Папярэдняя старонка: Святары

Ксёндз Віктар Шутовіч і горад Ліда 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 16-05-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Горад Ліда ў лёсе ксяндза Віктара Шутовіча // Лідскі Летапісец. 2018. № 3(83). С. 49-51.



Ксёндз Віктар Шутовіч нарадзіўся ў вёсцы Шутовічы былой Смаргонскай воласці. Пачатковую адукацыю атрымаў у Смаргоні і потым паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1913 г., пасля чаго быў высвечаны на святара: «З духоўнай семінарыі я выйшаў мала да жыцця прыгатаваны. А да беларускага жыцця, дык тады я быў скарэй упярэджаны, чым з ім абзнаёмлены. Надта многа гаварылася тады аб літвінох, пра беларусаў таксама ўжо добра чувалася. Дзіўныя мне словы «літвоман», «бялорусоман» аб мае вушы абіваліся. ... Старэйшыя ксяндзы нас маладых гэтымі словамі страшылі. ... тады хапіла толькі малога падазрэння, што нехта з ксяндзоў мае нахіл у літоўскі ці беларускі бок, каб яго за гэта кідаць як найдалей ад Вільні і ад людскіх беларускіх ці літоўскіх асяродкаў» [1].

Святарскую працу ксёндз Віктар Шутовіч пачаў у Лідзе, і хоць працаваў тут непрацяглы час, але лідскі перыяд быў важным, вызначальным і адбіўся на ўвесь далейшы жыццёвы шлях. Вось што пісаў а. Віктар у сваіх успамінах: «Я не жалеў Вільні і радасна паехаў на вікарага ў Ліду. Шчырым сэрцам там спаткалі мяне: кс. дзекан Шкоп і двух ягоных вікарых.

Ксёндз Віктар Шутовіч.

Сярод ксяндзоў я трымаў польскі тон. На плябаніі і ў касцёле я гаварыў у Лідзе па-польску. Па дварох я езьдзіў на гарбаткі, і адведвалі мы ў Лідзе чыноўнікаў, якія хоць цару служылі, але ў часе з сабой яны гаварылі па-польскі. Мяне ўжо тады да гэтых сфераў лішне не цягнула. У такіх гасьцях я часта пазяхаў і дамоў рупіўся. Я спасьцярог вялікую розніцу паміж жыцьцём на плябаніі і жыцьцём парахвіянаў. Саткнуўся я з людзьмі ў спавядніцы і чуў, што ім памагчы трэба па-беларуску. Тады яшчэ я ня быў сьвядомым беларусам, але ўжо нешта падобнае ў мяне завязывалася. У Лідзе я спаткаўся з беларускім, хоць нясьвядомым яшчэ сьветам. Як паеду я на вёску, ды з людзьмі сваімі спаткаюся, тады я чую, што жыву і для людзей працую. Хоць тады я не гаварыў так з людзьмі па-беларуску, як гэта раблю цяпер. Але я людзям гэтым пяяў беларускія песьні, і людзі мяне за гэта любілі. Гэна маё спатканне з людзьмі было дужа натуральнае, а на'т і рамантычнае ў тым сэнсе, што ў маёй душы развівалася нейкая шырокая любоў да ўсіх тых людзей, сярод якіх я працаваў. Я езьдзіў па калядзе ў самыя далейшыя вёскі. Любіў я тады хадзіць і езьдзіць па берагох Нёмна. Там я спатыкаўся з праваслаўнымі, але і да іх я ў душы сваёй ня тое чуў, што на маім месцы чуў другі ксёндз польскі. Расказвалі мне гэныя беларусы, як у іх перад гэтым быў кс. В., што праваслаўных сьвяціў вадой з Нёмна, а праваслаўныя яго баяліся і ад яго ўцякалі і жаліліся на яго свайму бацюшку. У гэных вёсках я начаваў, і пятухі мяне там раніцай будзілі. ...

У Лідзе я любіў хадзіць у акружны суд і да прысягі людзей даводзіць. І зноў з новым для сябе сьветам я спаткаўся там. Расейскі царскі суд выглядаў дужа паважна. Яны на'т па рублю плацілі духавенству за кожную прысягу. На гэных судох засядалі прысяжныя, сьмятанка з тутэйшых людзей у павеце. Раз гэтак на судзе я побач сядзеў са старэнькім бацюшкам, настаяцелем ў Лідзе (верагодна, а. Іосіф Каяловіч - Л. Л.). Ён, нахіліўшыся да мяне, далікатна мяне запытаў, якой я народнасьці. У гэтым часе кожны ксёндз, калі гаварыў з бацюшкам, дык мусіў яму сказаць, што ён паляк. У даным выпадку гэта і я зрабіў. А гэны на мяне ўталопіў свае вочы і пытаецца далей, дзе я ўроджаны. Тут я сказаў яму праўду, што з Ашмянскага павету. Тады бацюшка на гэта ўсьміхнуўся, кіўнуў галавой і да мяне кажа: «Які з цябе паляк Ашмянскага ўезду?!» Гэны бацюшкаў сказ мне надта глыбока залез у душу, я яго і сёння помню. Многа я ўжо і перад гэтым думаў, хто я такі? ... Я ведаў добра, што я не расеец і ў душы сваёй я польскасьці не прызнаваўся, бо я чуў там, што я не паляк. ...

Але жыццё мяне папхнула ў шырэйшы свет. Па чатырох месяцах у Лідзе, мяне паклікалі на вікарага ў Віленскую катэдру» [2].

Хутка з Вільні кс. Віктар Шутовіч паступіў ў Пецярбургскую духоўную акадэмію. Скончыў два курсы акадэміі і, не маючы грошай, каб вучыцца далей, пакінуў вучобу. Аднак падчас вучобы кс. Віктар прыязджаў у Ліду: «Калі я з Акадэміі на Каляды прыехаў у Ліду, ды за сталом засеў з ксяндзамі, ды горача павёў новыя гутаркі аб беларускіх справах, мяне даўнія мае калегі і дэкан не пазналі. Сіла маіх аргумэнтаў іх здзівіла. Там за сталом быў і старшы мой калега з Акадэміі кс. Шырокі, але ён маўчаў і не мяшаў мне ў маіх вывядах» [3].

У 1917 г. а. Віктар Шутовіч прызначаны пробашчам у касцёл вёскі Барадзенічы тагачаснага Браслаўскага павета, дзе прабыў да 1927 г. 10 гадоў ён па-беларуску рабіў казанні ў касцёле, арганізоўваў беларускія школы, збіраў фальклор. Але ў 1927 г. а. Віктара прынудзілі пакінуць свой прыход, ён зноў быў пераведзены вікарыем у Ліду.

Беларуская Крыніца» ў 1927 г. пісала: «12 студня сёл. г. па загаду Я. Э. Віленскага Арцыбіскупа Ялбжыкоўскага вядомы беларускі народны дзеяч Кс. В. Шутовіч пазбаўлены парафіі ў Барадзенічах, Браслаўск. пав., і назначаны на вікарага ў Ліду. Дэлегацыя ад усей парафіі, просьбы з цэлым мноствам подпісаў, каб затрымаць у Барадзенічах Кс. Шутовіча не памаглі нічога. Прычыны такой вялікай кары на Ксяндза-Беларуса, паданыя афіцыяльна Кс. Шутовічу Я. Э. Арцыбіскупам, зводзяцца да трох: ненавісьць народу, дрэнная слава ў паважных людзей, а асабліва ў суседніх ксяндзоў і ўрэшце дзейнасьць на шкоду Касьцёла ў Ёдах. ...

Ненавісьці да Кс. Шутовіча ў яго парафіян няма ані сьледу. Уся парафія нязвычайна яго любіць і шануе. Маюць да Кс. Ш. ненавісьць насланыя нам дзеля сеяньня польскай «культуры» розныя чужынцы, як сышчыкі, паліцыянты, вучыцялі. Людзі гэтыя, з касьцёлам пераважна ня маючыя нічога супольнага, маюць сваёй мэтай нішчыць усе праявы беларускага жыцьця. Ясна, што Ксёндз-Беларус, верна служачы свайму народу, не даваў спадобы гэткім асобам. Як даведваемся, нават жменя так званай шляхты ў пар. Барадзеніцкай да Кс. Шутовіча ня мае ніякай ненавісьці, а толькі, дзеля сваей умысловай агранічанасьці, хацела-б, каб у касьцеле ў Барадзенічах ня было зусім мовы беларускай. А гэта нешта цалком іншае ад ненавісьці да самога пробашча, як пастыра і чалавека.

А йшчэ дзіўней выглядае закід Кс. Шутовічу, што ён дзеля таго ня можа астацца ў парафіі, што быццам утраціў добрае імя ў паважных людзей, асабліва ў суседніх ксяндзоў!

Праўда, добрага імя Кс. Шутовіч ня мае ў рознага роду сышчыкаў, праўда такжа, што ня мае ён добрага імені і ў некаторых ксяндзоў суседніх, якія полёнізуюць праз Касьцёл беларускі народ і глумяць усялякія яго адраджэнскія пачынаньні. Але паводле канонічнага права тады ёсьць утрата добрага імені, калі гэтае добрае імя пробашч сапраўды ўтраціў недастойным жыцьцём сваім, або сваякоў, з якімі жыве, або калі выявіўся які даўнейшы немаральны ўчынак пробашча. А гэтага ўсяго ніхто ня сьмее закінуць Кс. Шутовічу.

Урэшце трэці закід больш чым дзіўны. Зводзіцца ён да таго, як мы ўжо ўспомнілі, што Кс. Ш. працаваў на шкоду Касьцёла, што быццам выявілася ў Ёдах. Аказваецца, што тут трэба разумець вось што. Група польскіх авантурнікаў для полёнізатарскіх мэтаў пастанавіла забраць на касьцёл праваслаўную царкву ў Ёдах. Рэч ясная, што да такой «работы» найлепш было б ужыць мяйсцовага пробашча Кс. Шутовіча, але гэты на такую авантуру не пашоў. Здаецца, што, калі-б хто з нас быў большым каталіком, як сам Папеж, дык усёж-дыкі ў гэтай справе прызнаў бы слушнасьць не каму іншаму як Кс. Шутовічу.

Гэткія закіды, аднак пастаўлены Кс. Шутовічу ўладай духоўнай афіцыяльна. Аснова іх, як бачым - прадусім палітычная.

Прыватна ... Арцыпастыр падчорківае, што Кс. Шутовіч, як ксёндз і як чалавек, дужа добры, але што ён адначасна не тактычны і не разьбітны (nie roztropny) і што прадусім дзеля гэтага пазбаўляецца парафіі. Дапусьцім, што так. Але адначасна дазволім запытацца, хто з людзей, будучым на такім ці іншым грамадзкім становішчы, такіх «грахоў» не дапускаецца? Няхай кожнаму адкажа яго сумленьне» [4].

Арцыбіскуп паабяцаў вернікам, якія склалі да яго дэлегацыю, што не будзе іх крыўдзіць і «дасьць другога ксендза або Беларуса, або ўмеючага па беларуску». Але новы ксёндз Станіслаў Мажэйка не ўмеў ці не жадаў размаўляць па-беларуску «калі-ж адважыцца гэта рабіць, дык хіба толькі дзеля таго, каб абсьмяяць беларускую мову» і ніяк не спрыяў беларускай справе [5]. У верасні 1928 г. былы парафіянін а. Віктара пісаў, што кс. Мажэйка павінен быў пасля Шутовіча «... перарабіць нашу парахвію з беларускай на польскую. Вось ён працаваў над гэтым шчыра ... Але, ... у нашай парафіі беларускі дух не аслаб» [6].


Пра свой другі, кароткі, побыт у Лідзе а. Віктар піша ў мемуарах толькі адзін сказ: «Пасьля гэтага быў я назначаны на вікара спярша ў Ліду ...» [7].

Нехта з беларускіх дзеячаў наведаў а. Віктара ў Лідзе. Вось што ён напісаў у «Беларускай Крыніцы» пра гэты візіт: «Ліда. Будучы надоячы ў Лідзе, захацелася мне пазнаёміцца з нашым новым вікарым кс. Шутовічам і выразіць яму свой жаль з прычыны таго гвалту, які ён церпіць ад сільных гэтага сьвету.

Але не думайце, чытачы, што так лёгка ўбачыцца і пагаварыць з кс. Шутовічам, як гэта на першы пагляд здаецца. Каб дайсьці да яго, трэба запасціся вялікай порцыяй нахальства, хітрасьці, а на'т подступу. Ведаючы аб гэтым, я пазваніў на плябанію. Адпёр дзверы нейкі ксёндз і запытаўся, чаго мне трэба. На мой адказ, што хацеў-бы відзецца з кс. Шутовічам, ён вельмі падазрона аглядзеў мяне з ног да галавы, стаў разпытвацца, хто я такі, скуль, чаго хачу ад кс. Шутовіча, што маю супольнага з ім і г.д. Калі я ў чыстай польскай мове адказаў, што кс. Шутовіч ёсьць маім крэўным і школьным калегай, гэты ксёндз-дапрошчык відавочна ўспакоіўся і ненашоўшы нічога «антыпаньствовага» ў маіх словах і агульным выглядзе, казаў мне пачакаць у ганку, а сам пайшоў у пакой. Праз некалькі мінут выйшаў другі ксёндз невялікага росту, але вельмі тоўсты (верагодна - ксёндз-дэкан Баярунец - Л. Л.), і пачаў нанова рабіць дапрос. Вось тут то я і пазнаў, што маю дзела з старшым, бо ні адзін сышчык, ані сьледавацель мяне так не дапрашываў падрабязна, як гэты ксёндз. Хоць я моцна стараўся захаваць супакой і адказваць не заікаючыся, але гэты тоўсты дапрошчык, відаць, пазнаў мой подступ, з пагардай адвярнуўся ад мяне, нічога не сказаў, а толькі тыкнуў пальцам на сходы, што мела значыць - там жыве кс. Шутовіч, і пайшоў у пакой. Я паднімаючыся на сходах сумна разважаў над навукай Хрыстуса і паступкамі некаторых яго слуг, як прыкладам гэты тоўсты ксёндз-дапрошчык. Кс. Шутовіча найшоў такім, якім яго знаў з газэт: энэргічным і ахвотным да далейшай працы на ніве адраджэння нашага народу. З далейшай гутаркі я пазнаў, што гэта чалавек жалезнай волі, што ніякая бура яго ня зломіць, ніякія гвалты, уціскі не заб'юць яго, што ён жыцьцё сваё ложыць на аўтар адраджэньня нашай Бацькаўшчыны. Дык памажыж яму, Божа, у яго працы і дай яму дачакаць лепшага заўтра!

С. Хлопскі.» [8]


На пачатку 1928 г. «Беларуская Крыніца» паведаміла што кс. Шутовіча будуць судзіць па арт. 129., частка 1., пункты 3 - 6 К.К. за «падбурэнне адной часткі насельніцтва проці другой» [9]. Суд адбыўся ў Браславе ажно 15-га снежня, і на падставе амністыі справа а. Віктара Шутовіча была скасавана [10].

У 1928 г. а. Віктар Шутовіч быў пераведзены ў вёску Тшцяна (Trzciana) каля Ломжы. З 1929 па 1932 г. ён служыў у ЗША.

У 1932 г. пераведзены вікарыем і прэфектам у Хорашчы (Choroszczy) каля Беластока. З вясны 1944 г. па 1945 г. служыў у Чырвоным касцёле Менска. 26 студзеня 1945 г. арыштаваны савецкімі ўладамі, прысуджаны да 10 гадоў турмы. Выйшаў на волю 20 сакавіка 1955 г., з 1956 г. нелегальна служыў у Барысаве, дзе і памёр 1 сакавіка 1960 г.

А. Віктар Шутовіч з'яўляецца складальнікам зборніка «Калядныя песьні», выдадзенага Нінай Абрамчык у Берліне і аўтарам драмы «950 гадоў хрысціянства на Беларусі».



[1] Ks. V. Śutovič. U 25-tyja ŭhodki majho śviatarstva (1913 - 1938) // Chryścijanskaja Dumka № 16(164), 1 červienia 1938.

[2] Там жа.

[3] Ks. V. Śutovič. U 25-tyja ŭhodki majho śviatarstva (1913 - 1938) // Chryścijanskaja Dumka № 16(164), 1 červienia 1938.

[4] Biełaruskaja Krynica № 4, 21 stydnia 1927.

[5] Там жа.

[6] Bełaruskaja Krynica № 44, 1 wieraśnia 1928.

[7] Ks. V. Śutovič. U 25-tyja ŭhodki majho śviatarstva (1913 - 1938) // Chryścijanskaja Dumka № 19(166), 20 červienia 1938.

[8] Bełaruskaja Krynica № 14, 1 krasawika 1927.

[9] Biełaruskaja Krynica № 2, 21 stydnia 1928.

[10] Biełaruskaja Krynica № 58, 21 śniežnia 1928.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX