Вярнуцца: Навукоўцы

Бірыла Іван


Аўтар: Кузьмін М.К.,
Дадана: 03-04-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №50.



110 гадоў з дня нараджэння

БІРЫЛА Іван Антонавіч(1900, м. Голтна Менскай губ - 3.03.1945, Ліда). Хірург. Кандыдат медыцынскіх навук (1938). Закончыў медыцынскі факультэт БДУ (1927). Асістэнт хірургічнай клінікі Беларускага медыцынскага інстытута (1935), старшы навуковы супрацоўнік эксперыментальнай лабараторыі АН БССР. Удзельнік фінскай кампаніі. Вялікая Айчынная вайна заспела на адпачынку ў Друскеніках. Адыходзіў, пад Смаленскам патрапіў у палон. Вярнуўся ў Менск, дзе з сям'ёй жыў да вайны. Дом згарэў, загінулі матэрыялы доктарскай дысертацыі. З сям'ёй пераехаў у Ліду, пачаў працаваць у хірургічным аддзяленні лякарні для мясцовага насельніцтва. Перадаваў партызанам медыкаменты. З траўня 1942 па 3 сакавіка 1945 г. жыў у Лідзе, пахаваны ў Лідзе. Распрацоўнік методыкі ажыўлення шляхам артэрыяльнага нагнятання крыві ў сэрца. Упершыню ў свеце ва ўмовах клінікі прымяніў артэрыяльнае нагнятанне крыві для ажыўлення людзей, якія знаходзіліся ў стане шоку, агоніі, клінічнай смерці.

ПАТРЫЯТЫЧНЫ І НАВУКОВЫ ВЫЧЫН ХІРУРГА І.А. БІРЫЛЫ (1900-1945) [1]

І.А. Бірыла нарадзіўся, у 1900 г. у мястэчку Голтна Менскай губерні ў сям'і рабочага [2]. Дзяцінства яго і гады вучобы працякалі ў вялікай галечы. Бачачы выдатныя здольнасці сына і яго любоў да ведаў, бацькі, каб даць яму магчымасць вучыцца, пераехалі ў Менск. Тут І.А. Бірыла скончыў рэальную вучэльню, а затым медыцынскі факультэт і ў 1927 г. пачаў працаваць сельскім лекарам.

(18KB) БІРЫЛА Іван Антонавіч.

З 1932 па 1935 г. І.А. Бірыла ўзначальваў міжраённае хірургічнае аддзяленне ў Слуцку.

У кастрычніку 1935 г. ён абраны асістэнтам хірургічнай клінікі Менскага медыцынскага інстытута.

У 1938 г. І.А. Бірыла паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю "Артэрыяльнае ўліванне крыві пры шоку, агоніі і спыненні сэрца". Па прапанове праф. Ф.А. Андрэева, І.А. Бірыла першы ў свеце ва ўмовах клінікі ўжыў артэрыяльнае нагнятанне крыві з мэтай ажыўлення людзей, якія знаходзіліся ў стадыі шоку, агоніі і клінічнай смерці. Ён ажывіў 5 хворых з арганічнымі змяненнямі ўнутраных органаў, не сумяшчальнымі з жыццём, таму эфект ажыўлення быў недоўгачасовым.

У клініку паступіў хворы [3], 55 гадоў, з дыягназам: правабаковы плеўрыт, сардэчная недастатковасць, асцыт. Адзначаліся аслабленае дыханне, пашырэнне межаў сэрца, задышка, асцыт, ацёкі ног і твара, пачашчэнне пульсу да 104 удараў у хвіліну. Крывепусканне, кісларод, сардэчныя сродкі не палепшылі стану хворага.

Запрошаны на 3-ці дзень да хворага хірург І.А. Бірыла заспеў яго ў стане прастрацыі. Рэзкі цыяноз твару і канечнасцяў, павярхоўнае дыханне, зрэнкі пашыраныя, пульс ледзь прамацваўся, на пытанні не адказваў. Хвораму была зроблена венесекцыя і выпушчана 200 мл крыві, праз 20 хвілін у правую локцевую артэрыю ўведзена 130 мл кансерваванай крыві першай групы пад ціскам 160 мм рт. сл. Праз паўхвіліны хворы пачаў асэнсавана аглядацца, упэўнена адказваў на пытанні, назваў сваё прозвішча, адрас, пазнаў дачку, размаўляў з ёй, прасіў піць. Пульс палепшыўся, стаў больш роўным, добрага напаўнення. У такім стане хворы знаходзіўся 2 гадзіны. Затым наступіла пагаршэнне. Хворы памёр праз 4 гадзіны.

Хворая, 56 гадоў, пакутавала крупозным запаленнем лёгкіх (пры ўскрыцці ўстаноўлена размягчэнне шэрага рэчыва мазгоў). Праведзенае 12/IV 1937 г. артэрыяльнае нагнятанне крыві дало часовы эфект. Праз 10 гадзін наступіла смерць.

Хворая, 70 гадоў, пасля праведзенай аперацыі знаходзілася ў атанальным стане. У выніку паўторнага артэрыяльнага нагнятання крыві па 200 мл у прамянёвую артэрыю быў дасягнуты часовы эфект. Праз 6 гадзін хворая памерла.

У хворай, 30 гадоў, пасля аперацыі (разліты перытаніт пасля прападной язвы страўніка) знік пульс. Праз 15 хвілін у прамянёвую артэрыю было ўведзена пад ціскам 200 мл крыві. Пульс 140 удараў у хвіліну. Праз суткі наступіла смерць ад перытаніту.

Пятаму хвораму кроў уводзілася ў правую плечавую артэрыю. Эфект таксама быў часовы.

І.А. Бірыла тлумачыць часовасць эфекту ажыўлення тым, што ва ўсіх хворых меліся арганічныя змяненні ўнутраных органаў, не сумяшчальныя з жыццём. Таму ён рэкамендаваў скарыстоўваць метад артэрыяльнага нагнятання крыві толькі ў выпадках смерці ад "вострага працэсу" пры здаровай сардэчна-сасудавай сістэме.

І. А. Бірыла разглядаў аганальны стан і клінічную смерць "як аварачальны працэс" (1939).

Праца І.А. Бірылы прыцягнула ўсеагульную ўвагу. Ён быў запрошаны ў якасці старэйшага навуковага супрацоўніка ў эксперыментальную лабараторыю Беларускай акадэміі навук.

Пра метад ажыўлення людзей ва ўмовах клінікі І.А. Бірыла выступаў з дакладамі на паседжаннях навуковых таварыстваў, з'ездах хірургаў.

У 1939 г., калі пачалася вайна з Фінляндыяй, І.А. Бірыла арганізаваў брыгаду лекараў і выехаў на фронт, дзе яму і яго памочнікам з дапамогай метаду артэрыяльнага нагнятання крыві ўдалося ажывіць 5 параненых. Добры ўстойлівы эфект ажыўлення быў у 4 цяжка-параненых. Яны былі выпісаныя з палявога шпіталя праз 10 дзён у добрым стане. Нажаль, падрабязныя апісанні гэтых выпадкаў беззваротна загінулі, бо рукапіс доктарскай дысертацыі І.А. Бірылы згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Ацалелі толькі некаторыя запісы эксперыментальных даследаванняў на стужцы кімографа. Пасля вяртання ў Менск абарона доктарскай дысертацыі І.А. Бірылы была прызначаная на верасень 1941 г. Але пачалася Вялікая Айчынная вайна, і навуковец далучыўся да вайсковых частак, каб аказваць хірургічную дапамогу параненым байцам і камандзірам.

18/VІІ 1941 г. падчас цяжкіх баёў пад Смаленскам І.А. Бірыла паслаў ліст у Маскву Ў.А. Нягоўскаму, з якім ён пазнаёміўся незадоўга да вайны [4]:

"Глыбокапаважаны Ўладзімір Аляксандравіч! Пішу са слабой надзеяй, што ліст патрапіць да Вас, бо і Вы, відаць, прызваныя ў шэрагі Арміі.

Калі Вас не прызвалі, то неабходна ажыццявіць арганізацыю хірургічнай групы па ўжыванні артэрыяльнага пералівання крыві, пра якую я з Вамі некалькі разоў гаварыў, быўшы ў Маскве. Сам я знаходжуся ў адным з палявых шпіталяў. Становішча і ўмовы працы не дазваляюць заняцца гэтым пытаннем.. Вашы меркаванні па гэтым пытанні прашу паведаміць мне".

У адным з цяжкіх баёў І.А. Бірыла быў захоплены ў палон. Праходзячы праз родныя месцы Беларусі ў калоне ваеннапалонных, ён адстаў, быў збіты канваірамі, зваліўся. У несвядомым стане ўвечар каля ўзбочыны дарогі І. А. Бірыла быў падабраны сялянамі, якія даглядалі яго 4 месяцы. Наступствы кровазліцця ў мазгі паступова прайшлі.

У траўні 1942 г. І.А. Бірыла дабраўся да Менска, акупаванага нямецкімі войскамі. Дом, у якім ён жыў, згарэў. І.А. Бірыла змушаны быў пераехаць у Ліду, дзе ўзначаліў гарадскую лякарню і арганізаваў хірургічнае аддзяленне. Хлопчыку 6 гадоў ён зрабіў складаную аперацыю - штучны стрававод; лёс дзіцяці нам невядомы.

У 1944 г. І.А. Бірыла перанёс шырокі інфаркт міякарду; 8/Ш 1945 г. ён памёр ад паўторнага інфаркту. Навуковая спадчына І.А. Бірылы невялікая. Ён паспеў напісаць усяго 16 прац. Усе яны прысвечаныя праблеме ажыўлення.

Гарачымі прыхільнікамі метаду ажыўлення сталі савецкія навукоўцы Ў.А. Нягоўскі, С.С. Аведзісаў, У.А. Палякоў і інш.

У 1943 г. У.А. Нягоўскі ўзначальваў брыгаду лекараў, якія выехалі на фронт. У ваенна-палявых умовах яго брыгада ажывіла некалькі дзесяткаў цяжкапараненых, якія знаходзіліся ў стане цяжкага шоку, агоніі і клінічнай смерці. Устойлівае ажыўленне было дасягнута ў 12 выпадках.

Гвардыі шараговец У. Д. Чарапанаў, ажыўлены ў 1944 г., да цяперашняга часу жыве і працуе ў Дзяржынску Горкаўскай вобласці.

У пасляваенныя гады Лабараторыяй эксперыментальнай фізіялогіі АМН СССР пад кіраўніцтвам праф. У.А. Нягоўскага распрацаваны і перададзены ў практыку комплексны метад ажыўлення. Пры гэтай лабараторыі створаны Ўсесаюзны метадычны цэнтр па ажыўленні арганізму. Недалёка той час, калі кожны хірург будзе ў дасканаласці валодаць метадам ажыўлення людзей.


Літаратура:

Бирилло І. А. Хирургия, 1939, № 8, стар. 3. - Бирилло І.А., Берман С.Ш. Там жа, 1941, № 6-7, стар. 50.



[1] Артыкул дацэнта М.К. Кузьміна ў перакладзе на беларускую мову перадрукаваны з часопіса "Советская медицина" № 6 за 1962 год, ст. 143-144.

[2] Карыстаемся выпадкам падзякаваць М. І. Давыдзенка, жонцы І.А. Бірылы, якая даслала нам біяграфічныя звесткі пра свайго мужа.

[3] І.А. Бірыла. Артэрыяльнае ўліванне крыві пры шоку, агоніі і спыненні сэрца. Хірургія, 1939, № 8, стар. 3-17.

[4] Сардэчна дзякуем глыбокапаважанаму Ў.А. Нягоўскаму за прадстаўленую магчымасць працаваць у архіве лабараторыі і азнаёміцца з лістом І.А. Брылы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX