Папярэдняя старонка: Мацей Догель

Мацей Догель (1715 - 1760)   


Аўтар: Куркоўскі Яраслаў,
Дадана: 16-05-2008,
Крыніца: Варшава-Ліда 2006.



Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук

ГА "Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне"

Варшава - Ліда 2006

Знакамітыя Лідзяне пад рэдакцыяй Ірэны Стасевіч-Ясюковай


ГА "Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне" і Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук сардэчна дзякуюць варшаўскаму выдавецтву "Рэтра-Арт" за бескарыслівае, бясплатнае выкананне вокладак для нашай серыі.


Прадмова

І вось сярод шматлікага кола славутных палякаў - якія нарадзіліся на Лідчыне і звязаныя з ёй - з`яўляецца новая постаць, Мацея Догеля, які апрацаваў і выдаў першы ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў дыпламатычны кодэкс пад назвай Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae (Дыпламатычны кодэкс Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага).

Нарадзіўся Мацей Догель на пачатку XVIII стагоддзя ў маёнтку ГЕМБУЛЫ (ГІМБУТЫ над Жыжмай?), недалёка ад Ліды, паходзіў з дробнай шляхты. Хто ж мог у той час прадбачыць, што ў будучыні ён стане адной з галоўных постацяў, якія належалі да інтэлектуальнай эліты ў часы панавання ў Польшчы караля Аўгуста III Саскага?

img/cover.jpg

Жыццёвы шлях Мацея Догеля пачаўся ў папулярнай піярскай школе ў Шчучыне, звычайна называным Літоўскім альбо Навагрудскім. Ва ўзросце ўсяго толькі 15 гадоў уступіў у Ордэн айцоў піяраў. Ягоны далейшы шлях праходзіў праз двор надворнага літоўскага маршалка Сцыпіёна дэль Кампы, які знаходзіўся ў Шчучыне, дзе Мацей быў прыняты на працу ў якасці настаўніка яго сына, з якім, між іншым, адпаведна тагачасным звычаям, падарожнічаў у Лейпцыг і Парыж. Будучы за мяжой некалькі гадоў, Догель выкарыстаў гэты побыт для паглыблення сваіх ведаў па філасофіі і праве.

Пасля вяртання ў Польшчу, пачаўся новы, найважнейшы перыяд ягонага жыцця, які вынікаў з прыналежнасці да Ордэну піяраў, а таксама з ягоных навуковых захапленняў. Гэта віленскі перыяд, калі Догель быў рэктарам піярскага калегіума, які пазней быў аб`яднаны з шляхецкім канвіктам на ўзор варшаўскага Шляхецкага калегіума. Адначасова - незалежна ад дыдактычных і арганізацыйных абцяжаранняў - сістэматычна, з вялікім захапленнем збіраў зыходныя матэрыялы для найважнейшай працы ягонага жыцця, г.зн. Дыпламатычнага кодэкса. У рэалізацыі гэтага вялізнага пачынання - прадугледжанага на 8 тамоў, але незакончанага, на жаль, пры жыцці аўтара - значна дапамог навуковы выезд у Францыю, Германію і Галандыю - дафінансаваны каралём Аўгустам III Саскім. Не хачу, аднак, выручаць АЎТАРА, аддадзенай ў рукі ЧЫТАЧОЎ кнігі, якая ўключае захапляльную аповесць пра непадатлівую барацьбу піяра з выдавецкімі клопатамі, а таксама распаўсюджваннем гэтай незвычайна вартаснай працы, якая была недаацэнена тады яшчэ ГРАМАДСКА нясталымі спажыўцамі.

Прэзентаваны томік уключае, апрача таго, выразнае дыдактычнае вымаўленне, паказваючы, як дзякуючы здольнасцям, якія аб`яднаны з працавітасцю і настойлівасцю пры імкненні да мэты, можна прайсці праз не надта доўгае жыццё, якое працягвалася ўсяго толькі 45 гадоў, шляхам з невялікага маёнтку на ЛІДЧЫНЕ да самых высокіх колаў разумовай эліты ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Аўтарам кнігі з`яўляецца доктар Яраслаў КУРКОЎСКІ - гісторык навукі і культуры, навуковы работнік Польскай акадэміі навук у Варшаве, аўтар шматлікіх навуковых публікацый, якія адносяцца, галоўным чынам, даXVIII ст., а таксама высока цэненых падручнікаў па гісторыі для сярэдніх школаў. Адно з ягоных навуковых даследаванняў, якое выклікала вялікае зацікаўленне, было прысвечана піярскай школе ў Шчучыне - яе настаўнікам і вучням, сярод якіх быў таксама і Мацей Догель. Спадзяюся, што таксама асоба выдатнага піяра з XVIII ст., як і тэкст з-пад пяра выдатнага аўтара, дапамогуць прызнаць новую кнігу з цыклу " Славутыя палякі Лідчыны", не толькі як прыдатную для чытання, але таксама і прыемную.

Праф. Ірэна Стасевіч - Ясюкова, Навуковы рэдактар серыі


Ад аўтара

Мабыць, мала хто з сучасных жыхароў Ліды ведае асобу Мацея Догеля, выдатнага гісторыка, выдаўца гістарычных крыніцаў, стваральніка Дыпламатычнага кодэкса Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, піяра, настаўніка ў піярскіх калегіумах, арганізатара і школьнага рэфарматара. Ягонае не надта доўгае жыццё прыпала на нялёгкі перыяд у гісторыі Рэчы Паспалітай, на час панавання каралёў саксонскай дынастыі Ветынаў - Аўгуста II (1697-1733) і Аўгуста III (1733-1763). Быў сведкам заняпаду польскага парламентарызму, барацьбы магнацкіх груповак, падзей "вайны за польскі трон " (1733-1736) і грамадзянскай вайны. Пад старасць жыцця быў сведкам сямігадовай вайны (1756-1763), якая ахапіла многія еўрапейскія дзяржавы. Падчас гэтай вайны ваюючыя войскі адносіліся да Рэчы Паспалітай як да "заезджай карчмы", рэквізавалі харчы, захоплівалі мужчынаў у войска, нішчылі, рабавалі вёскі і гарады. З другога боку можна сказаць, што лёс быў да яго ласкавы. Догель паходзіў з нязначна экспанаванага сацыяльнага кола - бяднейшай шляхты, з малой вёскі, размешчанай недалёка ад Ліды, але, нягледзячы на гэта, стаў вядомым у краі, а нават, і за мяжой, актыўна ўдзельнічаў у інтэлектуальным жыцці эпохі, пазнаў шмат выдатных асобаў свайго часу, прыняў актыўны ўдзел у важнай рэформе адукацыі піярскіх школаў, якую праводзіў Станіслаў Канарскі. Яна прынесла плён не толькі ў Рэчы Паспалітай, але таксама паўплывала на асветніцкія змены ў іншых еўрапейскіх краінах. Тым больш, неабходным з`яўляецца згадванне біяграфіі Мацея Догеля і лёсаў ягоных найважнейшых дасягненняў: Дыпламатычнага кодэкса, Калегіум нобіліум (Collegium Nobilium) і піярскай друкарні ў Вільні.

Жыццяпіс

Пра першыя гады жыцця Мацея Догеля, па сутнасці, вядома няшмат. Нарадзіўся 6 жніўня 1715 года ў адным з дробнашляхецкіх засценкаў, дзе жыў род Догеляў, які быў вельмі разгалінаваны і карыстаўся ажно трыма гербамі: Дзялоша, Тры Трубы, Лада. Біёграфы Догеля ўжо адXIX ст. падаюць назву Гембулы (Гембуле) - такой назвы, аднак, не маюць спісы мясцовасцяў Лідчыны. Быць можа, што гутарка вядзецца пра Гімбуты, але няма інфармацыі аб пражыванні там Догеляў. Таксама герб будучага творцы дыпламатара выклікае сумненні: указваецца герб Дзялоша, калі-нікалі таксама герб Трубы (напр. як у гербоўніку Баніцкага, і ў біяграме ў Польскім біяграфічным слоўніку Уладзіслава Канапчынскага). Падчас хрышчэння атрымаў імя Дамінік. Адукацыю распачаў у піярскай школе ў Шчучыне і там закончыў 7 класаў. Працягваў навуку ў Любяшове, дзе 14 лютага 1730 г. уступіў у ордэн піяраў, прымаючы манаскае імя Мацея ад св. Дамініка. Мяркуючы па рэчах, які ўзяў з сабою ў паслушніцтва, сям`я яго не была найгорш забяспечана матэрыяльна: разам са "значнымі прадметамі хатняга ўжытку" меў у распараджэнні таксама 66 зл., "што ўласнаручна ў прызначанай для гэтага кнізе запісаў". Два гады пазней атрымаў пасвячэнне ў духоўны сан і распачаў працу настаўніка, спачатку ў шчучынскім калегіуме. З таго часу датуецца, праўдападобна, блізкая сувязь Догеля з Юзафам Сцыпіёнам дэль Кампа, лідскім старастам, з 1739 г. літоўскім надворным маршалкам, уладальнікам Шчучына. Трэба дадаць, што Сцыпіёны (якія прыбылі ў Рэч Паспалітую з Італіі ў часы панавання караля Зыгмунда Старога) неаднаразова праяўлялі сваю прыхільнасць да піяраў, а асабліва да калегіумаў у Шчучыне, Воранаве, Лідзе, а таксама ў Вільні. На бяднейшых, слабейшых гаспадарча, радзей заселеных тэрыторыях Літвы, у значнай ступені большы, чым у Кароне поспех фонду залежаў ад удзелу, матэрыяльнага статусу і значэнне радоў, якія імі апекаваліся. Гэтая апека ў выпадку шчучынскага калегіума мела пастаянны характар - выразныя доказы прыхільнасці роду Сцыпіёнаў да тамашніх піяраў бачым да канца існавання школы (г.зн. да 1832 г.).

Школа ў Шчучыне ў трыццатых гадах XVIII ст. перажывала, хутчэй за ўсё, паспяховы перыяд. Ведаем напр., што ў 1735 г. тут вучылася ажно 170 вучняў, а ў 1742 г. у самым калегіуме знаходзілася 30 манахаў (у гэты час ў літоўскай правінцыі большасць піяраў знаходзіліся ў найстарэйшым асяродку - у Любяшове - дзе было паслушніцтва). Вынікала гэта м.і. з таго, што ў Шчучыне правінцыяльныя ўлады арганізавалі адно з 6 аддзяленняў установы адукацыі настаўнікаў, а менавіта аддзяленне, якое спецыялізавалася ў навучанні філасофіі. Што цікава, там павінны былі выкладаць усходнія мовы.

Разам з працай у школе Мацей Догель, напэўна, распачаў выконваць абавязкі хатняга настаўніка Сцыпіёнаў. Аднак, ужо ў 1736 г. бачым яго ў складзе настаўнікаў віленскага калегіума, спачатку настаўнікам сінтаксісу і граматыкі (1736-1737 навучальны год), а ў 1739-40 навучальным годзе - выкладчыкам паэзіі і прэфектам школы. У тым жа 1740 г. у Вільні ў езуіцкай друкарні з`явілася першая публікацыя маладога піяра, панегірык гексаметрам у гонар Агінскіх з нагоды прыняцця ашмянскага стараства князем Тадэвушам Францішкам Агінскім (1712-1783), пісара вялікага літоўскага. Школьныя "пахвалы" былі выражаны таксама польскімі вершамі - як піша Караль Эстрайхэр - "асаблівай польскай мовай, на лацінскай мове і старажытных успамінах Грэцыі і Рыма аснаванай". Гэта выразныя сляды дыдактычнай працы ў Вільні Мацея Догеля - тагачаснага настаўніка паэзіі. Гэта таксама прычына для пошуку пратэкцыі сярод найбольш уплывовых радоў, у часе вельмі важным для віленскіх піяраў. З часу абаснавання іх у Вільні (1722) адбывалася спрэчка аб праве навучання з езуітамі, якія кіравалі Віленскай Акадэміяй. Піяры неаднаразова атрымлівалі прыхільныя папскія дэкрэты БенедыктаXIII, прайгралі, аднак, у краі справу ў асэсарскім судзе. Прысуд з сакавіка 1738 г. загадваў ім закрыць школы ў Вільні і ваколіцах. Спроба выкананя прысуду адбылася толькі 26 красавіка 1741 г., калі вызначаныя каралём камісары "у суправаджэнні 300 чалавек коннай шляхты, прадстаўнікоў магістрату і цэхаў адправіліся ў піярскі калегіум. Піяры зачынілі брамы, і гэтая кавалькада, пасля размовы з піярам, выйшаўшым да іх за браму, вярнулася ў магістрат нічога не зрабіўшы; камісары задаволіліся напісаннем акту здарэння. Праз два месяцы, па распараджэнні нунцыя, піяры зачынілі публічную школу, застаючыся пры ўнутраным канвікце" (для 24 маладых шляхціцаў і 6 бедных вучняў). Паміж 1739 і 1741 гадамі два бакі ажыўлена займаліся прапагандысцкай дзейнасцю (м.і. падчас выбараў сойму) і настойліва шукалі багатых саюзнікаў.

Вільня і Шчучын - гэта з пэўнасцю не адзіныя піярскія асяродкі ў Літве, дзе працаваў Догель пасля пасвячэння ў духоўны сан (1732). Бібліятэкар Залускіх, Ян Даніэль Яноцкі, добра ведаючы Догеля, так пісаў пра гэта ў 1755 г.: "…з незвычайнай зручнасцю і вялікім прызнаннем вучыў у розных калегіумах рыторыцы і паэзіі, касцельнай і дзяржаўнай гісторыі, а таксама філасофіі і тэалогіі".

У 1743 г. (перад 9.VI ) памёр Юзаф Сцыпіён дэль Кампа, даручыўшы ў тастаманце Мацею Догелю выключную апеку над адукацыяй свайго адзінага сына Ігнацыя (пасля 1728-1791), які, нягледзячы на малады ўзрост, быў лідскім старастам. Гэта доказ асаблівага даверу магната маладому піяру, чаму спрыяла пахвальная ацэнка ягонай настаўніцкай працы. Яшчэ раней Догель займаўся маёмаснымі справамі Юзафа Сцыпіёна, меў у гэтай сферы шырокія паўнамоцтвы.

У новай сітуацыі Догель пакінуў разам з выхаванцам Шчучын і яго мачыху Тарэсу Барбару з дому Радзівілаў Сцыпіён (яго маці Вераніка з дому Фірлеяў памерла ў 1739 г.). У 1744 г. сустракаем абодвух нашых герояў летам у Варшаве ў таварыстве аднаго з багатых апекуноў Ігнацыя Сцыпіёна - ваяводы Яна Тарлы і яго трэцяй жонкі Эльжбеты з дому Браніцкіх. У хуткім часе было прынята рашэнне выехаць з краю, якое так разгнявіла ваяводу, што выслаў вядомы гнеўны ліст да генерала ордэну піяраў, у якім абвінавачваў Догеля ў выкраданні падапечнага і злоўжыванні грашыма. Выезд адбыўся, напэўна, у студзені 1745 г. 14 студзеня гэтага года Догель і Сцыпіён пакінулі Сыракомлю (каля Лукава), маёнтак сястры Ігнацыя Ганны і яе мужа Канстанціна Шаняўскага. Пры нагодзе выезда ўзнік спіс "падручнай" бібліятэкі, з прыблізна 100 назваў, большасць налічвалі гістарычныя кнігі (як напр. папулярны слоўнік французскага энцыклапедыста Луіса Марэра), не бракавала таксама геаграфічных, рэлігійных твораў, падручнікаў для вывучэння нямецкай і французскай моваў, твораў старажытных класікаў і навуковых даследаванняў з галіны права, як напр. праца Давіда Брауна " Аб праве кіравання ў Каралеўстве Польскім " (" De iutium regnandi in Regno Poloniae"). Яна ўключае апісанне ладу Рэчы Паспалітай, поўная крытычных заўваг. Вучань і настаўнік вучыліся ў Лейпцызе, а потым ў Парыжы (быць можа наведалі таксама Рым і, напэўна, Страсбург, а на пачатку падарожжа Дрэздан). Догель пашыраў свае веды ў галіне філасофіі, матэматыкі, права (прыроды і народаў) і гісторыі, Сцыпіён дасканаліўся ў старажытных і сучасных мовах, вучыў права і "красамоўства". Не менш важнымі былі адносіны з выдатнымі прадстаўнікамі навуковага свету: у Лейпцызе з гісторыкам Ёганам Якубам Масковам (1689-1761), юрыстам, выдаўцам Фрыдрыхам Ота Мэнкам (1689-1761), юрыстам Карлам Ота Рэхенбергам (1689-1751), у Страсбурзе з гісторыкам і дыпламатам Ёганам Даніэлем Шопфлінам (1694-1755), у Парыжы са славутым гісторыкам П'ерам Нікаласам Ленглетам дэ Фрэсноу (1674-1755). Менавіта ў Парыжы Догель павінен быў пазнаёміцца з каштоўнымі рукапісамі ягоных працаў, быў абавязаны яму за "вольны доступ да самых вялікіх Панаў". Сярод іх асаблівую ролю адыграў Рэнэ-Луі дэ Воер дэ Паульмы маркіз д'Аргансон (1694-1757), тагачасны міністр замежных спраў Францыі (у 1744-1747 гадах). Дадамо, што менавіта ў той перыяд маркіз працаваў над дамовай паміж ЛюдвікамXV і АўгустамIII, які быў канчаткова заключаны ў 1746 г. Вынікам гэтых дзеянняў французскай дыпламатыі ў адносінах да Саксоніі быў шлюб дафіна Людвіка (сына Людвіка XV і Марыі Ляшчынскай) з польскай каралеўнай Марыяй Юзэфай, дачкой Аўгуста III (1747). Адпаведна Яноцкаму - Догель і малады лідскі стараста вельмі часта запрашаліся міністрам "да стала". Несумненна, знаёмства з шэфам дыпламатыі адной з галоўных еўрапейскіх дзяржаваў, паўплывала ў значнай меры на далейшае жыццё піяра.

Задума распрацоўкі Дыпламатычнага кодэкса, напэўна, з`явілася ў Парыжы. Гэта тут у надзвычайна вялікіх бібліятэках павінен быў Догель пазнаёміцца з еўрапейскімі манументальнымі выданнямі з галіны міжнароднага права, а асабліва са зборамі Томаса Рымэра "Трактаты, канвенцыі, лісты і ўсякага роду публічныя акты" (" Foedera, convetiones, literae et cujusque generis acta publica") (20 т. Лондан 1704-1735), Яна Дзюмонта, " Універсальны дыпламатычны корпус права народаў " (" Corps universel diplomatique du droit des gens") (8 т. Амстэрдам 1726-1731), Ёгана Хрыстофа Люніга " Нямецкія архівы рэйха" (" Teutsches Reichsarchiv") (24 т. Лейпцыг 1710-1722). За ўзор Догель выбраў сабе публікацыю Рымэра, якая ўключае не толькі акты міжнароднага права ў вузкім значэнні гэтага слова, але цэлы шэраг іншых тэкстаў, якія прызнаваліся ў той час як "публічныя" дакументы (напр. лісты ўладароў). На англійскі ўзор хацеў адабраць і апублікаваць толькі найважнейшыя дакументы. Ужо за мяжой пачаў збіраць матэрыялы, рупліва шукаючы ў архівах і бібліятэках. У выдадзенай брашуры, якую далучыў потым да першага тому публікацый і перадрукаванай ў часопісе "Літаратурныя акты Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага" ("Acta Litteraria Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae") (т. 1, 1755, сшытак 4, с.287-297; з`явілася ў чэрвені 1757 г.) піяр абаснаваў патрэбу выдання польскага Дыпламатычнага кодэкса. Перш за ўсё спасылаўся на факт існавання падобных нямецкіх, французскіх, англійскіх і італьянскіх працаў. Звяртаў увагу на навучальную ролю такой публікацыі, а таксама прыдатнасць для вучоных, якія, дзякуючы ёй, змогуць больш паспяхова палемізаваць з няслушнымі, у адносінах да Польшчы, дакорамі і патрабаваннямі. Гэта выразны ўхіл у кірунку палітыкаў, якія праводзілі дыпламатычную службу Рэчы Паспалітай. Падкрэсліваў таксама значэнне крыніцаў у працы гісторыка, спасылаўся на прыклады, узятыя з творчасці значных аўтарытэтаў: Лівія і Крамэра. На яго думку напр. Марцін Крамэр (1512-1589), выдатны польскі гісторык XVI ст., аўтар вельмі папулярнага ў Еўропе апісання Польшчы і апрацавання яе гісторыі, інакш пісаў бы "пра рускую гісторыю", калі б выкарыстаў старыя рускія дакументы. Несумненна, галоўным матывам усёй справы былі сучасныя патрэбы краю, які перажываў перыяд упадку міжнароднага значэння. Можна сабе ўявіць, якую вялікую ролю магло адыграць у гэты гістарычны момант распаўсюджванне поўных тэкстаў міждзяржаўных трактатаў, якія ўключалі абязацельствы і гарантыі іншых дзяржаваў, падкрэслівалі самастойнасць і суверэнітэт Рэчы Паспалітай, вызначалі месцы праходжання яе межаў і г.д.

Догель вяртаецца ў край са шматлікімі матэрыяламі каля 1747 г. Сам Ігнацы Сцыпіён дэль Кампа, напэўна, быў у краі ў палове ліпеня 1746 г., бо ўдзельнічаў у працэсе перад Каронным Трыбуналам для Малапольшчы, які знаходзіўся ў Любліне. Спачатку Догель заставаўся пры двары свайго вучня ў якасці тэолага, архіварыуса ("склаў яму хатні архіў") і адміністратара маёнтка. Аднак, у хуткім часе, па загаду кіраўнікоў ордэну, расстаўся з вучнем і прыняў абавязкі асістэнта правінцыі, а таксама рэктара Віленскага калегіума.Разам з тым, не адмаўляўся ад распачатай ужо працы. Праект Дыпламатычнага кодэкса прадставіў каралю Аўгусту III. Атрымаўшы падтрымку, у 1748 г. выехаў (са статусам пасла Рэчы Паспалітай і Сойму) з рэкамендацыйнымі лістамі ад міністраў у Францыю, Галандыю і Германію. Пасля вяртання працягваў працу ў архівах Рэчы Паспалітай, а перш за ўсё праводзіў пошукі у літоўскіх і каронных метрыках. Супаставіўшы выпіскі з копіямі аўтэнтычных дакументаў у метрыках, знайшоў шмат недакладнасцяў, нават такіх, якія зусім змянялі змест актаў. Як прыклад такой сітуацыі, Догель указваў акт інкарпарацыі Курляндыі ў Рэч Паспалітую ў 1569 г, які ў 5 томе працы Дзюмонта мае шмат істотных памылак. Вырашыў не змяшчаць дакументы, якіх не ведаў у арыгіналах альбо па дакладных копіях. Гэтае т.зв. счытванне дакументаў было заданнем незвычайна працаёмкім, а апрача таго вельмі каштоўным. Калі захварэў на вочы, то ў архіве, у каралеўскім замку ў Кракаве, запатрабавалі ад яго за тры тыдні працы заплаціць вялікую суму: 50 чырвоных злотых (чырвоны злот складаўся з 18 тагачасных злотых). "Больш чым дзвесце злотых" павінен быў даплаціць за чатыры выпіскі з Літоўскай метрыкі на рускай мове, апрача таго, што ўжо заплаціў вялікі літоўскі канцлер Міхаіл Фрыдэрык Чартарыйскі (1696-1775), вялікі пратэктар Догеля.

У тым самым часе піяр цесна супрацоўнічае з асяроддзем, якое стварылася пры бібліятэцы Залускіх, адчыненай для публікі ў 1747 г. Каб карыстацца яе зборамі, Догель, нават, пераехаў у Варшаву. Тут ён мог плённа чэрпаць, з сабранай вялікімі сіламі і коштам братоў Залускіх (кароннага рэферэнта, пазнейшага кіеўскага біскупа Юзафа Андрэя і кракаўскага біскупа Андрэя Станіслава) калекцыі гістарычных крыніц па польскаму праву і гісторыі. Сляды гэтага захаваліся сярод рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі, дзе захоўваецца м.і. незвычайна вялікая і каштоўная для пазнання тагачаснай разумовай культуры карэспандэнцыя Юзафа Андрэя Залускага (каля 8500 аркушаў з 1724-1773 гадоў). Напрыклад, 2 верасня 1754 г. Догель падрыхтаваў на лацінскай мове ліст да кароннага рэферэнта, апраўдваючы хваробаю (была гэта "febra quartana", альбо т.зв. ліхаманка - у рэальнасці можна падазраваць нейкае віруснае запаленне дыхальных шляхоў) сваю адсутнасць на прызначаным спатканні. За пасрэдніцтвам бібліятэкара Залускіх, Яна Даніэля Яноцкага, адсылаў пазычаную кнігу. У сваю чаргу варшаўскі клімат не спрыяў вучонаму піяру, няпоўныя шэсць гадоў пазней, якраз падчас саракаднёвага побыту ў Варшаве, памёр ад ліхаманкі, якая была недалечана на момант выезду з Вільні.

Ведаем, што з кракаўскай бібліятэкі Андрэя Станіслава Залускага, пры пасрэдніцтве Яна Даніэля Яноцкага, атрымаў рукапісныя акты падканцлера Пятра Таміцкага (тзв.Acta Tomiciana), дарадца Ян Веньямін Штайнхаузэр (1692 - 1767) даў магчымасць карыстацца выпісамі з канцлерскага архіва, які стварыў падчас выканання сваіх службовых абавязкаў. Дапамагла таксама калекцыя літоўскага стольніка і пазнейшага навагрудскага ваяводы, князя Юзафа Аляксандра Ябланоўскага (1711-1777, аматара і мецэната навукі, стваральніка Таварыства Ябланоўскага (Societas Jablonoviana) у Лейпцызе (1768), блізкага супрацоўніка і карэспандэнта Юзафа Андрэя Залускага, аўтара шматлікіх рукапісных і друкаваных апрацаванняў, якія адносяцца да гісторыі Польшчы і яе культуры. Догель, запрошаны князем, паехаў у Ляхавец, каб скарыстаць з тамашняй каштоўнай калекцыі рукапісаў, якія адносяцца да гісторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Гэта сталася мажлівым дзякуючы пратэкцыі самога Залускага.

Настойлівая праца працягвалася ажно да 1754 г. Тады здарылася няшчасце: у доме, у якім Догель жыў у Варшаве, усчыніўся вялізны пажар і знішчыў частку сабраных матэрыялаў. У гэтай складанай сітуацыі многа важных асобаў вырашылі падтрымаць працу Догеля, а асабліва вялікі літоўскі канцлер Міхаіл Фрыдэрык Чартарыйскі і каронны падканцлер Міхаіл Вадзіцкі. 19 снежня 1754 г. піяр атрымаў прывілей ад АўгустаIII на выключнае права публікавання Дыпламатычнага кодэкса. 23 мая 1755 г. падчас рады сенату ва Усхове была вызначана сума 2 тыс. злотых ад кароннага скарбія і 1 тыс. зл. ад літоўскага, пры ўмове, каб піяры не публікавалі працу без пісьмовага адабрэння кароннай і літоўскай канцылярый. У той час піяр, дзякаючы намаганням канцлера Яна Малахоўскага і падканцлера Караля Сядльніцкага, атрымаў права доступу да найтаемнейшага аддзела кароннага архіва, пры скарбніцы на Вавелі. Як сведчыць Атэстацыя, перадрукаваная ў першым томе кодэкса, работы ў гэтым архіве працягваліся да пачатку кастрычніка 1755 г. ( Атэстацыя датуецца 4 кастрычніка). Да кола асобаў, якія падтрымлівалі яго ў гэтай справе, сам Догель дадаваў называных раней двух міністраў: Чартарыйскага і Вадзіцкага. Вялікае значэнне мела таксама значная дапамога братоў Залускіх, Яноцкага, куяўскага біскупа Антонія Себасцяна Дэмбоўскага (1682-1763), які даў Догелю выпісы з іспанскіх і неапалітанскіх архіваў, атрымаў дазвол Міхаіла Казіміра Радзівіла (1702-1762) карыстацца вельмі каштоўным архівам у Нясвіжы. Не выключаецца, што ў 1756 г. альбо на мяжы 1756 і 1757 г. Догель арганізаваў чарговую даследчую выправу за мяжу. Пры нагодзе набіраўся досведу, бегла размаўляў не толькі на старажытных мовах (лацінскай, грэчаскай), але і на французскай і нямецкай. Пошукі, аднак, не вяліся ў важным архіве крыжацкага ордэну ў Круляўцы, шведскіх і інфляндскіх архівах.

Адначасова пачаўся іншы важны перыяд у жыцці вучонага піяра. Разам з Ежым Цяпінскім (1718-1768), паэтам, прапаведнікам, выдатным знаўцам антычнай культуры (ведамі якога часта карыстаўся слаўны рускі прыродазнавец і паэт Міхаіл Ламаносаў) Догель уключыўся ў справы сваёй ордэнскай правінцыі. Цяпінскі, Догель і Каспер Тшэшкоўскі, які быў тройчы правінцыялам літоўскай правінцыі (у 1751-1754, 1760-1766 гадах), сталі ў Літве галоўнымі абаронцамі зменаў у піярскіх школах у духу рэформы Станіслава Канарскага. Супраціў у адносінах да зменаў быў яшчэ мацнейшым, чым у польскай правінцыі. Поспех прыйшоў толькі падчас паўторнага тэрміну кіравання правінцыяла Тшэшкоўскага, ужо пасля смерці Догеля (доказам з`яўляецца праца Цяпінскага "Метады навучання... " (Methodus docendi...), напісанная па даручэнні правінцыяла і апублікаваная ў 1762 г.).

Гэта не першы выпадак, калі Догель рухаўся шляхам, пракладзеным старэйшым, больш слаўным, уплывовым сабратам. Канарскі, перш чым арганізаваць элітную школу - Шляхецкі калегіум ( Collegium Nobilium)у Варшаве, падобныя намаганні рабіў у Вільні, якія, аднак, не рэалізаваліся, бо не хапала сродкаў для адпаведнага памяшкання і былі праблемы з езуітамі. Існаваў канвікт, хаця меў няшмат вучняў, "а з часам - як падае Антоні Машынскі - цалкам перастаў існаваць". У 1738-1741 гадах Канарскі кіраваў абаронай пляцоўкі ў Вільні, а рукапісныя матэрыялы з заўвагамі на школьную тэму, падрыхтаваныя менавіта ў гэты перыяд, паслужылі для складання слаўных " Ардынацый апостальскіх наведванняў...", галоўнай працы рэформы піярскай школы ў Рэчы Паспалітай XVIII ст. У чэрвені 1739 г. Канарскі ў лісце да віленскага рэктара Лукаша Расалэцкага прасіў вярнуць менавіта тыя рукапісы. Можна з пэўнасцю сказаць, што Volumina Legum (Кніга правоў) - шматтамовае выданне соймавых канстытуцый, распачатае Канарскім у 1733 г. - з`яўлялася заахвочваннем да выдавецкай дзейнасці Догеля. Хаця, асноўваючыся на погляды папярэдніка, адначасова спрабаваў зрабіць выснову з арганізацыйных няўдач, напр. паляпшаючы правілы падпіскі. Дадамо, што пасля смерці Догеля сам Канарскі меў намер закончыць публікацыю кодэкса, на што нават атрымаў дазвол самога генерала ордэну піяраў Карсінія, але літоўскія піяры не згадзіліся выдаць захоўваемых матэрыялаў.

Нічога дзіўнага, што будучы рэктарам віленскага калегіума, Догель прыступіў да арганізацыі (рэарганізацыі) шляхецкага канвікту, які называўся віленскім шляхецкім калегіумам (Collegium Nobilium) (1756), на ўзор варшаўскай пляцоўкі. Не ашчаджаў пры гэтым уласных сродкаў, якія былі сабраны падчас апякунства над Ігнацыем Сцыпіёнам дэль Кампам. Як пісаў Уладзіслаў Канапчынскі, "купіў на выгадных, выпадковых умовах палац Сцыпіёнаў, потым яго прадаў і купіў палац Слушкаў, іншыя сродкі атрымаў з прададзеных маёнткаў ад Віленскай Акадэміі. Бібліятэку ўстановы забяспечыў адборнымі кнігамі і інструментамі для даследавання прыроды, пазней за ўласны кошт стварыў у Вільні "найлепшую ў Літве" друкарню (каралеўскі прывілей датуецца 16.XI.1754), нарэшце, пасля 1757 г. (на самай справе ўжо ў 1747-1750 г.) дабудаваў новы піярскі касцёл". Прававой падставай для большасці гэтых дзеянняў было пагадненне з 1753 г., якое заканчвала спрэчку паміж піярамі і езуітамі аб праве навучання ў Вільні. Нагодай было пахаванне Францішкі Уршулі з дому Вішнявецкіх Радзівілавай. 8 верасня ў Нясвіжы было пастаноўлена, што піярскі канвікт абмяжуецца да згаданай раней лічбы 30 вучняў (24+6), не будзе мець "званка знадворку", а абодва ордэны ўзаемна прысягнулі сабе не прынімаць выключаных вучняў. Месяцам пазней было пацверджана пагадненне ў асэсарскім судзе. Паколькі справа публічнай школы была канчаткова прайграна, пастаноўлена развіваць элітарны шляхецкі калегіум, дасканала яго абсталёўваючы, а пры ім дынамічна развіваць навукова-друкарскі асяродак.

Атрымаўшы большую свабоду дзеянняў ў новай сітуацыі, Мацей Догель, прыклаў намаганні і сродкі, каб забяспечыць адпаведны ўзровень для новай пляцоўкі, не забываючы пры гэтым аб піярскіх школах ва ўсёй літоўскай правінцыі. Можна здагадвацца, што браў ён удзел у пераездзе піярскага калегіума з Воранава ў Ліду (публічную школу ў Лідзе адчынілі ў 1756-1757 навучальным годзе). У сувязі з намаганнямі Догеля на капітуле ў Любяшове ў 1756 г. было ўстаноўлена, каб правінцыялы звярнулі асаблівую ўвагу на справу адбору настаўнікаў для Collegium і не пераводзілі іх без важнай прычыны ў іншыя калегіумы. Капітула дазволіла таксама ўладам Collegium Nobilium для тымчасовага звальнення прафесараў, якія дрэнна працуюць, без чакання на рашэнне ордэнскага кіраўніцтва.

Каб заахвоціць багатых паноў аддаваць сваіх сыноў для навукі ў новую школу Догель апублікаваў на дзесяці старонках " Інфармацыю адносна аддавання Маладых Паноў слаўнага роду у Шляхецкі калегіум віленскіх піяраў". Вось як рэкламавалася праграма навучання:

"Навукі, да якіх ў гэтым калегіуме Маладыя Іхмосці маюць прыкладацца. Вучыцца будуць Маладыя Іхмосці з Божай дапамогай, акрамя таго, што грунтуецца на сапраўднай богабаязні, традыцыях родаў іх слаўных і абавязкаў добрага грамадзяніна да сваёй Айчыны, пры тым ж лацінскай, французскай і нямецкай моваў, геаграфіі, універсальнай гісторыі ўсіх дзяржаваў і менавіта партыкулярнай нашай Рэчы Паспалітай, роднае грамадскае права, красамоўства, як у мове, так і ў лістах, акцёрскага тлумачэння, або дабрага разумення і добрага карыстання кніжкамі, менавіта даўніх прамоўцаў, гісторыкаў, паэтаў і г.д., арыфметыкі, геаметрыі і іншых патрэбных раздзелаў матэматыкі, такой філасофіі, якая з`яўляецца карыснай і патрэбнай кавалерам, таксама французскага танца, а асабліва адпаведнай далікатнасці ў хадзьбе, пры стаянні, пры паклоне.

Безумоўна, на ўсё гэта патрэбен час, а ні пасля першага альбо другога года вельмі значнага поступу, а ні за гады і цямлівасць дасканаліць пасля не можа.

Парада Калегіума, каб французскую і нямецкую мовы разам вучыць не пачыналі, але толькі ў той час, калі ў адной, якой-небудзь з іх, значныя пачаткі ўжо будуць мець; калі ж такое пачынанне, памяць абцяжарвае; толькі, аднак, калі б каму-небудзь выдалася іначай, воля ягоная няхай задаволіцца.

Калі хто б жадаў мець сабе мэтраў да фехтавання, рысунку, да якогасьці музычнага інструмента і т.д., асобна з ім павінен дамовіцца. "

Далікатна, каб не расчараваць настойлівых бацькоў, ахарактарызавалі тут сучасную праграму навучання ў той час аснованую на рэформах Канарскага, падкрэсліваючы ролю роднай мовы і гісторыі, права, геаргафіі, пры чым элітарнай, якая адпавядае патрэбам маладых арыстакратаў, якія рыхтуюцца да грамадскай кар`еры, не перастаючы клапаціцца адначасова пра модныя элементы (як напр. французская мова, французскі танец ). Школа захавала таксама традыцыйны звычай удзелу ў розных урачыстасцях, які павінен быў запэўніць асяроддзе ўплывовых пратэктараў і пашырыць кола магчымых вучняў. Сам Догель быў аўтарам надрукаванага некалькі гадоў пазней " Прывітання Я.В. Гэнавэфы Бжастоўскай, каштэлянкі Полацкай". Дадамо, што для "паляпшэння стылю" Догель рэкамендаваў падручнік рыторыкі аўтарства Канарскага " Аб паляпшэнні вымаўлення" (Варшава, 1741), які стаўся ў тым часе важным інструментам пры ачышчэнні мовы ад "макаранізмаў" - лацінскіх уставак. Важным аддзяленнем арганізацыі Collegium былі правілы дысцыпліны вучняў, якія забяспечвалі пастаянны, непарыўны ўплыў асяроддзя выхаваўцаў, на цяжкіх да "утаймавання" магнацкіх сыноў. Адсюль абмежаванні не толькі пры перамяшчэнні па горадзе, але таксама пры выездах на святы ці вакацыі. У падобным кірунку адбываліся рашэнні, прынятыя ў варшаўскім Шляхецкім калегіуме, дзе канвіктары падпарадкоўваліся строгаму парадку, такому, як у кляштары. Віленскі канвікт праіснаваў ажно да 1835 г. Дзесяць гадоў ён знаходзіўся (1756-1766) у палацы Слушкаў.

Сярод тых важных справаў Догель не закідаў працу над Дыпламатычным кодаксам. І, напэўна, таму ўзнікла думка аб сучаснай, добра абсталяванай друкарні. Спрыяў гэтаму факт палюбоўнага вырашэння спрэчкі з езуітамі. Каралеўскі прывілей не толькі дазваляў адчыніць друкарню, але таксама надаваў ёй ганаровае званне "Typograhia Regia et Reipublicae" ("Друкарня Караля і Рэчы Паспалітай"), які меў практычныя вынікі. Прывілеем 16 сакавіка 1757 г. кароль уключыў віленскую піярскую друкарню ў спіс друкарняў, якія падпарадкоўваліся распараджэнню з 1739 г., якое адносілася да каралеўскіх друкарняў у Варшаве і забараняла іншым друкарням "падкупленне" друкароў і прыняцце на працу тых, якія без дастатковага абгрунтавання пакінуць працу.

Арганізацыя і абсталяванне друкарні працягваліся доўга, да часу апублікавання першага тому Кодэкса не пакінуў друкарні ніводзін друк. Друкарская афіцына атрымала за кошт піяра "самы сучасны" шрыфт, прывезены з Францыі. Да складання першага тома прыступілі летам 1756 г., пасля атрымання дазволу спачатку пісьменнікаў (Габрыеля Падольскага і Ежага Лапацінскага - у маі), а пасля каронных і літоўскіх канцлераў і падканцлераў (Яна Малахоўскага, Фрыдэрыка Міхаіла Чартарыйскага, Міхаіла Вадзіцкага, Міхаіла Сапегі). Выданне павінна было стаць выключна багатым, гравюры былі выкананы ў Лейпцызе, а папера, прывезена з Круляўца (суч. Калінінград), нягледзячы на пачатак сямігадовай вайны. "Інфармацыя пра друк тытульнай кнігі Codex Diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae" была надрукавана 5 верасня. Падпісаўшыся пад інфармацыяй, Догель аб`яўляў падпіску на ўсю працу (не як Канарскі на пэўныя тамы), якая працягвалася з кастрычніка 1756 г. да канца мая 1757 г. Падпіска каштавала 12 чырвоных злотых, па 2 злотыя за том, а выдавец загаддзя паведамляў, што цана без падпіскі будзе ў два разы большая. Асобнае выпісванне гэтых 2500 дакументаў (да якіх яшчэ - як запавядаў - "з пэўнага архіва прыбудзе") будзе мець вялікую суму. Падпіску збіралі ў сямі гарадах (Варшава, Кракаў, Вільня, Гданьск, Торунь, Львоў, Познань), а акрамя таго Догель у пагадненні з генералам-паштмайстрам запэўніў, што паштовыя пераводы "без ніякіх выдаткаў будуць на сваё месца трапляць". Гарантыяй, "што ніхто ў адносінах падпіскі не будзе ашуканы" павінны былі быць прозвішчы канцлераў і падканцлераў, якія - як вынікала б з тэксту - згадзіліся падпісацца пад гэтым пачынаннем. Для ўматывавання высокай цаны працы - бо "яму чуліся" галасы незадаволеных "некаторых Іхмосцяў" - 13 кастрычніка было далучана "Кароткая апалогія пра тую інфармацыю", дзе піяр тлумачыў, што цана вынікае з якасці паперы, спецыяльна прывезеных шрыфтоў і вялікіх затратаў пры збіранні матэрыялу, а таксама на прыгатаванне публікацый і падсумоўваў: "Гэтыя прадстаўленыя тут пункты, хто добра абдумае, то прызнае, што падпіска за 12 чырвоных злотых для так каштоўнага выдання такой працы, з`яўляецца малой, і што спосаб яе дастаўкі нельга было б прапанаваць іншы".

Нягледзячы на гэтыя намаганні падпіска, аднак, не адбылася па задуме выдаўцы, час з`яўлення працы пачаў пераносіцца. Больш таго, абяцаная фінансавая падтрымка ад кароннага скарбія не была выплачана (ад літоўскага, відаць, так) - прынамсі да красавіка 1759 г. 16 сакавіка 1757 г. Догель атрымаў адноўлены каралеўскі прывілей. У ліпені брашура Кодэкса была перадрукавана ў "Літаратурных актах Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага" ("Acta litteraria Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuanie") навуковым часопісе, які выдаваўся ў Варшаве і рэдагаваўся саксам Ваўжыньцом Мітлерам дэ Калёф (1711-1778), які сябраваў з Залускімі. З`яўленне першага тома абяцалася ў лістападзе 1757 г. (усё выданне павінна было мець 8 тамоў), падобную інфармацыю ўключае абмеркаванне працы ў прэстыжным лейпцыгскім часопісе "Новыя газеты пра навуковыя справы" (" Neue Zeitungen von gelehrten Sachen"). У рэальнасці праца выйшла ў свет толькі ў наступным годзе. Ужо падчас друку з`яўляліся непрадбачаныя цяжкасці: "друкар у першым слове назвы яго працы, зрабіў зласлівую змену, з якой надрукавана некалькі соцен экзэмпляраў, што было пазней папраўлена". Догель распачаў друк, нягледзячы на тое, што ўсяго падпісалася 20 асобаў - як падае Машынскі - упэўнены ў пратэкцыі караля і заахвочаны багатымі панамі. 16 лістапада 1758 г. на ўрачыстай аўдыенцыі ў Варшаве Догель уручыў урачыста каралю АўгустуIII першы том. Гэты том уключаў дакументы, якія датычылі нямецкіх дзяржаваў, Чэхіі, Венгрыі, Францыі, Венецыі, Іспаніі, Галандыіі, наддунайскіх княстваў, а ў другой частцы датычылі правінцый, якія калісьці належалі Польшчы. Разам налічвалася там 480 дакументаў з 1067-1732 гадоў.

У тым самым годзе ў піярскай друкарні ў Вільні была выдадзена іншая праца Догеля, якая была цесна звязана па тэматыцы з кодэксам ( Limites Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae), якая ўключала канвенцыі, якія акрэслівалі межы Рэчы Паспалітай. Як пісаў Я.А.Залускі: "Мацей Догель - вучоны піяр, мой сябра, з рукапісу кнігарні князя новагродскага ваяводы з Прусаў шаноўных Ябланоўскага выдаў Limites Regni. А тут маеш межы Польшчы, Літвы, Прусаў, Сілезіі, Прымор`я, Расіі, Інфлянтаў, турэцкай зямлі і Брандэрбургіі". Частка накладу прысведчана Юзафу Аляксандру Ябланоўскаму, другая ж - Станіславу Вінцэнтаму Ябланоўскаму, а таксама Ігнацыю Сцыпіёну дэль Кампу разам з інфармацыяй, што таму апошняму піяры былі ўдзячны за друк Дыпламатычнага кодэкса, аднаўленне друкарні і забяспячэнне яе каштоўнымі рукапісамі.

Наступіў цяжкі для піяра 1759 год. Публікацыі не прыносілі спадзяваных вынікаў, і ўжо ў студзені ён павінен быў прасіць у Я.А. Залускага аб настойлівай іх рэкламе, бо прыгатаваныя тамы чакалі друку, а не хапала толькі фінансавых сродкаў. Тым часам (інфармацыя датуецца 17 красавіка) 700 асобнікаў першага тома дарэмна ляжалі на складзе. У хвіліны сумнення Догель марыў толькі аб тым, каб вярнуць грошы тым 20 асобам, якія вырашыліся падпісацца. Адчуваецца таксама горыч у сцвярджэнні, што "гэты край" не заслугоўвае каштоўных публікацый. Восенню піяр паслаў 100 асобнікаў першага тома ў Гданьск і 100 у Крулявец. Гэтая апошняя пасылка вынікала з умовы з тамашнім кнігагандлёўцам Янам Кантэрам, з якім у 1758 г. Догель заключыў вечны кантракт на продаж кнігі за межамі. Пачынанне, аб чым даведваемся з пазнейшых адносін, прынесла толькі страты: «высланая вялікая колькасць асобнікаў», тамы I i V, напрацягу 13 гадоў не прынеслі ні граша, а калі разышлася вестка аб банкроцтве фірмы, толькі судовы працэс прымусіў вярнуць непрададзеныя асобнікі і грошы, а таксама скасаваць умову.

Але гэта не было канцом клопатаў вучонага піяра. Супраць публікацыі 2 тому, які датычыў Расіі і 3 тому, які быў прысвечаны Літве, запратэставаў (дзейсна!) прадстаўнік пецяргургскага двара. У гэтай сітуацыі Догель вырашыў прыгатаваць 5 том, які ўключаў бы матэрыялы пра Курляндыю (лен Рэчы Паспалітай), тым больш, што нядаўна была спрэчка пра каралеўскую пасаду, а тытул караля Курляндыі атрымаў сын Аўгуста III, каралевіч Караль. 1 верасня 1759 г. піяр звяртаўся да Я. А. Залускага па дапамогу, каб знайсці інвестытуру князя Фрыдэрыка курляндскага учыненай ў Вільні 20 ліпеня 1633 г. каралём УладзіславамIV. Да гэтай справы вярнуўся Догель у лісце 4 лістапада, просячы яшчэ пра іншыя дакладныя дадзеныя. Нарэшце тры тыдні пазней (25.XI) дзякаваў за тлумачэнні, якія адносіліся да Інфлянтаў і дадаў, што пяты том ўжо знаходзіцца ў друку і будзе прысвечаны князю Каралю.

Непрыемнасці сустракалі яго таксама з боку ўладаў літоўскай правінцыі. Ведаем, што падчас любяшоўскай капітулы (1759) былы правінцыял Себасцян Выкаўскі настойваў, каб Догель пакінуў капітулу. Гэта павінен быў быць выраз асуджэння за вольныя аперацыі з маёнткам віленскіх піяраў (асабліва за самавольную змену "фундушнага пляцу і камяніцы на іншыя"). Догель абараніўся, бо меў спецыяльны дазвол з нунцыятуры, "які вызваляў яго ад касцельных цэнзураў". Гэтае здарэнне паказвае, аднак, што дынамічная дзейнасць піяра выклікала моцную апазіцыю ў ордэне, а канфлікт узнік яшчэ раней (паколькі Догель спасылаўся ўжо загаддзя на нунцыятуру). Можна меркаваць, што ў нерадасным душэўным стане вучоны піяр дабіраўся ў студзені ў Варшаву, каб уручыць пяты том князю Каралю. Напэўна, верыў у змену лёсу і ў хуткае пазбаўленне ад клопатаў. Затрымаўся ў варшаўскім калегіуме піяраў, напэўна, у Доме ксяндзоў выкладчыкаў, які знаходзіўся разам з усім піярскім комплексам на вуліцы Длугей. Там, аднак, наступіла вяртанне хваробы, якую схапіў яшчэ ў Літве. Можа менавіта празмерная паспешлівасць у тым, каб скіраваць да сябе прыхільнасць двара і атрымаць патрэбную падтрымку, спрычыніліся да хуткай смерці? Да смерці спрычынілася і нязручнае падарожжа, і клопат па прычыне "няўдзячнасці правінцыі", для якой зрабіў столькі дабра. На чацвёрты дзень пасля прыезду Догель адчуў унутраныя болі, якія паступова ўзмацняліся. 24 лютага, нягледзячы на лячэнне трыма варшаўскімі дактарамі, Догель памёр маючы няпоўныя 45 год. Дадамо, што два дні пазней ад падобнай хваробы памёр ў варшаўскім калегіуме прэфект музыкі Юст (Францішак) Каспар (1717-1760).


Спадчына

Трывалым і важным дасягненнем Мацея Догеля аказаліся выдавецтва і друкарня. Пад канец пяцідзесятых гадоў, пасля працы над двума тамамі ягонай тэхнічна цяжкай працы, друкарня пачала выпускаць таксама іншыя друкі. Ужо пасля смерці свайго арганізатара яна сталася найлепшай друкарняй ў Вялікім Княстве Літоўскім. Забяспечвала калегіум патрэбнымі падручнікамі і навуковымі дапаможнікамі, што рабіла магчымым увядзенне новых прадметаў і новых метадаў навучання, а таксама развіццё канвіктнага тэатру. Адначасова разам з прадукцыяй для патрэбаў калегіума выразна вызначыўся іншы напрамак яе дзейнасці, які запавядаўся ўжо ў публікацыі Догеля: былі гэта важныя для ўсяго грамадства гістарычныя публікацыі (як напр. пераклады Салігнацыя і Вальтэра), а таксама цэнныя матэматычна-прыродазнаўчыя апрацоўкі (як слаўная праца Станіслава Баніфацыя Юндзіла "Апісанне раслін у правінцыі Вялікага Княства Літоўскага з 1791 г.") ды мастацкая і рэлігійная літаратура і т.д. Уключна да 1799 г. было выдадзена 320 назваў і больш чым 4 тыс. аркушаў. Пасля 1816 г. друкарня была аддадзена ў арэнду, а калі арандатар пасля канфлікту з цэнзурай адмовіўся ад яе, пачала прыходзіць у заняпад. Перастала існаваць каля 1840 году.

Лёсы галоўнай працы Догеля - Дыпламатычнага кодэкса - аказаліся вельмі складнымі. Правінцыял піяраў Каспер Тшэшкоўскі даручыў працягваць працу Догеля Яну Канту Выкаўскаму (1731-1806) і Мацею Тукале (1727-1807). Абодва піяры ў 1764 г. апублікавалі з матэрыялаў Догеля 4 том, які ўключае дакументы пра Прусію. Як ужо ўпаміналася, прыняць выдавецтва марыў таксама сам Канарскі, аднак, літоўскія піяры не згадзіліся. У гэты час зацікавіўся ўсёй справай новакаранаваны кароль Станіслаў Аўгуст (1764-1785) і яго акружэнне. Піярам быццам дазволілі працягваць працу, аднак, была забаронена публікацыя дакументаў, неправераных у Варшаве, дзе пад наглядам самаго караля і міністраў пераглядаў акты вялікі каронны пісьменнік Яцэк Агродзкі (1711-1780) і штаб каралеўскіх сакратароў на чале з Антоніям Касакоўскім. Адменены таксама фармальны дазвол на друк. Падчас гэтых прац выявіліся недасканаласці калекцыі Догеля. З`явілася нават задума перадрукаваць з папраўкамі апублікаваныя ўжо тамы. Дакументы, пасля перапісання, праходзілі праз шэраг рук, канчатковае рашэнне прымаў кароль, пасля азнаямлення з меркаваннямі міністраў. Дадамо, што ў Варшаве адбываўся адбор матэрыялу не толькі адносна арыгінальнасці, але таксама з пункту гледжання сучасных палітычных патрэбаў. Нягледзячы на шматгадовыя намаганні заканчэнне публікацый не адбылося. Падзелы Рэчы Паспалітай і смерць Агродзкага (1780) канчаткова спынілі гэтыя працы.

З сабраных матэрыялаў Догеля і яго наступнікаў карысталіся некалькі пакаленняў польскіх гісторыкаў, пачаўшы ад Адама Нарушэвіча (1733-1796). Лёсы гэтых матэрыялаў былі складаныя. Трэба памятаць, якой вялікай была гэтая калекцыя, састаўленая ў некалькіх варыянтах, выпраўленая многімі асобамі, таксама пасля смерці Догеля. Калі Адам Нарушэвіч прыступіў да працы над гісторыяй Польшчы, кароль запатрабаваў ад віленскіх піяраў выдаць яму рукапісы тамоў. Пасля тамы былі вернуты з Варшавы ў Вільню. Ведаем, што ў 1817 г. віленскі рэктар Рафал Даніловіч з дазволу правінцыяла Аляксандра Глагоўскага, прадаў віленскія рукапісы Догеля бібліятэцы тамашняга універсітэта . Пасля яго ліквідацыі ў межах рэпрэсій пасля лістападаўскага паўстання, дакументы трапілі ў Царскую бібліятэку ў Пецярбурзе (1836). Пасля атрымання незалежнасці Польшчы, рукапісы Догеля, разам з захопленымі калекцыямі, былі вывезены з Расіі (адпаведна пастанаўленню Рыжскага міру 1921 г.), а пасля былі знішчаны падчасII Сусветнай вайны. Частка матэрыялаў Кодэкса ў арыгіналах ці копіях знайшлася таксама ў іншых калекцыях, як напр. Мікалая Румянцава, Тадэвуша Чадскага, Таварыства сяброў навук. З тых рукапісаў некаторыя дайшлі да нашых часоў, як напр. том дакументаў, які датычаць Літвы і Мазоўша (у апрацоўцы Выкаўскага і Тукалы ), цяпер захоўваемы ў Курніцкай бібліятэцы каля Познані.

Нялёгка выказаць у меру аб`ектыўнае меркаванне пра вялікую працу Мацея Догеля. Ёсць вялікая колькасць памылак і недакладнасцяў. Значэнне выдання, як гістарычнай крыніцы, зніжае агульны характар апісання дакументаў, адсутнасць прэзентацыі іх знешніх рысаў (як напр. дадзеных пра пячатку), адсутнасць інфармацыі, з якога архіва паходзяць, ці складзены на паперы ці пергаменце. Догель не ўказваў нумары кнігаў метрыкі, а толькі невыразна зазначаў напр. "з архіва Вялікага Княства Літоўскага" ("ex archivo Magni Ducatus Lithuaniae" ). Выключэннем з`яўляюцца дакументы з кракаўскага архіва, якія мелі дакладныя спасылкі (кніга, нумар, старонка). Догель, на жаль, не змяшчаў таксама каментарыі, а ні павучальныя, а ні тэкставыя. Непатрэбна таксама падаваў тэкст менш важных дакументаў у поўнай версіі, сустракаюцца паўтарэнні.

Нягледзячы на ўсякія крытычныя заўвагі, трэба падкрэсліць значымасць кодэкса для інтэлектуальнай культуры Рэчы Паспалітай XVIII ст., а таксама яго немалаважнае міжнароднае значэнне. Разумелі гэта ўжо сучаснікі. Выдатны польскі гісторык эпохі Адам Нарушэвіч, збіраючы свае славутыя "Тэкі" рэкамендаваў цалкам перапісаць друкаваныя тамы калекцыі Догеля. Высокую адзнаку паставілі піяру знаўцы міжнароднага права на мяжы XVIII i XIX стст.: Георг Фрыдрых Мартэнс (1756-1821), нямецкі юрыст, дыпламат, прафесар міжнароднага права ў Гетындзе і Дзітрых Генрых Людвіг фон Амптэда (1746-1803), юрыст, гановерскі дыпламат, выхаванец Рыцарскай школы ў Люнебурзе і універсітэта ў Гетындзе. Дзве вялікія працы Мартэнса, напісаныя на французскай мове ўвялі працу Догеля ў тагачасны канон найважнейшых еўрапейскіх публікацый у галіне міжнароднага права. Дадамо, што Мартэнс ведаў таксама публікацыі іншых польскіх піяраў, якія пасля Догеля працавалі над распаўсюджваннем ведаў пра палітыку і міжнароднае права: Целестына Калішэўскага, Фульгента Абермаера, Вінцэнтага Скшэтускага і Францішка Сярчынскага. Несумненна - гэта сведчанне важнай ролі, якую адыграў ордэн піяраў у галіне выдавецтва гістарычных крыніц ў Рэчы ПаспалітайXVIII ст. Менавіта гэтай групе піяраў ўдзячны мы за тое, што - як сцвярджае знаўца гэтай праблематыкі Станіслаў Хуберт - "адзнака калекцый іншых народаў, зробленая Картэнсам, прыводзіць да высновы, што не толькі дзяржавы-захопнікі, але акрамя Францыі, Англіі, можа Іспаніі і Галандыі, а ні Партугалія, а ні Данія і Швецыя, а ні Швейцарыя не мелі больш багатых калекцый трактатаў і выданняў, чым Польшча да 1795 г. Калекцыі Догеля і Сярчынскага 1791 г., якая замыкае гэтую прыгожа развітую дзейнасць польскіх вучоных, гэта навуковыя выданні ў найлепшым значэнні гэтага слова; рысы гэтай не страцілі да сённяшняга дня". З пэўнасцю можна сказаць, што Мацей Догель быў сярод іх выключнай асобай, быў прыкладам для пераймання як узор вучонага, арганізатара, настаўніка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX