Папярэдняя старонка: Святары

Унiяцкi святар Адам Плаўскi 


Аўтар: Лаўрэш Леанiд,
Дадана: 21-06-2015,
Крыніца: Леанiд Лаўрэш. Унiяцкi святар Адам Плаўскi // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Укладальнікі: Леанiд Лаўрэш, Аляксандр Фядута. Мінск, 2015. С. 125–132.

Спампаваць




У гербоўнiку Каспра Нясецкага род Плаўскiх фiгуруе ў Слонiмскiм павеце [1].

З кнiгi «Унiверсiтэт Вiленскi» Юзафа Бялiнскага бачна, што Адам Плаўскi паходзiць з тэрыторыi Брэсцкай дыяцэзii, у 1818-1822 гг. ён вучыўся ў Галоўнай семiнарыi пры Вiленскiм унiверсiтэце i закончыў яе са ступенню магiстра [2]. У данясеннi мiтрапалiту Булгаку з Вiленскага ўнiверсiтэта ад 6 лiпеня 1822 г. паведамляецца пра неабходнасць даслаць у Галоўную семiнарыю двух клiрыкаў з Брэсцкай епархii замест «скончыўшых чатырохгадовы курс навук Адама Плаўскага (са ступенню магiстра багаслоўя) i Iосiфа Каяловiча [3]». Брэсцкая епархiя мела пяць месцаў у семiнарыi [4]. У Вiленскай Галоўнай семiнарыi ён вучыўся разам з галоўным «лiквiдатарам» унii Сямашкам.

Яшчэ ў лiстападзе 1827 г., знаходзячыся ў Пецярбургу, протапрэсвiтар Сямашкапа прапанове расiйскага ўрада, пiша на iмя дырэктара дэпартамента замежных веравызнанняў Карташэўскага запiску якая потым стала знакамiтай, у якой прасiць урад ажыццявiць прапанаваныя iм рэформы, у вынiку якiх унiяты «непазбежна злучацца з праваслаўнай царквой». Неўзабаве 2 красавiка 1833 г. ва ўзросце 35 гадоў Сямашка прызначаны Лiтоўскiм епархiяльным грэка-каталіцкім епiскапам. I ўжо 12 мая ён падпiсвае прашэнне Сiноду аб асабiстым далучэннi да Праваслаўнай царквы, але застаецца грэка-каталiцкiм епiскапам. У гэтай паперы ён пiша, што ўжо 6 гадоў лiчыць сабе праваслаўным i калi да гэтага часу не змянiў веру афiцыйна, дык для таго, каб зручней было далучыць i 1,5 мiльёна ўнiятаў [5]. Па прапанове епiскапа Iосiфа, грэка-ўнiяцкая калегiя 7 лютага 1834 г. вырашыла прыняць для ўнiяцкiх цэркваў служэбнiк i кнiгу спеваў пры набажэнствах маскоўскага друку (Маскоўскай сiнадальнай друкарнi) [6].

Першы вялiкi пратэст супраць кнiг маскоўскага друку быў у Наваградку, дзе для сустрэчы з Сямашкам сабралася да 60 святароў i наваградскi благачынны Ян Гамалiцкi ад iх iмя прадставiў пiсьмовае прашэнне, ён прасiў каб яны былi вызваленыя ад ужывання гэтых кнiг (тэкст прашэння ў дадатку да артыкула). Нават не прачытаўшы дакумент, епiскап тут жа загадаў усiм святарам чытаць па-стараславянску. Чыталi яны дрэнна i атрымалi вымову, пасля чаго епiскап дадаў, што меркаванне гэтых малаадукаваных святароў не можа лiчыцца грунтоўным. Пасля закрыцця сходу Сямашка зрабiў строгую вымову благачыннаму з пагрозай, што сашле яго ў манастыр i пазбавiць прыхода (гэта значыць - сродкаў да iснавання), калi ён праз тры днi не прадставiць пiсьмовага адрачэння ўсiх святароў ад свайго прашэння i не выдасць завадатараў. Пасля моцнага цiску святары выдалi завадатараў i падпiсалiся пад неабходнай паперай [7].

Сярод «завадатараў» быў i Адам Плаўскi, якi, як высокаадукаваны чалавек, разумеў, што пераход на маскоўскiя богаслужбовыя кнiгi - гэта пачатак канца унii. Сямашка i яго аднадумцы дэкларавалi, што iмi ўсё робiцца для выгоды клiру i ўмацавання унii [8], а святароў, якiя разумелi, што справа iдзе да лiквiдацыi iх царквы i не маўчалi, абвiнавачвалi ў распаўсюдзе чутак. Трэба сказаць, што пераход на маскоўскiя кнiгi, вельмi ўсхваляваў нават мiнiстра ўнутраных спраў Д. М. Блудава, мiнiстр хваляваўся, што супрацiў можа выйсцi з-пад кантролю урада [9], але Сямашка даказаў яму неабходнасць такога кроку i таму узяў на сабе адказнасць. Далей, каб перамагчы i не дапусцiць выбуху незадавальнення, епiскап бязлiтасна караў нязгодных i iзаляваў лiдараў супрацiву.

У Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi ў г. Гродна захоўваецца справа 1834 г. «О переводе в Волнянский монастырь священников Плавского Адама, Дылевского Игнатия и Горбацевича Антона за распространение ложных слухов» [10]. Справа мае грыф «сакрэтна».

У першым дакуменце справы Сямашка пiша: «Яго правасхадзiцельству спадару гродзенскаму губернатару М. М. Мураўёву»:

7 верасня

Ва ўласныя рукi

Ваша правасхадзiцельства

Мiласэрны Васпан.

Пра зламысныя дзеяннi святароў - Любчанскага Адама Плаўскага, Навагрудскага Iгната Дылеўскага i Вядзьмянскага Антонiя Гарбацэвiча. У бытнасць маю ў Наваградку, асабiстым меркаваннем i пiсьмовай аб'явай большай паловы духавенства Навагрудскага дэканата, пераканаўся, складзенае iмi прашэння супрацьлеглае iхняму абавязку i здароваму сэнсу: за пiсанне, iнтрыгi i падманы, ужытыя iмi, каб ўцягнуць iншых святароў да падпiсання прашэння, за iнтрыгi i сяўбу разладу памiж духавенствам, за распаўсюд… iлжывых чутак i выдуманых вестак, я прапанаваў кансысторыi падвергнуць гэтых святароў: Плаўскага, Дылеўскага i Гарбацэвiча, шасцiмесячнай епiтым'i ў Валнянскiм манастыры, а звыш таго апошняга з iх зняць з займанай дэпутацкай пасады.

<…>

Пра маё распараджэнне… лiчу неабходным паведамiць Вашаму правасхадзiцельству i пакорна прасiць, каб азначаныя вышэй святары Адам Плаўскi, Iгнат Дылеўскi i Антонi Гарбацэвiч у выпадку запаволення адпраўленыя былi мясцовай палiцыяй у Валнянский манастыр Навагрудскага павета i каб за iмi быў добры палiцэйскi нагляд. Прытым нялiшнiм лiчу паведамiць Вашаму правасхадзiцельству, што я маю прыватныя звесткi, быццам да падачы згаданага вышэй прашэння падбухторвалi i ў складаннi ўдзельнiчалi Навагрудскiя Дамiнiканы.

Вашага правасхадзiцельства пакорны слуга Iосiф, Лiт. Г. У. епiскап (апошнi радок напiсаны рукой Сямашкi. - Л. Л.) [11].

9-й старонкай справы трох святароў з'яўляецца ананiмная папера, на якой трыма рознымi вельмi неахайнымi почыркамi напiсаны тэкст на 1,5 старонкi. З апошняга фрагмента тэксту можна зразумець, што справа iдзе аб навагрудскiх дамiнiканах. На старонцы губернскiм пiсарам прастаўлены № 877 i грыф «сакрэтна», дата 28 верасня 1834 г., на паперу накладзена вiза «Завесцi справу» [12].

Для расследавання справы ў Навагрудак накіроўваецца страпчы па крымiнальных справах Гродзенскай губернi Каржанеўскi. Яго рапарт дае магчымасць зразумець, якi «крымiнал» учынiлi навагрудскiя святары.


№ 222 Сакрэтна

Строга сакрэтна

Яго правасхадзiцельству гарадзенскаму губернатару - на правах Ваеннага губернатара па горадзе Гродна - генерал-маёру i кавалеру Мiхаiлу Мiкалаевiчу Мураўёву.

Гродзенскага губернскiх крымiнальных спраў страпчы

Рапарт

У выкананне прадпiсання Вашага правасхадзiцельства ад 28-га мiнулага верасня за № 877 гонар маю пакорлiва данесцi, што па строгiмi колькi магчыма сакрэтным вышуку наконт дзеянняў Навагрудскiх ксяндзоў Дамiнiканаў у зламысным падбухторванн i грэка-ўнiяцкiх святароў Адама Плаўскага, I гната Дылеўскага i Антонiя Гарбацэвiча да падання лiтоўскаму Грэка-ўнiяцкаму епiскапу правялебнаму Iосiфу ў бытнасць яго ў Наваградку - некалькi прашэнняў, адкрываецца :

1) Першапачатковымi завадатарамi гэтага прашэння былi акрамя трох пайменаваных святароў i яшчэ Сенiнскi святар Юльян Гарбацэвiч, ён першы падпiсаў гэтае прашэнне, падаўшы прыклад iншым.

2) Неабходны рух перад прыбыццём, г. зн. 1-га чысла мiнулага верасня, епiскапа Iосiфа ў Навагрудак, гэтае прашэнне падпiсана было святарамi часткай у м. Любчы ў святара Плаўскага, а часткова ў Наваградку ў святара Дзеуорылоўскага (?), пра што ведае i благачынны Гамалiцкi.

3) Святар Плаўскi насiў гэтае прашэнне ў манастыр да Навагрудскiх ксяндзоў Дамiнiканаў ужо напiсанае i падпiсанае - чытаў iм яго - i яны пры адыходзе Плаўскага са слязьм i благаслаўлялi яго на поспехах.

4) У кастрычнiку i на пачатку мiнулага верасня Нясвiжскiя i Навагрудскiя ксяндзы Дамiнiканы … колькi па паверхнi я даведацца мог, вырашылi памiж сабою пост - пост кожную … сераду - дзеля таго, каб унiя не адхiлiлася ад рымскiх абрадаў: такiм чынам яны былi ўдзельнiкамi ў гэтым зламысным дзеяннi… Навагрудскага базылiянскага Грека-ўнiяцкага манастыра манахi … трымалi пост у суботу.

5) Святары Адам Плаўскi i Iгнат Дылеўскi паводле распараджэння епiскапа - па маiм патрабаваннi - ужо адпраўленыя на епiтым'ю ў Валнянскi манастыр, - Вядзьмянскi ж святар Антон i й Гарбацэвiч яшчэ застаецца на сваiм месцы - з-за непрызначэння з духоўнага боку дагэтуль iншага святара яго прыходскай царквы. Пра што я не забываю… нагадаць Навагрудскаму дэкану або благачыннаму.

6) З лiку схопленых завадатараў утаймаваны два толькi святары: Адам Плаўскi i Юльян Гарбацэвiч, з якх першы катэгарычна сардэчна раскайваецца, абавязваючыся выконваць усе … распараджэннi яго духоўнага начальства i ў тым лiку вырак Вашага правасхадзiцельства: але з гэтых Юльяну Гарбацэвiчу, па маладым яго ўзросце … протапрэсвiтарам благачынным прадпiсана яму як добранадзейнаму прыняць … пакiнутую Плаўскiм Любчанскую парафiяльную царкву … святары Дыльскi i Антонi Гарбацэвiч, сваяк i Юльяна Гарбацэвiча, не перастаюць заставацца ўпартымi i давол дзёрзкiмi ў памылцы сваёй.

7) Акрамя грэка-ўнiяцкiх святароў, каб хто менавiта з прыватных асобаў удзельнiчаў у згаданым зламысным дзеяннi, я пры ўсiм маiм стараннi за такi кароткi час знайсцi не змог: а заўважыў толькi, што наогул … памешчыкi… спрыяюць духоўным, каб унiя не адыходзiла ад рымскiх абрадаў … напрыклад, калi святар Дыльскi атрымаў з Кансiсторыi прадпiсанне аб прызначэннi яму епiтым'i, дык на другi дзень выправiўся ў маёнтак Райцы да памешчыка Раецкага, як i ўзнагародзiў яго, Дыльскага … дзясяткамi злотых.

Губернскi крымiнальных

спраў страпчы

Подпiс (Каржанеўскi )

9-га кастрычнiка

1834

г. Навагрудак [13].


Такiм чынам, «пост i малiтва» манахаў лiчылiся ўдзелам у «зламысным дзеяннi», як i напiсанне i падача цалкам легальнага прашэння. Паводле ўспамiнаў вiдавочцы, прашэнне ўнiяцкiх святароў было напiсана так, што «нават тыгра-забойцу перамянiла бы на ягнё». Плаўскi меў публiчны выступ перад мноствам людзей, верагодна - святароў, «пры гэтым епiскап слухаючы, бляднеў, а некаторыя казалi, што, наадварот, кроў прылвала да яго твару» [14].

Епiскапа Сямашку не задаволiла пакаранне святароў у Валнянскiм манастыры, 5 снежня 1834 г. ён пiша Мураўёву: «Благачынны Навагрудскi… Гамалiцкi даносiць мне, што з прызначаных мною на епiтым'ю ў Валнянскiм манастыры святароў, адны ходзяць па корчмах i паселiшчах, iншыя раз'язджаючы па суседнiх дамах, займаюцца распаўсюдам i лжывых вестак, на богаслужэннi ж зусiм не глядзяць … жадаючы даставiць святарам Плаўскаму, Дылеўскаму i Гарбацэвiчу надзейныя спосабы да выпраўлення, я прапанаваў Лiтоўскай Кансiсторыi: 1. Перавесцi азначаных святароў для заканчэння шасцiмесячнай епiтым'i з Валнянскага ў Быценскi манастыр. 2. Вызначыць падрабязна, з чаго будзе складацца гэтая епiтым'я, так, каб яна сапраўды была карыснай для … выпраўлення памянутых святароў. 3. Прызначыць iм у манастыры асобную келлю i даручыць iх асаблiваму нагляду i кiраўнiцтву аднаго з … i ераманахаў Быценскага манастыра» [15].

Паводзiны Плаўскага, верагодна, тлумачацца тым, што ён меў вялiкую сям'ю (8 дзя цей), вiдавочна, у яго душы iшла пастаянная барацьба памiж абавязкам святара- iнтэлектуала i бацькоўскiмi пачуццямi. Пакаяўшыся перад епiтым'яй, ён скарыстаў час знаходжання ў манастырах для напiсання пакуль што невялiкай запiскi, у якой выклаў i абгрунтаваў свае погляды. Як законапаслухмяны святар, ён перадаў сваю працу ў Кансiсторыю, чамусьцi палiчыўшы, што на людзей, якiя свядома лiквiдуюць сваю царкву, можна ўздзейнiчаць логiкай. Сямашка зрабiў выгляд, што адразу не зразумеў, якiя паперы яму перадалi, бо пiсаў: «Прадстаўленнем ад 26 мiнуўшага красавiка … кансiсторыя, даносячы мне аб заканчэнн святарамi Плаўскiм i Дылеўскiм … епiтым'i, прыклала нейкiя запiскi першага з iх … на некалькiх лiстах дробным шрыфтам … Не бачу … нi мэты, нi прычыны, па якiх прыкладзеныя гэтыя запiскi… мне не хапае часу займацца чытаннем нейкiх прыватных пустых папер… кансiсторыя прыняла гэтыя цыдулкi на простай паперы i ў неафiцыйнай форме … Калi б на гэтыя паперы варта было б чамусьцi звярнуць увагу, дык сябры кансісторыi маглi б прыняць iх прыватна, тым больш яны маглi б павучыць таго, хто напiсаў гэтыя запiскi, выявiўшага гэтым занадта абмежаваныя свае звесткi i недахоп здаровага сэнсу» [16].

Аднак ужо 22 чэрвеня 1835 г. епiскап хадайнiчаў перад мiнiстрам унутраных спраў Блудавым «пра выдаленне ў Магiлёўскую губерню святара Адама Плаўскага, бо ён узбуджае памiж духавенствам процiдзеянне начальству». Сямашка пiша, што ссылка ў манастыр «не прынесла… поспеху… у дачыненнi да аднаго з тых святароў… Адама Плаўскага». Далей епiскап прыводзiць, мякка кажучы, бяздоказная факты пра дрэнны характар i неадпаведныя паводзiны магiстра Плаўскага ў былым i потым паведамляе, што пасля паўгода ў манастыры святар падаў Сямашку «дзве цыдулкi. У адной з iх ён мяркуе, што служэбнiкi Маскоўскага друку не павiнны прымяняцца ўнiятам i, у другой бэсцiць кормчую кнiгу [17]. <…> Таму я лiчу неабходным ужыць… больш дзейсныя сродкi ўтаймавання i выпраўлення i мяркую адхiлiць яго ад займанага iм Любчанскага прыхода… i адправiць дзячком… у Магiлёўскую губерню» [18]. Ужо 8 лiпеня епiскап дае каманду навагрудскаму благачыннаму неадкладна выслаць Адама Плаўскага з усiм сямействам ў Магiлёўскую губерню [19]. Плаўскi быў сасланы ў Магiлёўскую епархiю ў панамары [20] з васьмю дзеткамi i жонкай [21], прычым Сямашка пiсаў мiнiстру Блудава, што «было б карысна, каб палiцыя з самага пачатку паступала з Плаўскiм як з дзячком i не дазвалялася яму па шляху ўжываць адзенне святара» [22]. Пазней Сямашка пiсаў, што святар быў сасланы ў Смаленскую губерню [23].

Акрамя трох святароў у навагрудскiм благачынii ў 1835 г. яшчэ 6 парахаў - Мiхал Вiторскi, Гедэён Савiч, Iгнат Марцыноўскi, Томаш Гарбацэвiч, Юльян Гарбачэвiч (пра яго пiсаў страпчы), Вiктар Гарбацэвiч, адмовiлiся служыць па маскоўскiх кнiгах, сярод iншага яны былi абвiнавачаныя Сямашкам ў тым, што « осмелились рассуждать » i былi пераведзеныя ў прычэтнiкi, iх неабходна было «выслаць без усялякага запаволення да прызначаных для iх прычэтнiчаскiх месцаў, калi будзе патрэбным, дык i праз палiцыю, не дазволiўшы iм больш за тры днi для вырашэння сваiх гаспадарчых справаў у ранейшых прыходах» [24]. I тым не менш благачынны Ян Гамалiцкi 31 лiпеня 1835 г. даклаў, што яшчэ 13 парахаў адмовiлiся прыняць кнiгi маскоўскага друку [25]. Хваляваннi святароў пракацiлiся па ўсёй Беларусi.

Плаўскi з сям'ёй не мог пражыць на жабрацкiя грошы дзячка. Захавалася справа ад 1 чэрвеня 1836 г. аб пераведзеным у прычэтнiкi святары, магiстры багаслоўя Адаму Плаўскiм. У справе знаходзiцца прашэнне мiтрапалiту Булгаку аб аднаўленнi яго на святарскай пасадзе i данясенне пра яго «ўзорныя паводзiны» [26]. Пiсаў Плаўскi i епiскапу Лужынскаму [27].

Толькi ў 1838 г. ягоныя прашэннi пачалi разглядацца. У лiсце да обер-пракурора Сiнода Пратасава ад 24 лiстапада 1838 г. з меркаваннем аб прашэннi Адама Плаўскага пра яго вяртанне ў Лiтоўскую епархiю сярод iншага Сямашка пiсаў: «Я баюся, што раскаянне Плаўскага перад начальствам Смаленскай губернi i гатоўнасць падпарадкоўвацца … тычыцца толькi справы аб служэбнiках Маскоўскага друку … Таму я лiчу неабходным, каб святар Плаўскi падаў … прашэнне, у якiм бы ён ясна выклаў сваю гатоўнасць далучыцца да праваслаўнай … царквы » [28].

Апальны святар быў пераведзены святаром «на бедны прыход» у Магiлёўскую епархiю. Пасля шматлiкiх прашэнняў святара перавялi ў «добры» Астрынскi прыход на Лiдчыне. Iосiф Сямашка «представил его к пособию в 200 рублей как совершенно обедневшего и принужденного воспитывать 8 человек детей после смерти жены». Жыццём сваёй жонкi - мацi васьмi дзяцей - i галечай заплацiў беларускi святар-iнтэлектуал за сваю веру i перакананнi. Трактат Плаўскага супраць кнiг маскоўскага друку i лiквiдацыi унii быў выдадзены за мяжой, потым перакладзены на розныя мовы i неаднаразова перавыдаваўся на працягу XIX ст. «при помощи врагов России» [29].

Верагодна, першы раз трактат Адама Плаўскага быў надрукавана ў Познанi ў «Historia duchowieństwa Łacińskiego i Unickiego», выдадзенай у дзвюх кнiгах [30]. Аўтар праз кнiжны пошук на google.com, знайшоў шэраг кнiг XIX ст. на розных мовах, у якiх расказваецца пра дзеяннi ўнiяцкага святара Плаўскага [31].

Расейскi гiсторык-заходнярус беларускага паходжання Кiпрыяновiч пiсаў: «Ухiленне ад падпiскi (аб далучэннi да праваслаўя. - Л. Л.) протаiерэя Баброўскага (да 1837 г.) i протаiерэя Сасноўскага (да 1839 г.), нiкчэмны лiк падпiсак у 1833-1834 гг. з боку даволi шматлiкiх у той час святароў, былых выхаванцаў Галоўнай семiнарыi, а так жа наваградскi пратэст магiстра багаслоўя Адама Плаўскага, таварыша Iосiфа (Сямашкi. - Л. Л.) па Галоўнай семiнарыi, ясна даказвае, што нават шматлiкiя духоўныя таго часу не адразу разгледзелi ўсю велiч пачатай Iосiфам справы» [32]. Я думаю, усё наадварот, яны разгледзелi справу Сямашкi i менавiта таму, нават пад моцным ціскам уладаў, супрацiўлялiся ў меру сваiх магчымасцяў.

ДАДАТКI

Паданне 1834 г. епiскапу ад навагрудскiх святароў, з кнiгi «Likowski Edmund. Dziei koscela unickiego na Litwie i Rusi w XVIII-XIX wieku. Czesc II. Warszwa. 1906. S. 84-86», у сваю чаргу, Лiкоўскi падае тэкст у перакладзе з французскай мовы з кнiгi «Vicissitudes de l'Église catholique des deux rites en Pologne et en Russie, ouvrage écrit en allemand, par un prètre de la congrégation de l'Oratoire (1845), tom. II, str. 298-300».

У перакладзе па-беларуску:

З належнай павагай да Вашай Правялебнасцi з нагоды прапанаванай змены грэка-ўнiяцкага абраду мы тлумачым нашы запыты ў наступных пунктах:

а) Калi унiя ўсходняй царквы з заходняй была ўрачыста аб'яўленая на агульным Фларэнцiйскiм саборы ў 1439 г., таксама там было вырашана рэфармаваць грэцкiя абрады, але дызунiцкая царква, разбураная праз неспакойнага Марка [33], епiскапа Эфескага, не захацела прыняць вынiкаў сабору. Што тычыцца нас, мы па прыкладзе нашага мiтрапалiта, Iсiдора Кiеўскага [34] i Iосiфа [35], патрыярха Канстанцiнопальскага, аднадушна падтрымлiваем ужыванне вынiкаў рэформы, бо рэформа для ўсёй грэцкай царквы была прынятая i мы, як i грэкi ўз'яднаныя, выконваць яе абавязаныя.

б) Пасля адпадзення паўночнай Русi руска-лiтоўскае духавенства ў часы мiтрапалiта Мiхала Рагозы [36] ўз'ядналася з Рымам на сiнодзе ў Брэсце Лiтоўскiм 1594 г., калi ж тая унiя ў наступным годзе была пацверджаная папам Клементам VIII, той жа сiнод даў нам як недатыкальныя прынцыпы: вызнанне веры i рэформы абраду, устаноўленыя сiнодам Фларэнцiйскiм.

в) Леў Кiшка [37], мiтрапалiт усяе Русi, на Замойскiм сiнодзе ў 1720 г. разам з усiмi святарамi не толькi пацвердзiў упамянутую вышэй унiю ў Брэсце, але, акрамя таго, для большага ўзмацнення унii, адрозненнi памiж дызунiцкiмi i грэка-каталiцкай царквой падрабязна апiсаў i рэфармаваў абрады ва ўнiяцкiм духу, вызначыў прылады i ўсё начынне, неабходнае для Лiтургii, зыходзячы больш з вялiкай пабожнасцi i нацыянальных звычаяў, а не з старых абрадаў царградскiх. Аўтэнтычныя экзэмпляры тых пастановаў былi адпраўленыя для вечнага захавання духавенству венгерскаму, славацкаму, далмацкаму, харвацкаму i iншым, а нас пад прысягай абавязалi да захавання на вечныя часы еднасцi з Святой Рымскай царквой.

г) Параўноўваючы самыя старыя выданнi малiтоўнiкаў, выдадзеныя намаганнямi i пад мацаваныя аўтарытэтам епiскапаў, як: малiтоўнiк, выдадзены ў 1659 г. Мiтрапалiтам Кiпрыянам Жахоўскiм [38] i прысвечаны князю Каралю Станiславу Радзiвiлу, з прыгожай прадмовай, якая заахвочвала духавенства да унii; таксама малiтоўнiк, выдадзены ў 1727 г. праз мiтрапалiта Кiшку, i малiтоўнiк, друкаваны ў 1790 г. праз мiтрапалiта Шаптыцкага, нарэшце, абмiнуўшы шмат iншых, малiтоўнiк, выдадзены ў Вiльнi руплівасцю дзейснага зараз мiтрапалiта Язафата Булгака, дык вось, параўноўваючы ўсе гэтыя малiтоўнiкi, мы знаходзiм, што яны нiчым не розняцца. Акрамя таго, мы бачым, што ўсе рытуалы стасуюцца памiж сабой i рознiца памiж iмi вельмi малая. Усё гэта даказвае, што малiтоўнiкi i рытуалы маюць агульную крынiцу ва Усходняй царкве, таму што так шмат грэцкага - малiтоўнiкi ўнiяцкiх епiскапаў маюць пацвярджэнне ў сiвой даўнiне.

д) Калi для выкарыстання грэка-ўнiяцкiм духавенствам малiтоўнiкi, друкаваныя ў 1831 г. у Маскве, адрознiваюцца ад нашых малiтоўнiкаў месцам аб паходжаннi Святога Духа i некаторымi малiтвамi, нi разу не ўзгадваецца Папа, якому мы пры нашым высвячэннi клятвенна абяцалi паслухмянасць i павагу, як i iмператару, молiм Правялебнага епiскапа не прымушаць нас прыняць гэта i пакiнуць нам вiленскi малiтоўнiк, якi мы заўжды ўжывалi.

е) Люд рускi амаль два стагоддзi прывык кленчыць падчас службы, да Еўхарыстыi падчас урачыстых святаў i ў нядзелю, да шэсцяў i глыбокай павагi да Еўхарыстыi. Усё гэта патрэбна ў нашым абрадзе i не можа быць выдаленае без пакрыўджання народа, якi, здаецца, будзе мець абурэнне супраць духавенства з-за новых зменаў.

Пад кiраўнiцтам нашага Найлепшага цара, сярод столькiх мiльёнаў падданых, грэка-каталiцкае духавенства мусiць засведчыць шмат дабрадзействаў i чакае таксама яго бацькоўскай апекi. Яго найвышэйшая воля кожнаму пакiдае поўную свабоду вызнаваць сваю рэлiгiю, таксама i грэка-каталiцкаму духавенству. Такiм чынам, не меней за iншыя веравызнаннi мы маем абавязак захавання старых абрадаў нашага набажэнства, абы мы не пагрэбавалi высокай дабрынёй нашага цара.

Нарэшце Навагрудскае духавенства, з належнай павагай да Правялебнага епiскапа, аб'яўляе просьбу, каб Грэка-ўнiяцкая царква адрознiвалася ад Праваслаўнай царквы, i заклiкае да ўважлiвага клопату пра сябе свайго выбiтнага пастара. Гэтыя пажаданнi, аб'яўленыя аднагалосна, падпiсаныя кожным уласнай рукой.

Леанiд ЛАЎРЭШ



[1] Herbarz polski Kaspra Niesieckiego S. J. Lipsk. 1841. Т. 7. S. 327.

[2] Bieliński Józef. Uniwersytet Wileński. Kraków. 1899-1900. T. I. S. 112.

[3] Бацька гiсторыка М. Каяловiча.

[4] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 741.

[5] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. Вильна. 1893. С. 40, 70, 68.

[6] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. С. 78.

[7] Киприанович г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. С. 82.

[8] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. С. 61.

[9] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. С. 79.

[10] Нацыянальны гiстарычны архiў Беларусi ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 27. Спр. 614.

[11] Нацыянальны гiстарычны архiў Беларусi ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 27. Спр. 614. Арк. 1 - 1 аб.

[12] Нацыянальны гiстарычны архiў Беларусi ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 27. Спр. 614. Арк. 9 - 9 аб.

[13] Нацыянальны гiстарычны архiў Беларусi ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 27. Спр. 614. С. 11-13.

[14] Eustachy Antoni Iwanowski (pseud. Eu. Helleniusz). Wspomnienia narodowe. Paryz. L. Martinet, 1861. S. 173.

[15] Нацыянальны гiстарычны архiў Беларусi ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 27. Спр. 614. С. 17 - 17 аб.

[16] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 163-164.

[17] Кормчыя кнiгi - зборнiкi царкоўных i свецкiх законаў, якiя выкарыстоўвалiся для кiравання Праваслаўнай царквой.

[18] Записки Иосифа Митрополита Литовского. С. 166-167.

[19] Записки Иосифа Митрополита Литовского. С. 173.

[20] Дело о низведенном в причетники священнике магистре богословия Адаме Плавском. Р., 01.06.1836, д. 3401, 22 л. // Архiў унiяцкiх мiтрапалiтаў. Дакументы да гiсторыi царквы ў Беларусi XV-XIX стст. у фондзе «Канцылярыя мiтрапалiта грэка-ўнiяцкiх цэркваў у Расii». Мiнск - Полацк, 1999. С. 176.

[21] Chotkowski X. Pamiętniki Józefa Siemaszki. Krakow, 1885. S. 55.

[22] Записки Иосифа Митрополита Литовского. С. 173.

[23] Записки Иосифа Митрополита Литовского. С. 583.

[24] Записки Иосифа Митрополита Литовского. С. 174.

[25] Записки Иосифа Митрополита Литовского. С. 188.

[26] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 1080.

[27] Прошения оршанскому епископу В. Лужинскому о назначении и перемещении по службе, о выдаче метрических выписей, об облегчении наказания священнику Плавскому и др. П. Р., 14.05.1835-12.01.1836, д. 1564, 81 л. // Архiў унiяцкiх мiтрапалiтаў. Дакументы да гiсторыi царквы ў Беларусi XV-XIX стст. у фондзе «Канцылярыя мiтрапалiта грэка-ўнiяцкiх цэркваў у Расii». С. 267.

[28] Записки Иосифа Митрополита Литовского. С. 403-404.

[29] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. С. 96.

[30] Eustachy Antoni Iwanowski (pseud. Eu. Helleniusz). Wspomnienia narodowe. S. 173.

[31] Schlesisches Kirchenblatt. Breslau, 1854. Т. 20. S. 218.; Österreichische revue. Wien, 1866. Т. 4. Fragen 10-12. S. 20.; Revue du Monde Catholique. Paris, 1863. Т. 7. P. 178.; Louis Zozime Élie Lescoeur. L'église catholique en Pologne sous le gouvernement russe. Paris, 1860. P. 39.; Karl Werner. Geschichte der apologetischen und polemischen Literatur der christlichen Theologie. Hurter, 1864. Т. 3. S. 374.; Giacomo Margotti. Die Siege der Kirche in dem ersten Jahrzehent des Pontifikates Pius IX aus dem Italienischen von Pius Gams. Wagner, 1856. Т. 3. S. 550.; Della Chiesa Russia in relazione alla cattolica e ad altre chiese cristiane. Padova, 1864. S. 97-98.; Journal historique et littéraire. Liège. Т. 4. 1837. S. 384.

[32] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западно-русских униатов с православной церковью в 1839 году. С. 91.

[33] Марк Эфескi (1392-1444) - мiтрапалiт Эфескi, праваслаўны багаслоў, адзiны ўдзельнiк Ферара-Фларэнційскага сабора, якi не прыняў унiю.

[34] Iсiдар Кiеўскi (1380/1390-1463, Рым) - мiтрапалiт Кiеўскi, прыхiльнiк унii.

[35] Iосiф II, патрыярх Канстанцiнопальскi, раней мiтрапалiт Эфескі, абраны ў 1416 г., iмкнуўся да ўз'яднання цэркваў, наведаў Фларэнційскi сабор i памёр у Iталii ў 1439 г.

[36] Мiхал Рагоза (1540-1599) - праваслаўны, потым унiяцкi царкоўны дзеяч Рэчы Паспалiтай. Мiтрапалiт Кiеўскi, Галiцкi і ўсяе Русi (з 1589).

[37] Леў Кiшка (1668-1728) - царкоўны дзеяч Рэчы Паспалiтай, пiсьменнiк i перакладчык. Унiяцкi бiскуп Уладзiмерскi i Берасцейскi (з 1711), мiтрапалiт Кiеўскi, Галiцкi і ўсяе Русi (з 1714). Доктар багаслоўя (1691)

[38] Кiпрыян (Цыпрыян) Жахоўскi (1635-1693) - унiяцкi мiтрапалiт Кiеўскi, Галiцкi i ўсяе Русi (1674-1693).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX