Папярэдняя старонка: Палітыкі

Фундатар Маламажэйкаўскай царквы Шымка Мацкавіч і яго нашчадкі 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 19-02-2023,
Крыніца: Лаўрэш Л. Л. Фундатар Маламажэйкаўскай царквы Шымка Мацкавіч і яго нашчадкі // Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава : зб. навук. арт. / ГрДУ імя Янкі Купалы. Гродна : ГрДУ, 2021. С. 299-305.; Лаўрэш Леанід. Шымка Мацкавіч, яго нашчадкі і перадумовы будаўніцтва Маламажэйкаўскай царквы // Лідскі Летапісец. 2022. № 3-4(99-100). С. 61-69.

Спампаваць




Юзаф Ядкоўскі, працуючы з яшчэ ненадрукаванымі у той час дакументамі Літоўскай Метрыкі ў Архіве Міністэрства Юстыцыі Расійскай Імперыі, першым напісаў кароткую біяграфію Шымкі Мацкавіча - фундатара цудоўнай гатычнай Маламажэйкаўскай царквы на Лідчыне, будаўніцтвам якой ён абяссмерціў сваё імя. Каб напісаць гэты тэкст, які з'яўляецца часткай вялікага артыкула, Ядкоўскі вывучыў больш за сотню запісаў і судовых выракаў «короля и пановъ рады» [1]. Таксама вялікі і вельмі змястоўны артыкул пра Шымку Мацкавіча і яго сям'ю напісала гісторык Наталля Сліж [2]. З-за наяўнасці гэтых дух грунтоўных прац, мая задача значна спрашчаецца.


Год нараджэння Шымкі Мацкавіча герба «Касцеша» невядомы, памёр жа ён у 1542 г. Быў сынам Мацка Андрушкавіча, каралеўскага двараніна і паводле Ядкоўскага меў брата Андрэя. У сваім жыцці займаў шматлікія пасады, у тым ліку і пасаду віленскага цівуна і гараднічага, верна служыў каралеве Боне [3].

Наталля Сліж піша пра яго братоў Сеньку і Івашку (Івахну), што пацвярджаецца дакументам ад 1513 г. пра падзел маёмасці паміж братамі пасля смерці бацькі. У дакуменце змяшчаецца заява віленскага падканюшага Шымкі Мацкавіча і яго брата Сенькі Мацкавіча, пра тое, што яны выканалі падзел маёмасці бацькі паміж сабой і іх трэцім братам Івахнам Мацкавічам. У выніку падзелу, Мажэйкава атрымалі Шымка і Сенька, а Забалаць стала маёмасцю Івахны [4].

Аб продках Шымкі Мацкавіча вядома наступнае. Яго бацька, Мацка Андрушкавіч памёр каля 1495 г., яшчэ ў верасні гэтага года яму была дазволена зрабіць «мену землями съ Василишскимъ бояриномъ Федком Дамковичем и съ господарскими людьми Жолудчанами». Шымка Мацкавіч пасля смерці бацькі атрымаў «лист … на врядъ подконюшое виленское до его живота» [5].

У 1496 г. Шымка Мацкавіч атрымаў Тур'ю каля Ражанкі, Трашчэўшыну ў Жалудоцкім павеце і Сідараўшчыну ў Астрынскім павеце [6]. 27 студзеня 1505 г. кароль і вялікі князь ВКЛ Аляксандр пацвярджае будучаму фундатару пабудовы Маламажэйкаўскай царквы Шымку Мацкавічу права на валоданне зямлёй у Жалудоцкім павеце і «на дворец на Тури близко Рожанки». З гэтага пацверджання бачна, што яшчэ бацька Шымкі - Мацка Андрушкавіч атрымаў пустэчу, якая звалася Трашчэўшчына, у Жалудоцкім павеце і потым з дазволу вялікага князя абмяняў сваю зямлю з баярамі васілішскімі і жалудоцкімі і прыкупіў поле з лесам у баярына Багдана Пацэвіча і «дворец ихъ на Тури близко Рожанки обел вечно …» [7]. 27 жніўня 1508 г. Шымка Мацкавіч атрымаў двух сялян і чатыры пусташы ў Жалудоцкім павеце [8], у 1509 г. - прывілей на людзей і на двор на рацэ Тур'я [9].

У 1514 г. кароль пісаў Жалудоцкаму намесніку: «Билъ намъ чоломъ подконюшій Виленскій Шимко Мацковичъ и поведилъ передъ нами, што жъ дей ловчій нашъ, наместникъ Ожскій и Переломскій, панъ Миколай Юрьевичъ Пацевичъ, какъ отъ насъ Жолудокъ держалъ, далъ ему землицу пустовскую леитскую въ Жолудскомъ повете на имя Можейковщину до нашое воли, а онъ дей тое землици въ держаніи ажъ и до тыхъ часовъ; ино и самъ панъ Миколай передъ нами поведилъ, ижъ тую землицу ему далъ держати до нашое воли; и онъ билъ намъ чоломъ, абыхмо ему на то нашъ листъ дали. И мы ему на то сесь листъ нашъ дали: нехай онъ тую землицу Можейковщину держитъ со всимъ съ тымъ, што къ ней здавна прислухало, а намъ съ того службу земскую заступает; а хотя бы отчичи тое землицы выискалися, и мы ему дозволили тыхъ отчичовъ на тую землю приняти» [10]. Такім чынам, яшчэ да 1514 г., у адзіным тады Мажэйкаве, Шымка Мацкавіч атрымаў за земскую службу пустэчу, якая раней належала лейцям [11]. Пазней частка Мацкавіча атрымала назву Малое Мажэйкава. У тым жа 1514 г. князь Палубенскі атрымаў пацверджанне сваіх правоў на двор Мажэйкава ў Жалудоцкім павеце і, відавочна, ягоная частка стала потым называцца Вялікім Мажэйкавам. З якога часу Вялікае Мажэйкава належала Шымку Мацкавічу, сказаць цяжка. Магчыма, гэта тая самая Мажэйкаўшчына, на якую Шымка атрымаў каралеўскую грамату ў 1516 г., вядома, што гэтая зямля належала лейцям (ажлейтам) [12]. Трэба сказаць, што вотчынная ўласнасць на зямлю была адной з гарантый таго, што лейці, нават тыя, якія кінулі сваю зямлю, захоўвалі свой комплекс павіннасцей і імя, якое характарызавала іх службу. Гэта бачна з акалічнасцей, якія Шымка Мацкавіч выклаў у 1516 г., калі пацвердзіў частку падзеленай з братамі вотчыны ў Мажэйкаве. Тады Шымка Мацкавіч атрымаў лейцеўскую зямлю, вотчыннікі якой пазней вярнуліся, усё адно яны засталіся ў статусе лейцяў, а не людзей іншага простага стану. Статус лейця сам па сабе быў спадчынным разам з уласнасцю (зямлёй), абавязкамі і правамі [13].


Шымка Мацкавіч на працягу свайго жыцця займаў наступныя пасады:

- Каралеўскага двараніна (згадваецца ў 1505 г.)

- Падканюшага Віленскага (1508-1528)

- Віленскага цівуна (1528-1542)

- Троцкага канюшага (1529-1536)

- Віленскага гараднічага (1537-1542)

- У 1540-1541 гг. таксама быў спраўцам Віленскага ваяводства [14].

Шымка Мацкавіч стаў адным з найбуйнешых абшарнікаў на Віленшчыне, бо ён атрымаў шмат зямлі ад вялікіх князёў ВКЛ за верную службу.

Ад вялікага князя Аляксандра ён атрымаў «земли пустовскихъ» у Жалудоцкім павеце: Нячуйкаўшчыну, Ананеўшчыну і трэцюю «служебную» Якубаўшчыну.

Жыгмонт І у 1507-1508 гг. пацвярджае гэтыя наданні і надае 2 людзей і землі «што держалъ подконюшій виленскій Васко Дорошковичъ»: Андронаўшчыну, Піліпаўшчыну, Пліскаўшчыну, Бабішку. Тады ж ён атрымлівае «двое человековъ і четыре зямли въ Жолудоцким пов».

Невядомы аўтар. Заходні фасад Маламажэйкаўскай царквы. Другая палова XIX ст.

У 1511 г. Жыгімонт І дае Шымку Бярэсце; у 1513 г. ён атрымлівае «Городишский» стаў; у 1514 г. атрымлівае пустыя землі ў Жалудоцкім павеце: Марцінаўшчыну і 2 зямлі ў тым жа павеце: Міцькаўшчыну і Люркселеўшчыну. У тым жа годзе ён атрымаў ад Жалудоцкага намесніка Шымкі Кібартавіча 4 пустоўшчыны: Любелеўшчыну, Радзелеўшчыну, Тракеўшчыну і Якубелеўшчыну.

У 1516 г. Шымка Мацкавіч атрымлівае прывілей ад Жыгімонта І на наступныя землі: 1) у Жалудоцкім павеце Марціна Шунеліса - Міцькаўшчыну, Аргелеўшчыну і Ажлейтскую - Мажэйкаўшчыну (будучае - Мажэйкава). 2) у Жалудоцкім павеце на рэчцы Ішчална «што Мелникъ держалъ» і 3) у Віленскім павеце ў Судзераўскай воласці дзве пустоўшчыны: Каіртаўшчыну і Мялейкаўшчыну.

У першай палове XVI ст. у дакументах згадваюцца не адзін, а два Мажэйкаўскія маёнткі. Мажэйкава, пра якое ішла размова раней, стала Малым, а Вялікім стала Мажэйкава, дзе, па меркаванні Ядкоўскага, Шымка Мацкавіч правёў значную частку свайго жыцця.

У 1522 г. Жыгімонт І надае Шымку 5 земляў у Астрынскім павеце: Дзедаўшчыну, Анацкаўшчыну, Пацоўшчыну (Парцоўшчыну), Атапаўшчыну (Атавоўшчыну) і Жлуктаўшчыну. У Васілішскім павеце: Маслючыхі, Хохлічы, Бакчычы, Жураўшчыну (Журыноўшчыну) і Пецькаўшчыну, а ў Жалудоцкім павеце: Ліпнеўшчыну, Прусцеўшчыну (Русцеўшчыну) і Наруцеўшчыну.

5 лютага 1524 г. Шымка атрымлівае «… зямлю Онихимовшину на поля и сеножати дядковщины матки его у Вострынском пов.». Гэтая зямля «привержена» была яшчэ пры вялікім князі Казіміры, «как тотъ Онихимъ держалъ» [15]. У Метрыцы ВКЛ прысутнічаюць запісы наданняў часоў вялікага князя Казіміра: «Онихиму земля Щочина …» і «Онихиму конокормци…» [16]. У наданні Астрынскай царкве св. Спаса ад 1554 г., перапісаным у 1696 г. лацінкай, згадваюцца «продкі цівуна Віленскага, дзяржаўцы Ушпольскага, Пенянскага і Радуньскага, нябожчыка пана Шымкі Мацкавіча паны Зэнявічове (Zeniewiczowie)» [17]. Можна выказаць здагадку, што Зяневічам быў менавіта дзядзька Шымкавай маці Аніхім, калі гэта так, тады прадзед Шымкі Мацкавіча па кудзелі меў маёмасць каля Астрыны і зваўся Зянон ці Зіновій (?).

У тым жа 1524 г. Шымка атрымлівае пацвярджэнне на землі, нададзеныя яму ў 1522 г., некаторыя з іх былі заменены: Пацаўшчына на Галоўчыну, Русцеўшчына і Наруцеўшчына на Крупелеўшчыну і Алехнаўшчыну.

Невядомы аўтар. Абмер Маламажэйкаўскай царквы, План, разрэз, заходні фасад. Другая палова XIX ст.

4 сакавіка 1524 г. Шымка атрымлівае пацвярджэнне на частку маёнтка «въ Заболотьи, которую онъ купилъ у брата своего Семена Мацкавича и на некаторыя земли и сеножати въ Острынском павеце на вечность». Шымка Мацкавіч да таго часу ужо меў маёнтак Сідараўшчыну і прыкупіў у баярына Кузьміча маёмасць Скварцоўшчыну ў Астрынскім павеце.

У 1529 г. Шымка за 200 коп літоўскіх грошаў купіў «дворецъ Кгневидане у Виленскомъ повете». Мікалай Юр'евіч Пацэвіча, лоўчы і намеснік Ожскі і Пераломскі, у час, калі трымаў Жалудок, прадаў Шымку «землицу пустовскую въ Жолудоцкимъ пов. на имя Можейковщину» [18].

За заслугі перад каралевай Бонай Шымка Мацкавіч атрымаў тры воласці: у 1529 г. Радунскую, а ў 1530 г. Ушпольскую і Пенянскую, якія адабралі ў Станіслава Радзівіла. На ўмовах таго, што Шымка Мацкавіч будзе плаціць двайную арэнду, кароль аддаў яму ў дзяржанне гэтыя дзве воласці і дзяржаўцам гэтай маёмасці ён быў да сваёй смерці. У 1537 г. Шымка атрымаў 1000 коп літоўскіх грошаў. У 1532 г. заступіўся перад Бонай за падданых гэтых валасцей, якіх забіралі на цяжкія працы ў Віцебскі замак. Рэвізія віленскіх двароў у 1538 г. пацвердзіла вельмі моцнае ўзбуйненне гэтых гаспадарак і даходаў з Ушпольскай і Пенянскай валасцей.

Шымка Мацкавіча меў дамы ў Вільні і маёмасць Шклін, Бародзічы і Сялец на Валыні. Галоўнай ягонай маёмасцю былі Астрына, Забалаць, Шклін, Сумялішкі, Мажэйкава. У 1528 г. Шымка выстаўляў у войска 7 коней і такім чынам меў каля 560 падданых.

Жыгімонт Стары ў 1508-1524 гг. і ў 1541 г. надаў ці пацвердзіў яму пакупку як найменей 29 кавалкаў пустой і заселенай зямлі ў паветах Жалудоцкім, Васілішскім, Астрынскім, Віленскім [19].

Гэтак за сваё жыццё, набываючы двары і землі з падданымі ці нявольнай чэляддзю, Шымка Мацкавіч сабраў вялікую маёмасць.


Шымка карыстаўся асаблівай павагай і пашанай пры двары вялікага князя і таму з'яўляўся сведкам ці арбітрам ў прыватных справах - яго прозвішча часта прысутнічае ў розных сямейных, маёмасных, межавых і шлюбных актах (напрыклад у Сангушкаў, Палубенскіх, Сапегаў, Вішнявецкіх). Цікава, што імя Шымкі Мацкавіча амаль што не згадваецца ў судовых кнігах Літоўскай метрыкі, а калі і згадваецца, дык не ў якасці абвінавачанага, а істца [20].

У 1536 г. Шымка жаліцца вялікаму князю на «воеводиною троцкую, Григорьевную Станиславичевую Остиковича Альжбету … о кгвалты».

У 1536 г. ён атрымлівае ад караля пацвярджэнне на «дворец на реце Реши съ челед(ь)ю невол(ь)ною и семи служобъ людей у волости Немчинской ему отъ Станислава Яковича Вежкайла (Вержкайлы), записанных на вечность». Гэты «дворец» атрымаў ад вялікага князя Аляксандра дзед Станіслава за выслугу.

У 1541 г. Шымка Мацкавіч атрымлівае грамату на «на землю пустовскую («конное место») у повете Виленском у волости Судеревской». У гэтым дакуменце прыводзіцца поўны тытул Шымкі Мацкавіча: «Справца воеводства Виленскаго тивунъ городничій Виленскій, ... державца Ушпольскій, Пенянскій и Радунскій».

У лістападзе 1541 г. Шымка Мацкавіч жаліцца каралю на «Скумина Львовіча (Тышкевіча - Л. Л.), ижъ онъ ставомъ своимъ затопилъ сеножати именя его Можейкова». У тым жа дакуменце напісана «панъ тивунъ съ хоробы не вышолъ» [21].

3 мая 1542 г. кароль Жыгімонт І даслаў ліст Троцкаму падкамораму Васілю Канстанцінаваічу Жабе, у якім прадставіў на яго разгляд справу Шымкі Мацкавіча супраць Cкуміна Львовіча аб заліванні Мажэйкаўскіх лугоў [22].

Але ў 1541 г. баяры Радунскай воласці скардзіліся на самога Шымку за розныя крыўды, уціскі і пасыланне іх на варту ў Троцкі замак.


Шымка Мацкавіч не браў чыннага ўдзелу ў палітычным жыцці, аднак належаў да гаспадарскай рады. У 1534 г. ён быў выкліканы каралём для ўдзелу ў Сойме. У 1536 г. сустракаў маскоўскае пасольства, якое ехала да караля ў Вільню [23].

Вядома, што віленскі цівун Шымка Мацкавіч апекаваўся капліцай Вітаўта ў Вільні [24]. У 1528 г. Шымка Мацкавіч скардзіўся на Маркаўскага дзяржаўцу Яна Мікалаевіча, які пачаў забіраць сабе са «старцаў і некаторых людзей» Маркаўскай воласці тое, што раней ішло на «капліцу Вітаўтаву» [25].


Напачатку Шымка Мацкавіч служыў каралю Жыгімонту І і быў яго прадстаўніком у 1516 г. у спрэчцы паміж літоўскім падкаморым Андрэем Давойнам і троцкім ваяводам Рыгорам Осцікавічам. Потым Шымка стаў верным і надзейным падначаленым каралевы Боны ў Літве. Як вынікае з перапіскі паміж ім і каралевай, Шымка Мацкавіч выконваў самыя разнастайныя загады каралевы і распараджаўся яе грашыма, якія Бона прысылала з Кракава. Займаўся вяртаннем каралеўскіх зямель, канфіскацыяй прыватнай маёмасці, займаўся прывілеямі плябаній, ацэньваў купленыя для каралевы землі і двары, займаўся дастаўкай дрэва з віленскага склада на будоўлю каралеўскіх двароў у Літве. Таксама курыраваў і вёў будаўнічыя працы ў Ніжнім Замку, пабудаваў для каралевы так званы вялікі дом за ракой Віліяй. Як давераная асоба каралевы браў удзел у розных камісіях па ўстанаўленні межаў каралеўскіх маёнткаў і вырашаў памежныя спрэчкі паміж вяльможамі [26].


А зараз спынімся на агульных пытаннях, датычных пабудовы Маламажэйкаўскай царквы.

З каталіцкім хрышчэннем Літвы ў канцы ХІV ст. у мастацтва Вялікага Княства Літоўскага пачынае пранікаць гатычны стыль. Яго распаўсюджванне звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў францысканаў і бернардынаў, а таксама ганзейскіх гандляроў. Вытокі і сутнасць готыкі - у метадзе мыслення і тэалагічнай дактрыне Сярэднявечча: «Прыгажосць, створаная па імкненні душы рукамі мастака, бярэ пачатак ад той прыгажосці, якая вышэй за ўсё» (Святы Аўгусцін). Узаемасувязь паміж мастацтвам, тэалогіяй і філасофіяй была ўвасоблена ў формах французскіх гатычных сабораў, якія ўзніклі адначасова з «саборамі ідэй» - універсітэтамі. Мастацтва архітэктуры было адной з формаў малітвы. Галоўная матывацыя стварэння гатычнай структуры сабора закладзена ў духоўным паняцці святла, бо «Бог ёсць святло». Дзеля «дыялогу з Богам» майстры французскай готыкі стварылі нібыта «празрыстыя сцены» і «балдахінную сістэму скляпенняў», чым дасягнулі ілюзіі нематэрыяльнасці архітэктурных мас. З Францыі гатычны стыль пачаў распаўсюджвацца ў краінах Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы. Праз узаемадзеянне гатычных архітэктурных форм з традыцыйным мясцовым дойлідствам расквітнела цудоўная самабытная беларуская готыка. Яна ўвасобілася ў «Фары Вітаўта» ў Коўні, касцёлах св. Мікалая, бернардынаў і св. Ганны ў Вільні [27].

Прафесар Аляксандр Кушнярэвіч адзначыў стылістычную блізкасць Маламажэйкаўскай царквы да касцёлаў у Польшчы (у Плоцку, Шрэнску, Пясочным, Брахаве, Броку, Глогаўцы і інш.), збудаваных у тым жа ХVI ст. Гэтыя сакральныя пабудовы маюць падобныя прынцыпы фармавання прасторы, характар кампаноўкі і аздаблення фасадаў, падобныя вежы і адсутнасць размежавання сакральнай і абарончай функцый - байніцы размешчаны нават у алтары. Новыя формы еўрапейскага дойлідства былі занесены ў Малапольшчу, а потым у Мазовію італьянскімі архітэктарамі. З-за моцнай канкурэнцыі на радзіме яны разам з майстрамі-мулярамі прыехалі ў Польшчу ў пошуках заказаў. Прозвішчы будаўнікоў храмаў у Мазавецкай зямлі захаваліся ў пісьмовых крыніцах - гэта архітэктары Ян Бапціста з Венецыі, Джавані Чыні з Сіены, Бернар Занобе да Джаноці, Барталамей Бярэчы. А. Кушнярэвіч высунуў версію, што нехта з гэтых архітэктараў мог пабудаваць і нашу царкву, бо храмы ў Польшчы і ў Малым Мажэйкаве маюць шмат агульнага ў фармаванні архітэктонікі, характары і арганізацыі дэкору фасадаў. Таксама прафесар адзначыў, што ў ніжняй частцы галоўнага фасада гэтыя храмы аб'ядноўвае завяршэнне цокаля ў выглядзе скосу, над якім вымураваны рад парэбрыка [28]. У верхняй частцы галоўнага фасада ўжыта глыбокая паўцыркульная ніша вялікіх памераў з круглым вакном у завяршэнні, а ў франтоне - аднолькавае паяруснае размяшчэнне плоскіх падвоеных з гіркамі [29] арачных ніш [30]. Падобную кампаноўку з вежачкамі, што ўмацоўваюць вуглы касцёла ў Пясочным, маюць вежы Маламажэйкаўскай царквы. Таму, верагодна, і нашу царкву будавалі італьянскія дойліды, якія паставілі касцёлы ў Шрэнску і Пясочыным [31].


Цікавай і павучальнай была перадгісторыя Маламажэйкаўскай царквы.

Вядома, што менавіта бернардыны першымі ў ВКЛ пабудавалі касцёлы і кляштары абарончага тыпу, г.зн. акружаныя мурамі, з абарончымі вежамі па вуглах, з байніцамі ў версе сцен. Дбалі бернардыны таксама і аб таўшчыні муроў і аб моцы ўжыванага дрэва. У такіх кляштарах мелася як вогнепальная зброя: гакаўніцы, фальканеты (гарматы невялікага калібру), ручніцы, гэтак і халодная зброя: мячы, шаблі, палашы, лукі і г. д. Не бракавала ў іх пораху і куль. На захоўванне зброі меўся дазвол папы, згода кардынала-пратэктара і адпаведнага біскупа. Такі кляштар быў падобны на цвердзь, з дапамогай якой можна было даць адпор наездам татараў, якія ніколі не рабілі доўгую аблогу [32].

Манахі-бернардыны пачалі будаваць свае мураваныя канвенты (кляштары) у часы, калі нават вяльможы ВКЛ жылі яшчэ ў драўляных дварах. Дзякуючы шчодрасці вялікага князя і караля Казіміра, яны распачалі ў Вільні будаўніцтва свайго першага мураванага канвента, але не выклікалі для арганізацыі гэтай працы архітэктара ці майстра-муляра (lapicidae) з-за мяжы. Юзаф Крашэўскі пісаў: «Калі бернардынскі касцёл пачаў разбурацца, дык бернардыны заявілі вялікаму князю Аляксандру (каля 1500 года), што прычынай падзення іх касцёла служыць суседства млына (малатарні), што моцнае страсенне зямлі пры малацьбе вельмі шкодна ўплывае на касцёл і іншыя будынкі, што пры захаванні status quo небяспечна будзе нават заходзіць у касцёл для малітвы. Саступаючы просьбе бернардынаў, Аляксандр загадаў цалкам зачыніць млын, а пляц, на якім ён знаходзіўся, з усімі пабудовамі аддаць кляштару» [33]. Мулярскія работы былі зроблены нядбайна і нетрывала, таму каля 1500 г. толькі што пабудаванае скляпенне і сцены канвента абваліліся. Манахі мусілі разабраць касцёл да фундаментаў - застаўся толькі хор, сакрыстыя і інтэрнат [34]. Такім чынам, канвент, які быў пабудаваны без інжынернага разліку і догляду, разбурыўся, і набажэнствы былі перанесены ў суседні касцёл св. Ганны, над якім таксама апекаваліся бернардыны [35].

Пасля разбурэння першага мураванага кляштара, тагачасны віленскі гвардыян бернардынаў Камароўскі ў 1506-1516 гг. пабудаваў новы мураваны канвент. Падмуркі гмахаў гэтага віленскага кляштара бернардынаў былі настолькі моцнымі, што ў яго піўніцах нейкі час захоўваўся нават вялікакняскі скарб [36].

Добра вядома, што каралева Бона заўсёды выказвала сваю прыхільнасць да бернардынаў [37] і таму Шымка Мацкавіч не мог абысці іх дзейнасць сваёй увагай. Вядома, што нашы бернардыны мелі схільнасць да готыкі [38], што, пэўна, таксама паўплывала на фундатара Маламажэйкаўскай царквы. Такім чынам, набліжанасць Шымкі Мацкавіча да каралевы Боны і веданне ім арганізацыйнага боку будаўнічай справы можа шмат што растлумачыць. Верагодна, для пабудовы Маламажэйкаўскай царквы Мацкавіч наняў некага з італьянскіх адмыслоўцаў, якія будавалі Віленкія замкі [39], а можа Маламажэйкаўскую царкву будавалі нават тыя самыя майстры, якія да таго часу закончылі працы па адбудове віленскага бернардынскага кляштара. Было б дзіўна, каб Шымка Мацкавіч не зрабіў неабходных высноваў з першай няўдалай спробы пабудовы віленскага канвента, і таму цалкам лагічна, што Маламажэйкаўскую царкву будавалі італьянскія будаўнікі, пра што піша прафесар А. М. Кушнярэвіч [40].

Трэба таксама заўважыць, што з'яўленне готыкі ў праваслаўным храмабудаўніцтве на Беларусі - гэта матэрыялізаваны вынік Фларэнцкай царкоўнай уніі 1439 г. Ролю Фларэнцкай уніі ў справе адаптацыі на нашых землях гэтага еўрапейскага стылю адзначае беларускі гісторык Альбіна Семянчук: «... калі адкрыта прызнаць і паказаць, што ідэі Фларэнцкай царкоўнай уніі ў Вялікім Княстве Літоўскім адыгрывалі значную ролю ў культурнарэлігійным і палітычным жыцці, то можна вырашыць адразу некалькі загадкавых пытанняў нашай гісторыі. ... Аналіз крыніц і літаратуры дазваляе зразумець, адкуль узяліся, з аднаго боку, цудоўныя гатычныя храмы ў Супраслі, Мураванцы, Сынкавічах, а, з другога, - капліцы з праваслаўнымі роспісамі ў Кракаве, Любліне, Сандаміры» [41]. Меркаванне аб тым, што ўсе храмы беларускай готыкі, пабудаваныя прыблізна ў адзін перыяд - на памежжы ХV-ХVI ст., з'яўляюцца вынікам распаўсюджвання ідэй Фларэнцкай уніі сярод уплывовай праваслаўнай эліты Вялікага Княства Літоўскага, цалкам лагічнае. Нездарма гэтыя саборы з'явіліся на землях, якія ў той ці іншай форме кантраляваліся ўплывовымі асобамі, што паставілі свае подпісы пад лістом да папы Сікста ІV ад 14 сакавіка 1476 г. і былі часткай палітычнай эліты ВКЛ [42].

Трэба таксама адзначыць, што нашы бернардыны былі галоўнымі прыхільнікамі уніі сярод рыма-каталіцкага кліру [43] і недарэмна існуе гіпотэза, пра тое, што Францішак Скарына вучыўся менавіта ў Полацкай школе пры бернардынскім кляштары [44].


Каралева Бона, якой служыў Шымка Мацкавіч, пакінула вялікі след у нашай гісторыі і пасля яе смерці засталася добрая памяць пра гэтую каралеву-італьянку. Шмат якія гістарычныя пабудовы мясцовае насельніцтва прыпісвала менавіта гэтай каралеве. Напрыклад рэктар лідскага піярскага калегіюма пісаў, што ва ўяўленні лідзян першай паловы XIX ст. лідскі замак пабудавала менавіта каралева Бона [45].

Таксама вельмі важна, што праз сваю другую жонку Зоф'ю Шымка Мацкавіч быў сваяком віленскага бургамістра Багданам Онкавіча, які падтрымліваў выдавецкую дзейнасць Францішка Скарыны, пра што сведчаць надпісы на тытульных старонках кніг, якія выдаў Скарына [46]. Гэта можа сведчыць пра прыналежнасць Шымкі Мацкавіча не толькі да тагачаснай кіраўнічай, але таксама і да інтэлектуальнай эліты ВКЛ, з чаго становіцца зразумелым невыпадковасць пабудовы менавіта гэтым чалавекам сапраўднай архітэктурнай пярліны Беларусі - Маламажэйкаўскай царквы.


Шымка Мацкавіч у дакументах называўся Шкленскім (ці Скленскім). Але асабістае прозвішча ў той час часцей за ўсё мелі толькі князі. У XV ст. слова «Шклёнскі» можна было разумець як «князь на Шклёнску», але такога князя ў ВКЛ не было, не было і горада з такой назвай.

У актах Літоўскай метрыкі Ядкоўскі знайшоў «жалобу Шимка Мацковича на Богдана Хребтовича о отведеньи именя его Склёнского къ Блудову надъ привилей великого князя Швитрыкгайла и листъ судовый короля его милости, которы нижей за прозбою его суть вписаны. Год 1541, сентября 20 дня». Далей у метрыцы цалкам прыводзіцца грамата Вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча ад 1427 г., у якой чытаем наступнае: «на прозбу … Ивана Мушаты … дали ему село Склинъ у Луцким повеце … по высокую могилу едучи». Значыць, як і Мажэйкава, маёмасць Склін (Склёнск, Шкленск) на пачатку XV ст. належала вялікаму князю ВКЛ. Грамата Свідрыгайлы была прадстаўлена вялікаму князю для вызначэння межаў маёнтка Склёнскага і, верагодна, Шымка Мацкавіч, атрымаў маёмасць на пачатку XVI ст. бо гэты маёнтак нават не называўся «отчизным» [47].

Іван Шымкавіч Шклёнскі - сын Шымкі Мацкавіча ад першага шлюбу яшчэ пры жыцці бацькі ў 1536 г. адмовіўся ад спадкавання маёмасці бацькі ў Літве на карысць сваіх зводных братоў Яна, Філіпа і Рыгора. Яго бацька Шымка Мацкавіч выкупіў з заставы маёмасць маці Івана на Валыні: Склені, Бародзічы і Сельцы, якія знаходзілася ў заставе ў дачкі Шымкі Мацкавіча Марыны, яе мужа Васіля Чапліча і цёткі Мацкавіча Манькі з мужам Васілём Уколавым. У 1536 г. Васіль Семкавіч Уколаў выдаў квіток аб тым, што ён прадаў за 250 коп літоўскіх грошаў Шымку Мацкавічу маёнтак Склені, з гэтай сумы 170 коп грошаў заплаціў Шымка Мацкавіч, а астатнія 80 заплацілі сыны: Ян, Рыгор, Калістрат і Філіп Мацкавічы. Якраз гэтую Валынскую маёмасць і павінен быў успадкаваць Іван Шымкавіч Шклёнскі. Таму ён і адмовіўся ад маёмасці бацькі ў гістарычнай Літве: Рэшы, Забалаці, Астрыны, Бердаўкі, Ваверкі, Вяшэнтаў і Мажэйкава на карысць сваіх братоў і іхняй маці Сафіі [48].

Потым, у 1573 г. Фёдар Іванавіч Шкленскі, засведчыў, што яго бацька меў дамову са сваімі братамі Філіпам, Янам, Рыгорам і Калістратам Шымкавічамі, і згодна з гэтай дамовай, ён адмовіўся ад часткі маёмасці, якую павінен быў атрымаць у спадкі ад свайго дзядзькі Калістрата (які, верагодна, быў бяздзетным): 1/4 Мажэйкава і 1/2 Сапунцаў. За гэта ён павінен быў атрымаць 1100 коп літоўскіх грошаў (па 20 коп за апрацаваную валоку і па 10 за пустую) [49].

Цікавы дакумент у 1538 г. падпісаў Глеб Янавіч Сапега. Ён абавязаўся ўзяць у жонкі дачку Шымкі Мацкавіча, якая павінна была атрымаць пасаг у 200 коп літоўскіх грошаў у рухомасці і 100 коп літоўскіх грошаў у частцы маёнтка - нерухомасці яе маці Соф'і ў Жамойці. А калі б Сапега парушыў заручыны, дык павінен быў заплаціць Мацкавічу і вялікаму князю па 1000 коп літоўскіх грошаў [50].

У 1541 г. Шымка Мацкавіч на карысць сваёй жонкі Соф'і (Зафеі) Паўлаўны адмовіўся ад правоў на пляц пры вуліцы Вялікай у Вільні і ад пабудаванай ім камяніцы на Рынку [51].


Раскажу трошкі пра дачыненне роду Мацкавічаў да маёмасці Бердаўка - нейкай часткай Бердаўкі валодаў ці трымаў у арэндзе сам Шымка Мацкавіч, а потым яго сын Калістрат.

На пачатку XVI ст. Бердаўка была часткай вялікага маёнтка Ліпнішкі, які трымаў у заставе Юры Ільініч. Гэты дзяржаўны дзеяч выдаткаваў свае грошы на дзяржаўныя патрэбы, і з-за гэтага ў 1522 г. вялікі князь, сярод іншай маёмасці, пажыццёва надаў маёнтак Ліпнішкі Юрыю Ільінічу [52]. У 1527 г. Бердаўка згадваецца ў прывілеі Жыгімонта Старога і пасля смерці маршалка Юрыя Ільініча яна стала маёмасцю яго сына Станіслава [53].

16 чэрвеня 1568 г. браты Беняш і Іван Валовічы ў Гародні падпісалі акт продажы «вечистое имення их Бердовки в повете Лидскомъ Калистрату Шимковичу Мацковичу». З акта бачна, што « отец ихъ небошчикъ панъ Иванъ» купіў «Бердовку, в Лидскомъ повете у пани Яновое Юревича Ильиничовое пани Гальшки Фредрушовны за осмъсотъ копъ грошеи монеты и личбы литовское». З дакумента даведваемся, што маёмасць Бердаўка ад Юрыя Іллініча перайшла да яго сыноў Яна і Шчаснага Юр'евічаў Іллінічаў [54] а потым да жонкі Яна Іллініча Гальшкі [55]. Гальшка Іллініч прадала маёнтак Івану Валовічу, сыны якога, у сваю чаргу, прадалі яго Калістрату Шымкавічу Мацкавічу - аднаму з сыноў фундатара Маламажэйкаўскай царквы Шымкі Мацкавіча. Таксама з дакумента бачна, што яшчэ Юры Іллініч з-за фінанасавых праблем, здаў Бердаўку ў заставу «свояку своему небошчику пану Шимъку Мацковичу, тивуну виленьскому, державцы ушъпольскому, пеняньскому и радуньскому, в певнои суме п(е)незеи». Заўважым істотны факт, што Шымка Мацкавіча быў сваяком Юрыя Іллініча. Пасля смерці Шымкі Мацкавіча, маёмасць знаходзілася ў заставе ў яго сыноў, а пасля падзелу сямейнай маёмасці паміж баратамі Шымкавічамі, застава на Бердаўку адышла да Калістрата Шымкавіча.

Браты Валовічы «в тые часы валечные» прыцягваліся «ку частымъ выправам на службы наши господарьские и земские военъные» і мелі патрэбу ў грашах. Таму яны патрабавалі ў «брата своего тетечного» Калістрата Шымкавіча грошы, якія той быў вінны яшчэ іхняму бацьку. Заўважым, што і Валовічы былі сваякамі Шымкавічаў [56].

У выніку Калістрат Шымкавіч стаў уладальнікам маёнтка Бердаўка: «И вжо ма еть его м(и)л(о)сть панъ Калистрат самъ и его малъжонъка, дети, потомки, щадъки, на следки кревные и близкие тое именье Беръдовку з дворомъ, з будованьемъ дворнымъ, з бояры, з людми тяглыми и зъ ихъ землями, службами и повинъностями, с челедю невольною, зъ землями пашными, зъ сеножатьми и зъ болоты, с пушчою, з боры, з лесы и заросльми, зъ ставы, з млыны и их вымелъками, зъ сажавками, зъ ставищи, з реками, речками и границами, з ловы зверынъными, пъташими и рыбными, з гоны бобровыми, з данью грошовою и медовою, и зо всими иншыми дяклы пашными и подачками, такъже зо всими и всякыми кгрунты, широ костью, властностью, обыходы и пожитками, яким кольвекъ назвискомъ поменеными, и зо всимъ на все от мала до велика, яко ся тое именье Бердовка с прылеглостями своими перед тымъ здавна мело и теперъ маеть, держати и вживати вечными часы навеки непорушно « [57], - вось люблю я чытаць дакументы на нашай старабеларускай мове!


Верагодна Шымка Мацкавіч памёр у 1545 г., і быў пахаваны ў Маламажэйкаўскай царкве, дзе над яго магілай, як заснавальніка царквы, мелася пліта з надпісам, на якой, па меркаванні Ядкоўскага, ён памылкова названы Юндзілавічам. Гісторык тлумачыць гэта тым, што герб Юндзілаў - «Лебедзь», а герб Шымкі Мацкавіча «Касцеша» [58].

Трэба сказаць, што Юндзілы - адна з галінаў магутнага роду Клаўсуцяў, які меў вялікія ўладанні на Лідчыне і ў іншых месцах, і даследчык роду Клаўсуцяў польскі гісторык Ян Глінка ў сваё фундаментальнай працы пра гэты род піша, што маёнткам Гародна валодаў прадстаўнік роду Клаўсуцяў Філіп Шымкавіч [59], які быў сынам Шымкі Мацкавіча. Якім чынам Шымка Мацкавіч быў параднёны з Клаўсуцыямі, невядома, але можна выказаць здагадку, што яго маці, род якой меў маёмасць пад Астрыной (гл. вышэй) паходзіла з роду Клаўсуцяў. У любым выпадку, калі ўлічваць толькі інфармацыю гісторыка Глінкі, Шымка Мацкавіч ўсё ж быў Юндзілавічам. Верагодна, прыналежнасць да гэтага старажытнага рода падвышала прэстыж ягонай сям'і.


Князь Васіль Андрэевіч Палубінскі, стараста Мсціслаўскі, Бабруйскі і Барысаўскі і гаспадарскі маршалак, пасля смерці сваёй першай жонкі князёўны Аксінні Заслаўскай у вельмі пажылым узросце другім шлюбам ажаніўся з удавой Шымкі Мацкевіча Сафіяй Паўлаўнай. Верагодна, яна прынесла частку Малога Мажэйкава другому мужу як пасаг, бо ў 1546 г. ён адпісвае жонцы адну траціну сваіх уладанняў і 2000 коп літоўскіх грошаў ад сядзібы Мажэйкава і адначасова свайму сыну князю Івану - траціну ўсіх сваіх маёнткаў, за выключэннем Мажэйкава (раней ужо адпісанага жонцы Сафіі Паўлаўне). У пацвярджэнні, дадзеным у 1546 г. каралём княгіні Соф'і Паўлаўне яна завецца: «пани Шимкавая Мачковича, Тивуновая виленская, пани Зофья Павловна» [60].

Апошнюю траціну сваіх уладанняў Васіль Андрэевіч Палубінскі адпісаў як пасаг для сваёй унучкі Марыны, дачкі яго сына Льва, якая засталася сіратой пасля смерці бацькі. Князь Васіль Палубінскі памёр 4 сакавіка 1550 г. у сядзібе Гарадзішча. Удава перавезла яго цела ў Кіеў і пахавала ў Кіева-Пячэрскай Лаўры ў царкве Прачыстай Багародзіцы Пячэрскай каля ягонага сына Льва.

У 1563 г. Марына, дачка памерлага князя Льва Васільевіча Палубінскага і жонка Станіслава Паўлавіча Нарушэвіча (спраўцы староства Гарадзенскага), сумесна з мужам выступае з заявай, што маёнтак Мажэйкава быў падараваны каралём Аляксандрам «яе дзеду князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму, старасту Мсціслаўскаму», што апошні, аўдавеўшы, узяў шлюб з Сафіяй Паўлаўнай, удавой Шымкі Мацкавіча, якой адпісаў гэты маёнтак «у вечнае карыстанне». Яна ж сама «перапісала» гэты маёнтак на свайго сына Яна Шымкавіча (маршалка і пісара гаспадарскага (вялікакняскага - Л. Л.), дзяржаўцу Тыкоцінскага). Паколькі ў 1563 г. Марына была адзінай спадчынніцай свайго дзеда Васіля, бацькі Льва і дзядзькі Івана, усе свае правы на маёнтак Мажэйкава яна перадала Яну Шымкавічу, які ўжо і так меў на яго каралеўскае пацверджанне. У сваю чаргу, Шымкавіч упісаў сядзібу Мажэйкава ў так званы «пасаг» сваёй жонкі Аляксандры Іванаўны з Вішнявецкіх [61].


Акты падзелу маёмасці Шымкі Мацкавіча пасля яго смерці паміж сынамі захоўваюцца ў Варшаўскім Архіве галоўным актаў даўніх (AGAD) і зараз знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце. Першай была вырашана справа з рухомасцю нябожчыка, акт падзелу складзены 4.03.1545 г.: грошы, срэбра і іншая рухомая маёмасць была падзеленая паміж братамі Іванам, Янам, Рыгорам і непаўнагадовым Філіпам.

Уся нерухомасць Шымкі Мацкавіча, разам з 1000 коп літоўскіх грошаў за прададзеную «маёмасць Бакалара» (верагодна, маецца на ўвазе Мікалай Бакалаўр з рода Клаўсуцяў [62]) і Вышынты, была падзелена наступным чынам:

- Маршалак і пісар гаспадарскі Ян Шымкавіч атрымаў Мажэйкава, з якога павінен быў выплаціць братам 400 коп літоўскіх грошаў;

- Рыгор атрымаў Астрыну, Забалаць, двор Грыкішкі і 300 коп літоўскіх грошаў;

- Філіп атрымаў маёмасць Рэша (у Віленскім павеце) і 300 коп літоўскіх грошаў;

- Калістрат атрымаў маёмасць Бердаўка і 800 літоўскіх грошаў [63].


Астрынская старасціна, віцебская ваяводзіна Ганна з Радзівілаў, якая ў першым шлюбе была за Кішкам, а ў другім за Садоўскім, у 1566 г. здала ў пацэсію гаспадарскаму маршалку Яну Шымкавічу 16 бліжэйшых да Мажэйкава валок са свайго маёнтка Касцянёва, яшчэ раней ён атрымаў ад яе 14 валок, на якіх жылі сяляне Адамовічы [64].

Філіп Шымкавіч пазычыў 300 венгерскіх злотых у свайго брата Рыгора і пасля смерці Рыгора, яго жонка Богна (Багдана) з Мялешак, якая да таго часу (1562 г.) другі раз выйшла замуж за Эйсманта, падала на швагра ў лідскі земскі суд. Судзіў справу лідскі земскі суддзя Ян Юр'евіч Сіруць. Багдана мела распіску пра пазыку, і суд прызначыў выплаціць ёй 600 злотых, якія запісаў на частку маёнтка Забалаць.

У 1582 г. людзі Філіпа Ліманта Ваўчанскага напалі на падданага Шымкавічаў з Мажэйкава, пабілі яго і адабралі трох валоў. Лідскі земскі суд прысудзіў Ліманта заплаціць грыўню і запісаў гэтую суму на маёнткі Воўчынкі.

У сваім тастаменце ад 1586 г. гаспадарскі маршалак Філіп Шымкавіч адну частку сваёй маёмасці (па-за межамі Лідчыны) адпісвае жонцы Настассі Афанасьеўне Трызнянцы, а непаўнагадовым дочкам Гальшцы (Ганне) і Багдане пакідае Малое і Вялікае Мажэйкава, Ваверку і Забалаць [65]. Філіп Шымкавіча меў дом у Вільні, які пасля яго смерці, перайшоў да жонкі Настассі Трызнянкі. Пабудова межавала з пляцам Свята-Духавага манастыра, са старых дакументаў бачна, што гэты драўляны дом знаходзіўся «идучи зъ рынку до Острое брамы по левой руце ... Филипповое Шимковичовое, a теперешнее Яновое Завищиное Настазіи Тризнянки» [66].

У сярэдзіне XVI ст., пасля смерці Шымкі Мацкавіча, Вялікае Мажэйкава належала каралеўскаму маршалку Філіпу Шымкавічу [67].

У Варшаўскім архіве захоўваюцца розныя судовыя справы Філіпа Шымкавіча, з адной з іх даведваемся, што ў 1563 г. кароль Жыгімонт Аўгуст звольніў Філіпа Шымкавіча ад адказнасці за забойства 2 чалавек, адзін з забітых быў пасланец Курляндскага князя, забойства адбылося ў доме віленскага месціча Мальхера Штэфля [68].

У 1586 г. сын Івана Шымкавіча Шклёнскага - Фёдар Іванавіч Шкленскі судзіўся з сваім дзядзькам Філіпам Шымкавічам, а потым з яго ўдавой Настассяй з Трызнаў. Філіп Шымкавіч павінен быў аддаць сваяку 26 дакументаў на маёнтак Рэша ў Віленскім і маёнтак Кавалі ў Ашмянскім паветах. Да таго часу Настасся Трынзнянка ўжо другі раз выйшла замуж за Яна Завішу [69].

Філіп Шымкавіч меў двух дачок - Багдану, якая выйшла замуж за Аршанскага старасту Андрэя Іванавіча Сапегу, і Гальшку, якая выйшла замуж за Хрыстафора Мікалаевіча Нарушэвіча. Яны падзялілі паміж сабой маёнткі ў 1598 г. і пакінулі Маламажэйкаўскай царкве пацвярджэнне фундуша, дадзенага Шымкам Мацкавічам.

У 1598 г. нашчадкі Шымкі Мацкавіча склалі падзельны запіс, у якім пацвердзілі недатыкальнасць царкоўнай зямлі і фундушовы запіс, дадзены Мацкавічам у 1642 г. Маламажэйкаўскай царкве. Як бачна з гэтага дакумента, у 1542 г. царква ўжо існавала, у тым жа годзе была ўстаноўлена дзесяціна [70].

З дакументаў 1598-1601 гг., якія належалі дачцэ Філіпа Шымкавіча Багдане, бачна, што яна перапісала сваю частку Мажэйкава мужу, аршанскаму старасту Андрэю Сапегу, а яе сястра Ганна, якая выйшла замуж за Нарушэвіча, валодала другой часткай маёмасці [71].

У 1622 г. Багдана Сапега з Шымкавічаў, запісала сваю частку Мажэйкава дочкам: мсціслаўскай ваяводзіне Ганне Шамёт (жонцы Яраслава Шамета) і Зоф'і Палубінскай (жонцы Канстанціна Палубінскага), пакінуўшы сабе да канца жыцця 1/3 частку маёнткаў Мажэйкава і Гародна ў Лідскім павеце. Таксама нейкую частку маёнткаў атрымала і трэцяя дачка Гальшка Сапяжанка, якая пайшла ў кляштар [72].

У 1623 г. Гальшка Сапяжанка адмовілася на карысць сясцёр ад сваёй часткі маёмасці Мажэйкава і Гародна (частку Гародна яна мела ад сваёй бабулі Настассі з Трызнаў, якая ў першым шлюбе была за Філіпам Шымкавічам, а ў другім за Завішам). У 1624 г. пасля смерці Багданы Сапегі з Шымкавічаў, яе дачка Ганна Шамёт дамаўляецца з Зоф'яй і Канстанцінам Палубінскімі аб роўным падзеле маёмасці, але паміж сёстрамі ўзніклі нейкія маёмасныя праблемы, якія ў 1627 г. вырашаліся ў лідскім гродскім судзе [73].


Вось тое галоўнае, што на сёння вядома пра Шымку Мацкавіча і яго нашчадкаў і пра перадумовы будаўніцтва Маламажэйкаўскай царквы.



[1] Гл: Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси // Древности. Труды комиссии по сохранению древних памятников. Москва, 1915. Т. 6. С. 271-289.

[2] Гл: Сліж Н. З дакументальнай спадчыны сям'і віленскага цівуна Шымка Мацковіча і Зафеі Паўлаўны: ад сямейных адносінаў да гісторыі дома Багдана Онкавіча ў Вільні // Bialoruskie Zeszyty Historyczne, 2018. № 49. С. 235-252.

[3] Wiśniewski J. Mackowicz Szymko // Polski Słownik Biograficzny, T. XIX. Wrocław - Warszawa - Kraków - Gdańsk, 1974. S. 95.

[4] Сліж Н. З дакументальнай спадчыны сям'і віленскага цівуна Шымка Мацковіча і Зафеі Паўлаўныю С. 236., 252.

[5] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 276.

[6] Там жа. С. 277.

[7] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 6 (1494-1506): Užrašymų knyga 6 / Lietuvos istorijos institutas; parengė A. Baliulis. Vilnius, 2007. P. 308.

[8] Lietuvos metrika. Knyga Nr. 8 (1499-1514): Užrašymų knyga 8 / Parengė Algirdas Baliulis, Romualdas Firkovičius, Darius Antanavičius.. Vilnius, 1995. P. 277.

[9] Там жа. S. 319.

[10] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Исторические очерки. М., 1892. C. 602.

[11] Лейці - служылае саслоўе, служылі ў якасці памежнай варты, абаранялі замкі, прадстаўлялі велікакняскую ўладу на ўскраінах і ўтаймоўвалі незадаволеных ёй. Пазней яны даглядалі коней гаспадара і суправаджалі яго ў падарожжах.

[12] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 278.

[13] Дубоніс А. Лейці вялікага князя літоўскага: з гісторыі ранніх дзяржаўных структур літоўскага грамадства. Смаленск, 2015. С. 29-30.

[14] Wiśniewski J. Mackowicz Szymko. S. 96.

[15] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 277.

[16] РИБ. С.-Петербург. 1910. Т. 27. С. 106.

[17] АВАК. Вильно, 1908. Т. 33. С. 51-53.

[18] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 277-278.

[19] Wiśniewski J. Mackowicz Szymko. S. 97.

[20] Там жа.

[21] Там жа.

[22] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 52. K. 1-2.

[23] Wiśniewski J. Mackowicz Szymko. S. 97.

[24] Wiśniewski J. Mackowicz Szymko. S. 96.

[25] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. С. 99.

[26] Wiśniewski J. Mackowicz Szymko. S. 96.

[27] Габрусь Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. Мінск, 2007. С. 148.

[28] Парэбрык - тып арнаментальнай цаглянай муроўкі, у якой рад цэглы кладзецца пад вуглом да паверхні сцяны

[29] Гірка - фігурная дэталь у выглядзе перакуленай пірамідкі з цэглы або каменя.

[30] Ніша - паглыбленне ў сцяне будынка.

[31] Кушнярэвіч А. М. Мураваная дабастыённая фартыфікацыя Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2014. С. 189-195.

[32] Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 19-20. S. 5.

[33] Kraszewski J. Wilno : od poczаtkоw jego do roku 1750. Т. II. Wilno, 1840. S. 316.

[34] Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 19-20. S. 4-5.

[35] Bernardyni na Litwie i Białorusi // Pregląd Wileński. 1934. № 1. S. 4.

[36] Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1934. № 2. S. 3.

[37] Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 21. S. 3.

[38] Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 19-20. S. 6.

[39] Wiśniewski J. Mackowicz Szymko. S. 97.

[40] Гл: Кушнярэвіч А. М. Мураваная дабастыённая фартыфікацыя Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2014. С. 189-195.

[41] Семянчук А. А. Распаўсюджанне ідэй Фларэнцкай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім у канцы ХV - пачатку ХVІ ст. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. Гродна, 2009. C. 158.

[42] Там жа. С. 160.

[43] Гл: Bernardyni na Litwie i Białorusi // Pregląd Wileński. 1933. № 22. S. 5-6.; Bernardyni na Litwie i Białorusi // Pregląd Wileński. 1934. № 1. S. 2-4.; Christianin. Bernardyni wileńscy jako unijoniści // Pregląd Wileński. 1931, № 1-2. S. 10.

[44] Bernardyni na Litwie i Białorusi // Pregląd Wileński. 1934. № 1. S. 5.

[45] Wspomnienie domku Pijarów Lidzkich. Napisał ks. Jozafat Wojszwiłło, ostatni rektor Pijarów lidzkich // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu., sygn.3667/III. S. 13-14.

[46] Сліж Н. З дакументальнай спадчыны сям'і віленскага цівуна Шымка Мацковіча і Зафеі Паўлаўны. С. 247., 248.

[47] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 275-276.

[48] AGAD. AR. Dz. X.. Syg. 55. K. 1-7.

[49] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 64. K. 1-8.

[50] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 49. K. 1-2.

[51] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 50. K. 1-2.

[52] РИБ. Т. 20. Петербург, 1903. С. 1133-1135.

[53] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 224 (1522-1530): Užrašymų knyga 4. Vilnius, 1997. P. 216.

[54] Чамусьці, у дакуменце не згадваецца брат Станіслаў, бо вядома, што 28 мая 1527 г. браты Ян, Станіслаў і Шчасны Іллінічы, падзялілі маёмасць памерлага бацькі Юрыя Іллініча. Прычым двор Бердаўка і дварэц Прыдыбайлы дасталіся Станіславу Іллінічу. - Гл: Lietuvos metrika. (1522-1530) knyga 4. Vilnius, 1997. P, 216.

[55] 30.08.1539 г. жонка Яна Іллініча Гальшка Фрыдрушоўна атрымала пацверджанне на ўласнасць "двор Беръдовку" ад брата свайго мужа Шчаснага Юр'евіча Іллініча. - Гл: Lietuvos metrika. (1536-1539) knyga 20. Vilnius, 2009. P, 277.

[56] Lietuvos metrika. (1566-1572) knyga 49. Vilnius, 2014. P. 19.

[57] Там жа. P. 21.

[58] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 278.

[59] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // Studia Źródłoznawcze.Warszawa, Poznan, 1959. T. V. S. 52.

[60] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 275.

[61] Князья Полубинские. Сборник исторических материалов по истории рода / составитель: Д. Г. Карпинский) // Рэжым доступу: http://www.wikiznanie.ru/ru-wz/index.php/Полубинские. Дата доступу: 04.07.2021.

[62] У дакуменце Літоўскай метрыкі ад 1500 г. ён завецца Міхнавіч Бакалаўр, у 1504 г. - Мікалаевіч Рачкавіча, у 1508 г. - Міхнавіч Рачкавіча, у 1512 - Мікалаевіч Рачкавіча, у дакуменце 1514 г. выступае як Міхнавіч без авоніма, у 1515-1516 і 1517-1520 гг. - пераважна як Міхнавіч Рачкавіча ці Міхнавіч без авоніма, у 1519 г. у дакуменце на лаціне Nicolaus Raczkowicz. Потым акадэмічная ступень бакалаўра перамагла, і дзеці Мікалая былі ўжо Бакалаўравічамі, іх сяляне "людзі Бакалаўравы", маёмасць "Бакалараўшчына". - Гл: Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // Studia Źródłoznawcze.Warszawa, Poznan, 1959. T. V. S. 39.

[63] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 54. K. 1-17.

[64] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 409. K. 1-6.

[65] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 69. K. 1-2.

[66] АВАК. Вильна. 1893. Т. 20. С. CLVIII.

[67] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 278.

[68] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 66. K. 1-6.

[69] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 67. K. 1-42.

[70] Иодковский И. И. Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. С. 278-279.

[71] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 72. K. 1-21.

[72] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 89. K. 1-13.

[73] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 91. K. 1-18.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX