Папярэдняя старонка: Палітыкі

Барбара Радзівіл, вялікая княгіня літоўская і каралева польская 


Дадана: 09-10-2009,
Крыніца: pawet.net.






Эпоха Рэнесансу пакінула ў культурнай спадчыне амаль кожнага еўрапейскагп народу легенду пра несмяротнае каханне. Гэтыя легенды нараджаліся пад уплывам міфу пра Трышчана ды Іжоту, які сфармаваў узор кахання ў культурным асяроддзі Заходняй Еўропы. Маем і мы прыгожую трагічную гісторыю кахання караля Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівілянкі ...




Уладзіслаў Сыракомля "Барбара, вялікая княгіня літоўская і каралева польская"

К.Я. Шышыгіна - Патоцкая "Чорная дама"

Эдвард Рудзкі "Барбара Радзівілянка - другая жонка Жыгімонта Аўгуста"

Вітаўт Чаропка "Польская каралева"

Аповесць пра ажэнства караля польскага і вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага Жыгімонта Аўгуста з Барбараю Радзівіл

Лісты Барбары Радзівілянкі да караля Жыгімонта Аўгуста







Барбара, вялікая княгіня літоўская і каралева польская

Уладзіслаў Сыракомля
(з кнігі Уладіслаў Сыракомля "Добрыя весці" Мн., 1993)

У Вільні, ідучы па абноўленай набярэжнай з Антокаля да Зялёнага моста міма дома і склада дроў князя Вітгенштэйна, вы сустрэнеце на самым беразе Віліі насупраць вострава Лебядзінага, сярод руін невялікую вежу з чырвонай цэглы, якая носіць выразныя сляды архітэктуры XV стагоддзя. Адсюль здзіўленым вашым вачам адкрыецца чароўнае відовішча: Антокальскія ўзгоркі, удалечыні сасновы лес, раскошныя палацы Слушкаў, храмы, могілкі за ракою, а налева велічны Зялёны мост і сярод усяго гэтага блакітная стужка Віліі. Вы спытаеце, што гэта за дзівосная вежа? Першы стары рыбак, якога сустрэнеце на беразе, скажа вам, што ён памятае, як на гэтым месцы высіліся сцены канчаткова разбураных гадоў сорак назад багатых палацаў, з абваленай цэглы якіх збудаваны дом Касабудскіх за Востраю брамаю, а прахожы віленскі старажыл растлумачыць вам, што гэта былі палацы Барвары, народжанай князёўны Радзівіл, жонкі Жыгімонта-Аўгуста.

Руіны замка Барбары Радзівіл. Малюнак Н. Орды.

Вось усе ўспаміны, якія засталіся ў Вільні пра гэтую цудоўную і няшчасную каралеву польскую і вялікую княгіню Літвы і Русі, гісторыя жыцця якой больш жаласлівая, магчыма, чым гісторыя праслаўленых каранаваных пакутніц Ганны Болейн, Іаганны Грэй альбо Марыі Сцюарт.

Лёс яе, здаецца, заслугоўвае таго, каб мы пазнаёмілі з ім чытачоў гэтай кніжкі, прысвечанай успамінам з гісторыі і старажытнасці тутэйшага краю. Барбара некалькі разоў была прадметам натхнёных песень паэтаў і апавяданняў раманістаў (Польскія паэты фялінскі, Вэнжык, Магнушэўскі напісалі трагедыі пад загалоўкам "Барбара Радзівіл", Бранікоўскі напісаў па-нямецку раман пад загалоўкам "Іпаліт Баратынскі". Мы для гэтага нарыса выбіралі звесткі з выдатнай працы Міхала Балінскага п. з. "Успаміны пра Каралеву Барбару" і з сучасных хронік); але мы абмяжуемся толькі выкладам фактаў, выбраных з хронік і прыватнай перапіскі каралевы, што захавалася да гэтага часу ў Нясвіжскім архіве.

Гэта быў славуты і старажытны род - Радзівілы, з якіх паходзіла Барбара; бацька яе, князь Юры Радзівіл, уладальнік Біржаў і Лубінак, быў віленскім кашталянам і таму займаў другое месца ў літоўскім сенаце; акрамя гэтага, ён быў гетманам, г. зн. галоўным маршалкам літоўскіх войск. Перамогамі ж і мужнасцю ў трыццаці бітвах ён здабыў славу выдатнага палкаводца. Усякі раз, калі прыязджаў у Вільню, ён спыняўся ў палацах, пра руіны якіх мы сказалі вышэй. Тут, у час шматлікіх сходаў, у 1538 годзе з'явілася перад уражаным дваром і віленскай знаццю цудоўная семнаццацігадовая дзяўчына, на свой часвыдатна выхаваная, першая на Літве нявеста як па багацці, так і па ўплыве і сувязях яе бацькоў. Наколькі была яна прыгожая, няхай скажа яе партрэт, які знаходзіцца яшчэ і цяпер у Нясвіжскім замку. У вачах, на вуснах і ва ўсім вобліку Барбары разліта нейкая прыемнасць; высокі лоб, арліны нос, прадаўгаваты задуменны твар раскрываюць узвышанасць яе пачуццяў і рашучасць. На гэтым высакародным, цудоўным твары вы бачыце водбліск тых пакут, якімі лёс услаў увесь шлях яе жыцця.

Барбара, малюнак 17 ст.

3 ліку многіх просьбітаў рукі маладой Барбары бацькі аддалі перавагу старому графу Станіславу Гаштольду, ваяводу наваградскаму, мужу, якому паходжанне і званне давалі права парадніцца са знатным домам Радзівілаў.

У той час, калі воля бацькоў мела рашучы ўплыў на лёс дзяцей, калі шлюбныя саюзы, асабліва паміж вяльможамі, заключаліся праз фамільныя разлікі, шлюб гэты, магчыма, не здзіўляў сваёй недарэчнасцю, але калі ўспомніць юныя гады Барбары, лёгка можна дапусціць, што ў той час, як яна аддавала руку багатаму ваяводу, сэрца яе не ведала яшчэ кахання. Гэтаму пачуццю суджана было ў палкай яе душы развіцца ў далейшым і заняць важную старонку ў гісторыі таго стагоддзя. У тым жа годзе, г. зн. у 1538-м, Гаштольд, уступіўшы ў шлюб з Барбараю, павёз яе ў свой замак Геранёны (30 км ад Ліды - заўвага адміністратара "Павета" ). Яшчэ і цяпер можна ўбачыць там руіны старажытнага замка, у сценах якога правяла некалькі тужлівых гадоў маладая жонка Гаштольда; тужлівых, бо ці магло быць іншым жыццё яе ў гэтым зацішку, з мужам, якога яна магла толькі паважаць, але не кахаць. Гэты сум хутка выліўся слязьмі: у 1541 годзе памёр бацька яе Юры Радзівіл, а ў наступным годзе сышоў у магілу і муж яе Станіслаў Гаштольд. У жалобным адзенні па бацьку і ў чорным каптуры, які згодна з тагачасным звычаем надзявалі ўсе ўдовы, Барбара пасля чатырохгадовага бяздзетнага замужжа вярнулася ў Вільню ў мацярынскі дом і жыла ў тых жа палацах.

Вільня ў той час кіпела жыццём і ззяла бляскам. Жыгімонт-Аўгуст, які яшчэ пры жыцці свайго бацькі ўдзельнічаў у яго праўленні з тытулам малодшага караля і займаўся пераважна справамі Літвы, жыў тут пастаянна разам са сваёю жонкаю Елісаветаю,дачкою Фердынанда, рымскага імператара. Жыгімонт-Аўгуст, атрымаўшы выхаванне пры спешчаным двары сваёй маці Боны, любіў пышнасць і забавы; Елісавета, па сведчанні сучаснікаў, славілася сваёй прывабнасцю і дабрынёю; уся лепшая моладзь з Літвы і Польшчы наперабой дабівалася гонару бываць пры двары, дзе не спыняліся банкеты, вечары, маскарады, у якіх прымаў удзел і Жыгімонт-Аўгуст, і дзе штотыднёва ішло 1000 тагачасных фларэнаў (каля1800 руб. срэбр.).

Маладая ўдава Гаштольд па заканчэнні жалобы пачала з'яўляцца ў каралеўскіх пакоях, куды для яе быў вольны ўваход - яе знатны род, прыгажосць, выхаванне і ўплыў, якімі карысталіся яе родны брат Мікалай, празваны Рыжым, і стрыечны Мікалай, празваны Чорным, Радзівілы, першыя саноўнікі Літвы і любімцы Жыгімонта-Аўгуста. Тут малады манарх упершыню ўбачыў Барбару. Тут зрабіла яна такое моцнае на яго ўражанне, што яно не згладзілася да канца жыцця.

Геранёны. Руіны замку Гаштольдаў, тут жыла Барбара Радзівіл. Малюнак Н. Орды.

"Вочы ўсіх, піша адзін сучаснік, звернуты былі на Жыгімонта-Аўгуста, усе прадказвалі яму многія гады шчасця і радасцей, але пасля таго, як мінула некалькі гадоў, каралева Елісавета, якая сваёю лагоднасцю, чалавекалюбствам і цудоўнымі якасцямі душы заваявала агульную павагу і любоў падданых, была забрана смерцю (у студзені 1545 г.). Час і дзяржаўныя справы, якімі кароль асабіста займаўся ў Літве, зменшылі смутак, якому ён аддаваўся з прычыны страты любімай сваёй жонкі. І калі малады кароль, каб развеяць свой сум, аддаўся зноў забавам, паляванню і іншым уцехам свайго часу, цудоўная Барбара зачаравала яго не толькі сваёй знешнасцю, але і прыемнасцю і лагоднасцю свайго характару".

Барбара не магла быць абыякавай да ўвагі караля, якога лічылі тады першым прыгажуном у Літве; яна рада была бачыць яго, калі ён прыходзіў у палацы яе маці над Віліяй, яўна або таемнай галерэяй, якая знарок ім пабудавана была ад ніжняга замка да палацаў Радзівілаў.

Маці Барбары, жанчына ганарлівая, прадбачачы бліскучую будучыню сваёй дачкі, не працівілася поклічу закаханых сэрцаў; але абодва браты яе, Мікалай Рыжы і Мікалай Чорны Радзівілы, асцерагаючыся благіх вынікаў, якія маглі б запляміць іх славуты род, прасілі, каб кароль спыніў свае наведванні. Закаханы Жыгімонт-Аўгуст абяцаў, але не стрымаў слова. Тады Радзівілы, сустрэўшыся з ім у сястры, пачціва сказалі: "Милостивый Король, еси до сестры нашее ходити, а теперь для чего ем пришелъ?" - "А што ведаете,- адказваў кароль.- Может, теперешнее пристье мое къ сестре вашей учинитъ вамъ большую славу и пожиток".- "Дай жа Божа",- адказвалі Радзівілы. І праўда, пакліканы быў прыдворны духоўнік, і адбылося вянчанне Жыгімонта-Аўгуста з Барбараю, з такой тайнаю, што ведалі аб ім толькі Радзівілы і Станіслаў Кержгайла, муж Ганны, сястры Барбары. Гэта адбылося ў верасні 1547 года.

ЖЫКIМОНТ АВГУСТ I БАРБАРА РАДЗIВIЛ У ДВАРЦУ РАДЗIВIЛАЎ У ВIЛЬНI. Малюнак Я Матэйкі.

Пасля першых двух мядовых месяцаў Жыгімонту-Аўгусту трэба было ехаць на сейм у Петракоў, а маладая яго жонка, каб схававацца ад надакучлівай цікаўнасці, вымушана была з'ехаць у Дубінкі, маёнтак Радзівілаў, за 49 вёрст ад Вільні. Прытулкам вялікай княгіні літоўскай быў змрочны, сярод лясоў, на высокай гары замак, акружаны вадою возера, забяспечаны ўсімі жыццёвымі выгодамі. Клапаціліся пра яе браты, а на выпадак частых іх адлучак - Станіслаў Давойна, стараста мярэцкі, воін, прыдворны лекар, ліслівы блазан; але чалавек з добрым сэрцам і цалкам аддадзены каралю і яго жонцы.

Пяць месяцаў жыла Барбара ў Дубінках. Дні, якія яна правяла тут, былі самыя горкія ў яе жыцці. Адгароджаны ад свету высокі замак у лясной таемнай глухамані ператварыўся для яе ў манастыр, у якім маркотная Барбара ў манаскай сукенцы бернардынак лічыла доўгія гадзіны самотнага жыцця, поўнага малітваў, слёз.

Толькі клапатлівасць мужа, які прысылаў да яе ганцоў з Кнышына, з Петракова, з Сандаміра, і перапіска з клапатлівымі братамі вырывалі яе з самазабыцця і адзіноцтва. Неўзабаве па прыездзе ў Дубінкі Барбара, змучаная дарогаю, дачасна нарадзіла дзіця. Потым разбурылася частка замка ў Дубінках, што надзвычай спалохала каралеву, а Жыгімонт-Аўгуст убачыў у гэтым чыйсьці ліхі намер. У дадатак да ўсіх гэтых няшчасных выпадкаў каралеву гнялі плёткі паслужлівых жанчын аб уяўнай нявернасці мужа. Нарэшце, сама невядомасць будучыні і таямніца іх шлюбу прыводзілі яе ў трывожны стан і трымалі паміж страхам і надзеяю.

Між тым чутка аб шлюбе маладога караля ўжо пранеслася па ўсёй дзяржаве і ў Петракове дайшла да старога караля. Ён пытаўся ў сына, ці справядлівыя чуткі аб жаніцьбе? Але Жыгімонт-Аўгуст, не жадаючы, магчыма, атручваць апошнія хвіліны жыцця хворага бацькі, абвергнуў тыя чуткі. Маці яго Бона Сфорчыя, жанчына ганарлівая, уладалюбівая і карыслівая, давала ўсім зразумець, быццам нічога аб гэтым не ведае. Жыгімонт-Аўгуст, вырашыўшы ў што б там ні стала пераадолець усе цяжкасці, якія павінен быў чакаць з боку сваіх бацькоў і народа, пасля прызнання свайго шлюбу, імкнуўся схіліць у сваю карысць падарункамі Станіслава Ляскага, ваяводу серадскага, ветлівасцю Пятра Кміту, маршала кароннага, паверанага каралевы Боны. Гэтыя асобы мелі тады моцны ўплыў на ўсё грамадства. Стары гетман Іван Тарноўскі, Самуіл Мацяёўскі, епіскап кракаўскі і Андрэй Зебржыдоўскі, епіскап куяўскі, аддадзеныя маладому каралю і пасвечаныя ў яго тайну, рыхтаваліся быць яго абаронцамі, калі навальніца грымне над яго галавою.

І праўда, становішча Жыгімонта-Аўгуста, яго жонкі, Радзівілаў было складанае не толькі ў адносінах сваёй царскай сям'і, але і ў адносінах цэлай дзяржавы.

Жыгімонт I, нягледзячы на многія дабрадзейнасці, якімі ён вылучаўся ў грамадскім жыцці і дома, заслугоўваў справядлівага папроку за празмерную дагодлівасць сваёй жонцы Боне, якая, вядома, не хацела парадніцца з жанчынаю не царскай крыві, у той час як яшчэ нядаўна каралеўскі трон падзяляла з яе сынам дачка імператара рымскага. Хітрая італьянка імкнулася да таго, каб і са смерцю Жыгімонта І не страціць таго ўплыву, які яна мела на працягу дваццаці гадоў на дзяржаву і караля, а для гэтага, натуральна, ёй хацелася, каб жонка яе сына была ёю самою выбрана і каб цалкам адпавядала яе намерам. Вось чаму Бона дала сабе слова не дапусціць Барбару ўступіць на прастол Ягелонаў. Жыгімонт I, пакорны яе волі, і ўся каралеўская сям'я ці маглі пасля гэтага даць згоду на шлюб Жыгімонта-Аўгуста са сваёю падданаю, шлюб, які здзейсніўся без іх ведама і волі?

Дубінкі. Замак Радзівілаў, 7 міль ад Вільні. Тут нарадзілася і да замужжа жыла Барбара Разівіл. Малюнак Н. Орды. Каб павялічыць - клікніце па малюнку.

Думку двара падзяляла ўся Польшча; у Літве ж сярэдняе і ніжэйшае саслоўі не маглі не радавацца гэтаму шлюбу, бо ён цешыў іх народнае самалюбства і яшчэ мацней звязваў са сваім спадчынным гасударом, але вяльможы лічылі сябе глыбока пакрыўджанымі і асцерагаліся вынікаў, бо кароль, парадніўшыся з Радзівіламі, якія і без таго мелі перавагі перад іншымі як сваім багаццем, так значэннем і асабістымі вартасцямі (дастаткова ўспомніць тут Мікалая Чорнага і Мікалая Рыжага), цяпер даваў ім рашаючую перавагу перад усімі. Хадкевічы, Астыкі, Глебавічы, супернікі Радзівілаў па знатнасці роду і багацці, баяліся, каб парадненне Радзівілаў з каралеўскай сям'ёю не прынізіла іх. Нарэшце, польскія магнаты і шляхта, акрамя гэтых прычын, бачылі ў тайным шлюбе маладога караля парушэнне не толькі карэнных законаў і звычаяў, але разам з тым і прысягі, дадзенай Жыгімонтам-Аўгустам, калі ён быў дапушчаны да ўдзелу ў бацькоўскім кіраванні: ён без ведама Сената ні з кім не павінен уступаць у шлюб. Адным словам, Бона баялася сустрэць у жонцы Жыгімонта-Аўгуста пераемніцу сваёй улады, літоўская знаць баялася перавагі Радзівілаў, Польшча - перавагі Літвы. Такім чынам, пры няпэўных яшчэ чутках, што малады кароль тайна жаніўся з ліцвінкай, усюды з аднаго канца краіны ў другі разнёсся гул незадаволенасці, выкліканы прыватнымі і палітычнымі меркаваннямі. Гэта быў грозны гул у нетрах вулкана, і кожная хвіліна пагражала страшным вывяржэннем. І ўся гэтая трывога паднялася праз адну маладую, закаханую, стомленую горам жанчыну, на якую гатова была абрынуцца бура.

Жыгімонт-Аўгуст у Петракове даведаўся аб навіслых хмарах; ён зразумеў, што яму спачатку ў Літве трэба супакоіць розумы, усхваляваныя нядобразычлівымі намовамі вяльмож. Літва яму была даражэй за Польшчу. Ен моцна любіў яе, таму што сам быў яе сынам і спадчынным манархам. Тут ён марыў пакласці сваю галаву. Ен заспяшаўся ў Вільню; але як толькі прыбыў сюды, літоўскія вяльможы пачалі даймаць яго просьбамі, угаворамі і нават двухсэнсоўнымі пагрозамі, каб ён скасаваў непрыстойны, на іх думку, шлюб. Пры такіх абставінах Барбара не магла прыехаць у Вільню. Бедная жанчына не адважвалася паспяшацца на сустрэчу да свайго мужа, не адважвалася адведаць таго, хто быў прадметам самага палымянага яе кахання.

Між тым у час, калі Жыгімонт-Аўгуст у сталіцы Літвы сачыў за настроем розумаў і адхіляў навязлівыя патрабаванні вяльмож, з Кракава скакаў дзень і ноч кур'ер-падкаморы Рафаіл Ракіцкі з сумным паведамленнем аб смерці Жыгімонта I, якая наступіла 1 красавіка 1548 года.

Становішча спраў раптам зусім змянілася: Жыгімонт-Аўгуст зрабіўся незалежным уладаром і волі сваёй, і дзвюх магутнейшых дзяржаў.

Нягледзячы на гэта, у абедзвюх гэтых дзяржавах надта грозна бушаваў ураган асабістых прэтэнзій і неўтаймаваных пачуццяў, і таму справу аб сваім шлюбе кароль не мог лічыць яшчэ закончанай.

Паведамленні аб смерці Жыгімонта 1 і аб уступленні ў шлюб Жыгімонта-Аўгуста адначасова пераходзілі з вуснаў у вусны. Між тым 17 кастрычніка Барбара прыехала ў Вільню з Дубінак. Жыгімонт-Аўгуст урачыста прадставіў яе літоўскаму сенату як законную сваю жонку і каралеву Літвы і Польшчы.

Гэты рашучы крок караля ўціхамірыў вяльмож і ўстанавіў цішыню. Літва пакорна ўшанавала волю свайго юнага гаспадара і з глыбокаю павагаю сустрэла сваю новую манархіню, але ў Польшчы мужу яе заставалася пераадолець яшчэ мноства перашкод. Там хітрая Бона, горды Сенат і шляхта, якая турбавалася аб захаванні сваіх правоў, рыхтавалі юнай пары горкую чашу, у той час як Літва, гордая за сваю княгіню, несла ёй на алтар сэрцы, поўныя самых шчырых пачуццяў, і Ніжні Віленскі замак, ператвораны ў раскошны палац для новай каралевы, кіпеў ужо новым жыццём і пышнасцю. Жыгімонт-Аўгуст зноў з'ехаў у Кракаў.

Урачыстае пахаванне нябожчыка караля і справы гаспадарчыя занялі першыя дні прабывання Жыгімонта-Аўгуста. Надзелены веліччу сваёй улады, падмацаваны вялікім значэннем і ўплывам у дзяржаве Івана Тарноўскага і дыпламатычным розумам Самуіла Мацяёўскага, кароль не звяртаў увагі на незадаволенасць сваіх нядобразычліўцаў. Смелы і ўпэўнены ў сваіх сілах, каго мілуючы, каго страшачы пазбаўленнем маяратаў, ён рыхтаваўся ўрачыста прадставіць Барбару ў Кракаве, як ужо гэта зрабіў у Вільні. Барбара адправілася ў Кракаў. Кароль для сустрэчы яе паслаў самых знатных сенатараў і прыдворных. Епіскапы, ваяводы і многія самыя знатныя дамы сустракалі юную манархіню ў розных месцах яе ўрачыстага падарожжа. Кароль выехаў на сустрэчу ў Радам і прызначыў гэты горад месцам яе прабывання да таго часу, пакуль абставіны не дазволяць яму ўвесці яе ўрачыста ў сталіцу і здзейсніць над ёю абрад каранавання. Згодна з законамі тагачаснай Польшчы кожны новы кароль, перш чым прыняць руль кіравання, павінен быў склікаць сейм, г. зн. сход Сената і палаты дэпутатаў ад шляхты. Месцам гэтага сейма прызначаны быў каралём горад Петракоў, а часам збору - 18 кастрычніка 1548 года.

Жыгімонт I

Там якраз гатова было ўспыхнуць непрыязнае полымя, якое да гэтага часу стрымлівалася ўмелаю рукою караля і сяброў яго, а раздзімалася пранырліваю Бонаю і яе кляўрэтамі. Праціўнікі шлюбу рыхтаваліся да выступлення. На чале іх стаяў Пётр Кміта, каронны маршал, і граф Андрэй Гурка, познаньскі кашталян, вяльможы ганарлівыя, якія лічылі зневажальным для сябе схіліць чало перад каралеваю аднаго з імі паходжання. Прадузятасць Кміты і Гуркі падзяляла ўся польская і большаяя частка літоўскай арыстакратыі. Фанатызм у гэтых адносінах даходзіў да такой ступені, што Ян Пялчынскі, ваявода сандамірскі, сказаў публічна, што "яму лепш было б бачыць турэцкага султана ў Кракаве, чым дачку Радзівіла на польскім троне". На баку нядобразычліўцаў стаялі епіскапы, якія карысталіся даверам народа: Мікалай Дзяржгоўскі, прымас дзяржавы, Ян Дзядыцкі - епіскап перамышльскі, Венцаслаў Вяржбіцкі-Самагіцкі і больш разумныя і ўплывовыя Пётр Баратынскі, Ян Серакоўскі, Ліёна Падлоўскі, Хрыстафор Гнаінскі і Мацвей Стадніцкі. Нават сваякі Барбары Іван Радзівіл, крайчы літоўскі, і Станіслаў Кержгайла далучыліся да ліку ворагаў Барбары і рыхтавалі ў самой Літве крамолу. На баку караля было няшмат сапраўдных абаронцаў гэтага шлюбу. Праціўнікі ж падзяліліся на дзве партыі. Адны з іх, кіруючыся бескарыснаю любоўю да радзімы, бачылі ў гэтым шлюбе парушэнне дадзенай клятвы і знявагу каралеўскаму сану, а другія былі толькі сляпой зброяй Боны, якая жадала атруціць жыццё роднага сына, пахіснуць яго уладу і парушыць сувязі, якія звязвалі яго з народам. Калі тыя і другія малілі караля развесціся з Барбараю, калі прымас аб'явіў, што сілаю царкоўнай улады цяжар каралеўскага грэху за скасаванне шлюбу "разделитъ на всехъ подданныхъ", калі Пётр Кміта, кракаўскі ваявода і каронны маршал, у запале прамовы і нястрымнага парыву гнеўна кінуў каралю ў ногі сваё маршальскае жазло, калі нават верны Мацяёўскі, здавалася, пакідаў ужо Жыгімонта-Аўгуста, кароль заставаўся непахісны, як гранітная скала, якую білі гром і валы раз'юшанай стыхіі. Але калі просты шляхціц Пётр Баратынскі, дэпутат Рускага ваяводства, у імя грамадскага дабра загаварыў простымі словамі, якія выліліся з глыбіні душы, молячы караля развесціся з Барбараю, калі стаў перад ім на калені, заклінаючы не звязваць сябе шлюбам, заключаным без ведама народа і ў супярэчнасць каралеўскан прысязе, і калі ўслед за Баратынскім уся палата дэпутатаў упала перад каралём на калені, Жыгімонт-Аўгуст быў расчулены і адклаў свой адказ да наступнага дня.

Але гэтая нерашучасць яго тут жа мінулася; надта многа было цвёрдасці ў гэтай юнай душы, вельмі моцным было каханне да сваёй жонкі, каб што-небудзь прымусіла яго парушыць дадзеную Барбары клятву. У наступныя дні ён рашуча аб'явіў, што скасаванне шлюбу лічыць найвялікшым злачынствам, што ніколі на гэта не пойдзе, таму што лічыць свяшчэнным абавязкам выканаць клятву, дадзеную перад алтаром, што ўратаванню душы ён аддае перавагу перад зямнымі выгадамі. "Што здарылася,- гаварыў ён урачыста і з энергіяй,- тое адмяніць нельга, а вам прыстойна не аб тым прасіць, каб я здрадзіў сваёй жонцы, а а6 тым, каб я свята захоўваў прысягу, каму б там ні было мною дадзеную. Я пакляўся сваёй жонцы і буду ёй верны, пакуль Гасподзь захавае дні мае". Такім быў адказ Жыгімонта-Аўгуста. Цвёрдасць яго абяззброіла была грозную буру, якая навісла над ім, але вецер не рассеяў яе, і глухія стогны прадракалі, што хутка яна выбухне ўдарам грому. Завадатары падгаварылі земскіх паслоў раз'ехацца з Петракова на той падставе, што яны, не выканаўшы галоўнага пункту дадзеных ім інструкцый, не могуць прыступіць да якога-небудзь іншага дзяржаўнага пытання.

Такім чынам, Петракоўскі сейм закончыўся нічым, таму што не зацвердзіў сваёю ўладаю каралеўскага шлюбу і не прымусіў Жыгімонта-Аўгуста скасаваць яго. 3 пачаткам 1549 года прамень надзеі і шчасця асвяціў на хвіліну маркотнае чало Барбары. Абставіны садзейнічалі ўрачыстаму ўезду яе ў Кракаў. Гэта адбылося 13 лютага 1549 года. Яе акружалі бляск і веліч каралеўскай улады; смутак і слёзы, якія яна доўга таіла, нарэшце змагла свабодна выліць перад закаханым у яе мужам. У паляўнічым замку Непаломіцах (куды праз некалькі дзён Жыгімонт-Аўгуст адправіўся з ёю) у пышных пакоях Кракаўскага замка на гары Вавель натоўп народу цясніўся вакол яе. Цяпер усё змянілася. Усе, хто акружаў яе, шчыра альбо прытворна выказвалі ёй любоў і павагу, а прыбліжаныя былі зачараваныя лагоднасцю, дабрынёю, прыгажосцю юнай манархіні. Ці дзіўна, што народ хутка ацаніў яе, зразумеў і палюбіў. Яна зрабілася яго кумірам, бо сапраўдная дабрачыннасць заўсёды знаходзіць водгалас у людзей. Ранейшыя праціўнікі і нядобразычліўцы прыціхлі, а магчыма, і самі былі захоплены агульнай любоўю; здавалася, аднаго з'яўлення дабрадзейнай Барбары даволі было для таго, каб выкараніць нянавісць і пасяліць любоў. Але ў той самы час, калі два народы пасылалі цёплыя маленні да прастола Усявышняга аб дараванні доўгіх дзён Барбары і аб пасланні дому Ягелонаў патомства, была істота, якая дала сабе слова загубіць Барбару і атруціць усё жыццё Жыгімонта-Аўгуста. Гэтай пачварай была маці яго родная - Бона.

ЖЫКIМОНТ АВГУСТ ПРЭЗЭНТУЕ БАРБАРУ РАДЗIВIЛ. Малюнак Я Матэйкі.

Праз год пасля першага сейма кароль склікаў другі сейм у Петракове для нарады аб каранаванні Барбары. Бона, якая жыла да гэтага ў Варшаве, пераехала ў ваколіцы Петракова ў невялікую вёску Гамалін, каб мець магчымасць процідзейнічаць намерам сына. Ведаючы яе і асцерагаючыся, Жыгімонт-Аўгуст сачыў за ўсімі яе дзеяннямі і, даведаўшыся, што яна мае тайныя нарады з нейкаю старою вяшчункаю, загадаў неадкладна схапіць яе і дапытаць. Вядзьмарка на допыце адкрыла шмат такіх рэчаў, якія прывялі ў жах юнага манарха (20 чэрвеня кароль пісаў з Петракова да Мікалая Радзівіла:"Мы вядзьмарку яе (Боны) тут злавілі, яна цяпер у нас у клетцы, шмат новага яна нам напявае, аб чым з часам усё падрабязна даведаецеся"). Трывога яго за жыццё жонкі была тым больш абгрунтаваная, што ён добра ведаў сваю маці і не сумняваўся, што яна гатова была рашыцца на самае жахлівае злачынства. Да таго ж Барбара была хворая,- як думалі, у яе развіваўся рак.

Нягледзячы на гэта, у Петракове кароль радаваўся. Сейм скарыўся. Кміта, Гурка, Танчычэўскі, прымас Дзяржгоўскі - усе ранейшыя нядобразычліўцы ціснуліся да двара і выказвалі сваю адданасць і пакорнасць, прызнаючы Барбару сваёй гасударыняй.Гурка трымаў стрэмя, калі Жыгімонт-Аўгуст садзіўся на каня. Кміта ўмаляў высокую пару даставіць яму шчасце наведваннем дома яго ў Віснічы. Дзяржгоўскі выказаў гатоўнасць здзейсніць абрад каранавання Барбары. Урачыстае вянчанне яе адбылося 9 снежня 1550 года ў Кракаўскім храме, але адна толькі гераіня гэтага велічнага абраду не падзяляла ўсеагульнага захаплення. Ці разумеючы небяспечнасць сваёй хваробы, ці кіруючыся нейкім сумным прадчуваннем, яна з жалем сказала: "Да іншага вянца хутка запросіць мяне Гасподзь... Маліце яго, няхай пашле міламу майму мужу суцяшэнне ў смутку пасля маёй смерці".

3 прастола, на які ўзвёў яе архіепіскап, бедная Барбара амаль непасрэдна перайшла на смяротнае ложа. Хвароба, якою яна мучылася (рак альбо скула), пайшла на спад, так што кароль, лекары і ўвесь двор былі ў захапленні; але нечакана з'явіўся новы сімптом хваробы - гарачка альбо ліхаманка. Няма сумнення, што паслужлівая рука свякрові паднесла ёй смяротны келіх, у той жа час каварная Бона прыслала да сына і нявесткі свайго духоўніка, прапануючы мір і дружбу і прызнаючы Барбару сваёю дачкою. Двор прыняў гэтае хітрае пасольства з недаверам. Жыгімонт-Аўгуст, не адыходзячы ні днём, ні ўночы ад ложка сваёй пакутнай жонкі, не жадаў асабістага яе збліжэння з маці, як быццам сэрца яго гаварыла яму аб учыненні страшэннага злачынства. Барбара памерла 8 мая 1551 года. Хто кахаў і павінен быў на вякі развітацца з прадметам свайго кахання, той толькі зразумее роспачны крык Жыгімонта-Аўгуста. Пра страшэнны яго смутак гавораць шмат сучасных летапісаў. Выконваючы дадзенае памерлай жонцы слова пахаваць яе ў Вільні, Жыгімонт-Аўгуст насуперак фанабэрыстым Радзівілам, якія жадалі галіну гордага іх дрэва пакінуць паміж магіламі каралёў польскіх у Кракаве, рашыўся выканаць апошнюю яе просьбу.

Смерць Барбары. Малюнак Юзафа Сіммлера.

Абураючыся на палякаў за ўсе непрыемнасці і смутак, якія яны прычынілі любай яго жонцы, ён аб'явіў, што "неблагодарная земля не достойна владеть ея прахомь". Жалобная калясніца з мноствам епіскапаў і духавенства рушыла з Кракава праз Прашавіцу, Кізлічы, Радам, Лукаў, Масты, Ружанку, Шчучын, Васілішкі, Алькенікі, Руднікі, і на дваццаты дзень тленныя астанкі Барбары былі дастаўлены ў любімую ёю родную Вільню. Нягледзячы на цяжкасць павольнага шэсця, кароль ехаў за труною вярхом і не пакідаў яго ні на крок. Яго акружалі першыя чыны Польшчы і Літвы. Каля калясніцы ішоў з маршальскім жазлом у руцэ Пётр Кміта, вялікі каронны маршал, ранейшая зброя Боны, які атруціў нямала дзён кароткачасовага жыцця нябожчыцы Барбары. Будзем верыць, што спачуванне яго да глыбокага смутку і тугі караля, на гэты раз, было нефальшывае. Абрад урачыстага пахавання Барбары адбыўся ў віленскім Кафедральным саборы 23 ліпеня 1551 года.

І надоўга, надоўга глыбокі смутак пасяліўся ў сэрцы Жыгімонта-Аўгуста, а ўспамін аб ім згасне толькі з жыццём. Міласці, якімі ён абсыпаў Радзівілаў, касцёл у імя св. велікамучаніцы Барбары, збудаваны паблізу Кафедральнага сабора, запрашэнне ў двор чараўніка Твардоўскага, які паказваў яму ў люстэрку цень Барбары,- усё гэта даказвае, наколькі дарагою, наколькі свяшчэннаю для караля была яе памяць.

Сёння, па сканчэнні трох стагоддзяў ад смерці Барбары, ні ва ўсёй Літве, якая так ганарылася ёю, ні нават у роднай ёй Вільні, на якую вылілася столькі міласцей Жыгімонта-Аўгуста, няма аніякага помніка Барбары. Пажары, якія перацярпеў віленскі Кафедральны сабор і розныя яго перабудовы, сцерлі нават сляды, дзе спычывае прах гэтай слаўнай сваёй прыгажосцю і дабрачыннасцю венчанай пакутніцы.

Бік/Ю

<і>3 а ў в а г а. Атручэнне Барбары па загадзе Боны яе прыдворным лекарам італьянцам Монці сучаснікі лічылі бясспрэчным фактам. У наш час паважаны біёграф Барбары М. Балінскі аспрэчвае гэты факт, ніяк не абгрунтоўваючы сваю думку. Здаецца, Г. Балінскі прыняў пад увагу тое, што сучасныя пісьменнікі, як, напр., Гурніцкі ("Гісторыя Польшчы") і Аржахоўскі (у сваіх "Аналах"), нідзе не ўпамінаюць аб гэтым атручэнні; але мы прывядзём цэлы шэраг доказаў злачынства. Якія гэта жахлівыя рэчы адкрыла вядзьмарка на допыце ў Петракове? Што значаць словы караля ў пісьме да Радзівіла, дзе, гаворачы аб магчымым прымірэнні Барбары з Бонаю, ён дадае:"Аднак жа больш пажадана было б нам, каб яны пры дапамозе пісьмаў узаемна сябе наведвалі, чым мець ім частыя асабістыя сустрэчы". Што значаць словы: "Да вячэры трэба будзе звяртаць асаблівую на ўсё ўвагу". Хіба паспешлівасць Боны ў прымірэнні з Барбараю перад самаю смерцю гэтай апошняй не была толькі хітра прадуманай мераю для знішчэння ўсялякага падазрэння? Адкуль у яе з'явіўся неспакой, калі даведалася пра смерць? Ці ж дарэмна пачалі ўсе не толькі ў Літве, Польшчы, але і за мяжою гаварыць пра атручванне Барбары? Бельскі, Стрыйкоўскі, Каяловіч, на якіх спасылаецца і Г. Балінскі ў сваёй працы, таксама сцвярджаюць гэта. А тое, што Гурніцкі і Аржахоўскі нічога пра атручванне не кажуць, лёгка можна растлумачыць. Гурніцкі, чалавек малады, быў адным з прыдворных караля. Аржахоўскі ж свае запісы паказваў самому Жыгімонту-Аўгусту, якога б зняважыла злачынства маці. Для сучаснага гісторыка гэта была вельмі далікатная справа, асабліва для Гурніцкага як блізкага да караля і Аржахоўскага, звязанага з Кмітам блізкімі адносінамі. Хоць на гэтага апошняга не можа падаць і ценю падазрэння ў саўдзеле яго ў злачынстве; але наўрад ці прыемна было б яму чуць і бачыць доказы віны Боны, давераным і нават зброяй інтрыг якой ён быў некалі.


ЧОРНАЯ ДАМА

К.Я. Шышыгіна - Патоцкая (з кнігі "Скарбы Нясвіжа", Мн, 1993)

Больш чатырох стагоддзяў жыве ў Нясвіжы паданне аб Чорнай даме. Пра яе расказвалі ў сваіх творах многія літаратары, мастакі, музыканты. 3 гэтай легендай знаёмяць шматлікіх турыстаў экскурсаводы, прыводзячы іх да цудоўнага палаца-замка ў жывапісным парку. У вуснай народнай творчасці яна жыве ў розных варыянтах.

Вось што расказваюць у Нясвіжы.

Прыгажуня Барбара жыла ў Вільні. Яе бацька лічыўся спрактыкаваным палкаводцам, якога называлі Герлесам Літоўскім за тое, што ён атрымаў 30 перамог над ворагам. Дарэчы, яго партрэт, выкананы ў манеры нямецкага Адраджэння, захаваўся да нашага часу, быў рэстаўрыраваны ў 1982 годзе. Ёсць меркаванне, што яго напісаў адзін з Кранахаў. Барбара рана страціла бацьку, а ў хуткім часе і першага мужа. Дамы маладой удавы каралевіча Жыгімонта знаходзіліся побач. Каралевіч не застаўся раўнадушным да прыгажосці Барбары. Яны пачалі сустракацца і неўзабаве моцна пакахалі адзін аднаго. Хутка аб гэтым даведаліся сваякі. Асабліва занепакоіўся нясвіжскі Радзівіл - Мікалай Чорны. Ен клапаціўся аб рэпутацыі сястры і вырашыў прыняць неабходныя захады, каб зберагчы імя яе і свайго роду ад непажаданых плётак. Небяспека была ў тым, што маці каралевіча - Бона Сфорца люта ненавідзела "выскачак" Радзівілаў. Стары кароль дажываў апошнія дні. У хуткім часе манархам павінен быў стаць яго сын. Жонку для яго шукалі сярод магутнейшых каралеўскіх двароў Еўропы.

Нясвіжскі Радзівіл вырашыў сам паехаць у Вільню і навесці парадак. Ен бярэ з сабой стрыечнага брата Мікалая Рыжага (роднага брата Барбары) і накіроўваецца да каралевіча.У рыцарскім адзенні браты выглядалі вельмі грозна. Яны запатрабавалі ад Жыгімонта канчатковага рашэння: альбо ажаніцца з Барбарай, альбо больш з ёй не сустракацца. Каралевіч, які ведаў сваё няўстойлівае становішча, адносіны каралевы-маці да прадстаўніцы Радзівілаў, а таксама інтрыгі пры польскім двары, мусіў даць слова, што ён пакіне каханую.

Браты зрабілі выгляд, што ад'язджаюць з Вільні. Каралевіч жа захацеў зноў пабачыцца з Барбарай. У час сустрэчы закаханых раптоўна з'явіліся браты і запатрабавалі ад Жыгімонта ажаніцца з іх сястрой, бо ён парушыў сваё слова. Каралевіч згадзіўся, таму што вельмі кахаў Барбару. Папрасіў толькі, каб шлюб застаўся ў тайне да той пары, пакуль ён не стане каралём, інакш не зможа абараніць не толькі Барбару, але і сябе.

З'ява Барбары. Малюнак Войцаха Герсана

Праз некаторы час Жыгімонт Стары памёр. Каралевіча спешна выклікаюць у Кракаў. Бона Сфорца актыўна шукае для маладога караля нявесту. Шлюб павінен умацаваць трон і павялічыць прэстыж Рэчы Паспалітай у Еўропе. Як удар грому была вестка, што ў караля ужо ёсць жонка. Бона Сфорца прыкладае ўсе намаганні, каб сейм не каранаваў Барбару. Для вырашэння гэтага пытання Мікалаю Чорнаму прыйшлося спецыяльна паехаць у Рым да папы. Калі сейм усё ж такі быў вымушаны каранаваць Барбару, каралева-маці ў знак пратэсту пакінула Кракаў і выехала на радзіму - у Італію. Яна забрала з сабой увесь свой двор, але пакінула агентаў з заданнем атруціць ненавісную каралеву. Да нашых дзён дайшло прозвішча аптэкара Монці, які замест патрэбнага лякарства прыгатаваў яд, што паволі, але няўмольна звёў квітнеючую прыгажуню ў магілу. Барбара была каранавана ў снежні 1550 года, а праз шэсць месяцаў, у маі 1551 года, яе не стала.

Роспач і гора караля былі бязмернымі. Па завяшчанню памёршай труну з яе целам павезлі ў Вільню. Няўцешны кароль усю дарогу ад Кракава ішоў за труной пешшу. Пахавалі Барбару ў Кафедральным саборы на плошчы Гедыміна.

Пра вялікае каханне і гора караля напісана шмат твораў. Жыве яно і вось ў такой легендзе.

Кароль пасля смерці каханай так сумаваў, што вырашыў пры дапамозе алхімікаў вызваць яе душу. Як сведчаць гісторыкі, зрабіць гэта ўзяліся Твароўскі і Мнішак (гістарычныя асобы). У паўзмрочнай зале было ўсё падрыхтавана, каб з дапамогай люстраў, на адным з якіх была выгравіравана постаць Барбары ва ўвесь рост у белым адзенні, разыграць сцэну сустрэчы караля і душы яго дамы сэрца. Караля пасадзілі ў крэсла і хацелі прывязаць рукі да падлакотнікаў, каб ён незнарок не дакрануўся да прывіду. Жыгімонт даў слова, што будзе сядзець спакойна і толькі на адлегласці запытае ў каханай, як яму жыць далей. Але, калі з'явілася здань, ён ад хвалявання забыўся на сваю клятву, ускочыўся з крэсла, кінуўся да прывіду са словамі: "Басенька мая!" і хацеў яе абняць. Пачуўся выбух, пайшоў трупны пах - цяпер душа Барбары не магла знайсці дарогу ў магілу, вечна ёй блукаць па зямлі. Вось з таго часу і ходзіць яна сярод людзей, а пасля смерці караля пасялілася ў Нясвіжкім замку. Перад жывымі заўсёды з'яўлялася ў чорным адзенні ў знак жалобы па сваім загубленым каханні. У замку лічылі, што прывід папярэджвае гаспадароў, калі пагражае якая-небудзь небяспека, вайна, хвароба.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя Чорная дама пачала выконваць новыя абавязкі - сачыла за паводзінамі маладых прыгожых дзяўчат і жанчын. Некаторых яна правуучвала ў цёмных месцах у час баляў, калі яны дазвалялі сабе з'яўляцца ў вельмі адкрытых туалетах.

У існаванне ў замку Чорнай дамы верылі і немцы, якія двойчы акупіравалі Нясвіж. Калі яны бачылі ў канцу парку што-небудзь чорнае, то з крыкам "Шварц фраў" стралялі ў тым напрамку і беглі хавацца.


Барбара Радзівілянка - другая жонка Жыгімонта Аўгуста

Эдвард Рудзкі
(Спадчына №5, 1994, пераклад з выдання: Edward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow i Jagiellonow. W-wa 1985 )

Блізу 1515 г. Юры Радзівіл, на той час кіеўскі ваявода, пашлюбаваўся з Барбарай Калянкай з Далёва, дачкой ваяводы падольскага, наступніцай вялікіх уладанняў на Украіне. Радзівілы належалі да літоўскіх "панятаў", гэта значыць да магнатаў недынастычнага паходжання, якія яшчэ ў XIV ст. займалі ніжэйшае месца на сацыяльнай лесвіцы, чым "княжаты", што вялі радаводы ад нашчадкаў Гедыміна ці Рурыка. Аднак у XV ст. яны зраўняліся са старадаўнімі родамі ў прэстыжы і заможнасці, а ў наступным стагоддзі мелі над імі выразную перавагу. Бацька Юры, Мікалай, быў ужо адным з найзначных ураднікаў Вялікага Княства, займаў па чарзе пасады смаленскага намесніка, кашталяна троцкага, ваяводы віленскага і канцлера вялікага літоўскага. Ягоны старэйшы брат, таксама Мікалай, атрымаў у 1518 г. ад імператара Максіміляна Габсбурга тытул князя Святой Рымскай імперыі на Ганёнзах ды Мядзелах. Аднак гэтая галіна роду загасла ў 1542 годзе. Сястра Юры, Ганна, узяла шлюб з Конрадам III Рудым (Пястам) і была апошняй удзельнай мазавецкай княгіняй. Па скону мужа Ганна спрабавала дамагчыся рэгенцкіх правоў ад імя сваіх малых дзяцей. Сваімі паводзінамі яна набыла славу жанчыны распуснай. Гэта і сталася галоўнай прычынай бунту шляхты, якая адсунула ад улады Ганну і ейнага фаварыта Андрэя Жалінскага. Аднак княгіня не была адназначна пераможана шляхтай, бо прымас Польшчы Ласкі схіляў Жыгімонта Старога падчас ягонага ўдаўства ажаніцца з Ганнай.

Сам Юры быў малодшы сярод некалькіх сыноў вялікага канцлера. Падобна бацьку, ён займаў найвышэйшыя пасады. Так, ад 1520 г. ён - кіеўскі ваявода, праз два гады - троцкі кашталян, потым - кашталян віленскі, а з 1531 г.- таксама і гетман вялікі літоўскі. Вядома, што па колькасці падуладных Радзівілы ў 1528 г. саступалі ў ВКЛ толькі Кіжгайлам; яны мелі 70 тысячаў сялянаў.

У Юры было трое дзяцей: сын Мікалай, празваны пазней Рудым, і дзве дачкі - старэйшая Ганна ды малодшая Барбара. Апошняя прыйшла на свет паміж 1520 і 1523 гадамі. Дакладна вядома, што дзень нараджэння Радзівілянкі 6 снежня. Ейны бацька быў вельмі набожны, чаго, аднак, не скажаш пра дзяцей ды пляменнікаў. Барбара праз усю маладосць прысвячала рэлігійнай практыцы няшмат часу і ўвагі, а браты - родны Руды і стрыечны Мікалай Чорны - хутка пачалі цікавіцца пратэстанцкімі навінамі і з часам сталіся руплівымі прыхільнікамі кальвінізму.

Пра сямейныя стасункі Радзівілаў звестак амаль няма. Вядома, што Барбара, якую пазней папракалі абыякавасцю да іншых людзей, была моцна прывязаная да Мікалая Рудога, а ён адплочваў сястры такімі ж пачуццямі. Захаваная карэспандэнцыя паказвае, што стасункі Барбары з маці складаліся сардэчна. Затое яна магла баяцца бацькі, які раптоўна выбухаў гневам; нават заможныя суседзі асцерагаліся, што вялікі гетман паб'е іх ці пацягае за бараду. Тым не менш дочкі гетмана мелі неабмежаваную свабоду. Незычліўцы сцвярджалі, што старэйшая сястра Ганна, не маючы мужа, мела дзяцей, Барбару папікалі, быццам перад шлюбам мела шмат каханкаў. Пляткарылі, нібыта іхная маці таксама не заўсёды была верная мужу.

Юры Радзівіл у справе замужжа дачок заключыў дамовы з двума магнацкімі родамі - Гаштольдамі і князямі Астрожскімі. Ганна мусіла стаць жонкай Станіслава Гаштольда. Аднак, калі дасягнула шлюбнага ўзросту, сям'я заручонага адмовілася трымацца дамовы і пачала планаваць шлюб Станіслава з паннай Забярэзінскай. Абураны Радзівіл выклікаў Гаштольдаў на суд караля Жыгімонта Старога (дамовы, што датычылі шлюбу, гарантаваліся грашовым закладам). Нягледзячы на ўхілісты прысуд караля, Гаштольд пагадзіўся ажаніцца з Ганнай, але Радзівіл прапанаваў яму малодшую дачку, мяркуючы старэйшую выдаць за князя Іллю Астрожскага. 20 кастрычніка 1536 г. у Радуні ў прысутнасці Жыгімонта Старога была падпісаная новая дамова - пра шлюб Барбары ды Станіслава Гаштольда. Аднак князь Ілля закахаўся ў Беату Касцялецкую і сарваў заручыны з Ганнай, у звязе з чым Радзівіл распачаў новы судовы працэс, гэтым разам ужо з князем Астрожскім. Насуперак намаганням, гетман не здолеў да канца жыцця выдаць старэйшую дачку замуж.

Вынікам сарваных і адноўленых дамоваў між наймагутнымі родамі Літвы сталіся заручыны Барбары са Стасем Гаштольдам. Гаштольды, уплывовыя ды заможныя, як і Радзівілы, былі, апроч таго, параднёныя з князямі Гальшанскімі і Алелькавічамі, а праз іх атрымалі сваяцтва з Ягайлавічамі і вялікімі князямі маскоўскімі. Бацька заручонага, Альбрэхт, быў ваяводам віленскім, а з 1522 года і канцлерам Вялікага Княства. Быў такі час, калі ён змагаўся з Радзівіламі (нават палілі замкі адзін аднаго). Пазней яны аб'ядналіся супроць намаганняў Боны ўзмацніць цэнтральную каралеўскую ўладу ў ВКЛ.

Станіслаў Гаштольд нарадзіўся ў 1507 г. На дзень шлюбу быў ужо ваяводам наваградскім. Тытул той, праўда, меў з дзяцінства. Шлюб адбыўся 17 траўня 1537 г. у прадстаўнічай сядзібе Гаштольдаў - Гераноях (Геранёнах), дзе на паўзгорку стаяў мураваны замак. Пан малады лічыў 30 гадоў, панна маладая - 14 ці 17. Ейны пасаг складаў 8000 коп літоўскіх грошаў, апроч таго, мела выдатную выправу. Са свайго боку, муж прызначыў ёй на выпадак, калі застанецца ўдавой, замак Сідараў разам з наваколлем.

Па розных звестках можна меркаваць, што першае замужжа Барбары праходзіла без вялікага разладу. Хоць падставы дзеля таго былі. Па-першае, Гаштольды не мелі дзяцей, што набірала значэнне, бо Станіслаў быў апошні ў родзе. Па-другое, муж і жонка не трымаліся шлюбнай прысягі на вернасць. Некаторыя нават меркавалі, што менавіта муж заразіў Барбару французскай хваробай. 3 другога боку, ужо ў снежні 1537 г. маладую ваяводзіну папракалі пазашлюбнымі амурамі. Станіслаў, цалкам залежны матэрыяльна і псіхічна ад свайго ўсемагутнага бацькі, не мог імпанаваць ганарыстай жонцы. Здаецца, у гэты час яе і пачалі называць "вялікай распусніцай Літвы". Шмат хто параўноўваў ейную прыгажосць з прывабнасцю Алены Траянскай.

3 Жыгімонтам яна пазнаёмілася падчас ягонага побыту ў Вільні ў 1541-1542 гг. Знаёмства было афіцыйным і напачатку нічога не абяцала.

Малодшая Гаштольдава належала да першых сем'яў Вялікага Княства. Ейныя пазіцыі, аднак, падарвалі дзве смерці. У 1537 г. памёр цесць, які дзесяцігоддзе адыгрываў галоўную ролю ў вялікакняскай Радзе, а ў 1540 г. сканаў і ўплывовы бацька. 30 чэрвеня 1542 г. Станіслаў Гаштольд атрымаў Троцкае ваяводства. Але нядоўга ён цешыўся з гэтай вялікай намінацыі. У снежні таго ж года Станіслаў нечакана памёр. На ім загас род Гаштольдаў. Іхныя землі паводле старадаўняга літоўскага права сталі ўласнасцю вялікага князя, толькі маці Станіслава, Соф'я Гаштольдава (з князёў Вярэйскіх), атрымала дазвол карыстацца імі да канца свайго веку.

Па смерці мужа Барбара разам з маці жыла найчасцей у Вільні ці ў недалёкіх Гераноях. Гэты перыяд жыцця Радзівілянкі адзначаны шматлікімі любоўнымі прыгодамі. Некалькімі гадамі пазней Андрэй Гурка вылічыў па імёнах 38 каханкаў Барбары, прычым назваў людзей рознага стану: ураднік, шляхціч, багаты, бедны, слынны, невядомы, манах, мешчанін, селянін, старшы конюх... Адным з пералічаных меўся быць нават блізкі сваяк, Мікалай Чорны Радзівіл. Але гэтыя звесткі паходзяць з колаў, варожых Радзівілянцы, і, напэўна, дужа перабольшаныя. Без сумлеву, што ніводзін з тых паноў не цешыўся доўга ласкамі прыгожай удавы, ці, магчыма, яна не адчувала моцнага пачуцця.

На падставе антрапалагічнага вывучэння вядома, што ростам Барбара была 160 сантыметраў, і ў тыя часы яна лічылася высокай. Мела светлыя валасы і добрыя моцныя зубы. 3 партрэтаў даследнікі зрабілі апісанне. Яна была зграбная, з дасканалымі прапорцыямі цела і прывабным абліччам, з даволі доўгім носам, які меў невялічкую гарбінку, і з цёмнымі вялікімі вачыма. Сучаснікі адзначалі алебастравы колер твару, слодыч позірку, прывабнасць рухаў. Некаторыя трымаліся думкі, што ў прыгажосці Радзівілянкі таілася якаясь "нячыстая" сіла, і вінавацілі ў чарах, дзякуючы якім яна дасягнула вялікага ўплыву на караля.

У кастрычніку 1543 г. здарылася падзея, якая змяніла ўсё далейшае жыццё Барбары. У Гераноі завітаў Жыгімонт Аўгуст. Афіцыйнай мэтай візіту было вырашэнне справы са спадчынай Гаштольдаў. Дэталі адведкаў невядомыя; мяркуюць, аднак, што менавіта тады адбылося першае збліжэнне між будучымі жонкай ды мужам. Пра гэта сведчыць тое, што пабыўку сваю Жыгімонт афіцыйна падоўжыў з прычыны заразы, якая ахапіла Вільню. Аднак Гераноі былі не адзіным бяспечным месцам на Літве. Калі вялікі князь пакідаў двор Гаштольдавай, для абодвух маладых людзей было відочна, што распачаты раман атрымае цікавы працяг.

Падчас гэтага блізкага знаёмства з троцкай ваяводзінай Жыгімонт Аўгуст прабыў на Літве толькі некалькі тыдняў. Бацька перадаў яму праўленне Вялікім Княствам, пакінуўшы ўсё ж за сабой найвышэйшую ўладу. Першая жонка Жыгімонта Аўгуста, Альжбета Аўстрыячка, гэтым разам не суправаджала мужа, хоць мелася хутка прыехаць. Жыгімонту споўнілася 24 гады. Невысокі, шчуплы, дробны, смуглявы (абліччам нагадваў сваю італьянскую, па маці, каралеве Боне, радню). Часта апранаўся ў чорнае і насіў шмат каштоўнасцяў, да калекцыянавання якіх меў вялікую схільнасць. Характар меў скрытны, любіў ловы і гульні, здолеў ужо здабыць дасведчанасць у спакушэнні жанчын. Жонку сваю не кахаў, як пісаў у Вену пасланнік Фердынанда Габсбурга, "прывёз з сабою на Літву з Кракава некалькі наложніц". Жыгімонт Аўгуст вольна валодаў лацінай, італьянскай ды нямецкай мовамі, па культурным выхаванні на некалькі галоваў перавышаў магнатэрыю і шляхту, якую ведала Барбара. Нічога дзіўнага, што князь зацікавіў, а хутка і выклікаў палкія пачуцці маладой удавы.

Неўзабаве каханкі пачалі бачыцца рэгулярна. Цяпер Барбара часцей жыла ў маці ў Віленскім палацы Радзівілаў, што суседнічаў з вялікакняскім замкам. Нягледзячы на тое, што Жыгімонт Аўгуст значна болей, чым з нясмелай жонкай, лічыўся з бацькамі,а дакладней, з уладарнай маткай, пад моцным уплывам якой знаходзіўся, усё ж прыезд у Вільню ў 1544 годзе Альжбеты Аўстрыячкі выразна ўскладніў сітуацыю. Але жонка Жыгімонта пачала цяжка хварэць, і перспектыва ўдаўства вялікага князя набыла актуальнасць. Пра раман мужа з Радзівілянкай Альжбета, праўдападобна, ведала. Зацікаўленае асяроддзе звярнула ўвагу, што вялікі князь часцей выказвае ласку да Радзівілаў; гэта праявілася ў відочнай перавазе над іншымі наданнямі і грашовымі ахвяраваннямі. Найперш пакрыў Мікалаю Рудому кошт перабудовы віленскага палаца, пазней падараваў Мікалаю Чорнаму 400 залатых, ягонаму брату, кройчаму Яну Радзівілу - 200 залатых, а Мікалаю Рудому - 300 залатых.

Майскімі днямі Жыгімонт Аўгуст выехаў у Кракаў, каб прыняць прысланы з Вены пасаг Альжбеты. Там ён атрымаў вестку, што 15 чэрвеня 1545 г. ягоная жонка памерла. Вялікі князь вярнуўся ў Вільню, дзе 24 жніўня адбылося пахаванне. Насуперак афіцыйнай жалобе, Жыгімонт выходзіў на людзі разам з Барбарай і тады ж загадаў злучыць мостам і крытай галерэяй замак з садам радзівілаўскага палаца, у якім ужо стала жыла каханая. Ейную маці пазней надта дакаралі, што свядома палегчыла любоўныя сустрэчы дачкі з вялікім князем.

У спатканнях Жыгімонта Аўгуста з Барбарай істотную ролю адыгрывалі ловы. Падлічана, што ў 1546 г. Жыгімонт затраціў на іх у пушчах Вялікага Княства 223 дні, галоўным чынам у Белавежы і над Вітрамі. Князь браў на ловы двух вялізных сабакаў - Грыфа ды Сыбілу, а ягонае жыццё асцерагала колькі вопытных стральцоў, з якіх адзін загінуў, ратуючы Жыгімонта Аўгуста ад кіпцюроў параненага мядзведзя. Не заўжды, аднак, паляванне было небяспечным. На двары ў Рудніках, дзе даволі часта наведвала яго Барбара, вялікі князь страляў у спецыяльна прыгнаных звяроў праз акно аздобленага золатам ды пурпурам пакоя. Прыкладам, пасля палявання ў Белавежскай пушчы ў студзені 1546 г. у Польшчу было адпраўлена 100 бочак засоленага мяса зуброў, значную частку раздалі ў межах Вялікага Княства.

Вольныя ад ловаў дні былі занятыя бяседамі, турнірамі і балямі. Дзеля забаваў троцкай ваяводзіны Жыгімонт Аўгуст выпісаў лебедзяў, гэтых птушак кахання, якіх змясціў на адным з астравоў на Вільні, а ў лістападзе 1545 г. завёў жывога льва. Меншым атракцыёнам былі вярблюды і навучаныя мядзведзі. Апроч таго, віленскі двор гудзеў ад карлаў і блазнаў, сярод якіх найслынным быў немец Клейндыст. Усё гэта, зразумела, патрабавала вялікіх выдаткаў.

Выпадковая прыгода, якой было першае спатканне Жыгімонта Аўгуста і Радзівілянкі, ператварылася ў моцнае і ўзаемнае пачуццё. Маладога князя-ўдаўца належала, аднак, ажаніць, і зацікаўленыя каралеўскія двары пачалі вылучаць матрыманіяльныя прапановы. Некаторыя з іх падтрымлівала Бона, занепакоеная ладам жыцця любімага сына, ягонай працяглай сувяззю з прывабнай удавой. Сам Жыгімонт Аўгуст выслаў на Захад свайго двараніна Ласоту, каб прыгледзеўся да незамужных князёўнаў. Галоўнымі кандыдаткамі лічыліся; Ганна, дачка Альбрэхта, князя прускага, і таксама Ганна, князёўна Ферары, сваячка французскага караля. Здаецца, што ў гэты перыяд Жыгімонт не браў пад увагу магчымасць шлюбу з Радзівілянкай, але і яна напачатку не імкнулася да гэтага. Затое найбліжэйшыя сваякі троцкай ваяводзіны ўжо меркавалі пра забеспячэнне Барбары каронай. Адначасна пайшлі пагалоскі на тэмы такога шлюбу па абшарах Вялікага Княства.

Праўдападобна, што ў гэты час Жыгімонт Аўгуст зрабіў адзіную ў жыцці спробу разарваць сувязь з Барбарай. Такое рашэнне было, відаць, выклікана моцным ціскам асяроддзя, галоўным чынам, бацькоў. Пра гэта сведчаць два факты. У сувязі з чуткамі пра магчымы шлюб з удавой Гаштольдавай летам 1547 г. дваранін Тарло па даручэнню прускага князя спытаў у Жыгімонта: колькі праўды ў такіх пагалосках? Вялікі князь не толькі запярэчыў гэтым чуткам, але акрэсліў такі шлюб, як "заняпад, якога Бог не дапусціць". Другім довадам разлучыцца з Барбарай была рэакцыя Жыгімонта Аўгуста на шантаж ейных братоў. Аднаго дня яны раптам пачуліся дужа скампраметаванымі сувяззю Жыгімонта з іхнай сястрой і пажадалі, каб не наведваў яе. Жыгімонт пагадзіўся і пэўны час не сустракаўся з Барбарай.

Каралева Бона. Малюнак Дандкерса

Аднак хутка дайшло да новага спаткання каханкаў, ініцыятарам якога, хутчэй за ўсё, была Барбара. Яно, гэтае спатканне, можна сказаць, стала гістарычным, ва ўсялякім разе, адлюстравалася ў гістарычнай літаратуры. Паводле старой беларускай хронікі, ноччу ў пакой, дзе былі Барбара і Жыгімонт, увайшлі абодва браты Радзівілы і пачалі вымаўляць вялікаму князю за тое, што парушыў княскае абяцанне. У адказ яны пачулі:"Скуль ведаеце, што мой цяперашні прыход да вашай сястры не памножыць вашыя славу, гонар і маёмасць". На тыя адназначныя словы браты паклікалі падрыхтаванага ксяндза, які спалучыў каханкаў шлюбам у прысутнасці маці Барбары, ейных братоў і прыязнага ім Кіжгайлы. Адбылася гэтая падзея недзе паміж 28 ліпеня і 5 жніўня 1547 г. Жыгімонт Аўгуст меў тады 27 гадоў, а Барбара Радзівілянка - 24 (ці таксама 27).

Шлюб садзейнічаў, наколькі дазваляюць меркаваць сціплыя звесткі, зменам у паводзінах Жыгімонта: ён стаў больш рашучы ў сваіх дзеяннях, чым раней, адчуў сябе адказным мужчынам, здольным змагацца за правы сваёй жонкі. Наймацней гэтая змена выявілася ў стасунках з маткай. 3 чалавека, некалі яму самага блізкага, Бона, заняўшы варожую пазіцыю да Радзівілянкі, ператварылася ў ненавіснага праціўніка. 3 моманту шлюбу галоўным імкненнем вялікага князя стала легалізацыя таемнай жаніцьбы, што найбольш поўна давала толькі каранацыя.

Прызнанне Барбары за маладую каралеву Польшчы сустракала дзве істотныя перашкоды. Першая ўзнікла з упартага супраціўлення бацькоў, другая - з адпору шляхты. Жыгімонт Аўгуст разумеў сітуацыю, хоць напачатку недаацаніў абурэння шляхецкай масы. Ен вырашыў трымаць шлюб у таямніцы, паступова рыхтуючы грамадскую думку да ўзрушэння. Першыя весткі пра змену свайго становішча даслаў бацькам, Жыгімонту Старому ды Боне, праз Мікалая Чорнага, які ў жніўні таго года, г. зн. дзён праз дзесяць пасля шлюбнай ночы, выправіўся ў Кракаў, а потым з уласнымі справамі - у Вену. У Кракаве Радзівіл адшукаў Жыгімонту Аўгусту некалькі прыхільнікаў у асобах непрыязных да Боны канцлера, кракаўскага біскупа Мацяеўскага ды гетмана Тарноўскага. 3 апошнім Мікалай Чорны меўся ў блізкім часе парадніцца. У Вене ён атрымаў ад імператара Карла V княскія тытулы для сябе, для роднага брата Яна і для стрыечнага брата Мікалая Рудога. 3 той хвіліны Мікалай Чорны менаваўся князем на Олыцы і Нясвіжы, а Мікалай Руды - на Біржах і Дубінках. Для Тарноўскага Радзівіл дамогся графскага тытулу. Аднак у сувязі з настроямі шляхты, непрыхільнай да такіх адрозненняў, княжацкі тытул пачало ўжываць толькі наступнае пакаленне Радзівілаў.

Па нядоўгім сямейным жыцці настала першае працяглае расстанне Жыгімонта і Барбары. Сам вялікі князь паехаў у Польшчу, а жонку, баючыся за яе, вырашыў змясціць у Дубінках, замку Радзівілаў, што знаходзіўся за дзень шляху ад Вільні. Барбары кампанавалі маці, Мікалай Руды, а таксама стараста мярэцкі Станіслаў Давойна. 3 Вільні выехалі 19 лістапада, а назаўтра, ужо ў Дубінках, у Барбары пачаўся матачны крывацёк. Яна лічыла, што гэта выкідыш, і надта бедавала над сваёй няўдачай. (Давойна пісаў Жыгімонту Аўгусту, што "Яе Мосць, жонка Вашай Мосці, страшна тое перажывала, плакала і шмат разоў млела"). Другім непрыемным здарэннем зрабіўся абвал падлогі ў кутнім пакоі, прычым Барбара ды ейны брат толькі ў апошні момант паспелі адскочыць. Барбара дапушчала, што гэта быў замах на яе жыццё. Безумоўна, яна ведала пра родную сястру мужа Ядзвігу, якая ў выніку такога ж выпадку назаўжды засталася калекай, а ейны муж, брандэнбургскі электар, уратаваўся тым, што паспеў ухапіцца за бэльку. Жыгімонт Аўгуст таксама падазраваў, што раптоўнае абвальванне падлогі магло быць вынікам змовы, "бо зараз шмат злых людзей, якім у радасць такому паспрыяць".

На пачатку наступнага года Жыгімонт Аўгуст удзельнічаў у паседжаннях Пётркаўскага сойму. Там ужо ўсіх хвалявала пагалоска пра ягоны таямнічы шлюб. Усе ганьбілі мінулае Барбары, у асобе якой каралеўскі шлюб успрымаўся як абраза маральнасці. Падкрэсліваючы, што з гледзішча паходжання Радзівілянка не саступае ані Барбары Заполіі, ані Соньцы Гальшанскай, Жыгімонт Аўгуст прызнаўся ва ўсім бацькам, на што бацька запярэчыў такімі словамі: "справа нягодная і быць ня можа". І пажадаў скасавання шлюбу. У адказ сын афіцыйна паведаміў пра свой шлюб сойму і вырушыў з Пётркава ў Сандамір на вяселле Мікалая Чорнага з Альжбетай Шыдлавецкай, сястрой жонкі гетмана Тарноўскага. У тым варожым да ягонай маткі асяроддзі ён знайшоў шмат прыхільнікаў свайго ўчынку. Ахвотна падымалі там тосты ў гонар "каралевы Барбары".

Па вяртанні на Літву Жыгімонт Аўгуст сустрэў вялікае ўзрушэнне, падагрэтае лістамі бацькоў. Жыгімонт Стары на падставе захаванай найвышэйшай улады ў Вялікім Княстве, якой скарыстаўся, дарэчы, першы і апошні раз, забараніў прызнаваць "непрыстойны шлюб", які "пляміць усю Карону", і лічыць "ваяводзіну Гаштольдаву" за манархіню. Непрыяцелі Жыгімонта Аўгуста закідвалі Вільню пасквілямі, якія знеслаўлялі Барбару. Аднак вялікі князь не зламаўся і выказаў моцную сілу характару. Вырашыў урачыста ўзвесці каханую жонку на вялікакняскі сталец. 3 гэтай нагоды пачаў фармаваць ейны двор, галоўным чынам са сваякоў Барбары, а таксама з ворагаў Боны. Аднак не меў пэўнасці, што падрыхтаваная ўрачыстасць не будзе байкатавацца вышэйшымі ўраднікамі, якім, апроч усяго, не надта хацелася адкрыта станавіцца супроць Жыгімонта Старога. Але напярэдадні рашучай спробы сілаў вялікі князь атрымаў паведамленне, якое змяніла сітуацыю. 8 красавіка 1548 г. у Вільню прыбыў ганец з весткай, што кароль Жыгімонт Стары сканаў. Малады Жыгімонт Аўгуст застаўся адзіным валадаром Польшчы і Вялікага Княства.

Ен здолеў скарыстацца з новых абставінаў. Перадусім паспяшаўся легалізаваць правы жонкі на землях Літвы. Дзеля таго кароль склікаў 17 красавіка Раду. Адначасна загадаў таемна прывезці з Дубінак жонку. Падчас паседжання Рады абвясціў пра свой шлюб, пасля чаго запрасіў у залу Барбару, якая чакала гэтай хвіліны ў блізкім пакоі. Рада прыняла Радзівілянку без дзейнага пратэсту (што ўжо было поспехам), але так шчыра без энтузіязму, што Радзівілы не адважыліся зачытаць уголас прыгатаваную на гэты святочны выпадак паэму. 3 таго дня Барбара пасялілася ў вялікакняскім замку і афіцыйна выступала ў ролі жонкі валадара. Так яны пражылі разам два шчаслівыя тыдні, а 30 красавіка Жыгімонт Аўгуст выехаў у Кракаў.

Малады кароль, апынуўся перад супраціўленнем грамадства, памераў якога Польшча раней не ведала. Шмат месяцаў увага засяроджвалася выключна на адным пытанні - на справе прызнання Барбары Радзівілянкі каралевай. Адпор вырастаў з некалькіх розных прычынаў. Па-першае, шляхта, якая з даўніх часоў пераадольвала магнатаў, асцерагалася, што шлюб караля будзе пачаткам праўлення алігархіі. Па-другое, узвышэнне Радзівілаў узбуджала зайздрасць іншых заможных радзінаў. Па-трэцяе, выяўляліся ўдзельныя настроі і непрыхільнасць палякаў да ліцвінаў. Нарэшце, панавала шчырае абурэнне на ранейшы чын жыцця троцкай ваяводзіны. Тое апошняе пытанне набыло нават ранг афіцыйнага абвінавачання. Варта памятаць, што мезальянс караля дапасаваўся да існуючай глыбокай сваркі між каралевай Бонай ды ейнымі праціўнікамі, што, як даносіў прускаму князю Альбрэхту ягоны карэспандэнт, "галовы шляхты самі па сабе досыць гарачыя ўсё больш і больш падаграюцца саноўнікамі каралеўства, якія самыя між сабою не маюць згоды".

На чале апазіцыі Жыгімонту Аўгусту стала каралева-маці, безупынна актыўная, дзякуючы сваім багаццям і палітычным сувязям. Сярод магнатаў найболыыымі праціўнікамі Радзівілянкі былі маршалак вялікі каронны і ваявода кракаўскі Пётр Кміта, ваявода сандамірскі і маршалак дворны Ян Танчынскі, а таксама познаньскі кашталян і стараста генеральны вялікапольскі Андрэй Гурка (той самы, што хутка выкажа здольнасць да вышуку "кампрамату"). Дзякуючы пасадам і папулярнасці, ён меў у сваім рэгіёне вялікі ўплыў. Нарэшце, шляхецкая грамада стварыла табар, таксама варожы новай каралеве. На шчасце Жыгімонта Аўгуста, апазіцыя была падзеленая на малыя і вялікія суполкі: маці, якая змагалася супроць прызнання Барбары, пільнавала інтарэсы сына; між рознымі групоўкамі магнатэрыі існавалі значныя непаразуменні; сярод шляхты выразна акрэсліліся два лагеры: вялікапольскі, які дапушчаў магчымасць дэтранізацыі Жыгімонта Аўгуста і замяшчэння яго кімсьці з Габсбургаў, і малапольскі, які ў значнай меры кантраляваўся Бонай і абмяжоўваў свае жаданні толькі скасаваннем шлюбу караля з Гаштольдавай.

Агульная нянавісць знаходзіла выйсце ў абразлівых прамовах, памфлетах і абвінавачваннях. Ваявода Танчынскі заклікаў убачыць Вавель лепш заняты туркамі, чым Радзівілянкай. Мікалай Рэй непрыстойна пісаў пра "паршывае цела" каралеўскай жонкі, а Станіслаў Ажахоўскі жаліўся, што калі "распусніца" стане каралевай, дык будзе апякаць іншых вераломных жанчын. Менавіта тады Гурка падлічыў усіх даўніх каханкаў Барбары; былі ўзгаданыя грахі ейнай маці і цёткі, прыгадалі ці вымыслілі раман з Мікалаем Чорным і нават вінавацілі маладую каралеўскую пару ў сувязі кровезмяшальнай, бо нібыта Барбара - пазашлюбная дачка Жыгімонта Старога. Польшча была закіданая друкаванымі памфлетамі, якія падкідвалі таксама каралеве, а Мікалаю Чорнаму прыбівалі цвікамі да дзвярэй. Танчынскі пагражаў Радзівілам "горлам", кароль быў вымушаны паслаць 3000 сваіх дваранаў і жаўнераў, каб вырваць падчас сойміка сваіх найважнейшых прыхільнікаў Мацяеўскага і Тарноўскага з рук узбуджанай шляхты; найбольш гарачыя асобы нават прапаноўвалі знішчыць Радзівілянку ды ейных братоў.

Тым не менш Жыгімонт Аўгуст здолеў стварыць у Кароне невялікую групоўку прыхільнікаў Барбары. Дзякуючы гэтым людзям быў арганізаваны прыезд Барбары з Вялікага Княства ў Карону. Адносна простай справай было забеспячэнне яе асістэнтамі з літоўскіх саноўнікаў, без якіх прыбыццё каралевы не мела б належнай вагі. У верасні 1548 г. Барбара выправілася з Вільні; яе суправаджалі, апроч іншых, троцкі ваявода Януш Гальшанскі і князь Слуцкі. На каронных землях пад Лукавам Барбару віталі сабраныя вялікімі намаганнямі польскія сенатары, ад імя якіх прамаўляў адзіны сярод прысутных касцельны дастойнік плоцкі біскуп Андрэй Наскоўскі. Спатканне мужа і жонкі адбылося пад Радамам і было старанна прадумана Жыгімонтам Аўгустам. Карэта Барбары спынілася перад чорным французскім сукном, на другім баку якога стаяў кароль. Павольна крочачы, муж і жонка сустрэліся на палове дарогі. Абодва былі прыгожа прыбраныя і літаральна абсыпаныя каштоўнымі камянямі. Жыгімонт Аўгуст дэманстраваў любоў і павагу да жонкі, жадаючы развеяць усе спадзеі тых, хто лічыў, што ён пакіне жонку. Ды ўсё ж везці Радзівілянку ў Кракаў Жыгімонт Аўгуст пакуль не адважыўся. Ен выправіў Барбару ў Новы Корчын, а сам паехаў у Пётрыкаў на сойм.

Смерць Барбары. Малюнак Юзафа Сіммлера.

Сойм быў багаты на драматычныя здарэнні. Калі дэпутат Падлядоўскі прыгразіў хатняю вайною, уся пасольская палата першы і адзіны раз у гісторыі Польшчы апусцілася перад каралём на калені, просячы, каб Жыгімонт дзеля дабра краіны пакінуў Барбару. На адказ караля, што не парушыць шлюбнай прысягі, прымас абяцаў разнесці гэты грэх на ўсіх жыхароў, у чым быў падтрыманы іншымі біскупамі, а маршалак Кміта запэўніў, што папа рымскі дзеля шчасця Рэчы Паспалітай віну тую адпусціць. Сойм закончыўся перамогай караля ў тым, што не дайшло да рашэнняў, якія не далі б магчымасці з'яўлення Радзівілянкі ў Вавельскім замку.

13 лютага 1549 г. Барбара прыбыла ў польскую сталіцу. Урачыстасць крыху засмуцілася з-за адсутнасці кароннага маршалка Кміты, які спецыяльна выехаў з Кракава, каб не браць удзелу ў прывітанні маладой каралевы. Гараджане чакалі каралеўскі поезд ля гарадской брамы. Вітаючы каралеву ў катэдральным касцёле, прадстаўнік капітула прыводзіў гістарычныя аналогіі: "...Аляксандра Вялікага, які не пасаромеўся з нявольніцаў жонку браць, і Абрахама, які служанку ўзяў жонкаю". На шчасце, "вітанне" прамаўлялася на лаціне, і, дзякуючы гэтаму, гордая, пагардлівая Радзівілянка не зразумела красамоўных аналогіяў.

Распачалося будзённае жыццё ў сталіцы. Заміж засцеражэнняў, выказаных Барбары братамі ў лісце, што палкае каханне хутка мінае, стасункі між мужам і жонкай не падлеглі пераменам, хоць каралева відочна пачувалася цяпер больш упэўнена. Кароль любіў рабіць жонцы падарункі і найчасцей дараваў каштоўныя камяні, сярод якіх галоўнае месца занялі славутыя перлы, якія выкупіла па смерці Жыгімонта Аўгуста каралева Францыі Альжбета. Пышнасць і раскоша, якімі Жыгімонт абкружыў Барбару, сталіся прычынай пакутлівай заўвагі габсбургскага пасля Яна Ланга, што ў параўнанні з другой жонкай першая (Альжбета Аўстрыячка) "нялепшае ад слугі мела ўтрыманне".

Вядома, што Радзівілянка ўвяла ў жыццё кракаўскага двара дзве навацыі. Да яе ў Вавельскай катэдры падчас імшы дваране караля і панны з асяроддзя каралевы стаялі ў касцёле дзвюма групамі паасобна. Цяпер ім дазволілі не дзяліцца. Барбару папікалі, што ў выніку гэтага новаўвядзення пачаліся падчас службы чутныя хіхіканні ды шэпты. Па-другое, раней вавельскі этыкет паслядоўна ўзвышаў мужчынаў над жанчынамі. Цяпер каралева прабіла ў гэтым парадку дзірку, уводзячы звычай, што кароль і ўраднікі мусяць чакаць, пакуль яна ўбярэцца ў свае строі. Паколькі гэты адказны занятак займаў нямала часу, дык абурэнне прыхільнікаў мілай сэрцу даўніны, што стаялі ў сенях з гадзіну, як на варце, не мела мяжы.

1 мая 1549 г. Жыгімонт Аўгуст запісаў на жонку наданне, пры гэтым першы і адзіны раз у гісторыі Рэчы Паспалітай яно выключна датычыла валоданняў у межах Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Мерач, Берштаны, Румшышкі ды інш.). Гэта было выразам пераканання, што карэнная Польшча незычлівая да Барбары. Адначасна пасыпаліся шчодрыя наданні яе братам. Руды атрымаў Кейданы (па смерці Гаштольдавай, маці Станіслава), ваяводства троцкае і каштоўнасці, а Чорны - канцлерства ў Вялікім Княстве, 100 тысячаў талераў і Віленскае ваяводства.

Хоць становішча караля ў дзяржаве з кожным днём узмацнялася, аднак Барбара ўсё яшчэ мела непрыяцеляў, а можа нават набыла і новых ворагаў, бо канфедэрацыі магнацкіх груповак часам змяняліся па сваім складзе. Напрыклад, уражлівым фактам стала далучэнне да Боны стрыечнага брата Барбары кройчага Яна Радзівіла. Адначасна аслабла падтрымка, якую Радзівілянка мела ад гетмана Тарноўскага. Вялікае напружанне выклікала планавае падарожжа Жыгімонта Аўгуста ў Вялікапольшчу.Барбара хацела кампанаваць мужу ў гэтай паездцы, баючыся расстання. Рашэнне сястры ехаць у Познань выклікала гнеў Мікалая Чорнага, які крычаў, што каралева не ўсведамляе сабе, колькі спатрэбіцца слуг, каб зрываць абразлівыя ўлёткі. Здаецца, карціна, што стаяла за гэтай тэзай, прымусіла Барбару адмовіцца ад падарожжа.

Дзеля змяншэння апазіцыі Жыгімонт Аўгуст падкупляў некаторых праціўнікаў, ды, апроч таго, выканаў і важную палітычную справу. Ен замірыўся з былым цесцем, імператарам Фердынандам, і 2 траўня 1550 г. падпісаў з ім дамову, якая гарантавала Жыгімонту дапамогу падчас магчымага мяцяжу шляхты. Скарыстоўваючы замірэнне, кароль пусціў пагалоску, што нібыта на каралеўскіх землях знаходзяцца саюзныя яму габсбургскія аддзелы. Апроч таго, на бліжэйшы сойм меўся прыбыць пасол Фердынанда, каб падтрымаць Жыгімонта Аўгуста перад усёй соймавай палатай. Паседжанні пачаліся 4 траўня і прынеслі каралю трыумф. Такія праціўнікі, як маршалак Кміта, познанскі кашталян Гурка і прымас Дзяржгоўскі перайшлі на ягоны бок. Імператарскі пасол Сігізмунд Гербэрштэйн публічна абвясціў, што ягоны ўладар падтрымае Жыгімонта Аўгуста ў выпадку бунту. Гэтая дэкларацыя моцна паўплывала на развіццё і вынікі паседжанняў сойму.

Барбара тымі днямі знаходзілася ў Непаломіцах. Чулася яна блага, і таму кароль паспяшаўся да яе. Яму калегавалі свежаспечаныя саюзнікі. 24 жніўня ўжо ўсе разам выехалі на некалькі дзён у Вісьнічы - сядзібу Пятра Кміты, новага прыяцеля. Відаць, тут было пастаноўлена здзейсніць каранацыю Барбары. Каб атрымаць падтрымку прымаса, Жыгімонт узгадніў з ім праект дэкрэту, выдадзенага пазней, у снежні 1550 г., які абавязваў трымацца ранейшых статутаў пра іншаверцаў.

Урачыстасці, што адкладаліся з-за фізічных пакутаў Барбары, адбыліся 7 снежня 1550 г. Каранацыю здзейсніў прымас у прысутнасці бальшыні польскіх біскупаў. Гэта была апошняя радасная падзея ў жыцці Радзівілянкі, якую перамагала хвароба. Сутнасць хваробы невядомая. Даследнікамі вылучаныя тры версіі. Першая лічыць за падставу цяжкай хваробы венерычнае заражэнне. Другая называе прычынай смерці заражэнне ад лекаў на бясплоднасць. Трэцяя версія акрэслівае хваробу каралевы як рак. (Але існавала і не абвергнутая чацвертая версія, адпаведна якой Барбара была атручаная.

Неўзабаве пасля каранацыі стан здароўя каралевы значна пагоршыўся. Медык Барбары пачаў лічыцца з магчымасцю блізкага скону пацыенткі. Радзівілянка худнела і слабла пры захаваным апетыце. Відаць, была ў гэты час надта непаслухмяная, бо кароль прасіў Мікалая Рудога, каб пераканаў сястру трымацца лекарскіх загадаў. Хутка хворую ахапіла гарачка, а на жываце выступіў гуз. Напужаны Жыгімонт Аўгуст звярнуўся да швагроў, просячы прыслаць шаптухаў. Мікалай Чорны прыслаў трох вядзьмарак, а Руды - чацвертую. Адна з тых дасведчаных жанчын выклікала давер у Жыгімонта Аўгуста, і ён даручыў ёй жонку, якую шаптуха з клопатам даглядала. 6 сакавіка нарыў лопнуў, і хворая пачулася лепш.

Вось у такім стане Барбара сустрэла свой доўгачаканы трыумф - каралева Бона вырашыла афіцыйна прызнаць яе за нявестку. Падставай паслужыла каранацыя, а таксама, відаць, і меркаванне, што Барбара доўга не пражыве. Пасля ўзгаднення з Жыгімонтам Аўгустам дэталяў гэтай акцыі спаведнік Боны з'явіўся на ўрачыстай аўдыенцыі 31 сакавіка 1551 г. Барбара ляжала ў ложку, акружаная мноствам паняў і паноў, бо кароль запрасіў на тую ўрачыстасць усіх маючых быць у Кракаве дастойнікаў. Спаведнік-францішканін аддаў Барбары ліст ад Боны, а ўголас засведчыў, што каралева-маці "прыгаварыла прызнаць і шанаваць Вашу каралеўскую Мосць як сваю дачку і найлюбімую нявестку".

Але радасць перамогі над свякрухай была хуткацечная і не паправіла здароўя. Барбара без скаргаў цярпела пакуты. На пачатку траўня непрыхільны да каралевы дваранін Баяноўскі даносіў прускаму князю: Няма нікога, хто верыў бы, што яна можа жыць, аднак дагэтуль не перастае барвіць твар, каб падманваць нас да апошняга свайго ўздыху". У такіх абставінах Мікалай Чорны пачаў меркаваць пра пахаванне і дамагаўся ад караля згоды пахаваць жонку з адпаведнай велічнасцю ў катэдральным касцёле на Вавелі, побач з іншымі польскімі каралямі і каралевамі. Жыгімонт Аўгуст захацеў вывезці жонку з такой неспрыяльнай атмасферы да Напаломіцаў. 3 гэтай нагоды збудавалі вялікі воз, у які можна было паставіць для хворай ложак. Воз не мог праехаць праз браму, дык кароль загадаў рушыць муры. Аднак напярэдадні ад'езду 8 траўня а 14-й гадзіне Барбара сканала.

Адразу ж да намаганняў Чорнага далучыўся Руды, і абодва браты дамагаліся пахавання Барбары ў скляпеннях Вавельскай катэдры, што мусіла падвысіць бляск роду. Кароль, аднак, вырашыў трымацца волі памерлай: пакласці яе на вечны спакой у Вільні, у менш варожым асяроддзі.

25 траўня жалобны поезд вырушыў з Кракава ў Вільню. Жыгімонт Аўгуст ехаў за труной, а ў кожным мястэчку і вёсцы ішоў пешшу, не абмінаючы лужаў і балота.

Праз месяц Барбару Радзівілянку ў сярэбранай з пазалотай кароне пахавалі ў Віленскім касцёле св. Станіслава, побач з першай жонкай Жыгімонта Аўгуста.

Пражыла Барбара на свеце 31 (ці 28) гадоў.


ПОЛЬСКАЯ КАРАЛЕВА

Вітаўт Чаропка "ПОЛЬСКАЯ КАРАЛЕВА"
( з главы "МІКАЛАЙ РАДЗІВІЛ ЧОРНЫ. Словам і справай"
кніга "УЛАДАРЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА" Мн.2002 )

Быць Барбары польскай каралевай або не быць, залежала ад таго, як абодва варагуючых паміж сабой бакі выкарыстаюць час перад новым соймам. Жыгімонт Аўгуст адразу паспяшыў да каханай у Радамль. І адтуль разам з ёю выправіўся ў Кракаў. Па дарозе да караля далучыліся некаторыя з ягоных праціўнікаў. Асабліва важны быў пераход серадзскага ваяводы Станіслава Ласкага і біскупа хелмскага Яна Драгойскага.

Бона дэманстратыўна пакінула Кракаў і з'ехала ў Варшаву, каб толькі не бачыць Барбару. А яна цяпер стала гаспадыняй каралеўскага замка - Вавеля. Просты люд шчыра вітаў на вуліцах каралеўскую абранніцу. У Барбары адлягло ад сэрца. Людская радасць падбадзёрыла яе. Жыгімонт Аўгуст забыўся і на сваё каралеўства, і на ўсё на свеце, днямі прападаў у пакоях Барбары. Весткі, што кароль з-за чар сваёй жонкі занядбаў справы дзяржавы, разыходзіліся па Польшчы і трывожылі паноў і шляхту. Занепакоены Чорны пісаў Барбары, каб яна шукала «міласці і прыязнасці людской», а не бавіла час ва ўцехах з мужам. Барбары не спадабалася братава прапанова. Такая «няўдзячнасць» сястры абразіла Чорнага. «Для фаміліі сваёй далібог аб той кароне руплюся, але для яе (Барбары. - В.Ч.) кроку не ступіў бы ...толькі, каб каранавалі, а пасля няхай за сваё здароўе сама просіць...», - прызнаваўся ён Рудому[44]. Падстаў для хвалявання хапала. Велікапольская шляхта па-ранейшаму была настроена па-ваяўнічаму. Як герояў, сустрэла яна дэлегатаў з Пётркаўскага сойму. Жыгімонт Аўгуст вырашыў сам адправіцца ў Вялікую Польшчу, каб суцішыць тутэйшую шляхту. Разам з ім захацела ехаць і Барбара. Чорны, Руды і гетман Тарнаўскі адгаворвалі караля ад намеру ўзяць з сабой Барбару. Яе з'яўленне ў Вялікай Польшчы шляхта магла ўспрыняць як выклік. Зрэшты эпідэмія, якая ўспыхнула ў Польшчы, вымусіла і караля застацца ў Кракаве. Сам жа Чорны ў пачатку жніўня 1549 года вярнуўся ў Літву для разгляду судовых спраў. У дарозе ён атрымаў радасную вестку: у яго нарадзіўся сын. Паводле Радзівілаўскай традыцыі, першынца назвалі Мікалаем.

У Літве Чорны доўга не затрымаўся, паспеў толькі ахрысціць сына. Зноў клікаў яго Жыгімонт Аўгуст. Прысутнасць Чорнага надавала каралю ўпэўненасці ў сабе і каб была такая мажлівасць, дык пэўна, і не разлучаўся б са сваім шваграм. Але і ў Кракаве Мікалай Чорны прабыў нядоўга. Сорак тысяч крымскіх татараў пад кіраўніцтвам ханскіх сыноў ваявалі Падолле і Галіцыю. Жыгімонт Аўгуст паслаў на ворага польскае войска з гетманам Янам Тарнаўскім. Чорны таксама выехаў з Кракава ўзначаліць абарону Валыні. Лаўраў на полі сечы Мікалай не здабыў - татары, нарабаваўшы дабра і захапіўшы палон, вярнуліся ў Крым. Тым не менш Жыгімонт Аўгуст палічыў, што ёсць падстава надаць Чорнаму пасаду гетмана. Зразумела, не за вайсковыя заслугі, а жадаючы падвысіць становішча свайго галоўнага саюзніка супраць апазіцыі. Толькі Чорны, які ўжо на свае вочы ўбачыў, што такое вайна, не прагнуў прысвяціць сябе службе Марсу. Нават годнасць гетмана не прываблівала Мікалая Радзівіла. Упершыню за гісторыю Літвы вяльможа адмовіўся ад прапанаванай яму гетманскай булавы. Усё ж яго маральныя прынцыпы былі вышэйшымі за славу, здабытую праліццём людской крыві.

Тым часам паволі вырашалася і справа Барбары. Жыгімонт Аўгуст паводле парады Чорнага адправіў пасольства да Габсбургаў, абяцаючы не падтрымліваць свайго пляменніка Яна Заполі, які змагаўся за вугорскую карону, а ўзамен прасіў дапамагчы супраць апазіцыі. Ход быў правільны.

Першым на бок Жыгімонта Аўгуста перайшоў прымас Мікалай Дзяргоўскі, за ім здаліся і галоўныя праціўнікі каралеўскага шлюбу: Кміта, Горка, Тэнчынскі і іншыя. На сойме яшчэ раздаваліся галасы супраць шлюбу Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл, але яны ўжо нічога не значылі. Пытанне каранацыі Барбары было вырашана. Цяпер паны і шляхта радасна крычалі: «Хай будзе забіты той, хто яе не хоча мець за панну»[45]. Чорны мог павіншаваць сябе з перамогай дзеля «славы продкаў».

Нарэшце 9 снежня 1550 года прымас Дзяргоўскі ўрачыста надзеў на галаву Барбары Радзівіл каралеўскую карону. Радавацца б гэтай падзеі і самой Барбары, і Жыгімонту, і Радзівілам, але радасць азмрочвалася пагаршэннем здароўя новай польскай каралевы. Барбара згасала на вачах. Яе лекар Пётра з Познані прадказваў каралеве хуткую смерць. Праз два месяцы пасля каранацыі Барбару цяжка было пазнаць. «Схуднела так, што адны косці засталіся», - паведамляў Чорны Рудому[46]. Ды і сама Барбара адчувала, што нядоўга ёй наканавана жыць. Паводле сведчанняў, вярнуўшыся з каранацыі, Барбара зняла з сябе карону і са смуткам прамовіла: «Да іншай кароны пан нябесны мяне воліць. Прасіце яго за мяне, каб замяніў цяжар на нябесны вянец, а мілага мужа майго пасля мяне ў жалобе суцешыў»[47]. Неўзабаве яна злягла ў ложак і, адчуваючы блізкую смерць, прасіла мужа пахаваць яе ў Вільні. Ён не адыходзіў ад ложка, на якім згасала каханая жанчына. Лекары нічым не маглі дапамагчы хворай. У адчаі Жыгімонт Аўгуст прасіў Чорнага і Рудога прыслаць з Літвы чараўнікоў, якія б узяліся вылечыць Барбару. Чорны выязджаў на Падляшша і знайшоў там трох чараўніц, якіх адправіў у Кракаў. Пад іх даглядам здароўе Барбары трохі палепшылася, але хвароба не адступала. У пачатку красавіка Барбара ўжо не мела сіл паварушыцца, цела яе высахла, а ногі распухлі. 8 траўня 1551 года, адчуваючы смерць, Барбара прыняла камунію (прычашчэнне), спавядалася, пасля чаго папрасіла ўсіх прысутных пакінуць яе пакой. Апошнія гадзіны жыцця яна правяла з чалавекам, які за яе гатовы быў адрачыся ад каралеўства. Жыгімонт Аўгуст плакаў ад гора. На ягоных вачах Барбара і памерла.

У смерці Барбары падазравалі каралеву Бону. Тагачасныя гісторыкі пісалі, што Барбару атруціў сакратар Боны Людвіг Монці. Падазрэнні павялічыліся асабліва пасля таго, як Бона паспешліва з'ехала з Польшчы, прыхапіўшы з сабой каштоўнасці з дзяржаўнай скарбніцы. Невыпадкова, што Чорны звязеніў «чараўніцу» Боны і трымаў яе ў Берасці, пэўна, і ён лічыў старую каралеву віноўніцай смерці сваёй сястры.


АПОВЕСЦЬ ПРА АЖЭНСТВА КАРАЛЯ ПОЛЬСКАГА І ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ ЛІТОЎСКАГА, РУСКАГА І ЖАМОЙЦКАГА ЖЫГІМОНТА АЎГУСТА З БАРБАРАЮ РАДЗІВІЛ

Беларускія летапісы і кронікі. Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1997.

У год ад Божага нараджэння 1545, месяца траўня, у панядзелак, у Пятроў пост, за два тыдні да святога Пятра, у Вільні спачыла маладая каралева Альжбета . Пахавалі яе ў касцёле святога Станіслава, у капліцы вялебнага Казімера, месяца жніўня 24 дня, у панядзелак.

А назаўтра, у аўторак, абыход быў з марамі, а было мараў трыццаць.

У тым жа годзе месяца жніўня 31 дня, індыкта трэцяга, малады кароль Жыгімонт Аўгуст даў староства Жамойцкае пану троцкаму Ераніму Аляксандравічу Хадкевічу.

Потым кароль Аўгуст, пахаваўшы цела жонкі сваёй і, будучы чалавекам маладым, не мог стрымаць прыроджанае хцівасці да белых галоваў і пачаў мілаваць паню Барбару Радзівіл, якая стала ўдавою пасля смерці пана Станіслава Ольбрахтавіча Гаштольта, ваяводы троцкага, і жыла ў той час пры матцы сваёй, пані віленскай, удаве Мікалая Радзівіла, і пры браце сваім, пане Мікалаю Радзівіле, які быў падчашым. І кароль пачаў хадзіць да Барбары па начах з палаца аж да яе дома і там, у яе, бываў часта. Пачулі пра тое на ўсёй зямлі Польскай і Літоўскай, і браты Барбары прасілі караля, каб так рабіць перастаў, і да сястры іхняе не хадзіў, і няславы дому іхняму не чыніў. Кароль абяцаў да яе не хадзіць і не хадзіў доўгі час, але потым моцы прыроджанае далей трываць не мог і зноў пайшоў да яе ўночы.

А паны Радзівілы таго і пільнавалі. І калі кароль да сястры іхняе ўвайшоў, тут жа яны з'явіліся і мовілі яму: «Міласцівы каролю, абяцаў ты да сястры нашае не хадзіць, дык чаго ж ты цяпер прыйшоў?» І кароль ім адказаў: «А ці ведаеце, што, можа, цяперашні прыход мой да вашае сястры ўчыніць вам вялікую славу, гонар і пажытак». А яны сказалі: «Дай то Божа», і ў той жа час плябана прывялі, якога дзеля тае нагоды напагатове мелі, і аддалі патаемна сястру сваю за караля. А пра тое ніхто ані з паноў-рады - духоўных і свецкіх, - ані з двору каралеўскага не ведаў, толькі Радзівілы, Кезгайла ды плябан, што шлюб даваў. Кароль жа немалы час таіў, што шлюб з Барбараю ўзяў, а яна, як і раней, жыла пры матцы, у брата свайго.

Пасля таго, у год ад Божага нараджэння 1547, у Піліпаў пост, паехаў малады кароль у Польшчу наведаць бацьку свайго і там пра сваё ажаненне паведаў князю Мацяеўскаму, біскупу кракаўскаму, ды пану кракаўскаму Яну Тарноўскаму. Яны яму тое дазволілі, і ён прыехаў з Польшчы ў Вільню.

У год ад Божага нараджэння 1548, у вялікі пост, усе паны-рада Вялікага Княства ў Вільню з'ехаліся, і калі пачулі пра тое і даведаліся пэўна, што кароль з Барбараю патаемна пабраўся, то шчыра шкадавалі, што так сталася, і пачалі слёзна прасіць караля, каб таго не чыніў і сабе няроўні, падданай сваёй, за жонку не браў. І ўсім людзям і ўсёй зямлі каралёва ажэнства было вельмі няміла, а шмат хто таму веры даць не хацеў, ды многія пашквілі пісалі і да сценаў у замку, і ў ратушы, і да варотаў панскіх дамоў прыбівалі, і многія з іх і да караля прыносілі. А потым дайшло тое і да Кракава, да бацькоў ягоных, старога караля і старое каралевы. Яны вельмі строга да сына свайго пісалі, каб таго не чыніў і Барбару за сябе не браў. Кароль жа Аўгуст на тое аніяк не зважаў і просьбаў ні бацькі свайго, ні каронных ды велікакняскіх паноў-рады слухаць не хацеў.

У год ад Божага нараджэння 1547 кароль Жыгімонт Стары быў у Пётркаве на вальным сойме і, будучы чалавекам вельмі старым, разнямогся. Ужо паўмёртвага ад хваробы яго прывезлі ў Кракаў, і там жа ён памёр на самы Вялікдзень а трынаццатай гадзіне на жалобу не толькі сваім падданым, але і навакольным гаспадарствам хрысціянскім, бо быў ён пан вельмі добры, справядлівы ды міласэрны да падданых сваіх, меў веку восемдзесят адзін год два месяцы сем дзён, а панаваў у Кароне Польскай і Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім, Прускім, Жамойцкім, Мазавецкім ды іншых сорак і паўтара гады.

Вестка пра гэтую смерць была прынесена маладому каралю з Кракава ў Вільню праз тыдзень пасля Вялікадня ў нядзелю ранкам. На тым жа тыдні, у пятніцу, кароль Жыгімонт Аўгуст рабіў у Вільні абход з марамі ды свечкамі па ўсіх касцёлах. А на трэцім тыдні пасля Вялікадня, у аўторак, месяца красавіка 17 дня а дзевятнаццатай гадзіне супольнага часу паслаў кароль да паноў-рады, да двара пана Радзівіла, падчашага Вялікага Княства Літоўскага, па паню Гаштольтаву, з якою раней таемна шлюб узяў. І яны паводле загаду каралеўскага, узяўшы паню Гаштольтаву, пашлюбленую каралеўскую жонку, сястру пана падчашага Радзівіла, правялі яе да замка Віленскага, аж да каралеўскага палаца. Кароль Аўгуст спаткаў Барбару ў сенях каля дзвярэй і тут, прывітаўшыся з ёю, распавёў усім панам, што ўжо даўно пабраўся з ёю ды шлюб узяў. Паны і дваране каралеўскія правялі яе ў палац, дзе яшчэ першыя каралевы жылі, а кароль пайшоў да свайго пакоя. Гэтаму ажэнству каралёваму паны і ўся шляхта і рыцарства, апрача дому Радзівілавага, не былі радыя і вельмі засмуціліся, але таго ўжо змяніць не маглі.


ЛІСТЫ БАРБАРЫ РАДЗІВІЛЯНКІ ДА КАРАЛЯ ЖЫГІМОНТА АЎГУСТА

Спадчына № 6 - 1997

Эпоха Рэнесансу пакінула ў культурнай спадчыне амаль кожнага еўрапейскагп народу легенду пра несмяротнае каханне. Гэтыя легенды нараджаліся пад уплывам міфу пра Трышчана ды Іжоту, які сфармаваў узор кахання ў культурным асяроддзі Заходняй Еўропы. Маем і мы прыгожую трагічную гісторыю кахання караля Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівілянкі.

Іх першая сустрэча адбылася ў 1543 г. На той час Барбара была ўдавой па Станіславу Гаштольду. Жыгімонт быў жанаты з маладой, але хворай на эпілепсію Елізаветай Габсбургскай. Пачаліся патаемныя сустрэчы "вясёлай удавы" і маладога караля.

Паводле міфу неабходна наяўнасць непераадольнай перашкоды. Калі знікае адна, на яе месцы абавязкова павінна з'явіца іншая. Каханне Жыгімонта і Барбары не адчувала недахопу ў розных перашкодах, якія паўставалі на шляху ягонага развіцця. Кароль ніколі не меў права выбіраць сабе жонку адпаведна ўласным прыхільнасцям і сімпатыям. Ён мусіў у першую чаргу клапаціцца пра інтарэсы дзяржавы. Шлюб уладара быў таксама акцыяй палітычнай, наладжваннем міжнародных кантактау краіны.

Але апошні з Ягелонаў быў найперш чалавекам, мужчынам, маладым і вельмі тэмпераментным, і толькі потым каралём, асобай дзяржаўнай. Ён адстойваў сваё права на асабістае жыццё, падкрэсліваючы ў прамовах, што "не жонка мужа, але муж жонку ўзносіць і робіць яе больш шляхетнай ! " .

Шлюб Барбары і Жыгімонта адбыўся ў жніўні І547 г., але доўга яшчэ кароль і каралева пакутвалі ў разлуках, падчас якіх дасылалі адзін аднаму шчырыя і чулыя лісты. Любоўны ліст -гэта душэўны парыў закаханага чалавека, яго прызнанне, імкненне пазбавшца адзіноты, вырвацца за межы расстання. Такі ліст - гэта апісанне не гэтулькі знешняга, канкрэтна-бытавога жыцця, колькі ўнутранпога, абстрактна-пачуццёвага, адлюстраванне думак, перажыванняў, трывог.

Лісты закаханых вызначаюцца эмацыянальнасцю. Пачуццё набывае ў іх безліч колераў і адценняў. Навакольны свет, неаасэнсаваны паводле аўтарскага разумення, са звычайнага, шэрага ператвараецца ў загадкавы і таямнічы. Рэчы робяцца любоўнымі сімваламі, а самыя простыя словы набываюць зусім іншы сэнс, зразумелы толькі аўтару і адрасату.

Паспрабуем зазірнуць у сусвет, створаны эпісталярным майстэрствам Барбары Радзівілянкі. Некаторых даследнікаў здзіўляе пакора і самапрыніжзнне каралевы на старонках яе лістоў да караля. Зусім не падобна яна тут на тую"вясёлую ўдаву" па Гаштольду, свабодную і раскаваную ў сваіх паводзінах, думках і ўчынках і вельмі самастойную жанчыну. Але такая змена натуральная для той, якая змагла пакахаць не дзеля багацця і славы, а высока ацаніўшы чалавечыя якасці Жыгімонта, адкрыўшы ў ім "свайго караля ".

Барбара вызначалася кемлівасцю і глыбокім разуменнем мужчынскай псіхалогіі. Дасканала ведаючы свайго каханага, яна бачыла ў ім не толькі мужчыну, але і паважала як уладара. У карэспандэнцыі Барбары Жыгімон "ніколі не быў "голым каралём", ён паўставаў годным і магутным манархам ", як трапна заўважыў польскі даследчык З. Куховіч.

"Найяснейшы міласцівы кароль, пане а пане мой міласцівы ",- так звярталася ў лістах да свайго каранаванага выбранца Барбара. Сабе ж яна нязменна пакідала ролю "найніжэйшай слугі і вечнай нявольніцы ". Зрэшты, зтычныя нормы не дазвалялі шчыра і адкрыта выказваць свае пачуцці.

Пасланне да караля мусіла быць урачыстым і ўзнёслым, нельга было апусціць тытул або звярнуцца да караля на "ты".

Лістам Бардары характэрная мяккасць і далікатнасць стыпю, унутраная зграбнасць і хараство. Яны не маюць у сабе прыгожых словаў, ужытых дзеля пустой прыгажосці. Апісання падзеяў канкрэтных здарэнняў амаль няма ў пасланнях нашай аўтаркі таму яны не маюць прасторава-часавай прывязанасці. Гэта лісты-вызнанні, эмацыянальна-экспрэсіўныя выказванні, лірычныя маналогі, падобныя паміж сабой зместам, але розныя па настраёвасці. Яны мелі на мэце найперш заспакоіць і пацешыць караля словамі нязменнага пачуцця, вернасці і ўдзячнасці, выказаць неспакой, абуджаны напружаным чаканнем хутчэшнай сустрэчы.

У падарунках, якія дасылала Барбара разам з лістамі, быў прыхаваны сімвалічны сэнс. Такія рэчы-сімвалы давалі аўтарцы магчымасць ствараць разгорнутыя метафары, якія ўпрыгожвалі мову ліста і разам з гэтым дапамагалі выказваць асабістыя перажыванні, пачуцці, настроі.

"Дасылаю Вашай каралеўскай мосці, свайму пану пярсценак, які пакорна прашу; каб Ваша каралеўская мосць, мой міласцівы пан зрабіў ласку ад мяне, служкі сваёй, удзячна і міласціва прыняць ды зрабіў ласку насіць яго пры сабе, у міласцівай памяці і ў ласцы мяне і службу маю захаваць, як пан і дабрадзей міласцівы",- пісала ў адным з лістоў Барбара.

Адзначым, што пярсцёнак заўсёды быў сімвалам кахання, чуласці. Як замкнёнае кола, ен сімвсілізаваў вечнасць і нязменнасць пачуцця.

Прагу хутчэйшай сустрзчы сімвалізуе ў лістах Барбары яшчэ адзін падарунак - гадзіннік, які яна дасылае з надзеяй. "...Бадай бы мне ў хуткім часе азначыў фартунную і вяселую гадзіну прыезду Вашай каралеўскай мосці самаго да нас, якога ў добрым здароўі, нязменнай ласцы перад сабой, каб хутка ўбачыла, дай мне то, пане Божа ".

Не заўсёды, аднак, атрымлівалася ў Барбары выказваць свае пачуцці прыхавана і стрымана, зашыфроўваць іх у падарункі і напамінкі. Часам ліст яе набываў большую адкрытасць і эмацыянальную экспрэсіўнасць, што псіхалагічна апраўдана. Да самотнай Барбары даходзілі брудныя чуткі і плёткі, якія распаўсюджвалі нядобразычліўцы, праціўнікі яе шлюбу з Жыгімонтам Аўгустам. Абуджалася трывога ў закаханым сэрцы, і яно пачынала дыктаваць лісты больш усхваляваныя, з перасцярогамі, каб любы муж не шукаў лёгкіх амурных забаваў.

Але нават у смеласці сваіх словаў, звернутых да караля, Барбара ніколі не парушала тагачаснага правіла сяліейнага ўкладу: для мужчыны Бог пан, для жанчыны - мужчына. "Аднак жа не з маёй, а з волі Вашай каралеўскай мосці хай усё са мной дзеецца ".

І як сведчанне абсалютнага даверу і адданасці свайму пану гучаць словы каралевы: "Калі Ваша каралеўская мосць, пан мой са мной, хто супраць мяне ?"

Аднак лёс-свавольнік часам строіць злыя жарты. Чалавеку даруецца вялікае пачуццё кахання, узаемапаразуменне з каханым, але раптоўна і нечакана адмаўляецца ў жыцці.

Каранаванай урэшце 7 снежня 1550 г. Барбары было адлічана толькі пяць месяцаў зямнога жыцця. Пакрысе тачыла яе хвароба. Жыгімонт Аўгуст знахадзіўся побач са сваёй каханай жонкай да апошняй хвіліны.

8 мая 1551 г. каралева пакінула свайго караля і адышла у іншы свет, адкуль немагчьша ні вярнуцца, ні даслаць ліст.

Ніжзй друкуюцца пераклады лістоў Барбары Радзівіл, а таксама далучаны да іх адзін ліст караля Жыгімонта Аўгуста, каб хоць у нязначнай ступені паказаць узаемнасць іхняга пачуцця, адбітак якога захавала нам карэспандэнцыя закаханых.

Наталля РУСЕЦКАЯ


Яго Каралеўскай Мосці майму Міласціваму пану ў рукі.

Найяснейшы Міласцівы Кароль Пане а Пане мой міласцівы.

Едучы да Вашай каралеўскай мосці, пан Забрыдаўскі сам ветліва заехаў да Дубінак, пытаючыся ў мяне, ці маю што пісаць праз яго да Вашай каралеўскай мосці, свайго міласцівага пана. Я як тое ад яго пачула, з радасцю тое ўчыніла, што да Вашай каралеўскай мосці праз пана Забрыдоўскага, як праз пасла надзейнага, гэтае пісанне сваё пасылаю, якім Вашай каралеўскай мосці, свайму міласціваму пану, ад пана Бога жадаю доўга фартуннага здароўя на пацеху вечную мне, найменшай служцы Вашай каралеўскай мосці. І да таго ў тым жа лісце пасылаю Вашай каралеўскай мосці, свайму пану, пярсцёнак, які пакорна прашу, абы Ваша каралеўская мосць, мой міласцівы пан зрабіў ласку ад мяне, служкі сваёй, удзячна і міласц'іва прыняць, ды, носячы яго пры сабе, меў ласку ў міласцівай памяці ды ў ласцы мяне і службу маю захаваць, як пан і дабрадзей міласцівы. Хаця я таго Вашай каралеўскай мосці не заслужыла і не знаюся быць той годнасці, абы каму прычынай сваёй у Вашай каралеўскай мосці мела што памагаць, калі ж і сама яшчэ мала сабе службамі сваімі заслужыла ласкі Вашай каралеўскай мосці; але што Ваша каралеўская мосць з ласкі сваёй панскай пажадалі абраць мяне сабе за найменшую служэбніцу, пакорна прашу, абы Ваша каралеўская мосць зрабіў ласку быць міласцівым панам цнатліваму служку Вашай каралеўскай мосці пану Забрыдоўскаму, што я Вашай каралеўскай мосці заслугоўваць буду малітвамі сваімі да пана Бога, за фартуннае здароўе Вашай каралеўскай мосці, майго міласцівага пана, якое, каб у хуткім часе пабачыла, дай то пане Божа.

Вашай каралеўскай мосці

найніжэйшая слуга і вечная

нявольніца

Барбара Радзівілянка


Найяснейшы Міласцівы Кароль, Пане а Пане мой міласцівы. Вашай каралеўскай мосці, свайму міласціваму пану я пакорна дзякую, што мне, найменшай служэбніцы сваёй Ваша каралеўская мосць, мой міласцівы пан меў ласку даць знаць у сваім лісце пра здароўе Вашай каралеўскай мосці, на той час фартуннае, што я слуга Вашай каралеўскай мосці чуць рада, і тое ўважаю сабе вышэй за ўсе пацехі на свеце і за ўласнае сваё здароўе, такога ж фартуннага Вашай каралеўскай мосці адпана Бога жадаю. Неменшую радасць маю з таго і за тое пану Богу наперад дзякую, што Вашай каралеўскай мосці праз вечныя часы буду заслугоўваць тую міласцівую ласку, якую пазнала з ліста Вашай каралеўскай мосці, у якім мне Ваша каралеўская мосць паведаміць мелі : ласку, што мяне, вечную нявольніцу сваю, Ваша каралеўская мосцьмаеце ласку,там будучы, мець і захоўваць у міласцівай памяці і ласцы сваёй панскай, апавядаючы мне да таго, што ніхто з падданых Вашай каралеўскай мосці, якія ўжо ведаюць пра тое, што мяне Ваша каралеўская мосць мелі ласку ўзяць сабе за вечную слугу, перад Вашай каралеўскай мосцю ліха мяне не ўспамінаюць. Таго я, найяснейшы міласцівы кароль, не прыпісваю ніводнай годнасці сваей, толькі самой ласцы ды міласэрнасці Вашай каралеўскай мосці, свайму міласціваму пану, бо разумею тое і напісаць гэта магу; калі Ваша каралеўская мосць, пан мой са мной, хто супраць мяне? А таму пана Бога безупынна прашу і прасіць не перастану аб тым, абы я ласкі Вашай каралеўскай мосці магла і ўмела вечна заслугоўваць, паводле волі і мыслі Вашай каралеўскай мосці, майго міласцівага пана, сабе і Вашаму народу, сваім слугам і верным падданым Вашай каралеўскай мосці, пана і дабрадзея майго міласцівага. Бо, калі я буду ўмець заслугоўваць у асобе сваёй ласкі Вашай каралеўскай мосці, разумею, што ўсё шчасце, слава, дабро на мяне сыдзе, само мне спадаць будзе, міласцівай ласцы такой і абароне служэнне сваё вечнае даручаю і паручаю, пакорна просячы, абы з яе не была пакінута. Прытым Вашай каралеўскай мосці, свайму міласціваму пану пакорна дзякую за той пярсцёнак, які Ваша каралеўская мосць мне, служэбніцы сваёй, паслаць мелі ласку, знак міласцівай ласкі сваёй, таксама я пасылаю Вашай каралеўскай мосці пярсцёнак адвечнай нявольніцы Вашай, нягодны пярсцёнак нашэння на руцэ каралеўскай, зрабіце ласку, Ваша каралеўская мосць, міласціва прыняць, толькі як ахвяраванне праз яго вечнай службы маёй прад ногі Вашай каралеўскай мосці, ён гадзіннічак ад мяне, бадай бы, мне ў хуткім часе азначыў фартунную і вясёлую гадзіну прыезду Вашай каралеўскай мосці самаго да нас, якога ў добрым здароўі, нязменнай ласцы перад сабой, каб хутка ўбачыла, дай мне то пане Божа. Падчашага, вечнага слугу Вашай каралеўскай мосці, прашу, каб Ваша каралеўская мосць і захоўваў і меў у міласцівай ласцы сваёй каралеўскай з панам Давойнам.

Вашай Каралеўскай Мосці

вечная слуга

Барбара Радзівілянка


Найяснейшы Міласцівы Кароль, Пане а Пане мой міласцівы. Я, найменшая слуга Вашай каралеўскай мосці, ніколі не сумнявалася ў ласцы Вашай каралеўскай мосці, свайго міласцівага пана, якую я па-над усімі годнасцямі і заслугамі сваімі ад Вашай каралеўскай мосці заўсёды аж па сёння знала, нават і сёння, ніколькі ў ёй не сумняваючыся, аніводнае сумненне аб ласцы Вашай каралеўскай мосці майго міласцівага пана мяне да таго не прывяло, толькі мяне гэта непакоіць дужа, што я, будучы так блізка да Вашай каралеўскай мосці, нічога не чую пра здароўе Вашай каралеўскай мосці майго міласцівага пана, асцерагаючыся таго, абы ВКМ, чаго пане Божа з ласкі ўберажы, на той час як на здароўі сваім з той працы ды дарогі далёкай і непагоднай не цешыўся зменлівым шчасцем. А што я таксама адна, на тое так доўга глядзець не буду, бо я сумую не памалу, аднак жа не па маёй, а па волі ВКМ хай усё са мной дзеецца. Ад таго стрымацца не магла ані хацела, абы здароўя ВКМ не праведаць, праз надзейнага пасла, якога на гэты час да ВКМ пасылаю, слугу ВКМ ды брата майго п. падчашага, абы ён здароўе ВКМ праведаў і на ўласныя вочы яго пабачыў, з давярэннем службы маёй у ласку ВКМ, а потым прашу, каб таго ж дня мне адказ учыніў аб здароўі ВКМ майго м. пана. Прашу пакорна, няхай за маё скіраванне да Вашай каралеўскай мосці і яго прыезд туды ніякай няласкі, ані адслугі ВКМ яму не нясе. Бо як іншым я давяраю, што мне дастаткова даюць знаць пра здароўе ВКМ майго м. пана, але пану падчашаму, які мяне паінфармуе пра здароўе ВКМ, так веру, быццам сама ўсё бачыла. Затым ласцы ВКМ, свайго міласцівага пана, сябе даручаю.

Б.Р.

Ліст напісаны ўласнай рукой Барбары

Яе каралеўскай мосці каралеве Барбары,

жонцы нашай мілай, еtс.


Дадзены нам ліст ад Вашай мосці, з якога мы ўсё дастаткова зразумелі. Да праўды, было гэта для нас дзіўным, шта Ваша мосць давала большую веру чыімсьці апавесцям, ніж нашым словам, якімі мы Вашу мосць з тым азнаямлялі, калі б у нас што змянілася, так мы ўжо Вашай мосці першай пра тое пісалі б. А калі ж Ваша мосць баіцца таго, нас просячы, каб мы Вашай мосці за злое гэта не мелі, дык мы тое ўчынім: але такім чынам, каб ужо Ваша мосць ніколі такіх рэчаў да сябе не прымала, адно тыя, якія мы самі Вашай мосці паведамляем. Што датычыцца таго, каб Вашай мосці мы з міласці сваёй прывычнай не пакідалі, то ў гэтым Вашай мосці сумнявацца не трэба. Бо ведаю, маем мы ў пільнасці добрай тое, што мы ўжо раз абяцалі пану Богу ў Вашай мосці, жонцы нашай мілай. А так жадаем Вашай мосці таго, каб ужо ў тым такую думку І меркаванне пра нас ад сябе аддаліла. Калі б Ваша мосць пра нас што даведалася, каб і ў іншых рэчах была нам ласкава вернай, еtс. А з тым Вашу мосць пану Богу даручаем, якога безупынна просім аб тым, каб мы Вашу мосць у добрым здароўi бачылі. Дадзены ў Петракове die 24 novembris, 1548, V. m.m.

Sigismundus Augustus

Rex Mp.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX