Вярнуцца: Святары

Протаіярэй Іосіф Каяловіч


Аўтар: Падрыхтавана Свята-Георгіеўскім храмам-помнікам,
Дадана: 21-11-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 46.



90-год з дня смерці

Нарадзіўся айцец Іосіф Каяловіч 4/17 траўня 1835 года ў мястэчку Кузніца Гарадзенскай губерні (зараз Рэспубліка Польшча, Беластоцкае ваяводства) у сям'і святара Іосіфа Васільевіча Каяловіча.

Іосіф Каяловіч

Яго старэйшы брат Міхаіл Восіпавіч Каяловіч (1828 - 1891), вядомы царкоўны гісторык Заходне-Рускага краю і грамадскі дзеяч, прафесар грамадзянскай і царкоўнай гісторыі Санкт-Пецярбургскай Духоўнай акадэміі. З дзяцінства братам Каяловічам прышчаплялася любоў да праваслаўнай веры, да рускага народу, да сваёй Айчыны. Любоў да Радзімы зблізіла іх бацьку са знакамітым мітрапалітам Іосіфам Сямашкам, які быў арганізатарам уз'яднання ўніятаў з праваслаўнай царквой у 1839 годзе. У 1840 годзе святар Іосіф Васільевіч Каяловіч памёр. У гэты час Міхаілу было 12, а Іосіфу 5 гадоў. Шляхі братоў пасля разышліся, але яны выконвалі адну і тую ж місію: служылі Богу.

Спачатку Іосіф Іосіфавіч вучыўся ў Жыровіцкай Духоўнай навучальні, а затым паспяхова скончыў у 1857 годзе Літоўскую Духоўную Семінарыю. Далей ён на працягу трох гадоў выкладаў рускую мову і гісторыю ў Кобрынскай духоўнай навучальні.

У 1860 году Іосіф Каяловіч ажаніўся з Лізаветай Ільінічнай і ў гэтым жа годзе 26 снежня быў рукапаложаны мітрапалітам Іосіфам (Сямашкам) у іярэі і накіраваны ў г. Ліду. У 1862 годзе айцец Іосіф быў прызначаны памочнікам Лідскага дабрачыннага, а з 1863 г. быў чальцом камітэта Лідскага павету па ўладкаванні праваслаўных цэркваў. Неўзабаве, у 1866 г. а. Іосіф Каяловіч быў прызначаны дабрачынным Лідскай акругі і пераведзены ў Свята-Міхайлаўскі сабор. Сан протаіярэя ён атрымаў у 1869 годзе, у веку 34 гадоў.*

Трэба сказаць, што бацюшка старанна выконваў свой пастырскі абавязак: быў дбайным святаром, выдатным адміністратарам, выдатным педагогам. З боку святароў карыстаўся аўтарытэтам і павагай, вядома ж, быў вельмі любімы вернікамі. Таксама быў у пашане і ў свецкіх уладаў. Хоць сам а. Іосіф не займаўся гісторыка-навуковай дзейнасцю, аднак дапамагаў у зборы матэрыялу свайму брату Міхаілу. Бацюшка ездзіў у Пецярбург на прыём да обер-пракурора К. П. Пабеданосцава, з просьбай адчыніць у Вільні духоўную акадэмію, але нажаль, станоўчага адказу не атрымаў.

У гады Першай Сусветнай вайны, быўшы ўжо ў старэчым веку айцец Іосіф папрасіў дабраславення ў архіепіскапа Віленскага Ціхана (Белавіна) (будучага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі), застацца з паствай і не эвакуявацца ў глыб краіны, на што атрымаў станоўчы адказ. Перажыўшы тры гады акупацыі і тры месяцы савецкай улады, а. Іосіф прыняў пакутніцкую смерць. На трэці дзень Вялікдня падчас здзяйснення Боскай Літургіі ў храм уварваліся польскія легіянеры. З крыкамі: "Было ваша права, а зараз наша!" - яны пачалі ламаць іканастас і выкідваць абразы. На яго вачах адбывалася апаганенне святынь і захоп храма, у якім з пачатку яго заснавання ён і служыў. Вернікі, якія бачылі ўсе гэтыя беззаконні, плакалі, але зрабіць нічога не маглі. Затым адрэзалі святару бараду, падпалілі і кінулі яе ў акно. На наступны дзень протаіярэй Іосіф Каяловіч са слядамі збіцця быў знойдзены мёртвым у царкоўным доме. Такім чынам, у красавіцкія дні 1919 года праваслаўныя лідзяне страцілі горача любімага пастыра і пазбавіліся Свята-Міхайлаўскага храма.

Пахаваны быў шаноўны пастыр ля алтарнай часткі Свята-Георгіеўскага храма ў магільным склепе роду Каяловічаў. Са страху, нажаль, на магіле нават не ўсталявалі крыж і не пазначылі месца пахавання. Пахаваны ён быў як належыць святару: у святарскім уборы.

Вось так, па-пакутніцку, скончылася зямное жыццё протаіярэя Іосіфа Каяловіча, але пачалося іншае, дзе "няма ні хваробы, ні смутку, ні ўздыхання, але жыццё бясконцае".


У матэрыяле выкарыстоўваліся наступная літаратура і крыніцы:

1. Кліравая ведамасць Лідскай саборнай Арханёла - Міхайлаўскай царквы за 1881 год.

2. Кліравая ведамасць Лідскай саборнай Арханёла - Міхайлаўскай царквы за 1882 год.

3. Кліравая ведамасць Лідскай саборнай Арханёла - Міхайлаўскай царквы за 1890 год.

4. Кліравая ведамасць Лідскай саборнай Арханёла - Міхайлаўскай царквы за 1912 год.

5. Асвячэнне храма ў г. Ліда //Літоўскія епархіяльныя ведамасці. 1863. №17. С. 629-632.

6. Даклад Літоўскай Епархіяльнай Рады ад 19.07.1919 г.

7. Успаміны Горбач І. С. Рукапіс, г. Ліда, 1988 г.

8. Успаміны Клімко Н. Г. Рукапіс, г. Ліда, 1988 г.

9. Успаміны Астрейка С.Р. Рукапіс, г. Ліда, 1988 г.

10. Раіна Павел, дыякан. Гісторыя Пінскай епархіі. Курсавое сачыненне. Ленінград, 1956.

11. Чарапіца Ў. Н., праф. Міхаіл Восіпавіч Каяловіч. Гародня, 1988.


Падрабязны паслужны спіс протаіярэя Іосіфа Іосіфавіча Каяловіча пададзены на стст. 7-8 часопіса "Лідскі летапісец" № 1(33) за 2006 год.:

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX