Папярэдняя старонка: Святары

Лідскі дэкан - філамат, ксёндз Дзіянісій Хлявінскі і іншыя лідскія філаматы 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-10-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскі дэкан - філамат, ксёндз Дзіянісі Хлявінскі // Лідскі Летапісец. 2018. № 3(83). С. 7-10.; Лаўрэш Леанід. Іншыя лідскія філаматы // Лідскі Летапісец. 2018. № 3(83). С. 16-17.



Лідскі дэкан - філамат, ксёндз Дзіянісій Хлявінскі

Да 225-годдзя нараджэння

Хлявінскі Дзіянісій (Chlewiński Dioniz, быў адзіным святаром сярод філаматаў.

Таварыства філаматаў заснавана ў 1817 г. па ініцыятыве групы студэнтаў, сярод якіх быў Адам Міцкевіч, Тамаш Зан і Ануфры Петрашкевіч, потым да таварыства далучыліся Ян Чачот, Францішак Малеўскі, ксёндз Дзіянісі Хлявінскі і іншыя. Таварыства было створана дзеля навуковай і грамадскай працы, узаемадапамогі ў паглыбленні адукацыі, маральнага самаўдасканальвання.

Філаматаў было некалькі дзесяткаў чалавек. Для працы з вялікім колам студэнтаў вясной 1820 г. Тамаш Зан стварае таварыства філарэтаў - аматараў дабрадзейнасці. Таварыства філарэтаў налічвала больш за 200 сяброў, у тым ліку двух святароў. Таварыства філарэтаў узначальвалі філаматы. У 1822 г. кіраўніцтва ўніверсітэта загадала распусціць Таварыства філарэтаў. Інцыдэнт 3 траўня 1823 года ў Віленскай гімназіі, калі на дошцы крэйдай вучань напісаў «Віват Канстытуцыі 3-га Траўня!» прывёў да шырокамаштабнага расследавання і ліквідацыі студэнцкага руху [1].

У Імператарскім Віленскім універсітэце асобнага факультэта тэалогіі не было. І толькі на факультэце навук маральных і палітычных працавалі кафедры тэалогіі і кананічнага права. Таму будучыя святары навучаліся менавіта на гэтым факультэце ці ў Галоўнай семінарыі пры ўніверсітэце. Трое навучэнцаў гэтага факультэта належалі да таемных таварыстваў. Ксёндз Дзіянісі Хлявінскі - філамат, а філарэтамі з'яўляліся два піяры: ксяндзы Міхал Брадовіч і Юзаф Каласанты Львовіч.

Ксёндз Хлявінскі быў старэйшы за Міцкевіча і за большасць астатніх сяброў таварыства. Ён нарадзіўся ў 1793 г. Духоўную семінарыю скончыў Вільні ў 1816 г. і прыняў сан святара. Потым служыў ва ўніверсітэцкім касцёле і адначасова вывучаў права. Жыў пры касцёле Св. Яна. У чэрвені 1818 г. напісаў працу на конкурс «Пра падаткі» і 31-га кастрычніка таго ж года быў прыняты сябрам-карэспандэнтам таварыства філаматаў. Дзейным сябрам таварыства стаў 16.03.1819 г., а 9-га траўня таго ж года на агульным паседжанні таварыства Тамаш Зан павіншаваў яго з гэтай нагоды. У таварыстве Хлявінскі займаўся рознымі арганізацыйнымі пытаннямі, быў памагатым бібліятэкара, а потым і бібліятэкарам таварыства.

Ксёндз Хлявінскі скончыў універсітэт са ступенню магістра права. Ён не належаў да шэрагу знакамітых філаматаў, і інфармацыі пра яго не шмат. Але Хлявінскі прымаў дзейны ўдзел у жыцці таварыства, чытаў лекцыі на навуковых паседжаннях, браў удзел у дыскусіях, а пасля Петрашкевіча стаў бібліятэкарам філаматаў і на асабістыя сродкі купляў кнігі, напрыклад «Слоўнік польскай мовы» ў 6-ці тамах. На яго кватэры нейкі час жылі Ян Чачот і Тамаш Зан. Неаднаразова ў яго кватэры праходзілі паседжанні таварыства, часам з каўбасой і мёдам. Ён разам з Тамашом Занам і Янам Чачотам, на паэтычным двубоі які адбыўся на імянінах Зана 21 снежня 1818 г., напісаў верш «Барацьба з мёдам» ("Walka miodowa") [2]

Памяць аб Хлявінскім засталася ў перапісцы філаматаў [3]. Так Францішак Малеўскі ў лісце да Ануфрыя Петрашкевіча ад 19.11.1820 г. паведамляе што інфармацыю аб бібліятэцы філаматаў можа даць ксёндз (Хлявінскі) [4]. Ян Чачот на імяніны Хлявінскага напісаў знакамітую песню «Ды пакіньце ж горлы драць» на беларускай мове [5]. У лісце да Міцкевіча ад 16 лістапада 1819 года Чачот пісаў: «Ой, мілыя нашы браты! І на вашай мове для нас склаўся вершык. Спявалі мы «Да пакіньце горла драць». Матыў маем для яе найцудоўны! Тамаш (Зан) з гэтай песняй не толькі ў нас, але і перад спевакамі ў пансіёне выстаўляўся. І здабыў сабе вялікую славу! Старыя былі яшчэ ў большым захапленні. «Ах, як цудоўна! От гэта, - казалі, - сапраўды народны спеў! А які цудоўны матыў! Што там вашы італьянскія ля, ля, ля... як неба ад зямлі!» ... Да імянін Дзіянісія я напісаў некалькі мужыцкіх песень, сярод якіх астатняя «Да пакіньце ж горла драць», найбольш прыйшлася даспадобы Тамашу; прыдумаў, як ведаеш, да яе матыў і гэтай песняй усюды, як цыган на кірмашы, хваліцца ...» [6]. А ў лісце да Міцкевіча ад 10.05.1820 г. Тамаш Зан піша аб філаматах: «Ян (Чачот) страшыць сваімі трывогамі. Міхал (Рукевіч) прапануе меры перасцярогі, наш ксяндзуля (Хлявінскі) дае эканамічныя распараджэнні і парады наконт абраднасці» [7].


Ксёндз Дзіянісі, як і ўсе мы, не быў ідэальным чалавекам. Сябры таварыства мелі да яго прэтэнзіі. Напрыклад ён не заўжды ўдала, без дазволу таварыства, кантактаваў з іншымі людзьмі з прапановамі ад імя філаматаў. Няўдалай была прапанаваная ім для ўступленне ў таварыства кандыдатура Шымкайлы [8].


Напрыканцы 1820 г. Хлявінскі стаў пробашчам ў парафіі Стараельня пад Наваградкам, парафія была маленькай - усяго «40 дымоў» [9]. Мела даўнюю гісторыю - яшчэ ў 1650 г. падканцлер ВКЛ Леў Сапега фундаваў тут касцёл з лістоўніцы і прызначыў пробашча. У 1864 г. парафія была скасавана з нагоды малалікасці вернікаў, а касцёл стаў капліцай [10].

Міцкевіч і іншыя філаматы былі незадаволены тым, што не атрымалася ўладкаваць бацьку Чачота на месца эканома плябаніі гэтай парафіі. У лісце ад 28 сакавіка 1821 г. Ф. Малеўскі паведамляе Міцкевічу: «Ян (Чачот) вярнуўся з кантрактаў і піша сам да цябе, пэўна напіша і аб брыдкім учынку ксяндза (Хлявінскага) ...» [11] і 28 сакавіка Чачот піша Міцкевічу: «Разумееш, не кожны філамат трымаецца дадзенага слова ... каб ведаў, што ксёндз, па сканчэнні маіх кантрактаў 20 сакавіка ледзь у Наваградку паказаўся, здагадаўся бы што ... нічога не атрымаецца. Што за дзіўны, што за дзівосны ксёндз!» [12] У лісце да Чачота ад 31 сакавіка 1821 г. Міцкевіч выказвае сваё абурэнне Хлявінскім [13].

Застаецца невядомым ці мог Хлявінскі залатвіць гэтую справу, бо ягоная парафія была прыватнага калятарства [14].

Пробашч са Стараельні яшчэ нейкі час падтрымліваў кантакты з таварыствам, пра гэта сведчыць тое, што ён выступіў на паседжанні 7 траўня 1821 г. і даваў свае кнігі філаматам. Аднак адлегласць і занятасць аслабілі сяброўскія сувязі. Тым не менш у 1828-1829 г.г. Хлявінскі разам з Ігнатам Дамейкам перакладаюць на польскую мову для літоўскіх татараў Каран. Упершыню фрагмент гэтага перакладу (1-7 суры) быў выдадзены ў 1848 годзе ў Познані [15]. Дапамагаў перакладаць і рабіў карэктуру тэксту Карана татарын з Падляшша Ян Мурза Тарак Бучацкі (Jan Murza Tarak Buczacki). Гэты пераклад стаў асновай так званага Карана Бучацкага (Koran Buczackiego), які быў выдадзены ў Варшаве ў 1858 г. [16] Для працы над перакладам Карана ў 1828 г. Хлявінскі прыязджаў у маёнтак Заполле пад Лідай, дзе ў той час жыў Дамейка [17].


У 1846 г. ксёндз Хлявінскі стаў пробашчам і дэканам ў Лідзе, дзе і служыў на працягу 20 гадоў.

У 1853 г. Ксёндз Дзіянісі Хлявінскі за свае грошы ахвяраваў Фарнаму касцёлу абраз святога Язэпа ў пазалочанай раме, напісаны жывапісцам Мікульскім. У 1855 г. ён каля плябаніі ўладкаваў мураваны ляднік і ахвяраваў Фарнаму касцёлу драўляны абраз Святога Казіміра ў пазалочанай раме, намаляваны мастаком Мірскім [18].

Перад паўтаннем 1863 г. ствараў на Лідчыне таварыствы цвярозасці. Да канца 1859 г. 39 408 чалавек на Лідчыне публічна, у храмах, прынялі на сябе абавязак устрымлівацца ад ужывання алкаголю. Паўстанец 1863 г. Мірон-Браніслаў Нарбут пісаў, што калі ён пасяліўся ў Лідзе, «п'янства ўжо амаль не было, але шулерства існавала». Сітуацыя асабліва памянялася, калі бурмістрам горада стаў Ян Андрушкевіч - «чалавек праўдзівы, энергічны і разважлівы», а пробашчам і дэканам лідскім - ксёндз Дзіянісі Хлявінскі, ксёндз «сваімі трапнымі прамовамі навучаў паству ў касцёле і значна паўплываў на падвышэнне маральнасці гарадской супольнасці» [19].

Рускі афіцэр Любарскі ў сваіх мемуарах, не абходзіць бокам ролю ліскага Фарнага касцёла пры падрыхтоўцы паўстання. Ён расказвае, як аднойчы, у нядзелю зайшоў у Фарны касцёл і замест напалову пустога храма «тут прысутнічаў літаральна ўвесь горад, нібы на адпуст (храмавае свята). Не могучы растлумачыць сабе гэтую з'яву, я адчуваў, што бесперапынна прыбываюць усё новыя і новыя багамольцы і ўтвараюць суцэльную масу, якая ціснула з усіх бакоў. Тым не менш, я цярпліва пераносіў ціск і задуху, сочачы з цікаўнасцю за ходам імшы, каб параўнаць яе з праваслаўнай». Каталіцкая служба скончылася, але людзі не разыходзіліся, і вось «на высокай кафедры на бакавой сцяне з'явіўся невядомы прапаведнік у сутане капуцына і адразу прыкаваў да сябе агульную ўвагу. Капуцынскага кляштара ні ў горадзе, ні ў суседстве не было; такім чынам, новая асоба з'явілася здалёку. Гэта быў чалавек гадоў пад трыццаць, з паголенай паманаску галавой, высокі і сухарлявы, апрануты ў тоўстае цёмна-шэрае сукно і падперазаны вяроўкай; на левым запясці - буйныя пацеркі, у выглядзе ланцуга, з вялікім крыжам. Даўгаваты твар, рэзкая зморшчына паміж бровамі, нос гарбінкай, тонкія стуленыя вусны і глыбокія, іскрыстыя вочы, абведзеныя сіняватымі кругамі, - усе гэтыя рысы выяўлялі ў капуцыне розум, энергію, рашучасць. Ён схіліўся над кафедрай як бы ў нямой малітве, потым выпрастаўся на ўвесь рост, абвёў фасфарычным поглядам прысутных, падняў уверх правую руку і загаварыў. Гаворка яго, спачатку ціхая і спакойная, паступовае прымала гарачае адценне, часам прыпадабнялася бурнай хвалі і кідала на слухачоў грамы заклікаў». Ксёндз прамаўляў пра Радзіму і да такой ступені меў магнетычны ўплыў на людзей, што «натоўп, здавалася, гатовы быў рынуцца туды, куды ён пакажа. Дастаткова сказаць, што я, пабочны і выпадковы слухач, мімаволі адчуваў нервовую дрыготку ва ўсім целе, а з масы слухачоў няспынна вырываліся гучныя ўздыхі, і сотні кулакоў шчыра стукалі ў замілаваныя грудзі. Сцісла гэтае палітычнае казанне можна прыблізна фармуляваць так: «Бог пасылае выпрабаванні нават сваім абраным народам. Мы ... заўсёды вызнавалі праўдзівую каталіцкую веру, ... - тую веру, па-за якой няма выратавання чалавечым душам, і тым не менш Богу заўгодна было выпрабаваць свой ўпадабаны люд, дазволіць каб яго заняволіла варварская і ерэтычная ўлада, якая адняла грамадзянскія правы і свабоду сумлення, усё, што складае самы дарагі і святы здабытак чалавека на зямлі. Мы бясконца доўга і цярпліва пераносілі свае пакуты, і Выратавальнік свету зараз пераканаўся ў непахіснай пэўнасці свайго народа Яго святым запаветам. Слухайце ...! Імем Усемагутнага Бога ўзвяшчаю вам, ... што надышоў канец нашым катаванням. Набліжаецца хвіліна, калі Бог разаб'е вашы кайданы і даруе нам згубленае зямное шчасце. Збавіцель ідзе да нас, і блажэнны той муж, якога ён сустрэне падрыхтаваным. Будзьце ж гатовыя прынесці ўсякія ахвяры на алтар Айчыны; ахвяруйце ўсім, хто чым валодае, нясіце давераным людзям грошы, рэчы, увесь здабытак, а калі прыйдзе час - жыццё. У імя святога нашага касцёла і дарагой Айчыны бацькі павінны на час адмовіцца ад сваіх сямействаў, мужы ад жонак, мацярэй і дзяцей, нявесты ад жаніхоў, падначаленыя ад свайго начальства і дружна выступіць на справу вызвалення Бацькаўшчыны .... Але гора таму, хто па абыякавасці ці ад страху застанецца ўбаку ад усеагульнага руху. На іх абрынецца з неба гром і ўразіць на смерць без пакаяння, зніч ператворыць у попел усю іх маёмасць, а на тым свеце чакае здраднікаў вечная пякельная пакута. Маліцеся, ды хай Ісус Хрыстос і Маці Божая асвятляюць сэрцы вашыя і накіроўваюць вас на богадагодныя вычыны… На калені!».

Афіцэр піша, што увесь касцёл, уключна з гараднічым [20] і ўсімі павятовымі ўладамі ўкленчыў, не сталі на калені «толькі я і адзін з паліцэйскіх, які стаяў наперадзе мяне. Капуцын бліснуў вачамі і ўладна прагаварыў: «Я бачу, што тут, у гэтым святым храме, прысутнічаюць іншаверцы; але ўсё роўна, замаўляю і іх злучыцца ў агульнай малітве, інакш яны адразу панясуць кару Божую». Становішча выйшла крытычнае. .... паліцыянт пачаў уладкоўвацца на калені, ... , а я, скарыстаўшыся гэтай паўзай, прасунуўся за шырокую калону, каля якой стаяў. Ксёндз супакоіўся і зноў працягваў сваю блюзнерскую і абуральную прамову, пратрымаўшы на каленях пакорлівую паству з чвэрць гадзіны». Пры канцы, капуцын выйшаў з алтара «з выразам смутку і стомы на твары і, сціпла патупіўшы вочы, пачаў прабірацца праз натоўп з велізарным падносам на руках. Яго суправаджаў павятовы суддзя [21] в. Асава, касцёл. Пабудаваны ў 18 ст., народнае дойлідства, не захаваўся, на гэтым месцы зараз неагатычны касцел пачатка ХХ ст. з запасным падносам, апушчаным уніз. З усіх бакоў працягнуліся рукі, і ахвяраванні багатым дажджом пасыпаліся на паднос прапаведніка: медзякі, срэбра, асігнацыі, нават вельмі буйныя, кашалькі і партманетка з усім змесцівам, бранзалеты, завушніцы, гадзіннікі, адразу ўтварылі такую кучу, што класці больш не было куды. Напоўнены паднос змяняўся запасным з рук суддзі, які адносіў усё сабранае ў алтар і зноў спяшаўся да капуцына з пустым падносам» [22]. Тут Любарскі, пэўна, каб не ўдзельнічаць у зборы грошай, уцёк з касцёла, таму не пачуў як першы раз ў горадзе там заспявалі новыя песні, «быццам бы рэлігійныя, але па сутнасці рэвалюцыйнага зместу». Капуцын больш не з'яўляўся ў Лідзе. Але гэта быў «адзін з самых фанатычных эмісараў польскага «жонду». Ён бесперашкодна пераязджаў з горада ў горад, з мястэчка ў мястэчка, усюды прамаўляў свае казанні і збіраў багатыя ахвяраванні. Калі ж успыхнула паўстанне, дык гэта ... (ён) апынуўся ў атрадзе Лелявеля [23] , натхняў паўстанцаў з крыжам у руках і, нарэшце, у адной сутычцы быў забіты».

Аднак Дзіянісі Хлявінскі быў ўзнагароджаны медалём і крыжам за вайну 1853-1856 гг., а ў 1866 г. залатым наперсным крыжам. Такія ўзнагароды ад расійскай ўлады каталіцкім святарам былі з'явай нячастай, і гэта можа сведчыць аб цесным супрацоўніцтве і ўзнімае шэраг пытанняў. Але, магчыма, што гэта праявы працы бюракратычнай машыны, якая карае ці узнагароджвае па свайму плану, не надта паглыбляючыся ў справы.

Да таго ж, нягледзячы на сталы ўзрост, у 1866 г. Дзіянісі Хлявінскі быў пераведзены пробашчам касцёла ў вёску Асава Радуньскага дэканата Лідскага павета. З 1870 г. ён служыць у Эйшышках і ў гэтым жа годзе памірае ва ўзросце 77 гадоў (з іх 54 гады - святарства).

На жаль інфармацыі пра яго працу на Лідчыне і Наваградчыне пакуль больш няма.

Ігнат Дамейка ў сваіх мемуарах называў яго «вельмі руплівым і працавітым святаром» [24].

Іншыя лідскія філаматы

Паўстанец 1863 г. і аўтар цікавейшых лідскіх успамінаў XIX ст. Мірон Браніслаў Нарбут пісаў: «Помню, як нейкi час у Лiдскiм павеце жыў Тамаш Зан - заснавальнiк Таварыства прамянiстых, якое аб'ядноўвала выдатных лiдзян: Ксаверыя Турскага, Ваўжынца Путкамера (мужа апяванай Мiцкевiчам Марылi), Тэадора Нарбута, Аляксандра Карловiча, Алаiза Бародзiча i iнш» [25].

Біяграфіі двух вядомых лідскіх філаматаў друкуюцца ў гэтым нумары "Летапісца", пра Ваўжынца Путкамера, Тэадора Нарбута і Аляксандра Карловіча я пісаў раней [26] а ў гэты артыкуле паспрабую трохі расказаць пра тых нашых землякоў, пра якіх практычна ніхто не пісаў, і таму вядома пра іх няшмат.


Ксаверы Турскі. У спіску асоб, што належалі да Таварыства філарэтаў, які ў 13 траўня 1824 г. склала расейскай следчая камісія, пададзена, што Ксаверы Турскі мае 22 гады ўзросту і валодае маёнткам ў Лідскім павеце [27]. Адсюль бачна, што нарадзіўся ён ў 1802 ці 1801 г.

З 1782 па 1870 г. Турскія на Лідчыне валодалі маёнткам Парадунь з вёскамі Сушышкі, Навасады, Мелявічы - 1460 дзесяцін, 104 дымы [28].

Філамат Ксавер Турскі уваходзіў у секцыю фізікаў і матэматыкаў [29] (czlonek grona Różowego - fizycznego) [30]. Відочна, Ксавер быў студэнтам Віленскага ўніверсітэта. Пасля пачатку следства па справе тайных таварыстваў 15(27) лістапада 1823 г. разам з 13 іншымі студэнтамі быў арыштаваны і пасаджаны ў кляштар дамініканаў [31]. 2(14) снежня 1823 г. ініцыятар працэсу супраць студэнтаў, папячыцель Віленскай вучэбнай акругі М. М. Навасільцаў [32] паведамляе цэсарэвічу (брату цара) Канстанціну ў Варшаву пра адшуканне і арышт сярод іншых і Турскага [33]. 19(31) снежня брат Ксаверыя - Аляксандр Турскі просіць выпусціць яго з турмы і атрымлівае адмову ад самога Навасільцава [34]. Пры канцы красавіка 1824 г. адбылася вочная стаўка паміж Адамам Міцкевічам і Ксаверам Турскім [35].

Пад суд было аддадзена 108 удзельнікаў студэнцкіх арганізацый - гэта быў найбуйнейшы палітычны працэс у Еўропе таго часу. Дваццаць чалавек увосень 1824 г. былі асуджана да турэмных тэрмінаў з наступнай высылкай (Тамаш Зан, Адам Сузін, Ян Чачот і інш.) ці высланыя ўглыб Расеі (Адам Міцкевіч, Ануфры Петрашкевіч, Восіп Кавалеўскі і інш.)

Здаецца, Ксаверы Турскі не быў моцна пакараны. Наступны раз мы сустракаем яго сярод удзельнікаў паўстання 1831 г. Разам з часткай войска паўстанцаў ён быў інтэрнаваны ў Прусіі, пасля чаго маёнтак Парадунь канфіскуюць улады. Але праз нейкі час былога філамата памілавалі і вярнулі маёмасць [36].

У 1844 г. маёнтак Парадунь належаў Ксверыю Турскаму, сыну Яна і ягонай жонцы Эміліі з Юндзілаў [37]. Ксаверы і Эмілія мелі сына Яна і ўнука, таксама Ксаверыя. Падчас паўстання 1863 г. Ксаверы-ўнук з'яўляўся студэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта і ва ўзросце 20 гадоў уступіў у аддзел Людвіка Нарбута на Лідчыне. Пасля задушэння паўстання быў высланы ў Сібір [38].

А дзед Ксаверы Турскі да паўстання працягваў гаспадарыць у маёнтку Парадунь Лідскага павета. Паўстанцы ўзялі ў яго маёнтку каня, харчовыя запасы, разам з імі пайшоў ваяваць аканом маёнтка. Расейскімі ўладамі Турскі быў западозраны ў дапамозе паўстанцам, яго маёмасць, на падставе распараджэння віленскага губернатара ад 27.06.1863 г. і пастановы Віленскага губернскага праўлення ад 23.07.1863 г., падлягала секвестру [39]. Як я ўжо пісаў вышэй, свой маёнтак Турскія страцілі ў 1870 г.

Вось і ўсё, што мне ўдалося знайсці пра гэтага чалавека.


Пра Алаiза Бародзiча нічога знайсці не ўдалося, гэтае імя не ўзгадваецца ні ў адной з грунтоўных прац пра справе віленскіх таемных таварыстваў.


Кніга «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи в 1819-1823 гг.» узгадвае лідзяніна: «Мікалай Радкевіч, 27 гадоў, з Лідскага павета, ніякай маёмасці не мае» [40]. Але прозвішча гэтага чалавека не сустракаецца больш ні ў якіх працах пра філаматаў, і таму можна выказаць здагадку, што размова ідзе пра філамата Міхала Рукевіча, які разам з Ануфрыем Петрашкевічам у 1821-23 гг. ствараў Звяз грамадзян у Шчучыне [41]. Нарадзіўся Міхал Рукевіч каля Беластока.



[1] Філаматы і Філарэты. Мінск, 1998 г. С. 7-24.

[2]. Czubek Jan. Archiwum Filomatów. T.2. Kraków, 1922. S. 1-33.

[3] ks. Tadeusz Krahel. Ksiądz filomata. ks. Dionizy Chlewiński, dziekan i proboszcz lidzki. // Ziemia lidzka. 1998. № 6(34). S. 9-10.

[4] Korespondencya Filomatow 1815-1823. T. 3. Kraków, 1913. S.36. (O kasie napisze ci Szerok, o bibliotece (NB w czerwonej, bejcowanej jak rydz szafie) ksiądz, vicesagens twój. Jeż, jak wiesz, w Szczorsach siedzi i zimę przesypia. Mamy nadzieję, że tłustszy powróci.)

[5] Ильин Александр. Берестейские и свислочские страницы дела № 632// Гiстарычная брама. 2001. № 1 (18).

[6] Korespondencya Filomatow 1815-1823. T. 1. Kraków, 1913. S. 275-276.

[7] Філаматы і Філарэты. Мінск, 1998. С. 225.

[8] ks. Tadeusz Krahel. Ksiądz filomata. ks. Dionizy Chlewiński, dziekan i proboszcz lidzki. S. 9-10.

[9] Korespondencya Filomatow 1815-1823. T. 3. Kraków, 1913. S. 193. ("księdzicha dostał plebanią ową 40 dymową")

[10] Nasze kościoły. Diecezja mińska. Dekanat nowogródzki. T. 2. S. 346.

[11] Korespondencya Filomatow 1815-1823. T. 3. Kraków, 1913. S. 237. (Powrócił Janko z kontraktów, pisze sam do ciebie; zapewna więc i o brzydkim postępku księdza od niego się dowiesz. Jeż pisał do mnie mało dotąd)

[12] Korespondencya Filomatow 1815-1823. T. 3. Kraków, 1913. S. 239-240. ("... rozumiesz, że i F[ilomat] nie każdy danego słowa dotrzyma, zgadłeś, iż ekonomem nie jestem. Jeżeli przypominasz, że pieniędzy Józefowi dałem, a i tak byłem odłużony Masie, jeślibyś wiedział, że cała aręda w Łowczycach makiem siadła, jeślibyś wiedział, jak tam rodzice sobie być dłużej nie życzyli, jeślibyś wiedział, że ksiądz po skończonych kontraktach 20 marca ledwie się do Nowogródka pokazał, zgadłbyś, że ani łowczyckim posesorem, ani żadnym nie jestem, lecz prosto na ledzie osadzonym kątnikiem. Co za dziwny, co za dziwaczny ksiądz!)"

[13] Korespondencya Filomatow 1815-1823. T. 3. Kraków, 1913. S. 244. ("Domyślisz się, a raczej z góry wiedziałeś zapewne, jak kwaśno i gorzko będę czytał doniesienia o two ich kontraktach. Wszakże zadziwisz się może, jeśli tobie powiem, żem tego się spodziewał, że nawet chciałem ciebie ostrzegać! Wstrzymałem się z bojaźni, aby moje podejrzenia przesadzone nie były, abyś mię za nieufającego w przyjaźń nie poczytał, zwłaszcza, ie sam siebie łudząc, przedstawiałem bezza[sa]dność krzywdzących względem Dyoniza domysłów. Ale raz jeszcze powiadam, spodziewałem się, że albo ksiądz nie dotrzyma, albo nie tak, jak potrzeba, dotrzyma, i nieraz ciebie obchodzeniem się z twoimi rodzicami zasmuci. Trochę mnie było przykro, że okoliczności zmusiły ciebie do przyjęcia od księdza pomocy. Nazbyt masz dobre o ludziach rozumienie. Pokazać im cały niedostatek jest to poniżać się w ich oczach, a te dusze nigdy przyjaźni od interesu odłączyć nie umieją, a jeśli widzą zyski, nawet powoli szczerymi stają się przyjaciółmi. Trzeba więc z nimi zawsze ostrożnie postępować. Czułem dobrze całą scenę z twoimi rodzicami, wszystkie ich powątpiewania ! Jakaż to boleść, że ludzie prości, których zdania poczytajemy (s) za zbyt ziemskie i nic nie znaczące w naszem idealnym świecie, którzy tylko z osobami glinianemi przestawali i do których sposobu myślenia zniżać się nie raczemy, zgadują często i przepowiadają fenomena, które my za niebieskie uważając, sami tylko postrzegać umiemy i sami o nich chcemy decydować. Doświadczyłem sam tego kilka razy i coraz się przekonywam, że takich ludzi, jak jest nas kilku, takich ludzi jest bardzo mało, a takich jak ty, dobry Janie, może mniej jeszcze.)"

[14] ks. Tadeusz Krahel. Ksiądz filomata. ks. Dionizy Chlewiński, dziekan i proboszcz lidzki. S. 9-10.

[15] Jelena Titowiec. Pierwszy przeklad Koranu na jezyk polski. // Rocznik Biblioteki Narodowej T.XXXVI. Warszawa, 2004. S. 233.

[16] Andrzej Drozd. Koran staropolski. // Rocznik Biblioteki Narodowej T.XXXVI. Warszawa, 2004. S. 245.

[17] Суднік С. Каляндар запольскага перыяду жыцця Ігната Дамейкі (1824-1831 гг.) // Лідскі летапісец. 2002. № 3(19). С. 13.

[18] Pyzel K. Kosciol parafialny p.w. Podwyzszenia krzyza Sw. w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 105.

[19] Narbutt M. Lida i Lidziane // Ziemia Lidzka. 1997. № 26-27.

[20] Гараднічы ў Лідзе 1861 г., падпалкоўнік Балонін. Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. ч. 1. С. 110.

[21] Павятовы суддзя ў Лідзе 1861 г., калежскі асэсар Фама Іванавіч Шукевіч. (Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. ч. 1. С. 111.), Томаш Шукевіч - адзін з кіраўнікоў паўстання на Лідчыне, павятовы камісар.

[22] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 824-826.

[23] Марцін Мацёй Барэлоўскі (1829-1863), палітычны і ваенны дзеяч, палкоўнік у паўстанні 1863 г. (мянушка - Лелявель)

[24] ks. Tadeusz Krahel. Ksiądz filomata. ks. Dionizy Chlewiński, dziekan i proboszcz lidzki. S.9-10.

[25] Narbutt Mirona Bronisław. Lida i powiat Lidzki z przed stu laty // Ziemia Lidzka. 1997. №26-27.

[26] Гл: Лаўрэш Леанід. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5. 2013. С. 302-313.; Лаўрэш Леанід. Тодар Нарбут - папулярызатар найноўшых дасягненняў прыродазнаўства // Лідскі Летапісец. 2014. №4 (68). C. 12-13.; Лаўрэш Леанід. Ян Карловіч // Лідскі Летапісец. 2016. № 3 (75). С. 11-13.

[27] К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи в 1819 - 1823 гг. Варшава, 1898. С. 86.

[28] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 209.

[29] Таварыства філарэтаў складалася з чатырох секцый - фізікаў і матэматыкаў, юрыстаў, літаратараў, медыкаў. Секцыі дзяліліся на гурткі, якія мелі назвы колераў вясёлкі. Сходы секцый праходзілі двойчы ў месяц.

[30] Korespondencya Filomatow 1815-1823. T. 4. Kraków, 1913. S. 272.

[31] Borowczyk Jerzy. Rekonstrukcja procesu filomatów i filaretów 1823-1824: historia śledztwa przeciw uczestnikom konspiracji studenckich i młodzieżowych w Wilnie oraz w Wileńskim Okręgu Naukowym. Poznań, 2003. S. 324.

[32] Руск. Новосильцов Николай Николаевич (1761 - 1836).

[33] Borowczyk Jerzy. Rekonstrukcja procesu filomatów i filaretów 1823-1824: historia śledztwa przeciw uczestnikom konspiracji studenckich i młodzieżowych w Wilnie oraz w Wileńskim Okręgu Naukowym. S. 356.

[34] Там жа. S. 379.

[35] Там жа. S. 689.

[36] Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 4., Мінск, 1979. С. 121-122.

[37] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 209.

[38] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki. Warszawa, 2005. S. 53.

[39] Матвейчык Д.Ч. Удзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў біяграфічны слоўнік. 2016. С. 575.

[40] К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи в 1819 - 1823 гг. Варшава, 1898. С. 89.

[41] Borowczyk Jerzy. Rekonstrukcja procesu filomatów i filaretów 1823-1824: historia śledztwa przeciw uczestnikom konspiracji studenckich i młodzieżowych w Wilnie oraz w Wileńskim Okręgu Naukowym. Poznań, 2003. S. 768.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX