвiка Нарбута, даставiла ў Шаўры 2 гарматы, порах i волава i намовiла 2 афiцэраў да ўступлення ў партыю паўстанцаў: падпаручнiка Нiкалаi [66] i iншага, прозвiшча якога невядома. Аднак Манчунская ўцякла невядома куды, таму… аддаць яе пад суд завочна…

2. Антанiна Табенская ўжо асуджана ваенна-палявым судом за дастаўку распараджэнняў рэвалюцыйнага камiтэта, гэта яна ўчынiла пад уплывам кахання да аднаго з паўстанцаў… вiнаватая ў тым, што падтрымлiвала кантакт з Манчунскай, прывозiла ў Шаўры гарматы i порах i вербавала ў партыю невядомага пакуль па прозвiшчы расiйскага афiцэра. Пакаранне, раней накладзенае ваенна-палявым судом, падлягае ўзмацненню ў жорсткасцi.

3. Удава Iзабела, дачка Адольфа, Альшеўская з дому Нарбутаў, гадоў 50, вiнаватая ў за клiках да ўдзелу ў паўстаннi i павiнна быць аддадзеная пад ваенна-палявы суд.

4. Крысцiна Нарбут, гадоў 60. Як відаць са справы, не магла быць не датычнай да паўстання: двое яе сыноў сфармавалi атрад, адзiн быў начальнiкам, iншы ў iм афiцэрам, дачка Манчунская i пляменнiца Альшеўская дапамагалi фармаваць партыю, Манчунская дастаўляла зброю i амунiцыю, у цэлым маёнтак Нарбутаў у Шаўрах служыў складам для паўстанцаў.

Усё гэта не магло не быць вядома i Тэадору Нарбуту, якi хоць i ў пажылым узросце, але не мог не бачыць, што робiцца ў яго ў хаце, i, вiдавочна, адмыслова выехаў з Шаўроў у Вiльню… У сувязi з вышэй апiсанымi справамi сям'i ён вiнаваты ў тым, што як гiсторык Лiтвы даў сям'i такi шкодны кiрунак выхавання.

Камiсiя пастанавiла аддаць пад ваенна-палявы суд: Крысцiну Нарбут i яе мужа Тэадора Нарбута паводле II катэгорыi… для таго, каб iх маёнтак перадаць ва ўласнасць урада, а хату для прыкладу i застрашвання iншых знiшчыць, месца, дзе яна стаяла, заараць плугам [67].

Хутка прыступiлi да выканання гэтага прысуду. Аднак Тэадор Нарбут ужо не ўставаў з ложка, i яго, каб везцi ў ссылку, «патрэбна было б толькi разам з ложкам уладкаваць у кiбiтцы». Мураўёў-вешальнiк вырашыў сам убачыць Тэадора. Сведкам гутаркi вялiкага гiсторыка i ката быў князь Шырынскi-Шахматаў. Паводле яго словаў, калi прынеслi старога, Мураўёў вiтаў яго бруднымi абразамi, але гiсторык быў глухi i не дачуў генерала, як потым стала вядома, ён зразумеў толькi асноўныя моманты гутаркi. «А ведаеш, падлец, твой сын забiты!» - сказаў Мураўёў у канцы. «Маю яшчэ некалькi сыноў, i ўсiх iх выхоўваў кахаць Радзiму», - адказаў гiсторык. «Прэч!» - закрычаў Мураўёў i аддаў каманду вынесцi Нарбута.

Вялiкi гiсторык Лiтвы памёр 26.11.1863 г. i быў пахаваны каля свайго парафiяльнага касцёла ў Начы.

Мацi Людвiка, Крысцiна, афiцыйна абвiнавачаная ў «няправiльным выхаваннi» сваiх дзяцей, была арыштаваная палкоўнiкам Алхазавым, якi кiраваў ператрусам маёнтка, i, «хворая, выдраная з ложка без неабходнай адзежы», яна была вывезеная на суд у Вiль ню, адразу пасля суда трапiла ў турэмную лякарню, а пасля яе адпраўленая па этапе ў Сiбiр. Пяць гадоў знаходзiлася ў Пензенскай губернi, потым ёй было дазволена вярнуцца ў родны край, дзе яна i памерла 16 лiпеня 1899 г.

Брат Людвiка - Баляслаў - пайшоў у паўстанне адразу пасля гiмназii. Перад самай бiтвай пад Дубiчамi ён быў пасланы па дапамогу да Вiславуха i, верагодна, таму выжыў. Арыштаваны ў Друскенiках, ваенны суд у Гродне прысудзiў яго да смерцi, аднак з прычыны непаўналецця (яму было 17 гадоў), прысуд змянiлi на высылку ў Краснаярскую губерню. Пасля амнiстыi вярнуўся ў родны край з падарваным здароўем i памёр у 1889 г.

Iншы брат Людвiка - Францiшак - пасля заканчэння дваранскага iнстытута ў Вiльнi вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнiверсiтэта. За ўдзел у падпольнай арганiзацыi ў 1861 г. быў арыштаваны i быў змушаны хавацца за мяжой. Пасля вучобы ў ваеннай школе для паўстанцаў, арганiзаванай эмiгрантамi ў iтальянскiм горадзе Гунеа, вярнуўся дахаты i ваяваў у атрадзе Лангевiча, дзе атрымаў званне капiтана. Пасля паразы паўстання эмiграваў у Аўстрыю. Памёр у Венгрыi ў 1892 г.

Сястра Тэадора, удава службоўца Манчунскага, як адзначалася вышэй, брала чынны ўдзел у паўстаннi. «Людвiк Нарбут дасылаў да сястры розныя даручэннi i заяўкi для атрада, якiя яна заўсёды хутка i дакладна выконвала, нягледзячы на небяспеку. Праз яе iшла да iнсургентаў розная iнфармацыя, харчаванне, зброя i амунiцыя. Мела ва ўсiх ваколiцах адданых сабе людзей, мела сваiх iнфарматараў i даверных асоб, паслугамi якiх карысталася там, куды не магла патрапiць сама. З адвагай, якой маглi б пазайздросцiць мужчыны, iшла яна на самыя небяспечныя аперацыi», - пiсаў сучаснiк. Была аддадзеная пад ваенны суд, але здолела збегчы, спачатку хавалася ў Гродне, потым жыла ў Парыжы. Пражыла вялiкае жыццё, на пачатку 1920-х гг. польскi ўрад ёй, як удзельнiцы паўстання, даў пенсiю i ўзнагародзiў ордэнам «Адраджэнне Польшчы». Памерла ў 1925 г. у Кракаве i тамсама пахавана [68].

Памяць пра Людвiга Нарбута

Праз семдзесят гадоў адзiным бачным знакам, якi паказваў на месца паўстанцкай магiлы быў каменем з надпісам "Лявон Краінскі, 1863", які ўсталявала сям'я аднаго з 13 пахаваных.

Праз увесь час няволi мясцовы люд пакрыёма клаў кветкi да каменя. У 1933 г. дзякуючы iнiцыятыве жаўнераў i афiцэраў 76-га Лiдскага палка пяхоты паставiлi ў Дубiчах помнiк памяцi Людвiка Нарбута i палеглых паўстанцаў. Сродкi на яго пабудову былi сабраныя спецыяльным, для той мэты сабраным Камiтэтам Лiдчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Смiглы. Праект выканаў прафесар Унiверсiтэта iмя Стафана Баторыя Фердынанд Рушчыц. Камень, якi да таго часу сведчыў пра магiлу паўстанцаў, умуравалi ў падножжа абелiска. Адкрыццё помнiка 6 жнiўня 1933 г. было вялiкай падзеяй i святам для мясцовага люду. З гэтай нагоды з'явiлiся спецыяльныя публiкацыi, прысвечаныя Людвiку Нарбуту i студзеньскаму паўстанню, а таксама гiсторыi 76-га Лiдскага палка пяхоты, якому было нададзенае iмя геройскага камандзiра (полк дыслакаваўся ў Гродне) [69].

У 1938 г., на 75-я ўгодкi студзеньскага паўстання, жыхары Лiдчыны ўшанавалi памяць свайго героя. Было вырашана заказаць памятную дошку i ўмураваць яе ў сцяну касцёла пiяраў у Лiдзе. Месца размяшчэння дошкi гарантавала трываласць i ахову ад вандалаў, але далейшы лёс дошкi паказаў, якая зменлiвая наша гiсторыя.

У «Ziemi Lidzkiej» у нумары 5-6 з мая - чэрвеня з'явiўся артыкул Аляксандра

Снеж кi, названы «Людвiк Нарбут - нацыянальны герой». Гэтым тэкстам пачалася падрыхтоўка да адзначэння 75-годдзя студзеньскага паўстання. Аўтар расказаў пра лёс Людвiка Нарбута. У тым самым нумары знаходзiліся i ўспамiны Юлiя Грымайлы-Прыбыткi. Яго аўтар, якi ў 1863 г. быў малым хлопцам, згадваў, што для яго i ўсёй яго сям'i вялiкай падзеяй было наведванне Людвiкам Нарбутам iхняга дому. Грымайла-Прыбытка так успамінаў тое спатканне: «…мы мелi вялiкае шчасце бачыць героя, правадыра ўсяго народа…». З пададзенага фрагмента выразна вiдаць, якое значэнне мела ў часы паўстання i ў наступныя семдзесят пяць гадоў для жыхароў Лiдчыны i нават i ўсёй Лiтвы постаць Людвiка Нарбута. Яшчэ раней Аляксандр Снежка ў першым нумары «Ziemi Lidzkiej» за 1937 г. змясцiў артыкул, у якiм расказаў пра маёнтак Шаўры - радавое гняздо Нарбутаў. У многiх перадваенных нумарах «Ziemi Lidzkiej» друкавалiся фрагменты запiсак Бранiслава Нарбута, якi апiсваў жыццё Лiды i ваколiц трыццатых i саракавых гадоў пазамiнулага стагоддзя [70].

Справамi фундавання мемарыяльнай дошкi, прысвечанай Людвiку Нарбуту, актыўна цiкавiлася грамадскасць Лiды. У красавiцкiм нумары 1937 г. рэдакцыя змясцiла тэкст пад загалоўкам «Толькi з годнасцю, панове». Выданне iнфармавала чытачоў, што Лiда i Лiдчына рыхтуецца да ўгодкаў выбуху студзеньскага паўстання на наступны год. Кульмiнацыйным пунктам мерапрыемстваў будзе адкрыццё памятнай дошкi, прысвечанай Людвiку Нарбуту. Каб надаць урачыстасцi вагу i забяспечыць спраўную арганiзацыю, быў створаны камiтэт мерапрыемстваў. Апроч нагляду за ходам урачыстасцi перад камiтэтам паўстала складаная задача - збiранне фундушаў на пакрыццё кошту дошкi. Сябры камiтэта адразу звярнулiся з гарачым заклiкам аб дапамозе. Збор грошай арганiзавала рэдакцыя «Ziemi Lidzkiej». Акцыя збiрання iшла спраўна. Ужо ў травеньскiм нумары 1937 г. быў змешчаны артыкул, якi прадстаўляў праект будучай дошкi. Выканаў яго мясцовы скульптар Ежы Кацешчанка. Надпiс змешчаны на дошцы, паведамляў:

«1832-1863.

Вучню былой школы

айцоў пiяраў у Лiдзе

Людвiку

Нарбуту,

правадыру студзеньскага

паўстання на Лiтве

ў 75-годдзе

геройскай смерцi.

1863-1938.

З пашанай Лiдчына»

Акрамя iншага, надпiс на дошцы тлумачыў, чаму было вырашана размясцiць яе на сцяне касцёла: Людвiк Нарбут вучыўся ў той школе, хоць тады яна не належала пiярам. У той школе, але яшчэ пiярскай, вучыўся бацька Людвiка - Тэадор Нарбут. У гэтым месцы патрэбна тлумачэнне: касцёл, у сцяну якога ўмуравалi дошку, пабудавалi пiяры, пераведзеныя ў Лiду Iгнацыем Сцыпiёнам дэль Кампа, падстолiем Вялiкага Княства Лiтоўскага. Першы касцёл, драўляны, паўстаў у 1758 г., у 1770 г. ксёндз Аляксандр Вольмар купiў фальварак Пастаўшчына, дзе праз восем гадоў, г. зн. у 1778 г., было распачатае будаўнiцтва ўласнага касцёла i калегiума. Работы, асаблiва па будаўнiцтве касцёла, iшлi вельмi павольна. У 1801 г. ксёндз Казiмiр Нарбут асвяцiў кутнi камень i фундаменты будынка. Святыня да канца была завершаная i асвечаная ў iмя св. Юзафа Каласантага ў 1829 г. Пiярам касцёл i калегiум доўга не належалi. У 1834 г. зачынiлi школу. А ў 1843 г. царскiя ўлады аддалi касцёл i кляштарныя будынкi праваслаўнай царкве. Праз тры гады пiяры пакiнулi горад. Пасля заняцця Лiды польскiм войскам у 1919 г. святыню нанава памянялi на касцёл рымска-каталiцкi i аднавiлi даўнi калегiум з пачатковай школай, гiмназiяй i гандлёвым лiцэем. У вераснi 1939 г. касцёл быў зноў адабраны ад пiяраў. Камунiстычныя ўлады зрабiлi ў святынi планетарый. У 1993 г. пачалiся стараннi за вяртанне касцёла айцоў пiяраў. Аднак улады Беларусi пасля паразумення з папскiм нунцыем у Беларусi, бiскупам Гарадзенскай дыяцэзii i генералам ордэна пiяраў вырашылi зноў перадаць яго праваслаўнай царкве [71].

Аднак вернемся да тэмы. У артыкуле, дзе расказвалася пра праект дошкi, змешчана iлюстрацыя з якой i ўзяты далучаны надпiс.

За падрыхтоўкай да ўрачыстасцяў адкрыцця дошкi наглядаў спецыяльна з той мэтай створаны камiтэт, якi узначальваў сам Эдвард Рыдз-Смiглы. Постаць маршала надавала дзейнасцi камiтэта характар агульнадзяржаўны. Акрамя выканаўчага камiтэта, каб падняць ранг мерапрыемства, склiканы быў яшчэ i ганаровы камiтэт. У склад ганаровага камiтэта ўвайшлi: Адам Сакалоўскi - навагрудскi ваявода, ксёндз арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi - мiтрапалiт Вiленскi, генерал Альшына-Вiльчынскi, М. Б. Гадэцкi - вiленскi школьны куратар, Людвiк Бацiнскi - ваявода вiленскi, Мар'ян Янкоўскi - вiцэ-ваявода беластоцкi, прафесар доктар Вiтольд Станевiч - прарэктар Унiверсiтэта Стафана Баторыя, ксёндз Геранiм Стусiнскi - правiнцыял пiяраў; Юзаф Пшылускi - старшыня апеляцыйнага суда ў Вiльнi, а таксама Юзаф Iгнацы Парчэўскi - пракурор апеляцыйнага суда ў Вiльнi.

Кошт выканання дошкi склаў каля 1500 злотых, што на тыя часы было немалой сумай. Аўтар дошкi атрымаў ганарар у памеры 480 зл. Адлiўку яе выканаў адмысловец з Вiльнi Савул Пупко, за сваю працу ён атрымаў 300 зл. Гранiтную плiту, да якой была прымацаваная адлiўка з бронзы, зрабiў камнярэз з Мiра - Антонi Грыневiч. Яго аплата склала 350 зл.

У дзень адкрыцця дошкi вулiцы Лiды выглядалi выключна святочна. Галоўнае месца свята - касцёл пiяраў - быў iлюмiнаваны. Ва ўрачыстасцi ўзялi ўдзел ваявода вiленскi Адам Сакалоўскi, арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi, генерал Альшына-Вiльчынскi, куратар М. Гадлеўскi, правiнцыял пiяраў Геранiм Стусiнскi, стараста Станiслаў Гансоўскi, князь Людвiк Чацвярцiнскi, а таксама Эмiль Томас, цесць маршала Рыдз-Смiглага. Дэлегатам ад палка iмя Людвiка Нарбута быў палкоўнiк Станiслаў Чурыла. Перад касцёлам пiяраў адбыўся парад войска i розных арганiзацый, якiя дзейнiчалi на Лiдчыне. Прысутных ад iмя арганiзацыйнага камiтэта прывiтаў яго старшыня - суддзя Юльян Грымай ла-Прыбытка. Далей вайсковы аркестр сыграў дзяржаўны гiмн, пасля якога прамову ска заў прафесар Люцыян Брыльскi - выкладчык польскай мовы ў пiярскiм калегiуме. У выступе ён нагадаў сабраным асноўныя факты з жыцця Людвiка Нарбута. Адкрыў умураваную у франтальную сцяну касцёла шыльду генерал АльшынаВiльчынскi. Ад iмя палка, якi носiць iмя героя свята, прамовiў палкоўнiк Чурыла. Да ўдзельнiкаў мерапрыемства прыйшла вiншавальная дэпеша з Варшавы, прыслаў яе сваяк Людвiка Нарбута - Нестар Нарбут. Урад горада Лiды даў на тую высакародную мэту 200 зл., а Красовы саюз земляробаў, аддзел Лiдска-Валожынскi ў Лiдзе, сабраў i перадаў 125,50 зл. На лiсце ахвярадаўцаў аказалася некалькi дзясяткаў прозвiшчаў i назваў структур i арганiзацый, якiя пералiчылi грошы. Змешчаны спiс не быў поўны. Рэдакцыя абяцала, што ў наступных нумарах будзе пададзены працяг лiста.

Адкрыццё шыльды было вялiкiм святам i для лiдскiх пiяраў. Дзеi падрыхтоўкi да ўрачыстасцяў занатаваныя ў «Кронiцы калегiума айцоў пiяраў у Лiдзе». На мерапрыемства ўжо за дзень прыехаў ксёндз-правiнцыял Геранiм Стусiнскi ў кампанii асiстэнта Польскай правiнцыi - ксяндза Банавентуры Кадэi, а таксама рэктара калегiума ў Кракаве ксяндза Людвiка Руска. Лiдскiх пiяраў рэпрэзэнтаваў ксёндз Антонi Чабаноўскi. Падчас урачыстасцi ксяндзу правiнцыялу i ксяндзу Чабаноўскаму былi ўручаныя адзнакi 76-га Лідскага палка пяхотнага палка iмя Людвiка Нарбута, які дыслакаваўся ў Гродне. Як занатавана ў «Кронiцы…», папаўднi ў калегiуме адбыўся раскошны прыём, у якiм узялi ўдзел годныя госцi, сабраныя на ўрачыстасць адкрыцця шыльды.

Атмасферу тых дзён перадае «Ziemia Lidzka». У майскiм нумары «Ziemi Lidzkaj» 1938 г. пададзена справаздача з урачыстасцi. Рэдакцыя падкрэслiвала выключна ўзняты настрой, якi панаваў сярод сабраных, для удзелу ў мерапрыемствах на вулiцы Лiды выйшла вельмi шмат жыхароў. У тым жа нумары газеты быў змешчаны спiс ахвярадаўцаў на шыльду. На першым месцы рэдакцыя памясцiла вiленскага ваяводу Адама Сакалоўскага. Ён ахвяраваў суму 100 зл. Адвакат Вiшнеўскi, напрыклад, даў 30 зл., а нейкi Мiхал Слюсарскi - 1 зл.

Пасля верасня 1939 г. новая ўлада пачала знiшчаць помнiкi, якiя сведчылi пра гiсторыю краю. Абелiску ў Дубiчах удалося перажыць Другую сусветную вайну. Ён ацалеў, хутчэй за ўсё, дзякуючы таму, што гэтая мясцовасць ляжыць па ўзбоччы, далёка ад галоўны дарог. Помнiк той стаiць да сёння [72].

18 верасня 1939 г., калi да Лiды наблiжалiся бальшавiцкiя войскi, ксёндз Чабаноўскi вырашыў дошку затынкаваць. Неўзабаве саветы зачынiлi пiярскую гандлёвую школу. Людзi, вывучаныя ў iншым стылi i ў духу iншай улады, не былi патрэбныя. Падчас шматлiкiх бамбардзiровак горада ў перыяд 1941-1944 гг. касцёл амаль не пацярпеў, пасля вайны быў адрамантаваны. Але ў 1958 г. улады пастанавiлi яго зачынiць i зрабiць у будынку спачатку спартовую залу, а потым планетарый. Разам з касцёлам адабралi i ордэнскi дом. Было дадзена некалькi дзён, каб упакавацца i забраць мэблю. Ксяндзам не далi нiякага памяшкання наўзамен. Дошка хоць i была схаваная, аднак яна iснавала ў сэрцах i думках мясцовай супольнасцi i людзi пра яе памяталi ўвесь час. Яна была сiмвалам гарачага патрыятызму, i не толькi польскага, але i беларускага.

Католiкi нiколi не перапынялi барацьбы за вяртанне касцёла. Пiсалiся шматлiкiя петыцыi ў Мінск i Маскву. Найчасцей яны заставалiся без адказу. Сiтуацыя змянiлася з пачаткам перабудовы. У 1989 г. быў зняты тынк з дошкi, адбылося яе другое адкрыццё. У 1990 г. з iнiцыятывы Таварыства беларускай мовы пад асноўнай дошкай была памешчаная мармуровая дошка з перакладам тэксту на беларускую мову. У снежнi 1990 г. аддзел Саюза палякаў у Лiдзе разам з вернiкамi прасiў улады Беларусі i горада вярнуць святыню. На Грамнiцы, 2 лютага 1991 г., лiдскiя католiкi пасля набажэнства ў фарным касцёле рушылi пад касцёл пiяраў. Агулам звыш 200 чалавек, укленчыўшы пад мурамi святынi, накiроўвалi да Бога малiтвы аб справядлiвасцi. У кастрычнiку 1993 г. Таварыства польскай культуры на Лiдчыне (ТПКЛ) зынiцыявала штотыднёвыя малiтвы пры касцёле. У першую нядзелю прыйшло каля 20 чалавек. Але з кожнай наступнай iх колькасць расла. Калi на малiтву пачало прыходзiць да ста чалавек, быў накiраваны лiст (9.11.1993 г.) да гарадскiх уладаў з просьбай аб вяртаннi святынi вернiкам. Паколькi не было нiякай рэакцыi ўладаў на зборы вернiкаў, копii лiста былi высланыя апостальскаму нунцыю ў Мінск, бiскупу Аляксандру Кашкевiчу, а таксама дыякану Станiславу Роеку. Праз колькi дзён пасля лiста старшыня ТПКЛ быў запрошаны ў гарадскi савет, i гарадскi пракурор у прысутнасцi намеснiка старшынi савета паведамiў, што ТПКЛ праводзiць нелегальныя акцыi, арганiзуючы малiтвы пры публiчным будынку. Хоць для католiкаў гэты будынак заўсёды заставаўся святыняй, рацыю ў гэтай краiне заўсёды мела ўлада, i таварыства фармальна адмовiлася ад правядзення тых акцый. Але вернiкi, як i сябры ТПКЛ, арганiзоўвалi малiтвы ажно да перадачы касцёла праваслаўным. Улада фармальна не заўважала лiстоў, так жа, як i лiстоў-водгукаў на заклiк таварыства, надрукаваных у многiх польскiх газетах (у т. л. у «Ladzie», «Тygodniku Powszechnym», «Slowie - Dzienniku Katolickim», «Mysli Polskiej»).

Адначасова перадачы будынка пад царкву дамагалiся праваслаўныя вернiкi. Пасля згоды каталiцкага духавенства ў знак паяднання гарадскiя ўлады рашэннем ад 7.03.1996 г. перадалi будынак праваслаўнай парафii. Пасля перадачы касцёла адразу была знятая беларуская дошка (была замацаваная на шрубах). Прадбачачы пагрозу для польскай дошкi ТПКЛ зынiцыявала шэраг дзеянняў. Супольна з беларускiмi арганiзацыямi i аддзелам Саюза палякаў на Беларусi (разам 7 няўрадавых арганiзацый) накiравалi лiсты да гарадскiх уладаў, у мiнiстэрствы культуры i адукацыi Рэспублiкi Беларусь, праiнфармавалi старшыню Таварыства аховы помнiкаў у Гароднi Змiцера Аляшкевiча. Паводле яго слоў, ён таксама звяртаўся да гарадскiх уладаў i быў запэўнены, што дошка не будзе парушаная i застанецца на месцы. 7 траўня 1996 г. у гарсавеце абылося спатканне з прадстаўнiком Мiнiстэрства культуры, якi прыбыў у горад па той справе. У спатканнi ўзялi ўдзел прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый (падпiсанты лiстоў) кiраўнiк гарадскога аддзела культуры, настаяцель праваслаўнай парафii. Адназначна было сцверджана, што гэты будынак з'яўляецца помнiкам культуры i знаходзiцца пад аховай дзяржавы, i бацюшку абавязалi падпiсаць ахоўны дакумент (аднак ён гэтага не зрабiў, а перадача будынка без гэтага дакумента не мае праўнай моцы). Прысутныя на сходзе былi запэўненыя, што з дошкай нiчога не станецца. Звыш таго, вялiся размовы пра паўторнае замацаванне беларускага тэксту таблiцы. Аднак 17 чэрвеня 1996 г. каля 17.30 сябар ТПКЛ Мечыслаў Хвайнiцкi заўважыў, што салдаты выбiваюць дошку з муру. Адразу пад будынак з'явiліся некалькi iншых сяброў ТПКЛ (Аляксандр i Андрэй Сямёнавы, Ганна i Таэвуш Комiнчы, Лiля Тумялевiч, Мечыслаў Хвайнiцкi, Часлаў Колышка - старэйшы), якiя засведчылi, што выбiты дзве дзiркi ўздоўж дошкi. Салдатаў ужо не было. Гэтыя людзi былi каля касцёла да 21-й гадзiны. У гэты ж час старшыня ТПКЛ А. Колышка спрабаваў скантактаваца з прадстаўнiкамi ўладаў. Аднак час працы ўжо скончыўся. Вечарам дамовiлiся са старшынёй гарадской рады Беларускага народнага фронту Станiславам Суднiкам, што ранiцай наступнага дня разам пойдуць да гарадскiх уладаў. Назаўтра 9-й гадзiне былi пры касцёле - дошкi ўжо не было. Гаварылi, што была вырваная недзе каля 6-й ранiцы. Нейкi час захоўвалася пры ўваходзе ў царкву, пазней была перанесеная ў гарадскi краязнаўчы музей, дзе ляжала каля музейнага хлевушка, пакуль на яе збольшага не забылiся.

Вiзiт да гарадскiх уладаў быў бессэнсоўны. У гэтай сiтуацыi былi напiсаныя заявы пракурору аб узбуджэннi крымiнальнай справы, былi паiнфармаваны Мiнiстэрства культуры, а таксама Таварыства аховы помнiкаў у Гароднi. Адказ з аддзела ўнутраных спраў быў цiкавы:

«Старшынi Лiдскай рады БНФ

Суднiку С. В.,

г. Лiда

В. А. Лiдскага мiжрайпракурора,

Дарадцу юстыцыi Скакуну В. В.,

г. Лiда

Паведамляем, што па Вашай заяве праведзена праверка. Мемарыяльная дошка як помнiк удзельнiку паўстання Л. Нарбуту ўтрымоўвае дзяржаўную сiмволiку "Белы арол з каронай i Пагоня", у непашкоджаным выглядзе вернiкамi знята са сцяны храма. Пра зняцце дошкi даведзена да ведама Лiдскаму гарвыканкаму, якi павiнен прыняць рашэнне аб пераносе яе ў дазволенае законам месца.

Гэтая дошка была ўстаноўлена на Саборы ў 1938 г. i да пабудаванага ў 1863 г. праваслаўнага храма не мае дачынення. Згодна з арт. 7 Канстытуцыi РБ у месцах набажэнстваў не дапускаецца выкарыстанне дзяржаўнай сiмволiкi, правядзенне сходаў i iнш.

Згодна з рашэннем Лiдскага гарвыканкама № 38 ад 07.03.96 г. будынак перададзены ў безаплатнае карыстанне праваслаўнай рэлiгiйнай грамадзе Свята-Мiхайлаўскай царквы».

Начальнiк аддзела - В. Г. Макаранка» [73].

У адказе на наступную заяву старшынi ТПКЛ пракурор паведамiў, што ён цалкам згаджаецца са зместам адказу аддзела ўнутраных спраў. Справа была скандальная, уся незалежная прэса пiсала пра гэта. Гарадзенская рэгiянальная газета «Пагоня» пракаментавала здарэнне наступным чынам: «Людвiка Нарбута спрабуюць забiць у другi раз». У Лiдзе з'явiлiся ўлёткi на беларускай мове, надрукаваныя на звычайнай друкарскай машынцы: «Шаноўныя жыхары. У Лiдзе ўчынены чарговы акт вандалiзму i бяспраўя супраць нашай гiсторыi, гонару i годнасцi беларусаў i палякаў, усiх патрыётаў Лiдчыны. Поп Аляксандр i тыя, хто сарваў з будынка планетарыя дзве памятныя дошкi ў гонар героя паўстання 1863 г., змагара за незалежнасць Беларусi, паплечнiка Кастуся Калiноўскага, кiраўнiка паўстання на Лiдчыне Людвiка Нарбута, абразiлi нашыя нацыянальныя i патрыятычныя пачуццi. Шаноўныя лiдзяне, праваслаўныя i католiкi, заклiкаем вас пратэставаць усiмi мажлiвымi спосабамi супраць злачынства, учыненага ворагамi беларускасцi, супраць бяспраўя i беспакаранасцi злачынцаў гарадскiмi ўладамi. Не слухайце тых, хто заклiкае да маўчання. Iдзiце ў выканаўчы камiтэт, пiшыце ў газеты, звяртайцеся да пракурора, пачынайце судовыя справы. Сёння яны топчуць нашую гiсторыю, заўтра будуць таптаць нас».

Узнiкла некалькi iнiцыятыў упарадкавання справы з нарбутаўскай дошкай. Улады разумелi, што трэба нешта рабiць. Падчас будаўнiцтва Дома польскага ў Лiдзе была высунутая прапанова, каб памясцiць дошку на сцяне гэтага будынка. Аднак што агульнага мае новы будынак Дома польскага на вул. Кiрава (даўнейшай Школьнай) з той дошкай? Акрамя таго, супраць такой прапановы выступiлi ўсе беларускiя арганiзацыi, якiя супрацоўнiчалi з Таварыствам польскай культуры, але не надта давяралi Саюзу палякаў, магчыма беспадстаўна, i баяліся, што калi дошка трапiць у iхнiя рукi, то можа быць вывезеная ў Польшчу. У сакавiку 1997 г. у лiстах да старшынi Лiдскага гарвыканкама У. М. Мальца Таварыства польскай культуры i Лiдская гарадская арганiзацыя БНФ «Адраджэнне» ўзгоднена звярнулiся з прапановамi паставiць каля касцёла пiяраў помнiк з размяшчэннем на iм дошкi Людвiка Нарбута, а таксама дошак: а) Валерыю Урублеўскаму i сям'i Далеўскiх - удзельнiкаў паўстання 1863 г. на Лiдчыне; б) сям'i Нарбутаў - Казiмiру Нарбуту, аўтару першага падручнiка логiкi на польскай мове, якi нарадзiўся на Лiдчыне i якi ў 1801 г. пасвяцiў фундаменты касцёла айцоў пiяраў, а таксама Теадару Нарбуту, аўтару знакамiтай гiсторыi старажытнай Лiтвы; в) ксяндзам пiярам - таму ж Казiмiру Нарбуту i Станiславу Банiфацыю Юндзiлу, вучню пiярскай школы ў Лiдзе, батанiку, арганiзатару першых батанiчных садоў у Шчучыне i Вiльнi, аўтару першага падручнiка па батанiцы ВКЛ. Не атрымалi на тыя прапановы нiякага адказу.

Тым часам гiсторыя з дошкай пачала патроху забывацца. У адзiн з летнiх вечароў да будынка музея падышла грузавая машына, дошка была загружаная ў кузаў i вывезеная. Нiхто яе не спахапiўся. Можна было думаць, што дошку ўкралi. На самай справе па ўзгадненнi памiж Таварыствам польскай культуры i Лiдскай гарадской арганiзацыяй БНФ «Адраджэнне» i з вуснага дазволу супрацоўнiкаў музея дошка была вывезена ў раён аднаго з касцёлаў, дзе была пакладзеная да лепшых часоў. Лепшыя часы пачалi наступаць, калi ў Лiдзе на месца перададзенага праваслаўным касцёла пiяраў на iмя Юзафа Каласантага па вулiцы Савецкай пачалося i было завершанае будаўнiцтва касцёла пiяраў на iмя таго ж Юзафа Каласантага ў мiкрараёне Iндустрыяльны. У 2011 г. Таварыства польскай культуры на Лiдчыне, Лiдская гарадская арганiзацыя ТБМ iмя Ф. Скарыны i Лiдская раённая арганiзацыяй ГА БНФ «Адраджэнне» прынялi ўзгодненае рашэнне аб устаноўцы дошкi пры гэтым касцёле, як спадкаемцы былога касцёла пiяраў [74].

21 красавiка 2013 г. у лiдскiм мiкрараёне Iндустрыяльны была адкрытая i асвечаная адноўленая мемарыяльная дошка памяцi Людвiка Нарбута - вайсковага начальнiка Лiдскага павета падчас паўстання 1863 года, паўстанцкага палкоўнiка, прызначанага за некалькi дзён да смерцi галоўнакамандуючым войскаў ВКЛ.

Дошку адкрывалi бiскуп Аляксандр Кашкевiч, генеральны консул Польшчы ў Гароднi Анджэй Хадкевiч, лiдскi дэкан Вiнцэнт Лiсоўскi, пробашч Фарнага касцёла айцец Уладзiмiр Гуляй, пробашч касцёла Святога Юзафа Каласантага айцец Ян Асiповiч. Менавiта каля новазбудаванага касцёла ордэна пiяраў на iмя святога Юзафа Каласантага ў форме адмысловай каплiцы (праект Рычарда Грушы) i была ўстаноўленая мемарыяльная дошка з 1938 г.

Многiя з тых, хто змагаўся за вяртанне дошкi, не дажылi да гэтага дня, таму яна стала помнiкам не толькi Людвiку Нарбуту, але i ўсiм лiдзянам-патрыётам Бацькаўшчыны i горада [75].



[1] Karbowski W. Ludwik Narbutt. Życiorys wodza w powstaniu styczniowem na Litwie. 1935. S. 31-34.

[2] Тамсама. S. 182.

[3] Гл. напрыклад: Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. Warszawa - Lida, 1999. S. 9.

[4] Дарэчы, сам былы «дзекабрыст» памiлаваны Мiкалаем I.

[5] Karbowski W. Ludwik Narbutt… S. 35-41.

[6] Тамсама. S. 192-195.

[7] Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. S. 9.

[8] Тамсама. S. 196-198.

[9] Тамсама. S. 206.

[10] Тамсама. S. 44-47.

[11] Архивные материалы Муравьёвского музея… Вильно, 1913. Книга 4, часть 1. С. 252.

[12] Царства Польскага.

[13] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 199.

[14] Швед В. В. Вайсковы начальнiк Лiдскага павета грамадзянiн Нарбут // Наш радавод. Кн. 6. Лiда, 1994. С. 84.

[15] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 63-65.

[16] Швед В. В. Вайсковы начальнiк Лiдскага павета… С. 85.

[17] З успамiнаў Мiрона Бранiслава Нарбута: «Вясковае насельнiцтва Лiдскага павета мае глыбокую веру ў Бога i працавiтасць… У часы апошняга паўстання 1863 года не толькi сiмпатызавалi народнай справе, але нават сяляне скарбовыя ў многiх мясцовасцях станавiлiся ў шэрагi, i многiя з iх загiнулi на полi славы цi былi высланыя на пасяленне ў Сiбiр. Я сам у Арэнбургу сустрэў дастаткова вялiкую партыю сялян з парафiй Эйшышскай, Нацкай i Радунскай, якiх гналi на пасяленне ў Башкiрыю за ўдзел у паўстаннi».

[18] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 67-68.

[19] Тамсама. S. 69-72.

[20] «Леон Антонович Краинский» Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1862 год. Вильно, 1862. Ч. 1. С. 119.

[21] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 73-77.

[22] Тамсама. S. 83-86.

[23] Тамсама. S. 204.

[24] Архивные материалы Муравьёвского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края. Составил Миловидов А. И. Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 78.

[25] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 207.

[26] Тамсама. S. 87-91.

[27] Тамсама. S. 208.

[28] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 78.

[29] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 92.

[30] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 80-81.

[31] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 94.

[32] Пра Стэфана Вiльбiка пiсаў Мiрон Бранiслаў Нарбут: «У вязнi ў Вiльнi ў кляштары Св. Пятра бачыў шляхцiца засцянковага з-пад Лiды Стэфана Вiльбiка. Ён набiраў добраахвотнiкаў у аддзeлы Людвiка Hарбута ў Лiдскiм павеце i дастаўляў жывёлу. Арыштаваны расейцамi з мандатам Урада Народнага, пасаджаны быў у вязню i адданы пад ваенны суд. Захоўваў поўны спакой i моцную волю i нiкога не скампраментаваў. У калегi па вязнiцы, які яго мне прадставiў, Вiльбiк пытаўся: "Скажы, Пан, як i можа мне быць дэкрэт?" "Могуць павесiць" - той адказаў. Задумаўся трошкi Вiльбiк, але праз хвiлiну спытаў: "А цi я буду ў гiсторыi?" - "Абавязкова - гiсторыя пераказвае нашчадкам iмёны ўсiх, хто заслужыў у Айчыны", - адказаў той. На што Вiльбiк з усёй энергiяй выказаў: "Хвала Богу - няхай вешаюць!" Потым яго выслалi на цяжкiя работы ў Сiбiр» - гл. Miron Bronisław Narbutt. Szlachta okoliczna // Ziemia Lidzka. 1997. № 6 (28).

[33] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 89-90.

[34] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 89-90.

[35] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 96.

[36] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 413-415.

[37] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 97.

[38] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 104.

[39] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 416.

[40] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 98.

[41] Тамсама. S. 99.

[42] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 117-118.

[43] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 99-102.

[44] Суднiк Станiслаў. Людвiк Нарбут // Наша Слова. № 37 (1084). 12 верасня 2012 г.

[45] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 102.

[46] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 119.

[47] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 103-105.

[48] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 417.

[49] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 111-119.

[50] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 418.

[51] Имеретинский Н. К. Воспоминания о графе М. Н. Муравьеве // Исторический вестник. 1892. Т. 50. № 12. С. 613.

[52] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 120.

[53] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 419.

[54] Имеретинский Н. К. Воспоминания о графе М. Н. Муравьеве. С. 614.

[55] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 121-123.

[56] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 419-420.

[57] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 128-129.

[58] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 420-421.

[59] Паўстанцы, загiнулыя пад Дубiчамi:

1. Нарбут Людвiк, 32 годы.

2. Бразоўскi Аляксандр, 32 годы, лекар з Гурнофеля.

3. Бразоўскi Францiшак, 35 гадоў, жыхар Гурнофеля.

4. Грэмза Казiмiр, 25 гадоў, селянiн з Лiпкунцаў.

5. Губарэвiч Стэфан, 35 гадоў, жыхар Галавiчполя.

6. Ёдка Станiслаў Ян, 22 года, жыхар Петрашунцаў.

7. Краiнскi Леон, 35 гадоў, жыхар Грышанiшак.

8. Пакемпiновiч Юзаф, 22 года, студэнт Кракаўскага ўнiверсiтэта.

9. Паплаўскi Уладзiмір, 28 гадоў, жыхар Капцюха.

10. Скiрмунт Томаш, 30 гадоў, з Пiншчыны.

11. Тарашкевiч Iгнат, 38 лет, фельчар з Лiды.

12. Жукоўскi Уладзіслаў Вандалiн, 27 лет, жыхар Лацка.

13. Адам, прозвiшча невядома, сябар Нарбута.

[60] Имеретинский Н. К. Воспоминания о графе М. Н. Муравьеве… С. 614.

[61] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 123-124.

[62] Miron Bronisław Narbutt. Dubicze // Ziemia Lidzka. 1998. № 2-3 (30-31).

[63] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 128-130

[64] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 422-423.

[65] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 131-133.

[66] Нiкалаi Уладзiслаў, падпаручнiк Нарваўскага палка, шляхцiц вiленскай губернi, паранены ў бiтве пад Дубiчамi, трапiў у палон, 13 верасня 1863 г. расстраляны ў Вiльнi на Лукiшскiм пляцы.

[67] Karbowski W. Ludwik Narbutt. S. 219-220.

[68] Тамсама. S. 134-137.

[69] Тамсама. S. 152-155.

[70] Наша слова. № 38 (1085). 19 верасня 2012 г.

[71] Kałamajska-Saeed Maria. Kosciol p. w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2, cz. III. S. 143.

[72] Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. S. 18-21.

[73] Тамсама. S. 27-31.

[74] Суднiк Станiслаў. Людвiк Нарбут // Наша слова. № 40 (1087). 3 кастрычнiка 2012 г.

[75] Грынкевiч Яраслаў. Адноўлена мемарыяльная дошка памяцi Людвiка Нарбута ў Лiдзе // Наша Слова. № 17 (1116). 24 красавiка 2013 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX