Вярнуцца: Палітыкі

Браніслаў Друцкі-Падбярэскі


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 22-12-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Браніслаў Друцкі-Падбярэскі // НАША СЛОВА № 51 (1358), 20 снежня 2017.



Крычэў я гучна аб свабодзе,

Урад чародны ганіць сьмеў...

Аб бедным сумаваў Народзе -

І... на Лукішках пасядзеў...[1]

Пра беларускага літаратара, філолага і палітыка Браніслава [2] Друцкага-Падбярэскага інфармацыі не шмат. У асноўным гэта кароткія біяграмы ў розных выданнях пра Заходнюю Беларусь. У 2007 г. Арсень Ліс падсумаваў ўсё вядомае на той час пра гэтага чалавека ў сваім артыкуле, надрукаваным у «Краязнаўчай газеце» [3]. За гэты час нашы веды пра беларускую гісторыю пашырыліся, і я паспрабую трохі больш распавесці пра гэтага чалавека.

Са звестак, падаваных Браніславам Друцкім-Падбярэскім пра самога сябе, вядома, што ён нарадзіўся 6 студзеня 1890 г. у вёсцы Белая Полацкага павета [4]. Насамрэч ён быў Сігізмундам Кіпрыянавічам Падбярэскім, паходзіў са шляхты Вілкамірскага павета і жыў у мястэчку Свянцяны [5]. Потым, каб падкрэсліць шляхецкае паходжанне, ён далучыў да свайго прозвішча прыстаўку Друцкі і таму «Браніслаў Друцкі-Падбярэскі» - гэта пазнейшае імя ці псеўданім.

Цікавы выбар менавіта гэткага імя ці псеўданіма, бо насамрэч у той час існаваў сапраўдны князь Браніслаў Кіпрыянавіч Друцкі-Падбярэскі (1884 - ?) герба Газдава, сын Кіпрыяна (Цыпрыяна), які ўзяў шлюб з Юзэфай Корсак (1885 - ?), і ў 1905 г. у іх нарадзіўся сын Юзаф Друцкі-Падбярэскі [6].

Думаю, карэктна будзе выказаць здагадку, што наш Сігізмунд Кіпріянавіч Падбярэскі - пазашлюбны сын князя Кіпрыяна і зводны брат Браніслава Кіпрыянавіча Друцкага-Падбярэскага, які не перажыў бурлівыя часы рэвалюцыі. А пасля яго смерці, магчыма, з дазволу бацькі, імя Браніслава ўзяў Сігізмунд Кіпріянавіч Падбярэскі - беларускі палітык і філолаг.

У 1915 г. Падбярэскі, ратуючыся ад наступаючых немцаў, пераехаў у Менск, дзе працаваў у земскім саюзе [7]. У жніўні 1917 г. у Петраградзе пабраўся шлюбам з Аленай Гурскай [8].

У 1920 г. прыехаў у Польшчу і спярша жыў у Варшаве. З ліпеня 1920 г. пасяліўся ў Наваградку [9], дзе ў 1922 г. ўзначаліў выбарчы камітэт. Менавіта як старшыню камітэта падчас выбараў 1922 г. яго ў мемуарах узгадвае Васіль Рагуля: «Назаўтра мы сабраліся ў кабінэце старшыні наваградзкага камітэту - адваката Друцкага-Падбярэскага»[10]. Калі ў Наваградак з Вільні прыязджалі беларускія палітыкі, дык Падбярэскі прымаў іх і ладзіў сустрэчы з насельніцтвам [11].

Вядома, што і сам Падбярэскі падчас выбараў у Польскі Сейм у 1922 г. быў кандыдатам па Наваградскай акрузе ад спісу № 16. Пасля паразы на выбарах пераехаў у Вільню і спрабаваў заняцця адвакацкай практыкай, але не атрымаў дазволу ад уладаў. Нейкі час працаваў сакратаром пры беларускім пасольскім клубе і юрыстконсулам газеты «Наш сцяг». Магчыма, быў сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Паводле данясення дэфензівы: «Чалавек разумны і вядомы як адзін з адукаваных беларусаў»[12].

На пачатку 1920-х гг. быў сябрам Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта (да 1926 г. камітэт меў назву «Часовая беларуская рада» - ЧБР) [13].

У чэрвені 1925 г. беларускі пасол польскага Сейма Аўсянік вёў перамовы з дзеячам ЧБР Падбярэскім, каб той выступіў супраць лідара беларускіх паланафілаў Паўлюкевіча і пераехаў жыць у Гародню (у Гародні планавалася ўтварыць адзін з цэнтраў беларускага руху, распачаць выданне беларускай газеты і інш.). Разам з Друцкім-Падбярэскім у перамовах таксама прымалі ўдзел М. Касцевіч (Макар Краўцоў) і У. Більдзюкевіч - асобы, набліжаныя да ЧБР. Усе гэтыя дзеячы выказвалі незадаволенасць самаўладнымі паводзінамі Паўлюкевіча, які самастойна распараджаўся фінансамі арганізацыі і не выплачваў грошай сваім супрацоўнікам. Нягледзячы на гэта, 18 чэрвеня 1925 г. на паседжанні ЧБР супраць Паўлюкевіча выступілі толькі Касцевіч і Друцкі-Падбярэскі. Як паведамляла паліцыя, Паўлюкевіч, адчуваючы, «што над яго галавой збіраецца бура», папярэдне ўмацаваў свае пазіцыі ў арганізацыі [14].

У траўні 1926 г. Падбярэскі збіраў подпісы выбаршчыкаў у Беларускі пасольскі клуб з патрабаваннем абрання маршала Пілсудскага прэзідэнтам Польшчы. Пілсудскі толькі што арганізаваў так званы «травеньскі пераварот» і меў вялікія сімпатыі з боку нацыянальных меншасцяў і левых партый. Падбярэскі правёў 15 сходаў - амаль на кожным сходзе прымаліся рэзалюцыі «ад імя беларускага народа» ў падтрымку травеньскага перавароту і складаліся тэлеграмы да беларускіх дэпутатаў з патрабаваннем аддаць свой голас за Пілсудскага падчас прэзідэнцкіх выбараў [15]. Дзякуючы гэтай кампаніі, былі высланы тэлеграмы ад 140 беларускіх вёсак.

У жніўні 1926 г. лідар беларускіх паланафілаў А. Паўлюкевіч разам з Падбярэскім, Ф. Аляхновічам і іншымі палітыкамі звярнуўся да ўладаў па дазвол на адкрыццё гэтак званага «Беларускага клуба», які мог бы за кошт камерцыйнай дзейнасці прыносіць прыбыткі на выданне газеты. Але пасля рэгістрацыі ўладамі статута арганізацыі сам Паўлюкевіч не быў абраны ва ўправу клуба [16].

Падчас выбараў у Сейм 1928 г. ад спісу паланафілаў № 37 па Лідскай акрузе на першых месцах знаходзіліся М. Іванкевіч і Б. Друцкі-Падбярэскі. Але паланафілы прайгралі выбары, узяўшы ў Лідскай акрузе толькі 826 галасоў [17].

У 1920-х гг. Падбярэскі друкаваўся ў часопісах «Беларуская культура», «Беларускі радны», «Беларуская хата», газетах «Беларускае слова», «Беларускі дзень» [18] - газетах паланафільскай арыентацыі.

Тады ж ён выдаў шэраг кніг: «Байкі», (24 стар. 1926, друкарня «Nowoczesna»), «Пернік»: проза; (10 стар., 1000 ас. 1927, друкарня Баеўскага), «Байкі, гумар, сатыра», (64 стар., 1000 ас. 1928, друкарня Клецкіна). Выдатны аналіз літаратурнай творчасці Падбярэскага як байкапісца зрабіў філолаг Уладзімір Каяла [19].

Пэўна, галоўнай працай Падбярэскага стаў «Падручны беларуска-польскі слоўнік», (324 стар. 1929, друкарня Клецкіна). Слоўнік быў адрэдагаваны прафесійным філолагам В. Грышкевічам. Арсень Ліс заўважыў, што абодва суаўтары - укладальнік і навуковы рэдактар - засведчылі добрае веданне беларускай мовы і знаходзілі адэкватныя семантычныя эквіваленты на польскай мове [20].

Для мяне ж самым цікавым з'яўляецца тое, што Падбярэскі займаўся краязнаўчым апісаннем Лідчыны, пра што паведаміў Леанід Маракоў [21]. На жаль, краязнаўчыя тэксты яго пакуль не знойдзены.

Падбярэскі быў арыштаваны органамі НКВД восенню 1939 г. у рэдакцыі газеты «Вілейская праўда», куды зайшоў па літаратурных справах. Засведчыў гэты факт журналіст Вульф Сосенскі. Далейшы лёс гэтага чалавека невядомы [22].

Аўтар выказвае вялікую падзяку выдатным беларускім гісторыкам Андрэю Чарнякевічу і Алесю Горнаму, без якіх гэты артыкул не мог бы з'явіцца.



[1] Друцкі-Падбярэскі Б. Байкі. Гумар. Сатыра. Вільня, 1928. С. 51.

[2] У гістарычнай літаратуры яго калі-нікалі чамусьці называюць Баляславам.

[3] Гл: Ліс А. І ён шмат мог і жадаў // Краязнаўчая газета. 2007. № 18.

[4] Lietuvos centrinis valstybes archyvas (далей - LCVA). F. 53. Ap. 23. B. 597. L. 67.

[5] LCVA. F. 53. Ap. 23. B. 597. L. 70.

[6] http://genealogia. grocholski.pl/gd/osoba. php?id=066969

[7] LCVA. F. 53. Ap. 23. B. 597. L. 89.

[8] Там жа. L. 70.

[9] Там жа. L. 89.

[10] http://pawet.net/library/history/bel_history/_memoirs/035/Рагуля_Васіль._Успаміны.html

[11] Ліс А. І ён шмат мог і жадаў.

[12] LCVA. F. 53. Ap. 23. B. 597. L. 76.

[13] Кароткі нарыс беларускага пытання. Мінск, 2008. С. 298.

[14] Горны А. С. «Місія Аўсяніка»: да пытання аб палітычнай барацьбе паміж Беларускім пасольскім клубам і Часовай беларускай радай у Заходняй Беларусі міжваеннага перыяду // VIII Машеровские чтения: материалы международной научно-практической конференции студентов, аспирантов и молодых ученых, Витебск, 16-17 октября 2014 г. Витебск, 2014. С. 91.

[15] Горны А. С. Беларускія паланафілы і майскі пераварот у Польшчы 1926 года // Беларусь у ХІХ-ХХІ стагоддзях: праблемы этнакультурнага і нацыянальна-дзяржаўнага развіцця: зб. навук. арт. Гомель, 2013. С. 123.

[16] Чарнякевіч Андрэй. Беларускія паланафілы і Грамада. 1925 - пачатак 1927 г. // Гістарычны альманах. Т. 12. 2006. С. 76-77.

[17] Горны А. С. Удзел беларускіх паланафілаў у польскіх парламенцкіх выбарах у 1928 г. // Шлях да ўзаемнасці = Droga ku wzajemnosci : матэрыялы ХХ міжнар. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2014 г.). Мiнск, 2015. С. 255.

[18] Кароткі нарыс беларускага пытання. С. 298.

[19] Гл: Каяла Уладзімір. Б. Друцкі-Падбярэскі як пісьменнік-сатырык // Творчасць Элізы Ажэшкі і беларуская культура: Зб. навук. прац пад рэд. С. П. Мусіенкі. Гродна, 2002. С. 213-220.

[20] Ліс А. І ён шмат мог і жадаў.

[21] Маракоў Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энцыклапедычны даведнік. Т. 1. Мінск, 2003. С. 322-333.

[22] Маракоў Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. С. 322-333.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX