Папярэдняя старонка: Святары

Кс. Міхал Шалкевіч. Апостал беларускай мовы 


Аўтар: Марцішэўская Ангеліна,
Дадана: 26-05-2022,
Крыніца: Марцішэўская Ангеліна. Апостал беларускай мовы // Слова Жыцця. №11(586), 29 мая 2022.



"Святы Ойча! Больш за мільён беларусаў-католікаў у Польшчы, як частка 12-мільённага беларускага народу, стаўшы на шлях культурнага і палітычнага адраджэння, шпарка імкнецца ўперад. […] Гэная стагнацыя, гэная пераробка нашага роднага на чужое страсае нейкім жахам смерці кожную хоць крыху свядомую душу беларускую".

Такімі словамі пачынаецца "Мемарыял пятнаццаці" з 1925 года, адным з аўтараў якога з'яўляецца кс. Міхал Шалкевіч, руплівы абаронца беларушчыны. У згаданы перыяд заходняя частка беларускіх зямель знаходзілася пад уладай Польшчы, Кс. Міхал Шалкевіч. якая, у сваю чаргу, якраз падпісала канкардат з Апостальскай Сталіцай. Дакумент змяшчаў пункты, што ўскладнялі душпастырства беларусаў. Між іншым - немагчымасць увядзення беларускамоўных казанняў і набажэнстваў, бо змена мовы ў гэтых выпадках магла быць здзейснена толькі з дазволу канферэнцыі біскупаў Польшчы. Гэта і падштурхнула 15 беларускіх святароў на чале з кс. Шалкевічам, тагачасным пробашчам у Тракелях, выступіць супраць палажэнняў канкардата, якія ўціскалі правы беларусаў.

Служэнне кс. Міхала прыпала на зменлівы і ліхі перыяд у гісторыі нашай краіны: Беларусь у складзе Расійскай імперыі, баявыя дзеянні І Сусветнай вайны на нашых тэрыторыях, пасля падзел фронтам і нямецкая акупацыя, затым рэвалюцыя ў Расіі і хваля актывізацыі розных сацыяльных груп, на заканчэнне - савецкі атэістычны час. Пры кожным становішчы кс. Шалкевіч захоўваў вернасць Хрысту і клопат пра беларускую індывідуальнасць. Каб не настала "цемната рэлігійная" і "нацыянальная смерць", як згадваецца ў "Мемарыяле".

АСОБА З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ

Кс. Міхал Шалкевіч паходзіў з вёскі Дубавая Гродзенскага раёна з сям'і, дзе выхоўвалася 10 дзяцей. Магчыма, адтуль ён вынес і прыклад стаўлення ў любові да кожнага чалавека. Як пасля ўзгадвала яго пляменніца, "дзядзька, кс. Міхал Шалкевіч, заўсёды казаў, што нават калі я буду мець апошні кавалак хлеба, але буду бачыць, што хтосьці галодны, то павінна з ім падзяліцца".

Святар сцвярджаў, што неабходна рэформа з павелічэннем сялянскіх гаспадарак за кошт абшарніцкіх, каб сяляне, гледзячы на няроўнасць, не сталі прыхільнікамі сацыялізму.

Духоўную фармацыю будучы святар атрымліваў у Віленскай семінарыі. Адметна, што падчас вучобы ён быў удзельнікам гуртка клерыкаў-беларусаў, які ставіў за мэту вывучэнне яго ўдзельнікамі беларускай культуры. Пасля кс. Міхал актыўна выкарыстоўваў атрыманыя веды падчас катэхізацыі, каб данесці сэнс Евангелля да вяскоўцаў на зразумелай для іх мове.

У 1915 годзе ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, адразу распачаўшы плённую службу на ніве Пана. Спачатку быў накіраваны на працу ў Маскву, дзе дапамагаў палякам-мігрантам, пасля пачаргова служыў у маленькіх мястэчках Беларусі. Характэрнай рысай кс. Шалкевіча з'яўлялася тое, што ён заўсёды стараўся цікавіцца жыццём таго месца, дзе служыў, і прымаць у ім актыўны ўдзел. Пра гэта сведчаць манаграфіі і артыкулы, якія святар прысвячаў вёскам, у якіх выконваў душпастырскую паслугу.

Не пакідаў без клопату і матэрыяльны бок жыцця сваіх парафіян. У Тракелях кс. Міхал садзейнічаў арганізацыі кааператыўнай малачарні, дзе займаў пасаду старшыні Нагляднай рады. Між іншым, ён дапамагаў з асветай сялян у пытанні рацыянальнай гадоўлі жывёлы і цудоўна разбіраўся ў фінансавым боку справы.

Падчас абедзвюх акупацый кс. Міхал ставіў сабе за мэту клопат пра пакрыўджаных. З яго дапамогай адпраўляліся харчовыя пасылкі сем'ям, сасланым у Сібір. А тых, каго хацелі вывезці на прымусовыя працы ў Германію, ён выкупаў праз хабар з сала і алкаголю. Разам з тым вядома гісторыя, як кс. Шалкевіч выпрасіў у нямецкага каменданта адмяніць рашэнне аб расстрэле габрэяў у Тракелях, а таксама дапамагаў уцекачам з мясцовага гета.

Нягледзячы на спагадлівасць святара, у 1949 годзе кс. Міхал быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці - захоўванні ў сваім памяшканні адмысловай літаратуры - і асуджаны на 10 гадоў лагернай працы на Урале. Камуністычныя ўлады нават не прынялі пад увагу, што ксёндз хаваў у сябе не толькі "забароненую публіцыстыку", але і савецкага партызана, якому пагражала расправа ад фашыстаў, а таксама матэрыяльна ўтрымліваў яго сям'ю.

Падчас знаходжання ў лагеры кс. Міхал атрымліваў ад вернікаў харчовыя пасылкі і, следуючы свайму жыццёваму credo, дзяліў іх з іншымі зняволенымі. З лагера святар быў звольнены раней як інвалід. Вярнуўся ў Беларусь, пасля ў Польшчу, дзе памёр і пахаваны.

"ШЧЫРЫ БЕЛАРУС"

Прапаведаваць на беларускай мове кс. Міхал пачаў у 1917 годзе, калі пасля Лютаўскай рэвалюцыі, атрымаўшы адносную свабоду ў дзеяннях, біскуп Эдвард Роп выдаў дэкрэт, каб у вясковых і местачковых парафіях Дзісеншчыны ў казаннях і дадатковых набажэнствах ужывалася беларуская мова. У тыя часы такое было рэдкасцю, бо ў асноўным мясцовы Касцёл карыстаўся польскай мовай. Для большасці вернікаў гэта быў першы выпадак, калі яны пачулі казанне па-беларуску, маючы магчымасць "дакрануцца" да Слова. Аднак кс. Шалкевіч не проста следаваў наказу, але быў сапраўдным патрыётам. Напрыклад, яшчэ да выхаду загаду ён прымаў удзел у з'ездзе ксяндзоў-беларусаў, на якім абмяркоўваўся лёс беларускага народа і перспектывы развіцця адмысловага душпастырства.

У 1920 годзе кс. Міхал Шалкевіч распачаў служэнне ў Тракельскай парафіі. Праз дзесятак гадоў ён быў узнагароджаны мясцовымі ўладамі за грамадскую дзейнасць. Памяць пра яго паслугу ў гэтым месцы жывая да сёння. 14 мая ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай адбылася св. Імша з нагоды 100-годдзя прызначэння кс. Міхала пробашчам у парафію.

У Тракелях святар ужо не прапаведаваў па-беларуску з прычыны шматлікіх непаразуменняў у Віленскай дыяцэзіі па нацыянальных і моўных пытаннях. Аднак ён распаўсюджваў сярод мясцовых вернікаў перыёдыку і літаратуру на беларускай мове. З гэтай жа прычыны быў абвінавачаны польскім "Dziennikiem Wilenskim" у шкоднай для польскай дзяржавы беларускай агітацыі. Аднак палітычна кс. Міхал быў лаяльны да польскай улады, ён проста хацеў клапаціцца пра беларускія душы.

Успаміны грэка-каталіцкага святара Льва Гарошкі: "Як жа не адведаць такога святара «на правінцыі», якога суседзі палякі называюць шчырым беларусам?! Кс. Міхась Шалкевіч якраз канчаў працу ў пчальніку, калі я з'явіўся ў ягоным садзе. Ён сапраўды вельмі ўсцешыўся, што я завітаў да яго. Гаварылі мы з кс. Шалкевічам да позняе начы аб усіх нашых радасных і сумных справах. Там, у ягонай парафіі, больш чым дзе можна было назіраць, у якой атмасферы жывуць беларускія святары і вернікі ў Віленшчыне. На абшырным дворышчы каля прэзбітэрыі працавала некалькі чалавек. Здалёк чуваць было, што між сабою яны гаварылі па-беларуску, але як толькі заўважылі , што я, незнаёмы для іх чалавек, праходжу каля іх, адразу сціхлі і працавалі моўчкам".

Рэдакцыя газеты выказвае падзяку краязнаўцу Кастусю Шыталю за дапамогу ў пошуку матэрыялаў для артыкула.

Апрацавала Ангеліна Марцішэўская

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX