Вярнуцца: Святары

Маламажэйкаўскі святар айцец Леў Савіцкі


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 19-02-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Маламажэйкаўскі святар айцец Леў Савіцкі // Маладосць №1-2014. С. 120-129.

Спампаваць




Верагодна, галоўнымі справамі жыцця гэтага святара было тое, што ён перабудаваў і аднавіў знакаміты храм і, хоць і тэндэнцыйна, напісаў яго гісторыю.

У гэтым артыкуле аўтар будзе неаднаразова звяртацца да клерыкальна-краязнаўчага артыкула айца Льва Савіцкага «Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь», надрукаванага ў №№ 33, 34, 36, 42 «Литовских Епархиальных Ведомостей» за 1873 год. Трэба адзначыць, што артыкул нясе ў сабе звыклы набор тэзісаў «інфармацыйнай вайны», якую расейскі урад вёў у тыя часы ў «Северо-Западном крае». Нават макетаванне артыкула ўказвае на вялікую колькасць рэдактарскіх правак на этапе, калі артыкул быў ужо набраны ў тыпаграфіі. Тым не менш, нягледзячы на стандартную, асабліва ў той час, канфесійную небесстароннасць, тэкст Савіцкага дае дастаткова інфармацыі для аналізу і аб'ектыўнага разумення падзей.

Падобна, што айцец Леў акрамя артыкула пра царкву ў сваім жыцці больш нічога не напісаў. Але ён апошнім трымаў у руках старыя царкоўныя дакументы і таму, напісаная ім гісторыя Маламажэйкаўскай царквы, мае вялікую каштоўнасць і ставіць Савіцкага ў адзін шэраг са знанымі даследчыкамі нашай гісторыі XIX стагоддзя, уводзіць у пантэон лепшых краязнаўцаў Лідчыны. Святар Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) царквы данёс да нас галоўны масіў інфармацыі пра гэты надзвычай важны ў гісторыі Лідчыны і ўсёй Беларусі храм. Сур'ёзныя даследчыкі абавязкова давалі спасылкі на яго артыкул, але, на жаль, не ўсе ўважліва яго чыталі.

Аналізу міфаў пра царкву, якія стварыў Савіцкі (першым з іх з'яўляецца міф пра будаўніцтва царквы ў XV стагоддзі), будуць прысвечаны іншыя артыкулы аўтара, гэтыя міфы зноў усё часцей распаўсюджваюцца праз розныя газеты, турыстычныя сайты, і, як кожная няпраўда, скажаюць рэчаіснасць і робяць няпэўнай будучыню.

А гэты артыкул прысвечаны жыццю святара айца Льва Савіцкага.

Леў Савіцкі быў прызначаны Ковенскім епіскапам Аляксандрам настаяцелем Маламажэйкаўскай царквы адразу пасля заканчэння поўнага курса Літоўскай духоўнай семінарыі.

На жаль, пра гэтага чалавека вядома няшмат. Ён нарадзіўся ў 1841 годзе ў вёсцы Спорава Слонімскага павета [1], і ўсё жыццё прысвяціў сваёй царкве і прыходу, сумленнай святарскай працай заслужыў пашану сярод прыхаджан.

У 1867 годзе Маламажэйкаўскі прыход Нараджэння Прасвятой Багародзіццы налічваў 143 двары і 1089 прыхаджан. У карыстанні царкоўнага прычта знаходзілася 59 дзесяцін зямлі і ў дадатак ад казны ішло жалаванне ў памеры 360 рублёў на год.

З 1864-га ў прыходзе існавала царкоўнапрыходская школа, якая месцілася па прыватных хатах. З 1871-га да 10 лютага 1882-га яна размяшчалася ў царкоўным доміку, пабудаваным на сродкі айца Льва Савіцкага. Пажар знішчыў гэты дом, пасля чаго прыхаджане пабудавалі на царкоўныя сродкі новы дом. Перад Першай сусветнай вайной пры прыходзе дзейнічалі ўжо тры царкоўна-прыходскія школы: у вёсках Малым Мажэйкаве, Шпільках і Агародніках. У гэтых школах вучылася 150 дзетак. Увесь прыход у гэты час налічваў 1505 прыхаджан. У карыстанні прычта было 186 дзесяцін зямлі і на яго ўтрыманне яшчэ выдзялалася жалаванне ў памеры 517 рублёў 60 капеек штогод [2].

У Маламажэйкаўскай царкве знаходзіліся два шанаваныя абразы Божай Маці: адзін мясцовы, злева ад царскіх варот, другі, у асобным ківоце, раней знаходзіўся ў філіяльнай Волчынкаўскай царкве [3]. Айцец Леў Савіцкі апісаў гісторыю сваіх пошукаў гэтага абраза. У апісаннях філіяльнай Волчынкаўскай царквы абраз апісваўся як «абраз Божай Маці ў срэбнай рызе з малюнкам паўкружжа Месяца ў падножжа аблічча Богамаці». Айцец Леў пісаў, што гэты абраз быў выпадкова адкрыты «з прычыны асаблівага Промыслу Божага, які дзейнічаў праз адну вельмі хворую жанчыну з блізкай вёскі, якая адкрыла мне на споведзі пра сваё бачанне, быццам нейкая цудоўная жанчына ва ўбогім адзенні, з'явіўшыся, сказала ёй: "Памаліся абразу Божай Маці, што быў раней у капліцы ў Волчынках, а зараз у цёмным і смуродным месцы знаходзіцца, і тады пазбавішся хваробы". Словы жанчыны прымусілі мяне, не вяртаючыся дахаты, адправіцца да абшарніка з просьбай пра выдачу абраза, узятага з Волчынкаўскай капліцы і паказаць пры гэтым тое месца, дзе яе хаваюць». Абшарнік адказваў, што ў яго няма ніякага абраза, і «сам адправіўся ў паказанае мною месца, дзе нічога не было знойдзена. Пацярпеўшы яшчэ некалькі разоў няўдачу ў росшуках абраза, я ... два гады не звяртаўся да абшарніка па гэтай справе, чакаючы больш спрыяльнага выпадку, які і не замарудзіў хутка прадставіцца». Па дамашніх справах абшарнік павінен быў пераехаць у іншы маёнтак, а свой маёнтак аддаць у арэнду аднаму шляхцічу, у якога фактарам быў яўрэй. З прыватных чутак святар даведаўся, што абраз павінен быць у свіране. Пасля таго ён узяў з сабой двух самых дбайных вернікаў, з якіх адзін быў чальцом царкоўнай рады, даў ім патрэбныя інструкцыі і адправіў іх у гэты маёнтак прыцаніцца да свірана, які быццам быў прызначаны абшарнікам да продажу. Фактар, не падазраваючы пра хітрасць, адчыніў свіран, дзе і быў знойдзен абраз Божай Маці ў такім выглядзе, як ён апісаны ў дакуменце. «Тады абраз з рызай і епітрахіллю быў узяты са свірана, з належным гонарам у 1868 г. перанесены ў храм і пастаўлены ў прыстойным месцы па левым баку ў куце іканастаса. На гэтым абразу знаходзіцца надпіс: "Iосіф і Кацярына Аўсяны", па выглядзе - абраз вельмі старажытны. Застаецца яшчэ вярнуць чашу з прыборам і звон» [4].

Толькі праз больш чым 30 гадоў, падчас святкавання юбілею царквы ў 1907 годзе святар назваў імёны дзеючых асоб гэтай гісторыі: абшарнік маёнтка Капцюгі Юліян Паплаўскі, хворая жанчына, якая бачыла сон, - Людвіка Сцяпанаўна Чурган, дбайныя прыхаджане, абодва з Бешенок - Іван Міхайлавіч Хлус (член царкоўнага савета) і муж хворай жанчыны Тамаш Аўгусцінавіч Чурган [5].

Напрыканцы XIX стагоддзя пра цудам захаваны старажытны абраз Божай Маці і пра знаходку скарбу срэбных і залатых манет пад адной з вежаў Маламажэйкаўскай царквы пісаў дырэктар Віленскага музея старажытнасцей археолаг Ф. В. Пакроўскі [6].

У 1864 годзе царква страціла каштоўнейшае рукапіснае евангелле, якое, верагодна, ад пачатку захоўвалася ў царкве. У акце візіты царквы ад 1784 года гэта кніга апісваецца так: «Евангелле напрастальнае рукапіснае, у аксаміт апраўленае на якім таблічак пяць срэбных пазалачоных з другога боку puklow [7] 4 пазалочаных» [8]. Пра далейшы лёс гэтай сапраўднай святыні беларускага народа айцец Леў Савіцкі пісаў: «Гэта евангелле ўзята ў 1864 г. 23 кастрычніка святаром Лідскай царквы К. для Археаграфічнай Камісіі ў Вільні, дзе зараз і знаходзіцца. Шануючы важкасць такога помніка старажытнасці, я прасіў у свой час пра вяртанне Евангелля ў Маламажэйкаўскую царкву, на што мне было сказана, што былы начальнік края, граф Мураўёў, заўважыўшы старажытнасць Евангелля, абяцаў зрабіць сребно-пазалочаны ківот для яго захоўвання на прастоле Маламажэйкаўскай царквы, для якой яно каштоўны помнік яшчэ і таму, што на адной са старонак яго ёсць запісы царкоўных надзелаў і іншыя нататкі пра царкву. Але і дагэтуль няма ні ківота, ні евангелля»[9]. Савіцкі не пажадаў наўпрост сказаць, хто пазбавіў нас гэтага Евангелля, але для чалавека, які ведае гісторыю, зразумела, што «святар Лідскай царквы К.» - гэта, у той час, памочнік Лідскага благачыннага (хутка сам стане благачынным) Іосіф Каяловіч (брат заснавальніка так званай «заходне-рускай» плыні ў гістарычнай навуцы М. Каяловіча), святар, які ў той час яшчэ толькі пачынаў рабіць сваю кар'еру [10].

Айцец Леў Савіцкі пакінуў вялізнае апісанне царквы, як яна выглядала да перабудовы, у 1870 годзе. Гэтае апісанне з-за яго каштоўнасці мае сэнс прывесці цалкам:

«[Царква] ўся каменная з моцнай, як жалеза, цэглы, якая з часам утварыла адну суцэльную масу, аброслую мохам, за выключэннем тых месцаў у старадаўніх паглыбленнях, якія былі атынкованы... Верагодна, у гэтых паглыбленнях першапачаткова былі абразы, ці, быць можа, яны былі афарбаваны, таму што сляды фарбы былі ясна прыкметныя пры разбіўцы тынкоўкі. Такіх паглыбленняў ніжэй даху ў выглядзе дугападобных даўгаватых рам, якія заканчваюцца мысам у верхняй частцы - шэсць, месцаў жа дванаццаць, паміж імі ідуць сценкі ў выглядзе пілястра. Вышэй іх, пад самым дахам, знаходзіцца пяць невялікіх вокнаў са стромымі адтулінамі, якія ідуць унутр пад дах. Вокнаў у царкве дзевяць - тры вокна ў сценах даўжынёй у сажань, шырынёй у аршын, з жалезнымі кратамі, паміж імі ідуць пілястры, якія перамежаюцца доўгімі паглыбленнямі, раней прызначанымі, верагодна, таксама для якіх та малюнкаў, астатнія тры вокна асвятляюць уласна алтар, памерам яны меншыя першых і дугападобныя. Усе чатыры вежы аднолькавыя, на адну сажню вышэй сцен царквы, у верхняй іх частцы зроблены тры вокна даўжынёю ў аршын і шырынёю ў 12 вяршкоў, у заходняй частцы царквы гэтыя вокны большыя чым ва ўсходняй, бо і самыя вежы тут маюць большы памер у дыяметры. Ва ўзровень са сцяной, у вежах, зробленыя такія ж адтуліны, якія знаходзяцца пад дахам царквы, толькі ў падвойным памеры, лікам па тры. У сярэдняй частцы вежаў знаходзяцца адтуліны, якія звужваюцца вонкі і пашыраюцца ўнутр і якія, па меры адлегласці ад зямлі, даўжэй і шырэй. Вакол усёй царквы і вежаў на адзін аршын вышэй цокаля, які агінае вакол ўсю царкву, ідзе шэраг зубцоў у родзе пілы. Пра першапачатковую архітэктуру карнізаў нічога нельга сказаць, бо пішучаму не давялося знайсці іх у цэласці. Годна заўвагі, што крыжы з цэглы ў заходніх вежах засталіся цэлыя і па цяперашні час. Старажылы распавядаюць, што на вежах, з заходняга боку, былі пастаўлены два анёла вялікага памеру, адзін з трубой, іншы з мечом, якія паварочваліся па кірунку ветра. Дзверы ва ўвахода ў царкву адна, шырынёю 1 аршын і 11¼ вяршкоў, вышынёй 1 сажань і 3 вяршка, з унутранага боку яна абаронена цяжкавагавымі жалезнымі дзвярамі, якія апускалася з зробленай у сцяне нішчы. Якім чынам гэтыя дзверы замыкаліся, мне не атрымалася дазнацца ад старажылаў, з якіх некаторыя бачылі яшчэ гэтыя дзверы, забраная ў 1817 г. панам Кастравіцкім. Уваходныя дзверы маюць вытанчанае аздабленне. Дзве калоны ўпрыгожваюць дугападобны ўваход у царкву, якім заканчваецца ўгары ў выглядзе кароны. Прытвора не было да 1825 г.

Усярэдзіне царквы алтар адлучаецца ад храма суцэльнай каменнай сцяной з трыма пралётамі для царскай, паўночнай і паўднёвай брамы, апошнія дзве адтуліны маюць форму няправільнага трохкутніка і над паўночнымі дзвярамі пралёт менш паўднёвага. Алтарная частка мае прастору ў даўжыню 2 сажні і 1½ аршына, шырыню 4 сажні і 9 вяршкоў. Прастол быў квадратны, каменны, у паўночнай і паўднёвай частцы алтара знаходзяцца два малыя і два вялікія дугападобныя паглыбленні, прызначаныя для захоўвання царкоўнага начыння. Ахвярнік раней быў уладкованы ў паглыбленні, у выглядзе невялікай пячоры, якая існуе і ў наш час толькі зачынена абразам. Царская брама - 2 аршына шырыні і 3 вышыні. Сам храм мае ўсярэдзіне 6 сажняў даўжыні 5 сажняў 12 вяршкоў шырыні. Вокны ад падлогі у 2-х сажнях. Зводы круглыя, корабавыя, якія абапіраюцца на 4 масіўныя калоны, да якіх сыходзяцца ў выглядзе мноства нітак. З царквы зроблены хады ва ўсе вежы, куды раней вялі цагляныя лесвіцы ў выглядзе спіралі, знішчаныя ва ўсходніх вежах у 1817 г., пасярэдзіне царквы ёсць невялікі склеп, дзе знаходзілася некалькі дубовых трун у выглядзе карыта з такім жа вечкам, у верхняй частцы якіх у галовах, зроблена круглая адтуліна, зачыненая шклом. Усярэдзіне, у частцы прылеглай да прытвора ўладкованы хоры - куды вядзе лесвіцы з вежы паўднёва-заходняга боку.

У царкве ёсць дзве мармуровыя пліты, адна з іх ўмайстравана ў паўднёвай сцяне, над труной заснавальніка царквы, з зробленым Кастровіцкім наступным надпісам: D.O.M. Mortalibus exuviis I.M.D. Szymko Macko Lundzilowicz M.N.M.D.L. His abao MDCCCLXXXIV guiescentis fundatoris eccleciae nujus I.V.D. Cazimirus Costrovicki coet. Herres ei collator ae de sacra restaurata noc monumentum MDCCCYIIIDAD (Найвялікшаму і наймілейшаму Богу, Пасмяротныя астанкі Шымкі Мацкі Лудзілавіча, тут ад 1884 (памылка ў даце. - Л. Л.) года пахаванага, фундатар гэтай царквы Казімір Кастравіцкі, спадчыннік, паставіў яму гэты помнік у адрэстаўраванай святыні. 1808 год).

Іншая пліта некалькі вышэй першай, большага памеру, на ёй намаляваны старадаўнія вайсковыя даспехі Польска-Літоўскіх войскаў, паміж якімі прыкметныя: гарматы, стрэльбы, шаблі, каскі, сцягі і г.д., на ёй наступны надпіс: D.O.M. Et ad majorem gloriam h(n)oc monumentum posuit in ha(o)c Ecelesia pro perpetua memoria I.M. Kazimirus de Kostrova Kostrovicki Cap. Cib. Camer. cur. Red. Polon. Heres in Mozejkov, liden et in Podole Slonim district collator. Hans ecclesiam de noviter restauravit ac fundavit altar Rit. Roman, pro P.P. Carmelit Zoluden. Anno MDCCCXXII (Найвялікшаму і наймілейшаму Богу і ў Яго славу паставіў гэты помнік у гэтай царкве на вечную памяць Казімір з Кастрова Кастравіцкі, дзедзіч у Мажэйкаве Лідскага павета і ў Падоллі Слонімскага павета. Гэтую царкву ён па-новаму аднавіў і фундаваў алтар рымскага абраду для жалудоцкіх кармелітаў 1822 год).

Вышыня царквы з фронту - 15 сажняў, а сцен 7 сажняў. Алтаром яна павернутая на ўсход, і агульны выгляд яе мае дасканалае падабенства з адноўленым старажытным Прачыстенскім Мітрапалітальным саборам у Вільні, які як бачна па усяму, служыў для будаўнікоў Маламажэйкаўскай царквы прататыпам. Будаўнік храма нават прысвяціў яго імю Прачыстай Багародзіцы. Загадкавая архітэктура Маламажейкаўскай царквы мімаволі прымушае думаць, што гэтая царква была сховішчам не толькі для малітвы, але і сховішчам людскай маёмасці падчас спусташальных войн і спалучаных з ёю рабаванняў падчас Рэчы Паспалітай. З іншага боку яна была абаронай ад нападу непрыяцеляў. Як сховішча і абарона падчас войн, яна была забяспечана да 1817 г. ходам у сценах, вакол царквы, некалькімі таемнымі адтулінамі ў сценах, склепам пад царквой, адлучаным каменнай сцяной ад такога ж невялікага склепа, змешчанага ў самой царкве, да якога, па ўсёй верагоднасці, ёсць яшчэ дзе небудзь іншы ход, і чатырма аднастайнымі спічастымі вежамі з вокнамі у тры яруса, якія звужваюцца вонкі і такімі ж вокнамі ў сценах, пад дахам. Сцены будынка таўшчынёй у сажань, жалезныя дзверы, якія апускаліся на ланцугах - дзверы цяжкавагавыя, што адчыняліся толькі рукамі дасведчанага служкі, мімаволі прыводзіць да пераканання, што царква гэта была абаронай ад непрыяцеляў, якія валодалі ў сярэднія вякі не такой небяспечнай зброяй, якая вынайдзена сучаснай цывілізацыяй»[11].

Практычна адразу пасля прызначэння святар стаў шукаць грошы для рамонту сваёй царквы, нават звяртаўся да тагачаснага Віленскага генерал-губернатара Мураўёва, але грошай не атрымаў [12]. Грошы на рамонт, як пісалася вышэй, былі выдзелены ўрадам толькі ў 1871 годзе.

У 1871-1872-х зроблена поўнае аднаўленне, перабудова храма. Адразу неабходна сказаць, што пры гэтых рэпарацыйных працах не лічыліся з археалагічнай каштоўнасцю помніка і вельмі мала дбалі пра захаванне яго першапачатковага выгляду, так што некаторыя яго часткі падлеглі досыць грунтоўным пераробкам. Па-першае, да царквы быў прыбудаваны прытвор, які засланіў ранейшыя ўваходныя дзверы і значна змяніў агульнае аблічча заходняга фасада. Па-другое, абедзве заходнія вежы былі надбудаваны ў вышыню (на 6 аршын), прычым, адна з іх перароблена на званіцу. Па-трэцяе, першапачаткова неатынкаваныя часткі фасадаў былі пакрыты пластамі тынку і афарбаваны, што зусім знішчыла ранейшы характар іх дэкарацыі, які грунтаваўся да гэтага (як і ў Сынкавіцкай царкве) на эфектным кантрасце цёмна-чырвоных муроў і белых плям тынку ў дэкарацыйных нішах [13].

Урадам на рамонт царквы было асігнавана 7 716 руб. і 15 капеек. Для арганізацыі працы быў утвораны адмысловы камітэт у які ўваходзіў міравы пасярэднік, святар царквы, царкоўны стараста, старэйшына Лябёдскай воласці, часткай якой быў Малы Мажэйкаў, і царкоўна-прыходскога апякунства, архітэктар Полазаў. Планавалася пачаць работы ў 1865-м, але праблемы адцягнулі пачатак працы на 1871 год. Камітэт па рамонце вырашаў шмат праблем: давялося шукаць адмысловую цэглу, звычайная тынкоўка не прыставала да старых муроў і для яе прыгатавання, выкарыстоўвалася гіграскапічная вапна. Дастаўку неабходных матэрыялаў забяспечвалі прыхаджане царквы.

Маламажэйкаўскі святар быў адным з тых, хто кіраваў рамонтам і перабудовай царквы, ён жа падрабязна апісаў гэты працэс, пачаўшы з дзіўнай заўвагі, якую не мае сэнсу нават каментаваць: «Паводле інструкцыі, дадзенай мясцоваму камітэту, царква адноўлена ў ранейшым выглядзе». Потым ён адзначаў, што сапсаваныя часткі сцен былі атынкаваны гідраўлічнай вапнай, іншыя неатынкаваныя часткі пафарбаваны ў колер цэглы. Вежы пакрыты бляхай. Царкве быў пакінуты стары дах з плоскай дахоўкі. У Рызе былі замоўлены і выраблены 8 жалезна-пазалочаных крыжоў. Усярэдзіне храма сцены атанкаваны і выраўнаваны. У вежах выпраўлены каменныя прыступкі, аконныя рамы зроблены з дубу з жалезнымі кратамі, замест цаглянай падлогі зроблена драўляная. Прастол пастаўлены на каменным падмурку так, каб яго ножкі ўваходзілі ў адмыслова зробленыя паглыбленні. Ва ўсходніх вежах ўладкавана рызніца. Алтарная частка і салея з чатырма прыступкамі паднятыя на адзін аршын вышэй царкоўнай падлогі з выступам у 2½ аршына ад іканастаса, перад якім уладкавана балюстрада такарнай працы. Пішучы пра новы іканастас Савіцкі заўважыў:

«Іканастас, хоць не багаты, але па прыгажосці пераўзыходзіць усе сельскія царквы ў павеце. Аздабленне іканастаса і ўсталёўка яго на месца абышліся камітэту вельмі дорага з-за таго, што іканастас быў дасланы за чатыры гады да пачатку усіх прац і з-за недагляду сапсаваўся. Акрамя таго, ён быў зроблены не па плане, так што пасля ўсталявання яго на месца, не зусім гармануе з іншымі часткамі храма. Драўляныя часткі іканастаса афарбаваны ў тры колеры: белы, светла- і цёмна блакітны. Абразы наступныя: па правы бок царскай брамы - мясцовая выява Выратавальніка, Унебаўзяцце Божай Маці, на паўднёвых дзвярах Арханёл Міхаіл, далей храмавай выява Нараджэння Прачыстай Багародзіцы, Аляксандра Неўскага і Марыі Магдаліны. Па левы бок царскай брамы - старажытны абраз Божай Маці, рыза якой ізноў пазалочана, далей абраз Св. Сямейства, на паўночных дзвярах Арханёла Гаўрыіла, далей Звеставанне Прачыстай Багародзіцы і Георгія Пераможца. У другім ярусе ўсталяваны чатыры двухмесныя абразы Св. Айца і Праайца, Апосталаў Пятра і Паўла, свяціцеля Мікалая і Сергія Цудатворца. Выявы, змешчаныя над паўночнымі і паўднёвымі дзвярамі, увянчаны крыжамі, таксама як і іканастас заканчваецца драўляным вызалачаным крыжом з ззяннем. На горнем месцы выява Св. Тройцы. Усе гэтыя абразы жывапісу акадэміка Васільева»[14].

Асвячэнне царквы адбылося 21 студзеня 1873 года, па благаслаўленню правялебнага Іосіфа, мясцовым благачынным протаіерэем Каяловічам, разам з двума святарамі і дыяканам, пры стройным спеве хлопчыкаў Дзікушскай народнай вучэльні. Мясцовым святаром было сказана прыстойнае выпадку павучанне. Пасля набажэнства, у якім удзельнічалі 8 святароў, было абвешчана шматгоддзе «Августейшему Государю и всему Царствующему Дому», высокапрывялебнаму Макарыю і вечная памяць заснавальніку гэтага храма, рэшткі якога пахаваны пры правай сцяне храма. Нягледзячы на імпэтны вецер, прыйшло шмат багамольцаў з мясцовага і суседніх прыходаў [15].

Праз больш чым 30 гадоў падчас святкавання юбілею царквы ў 1907-м Савіцкі расказаў цікавыя падрабязнасці пра знаходкі з царкве пры яе перабудове. Пры кладцы падлогі з дошак (да гэтага часу падлога была цагляная) «знаходзілі шмат трун пад цаглінамі і на некаторых былі магільныя помнікі, з выявай крыжа, абведзенага кругам. Былі такія велізарныя пліты, што патрабавалася сіла 3-4 чалавек, што б зрушыць іх з месца. І вось на адной з такіх пліт і быў прачытаны надпіс "Христовъ рабъ Iерей Авраамъ» і год "1469". Чыталі гэты надпіс: былы будаўнік царквы архітэктар Полазаў і член люстрацыйнай камісіі палкоўнік дэ-Лазары». Выняць камень з надпісам з-пад падлогі было складана і патрабавала дадатковых выдаткаў. Таму «камень гэты як і іншыя апушчаны ў зямлю пры раўнанні грунту пад падлогай. Дубовыя труны, якія былі ў магілах і якія смуродзілі ў царкве, па распараджэнні былога епіскапа Ковенскага Аляксандра ў 1864 г. вынесены і разам з прахам пахаваны на могілках ў агульнай магіле. Над гэтай магілай пастаўлен драўляны крыж, які ўжо струхней і упаў. Там жа знойдзена некалькі медных крыжоў вялікага і малога памераў. З іх толькі тры крыжыка трапілі ў рукі мясцовага святара, адзін падобны да крыжоў, якія цяпер носяць святары, і два меншых на 2-1,5 цалі з выявамі па абодвух баках грубай працы і не яснымі літарамі» [16].

Святар Леў Савіцкі меў вельмі цікавае захапленне, якое, дарэчы, давала і добры дадатак да яго даходаў. «Литовские Епархиальные Ведомомости» ў 1902 годзе пісалі, што з 20 мая па 20 чэрвеня 1902 года па пастанове Літоўскага Епархіяльнага Вучылішчнага Савета ў Маламажэйкаве праводзіліся курсы пчалярства. Курсы на сваім пчальніку (які складаецца з 47 вулляў) праводзіў святар мясцовай царквы Леў Савіцкі. На курсы было выклікана 15 настаўнікаў царкоўна-прыходскіх школ Літоўскай епархіі. Настаўнікі «абедалі ў доме святара, а чай пілі ў доме псаломшчыка. Савіцкаму на курсы было адведзена 339 рублёў 95 кап. 16 чэрвеня курсісты хадзілі ў ім. Вялікае Мажэйкава, дзе разам з кіраўніком курсаў аглядалі знакаміты парк і сад памешчыка Грабоўскага і яго пчальнік. Пану Грабоўскаму і ўсім сялянам Маламажэйкаўскага і суседніх прыходаў а. Савіцкім паказаны рацыянальныя спосабы пчалярства. У цяперашні час звяртаюцца да яго за парадай, дасылаюць лісты памешчыкі і святары з іншых паветаў і губерняў» [17].

У 1906-м на сродкі Віленскага Свята-Духавага Брацтва адбыўся чарговы рамонт царквы [18].

13 мая 1907 года святкавалася ўмоўнае 500-годдзе царквы.

Царкоўная ўрачыстасць пачалася з прыбыццём у Маламажэйкаўскую царкву 12 мая Архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Нікандра. Стараннямі мясцовых жыхароў, мясцовага земскага начальніка і памешчыка М. М. Скосырава па дарозе ад станцыі Скрыбаўцы да царквы былі пастаўлены высокія аркі, прыбраныя зелянінай і сцягамі імперыі, гэтак жа былі ўпрыгожаны і масты па шляху руху ўладыкі. У 9 гадзін раніцы Архіепіскап з суправаджаючымі яго асобамі прыбыў у дом Маламажэйкаўскага святара айца Льва Савіцкага, а ў 9.30 раніцы была пачата памінальная літургія. На літургіі і паніхідзе, паміналі памерлых заснавальнікаў, дабрачынцаў і настаяцеляў Маламажэйкаўскай царквы.

З раніцы ў Малым Мажэйкаве пачалі збірацца госці. Цягніком з Вільні прыбыў Віленскі губернатар Д. Н. Любімаў, віленскі павятовы прадвадзіцель дваранства І. Р. де-Віт, прадстаўнікі лідскай павятовай адміністрацыі, прадстаўнікі віленскага Св.-Духаўскага братэрства А. В. Бялецкі, Д. І. Даўгяла і А. І. Мілавідаў, прадстаўнікі «русского окраинного союза» Ф. Н. Дабранскі, Е. М. Крылоў і І. С. Саўчанка, ад «саюза рускага народа» В. Т. Лізін, ад «русского собрания» П. П. Шкот і ад таварыства «Крестьянин» С. А. Кавалюк. Дарэчы, большасць з іх - добра вядомыя «истинно-руские люди» ў нашым краі.

Таксама каля 9.00 пачалі збірацца сяляне з ваколіц, хроснымі хадамі прыйшлі вернікі з Дзікушак, Радівонішкаў, Лебяды і нават Васілішак.

У 18.00 пачалося ўсенашнае чуванне. К гэтаму часу з хроснымі прышлі вернікі з Орлі.

Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел сыны і зяці айца Льва: а. Міхаіл Львовіч, святар з Вялікіх Жухавіч Навагрудскага павета, а. Іосіф Львовіч, святар Молчадскай царквы Гродзенскай губерні, а. Мікалай Фалевіч, святар Таўрогенскай царквы Ковенскай губерні, а. Мікалай Марозаў, святар Дукштанскай царквы Ковенскай губерні, а. Арыстарх Білев, святар Кабыльнікаўскай царквы Свянцянскага павета.

Пасля 24.00 Архіепіскап з суправаджаючымі яго асобамі па чыгунцы паехаў у Ліду [19].

Вельмі пацярпела Маламажэйкаўская царква падчас Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе, калі фронт пачаў набліжацца да Лідчыны, у царкве зрабілі шпіталь для раненых расійскай арміі. Перад прыходам немцаў каштоўнасці храма (іконы, кнігі) былі эвакуіраваны ў Маскоўскую епархіяльную кантору і, зразумела, назад ужо не вярнуліся. Падчас нямецкай акупацыі тут быў лагер для ваеннапалонных. Алтарную частку ператварылі ў месца захоўвання правіянту і таму гэта было «салодкае» месца для пацукоў, якія пагрызлі падлогу і сапсавалі сцены. Ваеннапалонныя разбурылі агароджу, браму, спалілі пабудовы пры храме і, як кажуць, «нават святататствавалі»[20].

Разам з расійскімі войскамі айцец Леў Савіцкі пакінуў родныя мясціны, а вярнуўся ў 1920 годзе. Пасля вяртання застаў царкву ў страшным становішчы. Адразу пачаў клапаціцца пра яе аднаўленне.

Польскія ўлады ў той час распачалі працэс рэвіндыкацыі - вяртання раней забраных каталіцкіх храмаў. Але разам з былымі касцёламі час ад часу рабіліся спробы адабрання цэркваў, якія былі раней уніяцкімі і ніколі не былі рыма-каталіцкімі. На жаль, патрапіла ў гэты лік і Маламажэйкаўская царква, хоць вакол яе ў той час пераважала праваслаўнае насельніцтва.

Свой далейшы аповед пра лёс царквы ў 1920-30-х гадах я буду ў асноўным грунтаваць на выдатным даследванні гродзенскага гісторыка Аляксандра Горнага.

Вярнуўшыся на радзіму, айцец Леў Савіцкі на той час быў адным са старэйшых святароў Віленскай епархіі. Анкетны ліст прычта царквы, складзены ў той час, дазваляе ўявіць стан прыхода на пачатку 1920-х: прычт меў 63 дзесяціны зямлі, прыход складаўся з паўтары тысячы вернікаў, у яго склад, акрамя сваіх, уваходзілі і вёскі зачыненага Васілішскага прыхода. Святар жыў у доме каля храма, дом знаходзіўся ў вельмі дрэнным стане [21].

Часопіс «Праваслаўны беларус» пісаў, што Маламажэйкаўская царква вельмі спадабалася чыгуначным служачым: каталікам з суседняй станцыі Скрыбаўцы, якія і падалі хадайніцтва каталіцкаму біскупу пра перадачу ім царквы [22]. Пэўна, яшчэ адной нагодай стала «нядобранадзейнасць» протаіерэя айца Льва Савіцкага - старога, яшчэ з XIX стагоддзя, байца змагання з рыма-каталіцтвам. Лідскі стараста адмовіў яму ў выдачы польскага грамадзянства з-за «палітычнай нядобранадзейнасці», а без грамадзянства святар не мог выконваць свае абавязкі і павінен быў праз нейкі тэрмін пакінуць межы Польскай дзяржавы.

Верагодна, усё гэта і прадвырашыла далейшы лёс прыхода: у 1924-м у прычта была адабрана і аддадзена ў арэнду зямля, а 10 кастрычніка таго ж года па распараджэнні Міністэрства асветы і рэлігійных вызнанняў і пры паразуменні з вышэйшымі ўладамі Польскай праваслаўнай царквы, праваслаўны прыход у Малым Мажэйкаве быў скасаваны. Пісаліся розныя заявы ў адміністрацыйныя інстанцыі, звярталіся да варшаўскага мітрапаліта, урада і дэпутатаў польскага сойму з просьбай пра абарону. 4 красавіка 1925 года ў доме святара паліцыяй быў зроблены ператрус, а праз некалькі месяцаў намеснік навагрудскага ваяводы даслаў віленскаму епіскапу Фядосію ліст, у якім патрабаваў перавесці Савіцкага ў іншае месца, бо ён «не хоча выконваць распараджэнне польскіх улад і праводзіць агітацыю, шкодную для дзяржавы» [23]. Фядосій у сваім адказе, спрабуючы абараніць святара, пісаў, што Савіцкі ўжо глыбокі стары і за сваё амаль шасцідзесяцігадовае знаходжанне на адным месцы зрадніўся з насельніцтвам прыхода, таму перавод яго ў іншае месца можа стаць фатальным. Неўзабаве 85-гадовага стары злёг у ложак і 3 лютага 1926 года памёр [24]. Аўтар газеты «Беларускае слова», які хаваўся пад псеўданімам «Праваслаўны беларус», пісаў у карэспандэнцыі «Смерць пастыра»: «Ужо некалькі месяцаў хварэў наш дарагі духоўны пастыр - айцец Леў Савіцкі. У сераду, 3-га лютага, яго не стала. Весткі аб яго смерці хутка разыйшліся па ваколіцы і ўсюды выклікалі вылікі смутак і жаль. Леў Савіцкі прабыў у нас у Мураванцы 63 года. ...Але апошнім часам нашаму дарагому пастыру прышлося перанясці адну бяду за другой. Яго прыход пастанавілі скасаваць.

Айцец Савіцкі, не гледзячы на свае 90 гадоў, пачаў энергічна працаваць, каб як-небудзь уратаваць царкву. Ён пісаў заявы да вышэйшых уладаў, потым езьдзілі нават і прадстаўнікі нашага прыходу. Але ўсе гэта дарэмна. Праз нейкі час ад нашага прыходу адабралі ўсю царкоўную зямлю. Гэта было цяжкім ударам для усіх нас, а таксама і для нашага пастыра. Клопаты зусім падарвалі яго і без таго ўжо слабыя сілы і ён хворы паклаўся ў ложак, каб больш не устаць.

Здавалася, што памершы айцец ўжо нікому не перашкаджае. Аднак-жа выйшла інакш. Быў атрыманы ад мясцовага старасты загад, якім забаранялася хаваць нябожчыка каля царквы, прычына... што царква стаіць у населеным месцы. А два месяцы назад, у м. Беніцы Ашманякага пав., пахавалі свяшчэнніка каля царквы, хаця апошняя і стаіць пасярод мястэчка. ... Дык прыйшлося нясці нашага пастыра за 2 вярсты на могілкі, дзе ў старой капліцы ён і знайшоў свой апошні прытулак»[25].

Пэўна, айцец Леў быў адзіным праваслаўным святаром на Лідчыне, якога ціснула новая ўлада. Бо ўсе астатнія святары ў 1926-м ужо наўпрост атрымлівалі грошы ад польскага урада [26].

Павятовы стараста загадаў царкву зачыніць і ключы ад яе перадаць мясцоваму благачыннаму. Аднак 25 лютага 1926 года ў Малое Мажэйкава да псаломшчыка прыехаў камендант паліцыі і адабраў ключы ад царквы. Не атрымаўшы ключы, благачынны, у прысутнасці двух святароў і панятых, апячатаў царкву [27].

Тым не менш вернікі працягвалі барацьбу і маліліся ў невялікай капліцы на могілках, якая не магла змясціць усіх прыхаджан. Вось што пісаў у часопісе «Праваслаўная Беларусь» аўтар пад псеўданімам «Мураванскі прыхаджанін» у артыкуле пад назвай «Маламажэйкаўская «мураванская» царква»: «Вось ужо два гады, як нашая Маламажэйкаўская царква ... зачынена. У лютым прошлага года памёр наш свяшчэннік а. Леў Савіцкі. ... З зачыненнем царквы палажэнне у нашым прыходзе, маючым больш за 2000 душ, стала надта цяжкім. ... шмат прыхаджан не маюць магчымасці бываць у царквах суседніх прыходаў, якія знаходзяцца ад нас на досыць значных адлегласцях. Аб адчыненні царквы парафіяне хлапаталі, дзе толькі можна. Ездзілі ў гэтай справе не толькі да п. старасты і п. ваяводы, але і ў Вільню да Архіепіскапа і ў Варшаву да Мітрапаліта і нават у Міністэрства. Усюды абяцалі разгледзець справу, але ... нажаль ніякіх рэзультатаў не атрымалі. У астатні час нашым дэлегатам у старостве абвешчана, што ўся справа скіравана у міністэрства; у міністэрстве ж кажуць: "будзьце спакойны, справа адаслана да мітрапаліта, ад каторага ўсе залежыць", а мітраполія адпраўляе ізноў у міністэрства, кажучы, што ўся справа залежыць ад гэтага апошняга. З'явілася нейкае зачараванае кола. ...». Гэты ж аўтар пісаў, што летам 1927 года ў вёску з прапановай пераходу ў унію прыязджаў уніяцкі святар Васіль Гапановіч, ён меўся узяць на сябе справу аднаўлення царквы перад уладамі. Цікава, што «Мураванскі прыхаджанін» у якасці доказу старажытнасці сваёй праваслаўнай царквы спасылаецца на васьміканцовыя крыжы на вежах, якія, як вядома, былі зроблены на надбудаваных вежах толькі падчас рэканструкцыі ў 1872 годзе [28].

З кнігі Л. Маракова «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967» вядома, што сын Льва Савіцкага, Міхал Львовіч, які нарадзіўся ў 1869 годзе ў вёсцы Мураванка Лідскага павета Віленскай губерні, згодна з дадзенымі архіва НКУС «беларус, з духоўнага саслоўя, сярэдняя адукацыя, святар царквы ў м. Старобін». Быў арыштаваны 06.08.37 г. і асуджаны 10.09.37 г. «тройкай» за антысавецкую агітацыю паводле арт. 72 КК БССР да вышэйшай меры. Расстраляны ў Слуцкай турме 17.09.37. г. Міхал Львовіч скончыў Літоўскую духоўную семінарыю і быў рукапаложаны ў іерэі ў 1894 годзе. З 1898 года быў настаяцелем Раства-Багародзіцкай царквы вёскі Поўбераг Навагрудскага павета. З 1906-га служыў у Петра-Паўлаўскай царкве вёскі Вялікія Жухавічы Навагрудскага павета. З лютага 1915-га настаяцелем Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Старобін Слуцкага павета [29]. 8.09.1937 г. у Разані быў арыштаваны ўнук Льва Савіцкага - настаўнік Разанскай спецыяльнай школы № 15 Савіцкі Вадзім Міхайлавіч (нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Паўбераг). 19.10.1937 г. асуджаны камісіяй НКВД і пракуратуры СССР за «сістэматычную антысавецкую агітацыю і контррэвалюцыйную прапаганду сярод насельніцтва» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Маскве на палігоне НКВД «Аб'ект Бутава» 21.10.1937 г. [30].

Так атрымалася, што ідэалагічная вайна, якую вяла імперыя, верным жаўнерам якой быў айцец Леў Савіцкі, пасля 1920-га года не скончылася і сапсавала яму старасць. А «чырвоная імперыя» забіла яго сына і ўнука.



[1] Горны Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. № 2. - 2013. - С. 46.

[2] Завала Віктар. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе. №9-2000. С. 64-65.

[3] Маломожейковская «Мурованная» церковь. Вильна. 1907. С. 17.

[4] Савицкий Лев. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. № 42 - 1873. С. 369-371.

[5] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. № 8 - 1907. С. 169.

[6] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 100.

[7] Падстаўка-ножка на ніжняй дошцы абкладкі кнігі.

[8] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты царкваў Лідскага і Слонімскага Дэканата. 1784 г. С. 45.

[9] Савицкий Лев. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. № 34 - 1873. С. 306.

[10] Пра І. Каяловіча гл. Протаіерэй Іосіф Каяловіч // Лідскі летапісец № 1-2 (45-46) - 2009. C. 23.

[11] Савицкий Лев. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. № 33 - 1873. С. 298-299.

[12] Завала Віктар. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе № 9. - 2000. - С. 63.

[13] Шчакаціхін, М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Менск, 1928. Т. 1. С. 256.

[14] Савицкий Лев. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. № 36 - 1873. С. 322.

[15] Литовские Епархиальные Ведомости. № 4 - 1873. С. 51.

[16] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. № 8 - 1907. С. 168.

[17] Литовские Епархиальные Ведомости. № 45 - 1902. С. 375-377.

[18] Завала Віктар. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе. № 9. - 2000. - С. 64-65.

[19] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. №8-1907. С. 158-162.

[20] zvyazda.minsk.by/ru/pril/article.php?id=101149

[21] Горны Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. № 2. - 2013. - С. 46.

[22] Там жа.

[23] Там жа. С. 47.

[24] Там жа.

[25] Беларускае слова. № 5 - 1926. С. 3.

[26] Спіс неадкладнай дапамогі праваслаўным духоўным Лідскага павета за сакавік і красавік 1926 г.: Голдаўскі прыход, Кудасаў Уладзімір (благачынны) - 80 злотых; Зблянскі прыход, Валкоўскі Мікалай (настаяцель) - 65 злотых; Жыжмянскі прыход, Шчэрбіцкі Юзаф (настаяцель) - 65 злотых; Дакудаўскі прыход, Аляхновіч Ян (настаяцель) - 65 злотых; Радзівонішскій прыход, Коршун Рыгор (настаяцель) - 65 злотых; Табольскі (Беліцкі) прыход, Яцкевіч Ян (настаяцель) - 65 злотых; Баброўскі прыход, Бяляеў Аляксандр (настаяцель) - 65 злотых; Ганчарскі прыход, Малевіч Дзмітры (настаяцель) - 65 злотых; Лідскі прыход, Кірык Уладзімір (настаяцель) - 65 злотых; Лябёдскі прыход, Шыкаловіч Сымон (настаяцель) - 65 злотых; Ракавіцкі прыход, Флораў Уладзімір (благачынны) - 80 злотых; Глыбоцкі прыход, Загорскі Антон (настаяцель) - 65 злотых; Дэмбраўскі прыход, Мышкоўскі Базыль (настаяцель) - 65 злотых; Дзікушскій прыход, Жэброўскі Барыс (настаяцель) - 65 злотых; Арлянскі прыход, Галянкевіч Мікалай (настаяцель) - 65 злотых; Астрынскі прыход, Ліхнякевіч Ян (настаяцель) - 65 злотых, Лебедзеў Мікалай (вікарый) - 40 злотых; Пакроўскі (Сабакінскі) прыход, Шчастны Юстын (настаяцель) - 65 злотых; Турэйскі прыход, Ленько Кірыл (настаяцель) - 65 злотых; Шчучынскі прыход, Драздоў Рыгор (настаяцель) - 65 злотых. // Загідулін, А. М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2010. - С. 162.

[27] Горны Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. № 2. - 2013. - С. 47.

[28] Праваслаўная Беларусь. № 5 - 1927. С. 10-11.

[29] Маракоў, Л. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917- 1967. Т. 2. // Рэжым доступу: marakou.by/by/davedniki/repres_nastaunik/tom-iv-kniga-ii/index_24965.html. - Дата доступу: 12.08.2013.

[30] Маракоў, Л. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі Т. IV. Кн II. // Рэжым доступу: marakou.by/by/davedniki/repres_nastaunik/tom-iv-kniga-ii/index_24965.html. - Дата доступу: 12.08.2013.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX