Папярэдняя старонка: Міхал Шымялевіч

Мiхал Шымялевiч. Крэскi да бiяграфii найлепшага гiсторыка горада Лiды 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 08-11-2016,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Мiхал Шымялевiч. Крэскi да бiяграфii найлепшага гiсторыка горада Лiды // Лідскі летапісец 2016. № 1 (73). C. 45–58.



Крэскi да бiяграфii найлепшага гiсторыка горада Лiды

«Прыйдзе час - i ўсе i мы ... вернемся да сваёй любiмай старонкi .... да Лiды». Мiхал Шымялевiч


Мой цесць асабіста ведаў героя гэтага артыкула i чуў ягоныя расказы з гiсторыi нашага горада. У 1930-я, адносна цiхамiрныя гады, рэгулярна ў доме Сегеняў па вулiцы Вызвалення збiралася «колко» сяброў-выпускнiкоў лiдскай павятовай вучэльнi: Мiхал Шымялевiч, Сегенi, Хрулi, Кароль Ёдка i г. д.1 [1]. Мой цесць, Iосiф Хруль, дзiцем удзельнiчаў у гэтых «клубных» зборах разам з сваiм бацькам, таксама Iосiфам Хрулем, i сваiм стрыечным братам Адамам Хрулем. Бог даў майму цесцю, шляхцiцу старажытнага лiдскага роду, 84 гады жыцця, i я меў магчымасць на працягу некалькiх дзесяцiгоддзяў пад добры кiлiшак весцi бясконцыя размовы, падчас якіх часта ўзгадавалася гiсторыя нашага горада. Праз нейкi час я таксама пачаў пiсаць, бо нармальная для iнжынера 1980-х гадоў цяга да гуманiтарных навук вылiлася ў галоўнае хобi майго жыцця - вывучэнне гiсторыi Лiдчыны. Да гэтага часу ў нашым горадзе ўжо адрадзiлася супольнасць лю дзей, замiлаваных гiсторыяй Лiды, мне было дзе друкавацца, з кiм кансультавацца i весцi бясконцыя размовы на вузкаспецыяльныя тэмы. Як кажуць, на пустым месцы нiчога не нараджаецца - супольнасць даследчыкаў гiсторыi Лiдчыны мае ўжо больш чым 200-гадовую гiсторыю.
Для мяне (беларуса з КПЗБ-шнымi каранямі) найвышэйшай адзнакай як краязнаўцы былi словы майго цесця, якi за святочным сталом, жартуючы пасля перакуленага кiлiшка, неаднаразова казаў: «Ведаў у жыццi двух самых добрых знаўцаў нашай гiсторыi - Шымялевiча i свайго зяця».
Таму я не мог не пачаць збiраць звесткi пра найлепшага ў ХХ ст. знаўцу лiдскай гiсторыi Мiхала Шымялевiча i ў вынiку напiсаць пра яго.


Мiхал Шымялевiч (18.10.1879-11.01.1969, Michal Szymielewicz (Szymilewicz)).

Пра Мiхала Iванавiча Шымялевiча напiсана зусiм мала, першы артыкул пра яго надрукаваны Станiлавам Суднiкам ў «Лiдскiм летапiсцы» [2], другiм з'яўляецца мой артыкул у «Нашым слове» [3].

Мiхал Шымялевiч, Michal Szymielewicz(18.10.1879-11.01.1969).

У адным са сваiх артыкулаў - «Borcie i wlosc Borcianska» - Мiхал Шымялевiч паведамiў, што, згодна з iнвентаром Барцянскага староства 1765 г., барцяк вёскi Паўлока Мiхал Шымялевiч меў 3/4 валокi зямлi i плацiў штогод 30 злотых, а, згодна з iнвентаром 1798 г., ягоны сын Марцiн Шымялевiч меў 1 дым (яго сям'я: 2 мужчынскія душы i 3 жаночыя) i 1 вала, 4/8 «osiadlych» валокi i 4/8 «pryjemnych» валокi, штогод адбываў паншчыну 2 дні ў тыдзень на дворнай зямлi i плацiў 40 злотых падатку. Другi сын Мiхала, Ян, перасялiўся ў Падзiтву. Сын Марцiна i ўнук Мiхала, таксама Мiхал Шымялевiч, нарадзiўся ў Паўлоцы ў 1801 г. (маці Мар'яна з Вiшнеўскiх) i жыў на адной валоцы зямлi сям'i сваёй жонкi ў вёсцы Пеляса. Згодна з iнвентаром 1832 г., ён адбываў на дворнай зямлі ў Палашках ужо 3 днi паншчыны акрамя iншых абавязкаў i выплат. Тут, у Пелясе, 6 жнiўня 1830 г. нарадзiўся бацька гiсторыка - Ян Шымялевiч, сын Мiхала.

Аўтар кнiгi «Гербоўнiк лiтоўскiх татар» Станiслаў Дзядулевiч пiсаў, што продкам татар Яблонскiх герба «Ясенчык» быў татарын знакамiтага роду Кураша, якi ў 1511 г. атрымаў пацвярджэнне прывiлея вялiкага князя Аляксандра на пустоўшчыну Станкоўшчыну ў Троцкiм павеце. Пра род Шымялевiчаў гiсторык тлумачыў, што яны мелi адзiныя з Яблонскiмi каранi i дапускаў, што адзiн з iх « прыняў прозвiшча, скажонае пад уздзеяннем беларускай мовы на "Шымялевiч"» , i, акрамя гэтага, дадаваў, што: « Нашчадкам яго быў Мiхал Шымялевiч, аўтар брашуры, выдадзенай у 1896 г. , (памылка, насамрэч у 1906 г. - Л.Л. ) « Szkice etnograficzne o Tatarach litewskich» i каштоўных нататак пра татараў Лiдскага павета, шматкроць у гэтай кнiзе цытаваных» [4].

Шымялевiч не пагаджаўся з «татарскай» версiяй паходжання свайго роду i лiчыў, што Шымялевiчы - род сялянскi i паходзіць з прускiх барцякоў [5].


Мiхал Шымялевiч пачаў адукацыю ў Лiдскай павятовай вучэльнi [6]. Каля 1890 г., падчас яго вучобы, у Лiдскiм двухкласным павятовым вучылiшчы выкладалi: штатны наглядчык (дырэктар), выкладчык матэматыкi i геаграфii, надворны дарадца Сцяпан Сямёнавiч Свiдэрскi, протаiерэй Каяловiч Iосiф Восiпавiч - настаўнiк праваслаўнага веравызнання, ксёндз Iосiф Дэкснiс - настаўнiк каталiцкага веравызнання, настаўнiк рускай мовы i гiсторыi Уладзiмiр Паўлавiч Юзафовiч, настаўнiк чыстапiсання, чарчэння i малявання Мiкалай Канстанцiнавiч Кастанцiнаў [7].

З памятнай кнiжкi Вiленскай губернi за 1901 г. бачна, што на пачатку стагоддзя малады Шымялевiч ужо працаваў у Лiдскай судова-мiравой акрузе, канцылярыi з'езду мiравых суддзяў, памочнiкам сакратара («на пасадзе з 12 сакавiка 1898 г., каталiцкага веравызнання») [8].

Пры канцы 1903 г. Шымялевiч выводзiцца «за штат»: « Па Лiдскiм з'ездзе міравых суддзяў. Загадам старшынi гэтага з'езду ад 30 лiстапада 1903 г. пастаноўлена: памочнiка сакратара з'езду Мiхала Шымялевiча i судовых прыставаў пры з'ездзе Льва Вiсманта i Мiкалая Пашкевiча, згодна з 15 i 17 арт. Правiлаў прывядзення ў дзеянне Палажэння аб земскiх участковых начальніках, пакiнуць за штатам з 1 снежня 1903 г. на агульных умовах» [9]. Знаходжанне па-за штатам - стан чыноўнiка, якi звольнены ў сувязi з рэарганiзацыяй дзяржаўнай структуры (у сучаснай тэрмiналогii - па скарачэнні). Пакiнутым па-за штатам выплачвалася «заштатнае» жалаванне да атрымання новай працы, але звычайна не больш за год.

У снежнi 1906 г. у Лiдзе было створана сельскагаспадарчае таварыства («Kolko rolnicze»), заснавальнiкамi яго сталi: Мiхал Шымялевiч, Адольф Сегень, Ян Грышэль i iнш. [10].

У 1908 г. [11] Шымялевiч часова займаў пасаду выканаўцы абавязкаў сакратара павятовага з'езду [12]. У гэты час чыноўнiк Шымялевiч працаваў у двухпавярховым цагляным будынку на 12 вокнаў з двума балконамi на другiм паверсе, мезанiнам з балкончыкам на трэцiм, ляпнымi барэльефамi пад карнiзамi, якi быў пабудаваны ў ХIХ ст. у старасвецкім стылi i належаў Камянецкiм. Акрамя павятовага суда, павятовай палiцыi, карчмы з пiвам Мейлаха Пупко, у гэтым жа будынку знаходзіўся павятовы з'езд, якiм кiравалі прадвадзіцелі лiдскага дваранства.


Верагодна, першай надрукаванай працай Шымялевiча была кнiга «Горад Лiда i Лiдскi замак» [13]. Кнiга выйшла ў 1905 г. і праз год перавыдадзена ў штогоднiку «Вiленскi каляндар». Гэтая праца не страцiла сваёй навуковай каштоўнасці да нашага часу (напрыклад, на яе спасылаецца Алег Трусаў у кнiзе «Старадаўнiх муроў адраджэнне. Мiнулае i сучаснасць Лiдскага замка» [14]) i сталася падмуркам усяго сучаснага лiдскага краязнаўства. Кніга выдадзена, калі аўтару было 26 гадоў, а колькасць выкарыстанага аўтарам матэрыялу не можа не ўражваць. Са спасылак бачна, што Шымялевіч ужо паспеў грунтоўна папрацаваць у Віленскі архіве. Але, верагодна, самым важным з'яўляецца тое, што ў гэтай працы, як i ва ўсiх наступных тэкстах лідскага гісторыка, цытуюцца дакументы з яго асабiстага архiву, што яшчэ больш падвышае каштоўнасць зробленага.

З вялiкай бiблiяграфii крынiц па iсламскай тэматыцы даведваемся пра кнiгу «Шимелевич М. Литовские татары. Вильно, 1906» [15]. Станiслаў Дзядулевiч у сваёй кнізе па генеалогii лiтоўскiх татараў піша пра наступныя кнігі Шымялевiча: «Szymielewicz Michal. Szkice etnograficzne o Tatarach litewskich. 1906.» [16] i «Szymielewicz Michal. O tatarach w powiecie lidzkim. Lida. 1914» [17] (верагодна, абедзве кнiгi ўсё ж на рускай мове). Апошняя кніга - рукапіс, які не быў надрукаваны, сам Міхал Шымялевіч пісаў ў рэцэнзіі на кнігу Станіслава Кручынскага «Татары - літоўцы» [18]: «З бібліяграфіі гэтай кнігі, даведаўся, што мае рукапісныя нататкі "Аб татарах літоўскіх у Лідскім павеце" не загінулі, а знаходзяцца ў добрых руках - у зборах сп. Леана Кручынскага ажно ў Гдыні» [19].

Праз шмат гадоў даследчык успамiнаў, як ён збiраў матэрыял для гэтых кнiг: « Болей за трыццаць гадоў таму (тэкст напiсаны ў 1930-я гг. - Л. Л. ), будучы маладым, рухомы адзiна ўласнай цiкавасцю, калi на возе, а часцей пешшу абышоў дзясяткi татарскiх ваколiц i фальваркаў i некалькi мусульманскiх мячэцяў у паветах Лiдскiм, Вiленскiм, Ашмянскiм i Наваградскiм, пабываў у дабрадушных i гасцiнных татарскiх сем'ях i ў вынiку сваiх краязнаўчых вандровак напiсаў такую невялiкую працу пра лiтоўскiх татараў - этнаграфiчныя нарысы. Гэтая кнiжка, пасля таго, як рэдактары прыбралi некалькi вельмi небяспечных, на тыя часы, старонак (напрыклад, пра ахвяраванне чорнага барана, супольныя з праваслаўнымi пiлiгрымкi на мусульманскiя могiлкi), пры канцы 1905 г. надрукаваная ў Вiльнi на 12 старонках» [20].


З 1905 да 1908 г. прозвiшча Шымялевiча знiкае з даведнiкаў Вiленскай губернi.

З успамiнаў Яна Сегеня [21] (гл. дадаткi) вядома, што малады гiсторык-аматар атрымаў грошы ад нейкага польскага гiстарычнага таварыства для вучобы ў Кракаве, верагодна, у знакамiтым Ягелонскiм унiверсiтэце. Як вядома, Кракаў у той час знаходзiўся ў Аўстра-Венгрыi, i можна выказаць здагадку, што вучыўся таленавiты лiдзянiн на сродкі нейкага польскага таварыства ў Кракаве. Атрымаўшы вышэйшую гiстарычную адукацыю ў еўрапейскiм унiверсiтэце, даследчык вярнуўся ў Лiду.

24 лютага 1910 г., пастановай Лiдскага павятовага з'езду, « лiдскаму месцiчу Мiхаiлу Iванавiчу Шымялевiчу дазволена вядзенне чужых спраў, якiя разбiраюцца земскiм начальнiкам Лiдскага павета, гарадскiм суддзёй г. Лiды, у Лiдскiм павятовым з'ездзе i ў Вiленскiм губернскiм "присутствии"» [22]. Як раз пра гэты перыяд ягонай дзейнасцi пiсаў Ян Сегень: « …ён працаваў прысяжным павераным [23] (здаў нейкiя дзяржаўныя экзамены ў Расiйскай iмперыi), вёў справы большасцi маёнткаў вакол Лiды i меў вялiкiя магчымасцi вывучаць дакументы продкаў шматлiкiх сем'яў» (гл. дадаткi).

Пра вывучэнне радавых папераў аднаго з лiдскiх старажылаў - Казiмiра Вiсманта - i працяглыя размовы з iм напiсаў i сам Шымялевiч ва ўспамiнах: « 50 гадоў таму (успамiны надрукаваныя ў 1937 г. - Л.Л. ) быў гэты чалавек у росквiце сiл, трохi сiваваты, трохi лысаваты, але шыракаплечы, румяны i да жанчын цiкаўны. Яго белая хатка пад саламяным дахам, стаяла на Вiсмантах пад Лiдай, пры абсажаным бярозамi наваградскiм гасцiнцы… У старога ў хатцы пад столлю стаяла скрынка, поўная старых пажоўклых папер, пiсаных i па-славянску, i па-польску, памятаючых часы караля Аляксандра Ягелончыка… Стары Вiсмант ведаў на памяць свой вялiкi шматаркушовы радавод з усiмi датамi i ведаў шмат цiкавых гiсторый» [24]. Вось у такi час пачынаў працаваць Шымялевiч, у час, калi ў скрынях шарачковай беларускай шляхты старанна захоўвалiся дакументы XV-XVI стст. на старабеларускай мове!

Казiмiр Вiсмант меў сына, якога ён вучыў на арганiста i ажно чатыры дачкi. « Да пана Казiмiра вечарамi хадзiла на пасядзелкi i размовы лiдская прыгарадная моладзь, вядома, у доме тры дарослыя дачкi i чацвёртая, Броня, ужо ўбiваецца ў пёры» . Моладзь гуляла ў гульні, часам распавядала ўсялякiя цiкавыя гiсторыi, анекдоты, байкi, жахi альбо пра чары i незвычайныя з'явы. « Часам дэкламавалi "Kiwona meczenika bozego" [25] , "Uchwale gromady zydowskiej o oddaniu syna Chaski w soldaty" за тое, што не хадзiў у лазню… альбо такiя вершы, як "Панскае iгрышча" цi "Aдказ на панскае iгрышча" i iншыя, якiя праз нейкi час былi надрукаваныя ў Кракаве ў кнiжачках Мацея Бурачка» [26]. З гэтых некалькiх радкоў бачна, што вершы Францiшка Багушэвiча на Лiдчыне мелi папулярнасць яшчэ да выдання ягоных кнiжак, перапiсвалiся i чыталiся падчас вячорак, што само па сабе з'яўляецца цiкавым навуковым фактам. Вось так у Шымялевiча заўжды: у кожнай сваёй працы ён акрамя галоўнай тэмы, часта ў некалькiх радках, дае яшчэ дадатковую, вельмі цiкавую iнфармацыю, якая шмат каштуе.


Вядома, што ў 1914 г. Міхал Шымялевіч працаваў у Віленскай публічнай бібліятэцы і, верагодна, ён быў апошнім, хто бачыў рукапісы і архівы Тэадара Нарбута якія ў свой час былі прывезены сюды з Шаўроў пасля смерці гісторыка па камандзе Мураўёва-вешальніка [27].

Улетку 1914 г. пачалася Першая сусветная вайна. Праз шмат гадоў Мiхал Шымялевiч напiша найцiкавейшыя ўспамiны пра пачатак Першай сусветнай вайны ў нашым горадзе [28].

У 1914 г. у «Вiленскiх губернскiх ведамасцях» з'яўляецца iнфармацыя пра Iвана Iванавiча Шымялевiча [29], роднага брата гiсторыка.

У 1915 г. Шымялевiч пакiнуў родны горад, стаў бежанцам. Стары лiдзянiн Iосiф Хруль, мой цесць, успамiнаў: « Калi Шымялевiч уцякаў ад немца ў Першую сусветную вайну, ён свае рэчы адвёз на захаванне ў Ёдкi (вёска пад Лiдай. - Л.Л. ), дык у яго толькi кнiг быў поўны воз!» [30]. Пэўна ж, у гэтым возе быў i архiў даследчыка.

Пасля 1918 г. Шымялевiч вярнуўся ў Лiду i перажыў усе навальнiцы, якiя прайшлi праз наш горад. Пiшучы ў 1937 г. аб расстрэле Тухачэўскiм у жнiўнi - вераснi 1920 г. пад Лiдай 40 бязвiнных закладнiкаў, ён заўважыў: « Мой Божа! Цi ж гэты малады i хцiвы да славы i ўлады, iнтэлiгентны афiцэр Тухачэўскi, якога бачыў я на вулiцах Лiды ў аўтамабiлi, пакрытым чырвонай палярынай з залатымi махрамi, калi зацверджваў выракi асобага аддзела, ці думаў ён пра тое, што калiсьцi i сам ён будзе расстраляны ў патылiцу з браўнiнга? Забiты так, як i няшчасных ахвяр забiвалi па яго камандзе» [31].

9 лiстапада 1922 г. была абрана першае польскае лiдскае павятовае самакiраванне ў складзе Павятовага аддзела i Павятовага сoймiка. Сярод 6 членаў Павятовага аддзела быў i Мiхал Шымялевiч [32]. Лідскі выбарчы спіс 1927 г. Виленская газета  Slowa №161–1927. Гэта значыць, што гiсторык адразу патрапiў у «вярхi» польскай павятовай улады. Але пасля стварэння ў кастрычнiку 1926 г. у Лiдзе гуртка «Таварыства беларускай школы» [33] Мiхал Шымялевiч стаў сябрам гэтай арганiзацыi. ТБШ была створаная ў 1921 г. у Вiльнi i iмкнулася распаўсюджваць веды i дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускiя школы i беларускую асвету, у статуце арганiзацыi было напiсана: « Пашыраць i памагаць асвеце ў беларускiм нацыянальным, людскiм i хрысцiянскiм духу» .

У 1927 г. сябар ТБШ Мiхал Шымялевiч удзельнiчаў у выбарах у Раду г. Лiды. На гэтых выбарах беларусы выставiлi свой асобны спiс i правялi свайго кандыдата. Цiкава, што ў Лiдзе падчас гэтых выбараў польская хадэцыя прапанавала беларусам тры месцы з умовай зблакавацца з iмi супраць яўрэяў. Але беларусы на гэта не пагадзiлiся [34]. Беларуская газета «Наша праўда» пiсала пра гэтую падзею: « Услед за Вiльняй i ў Лiдзе зроблены першы крок да заваявання места - 17.VII адбылiся выбары ў мясцовую Раду i па сьпiсу Беларусаў i тутэйшага працоўнага жыхарства прайшоў у Раду адзiн беларус - Сябра Нагляднае Рады Лiдзкае Акр. Упр. Т-ва Бел. Школы Мiхал Шымялевiч… Самастойнае выступленьне беларусаў мае вялiзарнае значэнне: 1) гэта - першая спроба ў больш шырокай меры, што паказала абуджэнне нацыянальнай сьвядомасьцi ў тутэйшага жыхарства; 2) беларусы усё-ж такi маюць аднаго прадстаўнiка ў Радзе (сабралi галасоў на 1,5 раднага); 3) выявiлiся ўсе прадажныя i падлiзьнiцкiя элементы нашага грамадзянства, якiя аканчальна скампрамiтавалiся ў вачох грамадзян места Лiды. Рэзультаты выбараў наступныя: № 1. (выбарчы спiс № 1. - Л.Л. ) Дэмакратычныя хрысьцiянскiя мяшчане, урадоўцы i ўмысловыя працаўнiкi (Група бурмiстра Бэрмана), 3 мандаты; № 2. Прафэс. Саюзы, працоўная iнтэлiгенцыя, дробныя дамаўласнiкi i неарганiз. работ (P. P. S.), 3 манд.; Блёк Хрысьц. (N. D. i Ch. D.) 6 манд.; № 4. Беларусы i тутэйшае працоўнае жыхарства, 1 мандат; № 5. Земляробы i дамаўласнiкi-жыды (Група заступнiка бурмiстра Вiнцукоўскага), 1 мандат; № 6. Жыдоўскi нац. блёк, 9 манд.; № 7. Жыдоўскi Работ. блёк, 1 манд.» [35].

Газета «Сялянская нiва» таксама пiсала, што « па беларускаму сьпiску ў м. Лiдзе прайшоў у меставую раду адзiн Беларус» [36]. З вiленскай газеты «Слова» даведваемся, што беларускi радны ў гэты час жыў па адрасе: вулiца Вызвалення, 82 [37]. Як радны, Мiхал Шымялевiч быў выбраны адным з трох членаў Ацэнкавай камiсii пры Скарбовай управе [38].

З артыкулаў гісторыка бачна, што ён добра ведаў беларускую мову і лічыў найлепшым узорам для пераймання старабеларускую мову Метрык ВКЛ: « ... cапраўднай скарбніцы фанетыкі, марфалогіі і слоўніка беларускай мовы» [39]. А з ягоных этнаграфічных артыкулаў мы даведваемся, на якой мове гаварылі, спявалі, святкавалі вяселлі лідзяне ў 1930-х гг.


З 1928 г. лiдскiм старастам прызначаецца Генрык Багаткоўскi (1893-1967), праз год ён жэніцца з сярэдняй дачкой гiсторыка - Зоф'яй Шымялевiч (1907-1996), i ў 1930 г. нараджаецца першы ўнук - Земавiт (1930-2011). Генрык Багаткоўскi нарадзiўся ў горадзе Ловiч (каля Лодзi) i зрабiў хуткую кар'еру чыноўнiка: у 1926 г. ён абiраецца ў павятовую раду касы хворых [40] Ловiча Унук Міхала Шімялевіча - Земавіт Багаткоўскі, 1950. [41], ужо ў 1927 г. ён працуе iнспектарам па самакiраванні Наваградскай ваяводскай управы [42] а з траўня 1928 г. - лiдскiм старастам [43]. Пры канцы 1933 г. Багаткоўскага перавялі на раўнацэннае месца ў Беражаны Цярнопальскага ваяводства [44]. У сярэдзіне 1930-х гг. яго пераводзяць у Варшаву на пасаду iнспектара Мiнiстэрства ўнутраных спраў [45].

У 1929 г. ад сухотаў памірае муж старэйшай дачкі Юзаф Вось, ён пахаваны на старых лідскіх могілках [46].

24 лiстапада 1929 г. адбылося паседжанне бацькоўскага камiтэта Дзяржаўнай гiмназii iмя Караля Хадкевiча. Ва ўправу бацькоўскага камiтэта гiмназii сярод iншых быў абраны i Мiхал Шымялевiч, вiдавочна, навучэнкай гэтай установы тады была малодшая з трох дачок гiсторыка [47].

У 1930 г. Мiхал Шымялевiч быў сябрам Акруговай выбарчай камiсii № 62 у Лiдзе на выбарах у Сойм [48]. 25 сакавіка адбылося першае паседжанне Акруговай выбарчай камісіі. Узначаліў камісію суддзя Шчасновіч, чальцамі камісіі сталі камісар Касы хворых у Лідзе Яўген Галембіёўскі (прызначаны ваяводам), Міхал Шымялевіч і Марак Карчмар (абраныя Лідскай гарадской радай), Міхал Шыманскі і Юзаф Задурскі (абраныя соймікам Лідскага павета) [49].

Да 1930-х гг. беларускі рух у горадзе у значанай ступені быў разгромлены, і на выбарах у гарадскую раду 1930 г. Міхал Шымялевіч абіраўся па спісу Хрысціянскага гаспадарчага аб'яднання. Газета «Наваградскае жыццё» паведамляла пра арганізацыйнае паседжанне выбарчага камітэта гэтага аб'яднання: « У сувязі з выбарамі ў гарадскую раду 27 чэрвеня ў Дзяржаўнай гімназіі сабраліся 200 прадстаўнікоў розных груп хрысціянскай грамады горада, каб утварыць выбарчы блок. Перад прадстаўнікамі выступіў кс. Баярунец. Старшынём схода браны прафесар Казлоўскі. Пасля працяглай дыскусіі быў абраны камітэт, у які ўвайшлі Шымялевіч, Радзевіч, кс. Баярунец, Пеляк, Рашкоўскі, Казлоўскі, Мейлун, Баркоўская, Балевіч, Вярсоцкі, Пашук, Васілоўскі, Садоха, Ёдка, Селужынскі, Міхнеўскі і Грэбава» [50]. У выніку выбараў з 24 мандатаў, выбарчы спіс № 4 (Гаспадарчае аб'яднанне хрысціян г. Ліды) атрымаў толькі адзін мандат (Міхнеўскі) [51]. Таму з 1929 па 1935 г. гісторык ня быў радным горада Лiды [52].

Аднак у 1935 г. ён зноў абiраецца ў Гарадскую раду [53]. У Гарадской радзе, абранай у красавiку 1939 г., Мiхала Шымялевiча ўжо няма [54].


У 1936-1939 гг. Шымялевiч быў сябрам рэдакцыйна-выдавецкага камiтэта часопiса «Лiдская зямля» («Ziemia Lidzka»), дзе ён апублiкаваў каля 30 краязнаўчых артыкулаў, яго матэрыялы друкаваліся ў кожным нумары часопіса. Гэтыя артыкулы былi розныя па тэматыцы: гiстарычныя, геаграфiчныя, Дом Шымялевіча у Лідзе, 2010 г. этнаграфiчныя, усе яны грунтавалiся на велiзарным фактычным матэрыяле. Ягоныя тэксты вызначалiся найвышэйшым навуковым узроўнем у спалучэннi з бытавымi ведамi з жыцця Лiдчыны, бачна, што аўтар запiсваў шматлікія размовы са старымi лiдзянамi. Наогул, у «Лiдскай зямлi» былi надрукаваны дзясяткi арыгiнальных, цiкавых артыкулаў па гiсторыi Лiды i яе наваколля, па гiсторыi вызвольных i палiтычных рухаў, аб асаблiвасцях укладу мясцовага жыцця, народных звычаях, эканамiчным стане i iншых пытаннях. З артыкулаў часопiса паўставала гiсторыя вёсак, маёнткаў, мястэчак, культавых устаноў усiх канфесiй, распавядалася пра даследаваннi курганоў i iншых археалагiчных i архiтэктурных помнiкаў, трагiчныя падзеi паўстання 1863-1864 гг., ваенныя дзеянні 1918-1921 гг., асвятлялася самае шырокае кола сучасных праблем: стан сельскай гаспадаркi, эканамiчнага жыцця горада, культуры. Напрыклад, у артыкуле М. Шымялевiча «Горад Лiда ў 1938 годзе» пададзена найпадрабязнейшая характарыстыка эканомiкi, бюджэту горада, адмiнiстрацыйнай сiстэмы, этнiчнага, сацыяльнага, прафесiйнага i канфесiйнага складу яго жыхароў. Пра значэнне «Лiдскай зямлi» напісаў вядомы спецыялiст па краязнаўстве прафесар Вiленскага ўнiверсiтэта М. Лiманоўскi, ён адзначаў, што часопiс « спрабуе адвалiць магiльную плiту забыцця з Лiдчыны i на святло дзённае дастаць багаццi гэтай зямлi» [55].

У той час тэксты Мiхала Шымялевiча атрымалi агульнае прызнанне. Вiленская прэса пры канцы 1930-х гг. адназначна вылучала Шымялевiча сярод аўтараў «Лiдскай зямлi» i называла « найлепшым знаўцам лiдскай гiсторыi i нястомным збiральнiкам мясцовых народных звычаяў» [56]. А лiдскiя гiмназiсты па ягоных матэрыялах нават праводзілі краязнаўчыя вечарыны, напрыклад, у суботу 26 лiстапада 1938 г. у Дзяржаўнай гiмназii iмя Караля Хадкевiча прайшла краязнаўчая вечарына, якую арганiзавалi вучнi другога класа: « Рэшту тэмаў для вечарыны моладзь узяла ў артыкулах найвыбiтнейшага лiдскага краязнаўца Мiхала Шымялевiча з газеты "Лiдская зямля"» [57].

Менавiта ў тыя гады лідскі гісторык надрукаваў здабытыя і зберажоныя ім цiкавейшыя мемуары Мiрона Бранiслава Нарбута пра Лiдчыну, Шымялевіч пiсаў: « Мемуары я атрымаў у 1913 г. з рук пана Мацея Марачэўскага, ганаровага суддзi Лiдскага павета, якому тут за дазвол апублікаваць мемуары сардэчна дзякую. Божа адудзяч! Мемуары напiсаны на 107 старонках фармату чвэрцi звыклага аркуша паперы рукой аўтара… Сам тэкст мемуараў у некалькiх месцах не чытаецца…» [58].


Цiкавую iнфармацыю пра гiсторыка ў 1930-я гг. у свой час расказаў старажыл горада, мой цесць, Хруль Iосiф Iосiфавiч: « Я ведаю, што ён быў з Пелясы i быў адукаваны. Прыхiльна ставiўся да левых партый i таму меў праблемы з уладай. Потым ягоная дачка выйшла замуж за лiдскага старасту… i тады Шымялевiчу стала лягчэй жыць, аднак i перастаў быць левым. Мой стрыечны брат, Адам Хруль [59], з iм сябраваў… Яны нярэдка ў Яна Сегеня [60] сустракалiся, тут на Зарэччы [61]… Адам Хруль расказваў… што адзiн раз сядзелi… пiлi гарбату ў Януша Сегеня, сын Сегеня (той самы, якi напiсаў успамiны пра гiсторыка, гл. дадаткi. - Л.Л. ) быў яшчэ падлеткам, i разгаварылiся пра шляхту, пра гербы, сын Сегеня запытаў у Шымялевiча: "А якога пан гербу?", стала цiха-цiха… Шымялевiч трохi памаўчаў i кажа: "А я герба вэнджанага селядца! Пеляскi мужык!" [62] … Дом яго ў Лiдзе да апошняга часу стаяў. Вось як падыходзiш да мосцiка па Энгельса [63], па левым баку… бокам да вулiцы, ён ужо ўрос у зямлю…» [64].

Дом, дзе жыў Мiхал Шымялевiч, захаваўся да нашага часу, лiдзянка Е. Ярмант успамiнала што пры канцы 1930-х гг.: « На скрыжаваннi вулiц Гражыны [65] i Гарыстай [66] стаяў дом Шымялевiчаў. Дом быў драўляны, дагледжаны, адгароджаны ад вулiцы прыгожым плотам». Цiкавым было нацыянальнае самавызначэнне гiсторыка пры канцы 1930-х гг., Ярмант пiсала: «Я нiколi не бачыла ўладальнiка гэтага дома, але добра ведала яго па расказах бацькоў. Калi пана Шымялевiча пыталiся пра яго нацыянальнасць, той заўсёды адказваў, што ён "тутэйшы". Гэта быў, на нашу думку арыгiнальны, але досыць поўны адказ. Ён побытам тутэйшы, здаўна жыве ў гэтым горадзе, i яго не цiкавiлi нацыянальнасцi iншых жыхароў» [67].

Тутэйшы - у гэтым выпадку, гэта такое вызначэнне краёвасці [68] для простага чалавека - каб ён цябе зразумеў. І як бачым, не надта адукаваныя бацькі мемуарысткі, разумелі што кажа ім гэты высокаадукаваны чалавек, але ж такое самавызначэнне пры канцы 1930 гг. было ўжо трохі дзіўнаватым. Можна з дастаковай упэўненасцю казаць, што Шымялевіч да канца 1930-х гг. заставаўся краёўцам - прадастаўніком самай папулярнай палітычнай плыні да 1917 г. ў нашым краі, калі нацыянальныя рухі беларусаў, палякаў і летувічаў яшчэ канчаткова разышліся. Шмат хто нават з лідараў беларускага руху (напрыклад А. Луцкевіч) заставаліся верным краёвай ідэалогіі і пасля1917 г.

Iосiф Хруль успамiнаў пра гэтыя часы жыцця гiсторыка: «…Шымялевiч трымаў натарыяльную кантору ў Лiдзе, яна была яго, але зарэгiстравана была на iншае iмя. Канешне, ведалi ўсе, што кантора яго. Адам расказваў, што ён быў такi прабiўны чалавек. Але казаў, што не давалi яму тут разгуляцца» [69]. У спiсе лiдскiх радных, як у 1928 г., так i ў 1935 г. прафесія Шымялевiча вызначалася як «biuralista» [70], такім тэрмінам можа называцца як шараговы клерк, так i начальнiк нейкага бюро, верагодна, якраз нейкай натарыяльнай цi юрыдычнай канторы.

Таксама ў газетах яго называлі і адвакатам. Напрыклад, летам 1935 г. падчас земляных работ па рэгуляцыі Лідзейкі, каля замка Гедзіміна ў Лідзе былі знойдзены « масіўныя валы, якія згодна з тлумачэннямі знаўцы гісторыі адваката Шымялевіча, праўдападобна з'яўляюцца рэшткамі гістарычнай дамбы, якая служыла для ўтрымання ці пуску вады ў равы вакол замка» [71].

З прэсы бачна, што гісторык чытаў публічныя лекцыі для гараджан. Напрыклад, увесну 1932 г. ён прачытаў цыкл лекцый аб лідскай гісторыі, прэса абвясціла: « У суботу 23 красавіка, а 18-й гадзіне у зале лідскага староства Міхал Шымялевіч прачытае працяг свайго дакладу "З гісторыі Ліды". Даклад будзе вельмі цікавы» [72]. Аб'явы пра пачатак цыклу лекцый я не знайшоў, але з тэксту зразумела, што гісторык рабіў некалькі дакладаў.

На пачатку 1939 г. газеты «Кур'ер Вiленскi» i «Лiдская зямля» друкуюць паведамленні пра шлюб малодшай дачкі Шымялевiча: « 13 лютага а 16-й гадзiне ў Фарным касцёле адбыўся шлюб панны Анны Шымялевiч (дачка знанага лiдскага гiсторыка) з панам паручнiкам Адамам Махнiцам» [73], « у шлюбе ўзялi ўдзел ксёндз-капелан мясцовага гарнiзона, група афiцэраў на чале з камандзiрамi палкоў, знаёмыя i сябры маладых» [74].


13 красавіка 1940 года сем'і «ворагаў народа» з Заходняй Беларусі, каля 130 тысяч чалавек, у асноўным жанчыны і дзеці, былі дэпартаваныя ў неабжытыя раёны паўночнага ўсходу СССР. Гэта была не першая і не апошняя высылка - вывозіць людзей пачалі яшчэ восенню 1939 г.

13 красавiка 1940 г. 60-гадовы даследчык разам з сваёй жонкай i малодшай дачкой, жонкай польскага афiцэра, быў кiнуты ў вагоны для быдла i разам з іншымі тысячамі лідзян вывезены памiраць у казахстанскi стэп, сям'ю пасялiлi ў Палудзiнскiм раёне Паўночна-Казахстанскай вобласцi, за 40 кiламетраў ад Петрапаўлаўска, а ягоны дом плошчай 71,41 м2 у Лiдзе быў канфiскаваны [75]. Потым у доме жылi настаўнiкi, якiя прыехалi з СССР [76].

У 1950-я гг. Міхал Шымелевіч апісваў высылку і сваім лісце да былога суседа па Лідзе Вітольда Драмовіча. Інфармацыя з гэтага ліста дадае шмат важкага да вышэй надрукаванай працы, і таму я дазволю сабе працытаваць вялікі кавалак:

«Я 13 красавіка 1940 года быў вывезены разам з сваёй жонкай i малодшай дачкой, жонкай польскага афiцэра на ўсход.

Разам з намi было вывезена з Лiды i павета некалькі тысяч душ. Вывезеных раскiдалi па некалькiх раёнах Паўночнага Казахстана. Каля тысячы нашых людзей яны пасялiлi ў Палудзiнскiм раёне Паўночна-Казахстанскай вобласцi, за 40 кiламетраў ад Петрапаўлаўска. Тут нешчасныя людзi рассялiлiся па вёсках у жабрацкiх хатках, збудаваных з вялiкiх неабпаленых цаглiн з глiны, гною i саломы. Тыя бедныя хаткi мелi дахi з плеценых лазовых матаў, змазаных глiнай. У хатках крайняя беднасць, i мы, колькi там жылi, жылi толькi з таго, што прадавалi сваю вопратку за бульбу, малако i вельмi рэдка за нейкi кiлаграм мукi. Нашы людзi, а гэта былi практычна ўсе жанчыны з дзецьмi, жонкi палiцыянтаў, афiцэраў, сяржантаў, урадоўцаў, якiя на вайне з Гiтлерам былi забiтыя, забраныя да няволi нямецкай або забраныя Саветамi, сядзелi ў вязнiцах цi лагерах у Катынi, Казельску, Старабельску i iншых месцах. Мужчын было вельмi мала i то адны дзяды. Хто мог, пайшоў на працу. Хто рабiў у гразi i вадзе цэглу, хто запiсаўся ў калгасы або саўгасы. Я атрымаў працу пры iнжынерах, якiя шукалi нафту ў стэпах Казахстана. Хадзiў з усёй партыяй па стэпах, начаваў у палатках. Што чалавек зарабляў, тое з'ядаў i не наядаўся. Лета было гарачае. 40 гр. цяпла.

Прыйшла зiма, снежная, марозная i доўгая. Мароз трымаўся 30-40 гр. Нашы людзi вымушаны былi разам з усiмi iсцi на цяжкiя работы - ачышчэнне снегу з чыгуначнай каляi, на будоўлi нафтавых вышак, i ўсё гэта ў холадзе, у голадзе i практычна задарма. Прыйшла вясна 1941 г., толькi распачалiся летнiя работы, як выбухнула вайна Сталiна з Гiтлерам. Рускiх людзей пабралi ў войска, а нас, не пытаючыся, цi хочам, цi жадаем, запакавалi на цягнiкi i вывезлi за паўтары тысячы кiламетраў у Кустанайскую вобласць i пасялiлi ў палатках над рэчкай Таболам ды пагналi на работы - капаць i ўкладваць баласт на будоўлi новай чыгункi. Там зноў у гразi, у голадзе, у вошах правялi некалькi месяцаў.

Напалi на нас розныя азiяцкiя хваробы, язвы, сверб i лiха ведае што. Ледзь восенню вырвалiся з таго пекла i па вялiкiх муках жменька нас вярнулася ў Паўночны Казахстан. Там мы пагiнулi б, бо за першы год толькi з нашай групы палякаў памерла 50 чалавек, пераважна з голаду. Але Пан Бог усё-ткi выказаў сваю мiласэрнасць. Генерал Сiкорскi дамовiўся са Сталiным, выпусцiлi польскiх вязняў, генерал Андэрс пачаў фармаваць там польскую армiю, а нас, палякаў, Амерыка i Англiя ўзялi пад сваю апеку. Далi нам сякую-такую дапамогу, i мы пачалi аджываць. Але калi наша польскае войска аказалася выпраўленым у Iран за Каспiйскае мора, то Саветы ўсiх тых, хто не пайшоў у войска (жанчын, дзяцей, старых) затрымалi ў сябе ў якасцi закладнiкаў. Абвясцiлi сваiмi падданымi i загадалi выдаць нам савецкiя пашпарты, як iх падданым. Плач, енк, што ўжо нiколi не вернемся да сваёй Айчыны. Сам я проста не хацеў гэтага прымаць i падгаворваў iншых, каб супрацiўлялiся i не бралi. Цвердзiў усiм, што над намi апякуецца Англiя i Амерыка i наш урад у Лондане. I нам не дадуць згiнуць у Саветах. Суцяшаў, што ўсе вернемся ў Польшчу. За гэта мяне пасадзiлi ў вязнiцу на дзесяць гадоў. Цягалi мяне па вязнiцах i следствах практычна ўвесь 1943 год i ў канцы вывезлi ў лагер на поўдзень ад Караганды. Зiмой, пры 30 гр. марозу, вязлi нас пяць сутак у вагонах для жывёлы на кавалку сухога хлеба i вядры халоднай вады з лёдам. У тым падарожжы адмарозiў сабе ногi. Потым сядзеў пару месяцаў на раздзельным пункце ў Карабасе, адкуль мяне з чорнымi гнiлымi пальцамi на нагах перавезлi ў шпiталь у Далiнцы. Там мне ампутавалi вялiкiя пальцы на нагах, а астатнiя палячылi, але i цяпер заўсёды мне баляць ногi, асаблiва на халоднае надвор'е. Пяць гадоў ганялi мяне там з лагера ў лагер, жыў тыя пяць гадоў без кашулi, у падранай, смярдзючай ватоўцы i ў такiх жа портках. У канцы 20 сакавiка 1948 г., роўна праз пяць гадоў вывезлi мяне разам з iншымi, не здольнымi да працы (па амнiстыi), у Польшчу» [77].

Калі гісторык знайшоў сваю сям'ю ў Сопаце, дык жонка і дачка не пазналі ў гэтым напаўжывым старым свайго мужа і бацьку.

Трэба заўважыць змены ў самаідэнтыфікацыі былога сябра Таварыства беларускай школы і лідскага раднага ад беларусаў Міхала Шымялевіча. Пад уздзеяннем «рэальнага сацыялізму» ён пачаў вызначаць сваю сям'ю як палякаў - рыма-католікаў. Дарэчы ў 1907 г. выбарным спісе “другога з’езда гарадскіх выбаршчыкаў” у Дзяржаўную думу пад №1152 Шымялевіч Міхал Іванавіч запісаны летувісам. А ў 1912 г. выбарным спісе “асоб, якія маюць права удзельнічаць ў другім з’ездзе гарадскіх выбаршчыкаў” у Дзяржаўную думу пад №1379 Шімялевіч Міхал Іванавіч пазначаны ўжо як беларус. Вышэйшая адукацыя дазволіла асэнсаваць лідзяніну сваё месца ў свеце, да таго ж, з 1907 па 1912 г. беларускі рух зрабіў велічэзны крок наперад


Трэба сказаць некалькі слоў пра архіў лідскага гісторыка. Калi для ягоных папер i кнiг у 1915 г. неабходны быў цэлы воз, дык, зразумела, да 1939 г. колькасць матэрыялаў значна павялiчылася, бо ўсё жыццё Шымялевiч збiраў дакументы з гiсторыi Лiдчыны, меў вялiкiя асабiстыя архiвы. Ян Сегень пiсаў, што даследчык «сабраў бясцэнныя зборы дакументаў вялiкай гiстарычнай вартасцi i вялiкую бiблiятэку старадрукаў i рукапiсаў-мемуараў» (гл. дадаткi). Напрыклад, у сваiм артыкуле, напiсаным на пачатку ХХ ст., «Горад Лiда i Лiдскi замак» даследчык цытуе дакумент: «Купчая крэпасць, выдадзеная лiдскiм мешчанiнам Лаўрынам Паўлавiчам Казюковiчам на пляцы, зямлю i хату, прададзеныя iм Мацею Вайцяховiчу i жонцы яго Парасе Фёдараўне 7 красавiка 1630 г.» з свайго прыватнага архiва [78]. Аўтар кнiгi па генеалогii лiтоўскiх татараў Станiслаў Дзядулевiч у сваёй кнiзе шматкроць спасылаецца на «Рукапiс М. Шымялевiча» цi на «Дакументы са збораў М. Шымялевiча». І сам Шымялевіч у сваіх працах шматкроць спасылаецца на дакументы і копіі дакументаў са свайго архіва.

Бядотным аказаўся лёс архiва гiсторыка. У 1939 г. новую ўладу абсалютна не цiкавiлi архiўныя каштоўнасцi Заходняй Беларусi, а архiўныя матэрыялы, якiя засталiся ў будынках польскай дзяржаўнай адмiнiстрацыi мэтанакiравана знiшчалiся. Так, у Наваградку на тэрыторыi настаўнiцкай семiнарыi было спалена шмат дакументаў (цяпер немагчыма дакладна ўстанавiць iх колькасць), а значная частка збору фотаздымкаў палітычных вязняў была раскрадзеная. У падвале Наваградскага раённага выканаўчага камiтэта польскiя архiўныя матэрыялы выкарыстоўвалiся для распальвання печаў, а ў будынку мясцовага суда ў россыпе знаходзiлiся дакументы i стужкi фiльмаў. У Дзятлаве архiўныя матэрыялы нiхто не ахоўваў, яны паступова раскрадалiся мясцовым насельнiцтвам. У Лiдзе абутковая фабрыка «Ардаль» здала ў макулатуру 5 тон дакументальных матэрыялаў [79].

Але ў гэты ж час адмыслова дасланыя ў Лiду выкладчыкi БДУ пачынаюць займацца апрацоўкай архiваў Шымялевiча! Нават толькi гэта адно кажа пра вялiкую каштоўнасць архiва лiдскага гiсторыка. Ян Сегень пiсаў (гл. дадаткi): « Усе яго зборы пасля арышту i вывазу разам з сям'ёй у Казахстан у 1940-м г. былi апячатаныя i потым каталагiзаваныя выкладчыкамi ўнiверсiтэта з Мінска. Аднак не былi вывезеныя з горада (работы з iмi працягвалiся) i згарэлi разам з цэнтрам горада ў часе ваенных дзеянняў перад уступленнем гiтлераўскiх войскаў у Лiду» . У доме гiсторыка пасялiлiся настаўнiкi «з усходу», таму, канешне, архiў быў вывезены з хаткi Шымялевiча, верагодна, у гарадскi музей (знаходзiўся па адрасе: Сувальская, 3, на месцы сучаснага магазiна «Юбiлейны») цi ў памяшканне староства (Сувальская, 15), дзе захоўвалiся архiвы павета.

Як вядома, у архiве Лiдскага староства ў той час мелася 30 фондаў, якiя налiчвалi 150 000 польскiх архiўных дакументаў. Будынак архiва разам з усiмi матэрыяламi быў спалены ў час баявых дзеянняў 23 чэрвеня 1941 г. [80]. З аэрафотаздымка, зробленага ўлетку 1944 г., бачна, што на месцы музея наогул нiчога не засталося, а спаленае староства стаiць без даху.

Але ёсць яшчэ адзiн варыянт гiбелi архiва нашага гiсторыка - у выпадку, калi б архiў Шымялевiча каталагiзаваўся ў гарадскiм музеi. Лiдскi музей быў паўторна адкрыты 22 студзеня 1941 г., i пасля пачатку вайны савецкi дырэктар музея Свiрыдаў нават паспеў эвакуяваць яго фонды, але каля Смаленска ў машыну патрапiла авiяцыйная бомба [81].

Такiм чынам архiвы даследчыка загiнулi цi ў Лiдзе, цi пад Смаленскам.


Уважліва чытаючы і перакладаючы артыкулы лідскага гісторыка, немагчыма не заўважыць, што шмат якія з іх не закончаны.

Напрыклад, у 1937 г. Міхал Шымялевіч пісаў: « Калісьці меў час і цярпенне вывучыць метрычныя кнігі хростаў Лідскай Фары за 1665-1795 г.» . Грунтуючыся на выніках гэтай працы, ён паказаў, што ў той час на кожных 100 хлопцаў, прыходзілася 15 тых, хто меў імя Юры (Георгій, Ежы) [82], а ў адным са сваіх артыкулаў гісторык піша пра знікненне ў XVIII ст. з лідскіх касцельных кніг рода Перхураў [83]. Калі б аўтар меў магчымасць давесці справу да канцы, атрымалася б унікальная кніга пра наш горад і гараджан.

Аб’ява аб смерці ў газеце Dziennik Bałtycki №11(7621)-1969.

Надрукавана толькі першая частка этнаграфічнай працы «Вяселле», апублікаваны толькі накіды манаграфіі пра Жалудок.

Я маю ўпэўненасць, што найцікавейшая мемуарная праца пра пачатак Першай сусветнай вайны, надрукаваная ў жніўні 1939 г., - толькі першая частка ўжо напісаных успамінаў. У жніўні 1939 г. павінен быў быць гатовы 9-ты, вераснёўскі нумар «Лідскай зямлі», які так і не выйшаў. У гэтым нумары, як і заўжды, былі б надрукаваны яго чарговыя 2 - 3 бліскучыя артыкулы, верагодна і працяг мемуараў. Але гэтыя і іншыя тэксты мы ўжо ніколі не прачытаем. Думаю што Міхал Шымялевіч паспеў надрукаваць толькі невялікую частку з напісанага.

Запіс у касцёле пра адпяванне Міхала Шымялевіча (Здымак Д. Гамбурга).

У Польшчы, каля 1950 г., Шымялевiч пiша працу пра Iшымскi стэп (Szymielewicz Michal: Step Iszymski), якую ў выглядзе рукапiсу дэпануе ў Бiблiятэцы iмя Асалiнскiх ва Уроцлаве [84]. У рукапiсе разглядалася гiсторыя Iшымскага краю, размяшчэнне, межы i плошча рэгiёна, геалогiя, глебы, вада, клiмат, навакольнае асяроддзе, насельнiцтва i яго юрыдычны стан. У некаторых частках тэкст гэтай працы пераўтвараецца ў асабісты дзённік даследчыка.

Таксама ў «Асаленiюме» знайшліся і некалькі іншых дэпанаваных найцікавейшых рукапісаў Шымялевіча, копіі якіх з дапамогай майго варшаўскага сябра Януша Сегеня (чый дзед быў найвялікшым сябрам і суседам Шымялевіча) мне ўдалося атрымаць, і яны будуць надрукаваны.

Нават у вельмі сталым узросце Міхал Шымялевіч меў выдатны інтэлект і не мог не займацца навуковай справай. У гэты час ён ужо страціў свае архiвы і бібліятэку, і таму яму было цяжка пiсаць грунтоўныя навуковыя артыкулы. Але па спасылках у рукапісах з «Асаленiюму» бачна, што на новым месцы Шымялевіч пачаў зноў збіраць сваю навуковую бібліятэку. Ці напісаў ён яшчэ нешта пра горад Лiду, якi да смерцi ў перапiсцы з сябрамi заўжды называў «наша каханая Лiда»? А можа недзе яшчэ, акрамя «Асаленiюму», пакiнуў нам свае ўспамiны?


14 студзеня 1969 г. газета «Балтыйскi дзённiк» надрукавала аб'яву: «11 студзеня 1969 г. раптоўна памёр наш самы любы бацька, брат, цесць, Дом,  у якім у Сопаце жыў гісторык, Шапэна, 5. (Здымак Д. Гамбурга). дзед i прадзед, Святой Памяцi Мiхал Шымялевiч. Нарадзiўся 18.Х.1879 г. у горадзе Лiда, былы мiравы суддзя [85] . Пахаванне адбудзецца 14.01 у 15-00 на камунальных могiлках у Сопаце. Св. iмша будзе адпраўлена 16.01 у 8-30 у касцёле Зорка Мора ў Сопаце. Смуткуем, дочкi i сям'я» [86].

Улетку 2014 г. мой сябар Дзмiтры Гамбург з сям'ёй адпачываў у Сопаце. Iнтэлiгентны, неабыякавы да гiсторыi i культуры чалавек патрацiў свой вольны час, каб знайсцi магiлу Мiхала Шымялевiча. Як высветлiлася, акрамя камунальных могiлак, гiсторык мог быць пахаваны на каталiцкiх могiлках касцёла Зорка Мора, бо пры канцы 1960-х гг. гэтыя каталiцкiя могiлкi таксама выконвалi ролю камунальных. Аднак на абодвух могiлках пахавання гiсторыка няма. Як патлумачыла адмiнiстрацыя, гэта азначае толькi адно - магiла Шымялевiча ўтылiзаваная, бо нiхто не ўносiў грошы за яе iснаванне. Дзмiтры сфатаграфаваў запiс у касцёле пра адпяванне лiдзянiна. З запiсу бачна, што ён жыў у доме № 5 па вулiцы Шапэна. Мой сябар таксама сфатаграфаваў дом, дзе Шымялевiч жыў апошнiя дзесяцiгоддзi свайго жыцця ў камунальнай кватэры.

Два пакаленнi сям'i Багаткоўскiх пахаваны ва Уроцлаве. Унук гiсторыка Земавiт Багаткоўскi быў вядомым у Польшчы радыёаматарам-кораткахвалевiком, аўтарам кнiг па радыёсправе.


Трэба яшчэ дадаць, што ў 1992 г. Шымялевiч быў рэабiлiтаваны, вось тэкст кароткай даведкi пра яго рэабiлiтацыю:

«Шымялевiч Мiхаiл Iванавiч. Нарадзiўся ў 1879 г., Польшча, Навагрудскае ваяводства, Лiда, паляк, адукацыя сярэдняя;

Пражываў: Паўночна-Казахстанская вобл., Бiшкульскi р-н, в. Фурманаўка;

Арыштаваны 20 сакавiка 1943 г. Палудзiнскiм РА НКУС.

Прысуджаны: СК аблсуда 15 чэрвеня 1943 г., абвiнавачване: 58-2 УК РСФСР.

Прысуд: 10 гадоў ППЛ.

Рэабiлiтаваны 23 чэрвеня 1992 г. Генпракуратурай РК. Указ Прэзiдэнта СССР ад 13.08.1990.

Крынiца: Звесткi ДКНБ РК па Паўночна-Казахстанскай вобл» [87].

Звестку пра сярэднюю адукацыю гісторык мог падаць пра сябе адмыслова - вышэйшая адукацыя змяншала шанец на выжыванне.


Мiхал Шымялевiч - сапраўдны культурны герой Лiдчыны. Ягоным iмем трэба было б назваць адну з вулiц нашага горада, а магчыма, i адну з устаноў культуры i асветы, напрыклад музей цi гарадскую бiблiятэку, гiмназiю цi лiцэй.


ДАДАТКI ДА БIЯГРАФII МIХАЛА ШЫМЯЛЕВIЧА

Успамiны Яна Сегеня пра блiзкага сябра свайго бацькi Мiхала Шымялевiча [88]

Памятаю, як у кнiзе майго роду, якую захоўваў мой с. п. бацька (гэтая кнiга згарэла разам з нашым домам, а дакладней, разам з усiм раёнам горада падчас пажару ў часе ваенных дзеянняў у 1941 г.), на першай старонцы быў намаляваны герб «Сыракомля» [89] - на гербавай тарчы «дзве перавернутыя кроквы» i «зламаную стралу», а над тарчай шлем з «трыма страусавымi пёрамi». Над гербам быў надпiс «Герб сям'i Сэгэнь».

У кнiзе змяшчалiся генеалагiчныя таблiцы, а таксама копii i арыгiналы [90] метрык хростаў, шлюбаў i смерцяў i iншыя сямейныя дакументы. Дакументы былi вельмi старыя, арыгiналы былi ўсе паклееныя. Некаторыя, нечытэльная, мелi каля арыгiнала старанна запiсаныя копii i каментары. Кнiга была зробленая сябрам бацькi - Мiхалам Шымялевiчам, натарыусам. Па адукацыi i зацiкаўленасцi гiсторыка Лiдскай зямлi. У маладосцi ён з запалам збiраў розныя гiстарычныя дакументы, пiсаў i друкаваў у рэгiянальных выданнях артыкулы, звязаныя з гiсторыяй Лiд скай зямлi, перапiсваўся з гiстарычнымi таварыствамi, словам, атрымаў вядомасць як аўтарытэтны даследчык-аматар. У вынiку ён быў адпраўлены за кошт нейкага гiстарычнага таварыства вучыцца ў Кракаў i атрымаў гiстарычную адукацыю ў Ягелонскiм унiверсiтэце да Першай сусветнай вайны. Пасля вяртання ён працягнуў сваю працу ўжо як спецыялiст з адпаведнай падрыхтоўкай. Тым не менш ён працаваў прысяжным павераным (здаў нейкiя дзяржаўныя экзамены ў Расiйскай iмперыi), вёў справы большасцi маёнткаў вакол Лiды i меў вялiкiя магчымасцi вывучаць дакументы продкаў шматлiкiх сем'яў.

Сабраў бясцэнныя зборы дакументаў вялiкай гiстарычнай вартасцi i вялiкую бiблiятэку старадрукаў i рукапiсаў-мемуараў. Усе яго зборы пасля арышту i вывазу разам з сям'ёй у Казахстан у 1940 г. былi апячатаныя i потым каталагiзаваныя выкладчыкамi ўнiверсiтэта ў Мiнску. Аднак не былi вывезеныя з горада (працы з iмi працягвалiся) i згарэлi разам з цэнтрам горада ў часе ваенных дзеянняў перад уступленнем гiтлераўскiх войскаў у Лiду.

Упарадкаванне сямейных дакументаў майго бацькi i апраўленне iх у «Кнiгу Роду» была яго працай, каб зрабiць падарунак у знак дружбы.

Былi гэта, вiдочна, сардэчныя сябры. Жылi па суседстве, бачылi адзiн аднаго амаль кожны дзень, вялi доўгiя размовы i традыцыйна разыгрывалi партыю «66», якая часам цягнулася да позняй ночы. Гэта было свайго кшалту наркаманiя. Але ва ўсякiм выпадку гульня не замiнала iх бясконцым размовам, для якiх яны нiколi не адчувалi недахоп тэмаў.

Гэта Ён [Шымялевiч] уласнаручна намаляваў наш герб на нейкай адмысловай паперы i ўставiў у тую кнiгу.

Ён таксама ўсталяваў канчаткова дакладнасць арфаграфiчнага напiсання прозвiшча: Seheń (Сэгэнь).

Лiст Мiхала Шымялевiча Драмовiчу, дасланы ў рэдакцыю «Лiдскай зямлi» Вiтольдам Драмовiчам [91]

3.01.1959 г.

Паважаны i дарагi пане.

Атрымаў лiст ад панi Кацярыны Клiжашэўскай, i я вельмi-вельмi абрадаваўся, што ўратаваў сваё жыццё яшчэ адзiн мой добры знаёмы пан Арэхва. Яшчэ вiншую пана з Новым Годам i жадаю пану здароўя, доўгiх гадоў жыцця, шчасця, усемагчымай удачы i спаўнення ўсякiх i ўсiх пажаданняў.

Я 13 красавiка 1940 года быў вывезены разам з сваёй жонкай i малодшай дачкой, жонкай польскага афiцэра на ўсход.

Разам з намi было вывезена з Лiды i павета некалькi тысяч душ. Вывезеных раскiдалi па некалькiх раёнах Паўночнага Казахстана. Каля тысячы нашых людзей яны пасялiлi ў Палудзiнскiм раёне Паўночна-Казахстанскай вобласцi, за 40 кiламетраў ад Петрапаўлаўска. Тут нешчасныя людзi рассялiлiся па вёсках у жабрацкiх хатках, збудаваных з вялiкiх неабпаленых цаглiн з глiны, гною i саломы. Тыя бедныя хаткi мелi дахi з плеценых лазовых матаў, змазаных глiнай. У хатках крайняя беднасць, i мы, колькi там жылi, жылi толькi з таго, што прадавалi сваю вопратку за бульбу, малако i вельмi рэдка за нейкi кiлаграм мукi. Нашы людзi, а гэта былi практычна ўсе жанчыны з дзецьмi, жонкi палiцыянтаў, афiцэраў, сяржантаў, урадоўцаў, якiя на вайне з Гiтлерам былi забiтыя, забраныя да няволi нямецкай або забраныя Саветамi, сядзелi ў вязнiцах цi лагерах у Катынi, Казельску, Старабельску i iншых месцах. Мужчын было вельмi мала i то адны дзяды. Хто мог, пайшоў на працу. Хто рабiў у гразi i вадзе цэглу, хто запiсаўся ў калгасы або саўгасы. Я атрымаў працу пры iнжынерах, якiя шукалi нафту ў стэпах Казахстана. Хадзiў з усёй партыяй па стэпах, начаваў у палатках. Што чалавек зарабляў, тое з'ядаў i не наядаўся. Лета было гарачае. 40 гр. цяпла.

Прыйшла зiма, снежная, марозная i доўгая. Мароз трымаўся 30-40 гр. Нашы людзi вымушаны былi разам з усiмi iсцi на цяжкiя работы - ачышчэнне снегу з чыгуначнай каляi, на будоўлi нафтавых вышак, i ўсё гэта ў холадзе, у голадзе i практычна задарма. Прыйшла вясна 1941 г., толькi распачалiся летнiя работы, як выбухнула вайна Сталiна з Гiтлерам. Рускiх людзей пабралi ў войска, а нас, не пытаючыся, цi хочам, цi жадаем, запакавалi на цягнiкi i вывезлi за паўтары тысячы кiламетраў у Кустанайскую вобласць i пасялiлi ў палатках над рэчкай Таболам ды пагналi на работы - капаць i ўкладваць баласт на будоўлi новай чыгункi. Там зноў у гразi, у голадзе, у вошах правялi некалькi месяцаў.

Напалi на нас розныя азiяцкiя хваробы, язвы, сверб i лiха ведае што. Ледзь восенню вырвалiся з таго пекла i па вялiкiх муках жменька нас вярнулася ў Паўночны Казахстан. Там мы пагiнулi б, бо за першы год толькi з нашай групы палякаў памерла 50 чалавек, пераважна з голаду. Але Пан Бог усё-ткi выказаў сваю мiласэрнасць. Генерал Сiкорскi дамовiўся са Сталiным, выпусцiлi польскiх вязняў, генерал Андэрс пачаў фармаваць там польскую армiю, а нас, палякаў, Амерыка i Англiя ўзялi пад сваю апеку. Далi нам сякую-такую дапамогу, i мы пачалi аджываць. Але калi наша польскае войска аказалася выпраўленым у Iран за Каспiйскае мора, то Саветы ўсiх тых, хто не пайшоў у войска (жанчын, дзяцей, старых) затрымалi ў сябе ў якасцi закладнiкаў. Абвясцiлi сваiмi падданымi i загадалi выдаць нам савецкiя пашпарты, як iх падданым. Плач, енк, што ўжо нiколi не вернемся да сваёй Айчыны. Сам я проста не хацеў гэтага прымаць i падгаворваў iншых, каб супрацiўлялiся i не бралi. Цвердзiў усiм, што над намi апякуецца Англiя i Амерыка i наш урад у Лондане. I нам не дадуць згiнуць у Саветах. Суцяшаў, што ўсе вернемся ў Польшчу. За гэта мяне пасадзiлi ў вязнiцу на дзесяць гадоў. Цягалi мяне па вязнiцах i следствах практычна ўвесь 1943 год i ў канцы вывезлi ў лагер на поўдзень ад Караганды. Зiмой, пры 30 гр. марозу, вязлi нас пяць сутак у вагонах для жывёлы на кавалку сухога хлеба i вядры халоднай вады з лёдам. У тым падарожжы адмарозiў сабе ногi. Потым сядзеў пару месяцаў на раздзельным пункце ў Карабасе, адкуль мяне з чорнымi гнiлымi пальцамi на нагах перавезлi ў шпiталь у Далiнцы. Там мне ампутавалi вялiкiя пальцы на нагах, а астатнiя палячылi, але i цяпер заўсёды мне баляць ногi, асаблiва на халоднае надвор'е. Пяць гадоў ганялi мяне там з лагера ў лагер, жыў тыя пяць гадоў без кашулi, у падранай, смярдзючай ватоўцы i ў такiх жа портках. У канцы 20 сакавiка 1948 г., роўна праз пяць гадоў вывезлi мяне разам з iншымi, не здольнымi да працы (па амнiстыi), у Польшчу.

Мая жонка была прывезеная ў Польшчу разам з iншымi палякамi яшчэ ў 1946 г. Тут знайшла старэйшую дачку настаўнiцу Марыю Вось i пры ёй асела ў Сопаце. Я знайшоў адрас жонкi i дачкi i прыехаў да iх 20 траўня 1948 г. Жонка мая, будучы ў Казахстане на цяжкай працы, надарвалася, атрымала грыжу i хварэла, аж пакуль не памерла ў 1955 г., маючы 75 гадоў, i была пахаваная ў Сопаце.

Дачка мая, жонка афiцэра, жыла ў Казахстане з намi, а калi фармавалася там польская армiя, быў выпушчаны з увязнення на Беламорканале яе муж Адам Махнiц, знайшоў нас у Казахстане, прыехаў да нас, трохi адпачыў i паехаў у польскую армiю, куды забраў потым i сваю жонку, нашую дачку. Ён, як афiцэр, а яна, як сястра мiласэрнасцi, прайшлi Iран, Сiрыю, Палесціну, дзе спаткалiся з нашымi лiдскiмі габрэйчыкамi, потым прайшлi праз Iталiю i былi ў тым страшным баi пад Монтэ-Касiна. Там зяць быў паранены. Цяпер яны жывуць у Англii, абое працуюць, i iм там някепска жывецца, а мне дапамагаюць

Я атрымаў працу вахцёра пры музычнай школе, пiльную парадак памiж вучнямi i атрымоўваю штомесяц 350 зл. i маю пенсiю па старасцi 548 злотых штомесяц. Жыву пры дачцэ-настаўнiцы i неяк трымаюся. Маю ўжо 80 гадоў, галава i вусы белыя як снег, але яшчэ хаджу дзёрзка i не горблюся. Ні на адну чынавенскую працу не пайшоў, бо пры сённяшнiх парадках чалавек раз на возе i раз пад возам. А вахцёру ні пра што галава не балiць, глядзi, каб падлога была чыстая, каб вучнi не сваволiлi, каб хто чаго не ўкраў або не сапсаваў.

Суцяшаў сваiх людзей у Казахстане. А цяпер i тут суцяшаю. Прыйдзе час - i ўсе i мы, хто дачакае, вернемся да сваёй любiмай старонкi, хто да Лiды, хто да Качанова [92]. Будзь пан пэўны, што яшчэ прыляцiш пяхотай з Лiды да сваёй зямлi, да свайго домiка i да свайго млына, абдымеш яго за вугал i будзеш плакаць слязамi з радасцi, што па тых гадах i муках дабiўся, аднак, да свае мiлай ўласнасцi.

Але толькi трымайся i не падай духам. Так будзе, як пiшу. Пiшы мне. Цiкава, што стала з Бараноўскiмi i Янам Шаптуноўскiм.

Сардэчна абдымаю пана. Мiхал Шымялевiч.

Лiст напiсаны ў 1963 г. Мiхалам Шымялевiчам сябру Яну Сегеню ў Варшаву

Цэлы месяц жнiвень правеў ва Уроцлаве, у дачкi i зяця Багаткоўскiх (Bogatkowskich). Мая дачка Марыя Вось (Maria Wosiowa) таксама была ва Уроцлаве разам з намi два тыдні. У тым годзе, у палове лiпеня, прыязджалi да нас у Сопат з Лондана Махнiцы - мая дачка Нiна з мужам. Бавiлi ў нас у Сопаце 10 дзён, а потым паехалi ва Уроцлаў, былi там да паловы жнiўня, прычым зяць ездзiў да сваiх крэўных, а дочкi ездзiлi да сваiх крэўных па матцы. Калi былi ва Уроцлаве, справiлi вяселле. Мой унук Земавiт Багаткоўскi (33 года) ажанiўся з ладнай паннай Марыяй Туровiч, якая паходзiць з Львова, а працуе ва Уроцлаве на агранамii. Яна аднагодка з мужам, толькi выглядае на 20 гадоў. Пасагу не было. Нават, як казалi цёткi маладога (размаўляючы памiж сабой), маладая брала шлюб у пазычаным строi крэмавага колеру i нават пазычыла пекныя пантофлi. Але затое вяселле было ладным. Шлюб адбываўся ў касцёле Св. Эльжбеты па вулiцы Грабiшынскай. Касцёл гэты ўцалеў ад вайны, надта ладная старажытная готыка, з ладнымi вiтражамi ў вокнах, ладная, у каляровую кафлю падлога, пекныя алтары. Падчас шлюбу, якi працягваўся не так хутка, як раней у нашай каханай Лiдзе, дзе бывала i па некалькi пар адразу i для ўсiх святой памяцi арганiст пан Пухальскi іграў толькi адзiн марш, - тут цырыманiяльная служба працягвалася палову гадзiны. Перад гэтым шлюбам такi самюткi. Доўга i ладна падчас службы іграў арганiст з хорам, а фатограф, калега маладога, зрабiў дванаццаць фатаграфiчных здымкаў з розных пунктаў i ў розных хвiлях цырымонii.

Потым было вяселле. Два сталы з моцнымi i слабейшымi напоямi, досыць усякiх далiкатэсаў. Чатыры цёткi маладой, з iх адна прафесар музыкi, іграла фартэпiяна i рабiла застолле прыемным, другая, эстрадная i оперная спявачка, добра спявала. Пасля стала распачалiся танцы пад радыёлу. Я з мацi маладога, наша Золя i Маня ад'ехалi дадому, на iншы канец горада за 10 км, бо Золя спяшалася на працу на наступны дзень, а моладзь танчыла новыя танцы да свiтанку.

Міхал Шымялевіч пра сваю ся'ю [93].

Міхал Шымялевіч, сын Яна, 1879 г., уласнік малой нерухомасці ў г. Лідзе, вул. Гражыны, 17, юрыст-натарыюс.

Жонка Гелена з Таўгіноў, 1880 г.

Дачка Анна Махніц, 1912 г.

Усе разам вывезены з Ліды 13 красавіка 1940 г. Прыбылі на станцыю Такушы 20 красавіка і першапачаткова былі адвезены ў Такушанцкі саўгас на ферму № 1, потым на ферму № 2 у Самрыне, адкуль пераведзены ў вёску Мікалайчыкі, а ў канцы - у восень 1940 г. - у вёску Фурманаўку.

Міхал Шымялевіч і Анна Махніц у 1940 г. працавалі ў экспедыцыі, якая шукала нафту, а пры канцы года, у лістападзе і снежні на ... у Самрыне - на падрыхтоўцы вугля для каксавання. У весну 1941 г. зноў з дачкой пачаў працаваць у экспедыцыі, якая шукала нафту - сейсмічная нафтаразведка. Толькі 24 чэрвеня разам з іншымі сем'ямі наша сям'я была вывезена на будоўлю коксахіміі ў Акмолінск... над р. Табол, каля вёскі Аксуф'я за 156 км ад Кашараў. Працавалі тут на падрыхтоўцы баласту да вагонаў, капанні равоў. Пасля амністыі 1941 г. - 24 верасня быў вызвалены ад працы і, вытрымаўшы цяжкую дарогу, увечар 19 кастрычніка даехаў да ст. Такушоў, а на наступны дзень да Фурманаўкі.

Міхал Шымялевіч 16 сакавіка 1942 г. атрымаў ад дэлегата Польскай амбасады ў Петрапаўлаўску Вітольда Плоцкага намінацыю на пасаду прадстаўніка па Палудзенскім раёне. Гэта намінацыя пацверджана Польскай амбасадай у г. Куйбышаве і прызнана Савецкім Міністэрствам замежных спраў - намеснікам Вышынскага. На гэтай пасадзе працаваў да свайго арышту.

Міхал Шымялевіч быў арыштаваны 20 сакавіка 1943 г. у Такушах за адмову прыняць дакумент з савецкім грамадзянствам і за агітацыю - намаўленне іншых перасяленцаў не прымаць гэтыя дакументы. 15 чэрвеня 1943 г. абласным судом у Петрапаўлаўску, грунтуючыся на артыкулах 192 а і 5810 К.К. прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі, 5 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў і канфіскацыю маёмасці. Адбываў тэрмін у КазЛагу Карагандзінскай вобласці на пунктах: Карабас, Далінка, Джастас, Каруспай, СПО, зноў Каруспай, зноў СПО, потым Каруспай, МПУ-Плаціна, «Новая Стройка», Кокс, зноў «Новая Стройка» і зноў Плаціна. Заўсёды прызнаваўся інвалідам 4 катэгорыі. 20 сакавіка 1948 г. быў адасланы на СПО, потым на Карабас, потым у Брэст - заўжды пад аховай. 20 траўня 1948 г. прыбыў у Сопат да дачкі Марыі Вось і жонкі Гелены.

Пасля арышту мужа, яго жонка Гелена Шымялевіч у галечы і голадзе, хворая дачакалася выезду ў Польшчу. 15 траўня 1946 г. прыбыла да дачкі Марыі Вось у Сопат.

Зяць Адам Махніц, сын Францішка (г. Копчыцы), кадравы паручнік 77 п.п. у Лідзе. Пасля катастрофы 1939 г., у кастрычніку, вярнуўся да жонкі ў Ліду і быў арыштаваны 14 снежня 1939 г., асуджаны на 10 гадоў у красавіку 1940 г., праз Менск, Віцебск і Пецярбург засланы на Беламорканал, па адрасе: «Карело-Финская ССР. Станция Май-Губа, Кировской жел. дор. Почтовый ящик 251/7. Лагерный пункт № 9. Унижма. Квартал 29». Пасля амністыі 1941 г., 24 верасня прыбыў ў вёску Фурманаўку і 10 студзеня 1942 г. выехаў у Польскую армію па адрасе (месца фармавання дывізіі - Л.Л. ): «5 дывізія, 17 полк стральцоў. Узбекская ССР. Бухарская вобласть, горад Шахрысябзь, пашт. скр. 210 Д» (каля горада Кітаб, на Афганскай мяжы). 16 сакавіка 1942 г. да яго прыехала жонка Анна Махніц. Ваяваў у Сірыі, Палестыне, Егіпце, Італіі дзе быў паранены, застаўся з жонкай у Англіі.

Сярэдняя дачка Зоф'я з мужам Генрыкам Багаткоўскім і сынам Земавітам у 1939 г. жылі ў Варшаве, а з 1941 г. - у Ловічы.

Старэйшая дачка Марыя Вось у першых днях лютага 1940 г. перайшла праз дэмаркацыйную лінію цераз Буг у Варшаву.

Брат Павел Шымялевіч, капітан на пенсіі Польскага войска, 10 лютага 1940 г. з жонкай Наталляй і цешчай Марыяй Коржыч быў вывезены з сваёй вайсковай хаты Стралеч у Брэсцкім павеце у сібірскую тайгу: «Горад Тайшэт Іркуцкай вобласці, пасёлак Удачны», потым - у пасёлак Тапор'е. Павел Шымялевіч з жонкай Наталляй засталіся ў Англіі (служыў у арміі Андэрса).

Брат Ян Шымялевіч загінуў пад акупацыяй на Крэсах Усходніх. Яго жонка Зоф'я Шымялевіч з Макарэвічаў і сын Аляксандр Шымялевіч, студэнт Санітарнай школы падхарунжых, загінулі ў паўстанні 1944 г. у Варшаве.



[1] Сегенi, бацька i сын, пакiнулi два надрукаваныя ўспамiны, Хруль Iосiф i Караль Ёдка - па адным.

[2] Станiлаў Суднiк. Мiхал Шымялевiч // Лідскі летапісец. 2008. № 2 (42). С. 18-20.

[3] Лаўрэш Леанiд. Сябар ТБШ Мiхал Шымялевiч // Наша слова. № 38 (1137). 18 верасня 2013 г.

[4] Szymilewicz Michał. Borcie i wlosc Borcianska // Ziemia Lidzka. 1939. № 6. S. 167-168.

[5] Тамсама.

[6] Памятная книжка Виленской губернии на 1902 г. Вильно, 1901. С. 271.

[7] Памятная книжка Виленской губернии на 1890 г. Вильно, 1889. С. 240-241.

[8] Памятная книжка Виленской губернии на 1902 г. Вильно, 1901. С. 271.

[9] Виленские губернские ведомости. № 2. 7 января 1904.

[10] Kuryer Litewski. № 276. 5 (18) grudnia 1906.

[11] Памятная книжка Виленской губернии на 1908 г. Вильно, 1908. С. 142.

[12] Орган па сялянскiх справах у Расiйскай iмперыi, адмiнiстрацыйна-судовая ўстанова, вышэйшая для земскiх начальнiкаў i гарадскiх суддзяў.

[13] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок: исторический очерк. Вильна: Типография «Русский Починъ», 1905.

[14] Трусаў А. Старадаўнiх муроў адраджэнне. Мiнулае i сучаснасць лiдскага замка. Мінск, 1990.

[15] Marcinkowski Christoph. The Islamic World and the West: Managing Religious and Cultural Identities in the Age of Globalisation. LIT Verlag Münster, 2009. S. 107.

[16] Stanisław Dziadulewicz. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce. S. 329.

[17] Stanisław Dziadulewicz. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce. S. XI.

[18] Stanislaw Kryczyński. Tatarzy Litewscy. Warszawa, 1938.

[19] Szymielewicz Michal. Na marginesie "Tatarów litewskich" // Ziemia Lidzka №3-1938. S.37.

[20] Szymielewicz Michał. Na marginesie «Tatarów Litewskich» // Ziemia Lidzka. 1938. № 3. S. 37.

[21] Сын Яна Сегеня - сябра Шымялевiча, таксама Ян Сегень, iнжынер, аўтар успамiнаў «Lida (1938-1939). 5-tym Pułk Lotniczy, szkoła rzemieślnicza» (pawet.net).

[22] Виленские губернские ведомости. № 18. 3 марта 1910.

[23] Прысяжны павераны - адвакат у Расiйскай iмперыi пры акруговым судзе або судовай палаце. На пасадзе патрабавалася вышэйшая адукацыя.

[24] Szymielewicz Michał. Z tamtego świata // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 125.

[25] Легенда пра Кiвона, божага пакутнiка. Гл.: Kiwon: Pociech, żywot i śmierć Kiwona bożego, męczennika żydowskiego. Bracia Worzałłowie, 1913.

[26] Szymielewicz Michał. Z tamtego świata. S. 126.

[27] Śnieżko Aleksander. Dziejopisarz narodu litewskiego // Ziemia Lidzka. 1036. №9. S. 10.

[28] Szymielewicz Michał. Lida w latach wielkiej wojny // Ziemia Lidzka. 1938. № 7-8. S. 185-198.

[29] Виленские губернские ведомости. № 73. 13 сентября 1914.; Виленские губернские ведомости. № 43. 6 июня 1915.

[30] Хруль Iосiф. Размова са старым шляхцiцам // Лiдскi летапiсец. 2012. № 3 (59). С. 59.

[31] Szymielewicz Michał. Z tamtego świata // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 120.

[32] Życie Nowogródzkie. № 265 (299). 30 października 1928.

[33] Горны Аляксандр. Беларуская сялянска-работнiцкая грамада ў Лiдзе (Частка 1) // Лiдскi летапiсец. 2014. № 3 (67). С. 84.

[34] Наша праўда. № 32. 23 лiпеня 1927 г.

[35] Наша праўда. № 34. 30 лiпеня 1927 г.

[36] Сялянская нiва. № 57 (108). 23 лiпеня 1927.

[37] Slowo. № 166 (1479). 24 lipca 1927.

[38] Życie Nowogródzkie. № 293 (650). 24 października 1929.

[39] Szymielewicz Michał. Bibliografia. Zapisy Biełlaruskaha Nawukowaha Tawarystwa. Wydańne nieperyjadycznaje. Wilnia, 1938 h. Zeczyt I. Str. 69. ndc. 3 // Ziemia Lidzka №7-8-1938. S.99-100.

[40] Каса хворых - грамадская страхавая арганiзацыя, якая забяспечвала фiнансаванне аховы здароўя яе членаў, кiраўнiцтва арганiзацыi выбiралiся падчас мясцовых выбараў.

[41] Łowiczanin. № 39. 24 wreśnia 1926.

[42] Zycie Nowogrodzkie. № 1. 14 maja 1927

[43] Słowo. № 118 (1729). 25 maja 1928.

[44] Kurier Nowogródzki №352(769) 29 grudnia 1933.

[45] Dziennik Urzędowy Ministerstwa Spraw Wewnętrznych. 1936. № 34.

[46] Szymielewicz Michał. Z tamtego świata // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 120.

[47] Życie Nowogródzkie. № 327 (684). 26 listopada 1929.

[48] Wileński Dziennik Wojewódzki. № 5. 21 marca 1930.

[49] Słowo №71(2281) 26 marca 1930.

[50] Życie Nowogródzkie №149(863) 1 lipca 1930.

[51] Słowo №173(2383) 31 lipca 1930.; Życie Nowogródzkie №179(863) 5 sierpnia 1930.

[52] Ogniwa. 1932. № 11. S. 21.

[53] Szymielewicz Michał. Miasto Lida w 1938 roku // Ziemia Lidzka. 1938. № 11. S. 146.

[54] Kurjer Wilenski. № 116 (4792). 28 kwietnia 1939.

[55] Саiтава Валянцiна. Лiдскiя краязнаўцы ў 20-30-я гг. // Бiблiятэчны свет. 1999. № 3. С. 31.

[56] Slowo. № 70 (6352). 12 marca 1939.

[57] Kurjer Wilenski. № 328 (4646). 29 listopada 1938.

[58] Ziemia Lidzka. 1936. № 5.

[59] Адам Хруль (1892-1950), войт радунскай гмiны ў 1930-я гг.

[60] Ян Сегень (1875-1973), сусед i сябар Шымялевiча, сваяк Адама Хруля, аўтар «Успамiнаў пра Лiду канца ХIХ стагоддзя», гл.: Лiдскi летапiсец. 2002. № 4 (20). С. 26.

[61] Раён горада, цяпер каля вулiцы Калiнiна.

[62] Хрулi з лiдскай шляхты герба «Праўдзiц», Сегенi з лiдскай шляхты герба «Сыракомля».

[63] Цяпер праспект Пераможцаў.

[64] Хруль Iосiф. Успамiны старога шляхцiца // Лiдскi летапiсец. 2012. № 2 (58). С. 57.

[65] Цяпер праспект Пераможцаў.

[66] Цяпер вулiца Стралкоўскага

[67] Ярмонт Е. В тени замка Гедемина. Лида, 1995. С. 46.

[68] Краёўцы (Krajowcy) - палітычная плынь першага дваццацігоддзя XX ст. у Беларусі і Літве, дзеячы якой сумяшчалі ў сваёй праграме аўтанамісцкія ("краёвыя"), ліберальныя і інтэрнацыянальныя лозунгі.

[69] Хруль Iосiф. Успамiны старога шляхцiца. С. 57.

[70] Slowo. № 166 (1479). 24 lipca 1927.; Szymielewicz Michał. Miasto Lida w 1938 roku. S. 146.

[71] Słowo №216(4065) 9 sierpnia 1935.

[72] Kurier Nowogródzki №92(178) 22 kwietnia 1932.

[73] Kurjer Wilenski. № 46 (4722). 15 lutego 1939.

[74] Ziemia Lidzka. 1939. № 2.

[75] http://news.tut.by/society/152184.html

[76] Ярмонт Е. В тени замка Гедемина. С. 111.

[77] Лаўрэш Леанiд. Пра Міхала Шымялевіча: Крэскі да біяграфіі найлепшага гісторыка горада Ліды // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Укладальнікі: Леанiд Лаўрэш, Аляксандр Фядута. Мінск, 2015. С. 144-145.

[78] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

[79] Польшча Беларусь: Агульная гiстарычная спадчына: даведнiк па архiўных матэрыялах 1918-1939 гг. Том 1. Дзяржаўны архiў Брэсцкай вобласцi. Дзяржаўны архiў Гродзенскай вобласцi. Варшава, 2013. С. 8.

[80] Тамсама. С. 16.

[81] Хацяновiч Наталя. Лiдскi гiстарычна-мастацкi музей // Лiдскi летапiсец. 2009. № 3-4 (47-48). С. 16.

[82] Ziemia Lidzka. 1937. № 4. S. 40.

[83] Ziemia Lidzka. 1938. № 1. S. 8.

[84] Katalog rękopisów geograficznych Biblioteki Zakładu Narodowego imienia Ossolińskich we Wrocławiu. Warszawa - Wrocław, 1965. S. 89-90.

[85] Мiравы суддзя - у Другой Рэчы Паспалiтай суддзя самага нiзкага ўзроўню. Пасада ўведзена ў 1920-я гг. Спачатку ў разборы спраў акрамя мiравога суддзi ўдзельнiчалi два прысяжныя. З 1927 г. суддзя разбiраў справы аднаасобна. Суддзю выбiралi жыхары судовай акругi на пяцiгадовы тэрмiн. Кандыдат павiнен мець узрост не меней за 30 гадоў, мець хоць бы сярэднюю адукацыю, карыстацца ўсiмi грамадзянскiмi правамi i мець добрую рэпутацыю.

[86] Dziennik Bałtycki. 1969. № 11 (7621).

[87] http://lists.memo.ru/d37/f41.htm.

[88] З асабiстага архiва сябра аўтара артыкула Януша Сегеня з Варшавы.

[89] Так званая 14-я разнавiднасць. Абданк з крыжападобнай стралой.

[90] Часцей копii, арыгiналы - гэта выпiскi з метрыкальнай парафiяльнай кнiгi.

[91] Лiст надрукаваны ў газеце «Ziemia Lidzka». 1999. № 2 (37), пераклад Станiслава Суднiка.

[92] Вёска пад Лiдай, дзе Драмовiч мёў млын.

[93] Michał Szymielewicz. Wysiedlenie do Kazachstanu w r. 1940 znacznej części mieszkańców powiatu lidzkiego // Fundacja-Zakład narodowy im. Ossolńskich. Katalog Rękopisów akcesyjnych Akc. 26/56. S. 87-89.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX